БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
 Зінаіда Дудзюк, ШЛЯХАМІ СПРАДВЕЧНАГА СЛОВА, АБО ПРЫЗНАННЕ Ў ЛЮБОВІ

АД АЎТАРА

Шаноўныя чытачы, 2001 год — абвешчаны Годам моў. Напэўна, з гэтай нагоды кожны народ захоча яшчэ раз азірнуцца на мінулае, каб узважыць свае моўныя набыткі і страты, вызначыць далейшы шлях. Ёсць над чым задумацца і беларусам, старажытная мова якіх у розныя часы і перажывала ўздым, і была пад забаронаю, але яна ніколі не спыняла сваёй жыватворнай плыні ў асяроддзі простага люду, іншы раз маючы выхад толькі ў вусную народную творчасць.

“Залатым векам” беларускай культуры было сярэдневечча. Вялікае княства Літоўскае засведчыла сваё існаванне ў свеце высокай культурай кніжнасці, тады было створана пяць граматык рознага характару і прызначэння, якімі паспяхова карысталіся славянскія мовазнаўцы. І сёння беларуская мова працягвае сваё жыццё, можа, не ў самых спрыяльных умовах, але на ёй гавораць і пішуць паэтычныя, празаічныя творы, навуковыя працы... Яна нясе ў сабе шмат таямніц і загадак, стагоддзі пераклікаюцца ў яе каранях і гуках. Яшчэ не адно пакаленне беларусаў будзе спасцігаць яе праз любоў і зачараванасць, як гэта здарылася са мною, пра што я і пішу ў эсэ.

ГІМН МОВЕ

Родная мова, такая знаёмая кожнаму з маленства, застаецца самай загадкавай і дзівоснай з’явай. Якім чынам нашы продкі выбіралі назвы тым ці іншым рэчам і дзеянням? Як яны стваралі гарманічны лад мовы? Колькі тысяч гадоў прамінула з таго часу? Дзе ўзяць адказы на гэтыя пытанні? Ды у самой мове! Бо гісторыя мовы неаддзельна звязана з гісторыяй народа, які яе стварыў. І менавіта ў сэснсе самых старадаўніх словаў хаваюцца ключы да разумення ўсіх этапаў гістарычнага шляху нашых продкаў.

Без мовы не было б чалавека, яго дапытлівай і скрозьіснай думкі, якой здавалася мала зямной прасторы, яна сягала ў бязмежжа космасу, прагна ўзіралася ў зоркі, спрабуючы прачытаць таямніцу ўзнікнення Сусвету.

Пакуль чалавек ствараў мову, яна будавала ягоную душу, вучыла адчуваць і думаць вобразамі, разнасцежвала далягляды фантазіі, з якой нараджаліся міфы і казкі пра нябесных і зямных багоў – справядлівых суддзяў і абаронцаў.

З вераю ў надзейнасць і непарушнасць багоў лягчэй і прыгажэй жылося, жыццё набывала разумны сэнс, бо, калі яно нават канчалася, дык усё роўна працягвалася — іншае ў лепшым свеце побач з раней памерлымі дзядамі.

Будзённасць разнастаілася святамі і рознымі абрадамі, звязанымі з ахвяраваннямі багам, існаванем якіх тлумачыліся з’явы прыроды, прычыны няўдач, заўчасных страт і нягодаў. Багі давалі надзею на лепшы дзень, на поспех і доўгі век, пры ўмове, што чалавек будзе любіць і паважаць сваю сям’ю, род, племя, што па-добраму будзе ставіцца да навакольнага асяроддзя.

Кожнае племя стварала сваю мову, якая не была зразумелаю ворагам. І гэтак рабілася знарок. Калі вораг уведае тваю мову, дык спасцігне і таемныя веды, здабытыя продкамі на працягу існавання шматлікіх пакаленняў.

З добразычлівымі іншапляменнікамі можна было абменьвацца таварамі, адначасова і непрыкметна ўзбагачацца новымі словамі, перанятымі ад чужынцаў. У выніку добрых адносін іншапляменнікі рабіліся прыяцелямі, якія маглі дапамагчы ў барацьбе з захопнікамі. Плямёны прыстасоўваліся да ўмоў, імкнуліся выжыць і вы-хаваць нашчадкаў, агарадзіць іх ад чужога ўплыву. Бо дзіця, выхаванае на чужой мове, будзе любіць яе, чужую, больш, чым родную. І не здарма ў слове выхаванне корань хав-, праз яго яскрава бачыцца звышзадача народа.

Самыя мудрыя і памятлівыя людзі племені захоўвалі Веды, перадаючы іх з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне. Святы агонь на капішчах быў сімвалам гэтых Ведаў.

Словы веды і ведзьма маюць адзін корань. Пад уплывам хрысціянства слова ведзьма набыло адмоўны сэнс. А ў старадаўнасці гэта былі лекары і ратавальнікі, яны звярталіся да багоў, прыносілі ім у ахвяру мёд-піва, кветкі, садавіну і гародніну, ачышчалі суродзічаў агнём, умывалі купальскай вадою. Можа, яны называліся валхвамі ці жрацамі (ёсць жа ў нас рэчка з назваю Валхва, правы прыток ракі Случы), ды гэта цяпер не істотна, сутнасць іхняга жыцця была ў тым, каб захаваць сваё племя ад бяды і нястачы, ад ворагаў і пошасці.

Святы былі звязаны з земляробчым календаром, мелі пэўны змест, зразумелы ўсім. Ім надавалася магічная афарбоўка. Кожны наш продак быў трошкі чараўніком, здатным паспрыяць свайму полю на добры ўраджай, статку – на добры прыплод, а сям’і — на шчасце.

Прыходзіла Купалле, умывала свет жыццядайнымі дажджамі, квітнела зямля ў зыркіх промнях маладога і гуллівага сонца. І нельга было існаваць з будзённай душою ў гэтыя дні. Яна, знітаваная самымі тонкімі струнамі з лесам і полем, рэчкаю і поплавам, таксама жадала песні, карагоду, гульні…

Пукатыя чорныя хмары, як магутныя волаты-быкі сутыкаліся ў небе ілбамі – бліскала вогненная маланка і грымеў Пярун, пагражаючы тым, хто не ведаў меры ў весялосці, хто злаваў на суседа, хто грашыў. І можна было схавацца ад боскага гневу, памаліцца, пакаяцца, памяркоўна перачакаць боскую лютасць, каб жыць далей.

Валхвы складалі малітвы і гімны, замовы і песні багам, яны гаварылі з небам і зямлёю, сачылі за рознымі з’явамі прыроды, пільна заўважалі паводзіны звяроў і птушак, варажылі пра будучыню, складалі календары. Так збіралася калектыўная мудрасць плямёнаў, якая дайшла да нас у выглядзе міфаў, паданняў, легендаў, казак, прымавак, прыказак, выслоўяў, песень. Са звычайных, будзённых словаў, сагрэтых душэўным цяплом, высвечаных фантазіяй, ствараўся вялікі і неад”емны скарб народа. Мы багатыя нашчадкі, бо маем больш за сорак тамоў сабраных і выдадзеных твораў беларускага фальклору.

КАРАНІ СЛОВАЎ

Каб зразумець, як з”явілася тое ці іншае слова, трэба найперш вызначыць ягоны корань, з якога можна ўтварыць мноства новых словаў. А нашыя продкі стваралі новыя словы вельмі ашчадна, дадаючы тую ці іншую прыстаўку. Возьмем, напрыклад, слова мова. З яго ўзнікла мноства словаў: адмова (отказ), вымова (выговор), прамова (речь), умова (условие), дамова (договор), прадмова (предисловие), замова (заговор), намова (наговор), змова (сговор). Як бачым, у маладой рускай мове, якая ўтварылася у сярэднявечча, перакладу беларускіх словаў з коранем мов- адпавядаюць рознакарэнныя словы. Тут не назіраецца той спрадвечнай ашчаднасці, якая была ўласцівая першастваральнікам мовы, калі з мінімуму каранёў і прыставак трэба было стварыць дасканалы моўны лад.

Вывучэнне каранёў словаў, гэта навука, якая датычыцца не толькі мовы, але і гісторыі пэўнага народа, яго духоўнага свету, мыслення і разумення свайго існавання на зямлі. Слынны лінгвіст І. І. Сразнеўскі адзначаў, што гісторыя каранёў, словаў і формаў павінна прадстаўляцца ў слоўніку не толькі на аснове звестак, здабытых з пісьмовых крыніц, а і з народных гаворак, дзе часам захоўваюцца словы значна больш старадаўнія, чым самыя старыя помнікі пісьменства. Не выключана, што самыя старадаўнія словы існуюць у шматлікіх беларускіх дыялектах яшчэ не заўважаныя даследчыкамі-лінгвістамі.

Я міжвольна задумалася, якія ж словы ў беларускай мове могуць быць самымі старадаўнімі? Напэўна тыя, якія сведчаць пра выжыванне людзей у глыбокую даўніну. Зразумела, што гэтыя словы былі звязаныя са здабываннем ежы, а найперш, напэўна, з паляваннем. Мяне зацікавіла, чаму ж у гэтым слове корань пол-? Як вядома, у полі водзіцца мала звяроў, яны любяць сяліцца ў лесе. І тады сам сабою прыйшоў лагічны адказ. Слова ўтварылася тады, калі нашы продкі жылі недзе ў стэпе, займаліся збіральніцтвам, хадзілі ў поле, каб знайсці ядомыя зёлкі, зерне, карані — траву, а гэткае збіральніцтва на полі сталі называць паляваннем. Ежа, якую гатавалі з травы, атрымала назву страва. Ад гэтага слова ў сваю чаргу ўтварылася і слова страўнік.

Міжвольна падумалася, у якую ж гістарычную эпоху было створана гэтае слова? Інтуітыўна напрошваўся адказ: у палеаліт. Захацелася праверыць, якія славянскія народы выкарыстоўвалі слова паляванне, маючы на ўвазе, што першапачаткова яно азначала збіранне травы, карэнняў; як прасочваецца ланцужок беларускіх словаў паляванне, ловы — паляўнічы — страва — страўнік у іншых славянскіх мовах.

Украінская мова: полювання, мыслывэцтво — мыслівэць — страва — шлунок.

Польская мова: полованіе, ловы, мусліство — мыслівы — страва — жоландэк.

Славацкая мова: лов — полоўнік — страва — жалудок.

Руская мова: охота — охотник — еда —— желудок.

Чэшская мова: гон, лов — ловец, — едэні — жалудэк.

Балгарская мова: лов — ловец — ядене, хранене — стомак.

Сербска-харвацкая мова: лов — ловац — храна — желудац, стомак.

Як бачым, найбольш ужываемае слова ў славян, якое выкарыстоўвалася і значэнні палявання, лов(ы). Паляванне выкарыстоўваюць толькі беларусы, украінцы і палякі, згадаем, дарэчы, што адно са славянскіх племёнаў, якое ўвайшло ў склад Кіеўскай дзяржавы, называлася палянамі. Для іх, а таксама для палякаў слова поле з”яўляецца, як цяпер модна казаць, знакавым.

Мне здаецца, што слова паляванне, з”яўляецца найбольш старажытным, бо згодна з перакананнямі вучоных, спачатку першабытны чалавек ўсё ж займаўся толькі збіральніцтвам. Ды і цяпер нярэдка можна пачуць заклікі да вегетарыянства, нават прыводзяцца аргументы, што першапачаткова чалавек быў вегетарыянцам.

Слова лов(ы) магло ўзнікнуць у час мезаліту, 12-10 тыс. гадоў да нашай эры, калі адступіў ледавік і кардынальна змяніліся ўмовы жыцця. Зніклі маманты, пачалося паляванне на дробных жывёл. Важным фактарам жыцця першабытных людзей сталі вада і лес. Вялікія калектывы былах паляўнічых на мамантаў, змяніліся малымі гуртамі. Цяпер чалавек, узброены лукам, з дапамогаю прыручанага сабакі мог паляваць і адзін. Як адзначае расійскі гісторык Б. А. Рыбакоў, калі палеаліт быў для чалавецтва школаю мужнасці і арганізаванасці, дык мезаліт стаў школай знаходлівасці і асабістай ініцыятывы”.

Слова страва даволі распаўсюджанае, у значэнні ежы яно выкарыстоўваецца беларусамі, украінцамі, палякамі, славакамі. Існавала яно і ў лацінскай мовы і перакладалася як памінальная вячэра ў гунаў. У сербска-харвацкай мове яно ўжываецца ў сэнсе падлы, мерцвячыны. У рускай мове сустракаюцца словы отрава (атрута) і патрава (панішчаныя пасевы). У чэхаў харчовыя крамы называюцца патравіны.

Слова, якое азначае паляўнічага, звычайна ўтвараецца ад дзеяслова, які азначае паляванне: лоў — лавец, паляванне — паляўнічы і г. д. .

Слова страўнік ўжываецца толькі беларусамі, праўда, палякі выкарыстоўваюць страваванне, украінцы — стрававод. У чэхаў страўнік — гэта той чалавек, што харчуецца ў каго-небудзь.

Пры стварэнні словаў еўрапейскія плямёны бралі за аснову самыя розныя рысы той ці іншай з’явы. Напрыкладад, у раманскіх мовах словы, якія азначаюць паляванне, утварыліся ад кампаніі, гурту, бо менавіта гуртам хадзілі па здабычу. У рускай мове для азначэння палявання служыць слова охота, таму што ў сярэдневечча, калі стваралася гэтая мова, паляванне перастала існаваць як сродак здабычы ежы, а ператварылася ў забаву, у час якой можна прыемна, у ахвоту бавіць час.

Працэс стварэння мовы — вялікая тайна, якую спрабуюць разгадаць лінгвісты, гісторыкі, філосафы, псіхолагі. Кожнае слова мае сваю адметную энергетыку, якая рэалізуецца праз форму і гук, закладзены ў корані. Мова мае адпаведны лад і мілагучнасць, уласцівы толькі ёй. Кожны раз здзіўляюся, перачытваючы казкі, запісаныя А. Сержпутоўскім, колькі ў іх досціпу, хараства, паэзіі, калі нават проза лёгка прагаворваецца ў рыфму. Якія ж спеўныя і прыгожыя душы былі ў палескіх казачнікаў!

Існаванне ў беларускім фальклоры старадаўніх твораў, якія дайшлі да нас з дахрыціянскіх часоў, гаворыць пра вялікі творчы патэцыял нашых продкаў. На жаль, пакуль яшчэ застаецца недасяжнаю мэта — зрабіць рэканструкцыю страчанай міфалогіі, каб спасцігнуць, адкуль бяруць вытокі шматлікія песні, казкі, паданні, легенды, прымхі і забабоны беларусаў. Але калі гэта здарыцца, няхай не цалкам, але хоць часткова адновіцца ідэалогія нашых продкаў, дык, можа, хоць праз яе зможам мы знайсці тую ісціну, ідэю, ідэалогію, згодна якой і будзем ствараць сваю Беларусь. Праз духоўнае багацце ранейшых пакаленняў нам будзе падорана згубленае і забытае мінулае, без якога немагчыма адстойваць сучаснасць і будучыню.

ВЕДЫ ПРОДКАЎ

Каб любіць родную мову, трэба яе добра ведаць і глыбока адчуваць сэнс, закладзены ў слове. Безумоўна, карані могуць быць і запазычаныя, тады зразумець паходжанне іх значна цяжэй, але ў беларускай мове сутнасць слова найчасцей ляжыць навідавоку.

Возьмем, напрыклад, слова зразумець. Яно складаецца з двух словаў: зразу і мець, і азначае ўменне хутка схопліваць сэнс, гэта значыць, каб з аднаго разу і мець.

Такія маленькія адкрыцці ў разуменні значэнняў словаў здараліся ў мяне часам вельмі выпадкова. Аднойчы, перабіраючы вішні, задумалася, чаму гэтыя ягоды так называюцца. І раптам мне адкрылася, што вішня і Вішну — словы аднакарэнныя, бо азначаюць яны ягаду, якая расце высока, і найвышэйшага Бога. Само сабою прыйшло разуменне таго, што Буда, той, хто будзіць. Гэта зафіксавалася ў памяці як здзіўленне, як спасціжэнне нечага нерэальнога, бо Індыю, дзе вераць у гэтых багоў, і Беларусь раздзяляюць тысячы кіламетраў.

У нашым жыцці нічога не здараецца выпадкова. Аднойчы паглядзела тэлеперадачу пра Тыбет ( гэтая назва гучыць для мяне, як табе) і зноў пачула такое знаёмае слова ступа. У будыстаў гэта рытуальнае круглае збудаванне, вакол якого з малітвамі ходзяць вернікі. Ступу мне даводзілася бачыць у маленстве ў палескай вёсцы. Напэўна, за тысячы гадоў яна зусім не змянілася. У гэтай драўляная пасудзіне старажытны чалавек тоўк зерне ячменю, каб атрымаць крупу, з якой гатавалася куцця — рытуальная ежа. Не дзіўна, што ступа стала культаваю выяваю. Яна зрабілася сімвалам дастатаку і дабрабыту племені. Маленне вакол ступы ў будыстаў называецца хадж. І зноў пачула я знаёмы корань, гэтакі самы ляжыць у аснове слова хадзіць.

Тады і пачала я звяртаць увагу на выпадкова сустрэтыя ў розных тэкстах словы на санскрыце. Цікавым здалося мне слова кара, якое перакладаецца як падатак. Шчастра па-індыйску азначае шчасце. Ваяр — зброя, бога Індры. У “Законах Ману” мудрацы не раілі ўжываць мяса ( мамса — на санскрыце азначае мяса), а сэнс гэтага слова яны тлумачылі так: “Мяне (мам) той (са) з”есць у будучым свеце, чыё мяса я ем тут”.

Само сабою узнікла пытанне, якую ж сувязь мае беларуская мова з санскрытам? На той час я не мела філалагічнай адукацыі і не ведала, што ўжо амаль два стагоддзі навукоўцы свету вывучаюць роднасць індаеўрапейскіх моў і прысвяцілі гэтай праблеме шмат цікавых даследванняў і кніг.

Санскрыт бярэ пачатак у індыйскай старажытнасці. Гэта мова магутнай філософскай і рэлігійнай літаратуры. На ёй запісаны Веды — найстаражытнейшыя літаратурныя помнікі, якія адлюстроўваюць рэлігійныя ўяўленні і міфалогію старажытна індыйскага грамадства.

Слова веды ў беларускай мове азначае вынік пазнання чалавекам прадметаў і з’яў рэчаіснасці, законаў прыроды і існавання грамадства. Як бачым, значэнне слова веды на санскрыце і на беларускай мове цалкам супадаюць. І гэтае супадзенне зусім не выпадковае. Нашы продкі мелі стасункі са старажытнаю індыйскаю культураю, як і іншыя славянскія плямёны. Магчыма, санскрыт і ўзнік як мова, якая задавальняла духоўныя патрэбы шматлікіх плямёнаў.

Нагадаю, што ведыйская літаратура складаецца з чатырох зборнікаў вершаваных гімнаў: “Рыгведы” (веданне гімнаў), “Самаведы” (веданне мелодый), “Яджурведы”(веданне ахвяраванняў), “Атхарваведы” (магічныя загаворы і закляцці) і больш позніх каментарыяў да іх. Юрыдычныя нормы былі сабраны ў кнізе “Законы Ману”. (Ману — першачалавек, ад якога пайшлі ўсе людзі.) Невядома, на працягу колькіх стагоддзяў ствараліся гэтыя кнігі, але запісаныя яны былі ў першым тысячагоддзі да нашай эры.

У сярэдзіне дзевятнаццатага стагоддзя вучоныя-лінгвісты выкарысталі санскрыт для параўнальна-моўных даследванняў і адкрылі, што шматлікія мовы і культуры еўрапейскіх народаў маюць некаторыя агульныя рысы з міфалагічнымі уяўленнямі і моваю старажытных індыйцаў.

Цікава тое, што некаторыя гімны “Рыгведы” і старажытны помнік іранцаў “Авесту” можна разглядаць як два варыянты першапачатковага тэксту. Адзінства старажытнаіндыйскіх і старажытнаіранскіх плямёнаў даказваецца і праз агульную для іх саманазву — арыі. Арыйскія дыялекты найбольш былі звязаны з грэчаскім і армянскім дыялектамі, але адначасова яны мелі агульныя словы з больш шырокай групай індаеўрапейскіх дыялектаў, такіх, як славянскія, балцкія, раманскія. Індаеўрапейскія асновы захаваліся ў такіх агульнаславянскіх словах, як воўк, род, воз, гняздо, лета, зіма, жонка, сын, мёд, госць, звер, ноч, косць, соль, семя, неба, слова і шмат іншых.

Санкрыт — мова вельмі багатая, словы маюць шмат сінонімаў. Вар — на санскрыце адзін з сінонімаў вады, у беларускай мове, гэта кіпень, вараная вада, адсюль утварылася слова варыць. Тут будзе дарэчы згадаць Варуну — бажаство індыйскай міфалогіі, які першапачаткова быў вышэйшым суддзёй для людзей. Магчыма, ад яго імя і ўтварылася слова варункі, гэта значыць, абставіны, ўмовы, якія могуць паслужыць апраўданнем чалавеку ў вачах бога. Пазней Варуна стаў лічыцца богам вады. Я звяртаю вашу ўвагу на корань вар-, які прысутнічае ва ўсіх словах, набраных у гэтым абзацы курсівам, бо ўсе яны з”яўляюцца аднакарэннымі.

Іранцы у адносінах да бога ўжывалі слова Бага, што азначала Размеркавальнік багацця, адсюль, напэўна, выйшлі беларускія словы багаты, багатыр і старадаўняе земляробчае свята багач, якое спраўлялі пасля заканчэння жніва. У беларускай тапаніміцы набярэцца дзесятак назваў з гэтым жа коранем: Багаткі, Багацькі, Багацькава, Багатыр, Багачы, Багатырэвічы і інш.

Слова Рака на санскрыце азначае багіню багацця. Сапраўды, яшчэ не так даўно нашы рэкі былі багатыя на рыбу. Помню Дняпроўскую старыцу пад гарою ў канцы дзедавага агарода. Стоячы на яе беразе, можна было бычыць вялізных, паўмятровых шчупакоў. Яны ляніва падплывалі да самага берагу. На жаль, з мэтаю стварэння рыбгасу тую старыцу асушылі, рыбу вылавілі, а рыбгас так і застаўся няздзейсненым праектам.

За апошнія дзесяцігоддзі значна абмялеў і забрудзіўся Дняпро. (Дарэчы, у перакладзе з іранскай мовы Дняпро азначае глыбокая рака.) Не магу пісаць пра гэта без жалю і слёз на вачах, бо магутная і цудоўная рака майго маленства гіне ад недальнабачнай дзейнасці чалавека, які жыве адным днём.

Экалогіі прыроды і чалавечай душы я прысвяціла шмат вершаў, але згадваецца самы новы, які яшчэ нідзе не друкаваўся:

КАРМА

Наперад пра смерць нам вядома,
Ды сеем атруту штодня
Над светам, над садам, над домам,
Каб жаць яе шчодра пасля.

Нахіліцца кубак нябесны,
Пральюцца дажджы спакваля.
І статак свяшчэнны Вялеса
Накорміць атрутай зямля.

А край вымірае паволі —
Атрута ў траве і вадзе
З уласнае нашае волі
Ў нябыт нас і родных вядзе.

Наперад пра смерць нам вядома,
Ды сеем атруту штодня
Над светам, над садам, над домам,
Каб жаць яе шчодра пасля...

Сярэднестатыстычны беларус, не шануе не толькі навакольнае асяроддзе, але і сваю мову, культуру, гісторыю, нават сябе самога! Згадаем русіфікацыю, у выніку якой на шамат скарацілася сфера ўжывання беларускай мовы, што, ў сваю чаргу адмоўна адбілася на развіцці гісторыі, лінгвістыкі, філасофііі і іншых гуманітарных навук.. А хто ведае пра тыя нябачныя зрухі ў душах карэнных беларусаў, якім даводзілася пераломваць сябе, прырастаючы да расійскай мовы праз пагарду і нянавісць да сваёй? Нельга не ўспомніць страшныя паследкі меліярацыі, калі былі знішчаны сотні малых рэчак, а з імі парушана асяроддзе, дзе спрадвеку сялілася мноства балотных звяроў і птушак, збяднеў раслінны свет. На былах паплавах, дзе можна было сабраць букет з мноства разнастайных кветак, цяпер расце адна сеяная цімафееўка. Ніхто канчаткова не можа сказаць, на працягу колькіх соцен гадоў мы яшчэ будзем лічыць ахвяры чарнобыльскай аварыі. Да гэтых экалагічных катастроф дадаюцца сацыяльныя. Газета “Звязда” 28 лютага 2001 г. паведамляла, што на Беларусі ад хвароб, звязаных з курэннем, штодзень памірае 42 чалавекі. На працягу 2000 г. толькі ў Мінску скончылі жыццё самагубствам 310 гараджан, што складае 24 выпадкі на 100 тысяч чалавек, пры сярэднесусветным паказчыку колькасці суіцыдаў ад 12 да 14 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва.

Даўно наспела пара задумацца, хто мы на гэтай зямлі, адкуль прыйшлі, што пакінем пасля сябе.

СЛЯДЫ ВЯДЫЙСКАЙ МІФАЛОГІІ НА БЕЛАРУСІ

Як я ўжо сказала, гісторыкі адзначаюць роднасць індаеўрапейскіх моў і шэрагу іншых моўных груп, распаўсюджаных ад Цэнтральнай Афрыкі да Паўночна-Усходняй Азіі. Сувязі гэтых моў узніклі вельмі ў далёкі час, відаць, яшчэ ў верхні палеаліт, аддзелены ад індаеўрапейскай эпохі тысячагоддзямі. У катле гісторыі змешваліся дыялекты, скрэшчваліся мовы, паступова сярод плямёнаў узніклі групы — папярэднікі асноўных гістарычна вядомых моўных сем”яў.

Рэлігія нашых далёкіх продкаў мела шмат агульнага з брахманізмам, зораастрызмам і іншымі старадаўнімі рэлігіямі, але адрознівалася пэўнымі рысамі, валодала адметнасцю і арыгінальнасцю культу. Вывучаючы назвы беларускіх паселішчаў, я прышла да высновы, што на нашу тапаніміку паклала след ведыйская міфалогія. Магчыма, прадстаўнікі гэтай рэлігіі, брахманы ці будысты, сяліліся некалі на нашай зямлі, неслі святло сваіх Ведаў і ўяўленні пра Сусвет. Гэта былі місіянеры, якіх удосталь і ў наш час.

У сувязі з гэтым хачу звярнуць увагу чытачоў на беларускае слова рахманы, якое азначае пакладзісты, добры, згаворлівы. Здаецца мне, што паходзіць яно ад слова (б)рахманы. Місіянеры-будысты ці брахманы ў асяроддзі чужога племені былі спакойныя, вытрыманыя, мудрыя. У тлумачальным слоўніку гаворыцца, што слова рахманы азначае чалавека, памяркоўнага ў адносінах да іншых, лагоднага, згаворлівага, дабрадушнага.

На аснове звестак з Ведаў некаторыя індыйскія навукоўцы схіляюцца да гіпотэзы, што продкі індыйцаў у даледніковы час жылі ў арктычных раёнах, а затым з-за пахладання прыйшлі на поўдзень. Такія высновы выводзяцца з таго, што ў Ведах апісваецца паўночнае ззяне і іншыя прыкметы вечнай мерзлаты. Стваральнікі “палярнай тэорыі” забываюць, што ледавік сам насоўваўся на плямёны. Для таго, каб яго ўбачыць не трэба было ехаць ажно за Палярны круг. А з другога боку, гэтыя звесткі якраз і пацвярджаюць маю думку, што брахманы былі вандроўнікамі, у сваім аскетызме і жаданні дзяліцца мудрасцю Ведаў, яны выпраўляліся ў далёкія землі да іншапляменнікаў.

У розных рэгіёнах Беларусі сустракаюцца назвы з коранем буд-: Буды, Будча, Будно, Будзілава, Будзічы, Буднікі, Будзілкі і г. д. Этымолагі тлумачаць узнікненне гэтага кораню ад слова будка, якое азначала будан у лесе, у якім жылі рабочыя, што займаліся вырабам драўніннага вугалю, паташу, курэнем смалы і гонкай дзёгцю. Такое магло быць. Аднак хіба ж ад будкі паходзяць такія назвы паселішчаў, як Будзіслова, Будаболь, Будагошча, Будавея, Будслаў? Якім чынам утварыліся гэтыя тапонімы? Слова, якое будзіць. Веянне Буды, якое ратуе ягоных прыхільнікаў. Буда, які госціць....

Калі я чытаю геаграфічныя назвы Буда-Кашалёў, Жгуна Буда (Гомельская вобласць), дык уяўляюцца мне старыя брахманы ці будысты са старажытных паселішчаў Кашалёва і Жгунь, якія захоўваюць мудрыя Веды, падтрымліваюць агонь у свяцілішчы, берагуць людзей ад злыбяды і немачы. Хаця, дапускаю, што гэта толькі палёт маёй фантазіі, але назва яскрава паказвае на чалавека-буду з Кашалёва і Жгуні. Хачу асабліва падкрэсліць, што паселішчы Кашалёва і Жгунь існуць побач з Буда- Кашалёвам і Жгуна Будай.

Я пераканана, што і колер нашага гістарычнага бел-чырвона-белага сцяга таксама выходзіць з далёкай старажытнасці. І сёння ў будызме чырвоны колер азначае сонца, а белы — месяц. Згадаем сімволіку выяў сонца і месяца на гравюрах Ф. Скарыны. А вось што гаворыцца ў беларускай народнай каляднай песні:

За сяньмі, сяньмі там за новымі,
Шчодры вечар, добры вечар!
Стаіць святліца нова зрублена.
У той святліцы чатыры акенцы:
У першым акенцы — да яснае сонца,
У другім акенцы — да ясны месяц,
У трэцім акенцы — да дробныя зоркі,
У чацвёртым акенцы — да цёмная хмарка.
Яснае сонца — то жонка яго,
Ясны месяц — то сам гаспадар,
Што дробныя зоркі — то дзеткі яго,
Што цёмная хмарка — то жыта яго...

Гэтыя супадзенні патрабуюць яшчэ глыбокага даследвання. Я ж стаўлю сваёй мэтай звярнуць увагу даследчыкаў на тое, што адкрываецца мне праз інтуіцыю, праз адчуванне на генным узроўні тых ці іншых праяў беларускасці.

Назву раённага цэнтра Карма і вёскі з аднайменнаю назвай у Добрушскім раёне на Гомельшчыне нам прасцей звязваць са знаёмым словам, якое азначае заднюю частку чаўна. Дакладна такое ж слова карма (толькі з націскам на першым складзе) існуе ў ведычнай міфалогіі, і азначае яно матэрыяльную дзейнасць дзеля насалоды, а таксама паследствы ад такой дзейнасці. Хто адкажа, ці выпадковае гэтае супадзенне?

Між іншым, на тэрыторыі Гомельскай вобласці захавалася не толькі шмат назваў, звязаных з ведыйскай міфалогіяй, але знаходзіцца мноства археалагічных помнікаў — селішчаў і могільнікаў, якія застаюцца сведкамі дахрысціянскіх часоў. Характэрным для іх быў абрад пахавання спосабам трупаспальвання, які праіснаваў у славян каля дзвюх з паловай тысяч гадоў і быў выцеснены толькі хрысціянствам. Гэты абрад быў звязаны з бажаством неба Сварогам (Сварог перакладаецца з санскрыту як неба), цела нябожчыка згарала, а душа з дымам уздамалася ў вы-рай. Захаваліся курганныя пахаванні не толькі круглыя, але і доўгія, накшталт калідора, якія сімвалічна злучалі той і гэты свет.

Мяне даўно цікавіла, адкуль паходзіць назва невялічкай рэчкі Рыты ў Маларыцкім раёне, пакуль, нарэшце, не знайшла ў санкрыстскіх тэкстах, што слова Рыта азначае лад жыцця, шлях, кругазварот Сусвету. Бог Рыта існуе на Захадзе, яму падпарадкуюцца людзі і багі. Рэчка Рыта таксама цячэ на захадзе, на яе берагах захаваўся курганны могільнік, які пакуль застаецца недаследаваным, а, напэўна, ён мог бы нешта расказаць дапытліваму гісторыку пра людзей, якія жылі тут тысячу гадоў таму.

Міфалагічны персанаж “Рыгведы” Вішну — адзін з трох галоўных багоў індыйскага пантэону, бог-ахоўнік і стваральнік, які за тры крокі праходзіць Сусвет. Між тым, ў тапаніміцы Беларусі мне сустрэліся наступныя назвы: Вышамір, Вышкава, Вышэль, Вышчын, Вішне, Вішевічы, Вышні, Вішаў, Вішня, Вешня, Вушэнь, Вышадкі, Вышалаў, Віша, Вішар, Вішнараўшчына і шмат інш. Дрэва вішня было свяшшчэнным у Індыі. Думаецца, што нашы продкі-язычнікі таксама абагаўлялі яго, прынамсі, існуюць карагод і танец, якія называюцца аднолькава — “Вішанька”, а таксама гульня “Ірваць вішаньку”.

Карагод выконваецца парамі, асноўны элемент — адначасовае кручэнне дзяўчыны пад рукою хлопца і вакол яго. Хлопец у гэты час рухаецца за “вішанькаю”. Ці не сімвалізуе гэты карагод мноства планет і зорак у Сусвеце, кожная з якіх мае сваю прадвызначаную арбіту.

Танец “Вішанька” выконваецца таксама парамі, якія рухаюцца па крузе, разварочваюцца і вяртаюцца назад, пры гэтым дзяўчына пракручваеца пад рукою хлопца і пераходзіць да другога напарніка.

У гульні “Ірваць вішаньку” бралі ўдзел чатыра чалавекі. Дзяўчына станавілася на табурэтку паміж двух хлопцаў, якія, ўзяўшыся за рукі, ахоўвалі яе (“вішаньку”) ад трэцяга. Дзяўчына трымала ў вуснах саломінку і паварочвала галаву з боку ў бок. Той, трэці, імкнуўся злаўчыцца, падскочыць да дзяўчыны і губамі схапіць саломінку. Калі яму гэта ўдавалася, дык тады дзяўчына павінна была пацалаваць яго.

У беларускім слоўніку ёсць слова ўвішны, яно азначае жвавасць і спрытнасць у рухах і дзеяннях. Слова увіхацца разумееецца як уменне хутка і спрытна працаваць, у другім (размоўным) значэнні — круціцца вакол чаго-небудзь, неадступна хадзіць. Слова ўвішны, як бачым, аднакарэнна са словам Вішну, які круціць Сусвет, увіхаецца, неадступна сочыць за ўсімі.

Вядомае ў нас старадаўняе свята камаедзіца спраўлялі на пачатку вясны. Этнографы лічаць яго святам дахрысціянскім і звязваюць з абуджэннем мядзведзя пасля зімовай спячкі. На гэтае свята гатавалі і елі гарохавую кашу — камы, адсюль як быццам і паходзіць назва. За тысячагоддзі згубіўся першапачатковы змест гэтага абрада. А між тым, Кама ў ведычнай міфалогіі — бог кахання, якога малявалі прыгожым юнаком, узброннным лукам з цукровага трыснягу і пяццю кветкавымі стрэламі, якімі ён цаляў у сэрцы. Свята гэтае адзначалася вясною ў гонар кахання і насалоды.

Да гэтага свята меў пэўнае дачыненне і мядзведзь. Па старадаўніх індыйскіх “Законах Ману” пажадлівы мужчына, які украў жанчыну, пасля смерці нёс пакаранне і ў наступны раз нараджаўся мядзведзем. Так свята Камы звязалася з мядзведзем. Дарэчы, у беларускіх казках таксама можна сустрэць сюжэт, у якім апавядаецца пра тое, як мядзьведзь украў жанчыну, забраў да сябе ў бярлог, і яна нарадзіла асілка. У некалькіх беларускіх легендах апавядаецца пра тое, як бог за грахі ператворыў аднаго чалавека ў мядзвелдзя. Нашы продкі перапрацавалі на зразумелы сабе лад сэнс старадаўняга свята, стварылі пэўны рытуал, але карані ведыйскай міфалогіі засталіся, да іх толькі трэба дакапацца.

Не ведаю, ці звязаны з богам кахання Камай назвы вёсак Камайск, Камаі, Камайка, Камачына, Каманаў, але ў тым, што каханне нязводнае на Беларусі, перакананая. Пра гэта сведчаць назвы такіх беларускіх паселішчаў, як Каханаў, Каханаўка, Каханішкі, Каханавічы, Каханава, Каханаўшчына, Цалуйкі, Усялюб, Любоў, Любча, Любкі, Любажанка, Любішчане, Любоўшы, Любкаўшчына, Любач, Любаны, Любіж, Любінічы, Любна, Любейкі, Любань і іншыя.

У ведычнай міфалогіі Мокша азначае вызваленне ад матэрыяльнага рабства. Гэты стан датычыўся толькі духоўнага жыцця брахмаў, але, тым не менш, раней памянёнымі патрыярхальнымі “Законамі Ману” жанчыны таксама вызваляліся практычна ад усяго матэрыяльнага, акрамя такога-сякога кухоннага начыння і асабістыўх рэчаў.

У “Законах Ману” гаворыцца наступнае: “Жанчына ў дзіцячым, маладым і нават у сталым узросце ніякае справы не павінна выконваць самастойна. У маленстве ёй належыць быць пад уладаю бацькі, у маладосці — пад уладаю мужа, пасля смерці мужа — пад уладаю сыноў. Няхай жанчына ніколі не карыстаецца самастойнасцю. Ёй трэба быць заўсёды вясёлай, умелаю ў хатніх справах, мець добра вымытае (кухоннае) начынне і быць эканомнай у гаспадарцы.”

Як бачым, патрыярхальны закон вызваліў жанчыну ад маёмасці і самастойнасці. Такім чынам, Мокша стала жаночым бажаством.

У нашых продкаў яна называлася Мокаш. На Брэстчыне існуе вёска з назва Макашы, на Гомельшчыне — Мокіш, паходжанне якіх нашы навукоўцы выводзяць ад слова мокры. Як гаворыцца: што галава, то і розум!

Шмат у беларускай тапаніміцы назваў з коранем яма. У ведычнай міфалогі Яма — бог таго свету і смерці. Магчыма, ва ўзнікненні такіх назваў, як Ямна, Ямішча, Ямы, Ямнік і г. д. , адыгралі ролю нейкія ландшафтныя фактары, але занадта шмат гэтых назваў на Беларусі.

Назвы Крышычы, Крашын, Крышылавічы, Крашнева, Крашына, Крыштулі, Крашуты гавораць, пра тое што нашы продкі ведалі Крышну. Дарэчы, багі Вішань і Крышань згадваюцца ў “Вялесавай кнізе”, знойдзенай у Ноўгарадзе, і пра якую гаворка пойдзе трохі пазней.

Вёскі Рамейкі, Рамелькі, Рамулішкі у Віцебскай вобласці, Рамшына — у Магілёўскай, Рамель — у Брэсцкай быццам бы нагадваюць імя індыйскага бажаства Рамы.

Рытуал спажывання сомы або суры — напою бяссмерця займаў важнае месца ў рэлігіі арыяў. Яго пілі жрацы ў час рытуальных цырымоній і ахвяраванняў, яго ўлівалі ў ахвярны агонь.

“Мы выпілі сому, мы сталі бессмяротнымі, мы дасягнулі святла, мы знайшлі багоў”, — гаворыцца ў адным з гімнаў “Рыгведы”.

З канца ХVІІІ ст. да цяперашніх дзён вучоныя свету спрачаюцца наконт таго, з чаго здабывалі сому. Прапаноўваліся самыя розныя ідэнтыфікацыі: верас, рута, каноплі, грыбы, малачай і г. д.

Старажытныя гісторыкі паведамлялі пра культавую ролю канопляў у рэлігійных абрадах старажытных індыйцаў, іранцаў і скіфаў. Заўважу, што старажытнаіндыйская назва канопляў і экстракту з іх бханга гучыць гэтак жа і ў “Авесце”. Цікава, што ва ўгорскіх мовах слова пангх, панх, звязаны паходжаннем з бангха, азначае мухамор, настойку з мухамораў і хмель — ап”яненне. У мардоўскай і марыйскіх мовах панга пераладаецца як грыб. Ці не адсюль -- і паганка? Лічылася, што шаманы Заўралля спажываючы мухаморы, п”янелі, каб размаўляць з багамі, разумець мову духаў і такім чынам даведвацца ў іх нешта патаемнае пра будычыню.

Шматлікія ведыйскія гімны апісваюць сому як расліну без лісця, кветак, пладоў і кораня, але якае мае сцябло і шапку. Сома малюецца чырвонаю, падобнаю на сонца, а ноччу — на поўню. Сок, выціснуты з сомы, — залацісты. Шмат хто з вучоных схільны думаць, што сому рабілі з мухамораў.

Вычытаўшы гэтыя звесткі у кнізе Г. М. Бонгард-Левіна і Э. А. Грантоўскага “Ад Скіфіі да Індыі”, я міжвольна падумала: ці не ад сомы-мухамора бярэ сваю назву рака Мухавец, на якой стаіць старадаўняе Берасце? Цікава, ад чаго паходзяць назвы возера Мухна і Мухаедаўскага канала? Няўжо назвы Мухлядзішкі, Мухінічы, Мушына, Мушычы, Муханава ўтвораны ў гонар нязводных мух?

Між іншым, у індыйскай міфалогіі гаворыцца пра розніцу паміж сомай і сурой. Сома — напой боскі, а сура — грахоўны і хмельны. Бог Індра быў непераможным, але аднойчы ягоны лепшы сябар Намучы напаіў яго сомаю, змешанаю з п”янаю сурою, і гэтым пазбавіў героя сілы. Блізняты Ашвіны, багі сутоння і лекары, параілі Індры, як вярнуць страчаную сілу. Гэта яго і ўратавала.

Празмернае ўжыванне сомы таксама нічога добрага не прыносіла. Другі раз Індра, ап”янелы ад азёраў сомы, выпітых ім, у беспрычынным, вар”яцкім гневе абрушыў сваю зброю на калясніцу Ушас, багіні зары, якая адмярала дні смяротным людзям. Напалоханая Ушас пакінула сваю калясніцу і вымушана была ўцякаць ад раз”юшанага ваяра.

Карані словаў сома і сура таксама прачытваюцца ў назвах беларускіх паселішчаў: Соміна, Сурынка, Сурканты, Сурвілішкі, Сурды, Сураў.

На вялікі жаль, імкненне патрыярхальнага грамадства да боскага існавання пад уздзеяннем сомы і суры дажыло да нашых дзён у выглядзе захаплення наркотыкамі, гарэлкаю, цыгарэтамі. Цяпер, як і ў тыя далёкія часы, адчуць сябе боскаю істотаю у большасці імкнуцца мужчыны, але і жанчыны часам цягнуцца за імі. Грэх, вынесены чалавецтвам з далёкіх тысячагоддзяў, працягвае існаваць. Пэўна, наша цывілізацыя яшчэ вельмі маладая, калі свядомасць сучаснікаў не далёка адышла ад свядомасці нашых далёкі прапрашчураў.

Забытае і праклятае хрысціянамі паганства працягвае сваё незаўважнае жыццё у звыклых назвах, у прымхах і забабонах беларусаў, напэўна, гэта патрабуе асобнага даследвання. Я ж не навуковец, мая задача — не столькі зрабіць лінгвістычныя адкрыцці, колькі абудзіць дапытлівую думку чытача, каб разам знайсці адказы.

АД ІРАНА ДА ХОЙНІКАЎ

Выраз перамываць косці, азначае абгаворваць каго-небудзь. А, між іншым, карані гэтай метафары хаваюцца ў глыбокай даўніне. Разгадка яе была знойдзена мною зусім выпадкова. У кнізе Мэры Бойс “Зораастрыйцы” мяне зацікавілі звесткі пра тое, як старажытныя іранцы хавалі нябожчыкаў. Да мерцвякоў ставіліся як да нечага вельмі нячыстага, да іх набліжаліся толькі магільшчыкі, якія ведалі, як трэба засцярагацца ад шкоднага ўздзеяння смерці. Труп пакідалі у пустэльным месцы на каменні. Для вернікаў было важна, каб мёртвае цела, даступнае звярам і птушкам, не судакраналася з чыстай зямлёй, вадой і раслінамі. Пасля таго як косці ачышчаліся на ветры і пад промнямі сонца, іх збіралі, перамывалі і хавалі ў зямлі, дзе яны абавязаны былі чакаць Судны Дзень. Такое пахаванне, магчыма, мела сваёй першапачатковай мэтай хуткае знішчэнне плоці і вызваленне душы, каб яна магла падняцца на неба.

Здавалася б, якое дачыненне мае да нас і нашых продкаў гэты абрад, які існаваў у часы прарока Заратуштры? Вучоныя схіляюцца да думкі, што Заратуштра мог жыць ў той час, калі каменны век саступіў месца бронзаваму, г. з., пасля 1500 — 1200 гг. да н.э. Рэлігія, створаная гэтым прарокам, была дзяржаўнаю ў трох вялікіх Іранскіх імперый з \/І ст. да н. э. да \/ІІ ст. н. э. і ўладарыла на большай частцы Бліжняга і Сярэдняга Усходу.

Магутнасць Ірана забяспечвала зораастрызму вялізны прэстыж, яго дактрына пераймалася іншымі рэлігіямі. Так, з іудаізму, узбагачанага на працягу паўтысячагадовых кантактаў з зараастрызмам, і ўзнікла хрысціянства — новая рэлігія, якая зыходзіла сваімі каранямі у дзве гэтыя старадаўнія веры: адну — семіцкую, другую — іранскую. Тое, чаму вучыў Зораастр, праз паўтары тысячы гадоў пасля ягонай смерці набыло новых прыхільнікаў. Але вучэнне іранскага прарока пра стварэнне свету, пра рай, пекла і Судны Дзень было менш лагічна ўзаемазвязанае, калі яно стала часткаю рэлігіі, у якой неабмежаваная ўлада бога трымалася не на справядлівасці, а на любові. Але і ў новым выглядзе гэтыя ідэі знаходзілі разуменне і падтрымку ў вернікаў.

Варта адзначыць, што іранцы вельмі ашчадна ставіліся да сваіх традыцый, таму ў жывым зораастрызме захаваліся некаторыя элементы з індаеўрапейскай эпохі.

Ды вось што цікава: песню, якая апавядае пра абрад пахавання з перамываннем касцей, фалькларысты запісалі ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна (Гомельская вобласць) ад Марыі Рыгораўны Харошкі ў 1975 г.:

Ой ляцелі гусі з далёкага краю.
— Пастойце, гусі, чагось папытаю,
Ці не з таго краю, адкуль мілу маю?
— Ой мілая, міла, ека ўрадліва,
Што я паміраю, а ты будзеш жыва,
Да ты будзеш ведаць, дзе мая магіла.
Прыйдзеш на магілу, косці пазбіраеш,
На ціхім Дунаі паперамываеш,
Шаўковым платочкам папераціраеш,
Да назад у магілу косці паўкладаеш.
Ой мілая, міла, не стой нада мною,
Не стой нада мною, не трасі зямлёю,
Бо сама ж ты знаеш, што важка пад ёю.

Тэкст песні надрукаваны ў кнізе “Славянскі і балканскі фальклор” (стар. 250). Даследчыкі адзначаюць, што ў адрозненні ад славенцаў, абрад абмывання касцей нябожчыка на Палессі невядомы, а вось рэдкая песня з усечаным зместам, у якой можна разгледзець водгукі старажытнага абраду, захавалася, дажыла да нашага часу.

Пасля чарнобыльскай навалы, напэўна, нялёгка будзе захавацца ў Хойніцкім раёне не толькі старадаўнім песням, а і людзям. Каго выселілі, хто раней часу пакінуў гэты свет, хто страціў родных — у такіх варунках, напэўна, не да песень. Гэта ўжо дзяржаўная турбота — паклапаціцца, каб не знікла бясследна тое багацце, што захавалася ў памяці людзей праз тысячагоддзі.

Зораастрыйцы былі вогнепаклоннікамі. Храмавыя агні, якім яны пакланяліся, мелі розныя найменні: вялікі, царскі; маглі прызначацца жрацам, пэўнаму бажаству, пастухам і сялянам. “Агонь воінаў” быў звязаны з царскаю ўладаю, усе цары пасля каранацыі наведвалі яго. Гэты старадаўні звычай дзіўным чынам перакачаваў у СССР. І калі быў дармовы газ, “вечныя агні” на салдацкіх магілах загарэліся ледзь не ў кожным райцэнтры, не кажучы ўжо пра сталіцы і абласныя цэнтры. Колькасць іх цяпер значна скарацілася з-за высокай цаны на расійскі газ, аднак “вечныя агні” працягваюць гарэць, да іх прыходзяць з кветкамі маладыя ў дзень рэгістрацыі шлюбу, наведваюць розныя афіцыйныя госці і партыйныя лідэры. Як бачым, пацвярджаецца мудрая думка, што ўсё новае, гэта даўно забытае старое.

КРАІНА АРАТЫХ

Сучасныя дадзеныя індаеўрапеістыкі гавораць пра ранняе развіццё ў продкаў індаеўрапейцаў земляробства і жывёлагадоўлі і звязанных з імі гаспадарчымі і бытавымі традыцыямі, калёсным транспартам, знаёмтвам з металургіяй і шмат іншага, а таксама пра значны прагрэс сацыяльных адносін.

Гісторык Юрый Шылаў на працягу дваццаці гадоў ствараў манаграфію “Прарадзіма арыяў”, якая была выдадзена ў Кіеве ў 1995 г. У гэтай навуковай працы вучоны робіць выснову, што за пяць тысяч гадоў да н. э. існавала дзяржава Арата, якая аб”ядноўвала славянскія плямёны ў Падунаўі і Сярэднім Падняпроўі.

Пры гэтым Ю. Шылаў падкрэслівае, што краіна земляробаў Арата узнікла ў перыяд свяшчэннай, г. з. жрэчаскай, а не вайсковай дэмакратыі, яна засталася ўвасабленнем Залатога веку, справядлівага ладу ў грамадстве, калі не было дзяржаўнага апарату і войска, краінаю кіравалі мудрыя жрацы, якія вялі перамовы, папярэджвалі міжплемянныя канфлікты, клапаціліся пра духоўнае здароўе людзей.

Думаецца мне, што прарадзіму нельга разумець як спрадвечны рэгіён, дзе мог сяліцца пэўны народ з адзінаю моваю. Прарадзіма — гэта ўмоўная, з неакрэсленымі канкрэтна межамі прастора, на якой адбываўся цяжка вызначальны для нас этнагенічны працэс, у выніку чаго роднасныя плямёны або збліжаліся, або разыходзіліся, або асіміляваліся суседнімі плямёнамі. Таму пакінем гісторыкам мажлівасць дакопвацца да таго, што магло быць у мінулым, а звернемся зноў да беларускай мовы, дзе мы знаходзім слова араты, якое цудоўна захавалася і добра сябе пачувае да гэтага часу.

У сербска-харвацкай, славацкай, чэшскай, балгарскай, польскай мовах араты гучыць як орач. Корань той жа, іншы канчатак. Толькі ў беларускай мове слова араты цнатліва існуе ў першапачатковым выглядзе і з”яўляецца яшчэ адным доказам старажытнасці нашай мовы і культуры. Між іншым, назва арыі паходзіць ад слова араць, якое існуе ва ўсіх індаеўапейскіх мовах .

Пацверджанне таму, што нашы продкі жылі на Дунаі, я знайшла ў фальклоры. З маленства палюбілася мне песня, якую ўпершыню пачула ў Бярозаўскім раёне на Брэстчыне. У ёй спявалася пра дзяўчыну, якая кліча памерлую маці з магілы, каб тая прыйшла і паглядзела, як бядуе без яе дачка. Песня была жаласлівая, немагчыма было слухаць яе без слёз. Толькі мяне здзіўляла тое, што ў песні згадвалася рака Дунай:

Сем раз ваду прыносіла
З сіняга Дунаю,
Сем раз ваду прыносіла,
Восьмы напілася,
Каб я мела родну маму,
Дык не журылася б.

Чаму не Дняпро, не Нёман ці якая другая беларуская рака згадваецца ў песні? Колькі стагоддзяў праіснавала гэтая драматычная песня ў памяці людзей!

Песні пра Дунай можна знайсці ў украінскім фальклоры:

Десь мы ся взялы буйні вітры,
Звіяли з них золотый вінець,
Занесли його на тихій Дунай...

Песні, у якіх згадваецца Дунай, былі запісаны фалькларыстамі і ў Ноўгарадзе. У тыя далёкія часы, калі на зямлі было даволі малалюдна і прасторна, усё роўна свет быў цесны. Ці гэта Матухна-Прырода паклапацілася, каб чалавецтва гуртам падрастала, дзяліліся мудрасцю і дабрынёй? На жаль, з часам развучыліся людзі слухаць прыроду, аглушыла іх і асляпіла бязмерная сквапнасць. Што пасеем, тое і будзем жаць...

У народных песнях сустракаюцца сюжэты пра брата і сястру, якіх развёў лёс у маленстве, а пасля яны ужо дарослыя сустрэліся і пазналі адзін аднаго па прыкмеце, вядомай ім абодвум. Гэтак і я, слухаючы зрэдзь-калі сербскую мову, здзіўлена радавалася, што разумею знаёмыя словы, хоць нашы краіны раздзяляе вялікая адлегласць. Пазней даведалася, што ў славенскай, як і ў беларускай мове, захоўваецца у (кароткае).

Прымушалі задумацца і такія геаграфічныя назвы, як, напрыклад, рака Струга ў Славеніі і вёска Струга ў Столінскім раёне, агульная назва Косава. А як падобна сербскае Драгачава да беларускага і польскага Драгічына!

Навукоўцы Н.І і С.М. Талстыя, даследуючы рытуалы славянскага паганства, знайшлі шмат аднолькавага паміж сербскімі і палескімі рытуаламі.

Памяць асобнага чалавека кароткая, але памяць народа, можа, нават і падсвядома, выносіць з мінулага самае важнае і неабходнае для выжывання ў прасторы і часе.

Суседзямі славянаў у час іх пражывання ў Падунаўі былі магутныя імперыі, спачатку Рымская, а пасля яе паздзелу з”явілася яшчэ і Візантыйская, якія вялі захопніцкія войны. Адны плямёны замацаваліся на Балканах, самі рабілі напады на імперскія землі, іншыя рушылі на ўсход, сяліліся на Дняпры і Прыпяці, абжывалі новыя землі, карчавалі лясы, будавалі паселішчы, зжываліся з навакольным асяроддзем, давалі назвы не бачаным раней раслінам. Ім сталі роднымі пушчы і балоты, рэкі і азёры, дзе яны здабывалі сабе ежу для харчавання і знаходзілі ўцеху для сэрцу.

ЛОТАС І ЛОТАЦЬ

Жыццё на Дунаі ў суседства з рымлянамі і грэкамі рабіла ўплыў на культуру і мову нашых продкаў праз узаемаабмен і праніканне словаў, ведаў, вераванняў, хаця гэтая агульнасць магла здарыцца і значна раней. Як бы там ні было, а навукоўцы выводзяць шмат аналогій з грэчаскай і славянскай міфалогій.

Мне ж хочацца звярнуць увагу чытачоў на беларускае слова лотаць. Як бачым, яно вельмі падобнае на грэчаскае слова лотас і азначае залаціста-жоўтую кветку, якая зацвітае вясною на балотцах і паплавах.

Лотас — адна з самых старажытных раслін на свеце, ёй болей за 100 мільёнаў гадоў. Лотасамі людзі называюць розныя расліны. Сапраўдны лотас — гэта нелюбімы (назва нялюмбо прыйшла з Індыі). Але зноў жа звярніце ўвагу на слова нялюмбо, які знаёмы корань!

Роля лотаса ў сусветнай духоўнай культуры вельмі вялікая.

“Паўстаў з першасных водаў Вялікі Лотас, цудоўнае дзіця выйшла з сэрца лотасавай кветкі,” — гэтак апавядае егіпецкі міф пра нараджэнне Бога Сонца напачатку стварэння свету.

Згодна з егіпецкімі “Кнігамі замагільнага свету”, у блакітны лотас уступаў (або ператвараўся) памерлы, і такім чынам нараджаўся ў вечнасці.

Дождж лотасаў суправаджаў нараджэнне Буды. Вішну — ахоўнік свету у індусаў — ляжаў на дзевяці залатых лотасах.

У грэчаскай міфалогіі німфа Латыда (Лотыс), ратуючыся ад пажадлівага Прыапа, ператварылася ў лотас.

У “Адысеі” гаворыцца , што людзі, якія пакаштавалі лотас, забываюць мінулае. А латафагі — насельнікі краіны Лівіі, ужываюць лотас, таму яны заўсёды вясёлыя, бо ўсе смуткі адразу забываюць.

Напэўна, нашы продкі не елі лотас, бо добра запомнілі гэтую назву, прынеслі яе на новую зямлю з таго далёкага часу, калі жылі недзе побач з грэкамі, карысталіся агульнымі словамі, як небам, і назвалі лотаццю залацістыя балотныя кветкі.

Старажытныя індаеўрапейскія мовы Малой Азіі дзіўным чынам мелі зносіны з моваю нашых далёкі продкаў. У палайскай мове было слова карті, перакладаецца яно як сэрца. А згадаем беларускае карціць, якое азначае неадольнае жаданне што-небудзь зрабіць, турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. Калі ж гэтае слова магло трапіць у беларускую мову? Навукоўцы кажуць, што экспансія індаеўрапейскіх плямёнаў у Малую Азію, у тым ліку і палайцаў, адбылася не раней другога тысячагоддзя да нашай эры.

У фракійскай мове былі словы дэва, дава, якія азначаюць горад, пасёлак, згадаем балгарскі горад Плоў-дзіў і беларускую назву Дзівін. Параўнальна-гістарычная фонетыка фракійскай мовы ідэнтычная фанетыцы дагрэчаскай індаеўрапейскай мовы. Лічыцца, што яна ўзнікла ў выніку скрэшчвання нейкай этрускоіднай мовы з іранскаю.

У кнізе “Язычаства старажытных славян” Б. А.Рыбакова таксама звяртаееца ўвага на мноства святых горак з назвамі “Дзявочая”, “Дзевін”, якія былі распаўсюджаны ў славянскім свеце. Ушанаванне вышэйшага жаночага бажаства пачалося з самых старажытных часоў, гэты культ паступова набыў рысы культу зямлі, урадлівасці, і працягваў жыць, суіснуючы з іншымі рэлігіямі, а таму накладаў адбітак і на тапаніміку.

Вучоныя дакопваюцца да ісціны, спрачаюцца, абвяргаюць адзін аднаго, а вечныя словы жывуць, даюць магчымасць дапытліваму розуму спасцігаць тайну гістарычнага мінулага ўласнага народа і ўсяго чалавецтва.

ПАГАНСКІЯ ВЕРАВАННІ ПРОДКАЎ У ТАПАНІМІЦЫ

Міфатворчасць першабытных збіральнікаў і паляўнічых пачалася яшчэ тады, калі чалавек не вылучаў сябе з прыроднага асяроддзя. У выніку гэтага прырода “ачалавечвалася”. Першабытны чалавек пераносіў свае душэўныя і духоўныя ўласцівасці на прыроду, персаніфікаваў яе з”вы, таму і адчуваў роднасць з жывёламі, раслінамі, а таксама лічыў магчымым ператварэнне чалавека ў жывёлу ці расліну, і наадварот.

Бог грому і вайны Пярун называўся аднолькава ў Старажытных індыйцаў, і нашых продкаў. Літоўцы і кельты бога грому таксама называлі падобным імем. Агонь у вобразе Агні аднолькава абагаўляўся рознымі плямёнамі.

Свята Перуна адзначалі 20 ліпеня. У эпоху ваенай дэмакратыі, калі адбывалася выдзяленне з агульнай масы славян воінаў-прафесіяналаў, ён лічыўся апякуном ваяроў і вайсковай справы. Тады Пярун воляю вайсковых людзей атрымаў уладу над усімі паганскімі багамі, нават Сварог адышоў на другі план, каб апякавацца толькі рамеснікамі.

Перуну прысвячаўся адзін дзень тыдня — чацвер, менавіта ў гэты дзень трэба было пачынаць усялякую справу, каб яна была ўдалаю і плённаю.

Сведчанні пра вераванні нашых продкаў засталіся не толькі ў летапісах, але і ў геаграфічных назвах, якія да гэтага часу захаваліся на тэрыторыі Беларусі. Дзве вёскі носяць назву Перунова, ёсць яшчэ і Перуноў мост. Апошняя назва здаецца мне асабліва цікаваю, ба мост ва ўяўленні нашых продкаў, быў адрэзкам шляху на той свет, які вымушаны пераадольваць кожны нябожчык. Уяўленне пра рай у прашчураў было адметным, там адсутнічала чысцілішча і градацыя на праведнікаў і грэшных, не было і страшнага суда, нябожчык адразу накіроўваўся ў райскую краіну, адкуль прыходзіць сонца і (з вы-раю) прылятаюць птушкі.

Далёкія нашы продкі верылі ў добрых і злосных багоў, якія змагаліся паміж сабою, памагалі чалавеку або шкодзілі яму. Берагіні ахоўвалі людзей ад злых духаў, хвароб, няўдач, няшчасця і г. д. Гэткія ж вераванні адпавядалі ўяўленням чалавека яшчэ ў эпоху каменнага веку. Хто ведае, можа, назвы вёсак у Гродзенскай вобласці Беражаны, Берагоўцы, Беражна прысвечаны Берагіням, тым больш, што слова Берагіня можа паходзіць ад словаў берагчы і бераг.

Лясы, рэкі і азёры лічыліся свяшчэннымі, бо давалі ежу і ваду. Нашы продкі верылі ў ачышчальную сілу вады і агню. Нагаворвалі на ваду малітвы і лячылі хворых, на вадзе варажылі, шукалі гаючыя крыніцы, якім пакланяліся, дзе ратавалі душу і цела. Пра тое, што на нашай зямлі было шмат святых мясцін, сведчаць тапонімы з коранем свят-, назаву некалькі: Святазер”е, Свяцілавічы, Свяцк, Святоцк, Свяцілішкі і іншыя.

Згодна з перакананнямі нашых продкаў творцам Сусвету быў Род, ён удыхаў жыццё ў кожнага чалавека, валодаў не толькі гэтым, але і тым светам. Побач з Родам існавалі дзве Ражаніцы, багіні ўрадлівасці.

Кожны год 9 верасня адзначаўся дзень Рода і Ражаніц, гэта было свята ў гонар завяршэння земляробчага цыклу. З”яўленне гэтага культу сведчыла пра пераход праславян ад качавога ладу жыцця да аседлага, дзякуючы якому, жыццё чалавечых калектываў стала больш стабільным.

У беларускай тапаніміцы ёсць шмат сведчанняў, якія нагадваюць менавіта пра гэтых багоў: Ражэвічы, Ражане, Радзішкі, Ражанка і іншыя.

З часам Род згубіў шмат сваіх функцый, якія перайшлі да іншых багоў. У больш позніх славянскіх вераваннях небам стаў валодаць Сварог, вярхоўны уладальнік Сусвету (згадаем, дарэчы, аднакарэннае беларускае слова сварыцца). Аднак Род і Ражаніца шанаваліся ў земляробчымі асяроддзі. Праўда, у Рода з часам з”явіліся памочнікі — Ярыла і Купала.

Ярыла быў ўвасабленнем цяпла і святла, якое адмыкала зямлю, абуджала яе да красавання вясной. Славянам ён уяўляўся ў выглядзе дзецюка, які ездзіць на белым кані па палях і лугах, Там, дзе ён праедзе, будзе добры ўраджай. Назва вёсак Ярылаўка даволі часта сустракаецца на Беларусі.

Купала — вясёлы бог лета, апрануты ў лёгкае адзенне, які трымае ў руках кветкі і плады. Свята ў ягоны гонар адзначалі 24 чэрвеня, распальвалі вогнішчы, вадзі вакол іх карагоды, скакалі праз агонь, ачышчаючы сябе ад хваробы, бяды, нястачы. Пускалі з гары падпаленыя колы так, каб яны патухлі, калі дакоцяцца да вады, што сімвалізавала паворот сонца з лета на зіму.

Існуе мноства песень, якія ўслаўляюць гэтае летняе свята, прыгажосць зямлі і чалавека, стваральную працу, узнёсласць і прыгожосць чалавечай душы. Мне ж захацелася выкарыстаць для прыкладу вясёлую, жартоўную песню:

Малая ночка Купалночка,
Нашы малойцы не выспаліся,
За валамі ідуць хліпаючы,
Хвастамі вочы праціраючы.
— Быцю, быцю, пазыч хваста,
Пратры вочы пасля ночы.
Вялікая ночка Купалночка,
Нашы дзеванькі выспаліся,
За валамі ідуць спяваючы,
Шоўкам хустанькі вышываючы.

На Беларусі захавалася шмат назваў, прысвечаных Купалу: Купалле, Купёлы, Купалішча, Купелішча, Купелі, Купелка.

Гэтаму святу папярэднічаў русальны тыдзень. Русалкі садзейнічалі напаенню зямлі дажджамі, неабходнымі для добрага ўраджаю. Каб задобрыць русалак, сяляне праводзілі розныя святкаванні. Склаўся такі абрад: дзяўчаты выбіралі са свайго гурту “русалку” і пад вечар з песнямі ішлі за вёску, дзе разам з хлопцамі распальвалі вогнішча, у якое скідвалі з галоў вянкі і разбягаліся ад страху, што іх зпказычуць русалкі. У народнай памяці з даўніх часоў захавалася шмат песень, прысвечаных русалкам:

Правяду русалку, правяду,
Да й асінкаю заламлю,
Каб тая русалка
Па жыце не хадзіла,
Майго жыта не ламіла.

На карце Беларусі захаваліся такія назвы: Русалішкі, Русілкі.

З”яўленне Сварога сімвалізавала час, калі людзі пачалі займацца апрацоўкай металаў і перайшлі ад палігамнага шлюбу да монагамнага.

Сынамі Сварога былі Сварожыч і Дажбог. Сварожыч з”ўляўся богам агню, заступнікам кавалёў. І не выпадкова, што такое слова, як вар, варыць жалеза цесна звязана з каранямі словаў Сварог і Сварожыч.

Дажбог увасабляў сонца. Ён жыў далёка на Ўсходзе ў краіне вечнага лета. Кожную раніцу ён выпраўляўся ў шлях на залатой калясніцы, у якую былі запрэжаныя залатыя коні, і аб”язджаў неба.

У выглядзе белага каня, які скача па небе, ўяўляўся нашым прашчурам Хорс. Конь лічыўся жывёлаю свяшчэннаю. Драўлянымі канькамі ўпрыгожвалі дахі хат, каб яны адганялі злосных духаў.

У назвах Сварынь і Сваротва чуецца мне напамін пра Сварога, у Хорску — пра Хорса.

Богам ветру і ўсялякай непагадзі з”яўляўся Стрыбог. Яму пакланяліся земляробы, вандроўнікі, паляўнічыя. Назвы вёса у Брэсцкай вобласці Стрыгінь і Стрыганец, можа, не паходзяць ад слова Стрыбог, аднак ёсць у іхніх каранях нешта старадаўняе.

Апякункаю жанчын і іхніх спраў была Мокаш. Ёй прысвячаўся пяты дзень тыдня. Я ўжо згадвала назвы вёсак Макашы і Мокіш.

Бог Вялес ці Волас быў увасабленнем гаспадарскай мудрасці. У час палеаліту ён лічыўся звярыным богам, дапамагаў паляўнічым. У бронзавы век Велес апекаваўся свойскаю жывёлаю, дапамагаў пастухам і земляробам.

Асабліва часта на Беларусі ўжываюцца назвы, якія паходзяць ад імя бога Велеса ці Воласа: Волосава, Валасаўцы, Валасовічы раскіданы па ўсёй краіне. Асабліва мне хочацца адзначыць вёску Велясніца, у якой жалы слаўна наша паэтка Яўгенія Янішчыц. Не ведаю, ці задумвалася яна, ад чага паходзіла назва гэтага паселішча, але тое, што адчувала яна нейкую сусветную магію ў гэтым слове, пераконвае верш, прысвечаны ёю роднай вёсцы. Паэтка ўслухоўвалася ў гукі, у спрадвечны іх лад, быццам расчытвала адвечную тайну.

ВЕЛЯСНІЦА

З краю старажытнага
Хлынуў песні россып:
“Ой, чыё-то жыта,
Чые-та пакосы...”

Хмурыць чорны бровы
Вёска Велясніца:
“То ж з маёй любові
Пацякла крыніца”.

Па калючай пожні,
Па жадобнай стрэчы
Выдаўся здарожаны
І трывожны вечар.

Позні і бяссонны
Дворык пахне мятай.
І не гасне сонца
Над палескай хатай.
(З кнігі “Пара любові і жалю” стар. 145)

Шанавалі нашы продкі і Лялю, існавала свята ў гонар гэтай багіні “Ляльнік”. Дзяўчаты выбіралі са свайго гурту прыгожую сяброўку на ролю Лялі, ўбіралі яе, звівалі для яе вянок, садзілі на дзірвановую лаўку, прыносілі ёй ахвяраванні: хлеб, малако, сыр, смятану, яйкі. Вадзілі карагод, услаўляючы Лялю:

Дай нам жытца і пшаніцы,
Ляля, Ляля, наша Ляля.
У агародзе, сенажаці,
Ляля, Ляля, наша Ляля.
Роўны грады, роўны зроды,
Ляля, Ляля, наша Ляля.

Багіня Ляля (Леля, Лёля) увасабляла аднаўленне прыроды, плённасць чалавечай працы на зямлі. У гонар Лялі названы шматлікія беларускія паселішчы: Лялюшы, Лялейкі, Лялюгі, Лялейшчына, Лялюкі, Лялянцы, Лельчыцы, адметна тое, што гэтыя назвы часам нават паўтараюцца, а сустракаюцца пераважна ў Гродзенскай і Віцебскай абласцях.

Жаля і Гаруня — дзве сястры, дзве чорныя птушкі, вяшчункі бяды. Гаруня прыходзіла разам з горам, а Жаля спачувала і шкадавала гаротнікаў. Яны галасілі разам з плакальшчыцамі над памерлымі, яны прыносілі суцяшэнне ў жалобе і смутку. Засталіся на Беларускай зямлі назвы, прысвечаныя і ім: Гаруні, Гаруны, Гаруцішкі, Жаліна, Жалы — вёскі ў Мінскай вобласці, Жаліўе, Жаляёўка — у Магілёўскай, Гаравішкі — у Гродзенскай, Жывалі, Жывалока — у Віцебскай.

Багіня Лада шчасціла ў шлюбе, спрыяла сям”і, стварала лад ва ўсім. Словы з коранем лад- існуюць у беларускай мове: ладам — парадкам, як трэба; ладавацца — рыхтуючыся да чаго-небудзь, прыводзіць усё ў належны парадак, напрыклад, ладавацца ў дарогу; ладаваць — збіраць, рыхтааваць, прыводзіць у парадак.

Тапанімічныя назвы, прысвечаныя Ладзе, найбольш сустракаюцца на Віцебшчыне, напэўна, там гэтая багіня найчасцей ушаноўвалася, там будаваліся свяцілішчы ў яе гонар у дахрысціянскі час. У гэтым рэгіёне наогул шмат назваў, якія паходзяць ад імёнаў багінь: Цётча (багіяня Цёця); Ладасна, Ладзейна, Ладзікава, Ладынец, Ладэлева, (Лада); Марачы, Маранішкі, Марачова (Мара — багіня адцвітання жыцця) і г. д. Двойчы сустракаецца на Беларусі назва Ладыга, цікавы тапонім Ладыжана, у якім абодва карані маюць адно і тое ж значэнне (лада і жана азначаюць жонка). Назва Ладзеценяты на Гродзеншчыне як бы гаворыць пра дзяцей Лады, там жа, ёсць вёска Ладзенікі.

Існуе паданне, што Летавіцы злятаюць на зямлю зоркамі і прымаюць чалавечы вобраз — мужчынскі або жаночы, але заўсёды новы, цудоўны, з залатымі валасамі. І гэтыя боскія істоты пакінулі след у беларускай тапаніміцы: Ляцевічы, Лецькова, Лецянец, Лецяшын.

Увасабленнем вечнага паўтору гадавога цыклу была Каляда, шматкроць паўтараецца на Беларусі тапонімы Калядзічы, сустракаюцца Каляды, Каляда. З гэтым зімовым святам звязана шмат калядных песень, якімі віншавалі гаспадароў, услаўлялі руплівасць і працавітасць, а часам і кпілі па-добраму, без злосці.

Памяць пра быліннага асілка Святагора зафіксавана ў назве вёскі Святагорова Віцебскай вобласці.

Акрамя вышэй названых, было яшчэ вялікае мноства багоў, якім пакланяліся нашы продкі, у гонар іх у даўніну былі названы вёскі Чурылова, Чурылы, Ярынава, Шчуры, Сімгаровічы, Дзядкі, Дзедкавічы і інш.

Заходнімі славянамі асабліва быў любімы бог Радагошч, у гонар яго будаваліся драўляныя храмы з разьбою і скульптурамі. На Беларусі сустракаюцца назвы Радагошч, Радеж, Радзігерава, Радошчы.

Свяцілішчы, у якіх маліліся і праносілі ахвяры нашы продкі, прысвячаліся таму ці іншаму бажаству. У гонар яго называліся мясціны і паселішчы, што знаходзіліся паблізу. Зніклі свяцілішчы і старадаўняя рэлігія, а назвы жывуць, нагадваюць пра сябе, абуджаюць фантазію, вяртаюць у даўні час, дапамагаюць зразумець шлях, пройдзены народам.

ПОШУКІ РАЙСКАЙ ЗЯМЛІ

Зямля — катэгорыя статычная, яна гатовая служыць усялякаму гаспадару, абы толькі ён дбайна ставіўся да яе, абрабляў і шанаваў, засяваў і збіраў ураджай.

Тэрыторыя, на якой цяпер месціца Беларусь, перажывала прыродныя катаклізмы. Тысячы гадоў таму на зямлі здараліся вялікія аледзяненні. Ледавік часам раставаў і адсоўваўся на поўнач, мяняючы рэльеф, ствараючы новыя азёры і рэкі, перамяшчаў пласты глебы і камяні, пасля вяртаўся зноў. Гэтыя прыродныя з”явы прымушалі першабытных людзей шукаць па планеце мясціны з больш прыдатнымі для жыцця ўмовамі.

Як толькі ледавік адступаў на поўнач, вызваленая ад мерзлаты зямля абжывалася людзьмі. Напрыклад, сто тысяч гадоў таму на Беларусі з”явіліся паляўнічыя, пра што сведчаць археалагічныя знаходкі, але гэта зусім не азначае, што тое першабытнае племя было продкамі цяперашніх беларусаў.

На нашай зямлі захавалася шмат курганных і безкурганных могільнікаў, стаянак першабытнага чалавека, гарадзішчаў і селішчаў бронзавага і жалезнага веку. На вялікі жаль, большасць археалагічных помнікаў не даследавана і не вывучана. Можа, так і лепш? Магчыма, ў трэццім тысячагоддзі з”явіцца больш дасканалая тэхніка, якая дазволіць вывучаць могільнікі, не парушаючы іх раскопамі і шурфамі.

Ледавіковая эпоха скончылася каля 10 тысяч гадоў таму. Плямёны нашых продкаў вандравалі па Еўропе, а, магчыма, і па Азіі, апыналіся ў блізкім суседстве з роднаснымі і зусім чужымі плямёнамі, вучыліся суіснаваць і выжываць. І пра гэта сведчыць нам беларуская мова і рэшкі ведаў пра міфалогію і рэлігію, якія былі вынішчаны ў час хрысціянізацыі, але ёсць песні і казкі, міфы і паданні. Яны нясуць на сабе адлюстраванне паэтычнага бачання свету нашымі прашчурамі іх філасофію і мудрасць, толькі гэта нам яшчэ належыць спасцігнуць і зразумець, бо казка — не летапіс, дзе занатаваны пэўныя даты і падзеі.

Паколькі першабытнаму грамадству быў уласцівы матрыярхат, які характэрызаваўся раўнапраўем мужчын і жанчын, а пазней наогул жанчыны занялі кіруючую ролю ў гаспадарчым і грамадскім жыцці, дык можна зрабіць выснову, што творцамі першых рэлігійных міфаў былі жанчыны. Дух і душа кіравалі тым грамадствам. У гэтым была сіла жанчын, здатных пашкадаваць калеку, паспачуваць галоднаму, абагрэць замерзлага. Вялікая Маці Свету — мудрая і добрая багіня, апекавалася людзьмі.

Баба-Яга, на маю думку, папярэднічала Вялесу, яна ахоўвала раслінны і жывёльны свет, бласлаўляла на першае паляванне юнакоў і дапамагала паляўнічым. Пазней, у час патрыярхату, Баба-Яга набыла адмоўныя рысы, аднак заставалася магутнаю чараўніцаю, магла рабіць не толькі зло, але і дабро.

Безумоўна, канкрэтнае разуменне ступені значнасці матрыярхальных і патрыярхальных багоў зблытана аўтарамі старажытных крыніц, бо яны стаялі на пазіцыі патрыярхату, які існаваў у іхні час. Галоўным скажэннем ў іхніх тэкстах было забыццё матрыярхальнай стадыі мыслення. На чале боскай сістэмы яны маглі бачыць толькі бога-мужчыну. Так, у аснове генеалогіі багоў, створанай індыйскімі брахманамі, стаіць чатырохтвары Брахма, а Маці багоў — Адзіці, аказалася толькі ягонай унучкай. Заратуштра назваў галоўным богам Ахура- Мазду, грэчаскі Алімп узначаліў Зеўс, у славян — Род, аднак заўсёды праз штучную патрыярхальную сістэму праглядваюць рысы жаночай багіні, Вялікай Маці Свету. У першабытным патрыярхальным асяроддзі, калі ўлада перайшла да мужчын, жаночае бажаство страцілае сваё першаснае становішча ў генеалогіі і сістэме рэлігійных уяўленняў.

Вялікім дасягненнем для першабытнага чалавека было вынаходніцтва кола. Вось як пра гэта апавядаецца ў беларускай казцы “Палешукі і палевікі”. Два браты, якія не захацелі жыць са сваёй сям”ёй, вырашылі аддзяліцца, “зрабілі з бвух дубоў з карэннямі вялізныя сані, запрэглі дванаццаць пар валоў, наклалі ўсялякага дабра, яшчэ пасадзілі жонак з дзецьмі ды і паехалі па пяску.

Працяглі трохі валы дый сталі, не могуць цягнуць сані па пяску. От большы брат давай падкладваць упоперак пад палазы круглыя калодкі. Коцяцца калодкі, і сані паўзуць уперад.

Надакучыла меншаму брату падкладваць калодкі пад палазы, вось ён і кажа:

— Давай, братка, зробім такую прыладу, каб калодкі заўсёды круціліся пад палазамі, — ды зрабілі яны колы.”

Са з”ўленнем бронзы і жалеза культам грамадства стала мужчынская сіла, патроеная новаю і моцнаю зброяю. У грамадстве запанаў патрыярхат. Мужчыны ўзброіліся і імкнуліся праверыць моц сваёй зброі на іншапляменніках. Яны пачалі збівацца ў зграі, бо, як вядома, адзін у полі не воін. Зграі гэтыя назвалі прыгожа дружынамі, на чале іх стаялі важакі — князі.

Зноў жа хачу звярнуць увагу чытачоў на слова друг, з якога ўтварылася слова дружына. Драўга — у перакладзе са старажытнаперсідская мовы азначае падман, а слова друг (санскр.-- друх) — вораг ісціны, мана. Друг у перакладзе з санскрыту — другі, іншы, варожы. Другія са зброяй аб”ядноўваліся ў дружыны, у выніку слова друг набыло процілеглае значэнне. У беларускай мове ўжываюцца словы сябар і другі, апошняе — у старадаўнім санскрытскім значэнні. Слова сябар хутчэй за ўсё паходзіць ад сабору, зборышча людзей. На Залатым Беразе ў Балгарыі ёсць востраў, які называецца Нэсэбр (несяброўскі, варожы востраў), назва нагадвае пра даўні гістарычны час, калі насельнікі вострава варагавалі з тымі, хто жыў на беразе.

Існуе яшчэ слова таварыш, у якога корань тавар. Зразумела, што гэтае слова аб”ядноўвала людзей, якія дзялілі здабыты тавар, — рабаўнікоў, злодзеяў, а ў апошнія два стагоддзі — і рэвалюцыянераў, якія займаліся нацыяналізацыя і перадзелам маёмасці, якая належала багатым...

З цягам часу на арэну выйшлі і новыя багі, які падкрэслівалі веліч мужчынскага пачатку, ягоную першароднасць. Жанчыны ў гэты час былі пазбаўлены улады, маёмасці і самастойнасці, цяпер яны маглі стаць паланянкамі і бяспраўнымі рабынямі, якіх можна прадаць і купіць. Але той, хто стварае рабства для іншых, можа стаць рабом і сам. Палонныя мужчыны таксама ператвараліся ў рабоў, для аховы якіх патрабаваліся новыя ўзброеныя ахоўнікі. Наогул, уся маёмасць патрабавала аховы, уліку. Яе трэба было памнажаць, а для гэтага збіраліся падаткі, утвараліся адміністратыйныя цэнтры, ствараліся сімвалы-знакі, якімі пазначалася маёмасць. Так узніклі гарады і старадаўняе пісьменства. Прагрэс рухаўся жорсткасцю і сквапнасцю ўладароў.

Адно толькі не маглі забраць ў жанчын — іх здольнасць да творчасці. Занятыя прадзеннем, ткацтвам, рознымі хатнімі справамі жанчыны складалі песні, каб разняволіць і ачысціць душу, расказвалі мудрыя казкі дзецям, рыхтуючы іх да будучага дарослага жыцця.

Якая геніяльна простая і паэтычная беларуская песня пра рэчаньку, няпоўную, таму што надта доўга Маня ваду чэрпала, а Янка коніка паіў! Цнатлівых маладых людзей аб”ядноўлі рака і неба і надзялялі шчымлівым высокім шчасцем сардэчнай еднасці, узаемнай любасці, прыхаванай у падтэксце. Гэта і ёсць тое вялікае мастацтва, якое гарманічна ўплывае на падсвядомасць, узвышае душу.

Колькі мілай іроніі, тонкага жаночага досціпу ў наступнай песні:

Цераз пень ліпачка
Павалілася,
На мяне мамачка
Пасварылася.
— Не йдзі, дачушка,
За пісарчыка.
А йдзі, дачушка,
Усё за аратага.
Пісарчык піша,
Цяжанька дыша,
Араты арэ,
Ды песенькі пяе.
(“Веснавыя песні”, 1979 г. стар. 478).

Заўважу: большасць беларускіх народных песень напісаны ад імя жанчын, у той час, як ва ўкраінскім фальклоры шмат песень, складзеных мужчынамі. Вольныя ад працы, абавязкаў перад дзяржаваю і сям”ёю казакі мелі час і магчымасці паўзірацца з разняволенаю душою ў неба і праспяваць:

Дывлюсь я на небо,
Тай думку гадаю,
Чому ж я не сокіл,
Чому не літаю?

Стваралі фальклор яшчэ і старыя людзі, у якіх не хапала сілы на цяжкую працу. Яны заставаліся даглядаць дзяцей, бавілі час з малымі, згадваючы казкі, якія чулі самі ў маленстве ад сваіх родных, ды нешта дадаючы ад сябе. З вуснаў у вусны, з сэрцаў у сэрцы перадаваліся веды, набытыя шматлікімі пакаленнямі.

Самымі мудрыміі людзьмі былі святары-жрацы, яны ведалі тое, што было ў мінулым, і ўмелі прадбачыць будучыню. З імі раіліся князі, перш чым рушыць у паход. Найчасцей святары дыпламатычна, без войнаў, вырашалі спрэчкі паміж плямёнамі. Яны былі магутныя духам і ведамі, жылі ў згодзе з Сусветам, маглі загодзь прадказаць зацменне Сонца і Месяца, варажылі, ці ўраджайны будзе год, і ведалі, якое пакаранне панясе супляменнік за той ці іншы грэх.

Пра мінулае славян У. А. Сафронаў у манаграфіі “Індаеўрапейскія прарадзімы” піша: “На Балканах мы бачым нараджэнне старажытнейшай сусветнай цывілізацыі, гэта вельмі высокая культура таго часу (\/ — І\/ тыс. г. да н. э.), якая дала свету пісьменства, горад, рамяство, высокавытворчы эканамічны уклад, металургію, рэлігію, што дазволіла захоўвацца гэтай праіндаеўрапейскай цывілізацыі амаль 2000 гадоў.”

Познееўрапейская культура распаўсюдзіла свае дасягненні ад Скандынавіі да Дуная, ад Рэйна да Прыкарпацця.

Хоць сакральныя веды найчасцей таксама перадаваліся з вуснаў у вусны, але, напэўна, і жрацы, далучаныя да таямніц роду і племені, ведалі таемнае пісьменства, з дапамогаю якога разлічвалі календары, запісвалі мудрыя законы.

Прынамсі, Сафронаў падкрэслівае той факт, што “праіндаеўрапейскі перыяд знайшоў адлюстраванне ў дзіўным зыходжанні такіх вялікіх літаратур старажытнасці, як Авеста, Веды, Махабхарата, Рамаяна, Іліяда, Адысея, у эпасах скандынаваў і германцаў, асецінаў, легендах, казках і песнях славянскіх народаў. З”яўленне гэтых бессмяротных твораў обумоўлена стварэннем праіндаеўрапейцамі метрыкі верша і мастацтва паэтычнай мовы, якая з”яўляецца старажытнейшай на свеце і датуецца не пазней І\/ тысячагоддзя да н. э.”

Напэўна, нашы далёкія продкі занатоўвалі свае веда на бяросце і дошчачках, але ж вельмі добра яны гарэлі ў часы вераломства. Мне здаецца адметным той факт, што “Рыгведа” таксама была напісана на бяросце.

Нашы продкі, нарэшце, знайшлі сабе райскую зямлю, дзе было шмат лясоў, багатых на дзікіх звяроў і птушак. З драўніны будавалася жытло, майстраваліся розныя прылады працы і хатняе начынне. Выявы магутных Багоў таксама рабіліся драўляныя. З балотнай руды выплаўлялася жалеза на гаспадарчыя і вайсковыя патрэбы. У вялікіх і малых рэках было поўных рыбы. Мёд дзікіх пчол быў ласункам, з яго рабілі свяшчэннае пітво і пачастунак на свята — медвуху для абшчыны…

З цягам часу князёў перастала задавальняць тое, што яны вымушаныя падпарадкавацца жрацам. Іншы раз князь браў на сябе функцыі жраца-святара. Але гэтыя абавязкі дрэнна сумяшчаліся, нельга было служыць адначасова багам жыцця і смерці. Таму князі і пачалі шукаць такую рэлігію, якая б развязала ім рукі, якая б служыла княжацкай волі разам з падданымі. Такая рэлігія знайшлася. Гэта было хрысціянства. Новая рэлігія абагаўляла не сілы прыроды, а новы грамадскі лад з ягонай прыватнай уласнасцю, з неабмежаванаю ўладаю князя, памазаніка божага, з дзяленнем на багатых і бедных. Храсціянства несла свае ідэі, мела пэўная мэты і спосабы іх дасягнення, што выяўляла як станоўчыя, так і адмоўныя бакі. Ды і вернікі далучаліся да новай веры далёка не заўсёды з уласнай добрай волі, а часцей пад прымусам, але тэма нашай гаворкі закранае толькі аспекты развіцця беларускай мовы.

“ВЯЛЕСАВА КНІГА”

У балгарскіх сярэдневяковых помніках літаратуры ёсць цікавы дакумент. Ён тлумачыць, якім чынам лепш вучыць дзяцей пісаць на дошчачках словы, каб вучні лягчэй запамінала літары і хутка пачыналі ўтвараць склады, а ў канцы робіцца выснова: “А калі вучыць так, як я сказаў, дык з пятай дошчачкі і настаўнік і вучань набудуць вялікую свабоду.”

На букавых дошчачках была напісана і “Кніга Вялеса” — свяшчэнныя тэксты наўгародскіх валхвоў \/ІІІ — ІХ, так, прынасі, сцвярджае яе перакладчык А.І. Асаў. Кніга апавядае пра гісторыю розных плямёнаў Еўропы і Азіі, пра вераванні, абрады і традыцыі славян.

У Расіі “Кніга Вялеса” доўгі час лічылася падробкаю. Аўтар перакладу збіраў копіі арагінала і звесткі пра яго па ўсім свеце. Чалавек гэты аказаўся апантаны, шмат душы і часу уклаў у працу, адшукаў неабходныя гістарычныя звесткі і тлумачэнні да тэксту. Самыя старадаўнія словы, якія арганічна існавалі ў тэксце А.І. Асаў пакінуў нязменнымі. Паколькі наўгародцы былі з племені крывічоў, дык я з вялікаю насалодаю сустракала ў тэксце родныя словы: асілак, поўдзень, крыніца, верасень, кола, сівы, зьніч, вырай...

Міжвольна падумалася: каб мець арыгінал, можа, нам, беларусам, яго і перакладаць не давялося б. Кніга ж напісана на нашай старадаўняй мове, у якой захавалася мноства каранёў з самае далёкае даўніны.

Чаму не прынялі расійскія навукоўцы “Кнігу Вялеса”? Па-першае, таму што напісана яна была на мове крывіцкага племені, чужой вялікарускай мове. Па-другое, Расія — краіна адной рэлігіі, адной ідэі і ідэалогія, не магла ўспраняць дахрысціянскі рунічны помнік пісьменства, для гэтага ёй трэба было б цалкам змяніць погляд на значэнне хрысціянства ў гісторыі ўсходніх славян. Калі ў крывічоў было рунічнае пісьменства, дык, выходзіць, што зусім не Кірыла і Мефодзій вучылі нашых продкаў пісаць і чытаць.

Тое, што славяне спрабавалі ствараць уласна пісьменства, пацверджана археалагічнымі знаходкамі, пра што паведамляе у сваіх працах, прысвечаных гісторыі індаеўрапейцаў, вучоны У. А. Сафронаў. Не выключана, што ў розныя перыяды гісторыі гэтае пісьменства было розным: уласнастворанае ці механічна запазычанае у суседзеў з перапрацоўкаю чужых алфавітаў.

Чарнарызец Храбр у Х стагоддзі паведамляў пра пісьменства славян наступнае: “...Спачатку славяне не мелі літар, але чыталі і варажылі з дапамогаю рысак і зарубак, калі былі язычнікамі. Калі ж пахрысціліся, дык спрабавалі запісваць славянскую мову рымскімі і грэчаскімі пісьмёнамі без правіл.”

У жыційнай літаратуры, прысвечанай Кірылу і Мефодзію, апавядаецца пра тое, як радасна сустракалі славянскія князі святых асветнікаў, каб далучыцца да новай веры і асветы. А між тым, як паведамляецца ў “Аповесці пра Мефодзія”, вось з якой пагрозаю звяртаўся Мефодзій да аднаго з незалежных князёў: “Поносил один весьма сильный языческий князь, сидящий на Висле, христиан и чинил им пакости. Мефодий же через посланников передал ему, говоря: “Лучше тебе, сын мой, креститься добровольно на земле своей, нежели поневоле в плену, на чужбине. Помяни слово моё.” (Цытата з кнігі “Родник златоструйный”, 1990 г.).

Хрышчэнне балгар адбылося пасля жорсткага неўраджаю, які выклікаў голад на Балканах, а таксама пасля пераможнага паходу візантыйскага войска на Балгарыю.

Хрысціянства прыходзіла да славян сілком. А калі на прыняцце новай веры былі згодныя князі, дык просты люд зусім не імкнуўся адмаўляцца ад перакананняў, перанятых ад бацькоў і дзядоў.

Некаторыя сучасныя гісторыкі выказваюць думку пра тое, што ў розных славянскіх народаў магло існаваць протакірылічнае і протаглаголічнае пісьмо.

У жыціі Канстанціна (Кірылы) апавядаецца пра ягоную вандроўку ў Хазарыю і паведамляецца наступнае: “Знайшоў жа тут (у Херсонасе) Евангелле і Псалтыр, напісаныя рускімі пісьмёнамі, і чалавека знайшоў, які гаварыў на той мове, і гутарыў з ім, і зразумеў сэнс гэтай мовы, і, параўнаўшы яе са сваёй мовай, адрозніў літары галосныя і зычныя, і, молячыся богу, хутка пачаў чытаць і выкладаць іх.”

Як бачым, адно з відаў славянскага пісьменства Кірыла знайшоў у Херсоне, перапрацаваў яго, так і было створана новае пісьменства, якое стала выкарыстоўвацца славянамі пасля прыняцця хрысцінства, выціскаючы папярэднія пісьмовыя сістэмы. А служкі царквы пастараліся праславіць імя брата, які нёс у свет праваслаўе, пад уплыў якого траплялі ўсё новыя і новыя народы.

Адначасова ў славян ўжывалася і лацінсая азбука, асабліва ў тых краінах, якія прымалі каталіцкае веравызнанне. На Беларусі лацінскі алфавіт вядомы са старажытных часоў у пісьмовых помніках на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах. У Х\/І — Х\/ІІ стст. на Беларусі значная частка кніг выдавалася на лацінскай мове, пры гэтым развіваліся розныя жанры: паэзія, проза, драматургія, вучэбная і філасофская літаратура, паэтыка, рыторыка. Буйнейшымі прадстаўнікамі новалацінскай літаратуры былі М. Гусоўскі, Я. Вісліцкі, М. Літвін, С. Будны, А. Волан, К. Нарбут, М. Карыцкі і іншыя. У Х\/ІІІ ст. паралельна з кірыліцай лацінскі алфавіт выкарыстоўваўся ў некаторых творах на беларускай мове. У ХІХ ст. лацінку прыстасоўвалі да беларускага пісьма такія пісьменнікі, як Я. Чачот, П. Багрым, В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч, А. Гурыновіч і іншыя.

Лацінкай друкавалася беларуская нелегальная газета “Мужыцкая праўда” Кастуся Каліноўскага, кніжкі Цёткі “Першае чытанне для дзетак беларусаў”, “Скрыпка беларуская”, “Хрэст на свабоду”, зборнік вершаў Янкі Купалы “Гусляр”.

Наогул, згодна са звесткамі “Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва” (т. 3, 1986 г.), лацінскі алфавіт запазычыла боьшасць еўрапейскіх народаў, у наш час налічваецца больш за 70 алфавітаў на лацінскай аснове, якімі карыстаюцца 35% насельніцтва свету.

Таму думаецца мне, што з”яўляецца перабольшваннем сцвярджэнне, быццам да Кірылы і Мефодзія нашы продкі не мелі пісьменства. Але, найхутчэй даступнае яно было пераважна жрацам, якія вялі свае каляндарныя і астранамічныя разлікі, пісалі летапісы і законы. У такім выпадку ўзнікае пытанне, чаму ж мы не маем пісьмовых сведчанняў таго часу?

Вучоны А.С. Кайсараў пісаў пра расіян у 1804 годзе ў працы “Славянская расійская міфалогія”, што ў Расіі таму не засталося слядоў язычніцтва, дахрысціянскіх вераванняў, што продкі нашы вельмі аддана прыняліся за новую веру, яны разбілі і знішчылі ўсё і не хацелі, каб нашчадкам іх засталіся прыкметы аблудаў, якім яны дагэтуль слугавалі.

Гэтакім імпэтам адрозніваліся новыя хрысціяне ва ўсіх краінах, у тым ліку і на Беларусі, аднак у Грэцыі і Італіі час збярог хоць трохі мармуровых скульптурных выяў, а нашы продкі агнём і мячом вынішчыліі сваё мінулае. Зніклі ў тым агні і таемныя веды, якія неслі звесткі пра нашых продкаў.

Пацвярджэнне гэтым маім думкам я знайшла ў кнізе Г. М. Філіста “ Увядзенне хрысціянства на Русі”. У вялікім раздзеле кнігі аўтар разважае пра ўяўную ролю салунскіх братоў у стварэнні славянскага пісьменства, пра дзейнасць царкоўнікаў, скіраваную на знішчэнне дахрысціянскіх помнікаў пісьменства, і робіць выснову: “Усе народы, якія прынялі хрысціянства, засталіся без дахрысціянскай культуры: найвялікшыя дасягненні чалавечай думкі, у тым ліку і літаратура, гісторыя, фальклор, храмы і бібліятэкі былі знішчаныя.”

Далей гісторык выказвае перакананне, што ў нашы дні ўжо няма сумнення ў тым, што усходнія славяне “мелі пісьменства задоўга да ўвядзення хрысціянства. Яго ўзнікненне было абумоўлена ўнутранымі патрэбамі раннефеадальнай дзяржавы. Яно не прынесена звонку місіянерамі, а з”яўлялася вынікам творчасці народа, які адчуваў патрэбу ў пісьменстве як у сродку вырашэня эканаміных, палітычных і ідэалагічных праблем.”

Айчынным гісторыкам яшчэ шмат трэба зрабіць для таго, каб напісалася праўдзівая гісторыя Беларусі, бо калі мы гэтага не зробім, за нас зробяць іншыя, чужыя гісторыкі, але, як вядома, чужымі рукамі добра толькі жар заграбаць.

ПРА ШКОДНАСЦЬ НАВУКОВЫХ СІСТЭМ

Для таго, каб даследаваць тую ці іншую навуковую задачу, вучоныя ствараюць спрошчаную сістэму, у рэчышчы якой і спрабуюць дакапацца да ісціны. Магчыма, гэтая сістэма часам і дапамагае даследчыку, як параненаму мыліцы, але калі мыліцы ператвараюцца ў пратэзы, дык гэта ўжо можна назваць калецтвам.

Нешта накшталт гэтага адбываецца з такімі паняццямі, як агульная праіндаеўрапейская мова, агульная праславянская мова, агульная усходнеславянская мова. Дасведчаныя вучоныя разумеюць, што вышэйпамянёныя мовы — гэта толькі умоўнасць. Бо як бы мовы не абагульняліся, яны заўсёды складаюцца з дыялектаў. Чым старажытнейшы час мы будзем разглядаць, тым большай будзе раздробленасць моў. Сумеснае пражыванне плямёнаў дае магчымасць мовам скрэшчвацца, знікаць, пранікаць адна ў другую, пераймаць асобныя словы і паняцці.

Але большасць філолагаў і настаўнікаў засвойваюць паняцце пра спрошчаную сістэму як ісціну ў апошняй інстанцыі. Яны атрымалі базавыя веды, навукаю больш ніколі не збіраюцца займацца, а таму ім вельмі зручна карыстацца такім уяўленнем пра ўзнікненне мовы. А між тым, усе мовы захоўваюць свае таямніцы, шмат яшчэ што не спасцігнута дапытліваю думкаю.

У 1971 г. выдавецтвам “Навука і тэхніка” ў Мінску чатырма навукоўцамі была выдадзена кніга “Лексіка Палесся ў прасторы і часе”, у якой на шырокім славянскім фоне разглядаюцца дзве групы (усходняя, цэнтральна-заходняя) палескай лексікі і вызначаецца месца Палесся ў славянскім свеце.

І вось да якой высновы прыйшлі даследчыкі Г. Ф. Вештарт, Л. Ц. Выгонная, І. І. Лучыц-Федарэц, В.У. Мартынаў: “Стракатасць лексікі Палесся наводзіла на думку аб моцнай дыялектнай дыферэнцыяцыі праславянскай мовы. Апошні вывад рабілі або з пазіцыі гіпотэзы аб палескай прарадзіме славян, або з пазіцыі тэорыі, у адпаведнасці з якой Палессе з”яўляецца ідэальнай славянскай зонай. І першы і другі падыход выклікаюць пярэчанні. Першы — таму, што моўная стракатасць сведчыць аб тым, што перад намі не прарадзіма, а тыповая ўскраінная тэрыторыя, праз якую праходзілі неаднаразовыя міграцыі. У гэтым сенсе існуе вялікае падабенства паміж Палессем і Славеніяй. Другі — таму, што моўную стракатасць пэўнай тэррыторыі трэба тлумачыць, улічваючы магчымасць рэканструкцыі папярэдніх этнамоўных станаў, а не як спрадвечнае становішча.

...Устойлівую разнастайнасць археалагічных культур дзвюх частак Палесся можна інтэрпрэтаваць толькі як этнічнае размежаванне, бо натуральных непераадольных рубяжоў тут не было. Тое ж самае можна сказаць і пра лексічную разнастайнасць Палесся.”

Як бачым, пры наяўнасці асобных агульных слоў кожная з груп лексікі Пелесся захоўвае свае асаблівасці і непаўторны твар. Пры ўсялякай інтэграцыі, уплыве суседзяў мова можа мяняцца, але пры гэтым яна ўсё-ткі імкнецца захаваць свае першапачатковыя рысы.

Роднасць славянскіх моў тлумачыцца перш за ўсё блізкімі кантактамі ў мінулым, абумоўленымі геаграфічнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі фактарамі, спрыяльнымі для захавання тоесных і падобных адзінак, рыс, структур у моўных сістэмах. Пры гэтым кожная асобная славянская мова мае свае адметныя ўласцівасці, што вынікаюць з самастойнага жыцця адпаведных славянскіх плямён.

Сённяшнімі палітыкамі асабліва актыўна эксплуатуецца гіпотэза пра існаванне ў мінулым адзінай усходнеславянскай прамовы, з якой з часам узніклі беларуская, украінская і рускія мовы. Таму катэгарычна заяўляецца: мы, беларусы і рускія, — адзін народ, выйшлі з аднаго кораню, у нас адна мова і культура. Напрошваецца пытанне, якім чынам гэтая адзіная мова магла існаваць, калі нават усходняя і заходняя часткі аднаго геаграфічнага рэгіёна Палесся гэтак адрозніваюцца паміж сабой?

Асноўнымі прыкметамі народнасці лічацца агульнасць тэрыторыі, мовы, матэрыяльнай і духоўнай культуры, гаспадарчага жыцця. Між тым, слынны гісторык В. Ключэўскі сцвярджаў: “Усюды Руская зямля, і нідзе, ні ў адным помніку не сустрэнем назвы рускі народ...” І наступная яго ж цікавая заўвага: “Руская дзяржава ў ІХ — ХІ стст. не была дзяржавай рускага народа, таму што яшчэ не існаваў гэты народ.”

А цяпер я хачу звярнуцца да разважанняў сучаснага беларускага гісторыка Г. Штыхава, якія сустрэліся мне ў першым томе “Гісторыі Беларусі” (2000 г.). Ён піша: “Вядома, што палянскае княжанне ў Сярэднім Падняпроўі стала ядром дзяржавы Кіеўская Русь. У апошні раз назва “паляне” сустракаецца ў летапісах пад 944 г. Пасля яе змяніла назва Русь. Яна паступова замацавалася за тою часткаю славян, якія жылі вакол горадоў Кіева, Пераяслаўля, Чарнігава. Першапачаткова толькі гэтая тэрыторыя называлася “Рускай зямлёй”, і яна ўвайшла ў склад Кіеўскай дзяржавы ў якасці тэрыторыяльнага і палітычнага пануючага ядра”.

Вядомы даследчык гісторыі ўсходніх славян П. Траццякоў сцвярджае, што тэрмін “старажытнаруская народнасць” з”яўляецца “кніжным”, які прапанавалі гісторакі.

І далей Г. Штыхаў піша: “Распаўсюджваўся стэрэатып разумення Руская зямля ў шырокім сэнсе як тэрыторыя ўсіх усходніх славян. Але летапісцы называюць на тэрыторыі ўсходней Еўропы 14 — 15 этнічных груповак, якія існавалі доўгі час. Так, драўляне фігуруюць да 1136 г., крывічы — 1162г., дрыгавічы — да 1149г., радзімічы — да 1169 г.”

Гісторыкі і археолагі прыходзяць да высновы, што адзінай старажытнарускай народнасці не магло існаваць, бо ў ХІ — ХІІІ стст. у славянскіх народаў Усходняй Еўропы не было агульнай матэрыяльнай і духоўнай культуры. Археалагічныя дадзены красамоўна сведчаць, што ў адзенні, побыце, мове, вераваннях асобных этнічных груповак было зашмат адрозненняў, якія захаваліся яшчэ ад племянных адметнасцей.

Часам апаненты пярэчаць мне, спасылаючыся на тое, што ўсе ўсходнеславянскія летапісы напісаны на адной мове. Але трэба згадаць, што тады адукацыя была ў руках царквы, летапісы сапраўды пісаліся манахамі на адной царкоўнаславянскай мове. Трэба аддаць належнае: манастыры ў ХІ — ХІІ стст. на землях Беларусі з”ўляліся цэнтрам духоўнага жыцця і збіральнікамі інтэлектуальнага патэнцыялу грамадства. У гэты перыяд жылі і працавалі самаадданая асветнікі Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Аўраамій Смаленскі, епіскап Сімяон. Гэтыя людзі прысвяцілі сваё жыццё асвеце народа, яны неслі ў сваіх узвышаных думках, словах, перакананнях глыбіню пачуцця і чалавечнасць.

На думку І. І. Сразнеўскага, руская літаратурная мова ў сваім нараджэнні была зусім не рускаю, а царкоўнаславянскаю ці старажытнабалгарскаю, што прыйшла разам з прыняццем хрысціянства і багатай царкоўна-рэлігійнай кніжнасцю, якая з”яўлялася перакладам з грэчаскай мовы на балгарскую.

Зразумела, што мову летапісных помнікаў Х-ХІІ стст. нельга атаясамляць з тою моваю, на якой у сапраўднасці гаварылі тады продкі цяперашніх беларусаў і ўкраінцаў.

Я згодная з А.А. Рэфарматарскім, аўтарам кнігі “Уводзіны ў мовазнаўства”, які гаворыць, што мовы развіваюцца гістарычна, гэта не падобна на рост “арганізму”, у іх развіцці няма перыяду, даспявання, росквіту і памірання, як гэта назіраецца ў расліны, жывёлы і чалавека. Мова развіваецца і змяняецца ў розныя эпохі па-рознаму, гэта залежыць ад канкрэтных гістарычных умоў і падзей, у выніку чаго можа адбывацца змешванне ці скрэшчванне, знікненне ці адраджэнне, запазычванні і іншыя паследкі ўзаемадзеяння розных моў.

Напрыклад, раманізацыя народаў рымскіх правінцый, калі рымляне навязвалі сваю мову пакорным тубыльцам, скончылася тым, што скораныя народы, засвоіўшы чужую мову, перайначылі яе на свой лад, гэта значыць, доўгія лацінскія словы ў гальскай мове сталі кароткімі.

Іншы раз здаралася і так, што пераможцы-заваёўнікі ў адносінах мовы аказваліся “пераможанымі”. Фракі (германцы), захапіўшы латына-гальскую правінцыю, згубілі сваю мову і пакінулі пераможанаму народу тольку назву краіны Францыя. Адпаведна Балгарыя атрымала сваю назву ад цюркаў-булгар, якія захапілі славянскія плямёны на Балканах, але страцілі сваю мову ў выніку скрэшчвання.

На Гомельшчыне вясковы жанчыны пасля чарнобыльскай аварыі не ўспрынялі слова радыяцыя, яны называлі яе больш знаёмым словам рацыя. Нават у сэнсавым плане гэтае слова па-новаму пачало адпавядаць выразам: маеш рацыю, не маеш рацыі.

Слоўнікавы склад мовы змяняецца няспынна і абнаўляецца значна хутчэй, чым іншыя структурныя ярусы мовы. Новыя словы — неабходныя для азначэння новых рэчаў і з”яў, але адначасова можа адбывацца і выпаданне слоў, гэта значыць, перамяшчэне іх з актыўнага ў пасіўны слоўнік.

У час узнікнення чалавецтва, яму была ўласцівая моўная раздробленасць. Заўсёдная тэндэнцыя да раздзялення карэнілася ў элементах радовай арганізацыі і павялічвалася тэндэнцыяй да стварэння адрозненняў у мове. На Палессі амаль кожная вёска мае нейкія свае асаблівасці ў фанетыцы. Напрыклад, слова горкі, можа ўжывацца ў форме гуркі, гіркы. Як бачым, у гэтым выпадку мяняюцца толькі галосныя, яны вядуць за сабой, таму вымушаныя часта мяняць тактыку, як усялякія лідэры. Зычныя застаюцца нязменнымі, яны тая аморфная маса, якая хоць і ўтварае слова, але цалкам залежыць ад галосных, падпарадкоўваецца ім: акае, якае або окае. Нешта падобнае назіраецца і ў грамадстве.

Утварэнне роднасных моў адбывалася паэтапна і цесна звязаная з гісторыя народаў — носьбітаў гэтых моў. Рассяленне ў прасторы прыводзіць да яшчэ большых адрозненняў у мове. Распаўсюджанне мовы ішло праз міграцыю плямёнаў на вольную тэрыторыю, а таксама шляхам асіміляціі ці выцяснення адной мовы іншай. Раздзяленне і аб”яднане моў — гэта сацыяльныя працэсы, якія выклікаюцца эканамічнымі, палітычнымі ці культурнымі прычынамі.

З вышэйсказанага зразумела адно, што ўсялякая мова развіваецца няспынна, змяняецца і працягвае жыць да тае пары, пакуль ёю карыстаюцца. Калі ж яна робіцца незапатрабаванаю, памірае, а разам з ёю гіне культура, уласцівая народу, ды і сам гэты народ раствараецца ў асяродзі іншапляменнікаў.

ДВУХМОЎЕ — САМАПАДМАН І ЗГУБНАСЦЬ

Чалавек нараджаецца на свет, не ведаючы ніякае мовы. Веданне яе набываецца паступова, спачатку з вуснаў бацькоў, а пасля праз вывучэнне ў школе. Той, хто змалку пазбаўлены магчымасці вывучаць мову сваёй Радзімы, трапляе ў чужую моўную стыхію, пачынае ўспрымаць яе, як сваю. Гэтак чалавек, страціўшы родную маці, пачынае любіць і паважаць мачаху.

На працягу шматлікіх дзесяцігоддзяў беларускія дзеці вучацца на рускай мове, а беларускую — вывучаюць, як замежную. У Рэспубліцы Беларусь на сённяшні дзень не існуе ніводнае вышэйшай, сярэдняй ці тэхнічнай навучальнай установы, дзе б выкладанне цалкам вялося па-беларуску. Тыя юнакі і дзяўчаты, якім пашанцавала скончыць беларукую школу, вымушаны ў інстытутах пераходзіць на рускую мову навучання.

Дзіця, малады ці сталы чалавек, адлучаны ад роднае мовы, наўрад ці возьме ў рукі кніжку, напісаную па-беларуску, гэтая мова яму заўсёды будзе здавацца правінцыйнаю, нязвыклаю і нават смешнаю.

Спасіжэнне мовы ад асобных гукаў да словаў, сказаў і аповядаў адбываецца паволі, і дае свабоду, разняволеннасць у выказванні сваіх пачуццяў і думак. Калі чалавеку дадзена мова ў якасці навыкаў, ён скаваны абмежаванасцю сваіх ведаў, не адчувае першароднасць слова. Таму шматлікія нашы тэле- і радыёжурналісты, каментатары, дазваляючы сабе гаварыць па-беларуску, гэтак няўтульна адчуваюць сябе ў яе неабсяжнай прасторы, гавораць з недаравальнымі памылкамі ў вымаўлннні, ператвараючы беларускую мову ў сапсаваную рускую. Як адзначаў выдатны мовазнавец І. І. Сразнеўскі, дзе няма свабоды мыслення, там няма і дзейнасці розуму.

Вывучаць патрэбна мову агульнанародную, а не мову суседняга народа, калі нават на ёй гаворыць палітычная эліта і навуковая інтэлігенцыя. Родная мова павінна стаць тою галоўнаю высноваю для адукацыі кожнага грамадзяніна і адукаванасці ў рэспубліцы наогул, каб у дзяржаве ўсё трымалася менавіта на гэтай мове і ўсё залежала ад яе.

Беларускай мове, як і ўсялякай іншай, характэрны дыялекты розных рэгіёнаў рэспублікі, але існуе ў нас і літаратурная мова, уласцівая толькі нашаму народу, якая належыць нам усім. Гэта таксама натуральная з”ява для ўсіх краін свету.

Літаратурная мова ўзбагачаецца дыялектамі, сілкуецца імі, як жыццедайнымі крыніцамі. Пры гэтым часам даводзіцца назіраць, як некаторыя вершатворцы спрабуюць стварыць нейкую сваю мову, але гэтыя спробы застаюцца толькі іх уласным набыткам, а не агульнародным. Адначасова слова, захаванае народам на працягу тысячагоддзяў і здабытае творцам з дыялекта, можа стаць агульнаўжываемым. Гэтак здарылася са словам агмень, якое вынес паэт Анатольс Сыс з Гарошкава, што на Гомельшчыне. (Гэта гістарычнае паселішча, усялякі чалавек зверне ўвагу на ягоны рэльеф, калі нават і не будзе ведаць, што тут знаходзіцца старажытнае гарадзішча.) Рэдка якімі паэтамі пасля А.Сыса не выкарыстоўвася агмень у вершатворчасці. Слова гэтае з прыхаванай магічнай сутнасцю, з глыбокім паэтычным сэнсам, хоць і старажытнае, але нязводна свежае і роднае.

Рэчаіснасць у Рэспубліцы Беларусь сёння такая, што мы вымушаны мірыцца з суіснавання дзвюх моў, пры гэтым палітычнаю элітаю насаджаецца прэстыжнасць рускай мовы. Носьбітамі ж дыялектаў з”яўляецца насельніцтва з найменшымі прыбыткамі, невысокім узроўнем адукацыі, якія выконваюць работу нізкай кваліфікацыі, чые стасункі абмяжоўваюцца сям”ёй і блізкім акружэннем. Большасць насельніцтва карыстаецца ўласнастворанай трасянкай, ужываючы рускую мову на беларускі лад.

Узаемадзеянне дзвюх моў у адным і тым жа грамадстве называецца білінгвізмам. Адрозніваюць роўнапраўную і нероўнапраўную моўную сітуацыю. Нероўапраўная сітуацыя такая, калі адна мова з”яўляецца дзяржаўнай, афіцыйнай, у той час як іншыя мовы зводзяцца да становішча моў мясцовых, гутарковых, неафіцыйных. Напрыклад, мова індзейцаў у Лацінскай Амерыцы зведзена да становішча мясцовай гаворкі.

Змены, якія адбываюцца ў дзяржаве, непазбежна знаходзяць сваё адлюстраванне ў мове і ў стаўленні да яе. На вялікі жаль, уздым беларускай мовы і ўсяго нацыльнага ў пачатку 90-х гадоў быў хутка патушаны. Як засведчыў дасціпны расійскі сатырык Міхаіл Задорнаў: “Дзяржава не даруе любові да Радзімы.” Дзяржава імкнецца атаясамляць сябе з Радзімаю і прэтэндуе на ўсеагульную народную любоў, незалежна ад таго, наколькі яна гэтай любові заслугоўвае, наколькі задавальняе патрэбы гэтага народа.

Побытавая мова, якою карыстаецца насельніцтва, з цягам часу мяняецца мала. Аднак пры палітычных зменах мова палітыкі істотна мяняецца. Успомнім хаця б такую цікавую з”яву, як “праваслаўныя камуністы і атэісты”. Гадоў колькі таму гэтыя паняцці выключалі адно другое, зараз спакойна суіснуюць побач.

Чым у большы крызісны стан апускаецца эканоміка Беларусі, тым больш палітыкі гавораць пра інтэграцыю з Расіяй і нават з неспакойнай Югаславіяй, абы толькі паказаць хоць які-небудзь шлях свайму народу, даць хоць нейкую надзею, што трэба яшчэ трошкі патрываць, а потым абавязкова ўсё палепшыцца. Пакінем на сумленні палітыкаў марнасць іхніх пустых спадзяванняў, бо не выключана, што яны і самі шчыра вераць ў станоўчы зыход сваіх палітычна-эканамічных захадаў.

Хачу звярнуць вашу ўвагу на мову айчынных палітыкаў, канчатковаю мэтаю выкарыстання якой з”яўляецца ўплыў на паводзіны насельніцтва пры дапамозе моўных сродкаў. Не мною заўважана: чым больш палітыкі ў кіраванні дзяржаваю абапіраюцца на сілавыя структуры, тым больш значнае іхняе ўздзеянне на мову. Перавага рускай мовы на Беларусі сёння патрэбна палітыкам для таго, каб пераканаць расійскі ўрад, што мы адданыя іхнія прыхільнікі, што мы адзін народ, што ў нас адна мова і культура. Нашы лідэры дагаворваюцца нават да таго, што ад імя народа запэўніваюць сваіх палітычных братоў у імкнні да адной веры і ідэі.

Як бачым, мова з”яўляецца палітыкаю, а палітыка — моваю ў залежнасці ад таго, наколькі палітыкі могуць абыходзіцца сваёй эканамічнаю і палітычнаю сілаю без пагрозы згубіць уладу. Калі ж такая пагроза ўзнікае, з”яўляюцца інтэнсіўныя пошукі шляхоў авалодання сітуацыяй для пералому неспрыяльнай варункаў у станоўчы бок.

Адзін з асноўных накірункаў дзейнасці палітыкаў — заваёва сімпатый і нават любові насельніцтва, распаўсюджванне сваіх перакананняў ў шырокіх слаях насельніцтва, але адметным чынам, гэта значыць, каб насельніцтва лічыла, што дзеянні палітыкаў цалкам адпавядаюць патрэбам насельніцтва. На Беларусі на гэтыя мэты працуюць усе дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Варта прызнаць, што поспехі дасягнуты вялікія! Праявы нацыянальнага у нас ужо лічацца антынароднымі! Людзі, якія гавораць па-беларуску, адразу прылічваюцца да ліку нацыяналістаў, “бэнээфаўцаў” і, лічы, ворагаў народу. Гэта я добра адчувае на сабе.

Прамовы нашай кіруючай эліты апялююць да эмоцый слухача, скіроўаюцца не на азначэнне фактаў ці апісанне працэсаў, якія адбываюцца ў рэспубліцы, а больш малююць светлую будучыню, дакладней вяртанее ў “светлае мінулае”, калі канчаткова адбудзецца аб”яднанне з Расіяй. Трэба прызнацца: такія заявы выклікаюць цікавасць пэўнай часткі насельніцтва, абуджаюць станоўчы пачуцці.

Палітыкамі ўводзяцца ў мову новыя словы, замест тых якія існавалі раней. Хачу звярнуць увагу чытачоў на слова унітарны. Даводзілася шмат чуць, што ў выніку яднання Расіі і Беларусі ўтвараецца ўнітарная дзяржава. Каб гэтае замежнае слова стала больш звыклым, усе прамысловыя аб”яднанні былі дружна перайначаны ва ўнітарныя прадпрыемствы. Такія-сякія страты на пячаткі і штампы не ўлічваюцца. Такім чынам, замежнае слова унітарны стала родным і знаёмым (як яно перакладаецца, мала хто ведае), але ў спалучэнні са словам дзяржава яно ўжо нікога не палохае. З гэтагу шэрагу словы інтэграцыя, кансалідацыя і іншыя. Новыя паняцці непрыкметна мяняюць сваю семантыку, набываюць новы сэнс часам процілеглы, пры гэтым пэўным чынам перайначваюць светапогляд людзей у патрэбным дзяржаве накірунку.

Непапраўным грахом нашай палітычнай эліты з”яўляецца тое, што беларускай мове адводзіцца другасная роля ў грамадстве, яна не разглядаецца як адна з асноўных прыкмет нацыі. Адзінства нацаі не лічыцца залежным ад мовы. Беларуская мова паступова выключаецца з грамадска значных сродкаў камунікацыі. Тактыка асіміляцыі беларусаў прыкрываецца ідэалогіяй білінгвізму, якая выяўляе наступную іерархізацыю моваў: руская мова выкарыстоўваецца ва ўсіх сферах камунікацыі, а беларуская мова часткова існуе на тэлебачанні і радыё толькі для захавання тутэйшага каларыту, а яшчэ ў вясковым побыце ды ў асяроддзі нацыянальна свядомай інтэлігенцыі. Дарэчы і слова свядомы журналістамі, якія знаходзяцца на службе ў дзяржаўных сродках масавай інфармцыі, цяпер ужываецца толькі ў адмоўным і здзеклівым сэнсе.

Яшчэ раз нагадаю, на Беларусі няма ніводнай цалкам беларускамоўнай вышэйшай і спецыяльна-тэхнічна навучальнай установы. І ў ХХІ стагоддзі для беларускай мовы не створаны магчымасці для існавання. І гэта пры тым, што вынікі апошняга перапісу насельніцтва паказалі: роднай мовай лічаць беларускую 76% грамадзян рэспублікі, 37% жыхароў карыстаюцца гэтаю моваю ў будзённым жыцці. З гэтага вынікае выснова, што даўно пара замацаваць у законе працэнтныя адносіны беларускіх і рускіх школ, а таксама навучальных устаноў у адпаведнасці з дадзенымі перапісу. А пакуль сітуацыя такая, што толькі 20,3% вучняў вучацца па-беларуску, гэта пераважна вясковыя дзеці, якім, калі і ўдасца паступіць у ВНУ, дык адразу давядзецца забываць беларускую мову і далучацца да рускай мовы, культуры і навукі.

Шмат хто з былых вяскоўцаў, што перасяліліся ў гарады назаўсёды, стараюцца забыць свой дыялект і старанна засвойваюць рускую мову, якая з”яўляецца сімвалам прэстыжнасці становішча ў грамадстве. Гэты працэс суправаджаецца з”яваю моўнага і культурнага счужэння, пагарды да сябе і свайго нацыянальнага.

Неяк у мяне ўзнікла спрэчка з берасцейскаю бібліятэкаркаю. Яна свой вясковы дыялект, ад якога так цяжка і балюча вызвалялася, трапіўшы пасля вайны ў асяродзе наезджай рускамоўнай берасцейскай інтэлігенцыі, лічыць непісьменнаю моваю, на якой гавораць толькі некультурныя людзі. Пераканаць яе ў адваротным я не змагла. У яе за плячамі быў уласны вялікі жыццёвы вопыт і любімая руская мова і культура, беларускай мовы яна не ведае, хоць нарадзілася і ўсё жыццё жыве ў Брэсце.

Нядаўна я пазнаёмілася на лекцыі з некалькімі маладымі карэннымі берасцейцамі, яны таксама адчуваюць сябе рускімі, хоць ніколі не жылі ў Расіі, ніякія праблемы Беларусі іх не хвалююць, іхнія маладыя галовы захоплены ідэяй аб”яднання славянскіх народаў. Можа, варта перш спытаць ў тых народаў, ці трэба ім гэтае аб”яднанне?

Спадзявацца на тое, што беларуская мова выжыве ў такой сітуацыі, справа безнадзейная, асабліва калі навідавоку ідэалагічныя злоўжыванні палітыкаў. Ясна бачна дынаміка выцяснення беларускай мовы з розных сфер ужывання і моўная асіміляцыі беларусаў, хоць гэтаму і супроцьстаіць праграсіўная інтэлігенцыя.

Хачу падкрэсліць, што існаванне і выжыванне мовы залежыць не ад таго, якая колькасць насельніцтва на ёй гаворыць, а ад паўнаты яе функцый.

У сітуацыі двухмоўя дзве моўныя стыхіі спаборнічаюць паміж сабою, у выніку адбываецца выцісканне адной з ужытку. Фалькларызацыя беларускай культуры і мовы, што цяпер асабліва яскрава назіраецца, як бы змягчае канфлікт і пад выглядам захавання некаторых нацыянальных асаблівасцей дазваляе праводзіць прыхаваныю палітыку асіміляцыі. Ужо цяпер шмат хто з бацькоў разумеюць непатрэбнасць ў Рэспубліцы Беларусь беларускай мовы, таму і стараюцца з маленства размаўляць з дзецьмі толькі па-руску, купляць ім толькі рускамоўныя выданні. Руская мова становіцца матчына для большасці беларусаў!

Яшчэ адна цікавая з”ява назіраецца ў нашым грамадстве. Як толькі ўзнікаюць размовы пра пашырэне ўжывання беларускай мовы, дык адразу з”яўляюцца змагары за стварэнне новых моў з рэгіянальных дыялектаў. Гэтым аслабляецца салідарнасць сапраўдных прыхільнакаў роднай мовы. Нешта даўно не чуваць на Берасцейшчыне нашага земляка, спадара Ш., які вельмі актыўна выступаў за стварэнне палескай мовы. А гэта сведчыць толькі пра адно: усё беларускае цяпер у такім заняпадзе, што ўжо няма чаго аслабляць.

Давайце шчыра прызнаемся сабе, што моўную палітыку плануе і здзяйсняе дзяржава. З санкцыі ўлады распрацоўваюцца праграмы і праекты, скіраваныя на падтрымку нацыянальнай мовы, а гэта значыць літаратуры, мастацтва, культуры ўвогуле. Усё гэта робіцца пры спрыяльных гістарычных умовах. Дык што, зноў давядзецца беларусам чакаць, калі загляне сонца ў наша аконца?

Пакуль дзяржава дазваляе натуральнай смерцю выміраць беларускай мове і культуры, а заадно і тым людзям, якія працуюць у гэтай сферы, яе чакае такі ж самы фінал. Бо сказана ж у старажытных індыйскіх “Законах Ману”: “Калі ў краіне якого цара загіне ад голаду знаток Ведаў, дык ад таго ж голаду загіне ўся тая краіна.”

6 сакавіка 2001 г.


ЛІТАРАТУРА

История южных и западныўх славян. — М., Московский университет, 1969.

Родник златоструйный. Памятники болгарской литературы ІХ — Х\/ІІІ веков. — М., Художественная литература. 1990.

Книга Велеса. Перевод и комментарии А.И. Асова. М., Наука и религия, 1997.

Г. М. Бонгард-Левин, Э. А. Грантовский. От Скифии до Индии. — М., Мысль, 1983.

Мифы древней Индии. — М., Главная редакция восточной литературы, 1975

Ю. Шилов. Прародина ариев. — Киев, СИНТО, 1995.

И.А. Климишин. Календарь и хронология. — М., Наука, 1981.

Ф. Шымкевіч. Корнеслов русского языка. — С-Петербург, 1842.

А. А. Реформаторский. Введение в языкознание. — М., Просвещение, 1967.

В. И. Колдухов. Введение в языкознание. — М., Просвещение, 1987.

Лексіка Палесся ў прасторы і часе. — Мн., Навука і тэхніка, 1971.

Л. М. Лыч. Назвы зямлі беларускай. — Мн., Універсітэцкае, 1994.

Славянский и балканский фольклор. — М., Наука, 1981.

Алена Яскевіч. Абранне вечнасці. — Мн., Мастацкая літаратура, 1999.

Г. М. Филист. Введение христианства на Руси: предпосылки, обстоятельства, последствия. — Мн., Беларусь, 1988.

В. Георгиев. Исследования по сравнительно-историческому языкознани. — М., Издательство иностранной литературы, 1958.

В. А. Сафронов. Индоевропейские прародины. — Горький, Волго-Вятское книжное издательство, 1989.

Н. Д. Андреев. Ранне-индоевропейский праязык. — Л., Наука, 1986.

Т. В. Гамкрелидзе, Вяч. Вс. Иванов. Индоевропейский язык и индоевропейцы. — Тбилиси, Издательство Тбилисского университета, 1984.

В.О. Ключевский. Соч. Т.1., М., 1956.

Гісторыя Беларусі. Старажытная Беларусь. Т.1. Мн., ВП “Экаперспектыва”, 2000.

Б. А. Рыбакоў. Язычество древних славян. — М., Наука, 1994.

Веснавыя песні. — Мн., Навука і тэхніка, 1979.

Паэзія беларускага земляробчага календара. — Мн., Навука і тэхніка, 1992.

Ф. Шимкевич. Корнеслов русского языка. — С-П, 1842.

Законы Ману. — М., 1960.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка -