БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2000 годзе

Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2000 годзе2. КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЬЛЕД ПАЛІТЫЧНЫХ, ГРАМАДЗКІХ І ГАСПАДАРЧЫХ ДЗЕЯЧАЎ БЕЛАРУСІ, 
А ТАКСАМА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ МАСАВЫХ АКЦЫЯЎ АПАЗІЦЫІ

2000 год распачаўся ў Беларусі вынясеньнем прысудаў па крымінальных справах, узбуджаных у папярэднія гады па прычынах, якія назіральнікі кваліфікуюць як палітычныя: 14 студзеня быў асуджаны былы міністр сельскай гаспадаркі РБ Васіль Лявонаў, 18 студзеня – мінскі юнак Яўген Асінскі, 14 лютага – барысаўская школьніца, непаўнагадовая Надзея Грачуха,17 сакавіка – дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў... І ўвогуле гэты год прайшоў пад знакам завяршэньня «гучных» крымінальных справаў. Былі асуджаныя былы прэм”ер-міністр Міхаіл Чыгір і ягоная жонка Юлія Чыгір, лідэр БСДП «Народная Грамада» Мікола Статкевіч, журналіст і праваабаронца Валеры Шчукін... Пад крымінальны перасьлед патрапілі ўдзельнікі «Маршу Свабоды-1» Глеб Догіль, Герман Сушкевіч, Андрэй Валабуеў, Антон Лазараў і Аляксандр Новік, сын магілёўскага праваабаронцы Сяргея Абадоўскага Зьміцер Абадоўскі... 

14 студзеня быў вынесены прысуд па крымінальнай справе Васіля Лявонава. Былы міністр сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь асуджаны на 4 гады зьняволеньня ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Прысуд канчатковы, уступіў у сілу адразу пасьля абвяшчэньня і абскарджаньню не падлягае, бо разгляд справы адбываўся ў вышэйшай судовай інстанцыі краіны – Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь. 

18 студзеня ў будынку Мінскага гарадзкога суда быў вынесены прысуд па крымінальнай справе Яўгена Асінскага. Я. Асінскі, згодна з абвінаваўчым заключэньнем, абвінавачваўся па арт. 186.3 КК РБ (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак…) і арт. 201 ч.2 (злоснае хуліганства). Аднак судзьдзя Валеры Камісараў у вынесеным прысудзе не пагадзіўся з прапанаванай сьледзтвам кваліфікацыяй злачынства, у якім абвінавачвалі Я. Асінскага. У выніку дзеяньні Я. Асінскага былі перакваліфікаваныя судом: ч.2 арт. 201 на ч.2 арт. 187.1 КК РБ (аказаньне супраціўленьня супрацоўніку міліцыі ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў). Па арт. 186.3 КК РБ суд Я. Асінскага апраўдаў, паколькі не знайшоў складу злачынства ў ягоных дзеяньнях па дадзеным артыкуле КК РБ. Яўген Асінскі асуджаны да двух гадоў папраўчых работ па месцы асноўнай працы з утрыманьнем дваццаці адсоткаў заробку. 

19 студзеня ў Мінскім гарадзкім судзе распачаўся разгляд крымінальнай справы, узбуджанай супраць былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра. Зранку будынак Гарадзкога суда быў ачэплены супрацоўнікамі АМАП. У залу пачалі пускаць толькі ў 9.30. Як тлумачылі супрацоўнікі міліцыі, ім быў дадзены загад дапусьціць на працэс прыкладна 40 чалавек, каб «стаячых» грамадзянаў у зале не было. Шэраг незалежных журналістаў (Г.Барбарыч, Т.Сьнітко, супрацоўнікі НТВ) і прадстаўнікоў грамадзкасьці ня здолелі патрапіць у суд. Гэтым самым была парушаная Канстытуцыя і заканадаўства Рэспублікі Беларусь, дзе сказана пра адкрытасьць судовых працэсаў. Не патрапіў у залу і былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч, якога М.Чыгір хацеў бачыць у якасьці эксьперта па банкаўскіх пытаньнях. Зрэшты, хадайніцтва абароны аб гэтым было адхіленае судом. Нягледзячы на пратэсты абароны, суд пачаў разгляд справы. Абарона заявіла шмат хадайніцтваў, у тым ліку і пра допуск у суд грамадзкага абаронцы ад Праваабарончага цэнтру “Вясна” Барыса Гюнтэра. Нягледзячы на пратэст пракурора, гэтае хадайніцтва было задаволенае. Усе астатнія хадайніцтвы абароны суд не задаволіў. Абарона запатрабавала адзін месяц на вывучэньне справы, якая складае 18 тамоў. Суд даў толькі дзесяць дзён, за якія немагчыма дасканала вывучыць “справу Чыгіра”. Напрыканцы судзьдзя заявіў, што замежныя амбасадары павінны загадзя папярэджваць суд пра сваю прысутнасьць, тое самае тычыцца і журналістаў. 

24 студзеня намесьнік прэссакратара Дзярждэпартаменту ЗША Джэймс Фоўлі падпісаў заяву, у якой выказаў занепакоенасьць тым, што «нядаўнія падзеі ў Беларусі працягваюць шэраг растучых рэпрэсіяў і ўсё далей адсоўваюць персьпектывы вырашэньня палітычнага і канстытуцыйнага крызісу, які перажывае краіна». Дж. Фоулі мае на ўвазе суд над М.Чыгіром, які пачаўся 19 студзеня, прысуд В.Лявонаву, вынесены 14 студзеня, палітычны працэс над А.Клімавым, які быў зьбіты турэмнай аховаю 13 сьнежня, суд над Я.Асінскім, які адбыўся 18 студзеня, перасьлед праваабаронцы А. Волчака... «Урад ЗША асуджае рост рэпрэсіяў і выказвае сваю рашучую падтрымку тым, хто дабіваецца прасоўваньня дэмакратычных рэформаў у Беларусі. Мы настойваем на спыненьні рэжымам Лукашэнкі ганеньняў у адрас палітычных апанентаў. Падобны крок зьяўляецца неад’емнаю ўмовай дзеля таго, каб дыялог пад эгідаю АБСЕ меў нейкія шанцы на посьпех», – сьцьвярджаецца ў заяве. 

10 лютага адбылося чарговае паседжаньне Гарадзкога суда па справе былога прэм’ер-міністра РБ Міхаіла Чыгіра. Напачатку паседжаньня грамадзкі абаронца М.Чыгіра, вядомы ў Беларусі адвакат Гары Паганяйла, зрабіў заяву наконт выступу ў друку прэс-сакратара Генеральнай пракуратуры палкоўніка Таранава. У сваім выступе ў газеце “Рэспубліка” палкоўнік Таранаў сьцьвярджае, што Міхаіл Чыгір зьяўляецца злачынцам, які скраў некалькі дзесяткаў мільёнаў даляраў. Па словах абаронцы, падобны выступ недапушчальны, бо прызнаць злачынцам чалавека можа толькі суд; гэта значыць, што палкоўнік Таранаў у сваім выступе парушае прэзумпцыю невінаватасьці. Апроч таго, зьяўленьне такіх сьцьвярджэньняў у афіцыйнай прэсе падчас судовага працэсу мае моцны ўплыў на грамадзкую думку і суд. З выступу абаронцы вынікала, што судовы працэс зьяўляецца чыста палітычным. Судзьдзя Васілевіч, спасылаючыся на Крымінальна-працэсуальны кодэкс, зрабіў вусную заўвагу Гары Паганяйлу аб тым, што ягоная заява ня тычыцца судовага працэсу, таму яе нельга было агучваць у зале судовых паседжаньняў. Тым самым ён практычна ўскосна папярэдзіў Г.Паганяйлу, што той можа быць выведзены са складу абаронцаў М.Чыгіра. Судзьдзя сказаў, што гэтая заява Гары Паганяйла будзе разгледжаная асобна калегіяй суда. 

14 лютага ў эфіры беларускага тэлебачаньня быў паказаны выступ Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Алега Бажэлкі. Са словаў Генпракурора, які распавядаў пра справу былога прэм’ер–міністра Міхаіла Чыгіра, вынікала, што нібыта раскрыты яшчэ адзін факт незаконнай выдачы крэдытаў Чыгіром. Бажэлка назваў лічбу: 4 млн. даляраў. Падобныя выказваньні Генпракурора, зробленыя не на падставе вынікаў сьледзтва і без прысуду, ёсьць парушэньне правоў чалавека. 

14 лютага ў будынку Мінскага гарадзкога суда быў вынесены прысуд па крымінальнай справе непаўналетняй школьніцы з г. Барысава Надзеі Грачухі. Яна абвінавачвалася па арт. 186.2 КК РБ (зьнявага дзяржаўных сімвалаў). 21 ліпеня 1999 г. падчас акцыі апазіцыі, прымеркаванай да заканчэньня легітымнага пяцігадовага тэрміну прэзідэнцтва А. Лукашэнкі, на Кастрычніцкай плошчы г. Мінску Надзея Грачуха спаліла тканіну чырвона-зялёнага колеру. Гэтае спаленьне міліцыянты зьнялі на відэастужку. Паводле факту спаленьня Мінскай гарадзкой пракуратурай і была ўзбуджаная крымінальная справа.На працэсе і адвакат, і сама Надзея Грачуха заявілі, што была спаленая тканіна чырвона-зялёнага колеру, якая сімвалізавала тыранію ў краіне. Надзея Грачуха трымалася на судзе годна і ад сваіх перакананьняў і дзеяньняў не адмовілася. Судзьдзя прызнала Надзею Грачуху вінаватай у зьдзейсьненым злачынстве і, згодна з артыкулам 186.2 КК РБ, вынесла прысуд – штраф 22 мільёны рублёў (прыблізна 15 даляраў ЗША). 

16 лютага адвакат дэпутата Вярхоўнага Савету РБ 13-га скліканьня, палітвязьня Андрэя Клімава Гары Паганяйла заявіў хадайніцтва аб выкліку ў суд у якасьці сьведкі мэра г. Мінску Уладзіміра Ярмошына. Судзьдзя Вера Тупік адхіліла хадайніцтва аб допыце цяпер ужо в. а. прэм’ер-міністра Беларусі (з 18 лютага) У. Ярмошына. 

18 лютага на чарговым судовым паседжаньні па справе дэпутата Вярхоўнага Савету РБ 13-га скліканьня, палітвязьня Андрэя Клімава пракурор Галіна Радкевіч выступіла з абвінаваўчай прамовай, у якой прасіла суд прызначыць пакараньне бізьнесоўцу ў дзевяць гадоў пазбаўленьня волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Яна ж папрасіла суд асудзіць Леаніда Валковіча (аднаго з намесьнікаў А.Клімава, які цяпер таксама знаходзіцца ў СІЗА) да пяці гадоў пазбаўленьня волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. 

21 лютага з апошняй прамовай выступілі адвакаты абвінавачанага і сам Андрэй Клімаў. Адвакаты разьбілі ўсе абвінавачаньні і папрасілі суд прыняць апраўдальны прысуд. Андрэй Клімаў вінаватым сябе не прызнае і лічыць перасьлед уладаў адносна яго выключна палітычным. 

28 лютага судом Кастрычніцкага р-ну г. Віцебску быў вынесены прысуд актывісту КХП БНФ Анатолю Букачову. А. Букачоў абвінавачваўся ў тым, што ў ліпені 1998 году, напярэдадні правядзеньня афіцыёзнага фестывалю “Славянскі базар”, ён друкаванымі літарамі напісаў ліст ад імя неіснуючай арганізацыі “Вольная Беларусь”, у якім выказаў пратэст супраць разбазарваньня дзяржаўных сродкаў на наладжваньне пампезных прарасійскіх сьвятаў. У лісьце выказвалася патрабаваньне спыніць фестываль, інакш некаторыя арганізатары і ўдзельнікі “Славянскага базару” могуць пацярпець. Ліст быў дасланы ў газету “Віцьбічы” з патрабаваньнем надрукаваць яго. Рэдакцыя газеты перадала ліст у КДБ. Пошукі “тэрарыстаў” вяліся амаль паўтары гады. Увосень 1999 году КДБ нейкім чынам выйшаў на Анатоля Букачова. У ягонай кватэры быў праведзены ператрус. А. Букачоў быў выкліканы ў КДБ, дзе пад ціскам сьледчых прызнаўся ў напісаньні гэтага ліста. Судовае паседжаньне па справе А.Букачова было першапачаткова прызначанае на 24 лютага, але з-за няяўкі адваката, прызначанага афіцыйным сьледзтвам, было перанесенае на 25 лютага. У гэты дзень А.Букачоў адмовіўся ад удзелу ў працэсе афіцыйнага абаронцы і заключыў дамову з вядомым адвакатам Уладзімірам Шайкевічам. У працэсе ў якасьці грамадзкага абаронцы браў удзел ганаровы сябра ПЦ “Вясна” Барыс Хамайда. 25 лютага на працягу дня адбывалася судовае паседжаньне, а 28 быў вынесены прысуд. А. Букачоў быў прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага арт. 201.1 ч. 1 КК РБ (злоснае хуліганства), нягледзячы на тое, што ягоная віна пацьвярджалася толькі ягонымі ўласнымі паказаньнямі. Анатоль Букачоў быў пакараны штрафам памерам у 50 мінімальных заробкаў (115 даляраў ЗША). У заключным слове А.Букачоў заявіў пра выключна палітычныя матывы ўчынку. 

У лютым у судзе Цэнтральнага раёну г. Магілёву пачаўся судовы працэс над сынам вядомага праваабаронцы Сяргея Абадоўскага Зьміцерам Абадоўскім. ПЦ «Вясна» лічыць, што перасьлед Зьміцера зьяўляецца ні чым іншым, як перасьледам ягонага бацькі С. Абадоўскага за актыўную праваабарончую дзейнасьць. 

1 сакавіка пракуратура г. Мінску накіравала ў Мінскі гарадзкі суд на разгляд крымінальную справу, якая тычыцца чатырох удзельнікаў «Маршу Свабоды» 17 кастрычніка 1999 году ў Мінску – Сушкевіча Г.В., Догіля Г.А., Валабуева А.В. і Лазарава А.В. Маладыя людзі абвінавачваюцца па двух артыкулах КК РБ – 186.3 (арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і арт. 201 ч.2 (злоснае хуліганства). Да крымінальнай справы ў якасьці рэчавых доказаў дадаюцца дзьве відэакасеты і два кавалкі тратуарнай пліткі. 

7 сакавіка сьледчы па важнейшых справах пракуратуры г.Мінску юрыст 1 класа В. Фешчанка вынес пастанову аб прыцягненьні Міколы Статкевіча, старшыні БСДП, у якасьці абвінавачваемага па крымінальнай справе, узбуджанай супраць яго пасьля акцыяў 27 ліпеня і 17 кастрычніка 1999 году. Згодна з вынесенай сьледзтвам пастановай, М. Статкевіч абвінавачваецца ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага арт. 186.3 КК РБ (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). У пастанове аб прыцягненьні ў якасьці абвінавачваемага гаворыцца, што М. Статкевіч, зьяўляючыся арганізатарам дэманстрацыі 27 ліпеня 1999 году, у парушэньне рашэньня Мінгарвыканкаму наўмысна заклікаў удзельнікаў шэсьця зьмяніць дазволены Мінгарвыканкамам маршрут руху, а таксама ў тым, што 17 кастрычніка 1999 году заклікаў удзельнікаў мітынгу на пл. Бангалор прайсьці па вуліцах гораду, што зьяўляецца арганізацыяй несанкцыянаванага шэсьця. Такое ж самае абвінавачаньне прад’яўленае і В. Шчукіну (адносна 17 кастрычніка 1999 г.). Сьледзтва па справе М. Статкевіча і В. Шчукіна ўжо скончанае, і зараз абвінавачваемыя знаёмяцца з матэрыяламі папярэдняга сьледзтва. У хуткім часе справа будзе накіраваная ў Мінскі гарадзкі суд, і будзе прызначаная дата чарговага гучнага палітычнага працэсу. 

9 сакавіка, як было прызначана раней, павінен быў быць вынесены прысуд вязьню сумленьня, дэпутату ВС РБ 13га скліканьня Андрэю Клімаву і васьмі ягоным “паспраўнікам”. Аднак судзьдзя Ленінскага раённага суда Вера Тупік, заслухаўшы апошняе слова апошняга з падсудных Калаціліна, абвясьціла аб тым, што вынясеньне прысуду пераносіцца на 17 сакавіка. 

13 сакавіка, падчас візіту ў Беларусь дарадцы сакратара Дзярждэпартаменту ЗША па пытаньнях новых незалежных дзяржаваў Роса Уілсана, адбывалася ягоная сустрэча са сваякамі палітвязьняў і зьніклых дзеячаў апазіцыі: Зояй Кудзінавай (жонкай Уладзіміра Кудзінава), Тацянай Леановіч (жонкай Андрэя Клімава), маці Андрэя Клімава Алай Пятроўнай, Сьвятланай Уласавай (дачкой Васіля Лявонава), Зінаідай Ганчар (жонкай Віктара Ганчара), Вольгай Захаранка (жонкай Юрыя Захаранкі). На сустрэчы ўсе прысутныя распавялі пра справы сваіх блізкіх, абмалявалі агульную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, закранулі пытаньні адсутнасьці незалежнай судовай улады ў краіне, адсутнасьці незалежных адвакатаў. Родныя палітзьняволеных выказалі занепакоенасьць пагаршэньнем стану здароўя сваіх блізкіх з-за кепскіх умоваў утрыманьня ў месцах зьняволеньня. Рос Уілсан быў уражаны тым, што напрыканцы ХХ стагодзьдзя ў цэнтры Еўропы так груба парушаюцца асноўныя правы чалавека, і выказаў занепакоенасьць агульнай сітуацыяй з захаваньнем правоў чалавека ў Беларусі. Падчас свойго візіту ў Беларусь дарадца Дзярждэпартаменту ЗША зьвярнуўся да беларускіх уладаў з просьбай забясьпечыць свабоду сходаў і не выкарыстоўваць сілу падчас правядзеньня «Маршу Свабоды-2». 

17 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну г. Мінску быў вынесены прысуд палітвязьню, дэпутату Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэю Клімаву. Суд прызнаў А.Клімава вінаватым па двух з чатырох прад’яўленых яму пунктаў абвінавачаньня і асудзіў яго да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. 

17 сакавіка адбылося чарговае судовае паседжаньне па справе былога прэм’ер-міністра Беларусі, палітвязьня Міхаіла Чыгіра. Паседжаньне яшчэ раз пацьвердзіла, што абвінавачаньні супраць М.Чыгіра развальваюцца проста на вачах. На гэтым паседжаньні былі зачытаныя вынікі эксьпертызы подпісу пад дакументамі канадзкай фірмы «Каруна». Эксьпертыза паказала, што подпісы на іх не М.Чыгіра, а падробныя. 

20 сакавіка дзеці беларускіх палітвязьняў выправіліся на дзесяцідзённы адпачынак у Швецыю. У складзе дэлегацыі дзеці Уладзіміра Кудзінава, Андрэя Клімава, унукі Валерыя Шчукіна і іншых палітвязьняў – усяго дзесяць дзяцей. 

На 30 сакавіка ў Мінскім гарадзкім судзе былі прызначаныя слуханьні па крымінальнай справе супраць чатырох удзельнікаў «Маршу Свабоды-1» – Глеба Догіля, Германа Сушкевіча, Андрэя Валабуева і Антона Лазарава. Гэтыя маладыя людзі былі затрыманыя адразу пасьля акцыі і пэўны час утрымліваліся ў сьледчым ізалятары на вул.Валадарскага. Толькі пад уздзеяньнем міжнародных праваабарончых арганізацыяў і місіі АБСЕ перад самітам АБСЕ у Стамбуле мера стрыманьня іх была зьмененая на падпіску аб нявыезьдзе, але крымінальная справа не была спыненая. Адразу пасьля ўзбуджэньня Гарадзкой пракуратурай г.Мінску крымінальнай справы супраць Г.Догіля, Г.Сушкевіча, А.Валабуева і А.Лазарава абвінавачаньне было прад’яўленае па адным артыкуле Крымінальнага кодэксу – 186.3 – “арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, груба парушаючых грамадзкі парадак…” Па узбуджанай крымінальнай справе ў адной вытворчасьці спачатку праходзілі і вядомыя дзеячы апазіцыі М.Статкевіч і В.Шчукін, але ў студзені 2000 году справа чатырох маладых хлопцаў была нечакана выдзеленая ў асобную вытворчасьць і абвінавачаньне ўзмоцненае яшчэ адным артыкулам Крымінальнага кодэксу – 201 ч.2 – “злоснае хуліганства”. Максімальнае пакараньне, якое прадугледжваецца апошнім артыкулам – 5 гадоў пазбаўленьня волі. Справа Г.Догіля, Г.Сушкевіча, А.Валабуева і А.Лазарава 1 сакавіка была накіраваная пракуратурай у Мінскі гарадзкі суд. На 30 сакавіка была прызначаная дата судовага паседжаньня. Справу павінен быў разглядаць судзьдзя Валеры Камісараў, але суд не пачаўся... Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, Г.Догіль, Г.Сушкевіч, А.Валабуеў і А.Лазараў пакінулі межы Беларусі і папрасілі палітычнага прытулку ў адной з заходніх краінаў. У сувязі з гэтым, судзьдзя В. Камісараў зьвярнуўся да праваахоўных органаў з патрабаваньнем абвясьціць крымінальны вышук зьніклых падсудных і зьмяніў меру стрыманьня з падпіскі аб нявыезьдзе на арышт. Калі пошук ня дасьць станоўчых вынікаў, як заявіў судзьдзя, магчымае правядзеньне судовага працэсу без удзелу падсудных (згодна з нормамі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ). 

8 красавіка газета “Народная воля” надрукавала зварот да ўрадаў дэмакратычных краінаў ад жанчын – маці і жонак тых, каго перасьледуе рэжым. У звароце сказана: “Дзень Волі рэжым ператварыў у дзень жаху, дэманструючы сваю нянавісьць да дэмакратыі, свабоды, правоў чалавека. Мы, маці і жонкі тых, каго перасьледуе рэжым, выступаем у абарону ня толькі сваіх родных і блізкіх. Мы спачуваем і шкадуем гэткіх жа шматпакутных маці і жонак вайскоўцаў і міліцыянтаў, якіх дзікая ўлада прымушае парушаць хрысьціянскія нормы маралі, зьдзеквацца з жанчын і старых, ператварацца ў катаў уласнага народу”. 

24 красавіка ў Гарадзкім судзе г.Мінску пачаўся разгляд крымінальнай справы па абвінавачаньні Міколы Статкевіча – старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і Валерыя Шчукіна – журналіста, дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня) па арт.186.3 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак...). Абвінавачаньне ў адносінах да М.Статкевіча ўключае ў сябе дзьве часткі – па падзеях 27 ліпеня 1999 г. (сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці) і 17 кастрычніка 1999 г. («Марш Свабоды-1»). Абвінавачаньне ў адносінах да В.Шчукіна зьвязанае з падзеямі 17 кастрычніка. Пракуратура г.Мінску ў інтарэсах зацікаўленых арганізацыяў, сярод якіх ГУУС Мінгарвыканкаму, Рэспубліканскі шпіталь МУС РБ, ГП “Трэст Гордармеханізацыя”, Упраўленьне “Мінскзеленбуд”, даслала грамадзянскія зыскавыя заявы ў Гарадзкі суд, каб спагнаць з арганізатараў 2 395 959 дэнамінаваных беларускіх рублёў за нанесеную дэманстрантамі шкоду. Гэта каля 25000 даляраў ЗША. 

26 красавіка на чарговым судовым паседжаньні па справе былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра ў сваёй абвінаваўчай прамове пракурор В. Жынгель запатрабаваў для падсуднага 5 гадоў пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў зоне ўзмоцненага рэжыму... 

19 траўня ў Мінскім гарадзкім судзе адбылося слуханьне прысуду па справе былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра. Зранку каля будынку суда сабралася шмат людзей – сваякі М. Чыгіра, журналісты, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў, а таксама простыя людзі, якія прыйшлі выказаць М. Чыгіру сваю падтрымку. Суд быў акружаны міліцыяй, а дзьверы ў будынак заблакаваныя супрацоўнікамі АМАП. У дзьвярах узьнікла цісканіна, амапаўцы ўжылі сілу. Атрымала траўму рукі жонка М.Чыгіра Юлія Чыгір, якая зьяўляецца ягоным абаронцам. У будынку суда быў зьбіты журналіст і праваабаронца Валеры Шчукін. Урэшце ў будынак суда пусьцілі сваякоў, прадстаўнікоў замежных амбасадаў і некаторых журналістаў. Людзі, якія не трапілі ў залу суда, не разыходзіліся, яны сабраліся пад расчыненымі вокнамі судовай залы і сталі выкрыкваць лозунгі: “Свабоду Чыгіру!”. Адна з прысутных, Вера Церлюкевіч, пры гэтым трымала ў руках абразок. Да людзей падыйшоў падпалкоўнік міліцыі Гірэль і сказаў: “Я разумею вашыя пачуцьці, але вы перашкаджаеце судоваму паседжаньню, не крычыце, давайце лепей памолімся на гэтую іконку”. Але людзі не разыходзіліся. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі двух найбольш актыўных – Зьміцера Марчука і Яна Грыба. 

М.Чыгір быў прызнаны вінаватым і асуджаны па арт. 167, частцы 2 Крымінальнага кодэксу Беларусі (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае асобай, якая займае адказную пасаду) да 3 гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна з пазбаўленьнем на 5 гадоў права займаць на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністратыўна-гаспадарчых функцыяў. Выкананьне асноўнага пакараньня адтэрмінавана на два гады ў адпаведнасьці з артыкулам 44.1 Крымінальнага кодэксу. Акрамя таго, з М.Чыгіра пастаноўлена спагнаць на карысьць Мінскай рэгіянальнай мытні 209 мільёнаў 535 тысячаў 542 рублі і дзяржаўную пошліну ў даход дзяржавы ў памеры 6 мільёнаў 262 тысячаў 66 рублёў. У той жа час па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу – 168 (халатнасьць); 167 частцы 1 (перавышэньне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў) і 166 частцы 2 (злоўжываньне ўладай або службовым становішчам) М.Чыгір быў апраўданы з-за недаказанасьці. 

23 траўня вядомаму беларускаму мастаку Алесю Пушкіну было адмоўлена ў выезьдзе за мяжу. Падстава: Алесь Пушкін асуджаны на два гады з адтэрміноўкай прысуду. А.Пушкін быў асуджаны 24 лістапада 1999 г. судом Ленінскага раёну г.Мінску за тое, што 21 ліпеня (у дзень заканчэньня легітымнага тэрміну прэзідэнцтва А.Лукашэнкі) падвёз да прэзідэнцкай рэзідэнцыі вазок з гноем, на якім былі партрэт А.Лукашэнкі з дзяржаўнымі сімваламі, зацьверджанымі пасьля рэферэндуму 1995 г. Гэткай мастацкай акцыяй – перформансам – А.Пушкін як мастак аддзячыў прэзідэнту «за пяцігадовую плённую працу”... 

5 чэрвеня ў Мінскім гарадзкім судзе павінна было адбыцца чарговае судовае паседжаньне, на якім чакалася апошняе слова журналіста і праваабаронцы Валерыя Шчукіна. Паслухаць выступ В.Шчукіна прыйшлі прадстаўнікі замежных амбасадаў, журналісты і нядаўна асуджаны па палітычным абвінавачаньні Міхаіл Чыгір. Але паседжаньне суда не адбылося ў сувязі з хваробай судзьдзі. Яно было перанесенае на 8 чэрвеня, пра што абвясьціла сакратар. Толькі за два тыдні чэрвеня судовыя паседжаньні па справе Статкевіча і Шчукіна пераносіліся чатыры разы. Чарговае паседжаньне 13 чэрвеня таксама не адбылося, яго перанесьлі на іншы дзень. Валеры Шчукін выказаў парадаксальную думку-тлумачэньне гэтай зьявы: судзьдзя вынес апраўдальны прысуд, але гэта не спадабалася тым, хто знаходзіцца пры ўладзе. І таму, каб перапісаць прысуд, спратрэбілася яшчэ некалькі дзён. Валеры Шчукін лічыць, што “новы”, “перапісаны” прысуд будзе абвінаваўчым, а само абвінавачаньне – умоўнае пакараньне. Вялікая доля праўды ў гэтым меркаваньні ёсьць, бо абарона разьбіла ўсе абвінавачаньні, вылучаныя супраць М.Статкевіча і В.Шчукіна. Паводле артыкулу 186.3 КК РБ “арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак”, пракурор Галіна Ганчарова запатрабавала для М. Статкевіча пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на два гады з адбыцьцём у калоніі агульнага рэжыму, а для В. Шчукіна – пазбаўленьня волі тэрмінам на паўтары гады з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на адзін год. І М.Статкевіч, і В. Шчукін у сваіх апошніх словах заявілі, што лічаць узбуджаныя супраць іх справы выключна палітычнымі. 

8 чэрвеня ў судзе Круглянскага раёну Магілёўскай вобласьці адбылося слуханьне справы, дзе вырашаўся лёс часткі канфіскаванай і выстаўленай на аўкцыён маёмасьці былога міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Васіля Лявонава. Дача ў вёсцы Міхайлаўка Круглянскага раёну была канфіскаваная ў Васіля Лявонава ў адпаведнасьці з рашэньнем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь. На пачатку траўня ў мясцовых і дзяржаўных сродках масавай інфармацыі зьявілася абвестка пра продаж дачы з аўкцыёну. Пры гэтым пералічваліся ўсе пабудовы і называлася імя былога ўладальніка. Але як высьветлілася, ня ўся выстаўленая на аўкцыён уласнасьць належала Васілю Лявонаву. У выніку судовага разьбіральніцтва з-пад арышту была вызваленая лазьня, якая належыць дачцы В.Лявонава – Тацяне Бако. Але сама дача хутка будзе прададзеная з аўкцыёну. Паводле папярэдняй інфармацыі, ужо ёсьць 6 патэнцыйных яго ўдзельнікаў. 

13 чэрвеня ў 12 гадзінаў у Мінскім гарадзкім судзе павінен быў прагучаць прысуд па крымінальнай справе, узбуджанай супраць Міколы Статкевіча і Валерыя Шчукіна. Калі каля будынку суда сабраліся прадстаўнікі замежных амбасадаў, журналісты, прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў і простыя людзі, якія пажадалі выказаць падтрымку абвінавачваемым, высьветлілася, што судовае паседжаньне зноў перанесенае на іншы дзень. Пра перанос паседжаньня самім падсудным было паведамлена ў 10 гадзінаў раніцы, і яны не пасьпелі праінфармаваць пра гэта сродкі масавай інфармацыі. 

18 чэрвеня навучэнцу прафесійна-тэхнічнай вучэльні Аляксандру Новіку споўнілася 18 гадоў, і адразу яго выклікалі ў пракуратуру г.Мінску – узбудзілі крымінальную справу па арт. 186 КК РБ (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак, што караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін да трох гадоў, папраўчымі работамі да двух гадоў альбо штрафам). Аляксандр Новік зьвярнуўся ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” і расказаў наступнае: “Я быў затрыманы 17 кастрычніка 1999 году на «Маршы Свабоды». Пасьля гэтага 21 кастрычніка мяне выклікалі на камісію па справах непаўнагадовых. Мне далі штраф у памеры 1450 рублёў. А цяпер, калі мне споўнілася 18 гадоў, супраць мяне ўзбуджаюць крымінальную справу. Пры гэтым пастанову камісіі па справах непаўнагадовых адмянілі і пастанавілі вярнуць мне штраф у памеры 1450 дэнамінаваных рублёў”. 21 чэрвеня ў пракуратуры г.Мінску з А.Новіка ўзялі падпіску аб нявыезьдзе. Сьледчы сьцьвярджае, што А.Новік ёсьць на відэастужках, адзьнятых 17 кастрычніка. 

20 чэрвеня скончыўся год адтэрміноўкі па крымінальнай справе намесьніка старшыні Маладога Фронту Яўгена Скочкі за арганізацыю 14 лютага 1999 г. несанкцыянаванага маладзёвага шэсьця “Беларусь у Еўропу”, якое скончылася шматлікімі арыштамі ўдзельнікаў. Па заканчэньні адтэрміноўкі справу Яўгена Скочкі перадалі ў суд Навабеліцкага раёну г.Гомелю. 

29 чэрвеня сын дырэктара грамадзкага аб’яднаньня “Магілёўскі праваабарончы цэнтр” Сяргея Абадоўскага Зьміцер Абадоўскі, які 15 сакавіка 2000 году быў асуджаны судом Цэнтральнага раёну г.Магілёву да 5 гадоў 3 месяцаў пазбаўленьня волі па крымінальнай справе, зьвязанай са “згвалтаваньнем і двума крадзяжамі з пранікненьнем у кватэры”, перадаў на волю з турэмнай установы УЖ 15/СТ4, дзе ён цяпер знаходзіцца, заяву, у якой сказана: “Рашуча заяўляю, што з 30 чэрвеня 2000 г. пачынаю бестэрміновую галадоўку пратэсту супраць прававога бязьмежжа, арганізаванага ўладамі ў адносінах да мяне і маёй сям’і”. Зьміцер Абадоўскі сьцьвярджае, што крымінальны перасьлед яго зьвязаны “з палітычнымі мэтамі магілёўскіх уладаў у адносінах да бацькі, які працяглы час займаецца праваабарончай дзейнасьцю, а таксама апазіцыйнай дзейнасьцю брата, які атрымаў палітычны прытулак у Польшчы”. 

15 ліпеня стала вядома, што Зьміцер Абадоўскі спыніў галадоўку. Праз свайго бацьку С.Абадоўскага, які зьяўляецца ягоным абаронцам, ён перадаў ліст з падзякай беларускім праваабаронцам: старшыні ПЦ “Вясна” А.Бяляцкаму, прэзідэнту “Цэнтру па правах чалавека” В.Страмкоўскай, кіраўніку ГА “Прававая дапамога насельніцтву” А.Волчаку, старшыні Мінскага аддзяленьня БХК С.Мартоўскай, а таксама В.Шчукіну і Б.Звоскаву, якія падтрымалі яго ў цяжкі час. У лісьце сказана: “Дзякуючы Вашаму ўдзелу мая галадоўка не засталася без увагі, і пракуратурай пачатае расьсьледваньне законнасьці абвінавачаньня супраць мяне, а таксама на 18 ліпеня прызначаны касацыйны разгляд маіх скаргаў. Акрамя таго, мая справа ўзятая на кантроль КНГ АБСЕ у Беларусі”. 

У ліпені Фрунзенская раённая пракуратура г. Мінску прад’явіла абвінавачаньне жонцы былога прэм’ер-міністра РБ, палітвязьня Міхаіла Чыгіра Юліі Чыгір па двух артыкулах КК РБ. Яе палічылі вінаватай ва ўмяшальніцтве ў дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі і аказаньні супраціўленьня супрацоўнікам міліцыі. Ю.Чыгір пагражае цяпер зьняволеньне на тэрмін да двух гадоў. Інцыдэнт, за які хочуць пакараць Ю.Чыгір, адбыўся 19 траўня, калі міліцыянты не прапускалі Ю.Чыгір і яе сыноў у залу суда, дзе павінны былі зачытаць прысуд М.Чыгіру. Ю.Чыгір укусіла за вуха міліцыянта, які гвалтам адцягваў яе ад будынку суда. Сьледчы Фрунзенскай пракуратуры Д.Шкарпута ўзяў з Ю.Чыгір падпіску аб нявыезьдзе. 

18 жніўня ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь пачаўся разгляд крымінальнай справы экс-прэм’ер-міністра РБ М.Чыгіра па касацыйным пратэсьце пракурора і касацыйнай скарзе адваката. М.Чыгір адразу вынес хадайніцтва аб прыпыненьні разгляду справы і накіраваньні яе ў Гарадзкі суд, які разглядаў ягоную справу, дзеля азнаямленьня абароны з пратаколам судовага сьледзтва. Справа ў тым, што Гарадзкі суд парушыў права абвінавачваемага на абарону, ня даўшы магчымасьці абаронцам азнаёміцца з касацыйным пратэстам і зрабіць на яго свае заўвагі. Абарона падтрымала хадайніцтва, хаця пракурор Юркевіч быў супраць і настойваў на неадкладным разглядзе справы. Калегія Вярхоўнага суда РБ прызнала грубае парушэньне права падсуднага на абарону і прыняла рашэньне накіраваць матэрыялы справы зноў у Гарадзкі суд. 

21 жніўня пачаўся разгляд касацыйнай скаргі дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня бізьнесмена Андрэя Клімава, ягонага былога намесьніка на фірме Леаніда Валковіча і прараба Уладзіміра Лук’янчука. “Прысуд пакінуць бяз зьменаў, у касацыйнай скарзе адмовіць,”– такое рашэньне прыняла калегія Мінскага гарадзкога суда пасьля двух дзён разгляду. Нагадаем, сёлета ў сакавіку пасьля 8-месячнага разгляду Ленінскі раённы суд г. Мінску вынес рашэньне, што А.Клімаў і ягоныя падначаленыя вінаватыя ў крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці ў буйных памерах падчас будаўніцтва дому на вуліцы Лодачнай у Мінску. Андрэй Клімаў быў асуджаны на шэсьць гадоў пазбаўленьня волі, Леанід Валковіч – на чатыры, прараб Лук’янчук – на тры гады з адтэрміноўкай. Абвінавачаныя з такім прысудам не пагадзіліся і абскардзілі яго ў Гарадзкім судзе. Цяпер, па словах абаронцаў асуджаных, яны будуць зьвяртацца да старшыні гарадзкога суда, затым – у Вярхоўны суд. Абаронцы таксама зьвярнулі ўвагу на тое, што падчас касацыйнага разгляду, як і на першым працэсе, парушаліся правы А. Клімава на абарону. У прыватнасьці, разгляд касацыі адбываўся ў адсутнасьць асуджанага, хаця ён рашуча настойваў на сваім удзеле ў паседжаньні, і закон гэта дазваляе. Упершыню была дапушчаная ў якасьці абаронцы да ўдзелу ў працэсе жонка А.Клімава Тацяна Леановіч. Атрыманы за дзень да разгляду касацыйнай скаргі статус абаронцы дазволіць ёй наведваць мужа ў турме калі заўгодна, а ня раз на паўгады, як проста жонцы вязьня. 

25 жніўня судовая калегія Вярхоўнага суда РБ адмяніла прысуд Мінскага гарадзкога суда, які быў вынесены ў чэрвені Міколу Статкевічу і Валерыю Шчукіну, і накіравала справу на новы судовы разгляд. 

На пачатку кастрычніка ў Мінску была канфіскаваная маёмасьць былой старшыні Нацбанку Беларусі Тамары Віньнікавай. Падставай дзеля канфіскацыі стаў дэкрэт А.Лукашэнкі, які прадугледжвае па-засудовую канфіскацыю маёмасьці асобаў, якія ўчынілі супрацьпраўныя дзеяньні з нанясеньнем буйных матэрыяльных стратаў дзяржаве.Т.Віньнікава, якая цяпер знаходзіцца ў Англіі і мае там статус палітычнага ўцекача, заявіла, што зьбіраецца абскардзіць гэтае рашэньне праз суд, бо калі беларускія ўлады маюць да яе прэтэнзіі, дык яны могуць заявіць іх у адпаведнасьці з міжнароднымі прававымі нормамі. 

5 кастрычніка з Аршанскай калоніі быў вызвалены па амністыі былы міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Васіль Лявонаў. Амністыя стала мажлівай таму, што В.Лявонаву больш за 60 гадоў, ён ужо адбыў больш за палову тэрміну пакараньня і не парушаў рэжыму. 

20 кастрычніка скончыўся суд над Юліяй Чыгір, якая абвінавачвалася ў аказаньні супраціўленьня супрацоўніку міліцыі ў дзень вынясеньня прысуду яе мужу. Судзьдзя вынес прысуд: два гады турмы з адтэрміноўкай на адзін год... Такім чынам, у Беларусі і сям’і Чыгіроў стала на аднаго палітвязьня больш. 

На пачатку сьнежня стала вядома, што спыніў галадоўку вязень Магілёўскага СІЗА Зьміцер Абадоўскі. Гэта ня першая ягоная спроба шляхам галадоўкі прыцягнуць увагу да сваёй асобы. Нагадаем, што Зьміцер Абадоўскі знаходзіцца пад вартай ужо 17 месяцаў, за якія абвінавачаньне так і дало доказаў ягонай віны ў згвалтаваньні... Зьміцер Абадоўскі спыніў галадоўку пасьля таго, як пачаў рэзка губляць зрок і слых, і яго перавялі з карцэру ў звычайную камеру. 

5 сьнежня ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь адбыўся разгляд касацыйнай скаргі абаронцаў Міхаіла Чыгіра і касацыйнага пратэсту пракуратуры. Разглядала справу калегія Вярхоўнага суда РБ у складзе судзьдзяў Вярхоўнага суда Кашко, Корзуна і Чамрукова. Бок абвінавачаньня падтрымліваў пракурор Генпракуратуры РБ Юркевіч. Абарону прадстаўлялі адвакат Аляксандр Пыльчанка, Юлія Чыгір і прадстаўнік ГА ПЦ “Вясна” Барыс Гюнтэр. На разглядзе справы спачатку выступілі Міхаіл Чыгір і абаронцы, якія, абгрунтоўваючы свае доказы, прапанавалі Вярхоўнаму суду адмяніць прысуд Гарадзкога суда і спыніць крымінальную справу супраць М.Чыгіра ў сувязі з недаказанасьцю злачынства. Пракурор запатрабаваў адправіць справу на новы разгляд у Гарадзкі суд, але Вярхоўны суд улічыў заўвагі абароны і прыйшоў да высновы, што матэрыяламі справы віна М.Чыгіра не даказаная. Таму прысуд Гарадзкога суда быў адменены (за недаказанасьцю), а справа накіраваная ў Генеральную пракуратуру на дасьледваньне.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster