|
3. ПАЛІТЗЬНЯВОЛЕНЫЯ
МІХАІЛ ЧЫГІР
Міхаіл Чыгір з 1991 па чэрвень 1994 году – старшыня акцыянернага камерцыйнага банка «Белаграпрамбанк», з чэрвеня 1994 па лістапад 1996 году – прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь. Пасаду прэм’ер-міністра М.Чыгір пакінуў у знак пратэсту супраць рэферэндуму ў лістападзе 1996 году і супраць эканамічнага курсу краіны, выбранага прэзідэнтам РБ А. Лукашэнкам.
Заяву пра ўдзел у палітычнай кампаніі «Выбары – 99» М. Чыгір зрабіў 5 сьнежня 1998 году, і ўжо ў лютым 1999 году была створаная камісія па праверцы работы банка за 1991—1995 гады. Па выніках працы камісіі з 15 чалавек быў прадстаўлены ня акт праверкі, які складаецца пры наяўнасьці грубых парушэньняў гаспадарчай дзейнасьці, а даведка ад 1.03.99 г., у якой былі адлюстраваныя 6 эпізодаў парушэньня тэрмінаў скасаваньня крэдытаў кліентамі. Пры гэтым усе тэрміны разьлікаў з банкам скончыліся пасля прызначэньня М.Чыгіра прэм’ер-міністрам. Тады па выніках праверкі ўлады не знайшлі падставаў для прад’яўленьня прэтэнзіяў да М.Чыгіра за яго дзейнасьць у банку.
У сакавіку 1999 году М.Чыгір сабраў у сваю падтрымку 120 тысячаў подпісаў грамадзянаў Беларусі за вылучэньне яго кандыдатуры на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У гэты час у сродках масавай інфармацыі распаўсюджваліся неабгрунтаваныя зьвесткі пра тое, што ён вінаваты ў незвароце шматмільённых крэдытаў. Вечарам 28 сакавіка 1999 году па нацыянальным тэлебачаньні прагучала інфармацыя, што М.Чыгір украў мільён даляраў і эміграваў з краіны.
31 сакавіка 1999 году Міхаіл Чыгір быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты РБ. За дзень да рэгістрацыі, 30 сакавіка, ён быў арыштаваны і знаходзіўся ў зьняволеньні на працягу васьмі месяцаў. 30 лістапада М.Чыгір быў выпушчаны з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе. Прызначанае на 27 сьнежня першае судовае паседжаньне было перанесенае.
М.Чыгіру прад’яўленыя не палітычныя, а эканамічныя абвінавачаньні: па арт. 91 ч.4 – «крадзёж маёмасьці ў асабліва буйных памерах» і арт. 166 – «злоўжываньне ўладай ці службовым становішчам».
Карныя дзеяньні ўладаў у адносінах да Міхаіла Чыгіра сьведчаць пра палітычную накіраванасьць «справы Чыгіра».
Па меркаваньні ПЦ «Вясна», Міхаіл Чыгір быў зьняволены за ўдзел у кампаніі па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, за свае палітычныя перакананьні.
Эксьпертная група па праблемах стварэньня палітычнага клімату, вольнага ад страху і палітычнага перасьледу, лічыць Міхаіла Чыгіра палітычным зьняволеным.
АНДРЭЙ КЛІМАЎ
Андрэй Клімаў – дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня, член сьпецыяльнай парламенцкай камісіі «Па прававой ацэнцы парушэньняў Прэзідэнтам РБ А. Лукашэнкам Канстытуцыі і законаў РБ». Адзін з ініцыятараў імпічменту прэзідэнта А. Лукашэнкі ў лістападзе 1996 году.
Андрэй Клімаў узначальваў Акцыянернае таварыства «Андрэй Клімаў і Ко», якое займалася будаўніцтвам. Пасля рэферэндуму 1996 году пачаліся масіраваныя праверкі прадпрымальніцкай дзейнасьці маладога бізьнесмена. Каб знайсьці кампрамат, былі задзейнічаныя супрацоўнікі КДБ, МУС, адміністрацыі прэзідэнта і Савета бясьпекі РБ.
11 лютага 1998 году Андрэй Клімаў быў арыштаваны. Яму былі высунутыя абвінавачаньні па двух артыкулах: 91 ч. 4 КК РБ – «крадзяжы ў асабліва буйных памерах» і 151 ч. 2 КК РБ – «парушэньне парадку ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці, зьдзейсьненае па папярэдняй змове».
Знаходзячыся ў СІЗА, шляхам сухой галадоўкі А. Клімаў спрабаваў пратэставаць супраць парушэньня Канстытуцыі 1994 года, па якой ён мае права дэпутацкай недатыкальнасьці.
Згодна з Законам РБ «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь» ад 21 сьнежня 1994 году, арт. 106: «Дэпутат Вярхоўнага Савету ня можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці, арыштаваны, іншым чынам пазбаўлены асабістай волі бяз згоды Вярхоўнага Савету, акрамя выпадкаў затрыманьня на месцы зьдзяйсьненьня злачынства. Крымінальная справа супраць дэпутата Вярхоўнага Савету можа быць узбуджаная Генеральным пракурорам са згоды Вярхоўнага Савету, а ў перыяд паміж сесіямі – са згоды Прэзідыума Вярхоўнага Савету».
У дадзеным выпадку Вярхоўны Савет 13-га скліканьня ня толькі адмовіўся санкцыянаваць затрыманьне дэпутата А. Клімава, але і неаднойчы патрабаваў вызваліць яго з-пад незаконнага арышту.
Якраз перад сваім зьняволеньнем А. Клімаў пачаў актыўную дзейнасьць як парламентар. Ён напісаў і памножыў ліст-зварот да кіраўнікоў рознага рангу з інфармацыяй пра парушэньні Кастытуцыі і законаў прэзідэнтам РБ А. Лукашэнкам і папярэджаньнем аб адказнасьці за выкананьне загадаў А. Лукашэнкі, які зьдзейсьніў дзяржаўны пераварот у лістападзе 1996 году. У гэтым лісьце А.Клімаў яшчэ раз нагадаў пра нелегітымнасьць рэферэндуму 1996 году. Арышт адбыўся на другі дзень пасьля паседжаньня сьпецыяльнай камісіі, членам якой ён зьяўляўся, дзе было падрыхтаванае заключэньне аб дастатковай юрыдычнай падставе для пачатку палітычнай працэдуры імпічменту прэзідэнта РБ А. Лукашэнкі.
Падчас сьледзтва А. Клімаў адмаўляўся даваць паказаньні, матывуючы гэта незаконнасьцю свайго ўтрыманьня пад вартай.
Суд над дэпутатам ВС РБ А. Клімавым пачаўся ў жніўні 1999 году (пасьля году і пяці месяцаў сьледзтва). Дэпутату прад’яўленыя наступныя пункты абвінавачаньня: арт. 91 ч. 4 – «крадзяжы маёмасьці ў асабліва буйных памерах», арт. 151 ч. 2 – «парушэньне парадку ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці, зьдзейсьненае па папярэдняй змове», арт. 171 – «службовы падлог», арт. 150-2 – «выманьваньне крэдыту ці датацыі». Падсудны папрасіў даць яму 1 месяц для азнаямленьня з матэрыяламі крымінальнай справы, якая складаецца з некалькіх тамоў.
13 сьнежня А. Клімаў быў жорстка зьбіты супрацоўнікамі сьледчага ізалятару ГУУС Мінгарвыканкаму і гвалтам дастаўлены ў суд Ленінскага раёну г. Мінску, дзе праходзіла слуханьне ягонай справы. Паводле папярэдняга медыцынскага заключэньня, зробленага ўрачом «хуткай дапамогі», выкліканай у будынак суда, у А. Клімава былі выяўленыя чэрапнамазгавая траўма і траўма жывата. 24 сьнежня Пракуратура РБ адмовілася задаволіць хадайніцтва прадстаўнікоў абароны А. Клімава ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па факце яго зьбіцьця. У сувязі са зьбіцьцём А. Клімава Дзярждэпартамент ЗША зрабіў афіцыйную заяву.
Па меркаваньні ПЦ «Вясна», Андрэй Клімаў быў зьняволены за палітычныя перакананьні, актыўны ўдзел у працы апазіцыі Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, за ўдзел у камісіі па імпічменце прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі.
Эксьпертная група па праблемах стварэньня палітычнага клімату, вольнага ад страху і палітычнага перасьледу, лічыць Андрэя Клімава палітычным зьняволеным.
УЛАДЗІМІР КУДЗІНАЎ
Уладзімір Кудзінаў – дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня. У парламенце супрацоўнічаў з грамадзкім аб’яднаньнем «Грамадзянскае дзеяньне», адзін з ініцыятараў імпічменту прэзідэнту Лукашэнку ў лістападзе 1996 году. Падчас рэферэндуму 1996 году зафіксаваў і запратакаліраваў шматлікія парушэньні пры яго правядзеньні ў ягонай выбарчай акрузе і накіраваў пратаколы ў Брэсцкую і Генеральную пракуратуры РБ.
Уладзімір Кудзінаў са сьнежня 1992 году – стваральнік і кіраўнік гандлёва-прамысловай фірмы «Івацэвічы» па вырошчваньні буйной рагатай жывёлы, перапрацоўцы і рэалізацыі мясной прадукцыі. Гэтае прадпрыемства забясьпечвала працоўнымі месцамі больш 300 чалавек, прытым, заробак якіх быў самым высокім у раёне. Канфлікт прадпрымальніка з мясцовай адміністрацыяй пачаўся напрыканцы 1995 году, калі У. Кудзінаў вырашыў балатавацца ў Вярхоўны Савет. У фірму была накіраваная падатковая інсьпекцыя ў складзе 120 чалавек, з-за чаго дзейнасьць прадпрыемства на сур’ёзны тэрмін была паралізаваная. На працягу 1996 году МП «Івацэвічы» прайшла праз усе магчымыя праверкі: ад падатковай інсьпекцыі да КДБ. У канцы 1996 году будынак фірмы перайшоў у дзяржаўную ўласнасьць, усе крамы, якія ёй належалі, былі зачыненыя. Трыста чалавек страцілі працу. Уладзімір Кудзінаў паспрабаваў уратаваць сваю справу, распачаўшы экспарт мяса ў Расію.
4 лютага 1997 году Уладзімір Кудзінаў быў арыштаваны па сфальсіфікаваным абвінавачаньні ў спробе неаднаразовай дачы хабару службовай асобе.
4 жніўня 1997г. суд Барысаўскага раёну Мінскай вобласьці прызнаў Уладзіміра Кудзінава вінаватым у неаднаразовай спробе дачы хабару і на падставе арт. 15 ч. 2, 170 ч. 2 Крымінальнага кодэксу Беларусі прызначыў яму пакараньне ў выглядзе 7 (сямі) гадоў пазбаўленьня волі, з канфіскацыяй маёмасьці, з адбываньнем ім пакараньня ў папраўчапрацоўнай калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Уладзімір Кудзінаў віны сваёй не прызнаў і сьцьвярджаў, што дзеяньні па яго затрыманьні былі загадзя спланаваныя супрацоўнікамі міліцыі. Разам з тым, ён таксама засьведчыў, што падчас аператыўна-вышукных мерапрыемстваў і папярэдняга сьледзтва мелі месца істотныя парушэньні крымінальна-працэсуальнага заканадаўства.
Згодна з Законам РБ «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь» ад 21 сьнежня 1994 году, арт. 106: «Дэпутат Вярхоўнага Савету ня можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці, арыштаваны, іншым чынам пазбаўлены асабістай волі бяз згоды Вярхоўнага Савету, акрамя выпадкаў затрыманьня на месцы зьдзяйсьненьня злачынства. Крымінальная справа супраць дэпутата Вярхоўнага Савету можа быць узбуджаная Генеральным пракурорам са згоды Вярхоўнага Савету, а ў перыяд паміж сесіямі – са згоды Прэзідыума Вярхоўнага Савету».
У адносінах да У. Кудзінава згода вышэйшага заканадаўчага органа атрыманая не была ні на ўзбуджэньне крымінальнай справы, ні на пазбаўленьне яго волі ў якой-небудзь форме. Крымінальная справа ў адносінах да У.Кудзінава была ўзбуджаная Генеральным пракурорам РБ па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 170 КК РБ, склад якога не адносіцца да шэрагу цяжкіх злачынстваў.
Барысаўскі раённы суд ня меў права разглядаць крымінальную справу дэпутата вышэйшага прадстаўнічага і заканадаўчага органа краіны – крымінальная справа павінна была разглядацца Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь, які павінен быў зьяўляцца судом першай інстанцыі па гэтай справе. Пакуль справа дайшла да Вярхоўнага суда, яна была разгледжаная ў парадку касацыйнай інстанцыі Мінскім абласным судом. Усе касацыйныя скаргі, якія падаваліся па справе Кудзінава, былі пакінутыя без задавальненьня. Ня стаў выключэньнем і Вярхоўны суд РБ, які разгледзеў скаргу па справе Кудзінава ў траўні 1998 году і пакінуў прысуд Барысаўскага раённага суда ў сіле.
Па меркаваньні ПЦ «Вясна», Уладзімір Кудзінаў быў зьняволены за свае палітычныя перакананьні, актыўны ўдзел у працы апазіцыі Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, за ўдзел у імпічменце прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі.
Экспертная група па праблемах стварэньня палітычнага клімату, вольнага ад страху і палітычнага перасьледу, лічыць Уладзіміра Кудзінава палітычным зьняволеным.
ВАДЗІМ КАБАНЧУК
Вадзім Кабанчук – актывіст «Маладога Фронту».
27 сакавіка 1998 году скончыўся суд над Вадзімам Кабанчуком. Яму было прад’яўленае абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь: 186.3 – «арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» і 187.1 ч. 2– «супраціўленьне супрацоўніку міліцыі… пры выкананьні ім службовых абавязкаў, зьвязаныя з гвалтам ці пагрозай прымяненьня гвалту».
Указаныя абвінавачаньні былі прад’яўленыя В. Кабанчуку за ўдзел у акцыях апазіцыі 10 і 23 сакавіка 1997 году.
У кастрычніку 1997 году В. Кабанчук быў затрыманы і амаль шэсьць месяцаў правёў у СІЗА да суда.
Суд прызнаў В. Кабанчука вінаватым і прысудзіў яму 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады. Мера стрыманьня – утрыманьне пад вартай – была зьмененая, і В. Кабанчук быў вызвалены з-пад варты ў зале суда.
ПЦ «Вясна» лічыць, што прысуд па крымінальнай справе Вадзіма Кабанчука павінен быць адменены з-за палітычнага характару справы.
ВАСІЛЬ ЛЯВОНАЎ
Васіль Лявонаў – экс-міністр сельскай гаспадаркі і харчаваньня. Перад тым, як заняць пост міністра, ён зьяўляўся гандлёвым прадстаўніком Беларусі ў Германіі, узначальваў Магілёўскі абкам партыі. З таго часу Васіль Лявонаў знаёмы з прэзідэнтам РБ Аляксандрам Лукашэнкам, які ў той час зьяўляўся дырэктарам саўгасу «Гарадзец».
Падчас выбараў першага прэзідэнта Беларусі Васіль Лявонаў адкрыта падтрымліваў В. Кебіча, аднак нягледзячы на гэта, прыняў прапанову А. Лукашэнкі заняць пасаду міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня. В. Лявонаў не падтрымаў ідэю лістападаўскага рэферэндуму 1996 году, пасьля чаго ў міністэрстве пачаліся масіраваныя праверкі.
Васіль Лявонаў пасьлядоўна выступаў з прапановамі аб рэфармаваньні сельскай гаспадаркі, накіраванай на рэфармаваньне калектыўнай уласнасьці, далучэньне сельскай гаспадаркі да рынкавай эканомікі, яе вызваленьне ад камандна-адміністрацыйных метадаў, што і паслужыла асноўнай прачынай яго арышту.
Васіль Лявонаў быў арыштаваны 11 лістапада 1997 году ў працоўным кабінеце. Яго арышт здымала група аператараў беларускага тэлебачаньня, і сюжэт аб гэтым некалькі разоў транслявалі на беларускім тэлебачаньні, што расцэньваецца ПЦ «Вясна» і як ціск на сьледзтва і суд. Як ціск на сьледзтва можна разглядаць і публічныя выказваньні А. Лукашэнкі, напрыклад, падчас выступленьня на сходзе АТ «Расьсьвет» праз тры дні пасьля арышту В.Лявонава (выступленьне транслявалася па беларускім тэлебачаньні) : «Я пераканаўча прашу Глухоўскага – самым жорсткім чынам весьці сьледзтва! Дзейнічайце ня гледзячы ні на што!» На гэтым жа сходзе А. Лукашэнка публічна абвінаваціў В. Лявонава ў дачыненьні да забойства Я. Мікалуцкага. Трэба адзначыць, што абвінавачаньне ў апошнім «злачынстве» так і не было прад’яўленае зьняволенаму.
Эксміністру прад’яўленыя абвінавачаньні па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ: арт. 91. 1 – «крадзёж маёмасьці ў асабліва буйных памерах», арт. 169 «атрыманьне хабару» і арт. 213 «незаконнае захоўваньне баявых прыпасаў і зброі». На судзе, які пачаўся 17 жніўня 1999 году, сваёй віны Васіль Лявонаў не прызнаў. Ужо ў першай сваёй прамове ён заявіў, што лічыць сваё зьняволеньне палітычнай справай, ня верыць у справядлівасьць суда, бо, па яго меркаваньні, яго будзе судзіць ня суд, а асабіста А. Лукашэнка. Суд працягваецца.
В. Лявонаву 61 год. Ён пакутуе на шэраг цяжкіх хранічных захворваньняў. Стан яго здароўя падчас зьняволеньня ў СІЗА значна пагоршыўся, ён перанёс некалькі сардэчных прыступаў.
Лічым, што зьняволеньне Васіля Лявонава зьвязанае з ягонай прынцыповай пазіцыяй, зьвязанай са спробамі карэнных зьменаў у сельскай гаспадарцы Беларусі.
УЛАДЗІМІР ПЛЕШЧАНКА
Уладзімір Плешчанка — старшыня Віцебскай рады БНФ «Выбар» — быў затрыманы 2 верасьня 1998 году па падазрэньні ў дэмантажы бюсту расійскага палкаводца А. Суворава ў Віцебску. Супраць яго была ўзбуджаная крымінальная справа па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ: 225 – «зьнішчэньне ці пашкоджаньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў» і 87 – «крадзёж маёмасьці». У хуткім часе артыкул 87 КК РБ быў адменены з-за таго, што бюст аказаўся вырабленым не з каштоўнага металу, але У. Плешчанку прад'явілі абвінавачаньне па арт. 201 ч. 2 КК РБ – «злоснае хуліганства».
Уладзімір Плешчанка амаль восем месяцаў, пакуль ішло сьледзтва, знаходзіўся ў СІЗА г. Віцебску. 29 сакавіка 1999 году адбыўся суд, у ходзе якога былі разбураныя ўсе пункты абвінавачаньня. Судовая справа была адпраўленая на дарасьсьледаваньне, а У. Плешчанку была змененая мера стрыманьня – арышт на падпіску аб нявыезьдзе.
Справа аб зьнікненьні бюсту А. Суворава працягваецца. Уладзімір Плешчанка на сёньняшні дзень лічыцца галоўным абвінавачваемым. Нягледзячы на тое, што час для сьледзтва страчаны, а шэраг сьледчых працэдур зробленыя незаконна, што пацьвердзіў суд, ціск на У. Плешчанку працягваецца.
ПЦ «Вясна» лічыць, што крымінальная справа Уладзіміра Плешчанкі павінна быць спыненая з-за адсутнасьці складу злачынства ў ягоных дзеяньнях і недаказанасьцю прад’яўленага сьледзтвам абвінавачаньня.
ЯЎГЕН АСІНСКІ
Асінскі Яўген быў затрыманы 27 ліпеня 1999 году пасьля акцыі апазіцыі. Адразу яму прад’явілі абвінавачаньне па арт. 201 ч. 2 Крымінальнага кодэксу РБ – «злоснае хуліганства» за тое, што ён быццам бы ўдарыў міліцыянера.
У ходзе сьледзтва Я. Асінскаму былі зьмененыя артыкулы абвінавачаньня. На сёньняшні дзень яго абвінавачваюць у парушэньні арт. арт. КК РБ: 186.3 – «актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак» і 189 ч. 2 – «пагроза ці гвалт у адносінах да супрацоўніка міліцыі... у сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў», што пагражае яму зьняволеньнем да трох гадоў.
У СІЗА Яўгена Асінскага пратрымалі 38 дзён і выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.
ПЦ «Вясна» лічыць, што справа Яўгена Асінскага носіць палітычны характар і павінна быць спыненая.
ЮРЫ БАНДАЖЭЎСКІ
Юры Бандажэўскі – рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага інстытуту, доктар медыцынскіх навук.
13 ліпеня 1999 году Юры Бандажэўскі быў затрыманы і зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня. 4 жніўня яму было прад’яўленае абвінавачаньне па арт. 169 ч. 3: «атрыманьне хабару, зьдзейсьненае службовай асобай, якая займае адказную пасаду, альбо асобай, якая раней была асуджаная за атрыманьне хабару, альбо атрыманьне хабару ў асабліва вялікіх памерах».
Абвінавачаньне было прад’яўленае рэктару паводле паказаньняў прарэктара гэтай жа ўстановы Уладзіміра Раўкова, затрыманага 12 ліпеня. Ёсьць меркаваньні, што да У. Раўкова ўжываліся псіхатропныя сродкі, бо ўжо ў канцы ліпеня прарэктар накіраваў заяву пракурору Гомельскай вобласьці, у якой адмовіўся ад дадзеных раней паказаньняў. На Ю. Бандажэўскага і У. Раўкова заведзеная крымінальная справа па вышэйназваным артыкуле, што азначае, што абодва кіраўнікі падазраюцца ў тым, што па папярэдняй змове садзейнічалі паступленьню ў ВНУ асобных абітурыентаў, за што атрымлівалі хабар у вялікіх памерах.
У справе Ю. Бандажэўскага адсутнічаюць прамыя доказы. Існуе меркаваньне, што затрыманьне прафесара было загадзя спланаванай аперацыяй. Нейкі час таму Ю.Бандажэўскі накіраваў ліст да А. Лукашэнкі, у якім распавёў пра неспрыяльныя адносіны Гомельскага медінстытуту з Міністэрствам аховы здароўя РБ, якія ён зьвязваў з выяўленымі ім «фактамі немэтанакіраванага выкарыстоўваньня чарнобыльскіх сродкаў Інстытутам радыяцыйнай медыцыны Міністэрства аховы здароўя РБ». Такую выснову прафесар Ю. Бандажэўскі зрабіў пасьля працы ў сьпецыяльнай камісіі, якая прааналізавала эфектыўнасьць вынікаў дасьледваньняў па трох тэмах, праведзеных Навуковадасьледчым клінічным інстытутам радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, з агульным аб’ёмам фінансаваньня больш за 17 млрд. рублёў. У справаздачы прафесара сказана, што толькі некалькі працаў, на якія патрачана 1,1 млрд. рублёў, «могуць быць карыснымі з навуковага і практычнага пункту погляду», а астатнія 16 млрд. руб. патрачаныя дарэмна.
Такім чынам, калі Ю. Бандажэўскі, узброіўшыся сенсацыйнымі вынікамі дасьледваньняў, неаднаразова заклікаў «вярхі» клапаціцца пра здароўе людзей і калі ён закрануў тэму грошай – у яго пачаліся непрыемнасьці, а затым і арышт. Падкрэсьлім і асаблівую важнасьць таго, што Ю.Бандажэўскі неаднаразова казаў пра недастатковасьць тых захадаў, якія прымаліся ўрадам па ахове здароўя людзей у чарнобыльскай зоне.
27 сьнежня Юры Бандажэўскі быў вызвалены з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе. Рашэньне аб зьмяненьні меры стрыманьня было прынятае сьледзтвам у сувязі са станам здароўя Ю. Бандажэўскага.
ПЦ «Вясна» лічыць, што перасьлед рэктара Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага інстытуту прафесара Ю. Бандажэўскага зьвязаны з яго няўгоднай уладам прынцыповай пазіцыяй адносна праблемы радыяцыйнай абароны насельніцтва, якое пацярпела ад аварыі на ЧАЭС, выкладзенай ім на самым высокім узроўні.
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ
Мікола Статкевіч – старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада». Пасьля акцыі 27 ліпеня г.г. (Дзень Незалежнасьці) быў затрыманы і абвінавачаны ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця. 28 ліпеня суд прысудзіў М. Статкевічу пакараньне ў выглядзе 10 сутак адміністратыўнага арышту. У той час, калі лідэр сацыял-дэмакратаў адбываў адміністратыўнае пакараньне, у адносінах да яго была ўзбуджаная крымінальная справа за тое ж парушэньне. М. Статкевічу інкрымінаваны арт.186.3 КК РБ – «арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак» і абраная мера стрыманьня – падпіска аб нявыезьдзе.
М. Статкевіч быў затрыманы таксама пасьля «Маршу Свабоды» 17 кастрычніка ў памяшканьні штаб-кватэры сацыял-дэмакратычнай партыі. Яму была зьмененая мера стрыманьня – падпіска аб нявыезьдзе на арышт. 18 кастрычніка М. Статкевіч абвясьціў галадоўку ў знак пратэсту супраць дзеяньняў уладаў і міліцыі. 31 кастрычніка М. Статкевіч быў выпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе.
ПЦ «Вясна» лічыць, што завядзеньне крымінальнай справы на М.Статкевіча – ёсьць палітычны перасьлед, яўнае парушэньне правоў чалавека і патрабуе спыненьня гэтай справы.
ВАЛЕРЫ ШЧУКІН
Валеры Шчукін – дэпутат Вярхоўнага Савету РБ 13-га скліканьня, праваабаронца, журналіст – карэспандэнт незалежнай газеты «Народная Воля».
В. Шчукін — адзін з заяўляльнікаў мітынгу і шэсьця «Марш Свабоды». Але калі гарадзкімі ўладамі шэсьце было забароненае, ён адмовіўся ад свайго подпісу і пайшоў на «Марш...» у якасьці звычайнага ўдзельніка. На 19 кастрычніка В. Шчукін быў выкліканы ў Савецкі РАУС па позве, дзе быў затрыманы ў парадку арт. 119 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ. Пры затрыманьні В. Шчукін быў моцна зьбіты (ім пададзеная скарга ў пракуратуру Савецкага раёну г. Мінску).
Тры дні В. Шчукін знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня, а пасьля прад’яўленьня яму абвінавачаньня (22 кастрычніка) па арт. 186.3 КК РБ накіраваны ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Абраная для В. Шчукіна мера стрыманьня арышт потым была зьмененая на падпіску аб нявыезьдзе.
Адносна В. Шчукіна парушаная дэпутацкая недатыкальнасьць. На яго арышт легітымны Вярхоўны Савет РБ дазволу не даваў, як таго патрабуе заканадаўства.
АНТОН ЛАЗАРАЎ
Антону 18 гадоў, працуе ён на Чэрвеньскім рынку памочнікам гандляра. За ўдзел у «Маршы Свабоды» быў затрыманы 21 кастрычніка на месцы працы: на рынку да яго падышоў міліцыянер і папрасіў ісьці з ім.
А. Лазараў быў спачатку дастаўлены ў Цэнтральны РАУС, адкуль ягоным родным паведамілі пра затрыманьне. Позна ўвечары або ў ноч на 22 кастрычніка А. Лазараў быў перавезены ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а пасьля прад’яўленьня абвінавачаньня па арт. 186.3 КК РБ – у сьледчы ізалятар на вул. Валадарскага. Пасьля мера стрыманьня была зьмененая на падпіску аб нявыезьдзе.
АНДРЭЙ ВАЛАБУЕЎ
Андрэю 17 гадоў. Ён старэйшы сын у сям’і, якая мае чацьвёра дзяцей, скончыў вячэрнюю школу і цяпер праходзіць уладкаваньне на працу ў ВА «Гарызонт».
А. Валабуеў быў затрыманы разам з сябрамі – Сушкевічам Германам і Догілем Глебам – пасьля «Маршу Свабоды» у пераходзе метро «Плошча Перамогі». Маладыя людзі размаўлялі паміж сабою, калі да іх падышлі пяцёра чалавек у цывільным, заламалі хлопцам рукі і пацягнулі ў машыны.
З Савецкага РАУСу, куды былі дастаўленыя затрыманыя, А.Валабуева ў ліку іншых перавезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе пратрымалі трое сутак. Яму было прад’яўленае абвінавачаньне па арт. 186.3 КК РБ і вызначаная мера стрыманьня – падпіска аб нявыезьдзе.
ГЛЕБ ДОГІЛЬ
Глебу 20 гадоў, ён студэнт 4-га курсу гістарычнага факультэту БДУ. Па вызначэньні ягонай маці — «належыць да дэмакратычна настроенай моладзі» і зьяўляецца «кабінетным, кніжным» хлопчыкам. Г. Догіль мае дрэнны зрок, і родныя заклапочаныя ягоным станам здароўя.
Г. Догіль быў затрыманы людзьмі ў цывільным разам з Германам Сушкевічам (ягоны стрыечны брат) і Андрэем Валабуевым у пераходзе станцыі метро «Плошча Перамогі» і дастаўлены ў Савецкі РАУС. З РАУСу Г.Догіль быў перавезены ў ізалятар часовага ўтрыманьня. У ізалятары Г. Догіль правёў трое сутак і быў пераведзены ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Абвінавачаньне Г. Догілю было прад’яўленае 27 кастрычніка (арт. 186.3 КК РБ) і абвешчаная мера стрыманьня – знаходжаньне пад арыштам, зьмененая на падпіску аб нявыезьдзе.
ГЕРМАН СУШКЕВІЧ
Герману 19 гадоў, ён студэнт 3-га курсу Беларускага дзяржаўнага універсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі (вячэрняе аддзяленьне), актывіст «Маладога Фронту».
Г. Сушкевіч быў затрыманы пасьля «Маршу свабоды» 17 кастрычніка каля 17.00 у пераходзе станцыі метро «Плошча Перамогі» разам са сваім стрыечным братам Г. Догілем і сябрам А. Валабуевым. Паколькі асобы (пяцёра мужчынаў), якія затрымлівалі маладых людзей, былі ў цывільным, Г.Сушкевіч аказаў супраціўленьне, але яго моцна ўдарылі і пацягнулі ў машыну.
Спачатку Г. Сушкевіч, як і яго сябры, быў накіраваны ў Савецкі РАУС, затым перавезены ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а адтуль – у сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Абвінавачаньне Г. Сушкевічу было прад’яўленае 27 кастрычніка (арт.186.3 КК РБ) і абвешчаная мера стрыманьня – знаходжаньне пад арыштам, зьмененая пасьля на падпіску аб нявыезьдзе.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|