|
1. ПРАВАВАЯ БАЗА І ЗЬМЕНЫ Ў ЗАКАНАДАЎСТВЕ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ, ЯКІЯ ВЯДУЦЬ ДА АБМЕЖАВАНЬНЯ ПРАВОЎ ГРАМАДЗЯНАЎ
1 студзеня адпаведнымі законамі ў Беларусі ўведзеныя адразу тры новыя кодэксы: Крымінальны кодэкс, Крымінальна-працэсуальны кодэкс і Кры-мінальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь. Новы Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь быў прыняты і адобраны Нацыянальным сходам яшчэ ў ліпені 1999 году. Увесьці ў дзеяньне яго, як і Крымінальна-працэсуальны і Крымінальна-выканаўчы кодэксы, планавалася з 1 студзеня 2000 году. Аднак гэтая справа зацягнулася яшчэ на адзін год. І толькі з пачатку 2001 году на ўвядзеньні новага заканадаўства настояў асабіста А. Лукашэнка. У сваіх прамовах ды выступах ён вельмі станоўча ацаніў прыняты Крымінальны кодэкс, назваў яго больш гуманным і мяккім ў параўнаньні з папярэднім і ледзь ня самым лепшым у Еўропе. Але, па ацэнках незалежных юрыстаў, у новым Крымінальным кодэксе зьмякчэньняў увогуле амаль не адбылося, а ў адносінах да палітычных апанентаў і дэмакратычнай апазіцыі артыкулы КК РБ сталі больш жорсткімі. Амаль адразу пачаў прымяняцца новы арт. 368 “Зьнявага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Новы Кодэкс пашырае сістэму пакараньняў, што прызначаюцца судамі за зьдзейсьненыя злачынствы. Так, згодна з арт. 48 Кодэксу, уводзяцца такія новыя формы пакараньняў, як грамадзкая праца, абмежаваньне свабоды, арышт (ён быў уведзены яшчэ ў 1997 годзе, але як санкцыя не прымяняўся). Максімальны тэрмін пазбаўленьня волі вызначаны ў 25 гадоў і, як альтэрнатыва сьмяротнаму пакараньню, прадугледжваецца пажыцьцёвае зьняволеньне. Што датычыцца сьмяротнага пакараньня, дык яно, паводле арт. 59 Кодэксу, выкарыстоўваецца “ў якасьці выключнай меры пакараньня” за злачынствы, зьвязаныя з наўмысным пазбаўленьнем жыцьця чалавека пры абцяжарваючых абставінах. Як і раней, сьмяротнае пакараньне ня будзе прымяняцца да непаўнагадовых і жанчын. Новым у гэтым артыкуле зьяўляецца ўвядзеньне максімальнага ўзроставага цэнзу — сьмяротнае пакараньне не ўжываецца ў адносінах да мужчынаў, старэйшых за 65 гадоў. Сярод навацыяў у сістэме пакараньняў найбольшую практычную цікавасьць уяўляе арышт, які быў уведзены яшчэ ў 1997 г., але як форма пакараньня не прымяняўся. У 2001 г. арышт прымяняўся вельмі актыўна (нават быў адпаведны зварот да судзьдзяў зьменшыць выкарыстаньне гэтае меры з-за адсутнасьці ўстановаў утрыманьня арыштаваных, бо арыштанцкія дамы пакуль не пабудаваныя, і асу-джаных утрымліваюць у СІЗА). Яго папулярнасьць выкліканая дастатковай жорсткасьцю – утрыманьне ў поўнай ізаляцыі. З увядзеньнем новых відаў пакараньняў пашыраецца сістэма мяккіх пакараньняў, альтэратыўных штрафам і пазбаўленьню волі. Новы Крымінальны кодэкс адметны таксама зьніжэньнем санкцыяў за эканамічныя, гаспадарчыя і некаторыя службовыя злачынствы, што можна лічыць адэкватным для постсавецкага грамадзтва.
14 сакавіка А. Лукашэнка падпісаў дэкрэт №8 “Аб некаторых мерах па ўдасканаленьні парадку атрыманьня і выкарыстаньня замежнай дабрачыннай дапамогі”. Дэкрэт устанаўлівае новыя правілы рэгістрацыі замежнай дапамогі і абмежаваньні на яе выкарыстаньне ў “палітычных” мэтах. Дэкрэт праду-гледжвае адказнасьць за парушэньне правілаў рэгістрацыі дапамогі ў выглядзе штрафу і канфіскацыі прадстаўленай тэхнікі, у тым ліку арэндаванай, што зьяўляецца парушэньнем прынцыпу прыватнай уласьнасьці. У канцы году ў дэкрэт былі ўнесеныя зьмены: цяпер дапамога павінна рэгістравацца ва Упраўленьні справамі прэзідэнта, што яшчэ больш ускладняе сітуацыю. Дэкрэт выразна палітычны і накіраваны супраць палітычных апанентаў.
7 траўня А.Лукашэнка падпісаў дэкрэт №11 “Аб некаторых захадах па ўдасканаленьні парадку правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў, іншых масавых мерапрыемстваў і пікетаваньня ў Рэспубліцы Беларусь”. Новы дэкрэт усталёўвае яшчэ больш жорсткія правілы правядзеньня масавых палітычных акцыяў і масавых мерапрыемстваў: спартовых, культурна-масавых. Арганізатарамі сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў і пікетаваньняў, у якіх мяркуецца ўдзел больш чым 1.000 чалавек, могуць цяпер выступаць толькі палітычныя партыі, прафесійныя саюзы ды іншыя арганізацыі. Дэкрэт значна ўскладняе магчымасьць правядзеньня вулічных акцыяў і павышае адказнасьць за мажлівыя парушэньні падчас акцыі. Пры гэтым ён датычыць мерапрыемстваў ня толькі палітычнай скіраванасьці, але і “рэлігійных, спартовых, культурна-масавых і іншых відовішчных мерапрыемстваў” – набажэнстваў, спаборніцтваў, канцэртаў і г.д. Арганізацыі, партыі і прафсаюзы, якія, паводле дэкрэту, вымушаныя выступаць афіцыйнымі арганізатарамі гэтых мерапрыемстваў, нясуць поўную адказнасьць за парадак на іх. Прычым любая правакацыя можа стаць падставай дзеля забароны дзейнасьці арганізацыі-заяўляльніка акцыі. Дэкрэт пастанаўляе: “палітычныя партыі, прафесійныя саюзы і іншыя арганізацыі, адказныя асобы якіх не забясьпечылі парадку арганізацыі або правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў і пікетаваньня, што выклікала прычыненьне стратаў у буйным памеры ці істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзянаў, арганізацыяў або дзяржаўным ці грамадзкім інтарэсам, могуць быць ліквідаваныя ва ўстаноўленым парадку за аднаразовае парушэньне заканадаўства аб сходах, мітынгах, вулічных шэсьцях, дэманстрацыях і пікетаваньні”. Асобна ў дэкрэце тлумачыцца, што “страты ў буйным памеры” – гэта 10.000 мінімальных заробкаў і больш (на час прыняцьця – гэта 57 мільёнаў рублёў альбо 42 тысячы даляраў ЗША), а “істотная шкода” можа ўяўляць сабою зрыў масавага мерапрыемства, парушэньне руху транспарту або нанясеньне цяжкага цялеснага пашкоджаньня. Такім чынам, калі ўдзельнікі масавай акцыі выйдуць на праезную частку вуліцы, яе арганізатары рызыкуюць апынуцца па-за законам. Калі ж усё будзе прыстойна і ў межах новага дэкрэту, у шэрагах дэманстрантаў заўсёды знойдуцца “людзі ў цывільным”, якія і забясьпечаць неабходнае “парушэньне”.
26 чэрвеня А.Лукашэнка падпісаў дэкрэт №20 “Аб абавязковым дэклараваньні даходаў і маёмасьці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, ягоных сваякоў, жонкі (мужа) і ягоных бацькоў і некаторых іншых мерах, накіраваных на правядзеньне адкрытых, свабодных і сумленных выбараў”. Мэта прыняцьця дакументу, як гаворыцца ў прэамбуле – “павышэньне ўзроўню дэмакратыі, законнасьці і галоснасьці пры падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў”... Паводле новага дэкрэту, даходы павінны дэклараваць ня толькі сам кандыдат, але і ягоныя дзеці, пасынкі і ўнукі, жонка (ці муж) і яго (яе) бацькі, а таксама блізкія сваякі: бацькі кандыдата, браты і сёстры, дзяды і бабулі... Дэкрэт вызначае, што ў 10-дзённы тэрмін з часу рэгістрацыі кандыдата Цэнтр-выбаркам падае ў сродкі масавай інфармацыі зьвесткі пра задэклараваную маёмасьць і грашовыя сродкі. У дакуменце замацаваная норма, паводле якой у выпадку вызначэньня непраўдзівасьці пададзеных зьвестак Цэнтрвыбаркам прымае рашэньне скасаваць рэгістрацыю кандыдата ў Прэзідэнты. Дэкрэт № 20 фактычна ўносіць зьмены ў выбарчае заканадаўства падчас выбарчае кампаніі, што зьяўляецца прарушэньнем базавых прынцыпаў выбарчага працэсу.
5 сьнежня Мiнiстэрства юстыцыi Беларусi ў сваім лiсьце пацьвердзiла, што А. Лукашэнка адкрыта парушае Канстытуцыю краiны. “Указ Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 12-га студзеня 1998 году №19 у афiцыйных крынiцах прававой iнфармацыi не друкаваўся, паколькi зьяўляецца нарматыўным актам, мае грыф абмежаванасьцi ў доступе”, – пiша намесьнiк мiнiстра В.Мiцкевiч. Мiж тым, у артыкуле 7 Канстытуцыi Беларусi сказана: “Нарматыўныя акты дзяржаўных органаў друкуюцца цi даводзяцца да ўсеагульнага азнаямленьня iншым прадугледжаным законам спосабам”. Як сьцьвярджае агенцтва “Ю.С. Ньюс”, менавiта ў сакрэтным указе А.Лукашэнкi ад 12 студзеня 1998 году № 19, па зьвестках крынiцаў з прэзiдэнцкай адмiнiстрацыi, можа ўтрымлiвацца ўказ стварыць сьпецыяльную брыгаду, якую называюць “эскадронам сьмерцi”.
14 сьнежня беларускі ўрад прыняў пастанову “Аб мерах па абароне правоў прафесійных саюзаў”, паводле якой забараняецца цэнтралізаванае пера-лічэньне праз бухгалтэрыі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў сяброўскіх складак грамадзянаў на рахункі прафсаюзных арганізацыяў. Лідэры беларускіх прафсаюзаў лічаць, што такое рашэньне ўраду “супярэчыць усім міжнародным нормам і рэкамэндацыям Міжнароднай арганізацыі працы” і “мае на мэце разбурэньне прафсаюзных арганізацыяў”, а гэта, на іх думку, зьяўляецца “парушэньнем правоў грамадзянаў Беларусі, якія аб’ядноўваюцца ў прафесійныя саюзы дзеля абароны сваіх працоўных інтарэсаў”. На думку незалежных назіральнікаў, ініцыятыва ў прыняцьці пастановы належыць Аляксандру Лукашэнку, які “мае вострую непрыхільнасьць да прафсаюзаў”, асабліва пасьля таго, як старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзімір Ганчарык прыняў удзел у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў якасьці адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазіцыі.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|