ХАРАКТАРЫСТЫКА БЕЛАРУСКІХ ГАЗЭТАЎ
І ЧАСОПІСАЎ НА ЧУЖЫНЕ
А. Агульная
характарыстыка
У гадох
1923-1927 у Каўнасе ў Літве пад рэдакцыяй Вацлава Ластоўскага выходзіў часопіс „Крывіч”.
Усе
наступныя газэты й часопісы, якія тут разглядаюцца, выдаваліся пазьней,
пасьля Другое Сусьветнае вайны.
У Нямеччыне яшчэ ў часе вайны ды зараз пасьля яе заканчэньня паявіліся
беларускамоўныя газэты й часопісы ў лягерах, у якіх апынуліся беларусы,
уцякаючы ад Чырвонай Арміі:
-
у Бэрліне выдаваліся тыднёвікі „Беларускі Работнік” і „Раніца”;
-
у Браўншвайзе выходзіў інфармацыйны бюлетэнь „Апошнія весткі”;
-
у Ватэнштаце – пэрыядычны гумарыстычны часопіс „Сьмех на здароўе”, выданьне
Беларускага Дапамаговага Камітэту Лягеру АБЦ „Шляхам жыцьця”, „Скаўцкая інфармацыйная
служба” і „Мэдычная думка”;
-
у Віндсбэрзе – ворган нацыянальна-патрыятычнае дэмакратычнае думкі
„Беларускі Патрыёт”, ворган беларускае паступовае думкі „Вехі” й часопіс
нацыянальна-дзяржаўнае думкі „Беларуская Праўда”;
-
у Гамбурзе выходзіў незалежны гумарыстычны часопіс „Маланка”;
-
у Зальцбурзе – літаратурна-гістарычны часопіс „Пагоня”;
-
у Заўльгаў – інфармацыйны бюлетэнь „За еднасьць”;
-
у Менхегофе – беларускі дэмакратычны двухтыднёвік „Голас Беларуса”;
-
у Мітэнвальдзе – часопіс беларускай моладзі „Вясна”;
-
у Міхельсдорфе – ворган літаратурнага аб’яднаньня Шыпшына пад такім жа назовам
„Шыпшына”, часопіс беларускіх скаўтаў „На пагатове”, беларускі
дэмакратычна-незалежны тыднёвік „Вызваленьне” й двухтыднёвая газэта „Беларускае
слова”;
-
у Мюнхэне выдаваліся – тыднёвік палітыкі, культуры й грамадзкага жыцьця
„Бацькаўшчына”, часопіс Беларуска-Ўкраінскага Міжстудэнцкага Камітэту
Супрацоўніцтва „За дружбу”, ворган беларускага антыбальшавіцкага фронту „Змаганьне”,
незалежны месячнік гумару й сатыры „Шарсьцень”, „Запісы” Беларускага
Інстытуту Навукі й Мастацтва;
-
у Остэргофэне – літаратурна-грамадзкі часопіс „Сакавік”,
-
у Рэгенсбурзе – інфармацыйны бюлетэнь „Ведамкі”, скаўцкі часопіс „Зважай”,
часопіс праваслаўных беларусаў „Зьвіняць званы сьвятой Сафіі” ды часопіс літаратурнага
гуртка Беларускае Гімназіі ў Баварыі;
-
у Штутгарце – ворган Беларускага Вызвольнага Фронту „Барацьба”;
-
таксама ў Нямеччыне выдаваўся ворган цэнтралі пасярэдніцтва Беларускага
Вызвольнага Руху „Рух”, які аднак хаваў сваё сапраўднае месца выхаду й
прызнаваўся да Італіі.
У
Вялікабрытаніі выдаваліся:
-
у Лёндане – бюлетэнь Згуртаваньня Беларусаў у Вялікабрытаніі „На Шляху”,
двухтыднёвік „Беларус на чужыне”, часопіс Хрысьціянскага Аб’еднаньня
Беларускіх Работнікаў у Вялікабрытаніі „Аб’еднаньне”, часопіс
беларускае рэлігійнае думкі „Божым Шляхам”, бюлетэнь Згуртаваньня
Беларускіх Камбатантаў у Вялікабрытаніі „Змагар”, часопіс Беларускае Народнае Грамады „Народны Кліч” ды
часопіс Беларускага Грамадзка-Нацыянальнага Клюбу ў Лёндане „Званіца”;
-
у Манчэстэры выходзілі: часопіс Камітэту Беларусаў Вялікабрытаніі „Жыве Беларусь” і
ворган Галоўнай Управы Беларускага Вызвольнага Руху „Незалежная Беларусь”;
-
у Брадфордзе – ворган беларусаў у Ёркшэ „Патрыёт”.
У Францыі, у Парыжы выходзілі: часопіс беларускае рэлігійнае думкі „Божым Шляхам”,
ворган працоўнае беларускае эміграцыі ў Францыі „Рэха”, ворган беларускае моладзі пад загалоўкам „Моладзь” і
бюлетэнь Аб’еднаньня Беларускіх Работнікаў у Францыі „Сындыкальныя весткі”.
У Бэльгіі, у Брусэлі выдаваўся „Інтэрнацыянал Свабоды”.
Шмат
часопісаў выходзіла ў Злучаных Штатах Амэрыкі:
-
у Нью-Ёрку – грамадзка-палітычны незалежніцкі часопіс „Летапіс”, штомесячнік
„Беларус”, навукова-літаратурны часопіс „Веда”, часопіс маладога пакаленьня
„Віці”, ворган Беларускае Народнае Грамады „Народным Шляхам”, часопіс Беларускага
Інстытуту Навукі й Мастацтва „Запісы”, ворган Беларускае Сялянскае Грамады
„Сялянскі Кліч”, літаратурна-мастацкі часопіс „Конадні”, моладзевы
часопіс „Беларуская Моладзь”, грамадзка-палітычны й літаратурна-мастацкі
часопіс „Беларуская Думка”, агляд савецкага друку „Навіны зь Беларусі”,
культурна-асьветны й грамадзкі часопіс вялікалітоўскі „Незалежнік” і тыднёвік
„Змагар”;
-
у Чыкага выдаваліся „Весткі” Беларуска-Амэрыканскай Рады, навуковы часопіс
„Літва”, скаўцкі часопіс „Юнак” і
часопіс Галоўнай Кватэры Беларускіх Скаўтаў на Чужыне „Рада Кругу”;
-
у Кліўлэндзе выходзіў ворган беларускага актыву на выгнаньні „Уздым”;
-
у Саўт-Рывэры – газэта „Беларускае Слова”, грамадзка-палітычны й
літаратурна-мастацкі часопіс „Беларуская Думка”.
Некаторыя
зь іх, напрыклад, „Запісы” й „Беларус” працягваюць сваё існаваньне па
сёньняшні дзень.
У Канадзе выходзілі:
-
у Таронце – часопіс беларускай эміграцыі, месячнік „Беларускі Эмігрант”,
ворган літаратурнай сустані Баявая Ўскалось пад такім жа загалоўкам „Баявая
Ўскалось”, ворган Беларускае Народнае Грамады „Народным Шляхам”, незалежны
часопіс беларускай эміграцыі „Беларускі Голас” і літаратурна-мастацкі
часопіс „Палесьсе”;
-
у Мантрэалі выходзіў ворган Згуртаваньня Беларусаў у Мантрэалі „Прамень”.
Нават у далёкай Аўстраліі, куды таксама лёс кінуў беларусаў,
выдаваліся:
-
у Сыднэі – інфармацыйны бюлетэнь Беларускага Аб’еднаньня „Новае Жыцьцё”,
месячнік „Лучнік” ды інфармацыйны квартальнік Беларускага Вызвольнага Руху
„На варце”.
-
у Мэльбурне таксама выдаваўся часопіс „На варце” і выходзіў яшчэ пэрыядычны
часопіс сатыры й гумару „Ёрш”.
У многіх
краінах друкаваўся бюлетэнь Саюзу Беларускіх Журналістых „Вольнае Слова”.
Прадстаўніцтвы яго знаходзіліся ў Нямеччыне, Вялікабрытаніі, Францыі, Канадзе й Аўстраліі[1].
Зразумела,
ня ўсе прыведзеныя тут газэты й часопісы, якія давялося мне гартаць у
Беларускай Бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лёндане, зьмяшчалі мовазнаўчыя
публікацыі. Гэты пералік зроблены з той мэтай, каб паказаць, што беларуская
патрыятычная эміграцыя, знаходзячыся далёка ад Радзімы, здолела выдаваць такую
вялікую колькасьць газэтаў і часопісаў, якія ў асноўным былі прысьвечаныя
агляду падзеяў на Бацькаўшчыне ды меркаваньням пра будучыню сваёй далёкай
Айчыны. Некаторыя зь іх шмат увагі прысьвячалі праблемам беларускае мовы. У
гэтым пытаньні асабліва выдзяляюцца: „Бацькаўшчына”, „Беларус”, „Запісы”
й „Крывіч”.
Б. Характарыстыка цытаваных газэтаў і часопісаў
„Аб’еднаньне”
– штоквартальны часопіс, які выдаваўся ў Лёндане ў 1948-1966? гадох
Хрысьціянскім Аб’еднаньнем Беларускіх Работнікаў у Вялікабрытаніі. Заснавальнікам і
рэдактарам быў А. Варава. Паводле вызначэньня
рэдакцыі – „антыкамуністычнае пэрыядычнае англа-беларускае выданьне”. Распаўсюджваўся
сярод беларускае эміграцыі ў Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі, Канадзе. Зьмяшчаў матэрыялы на
беларускай і ангельскай мовах. Былі гэта дасьледаваньні й архіўныя
матэрыялы па гісторыі й культуры Беларусі, весткі з
жыцьця эмігрантаў. Падтрымліваў ідэі й дэклярацыі Беларускае Цэнтральнае
Рады й Другога Ўсебеларускага Кангрэсу. Вёў палеміку з савецкімі выданьнямі
па пытаньнях нацыянальнае палітыкі й ідэалёгіі. Сярод аўтараў былі:
Радаслаў Астроўскі, А. Варава, Юрка Жывіца, Алесь Салавей. Выйшла больш за 100
нумароў[2].
„Барацьба”
– цэнтральны ворган Беларускага Вызвольнага Фронту выдаваўся ў Штутгарце з 1955 году па 1979? год. Да гэтага часу выйшла 88 нумароў.
Выдаваў Палітычна-Прапагандовы Аддзел Галоўнага Штабу БВФ. Паведамляў пра
нарады вызвольных арганізацыяў, на якіх абмяркоўвалася барацьба з расейскім
бальшавізмам. Інфармаваў пра жыцьцё ў розных краінах. Зьмяшчаў артыкулы па
гісторыі Беларусі, пра беларускіх дзеячаў і
пісьменьнікаў, друкаваў іх творы, цікавіўся публікацыямі беластоцкай „Нівы”. Шмат увагі ўдзяляў таксама пытаньням беларускае мовы.
„Бацькаўшчына”
– беларускі тыднёвік палітыкі, культуры й грамадзкага жыцьця выходзіў у
Мюнхэне з кастрычніка 1947 году па сьнежань 1966 году. Выдаўцом з 1955
году быў У. Бортнік. Газэта лічыла сябе
ворганам „беларускае нацыянальна-вызвольнае думкі”, асноўнае заданьне якога
палягала ў тым, каб разьвіваць і паглыбляць беларускі патрыятызм, вырабляць
жалезны гарт і ахвярнасьць у змаганьні за вызваленьне Бацькаўшчыны. Мела
прадстаўніцтвы й распаўсюджвалася ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Францыі, Аўстраліі, Аргентыне, Бэльгіі, Новай Зэляндыі, Вэнэсуэлі. Друкавала інфармацыю пра
міжнароднае жыцьцё, навіны Па куткох эміграцыі, карэспандэнцыі пра
палітычнае становішча на Беларусі, матэрыялы
па гісторыі й культуры. Цікавілася лёсам беларускае мовы. Шмат увагі адводзіла
праблемам нацыянальна-дзяржаўнага й культурнага адраджэньня Беларусі ў 1920-х гадох, крытыцы асымілятарскага накірунку
нацыянальнае палітыкі БССР, а таксама супярэчнасьцям у
нацыянальна-канфэсійным разьвіцьці Беларусі. Зьмяшчала
навуковыя дасьледаваньні Антона Адамовіча, Уладзімера Глыбіннага, Станіслава Станкевіча, Яна Станкевіча, Вітаўта Тумаша ды літаратурныя творы эміграцыйных пісьменьнікаў. Выдавала
дадаткі: дзіцячы „Каласкі”, літаратурны й жаночы. Пры газэце дзейнічала
выдавецтва „Бацькаўшчына”, якое выпусьціла творы клясыкаў беларускае літаратуры.
Друкавала творчыя партрэты палітычных і культурных дзеячаў Беларусі[3].
„Беларус” –
беларускамоўная штомесячная газэта выдаецца зь верасьня 1950 году ў Нью-Ёрку Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем. Друкуе матэрыялы з
жыцьця беларускае эміграцыі, аналітычныя публікацыі пра сытуацыю ў Беларусі, нарысы
па беларускай гісторыі, творы беларускіх пісьменьнікаў-эмігрантаў, успаміны.
З газэтай супрацоўнічалі такія дзеячы эміграцыі, як: Антон Адамовіч, Натальля Арсеньнева, Уладзімер Глыбінны, Яніна Каханоўская, Францішак Кушаль, Аляксандра Саковіч. Шмат увагі газэта адводзіць
пытаньням беларускае мовы, суадносінам паміж мовай і нацыянальнай
сьвядомасьцю ды ролі нацыянальнае мовы ў Царкве. Да найбольш актыўных аўтараў
па гэтых пытаньнях належаць: Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель, Станіслаў Станкевіч. Газэта распаўсюджваецца
ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Польшчы, Беларусі[4].
„Беларускае
Слова” – двухтыднёвая газэта выходзіла ў Міхельсдорфе й Саўт-Рывэры. Мела свае прадстаўніцтвы ў
ЗША, Ангельшчыне, Канадзе, Аўстраліі й Аргентыне. За гады 1948-1958 выйшла
39 нумароў. Пісала пра змаганьне двух сьветаў: дэмакратычнага Захаду й
камуністычнага блёку. Паведамляла пра жыцьцё беларусаў у эміграцыі
(Беларуская хроніка), пра дасягненьні беларускай літаратуры, прыгадвала
постаці беларускіх дзеячаў і пісьменьнікаў ды зьвяртала ўвагу на вялікую ролю
нацыянальнае мовы ў жыцьці народу.
„Беларуская
Думка” – грамадзка-палітычны й літаратурна-мастацкі часопіс выдаецца з 1960
году ў Нью-Ёрку – Саўт-Рывэры на беларускай мове
Беларускім Выдавецкім Таварыствам. Адстойвае ідэі незалежнасьці Беларусі, інфармуе
пра важнейшыя падзеі на Бацькаўшчыне ды пра жыцьцё беларускае эміграцыі. Друкуе
ўспаміны, палемічныя артыкулы, творы беларускіх савецкіх пісьменьнікаў і беларускага
замежжа, у тым ліку Янкі Золака, Міхася Кавыля, Лявона Случчаніна. Распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Польшчы, Беларусі[5].
„Беларуская
Моладзь” – моладзевы штоквартальны часопіс выдаваўся ў Нью-Ёрку ў гадох 1959-1967 і 1972-1980 на беларускай і ангельскай мовах.
Выйшла 52 нумары. Выдаўцы: Згуртаваньне Беларускае Моладзі ў Амэрыцы й Саюз Беларуска-Амэрыканскае Моладзі. Меў прадстаўнікоў у
пяці гарадох ЗША, у Вялікабрытаніі, Бэльгіі, Францыі, Канадзе й Аўстраліі. На старонках часопіса
друкаваліся гістарычныя й літаратурна-мастацкія матэрыялы, хроніка культурнага
жыцьця беларускае эміграцыі, у тым ліку моладзі й студэнцтва ў розных краінах
сьвету, творы беларускіх эміграцыйных пісьменьнікаў і дзеячаў культуры. З
1972 году існавала англамоўная рубрыка Амэрыканцы гавораць пра Беларусь[6].
„Беларуская
Праўда” – часопіс нацыянальна-дзяржаўнае думкі выходзіў у Віндсбэрзе з 1965 году. Да 1989 году выйшла 44 нумары. Сачыў за навінамі ў
сьвеце. Зьмяшчаў дакумэнты нядаўнай беларускай мінуўшчыны, напрыклад,
Дэкрэт Прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага. Прыгадваў важнейшыя даты
ў гісторыі Беларусі, займаўся высьвятленьнем самога
назову Беларусь. Пісаў пра сытуацыю
беларускае мовы на Бацькаўшчыне.
„Беларускі
Голас” – грамадзка-палітычная газэта выдаецца з 1952 году ў Канадзе ў горадзе Таронта. Заснавальнікам зьяўляецца
С. Хмара. Асьвятляе палітычнае й культурнае
жыцьцё Беларусі. У 1957-1966 гадох газэта
выдавала дадаткі „Сыгналы” й „Маланка”, у 1967 годзе – „Беларусы ў Канадзе”, у 1970 годзе – дадатак з
нагоды 20-годзьдзя беларускае прэсы ў Канадзе[7].
„Беларускі
Зборнік” – навуковы часопіс выдаваўся ў гадох 1955-1960 у Мюнхэне Інстытутам Вывучэньня СССР. Друкаваўся на рататары.
Выходзіў на беларускай мове, з № 2 (1955) паралельна на ангельскай мове
(„Belorussian Review”). Друкаваў працы па беларускай гісторыі, мове,
літаратуры, мастацтве, эканоміцы, рэцэнзіі на беларусазнаўчыя выданьні.
Выйшла 12 нумароў[8].
„Беларускі
Работнік” – штотыднёвая газэта для беларусаў у Нямеччыне. Выдавалася ў Бэрліне з пачатку 1943 году да сярэдзіны 1944 году пад нямецкім
кантролем. Рэдактарамі былі Вітаўт Тумаш і Станіслаў Грынкевіч. Газэтай апекаваліся:
Беларускае Прадстаўніцтва, аўтарскі калектыў газэты „Раніца”. Друкавала яна
агляды міжнароднага жыцьця, навукова-папулярныя й пазнавальныя матэрыялы
(рубрыка З усяго сьвету), артыкулы й нарысы па гісторыі й культуры Беларусі,
вершаваныя й празаічныя творы беларускіх аўтараў. Выйшла ня менш за 41 нумар[9].
„Беларус на
чужыне” – беларускі грамадзка-палітычны двухтыднёвік. Выдаваўся ў 1947-1950
гадох у Лёндане на беларускай мове кірыліцай і лацінкай на рататары. Выдаўцы:
Беларускае Выдавецтва ў Лёндане, а з трэцяга нумару –
Беларускі Нацыянальны Народна-Хрысьціянскі Рух. Галоўныя рэдактары: Аляксандар
Надсан, Я. Амор. Зьмяшчаў матэрыялы пра грамадзка-палітычнае
жыцьцё беларускай эміграцыі ў Ангельшчыне. Выйшлі 42 нумары. Спыніў
існаваньне з выхадам у Лёндане друкаванага часопіса „На шляху”[10].
„Божым
Шляхам” – часопіс беларускае рэлігійнае думкі выдаваўся беларускім
грэка-каталіцкім духавенствам у Парыжы ў 1947-1957 гадох і ў Лёндане ў гадох 1957-1980 на беларускай мове. Выйшаў 151 нумар. Рэдактарамі
й аўтарамі бальшыні публікацыяў былі айцы: Часлаў Сіповіч, Леў Гарошка, Язэп Германовіч, Аляксандар Надсан. Асьвятляў пытаньні
гісторыі хрысьціянства, рэлігійных адносінаў у Беларусі ды ўзаемазалежнасьці рэлігіі, культуры й нацыянальнае
сьвядомасьці ў разьвіцьці беларускага народу. Асэнсоўвалася роля
хрысьціянскіх асьветнікаў, царкоўных дзеячаў, заснавальнікаў айчыннага
кнігадрукаваньня. Друкаваліся творы беларускіх пісьменьнікаў. Пад
рубрыкай Беларуская хроніка падаваліся весткі пра грамадзка-палітычную
сытуацыю ў БССР (з акцэнтам на праявы моўнай асыміляцыі), пра рэлігійна-царкоўнае
жыцьцё Беларусі, пра дзейнасьць беларускіх
асяродкаў на эміграцыі, у тым ліку Беларускай Бібліятэкі й Музэю імя Ф. Скарыны ў Лёндане, Англа-Беларускага
Навуковага Таварыства, Згуртаваньня Беларусаў Вялікабрытаніі[11].
„Веда” –
навукова-літаратурны часопіс выдаваўся ў 1951-1954 гадох у Нью-Ёрку на беларускай мове Крывіцкім (Беларускім) Навуковым
Таварыствам Пранціша Скарыны. Галоўным рэдактарам быў
Ян Станкевіч. Друкаваў гістарычныя, этнаграфічныя,
мовазнаўчыя ды іншыя навуковыя матэрыялы. У мовазнаўчых публікацыях друкаваліся
пастановы Зборак чысьціні беларускае мовы, разглядалася праўніцкая
тэрміналёгія, мова рукапісу „Аль Кітаб” і розных беларускіх плямёнаў,
параўноўваліся этнаграфічныя й гістарычныя тэрыторыі Беларусі зь сёньняшнімі межамі. Часопіс зьмяшчаў
інфармацыю пра грамадзкае й культурнае жыцьцё беларускага асяродка ў Амэрыцы. У часопісе друкаваліся таксама
літаратурныя творы беларускіх эміграцыйных пісьменьнікаў: Уладзімера
Клішэвіча, Масея Сяднёва, Уладзімера Сядуры, Янкі Юхнаўца ды іншых. Дадаткам да часопіса ў 1953 годзе выдадзеныя творы
Ўладзімера Жылкі ды ўспаміны Кветкі Вітан пра Лявона Дубейкаўскага[12].
„Вехі” –
ворган беларускае паступовае думкі „Вехі” выходзіў у Віндсбэрзе з 1955 году на беларускай мове. Да 1989 году выйшла 50 нумароў
часопіса. Зьмяшчаў палітычныя публікацыі, у якіх крытыкаваўся лад жыцьця ў
Беларусі. Пісаў пра гісторыю Беларусі й вялікія
праблемы, выкліканыя зьменай назову краіны: Літва – Беларусь. Прыгадваў постаці
беларускіх дзеячаў і пісьменьнікаў.
„Віці” –
грамадзка-літаратурны часопіс выдаваўся ў 1952-1957 гадох у Нью-Ёрку на беларускай мове Згуртаваньнем Беларускае Моладзі й
Беларускім Студэнцкім Таварыствам у ЗША. Зьмяшчаў матэрыялы й
дакумэнты пра дзейнасьць моладзевых арганізацыяў, грамадзкае й культурнае
жыцьцё беларускае моладзі ў ЗША. Друкаваў творы
беларускіх пісьменьнікаў. Выйшла 10 нумароў[13].
„Вольнае
Слова” – бюлетэнь Саюзу Беларускіх Журналістых пачаў выдавацца ў 1949 годзе.
За два гады (1949-1950) выйшла 14 нумароў. Распаўсюджваўся ў многіх краінах.
Прадстаўніцтвы яго знаходзіліся ў Нямеччыне (Галоўная Ўправа СБЖ), Вялікабрытаніі (Беларускі Дом), Францыі (Хаўрус Беларускіх Работнікаў), Канадзе (Зьвяз Беларусаў Канады) і Аўстраліі (А. Салавей). Прызначаўся толькі для
Сяброў СБЖ. Асуджаў „маскоўска-бальшавіцкую ўладу ў сьведамым і нясьведамым
вынішчэньні беларускага народу” (№№ 4-5), прыгадваў гісторыю беларускага
друку.
„Голас
Беларуса” – беларускі дэмакратычны двухтыднёвік выходзіў у Менхегофе на правох рукапісу. Пачаў выдавацца ў 1948 годзе. Да лютага 1949
году выйшла 7 нумароў. Паведамляў пра жыцьцё беларусаў у эміграцыі, пра розныя
беларускія арганізацыі. Зьмяшчаў публікацыі пра беларускую гісторыю.
Зьвяртаў увагу на пытаньні чысьціні беларускае мовы.
„Запісы” –
навуковы часопіс беларускае эміграцыі, ворган Беларускага Інстытуту Навукі й
Мастацтва. Выдаецца з 1952 году на беларускай мове ў Нью-Ёрку. У гадох 1962-1970 выходзіў
у Мюнхэне. Галоўныя рэдактары:
Вітаўт Тумаш, Станіслаў Станкевіч, Томас Бэрд (з 1983 году). Мае разьдзелы: Дасьледаваньні, Рэфэратныя працы,
Нарысы, Успаміны, Дакумэнты, Зацемкі, Бібліяграфія, Хроніка беларускага
жыцьця ў замежжы, Кнігапіс. За час існаваньня „Запісы” сталі цэнтрам гуртаваньня
інтэлектуальных сіл беларускае дыяспары. На старонках часопіса зьмешчаныя
матэрыялы пра дзеячаў гісторыі й культуры Беларусі, на гістарычныя
тэмы, этнаграфічныя, дэмаграфічныя, эканамічныя, мовазнаўчыя. Часопіс друкаваў
навуковыя дасьледаваньні, якія адрозьніваліся ад існаваўшай на Бацькаўшчыне
канцэпцыі гісторыі й культуры беларускага народу. Апублікаваў шмат дакумэнтаў,
якія замоўчваліся ў Беларусі. Друкуе рэцэнзіі
на беларусазнаўчыя выданьні, хроніку беларускага навукова-культурнага
жыцьця на эміграцыі. Рэдкалегія „Запісаў” зацікавіла беларускай праблематыкай
заходніх навукоўцаў. На старонках часопіса публікавалі свае беларусазнаўчыя
працы Томас Бэрд, Гай Пікарда, Джэймс
Дынглі ды іншыя[14].
„Iskry
Skaryny” – гістарычна-публіцыстычны часопіс выдаваўся ў 1931-1935 гадох у
Празе на беларускай мове Беларускім (Крывіцкім) Таварыствам імя Ф.
Скарыны. Акцэнтаваў увагу на праблемах
гістарычнай, нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў ва ўмовах безупыннага
націску з боку суседніх этнасаў – расейскага й польскага. Часопіс выступаў з
прапановай агульнабеларускага яднаньня, гуртаваньня розных палітычных
кірункаў дзеля карэнных нацыянальнах інтарэсаў – нацыянальна-дзяржаўнае
незалежнасьці Бацькаўшчыны, якая ў той час была падзеленая на Беларусь Усходнюю (у Савецкім Саюзе) і Беларусь Заходнюю (у межах Польшчы). Часопіс крытычна
ацэньваў нацыянальную палітыку ў БССР. Да вельмі плённых
публіцыстаў часопіса належалі такія нацыянальныя дзеячы, як Тамаш Грыб і Васіль Захарка[15].
„Конадні” –
ілюстраваны літаратурна-мастацкі часопіс беларускай эміграцыі ў ЗША. Выдаваўся
Беларускім Інстытутам Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку на беларускай мове ў гадох 1954-1963. Выйшла 8 нумароў. Друкаваў
паэзію, прозу, літаратурную крытыку, публіцыстыку беларускіх эміграцыйных
пісьменьнікаў, хроніку літаратурнага й навуковага жыцьця. Друкаваліся пераклады
зь нямецкае, украінскае й польскае літаратур. Зьмяшчаліся рэпрадукцыі твораў
беларускіх эміграцыйных мастакоў[16].
„Крывіч” –
літаратурна-навуковы й грамадзкі часопіс нацыянальна-дэмакратычнага
накірунку выдаваўся з чэрвеня 1923 году па сакавік 1927 году ў Коўне на беларускай мове. Рэдактары – Вацлаў Ластоўскі й Кляўдыюш Дуж-Душэўскі. Часопіс
ставіў сабе за мэту адшукаць шляхі да самавызначэньня Беларусі ў сфэры духовасьці. Вызначаўся разнастайнай
тэматыкай – меў разьдзелы: літаратурны (творы беларускага пісьменства,
пераклады), навукова-крытычны (дасьледаваньні ў галіне беларусазнаўства), запіскі
(зьвесткі пра беларусаў, іх гістарычна-культурную спадчыну), інфармацыйны
(бібліяграфічныя агляды й водгукі). Аўтарам бальшыні матэрыялаў быў Вацлаў
Ластоўскі. Выйшла 12 нумароў.
Выданьне спынілася зь пераездам В. Ластоўскага ў БССР[17].
„Літва” –
навуковы часопіс выдаваўся ў Чыкага з 1967 году. Выходзіў да 1973? году. Як Рэдакцыя заяўляе ў № 1,
заданьне часопіса, загалоўкам якому паслужыў нацыянальна-гістарычны назоў
краіны – нанава вывучаць і пераацэньваць слаўную мінуўшчыну Беларусі ды
змагацца зь яе фальшаваньнем, а таксама вывучаць сучасныя падзеі, зьвязаныя
зь беларускім народам. Часопіс пісаў пра гісторыю беларускага друку,
прыгадваў важнейшыя постаці ў жыцьці беларускага народу. Аўтарам бальшыні
артыкулаў быў Вацлаў Пануцэвіч.
„Моладзь” –
ворган беларускае моладзі выходзіў у Парыжы. Пачаў выдавацца ў 1948
годзе. Да 1954 году выйшлі 32 нумары. Пісаў пра своеасаблівасьці Беларусі, яе
гісторыю. Зьмяшчаў загадкі, якія датычыліся роднае зямлі. Шмат увагі адводзіў
пытаньням беларускае мовы: падабенствам і адрозьненьням паміж беларускай
мовай і расейскай, русыфікацыі беларускае мовы. Паведамляў пра беларускія
выданьні ў эміграцыі.
„Навіны зь
Беларусі” – агляд савецкага друку. Часопіс выдаваўся ў Нью-Ёрку. Пачаў выходзіць у 1963
годзе. Да 1969 году выйшла 143 нумары. „Навіны зь Беларусі” выдаваў Камітэт
Радыё „Свабода”. Падаваліся ў асноўным выпіскі зь беларускага савецкага
друку, якія найбольш выразна адлюстроўвалі факты савецкага жыцьця, у тым
ліку была вялікая колькасьць паведамленьняў пра мовазнаўчую працу на
Беларусі. Зьмяшчаліся таксама тэксты
беларускіх перадачаў Радыё „Свабода”.
„Незалежная
Беларусь” – ворган Галоўнай Управы Беларускага Вызвольнага Руху выдаваўся ў
Манчэстэры з 1952 году пад дэвізам „Вольнасьць і незалежнасьць Беларусі – мэта Беларускага Вызвольнага Руху”. Да
1973 году выйшла 28 нумароў. На старонках газэты было шмат публікацыяў пра
гісторыю Беларусі, адзначаліся беларускія
нацыянальныя сьвяты, зьмяшчаліся прынагодныя прывітаньні. Прыгадваліся
таксама важнейшыя постаці ў гісторыі Беларусі.
„Незалежнік”
– культурна-асьветны й грамадзкі часопіс вялікалітоўскі выдаваўся ў Нью-Ёрку з 1965 году. Выходзіў непэрыядычна. За гады 1965-1966
паявіліся тры нумары. Для азначэньня Беларусі
карыстаўся гістарычным назовам Літва. Зьмяшчаў публікацыі пра
беларускую гісторыю, асьвятляў зьмены назоваў беларускага народу. Сталымі
рубрыкамі былі Хроніка й Куточак мовы.
„Новае
Жыцьцё” – інфармацыйны бюлетэнь Беларускага Аб’еднаньня выходзіў у Сыднэі з 1950 году. Да 1958 году выйшаў 31 нумар. Асьвятляў падзеі ў
Беларусі ды ў цэлым сьвеце. Зьмяшчаў палемічныя артыкулы пра беларускую
мову ў эміграцыі.
„Rada
Kruhu” – часопіс Галоўнай Кватэры Беларускіх Скаўтаў на Чужыне выдаваўся ў
Чыкага зь ліпеня 1951 году. Як пісала Рэдакцыя, асноўнае заданьне
часопіса – паглыбленьне скаўцкай ідэалёгіі, скаўцкіх мэтадаў выхаваньня. Назоў
часопіса быў падыктаваны канкрэтнымі мэтамі – сабраць у вялікі Круг усіх
скаўтаў і стварыць цэнтар скаўцкае думкі.
„Раніца” –
штотыднёвая беларуская газэта, якая выдавалася ў сьнежні 1939 – сакавіку
1945 гадоў у Бэрліне пад нямецкім кантролем. У розны час галоўнымі рэдактарамі былі:
Фабіян Акінчыц, Мікола Шкялёнак, Вітаўт Тумаш, Станіслаў Грынкевіч, Мікола Абрамчык. Газэту падтрымлівала
нямецкае Ваеннае Міністэрства й Беларускае Прадстаўніцтва ў Бэрліне. Газэта зьмяшчала прамовы
кіраўнікоў фашысцкае Нямеччыны, матэрыялы пра дзейнасьць
беларускіх культурна-асьветных суполак і арганізацыяў за мяжою, інфармавала
пра падзеі ў Беларусі. На старонках газэты
зьмешчаныя артыкулы на гістарычныя тэмы Міколы Шкялёнка й Антона Адамовіча, мэмуары Ўладзімера Глыбіннага, успаміны Кастуся Езавітава пра Сяргея Палуяна ды творы беларускіх эміграцыйных пісьменьнікаў. Выйшла ня менш як
233 нумары[18].
„Шыпшына” –
літаратурна-мастацкі часопіс на беларускай мове, ворган Літаратурнага
Аб’яднаньня „Шыпшына” пачаў выходзіць у 1945 годзе. Часопіс выходзіў у дзьвюх
краінах. Пачаткова выдаваўся ён у гэтак званай трызоніі, дзе ў гадох
1946-1948 выйшла 7 нумароў часопіса. У 1948 годзе з бліжэй невядомых прычынаў
„Шыпшына” перастала выдавацца. У 1950 годзе амэрыканскі ўрад прыадкрыў
дзьверы сваёй краіны для эмігрантаў розных нацыянальнасьцяў. З гэтай
магчымасьці скарысталі таксама беларускія пісьменьнікі й выдаўцы, сярод
якіх знайшліся й сябры Літаратурнага Згуртаваньня „Шыпшына”. Апынуўшыся ў Злучаных
Штатах Амэрыкі, пастанавілі яны
працягваць выдаваньне „Шыпшыны”. Аднак у ЗША выйшла толькі 8 – 9 нумароў часопіса й „Шыпшына” канчаткова перастала
існаваць. Часопіс гэты распаўсюджваўся ў многіх эўрапейскіх краінах, у
Амэрыцы, а нават у Аўстраліі ды Індакітаі. Ня меў аднак абсалютна
доступу да чытачоў у Савецкай Беларусі. На старонках „Шыпшыны”
знайшліся творы больш чым 50 аўтараў: больш за 220 вершаў, 3 паэмы, каля 10
апавяданьняў, некалькі фрагмэнтаў аповесьцяў і раманаў ды больш за 15
літаратуразнаўчых і культуразнаўчых артыкулаў[19].
[1]
Гэта пералік толькі тых беларускіх газэтаў і часопісаў,
якія захоўваюцца ў Беларускай Бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лёндане.
[2]
Л. І. Пранчак, „Аб’еднаньне”, у:
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 1, Мінск 1993, с. 10.
[3]
А. Лямец, Л. І. Пранчак, „Бацькаўшчына”, тамсама, с. 333-334.
[4]
„Беларус”, тамсама, с. 346.
[5]
Л. І. Пранчак, „Беларуская Думка”, у: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 1, Мінск 1993, с. 346.
[6]
Ю. Р. Васілеўскі, „Беларуская Моладзь”, тамсама, с. 382.
[7]
А. С. Ляднёва, „Беларускі Голас”, у: Беларуская энцыклапедыя, т. 2, Мінск 1996, с. 439.
[8]
А. С. Ляднёва, „Беларускі Зборнік”, тамсама, с. 444.
[9]
С. У. Жумар, „Беларускі Работнік”, у:
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 1, Мінск 1993, с. 452.
[10]
А. С. Ляднёва, „Беларус на чужыне”, у: Беларуская энцыклапедыя, т. 2, Мінск 1996, с. 389.
[11]
А. К. Каўка, „Божым Шляхам”, у: Энцыклапедыя гісторыі
Беларусі, т. 2, Мінск 1994, с. 52.
[12]
Г. І. Сурмач, „Веда”, тамсама, с. 241.
[13]
А. С. Ляднёва, „Віці”, у: Беларуская
энцыклапедыя, т. 4, Мінск 1997, с. 236.
[14]
Анфіса Ляднёва, Галіна Сяргеева, „Запісы”, у:
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 3, Мінск 1996, с. 406.
[15]
Аляксей Каўка, „Іскры Скарыны”,
тамсама, с. 505-506.
[16]
„Конадні”, тамсама, т. 4, Мінск 1997, с. 229.
[17]
Аляксей Вабішчэвіч, „Крывіч”, тамсама, с.
269.
[18]
Сяргей Жумар, „Раніца”, тамсама, т. 6, Мінск 2001, с. 97;
Лявон Юрэвіч, Вырваныя бачыны. Да гісторыі Саюзу Беларускай Моладзі, Мінск 2001, с. 203-204.
[19]
Аляксандар Баршчэўскі, Беларускае эміграцыйнае згуртаваньне „Шыпшына”, у: На шляху да праўды (Acta Albaruthenica 2), Мінск 2001, с. 54-62.