|
9. ПЕРАСЬЛЕД АЛЬБО ЗАБАРОНА ДЗЕЙНАСЬЦІ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЫЯЎ І РУХАЎ
У 2000 годзе ў параўнаньні з папярэднімі колькасьць пісьмовых папярэджаньняў, вынесеных Міністэрствам юстыцыі грамадзкім арганізацыям і апазіцыйным партыям значна павялічылася. Папярэджаньні атрымалі – Таварыства Беларускай мовы, Задзіночаньне беларускіх студэнтаў (два папярэджаньні), Цэнтр па правах чалавека, Арганізацыя палітрэпрэсаваных 20-80-х гадоў (два папярэджаньні), Аб’яднаная грамадзянская партыя (пяць папярэджаньняў запар)... Між тым, згодна з Законам РБ “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, два пісьмовыя папярэджаньні, вынесеныя рэгіструючым органам на працягу года за адныя і тыя ж парушэньні, пагражаюць ліквідацыяй арганізацыі ў судовым парадку.
Як правіла, папярэджаньні выносяцца па досыць фармальных прычынах: недахопы на бланках і пячатках, адсутнасьць знакаў прыпынкаў і г.д. Усё гэта не зьяўляецца грубым парушэньнем заканадаўства аб грамадзкіх арганізацыях і можа быць выпраўленае іншым шляхам (інфармаваньнем пра неабходнасьць прывядзеньня дакументаў у адпаведнасьць).
Прычыну ўціску ўладаў на грамадзкія арганізацыі назіральнікі бачаць у тым, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў рыхтуецца глеба дзеля абмежаваньня дзейнасьці вядучых апазіцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў.
23 лютага стала вядома, што Міністэрства юстыцыі РБ нарэшце зарэгістравала Грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі народны фронт «Адраджэньне». Аднак партыі БНФ у рэгістрацыі пакуль адмоўлена.
15 траўня ў г.Гародня планавалі абвясьціць бестэрміновую галадоўку шматдзетныя маці, якія зьяўляюцца сябрамі арганізацыі “Крыніца міласэрнасьці”. Прычынаю абвяшчэньня галадоўкі стала тое, што ўжо чатыры месяцы арганізацыі не даюць абяцанага памяшканьня на вул. Леніна ў цэнтры гораду. Аднак правядзеньне галадоўкі не спатрэбілася. 12 траўня гарвыканкам выдзеліў памяшканьне гэтай арганізацыі ў адным з прэстыжных раёнаў гораду.
У траўні ў трэці раз Міністэрства юстыцыі РБ адмовіла ў рэгістрацыі рэспубліканскай грамадзкай арганізацыі «Беларускае аб’яднаньне маладых палітыкаў». Мінюст устанавіў парушэньні ў матэрыялах аб рэгістрацыі артыкулаў 5, 8 і 10 Закону РБ «Аб грамадзкіх арганізацыях», у прыватнасьці гаворыцца, што маладыя палітыкі парушаюць закон тым, што дапускаюць у свае шэрагі непаўнагадовых, якіх потым яшчэ і абіраюць у выбарныя органы... БАМП прапанавана абскардзіць рашэньне Мінюсту ў Вярхоўным судзе РБ.
19 ліпеня Грамадзкае аб’яднаньне “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” атрымала пісьмовае папярэджаньне з Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Прычынамі дзеля вынясеньня такога рашэньня сталі дзьве заўвагі, а дакладней, “парушэньні артыкулаў 4 і 12 Закону РБ “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, на якія ўказваецца ў дакуменце. Першая: ТБМ карыстаецца бланкам, на якім назва гэтай арганізацыі «не адпавядае статутнай” (у пасьведчаньні аб рэгістрацыі, што было выдадзенае Мінюстам, пазначана: “Грамадзкае аб’яднаньне “Таварыства беларускай мовы рэспубліканскае”, але ўжываньне назвы “рэспубліканскае” на бланку Міністэрства юстыцыі палічыла за парушэньне). Другая: на пячатцы арганізацыі “разьмешчаная сімволіка, якая адрозьніваецца ад зарэгістраванай”. Справа ў тым, што на пячатцы зьмешчаная эмблема ТБМ, але бяз гербу “Пагоня” і белчырвона-белай стужкі. У лісьце не тлумачыцца, ці хацелі б чыноўнікі з Міністэрства юстыцыі бачыць “Пагоню” са сьцягам, ці яны ўказваюць на тое, што пячатка павінна цалкам адпавядаць эмблеме арганізацыі... Міністэрства юстыцыі папярэдзіла ТБМ, што ў выпадку паўторнага на працягу году ўчыненьня дзеяньняў, за якія вынесенае папярэджаньне, можа быць узьнятае пытаньне аб ліквідацыі гэтай грамадзкай арганізацыі.
У ноч з 23 на 24 ліпеня быў абрабаваны офіс Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Невядомыя злачынцы ўзламалі ўваходныя дзьверы і ўкралі кампутарны блок з інфармацыйнай базай «Бацькаўшчыны», створанай за дзесяць гадоў існаваньня арганізацыі, а таксама новы лазерны прынтар і тэлефакс.
25 ліпеня скончыўся судовы разгляд справы грамадзкага аб’яднаньня “Рэгіянальны цэнтр грамадзкіх ініцыятываў” супраць Упраўленьня юстыцыі Мінаблвыканкаму. Суд прызнаў рашэньне прэзідэнцкай камісіі па рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў незаконным і абавязаў Упраўленьне юстыцыі зарэгістраваць арганізацыю на працягу месяца.
8 верасьня ўдзельнікі Міжнароднага культурна-асьветніцкага каравану “Наступны прыпынак – Новае стагодзьдзе”, які ладзіла грамадзкае аб’яднаньне “Next Stop – New Life” і швецкая арганізацыя “Peace Quest”, мелі намер правесьці ў Гародні прэс-канферэнцыю і канцэрт у прыватным клубе “Стоп-лінія”. Аднак мясцовыя ўлады ў гэты ж дзень паведамілі арганізатарам, што забараняюць усе запланаваныя акцыі. Напрыканцы жніўня Дзяржаўны камітэт па справах моладзі паведаміў арганізатарам каравану, што ня мае нічога супраць правядзеньня падобнага мерапрыемства. Адзінае, кіраўнікі “Next Stop – New Life” вымушаныя былі ўзгадніць пытаньне правядзеньня мерапрыемстваў з мясцовымі выканаўчымі структурамі. Адначасова ў іншым лісьце Дзяржкам па справах моладзі разаслаў па мясцовых выканкамах ліст, у якім абвясьціў, што “ня лічыць магчымым рэкамендаваць камітэтам (аддзелам) па справах моладзі мясцовых выканаўчых і распараджальных органаў рэспублікі падтрымаць правядзеньне каравану”. У выніку шэраг праграмаў, сярод якіх правядзеньне круглых сталоў, вулічных канцэртаў, тэатралізаваных прадстаўленьняў, выставаў, не былі выкананыя. Удзельнікі міжнароднага каравану ня змогуць правесьці свае мерапрыемствы і ў Магілёве. Магілёўскія ўлады загадзя разгледзелі пытаньне правядзеньня каравану і знайшлі прычыны, паводле якіх была вынесеная адмова. Кіраўніцтва арганізацыі мае намер адстойваць сваю годнасьць і гонар у судзе.
9 верасьня другое на працягу паўгоду пісьмовае папярэджаньне ад Міністэрства юстыцыі РБ атрымала Рэспубліканскае маладзёвае аб’яднаньне “Задзіночаньне беларускіх студэнтаў”. Папярэджаньне арганізацыі вынесенае за тое, што колер выкарыстанай на бланку эмблемы не адпавядае зарэгістраванаму (парушэньне арт. 12 Закону РБ “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”). Справа ў тым, што зарэгістраваная эмблема ЗБС уяўляе сабой зорку, выкананую ў белым і чырвоным колерах, а бланк арганізацыі – традыцыйна чорна-белы. Акрамя таго, чыноўнікаў не задаволілі памеры сімвалу арганізацыі і тое, што адзін з лістоў, накіраваных на іх адрас, падпісаны сябрам Рады, кіраўніком камісіі па абароне правоў студэнтаў, а не старшынёй арганізацыі. ЗБС мае намер абскарджваць вынесенае папярэджаньне ва ўстаноўленым парадку.
9 верасьня адбылася сустрэча старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі з жыхарамі г.п.Буда-Кашалёва (Гомельская вобласьць). Арганізавала гэтую сустрэчу мясцовая суполка АГП, якая сутыкнулася з актыўнымі захадамі мясцовых уладаў дзеля таго, каб сустрэча не адбылася. Арганізатары доўгі час не маглі атрымаць дазволу, на іх аказваўся псіхалагічны ўціск. У мясцовым каледжы студэнтаў папярэдзілі, што ўсе, каго пабачаць у той дзень на сустрэчы з А.Лябедзькам, будуць выключаныя з навучальнай установы. У дзень правядзеньня мерапрыемства стадыён, на якім сустрэча павінна была адбыцца, быў ачэплены міліцыяй (6 машынаў), усё здымалася на відэакамеру. Акрамя мясцовых міліцыянтаў, былі задзейнічаныя і супрацоўнікі сьпецслужбаў у цывільным з Гомелю, якіх прывезьлі на 2 грузавіках. Нягледзячы на неспрыяльныя абставіны, на сустрэчу сабралася каля 100 чалавек.
21 верасьня позна ўвечары быў учынены ўзброены налёт на штабкватэру Беларускай сацыялдэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Два ўзброеныя мужчыны, пагражаючы пісталетамі, уварваліся ў кватэру, якая выкарыстоўваецца як офіс партыі. Яны паклалі на падлогу чатырох чалавек, што знаходзіліся тут, і пачалі рабаваць кватэру. Рабаўнікі знайшлі і забралі 6 тысячаў даляраў партыйных грошай, што захоўваліся ў сейфе, дакументы і дыскеты, якія знайшлі ў офісе, а таксама кампутарныя вінчэсьцеры, на якіх захоўвалася партыйная інфармацыя. Пацярпелыя сьцьвярджаюць, што рабаўнікі былі бяз масак і адкрыта выказвалі сваю незадаволенасьць палітыкай апазіцыі. Міліцыя са словаў пацярпелых склала фотаробат рабаўнікоў. Распачатае сьледзтва.
22 верасьня Вышэйшы гаспадарчы суд адмяніў папярэджаньне, якое было вынесенае Міністэрствам юстыцыі РБ грамадзкаму аб’яднаньню “Задзіночаньне беларускіх студэнтаў“. Нагадаем, што папярэджаньне было зробленае за выкарыстаньне ЗБС слова «Менск» на афіцыйным бланку арганізацыі. Прадстаўнік Мінюсту на судзе даводзіў, што на афіцыйных дакументах павінны быць надпісы, зробленыя паводле тых правілаў, якія вывучаюць дзеці ў школах. Прадстаўнікі ЗБС стаялі на тым, што існуюць два стандарты беларускага правапісу: той, які скарыстоўваецца цяпер і «рэпрэсаваны», адменены ў 1933 годзе. Судзьдзя Пятухова ў выніку абвясьціла папярэджаньне Мінюсту несапраўдным і паставіла спагнаць з мінюсту на карысьць ЗБС 52 тысячы рублёў.
10 кастрычніка да сябра “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў” С.Залеўскага прыйшло паведамленьне з амбасады Сацыялістычнай Рэспублікі Куба, у якім утрымліваліся прабачэньні за адкліканьне запрашэньня прыняць удзел у кангрэсе па пытаньні “Узаемаадносіны ўлады і студэнцкае самакіраваньне” (планавалася з 15 па 19 лістапада ў Гаване). Справа ў тым, што супрацоўнікі кубінскай амбасады самі вызначылі ўдзельніка кангрэсу, бо ім стала вядома, што ЗБС займаецца праблемай студэнцкага самакіраваньня. Але калі пачалося афармленьне дакументаў, у гэтую справу ўмяшаўся Мінюст Беларусі, які “настойліва рэкамендаваў Міністэрству па справах моладзі і прапаганды Сацыялістычнай Рэспублікі Куба не запрашаць на кангрэс арганізацыі, якія ня маюць статус агульнадзяржаўных”, а запрасіць прадстаўнікоў Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі. Такім чынам, Мінюст Беларусі прадэманстраваў у чарговы раз, што БПСМ зьяўляецца прадзяржаўнай маладзёвай арганізацыяй, а ЗБС аднёс у разрад апазіцыйных. Што тычыцца юрыдычнага статусу ЗБС, то гэтая арганізацыя таксама рэспубліканская, але, відаць, чыноўнікам з Мінюсту не падабаецца яе незалежнасьць ад уладаў.
У ноч з 12 на 13 сьнежня быў абрабаваны офіс Наваполацкага грамадзкага аб’яднаньня культурна-асьветніцкіх ініцыятываў “Усяслаў Чарадзей”. Супрацоўнікі, якія зранку прыйшлі ў офіс, пабачылі адчыненыя ўваходныя дзьверы, пасярод аднаго з пакояў стаялі накрыўкі ад карпусоў кампутараў. З пяці капутараў, якія знаходзіліся ў офісы, пацярпелі тры: з двух сістэмных блокаў было выцягнутае амаль усё начыньне, яшчэ адзін застаўся без аператыўнага запамінальнага прыстасаваньня. Пацярпелая арганізацыя зьвярнулася з заявай у міліцыю. Па факце рабунку пачалося сьледзтва.
10. ПЕРАСЬЛЕД ПРАФСАЮЗАЎ І ДЗЕЯЧАЎ РАБОЧАГА РУХУ
Слова «незалежны» у дачыненьні да любой структуры выклікае негатыўную рэакцыю беларускіх уладаў. Тым болей – у адносінах да прафсаюзаў і рабочых арганізацыяў. Апроч міліцыі ды войска, рабочы клас і вёска – галоўная апора аўтакратыі. Рабочыя павінны працаваць і ні ў якім разе не задумвацца над тым, чаму мы гэтак кепска жывем, і што зрабіць, каб жыцьцё палепшыць... І таму ўлады жорстка выкараняюць любое жаданьне рабочых аб’яднацца і любое імкненьне патрапіць у рабочыя калектывы прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў. Зрэшты, у лік апазіцыйных арганізацыяў у 2000 годзе ўпершыню патрапілі і афіцыйныя прафсаюзы – Федэрацыя прафсаюзаў Беларуская...
21 студзеня ў судзе Заводзкага раёну г. Мінску адбыўся суд над Мікалаем Раманавым (кіроўца з МАЗу, працуе ў транспартным цэху, сябра Свабоднага прафсаюзу). Згодна з пратаколамі, складзенымі на М.Раманава, ён абвінавачваўся ў тым, што 16 сьнежня 1999 г. пасьля заканчэньня рабочай зьмены стаяў на ганку завадзкой прахадной і заклікаў рабочых прыняць удзел у несанкцыянаваным мітынгу. Тады ж М.Раманаў быў затрыманы і дастаўлены ў РАУС Заводзкага раёну. На судзе М.Раманаў віну сваю не прызнаў і заявіў, што зьяўляецца распаўсюднікам газеты “Рабочы” – афіцыйна зарэгістраванага органу друку, і на момант затрыманьня займаўся менавіта распаўсюджваньнем газеты. Напрацягу працэсу было заслухана 5 сьведкаўсупрацоўнікаў міліцыі і 3 сьведкі – супрацоўнікі службы бясьпекі МАЗ. Усе яны сьцьвярджалі, што М.Раманаў заклікаў рабочых да несанкцыянаванага мітынгу і такім чынам сабраў каля прахадной 200 рабочых. Адвакат заявіла хадайніцтва аб допыце двух чалавек, якія непасрэдна затрымлівалі М.Раманава (адзін з гэтых міліцыянтаў пры затрыманьні 16 сьнежня мінулага году каля цэнтральнай прахадной МАЗу зламаў руку старшыні Свабоднага прафсаюзу металістаў М.Марынічу). У сувязі з хадайніцтвам судзьдзя перанесла разгляд справы.
7 лютага ў будынку суда Заводзкага рну г. Мінску завяршыўся разгляд адміністратыўнай справы супраць старшыні першаснай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу металістаў Мінскага аўтазаводу Міхаіла Марыніча. Ён быў прызнаны вінаватым у парушэньні парадку правядзеньня і арганізацыі мітынгу і, згодна з арт. 167.1, ч. 2 КаАП РБ, пастановай судзьдзі Хвайніцкай на яго накладзенае адміністратыўнае спагнаньне ў выглядзе штрафу ў даход дзяржавы ў памеры 440 тыс. рублёў (500 даляраў ЗША). Працэс па справе М. Марыніча праходзіў на працягу некалькіх дзён, падчас працэсу была заслуханая вялікая колькасьць сьведкаў-супрацоўнікаў Заводзкага РАУС, а таксама супрацоўнікаў службы аховы МАЗу. Варта нагадаць, што 16 сьнежня 1999 году ў абедзенны перапынак каля прахадной на тэрыторыі прадпрыемства сабралася каля тысячы сяброў Свабоднага прафсаюзу металістаў, каб правесьці прафсаюзны сход. На сходзе планавалася абмеркаваць канфліктную сітуацыю, якая склалася паміж Свабодным прафсаюзам і адміністрацыяй прадпрыемства.
11 красавіка Міністэрства юстыцыі Беларусі перанесла рэгістрацыю грамадзкага аб’яднаньня “Рабочы саюз “Адзінства” Сяргея Антончыка паводле надуманых прычынаў. Падзеі разгортваліся наступным чынам. 16 сакавіка старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Рабочы Саюз “Адзінства” Сяргей Антончык падаў у Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь дакументы на рэгістрацыю створанага грамадзкага аб’яднаньня.11 красавіка начальнік упраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі М.Сухінін адтэрмінаваў, перанёс рэгістрацыю аб’яднаньня, а фактычна адмовіў у ёй.
У красавіку Гомельскі абласны суд прыняў рашэньне аб ліквідацыі гомельскай грамадзкай арганізацыі “Саюз беспрацоўных”, якая была створаная ў 1992 годзе вядомым у горадзе праваабаронцам Яўгенам Мурашкам. Зыскавую заяву ў суд аб ліквідацыі арганізацыі накіравала ўпраўленьне юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму. У якасьці падставы ўказвалася, што “Саюз беспрацоўных” не прайшоў агульнарэспубліканскую перарэгістрацыю. Выступаючы ў судзе, Я.Мурашка сказаў, што ў арганізацыі не было сродкаў для аплаты перарэгістрацыі, бо ў склад яе ўваходзяць беспрацоўныя грамадзяне.
18 траўня ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвярнуўся сябра праўленьня “Рабочага саюзу“Адзінства”, сябра Свабоднага прафсаюзу Гяоргі Мухін, які ў 1999 годзе быў звольнены з Мінскага трактарнага заводу за прафсаюзную дзейнасьць. Канкрэтна, за тое, што абвясьціў галадоўку пратэсту на сваім працоўным месцы. Больш за год Г. Мухін быў беспрацоўным, у дапамозе па беспрацоўю яму было адмоўлена. Нарэшце 15 траўня служба занятасьці Ленінскага раёну г.Мінску накіравала Г.Мухіна на Мінскі маторны завод для працаўладкаваньня. 17 траўня Г.Мухін быў прыняты на працу ў механічны цэх (МЦ-6). 18 траўня Г.Мухін прыйшоў на сваю новую працу, але начальнік цэху С.Бракарэнка адмовіў яму ў прадастаўленьні працоўнага месца. Гэта сьведчыць пра тое, што на мінскіх прадпрыемствах імкнуцца не дапусьціць кантактаў рабочых з актывістамі Свабодных прафсаюзаў. Такім чынам, атрымалася, што Г.Мухін мае на руках даведку пра тое, што “Мухін Г. сапраўды працуе на Мінскім маторным заводзе”, але ня можа трапіць на завод і пачаць працаваць. З гэтай прычыны Г.Мухін напісаў скаргу на імя в.а. Генеральнага дырэктара Мінскага маторнага заводу Ждановіча і плануе абскардзіць дзеяньні адміністрацыі прадпрыемства ў судзе.
29 траўня прадстаўнікі Грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская арганізацыя працоўных жанчын» на чале са старшынёй М.Аліевай у суправаджэньні здымачнай групы студыі “Тацяна” прыйшлі на прыём да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу У. Канаплёва (які ў гэты час адсутнічаў). У прыёмнай пасьля ўзьніклай спрэчкі са старшынёй Шклоўскага райвыканкаму Аляксандрам Агеевым, жанчыны падвергліся нападу з боку журналіста шклоўскай газеты “Ударный фронт” Міхаіла Бабка. Узьнікла бойка, падчас якой старшыня мясцовай арганізацыі БАПЖ Л. Каверка пабегла выклікаць міліцыю. Вечарам таго ж дня Любоў Каверка ў сваёй кватэры была затрыманая супрацоўнікамі міліцыі і дапытаная, падчас чаго высьветлілася, што М. Бабок абвінавачвае Л. Каверку ў нанясеньні яму пабояў. На паседжаньні суда судзьдзёй А.Тараканавым было задаволенае хадайніцтва Л. Каверкі аб прыцягненьні дадатковых сьведкаў і допуску да справы ў якасьці свайго прадстаўніка Уладзіміра Адынца...
6 чэрвеня ў г. Шклове адбыўся разгляд справы старшыні шклоўскага аддзяленьня «Беларускай арганізацыі працоўных жанчын» Любові Каверка, якая абвінавачваецца ў парушэньні арт. 156 КаАП РБ (дробнае хуліганства).
У жніўні стала вядома, што Дзяржаўны камітэт фінансавых расьсьледаваньняў РБ заблакаваў рахунак упраўленьня справамі Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай. 120 супрацоўнікаў упраўленьня ФПБ ня могуць атрымаць заробак. Гэта вынік адкрытай канфрантацыі паміж уладамі і афіцыйнымі беларускімі прафсаюзамі. Калі перасталі дзейнічаць ідэалагічныя рычагі ўціску на ФПБ, улады сталі прымяняць рычагі «эканамічныя».
11 верасьня ў Вярхоўным судзе РБ адбылося судовае паседжаньне, на якім разглядалася скарга “Рабочага саюзу “Адзінства” на дзеяньні Мінюсту, што адмаўляе на працягу доўгага часу ў рэгістрацыі Саюзу (дакументы на рэгістрацыю былі пададзеныя яшчэ 19 сакавіка гэтага году). Адмова Мінюсту тлумачыцца тым, што арганізацыяй у прызначаны тэрмін (2 тыдні) не былі пададзеныя рэгістрацыйныя дакументы з унесенымі праўкамі, хаця закон прадугледжвае тэрмін, якога і прытрымліваўся Саюз – месяц. Вярхоўны суд вырашыў зрабіць перапынак у судовым паседжаньні дзеля высьвятленьня дадатковых абставінаў справы, а “Рабочаму саюзу “Адзінства” зноў засталося адзінае – чакаць. Рэгістрацыя арганізацыі адкладзеная на невядомы час.
11 верасьня адзін з лідэраў “Рабочага саюзу “Адзінства” Георгі Мухін (працоўны навуковавытворчага аб’яднаньня “Антанар”) быў звольнены з працы. Фармальная прычына звальненьня лідэра працоўных – прагул. Сапраўдная – выступленьне на сходзе па вылучэньні кандыдата ў дэпутаты, які адбыўся 30 жніўня на Мінскім камвольным камбінаце. Адміністрацыя Ленінскага раёну сталіцы меркавала вылучыць кандыдатам у дэпутаты ад працоўнага калектыву камбінату намесьніка адміністрацыі раёну Мазуркевіча. Актывісты “Рабочага саюзу “Адзінства”, суполка якога створаная на камбінаце, сабралі 177 подпісаў, каб даць магчымасьць прадстаўнікам арганізацыі выступіць на гэтым сходзе. Нягдедзячы на тое, што дэлегаты канферэнцыі былі падабраныя адміністрацыяй камбінату, пасьля выступу лідэраў Рабочага саюзу ўдзельнікі сходу прагаласавалі супраць вылучэньня наменклатуршчыка. На наступны дзень пасьля сходу адміністрацыя Ленінскага раёну пачала праводзіць допыты рабочых, якія падпісалі паперу пра дазвол на выступ прадстаўнікоў “Рабочага саюзу “Адзінства”.
20 сьнежня старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзімір Ганчарык паведаміў, што ў канцы сакавіка 2001 году камітэт па свабодзе асацыяцыяў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) разгледзіць скаргу беларускіх прафсаюзаў ФПБ і БКДП наконт парушэньня прафсаюзных правоў беларускімі ўладамі. Разгляд гэтага пытаньня падтрымалі 32 дэлегацыі з 43, што бралі ўдзел у 6-й Еўрапейскай нарадзе МАП, якая адбылася 11-17 сьнежня ў Жэневе. Удзельнікі нарады запатрабавалі ад беларускіх уладаў выкананьня Канвенцыяў МАП, ратыфікаваных ўрадам, аб свабодзе асацыяцыяў, аб неўмяшальніцтве ўраду ва ўнутраныя справы прафсаюзаў, аб праве на страйкі. Калі беларускія ўлады ня зьменяць палітыкі адносна прафсаюзаў, дык МАП зробіць «сур’ёзныя крокі» адносна ўраду нашай краіны. Гэта азначае, падкрэсьліў У.Ганчарык, «пэўную ізаляцыю і эканамічныя санкцыі». ФПБ, між тым, рыхтуецца да акцыі пратэсту, якая павінна прайсьці ў сярэдзіне лютага пад лозунгам: «Заробкі – на ўзровень цэнаў!»
11. ПЕРАСЬЛЕД БІЗЬНЕСОЎЦАЎ І ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ
Здаецца, беларуская дзяржава пад кіраўніцтвам Лукашэнкі зрабіла ўсё, каб зьнішчыць прадпрымальнікаў і бізьнесменаў як клас. Беларусь у 2000 годзе стала самай небясьпечнай для бізьнесу краінай у Еўропе і самай далёкай ад эканамічнай свабоды. Усе прымаемыя ўрадам законы толькі звужаюць і абмяжоўваюць сферу дзейнасьці прадпрымальнікаў. І ім нічога не заставалася, як змагацца за свае правы. 2000 год пачаўся і закончыўся страйкамі прадпрымальнікаў...
З 1 студзеня ўступіў у сілу закон «Аб падатку на дадатковую вартасьць», згодна з якім прадпрымальнікі павінны плаціць падатак на дабаўленую вартасьць двойчы: на мяжы пры ўвозе тавару ў памеры 20 адсоткаў ад яго кошту і яшчэ 20 адсоткаў ад сумы таваразвароту за месяц. Як заявіў кіраўнік Саюзу гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі, на рэспубліканскай нарадзе кіраўнікоў прадпрымальніцкіх структураў прынятае рашэньне аб правядзеньні, пачынаючы з 1лютага, агульнарэспубліканскага страйку прыватных прадпрымальнікаў.
31 студзеня прадпрымальнікі Беларусі сабраліся ў Мінску на свой першы мітынг. Удзельнікі яго прынялі рэзалюцыю з патрабаваньнямі адмены прэзідэнцкіх дэкрэтаў №14 і №40, якія істотна абмяжоўваюць правы прадпрымальнікаў, адмены падвойнага падатку на дадатковую вартасьць, зьніжэньня штрафаў да разумных памераў і інш. У рэзалюцыю мітынгу былі ўнесеныя і цалкам радыкальныя дапаўненьні: патрабаваньне адстаўкі А.Лукашэнкі і аб’яўленьне ягонай палітыкі ў адносінах да беларускага народу генацыдам.
1 лютага на працу па Беларусі ня выйшла больш за 87 адсоткаў прадпрымальнікаў практычна на ўсіх рынках краіны. Аднак жорсткая палітыка ўладаў, нежаданьне ісьці ні на якія саступкі, далі свае вынікі. Большасьць прадпрымальнікаў пратрымалася тыдзень, а 12 лютага старшыня страйкаму прадпрымальнікаў В.Леванеўскі вымушаны быў заявіць пра спыненьне страйку. Страйкам пакінуў за сабою права зноў распачаць страйк, калі абяцаньні ўладаў пра пачатак перамоваў і мажлівыя саступкі будуць чарговым падманам...
23 лістапада па ўсёй Беларусі прайшоў аднадзённы папераджальны страйк індывідуальных прадпрымальнікаў. У акцыі прынялі ўдзел да 150 тысячаў чалавек. Найбольш актыўна страйк падтрымалі прадпрымальнікі Мінску, Гомелю, Віцебску, Магілёву, Гародні, Ліды, Мазыра, Пінску, Слуцку, Кобрыну, Салігорску і іншых буйных гарадоў Беларусі. Прадпрымальнікі пратэставалі супраць увядзеньня ўладамі мытнага афармленьня тавараў, вырабленых у трэціх краінах і выпушчаных у свабодны абарот у Расіі. Калі ўлады не прыслухаюцца да патрабаваньняў, з 1 студзеня будзе аб’яўлены бестэрміновы страйк.
18 сьнежня Беларускі саюз прадпрымальнікаў, Стачкам прадпрымальнікаў, Свабодныя і Незалежныя прафсаюзы правялі ў Мінску мітынг у абарону правоў прадпрымальнікаў. Мітынг адбыўся на плошчы Бангалор. Прадпрымальнікі выступілі супраць пастановы Дзяржаўнага мытната камітэту РБ, якая тычыцца мытнага афармленьня тавараў з Расійскай Фэдэрацыі, увезеных з трэціх краінаў. Яны запатрабавалі скасаваць неабгрунтавана вялікія адміністратыўныя штрафы, спыніць прыцягненьне да адміністратыўнай і крымінальнай адказнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў па фармальных ці надуманых прычынах, адмяніць абавязковы бугалтарскі ўлік з фіксаванай стаўкай падатку, паменшыць кошт арэнды гандлёвых месцаў. Да таго ж прадпрымальнікі патрабавалі адстаўкі міністра юстыцыі РБ Генадзя Варанцова, ведамствам якога ўжо паўгода не рэгіструецца Беларускі прафсаюз прадпрымальнікаў. Мітынг атрымаўся нешматлюдным, але прадпрымальнікі засьведчылі рашучасьць гэтым разам змагацца за свае правы да канца. Ад кропкавых акцыяў пратэсту, якія праходзяць па гарадах Беларусі, прадпрымальнікі зьбіраюцца перайсьці да агульнанацыянальных. Калі ўлады не прыслухаюцца да іх патрабаваньняў, з 1 па 5 студзеня адбудзецца папераджальны страйк: на працу ня выйдуць гандляры на ўсіх рынках краіны.
12. ДЫСКРЫМІНАЦЫЯ ПРАВОЎ ГРАМАДЗЯНАЎ БЕЛАРУСІ ПА ПРЫКМЕТАХ МОВЫ І ВЕРАВЫЗНАНЬНЯ
Беларусь гістарычна, справеку шматканфесійная краіна, паступова пад ціскам уладаў, набывае рысы выключна праваслаўнай краіны. Палітыка спрыяньня і дзяржаўнага апекаваньня адной рэлігіі вядзе да канфліктаў з прадстаўнікамі іншых канфесіяў...
У Беларусі дагэтуль не прыняты закон аб альтэрнатыўнай вайсковай службе, і таму маладыя людзі, якія ня могуць ісьці служыць у войска па сваіх рэлігійных перакананьнях, трапляюць пад крымінальны перасьлед...
Прадстаўнікі тытульнай нацыі краіны – беларусы – ня маюць мажлівасьці навучаць сваіх дзяцей ня толькі ў ВНУ, але і ў звычайных школах пабеларуску ці на роднай мове. Колькасьць беларускамоўных школаў і класаў у школах няўхільна скарачаецца, дзякуючы дзяржаўнай палітыцы спрыяньня расейскамоўнаму навучаньню...
26 студзеня споўнілася дзесяць гадоў з дня прыняцьця ў 1990 годзе Закону «Аб мовах у БССР», паводле якога беларуская мова была прызнаная дзяржаўнай у Беларусі (гэта былі яшчэ савецкія часы) і намечаны план распаўсюджваньня беларускай мовы, якая амаль напрацягу двухсот гадоў вынішчалася і забаранялася. Аднак у 1995 годзе А.Лукашэнка правёў ганебны рэферэндум, пасьля якога колькасьць беларускіх школаў і дзіцячых садкоў у краіне пачала няўхільна зьмяншацца. Калі ў 1994-95 навучальных гадах 60 адсоткаў першакласьнікаў вучыліся па-беларуску, дык у 1998-99 – усяго 4,8... У Мінску са 110 беларускамоўных школаў засталося 17, у Гародні з 27 – усяго адна. Дыскрымінацыя беларускай мовы працягваецца. І гэта нягледзячы на тое, што паводле перапісу 1999 году беларусамі сябе назвалі 82 адсоткі насельніцтва краіны (больш за восем мільёнаў чалавек) і чатыры з паловай мільёны засьведчылі, што ў паўсядзённым жыцьці карыстаюцца беларускаю мовай.
23 сакавіка гарадзкі суд г.Рэчыца (Гомельская вобласьць) асудзіў Валянціна Гулая да 1,5 гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна з абавязковым прыцягненьнем да працы за... адмаўленьне ад адбываньня тэрміновай вайсковай службы. Хлопец адмаўляўся ісьці служыць у войска паводле свайго веравызнаньня – ён уваходзіць у рэлігійную грамаду Сьведкаў Іегавых. Просьбы В.Гулая даць яму мажлівасьць прайсьці альтэрнатыўную службу засталіся безвыніковымі. 23 лютага ён быў арыштаваны і дастаўлены ў суд у кайданках пад канвоем. 22 сакавіка пачаўся суд, а 23 судзьдзя Сьвятлана Шурпо аб’явіла пра рашэньне.
3 красавіка ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвярнуўся дыякан царквы “Благадаць” г.Горкі Магілёўскай вобласьці Пётр Маланачкін. У сваёй заяве ён напісаў:
“2.04. 2000 г. у 11.45 на ўваходзе ў парк імя Я.Купалы мяне спыніў чалавек у форме міліцыі з мэтай праверкі дакументаў і загорнутых у паперу плакатаў, якія я нёс. Пасьля праверкі ён перадаў мяне невядомым людзям у цывільным адзеньні, якія завезьлі ў РАУС, дзе мяне без прычыны пратрымалі каля 2 гадзінаў. Калі мяне прывезьлі на месца майго затрыманьня, я ўбачыў, што мой аўтамабіль ускрыты і ў яго праколатае кола. А плакаты людзі ў цывільным зьвезьлі ў невядомым мне накірунку. Прашу гэты факт нахабнасьці і беззаконьня зрабіць здабыткам галоснасьці”.
Заява П.П.Маланачкіна патрабуе невялікага каментару. Справа ў тым, што 2 красавіка ў Мінску грамадзяне сабраліся ў парку імя Янкі Купалы, каб ускласьці кветкі да помніка песьняру і справіць імшу ў гонар патрыётаў, што загінулі, абараняючы незалежнасьць Беларусі. На акцыю былі запрошаныя сьвятары асноўных канфесіяў Беларусі. Калі да парку падыходзіў спадар Маланачкін, трымаючы ў руках тэксты псалмоў, яго затрымалі міліцыянты і даставілі ў гарадзкі аддзел міліцыі. Міліцыянты думалі, што Маланачкін нёс улёткі. У пастарунку, разабраўшыся, што за тэксты яны «арыштавалі», П.Маланачкіна адпусьцілі. Аднак у выніку тыя, хто сабраўся каля помніка Янку Купалу, не атрымалі псалмоў і таму не змаглі ўзяць актыўны ўдзел у імшы разам са сьвятарамі.
13 красавіка беларускія ўлады прынялі рашэньне аб дэпартацыі польскага ксяндза Зьбігнева Кароляка, які працуе пробашчам каталіцкай парафіі ў Брэсьце. Яму загадана да 22 гадзінаў 14 красавіка пакінуць межы Беларусі. На сьвятара таксама накладзены штраф у 20 мінімальных заробкаў. Ксёндз Зьбігнеў Кароляк ужо больш за дзесяць гадоў зьяўляецца пробашчам касьцёлу Ўзьдзьвіжаньня сьвятога Крыжа у Брэсьце. Але 18 сакавіка ён быў затрыманы міліцыянтамі проста ў храме і адвезены ў пастарунак. Там на яго склалі пратакол аб парушэньні пашпартнага рэжыму. Гэтак сталася таму, што на працягу апошніх гадоў мясцовыя ўлады адмаўляюцца даць дазвол сьвятару на працяг працы ў брэсцкай парафіі і, адпаведна, не рэгіструюць знаходжаньне Зьбігнева Кароляка на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Напярэдадні высылкі вернікі мясцовай парафіі атрымалі адказ на свае звароты да «вертыкалі» з просьбай зарэгістраваць іх духоўнага пастыра. У адказе намесьнік старшыні аблвыканкаму Валеры Захарчанка піша, што ксёндз Кароляк за час знаходжаньня ў Брэсьце неаднаразова парушаў свае паўнамоцтвы, прадугледжаныя становішчам іншаземнага сьвятара. Сярод гэтых парушэньняў Захарчанка згадвае спробы падмяніць дзейнасьць касьцёльнага камітэту, звароты наўпрост у органы дзяржаўнага кіраваньня, умяшальніцтва ў дзейнасьць Саюзу палякаў і правядзеньне рэлігійных дзеяньняў з несанкцыянаваным прыцягненьнем паломнікаў зза мяжы... Высновы, зробленыя чыноўнікам, узрушылі ўсю парафію. Вернікі катэгарычна не пагаджаюцца з тым, што Кароляк падмяняў у сваёй дзейнасьці касьцёльны савет. Яны паранейшаму гатовыя рашуча адстойваць Зьбігнева Кароляка.
21 красавіка Гомельскі гарадзкі суд разгледзеў касацыйную скаргу на рашэньне Рэчыцкага гарадзкога суда па справе Валянціна Гулая, які адмовіўся ад службы ў войску па рэлігійных перакананьнях. 23 сакавіка, нягледзячы на тое, што міжнародныя абавязацельствы і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прадугледжваюць правы грамадзянаў на альтэрнатыўную грамадзянскую службу, В.Гулай быў асуджаны да 1 году і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ўмоўна з абавязковым прыцягненьнем асуджанага да працы ў месцах, вызначаных органамі, якія кіруюць выкананьнем прысуду. 21 красавіка ў разглядзе касацыйнай скаргі прыняў удзел грамадзкі абаронца ад Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак. Судовая калегія адмяніла прысуд В.Гулая, яго дзеяньні былі перакваліфікаваныя, абраная мера пакараньня – адзін год пазбаўленьня волі ўмоўна. Адразу пасьля гэтага Валянцін Гулай быў вызвалены зпад варты.
На 22 красавіка прыпала Вялікая субота для каталікоў, а беларускія ўлады менавіта на гэты дзень прызначылі суботнік (дзень абавязковай бясплатнай працы).
13 траўня Віцебская гарадзкая рада Таварыства беларускай мовы наладзіла пікет да пятых угодкаў рэферэндуму 1995 г., пасьля якога былі скасаваныя беларуская сімволіка і дзяржаўны статус беларускай мовы. Варта адзначыць, што ў абласным Віцебску з 3027 першакласьнікаў усяго 43 навучаюцца па-беларуску.
20 траўня скончыўся тэрмін, які ўлады далі брэсцкаму пробашчу Зьбігневу Кароляку на тое, каб ён пакінуў Беларусь. Чатыры гады Камітэт па справах рэлігіяў адмаўляў З.Кароляку ў працягваньні рэгістрацыі, але ксёндз, як і належыць замежніку, рэгістраваўся ў аддзеле візаў і рэгістрацыяў раз на тры тыдні. Каталікі працягваюць дзяжурствы ў касьцёле, каб адстаяць свайго ксяндза.
28 траўня ксёндз брэсцкага касьцёлу Узьдзьвіжаньня сьвятога Крыжа Зьбігнеў Кароляк быў вымушаны пакінуць Брэст. Паводле словаў юрыста Ігара Кабаліка, які прадстаўляе інтарэсы касьцёлу, афіцыйнай падставай для выгнаньня Кароляка з Беларусі сталі папярэджаньні і штраф за знаходжаньне ў Брэсьце з 18 сакавіка без рэгістрацыі, як гэтага патрабуе беларускае заканадаўства ў дачыненьні да замежных грамадзянаў. Але вядома, што Зьбігнеў Кароляк не дагадзіў брэсцкім уладам сваёй незалежнай пазіцыяй.
26 чэрвеня ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвярнуўся Ян Грыб, які быў затрыманы 19 траўня каля будынку Гарадзкога суда г.Мінску падчас абвяшчэньня прысуду Міхаілу Чыгіру. Ён паведаміў, што на 22 чэрвеня ён быў выкліканы ў суд Фрунзенскага раёну г.Мінску, дзе ягоныя адміністратыўныя матэрыялы разглядала судзьдзя Вікторыя Сьцяпанава. На патрабаваньне Я.Грыба весьці судовы разгляд па-беларуску судзьдзя сказала, што яму будзе выпісаная позва на 4 ліпеня і забясьпечаны перакладчык. На патрабаваньне Я.Грыба ў сакратарыяце выпісаць яму позву па-беларуску “тры бойкія дзяўчыны” сталі хорам пагражаць скласьці на яго пратакол “за непавагу да суда” і прыцягнуць да адказнасьці. Абураны такімі адносінамі, Я.Грыб адмовіўся браць позву, напісаную на рускай мове, і пакінуў будынак суда.
2 жніўня ў пасёлку Бераставіца (Гарадзенская вобласьць) адбыўся суд над сьвятаром Беларускай народнай праваслаўнай царквы айцом Іванам Спасюком. Гэты суд стаўся вынікам папярэдніх падзеяў, якія пачалі разгортвацца яшчэ 28 ліпеня. У той дзень у царкву, дзе праводзіў службу айцец Іван Спасюк, уварваліся міліцыянты, якія накінуліся на сьвятара і закавалі яго ў кайданкі. Прычынай гэтых дзеяньняў прадстаўнікоў улады стала тое, што айцец імкнуўся зарэгістраваць у пасёлку прыход Беларускай народнай праваслаўнай царквы, а ня Рускай праваслаўнай з маскоўскім патрыярхам начале. Далей падзеі разгортваліся непрадказальна. Айцу Івану Спасюку ўдалося вырвацца ад міліцыянтаў (у кайданках), заскочыць у сваю машыну і ўцячы, забраўшы з сабою трох сваіх дзяцей. Айцец накіраваўся ў Гародню да польскага Генеральнага консульства, дзе зьбіраўся папрасіць абароны ад перасьледу і дапамогі ў рэгістрацыі ў пасёлку Пагранічным прыходу Беларускай народнай праваслаўнай царквы. У консульстве РП яго не прынялі, затое сюды ў хуткім часе пад’ехала група крымінальнага вышуку, каб захапіць сьвятара і адвезьці ў аддзяленьне міліцыі. Зрабіць гэта ім не ўдалося, бо каля консульства знаходзіліся журналісты і праваабаронцы. Але ім удалося адабраць пашпарт у айца Івана Спасюка. 1 жніўня Іван Спасюк падаў заяву ў Гарадзенскую абласную пракуратуру, дзе распавёў пра факты перасьледу, якія мелі месца адносна яго з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Высьветлілася, што факты гэтыя нідзе не былі зафіксаваныя, у тым ліку і наконт ужываньня кайданкоў. Наступным крокам была заява ў Ленінскую пракуратуру г.Гародня з мэтай вярнуць пашпарт. Калі айцец у другой палове дня прыйшоў па пашпарт, яго разам з дзецьмі пасадзілі ў мікрааўтобус і павезьлі ў Бераставіцу ў раённы суд. Судовае паседжаньне было кароткім, а прысуд жорсткім – 5 сутак адміністратыўнага арышту, якія айцец Іван Спасюк быў абавязаны адразу ж адбываць. Дзяцей яго міліцыянты адвезьлі ў райбальніцу, куды ў хуткім часе па іх прыехала матушка. А сам І.Спасюк быў дастаўлены за краты.
20 верасьня пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч заявіла, што часова пакідае Беларусь. Два гады яна будзе жыць у Італіі. С.Алексіевіч гаворыць пра Беларусь: “Жыць у нас, канечне, цяжка, асабліва калі ты ў апазіцыі да ўлады, калі ў цябе іншыя погляды і на будучае сваёй краіны, і на яе сёньняшні дзень, калі ты не прымаеш шмат з таго, што тут адбываецца. Непрыемна, калі разгортваеш газету, а там лаюць цябе і твае кнігі, непрыемна, калі твае кнігі не друкуюць. Толькі зараз мы выдалі “Чарнобыльскую малітву” на беларускай мове. Я на гэтую кнігу зьбірала грошы па ўсім сьвеце. І Беларусь аказалася сямнаццатай краінай, у якой выйшла гэтая кніга. Ня першай, а сямнаццатай...”.
У сьнежні прадстаўнікі беларускіх пратэстанцкіх абшчынаў выказалі публічны пратэст супраць трансляцыі па Нацыянальным тэлебачаньні 40-хвіліннага фільму «Экспансія». Фільм, у якім выказваецца і прапагандуецца негатыўнае стаўленьне да пратэстанцтва, дэманстраваўся па БТ двойчы: 26 кастрычніка і 2 лістапада. Да пратэсту далучыліся кіраўнікі пратэстанцкіх цэркваў Украіны і Расіі.
13. ДЫСКРЫМІНАЦЫЯ ПРАВОЎ ГРАМАДЗЯНАЎ БЕЛАРУСІ ПА НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ПРЫНАЛЕЖНАСЬЦІ
У той час, калі дзяржава Ізраіль на афіцыйным узроўні прымае на сваёй зямлі А.Лукашэнку, у дзяржаве Беларусь усё больш пашыраецца антысемітызм. Неафашысты з арганізацыі ”Рускае нацыянальнае адзінства” перасьледуюць прадстаўнікоў яўрэйскай нацыянальнасьці, учыняюць зьдзекі і гвалт над імі, робяць на сьценах дамоў і ў пад’ездах абразьлівыя надпісы, у праваслаўнай краме прадаецца літаратура адкрыта антысеміцкага зьместу... Беларускія ўлады ня проста ніяк не рэагуюць на гэтыя факты – складаецца ўражаньне, што перасьлед іншадумства на любым узроўні становіцца ў ранг дзяржаўнай палітыкі Беларусі. Прычым пад перасьлед трапляюць і прадстаўнікі карэннай нацыі за сваю... беларускасьць..
2 сакавіка ў Мінску адбыўся санкцыянаваны Мінгарвыканкамам мітынг, арганізаваны Саюзам яўрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў абшчынаў і Беларускім грамадзкім аб’яднаньнем яўрэяў – былых вязьняў гета і нацыскіх канцлагяроў. Мітынг адбыўся каля помніка “Яма” на вуліцы Заслаўскай і быў прымеркаваны да 58-й гадавіны трагедыі, якая здарылася 2 сакавіка 1942 году, калі нямецкія фашысты расстралялі больш за 5000 вязьняў Мінскага гета, уключаючы 200 сіротаў з дзіцячага дому з педагогамі і медперсаналам.
15 сакавіка прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі беларускіх яўрэяў Якаў Гутман вярнуўся з сімпозіуму, прысьвечанага ахвярам Халакосту, які адбываўся ў Аўстрыі. У Мінску Якава Гутмана сустрэла зорка Давіда, якую антысеміты намалявалі фарбай на дзьвярах ягонай кватэры. Гэта яшчэ адно сьведчаньне таго, што антысеміты беспакарана актывізуюць сваю дзейнасьць у Мінску. Сваю чарговую акцыю антысеміты накіравалі супраць Якава Гутмана, які бароніць гонар і годнасьць яўрэйскага народу ад шматлікіх праяваў антысемітызму і распальваньня міжнацыянальнай варожасьці, у тым ліку пратэстуе супраць цалкам антысеміцкае кнігі “Война по законам подлости”, якая была выдадзеная ЗАТ “Православная инициатива” і вольна прадавалася ў кнігарнях Мінску.
20 красавіка ў Гарадзкім судзе г. Мінску быў адкладзены разгляд скаргі яўрэйскіх арганізацыяў і прыватных асобаў – Якава Гутмана і Якава Басіна на “вызначэньне” судзьдзі суда Савецкага раёну М.Фёдаравай па спыненьні вытворчасьці па зыску яўрэйскіх арганізацыяў і прыватных асобаў да ЗАТ “Праваслаўная ініцыятыва”, Мінскай фабрыкі каляровага друку, П.Багамолава, П.Пархімовіча, П.Сокалава аб абароне гонару і годнасьці, дзелавой рэпутацыі і матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды, зьвязаных з выданьнем кнігі “Война по законам подлости” (Выдавецтва ЗАТ “Православная инициатива”, 1999 г.).
Слуханьне па справе перанесенае на 11 траўня. Пра сутнасьць гэтай кнігі яскрава сьведчаць дзьве ніжэйпрыведзеныя цытаты: “Факт, што ў Нью-Йорку і яго ваколіцах з-за асьцярогі “апаганіць” іўдзейскіх спажыўцоў мяса ніякага іншага, акрамя кашэрнага, не прадаюць зусім і не падаюць у рэстаранах… Неіўдзейскае насельніцтва гэтага гораду, колькасьць якога ў некалькі разоў пераўзыходзіць колькасьць іўдзеяў, якія там жывуць, павінна падпарадкоўвацца волі меншасьці і есьці тое, што ядуць іх “паны”. (ст. 52). “Народ, які спавядае рэлігію, прапаведуе зладзейства, махлярства, забойства, зьбіваньне цэлых народаў, – зьяўляецца па сутнасьці злачынным. Тым больш, іх рэлігійная злачыннасьць асьвечана самім іх Богам. Яўрэі ня могуць быць раўнапраўнымі з хрысьціянскім народам” (ст. 131).
Крама “Праваслаўная кніга”, якая зьяўляецца падразьдзяленьнем ЗАТ “Православная иницциатива”, працягвае продаж кніжак антысеміцкага і антыкаталіцкага зьместу. У прыватнасьці, цяпер у продажы знаходзяцца кнігі М.Міронава “О еврейском фашизме” і Г.Аляксеева “Римокатоличество и экуменизм”. Першая з іх ня мае ніякіх выходных дадзеных. Продаж такой прадукцыі забаронены законам. Вось некалькі цытатаў з кнігі М.Міронава “О еврейском фашизме”: “Не ад таго ў Расіі дрэнна, што з яе зьехалі жыды, Расіі дрэнна ад нязьехаўшых жыдоў. Расіі дрэнна ад таго, што ня ўсе жыды з яе зьехалі” (ст.9). “Калі адзін народ высмоктвае кроў з іншага народу, тлусьцее і жыруе на бедах і пакутах іншага народу – гэта і ёсьць фашызм. Калі бяднее, галадуе, вымірае рускі народ, і на гэтым багацее, тлусьцее і жыруе яўрэйскі народ – гэта і ёсьць яўрэйскі фашызм” (ст. 14-15).
Дарэчы, аўтар не хавае, а бравіруе і пахваляецца тым, што зьяўляўся старшынёй Камітэту Расійскай Федэрацыі па друку.
Стрэлы гневу другой кнігі “Римо-католичество и экуменизм” накіраваныя супраць каталіцтва. Нічога не вядома пра аўтара кнігі, але ў прадмове выказаная “удзячнасьць сьвятару Максіму Казлову, дацэнту Маскоўскай духоўнай акадэміі, які прачытаў рукапіс брашуры і ўнёс шэраг істотных заўвагаў у яе зьмест”. Ідэя кнігі ўтрымліваецца ў адным выразе, які выдзелены ў тэксьце тлустым шрыфтам: “Рыма-каталіцтва зьяўляецца антыхрысьціянскай рэлігіяй, якая знаходзіцца пад кантролем Сатаны і вядзе барацьбу супраць Бога (Прасьвятой Тройцы і Хрыста) і Ягонага Адкрыцьця (Новага Запавету), асноватворчага дзеля стварэньня сусьветнай універсальнай рэлігіі і царквы” (ст. 21).
Уся гэтая літаратура, якая прадаецца пад апякунствам Беларускай праваслаўнай царквы і пры відавочнай падтрымцы з боку тых, хто мае ўладу, распальвае міжнацыянальную і міжканфесійную варожасьць і немінуча прывядзе да катастрафічных наступстваў для Беларусі, закране іншыя краіны, у першую чаргу Расію.
10 кастрычніка ў Мінску ўвечары брытагаловыя неафашысты зьбілі Уладзіміра Емяльянчыка і Аляксандра Ружалоўскага за беларускую мову. Гэта адбылося ў цэнтры беларускай сталіцы на прасьпекце Скарыны (каля ГУМу). Брытагаловыя пачулі, што маладыя людзі размаўляюць пабеларуску, і пачалі іх зьбіваць. Па словах сьведкі Зьміцера Каліноўскага (ён пражывае ў доме па пр.Скарыны), міліцыянты ўсё бачылі, але бязьдзейнічалі. У выніку Уладзімір Емяльянчык з траўмамі дастаўлены ў бальніцу.
14. ПЕРАСЬЛЕД СЕКСУАЛЬНЫХ МЕНШАСЬЦЯЎ
Паводле сьведчаньня старшыні Лігі сексуальных меншасьцяў «Лямбда» Эдварда Тарлецкага дыскрымінацыя сексуальных меншасьцяў у Беларусі мае відавочны і паўсюдны характар.Прычым негатыўную грамадзкую думку адносна геяў і лесьбіянак актыўна фарміруюць і прапагандуюць дзяржаўныя органы і праваслаўная царква, што ўскладняе і без таго няпростую сітуацыю ў краіне з абаронаю правоў сексуальных меншасьцяў.
З 7 па 10 верасьня ў Мінску павінен быў прайсьці фестываль “ГейПрайд”, у якім планавалі ўзяць удзел беларускія прадстаўнікі сексуальных меншасьцяў, а таксама іх госьці з Францыі, Германіі, Швецыі, Польшчы, Украіны і Расіі. Нягледзячы на папярэднюю дамоўленасьць, адміністрацыі начных клубаў “Акварыум” і “Рэактар” адмовіліся праводзіць запланаваныя гей-вечарынкі. Па словах прадстаўнікоў адміністрацыяў начных клубаў, усе мерапрыемствы адмененыя па камандзе зьверху (на ўзроўні Адміністрацыі прэзідэнта). Па гэтай жа падставе Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў вымушаны адмовіць аргкамітэту ў правядзеньні семінараў. Фестываль “Гей-Прайд” прысьвячаўся двухгадоваму юбілею часопіса “Forum Lambda” – першага выданьня беларускіх геяў і лесьбіянак. Аднак чатырохдзённыя мерапрыемствы, безумоўна, цікавілі ня толькі прадстаўнікоў сексменшасьцяў. Першым быў забаронены фестывальны парад, які мусіў прайсьці па цэнтральных мінскіх вуліцах 10 верасьня. Шэсьце планавалася ад Опернага тэатру па вуліцы М.Багдановіча да плошчы Бангалор. Тым ня менш, у “Лямбдзе” і рэдакцыі “Форуму” не выключалі, што парад Мінскі гарвыканкам не дазволіць. На буклетах “Гей-Прайду” загадзя было напісана, што шэсьце, а таксама і канцэрт на плошчы Бангалор “пройдуць у выпадку добрага надвор’я і дазволу гарадзкіх уладаў”. Па словах кіраўніка прэс-службы фестывалю Ціны Клыкоўскай, з самога пачатку было вырашана нічога не рабіць насуперак магчымым забаронам. “Мы не хацелі б калечыць людзей, сваіх і замежнікаў, пад міліцэйскімі дубінкамі”, – патлумачыла Ц.Клыкоўская. Па планах арганізатараў прайшлі толькі прэс-канферэнцыя 7 верасьня, два кінапаказы і два семінары.
Беларускія ўлады скарысталі фестываль сексменшасьцяў, каб яшчэ раз абылгаць і зьняважыць апазіцыю, якую назвалі па зразумелай толькі ім аналогіі – «палітычнай меншасьцю». Праз некалькі дзён пасьля фестывалю па Нацыянальным тэлебачаньні быў паказаны фільм, у якім шляхам паралельнага мантажу і накладаньня кадраў праводзіўся знак роўнасьці паміж прадстаўнікамі сексменшасьцяў і апазіцыйнымі лідэрамі, а ангельскія (ці галанскія, швецкія – розьніцы няма) геі хадзілі з бел-чырвона-белым сьцягам... Гэтым самым улады яшчэ раз яскрава выказалі сваё стаўленьне не да апазіцыі, вядома, а менавіта да сексменшасьцяў як да ізгояў у нашым грамадзтве: аўтарытарызм, незалежна ад таго – нямецкі ён, савецкі ці беларускі – мае заўсёды адзін твар...
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|