|
6. ПАРУШЭНЬНІ ПРАВОЎ ГРАМАДЗЯНАЎ НА СВАБОДУ СЛОВА І АТРЫМАНЬНЕ ПРАЎДЗІВАЙ ІНФАРМАЦЫІ, ПЕРАСЬЛЕД НЕЗАЛЕЖНАЙ ПРЭСЫ І ЖУРНАЛІСТАЎ
Cёньня цяжка беларускую незалежную прэсу назваць незалежнай ад уладаў у поўным сэнсе гэтага слова. Бо лукашэнкаўскі Закон аб друку стварае такія ўмовы рэгістрацыі і перарэгістрацыі выданьня, прайсьці праз якія дадзена ня кожнаму. І асабліва ў правінцыі. А дэкрэт №11, падпісаны А. Лукашэнкам у 1999 годзе, заснаваны нават не на гэтым законе і ад пачатку мае паза законны характар, бо жорстка абмяжоўвае канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзянаў Беларусі. Паводле яго да 1 студзеня 2001 году неабходна ўсім рэдакцыям зарэгiстравацца ў мясцовым выканаўчым камiтэце ў якасьцi камерцыйнай або некамерцыйнай юрыдычнай асобы ў любой арганiзацыйнаправавой форме. Але як толькі газеты стануць суб’ектамі гаспадараньня, яны адразу патрапяць яшчэ і пад асабліва строгі кантроль рэгіструючых і падатковых дзяржаўных органаў. А гэта азначае, што ва ўладаў зьявяцца дадатковыя рычагі дзеля фінансавага ўплыву на «палітыку» незалежных выданьняў.
Быць незалежным журналістам ў 2000 годзе стала яшчэ цяжэй. Журналісты неаднаразова траплялі пад перасьлед уладаў і пад міліцэйскія дубінкі – асабліва падчас асьвятленьня масавых акцыяў апазіцыі. Бадай, найяскравейшы прыклад – арышт 36 журналістаў у Мінску на Дзень Волі...
У пачатку студзеня выйшаў апошні нумар аршанскай (Віцебская вобласьць) незалежнай газеты «Куцейна». Афіцыйна ўлады газету не зачынялі. Больш за тое, за ўвесь час існаваньня «Куцейны» не было ніводнага судовага разьбіральніцтва паводле публікацыяў газеты і тым болей папярэджаньняў пра парушэньне Закону аб друку, хоць газета пастаянна друкавала крытычныя артыкулы на адрас мясцовае адміністрацыі. Падставай для прыпыненьня выпуску газеты стала тое, што кіраўнікі мясцовых арганізацыяў і прадпрыемстваў пад ціскам гарвыканкаму адмовіліся прадаставіць рэдакцыі «юрыдычны адрас» .
У пачатку студзеня Гомельскі аблвыканкам прыняў пастанову пад назовам «Парадак прадастаўленьня інфармацыі СМІ кіраўніцтвам і структурнымі падразьдзяленьнямі аблвыканкаму». Паводле яе абмяжоўваюцца кантакты супрацоўнікаў аблвыканкаму з журналістамі, у прыватнасьці, гаворыцца, што кіраўніцтва аблвыканкаму будзе выступаць перад прадстаўнікамі СМІ выключна ў парадку пэўнай чарговасьці. Шараговым работнікам аблвыканкаму ўвогуле забароненыя ўсялякія кантакты з прэсай. Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоль Гатоўчыц лічыць, што гэты дакумент накіраваны найперш супраць журналістаў незалежных выданьняў.
11 студзеня ў судзе Савецкага раёну г.Мінску адбыўся суд над журналістам і праваабронцам Валерыем Шчукіным, які быў затрыманы пасьля акцыі 8 сьнежня каля рэдакцыі газеты “Народная воля”. На судзе В.Шчукін заявіў, што ўдзельнічаў у акцыі як журналіст і грамадзкага парадку не парушаў. Сьведкі, у якасьці якіх выступалі супрацоўнікі міліцыі, блыталіся ў паказаньнях. Адзін з іх сьцьвярджаў, што затрымаў В.Шчукіна на плошчы Якуба Коласа. Судзьдзя Іна Шэйко нагадала яму, што ў сваім рапарце сьведка ўказаў плошчу Перамогі, супрацоўнік міліцыі адказаў: “Ну, тады атрымліваецца, што там”. Па словах адваката Тацяны Вардомскай, відавочна, што «сьведкі» ня толькі не затрымлівалі Шчукіна ў той дзень, але і нават не прысутнічалі на акцыі. Судзьдзя Іна Шэйко вынесла ў адносінах В.Шчукіна апраўдальную пастанову.
25 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёну г. Мінску павінен быў пачацца разгляд справы па зыску прэзідэнта Беларускай федэрацыі футболу Рыгора Фёдарава да газеты «Прессбол. Такова спортивная жизнь». Р. Фёдараў лічыць, што «Прессбол» у сваіх крытычных публікацыях абразіў і абылгаў яго як кіраўніка БФФ. Свае гонар і годнасьць ён ацаніў у 65 мільярдаў рублёў (прыблізна 80 тысячаў даляраў), з іх 50 млрд. рублёў выстаўлена ўласна газеце, 10 млрд. рублёў – галоўнаму рэдактару У.Беражкову і 5 млрд. рублёў – намесьніку галоўнага рэдактара С.Новікаву. Сума зыску па беларускіх мерках беспрэцэдэнтная і ў нашых умовах азначае толькі жаданьне расправіцца з газетай аж да яе закрыцьця. Ні ў адной цывілізаванай краіне суд не прымае да разгляду зыскі, якія могуць абанкруціць выданьне. У выпадку з «Прессболом» улады пайшлі шляхам, апрабаваным на іншым незалежным выданьні – газеце «Навіны»... Зыск «Прессболу» быў пададзены 3 студзеня, але ў газету ён патрапіў толькі 21, за чатыры дні да суда. А таму судзьдзя Тамара Злобіч перанесла разгляд справы на 16 лютага.
4 лютага раніцай у пакой інтэрнату ПТВ-24, дзе жыве паэт і журналіст Славамір Адамовіч, пазваніла камендант Галіна Міхейчык. Славамір адчыніў дзверы, і ў гэты момант у пакой праціснуўся супрацоўнік міліцыі Савецкага РАУС. Ён пачаў папракаць Адамовіча, што ён не прыходзіць у міліцыю па позвах па справе аб удзеле ў несанкцыянаваным шэсьці 8 сьнежня 1999 году. Афіцэр прапанаваў Адамовічу праехаць у суд Савецкага раёну г.Мінску. У судзе судзьдзя Казадаеў правёў кароткае судовае разьбіральніцтва і вынес прысуд: “Аштрафаваць Адамовіча на 50 тысяч рублёў” (60 даляраў ЗША).
5 сакавіка журналістка, супрацоўніца незалежнай газеты “Беларуская маладзёжная” Ірына Слаўнікава была затрыманая на станцыі метро “Маскоўская” супрацоўнікамі міліцыі за тое, што яна наклеіла налепку “Game Over” (Гульня скончаная). На налепцы намаляваны чалавек вярхом на хакейнай клюшцы, якога падфутбольвае нага ў чаравіку і бел-чырвона-белай шкарпэтцы. Паўтары гадзіны І.Слаўнікава знаходзілася ў пакоі міліцыі, на яе быў складзены пратакол аб парушэньні арт. 143 КаАП – ”расклейка аб’яваў у забароненых месцах”.
14 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёну г.Мінску адбыўся суд, на якім быў разгледжаны зыск старшыні Беларускай федэрацыі футболу Рыгора Фёдарава да рэдакцыі газеты «Прессбол». Суд з 11 пунктаў абвінавачаньня зьняў 4 і зьменшыў памер «кампенсацыі» ў 54 разы да «прыймальнай» сумы ў 1 мільён 200 тысячаў рублёў. Чыноўніку не ўдалося з дапамогаю суда расправіцца з незалежнай газетай. «Прессбол», дарэчы, таксама падаў зыск на Р. Фёдарава і газету БФФ «Всё о футболе».
25 сакавіка, падчас сьвяткаваньня Дня Волі было затрымана 36 журналістаў у Мінску і 1 у Віцебску. Міліцыянты з групаў захопу і людзі ў цывільным дзейнічалі жорстка і груба. Былі разьбітыя камеры тэлежурналістаў з расійскіх тэлеканалаў ГРТ і РТР. Карэспандэнта РТР Алену Лукашэвіч міліцыянты цягнулі да сваёй машыны за валасы, аператара ГРТ Дзьмітрыя Завадзкага «прылашчылі» гумавай дубінкай, карэспандэнту ГРТ Дзьмітрыю Наважылаву пры «захопе» разьбілі акуляры...
Былі арыштаваныя: Ірына Халіп – газета “Белорусская деловая газета”, Алег Грузьдзіловіч – газета “Наша Свабода”, Валеры Каліноўскі – Радыё ”Свабода”, Тацяна Сьнітко – газета “Украіна Маладая”, Марына Бабкіна – “Асашыэйтэд-прэс”, Аляксей Шыдлоўскі – газета “Наша Свабода”, Ягор Маёрчык – Радыё “Свабода”, Альгерд Невяроўскі – газета «Наша Ніва», Вадзім Казначэеў – часопіс “Кур’ер”, Любоў Лунёва – Радыё “Свабода”, Уладзімір Кармілкін – фотакарэспандэнт, БАЖ, Ларыса Ключнікава – “ИТАР-ТАСС”, Алена Лукашэвіч – здымачная група РТР, Сяргей Пушкін – здымачная група РТР, Дзьмітры Завадзкі – здымачная група ГРТ, Дзьмітры Наважылаў – здымачная група ГРТ, Канстанцін Марозаў – здымачная група НТВ, Аляксандр Калпакоў – здымачная група НТВ, Леанід Канфер – здымачная група ТВЦ, Тацяна Папова – газета “Згода”, Аляксандр Тамковіч – газета “Свободные новости», Славамір Адамовіч – газета «Наша Ніва», Валерый Дранчук – газета “Белавежская пушча”, Сяржук Міхальчык – сябра БАЖ, Юры Дзядзінкін – фотакарэспандэнт, БАЖ, Паліна Сьцепаненка – бюлетэнь ПЦ “Вясна” “Права на волю”, Мар’я Вярнікоўска – здымачная група першай праграмы Польскай тэлевізіі, Шымон Галеўскі – здымачная група першай праграмы Польскай тэлевізіі, Юры Дракахруст – Радыё “Свабода”, Міхась Стэльмах – Радыё “Свабода”, Дзьмітры Ярмак – газета ”Белорусская газета”, Аляксандр Ціханаў – газета ”Маладзёвы праспект”, Арсен Скаруліс – газета ”Навінкі”, Валянцін Герновіч – газета ”Рабочы”, Аляксей Пакроўскі – здымачная група ТВЦ, Віктар Драчоў – фотакарэспандэнт, Валеры Шчукін – газета ”Народная воля” (затрыманы ў г.Віцебску).
7 красавіка кіраўніцтва мінскай міліцыі папрасіла прабачэньня ў журналістаў за незаконныя затрыманьні 25 сакавіка. Прадстаўнікі кіраўніцтва ГУУС г. Мінску падкрэсьлілі, што з самага пачатку супрацоўнікі міліцыі былі за тое, каб дазволіць дэманстрантам прайсьці з плошчы Якуба Коласа да плошчы Бангалор. Яны сьцьвярджалі, што ГУУС Мінгарвыканкаму было супраць жорсткага вырашэньня канфліктнай сітуацыі, якая склалася 25 сакавіка. Адзін з удзельнікаў размовы заявіў: “Калі б на плошчы Якуба Коласа апынуўся я ў цывільным, мяне б таксама маглі арыштаваць. А калі б я пачаў супраціўляцца, дык таксама атрымаў бы па нырках”. Як высьветлілася, 25 сакавіка на плошчы Якуба Коласа было затрымана некалькі супрацоўнікаў КДБ у цывільным. Выказваліся думкі, што падзеі 25 сакавіка былі справакаваныя некаторымі чыноўнікамі для таго, каб дыскрэдытаваць уладу. Прагучала слова «правакацыя». Цяпер вінаватых шукаюць сярод кіраўніцтва сілавых структураў і Савету бясьпекі. На сустрэчы прысутнічала ўсяго чатыры карэспандэнты, хоць затрыманых было больш за 30.
26 красавіка журналіст, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Валеры Шчукін быў выкліканы ў суд Савецкага раёну ў якасьці адказчыка да судзьдзі Марыі Фёдаравай. Пачаліся слуханьні грамадзянскай справы па зыску да яго судзьдзі Заводзкага суда г.Мінску Ж.Хвайніцкай аб абароне гонару і годнасьці.
5 траўня Дзяржаўны камітэт па друку РБ вынес папярэджаньне Гарадзенскай незалежнай газеце «Пагоня» за тое, што яна надрукавала аб’яву незарэгістраванага ў аблвыканкаме Маладзёжнага антыфашысцкага цэнтру. Гэта ўжо другое сёлета папярэджаньне газеце, што азначае, што яна ў любы момант можа быць зачыненая.
15 траўня за публікацыю ў красавіку артыкула старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямёна Шарэцкага «Зараза фашызму. А.Лукашэнка капіруе Гітлера» атрымала папярэджаньне ад Генеральнай пракуратуры РБ рэдакцыя газеты «Наша Ніва». Афіцыйная фармулёўка папярэджаньня – за парушэньне арт.5 Закону аб друку: «недапушчэньне злоўжываньня свабодай масавай інфармацыі». Гэта ўжо другое сёлета папярэджаньне газеце. Першае яна атрымала за публікацыю ліста чытачкі Т.Судзілоўскай «Зайздрошчу Чачэніі». Тады Дзяржкамдрук палічыў некаторыя высновы ліста «распальваньнем нацыянальнай варожасьці». Над незалежнай газетай «Наша Ніва» навісла пагроза быць зачыненай.
19 траўня, на другі дзень міжнароднага артфестывалю «Мінская вясна-2000», былі затрыманыя міліцыянтамі ўсе фота і тэлежурналісты, якія здымалі паказ перформансаў каля мінскага кінатэатру «Радзіма». Прычынай скандалу стаў перформанс «Помнік» польскага мастака Мечыслава Скалімоўскага. У «мужчыне з вусамі», які быў цэнтрам інсталяцыі, міліцыянты ўбачылі рысы падабенства з самай вядомай асобай у Беларусі: ня больш, ня менш – з А.Лукашэнкам. Здымаць перформанс было забаронена нават журналістам з пралукашэнкаўскага Беларускага тэлебачаньня.
5 чэрвеня першы намесьнік старшыні Дзяржкамдруку Беларусі В.Глушакоў вынес папярэджаньне гарадзенскай газеце «Пагоня». Прычынай стала зьмешчаная тут аб’ява Маладога Фронту наконт правядзеньня ім “Алімпіяды-2000”. Тым самым газета парушыла арт. 5 Закону “Аб друку ды іншых сродках масавай інфармацыі”. На думку В.Глушакова, аб’ява зьяўляецца “распаўсюджаньнем інфармацыі ад імя грамадзкага аб’яднаньня, якое не прайшло ва ўстаноўленым парадку дзяржаўнай рэгістрацыі”.
26 чэрвеня на плошчы Бангалор адбыўся пікет Беларускай асацыяцыі журналістаў у падтрымку недзяржаўнай прэсы.
У чэрвені пасьля звароту ў суд Першамайскага раёну г.Мінску завяршылася спрэчка паміж тэлежурналістам Яраславам Бяклемішавым і кіраўніцтвам Беларускага тэлебачаньня. Суд разгледзеў грамадзянскі зыск Я.Бяклемішава да кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі ў аднаўленьні на працы. Журналіст быў звольнены 9 сакавіка пасьля выхаду ў эфір тэлеперадачы “Крок-2” з удзелам вядомага беларускага кінарэжысёра Юрыя Хашчавацкага (аўтара фільма “Звычайны прэзідэнт”). Пасьля звароту ў суд кіраўніцтва кампаніі прапанавала Я.Бяклемішаву міравое пагадненьне на такіх умовах: Я.Бяклемішаў адмаўляецца ад зыску ў аднаўленьні на працы і падае заяву аб звальненьні з 14 чэрвеня, а кіраўніцтва кампаніі выплочвае яму сярэдні заробак за ўвесь час, пакуль ён не працаваў. Я. Бяклемішаў пагадзіўся, бо сам не жадае больш працаваць на БТ з этычнамаральных прычынаў.
21 жнiўня старшыня Дзяржаўнага камiтэту РБ па друку Мiхаiл Падгайны разаслаў у рэдакцыi газетаў ды часопiсаў ліст, у якім нагадаў, што ў адпаведнасьцi з дэкрэтам А.Лукашэнкі ад 16 сакавiка 1999 году № 11 “Аб упарадкаваньнi дзяржаўнай рэгiстрацыi i лiквiдацыi (спыненьня дзейнасьцi) суб’ектаў гаспадараньня” неабходна да 1 студзеня 2001 году зарэгiстраваць у мясцовым выканаўчым камiтэце рэдакцыю ў якасьцi камерцыйнай або некамерцыйнай юрыдычнай асобы ў любой арганiзацыйнаправавой форме. Калi ў якасьцi рэдакцыi выступае заснавальнiк-грамадзянiн, дык юрыдычная асоба не ствараецца: заснавальнiк павiнен быць iндывiдуальным прадпрымальнiкам з правам выпуску перыядычнага выданьня. Вядомы юрыст Міхаіл Пастухоў адзначыў: як толькі газеты стануць суб’ектамі гаспадараньня, яны адразу патрапяць пад асабліва строгі кантроль рэгіструючых і падатковых дзяржаўных органаў з усімі выцякаючымі адсюль наступствамі...
31 жніўня кіраўнікоў шасьці мінскіх FM-станцыяў: «Альфа-Радыё», «Бі-эй», «Радыё-РОКС», «Стыль», «Мір», «Сталіца» (дарэчы, апошнія тры па сваёй сутнасьці зьяўляюцца дзяржаўнымі і пралукашэнкаўскімі) выклікаў да сябе на сустрэчу галоўны беларускі ідэолаг, віцэ-прэм’ер Уладзімір Замяталін. Размова ішла, зразумела, пра тое, як сябе паводзіць «у перыяд выбарчай кампаніі». Кіраўнікам радыёстанцыяў У.Замяталін адкрыта сказаў: «Мы лічым, што ў Беларусі на сёньняшні дзень няма і ня можа быць незалежных СМІ, а ўсе СМІ, якія выдаюцца ці працуюць на тэрыторыі РБ, – ёсьць дзяржаўныя СМІ...» І далей: «Калі нейкі СМІ знаходзіцца і працуе на тэрыторыі дзяржавы, дык ён не павінен праводзіць антынародную палітыку». А антынародным У.Замяталін лічыць усё, што не адпавядае «афіцыйнаму пункту погляду»...
На пачатку лістапада стала вядома, што 29 верасьня рэдакцыя газеты “Новая газета Смаргоні” зьвярнулася з запытам у Смаргонскую акруговую выбарчую камісію аб прадастаўленьні інфармацыі. У прыватнасьці, пра колькасьць выбаршчыкаў на ўчастках, каштарыс выдаткаў акруговай выбарчай камісіі, сьпіс давераных асобаў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Лістом ад 9 кастрычніка старшыня камісіі В.Бацько адмовіў газеце ў прадастаўленьні інфармацыі. Дзеяньні старшыні былі абскарджаныя рэдактарам газеты ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Лістом ад 19 кастрычніка старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Л.Ярмошына паведаміла, што дзеяньні В.Бацько абгрунтаваныя, бо ўдзел сродкаў масавай інфармацыі ў выбарах абмяжоўваецца арт. 13 Выбарчага кодэксу. Але арт. 13 ч.1 Выбарчага кодэксу канстатуе, што падрыхтоўка і правядзеньне выбараў робяцца адкрыта і галосна. У ч. 10 гэтага ж артыкулу гаворыцца, што сродкі масавай інфмармацыі асьвятляюць падрыхтоўку і правядзеньне выбараў у адпаведнасьці з заканадаўствам. Як бачым, удзел сродкаў масавай інфармацыі не абмяжоўваецца названым артыкулам Выбарчага кодэксу. Але выбары тым часам ужо прайшлі.
У ноч на 5 лістапада была абрабаваная рэдакцыя Баранавіцкай штодзённай незалежнай газеты “Шаг”. А 4-ай раніцы невядомыя пастукаліся ў дзьверы і папрасілі дапамогі. Вартаўнік выйшаў з рэдакцыі і быў моцна зьбіты нагамі. Пасьля гэтага чацьвёра невядомых выбілі дзьверы рэдакцыі і вынесьлі 5 кампутараў, 2 прынтары і 2 сканеры. Па словах выканаўчага дырэктара рэдакцыі А.Вайцяхоўскага, нельга выключаць і палітычныя прычыны рабаўніцтва, таму што былі скрадзеныя кампутары з базай дадзеных, і цяпер праца штодзённай незалежнай газеты паралізаваная.
5 сьнежня адбылося чарговае судовае паседжаньне Вышэйшага гаспадарчага суда РБ па зыску інстытута «Адкрытае грамадзтва» да падатковай інсьпекцыі Ленінскага раёну г. Мінску. Прычына судовага разьбіральніцтва – арышт друкарскага абсталяваньня выдавецтва «Мэджык». Гэтае абсталяваньне ў свой час належала Беларускаму фонду Сораса, які Вярхоўны гаспадарчы суд Беларусі ў 1997 годзе прызнаў даўжніком па падатках. Праз тры гады пасьля гэтага падатковая інсьпекцыя Ленінскага раёну арыштавала абсталяваньне «Мэджыка» нібыта ў кошт пагашэньня даўгоў фонду Сораса. Выдавецтва «Мэджык» адразу прадставіла дакументы, што абсталяваньне не належыць фонду Сораса. Спачатку яго на свой баланс прыняў інстытут «Адкрытае грамадзтва», а потым перадаў у арэнду выдавецтву. Нагадаем таксама, што асноўнай прычынай арышту абсталяваньня стала тое, што на ім друкуецца незалежная прэса Беларус,і і менавіта тут быў канфіскаваны стотысячны наклад газеты «Рабочы» з матэрыяламі пра байкот выбараў у лукашэнкаўскі парламент... І гэтым разам судовае разьбіральніцтва было перанесенае. Вышэйшы гаспадарчы суд не прыняў ніякага рашэньня, бо «у зале суда адсутнічаў прадстаўнік Беларускага фонду Сораса». Але як ён мог прысутнічаць, калі беларускія ўлады забаранілі дзейнасьць у краіне фонду Сораса яшчэ ў 1997 годзе...
12 сьнежня ў г.Асіповічы ў прыватную кватэру па вул. Сумчанкі, 16 уварваліся міліцыянты, сярод якіх быў і пракурор Асіповіцкага раёну Сяргей Бабакоў. У гэты час у кватэры знаходзіліся Мікалай Тамашоў (рэдактар рэгіянальнай незалежнай грамадзкапалітычнай газеты “Панарама”, якая выходзіць штомесяц накладам 295 асобнікаў) і Ігар Сімбіраў (адзін з аўтараў газеты “Панарама”, які друкуецца пад псеўданімам Рыгор Латышэвіч, каардынатар праграмы “Каралеўства Беларусь”). Кватэра не зьяўлялася офісам газеты “Панарама”, гэта ўласнасьць сябра І.Сімбірава, які на час сваёй адсутнасьці пакідае Сімбіраву ключы і дазваляе карыстацца кватэраю. Таму ў кватэры часова знаходзіўся кампутар (абсталяваньне USIA), на якім працаваў І.Сімбіраў. Супрацоўнікі міліцыі пачалі вобыск. Прад’явілі ордэр, сказалі, што па факце надрукаванага ў газеце “паклёпу” узбуджаная крымінальная справа. Міліцыянты не ўдакладнялі: у якім артыкуле “Панарамы” быў знойдзены “паклёп”. Па версіі І.Сімбірава, гэта можа быць матэрыял, які ўтрымлівае прамову кіраўніка адміністрацыі Асіповіцкага раёну сп.Шчэцькі на адным з мінскіх кірмашоў. Прамова была запісаная на дыктафон і перадрукаваная ў газеце з каментаром рэдакцыі, што “чыноўнік павінен добра валодаць мовай”.Падчас вобыску супрацоўнікі міліцыі зьневажалі І.Сімбірава, называлі “клоўнам”, а старэйшы лейтэнант Юры Грабін, заламіўшы І.Сімбіраву руку, разьбіў пераносьсе, вывіхнуў палец і пабіў гадзіньнік. У выніку вобыску было праведзенае выняцьце больш за 100 дакументаў. Пратакол выняцьця складалі не на месцы, а ў пракуратуры. Кватэру апячаталі. М.Тамашова і І.Сімбірава вывезьлі ў пракуратуру, дзе доўга дапытвалі. Супрацоўнікаў міліцыі цікавілі пытаньні: “Хто фінансуе газету “Панарама”? Адкуль кампутар?” І.Сімбіраў адмовіўся адказваць на пытаньні без прысутнасьці адваката.
18 сьнежня судзьдзя Вышэйшага гаспадарчага суда РБ Валеры Шобік прыняў рашэньне адмовіць інстытуту «Адкрытае грамадзтва» ў зыску да падатковай інсьпекцыі Ленінскага раёну г. Мінску аб вызваленьні зпад арышту маёмасьці, што арандавалася ў інстытута прыватным выдавецтвам «Мэджык». Суд прызнаў дамову ад 5 верасьня 1997 году, па якой друкарскае абсталяваньне Беларускага фонду Сораса было перададзенае ва ўласнасьць інстытуту «Адкрытае грамадзтва», – «юрыдычна мізэрнай». Гэткае рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суда азначае, што абсталяваньне, на якім у «Мэджыку» сёньня друкуецца практычна ўся беларуская незалежная прэса, будзе канфіскаванае і прададзенае, як уласнасьць Беларускага фонду Сораса ў кошт «даўгоў» фонду. Інстытут «Адкрытае грамадзтва» плануе зьвярнуцца да намесьніка старшыні ВГС з просьбай аб вынясеньні пратэсту па гэтым рашэньні. Зрэшты, незалежныя назіральнікі сьцьвярджаюць, што рашэньне ВГС было прадвызначаным яшчэ да пачатку судовага разьбіральніцтва: напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў улады імкнуцца стварыць перашкоды на шляху свабоднага слова.
21 сьнежня калектыў незалежнай тэлекампаніі «8 канал» атрымаў заяву прадстаўнікоў «Мінскіх тэлевізійных інфармацыйных сетак» аб закрыцьці каналу з 29 сьнежня. Па зьвестках супрацоўнікаў «8-га каналу», Міністэрства сувязі ня мае намеру працягваць з тэлекампаніяй дамову арэнды на наступны тэрмін. Хутчэй за ўсё з 1 студзеня 2001 году на частотах «8-га каналу» будзе працаваць тэлеканал СТВ, заснавальнікам якога зьяўляецца мінскі гарвыканкам. «8 канал» ніколі не вылучаўся незалежнай пазіцыяй, і тым ня менш і ён нечым не дагадзіў уладам.
29 сьнежня апошні нумар газеты «Наша Савабода» за 2000 год выйшаў з белымі плямамі – пустымі старонкамі, на якіх было напісана: «Тут мусіў быць «Стынгер» (сатырычна-гумарыстычны разьдзел). Як паведаміў рэдакцыі газеты прадстаўнік выдавецтва «Мэджык», «сёньня з раніцы функцыянеры Дзяржкамдруку выклікалі дырэктара прадпрыемства і зьвярнуліся да яго з прэтэнзіямі: нашто ён надрукаваў першы выпуск «Стынгера»? Цяжка сказаць, якія аргументы знайшлі прадстаўнікі ўлады, але зараз «Мэджык» наадрэз адмовіўся друкаваць «Нашу Свабоду» з крамольным разьдзелам... Магчыма выпрабоўваецца новы спосаб стварэньня перашкодаў для незалежнай прэсы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў»... Апошні раз у Беларусі газеты выходзілі з белымі плямамі ў 1994 годзе, калі Лукашэнка толькі прыйшоў да ўлады.
7. АКТЫВІЗАЦЫЯ ЦІСКУ БЕЛАРУСКІХ СЬПЕЦСЛУЖБАЎ НА ПАЛІТЫЧНА І ГРАМАДЗКА
АКТЫЎНЫХ ГРАМАДЗЯНАЎ І ІНШАДУМЦАЎ
За гады свайго кіраваньня Беларусьсю А.Лукашэнка стварыў магутныя структуры па адсочваньні і падаўленьні апазіцыйных сілаў у краіне. Да 2000 году пра дзейнасьць гэтых структураў амаль не было інфармацыі, хоць і траплялі ў друк факты, што «людзі ў цывільным» актыўна «ўдзельнічаюць» у акцыях апазіцыі, а таксама «дапамагаюць» выяўляць і затрымліваць найбольш актыўных грамадзянаў. У 2000 годзе сьпецслужбы актывізавалі сваю дзейнасьць, асабліва падчас выбарчай кампаніі. Адметны гэты год быў яшчэ і тым, што ўпершыню інфармацыя пра дзейнасьць гэтых структураў выйшла з нетраў саміх сьпецслужбаў. Маюцца на ўвазе апублікаваныя ў СМІ лісты ананімнага афіцэра КДБ і міліцыянта Алега Батурына.
10 лютага ў газеце “Народная воля” зьявіўся адкрыты ліст 25-гадовага старэйшага лейтэнанта міліцыі Алега Батурына пад назовам “Спадары афіцэры, хопіць быць рабамі!” Вось цытата з гэтага ліста, што тычыцца падзеяў, якія адбыліся 17 кастрычніка 1999 году ў Мінску:
« Не магу спакойна чытаць пра тое, што адбылося 17 кастрычніка падчас акцыі “Марш Свабоды”. (…) Я ўсё бачыў вачыма дэманстрантаў, але ў кішэні ў мяне ляжала пасьведчаньне старэйшага лейтэнанта міліцыі. Маёй задачай было ўсё фіксаваць і запамінаць, апрача таго, пасьля шэсьця затрымліваць найбольш актыўных удзельнікаў акцыі і тых, каго мне загадаюць затрымаць. Але асноўная мэта была – справакаваць сутычкі, выкрыкваць абразьлівыя лозунгі і накіроўваць рух людзей туды, куды трэба было міліцыі. На жаль, сярод тых, хто кідаў камяні, была і проста даведзеная да адчаю моладзь, але ўсе іх дзеяньні былі справакаваныя і загадзя падрыхтаваныя. Натоўп сьпецыяльна накіроўвалі да месца сутыкненьня, дзе загадзя былі раскладзеныя камяні, да таго месца, дзе натоўп узялі ў “каробачку” АМАП і ўнутраныя войскі. Усе нашыя дзеяньні былі абмеркаваныя на інструктажы ў Галоўным упраўленьні кадраў МУС, першым намесьнікам Л.М.Рабцавым і ягоным намесьнікам В.А.Міхайлоўскім (таму што я сам зьяўляюся старэйшым інсьпектарам). Было таксама і прамываньне мазгоў, маўляў, тыя, хто зьбярэцца, гэта “мразь и отребье”, якое трэба раздавіць, бо яны перашкаджаюць прадуктыўна працаваць нашаму “любімаму прэзідэнту”. Таму ня трэба баяцца кагосьці ўдарыць альбо пабіць, з намі закон і парадак, таму ня бойцеся. Доўжылася гэтая апрацоўка 2 гадзіны, пасьля чаго былі раздадзеныя радыёстанцыі і нас “внедрили в толпу”. Ведаю, што ў гэты дзень ва ўсёй мінскай міліцыі было ўзмацненьне, што такую ж апрацоўку праводзілі і ў ГУУС, і ў раённых аддзелах міліцыі. Таму не зьдзіўляйцеся, калі на шэсьце арганізавана прыходзяць пэўнага зьнешняга выгляду хлопчыкі – гэта нашыя “стражи порядка”. Ня кажучы ўжо пра тое, што 100 адсоткаў міліцыі сядзяць у аўтобусах па падваротнях альбо са шчытамі перакрываюць увесь цэнтр гораду. Гэта апрача ўнутраных войскаў, КДБ, аховы прэзідэнта (былога), пажарных падразьдзяленьняў і г.д. А калі людзі спакойна разыходзяцца, хапаюць іх, зьбіваюць, цягнуць у РАУС. Вось такая ў нас “дэмакратыя”...»
У гэты ж дзень, 10 лютага, на сядзібе Беларускага народнага фронту “Адраджэньне” адбылася прэс-канферэнцыя з Міхаілам Батурыным – братам Алега Батурына. Ён расказаў пра тое, што адбылося з ім пасьля публікацыі адкрытага ліста ягонага брата: “Я трэнер-выкладчык па шахматах, міжнародны майстра па шахматах, адначасова я вучуся ў Мінскім лінгвістычным універсітэце. Сёньня пасьля заняткаў, прыкладна ў дзьве гадзіны дня, я набыў газету “Народная воля” і даведаўся, што мой брат напісаў артыкул, у якім ён асуджае дзеяньні міліцыі 17 кастрычніка. Я цалкам падтрымліваю свайго брата. Я абсалютна з ім згодны. Мне брат расказваў раней, што адбывалася на «Маршы Свабоды» на самой справе. Сёньня я ішоў дамоў (цяпер я жыву ў бабулі на вул. Антонаўскай у г. Мінску), калі я зайшоў у пад’езд, то паміж першым і другім паверхамі ўбачыў чалавека, які спускаўся зьверху, ззаду ішоў яшчэ адзін чалавек. Той, які ішоў ззаду, мяне паклікаў, сказаў: “Вы Батурын?” Я адказаў: “Так!” Пасьля гэтага ён паведаміў, што зьяўляецца супрацоўнікам міліцыі і хоча са мною пагаварыць. Я адказаў: “У мяне брат супрацоўнік міліцыі. Я ведаю форму пасьведчаньня, таму пакажыце мне сваё пасьведчаньне, я хачу ведаць, з кім я размаўляю”. Замест гэтага ён ударыў мяне ў грудзі, у вачах пацямнела, зрабілася кепска. Мы выйшлі з дому... Мне сказалі, што я мушу напісаць заяву, што мой брат псіхічна ненармальны. Я адказаў, што ня буду гэтага рабіць. Яны пачалі пагражаць маёй нявесьце, маім сваякам. Мая нявеста вучыцца разам са мною, яны назвалі яе прозьвішча, назвалі імя, адрас. Сказалі, што пасьля таго, як яны яе схопяць, я буду размаўляць паіншаму. Я здолеў ударыць аднаго з іх у калена, а другі трымаў мяне за куртку... Але там было вельмі коўзка, ён пасьлізнуўся і ўпаў. Я пабег праз двары, таму што на дарозе стаяла чорная машына. Я разумеў: калі я пабягу па дарозе, то мяне схопяць. Я спыніў таксі і паехаў да сваёй нявесты, я баяўся, што ў яе скончацца заняткі, яна выйдзе, і яе схопяць. Я сустрэў яе, і мы разам прыехалі сюды. Я ня ведаю, дзе цяпер знаходзіцца мой брат Алег. Мне сказалі, што ён знаходзіцца ў бясьпецы. Я яшчэ раз хачу дадаць: калі нехта будзе пісаць, што Алег псіхічна ненармальны, гэтаму верыць нельга. Ён абсалютна нармальны чалавек. Да сёньняшняга дня ён зьяўляецца супрацоўнікам міліцыі”.
Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька даў каментар: “Апазіцыя прыклала шмат намаганьняў сумесна з місіяй АБСЕ па стварэньні клімату даверу ў Беларусі. Дзеяньні, якія разварочваюцца, сьведчаць пра тое, што рэжым пасвойму разумее гэты клімат даверу. Па сутнасьці, гэтыя дзеяньні азначаюць, што Беларусь вяртаецца ў самыя змрочныя часы Савецкай імперыі, калі пад’язджалі “варанкі” ці чорныя машыны з таніраванымі вокнамі і забіралі людзей. У гэтай сітуацыі супрацоўнікі міліцыі толькі падмацоўваюць рэальныя дзеяньні Лукашэнкі, які адмаўляецца выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы, і, натуральна, гэта перадаецца сілавым структурам. Калі наверсе не выконваецца тое, што патрабуецца па законе, то гэта перадаецца і ўсім, хто знаходзіцца ў гэтай вертыкалі... ”.
Сітуацыю пракаментаваў і Зьміцер Бандарэнка (“Хартыя-97”): “Вы бачыце, што абодва браты – мужныя людзі. Сёньня толькі нашая салідарнасьць можа дапамагчы братам Батурыным, іх блізкім і нам самім. Вы памятаеце, як пасьля «Маршу Свабоды» 17 кастрычніка мы гаварылі пра тое, што канцоўка «Маршу...» – гэта правакацыя, бо міліцыя напала на людзей, калі калона павярнула назад. Цяпер мы ведаем праўду, што самі міліцыянты – супрацоўнікі ў цывільным – кідалі камяні ў сваіх жа таварышаў. Гэта абсурдна!”
10 лютага стаэйршы лейтэнант міліцыі Алег Батурын, які зрабіў сенсацыйную заяву пра тое, што сутычкі ўдзельнікаў «Маршу Свабоды» 17 кастрычніка мінулага году з міліцыянтамі былі загадзя спланаваныя і справакаваныя «асобамі ў цывільным», якія знаходзіліся сярод удзельнікаў шэсьця, быў звольнены з органаў міліцыі. Афіцыйнай прычынай звальненьня стала незьяўленьне А. Батурына на службу. Тым часам стала вядома, што брат Алега Міхаіл Батурын разам са сваёй нявестай ужо знаходзіцца за межамі Беларусі.
На пачатку сакавіка стала вядома, што Алег Батурын знаходзіцца ў Польшчы. У сваіх інтэрв’ю польскім выданьням А.Батурын адзначае, што вельмі хвалюецца за сваіх родных, якія засталіся ў Беларусі. Батурын, па ягоных словах, яшчэ ня ведае, колькі прабудзе ў Польшчы, але ёсьць інфармацыя, што ён плануе прасіць палітычнага прытулку ў ЗША.
7 чэрвеня ў кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі ў выніку прафілактычных работаў сьпецыяліст па сувязі выявіў праслухоўваючае прыстасаваньне, якое было ўманціраванае ў тэлефонную лінію паміж паверхамі. “Тое, што мы падазравалі і аб чым неаднаразова гаварылі, знайшло свой рэчавы доказ”, – сказаў А.Лябедзька. Ён упэўнены, што падобныя праслухоўваючыя прыстасаваньні ўсталяваныя на тэлефонных лініях у кватэрах апазіцыйных палітыкаў, у офісах партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Апарат выраблены заводзкім спосабам. Анатоль Лябедзька абвінаваціў у незаконных дзеяньнях беларускія сьпецслужбы, якія выконваюць загады ўладаў. А.Лябедзька плануе зьвярнуцца ў пракуратуру з патрабаваньнем расьследаваць гэты факт злачыннага ўмяшальніцтва ў асабістае жыцьцё.
21 чэрвеня ў ПЦ “Вясна” зьвярнуўся жыхар г.Жодзіна (Мінская вобласьць) Аляксей Лапіцкі, які паведаміў, што апошнія 7-8 дзён ён і ягоная сям’я падвяргаліся штодзённым тэлефанаваньням з мясцовага КДБ. Супрацоўнікі гэтай структуры настойвалі на неабходнасьці сустрэцца з А.Лапіцкім і нешта высьветліць, але пры гэтым не тлумачылі, якое пытаньне іх цікавіць, і ў якасьці каго ён запрашаецца. У рэшце рэшт, калі тэлефонныя званкі не далі жаданага выніку, А.Лапіцкаму ўручылі позву, каб ён зьявіўся ў мясцовы КДБ “дзеля дачы тлумачэньняў”, але па якім пытаньні – зноў жа не названа. Сам А.Лапіцкі бачыць прычыну такой увагі да сваёй асобы з боку сьпецслужбаў у тым, што ён займаецца актыўнай грамадзкапалітычнай дзейнасьцю як кіраўнік мясцовых арганізацыяў Таварыства беларускай мовы, Беларускага народнага фронту, Беларускага згуртаваньня моладзі “Ліцьвіны”, а таксама выдае незалежныя бюлетэні “Мы – ліцьвіны” і “Школьны весьнік”. А.Лапіцкі сьцьвярджае, што мясцовы КДБ таксама зьбірае інфармацыю пра ўсіх настаўнікаў, якія зьяўляюцца сябрамі ТБМ.
Моцны ціск з боку КДБ адчувае на сабе і Арыя Гатальская, якая зьвярнулася ў ПЦ “Вясна” ў сёлетнім траўні. Дзяўчына вучылася на факультэце журналістыкі, працавала нейкі час у газеце “Чырвоная зьмена”, зьяўлялася сябрам Задзіночаньня беларускіх студэнтаў; цяпер працуе мастакомафарміцелям і працягвае вучыцца на журфаку БДУ завочна. У заяве, якую А.Гатальская напісала ў ПЦ “Вясна”, яна распавядае пра сітуацыі, што здараюцца з ёю на працягу апошняга часу. Напрыклад, яна даведалася, што з адміністрацыяй інтэрнату, у якім яна жыве (БДПА) – з камендантам, пашпартысткай, бухгалтарам – паасобку сустракаліся людзі з КДБ, каб сабраць зьвесткі пра яе асобу. А.Гатальскую абавязалі схадзіць да адміністрацыі БДПА, дзе яе накіравалі ў пакой службы бясьпекі гэтай установы, і супрацоўнік СБ сказаў, што калі б яна не патрапілася “на аловак” да КДБ, дык яны і ня ведалі б, што яна жыве ў іх інтэрнаце. Размова, як высьветлілася пазьней, запісвалася на дыктафон. Быў складзены і пратакол “гутаркі”. Пасьля падпісаньня яго А. Гатальскай на кожным аркушы сьледчы Канапацкі “не для пратаколу” заўважыў: “Асьцярожней са сваімі поглядамі…” А.Гатальская лічыць, што гэтыя падзеі ня могуць быць простымі супадзеньнямі, і што ёй рэальна пагражае страта працы, вучобы і жыльля з-за яе грамадзянскай пазіцыі, палітычных поглядаў і ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту.
22 жніўня «Белорусская деловая газета» паведаміла, што да іх у рэдакцыю зьвярнуўся былы супрацоўнік фірмы «Пушэ» Уладзімір Огнеў, які распавёў пра тое, што за апошнія паўгода яго двойчы выклікалі ў КДБ і дапытвалі наконт некаторых асьпектаў дзейнасьці «Пушэ», зьвязаных з былым прэм’ер-міністрам Міхаілам Чыгіром. Грамадзкі абаронца М.Чыгіра Гары Паганяйла так пракаментаваў гэтую заяву: «Па нашай інфармацыі, расьсьледаваньне (справы М.Чыгіра) працягваецца, і займаецца ім КДБ. Вельмі можа быць, што цяпер, напярэдадні выбараў, улады будуць шукаць любыя кампраметуючыя дадзеныя. Бо папярэдняя справа цалкам развалілася, а кампрамат ім патрэбны».
20 лістапада ГА ПЦ “Вясна” і рэдакцыі незалежных выданьняў атрымалі ананімны ліст ад афіцэра КДБ, у якім ён паведамляе пра лёс зьніклых аператара ГРТ Дзьмітрыя Завадзкага і старшыні ЦВК Віктара Ганчара. Вось тэкст гэтага ліста ў перакладзе на беларускую мову:
“Я афіцэр Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь. Па цэлым шэрагу абставінаў не магу паведаміць сваё прозьвішча і пасаду, якую я займаю. Інфармацыя, якую я хачу паведаміць, грамадзка важная. Ад таго, як хутка яна стане здабыткам галоснасьці, залежаць жыцьцё і будучыня многіх людзей. На жаль, я абмежаваны ў форме выкладаньня фактаў, бо да матэрыялаў справы мае доступ абмежаваная колькасьць аператыўных супрацоўнікаў і афіцэраў КДБ. Называньне больш дакладных дадзеных можа прывесьці да неапраўданых ахвяраў. Вядзеньне сьледзтва па справе аб зьнікненьні Дзьмітрыя Завадзкага было даручанае Генеральнай пракуратуры і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Факты, якія выяўляліся ў ходзе сьледзтва, выклікалі ня толькі ціск на органы сьледзтва з боку Савету бясьпекі РБ, але і выклікалі супрацьстаяньне паміж КДБ і Службай бясьпекі прэзідэнта. На сьлед групы выкрадальнікаў КДБ выйшаў пасьля арышту Ігнатовіча, былога афіцэра сьпецпадразьдзяленьня “Алмаз”. Ігнатовіч быў арыштаваны па іншай справе, але ён сам некалькі разоў быў у Чачні, дзе ваяваў на баку сепаратыстаў. Падчас сьледзтва Ігнатовіч назваў шэраг прозьвішчаў беларускіх ваеннаслужачых, якія супрацоўнічалі з чачэнскімі сепаратыстамі ў якасьці інструктароў. Пасьля іх арышту пацьвердзілася чачэнская версія сьледзтва. Па справе аб зьнікненьні Завадзкага на сёньняшні дзень арыштавана 9 чалавек. Пяцёра з іх зьяўляюцца дзеючымі афіцэрамі Службы бясьпекі прэзідэнта, двое – былыя супрацоўнікі гэтай службы, адзін – былы афіцэр сьпецпадразьдзяленьня “Алмаз”, а яшчэ двое – жыхары Чачні. Падсьледныя прызналіся ў забойстве Дзьмітрыя Завадзкага і паказалі месца ў лясной зоне непадалёку ад Мінску, дзе было закапанае цела Завадзкага. У распараджэньні сьледзтва аказалася і рыдлёўка са сьлядамі крыві. Эксьпертыза выявіла ідэнтычнасьць крыві на рыдлёўцы з крывёю Дзьмітрыя Завадзкага. Эксгумацыя цела Дзьмітрыя Завадзкага не адбылася. Яе не далі правесьці сьледчай групе кіраўніцтва Савету бясьпекі і асабіста прэзідэнт. Замест гэтага ў Адміністрацыю прэзідэнта былі выкліканыя старшыня КДБ Уладзімір Мацкевіч, Генеральны пракурор Алег Бажэлка і міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў. Прэзідэнт загадаў перадаць справу ў МУС, матывуючы гэта тым, што сьледзтва ідзе недастаткова інтэнсіўна. На самой справе, гэта было зроблена дзеля таго, каб разваліць справу аб зьнікненьні Завадзкага. У ходзе сьледзтва таксама высьветлілася, што гэтая злачынная група мела прамыя адносіны да зьнікненьня і забойства апазіцыйнага палітыка Віктара Ганчара. У яго ліквідацыі прымалі ўдзел 14 чалавек. Пяцёра з іх расшукваліся да самой перадачы справы ў МУС. Падчас сьледзтва ціск на сьледчую групу дайшоў да крытычнай кропкі. Два сьледчыя былі зьбітыя, а жонку аднаго з іх спрабавалі згвалтаваць. Але, нягледзячы на гэта, сьледчыя працягвалі працу па выкрыцьці злачынцаў. Я хацеў бы, каб сем’і загінуўшых ведалі – мы не зьвяры, як некаторыя імкнуцца нас падаць. Мы спачуваем вам і разумеем, што нішто не запоўніць вашай страты. Адзінае, што ў нашых сілах – гэта выкрыць злачынцаў. А калі нехта імкнецца гэтых злачынцаў прыкрыць, дык ім самім не пазьбегнуць лавы падсудных”.
21 лістапада на адкрыцьці сесіі Палаты прадстаўнікоў РБ А.Лукашэнка ў чарговы раз паабяцаў, што калі справа зьніклага аператара ГРТ Дзьмітрыя Завадзкага ня будзе раскрытая, “пракуроры, КДБ, МУС атрымаюць на ўсю катушку”. Нагодай дзеля гэткай заявы стаў надрукаваны ў незалежных выданьнях ананімны ліст афіцэра КДБ аб зьнікненьні аператара ГРТ Дзьмітрыя Завадзкага і старшыні ЦВК Віктара Ганчара. У сваім выступленьні А.Лукашэнка фактычна прызнаў, што частка фактаў, прыведзеных у лісьце, адпавядае рэчаіснасьці, але час для іх абнародваньня яшчэ не прыйшоў, а таму: “Гэты ліст мае на мэце скампраментаваць уладу. Калі ёсьць што сказаць па гэтай справе, ня трэба гаварыць ананімна і ад імя сьпецслужбаў”. А.Лукашэнка пацьвердзіў, што ў справе аб зьнікненьні Д.Завадзкага знойдзены “чачэнскі сьлед”: “Ногі растуць з Чачні!” А.Лукашэнка падкрэсьліў, што толькі нязначная частка фактаў, выкладзеных у лісьце, адпавядае сапраўднасьці, і прапанаваў новай Палаце прадстаўнікоў прыняць закон аб адказнасьці за разгалошваньне матэрыялаў папярэдняга сьледзтва і сьледчых версіяў.
22 лістапада ў незалежных сродках масавай інфармацыі зьявіліся першыя каментары адпаведных службаў адносна ананімнага ліста, атрыманага СМІ ад “афіцэра КДБ” па справе аб зьнікненьні аператара ГРТ Дзьмітрыя Завадзкага. У “Белорусской деловой газете” ад 22 лістапада зьмешчаны каментар супрацоўніка прэсцэнтру дзяржсакратарыяту Савету бясьпекі, дзе сказана: “Проста так адмахнуцца ад гэтага ліста, спасылаючыся, напрыклад, на яго ананімнасьць, мы, відаць, ня можам. Таму версія, прапанаваная аўтарам ліста, будзе правярацца. Так, як і любая іншая версія. Нельга выключаць таксама, што нейкія факты, выкладзеныя ў дадзеным лісьце, атрымаюць потым пацьверджаньне ў ходзе сьледзтва”. Прэс-сакратар МУС Д. Партон для “БДГ” заявіў, што ня можа даць каментару, бо гэтая справа не знаходзіцца ў распараджэньні МУС, але выказаў меркаваньне, што абвінавачаньні аўтара ліста ня маюць пад сабой глебы, і хутчэй за ўсё гэта нечыя палітычныя гульні. Прэс-сакратар прэзідэнта М.Барысевіч сказаў, што “прэзідэнт нядаўна выказаўся з гэтай нагоды, і да гэтага наўрад ці што можна дадаць”.
У той жа час Павел Шарамет, кіраўнік аддзелу сьпецпраектаў ГРТ, заявіў, што інфармацыя ананімнага афіцэра КДБ па справе Завадзкага можа мець пад сабой рэальныя падставы. Паводле ягоных словаў, у Маскве ўважліва сочаць за разьвіцьцём падзеяў вакол зьнікненьня аператара ГРТ. “Падазраваемыя былі затрыманыя ў асноўным дзякуючы ўмяшальніцтву ФСБ Расіі. Вельмі шмат дапамагае міністр унутраных справаў РФ Рушайла. Лукашэнка загнаны ў кут. Яму трэба даваць на сур’ёзныя абвінавачаньні сур’ёзныя адказы, і ня ў духу Азаронка і вар’яцкіх вядучых БТ. Сітуацыя зайшла занадта далёка. Маскву гэта ўжо раздражняе. Яна сасьпела дзеля таго, каб бачыць на палітычным полі Беларусі новых лідэраў”. Па словах П.Шарамета, супраць яго 17 лістапада беларуская пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу за фільм пра зьніклых палітыкаў і журналістаў у Беларусі “Дзікае паляваньне”, у якім гучыць абвінавачаньне ў гэтых злачынствах на адрас беларускага кіраўніцтва і сьпецслужбаў. У органах пракуратуры гэтую інфармацыю не пацьвердзілі і не абверглі.
27 лістапада А.Лукашэнка правёў шэраг гучных адставак і прызначэньняў. Стала вядома, што зьняты з пасады і адпраўлены ў адстаўку старшыня Савету бясьпекі, генерал-маёр В.Шэйман, зьнятыя з пасадаў старшыня КДБ РБ У.Мацкевіч і Генеральны пракурор РБ А.Бажэлка... Па афіцыйнай інфармацыі прэс-службы прэзідэнта РБ, кадравыя зьмены зьвязаныя з тым, што А.Лукашэнка не задаволены ходам правядзеньня сьледзтва па крымінальных справах аб зьнікненьнях людзей, якія набылі гучны грамадзкі рэзананс...
8. ПЕРАСЬЛЕД АПАЗІЦЫЙНА НАСТРОЕНАЙ МОЛАДЗІ І МАЛАДЗЁВЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ
Гады два таму словы «Лукашэнка прайграў моладзь» успрымаліся як неаспрэчная ісьціна. Моладзь тады ня толькі прымала актыўны ўдзел у антылукашэнкаўскіх акцыях, якія ладзіла апазіцыя, але і арганізоўвала свае мерапрыемствы, скіраваныя супраць дыктатуры, што паступова набывала рэальныя абрысы. У апошнія два гады моладзь працягвала барацьбу з рэжымам, але акцыяў, якія мелі яскрава выражаны маладзёвы характар, стала менш. І толькі ўвосень 2000 году беларуская моладзь з розных апазіцыйных арганізацыяў аб’ядналася ў адзіную Кааліцыю маладзёвых палітычных арганізацыяўпад назовам «Пераменаў!» Адной з першых заяваў Кааліцыі пра сябе стаў шэраг акцыяў, што прайшлі па ўсёй Беларусі 12 лістапада. Сімвалічна, што гэтая акцыя моладзі была жорстка разагнаная міліцыянтамі. Юнакоў і дзяўчат хапалі і цягнулі ў загадзя падрыхтаваныя аўтобусы. Адзіным крытэрыяем быў малады ўзрост, і таму было арыштавана шмат выпадковых юнакоў і дзяўчат. Усяго ў Мінску ў гэты вечар было затрымана 112 чалавек
З 8 па 9 студзеня ў горадзе Барысаве павінен быў адбывацца турнір па міні-футболе пад лозунгам “Футбол супраць расізму”. На турнір былі запрошаныя каманды Маладога Фронту з Мінску, каманда ТБМ “Ліцьвіны” з Жодзіна і іншыя. Увечары 6 студзеня дырэктар школы, у спартыўнай зале якой павінен быў праходзіць турнір, патэлефанаваў арганізатарам і паведаміў, што правядзеньне турніру немагчымае ў сувязі з аварыяй электрычнай сеткі. Па словах аднаго з арганізатараў Зьміцера Бародкі, арганізатары паспрабавалі правесьці прыватнае расьсьледваньне, але ў памяшканьне залы іх не пусьцілі. Арганізатары зрабілі выснову, што загад на забарону правядзеньня турніру паступіў ад мясцовых уладаў. Стала вядома, што 8-9 студзеня ў г. Барысаве дырэктарам усіх школаў было забаронена праводзіць любыя спартовыя спаборніцтвы нават на прышкольных спартовых пляцоўках на вольным паветры.
13-14 лютага ў Мінску і іншых гарадах Беларусі прайшла традыцыйная маладзёвая акцыя любові. 13 лютага ўвечары дэлегацыя беларускай моладзі перадала сваю петыцыю ў амбасады буйнейшых краінаў сьвету, а 14 лютага, у Дзень сьвятога Валянціна, у Мінску прайшлі «народыя гуляньні».
12 сакавіка ў Віцебску падчас раздачы запрашэньняў на «Марш Свабоды», правядзеньне якога ў горадзе было дазволенае мясцовым гарвыканкамам, на прыступках супермаркету «Амега» быў затрыманы непаўнагадовы маладафронтавец Юрась Землякоў. Падлетка даставілі ў Першамайскі РАУС і там склалі пратакол аб адміністратыўным затрыманьні, нягледзячы на тлумачэньні, што акцыя дазволеная. З неафіцыйных крыніцаў стала вядома, што напярэдадні «Маршу...» быў аддадзены загад аб затрыманьні распаўсюднікаў інфармацыі пра маючую адбыцца акцыю. Пра гэта сьведчыць і той факт, што, нягледзячы на дамову з гарадзкой рэкламнай службай, на рэкламных тумбах так і не зьявіліся афішы пра «Марш...» Як стала вядома, расклейку іх забараніў загадчык аддзелу па сувязях з грамадзкімі арганізацыямі Віцебскага гарвыканкаму І. Герасімаў.
14 сакавіка навучэнцы мінскага Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Андрусь Бандаровіч і Сяргей Хадаркевіч зьвярнуліся з заявай у Праваабарончы цэнтр “Вясна”. У заяве яны пішуць, што ў метро да іх падыйшлі два невядомыя хлопцы і сарвалі з іх вопраткі значкі “Марш Свабоды2”. Невядомыя, па словах пацярпелых, былі апранутыя ў камуфляжную форму і нагадвалі прадстаўнікоў прафашысцкай арганізацыі РНЕ. Андрусь і Сяргей прапанавалі ім прайсьці разам у бліжэйшы пункт аховы правапардку метрапалітэну. Там яны былі вельмі зьдзіўленыя, калі невядомыя, якія прыйшлі з імі ў пастарунак, заявілі, што затрымалі Сяргея і Андруся падчас расклейкі ўлётак. Міліцыянты адразу схапілі заплечнікі Сяргея і Андруся і пачалі іх абшукваць, а невядомых у камуфляжы адпусьцілі, не сказаўшы ні слова. У заплечніках хлопцаў было знойдзена некалькі налепак “Марш Свабоды-2” і два значкі. На ўсе пратэсты хлопцаў і пытаньні пра падставы затрыманьня міліцыянты ніяк не рэагавалі. На просьбу патэлефанаваць адказалі, што гэта не затрыманьне, а проста звычайная размова.
17 сакавіка Малады Фронт правёў крыху незвычайную акцыю, прысьвечаную падзеям у Чачні. Называлася яна грамадзкім працэсам «Барацьба за незалежнасьць і генацыд. Праўда супраць маны». Спачатку адбыўся пікет каля расійскай амбасады з антываеннымі плакатамі ды лозунгамі ў абарону незалежнасьці Чачні, а потым судовы працэс, на якім былі і судзьдзі, і сьведкі, і абаронцы. Маладафронтаўцы гэткім чынам спрабавалі разабрацца, што ж адбываецца ў Чачні: барацьба з сепартыстамі ды тэрарыстамі альбо нацыянальна-вызваленчая вайна?
19 сакавіка сябры Маладой Грамады і Маладога Фронту правялі ў Барысаве (Мінская вобласьць) санкцыянаваны пікет пад лозунгам: «Беларуская моладзь за альтэрнатыўную службу і прафесійнае войска». Гарвыканкам выдзеліў дзеля правядзеньня пікету найгоршае з мажлівых месцаў: пляцоўку на гарадзкім стадыёне паміж плотам і трыбунай. «Гледачамі» акцыі ад пачатку былі каля пяцідзесяці міліцыянтаў. Каля пікетоўшчыкаў пад бел-чырвона-белым сьцягам і транспарантам: «Моладзь за альтэрнатыўную службу» сабралася ўсё ж нямала людзей, якія атрымалі ўлёткі і газеты. Пасьля пікету быў затрыманы актывіст Маладога Фронту Павел Лыскавец. Капітан міліцыі Алег Кірын пагражаў яму штрафам ды іншымі непрыемнасьцямі, але адпусьціў, пратрымаўшы ў пастарунку тры гадзіны.
23 сакавіка ў Мінску ў раёне Камароўскага рынку ў 21 гадзіну за расклейку ўлётак-запрашэньняў на акцыю 25 сакавіка (Дзень Волі) былі затрыманыя пяцёра актывістаў Маладога Фронту – Сяргей Жаўлакоў (непаўнагадовы), Сяргей Касьцюкевіч, Мікола Сёмуха (непаўнагадовы), Кастусь Дасько, Раман Пронаў. Усе затрыманыя былі дастаўленыя ў Савецкі РУУС г.Мінску, дзе іх пратрымалі да дзьвюх гадзінаў ночы. Па словах аднаго з затрыманых, С.Жаўлакова, яго пратрымалі, нягледзячы на тое, што ён непаўнагадовы, да гадзіны ночы, і маці патэлефанавалі толькі ў палове на першую, што зьяўляецца парушэньнем нормаў КаАП РБ. С.Жаўлакоў таксама распавёў, што супрацоўнікі міліцыі абражалі яго і ягоных сяброў нецэнзурнай лаянкай і пагражалі фізічнай расправай. На кожнага з затрыманых былі складзеныя пратаколы паводле арт. 143 ч.3 КаАП – “парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў”, за гэтак званую антысанітарыю – расклейку аб’яваў ў непрыстасаваных дзеля гэтага месцах (штраф да 1 міні\мальнага заробку).
11 красавіка ў Бабруйску (Магілёўская вобласьць) у судзе Ленінскага раёну гораду распачаўся судовы працэс над трыма з чатырнаццаці затрыманых тут 25 сакавіка ўдзельнікаў акцыі, прысьвечанай 82-й гадавіне БНР. Алесь Чыгір, Вячаслаў Сьвізуноў і Юры Кісьляк абвінавачваліся ў парушэньні «знакамітага» артыкулу КаАП РБ аб правядзеньні мітынгаў, пікетаваньняў, дэманстрацыяў і шэсьцяў.
11 красавіка ў судзе Першамайскага раёну г. Віцебску судзьдзя Зазуля разгледзела адміністратыўную справу сябра Маладога Фронту Юрася Землякова, якога абвінавацілі ў парушэньні арт. 156 КаАП РБ за тое, што ён зрабіў некалькі надпісаў фарбай на плоце маслазаводу 16 лютага. Судзьдзя без тлумачэньняў прычынаў адхіліла хадайніцтва Ю.Землякова аб дапушчэньні да працэсу ў якасьці грамадзкага абаронцы прадстаўніка БНФ “Адраджэньне”. Суд прыняў рашэньне аштрафаваць Ю.Землякова на 2200 рублёў.
11 і 12 красавiка ў Мiнску адбылося пiкетаваньне супраць абавязковага разьмеркаваньня студэнтаў ВНУ, арганiзаванае Задзiночаньнем беларускiх студэнтаў. Акцыi прайшлi на прасьпекце Дзяржынскага, каля галоўнага корпусу медiнстытуту. У iх узялi ўдзел да 20 маладых людзей, якiя трымалi плакаты: “STOP – разьмеркаваньню!”, “Мая праца – гэта мой выбар”, “Студэнт – у зону!”, “Кошт майго навучаньня – гэта падаткi маiх бацькоў”, “Саўгас “Гарадзец” чакае цябе. Пачнi кар’еру!” i iншыя. ЗБС накiравала ў розныя ўрадавыя ўстановы больш за 10 лiстоў з патрабаваньнем спынiць практыку абавязковага разьмеркаваньня, асаблiва ў зоны радыеактыўнага забруджаньня. На некаторыя звароты ўжо прыйшлi адказы, якiя дакладней варта назваць адпiскамi, настолькi яны неканкрэтныя. Але Задзiночаньне беларускiх студэнтаў будзе i надалей дамагацца перагляду абавязковага разьмеркаваньня, якое парушае правы студэнтаў. Тым болей, што гэтую практыку ў некаторых дзяржаўных ВНУ пачалi прымяняць нават да студэнтаў платных аддзяленьняў.
28 красавіка ў камісію па справах непаўнагадовых Партызанскага раёну быў выкліканы С.Карашчанка за тое, што ён быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП 25 сакавіка каля ўніверсаму “Сталічны”, які знаходзіцца побач з плошчай Якуба Коласа, дзе ў той час адбывалася несанкцыянаваная гарадзкімі ўладамі апазіцыйная акцыя ”Дзень Волі-2000”. У той дзень С.Карашчанка разам са сваёй знаёмай зьбіраўся ісьці па справах у ЦУМ, але разам з іншымі людзьмі быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Пасьля затрыманьня падлетак быў дастаўлены ў Савецкі РУУС, дзе на яго быў складзены пратакол па арт.167.1 КаАП РБ. У рапарце пра затрыманьне было ўжо шмат каму знаёмае прозьвішча А.Раманоўскага, які набыў “вядомасьць” тым, што на судовых разьбіральніцтвах даваў ілжывыя сьведчаньні. На камісіі па справах непаўнагадовых хлопцу нагадалі,што ў яго ўжо другое затрыманьне па арт.167.1 КаАП РБ. Выслухаўшы тлумачэньні С.Карашчанкі наконт ягонага затрыманьня і ўлічыўшы тое, што ён ня мае трывалага заробку, яму вынесьлі строгую вымову
27 і 28 красавіка ў судзе Савецкага раёну г.Мінску адбываўся суд над 19- гадовым Сяргеем Церахавым, які быў затрыманы 26 красавіка ў 20.00 разам са свам 16-гадовым стрыечным братам (быў адпушчаны, бо непаўнагадовы). Братоў затрымлівалі тры асобы ў цывільным. На судзе ў якасьці сьведкаў выступалі супрацоўнікі міліцыі. Сьведка С.Чарніцкі сьцьвярджаў, што С.Церахаў “лаяўся матам у адрас прэзідэнта”. С.Церахаў быў асуджаны па арт.156 Адміністратыўнага кодэксу (дробнае хуліганства) на 3 сутак адміністратыўнага арышту.
3 траўня ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвярнуўся сябра БНФ “Адраджэньне” Антон Арцёменка, які паведаміў, што 2 траўня каля 20 гадзінаў, ідучы па пераходзе станцыі метро “Плошча Перамогі”, сарваў улётку фашыстоўскай арганізацыі РНЕ (Рускага нацыянальнага адзінства). Праз хвіліну А.Арцёменка быў затрыманы міліцыянтам і адведзены ў міліцэйскі пакой на станцыі метро. Там маладога чалавека абшукалі і ў прысутнасьці “сьведкі” (у пратаколе міліцыянт напісаў сваё прозьвішча – Дайнека) склалі пратакол пра парушэньне арт. 143 Адміністратыўнага кодэксу РБ (за расклейваньне абвестак у непрыстасаваных для гэтага месцах, так званая “антысанітарыя”). У пратаколе ўказвалася, што А.Арцёменка наклеіў улётку РНЕ, што вельмі абурыла хлопца. Ён у сваю чаргу напісаў, што з пратаколам ня згодны, і ў разьдзеле “Тлумачэньні” ўказаў, што не наклеіў, а сарваў улётку РНЕ. У заяве ПЦ “Вясна” А.Арцёменка адзначыў, што ён “абураны паводзінамі міліцыянта, які робіць такое на плошчы Перамогі за тыдзень да сьвяткаваньня 55-годзьдзя Перамогі”.
У ноч з 13 на 14 траўня Малады Фронт правёў у гарадах Беларусі акцыю «Горад наш!», прымеркаваную да ўгодкаў рэферэндуму, паводле якога была зьмененая беларуская гістарычная сімволіка на пракамуністычную. У Мінску з раніцы 14 траўня бел-чырвона-белыя сьцягі луналі на прасьпекце Скарыны і на высотных будынках большасьці мікрараёнаў гораду. Бел-чырвона-белыя сьцягі былі ўзьнятыя ноччу таксама ў Магілёве, Віцебску, Брэсьце, Барысаве, Заслаўі і іншых гарадах краіны.
24 чэрвеня падчас правядзеньня рыцарскага фэсту ў Наваградку (імітаваўся штурм Наваградзкага замку крыжакамі і абарона замку беларускімі воямі) мясцовая міліцыя затрымала трох гасьцей з Брэсту з беларускім нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам. Сярод затрыманых Сяржук Бахун, Васіль Андрасюк, Юрась Шульган. Супрацоўнікі міліцыі сьцьвярджалі, што бел-чырвона-белы сьцяг ”забаронены”. У аддзяленьні міліцыі Базыль Андрасюк папрасіў паказаць нарматыўны акт, паводле якога забаранялася б выкарыстаньне нацыянальнага сьцягу – такога акту не існуе. Апроч таго, бел-чырвона-белы сьцяг быў вельмі дарэчы на гістарычным фэсьце, бо менавіта пад гэтымі колерамі ў сярэднявеччы выступалі абаронцы Наваградзкага замку.
27 ліпеня ў Мінску адбыўся рок-канцэрт папулярных беларускіх гуртоў, які меў назоў: «Дзесяць гадоў – дзесяць хітоў», і быў прысьвечаны дзесятай гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі.
12 лістапада ў Мінску прайшла акцыя беларускай моладзі пад лозунгам «Пераменаў!», якая была жорстка разагнаная міліцыянтамі... Мінгарвыканкам, як звычайна, правядзеньне акцыі ад Акадэміі навук да плошчы Незалежнасьці не дазволіў, а скіраваў моладзь на сумна знакамітую плошчу Бангалор. Аднак лідэры моладзі вырашылі не адмаўляцца ад ранейшых планаў. Улады ведалі пра гэта, а таму паставіліся да акцыі дужа сур’ёзна. Раён Акадэміі навук – месца збору ўдзельнікаў акцыі – быў ачэплены міліцыянтамі. Цягнікі метро, аўтобусы і тралейбусы не спыняліся на прылеглых прыпынках. Але каля тысячы маладых людзей ў 18 гадзінаў сабраліся каля Акадэміі навук і ў 18.30 па частцы прасьпекту Скарыны і ходніках рушылі ў бок плошчы Незалежнасьці. Двайны міліцэйскі кардон перагарадзіў шлях дэманстрантам перад плошчай Якуба Коласа. Моладзь спынілася ў чаканьні, не ідучы на адкрытае сутыкненьне з узброенымі дубінкамі і шчытамі міліцыянтамі. І тады пачалося «паляваньне» на ўдзельнікаў шэсьця... Міліцыянты і амапаўцы выхоплівалі моладзь з шэрагаў дэманстрантаў, а тых, хто хацеў схавацца ў дварах, там чакалі «засады». Затрыманых цягнулі ў сьпецыяльна падрыхтаваныя аўтобусы, пры гэтым любая спроба супраціўленьня (а ў цемры міліцыянты хапалі і выпадковых людзей, а ня толькі ўдзельнікаў акцыі – адзіным крытэрыем быў малады ўзрост) жорстка каралася гумовымі дубінкамі... Масавыя затрыманьні моладзі ў Мінску пачаліся яшчэ да пачатку акцыі. Сярод затрыманых шмат маладых людзей, якія не прымалі ўдзелу ў акцыі, напрыклад, студэнтаў Беларускай політэхнічнай акадэміі, якія вярталіся ў інтэрнат. Супрацоўнікі АМАП праводзілі затрыманьні без тлумачэньняў прычыны, ужывалі грубую фізічную сілу ў адносінах да падлеткаў. Арыштаваных дастаўлялі ў Савецкі, Першамайскі, Маскоўскі і Партызанскі РУУС, туды ж накіроўваліся і назіральнікі ГА ПЦ “Вясна”.
У гэты дзень акцыі пад назовам «Пераменаў!» адбыліся яшчэ ў 25 гарадах Беларусі. Найбольш буйныя акцыі прайшлі ў Магілёве, Гародні, Баранавічах, Воршы... Мелі яны розны характар: дзе пікеты, а дзе – дыскатэкі. У Барысаве (Мінская вобласьць) несанкцыянаваны пікет у межах агульнарэспубліканскай маладзёвай акцыі “Пераменаў!” адбыўся 11 лістапада. У 11 гадзінаў на Цэнтральную плошчу гораду перад гарвыканкамам выйшлі некалькі сяброў Маладой Грамады з плакатамі, якія ўтрымлівалі заклікі да пераменаў у грамадзтве. Пікетоўшчыкі толькі пасьпелі разгарнуць плакаты, як літаральна праз хвіліну былі затрыманыя і дастаўленыя ў Заводзкі РАУС г.Барысава, дзе на іх склалі пратаколы адміністратыўнага правапарушэньня па арт.167.1 КаАП РБ (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Калі пратаколы былі складзеныя, супрацоўнікі міліцыі выклікалі бацькоў затрыманых падлеткаў і адпусьцілі іх, папярэдзіўшы, што на гэтым справа ня скончаная. У Гародні гарадзкія ўлады палічылі патрэбным зьмяніць час акцыі (з 15.00 на 17.00, калі ўжо цёмна) і месца правядзеньня (вул.Карла Маркса на больш аддаленае ад цэнтру). Удзельнікі пікету не пагадзіліся з рашэньнем гарвыканкаму – зьявіліся, як і планавалі, у 15.00 каля Дому сувязі на вул.Карла Маркса. Праз дзесяць хвілінаў да іх пад’ехалі міліцэйскія машыны і пачаліся затрыманьні. Было арыштавана каля 20 чалавек...
У Мінску ўсяго было затрымана 112 чалавек. У Савецкі РУУС было дастаўлена 54 чалавекі, у Першамайскі – 21, у Маскоўскі – 25, у Партызанскі – 9 (без уліку непаўнагадовых). Непаўнагадовыя былі адпушчаныя, 26 чалавек былі дастаўленыя ў сьпецпрыёмнікразьмеркавальнік па вул. Акрэсьціна да суда. Некаторых затрыманых вывозілі за горад і адпускалі. Праводзіліся відэаздымкі.
Сярод затрыманых (сьпіс няпоўны):
1. Шмялёў Сяргей.
2. Філіповіч Алесь.
3. Зялёткін.
4. Бурацкі.
5. Стральцоў Алесь.
6. Яроменка Дзяніс.
7. Харкевіч Руслан.
8. Савіч Павал (1983 г.н.) – затрыманы на тралейбусным прыпынку “Акадэмія навук”.
9. Гетман Павел.
10. Дзятовіч Віталь.
11. Андросаў Алесь.
12. Мікалайчык Аляксей.
13. Куніна Марыя.
14. Каліна Аляксандр.
15. Астапчук Сяргей (17 гадоў).
16. Жарко Аляксей (17 гадоў).
17. Атрошчанка Сяргей (16 гадоў).
18. Шалахоўскі Аляксей.
19. Маскалёва Паліна (непаўнагадовая).
20. Хоміч Зьміцер.
21. Мілай Зьміцер (непаўнагадовы).
22. Балук Антось (14 гадоў).
23. Цітовіч Іван.
24. Атрашчанкоў Цімох (непаўнагадовы).
25. Вянярскі Васіль.
26. Шаўчук Андрэй (14 гадоў, школьнік).
27. Сіліцкі Антон (непаўнагадовы, 17 гадоў).
28. Мятліцкі Павел.
29. Старыковіч Уладзімір.
30. Чарнянок Зьміцер.
31. Макееў Яўген.
32. Гапановіч Міхаіл (16 гадоў).
33. Мыцык Васіль (17 гадоў).
34. Смалякоў Зьміцер (15 гадоў).
35. Малафееў Іван (17 гадоў).
36. Хаменка Зьміцер (15 гадоў).
37. Бабій Андрэй.
38. Бузук Аляксей.
39. Мазоўка Андрэй.
40. Самончанка Уладзімір.
41. Чулкоў Кірыла.
42. Цімашук Вольга.
43. Лыско Уладзімір.
44. Кошалеў Віталь.
45. Юркавец Андрэй.
46. Грачуха Надзея.
47. Ткачэнка Уладзімір.
48. Малішэўскі Яраслаў.
49. Сідун Хрысьціна.
50. Вітушка Андрэй.
51. Дубінчук Алесь (Пухавічы, непаўнагадовы) – да 14 лістапада ўтрымліваўся ў дзіцячым сьпецпрыёмнікуразьмеркавальніку.
52. Бельскі Алесь (Пухавічы, непаўнагадовы) – да 14 лістапада ўтрымліваўся ў дзіцячым сьпецпрыёмнікуразьмеркавальніку.
53. Іваноў Андрэй.
54. Макрэцкі Андрэй.
55. Дынькоўскі Віталь.
56. Еўсікаў Дзяніс.
57. Пацэль Віктар.
58. Тараканаў Уладзімір.
59. Грынкевіч Дзьмітры.
60. Кірылаў Павел.
61. Пазьняк Кірыла (журналіст) – адпушчаны.
62. Доўнар Вадзім (журналіст) – адпушчаны.
Асобы, на якіх пратаколы складаліся праз некалькі дзён пасьля акцыі:
1. П’яных Сяргей – 15 лістапада.
У Гародні былі арыштаваныя:
1. Мялешка Андрэй (затрыманы да суда) – ноч правёў у прыёмніку-разьмеркавальніку.
2. Нех Сьвятлана (затрыманая да суда) – ноч правяла ў прыёмніку-разьмеркавальніку.
3. Саранчукоў Вадзім (затрыманы да суда) – ноч правёў у прыёмніку-разьмеркавальніку.
4. Мельнікаў Андрэй (затрыманы да суда) – ноч правёў у прыёмніку-разьмеркавальніку.
5. Міхальчык Дзяніс.
6. Лашкоўскі Алесь (затрыманы да суда) – ноч правёў у прыёмніку-разьмеркавальніку.
7. Бабкін Ігар (непаўнагадовы) – адпушчаны.
8. Іванова Вольга.
9. Капцэвіч Наталя.
10. Камягіна Вольга (непаўнагадовая) – адпушчаная.
11. Машкала Алена.
12. Філіповіч Вольга.
13. Ягораў Зьміцер (журналіст) – адпушчаны.
14. Клімук Сяргей.
15. Мялешка Іна.
У Барысаве былі арыштаваныя:
1. Кузьняцоў Міхась.
2. Ясюк Алена.
3. Ясюк Марына.
Суды над арыштаванымі ўдзельнікамі маладзёвай акцыі “Пераменаў!”
Усе затрыманыя абвінавачваюцца ў парушэньні арт. 167.1 КаАП РБ – парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Мінск. Суд Савецкага раёну:
1. Мазоўка Андрэй – штраф 20 мінімальных заробкаў.
2. Самончанка Уладзімір – штраф 20 мінімальных заробкаў.
3. Цітовіч Іван – штраф 20 мінімальных заробкаў.
4. Ткачэнка Уладзімір – папярэджаньне.
5. Цімашук Вольга – папярэджаньне.
6. Грачуха Надзея – папярэджаньне.
7. Юркавец Андрэй – 3 сутак адміністратыўнага арышту.
8. Кошалеў Віталь – папярэджаньне.
9. Лыско Уладзімір – штраф 20 мінімальных заробкаў.
10. Вянярскі Васіль – штраф 30 мін. заробкаў.
11. Чулкоў Кірыл – папярэджаньне.
12. Малішэўскі Яраслаў – папярэджаньне.
13. П’яных Сяргей – папярэджаньне.
Мінск. Суд Першамайскага раёну:
1. Шмялёў Сяргей – папярэджаньне.
2. Яроменка Дзяніс – папярэджаньне.
3. Харкевіч Руслан – папярэджаньне.
4. Грыгор’еў Юры – (назіральнік БХК), папярэджаньне.
5. Цыганкоў А. – папярэджаньне.
6. Зялюткін А. – папярэджаньне.
7. Зялюткін С. – папярэджаньне.
8. Падліпскі Я. – папярэджаньне.
9. Вінярскі М. – папярэджаньне.
10. Зяленскі Н. – папярэджаньне.
11. Шкурко А. – папярэджаньне.
12. Сакалоў С. – папярэджаньне.
23 лістапада ў Ленінскім судзе г. Гародня завяршыліся разгляды адміністратыўных справаў удзельнікаў акцыі “Пераменаў!” 12 лістапада.
Усяго за ўдзел у гэтай акцыі асуджана 12 чалавек:
1. Мялешка Андрэй (складзены пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага пікету 12 лістапада і актыўны ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці 8 кастрычніка) – штраф 170 мінімальных заробкаў;
2. Нех Сьвятлана (складзены пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага пікету 12 лістапада і арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу і шэсьця 8 кастрычніка) – штраф 150 мінімальных заробкаў;
3. Саранчукоў Вадзім (складзены пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці 8 кастрычніка) – папярэджаньне;
4. Мельнікаў Андрэй (арт. 167.1 КаАП РБ) – штраф 20 мінімальных заробкаў;
5. Лашкоўскі Алесь (арт. 167.1 КаАП РБ) – штраф 30 мінімальных заробкаў;
6. Іванова Вольга – (арт. 167.1 КаАП РБ) – штраф 25 мінімальных заробкаў;
7. Мялешка Іна – (арт. 167.1 КаАП РБ) – папярэджаньне;
8. Капцэвіч Натальля – (арт. 167.1 КаАП РБ) – штраф 30 мінімальных заробкаў
9. Філіповіч Вольга – (арт. 167.1 КаАП РБ)– папярэджаньне;
10. Машкала Алена – (арт. 167.1 КаАП РБ) – штраф 20 мінімальных заробкаў;
11. Клімук Сяргей – (арт. 167.1 КаАП РБ) – штраф 30 мінімальных заробкаў;
12. Міхальчык Дзяніс – (арт. 167.1 КаАП РБ) – штраф 30 мінімальных заробкаў.
Усе затрыманыя зьвярнуліся ў Гарадзенскае абласное аддзяленьне Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Да абароны абвінавачваемых прыцягнутыя грамадзкія абаронцы Гарадзенскага аддзяленьня БХК і адвакат Уладзімір Кісялевіч ад ГА ПЦ “Вясна” па судовых справах С.Нех і А.Мялешкі.
28 лістапада ў Барысаве на адміністратыўную камісію па справах непаўнагадовых былі выкліканыя ўдзельнікі пікету “Пераменаў” (12 лістапада) браты Кузьняцовы – Зьміцер і Міхась з бацькамі. Камісія сабралася ў Барысаўскім гарана. Прысутнічалі прадстаўнікі гарвыканкаму, сацыяльны педагог са школы, супрацоўнікі міліцыі. Прадстаўнік ГА ПЦ “Вясна” Зьміцер Бародка быў выдалены з залы паседжаньня. Члены камісіі патлумачылі, што ў яго “няма законных падставаў прысутнічаць”. Падлеткам былі выпісаныя штрафы: Міхасю Кузьняцову – 3 тыс. рублёў, Зьміцеру Кузьняцову – 2 тыс. рублёў.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|