|
1. ПЕРАСЬЛЕД АРГАНІЗАТАРАЎ І ЎДЗЕЛЬНІКАЎ МАСАВЫХ АКЦЫЯЎ АПАЗІЦЫІ.
Частка 1
Правы грамадзянаў Беларусі на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў сур'ёзна абмежаваныя рэжымам Лукашэнкі з дапамогаю рознага кшталту законаў, указаў, дэкрэтаў. Сярод іх варта назваць Закон РБ «Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсьцях, дэманстрацыях і пікетаваньнях», які жорстка рэгламентуе правядзеньне масавых мерапрыемстваў і ўстанаўлівае дыскрымінацыйныя меры супраць арганізатараў і ўдзельнікаў апазіцыйных акцыяў. 9 верасьня 1999 году А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт №36 «Аб некаторых мерах па прадухіленьні надзвычайных здарэньняў пры правядзеньні масавых мерапрыемстваў». Фармальна зьяўленьне Дэкрэту было выкліканае трагедыяй на Нямізе 30 траўня, аднак фактычна ён быў скіраваны супраць акцыяў апазіцыі. Паводле Дэкрэту, забараняецца правядзеньне масавых мерапрыемстваў (акрамя афіцыйна-дзяржаўных) бліжэй за 200 метраў ад станцыяў метро, больш жорсткімі сталі патрабаваньні да арганізатараў мерапрыемстваў і кіраўнікоў, якія абавязаныя даць дазвол на іх правядзеньне. Пасьля выхаду Дэкрэту ў сталіцы Беларусі Мінску дзеля правядзеньня мітынгаў і пікетаў уладамі была вызначаная «рэзервацыя» — абсалютна непрыстасаваная дзеля гэтых мэтаў, аддаленая ад транспартных маршрутаў плошча Бангалор.
Усе публічныя мерапрыемствы апазіцыі ў Беларусі праходзілі пад строгім кантролем уладаў, дзеля чаго выкарыстоўваліся не толькі міліцыя, але сьпецыяльныя фарміраваньні, унутраныя войскі, супрацоўнікі службы бясьпекі і КДБ ў цывільнай вопратцы. Мітынгі, шэсьці, пікеты фіксаваліся як адкрытымі, так і схаванымі камерамі. Сутычкі між дэманстрантамі і міліцыяй былі як правіла справакаваныя міліцыянтамі, якія выстаўлялі на шляху мірных шэсьцяў кардоны, а таксама гвалтам выхоплівалі дэманстрантаў з шэрагаў. Варта адзначыць, што судовыя ўлады ў 1999 годзе, прыцягваючы да адміністратыўнай адказнасьці ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў апазіцыі, найчасьцей прызначалі найжорсткія пакараньні: максімальна мажлівыя штрафы, зьняволеньні на найбольшы тэрмін.
11 студзеня ў Савецкiм судзе г. Мiнску адбыўся судовы працэс па адмiнiстратыўнай справе Валерыя Шчукiна — журналiста, дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га склiканьня. Судзiлi В. Шчукiна за ўдзел у акцыi грамадзянскага непадпарадкаваньня, якая адбылася 25 сьнежня, i была накiраваная супраць iнкарпарацыi Беларусi ў Расiю. У пратаколе затрыманьня, якi фiгураваў на судзе, сказана, што на прапанову супрацоўнiкаў мiлiцыi пакiнуць праезную частку вулiцы «В.Шчукiн адказаў катэгарычнай адмовай i пачаў выкрыкваць: «Жыве Беларусь!». Адвакат даказвала, што акцыя 25 сьнежня не зьяўлялася пiкетам, а В. Шчукiн, у сваю чаргу, сьцьвярджаў, што гэта быў яго асабiсты, а не грамадзкi пратэст. На судзе В. Шчукiн выступiў з прамовай, дзе абвiнавацiў супрацоўнiкаў мiлiцыi ў парушэньнi васьмі крымiнальных i шасьці адмiнiстратыўных артыкулаў, якiя былi дапушчаныя пры ягоным затрыманьнi. Нягледзячы на гэта, в. а. судзьдзi А. Ганчарык палiчыў В. Шчукiна вiнаватым i прысудзiў яму 10 сутак адмiнiстратыўнага арышту.
17 студзеня ў Мiнску адбылiся мiтынг i шэсьце, арганiзаваныя сацыялдэма-кратычнай партыяй «Народная Грамада», накiраваныя супраць iнкарпарацыi Беларусi ў склад Расii. Заяўляльнiкi акцыi планавалi прайсьці ад мiнскай плошчы Якуба Коласа да Кастрычнiцкай плошчы i правесьцi там мiтынг. Мiнскi гарвыканкам не даў дазволу на правядзеньне мiтынгу на Кастрычнiцкай плошчы, спасылаючыся на рашэньне аб «асаблiвым статусе» гэтай плошчы (знаходзіцца побач з рэзiдэнцыяй прэзiдэнта РБ). Мiтынг сацыял-дэмакратаў з удзелам iншых дэмакратычных сiлаў Беларусi адбыўся на плошчы Парыжскай камуны.
18 студзеня падчас пiкету, арганiзаванага БНФ «Адраджэньне», быў затрыманы сакратар Управы БНФ Анатоль Крыварот. Яго пазналi па фотаздымках, зробленых сьпецслужбамi 6 сьнежня на мiтынгу, прысьвечаным 5О-ым угодкам абвяшчэньня Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека. У судзе Цэнтральнага раёну г. Мiнску судзьдзя Анатоль Барысёнак вынес А.Крывароту папярэджаньне.
З 21 па 23 студзеня ў Мiнску i iншых гарадах БНФ «Адраджэньне» наладзiў шэраг пiкетаў (усяго больш за 60) супраць спробаў iнкарпарацыi Беларусi ў склад Расii, а таксама супраць рэзкага зьбядненьня насельнiцтва краіны. Акцыi былi прымеркаваныя да запланаванай на 21 студзеня сесii Парламенцкага сходу саюзу Расii i Беларусi.
21 студзеня ў г. Слуцку Мiнскай вобласьцi адбыўся суд над актывiстамi БНФ «Адраджэньне» Мiкалаем Анцыповiчам (дацэнт кафедры фiласофii Беларускай дзяржаўнай полiтэхнiчнай акадэмii) i пенсiянерам Генадзем Банкевiчам. Iх абвiнавачвалi ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьцi, якое адбылося 29 лiстапада 1998 году, калі адзначалiся 78-ыя ўгодкi Слуцкага антыбальшавiцкага паўстаньня. Аўтобусы з Мінску былi замоўленыя на iмя Мiкалая Анцыповiча, што дало падставу судзьдзi С. Пастуховай прыйсьцi да высновы, што ён i зьяўляўся арганiзатарам мерапрыемства. У якасьцi сьведкаў традыцыйна выступалi супрацоўнiкi мiлiцыi. Пенсiянер Генадзь Банкевiч знаходзiўся ў шпiталi, таму ня здолеў зьявiцца на суд, але гэта не перашкодзiла судзьдзi С.Пастуховай прысудзiць яму 40 млн. рублёў штрафу. Мiкалай Анцыповiч аштрафаваны на 20 млн. рублёў.
22 студзеня ў Мiнску прайшлi мiтынг i шэсьце супраць грубага парушэньня Канстытуцыi РБ — падпісаньня чарговых дакументаў аб саюзе Беларусі і Расіі. Акцыя была арганiзаваная БНФ «Адраджэньне» з удзелам усiх дэмакратычных сiлаў краiны. Напрыканцы мiтынгу супрацоўнiкi мiлiцыi Цэнтральнага РАУСу спрабавалi затрымаць загадчыцу грамадзкай прыёмнай Праваабарончага Цэнтру «Вясна-96» Любоў Лунёву, каб даставiць у Цэнтральны РАУС дзеля складаньня пратаколу за ўдзел у несанкцыянаваным мiтынгу 6 сьнежня.
23 студзеня ў Барысаве адбылося несанкцыянаванае пiкетаваньне на цэнтральнай плошчы горада, накiраванае супраць iнкарпарацыi Беларусi ў склад Расii. Пiкетаваньне праводзiлi гарадзкiя арганiзацыi БНФ i Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Народная грамада». Пiкетоўшчыкi трымалi бел-чырвона-белыя сьцягi i лозунгi «Рукi прэч ад Беларусi», «Я люблю Беларусь!» на ангельскай мове. Аднаго з арганiзатараў пiкету Аляксандра Абрамовiча (старшыня гарадзкой арганiзацыi БСДГ (НГ) даставiлi ў гарадзкi аддзел мiлiцыi. Там на яго быў складзены пратакол па арт. 167. КаАП РБ «Аб парушэньні парадку правядзеньня вулiчных манiфестацыяў».
23 студзеня ў Пiнску адбыўся пiкет, накiраваны супраць iнкарпарацыi Беларусi ў склад Расii. Дазвол гарвыканкаму быў атрыманы са спазьненьнем на 2 сутак. 26 студзеня па позве ў Пiнскi гарадзкi аддзел мiлiцыi быў выклiканы рабочы Юрась Салавей. Быў складзены пратакол аб парушэньнi рашэньня гарвыканкаму. Потым Ю.Салавей быў дастаўлены ў гарадзкi суд. Судзьдзя Лешчанка паведамiў аб тым, што Ю. Салаўя чакае прысуд да 15 сутак арышту цi штраф ад 100 да 250 мiнiмальных заробкаў.
27 студзеня ў Мiнску адбыўся мiтынг, у якiм узялi ўдзел Свабодны прафсаюз Беларускi (СПБ), прафсаюз АСМ (аўтамабiлесельгасмашынабудаваньня), прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьцi i прафсаюз прадпрымальнiкаў. У гэты дзень два галоўныя рынкi сталiцы (Камароўскi i на стадыёне «Дынама» спынiлi сваю працу ў знак салiдарнасьцi з прафсаюзамi. Акцыя пачалася а шаснаццатай гадзiне. З розных канцоў гораду дэманстранты пачалi сьцягвацца да Палацу спорту — дзе адбыўся галоўны мiтынг. У акцыi прынялі ўдзел прыкладна 12 тысячаў чалавек. Напрыканцы мiтынгу была прынятая рэзалюцыя. У ёй удзельнiкi мiтынгу патрабуюць ад прэзiдэнта i ўрада выкананьня Рэзалюцыi рэспублiканскага сходу прадстаўнiкоў працоўных калектываў i прафсаюзных арганiзацыяў ад 21 траўня 1998 году: спынiць рост цэнаў i iнфляцыю, надаць заробку статус першачарговага плацяжу, зьменшыць падаткi з грамадзянаў i прадпрыемстваў, прадаставiць працоўным i прафсаюзам месца ў дзяржаўных СМI.
29-30 студзеня ў Мiнску адбыўся Кангрэс дэмакратычных сiлаў Беларусi, на якiм была прынятая рэзалюцыя «Пра парушэньнi правоў чалавека ў Беларусi». «Кангрэс лiчыць недапушчальным перасьлед за палiтычныя перакананьнi i патрабуе вызвалiць усiх вязьняў сумленьня, у тым лiку Аляксея Шыдлоўскага, Уладзiмiра Кудзiнава, Андрэя Клiмава, Уладзiмiра Плешчанку, i патрабуе непрадузятага разгляду справаў Тамары Вiньнiкавай, Васiля Лявонава i Васiля Старавойтава», — сказана ў рэзалюцыi Кангрэсу.
11 лютага на скрыжаваньнi вулiцаў Гарадзкi Вал i Нямiга, недалёка ад Мiнскага СIЗА адбыўся пiкет, прысьвечаны гадавіне знаходжаньня за кратамi дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га склiканьня Андрэя Клiмава, якi быў арыштаваны 11 лютага 1998 году. Пiкет быў арганiзаваны жонкай Андрэя Клiмава — Тацянай Леановiч разам з жонкай другога зьняволенага дэпутата Уладзiмiра Кудзiнава — Зояй Кудзiнавай. На пiкеце прысутнiчалi актывiсты Аб’яднанай Грамадзянскай партыi, грамадзянскай iнiцыятывы «Хартыя-97», Праваабарончага Цэнтру «Вясна-96», а таксама сваякi i сябры зьняволеных. На пiкеце былi лозунгi:«Сёньня яны — заўтра вы!», «Свабоду дэпутатам А.Клiмаву i У.Кудзiнаву».
18 лютага ў Барысаўскiм гарадзкiм судзе адбыўся суд над актывiстам Беларускага хельсiнкскага камiтэту, лiдэрам гарадзкой арганiзацыi Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi «Народная Грамада» Аляксандрам Абрамовiчам. Прысуд — 10 сутак адмiнiстратыўнага арышту на падставе КаАП арт. 167 ч. 2. (несанкцыянаваны пiкет). На судзе Аляксандр Абрамовiч не прызнаў сябе вiнаватым. Аляксандра Абрамовiча асудзiлi за арганiзацыю 23 студзеня пiкету на цэнтральнай плошчы гораду. Заяўка на правядзеньне мерапрыемства была пададзеная своечасова 5 студзеня, але Барысаўскi гарвыканкам ня даў дазволу на правядзеньне пiкету.
21 лютага сябра Брэсцкай фiлii «Вясны-96» Уладзiмiр Вялiчкiн быў затрыманы на гарадзкiм рэчавым рынку сяржантам мiлiцыi Баравiком. Прычынай затрыманьня стала спроба Вялiчкiна правесьцi на рынку пiкет. На ўсе пададзеныя заяўкi аб правядзеньнi пiкету, накiраванага супраць iнкарпарацыi Беларусi ў склад Расii, Брэсцкi гарвыканкам даў адмову, матывуючы яе пастановай №887 ад 15. 10.1998 году. Згодна з гэтай пастановай, адзiным месцам правядзеньня пiкетаў можа быць стадыён «Будаўнiк». Нягледзячы на забарону, У. Вялiчкiн выйшаў на рынак з плакатамi: «16 траўня — выбары прэзiдэнта» i «Не — саюзу!». Разам з У. Вялiчкiным быў затрыманы выпадковы прахожы Алесь Ахмач, вучань СШ №23 г. Брэсту. Яны былi дастаўленыя ў Маскоўскi РАУС г. Брэсту, дзе ст. лейтэнант мiлiцыi Левановiч склаў пратаколы затрыманьня.
27 лютага ў Мiнску адбылася антыфашысцкая акцыя — мiтынг i шэсьце пад назовам «Раздавiм фашысцкую гадзiну!». Арганiзатарамi акцыi былi Беларуcкi хельсiнкскi камiтэт, Праваабaрончы Цэнтр «Вясна-96» i грамадзянская iнiцыятыва «Хартыя-97». У антыфашысцкай акцыi таксама прынялi ўдзел яўрэйская, татарская i ўкраiнская супольнасьцi — усяго каля 3 тысячаў чалавек. Пасьля мiтынгу пачалiся затрыманьнi, якiя праводзiлi асобы ў цывiльным. Былi затрыманыя сябры БНФ «Адраджэньне» Васiль Пашковiч i Уладзiмiр Руснак, непаўнагадовыя Аляксандр Юрын з сябрам, якiя несьлi плакат «Хартыя-97». Заяўляльнiкі акцыi — В. Костка (Беларускі хельсінкскі камітэт), А. Бяляцкі (Праваабарончы Цэнтр «Вясна-96»), З. Бандарэнка («Хартыя-97») атрымалі позвы ў суд.
1 сакавiка ў ГАМе (гарадзкiм адзьдзяленьнi мiлiцыi) Савецкага раёну г. Мінску (на Камароўскiм рынку) адбылiся суды над заяўляльнiкамi антыфашысцкай акцыi «Раздавiм фашысцкую гадзiну!» Алесем Бяляцкiм, Зьмiцерам Бандарэнкам i Валерыем Косткам. Алесь Бяляцкi быў асуджаны па арт. 167. ч. 2 КаАП (парушэньне парадку правядзеньня шэсьцяў, мiтынгаў i дэманстрацыяў) на 10 сутак адмiнiстратыўнага арышту. Суды над З. Бандарэнкам i В.Косткам былi перанесеныя на 4 сакавiка. У гэты ж дзень судзьдзя Цэнтральнага суда г. Мінску А.Барысёнак перанёс разгляд справаў удзельнікаў акцыі сяброў БНФ «Адраджэньне» Уладзiмiра Руснака i Васiля Пашковiча, затрыманых 27 лютага, на 10 сакавiка.
2 сакавiка ў памяшканьнi Магiлёўскай абласной арганiзацыi БНФ «Адраджэньне» праходзiў сход абласной арганiзацыi Фронту. Прыкладна ў 19.30 правядзеньне сходу было спыненае нарадам мiлiцыi i АМАПу на чале з маёрам мiлiцыi У. Чумаковым i маёрам мiлiцыi У. Ермаковым. Супрацоўнiкi мiлiцыi, ня маючы адпаведных санкцыяў, абшукалi памяшканьне i канфiскавалi шэраг матэрыялаў, якiя «утрымлiваюць заклiкi да гвалтоўнага зьвяржэньня iснуючай улады», аб чым складзены адпаведны акт. У якасьцi самага важкага рэчавага доказу фiгуравала «Дэкларацыя» лiдэра БНФ Зянона Пазьняка, напiсаная два гады таму. Мiлiцыяй быў складзены сьпiс асобаў, якiя прысутнiчалi на сходзе.
19 сакавiка падчас правядзеньня пiкету ў г. Маладэчна, прысьвечанага гадавіне абвяшчэньня БНР, былi затрыманыя два актывiсты БНФ «Адраджэньне» А. Капуцкi i I. Байковiч. Iх адвезьлi ў гарадзкi аддзел мiлiцыi i склалi пратаколы, абвiнавацiўшы па арт. 173 КаАП РБ «Распаўсюджваньне друкаваных выданьняў, вырабленых з парушэньнем устаноўленага парадку i ня маючых выходных дадзеных...» Капуцкага i Байковiча пратрымалi тры гадзiны, а пасьля загадалi прыйсьцi ў гарадзкi аддзел мiлiцыi 21-га сакавiка. Пратакол склаў старэйшы лейтэнант Цімашэнка.
21 сакавіка ў гарадзкім парку г. Смаргоні з дазволу райвыканкаму Алесем Дзергачовым быў праведзены пікет супраць зьбядненьня народу. Пікетоўшчык трымаў плакаты: «Ці ўсе наеліся «лапшы»! Прыхільнікі рэжыму! Кідайце слухаць брахню!» і інш. 24 сакавіка Смаргонскім РАУСам быў складзены пратакол на Алеся Дзергачова, у якім сказана: «Дзергачоў А.М., зьяўляючыся арганізатарам пікетаваньня, выкарыстоўваў плакаты, зьмест якіх наносіць шкоду канстытуцыйнаму ладу, зьневажае кіраўніка дзяржавы». Да адміністратыўнага пратаколу былі прыкладзеныя відэаздымкі пікету. Пасьля складаньня пратаколу А. Дзергачову было прапанавана прайсьці да судзьдзі Дзямешчыка, які пачаў разгляд справы. Абвінавачваемы заявіў хадайніцтва запрасіць адваката з Мінску.
28 сакавіка ў г. Мінску адбыўся мітынг, прысьвечаны ўгодкам абвяшчэньня БНР. Пасьля мітынгу пачаліся затрыманьні. Былі затрыманыя восем чалавек — сябры Маладога Фронту: Я. Афнагель, У. Антонаў, С. Карашчанка, З. Бунчук, Ю. Ліскоўская, Л. Амбразевіч, А. Мікус, А. Сівалоб. Сярод іх — чацьвёра непаўнагадовых. Затрыманьне тлумачылі тым, што маладафронтаўцы «несьлі незарэгістраваныя сьцягі». Усе затрыманыя былі завезеныя ў Савецкі РАУС, дзе іх прымусілі пісаць тлумачальныя. Пасьля на кожнага былі складзеныя пратаколы, у якіх затрыманыя былі абвінавачаныя па арт. 167. 2 КаАП Рэспублікі Беларусь. Пратрымаўшы каля трох гадзінаў, непаўнагадовых адпусьцілі дадому, а іх справы былі накіраваныя ў камісіі па справах непаўнагадовых. Ліскоўскую Ю., Афнагеля Я., Антонава У., Сівалоба А. адвезьлі ў прыёмнік-разьмеркавальнік па вул. Акрэсьціна. Ю. Ліскоўскую адпусьцілі, узяўшы распіску аб тым, што яна зьявіцца 29-га сакавіка ў суд Савецкага раёну (у дзяўчыны – паталогія лёгкіх), астатнія ўтрымліваліся ў сьпецпрыёмніку да суда.
29 сакавіка ў судзе Савецкага раёну г. Мінску адбыўся суд, на якім Ю. Ліскоўскую, Я. Афнагеля, У. Антонава і А. Сівалоба абвінавацілі ў парушэньні адміністратыўнага кодэксу і вынесьлі прысуд: кожнаму з абвінавачваемых — штраф у памеры пяць мільёнаў рублёў.
2 красавiка ў Мiнску адбылiся мiтынг i шэсьце, накiраваныя супраць вяртаньня ядзернай зброi ў Беларусь (iнiцыятар акцыi — Беларуская асацыяцыя маладых палiтыкаў (БАМП). Гарадзкiя ўлады дазволілi толькi правесьцi мiтынг на плошчы Парыжскай Камуны, каля Опернага тэатру. Але людзi сабралiся на плошчы Якуба Коласа. Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склiканьня Анатоль Лябедзька (заяўляльнiк акцыi, старшыня БАМП) заклiкаў удзельнiкаў акцыi па ходніках накiравацца да Опернага тэатру — месца правядзеньня мiтынгу. Пасьля заканчэньня мiтынгу пачалiся арышты ўдзельнiкаў. Затрымана 20 чалавек, сярод якiх былі і непаўнагадовыя ад 12 да 14 гадоў. Затрыманыя былi дастаўленыя ў РАУС Савецкага раёну. Пазьней непаўнагадовых адпусьцiлi, а 11 чалавек адвезьлi ў сьпецпрыёмнiк-разьмеркавальнiк на вул. Акрэсьцiна, дзе яны ўтрымлiвалiся да судоў.
5 красавiка ў судзе Цэнтральнага раёну судзьдзя Анатоль Барысёнак вынес Лявону Садоўскаму папярэджаньне. У судзе Савецкага раёну былi накладзеныя наступныя адмiнiстратыўныя спагнаньнi:
1. Лябедзька Анатоль (заяўляльнiк акцыi) — штраф у 75 млн. руб. (прыкладна 250 даляраў ЗША);
2. Харкiна Сьвятлана («Малады Фронт», 19 гадоў) — папярэджаньне;
3. Лукойка Станiслаў — штраф у 10 млн. руб. (прыкладна 35 даляраў ЗША;
4. Капарыха Мiкалай — заявiў хадайнiцтва аб прыцягненьнi ў працэс адваката, таму суд перанесены на 6.04.99 г. У выніку атрымаў штраф у 10 млн. руб.;
5. Снапкоўскi Анатоль — 5 сутак адмiнiстратыўнага арышту;
6. Радкевiч Уладзiмiр (пенсiянер, 61 год) — папярэджаньне;
7. Слышкiн Уладзiмiр — штраф у 10 млн. рублёў;
8. Аўраменка Антон — штраф у 10 млн. рублёў;
9. Рычард Каросьцiк — штраф у 10 млн. рублёў.
6 красавiка ў горадзе Оршы ў 8 гадзiн ранiцы быў затрыманы мiлiцыяй старшыня страйкаму Беларусi Сяргей Антончык. С. Антончык знаходзiўся на заводах Оршы адзiн дзень. Ён праводзiў сустрэчы з рабочымi з мэтаю арганiзацыi i падрыхтоўкi рэспублiканскага страйку 15 красавiка. Супрацоўнiкi мiлiцыi затрымалi i даставiлi Сяргея Антончыка ў суд, i судзьдзя распачала над iм працэс за арганiзацыю несанкцыянаванага мiтынгу. Пракурор прасiў пакараць С. Антончыка арыштам на 7 сутак. Але калі стала вядома, што памёр Генадзь Карпенка, С. Антончык папрасiў судзьдзю адпусьцiць яго на пахаваньне сябра. Судзьдзя пагадзiлася i вызвалiла Антончыка з умоваю, што пасьля пахаваньня ён вернецца ў аршанскi суд.
13-14 красавiка ў Оршы праходзiў судовы працэс над старшынёй Рэспублiканскага страйкаму С. Антончыкам. У судзе iнтарэсы Антончыка баранiлi грамадзкiя абаронцы Праваабарончага Цэнтру «Вясна-96» Валянцiн Стэфановiч i Уладзiмiр Падгол. Падчас суда ўсе сьведкi, якiя першапачаткова засьведчылi, што Сяргей Антонавiч быў арганiзатарам i кiраўнiком мiтынгу, зьмянiлi паказаньнi. З iх вынiкала, што мiтынгу не было, а Антончык каля прахадной заводу адказваў на пытаньнi рабочых. Пытаньнi, як засьведчылі рабочыя, тычылiся малых заробкаў i шляхоў iх падвышэньня. Судзьдзя гарадзкога суда прызнала С. Антончыка вiнаватым у тым, што ён адказваў на пытаньнi рабочых, чым парушыў артыкул 167.1 КаАП Беларусi (парушэньне парадку правядзеньня мiтынгаў). За адказы на пытаньнi рабочых С. Анточык асуджаны да 10 млн. штрафу.
8, 9, 12 і 14 красавiка ў Вiцебску мiлiцыянтамi за адное і тое ж «парушэньне» затрымліваліся галоўны рэдактар незалежнай газеты «Выбар» Барыс Хамайда i старшыня Рады БНФ «Адраджэньне» («Выбар») Уладзiмiр Плешчанка. Яны стаялi ў ажыўленым месцы ў цэнтры горада, прадавалi апазiцыйныя газеты, на грудзях у Б. Хамайды быў плакат з надпiсам «Незалежная прэса». У аддзяленьнi мiлiцыi кожны раз на iх складаліся пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным пiкеце. У мiлiцыi iх трымалi ад адной да трох гадзiнаў. Суд, якi адбыўся пасьля першага затрыманьня (8-га красавіка), прызнаў iх невiнаватымi.
14 красавiка ў Вiцебску мiлiцыянты затрымалi грамадзянiна Беларусi, жыхара Вiцебска Сьцяпана Серабро. У ягонай кiшэнi знайшлi даляр ЗША, на якім на месцы партрэта Прэзiдэнта ЗША знаходзiўся здымак Сьцяпана Серабро, а таксама падобную да даляра жартаўлiвую банкноту ў 500 тысячаў рублёў, што па вартасьцi адпавядае аднаму даляру. Супраць Сьцяпана Серабро ўзбудзiлi крымiнальную справу па арт. 84 Крымiнальнага Кодэксу РБ (выраб i падробка грошай з мэтаю збыту i нажывы). Як заявiў адвакат — гэта грубае парушэньне закону i правоў чалавека, бо Серабро не спрабаваў збываць гэтыя «банкноты». Дарэчы, падобныя купюры прадаюцца ва ўсiх шапiках Беларусi. На допыце Сьцяпана зьбiвалi i настойлiва дапытвалiся, цi не перадаў яму гэтыя «грошы» галоўны рэдактар газеты «Выбар» Барыс Хамайда.
14 красавiка ў Вiцебску ў 24 гадзiны на кватэры, дзе знаходзiўся брат Сьцяпана Серабро, актывiст БНФ «Адраджэньне», Сяргей, iнсьпектар мiлiцыi (АБЭП) правёў вобыск. Былi канфiскаваныя кампутар, прынтэр, 50 кампутарных дыскетаў, нумары газеты «Выбар», лiст Б. Хамайды да габрэяў сьвету ў падтрымку Уладзіміра Плешчанкi, якi 7 месяцаў беспадстаўна сядзеў у турме. Вобыск праводзiўся нібыта на падставе ўзбуджанай супраць Сьцяпана Серабро крымiнальнай справы па арт. 84 КК РБ. Гэта было парушэньнем закону, бо вобыск у такiх абставiнах мусiў праводзiць сьледчы, якi вядзе гэтую справу.
15 красавiка на працы Сяргея Серабро мiлiцыянты канфiскавалi кампутар, на якiм ён працаваў. 15 красавiка братоў Серабро Сьцяпана i Сяргея затрымалi на трое сутак (утрымлiвалi ў сьпецпрыёмнiку-разьмеркавальнiку), абвiнавачаньне iм прад’явiлi праз 20 гадзiнаў (паводле закону, гэта павінна быць зроблена праз тры гадзiны). Сяргей абвясьцiў галадоўку i трымаў яе трое сутак.
15 красавiка судовы працэс над удзельнiкамi антыядзернай акцыi 2 красавiка Юрыем Хадыкам i Галiнай Кунiнай быў адкладзены, бо судзьдзю Людмiлу Савасьцьян забрала «хуткая дапамога». 2 красавiка намесьнiк старшынi БНФ «Адраджэньне» Ю. Хадыка быў на плошчы Якуба Коласа, ад якой пачалося антыядзернае шэсьце. З плошчы Якуба Коласа Юры Хадыка разам з жонкай, сястрой i сябрамi пайшоў у тэатр iмя Янкi Купалы на п’есу «Касьцюмер». А 14 красавiка на кватэру да Ю. Хадыкi зьявiлiся супрацоўнiкi мiлiцыi, якiя склалi пратакол пра ягоны ўдзел у недазволеным шэсьцi i мiтынгу, i зьбiралiся адразу даставiць яго ў суд. Але Ю. Хадыка заявiў аб тым, што хацеў бы, каб у судовым працэсе прымаў удзел адвакат, таму суд быў прызначаны на 15 красавiка i мусiў адбыцца ў гарадзкiм аддзяленьнi мiлiцыi (ГАМе) № 1 (на Камароўскiм рынку). На гэты ж дзень быў прызначаны суд над Галiнай Кунiнай, якая падчас антыядзернай акцыi была жорстка зьбiтая людзьмi ў цывiльным i да 9 красавiка знаходзiлася ў бальнiцы з сатрасеньнем мозгу. «Працэс адкладаецца...», — сказала судзьдзя, калi яе забiрала «хуткая дапамога».
25 красавiка ў Мiнску адбылося традыцыйнае жалобнае шэсьце «Чарнобыльскi шлях», прысьвечанае 13-ым угодкам чарнобыльскай аварыi. 8 удзельнiкаў акцыi былi дастаўленыя ў РАУС Савецкага раёну. Калі быць дакладнымі, то яны нават не пасьпелі прыняць удзел у «Чарнобыльскім шляху». Затрыманыя зьвярнулiся ў ПЦ «Вясна-96». У заяве Аляксандра Унгура гаворыцца: «Я быў затрыманы супрацоўнiкамi мiлiцыi а 12 гадзiне каля Акадэмii навук разам з В. Бруцкiм, А.Сецькам, Ю. Меляшкевiчам (непаўнагадовы), С. Мацкойцам, Л. Амбразевiчам (непаўнагадовы), А. Лазарчык i М. Кунiнай (непаўнагадовая). Сярод супрацоўнiкаў мiлiцыi былi Якубовiч, Фiлiповiч i Цiмохаў. Нас абвiнавацiлi ў «несанкцыянаваным зборы» і завезьлi ў Савецкi РАУС, дзе пратрымалi болей за тры гадзiны без складаньня пратаколаў (акрамя Мацкойца). Нас падвяргалi псiхалагiчнаму цiску, зьдзеквалiся i прынiжалi нашую чалавечую годнасьць». Адна з затрыманых, шаснаццацiгадовая Марыя Кунiна, засьведчыла наступнае: «Мы стаялi каля кiнатэатру «Кастрычнiк» з мэтай дачакацца людзей, якiя маглi прыйсьцi, прачытаўшы правакацыйныя ўлёткi з заклiкам iсьцi на «Чарнобыльскi шлях» ад Акадэмii навук. Мы хацелi арганiзавана, без эксцэсаў i правакацыяў давесьцi iх на дазволены Мiнгарвыканкамам мiтынг на плошчу Якуба Коласа». Пасьля заканчэньня акцыі затрыманыя былі вызваленыя.
29 красавiка суд Савецкага раёну г. Мiнску вынес папярэджаньне Галiне Кунiнай — удзельнiцы антыядзернай акцыi 2 красавiка. У гэты дзень Г. Кунiна была зьбiтая невядомымi асобамi ў цывiльным i 10 дзён правяла ў бальнiцы.
1 траўня на плошчы Незалежнасьці г. Мiнску адбылiся шэсьце i мiтынг, санкцыянаваныя ўладамi. Асобнай калонай па плошчы прайшлi прадстаўнiкi сацыял-дэмакратычнай партыi «Народная Грамада» пад кiраўнiцтвам Мiкалая Статкевiча i свабодных прафсаюзаў пад кiраўнiцтвам Мiхаiла Марынiча. У калоне апазiцыi iшлi таксама сябры каманды кандыдата ў прэзiдэнты Мiхаiла Чыгiра. Дэманстранты абышлi вакол плошчы Незалежнасьці — як напярэдаднi было ўзгоднена з кiраўнiцтвам мiлiцыi (на плошчы ў гэты час праходзіў «афіцыйны» мітынг, куды людзей зьбіралі паводле сьпецыяльнай «разнарадкі», якую кіраўнікам прадпрыемстваў і ўстановаў «спускалі зьверху»: колькі чалавек павінна прыйсьці, колькі мець сьцягоў, плакатаў і партрэтаў прэзідэнта). Пасьля гэтага ўдзельнікі акцыі разышлiся, толькі каля гатэлю «Мiнск» засталася невялiкая купка жанчынаў, якія сьпявалi народныя песьнi. Затрыманьні ўдзельнiкаў «апазіцыйнага» шэсьця пачаліся адразу пасьля заканчэньня першамайскай дэманстрацыi. Былі арыштаваныя Мiкола Статкевiч, Ганна Статкевiч (16 гадоў, дачка Мiколы Статкевiча — старшынi сацыял-дэмакратычнай партыi «Народная Грамада»), Iгар Сiмчанка (жыхар г. Брэсту), Мiхаiл Ганчарык, Леанiд Дзейка, Аляксандр Абрамовiч (жыхар г. Барысаву), Мiкалай Усьцiменка, Сяргей Салдаценка, Мiхась Арастовiч, Сьвятлана Ганчаронак, Георгi Саламенiк, Цiмафей Дранчук (непаўнагадовы), Тацяна Марозава (непаўнагадовая), Мiхась Марынiч (старшыня свабоднага прафсаюзу металiстаў), Вячаслаў Козел, Мiкалай Жукоўскi. Непаўнагадовых, а іх было чацьвёра, пратрымалi ў пастарунку больш за пяць гадзiнаў, хаця, паводле закону, мелi права затрымлiваць ня болей, чым на тры гадзiны. 5 траўня судовая вытворчасьць па справах удзельнiкаў дэманстрацыi была спыненая па прычыне адсутнасьцi ў іх дзеяньнях складу адмiнiстратыўнага правапарушэньня.
5 траўня суд Савецкага раёну г. Мiнску судзiў журналiста, праваабаронцу Валерыя Шчукiна за ўдзел у антыядзернай акцыi 2 красавiка. Суд вынес рашэньне — 5 сутак адмiнiстратыўнага арышту. Судзьдзя дазволiла В. Шчукiну адсьвяткаваць Дзень Перамогi 9 траўня на волi. 10 траўня В. Шчукiн адправiўся ў сьпецпрыёмнiк-разьмеркавальнiк. Трапiўшы ў сьпецпрыёмнiк, Валеры Шчукiн вырашыў прагаласаваць за аднаго з кандыдатаў у прэзiдэнты. 13 траўня да сьпецпрыёмнiку-разьмеркавальнiку прыехалi прадстаўнiкi Цэнтральнай выбарчай камiсii. Але адмiнiстрацыя сьпецпрыёмнiку не дазволiла В. Шчукiну ажыцьцявiць яго выбарчае права.
24 траўня ў Мiнску на плошчы Якуба Коласа адбыўся мітынг у падтрымку былога прэм’ер-мiнiстра Беларусi, кандыдата ў прэзiдэнты РБ — зьняволенага Мiхаiла Чыгiра. Жонка Мiхаiла Чыгiра Юлiя Чыгiр паведамiла прысутным, што 24 траўня — дзень нараджэньня яе мужа. Менавiта ў гэты дзень (на тыдзень раней прызначанага тэрмiну) М. Чыгiру паведамiлi пра тое, што тэрмiн яго зьняволеньня працягнуты яшчэ на два месяцы.
6 ліпеня не прыступілі да працы рабочыя асноўных цэхаў АТ «Орша». Рабочыя сабраліся каля ўпраўленьня заводу. Прычына страйку ў тым, што апошні раз зарплату давалі за красавік. Кіраўніцтва заводу паабяцала выплаціць грошы ў ліпені, але на патрабаваньне павысіць заробкі ў 2,5 разы не адказала ніяк.
З 6 ліпеня страйкавалі рабочыя аб'яднаньня «Мазырсельбуд» у Нароўлі. Рабочыя не атрымалі яшчэ заробак за вясновыя месяцы, пры тым што сярэдняя зарплата — 5-10 млн. руб. (прыкладна 10-20 даляраў ЗША). Кожную раніцу рабочыя прыходзілі на тэрыторыю прадпрыемства са сваімі сем’ямі — самаму маленькаму ўдзельніку страйку яшчэ няма году. Рабочыя кажуць, што ім «ужо няма на што купіць нават хлеба».
7 ліпеня ў Гродне некалькі соцень супрацоўнікаў ГВА «Азот» пікетавалі будынак адміністрацыі заводу. Пікет ладзіў незалежны прафсаюз «Азота». Пікетоўцы патрабавалі павышэньня заробку і павелічэньня колькасьці адпачынкаў у летні перыяд.
У ліпені рабочыя племзаводу «Новы двор» Сьвіслацкага раёну Гродзенскай вобласьці абвясьцілі забастоўку, якую распачалі трактарысты, адмовіўшыся ў самы разгар уборкі сена выехаць у поле. Трактарыстаў падтрымалі жывёлаводы. Прычына — людзі ўжо 6 месяцаў не атрымліваюць заробку.
10 ліпеня ў мінскім Палацы ветэранаў у паўкансьпіратыўных умовах прайшоў Першы Нацыянальны зьезд рабочых. На зьезьдзе прысутнічала 315 дэлегатаў-рабочых з 42 гарадоў Беларусі, якія прадстаўлялі 287 прадпрыемстваў. Рабочыя зьвярнуліся да А. Лукашэнкі з просьбай добраахвотна пайсьці ў адстаўку 20 ліпеня. Калі ён ня зробіць гэта, рабочыя абяцаюць распачаць масавыя акцыі супраць незаконнага захопу ўлады і дыктатуры.
11 ліпеня ў адным з санаторыяў пад Лепелем (Віцебская вобласьць) прайшла дзелавая сустрэча сяброў аргкамітэту па стварэньні Саюзу афіцэраў Беларусі — грамадзкага аб’яднаньня, пра арганізацыю якога заявіў былы міністр унутраных справаў Юры Захаранка. Пасьля раптоўнага зьнікненьня Ю.Захаранкі справу стварэньня Саюзу афіцэраў падхапілі ягоныя паплечнікі. Падчас сустрэчы абмеркаваныя задачы новай арганізацыі і формы яе супрацоўніцтва з Лігай афіцэраў міліцыі.
З 12 ліпеня на Магілёўскім аўтазаводзе зноў распачаліся страйкі рабочых. Раней рабочыя, паверыўшы дырэктару завода, што зарплата за травень будзе выплачана ў бліжэйшы час, страйк прыпынілі. Але дырэктар, ня выканаўшы абяцаньня, зьехаў у адпачынак. Кіраўніцтва МаАЗу зноў паабяцала, што ў бліжэйшы час заробак будзе выплачаны. На што рабочыя адказалі: калі зноў будзе падман, то страйк стане бестэрміновым.
21 лiпеня ў Беларусi адбывалiся мерапрыемствы, зьвязаныя з заканчэньнем тэрміну прэзiдэнцкiх паўнамоцтваў А. Лукашэнкi. У Мінску з гэтай нагоды на Кастрычніцкай плошчы адбыліся масавыя гуляньні. Вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін каля рэзідэнцыі прэзідэнта правёў мастацкую акцыю — перформанс з нагоды сканчэньня тэрміну легітымнасьці Лукашэнкі. Увечары, пасьля заканчэньня акцыі апазіцыі, пачалiся арышты ўдзельнiкаў сьвята. «Працавалі» у асноўным «асобы ў цывільным». Пры гэтым было затрымана шмат выпадковых людзей, якія проста праходзілі паўз плошчу. Шмат каго пры затрыманьнi зьбiвалi, абражалi нецэнзурнай лаянкай, надзявалi кайданкi, да сярэдзiны ночы трымалi ў аддзяленьнях мiлiцыi i не дазвалялi патэлефанаваць дамоў. Асаблiва жорстка былi зьбiтыя: Алег Воўчак — былы сьледчы пракуратуры, ветэран вайны ў Афганiстане, кiраўнiк праваабарончай арганiзацыi «Прававая дапамога насельнiцтву» і дацэнт Беларускай полiтэхнiчнай акадэмii Сяргей Качаноўскi. Як звычайна, сярод затрыманых былi выпадковыя людзi, якiя не прымалi ўдзелу ў народных гуляньнях (да прыкладу, быў затрыманы архiтэктар Яўген Iўлеў). Сярод затрыманых было шмат непаўнагадовых. На станцыi метро «Кастрычнiцкая» супрацоўнiкi міліцыі акружылi 7 юнакоў i дзяўчат з гораду Мар’iна Горка i пасёлку Дружны (Мiнская вобласьць). Зьмiцера Васьковiча пры затрыманьнi мiлiцыянты ўдарылi дубiнкай. Затрыманыя былi дастаўленыя ў Цэнтральны РАУС, дзе iх пратрымалi да гадзiны ночы. Непаўнагадовых адпусьцiлi, а Сьцяпан Кульчанка, якому ўжо споўнiлася 18 гадоў, атрымаў позву ў РАУС на 23 лiпеня.
21 лiпеня ў г. Пiнску (Брэсцкай вобл.) 17 чалавек зрабiлi сiмвалiчны ўчынак — выйшлi з дзеркачамi на плошчу перад гарвыканкамам i пачалi месьцi асфальт у знак таго, што ўлада ў краiне павiнна зьмянiцца. Усе 17 чалавек былi затрыманыя.
21 ліпеня ў Гродне на сьвята «Провадаў Лукашэнкi» сабралася каля дзьвюх тысячаў чалавек. Пасьля заканчэньня сьвята былi затрыманыя кiраўнiкi гарадзкой Рады БНФ «Адраджэньне» С. Мальчык, А. Астроўскі, К. Жынь, а таксама М. Воран, Я. Лiлевiч i галоўны рэдактар газеты «Пагоня» М. Маркевiч. Усе затрыманыя атрымалi позвы ў суд.
22 лiпеня з 10 ранiцы пачалiся судовыя працэсы над затрыманымi. У Цэнтральным судзе г. Мiнску судовыя працэсы вёў судзьдзя Анатоль Барысёнак. У якасьцi грамадзкiх абаронцаў выступалi супрацоўнiкi Праваабарончага Цэнтру «Вясна-96» Валянцiн Стэфановiч i Уладзiмiр Падгол. Сьведкамi па ўсiх справах былi выключна супрацоўнiкi мiлiцыi. У Цэнтральным судзе г. Мiнску былi разгледжаныя справы: Анатоля Грыхуцiка (iнжынера прадпрыемства мiжнароднай сувязi); Яна Грыба (пенсiянера); Сяргея Качаноўскага (дацэнта Беларускай полiтэхнiчнай акадэмii); Натальлi Качаноўскай (выкладчыцы ангельскай мовы Беларускай полiтэхнiчнай акадэмii); Вiктара Беласкова; Мiколы Занькi (праваабаронцы з Ганцавiчаў); Iвана Сунцова (iнжынера-тэхнолага МАЗу, грамадзянiна Расii). Усiм, чые справы разглядаліся ў Цэнтральным судзе, судзьдзя А.Барысёнак вынес папярэджаньнi. Падчас разгляду першай судовай справы, калi судзiлi Анатоля Грыхуцiка, высьветлiлася, што ў матэрыялах справы ў выглядзе доказаў знаходзяцца фотаздымкi зусiм iншага чалавека. Аднак сьведкi (супрацоўнiкi мiлiцыi) спрабавалi даказаць, што на здымках i ў зале суда — адна i тая ж асоба. Грамадзкiя абаронцы здолелi абвергнуць iлжывыя сьведчаньнi.
22 лiпеня супрацоўнiкi мiлiцыi не пусьцiлi на судовы працэс, які павінен быў адбыцца ў будынку РАУСу Маскоўскага раёну г. Мiнску, прадстаўнiкоў прэсы i грамадзкiх абаронцаў Праваабарончага Цэнтру «Вясна-96» Андрэя Юрэвiча i Барыса Гюнтэра. Сярод тых, каго павінны былі «судзіць», знаходзіліся: Сяргей Салаш (сябра «Маладога Фронту», г. Барысаў), Аляксей Сiманенка, Сяргей Абрамовiч, Сяргей Калiнiн, Анатоль Аскерка (сябра БНФ «Адраджэньне», г. Барысаў), Алег Воўчак, Аляксей Лапiцкi (г. Жодзiна), Павел Знавец (дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склiканьня), Леанiд Севасьцьянчык, Барыс Мускi.
22 лiпеня журналiст i праваабаронца, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га склiканьня Валеры Шчукiн быў затрыманы ў будынку Ленiнскага раённага суда, дзе пачаўся суд над прадпрымальнiкам i дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га склiканьня Андрэем Клiмавым, якi знаходзiцца пад вартай з лютага 1998 году. Валеры Шчукiн зьявiўся ў суд як журналiст, але ўзьнiкла нечаканая праблема — усе прадстаўнiкi прэсы прайшлi ў судовую залу вольна, не пусьцiлi толькi Валерыя Шчукiна. Валеры Шчукiн запатрабаваў тлумачэньняў, аднак падпалкоўнiк мiлiцыi даў распараджэньне затрымаць яго па арт. 156 КаАП РБ — «дробнае хулiганства». Пры выкананьнi загаду свайго начальнiка супрацоўнiкi мiлiцыi адштурхнулi ўбок кiраўнiка кансультатыўна-назiральнай групы АБСЕ ў Мiнску Ханса Георга Вiка. У 14 гадзiнаў адбыўся суд над В. Шчукiным. Судзьдзя Д. Жданок вынес рашэньне — прыцягнуць В. Шчукiна да адмiнiстратыўнай адказнасьцi — 15 сутак арышту.
27 ліпеня на плошчы Якуба Коласа ў Мінску сабралася каля пяці тысячаў грамадзянаў з мэтай адзначыць Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Мінгарвыканкам, дазваляючы правядзеньне мітынгу, сам прызначыў і месца правядзеньня яго: на плошчы Бангалор. Дэманстранты з плошчы Я. Коласа рушылі ў бок Камароўскага рынку, а там павярнулі да цэнтру гораду. Дарогу ім перакрыў кардон міліцыянтаў. Удзельнікі шэсьця зьвярнулі да прасьпекту Скарыны. Але і там іх сустрэлі сьпецназаўцы. Міліцыянты яшчэ некалькі разоў перапынялі рух калоны ў бок цэнтру гораду. Урэшце, пасьля некалькіх спробаў прарваць шэрагі сьпецназаўцаў і жорсткіх боек людзі вымушаныя былі разысьціся. Адразу пасьля гэтага пачаліся арышты. Усяго было затрымана звыш 40 чалавек. Сярод іх шмат непаўнагадовых. 19 чалавек былі зьмешчаныя ў сьпецпрыёмнік – разьмеркавальнік на вул. Акрэсьціна. Сярод тых, хто пасьля сьвята правёў ноч за кратамі, было шэсьць удзельніц жаночага хору БНФ, узрост якіх за 50 гадоў.
27 ліпеня ў горадзе Барысаве (Мінская вобласьць) адбылася несанкцыянаваная акцыя пратэсту. Мясцовыя сацыял-дэмакраты, трымаючы ў руках карыкатуры на А. Лукашэнку, публічна растапталі дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь.
28 лiпеня ў судзе Савецкага раёну г. Мiнску адбылiся працэсы над удзельнiкамi несанкцыянаванага шэсьця з нагоды Дня Незалежнасьцi Рэспублiкi Беларусь. Адразу чатыры судзьдзi разглядалi справы 15 затрыманых, якiя ўсю ноч правялi ў сьпецпрыёмнiку-разьмеркавальнiку. Большасьць затрыманых былі прыцягнутыя да адмiнiстратыўнай адказнасьцi па арт. 167. 1, ч. 1 КаАП РБ. Мiкалай Статкевiч (старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi «Народная Грамада», арганiзатар акцыi 27 лiпеня) быў прыцягнуты да адмiнiстратыўнай адказнасьцi па арт. 167. 1, ч. 2 (арганiзацыя несанкцыянаванага шэсьця). Судзьдзя I. Шэйка асудзіла М. Статкевіча да 10 сутак адмiнiстратыўнага арышту. Уладзiмiр Кунцэвiч аштрафаваны на 20 млн. рублёў (прыкладна 45 даляраў ЗША). Справы Яўгена Кулiка (вядомага беларускага мастака), Сяржука Шмялёва, Андрэя Касьцюкевiча былi перанесеныя, бо яны заявiлi хадайнiцтвы аб прыцягненьні адвакатаў. Сярод затрыманых было 9 жанчынаў, у асноўным сталага ўзросту — пенсiянерак. Судзьдзя Аляксей Тамашоў, якi не задаволiў хадайнiцтва аб удзеле ў працэсе грамадзкiх абаронцаў Праваабарончага Цэнтру «Вясна-96» Валянцiна Стэфановiча i Алеся Бяляцкага, вынес наступныя адмiнiстратыўныя спагнаньнi: Алена Салаўёва — папярэджаньне, Галiна Мядзьведзева — папярэджаньне, Вера Церлюкевiч — папярэджаньне. Судзьдзя М. Фёдарава вынесла папярэджаньнi Марыі Iгнатовiч, Любові Сакалоўскай і Сьвятлане Мамiс. Судзьдзя Андрэй Ганчарык усiм затрыманым, справы якiх ён разглядаў, прысудзіў штрафы ў памеры 20 млн. рублёў. Сярод аштрафаваных: Лета Усьцiновiч (пенсiянерка), Алеся Манахава, Аляксандр Каралёў, Вера Цiцянкова. Справа ў адносінах да Яўгена Асiнскага, якi падазраецца ў зьдзяйсьненьнi гвалтоўных дзеяньняў супраць супрацоўнiкаў мiлiцыi пры ягоным затрыманьнi, не разглядалася. Я. Асiнскi знаходзiцца ў IЧУ (iзалятары часовага ўтрыманьня).
Частка 2
4 жніўня ў Гарадзкім аддзеле міліцыі Ленінскага раёну г. Мінску адбыўся суд над Канстанцінам Рэзьнічкам. Яго асудзілі на 15 сутак пазбаўленьня волі па артыкуле 167.1,ч.2 КаАП РБ за тое, што ён выйшаў з плакатамі «15 дзён без Лукі!» і «Лукашэнка, гульні з народам небясьпечныя для здароўя!» да рэзідэнцыі прэзідэнта на вуліцы К. Маркса, 38 у Мінску. К. Рэзьнічак змог пікетаваць толькі 15 хвілінаў. Міліцыянты затрымалі яго і даставілі ў ГАМ Ленінскага раёну.
13 жніўня на паседжаньне адміністрацыйнай камісіі пры Барысаўскім гарвыканкаме былі выкліканыя сябры БСДП(НГ) Алеся Юсюк і Надзея Грачуха. Іх выклікалі дзеля таго, каб пакараць за ўдзел у акцыі пратэсту, што адбылася 27 ліпеня. Дзяўчаты адмовіліся зьявіцца на паседжаньне, заявіўшы пра акцыю непадпарадкаваньня ўладам.
13 жніўня ў суд Цэнтральнага раёну г. Мінску былі выкліканыя браты Дзьмітрый і Аляксандр Абрамовічы. Іх зьбіраліся судзіць за ўдзел у «Провадах Лукашэнкі» 21 ліпеня. Дзьмітрый і Аляксандр заявілі аб акцыі непадпарадкаваньня ўладам і адмовіліся зьявіцца ў дзяржаўную ўстанову.
20 жніўня судовы выканаўца Ленінскага раёну г. Гродна наведаў кватэры аштрафаваных судом за ўдзел у акцыі 21 ліпеня «Бывай, Прэзідэнт» Алеся Астроўскага, Сяргея Мальчыка, Мікалая Маркевіча і Мікалая Ворана з мэтаю апісаньня маёмасьці ў лік штрафаў, якія атрымалі апазіцыйныя актывісты. Самы вялікі штраф — 200 мільёнаў рублёў — атрымаў прафесар медінстытуту доктар медыцынскіх навук Алесь Астроўскі. Імя прафесара вядомае ва ўсім сьвеце, бо ён стварыў тэхналогію перасадкі скуры, якая дазваляе прыжывацца скуры ў 10 разоў хутчэй. Калі судовы выканаўца агледзеў маёмасьць сусьветна вядомага вучонага, ён заявіў, што ў яго няма чаго апісваць! І судовы выканаўца вырашыў, што будзе спаганяць з заробку прафесара 20 працэнтаў.
3 верасьня ў мінскім мікрараёне «Малінаўка» адбываўся санкцыянаваны пікет, які праводзілі актывісты «Хартыі-97» пад лозунгам «Дыктатуры капец!» На пікеце прысутнічалі вядомыя палітыкі, сярод якіх быў і намесьнік старшыні БНФ «Адраджэньне» Юры Хадыка. Да Ю. Хадыкі падышлі два міліцыянты і далі позвы. Адну позву ў суд на 13 верасьня за ўдзел у сьвяце «Провады Лукашэнкі», якое бы-ло 21 ліпеня. Другую позву – у Савецкі РАУС г. Мінску для складаньня пратаколу аб адміністратыўным правапарушэньні па артыкуле 167.1 ч. 2 (за ўдзел у шэсьці з нагоды Дня Незалежнасьці 27 ліпеня.) У гэты ж час Ю.Хадыка даведаўся, што ён аштрафаваны судом Савецкага раёну на 150 млн. рублёў 31 траўня. Суд адбываўся ў адсутнасьць Ю. Хадыкі. Яго асудзілі за тое, што ён прыйшоў паглядзець на мітынг, які праводзіла Асацыяцыя маладых палітыкаў. У гэты час Ю. Хадыку сфатаграфавалі міліцыянты і на падставе фотаздымкаў судзілі. Такім чынам, у судзе судзілі не Ю. Хадыку, а ягоны фотаздымак. У парушэньне арт. 247 КаАП РБ судзьдзя Савецкага раённага суда г. Мінску Л.Савасьцян прыцягнула Ю.Хадыку да адміністратыўнай адказнасьці ў ягоную адсутнасьць, чым пазбавіла яго магчымасьці бараніць сябе ў судовым працэсе, карыстацца дапамогай адваката. Трэба адзначыць, што гэта ўжо ня першы выпадак, калі судзьдзі ў парушэньне закону прыцягваюць людзей да адміністратыўнай адказнасьці «завочна», у іх адсутнасьць. Праваабарончы Цэнтр «Вясна-96» падаў скаргу на пастанову суда Савецкага раёну г. Мінску на імя старшыні Мінскага гарадзкога суда. У выпадку адмоўнага рашэньня скарга будзе накіраваная ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.
7 верасьня ў скверы Янкі Купалы ў Мінску павінна была адбыцца акцыя Беларускай партыі свабоды з нагоды Дня Беларускай вайсковай славы, якое адзначаецца 8 верасьня. Прыкладна ў 19.00 у парку перад помнікам Янкі Купалы сабралася больш за сотню чалавек. Было шмат моладзі, прысутнічалі прадстаўнікі незалежнай прэсы, вядомыя мастак Алесь Пушкін і паэт Славамір Адамовіч, які дзесяць месяцаў правёў за кратамі за напісаньне верша «Забі прэзідэнта». Ніхто з прысутных не трымаў плакатаў, сьцягоў, не выкрыкваў ніякіх лозунгаў. Праз некалькі хвілінаў зьявіліся супрацоўнікі міліцыі. Яны адразу падышлі да Славаміра Адамовіча, які даваў аўтографы на сваіх кнігах вершаў. На вачах прысутных без ніякіх тлумачэньняў супрацоўнікі міліцыі заламалі рукі С. Адамовічу і сталі цягнуць яго ў падагнаны міліцэйскі аўтобус. Аперацыяй затрыманьня кіраваў маёр АМАПу. На патрабаваньні С. Адамовіча, журналістаў і назіральнікаў Праваабарончага Цэнтру «Вясна-96» назвацца і растлумачыць прычыны арышту, міліцыянты не зьвярталі ўвагі... Калі людзі пачалі разыходзіцца, супрацоўнікі міліцыі, якія фіксавалі ўсё што адбывалася на некалькі відэакамераў, у розных месцах гораду сталі затрымліваць тых, хто прысутнічаў пры арышце С. Адамовіча і спаленьні расійскага сьцягу. На Кастрычніцкай плошчы быў арыштаваны журналіст газеты «Беларуская маладзёжная» Сяргей Чырык, які меў пры сабе відэакамеру і рабіў здымкі ў скверы. Славаміра Адамовіча пратрымалі ў міліцэйскім пастарунку да адзінаццатай гадзіны вечара і, склаўшы пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні па арт. 167.1 ч. 2 КаАП РБ, адпусьцілі дахаты. Усяго ў гэты дзень было затрымана 7 чалавек, сярод якіх 5 сяброў Беларускай партыі свабоды.
8 верасьня ў г. Мiнску адбыліся сьвяточнае шэсьце i мiтынг з нагоды Дня беларускай вайсковай славы (485-ыя ўгодкi перамогi войска Вялiкага Княства Лiтоўскага над войскамi Маскоўскага княства пад Оршай у 1514 г.). У гэты дзень былi запланаваныя шэсьце, тэатралiзаваная iмпрэза (рыцарскi турнiр) i рок-канцэрт вядомага беларускага гурта «Н.Р.М.» Сьвяткаваньне, наладжанае апазiцыяй, супала з вiзiтам у Беларусь новага расiйскага прэм’ера Уладзiмiра Пуцiна, якi ў гэты дзень меў сустрэчу з А. Лукашэнкам. Акцыя пачалася шэсьцем з плошчы Парыжскай камуны да скверу Янкi Купалы. Дэманстранты несьлi плакаты з антыiнтэграцыйнымi лозунгамi, а дзяўчаты адорвалi ўсiх мужчын кветкамi i вiншавалi iх са сьвятам. Але ўлады чарговы раз вырашылi сапсаваць сьвята, наладжанае апазіцыяй. Перад пачаткам рок-канцэрту раптоўна была адключаная электрычнасьць, у вынiку чаго канцэрт, якога асаблiва чакала моладзь, не адбыўся. Акрамя таго, падчас iмпрэзы прыкладна каля дзесяцi прадстаўнiкоў прарускiх неанацысцкiх груповак наладзiлi правакацыю супраць удзельнiкаў акцыi апазіцыi. Спачатку яны пачалi чапляцца да чарнаскурага беларускамоўнага падлетка, якi актыўна ўдзельнiчае ў апазіцыйных акцыях. Але за яго заступiліся сябры. Пачалася бойка, у вынiку якой фашысты былi вымушаныя ўцячы, а двух з iх дэманстранты здалi мiлiцыi.
8 верасьня падчас сьвяткаваньня Дня вайсковай славы, якое праходзiла ў Мiнску ў скверы Янкi Купалы, мiлiцыянты запрасiлi ў РАУС Цэнтральнага раёну на 10 верасьня дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, вядомага праваабаронцу В. Шчукiна. У прызначаны час В.Шчукiн прыйшоў у РАУС. З iм размаўляў намесьнiк загадчыка аддзелу прафiлактыкi i аховы грамадзкага парадку. Прычына запрашэньня В.Шчукiна была ў тым, што судзьдзя суда Цэнтральнага раёну А. Барысёнак вярнуў у мiлiцыю пратакол, якi мiлiцыянты склалi на В. Шчукiна за ягоны ўдзел у сьвяце «Провады Лукашэнкi», i запатрабаваў скласьцi пратакол згодна з патрабаваньнямi КаАП. Справа ў тым, што пратакол быў складзены завочна, без удзелу В. Шчукiна, што зьяўляецца парушэньнем закону. У В.Шчукiна ўзялi тлумачэньнi i запiсалi iх. Упершыню складальнiк пратаколу згодна з артыкулам 232 КаАП ацанiў паказаньнi мiлiцыянтаў i В. Шчукiна i ўбачыў, што з паказаньняў мiлiцыянтаў не вынiкае вiнаватасьць В. Шчукiна. Супрацоўнiк мiлiцыi не знайшоў падставаў для складаньня пратаколу, i В. Шчукiна ўлады вымушаныя былi адпусьцiць.
27 верасьня ў судзе Савецкага раёну г. Мінску адбылося чацьвёртае судовае паседжаньне па адміністратыўнай справе кіраўніка Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алега Трусава, які абвінавачваўся ў тым, што прымаў удзел у несанкцыянаваным шэсьці 27 ліпеня 1999 года з нагоды Дня Незалежнасьці. На першых трох паседжаньнях справу разглядала судзьдзя суда Савецкага раёну І. Шэйка. На гэтых паседжаньнях былі апытаныя сьведкі з боку А.Трусава, прагледжана відэастужка падзеі, на якой не было бачна А.Трусава. На чацьвёртым паседжаньні справа была перададзеная судзьдзі Р. Казадаеву. Ён, парушыўшы заканадаўства, не пачаў разгляд справы з самага пачатку, а адразу выслухаў сьведку, у ролі якога традыцыйна выступаў міліцыянт. Грамадзкім абаронцам А.Трусава быў прадстаўнік Праваабарончага Цэнтру «Вясна-96» Барыс Гюнтэр. Нягледзячы на довады адваката, што А.Трусаў зьяўляецца карэспандэнтам і сябрам рэдкалегіі газеты «Наша слова» і 27 ліпеня наглядаў за шэсьцем збоку, судзьдзя прызнаў Трусава вінаватым і вынес яму папярэджаньне.
30 верасьня ў буйнейшых гарадах Беларусі адбыліся акцыі пратэсту, арганізаваныя афіцыйнымі і незалежнымі прафсаюзамі. У Мінску ў мітынгу, што адбыўся на плошчы Бангалор, прынялі ўдзел каля 15 тысячаў працоўных, незадаволеных становішчам у краіне. Акцыя адбылася нягледзячы на жорсткае супрацьдзеяньне ўладаў.
30 верасьня ў Віцебску пасьля мітынгу пратэсту супраць пагаршэньня ўмоваў жыцьця, які арганізавалі мясцовыя арганізацыі Свабодных прафсаюзаў, толькі за тое, што меў на галаве стужку бел-чырвона-белага колеру, быў арыштаваны настаўнік беларускай мовы СШ№40 Мікола Яраш. У гэты ж дзень таксама пасьля мітынгу ў Віцебску за нібыта распаўсюджваньне газеты «Народны прэзідэнт» (яе перад тым распаўсюдзіў сярод прысутных невядомы) быў затрыманы старшыня мясцовай рады БНФ Уладзімір Плешчанка.
17 кастрычніка ў Мінску прайшоў «Марш Свабоды», які скончыўся сутыкненьнямі дэманстрантаў з міліцыянтамі і салдатамі ўнутраных войскаў і шматлікімі арыштамі. Мінскі гарвыканкам правядзеньне шэсьця ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Незалежнасьці забараніў, дазволіўшы правесьці толькі мітынг на плошчы Бангалор. І гэта нягледзячы на тое, што кіраўнік КНГ АБСЕ спадар Вік зьвярнуўся ў гарвыканкам з просьбай дазволіць правядзеньне мітынгу на плошчы Незалежнасьці. Удзельнікі Маршу зьбіраліся на плошчы Якуба Коласа. У 13 гадзінаў адсюль у напрамку плошчы Бангалор рушыла калона з 5-7 тысячаў чалавек. Міліцыянтаў, на дзіва, было мала. Да калоны пачалі далучацца людзі. У кароткім мітынгу на плошчы Бангалор ужо ўдзельнічала каля 20 тысячаў чалавек. З плошчы Бангалор калона дэманстрантаў накіравалася ў бок плошчы Незалежнасьці, каб занесьці туды нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг і сіня-зорны сьцяг Еўрапейскага Саюзу. Лік удзельнікаў шэсьця ўвесь час рос і да прасьпекту Скарыны падыходзіла ўжо калона з 30 тысячаў чалавек. Дэманстранты паводзілі сябе прыстойна, спакойна, паварочваючы па прапанове міліцэйскіх кардонаў і не ўступаючы з імі ў канфлікт. Так, міліцыянты не пусьцілі дэманстрантаў ў бок плошчы Перамогі, а скіравалі на вуліцу Казлова і далей на Першамайскую. Там на мосьце цераз Сьвіслач іх ужо чакалі АМАПаўцы і салдаты ўнутраных войскаў. Паводле словаў каментатараў Беларускага тэлебачаньня, А. Лукашэнка ўвесь час назіраў за разгортваньнем падзеяў у цэнтры Мінску і ў тры гадзіны дня аддаў загад спыніць рух калоны, г. зн., рашэньне аб жорсткай расправе над удзельнікамі шэсьця прымаў непасрэдна ён.
Уздоўж вуліцы Я. Купалы, у двары Дзяржцырку, у дварах бліжэйшых дамоў было сканцэнтравана да пяці тысячаў міліцыянтаў і службоўцаў унутраных войскаў. Мірнае шэсьце падышло да кардону, што быў выстаўлены на мосьце цераз Сьвіслач... Калона падышла да міліцэйскага кардону на мосьце і спынілася. Людзі пастаялі, пакрычалі міліцыянтам, якія прыкрыліся шчытамі: «Каму служыце?», «Як вам ня сорамна?»... Далей шляху не было. І тады адзін з кіраўнікоў акцыі сказаў: «Разварочваемся і ідзем назад, да плошчы Якуба Коласа». Дэманстранты павярнуліся і адышліся колькі крокаў ад кардону. І тады шчыты рассунуліся, выскачылі АМАПаўцы і пачалі зьбіваць, хапаць і цягнуць дэманстрантаў. Натуральна, людзі пачалі адбівацца. Спачатку дрэўкамі ад сьцягоў, а потым камянямі. Пачалася жорсткая сутычка, якая цягнулася каля 40 хвілінаў. У выніку сутыкненьня зьявіліся першыя параненыя з абодвух бакоў... Удзельнікі шэсьця адбілі тры «атакі» міліцыянтаў. Аднак што маглі зрабіць мірныя людзі супраць узброеных дубінкамі, схаваных за шчыты, бронекамізэлькі ды шлемы міліцыянтаў? А таму людзі сталі разьбягацца. Вось тады і пачалася сапраўдная расправа над імі, якая працягвалася ў міліцэйскіх пастарунках, у міліцэйскіх аўтобусах — увечары, ноччу, ранкам наступнага дня... Пацярпелых сотні, сярод іх шмат непаўнагадовых, а таксама людзей выпадковых, якія ў той час аказаліся блізка: на вуліцы, у парку, у крамах...Паводле папярэдніх зьвестак, у выніку сутыкненьняў пацярпела больш за 50 міліцыянтаў і салдатаў, арыштавана больш за 100 удзельнікаў «Маршу Свабоды».
17 кастрычніка ў абласных цэнтрах Беларусі прайшлі акцыі ў падтрымку Маршу Свабоды. У Магілёве пасьля санкцыянаванага ўладамі мітынгу затрыманы старшыня праўленьня Магілёўскага праваабарончага цэнтру (МПЦ) Валадар Цурпанаў. Яго затрымалі за плакат «Не — палітычным рэпрэсіям». У Віцебску на мітынгу прынятая рэзалюцыя, накіраваная ў адрас А. Лукашэнкі і С. Лінга, дзе ёсьць патрабаваньне неадкладнага абвяшчэньня тэрмінаў правядзеньня выбараў прэзідэнта краіны і спыненьня дзеяньняў па стварэньні саюзнай беларуска-ра-сійскай дзяржавы.
18, 19 і 20 кастрычніка пасьля «Маршу Свабоды» у некалькіх судах г. Мінску адбыліся разгляды справаў супраць затрыманых. Усяго асуджана 65 чалавек, 20 з іх атрымалі арышт на розныя тэрміны.
Суды, якія адбыліся 18 кастрычніка:
Суд Савецкага раёну г. Мінску (судзьдзі Шэйка, Лазовік, Мільгуй, Казадаеў)
1. Аляксахін Уладзімір – папярэджаньне.
2. Сідарэвіч Анатоль – суд перанесены на 2.11.99 г.
3. Гразнова Людміла (заяўляльнік акцыі) – штраф 300 млн. руб. (500 даляраў ЗША).
4. Більдзюк Аляксей – папярэджаньне.
5. Савіцкі Павал — штраф 30 млн. руб. (50 даляраў ЗША).
6. Чарняўскі Сяргей – штраф 30 млн. руб.
7. Капарыха Павал — штраф 30 млн. руб.
8. Шалістовіч Аляксей – папярэджаньне.
9. Глушко Аляксей – штраф 29 млн. руб.
10. Гузкоў Кірыла – 5 сутак арышту.
11. Юркевіч Зьміцер – суд перанесены на 22.10.99 г.
12. Лугін Яўген – 10 сутак арышту.
13. Назараў Аляксей – 5 сутак арышту.
14. Маковік Натальля – суд перанесены на 21.10.99 г.
15. Касьпяровіч Алег – 29 млн. руб.
16. Кірылёнак Павал – 10 сутак арышту.
17. Жук Вячаслаў – 5 сутак арышту.
18. Мухля Юрась – штраф 29 млн. руб.
19. Яфрэменка Аляксандр – 3 сутак арышту.
20. Канапелька Сяргей – штраф 29 млн. руб.
21. Гюнтэр Барыс – 15 сутак арышту.
22. Іванова Зоя – 5 сутак арышту.
23. Туркоў – 5 сутак арышту.
24. Ярашэўскі Багдан – 7 сутак арышту.
25. Грынкевіч Зьміцер – штраф 29 млн. руб.
26. Капарыха Андрэй – штраф 29 млн. руб.
27. Санковіч Дзяніс – папярэджаньне.
28. Віняўскі Максім – папярэджаньне.
29. Касьцюк Павал – суд перанесены на 18.10.99 г.
30. Ганчар Мікалай – штраф 29 млн. руб.
31. Герасімовіч Надзея – папярэджаньне
32. Сідарэнка Павал – папярэджаньне.
33. Сачанка Ігар – штраф 40 млн. руб.
34. Кавалёў Станіслаў – 35 млн. руб.
Суд Партызанскага раёну (судзьдзі Трубнікаў, Дзялінская)
1. Бар’ялай Вольга – папярэджаньне
2. Кашчанка Уладзімір – папярэджаньне.
3. Нікіцін Аляксандр – папярэджаньне.
4. Крамко Георгі – суд перанесены на 20.10.99 г.
5. Лазоўскі Міраслаў – 5 сутак арышту.
6. Анціпенка Алесь – папярэджаньне.
7. Шчурко Аляксандр – 5 сутак арышту.
8. Радзімоўскі Юры – папярэджаньне.
9. Камароўскі Аляксандр – штраф 29 млн. руб.
10. Пыркін Павал – папярэджаньне
11. Гапеенка Вячаслаў – суд перанесены на 21.10.99 г.
12. Бабарыка Сяргей – 5 сутак арышту.
13. Чарноў Уладзімір – 3 сутак арышту.
14. Нікіцін Аляксандр – папярэджаньне.
15. Мятліцкі Мікалай – папярэджаньне.
16. Музычын Сяргей – папярэджаньне.
17. Слышкін Уладзімір – 15 сутак арышту.
18. Якімовіч Сяргей – штраф 50 млн. руб.
19. Мартыш Сяргей – штраф 29 млн. руб.
20. Кручынін Аляксандр – папярэджаньне.
21. Горамаш Павал – 5 сутак арышту.
22. Абрагімовіч Марына – штраф 29 млн. руб.
23. Лаўрэцкая Валянціна – штраф 29 млн. руб.
24. Чэркас Алег – 7 сутак арышту.
25. Пражнікаў В. – 5 сутак арышту.
26. Осаў – папярэджаньне.
27. Зьвернік Уладзімір – папярэджаньне.
Суды, якія адбыліся 20 кастрычніка:
Суд Савецкага раёну г. Мінску (судзьдзі Шэйка і Казадаеў)
1. Анатоль Лябедзька (заяўляльнік акцыі) – 10 сутак арышту.
2. Яўген Афнагель (заяўляльнік акцыі) – 15 сутак арышту.
3. Касьцюк Павал – штраф 40 млн. руб.
Суд, які адбыўся 21 кастрычніка:
Суд Савецкага раёну г. Мінску
1. Маковік Натальля — штраф 35 млн. руб.
Суд, які адбыўся 22 кастрычніка:
1. Юркевіч Зьміцер — апраўданы.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» заявіла, што ўсе затрыманыя падчас «Маршу Свабоды» у Мінску будуць прызнаныя вязьнямі сумленьня, што дасьць ім права атрымаць палітычны прытулак у заходніх краінах.
24 кастрычніка ў горадзе Бяроза (Брэсцкая вобласьць) мясцовыя прыхільнікі дэмакратычных партыяў і аб’яднаньняў правялі пікет супраць далучэньня Беларусі да Расіі, супраць галечы і падзеньня ўзроўню жыцьця, супраць закрыцьця незалежных газетаў. Падчас акцыі таксама зьбіраліся подпісы пад патрабаваньнем да ўладаў правесьці незалежнае расьсьледваньне па фактах зьнікненьня Ю. Захаранкі, В. Ганчара, А. Красоўскага, Т. Віньнікавай.
31 кастрычніка ў дзень памінаньня продкаў «Дзяды» ў Мінску ў вядомых усяму сьвету Курапатах прайшоў жалобны мітынг памяці ахвяраў рэпрэсіяў. У ім прынялі ўдзел каля тысячы мінчукоў, сярод якіх былі і дэлегаты другой сесіі зьезду БНФ, якая праходзіла ў гэты дзень. Мінгарвыканкам у чарговы раз забараніў апазіцыі правядзеньне шэсьця, хоць на гэты раз яно павінна было быць скіравана ня ў цэнтр Мінску, а на яго ўскраіну. Ужо на плошчы Якуба Коласа міліцыянты правялі затрыманьні грамадзянаў, якія зьбіраліся тут, каб разам пайсьці да Маскоўскіх могілкаў і ў Курапаты. Міліцыянты зацягвалі людзей з кветкамі ў машыны, адвозілі ад плошчы і пагражалі пасадзіць на трое сутак за краты, калі яны пойдуць на могілкі. Адзін з затрыманых, сябра БНФ, Алесь Шыпко расказаў: «Мяне пасадзілі у міліцэйскую машыну для транспартыроўкі зьняволеных. Разам са мною ў адсеку сядзела яшчэ пяць затрыманых. У машыне некалькі адсекаў і усе яны былі забітыя людзьмі. Адной жанчыне стала дрэнна. Яна пачала крычаць, што хворая на цукровы дыябет і ёй неабходна прыняць інсулін, інакш можа памерці. Міліцыянты не выпускалі яе, і толькі, калі жанчыне стала зусім дрэнна, яны выкінулі яе на асфальт. Нас трымалі ў аўтобусе 40 хвілінаў. Пасьля паўгадзіны вазілі па горадзе. Потым завезьлі ў Савецкі РАУС, дзе пратрымалі яшчэ гадзіну, матывуючы затрыманьне неабходнасьцю высьвятліць асобы. Пасьля з маіх словаў склалі тлумачальную запіску, далі падпісаць яе і адпусьцілі мяне».
12 лістапада на плошчы Бангалор у Мінску прайшоў першы пікет з серыі «Інквізіцыя па-беларуску», прысьвечаны фактам зьбіцьця грамадзянаў 17 кастрычніка пасьля заканчэньня акцыі апазіцыі «Марш Свабоды».
24 лістапада адбылася акцыя пад назовам «Гадзіна смутку і свабоды», прысьвечаная 3-яй гадавіне канстытуцыйнага перавароту ў Беларусі. Пасьля акцыі, якая доўжылася з 18 да 19 гадзінаў былі затрыманыя 6 чалавек. Сярод іх: Цімафей Дранчук (18 гадоў), Ігар Варанцоў (27 гадоў, жыхар г. Жодзіна), Аляксей Маўчанскі (29 гадоў, прадпрымальнік). Яны былі затрыманыя ў раёне плошчы Перамогі асобамі ў цывільным і дастаўленыя ў Цэнтральны РАУС, дзе іх абшукалі. У А. Маўчанскага падчас вобыску былі канфіскаваныя фінансавыя дакументы, зьвязаныя з яго прадпрымальніцкай дзейнасьцю. У гэты ж вечар на станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» былі затрыманыя трое непаўнагадовых.
24 лістапада ў Гродне прайшла акцыя пратэсту супраць плануемага падпісаньня так званай саюзнай дамовы паміж Расіяй і Беларусьсю, наладжаная апазіцыйнымі арганізацыямі гораду. У акцыі, якая праходзіла ў выглядзе шпацыру па цэнтральных вуліцах гораду з запаленымі запальнічкамі, ліхтарыкамі і сьвечкамі, прыняло ўдзел каля паўтары тысячы чалавек. Падчас акцыі гучалі лозунгі за незалежнасьць Беларусі, супраць палітыкі рэжыму А. Лукашэнкі. Напрыканцы ўдзельнікамі акцыі былі спаленыя некалькі праектаў саюзнай дамовы. Прыкладна каля 17.30 былі затрыманыя некалькі ўдзельнікаў акцыі пратэсту. Сярод іх — прафесар Алесь Астроўскі, сябра Сойму БНФ «Адраджэньне», Уладзімір Рунге, сябра Рады Гродзенскай арганізацыі БНФ, Алесь Захараў, сябра КХП БНФ. На Алеся Астроўскага быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні, згодна з якім А. Астроўскі абвінавачваецца ў арганізацыі гэтай акцыі пратэсту.
24 лістапада акцыя пратэсту супраць намеру падпісаць дамову аб аб’яднаньні Беларусі і Расіі ў адну дзяржаву адбылася ў Брэсьце. На цэнтральную вуліцу выйшлі каля 80 чалавек са сьвечкамі ў руках. Быў арыштаваны сябра Нацыянальнага камітэту АГП і сябра руху БНФ «Адраджэньне» Г. Самойленка.
25 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёну г. Мінску адбыліся суды над затрыманымі падчас акцыі «Гадзіна смутку і свабоды» І. Варанцовым і А. Маўчанскім. Ім былі вынесеныя папярэджаньні.
28 лістапада ў в. Вызна (Салігорскі раён Мінскай вобласьці) затрыманыя каля 100 чалавек удзельнікаў вандроўкі па мясьцінах, зьвязаных з падзеямі Слуцкага збройнага чыну. Штогод сябры дэмакратычных партыяў і рухаў Беларусі ў лістападзе адзначаюць угодкі збройнага антыбальшавіцкага паўстаньня ў Слуцку, якое адбылося ў 1920 годзе. Па сёлетняй праграме быў заяўлены мітынг памяці ў г. Слуцку і ўскладаньне вянкоў да будынку Дваранскага сходу, у якім у 1920 г. было абвешчана, што Слуцкі збройны чын зьяўляецца адзінкай арміі Беларускай Народнай Рэспублікі. Мітынг і ўскладньне вянкоў праходзілі пад пільным наглядам міліцыі і АМАПу, прысланага з Мінску. Далей удзельнікі вандроўкі рушылі ў вёску Вызна, шмат жыхароў якой загінулі падчас паўстаньня. У Вызьне планавалася ўскласьці кветкі і вянкі да месца, дзе некалі стаяў Крыж ў памяць загінуўшых паўстанцаў. На мяжы Слуцкага і Салігорскага раёнаў вандроўнікі былі сустрэтыя дзьвюма машынамі міліцыянтаў, якія суправаджалі іх да Вызны. У Вызьне аўтобусы з удзельнікамі вандроўкі былі спыненыя на пляцоўцы каля скверу, адкуль міліцыянты прапанавалі ўдзельнікам вандроўкі дайсьці да царквы пешкі. Што і было зроблена. Літаральна праз некалькі хвілінаў да ўдзельнікаў вандроўкі падышоў начальнік горрайаддзелу Салігорску Анатоль Нізкі, які абвінаваціў людзей ў несанкцыянаваным шэсьці і мітынгу, пасьля чаго прапанаваў усім сесьці ў аўтобусы і кіравацца за міліцэйскімі машынамі ў г. Салігорск у райаддзел міліцыі. У выніку, на двух удзельнікаў паездкі – Валянціна Баранава і Міколу Анцыповіча (заказчыкаў аўтобусаў) былі складзеныя пратаколы як на арганізатраў несанкцыянаваных шэсьця і мітынгу. Нягледзячы на тое, што прадстаўнік Праваабарончага Цэнтру «Вясна» Барыс Гюнтэр тлумачыў сп. Нізкаму, што гэта была звычайная вандроўка, якая ня мае нічога агульнага ані з мітынгам, ані з шэсьцем. Удзельнікі вандроўкі зразумелі — для мясцовых уладаў важна было спыніць іх акцыю, што і было дасягнута.
8 сьнежня ў 11 гадзінаў раніцы ў Мінску быў перакрыты прасьпект Францыска Скарыны. Гэта была акцыя пратэсту супраць падпісаньня дамовы паміж Ельцыным і Лукашэнкам аб утварэньні Саюзу Расіі і Беларусі. У гэты ж дзень у 17.00 у раёне плошчы Якуба Коласа прасьпект быў зноў перакрыты. Праз некалькі хвілінаў супрацоўнікі АМАПу выціснулі ўдзельнікаў акцыі з праезнай часткі. Група моладзі ў знак пратэсту спаліла расійскі сьцяг. Пасьля дэманстранты рушылі са сьцягамі і антыінтэграцыйнымі лозунгамі да Кастрычніцкай плошчы. Каля цырку ўдзельнікі акцыі паспрабавалі яшчэ раз перакрыць прасьпект. Асобы ў цывільным пачалі затрымліваць дэманстрантаў.
Былі затрыманыя: Раманаў Мікалай, Сіўчык Вячаслаў, Адамовіч Славамір, Аляксандраў Уладзімір, Петручук Ігнат, Гурава Ірына, Кульчанка Сьцяпан. Былі затрыманыя і адпушчаныя: Шчукін Валеры, Васьковіч Зьміцер, Васілевіч Натальля, Касьпяровіч Зьміцер.
9 сьнежня ў судзе Савецкага раёну пачалося судовае паседжаньне, у якім планавалася разгледзець справы затрыманых 8 сьнежня. Перад самым пачаткам суда міліцыянт пачаў выганяць з залы суда грамадзкіх абаронцаў і назіральнікаў ПЦ «Вясна». Праваабаронца з «Вясны» Барыс Гюнтэр запатрабаваў ад судзьдзяў Іны Шэйка і Руслана Казадаева спыніць супрацьпраўныя дзеяньні міліцыянта, а міліцыянта папрасіў прадставіцца. У выніку прадстаўнікі ПЦ «Вясна» былі дапушчаныя ў залы судовых паседжаньняў. Калі судзьдзя І. Шэйка пачала судовы працэс супраць В. Сіўчыка на рускай мове, В. Сіўчык запатрабаваў ад судзьдзі весьці працэс на беларускай мове. Судзьдзя заявіла: «На этом языке я не хочу и не буду вести процесс», а падпалкоўнік міліцыі дадаў: «На этом деревенском языке нечего говорить там, где все говорят порусски». Барыс Гюнтэр нагадаў судзьдзі і міліцыянтам, што, паводле заканадаўства, за абразу дзяржаўнай мовы дзяржслужачыя нясуць адміністратыўную адказнасьць — штраф ад 5 да 10 мінімальных заробкаў.
10 сьнежня ў 16.00 грамадзяне Беларусі вырашылі перадаць Лукашэнку свае петыцыі, лісты і патрабаваньні. Усе падыходы да рэзідэнцыі былі блакаваны некалькімі шэрагамі міліцыянтаў, якія не прапускалі грамадзянаў да будынку. Кіраўнік Праваабарончага Цэнтру «Вясна» А. Бяляцкі і супрацоўнік Цэнтру У. Падгол прарваліся праз шэрагі міліцыянтаў і ўкінулі ліст у прызначаную дзеля гэтага скрынку. Пазьней гэта ўдалося зрабіць С. Багданкевічу і М. Статкевічу.
10, 13 і 14 сьнежня адбыліся суды над грамадзянамі, якія 8 сьнежня ў знак пратэсту супраць падпісаньня саюзнай дамовы паміж Беларусьсю і Расіяй перакрылі прасьпект Францыска Скарыны.
У судзе Савецкага раёну г. Мінску былі вынесеныя наступныя прысуды:
1. Раманаў Мікалай — штраф 29 млн. руб.;
2. Сіўчык Вячаслаў — штраф 217 млн. руб. (300 даляраў ЗША);
3. Адамовіч Славамір — суд перанесены на няпэўны тэрмін, у сувязі з тым, што пратаколы затрыманьня былі складзеныя няправільна. С. Адамовічу інкрымінавалі Арт.167.1, ч. 2 (неаднаразовы ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах, шэсьцях, пікетах), хаця ў С. Адамовіча было першае затрыманьне сёлета. Справа накіраваная на дапрацоўку;
4. Аляксандраў Уладзімір — папярэджаньне;
5. Петручук Ігнат — папярэджаньне;
6. Гурава Ірына — папярэджаньне;
7. Кульчанка Сьцяпан — штраф 217 млн. руб.
Супрацоўнікі міліцыі, якія выступалі на судах у якасьці сьведкаў, давалі ілжывыя сьведчаньні, што людзі ішлі па праезнай частцы і перашкаджалі руху транспарту (у той час, як калона рухалася па ходніку), што яны затрымлівалі людзей на плошчы Якуба Коласа, у той час як большасьць была затрыманая на плошчы Перамогі. Нягледзячы на гэта, судзьдзя прызнала затрыманых вінаватымі ў зьдзяйсьненьні адміністратыўнага правапарушэньня.
8 сьнежня ў знак пратэсту супраць падпісаньня дамовы пра стварэньне саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі з Гарадзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытуту звольніўся дацэнт кафедры паталагічнай фізіялогіі Сяргей Мальчык. С. Мальчык распаўсюдзіў заяву, у якой гэтак тлумачыць прычыну свайго звальненьня: «8 сьнежня А. Лукашэнка, які незаконна займае пасаду прэзідэнта, учыніў цяжкае дзяржаўнае злачынства — зьнішчыў незалежнасьць Рэспублікі Беларусь. У тым што адбылося ёсьць доля віны кожнага з нас. Але найбольшая віна за існаваньне гэтага рэжыму кладзецца на кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстановаў, у тым ліку нашага інстытуту... Бяздумна выконваючы пісьмовыя і вусныя загады зьверху, вы праводзіце ў жыцьцё палітыку існуючага марыянетачнага рэжыму”.
16 сьнежня ў 11.00 каля прахадной Мінскага аўтазаводу (МАЗ) на несанкцыянаваны мітынг-пікет сабраліся рабочыя. Яны пратэставалі супраць выдаленьня прафсаюзнай арганізацыі з заводу. 8 сьнежня адміністрацыя гвалтам выдаліла прафсаюзную арганізацыю з тэрыторыі заводу. Гэтую акцыю падтрымаў пракурор Заводзкага раёну. У гэты ж дзень у 16.00. рабочыя сабраліся ізноў. Міліцыянты затрымалі 7 рабочых: М. Марыніча, Д. Пліса, Н. Зіміна, В. Трошчага, В. Казьянава, М. Раманава, С. Паўловіча. М.Марынічу міліцыянты выкруцілі руку. У панядзелак 20 снежня ў судзе Заводзкага раёну пачаліся суды над затрыманымі за арганізацыю і правядзеньне несанкцыянаванага пікету. Д. Пліса асудзілі на 29 млн. рублёў за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу па арт 167.1 ч.2. Перад пачаткам працэсу судзьдзя адхіліла ягоныя хадайніцтвы аб допуску ў працэс у якасьці грамадзкага абаронцы прадстаўніка прафсаюза В. Бабаеда, нягледзячы на тое, што В. Бабаед спасылаўся на пастанову Пленуму Вярхоўнага суда ад 25 сакавіка 1999 году № 1 і на арт. 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе права на карыстаньне дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе.
18 сьнежня ў 19 гадзін з ізалятару часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУСу гораду Брэсту выйшаў сябра Нацыянальнага камітэту АГП і сябра руху БНФ «Адраджэньне» Г. Самойленка. Ён быў асуджаны судзьдзёй А. Міранюк па Артыкуле 167-1 КаАП за тое, што 24 лістапада стаяў у шэрагу грамадзянаў, якія трымалі сьвечкі, пратэстуючы супраць падпісаньня Дамовы аб Саюзе Расіі і Беларусі. На працягу 10-ці дзён сп. Г. Самойленка трымаў галадоўку ў знак пратэсту супраць рэпрэсіўнага прысуду.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|