БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 1999 годзе

Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 1999 годзе6. ПЕРАСЬЛЕД АПАЗІЦЫЙНА НАСТРОЕНАЕ МОЛАДЗІ І МАЛАДЗЁЖНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ

«Барацьбу за моладзь» А. Лукашэнка лічыць галоўнай задачай сваёй прапагандысцкай машыны, асновай сваёй палітыкі, сваёй будучыні. Пад ягоным патранажам знаходзяцца маладзёжныя арганізацыі, якія заяўляюць пра падтрымку прэзідэнта, ім прадастаўляюцца ўсялякія льготы і дзяржаўная дапамога. Моладзь жа, якая выступае супраць рэжыму Лукашэнкі, патрапляе пад жорсткія рэпрэсіі. Судовыя і карныя органы з асаблівым цынізмам распраўляюцца з непаўнагадовымі апанентамі рэжыму. Аднак за пяць гадоў існаваньня ўлады Лукашэнкі за гэта не адказаў яшчэ ніводзін міліцыянт, ніводзін амапавец. 

17 студзеня непаўнагадовы Станiслаў Карашчанка, зьбiты нявядомымi асобамi ў цывiльным 8 сьнежня 1998 году і дастаўлены імі ў міліцыю, атрымаў адказ на сваю скаргу з пракуратуры Цэнтральнага раёну г. Мiнску. У адказе паведамляецца: «У ходзе праведзенай праверкi пракуратурай раёну не ўстаноўленыя факты перавышэньня ўлады альбо службовых паўнамоцтваў супрацоўнiкамi мiлiцыi. Пры такiх абставiнах пракуратура Цэнтральнага раёну г. Мiнску не знаходзiць дастатковых падставаў для прыняцьця мераў пракурорскага рэагаваньня. Пры нязгодзе з прынятым рашэньнем Вы маеце права зьвярнуцца ў пракуратуру гораду Мiнску». 

21 студзеня ў Мiнску былi затрыманыя дзьве непаўнагадовыя дзяўчыны — Ляшкова Тацяна (14 гадоў) i Чарвякова Вольга (навучэнка Беларускага гуманiтарнага лiцэю, 15 гадоў). Яны распаўсюджвалi ўлёткi з запрашэньнем на дазволены ўладамi мiтынг 22 студзеня. Iх затрымаў жыхар пад’езду, у якiм дзяўчаты раскiдалi па скрынях лiстоўкi. Ён паказаў iм пасьведчаньне супрацоўнiка мiлiцыi, патэлефанаваў па 02 i выклiкаў машыну. Праз 30 хвiлiнаў прыехала мiлiцэйская машына, дзяўчынаў адвезьлi ў Савецкi РАУС, дзе склалi пратакол, пасьля выклiкалi бацькоў, каб забралi сваiх дзяцей дадому. 

26 студзеня ў Мiнску ў раёне Трактарнага заводу былi затрыманыя непаўнагадовыя Станiслаў Карашчанка i Зьмiцер Бунчук, якiя расклейвалi ўлёткi з запрашэньнем уступаць у шэрагi «Маладога Фронту» i ўлёткi, якiя прапагандуюць нацыянальную музыку: «Слухай беларускае!». С. Карашчанку i З. Бунчука даставiлi ў РАУС Партызанскага раёну, дзе на iх быў складзены пратакол. Яны абвiнавачваюцца ў парушэньнi арт. 143, ч. 3 КаАП РБ — расклейка аб’яваў ў неадведзеных для гэтага месцах. Паводле гэтага артыкулу, iм пагражае папярэджаньне альбо штраф у памеры да аднаго мiнiмальнага заробку. 

2 лютага ў Цэнтральным судзе г. Мiнску адбыўся суд над актывiстам «Маладога Фронту» Вадзiмам Канапацкiм. Ён абвiнавачваўся ў парушэньнi арт. 167.2 КаАП РБ (выкарыстаньне незарэгiстраванай сiмволiкi). Гэты артыкул прадугледжвае адмiнiстратыўную адказнасьць ад папярэджаньня i штрафаў розных памераў да адмiнiстратыўнага арышту тэрмiнам на 15 сутак. В. Канапацкi быў затрыманы 31 студзеня падчас правядзеньня акцыi апазiцыi ў падтрымку Кангрэсу дэмакратычных сiлаў. Падчас мiтынгу на плошчы Парыжскай камуны В. Канапацкi стаяў са сьцягам «Маладога Фронту» — на белым тле чырвоны крыж, на чырвоным крыжы шчыт з выявай чорнага шасцiканцовага крыжа. Супрацоўнiкi, якiя затрымалi В. Канапацкага, склалi пратакол i выдалi яму позву ў суд на 1 лютага. Але першага лютага суд не адбыўся, таму што супрацоўнiкi мiлiцыi вырашылi грунтоўна падрыхтавацца да судовага працэсу i зьвярнуліся з запытам ў Мiністэрства юстыцыі «аб наяўнасьцi рэгiстрацыi сьцяга ўказанага ўзору». 2 лютага адбылося судовае паседжаньне. Праваабарончы Цэнтр «Вясна-96» прадставiў В. Канапацкаму грамадзкага абаронцу — Валянцiна Стэфановiча. Судзьдзя Анатоль Барысёнак у выніку разгляду справы вынес В. Канапацкаму мiнiмальнае адмiнiстратыўнае пакараньне — папярэджаньне. 

6 лютага адбыўся чарговы сойм «Маладога Фронту». Асобна на сойме абмяркоўвалася пытаньне аб адносiнах да неафашысцкага руху «Рускае нацыянальнае адзiнства» (РНЕ). Паколькi апошнiм часам дзейнасьць гэтай арганiзацыi актывiзавалася ў Беларусi, дык «Малады Фронт» прыняў рашэньне — супрацьпаставiць неафашыстам сваю сiстэму грамадзкай бясьпекi. Запланаванае стварэньне дружынаў «Маладога Фронту», якія пры зьяўленьнi людзей са свастыкай i iншай фашысцкай сiмволiкай павiнны будуць здаваць iх у рукi мiлiцыi. У найбольш людных раёнах плануецца ўвесьцi дзяжурства маладафронтаўцаў, каб «пазбавiць фашыстаў жыцьцёвай прасторы». 

14 лютага адбыўся маладзёжны мiтынг-шэсьце «Беларусь у Еўропу», арганiзаваны «Маладым Фронтам». У акцыi прымалi ўдзел каля 500 хлопцаў і дзяўчат. На працягу ўсяго шэсьця маладых людзей суправаджалi супрацоўнiкi мiлiцыi ў форме i ў цывiлiным, а таксама прадстаўнiкi сьпецслужбаў. Падчас шэсьця быў зьбiты назiральнiк Праваабарончага Цэнтру «Вясна-96» Кiрыла Базыкiн. Увечары 14 лютага былі затрыманыя: Уладзь Антонаў, Хведар Жывалеўскi, Марыя Кунiна, Алесь Баршчэўскi, Арыя Гатальская, Яўген Скочка, Мiхаiл Малашанка, Алесь Пiткевiч, Зьмiцер Касьпяровiч, Андрэй Лях, Сяргей Прасяны, Сяргей Пашкевiч. Сярод затрыманых шмат непаўнагадовых. 

15 лютага ў судах Ленiнскага, Цэнтральнага і Першамайскага раёнаў г. Мiнску адбылiся суды над удзельнiкамi шэсьця «Беларусь у Еўропу». У Цэнтральным судзе Алесь Пiткевiч, Андрэй Лях, Сяргей Прасяны, Сяргей Пашкевiч атрымалi папярэджаньні. У Ленiнскiм судзе Я. Скочка быў асуджаны да 10 сутак адмiнiстратыўнага арышту. Удзельнiку шэсьця Уладзю Антонаву прысуджана 5 сутак адмiнiстратыўнага арышту. У Першамайскiм РАУСе былi асуджаныя Банэль Эльяш (1948 г. н.) i Кучун Казiмiр (1953 г. н.), якiя спрабавалi баранiць моладзь. Iх асудзiлi па арт. 156 (дробнае хулiганства) і прысудзiлi штрафы. 

5 сакавiка ў г. Гродне арыштаваныя ўдзельнiкi маладзёжнай антыфашысцкай акцыi. На вул. Савецкай моладзь была акружаная АМАПаўцамі з сабакамi. Было затрымана 39 чалавек. Была канфiскаваная лiтаратура антыфашысцкага зьместу. Пратаколы не былi складзеныя, але былі праведзеныя вiдэаздымкі. Праз 2 гадзіны большасьць дэманстрантаў была адпушчаная — па iх прыехалi бацькi. Братоў Станiслава i Андрэя Пачобутаў (сяброў «Маладога фронту») затрымалi да суда, якi павiнен адбыцца 9 сакавiка. Станiслаў Пачобут зьбег зпад варты. Супраць яго брата Андрэя была ўжытая фiзiчная сiла (АМАПаўцы зьбiвалi яго ў камеры). 

21 красавiка ў 21.15. у цэнтры Мiнску на вул. Варвашэнi каля заводу «Гарызонт» за расклейваньне ўлётак з запрашэньнем на традыцыйнае жалобнае шэсьце «Чарнобыльскi шлях-99», якое было дазволенае гарвыканкамам i запланаванае на 25 красавiка, былi затрыманыя сябры «Маладога Фронту»: Амбразевiч Лявон (непаўнагадовы), Шарамет Мiхаiл (непаўнагадовы), Кiйко Натальля, Бяроза Юлiя. Затрыманыя былi дастаўленыя ў РАУС Цэнтральнага раёну г. Мiнску, дзе непаўнагадовых пратрымалi паўтары гадзiны i адпусьцiлi, не паведамiўшы бацькам, а на Кiйко Н. i Бярозу Ю. былi складзеныя пратаколы аб адмiнiстратыўным правапарушэньнi. У затрыманых міліцыянты канфiскавалi каля тысячы ўлётак-запрашэньняў. 

25 красавiка ў Гродне прыкладна ў 21.00. адбылося несанкцыянаванае шэсьце моладзi, прымеркаванае да 13-х угодкаў чарнобыльскай катастрофы. Шэсьце праходзiла пад нацыянальнымi сьцягамi. Не было нiякiх лозунгаў i выкрыкаў, удзельнiкi шэсьця ў поўнай цiшынi несьлi паходнi — сiмвал смутку па ахвярах Чарнобылю. У акцыi ўдзельнiчала 38 чалавек. Да калоны пад’ехала машына, з якой выскачылi супрацоўнiкi мiлiцыi i пачалi хапаць людзей. Праз пэўны час на дапамогу мiлiцыi пад’ехалi амапаўцы. Пры дапамозе дубiнак i сьлезацечнага газу яны пачалi разганяць шэсьце. Некаторыя з супрацоўнiкаў мiлiцыi былi ўзброеныя аўтаматамi. Пачалася бойка памiж дэманстрантамi i мiлiцыянтамі, прычым мiлiцыянты нападалі, а дэманстранты толькі абараняліся. У вынiку 14 чалавек (з iх чацьвёра — непаўнагадовыя) былi затрыманыя i дастаўленыя ў мясцовы сьпецпрыёмнiк-разьмеркавальнiк. Сярод затрыманых быў і адзiн выпадковы прахожы — жыхар г. Гродна I. Баранаў, якi не прымаў удзелу ў шэсьцi i бойцы. Супрацоўнiкi мiлiцыi i АМАПу зьбівалi затрыманых у машынах па дарозе ў Ленiнскi РАУС г. Гродна. Двум непаўнагадовым выстрыглi пасмы валасоў. Трох хлопцаў забрала з РАУСу «хуткая дапамога». Праз некаторы час двое з iх былi вернутыя ў мiлiцыю, а 19-гадовы жыхар г. Мiнску быў зьмешчаны ў адзьдзяленьне траўматалогii шпiталю «хуткай дапамогi» — ударам боту адзiн з мiлiцыянераў зламаў яму нос. Шмат хто з удзельнiкаў акцыi быў вымушаны зьвярнуцца па медыцынскую дапамогу. Па словах сьведкаў, у адной дзяўчыны з Бабруйску — сатрасеньне мозгу. 26 красавiка адбылiся суды над затрыманымi. Судзьдзя Ленiнскага раённага суда г. Гродна Яўген Казяк асудзiў чатырох чалавек да двух сутак адмiнiстратыўнага арышту. Увогуле, большасьць затрыманых былi асуджаныя ад двух да чатырох сутак арышту. I.Баранаў быў аштрафаваны на адзiн мiльён рублёў. 27 красавiка двое асуджаных, якiя знаходзiліся ў ізалятары часовага ўтрыманьня пры Кастрычнiцкiм РАУСе, былi вызваленыя. 28 красавiка былi вызваленыя асуджаныя да 3 сутак адмiнiстратыўнага арышту. 

18 траўня ў ПЦ «Вясна-96» зьвярнуўся непаўналетнi Зьмiцер Касьпяровiч, якi ў сваёй заяве напiсаў наступнае: «У ноч з 18 на 19 траўня ў 00.30 я разам са сваiм сябрам Паўлам Мягковым быў затрыманы на спуску з вежы кампанii «Белсел» пасьля таго, як мы на ёй павесiлi бел-чырвона-белы сьцяг. Пасьля затрыманьня нас з Паўлам адвялi да мiлiцэйскай машыны i пачалi зьбiваць. Мяне бiлi кулакамi па нырках, нагамi па сьпiне i па нагах. Засталiся сiнякi. Кожны з прысутных мiлiцыянтаў (каля 7 чалавек), як мiнiмум, па адным разе ўдарыў мяне нагой па сьпiне. Потым майму сябру пад пагрозай фiзiчнай расправы загадалi залезьцi на вежу i зьняць сьцяг. Мяне ў гэты час паклалi на зямлю i прымусiлi разьвесьцi ногi i рукi ў бакi. Два мiлiцыянты каля 4-5 разоў ударылi мяне нагамi ў жывот, адзiн — наступiў нагой на руку. У Савецкiм РАУСе мы прасядзелi каля дзевяцi гадзiнаў без прад’яўленьня абвiнавачваньняў. Перагаворваючыся памiж сабою, мiлiцыянты казалi, што няма артыкулу, па якiм нас можна ў нечым абвiнавацiць. На ўсе просьбы патэлефанаваць дадому нам адказвалi адмовай. Каля дзевяцi гадзінаў ранiцы прыйшоў капiтан мiлiцыi, якi склаў пратакол, у якiм абвiнавацiў мяне ў дробным хулiганстве. На пачатку адзiнаццатай гадзіны мяне адпусьцiлi, папярэдне выклiкаўшы мацi, таму што я зьяўляюся непаўнагадовым. Мацi патэлефанавалi толькi ранкам. Лiчу, што мае правы былi парушаныя». Павел Мягкоў быў асуджаны на пяць сутак адмiнiстратыўнага арышту. 

29 траўня «Малады Фронт» праводзіў прабег па мінскай кальцавой дарозе пад лозунгам «Свабоду палітвязьням!» Нягледзячы на дазвол з Мінгарвыканкаму, Уладзімір Антонаў, Яўген Афнагель, Андрэй Сяргееў былі абвінавачаныя ў парушэньні заканадаўства і дастаўленыя ў гарадзкі аддзел міліцыі. Пазьней затрымалі і кіроўцу аўтамабілю суправаджэньня Сяргея Шынкевіча, якога пазбавілі правоў кіроўцы. 

27 жніўня ў г. Маладэчна (Мінская вобл.) «Беларуская музычная альтэрнатыва» і маладэчанскі маладзёжны клуб «Грунвальд» арганізавалі рок-канцэрт пад дэвізам «Моладзь за Беларусь!» На канцэрт сабраліся аматары айчыннага року з усёй Мінскай вобласьці. Дазвол на яго правядзеньне далі гарадзкія ўлады. Аднак адразу пасьля пачатку канцэрту міліцыянты акружылі пляцоўку, на якой ён праводзіўся. «Хапун» у Маладэчне ніколькі не саступаў падобным акцыям мінскай міліцыі. Былі арыштаваныя арганізатары імпрэзы з маладэчанскага боку С. Юркевіч і Д. Дасюкевіч, каардынатар праектаў БМА В. Супрановіч, саліст гурта «Happy Fase» Я. Пракаповіч і шмат падлеткаў, якія прыйшлі на рок-канцэрт. На пытаньне: «За што арыштоўваеце?» міліцыянты адказвалі «жартам»: «Калі б было за што, дык увогуле забівалі б...» 

9 кастрычніка на мінскім стадыёне «Дынама» падчас футбольнага матчу Беларусь-Італія супрацоўнікамі міліцыі былі зьбітыя і затрыманыя каля 30 маладых людзей, якія прыйшлі на стадыён з бел-чырвона-белымі сьцягамі. 

20 кастрычніка ў Оршы (Віцебская вобласьць) быў затрыманы вучань 11-га класа СШ №13 сямнаццацігадовы Зьміцер Шарамет і вучань 11-га класа СШ №12 сямнаццацігадовы Зьміцер Граблеўскі. Яны абвінавачаныя ў тым, што два гады таму зьнялі сьцяг на будынку мясцовага гарвыканкаму і зьмянілі яго на нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. 22 кастрычніка школьнікаў адпусьцілі. Супраць З. Граблеўскага ўзбуджаная крымінальная справа па Арт. 201, ч. 2 КК РБ. 

31 лістапада гарвыканкам г. Гродна адмовіў гарадзенскай арганізацыі «Маладога фронту» у правядзеньні акцыі «Моладзь — супраць СНІДу». Гарвыканкам спаслаўся на неадпаведнасьць заяўкі п. 5 закону «Аб сходах, мітынгах, вулічных шэсьцях, дэманстрацыях і пікетаваньні ў Рэспубліцы Беларусь». Гарадзенскія ўлады перакананыя: змагацца са СНІДам можна толькі медыцынскімі сродкамі. 

У лістападзе Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь адмяніў рашэньне суда Савецкага раёну г. Мінску аб адміністратыўным арышце актывіста «Маладога фронту» 20-гадовага студэнта-гісторыка Яўгена Афнагеля у сувязі з адсутнасьцю складу адміністратыўнага правапарушэньня. Я. Афнагель зьяўляўся адным з заяўляльнікаў «Маршу Свабоды» 17 кастрычніка. Аднак пасьля рашэньня Мінгарвыканкаму аб забароне шэсьця і перанясеньня мітынгу на плошчу Бангалор напісаў заяву аб адмове ад удзелу ў арганізацыі акцыі. Судзьдзя Іна Шэйка не прыняла да ўвагі гэтую акалічнасьць і прыцягнула Я. Афнагеля да адміністратыўнай адказнасьці. Я. Афнагель адсядзеў 15 сутак у прыёмніку-разьмеркавальніку, адкуль адзін раз быў дастаўлены ў 9-ю клінічную бальніцу для аказаньня экстранай медыцынскай дапамогі. 

6 сьнежня ўвечары ў Гродне міліцыяй быў затрыманы студэнт Вадзім Саранчукоў. Ён быў абвінавачаны ў тым, што на шыбе тралейбуса зрабіў антыпрэзідэнцкі надпіс. У РАУСе Ленінскага раёну г. Гродна В.Саранчукоў правёў ноч (яму нават не дазволілі патэлефанаваць дадому, што зьяўляецца парушэньнем закону. 8 сьнежня над В. Саранчуковым адбыўся суд, ён быў аштрафаваны на адзін мінімальны заробак. 

7. ПЕРАСЬЛЕД БІЗЬНЕСОЎЦАЎ І ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ 

Неакамуніст Лукашэнка з асаблівай нянавісьцю ставіцца да людзей прадпрымальных, незалежных. З першых дзён сваёй улады ён вядзе з імі змаганьне як з класам. У выніку краіну пакінула большасьць уладальнікаў буйнога і сярэдняга бізьнесу, на многіх заведзеныя крымінальныя справы (А. Пупейка, А. Саманкоў, В. Кругавы, А. Клімаў, У. Кудзінаў...) У 1999 годзе Лукашэнка працягнуў змаганьне з дробнымі гандлярамі ды «чаўнакамі», а таксама лідэрамі прафсаюзаў прадпрымальнікаў, якія наладзілі шэраг страйкаў на рынках буйнейшых гарадоў краіны. 

3 красавiка ў г. Гродне быў затрыманы старшыня Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнiкаў Валеры Леванеўскi. Ён быў выклiканы ў сьледчае ўпраўленьне да начальнiка гэтай установы Стральцова ў якасьцi сьведкi па справе В. Ганчара. Допыт праводзiў старэйшы сьледчы, падпалкоўнiк мiлiцыi Убарэвiч, які патрабаваў ад В. Леванеўскага iнфармацыю пра дзейнасьць Цэнтрвыбаркаму па выбарах прэзiдэнта РБ. В. Леванеўскаму забаранiлi тэлефанаваць, хадзiць па пакоi, пакiдаць пакой, хаця пратакол аб затрыманьнi ня быў складзены. В.Леванеўскi паскардзiўся на супрацьпраўныя дзеяньнi мiлiцыi кiраўнiку сьледчага апарату Унутраных справаў Гродзенскай вобласьцi Анiшчыну, але той адказаў: «Не падпiшаце дакументы — дадзiм 15 сутак». 

26 красавiка лiдэр прафсаюзнага руху прадпрымальнiкаў г. Гродна Валеры Леванеўскi быў асуджаны на 13 сутак адмiнiстратыўнага арышту за тое, што некалькi прадпрымальнiкаў, якiм забаранiлi правядзеньне сходу па пытаньнях сертыфiкацыi ў закрытым памяшканьнi, паспрабавалi ў прыёмны дзень трапiць да намесьнiка старшынi гарвыканкаму спадарынi Лаўцель. Нiчога палiтычнага, па словах Леванеўскага, там не было: нi плакатаў, нi выступленьняў. Калi В. Леванеўскi пацiкавiўся, чаму людзей не пускаюць у будынак гарвыканкаму, яго абвiнавацiлi ў арганiзацыi мiтынгу i склалi пратакол. В. Леванеўскi сьцьвярджае: «Рашэньне суда было вядомае да майго паходу ў выканкам. 13 сутак — гэта роўна столькi, колькi трэба, каб iзаляваць мяне на час магчымага прыезду прэзiдэнта Лукашэнкi ў Гродна. Гэта чыстая правакацыя». 

У траўні дэпутаты парламенту, якіх прызначыў А. Лукашэнка, увялі ў Крымінальны кодэкс артыкул 256, які прадугледжвае сур’ёзныя пакараньні для асобаў, што займаюцца перапродажам. 

15 чэрвеня прафсаюз прадпрымальнікаў Віцебску часова прыпыніў страйк, у якім бралі ўдзел 900 сяброў прафсаюзу. Гэта адбылося пасьля таго, як улады задаволілі іхнія патрабаваньні пад гарантыю намесьніка старшыні аблвыканкаму М. Федарчука. 

26 чэрвеня на гарадзкім рынку ў Оршы (Віцебская вобл.) супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы старшыня Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў г. Оршы і Аршанскага раёну Аляксандр Сталяроў. А.Сталяроў распаўсюджваў на рынку анкеты, у якіх былі пытаньні: «Ці падтрымліваеце вы Свабодны прафсаюз?», «У якой форме вы гатовыя падтрымаць яго патрабаваньні — мітынгі, страйкі, пікеты, грошы?», «Вашыя адносіны да ідэі прэзідэнта Лукашэнкі аб аб'яднаньні Беларусі ды Расіі ў адзіную дзяржаву?». Участковы інсьпектар рынку даставіў затрыманага А.Сталярова ў гарадзкі аддзел міліцыі, дзе яму паведамілі, што ягонай справай будзе займацца Камітэт Дзяржаўнай Бясьпекі, і адпусьцілі. 

1-2 ліпеня ў Гомелі прайшла акцыя пратэсту прыватных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на Цэнтральным калгасным рынку. Акцыя праведзеная ў знак пратэсту супраць рашэньня ліквідаваць тут 1200 гандлёвых месцаў і прымусу прадпрымальнікаў пераехаць гандляваць на новы рынак за горадам. 

29 жніўня на рынку горада Оршы адбыўся прафсаюзны сход прадпрымальнікаў. Міліцыянты склалі пратакол пра парушэньні Закону аб сходах. 31 жніўня адбыўся суд, на якім старшыня гарадзкога свабоднага прафсаюзу Віктар Андрэеў за правядзеньне сходу быў аштрафаваны на 20 мільёнаў рублёў. 

З 1 верасьня ўступiў у дзеяньне падпункт 1.22 пункту 1 Дэкрэту прэзiдэнта РБ ад 4 жнiўня 1997 г. № 14, у якiм сказана: «Набытыя альбо рэалiзаваныя ў парушэньне ўсталяванага парадку (без наяўнасьцi суправаджальных дакументаў альбо дакументаў, якiя пацьвярджаюць якасьць прадуктаў, а таксама пры наяўнасьцi неадпаведных рэчаiснасьцi дакументаў) таварнаматэрыяльныя каштоўнасьцi падлягаюць канфiскацыi ў даход рэспублiканскага бюджэту. Калi нехта захоча прадаць свой тавар, ён абавязаны будзе прайсьцi сертыфiкацыю па органалептычных прыкметах (на колер, пах i смак). Калi прадавец паспрабуе прадаць свой тавар без сертыфiкацыi, яго тавар проста канфiскоўваецца ў даход рэспублiканскага бюджэту. Канфiскаваныя ў прадпрымальнiкаў тавары прадаюцца дзяржавай з адзнакай «тавар не сертыфiкаваны». Дзяржава зарэвiзавала сабе права не сертыфiкаваць тавар, калi гэта эканамiчна ня выгадна: калi затраты на сертыфiкацыю перавышаюць плануемы даход. У дадзеным выпадку мае месца парушэньне Канстытуцыi Беларусi — арт.13, якi гарантуе роўныя правы для ажыцьцяўленьня гаспадарчай дзейнасьцi для ўсiх формаў уласнасьцi. У сувязi з гэтым дэкрэтам з 1 верасьня аб’явілі бестэрміновы страйк прадпрымальнікі-гандляры большасьці рынкаў краіны. Паводле паведамленьняў друку, з 1 верасьня не працавала да 75 працэнтаў прыватных гандляроў краіны з рынкаў Мінску, Гродна, Віцебску, Наваполацку, Полацку, Оршы, Пінску і іншых буйнейшых гарадоў Беларусі. 

1 лістапада рашэньнем Мінгарвыканкаму былі скасаваныя дамовы на арэнду плошчаў у мінскім метрапалітэне. Скасаваньне дамоваў было праведзена з парушэньнем устаноўленага парадку. Сваім рашэньнем улады пазбавілі працы каля чатырох тысячаў чалавек — прадпрымальнікаў і асобаў, якія працуюць па найме. Для абароны сваіх правоў прадпрымальнікі і наёмныя работнікі, якія гандлявалі на станцыях метрапалітэну і ў падземных пераходах, стварылі першасную суполку Свабоднага прафсаюзу. Раніцай 4 лістапада каля 30 прадпрымальнікаў і наёмных работнікаў (пераважна жанчыны) сабраліся на плошчы Незалежнасьці, з плошчы яны накіраваліся да офісу Беларускай арганізацыі працоўных жанчынаў, які знаходзіцца на плошчы Свабоды. Міліцыя не стварала перашкодаў шэсьцю, абмежаваўшыся назіраньнем. 

11 лістапада ў Беларусі прайшоў агульнарэспубліканскі папераджальны страйк прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рэчавых рынках краіны. Прадпрымальнікі патрабуюць адмены прынятых паводле ўказу А. Лукашэнкі абмежаваньняў на гандаль на рынках. Калі патрабаваньні ня будуць выкананыя, прадпрымальнікі маюць намер пачаць з 1 студзеня бестэрміновы страйк. 

8. ФАКТЫ ЖОРСТКАГА АЛЬБО НЕГУМАННАГА 

АБЫХОДЖАНЬНЯ З ЗАТРЫМАНЫМІ І ЗЬНЯВОЛЕНЫМІ 

Пра фізічны ды псіхалагічны гвалт над затрыманымі і зьняволенымі ў беларускіх міліцэйскіх пастарунках, СІЗА і турмах праваабаронцы паведамлялі неаднаразова. Сьведчаць пра гэта і тыя, хто пабываў у кіпцюрах беларускага правасудзьдзя. Аднак апафеозам бязьмежжа і беспакаранасьці служкаў закону стала расправа над удзельнікамі «Маршу Свабоды», які адбыўся 17 кастрычніка. Каб «заблытаць сьляды», сьпецназаўцы чынілі гвалт ды зьдзекі над нявіннымі людзьмі ў аўтобусах ды машынах па дарозе з пастарункаў да СІЗА альбо судоў. 

3 сакавiка член Цэнтральнай выбарчай камiсii Сяргей Абадоўскi, якi адбываў адмiнiстратыўны арышт у мiнскiм сьпецпрыёмнiку-разьмеркавальнiку, быў дастаўлены ў бальнiцу «хуткай дапамогi» з дыягназам «востры гiпертанiчны крыз» — вынiк галадоўкi, якую ў знак пратэсту супраць незаконнага арышту С. Абадоўскi абвясьцiў у зале суда. У бальнiцы С. Абадоўскаму аказалi тэрмiновую медыцынскую дапамогу, пасьля чаго адпусьцiлi дадому. С. Абадоўскаму заставалася знаходзiцца за кратамi два з паловай днi. Гэты тэрмiн ён павiнен адбыць, калi стан здароўя палепшыцца. 

3 сакавiка ў рэанiмацыйнае адзьдзяленьне мiнскага вайсковага шпiталю з дыягназам «фiзiчнае i псiхiчнае зьнясiленьне» трапiла былая старшыня Нацбанку Тамара Вiньнiкава. Яна знаходзiлася ў сьпецыяльнай палаце пад аховай. За дзень перад гэтым яна зьвярнулася ў Беларускi хельсiнкскi камiтэт па дапамогу. Былая старшыня Нацбанку сьцьвярджала, што далейшае знаходжаньне пад хатнiм арыштам пагражае яе жыцьцю. У 1998 годзе ў Вiньнiкавай было выяўленае анкалагiчнае захворваньне, яе можа выратаваць толькi хiрургiчнае ўмяшальнiцтва. Патрэбную аперацыю можна зрабiць толькi ў 8-ым клiнiчным шпiталi, але там «няма ўмоваў для разьмяшчэньня аховы». У вынiку Т. Вiньнiкавай ужо другi год адмаўляюць у лячэньнi. У студзенi 1999 году адвакат Людмiла Ульяшына зьвярталася са скаргай на ўтрыманьне Вiньнiкавай пад хатнiм арыштам у пракуратуру Беларусi i Фрунзенскi раённы суд г. Мiнску. З пракуратуры паведамiлi, што скарга ня можа быць задаволеная. 

У ноч з 5 на 6 сакавiка дактары гвалтам прымусiлi Вiктара Ганчара спынiць галадоўку — пачалося прымусовае кармленьне. Сябра ЦВК Анатоль Гурыновiч, якi знаходзiўся ў суседняй камеры, чуў, як Вiктар Ганчар супрацiўляўся дактарам. Галоўнае патрабаваньне Вiктара Ганчара — неадкладнае вызваленьне — не было выкананае. Падчас зьняволеньня В. Ганчар падвяргаўся ня толькi прымусоваму кармленьню, але i катаваньням. Людзi ў чорнай вопратцы i масках навязвалi яго кайданкамi да батарэi i зьбiвалi, яму заломвалi рукi i ногi назад — рабiлi гэтак званую «ластаўку». 

18 жніўня газета «Народная Воля» паведаміла, што напрацягу пяці дзён судовага працэсу над дэпутатам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Андрэем Клімавым яго не кармілі і не выводзілі на прагулкі. 

Пасьля «Маршу Свабоды», які адбыўся 17 кастрычніка, у Грамадзкую прыёмную Праваабарончага Цэнтру «Вясна» зьвярнулiся грамадзяне, пацярпелыя ад неправамоцных дзеяньняў супрацоўнiкаў праваахоўных органаў пад час і пасьля заканчэньня палітычнай акцыі апазіцыі. Гэтыя сьведчаньні — прыклад таго, як працуюць праваахоўныя органы ў Беларусі, для якіх нанясеньне фізічнай і маральнай шкоды, жорсткае зьбіцьцё затрыманых зьяўляецца прафесійнай нормай. 

Сьведчыць Абрагімовіч Марына (супрацоўніца Інстытуту мовазнаўства Акадэміі навук, г. Мінск): «Мы з сяброўкаю гулялі па парку Горкага. Раптам пачалася нейкая мітусьня. Мы вырашылі перачакаць на лавачцы. Падышлі незнаёмыя людзі ў камуфляжнай форме, праверылі нашыя дакументы і павялі нас у двары... Прывезьлі ў Ленінскі РАУС і пачалі складаць на нас пратаколы. Абвінавачаньне ва ўсіх было аднолькавае: парушалі грамадзкі парадак, нецэнзурна выказваліся. Потым нас павезьлі ў Партызанскі РАУС, па дарозе нас абражалі. У шэсьць гадзінаў раніцы прыбылі АМАПаўцы дзеля адпраўкі нас у сьпецпрыёмнік... У аўтамашыне на падлозе было месіва з людзкіх целаў, чуліся стогны, нас зьбівалі дубінкамі, тапталі нагамі. АМАПаўцы прымушалі нас сьпяваць, але ў мяне быў шок і я не магла прыгадаць ніводнае песьні. Тады мая сяброўка засьпявала песьню «В траве сидел кузнечик», а яны сталі патрабаваць «Солнечный круг»... Аднаму мужчыну засунулі ў рот дубінку, і ў гэты час нехта крычаў: «Сунь яму да самых гландаў!» Калі выходзілі з машынаў, адзін АМАПавец, павіснуўшы дзьвюмя рукамі на поручні, выштурхоўваў нагамі ў сьпіну людзей з машыны». 

Сьведчыць Ганчар Мікалай Якаўлевіч (1962 г. н., г. Мінск): «Па дарозе да аўтобусу нас білі і штурхалі. У аўтобусе зьбівалі з ног і валілі адзін на аднаго ў кучу. Я апынуўся ўнізе. На мне ляжалі тры ці чатыры чалавекі. Было цяжка, але тым, хто ляжаў наверсе было яшчэ горш, па іх хадзілі і скакалі, іх білі». 

Сьведчыць Мухля Юрый Адамавіч (г. Мінск): «Мне нанесьлі некалькі ўдараў па тулаве, маёй галавой адчынялі дзьверы... Мяне кінулі ў аўтобус, дзе не далі падняцца і, пагражаючы, прымусілі мяне ляжаць у ненатуральнай паставе. Калі паклалі ўсіх затрыманых, мы ад’ехалі ад Савецкага РАУСу. Праз хвілінаў 20-30 аўтобус спыніўся і супрацоўнікі АМАПу пачалі зьбіваць затрыманых. Мне задавалі пытаньне і на кожны адказ наносілі ўдар у вобласьць нырак. Супрацоўнік АМАПу сьмяяўся і казаў, што гэта тое самае, што ён пачаставаў бы мяне півам. Праходзячы па аўтобусе, супрацоўнікі АМАПу наступалі на мяне і сьпецыяльна спыняліся, каб нанесьці мне боль». 

Сьведчыць Цурыкаў Анатоль Аляксандравіч (70 гадоў, г. Мінск): «Я ў сутычцы ўдзелу не прымаў. Калі дэманстранты пачалі разьбягацца, я далучыўся да іх. Праз некалькі метраў мяне дагнаў чалавек у камуфляжнай форме і моцна ўдарыў дубінкай па галаве, а потым яшчэ і па назе. З разьбітай галавы моцна хлынула (гэта не перабольшваньне) кроў. Пасьля гэтага мяне ніхто ня біў. Некалькі жанчынаў спрабавалі мне дапамагчы, але ў іх не было бінтоў. Выклікалі «хуткую дапамогу», якая адвезла мяне ў 4-ю бальніцу, дзе наклалі на рану швы, зрабілі супрацьслупняковую ін’екцыю і праверылі на рэнтгенаўскім апараце месца ўдару па галаве. На маё шчасьце, трэшчынаў на чэрапе не было». 

Сьведчыць Кавалёў Станiслаў Станiслававiч (1957 г. н., Мiнская вобл.): «17 кастрычнiка я разам з усiмi дэманстрантамi прайшоў увесь шлях «Маршу Свабоды». У сутычках з мiлiцыяй ня ўдзельнiчаў... Частка дэманстрантаў пачала адыходзiць па парку ў бок метро. І вось тут пачалi затрымлiваць тых, хто выходзiў з парку. Мяне скруцiлi i пацягнулi да машыны. Я пытаўся: «За што вы мяне затрымлiваеце, i хто вы такiя?» Мне адказалi пагрозамi. Мяне павезьлi ў Савецкi РАУС г. Мiнску, дзе на ўсіх затрыманых склалi пратаколы. Забiралi з камеры нашу партыю прыкладна ў 2.00 — 2.30 ночы 18 кастрычнiка супрацоўнiкi АМАПу. Пры ўваходзе ў аўтобус мяне ўдарылi, я ўпаў, пасьля чаго мяне бiлi нагамi i гналi ў канец аўтобусу. Кiнулi на падлогу. Я чуў, як наступныя праходзiлi такую ж «апрацоўку». Апошнiх яны кiдалi на тых, што ляжалi ўнiзе (у тым лiку i я). Мы пачалі задыхацца ад недахопу паветра. Я чуў, як яны білі студэнта, білі настолькі па-зьвярынаму, што нават афіцэр АМАПу пачаў супакойваць сваіх падначаленых. Пасьля нас некуды павезьлі, амапаўцы сьмела хадзілі па галовах і целах ляжачых, калі хто-небудзь пачынаў варушыцца, білі зноў. Затым мы стаялі недзе каля 40 хвілінаў, мне зрабілася зусім кепска, бо ў мяне хворае сэрца. У гэтым стане я пачуў, што нехта з затрыманых папрасіў дазволу падняцца, бо яго пачало ванітаваць, а нехта з АМАПаўцаў сказаў: «Хай рыгае на сваіх». Далей я кепска памятаю, што было, бо страціў прытомнасьць. Прыйшоў у сябе толькі падчас руху аўтобусу, калі маса людзей, якая ляжала на падлозе пачала перамяшчацца збоку ўбок. Калі нас прывезьлі, я выходзіў апошнім і ня мог стаяць на нагах, таму некалькі АМАПаўцаў трымалі мяне, а астатнія «апрацоўвалі» маё цела дубінкамі і нагамі. Затым адпусьцілі з аўтобусу і ўжо на вуліцы пусьцілі праз свае шэрагі да сьцяны нейкага будынку (як пазьней аказалася, гэта быў сьпецпрыёмнік-разьмеркавальнік на вул. Акрэсьціна). Нас паставілі на «расьцяжку» каля сьцяны (шырока расставіўшы рукі і ногі) і працягвалі «апрацоўку». Асабліва жорстка яны зьбівалі хлопца, які быў у доўгім скураным паліто. Пасьля афіцэр АМАПу загадаў перастаць яго біць, бо хлопец ужо не рэагаваў на ўдары. Гэтую ноч кашмару я запомню на ўсё жыцьцё. Так біць і так маральна зьневажаць людзей маглі толькі фашысты ў канцлагерах». 

Сьведчыць Капарыха Павел Аляксеевіч (г. Мінск): «Падчас правядзеньня акцыі «Марш Свабоды» я быў затрыманы невядомымі асобамі ў цывільным, якія не прад’явілі ніякіх дакументаў. Нас (5 чалавек затрыманых даставілі ў Савецкі РАУС г. Мінску. Пасьля ўтрыманьня ў РАУСе (каля 4 гадзінаў) нашу групу затрыманых перавезьлі ў прыёмнік-разьмеркавальнік на вул. Акрэсьціна. Перад пагрузкай у аўтобус, кожнага з нас прапусьцілі праз строй АМАПаўцаў, у аўтобусе нас паклалі на падлогу, падчас руху працягвалі зьдзеквацца: зьбіваць, хадзіць па людзях, усяляк зьневажаць. За спробу прыўзьняць галаву адразу білі». 

Сьведчыць Капарыха Андрэй Аляксеевіч (г. Мінск): «Падчас майго затрыманьня за ўдзел у шэсьці «Марш Свабоды» мяне жорстка зьбілі невядомыя людзі ў цывільным, а затым адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС. Пры затрыманьні супрацоўнікі міліцыі не прад’явілі свае пасьведчаньні, абражалі, наносілі ўдары дубінкамі па сьпіне і нагах. (...) Пры пасадцы ў аўтобус я трымаў рукі за галавой, а АМАПавец нанёс мне ўдар рукой ў сонечнае спляценьне, а таксама некалькі ўдараў па нырках. У аўтобусе нас было 10 чалавек (7 хлопцаў, 2 дзяўчыны і 1 сталая жанчына). Мы ляжалі на падлозе паміж сядзеньнямі адзін на адным. Пры спробах паварушыцца, у наш адрас сыпаліся пагрозы. Потым адзін з АМАПаўцаў пачаў размаўляць з усімі намі па чарзе. Яго цікавіла: хто мы, чым займаемся, якую маем зарплату. Падчас размовы з кожным з нас ён наносіў удары рукамі і нагамі. Мне былі нанесеныя чатыры ўдары па нырках, а пасьля па галаве». 

Сьведчыць Сачанка Ігар Аляксандравіч: «Пасьля заканчэньня акцыі «Марш Свабоды» я са сваім сябрам быў затрыманы ў канцы вул. Пуліхава асобамі ў цывільным, якія не прадстаўляліся і не паказвалі ніякіх дакументаў. Пры затрыманьні мы не аказвалі ніякага супраціўленьня, але мяне схапілі за шыю, павалілі на зямлю і прыціснулі каленам. Шыю сьціснулі так, што на пытаньне пра дакументы, я ня мог нічога адказаць, бо перацялі дыханьне. Затым маім уласным рамянём, выцягнутым з джынсаў завязалі мне рукі за сьпіной і адвезьлі ў Савецкі РАУС, дзе мы былі з 17.30 да 00.30. Пасьля гэтага затрыманых павезьлі ў прыёмнік-разьмеркавальнік на вул. Акрэсьціна. Перад пагрузкай у аўтобус кожнага з нас прапускалі праз строй АМАПу. У аўтобусе паклалі на падлогу, падчас руху АМАП працягваў зьдзеквацца: зьбіваць, хадзіць па спінах, усяляк зьневажаць. За спробай падняць галаву адразу ішлі некалькі ўдараў». 

Падчас акцыі 17 кастрычніка ў Мінску ад супрацьпраўных дзеяньняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў пацярпелі журналісты і лідэры грамадзкіх аб’яднаньняў. У Фігулеўскую Валянціну (кіраўнік жаночага цэнтру г. Ліды) супрацоўнік міліцыі кінуў камень, у выніку чаго ў В. Фігулеўскай быў расьсечаны твар. Супрацоўніка газеты «Навінкі» Міколу Салаўя пасьля заканчэньня акцыі затрымалі і зьбілі каля станцыі метро «Партызанская». У сувязі з тым, што пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце падзеяў 17 кастрычніка, сьледчыя органы пачалі весьці пошук удзельнікаў акцыі па аператыўных здымках. Адзін з асуджаных на 15 сутак за ўдзел у «Маршы свабоды» Яўген Афнагель за кратамі ў камеры адчуў боль у сэрцы. Ён перадаў на волю цыдулку, у якой паведаміў, што на ягоныя скаргі на боль у сэрцы наглядчыкі адмовілі яму ў выкліку ўрача-кардыёлага, а далі нейкія таблеткі, ад якіх боль толькі ўзмацніўся. Рэжым утрыманьня зьняволеных ў сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку на вул. Акрэсьціна стаў больш жорсткім. Супрацоўнікі яго адмаўляліся прымаць харчовыя перадачы для ўдзельнікаў акцыі, устанавіўшы норму – адна перадача ў дзесяць дзён. Раней, да 17-га кастрычніка дазвалялася адна перадача ў пяць дзён... 

13 сьнежня супрацоўнікамі сьледчага ізалятара ГУУС Мінгарвыканкаму быў жорстка зьбіты зьняволены дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў. Пасьля зьбіцьця А.Клімаў быў дастаўлены ў суд Ленінскага раёну г. Мінску, дзе праходзіць слуханьне крымінальнай справы, узбуджанай у дачыненьні да А. Клімава і былых супрацоўнікаў ААТ «Андрэй Клімаў і Ко». Прадстаўніцтва АБСЕ ў Мінску выказала асаблівую заклапочанасьць у сувязі са зьбіцьцём А. Клімава і заклікала ўрад Беларусі «неадкладна расьсьледваць гэтае здарэньне, прадаставіць спадару Клімаву неадкладную медыцынскую дапамогу ў адпаведнай бальніцы і вызваліць яго з-пад варты». 

У сьнежні былая старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Тамара Віньнікава ў інтэрв’ю радыё Бі-Бі-Сі паведаміла наступнае: «Я дзесяць месяцаў знаходзілася ў адзіночнай камеры. Ці трэба яшчэ казаць, як зроблена наогул турма КДБ — камера мае форму труны. Гэта псіхалагічна так зроблена: калі ты кладзесься спаць альбо калі табе дазволяць прылегчы, калі ты сябе добра адчуваеш, то такое становішча, быццам ляжыш у труне. Гэта не проста труна, а з усімі, скажам, рысачкамі, з усімі дэталямі (...) Сам будынак пабудаваны ў 1926 г. Усе катаваньні 37-га году ўвабралі ў сябе гэтыя сьцены. Там няма ніякай вады — ні халоднай, ні гарачай. Для таго каб памыцца, трэба строга па раскладзе — тры разы на дзень цябе запросяць выйсьці толькі ў грамадзкую прыбіральню. Я жанчына, мяне даглядалі толькі мужчыны (...) Я была пазбаўленая магчымасьці перапісвацца. У мяне не было спатканьняў. Мне не дазвалялі карыстацца паслугамі адваката — я гаварыла з ім праз два шкла за зачыненымі дзьвярыма. Мне не дазвалялі карыстацца заканадаўчай базай. Мне не дазвалялі карыстацца ніякімі дакументамі. Мне не дазвалялі карыстацца ўрачэбнай дапамогай. (...) А праз дзесяць месяцаў мне зьмянілі меру стрыманьня. Але мне не дазволілі вярнуцца дамоў. Мне дазволілі вярнуцца ў кватэру майго сына, можа быць, толькі таму, што кватэра яго знаходзіцца ў суседнім доме з КДБ і МУС. Таму там было пільнае назіраньне. І мне прыставілі ахову — круглыя суткі ў кватэры знаходзіліся лепшыя людзі рэжыму — Галоўнага ўпраўленьня Дзяржаўнай аховы... Ну, як вы разумееце зьбегчы ад такіх людзей немагчыма. Гэта вельмі складана. (...) Мяне проста з групы аховы перадавалі ў групу, скажам, людзей, якія займаюцца фізічным зьнішчэньнем. Вось тут і адбылася невялікая накладка, пра якую я гаварыць не магу». 

21 сьнежня Дзярждэпартамент ЗША зрабіў афіцыйную заяву, у якой сказана: «Зьбіцьцё Андрэя Клімава, дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, якое адбылося 13 сьнежня, указвае на глыбіню палітычнага крызісу ў Беларусі і яе самаізаляцыі ад еўраатлантычнай супольнасьці дэмакратычных дзяржаваў. Дэпутат Клімаў быў зьбіты ахоўнікамі ў турме, дзе знаходзіўся ў папярэднім зьняволеньні з лютага 1998 г. па палітычна матываваных абвінавачаньнях. Беларускія ўлады павінны прыняць меры для расьсьледваньня інцыдэнту і пакараньня вінаватых. Урад ЗША заклікае беларускае кіраўніцтва вызваліць дэпутата Клімава і іншых затрыманых і зьняволеных па палітычных матывах». 

24 сьнежня Пракуратура Рэспублікі Беларусь адмовілася задаволіць хадайніцтва прадстаўнікоў абароны зьняволенага дэпутата Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня Андрэя Клімава ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па факце яго зьбіцьця. Прадстаўнікі пракуратуры заявілі, што праведзеная імі праверка пацьвердзіла правамоцнасьць усіх дзеяньняў аховы («прымусовая мера дастаўкі ў суд»). Варта нагадаць, што з папярэдняга медыцынскага заключэньня, зробленага ўрачом «хуткай дапамогі», які прыбыў у будынак суда, вынікае, што ў Клімава была выяўленая чэрапнамазгавая траўма і траўма жывата.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster