БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2001 годзе

Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2001 годзеУСТУП: АБАГУЛЬНЕНЬНІ І ВЫСНОВЫ

Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зьявіліся асноўнай падзеяй палітычнага і грамадзкага жыцьця краіны ў 2001 годзе і фактычна вызначылі галоўныя тэндэнцыі парушэньняў правоў чалавека ў гэтым годзе. Выбары Прэзідэнта РБ паказалі, што ўлады, ігнаруючы міжнародныя стандарты права і ўнутранае беларускае заканадаўства, былі сканцэнтраваныя на забесьпячэньні перамогі фактычна дзеючага прэзідэнта. 

Масавыя акцыі дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі, іх маштаб і характар у 2001 годзе значна адрозьніваліся ад папярэніх гадоў. Гэта было зьвязана з агульнай зьменай стратэгіі дэмакратычных апазіцыйных сілаў падчас прэзідэнцкіх выбараў. Ад пачатку году назіралася дэканцэнтрацыя формаў палітычных пратэстаў з перавагай пікетаваньняў, моладзевых акцыяў, перфоман-саў і г.д. Цэнтральнае месца сярод масавых акцыяў займаюць падзеі ў Мінску 25 сакавіка, якія сталі сапраўднай буйной “вайсковай” аперацыяй уладаў з прыцягненьнем значнай колькасьці міліцыі, АМАП і ўнутраных войскаў. Было арыштавана 15 чалавек, сярод якіх вядомыя беларускія палітыкі. Наступнымі акцыямі з вялікай колькасьцю затрыманых стаў мітынг 1 траўня (“Дзень працы”), калі ў Горадні было арыштавана каля дваццаці чалавек; 18 траўня ў Мінску падчас гэтакзванага “Другога Усебеларускага народнага сходу” арыштавана каля 45 чалавек; у Курапатах у лістападзе было затрымана звыш 40 асобаў. 

Практычна ніводная масавая палітычная акцыя не была дазволеная ўладамі і праходзіла несанкцыянавана. Дзеяньні міліцыі пераважна скіроўваліся на затрыманьне вядомых палітыкаў і найбольш актыўных удзельнікаў. Шырока практыкаваліся прэвентыўныя затрыманьні. У якасьці санцыі, як і раней, выступаў арт. 167-1 КаАП Беларусі ў спалучэньні з арт. 167-2 і 166. Асноўным відам пакараньня былі адміністратыўныя штрафы і арышты. 

Крымінальная адказнасьць як сродак, што адкрывае шырокія магчымасьці дзеля палітычнага перасьледу, традыцыйна шырока выкарыстоўваецца беларускімі ўладамі як форма псіхалагічнага ціску і як сродак дзеля атрыманьня правоў на крымінальна-працэсуальныя дзеяньні ў адносінах да палітычных апанентаў (вобыскі, выняткі, допыты, канфіскацыя і г.д.). Менавіта пагроза ўзбу-джэньня крымінальнай справы і крымінальна-працэсуальныя дзеяньні, якія дазваляюцца пасьля пачатку крымінальнага перасьледу, былі ў 2001г. асноўнымі формамі выкарыстаньня крымінальнага права ў палітычных мэтах. 

Сярод крымінальных справаў найбольш адыёзны палітычны характар маюць узбуджаныя па артыкулах 367 і 368 КК РБ (паклёп і зьнявага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), якія былі ўведзеныя новым Крымінальным кодэксам з 1 студзеня 2001г. У адрозьненьне ад звычайнага паклёпу і абразы, у гэтым выпадку крымінальная справа можа быць узбуджаная па ініцыятыве пракуратуры, без звароту пацярпелага. 

Крымінальныя справы па арт. 368 на працягу году ўзбуджаліся ў адносінах да 8 чалавек – у г. Бабруйску супраць 5 чалавек і ў г. Шклове супраць 3 чалавек. Ніводная з гэтых справаў не была даведзеная да суда. 

Па арт. 367 ч.1 і ч.2 было ўзбуджана 5 крымінальных справаў. Адна супраць асобы (г. Рэчыца) і 4 па факце – у адносінах да публікацыяў у газетах “Наша Свабода”, “Рабочы”, “Пагоня” і незарэгістраванай газеце “Народны прэзідэнт”. 

У 2001 годзе было ўзбуджана 6 крымінальных справаў за “графіці” – надпісы на сьценах, якія ва ўмовах абмежаванае інфармацыйнае прасторы сталі формай палітычнага волевыяўленьня для апазіцыйных моладзевых арганізацыяў. 4 з іх – супраць асобаў па арт. 341 КК РБ, 2 па факце: першая пры затрыманьні чатырох сяброў моладзевай арганізацыі “Зубр” у Мінску, другая ў г.Гомелі супраць грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” – па арт. 218 КК РБ. 4 чалавекі былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці: двое атрымалі штрафы ў памеры 100 мінімальных заробкаў, двое па два гады папраўчых работ. Астатнія справы актыўна (асабліва ў Гомелі) выкарыстоўваліся ў палітычных мэтах – вобыскі, выняткі кампутарнае тэхнікі, допыты і г.д. 

Беспадстаўным было і ўзбуджэньне крымінальнай справы ў г. Крычаве па арт. 183 ч.1 КК РБ у адносінах да супрацоўнікаў рэгіянальнай газеты “Вольны горад”. 

Сярод выключна палітычных крымінальных справаў трэба назваць узбуджаную па арт. 192 КК РБ у адносінах да Пятра Мігурскага – каардынатара Грамадзянскай ініцыятывы “Незалежнае назіраньне” ў г. Шклове. Гэты артыкул прадугледжвае адказнасьць сьпецыяльнага суб’екта – службовай асобы, якой каардынатар не зьяўляецца. 

З 2000 году быў перанесены разгляд крымінальнай справы, узбуджанай пасьля “Маршу свабоды” 17 кастрычніка 1999 году супраць В. Шчукіна і М. Статкевіча па арт.186-3 КК РБ (старой рэдакцыі). М. Статкевіч пакараны штрафам 100 мінімальных заробкаў, а В. Шчукін па сукупнасьці прысудаў (арт. 399 за інцыдэнт у будынку МУС) – 30 мінімальных заробкаў і 3 месяцы арышту. У 2001годзе на волю выйшаў дэпутат Вярхоўнага Савету РБ 13-га скліканьня Ул. Кудзінаў у адпаведнасьці з новым Крымінальным кодэксам РБ. Палітвязень А. Клімаў да гэтага часу застаецца ў месцах пазбаўленьня волі. 

У канцы году было арыштавана некалькі кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў і буйных прадпрымальнікаў (агульная колькасьць каля 20-ці чалавек). У прыватнасьці, крымінальныя справа была ўзбуджаная супраць дырэктара мінскага ЗАТ “Атлант” Л. Калугіна, які ў якасьці кандыдата ўдзельнічаў у прэзі-дэнцкай выбарчай кампаніі. Сярод магчымых прычынаў хвалі арыштаў вызначаючаецца нелаяльнасьць да выканаўчай улады з боку затрыманых падчас выбараў Прэзідэнта. 

Праблема зьнікненьняў людзей у Беларусі ў 1999-2000 г.г., калі прапалі бяз звестак шэраг вядомых у краіне асобаў – Ю. Захаранка, В. Ганчар, А. Красоўскі, Дз.Завадзкі – па-ранейшаму хвалявала беларускае грамадзтва. У 2001г. афіцыйныя органы так і не распачалі актыўных дзеяньняў дзеля высьвятленьня абставінаў зьнікненьняў. Наадварот, праваахоўныя органы заміналі грамадзкім аб’яднаньням і ініцыятывам у правядзеньні незалежнага расьсьледваньня па фактах зьнікненьня, абмяжоўвалі доступ грамадзкасьці да інфармацыі па гэтых справах, ажыцьцяўлялі ціск на журналістаў і друкаваныя выданьні, якія пісалі пра зьнікненьні. 

Рэальны судовы працяг у 2001г. мела толькі справа па зьнікненьні супрацоўніка беларускага бюро расійскай тэлекампаніі ОРТ Дз. Завадзкага. У выкраданьні Дз. Завадзкага абвінавачваецца група асобаў на чале з былым супрацоўнікам сьпецгрупы “Алмаз” В. Ігнатовічам. Працэс, які працягваецца ў Мінскім абласным судзе, нягледзячы на шматлікія просьбы і заявы грамадзкасьці, быў аб’яўлены закрытым. 

На працягу году зьяўлялася дадатковая інфармацыя пра дачыненьне вышэйшых асобаў беларускай дзяржавы і, магчыма, прэзідэнта Беларусі да зьнікненьня апазіцыйных палітыкаў і журналіста. Гэта: сьведчаньні сьледчых пракуратуры А.Случака і Дз.Петрушкевіча, якія выехалі за мяжу, сьведчаньні супрацоўніка КДБ Г. Угляніцы, дакументы, прадстаўленыя кандыдатам у прэзідэнты Ул. Ганчарыкам. 

Дзеля прыцягненьня грамадзкай увагі да праблемы зьнікненьня і магчымай далучанасьці да гэтага вышэйшых дзяржаўных асобаў, у тым ліку і Генеральнага пракурора В. Шэймана, на працягу году былі праведзеныя дзясяткі грамадзкіх акцыяў, накіраваных на актуалізацыю праблемаў зьніклых у грамадзтве, удзельнікі якіх жорстка караліся ўладамі. 

Жорсткае і негуманнае абыходжаньне з удзельнікамі акцыяў апазіцыі і затрыманымі зьяўляецца звычайнай практыкай для супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Аднак ніводзін з вінаватых у перавышэньні паўнамоцтваў ня быў пакараны. Па агульных дадзеных, фізічнае ўзьдзеяньне ў адносінах да затрыманых па палітычных матывах ужываецца ў 5-8% выпадках, паказчык абразаў і зьневажаньня годнасьці значна вышэйшы, але ён мае высокую латэнтнасьць. 

Найбольш часта факты зьбіцьця адзначаюцца пасьля масавых акцыяў, пры затрыманьні вялікай колькасьці людзей, найбольш жорсткія факты – калі супрацоўнікам праваахоўных органаў патрэбная інфармацыя альбо прызнаньне. Узровень гвалтоўных дзеяньняў у адносінах да сяброў моладзевых арганізацыяў вышэйшы чым да валанцёраў выбарчых кампаніяў, і ў адносінах да мужчын у параўнаньні з жанчынамі. 

Звычайнай практыкай зьяўляецца адвольны асабісты вобыск, прэвентыўнае затрыманьне. Пратаколы за распаўсюджаньне друкаванае прадукцыі складаюцца проста пры знаходжаньні яе пры вобыску. 

Падставамі дзеля затрыманьняў зьяўляліся выбарная сімволіка, наяўнасьць друкаванай прадукцыі ці ўжываньне беларускай мовы. Канфіскуюцца асабістыя рэчы, майкі, агітацыйная літаратура, фотаапараты і г.д. Прычым неабходныя дакументы – пратаколы выняткі – не складаюцца ў 60% выпадкаў, што робіць немагчымым вяртаньне асабістых рэчаў. Час утрыманьня часта перавышае адведзеныя заканадаўствам 3 гадзіны і цягнецца 5-6 гадзінаў, ёсьць выпадкі 12-гадзіных затрыманьняў. 

Зафіксавана шмат выпадкаў зьбіцьця палітыкаў і актывістаў палітычных кампаніяў неўстаноўленымі асобамі, гэтакзванымі “людзьмі ў цывільным”. Характэрнай прыкметай усіх выпадкаў зьяўляецца адсутнасьць карысьлівых матываў. Некаторыя эпізоды нападаў добра спланаваныя, што дае падставу пацярпелым сьцьвярджаць пра дачыненьне да іх праваахоўных органаў ці сьпецслужбаў. 

Парушэньні беларускага і міжнароднага заканадаўства, злоўжываньні падчас выбарчай кампаніі і падвядзеньня яе вынікаў, як і перасьлед удзельнікаў і актывістаў, апазіцыйных кандыдатаў у 2001 годзе мелі масавы характар. На працягу кампаніі праваахоўнымі структурамі было зьдзейсьнена больш за 1000 затрыманьняў. Грамадзяне арыштоўваліся за распаўсюджаньне агітацыйнае літаратуры, выбарчай сімволікі, за арганізацыю сустрэчаў з выбаршчыкамі і г.д. Людзей затрымлівалі і дзеля высьвятленьня асобы, праверкі пашпартнага рэжыму і па іншых падставах. Час затрыманьня цягнуўся ад аднае да 5-6 гадзінаў без складаньня пратаколаў адміністратыўнага затрыманьня. Затрыманьні суправаджаліся псіхалагічным ціскам, канфіскацыяй агітацыйнай літаратуры, у пэўных выпадках фізічным узьдзеяньнем, што перашкаджала працы прадвыбарчых штабаў апазіцыйных кандыдатаў. 

У большасьці выпадкаў затрыманьні не фіксаваліся, і арыштаваных праз некаторы час адпускалі. На астатніх складалі пратаколы за парушэньне арт. 143, 156, 166, 172-1 і інш. КаАП РБ. Да адміністратыўнай адказнасьці за ажыцьцяўленьне агітацыі прыцягнута звыш 100 чалавек. 

Перашкодай дзеля нармальнага ходу выбарчай кампаніі сталі вобыскі, канфіскацыя аргтэхнікі, агітацыйнай і друкаванай прадукцыі ў памяшканьнях штабоў апазіцыйных кандыдатаў, грамадзкіх аб’яднаньняў і прыватных кватэрах людзей, якія былі задзейнічаныя ў прэзідэнцкай кампаніі. На працягу летніх месяцаў было адзначана 20 такіх выпадкаў. Частка з іх праходзіла як праверка фінансавай дзейнасьці, нягледзячы на поўную незаконнасьць канфіскацыі ці вобыску да ўзбуджэньня крымінальнай справы ці выяўленьня якіх-небудзь парушэньняў. Падставамі дзеля вобыскаў і забраньня тэхнікі былі: ананімныя паведамленьні пра падрыхтоўку тэратыстычнага акту, аператыўная інфармацыя пра назапашваньне зброі, забойства ў суседнім доме і нават праверка пашпартнага рэжыму. 

Напярэдадні выбараў і ў дзень галасаваньня павялічыліся выпадкі адключэньня стацыянарных тэлефонаў у штабах апазіцыйнага кандыдата, Грама-дзянскай ініцыятывы “Незалежнае назіраньне”, партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Вечарам 9 верасьня былі адключаныя тэлефоны ў большасьці недзяржаўных структураў, якія былі зьвязаныя з выбарамі. У цэнтры гораду на некалькі гадзінаў была адключаная мабільная сувязь, адсутнічала магчымасьць карыстаньня інтэрнет-сайтамі незалежных СМІ і некаторых грамадзкіх арганізацыяў. 

Зафіксаваныя шматлікія выпадкі звальненьня з працы і выключэньня з ВНУ за ўдзел у выбарчай кампаніі на розных яе стадыях, а таксама за ўдзел у Грамадзянскай ініцыятыве “Незалежнае назіраньне”. 

Шырока практыкаваўся разгон пікетаў і сустрэч з выбаршчыкамі апазіцыйных кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі, нематываваныя і незаконыя забароны ажыцьцяўляць агітацыю на пэўнай тэрыторыі – звычайна блізка да адміністратыйных установаў альбо ў шматлюдных месцах. 

Дамінуючае месца сярод органаў, якія ажыцьцяўлялі пераслед падчас выбарчай кампаніі, займае Міністэрства ўнутраных справаў. Досыць часта, але ня так адкрыта выяўлялася дзейнасьць КДБ, у некаторых выпадках выкарыстоўвалася пракуратура. Дзеля ціску на юрыдычныя асобы – пераважна грамадзкія аб’яднаньні – актыўна выкарыстоўваліся структуры Дзяржаўнага камітэту фінансавых расьсьледваньняў. 

Ціск, які аказваўся на незалежную прэсу, і дзеяньні па абмежаваньні распаўсюджаньня інфармацыі выяўляліся ў такіх формах: перапыненьне і перашкоды ў распаўсюджаньні друкаваных выданьняў, канфіскацыі накладаў, ціск на незалежныя СМІ, вынясеньне папярэджаньняў друкаваным выданьням, канфіскацыя кампутарнае тэхнікі, вобыскі, цэнзура. 

Улічваючы структуру інфармацыйнае прасторы Беларусі, манаполію дзяржавы на электронныя сродкі інфармацыі, распаўсюджаньне газетаў стала важнай крыніцай альтэрнатыўнае інфармацыі. Затрыманьні за распаўсюджаньне зарэгістраваных газетаў мелі масавы характар. Наклады незалежных выданьняў канфіскоўваліся. Да прыкладу, 17 жніўня 2001 году было канфіскавана 216 тысячаў асобнікаў газеты “Наша Свабода”. Арыштоўваліся наклады газетаў “Народная Воля”, “Рабочы”, “Беларуская маладзёжная” і інш. Усе гэтыя выданьні зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку, і іх распаўсюджаньне не зьяўляецца забароненым. 

Прызначэньне ўладамі кіраўніцтва для недзяржаўнай друкарні “Мэджык” стварыла ўмовы для ажыцьцяўленьня цэнзуры, шэраг рэдакцыяў былі вымушаны ўносіць зьмены ў нумары некалькі разоў, каб іх дазволілі друкаваць. Адзначаны выпадкі, калі газеты выходзілі з белымі плямамі. 

На працягу году ў рэдакцыях СМІ і друкарнях праходзілі праверкі фінанса-вай дзейнасьці, вобыскі і г.д., што ў пэўных выпадках паралізавала іх працу. Канфіскацыя абсталяваньня мела месца ў адносінах да газеты “Народная Воля” і чатырох рэгіянальных выданьняў. 

У 2001годзе па зыску пракуратуры была закрытая незалежная гарадзенская газета “Пагоня”. 

Па меркаваньнях апазіцыйных дзеячоў, сьпецслужбы займаліся шчыльным праслухоўваньнем стацыянарных і сотавых тэлефонаў, праверкай карэспандэнцыі, электроннай пошты, зборам і аналізам інфармацыі і г.д. 

Узбуджаныя крымінальныя справы, асабліва па факце выбуху каля расій-скай амбасады, дазвалялі КДБ дапытваць вялікую колькасьць сяброў мола-дзевых арганізацыяў. Колькасьць дапытаных сьледчымі КДБ па справе выбуху перавысіла 100 чалавек. Допыты праходзілі і па іншых крымінальных справах, далучанасьць да якіх праводзілася адвольна. Мелі месца выпадкі канфіскацыі асабістай маёмасьці актывістаў выбарчай кампаніі. Вяртаньне маёмасьці адбывалася ўжо пасьля выбараў. 

КДБ, асабліва ў рэгіёнах, праводзіў шматлікія размовы з затрыманымі падчас моладзевых акцыяў, затрыманымі за расклейваньне агітацыйнае прадукцыі, сябрамі моладзевых арганізацыяў. Сярод мэтаў працы з людзьмі былі: атрыманьне інфармацыі, аказаньне ціску, вярбоўка інфарматараў. Адзначаліся выпадкі фізічнага ўзьдзеяньня і шантажу. Шантаж з боку супрацоўнікаў КДБ прывёў да самагубства юнака ў г. Гомелі. 

У дні перад выбарамі значная колькасьць асобаў, якія былі задзейнічаныя ў кампаніі: юрысты сістэмы незалежнага назіраньня, сябры моладзевых арганізацыяў, функцыянеры выбарчых штабоў апазіцыйных кандыдатаў і г.д. былі папярэджаныя па тэлефоне ці пры асабістых размовах пра ўстрыманьне ад актыўных дзеяньняў, што суправаджалася пагрозамі “жорсткага пакараньня” ў выпадку непадпарадкаваньня. 

Моладзь зьяўлялася адной з найбольш актыўных частак беларускага грамадзтва ў 2001годзе. На людзей ад 16 да 27 гадоў прыпадае большасьць незаконных дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі, прэвентыўных затрыманьняў, допытаў, адміністратыўных пакараньняў, жорсткага абыходжаньня і г.д. На гэтую ўзроставую групу быў накіраваны асноўны ціск з боку КДБ, пракуратуры. 

Масавыя затрыманьні моладзі былі зьвязаныя з правядзеньнем моладзевых акцыяў. Найбольш вядомыя з іх 21 красавіка – “Дзень псіхічнага здароўя”, 27 ліпеня – Дзень Незалежнасьці. Ня менш масавы характар мелі затрыманьні падчас футбольных матчаў нацыянальнай зборнай Беларусі і затрыманьні ў Курапатах у лістападзе. 

Асноўная маса маладых людзей прыцягвалася да адміністратыўнай адказнасьці па арт. 167.1, а таксама 143 ч. 3 і 172-1 КаАП Беларусі, гэтыя артыкулы ахопліваюць да 90% усіх выпадкаў. Агульная колькасьць адміністратыўных спагнаньняў супраць моладзі перавышае 300. 

Узьдзеяньне на грамадзкія арганізацыі і палітычныя партыі на Беларусі мае дзьве асноўныя формы. Па-першае, гэта дзеяньні, накіраваныя на ліквідацыю грамадзкага аб’яднаньня (партыі) і маніпуляваньне пагрозаю ліквідацыі. Зразумела, што пазбаўленьне статусу юрыдычнае асобы значна ўскладняе арганізацыйна-прававую дзейнасьць грамадзкіх аб’яднаньняў і цалкам выключае з палітычнага жыцьця партыю. Па-другое, перашкода дзейнасьці шляхам канфіскацыі аргтэхнікі, фінансавых праверак, вобыскаў і г.д. 

Ліквідацыя грамадзкага аб’яднаньня ці партыі – выключная мера ўзьдзеяньня. На працягу году па палітычных матывах было зьліквідавана некалькі арганізацыяў, у тым ліку – “Задзіночаньне беларускіх студэнтаў” і Моладзевы інфармацыйны цэнтр. Распачатыя справы па ліквідацыі некаторых арганізацыяў (“Гарт”, “Грамадзянскія ініцыятывы”), у якіх раней была сканфіскаваная аргтэхніка ды іншая маёмасьць. 

Перад выбарамі быў выкарыстаны і яшчэ адзін сродак узьдзеяньня на грамадзкія арганізацыі – гэта вынясеньне ім папярэджаньняў Міністэрствам юстыцыі. Так, ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна” напярэдадні выбараў атрымаў адразу два папярэджаньні ад Міністэрства юстыцыі, што паставіла аб’яданьне перад пагрозай ліквідацыі і стварыла дадатковыя перашкоды ў рэгістрацыі назіральнікаў ад арганізацыі. 

Перашкоды дзейнасьці шляхам праверак, вобыскаў, вынятак і канфіска-цыяў у 2001годзе былі шчыльна зьвязаныя з выбарчай кампаніяй і асноўнымі яе элементамі: агітацыйнай кампаніяй, мабілізацыйнай, Грамадзянскай ініцыятывай “Незалежнае назіраньне”. 

Вострай праблемай застаецца ў Беларусі рэалізацыя права на асацыяцыі. Значная колькасьць NGO, якім адмоўлена ў афіцыйнай рэгістрацыі, вымушаная працягваць сваю дзейнасьць без рэгістрацыі, за што могуць быць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці па арт. 167-10 КаАП Беларусі. За мінулы год мелі месца выпадкі прыцягненьня да адказнасьці па гэтым артыкуле сяброўМаладога Фронту і “Зубра”. 

Мінулы год быў адметны актывізацыяй дзейнасьці прафсаюзаў і аб’яднаньняў прадпрымальнікаў. Асноўнымі сродкамі дасягненьня мэтаў, а таксама прыцягненьня грамадзкай увагі сталі стыхійныя і арганізаваныя страйкі, мітынгі, пікетаваньні. 

Адміністратыўныя пакараньні за ўдзел і арганізацыю масавых акцыяў (нават калі яны суправаджаліся перашкодай руху транспарту, як у выпадку са страйкам на Трактарным заводзе 28.09.2001г. ) у адносінах да рабочых звычайна не ўжываліся. Адміністратыўныя пакараньні ўжываліся пераважна ў выпадках індывідуальных акцыяў пратэсту. 

Асноўныя дзеяньні па нейтралізацыі працоўнага і прадпрымальніцкага рухаў былі накіраваныя на разбурэньне іх арганізацыйных структураў. Перш за ўсё гэта тычыцца прафсаюзаў, асабліва пасьля таго, як яны выявілі сваю выразную апазіцыйнасьць. Палітыка ў адносінах да прафсаюзаў мела два накірункі: паступовае замяшчэньне кіруючых пазіцыяў у ФПБ лаяльнымі да ўлады асобамі (магчымы і раскол ФПБ) і зьнішчэньне свабодных прафсаюзаў, што дасягаецца адмовай у рэгістрацыі іх пярвічных арганізацыяў. У якасьці элементу кампаніі па нейтралізацыі прафсаюзаў можна ўзгадаць рашэньне Канс-тытуцыйнага суда, прынятае ў канцы 2001году, якое тычыцца парадку выплаты прафсаюзных складак. 

Праблемы дыскрымінацыйнай культурнай палітыкі па-ранейшаму застаюцца нявырашанымі для Беларусі. Нягледзячы на ўсе намаганьні, так і не было прынятае рашэньне пра стварэньне хоць бы адзінай вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай навучаньня, надалей праводзіцца палітыка зьніжэньня колькасьці навучэнцаў у беларускамоўных сярэдніх навучальных установах. Праводзіцца рэарганізацыя такіх установаў з паніжэньнем умоваў і ўзроўню навучаньня. Адзначалася стымуляваньне і культываваньне падазронага ці негатыўнага стаўленьня да беларускай культуры, мовы як нелаяльнай да выканаўчай улады і патэнцыйнай крыніцы апазіцыйнасьці. 

У 2001годзе мелі месца культурныя страты і наступы на гістарычную памяць: нягледзячы на пратэсты, была знішчаная частка старога гораду ў г. Мінску, была пачатая рэканструкцыя мінскай кальцавой дарогі на месцы масавых расстрэлаў у 1937-41гг. – ва ўрочышчы Курапаты. 

Асобным эпізодам грамадзкага супрацьстаяньня ў Беларусі стала абарона Курапатаў. Як вядома, пасьля прыходу да ўлады А. Лукашэнкі, было зроблена некалькі спробаў зьменшыць гістарычную значнасьць пахаваньняў і нават даказаць тое, што расстрэлы праводзілі фашысты падчас другой сусьветнай вайны. Некалькі разоў пракуратура праводзіла праверку матэрыялаў пра Курапаты, вынікі праверак засталіся закрытымі для грамадзтва. 

Увосень гэтага году стала відавочна, што будаўніцтва новай кальцавой дарогі вакол Мінску пройдзе праз Курапаты. Кампанія супраць зьнішчэньня Курапатаў як месца гістарычнае памяці беларусаў, пачалася ў канцы верасьня. Беларускія моладзевыя арганізацыі наладзілі кругласутачнае дзяжурства ў Курапатах. Былі ўсталяваныя дадатковыя памятныя крыжы. Праблема набыла грамадзскі рэзананс і суправаджалася ня толькі супрацьстаяньнем, але і спробамі дыялогу новастворанай грамадзянскай ініцыятывы “За ўратаваньне Курапатаў” з прадстаўнікамі міністэрстваў, дадатковымі эксьпертызамі, круглымі сталамі. 

8 лістападаа будаўнікі, якія праводзяць рэканструкцыю дарогі, парушылі дамоўленасьці і пачалі работы ў гэтакзванай “дэмаркацыйнай зоне” без нагляду археолагаў Інстытута гісторыі НАН. Супрацьстаяньне людзей і АМАП вылілася ў сур’ёзныя сутыкненьні 8 і 9 лістапада. У выніку 40-45 чалавек было затрымана, каля 25 былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці за супраціўленьне міліцыі (арт.166 КаАП) і ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу (167-1 КаАП). Затрыманьні суправаджаліся жорсткасьцю, зьбіцьцём людзей, выкарыстаньнем сьпецсродкаў – сьлезацечнага газу. 

Грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” на працягу году фіксавала парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, зьвязаныя найперш з абмежаваньнем канстытуцыйных правоў грамадзянаў: права на свабоду волевыяўленьня, мірных сходаў, мітынгаў, асацыяцыяў, на свабоду слова і выбару, роўнасьці ў сваёй годнасьці і правах, на працу, жыцьцё і асабістую недатыкальнасьць... Вынікам працы стаў гэты “Агляд-Хроніка”. На жаль, пачынаючы з 1994 году – прыходу да ўлады А.Лукашэнкі, беларускае грамадзтва рухаецца ад пачаткаў дэмакратыі да аўтакратыі. Улады ў барацьбе з дэмакратычнымі сіламі ідуць на парушэньне Канстытуцыі, унутранага заканадаўства, часам перапісваючы яго пад уласныя патрэбы, міжнародна прызнаных законаў разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і элементарных правоў чалавека. 


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна

 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster