|
Баршчэўская Ніна (29.06.1956,
вёска Козлікі Гайнаўскага пав. Беластоцкага ваяв., Польшча), доктар філалогіі, беларускі грамадскі і культурны дзеяч.
Н. Баршчэўская нарадзілася ў беларускай сялянскай сям’і. Вучылася ў вясковых школах Кожына і Гародчына. З дзяцінства вывучала беларускую мову. Пасля заканчэння васьмі класаў паступіла ў агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Б. Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім, які закончыла ў 1975 г. Затым вучылася на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта (1975–1980), дзе паглыбляла свае веды па беларускай мове і літаратуры. Тэмай дыпломнай работы сталі беларускія гаворкі Беласточчыны. Праходзіла навуковую стажыроўку на той жа кафедры, дзе працуе па сённяшні дзень. У 1988 г. абараніла доктарскую дысертацыю пра дыялектызмы ў беларускай мове. Займаецца праблемай стаўлення беларускай эміграцыі да роднай мовы. У падрыхтоўцы навуковых прац ёй дапамаглі прафесар Леў Шакун і айцец Аляксандр Надсон, а таксама стажыроўка на кафедры беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Мінску і ў Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лондане. Яшчэ адна дзялянка працы Н. Баршчэўскай — беларуская рэдакцыя Польскага радыё. Н. Баршчэўская — аўтар шматлікіх навуковых публікацый. Сярод іх «Некалькі меркаванняў пра змены значэнняў лексем, абумоўленых моўнай інтэрферэнцыяй», «Вясельны абрад на Беласточчыне: семантычна-параўнальная інтэрферэнцыя», «Моўныя версіі газеты «Мужыцкая праўда», «Пра дыялектызмы ў мове Янкі Купалы», «Пра дыялектызмы ў мове Якуба Коласа», «Пра дыялектызмы ў беларускай літаратурнай мове», «Беларусь і Польшча — скрыжаванне шляхоў», «Моўныя пытанні на старонках беларускіх эміграцыйных выданняў у Нямеччыне», «Ідэя абароны беларускай мовы на старонках «Бацькаўшчыны» і інш. Яе артыкулы з’яўляліся на старонках розных перыядычных выданняў Польшчы і Беларусі. У сааўтарстве былі ёй распрацаваны праграмы для школ з вывучэннем беларускай мовы. Была рэдактарам «Беларускага календара» на 1989 і 1992 г. Выступала з дакладамі на розных міжнародных навуковых канферэнцыях. Прымала ўдзел у ІІ і ІІІ Міжнародных кангрэсах беларусістаў. Ірына Тамільчык крыніца:
КАНТАКТЫ
І ДЫЯЛЁГІ, 9/2000
|