БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі
      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў

  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Ніна Баршчэўская, Беларуская эміграцыя - абаронца роднае мовы

2.3. Беларусізацыя Царквы

Важнае значэньне ў будаваньні нацыянальнае тоеснасьці мае Царква. Дзеля выкананьня гэтай ролі мусіць яна аднак быць на­цыя­наль­най і карыстацца роднай мовай – уважаюць беларускія эмігра­цый­ныя публіцысты.

Праўда, у апытаньні настаўнікаў і студэнтаў, праведзеным Сяр­­геем Яцкевічам, канфэсіянальны фактар, зьвязаны зь ігна­ра­вань­нем беларускае мовы ў цэрквах, касьцёлах, малітоўных да­мах, заняў адно з апошніх месцаў. На яго спаслаліся 11,4% апы­та­ных студэнтаў і 17% настаўнікаў. Меркаваньнем Яцкевіча, магчы­ма, гэтая адносна не­высокая ступень уплыву канфэсіянальнага факта­ру на стан бе­ла­рус­кае мовы абумоўленая высокім узроўнем атэіза­цыі насельніцтва за­ходняга рэгіёну Беларусі, дзе пра­во­дзі­ла­ся апытаньне[1].

Значэньне роднае мовы для беларускага нацыянальнага ру­ху заўсёды было вялікім – адзначае Эдуард Мазько[2]. Важнае мес­ца мо­вы як вызначальніцы нацыянальнае самасьвядомасьці этна­су ўвёў у пер­шай палове XX стагодзьдзя ксёндз Адам Станкевіч – ідэоляг Бе­ла­рускай Хрысьціянскай Дэмакратыі. У кнізе Родная мо­ва ў сьвя­ты­нях ён абгрунтаваў тэалягічны бок справы й прыйшоў да ад­на­знач­най высновы, што найбольш важным і па­трэб­ным зьяўляецца ка­рыс­тань­не роднай мовай у сьвятынях, у да­мах малітвы, дзе адбы­ваец­ца „гутарка душы чалавека з Богам”. Адам Станкевіч родную мо­ву на­зы­ваў „злучывам і правадніком су­польнасьці нацыянальнай кож­нага на­роду”. Ужываньне роднае мо­вы ў рэлігійным жыцьці зьяўляецца не­ад’емнай уласьцівасьцю хрысьціянства й натуральным пра­вам кож­нага народу. Гвалт над гэ­тым правам зьяўляецца злом, зь якім трэ­­ба змагацца[3].

Увядзеньне хрысьціянскімі дэмакратамі беларускае мовы ў касьцё­­лы нароўні з польскай зьмяняла яе статус: з мовы „простай, ся­­лян­скай, грубай” яна пераўтваралася ў мову „высокую, пан­скую”, на якой можна гутарыць ня толькі між сабою, але таксама зьвяр­тацца й да Бога. Пашырэньне аўтарытэту беларускае мовы вя­ло да па­глыб­лень­ня нацыянальнае сьвядомасьці вернікаў[4].

2.3.1. Рэлігійныя выданьні

А. Пераклады Сьвятога Пісаньня

Першыя пераклады Сьв. Пісаньня паявіліся ўжо на пачатку ХVІ стагодзьдзя – прыгадвае Д. Ясько ў публікацыі „Новы За­па­вет” у беларускай мове[5]. Аўтар знаёміць з цэлай гісторыяй пе­ракла­даў Бо­жага слова.

„У той самы час, калі доктар Марцін Лютар перакладаў Біб­лію на нямецкую мову (1522-34 г.г.), Біблія на беларускай мо­ве ўжо друкавалася (1518-23), насамперш у Празе Чэскай, а пазь­ней – у Вільні.(...)

Таксама сьведамы беларус і рэлігійны дзеяч, Васіль Ця­пін­скі, ка­ля 1570 г. у сваёй вандроўнай друкарні надрукаваў Эван­гель­ле ад Мацьвея і Марка, якія былі пераложаны на бе­ла­рускую на­род­ную мову”[6].

Пасьля Першай Сусьветнай вайны на недахоп рэлігійных вы­дань­­няў зьвярнуў увагу баптысцкі сьвятар Л. Н. Дзекуць-Ма­лей, які пра­­цаваў у Берасьці. Разам з сваёю жонкаю ўзяўся ён пе­ракла­даць на бе­ларускую мову Эвангельле. Не давяраючы собскім сілам, зьвяр­нуў­ся па фаховыя парады й папраўкі да ве­да­ма­га беларускага дзеяча й крытыка Антона Луцкевіча, які ахвотна ўзяў­ся дапамагчы ў гэтай ка­рыснай для народу працы. У 1927 го­дзе баптысцкае выдавецтва „Ком­пас” надрукавала паасобныя Эвангельлі (Мацьвея, Марка, Лукі, Ёана) і некалькі брашураў на бе­ларускай мове.

Луцкевіч узяўся перакладаць цэлы Новы Запавет. Свой пе­ра­клад аддаў ён Брытанскаму і Замежнаму Біблійнаму Та­ва­рыству, якое й выдала ў 1931 годзе (у Гэльсінгфорсе ў Фінляндыі) Но­вы За­па­вет з Псальмамі на беларускай мове.

Другая Сусьветная вайна зьнішчыла ўсе Новыя Запаветы, якія бы­лі на складзе Біблійнага Таварыства ў Фінляндыі, а попыт на іх быў вялікі, таму паявіліся спробы перавыдаць рэлігійную лі­та­ратуру.

„Доктар В. Тумаш у 1946 г. першы зьвярнуўся да Бры­тан­ска­га і Замежнага Біблійнага Таварыства з просьбаю аб вы­дань­ні, ка­лі ня цэлай Бібліі, дык хоць-бы Новага Запавету на бе­ларускай мо­ве. Да ягонай просьбы далучыліся просьбы не­ка­торых пра­тэс­танцкіх сьвятароў, якія апрача гэтага зьвяр­та­ліся і да амэ­ры­кан­скіх капэлянаў, і да Сусьветнай Рады Цэркваў, і да Швэдзка­га Біблійнага Таварыства. Брытанскае і Замежнае Біблійнае Та­ва­рыства адгукнулася адмысловым ліс­том да перадавых сьвя­та­роў праваслаўнага, каталіцкага і эвангель­скага веравызнаньняў, у якім пыталіся, ці пераклад вы­даньня Новага Запавету з 1931 г. доб­ры, ці беларусы па­тра­буюць Сьв. Пісаньня ў роднай мове і коль­кі больш-менш бе­ларусаў знаходзіцца на эміграцыі”[7].

У сувязі з тым, што беларускія дадзеныя былі вельмі роз­ныя – ад 5 тысяч да 50, ангельцы зьвярнуліся да Я. Дыка – сакра­та­ра Ня­мец­кай Місіі для Распаўсюджваньня Эвангельля ў Штут­гар­це даць аўта­рытэтныя дадзеныя пра колькасьць беларусаў у эмігра­цыі. Я. Дык запатрабаваў выданьня 3 тысяч паасобнікаў Но­вага Запавету на бе­ларускай мове. Выданьне з 1931 году за­ха­ва­лася ў баптысцкага сьвя­тара Г. Болтнева, зь якога ў 1948 годзе быў зроблены перадрук па­трэбнай колькасьці экзэмпляраў Новага За­павету.

Выданьнем 1948 году карыстаўся айцец Аўген Смаршчок у Лю­вэне і – як адзначае Аркадзь Будзіч – было вельмі прыемна слу­хаць чытаньне Апостала й Эвангельля па-беларуску ў бе­ла­рускай царкве ды разумець усё, што ў ім гаворыцца. І таму трэба па­думаць пра беларусізацыю Беларускае Аўтакефальнае Пра­ва­слаў­нае Царк­вы. Трэба шанаваць высілак Францішка Скарыны, Анто­на Луцкевіча ды сьветлую памяць тых беларускіх патрыётаў, што пракладалі да­ро­гу роднай мове ў Божы Дом[8].

Меркаваньнем некаторых сьвятароў, калі ў якіх цэрквах чы­таец­­ца Сьв. Эвангельле па-царкоўнаславянску, то гэта зусім не су­пя­рэ­чыць беларускасьці Царквы, дзе пропаведзі й навучаньне вя­дзецца па-беларуску, чым і „працярэбліваецца дарога ў роднай мо­ве як у Божы Дом, гэтак і ў Родны Дом, якім ёсьць незалежная Баць­каў­шчына”[9].

У 1954 годзе ў Рызе выйшаў пераклад на беларускую мову Сьв. Эвангельля й Апостальскіх Дзеяў, зроблены ксяндзом Пят­ром Татарыновічам.

Станіслаў Станкевіч[10] зьвяртае ўвагу на саліднасьць і пра­ца­ві­тасьць перакладчыка. Пераклад быў зроблены не зь якога-не­будзь адна­го, больш перакладчыку даступнага першаўзору, але ксёндз док­тар Пётр Татарыновіч, прыняўшы за аснову лацінска-грэц­кі тэкст Но­вага Запавету, навукова апрацаваны й выданы пра­фэ­сарам Па­пескага Біблійнага Інстытуту А. Аўгустам Мэркам у Ры­ме ў 1944 го­дзе, выкарыстаў пры перакладзе зьнішчаны аку­пан­там выданы на­пя­рэ­радні апошняй вайны ў Вільні ў 1939 годзе пе­раклад ксяндза Він­цэнта Гадлеўскага, а таксама адзін тэкст у італьянскай мове ды адзін у мове францускай. Па словах аўтара публі­кацыі, Пётр Татарыновіч увёў нямала інавацыяў у бе­ла­рускую літаратурную мову з мэтаю ачы­шчэньня яе ад бар­ба­рыз­маў і нэалягізмаў. С. Станкевіч высока аца­ніў гэтае імкненьне ды на­меры, хоць не з усімі рэформамі пе­ра­клад­чыка згодны. Пра­віль­ным і карысным лічыць ужываньне П. Та­та­рыновічам па­шы­ра­нага ў беларускіх гаворках слова эванэлія за­мест, як цьвердзіць, пе­ранятага з расейскае мовы евангельля. Кніга на­друкаваная ла­цінкай.

Інфармацыю пра пераклад Бібліі й багаслужбаў на бе­ла­рускую мо­ву, які ажыцьцяўляўся ў Беларусі, перадае Алег Бем­бель[11]. Пы­тань­не аб перакладзе Сьвятога Пісаньня ўзьнікла ў су­вя­зі з ты­ся­ча­годзь­дзем хрышчэньня Русі. Праект перакладу быў ухва­лены Мітра­па­лі­там Менскім і Беларускім Філарэтам. Гэта сьведчаньне таго, што Пра­васлаўная Царква ў Беларусі пакрысе па­чала паварочвацца да на­ро­ду тварам – заўважае „Беларус”. Былі спа­дзяваньні, што Мітра­па­літ Філарэт афіцыйна зьвярнуўся да бе­ла­рускай інтэлігенцыі з пра­па­но­ваю перакладу расейскага ка­на­ні­за­ванага тэксту Бібліі на бе­ла­рус­кую мову дзеля таго, каб празь нейкі час перавесьці на беларускую мо­ву багаслужбу[12].

Да працы ў галіне беларусізацыі рэлігійнага жыцьця да­лу­чы­лі­ся таксама эвангельскія хрысьціяне-баптысты: старшы пра­сьві­тар у БССР Іван Букаты, яго намесьнік Аляксандар Фрысюк ды іншыя. У Мен­скім малітоўным доме баптыстаў у студзені 1989 году адбыліся два грамадзкія сходы, на якіх абмяркоўвалася спра­ва перакладу. Лю­дзі выказвалі задавальненьне, што нарэшце бе­ларускі народ будзе мець Сьвятое Пісаньне ў сваёй роднай мове[13].

Біблія ў перакладзе на беларускую мову Васіля Сёмухі была вы­да­дзеная ў Менску ў 2002 годзе накладам 10 тысяч асобнікаў. У вы­даньне ўвайшлі кананічныя кнігі Старога, Новага Запаветаў і Псал­ты­ра[14].

„Беларус” зьвяртае таксама ўвагу на першае выданьне ма­лі­тоў­ні­ка для каталікоў лацінскага абраду на Беларусі. Кніжка Msza Świę­ta. Парадак Святой Імшы. Святая Месса была выдадзеная ў Ры­зе накладам 50 тысяч экзэмпляраў. Дазвол на выданьне быў пад­пісаны ў 1990 годзе сьвятаром Уладыславам Завальнюком ды та­гачасным менскім Апостальскім Адміністратарам біскупам Та­дэ­вушам Канд­ру­севічам. Малітоўнік складаўся з трох частак: поль­скай, беларускай і расейскай. З крытыкай гэтага малітоўніка на старонках „Беларуса” вы­ступіў адказны рэдактар Беларускай Праграмы Радыё Ватыкан айцец доктар Рабэрт Тамушанскі:

„Калі гэты няшчасны малітоўнік прызначаны для ка­та­лі­коў на Беларусі, чаму польская мова мае пяршынство? Хіба ма­лі­тоў­нік гэты – выява хворае царкоўнае палітыкі ду­ха­вен­ства, што яшчэ ўсё намагаецца надаваць Рыма-каталіцкай Царкве на Бе­ла­русі «польскі» твар? Слухачы беларускае прагра­мы Ва­ты­кан­ска­га радыё, часта маладыя асобы, якія на­вярнуліся з атэізму, нам пішуць і просяць малітоўнікаў з ма­літвамі па-беларуску, бо ў іхніх каталіцкіх сьвятынях усё вя­дзецца па-польску, значыцца, у мо­ве, якой яны ніколі ня вучыліся”[15].

Б. Беларускае песьнепяяньне

Нацыянальная Царква гэта ня толькі Сьв. Пісаньне па-бе­ла­рус­ку, але й нацыянальнае песьнепяяньне – уважае Мікола Ку­лі­ко­віч:

„Кажнага з нас цешуць весткі аб пашырэньні колькасьці цар­коў­ных парахвіяў, будаваньні царкоўнага жыцьця навет у да­лё­кіх куткох нашае эміграцыі. Разам з тым паўстае дум­ка аб не­аб­ход­насьці задавольваньня нашых парахвіяў і та­кі­мі царкоўнымі песь­няпяяньнямі, якія-б у сваёй музычнай тка­ніне мелі-б свае­асаблівы нацыянальны беларускі ха­рактар”[16].

Беларускі кампазытар падзяліўся з чытачамі „Баць­каў­шчы­ны” вест­кай, што Цэнтар Студыяў Царкоўна-Славянскае Музыкі ў Лён­да­не, які займаецца вывучэньнем і выданьнем музычных тво­раў пра­ва­слаў­най ці ўсходняй Царквы, зьвярнуўся да яго з пра­пановай выдаць Царкоўны Беларускі Зборнік. Мікола Ку­лі­ко­віч перакананы, што гэта вель­мі карысна, між іншым, і таму, што ў Беларусі ніхто з кам­па­зы­та­раў у той час ня меў магчымасьці пі­саць для царкоўнага ба­га­слу­жэньня.

Тое, што з рэлігійнай музыкі было ў эміграцыі – гэта толькі тво­­ры Міколы Куліковіча й Міколы Равенскага, і таму аўтар пуб­лі­ка­цыі заклікаў кампазытара Алеся Карповіча ды ўсіх му­зы­каў, нават толь­кі пачынаючых, каб уключыліся ў гэты праект вы­даньня Цар­коў­на­га Беларускага Зборніка ды паспрабавалі сваіх сіл у новай для іх га­ліне.

Мікола Куліковіч зьвяртае ўвагу на тое, што ўжо даўнай тра­ды­цыяй увайшло ў Царкву, напрыклад, выкананьне калядак у ча­се ба­гаслужбаў на сьвята Раства Хрыстовага. Бачыць ён патрэ­бу ў па­шы­рэньні гэтай практыкі выкарыстаньня народных бе­ла­рускіх сьпе­ваў на рэлігійную тэматыку ў царкоўным пяяньні, тым больш, што ёсьць ня толькі вялікая колькасьць калядак-батлеек, але й велі­код­ных валачобных песьняў ды рэлігійных народных песьняў на ма­раль­на-ўзгадавальныя тэмы. Апрача гэтага трэба адшу­каць матэрыялы бе­ларускіх багагласьнікаў з XVІІ ста­годзьдзя.

Беларускі кампазытар заўважае, што перакладчык мусіць ве­даць законы сьпеву ды перакладаць так, каб у сваёй мове можна бы­ло выконваць славянскую малітву, пяяць яе на тыя ж тра­ды­цый­ныя царкоўныя матывы, інакш кажучы – захаваць у перакладзе тую ж коль­касьць складоў, тыя ж націскі, памеры, ужо не га­во­ра­чы аб поў­ным захаваньні й правільным тлумачэньні зьместу.

Як рэформа царкоўнага пяяньня, гэтак і пераклад ба­га­служ­бы на беларускую мову – справа ня толькі сьвецкая, але ў першую чар­гу ду­хоўная. Усе дзеяньні й захады магчымыя толькі пры ўмо­ве пры­знань­ня іх Царквою.

„З нашага боку ідуць прапановы, пошукі, дапамога, але кі­раў­ніцтва мусіць належаць Сьвяшчэннаму Сыноду”[17].

Ролю М. Куліковіча высока ацэньвае А. Будзіч:

„Шмат гадоў працуючы над дасьледваньнем беларускае на­род­нае песьні, кампазытар М. Куліковіч сабраў вялікі ма­тар’ял бе­ларускіх сьпеваў і, грунтоўна прааналізаваўшы іх, змог вы­браць зь іx найхарактэрнейшыя, тыповыя паводля свае на­род­на-нацыянальнае самабытнасьці й хараства на­род­ныя песенныя зва­роты й музычныя фразы. Творча апра­цоў­ваючы беларускія пры­пеўкі у праваслаўным царкоўным сты­лі, паводля ста­ра­даў­ных прыкладаў, кампазытар стварыў та­кім чынам беларускія царкоўныя расьпевы на розныя Бо­жыя Службы, улажыў узоры (га­ласы) для штодзённага цар­коў­нага ўжыцьця, а таксама на­пі­саў асноўныя праваслаўныя служ­бы – Літургію й Усяночную”[18].

А. Будзіч паведамляе, што ёсьць таксама і ў кампазытара М. Ра­­венскага ўся Літургія, напісаная ім вылучна на беларускіх пе­сен­ных матывах. Літургія гэта пяялася, прыкладам, у пра­ва­слаў­най каплі­цы беларускае студэнцкае групы ў Лювэне. Некаторыя ма­літвы (Отчэ наш, Верую, Херувімская, Достойно есть) вы­да­дзе­ны былі на кру­жэлках. Значыць, кампазытары сваю працу вы­ка­налі, але справа ўперла­ся ў кансэрватызм Беларускай Аўта­ке­фаль­най Праваслаўнай Цар­квы. Аўтар публікацыі заўважае, што кансэр­ватызм БАПЦ праявіў­­ся, дарэчы, ня толькі ў галіне цар­коў­нае музыкі, але й цэлае ба­га­службы.

На адзначэньне тысячагодзьдзя хрысьціянства ў Беларусі быў вы­пушчаны грамафонны альбом Похвала Белорусским свя­тым, на які зьвяртае ўвагу Гай Пікарда:

„Разгляданая тут кружэлка выразна ілюструе дылему для тых, хто хоча даць абраз паўторнага выхаду на арэну на­цыя­наль­нае царквы із сваеасаблівым гімнасьпевам. З аднаго бо­ку, паўтара ста­годзьдзя напорнай русыфікацыі супрацьдзеілі за­хоўваньню свай­го нацыянальнага стылю. Чысьцейшай ра­сей­скай мовай Мітра­паліт Мінскі «і Беларускі» (...) уводзіць у сьвя­та Ўсе­бе­ла­рус­кіх сьвятых, падкрасьляючы, што беларускі на­род – неадлучная скла­довая частка Расейскай Пра­ва­слаў­най Царквы. Цікава, што зь ягоных вуснаў ні слова не пра­гу­чэ­ла ў мове людзей ягонае мітра­поліі, нават хоць-бы вы­казваючы блаславенства”[19].

Гай Пікарда піша, што ня трэба зьдзіўляцца паяўленьню га­ла­соў незадаволенасьці й дамаганьняў, каб у якасьці мовы ба­га­служ­баў за­мест царкоўнаславянскае мовы была ўведзеная бе­ла­руская мова, та­му што царкоўнаславянская сталася „чужой мясцо­ваму слыху ў вы­маўленьні і ў музычным афармленьні”[20].

Аўтар рэцэнзіі адзначае, што на кружэлцы найбольш ары­гі­наль­­нымі выйшлі трапары сьв. Кірылу Тураўскаму, сьв. Софіі Слуц­кай ды іконе Божай Маці Менскай, таму што маюць яны су­вязь зь бе­ларускімі мясцовымі напевамі.

Беларускі Царкоўны Сьпеўнік пад рэдакцыяй Г. Піхуры-Пі­карда[21] выйшаў у выдавецтве Беларускай Бібліятэкі імя Фран­цішка Ска­рыны ў Лёндане. Кожны сшытак сьпеўніка прысьвечаны асоб­най ма­літве альбо напеву.

Рэдактар Г. Піхура-Пікарда правёў карпатлівую працу над сьпеў­­нікам – пазьбіраў усе магчымыя тардыцыйныя напевы, а так­сама рэлігійную музыку беларускіх кампазытараў: Міколы Ра­вен­ска­га, Зьмітра Верасава, Міколы Куліковіча, Вячаслава Се­ля­ха-Ка­чан­ска­га, а таксама ўлучыў у сьпеўнік некаторыя свае кам­па­зыцыі (пры­кла­дам, Канцовыя малітвы) і свае апрацоўкі.



[1] Сяргей Яцкевіч, Мова і этнакультурная тоеснасць беларусаў на беларуска-поль­скім паграніччы, у: Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000, с. 25.

[2] Эдуард Мазько, Мова рэлігіі як вызначальнік нацыянальнай свядомасці (у кан­тэксце дзейнасці Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі), тамсама, с. 41-50.

[3] Тамсама, с. 41.

[4] Тамсама, с. 44.

[5] Д. Ясько, „Новы Запавет у беларускай мове, у: „Бацькаўшчына”, № 48, Мюн­хэн, 30 студзеня 1949, с. 3.

[6] Тамсама.

[7] Тамсама.

[8] А. Будзіч (псэўданім Янкі Запрудніка), Да беларусізацыі ...БАПЦ, у: „Баць­каў­шчы­на”, № 6 (490), Мюнхэн, 7 лютага 1960, с. 1.

[9] А. К., Да пытаньня беларусізацыі БАПЦарквы, у: „Бацькаўшчына”, № 10 (494), Мюн­хэн, 6 сакавіка 1960, с. 3.

[10] Ст. Ст. (Станіслаў Станкевіч), Сьвятая Эванэлія і Апостальскія Дзеі, у: „Баць­каў­шчы­на”, Мюнхэн, 19 чэрвеня 1955, с. 3.

[11] Алег Бембель, Яшчэ пра пераклад Бібліі, у: „Беларус”, № 361, Нью-Ёрк, жні­вень 1989, с. 5.

[12] Адам Мальдзіс, Ліст у Рэдакцыю, у: „Беларус”, № 364, Нью-Ёрк, лістапад 1989, с. 3.

[13] Тамсама.

[14] Беларуская Біблія, у: „Беларус”, № 478, Нью-Ёрк, лістапад 2002, с. 8.

[15] Рабэрт Тамушанскі, Польская спроба беларускага малітоўніка, у: „Беларус”, № 380, Нью-Ёрк, травень – чэрвень 1991, с. 8.

[16] Мікола Куліковіч, Да пытаньня беларускага царкоўнага пяяньня, у: „Баць­каў­шчы­на”, № 36 (422), Мюнхэн, 21 верасьня 1958, с. 1.

[17] М. Куліковіч, Пытаньне Беларускае Багаслужбы, у: „Бацькаўшчына”, №№ 12-13 (496-497), Мюнхэн, 25 сакавіка 1960, с. 3.

[18] А. Будзіч (псэўданім Янкі Запрудніка), Да беларусізацыі ...БАПЦ, у: „Баць­каў­шчы­на”, № 6 (490), Мюнхэн, 7 лютага 1960, с. 1.

[19] Гай Пікарда, Пытаньне беларускае багаслужбы, у: „Беларус”, № 355, Нью-Ёрк, сту­дзень 1989, с. 4.

[20] Тамсама.

[21] Беларускі Царкоўны Сьпеўнік, у: „Беларус”, № 286, Нью-Ёрк, люты 1981, с. 4.

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія