|
2. ПЕРАСЬЛЕД АРГАНІЗАТАРАЎ І ЎДЗЕЛЬНІКАЎ МАСАВЫХ АКЦЫЯЎ ДЭМАКРАТЫЧНАЙ АПАЗІЦЫІ
частка 1
4 студзеня ў Чыгуначным судзе г. Віцебску адбыўся заключны разгляд адміністратыўных матэрыялаў, складзеных на ўдзельнікаў несанкцыянаванага пікету 10 сьнежня сяброў АГП Алену Залескую, Сяргея Васенку, Дзьмітрыя Мускага і Анатоля Захарава. Абвінавачаньне прад’яўлялася па арт 167 ч.1 і ч. 2 КаАП РБ, і судзьдзя Сьвятлана Туфан вынесла рашэньне прызначыць наступныя пакараньні:
1. А. Залескай – штраф у 150 мінімальных заробкаў;
2. С. Васенку – штраф у 150 мінімальных заробкаў;
3. Дз. Мускаму – папярэджаньне;
4. А. Захараву – папярэджаньне.
5 студзеня атрымалі позвы ў суд Ленінскага раёну г. Берасьця ўдзельнікі пікету 10 сьнежня: Уладзімір Вялічкін, Яўген Бяласін, Сяржук Бахун, Алег Дыдышка і Кірыла Данько. Яны абвінавачваюцца ў парушэньні арт. арт.167.1 ч.1, 167.1 ч.2 і 166 КаАП РБ. Напярэдадні Новага году спадароў Бяласіна і Бахуна наведалі супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі ім падпісаць пратаколы адміністратыўнага правапарушэньня, якія не былі складзеныя падчас затрыманьня і на працягу 24 гадзінаў зьняволеньня ў ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РУУС г. Берасьця. Суд над удзельнікамі акцыі, прысьвечанай гадавіне абвяшчэньня Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, прызначаны на 9 сту-дзеня ў Ленінскім раённым судзе г. Берасьця.
9 студзеня Мінскі гарадзкі суд разгледзеў скаргу Уладзіміра Кішкурны і прызнаў незаконнымі дзеяньні супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС г. Мінску ў сувязі з адміністратыўным затрыманьнем Уладзіміра Кішкурны 15 верасьня 2000 году.
9 студзеня ў судзе Ленінскага раёну г. Берасьця павінна было адбыцца судовае паседжаньне па справе затрыманых падчас сьвяткаваньня гадавіны абвяшчэньня Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 10 сьнежня 2000 году. У той дзень былі затрыманыя і правялі ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня Ул. Вялічкін, Я. Бяласін, К.Данько, С.Бахун і А. Дыдышка, на якіх былі складзеныя пратаколы адміністратыўнага правапарушэньня па арт. 167.1 (правядзеньне несанкцыянаванага пікету) і арт. 166 КаАП РБ (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню супрацоўніка міліцыі). На судовым паседжаньні прысутнічалі юрыдычны дарадца пасла АБСЕ у Беларусі Надзея Дударава і шматлікія прадстаўнікі СМІ, але разгляд справы быў перанесены на 12 студзеня.
12 студзеня ў судзе Ленінскага раёну г. Берасьця трэці раз пры перапоўненай зале разглядалася справа грамадзянаў А.Дыдышкі, К.Данько, Ул.Вялічкіна, С.Бахуна, Я.Бяласіна. Пасьля дзьвюх гадзінаў слуханьня судзьдзя А.Міранюк перанёс разгляд справы на 15 студзеня 2001 году ў сувязі з адсутнасьцю сьведкаў, выкліканых у суд з боку міліцыі. На судзе прысутнічалі прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі і дарадца пасла АБСЕ у Беларусі Надзея Дударава.
15 студзеня ў Слуцку была апісаная маёмасьць Аляксея Катлярова – вайсковага пенсіянера, сябра Беларускага Хельсінкскага камітэту, аднаго з арганізатараў акцыі 8 кастрычніка 2000 г. (агульнарэспубліканскі “Марш Свабоды”). Судовыя выканаўцы Любоў Сілачова і Тамара Лапіцкая прыйшлі ў двухпакаёвую кватэру А.Катлярова ў 8.50. Участковы інсьпектар выклікаў двух панятых – суседзяў. Маёмасьць была апісаная, на рукі А.Катлярову выдадзены “Акт вопісу і арышту маёмасьці”. Нагадаем, што раней А.Катляроў быў падвергнуты адміністратыўнаму спагнаньню ў выглядзе штрафу ў памеры 150 мінімальных заробкаў – 540 тысячаў рублёў (каля 500 даляраў ЗША).
15 студзеня ў Берасьці скончыўся суд над праваабаронцамі, затрыманымі 10 сьнежня 2000 году. Усе затрыманыя атрымалі адміністратыўныя спагнаньні ў выглядзе штрафаў:
1. Бяласін Яўген (намесьнік старшыні гарадзкой партыі БНФ) – 200 мінімальных заробкаў (720 тысячаў рублёў – каля 600 даляраў ЗША);
2. Бахун Сяргей (старшыня абласной арганізацыі Малады Фронт) – 200 мінімальных заробкаў (720 тысячаў рублёў – каля 600 даляраў ЗША);
3. Вялічкін Уладзімір (старшыня Брэсцкага абласнога аддзяленьня ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна”) – 20 мінімальных заробкаў (72 тысячы рублёў — каля 60 даляраў ЗША);
4. Данько Кірыла (сябра Маладога Фронту) — 20 мінімальных заробкаў (72 тысячы рублёў — каля 60 даляраў ЗША);
5. Дыдышка Алег (электрык тралейбуснага ўпраўленьня, сябра Свабоднага прафсаюзу) — 20 мінімальных заробкаў (72 тысячы рублёў — каля 60 даляраў ЗША).
22 студзеня ў памяшканьні Барысаўскага гарадзкога суда адбыўся разгляд адміністратыўных матэрыялаў, складзеных на Алеся Абрамовіча за арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця страйкуючых працоўных Барысаўскага шклозаводу, якое адбывалася 21 лістапада 2000 году. Судзьдзя А. Болатаў адхіліў хадайніцтва абвінавачваемага пра выклік сьведкаў з ягонага боку і вынес прысуд згодна з арт. 167.1 ч. 2 КаАП РБ (арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства) у выглядзе штрафу памерам 150 мін. заробкаў (каля 450 даляраў ЗША).
18 лютага ў 12.00 на плошчы Свабоды ў г. Віцебску адбыўся несанкцыянаваны пікет, скіраваны супраць пабудовы ў свабоднай эканамічнай зоне “Віцебск” (на пляцоўках былога вайсковага аэрадрому “Журжава”) прадпрыемства па вырабу высокаактанавага бензіну. Удзельнікі пікету Ірына Байдак, Сяргей Аксімовіч і Эдуард Бохан у 12.10 былі запрошаныя супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУС на разьбіральніцтва і пакінулі плошчу ў міліцэйскім аўтамабілі. Падпалкоўнік міліцыі, які кіраваў дастаўкай пікетоўшчыкаў, забараняў назіральніку ад ПЦ “Вясна” фіксаваць падзеі на фотастужку, сьцьвярджаючы, што ёсьць пастанова Віцебскага гарвыканкаму пра забарону фатаграфаваць несанкцыянаваныя мерапрыемствы на вуліцах. Віцебскае аддзяленьне ПЦ “Вясна” накіравала запыт ва Упраўленьне ўнутраных справаў і Віцебскі гарвыканкам з просьбай патлумачыць, на якую пастанову спасылаўся міліцыянт.
5 сакавіка ў 14 гадзінаў чатыры хлопцы і адна дзяўчына выйшлі з двара насупраць будынку адміністрацыі прэзідэнта Лукашэнкі і сталі ў шэраг. У руках моладзь трымала партрэты Віктара Ганчара, Генадзя Карпенкі, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Зьміцера Завадзкага. Як вядома, Генадзь Карпенка памёр увесну 1999 году пры нявысьветленых абставінах, астатнія асобы з гэтага сьпісу зьніклі бяз вестак у перыяд ад вясны 1999 да лета 2000 году. Нагадаць пра гэта грамадзтву і было мэтаю акцыі. Але пры спробе разгарнуць транспарант з лозунгам трох хлопцаў затрымалі супрацоўнікі службы бясьпекі Лукашэнкі. Затрыманых перадалі ў рукі выкліканай па рацыі міліцыі. Толькі на наступны дзень у судзе журналісты змаглі даведацца, якія словы былі напісаныя на канфіскаваным транспаранце: “Выкрадальнікаў людзей – да адказу!” – патрабавала моладзь. У пастарунку апынуліся двое жыхароў г. Барысаву – Зьміцер Абрамовіч і Антось Цялежнікаў, а таксама мінчук Андрэй Пятроў. 6 сакавіка ўжо ў судзе высьветлілася, што пратаколу аб затрыманьні міліцыянты ня склалі (па іншай, міліцэйскай, версіі – склалі, але раптам згубілі). Паводле словаў затрыманых, з іх толькі ўзялі тлумачальныя запіскі наконт знаходжаньня побач з прэзідэнцкай адміністрацыяй. Справу разглядаў судзьдзя Зьміцер Жданок, які паводле артыкулу 167.1 ч.2 Адміністратыўнага кодэксу РБ прысудзіў Зьміцеру Абрамовічу і Андрэю Пятрову штрафы ў памеры 20 мінімальных заробкаў, а Антось Цялежнікаў быў асуджаны на пятнаццаць сутак зьняволеньня.
6 сакавіка а 14-й гадзіне ўздоўж галоўнага мінскага прасьпекту – Скарыны – на краі ходніку выстраіліся маладыя людзі з партрэтамі зьніклых суграмадзянаў у руках. Пра колькасьць удзельнікаў яскрава кажа той факт, што людзкі ланцуг з партрэтамі заняў ладны кавалак прасьпекту ад будынку Нацыянальнага банку да паштамту: паводле падлікаў, усяго стаяла ў ланцугу каля 150 чалавек. На грудзях кожнага з іх была прыклееная налепка з выявай зубра – волата беларускіх лясоў, які зьяўляецца сімвалам арганізацыі. Пікет цягнуўся трохі больш за паўгадзіны. Калі ўдзельнікі ўжо разыходзіліся, аднаму з іх, Цімоху Дранчуку, міліцыянты прапанавалі прайсьці з імі ў пастарунак. У пастарунку ў затрыманага праверылі дакументы. Пашпарт Цімоха Дранчука ахоўнікі парадку назвалі “занадта патрапаным”. У выніку быў складзены пратакол затрыманьня “за неналежнае захаваньне пашпарту”. Сам сп. Дранчук заявіў міліцыянтам, што “патрапаным” ягонае пасьведчаньне асобы можа быць толькі таму, што яго ўвесь час “трэплюць” самі ж міліцыянты пасьля мірных выступаў апазіцыі.
15 сакавіка на прыпынку “Плошча Свабоды” па вуліцы Леніна ў Віцебску ў 17.00 распачаўся пікет з удзелам Ірыны Байдак, Эдуарда Бохана і Паліны Хлопкавай. Пікетоўцы трымалі аркушы паперы з надпісамі: “Дзе Віктар Ганчар?”, “Дзе Юры Захаранка?” “Дзе Анатоль Красоўскі?” Пікет працягваўся трыццаць хвілінаў і плаўна перацёк у грамадзкую акцыю “Дзень Канстытуцыі”, наладжаную мясцовымі сацыял-дэмакратамі.
25 сакавіка, угадавіну абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, у цэнтры Мінску на Юбілейнай плошчы ў 14 гадзінаў сабралася каля трох тысячаў грамадзянаў. Людзі трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі, плакаты, сьпявалі беларускія песьні. У раёне плошчы было вялікае скапленьне міліцыі, АМАПу, сьпецназу. Праход да яе быў перакрыты, у бліжэйшых дварах стаялі дзясяткі аўтобусаў ды фургонаў з міліцыянтамі і вайскоўцамі. Удзельнікі акцыі рушылі шэсьцем па вуліцах Танкавай і Дразда да скрыжаваньня з прасьпектам Машэрава. На прасьпекце Машэрава калона спрабавала зьвярнуць у бок пл. Свабоды, аднак дарогу дэманстрантам перагарадзілі некалькі шэрагаў супрацоўнікаў міліцыі і АМАПу. Наперадзе стаяў міністр унутраных справаў РБ генерал Навумаў, які кіраваў “аперацыяй”. Удзельнікі шэсьця вымушаныя былі ісьці на невялікую пляцоўку перад стэлай (знак перамогі над фашызмам), дзе распачаўся імправізаваны мітынг. На ім выступілі: Вячаслаў Сіўчык (нам. старшыні БНФ “Адраджэньне”), Вінцук Вячорка (старшыня БНФ “Адраджэньне”), Павел Севярынец (лідэр Маладогу Фронту), Аляксей Кароль (прадстаўнік фракцыі сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”). Да месца правядзеньня мітынгу на машынах і аўтобусах пачалі сьцягвацца дадатковыя сілы міліцыі і ўнутраных войскаў, якія пашыхтаваліся ў карэ з трох бакоў вакол дэманстрантаў і пачалі “зачыстку” пляцоўкі каля стэлы, выціскаючы дэманстрантаў у бок парку. Пачаліся першыя затрыманьні. Людзей выхоплівалі з шэрагаў і цягнулі да аўтобусаў. Там, дзе дэманстранты спрабавалі “адбіць” затрыманых, узьнікалі бойкі. Праз паўгадзіны акцыя была разагнаная.
У Мінску ў гэты дзень былі затрыманыя: старшыня БНФ “Адраджэньне” Вінцук Вячорка, старшыня ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна” Алесь Бяляцкі, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Людміла Гразнова, выконваючы абавязкі старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі і іншыя. На вул. Чарвякова асобы ў цывільным з “Волгі” і чатырох “Жыгулёў” затрымалі каля 10 чалавек. Вячаслаў Альхоўскі быў моцна зьбіты пры затрыманьні. Яўгенія Пігуль – (непаўнагадовая ўнучка праваабаронцы і журналіста В.Шчукіна) была адпушчаная з аддзяленьня міліцыі – аддалі маці. Усяго падчас акцыі і пасьля яе ў Мінску было затрымана 15 чалавек.
У Горадні ініцыятарам і арганізатарам сьвяткаваньня Дня Волі стала абласная арганізацыя БНФ "Адраджэньне» і Партыя БНФ. Акцыя доўжылася прыкладна дзьве з паловай гадзіны. Мітынг быў дазволены ўладамі ў парку 50-годзьдзя Ленінскага камсамолу, але а 14 гадзіне ўдзельнікі пачалі зьбірацца ў цэнтры гораду на плошчы Леніна, як планавалі арганізатары. Плошча з раніцы была ачэпленая АМАПам. Міліцыянты атачылі месца і папрасілі прысутных разысьціся, паведаміўшы, што плошча замініраваная. Каля 5 тысячаў чалавек, што прыйшлі на акцыю, апынуліся ў парку насупраць. З месца, дзе знаходзіліся мітынгоўцы, не было магчымасьці нікуды выйсьці. У знак пратэсту ўдзельнікі сьвяткаваньня селі на брукаванку. Пасьля гэтага людзі паклалі вянок з калючага дроту да ног міліцыянтаў. Паступова міліцыянты адсунулі мітынгуючых да маста. Цэнтральнымі вуліцамі Горадні калона дэманстрантаў рушыла да пляцу Тызэнгаўза і вул. Горкага. Увесь час дэманстрантаў суправаджалі міліцыянты, якія ішлі абапал калоны. Удзельнікі мерапрыемства накіраваліся да Каложскай царквы. Там адбыўся мітынг, на якім выступілі старшыня гарадзенскай арганізацыі БНФ "Адраджэньне" і Партыі БНФ Сяргей Мальчык, старшыня гарадзкога аддзяленьня Фонду імя Льва Сапегі Уладзімір Хільмановіч, старшыня гарадзенскай БСДГ В.Сазонаў, намесьнік старшыні гарадзенскай абласной арганізацыі «Маладая Грамада" Сьвятлана Нех. Удзельнікі сьвяткаваньняў усклалі кветкі пад знакам «Пагоня на Грунвальд». Потым калона рушыла да Новага замку. Яшчэ да пачатку мітынгу быў затрыманы і зьбіты карэспандэнт гарадзенскай газеты "Біржа інфармацыі” Дзьмітры Ягораў (непаўнагадовы). Перад пачаткам акцыі Дз.Ягораў зрабіў некалькі здымкаў машынаў, прызначаных для перавозкі затрыманых і зьняволеных (”аўтазакаў”). На карэспандэнта наляцелі некалькі супрацоўнікаў міліцыі, адабралі фотакамеру і пацягнулі ў “аўтазак". Словы Ягорава, што ён зьяўляецца журналістам, былі пакінутыя без увагі. У машыне карэспандэнту загадалі сесьці на падлогу і закласьці рукі за галаву. Пасьля гэтага Дз.Ягорава пачалі біць – па галаве і грудзях. Пры гэтым побач з Дз.Ягоравым у сьпецыяльным аддзяленьні знаходзіўся службовы сабака. На Дз.Ягорава быў аказаны псіхалагічны ціск, гучалі пагрозы: “Напішаш пра ўсё гэта ў газету, мы цябе знойдзем”. Пасьля патрабаваньня Дз.Ягорава паведаміць пра затрыманьне бацькам, ён быў зьбіты ў чарговы раз. Усё скончылася тым, што Дз. Ягораву вярнулі паламаны фотаапарат, дыктафон і адпусьцілі.
У Віцебску аб’яднаная апазіцыя адзначыла Дзень Волі мітынгам на плошчы Леніна. А 12 гадзіне пад бел-чырвона-белымі сьцягамі тут сабралася каля 100 чалавек – у асноўным сябры і прыхільнікі трох буйных партыяў – БНФ “Адраджэньне”, БСДП (Народная Грамада) і АГП. Гучалі прамовы, віншаваньні. Паведамленьне пра вынікі назіраньня за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ, што адбыліся ў Віцебску 18 сакавіка, зрабіў старшыня абласной арганізацыі ТБМ Іосіф Навумчык. У той самы час сябры Віцебскай КХП БНФ правялі несанкцыянаваныя пікеты каля Ратушнай плошчы і на пляцы Волі.
У Берасьці падчас сьвяткаваньня Дня Волі былі затрыманыя 4 чалавекі. Сярод затрыманых Яўген Бяласін, Віталь Лазарэнкаў, Віктар Кучынскі, якія раздавалі віншаваньні з Днём Волі на рагу вул. Савецкая і Маякоўскага. Разам з імі быў затрыманы малады чалавек, які праходзіў побач і на некалькі хвілінаў затрымаўся (ягонае прозьвішча невядомае).
У Маладэчне з нагоды Дня Волі адбыўся ўрачысты сход. На ім былі заслуханыя даклады з гісторыі БНР, прачытанае віншаваньне цяперашняга старшыні ўраду БНР Івонкі Сурвілы. Сход скончыўся канцэртам, на якім выступілі бард Андрусь Мельнікаў, маладэчанскі паэт Лявон Цімохін, а таксама хор аматараў беларускай музыкі пад кіраўніцтвам Аляксея Фралова. Напачатку і напрыканцы сходу гучаў гімн «Магутны Божа». Удзельнікі сходу ўсклалі кветкі да памятнага знаку “Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі”.
У Гомелі падчас сьвяточнага пікету, калі сябры Партыі БНФ раздавалі ўлёткі, прысьвечаныя ўгодкам абвяшчэньня БНР, быў затрыманы старшыня гарадзкой арганізацыі БНФ «Адраджэньне» Анатоль Паплаўны. На яго склалі пратакол і праз некаторы час адпусьцілі.
У Шклове адбыліся сьвяточныя спаборніцтвы па футболе. Адначасова прадстаўнікі Партыі БНФ у розных месцах гораду раздавалі гараджанам віншаваньні з Днём Волі і раскідвалі па скрынях улёткі.
У Шчучыне на плошчы Свабоды з 12 да 14 гадзінаў сябры мясцовых дэмакратычных арганізацыяў правялі пікет, прысьвечаны Дню Волі. Пікет прайшоў пад лозунгамі: «Жыве незалежная дэмакратычная Беларусь!», «Кожнаму чалавеку – годнае жыцьцё!», «Не дадзім уцягнуць Беларусь у чужыя войны!» Падчас правядзеньня пікету распаўсюджваліся ўлёткі і незалежныя дэмакратычныя выданьні. Асаблівую цікавасьць выклікаў пікет у моладзі. Напярэдадні Дня Волі ў горадзе зьявіліся графіці: «Жыве Беларусь», «Бог. Беларусь. Воля» і інш.
У Бабруйску 25 сакавіка з 12.00 да 14.30 праходзіў пікет у гонар Дня Волі. У пікеце ўдзельнічалі каля 100 чалавек. Актывісты раздавалі агітацыйную літаратуру і выпуск газеты «Рабочы». Сьпецслужбы здымалі ўдзельнікаў пікету на відэакамеры. Аднак, нягледзячы на тое, што акцыя была недазволеная, удзельнікаў пікету не затрымалі.
У Клецку ў офісе грамадзкага аб’яднаньня «Цэнтар Эўропы» мясцовыя актывісты дэмакратычных арганізацыяў правялі сьвяточную вечарыну ў гонар 83-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі. Сустрэчу арганізавала мясцовая філія БНФ.
25 сакавіка ў Мінску было арыштавана 15 удзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі. Суды над затрыманымі працягваліся да канца месяца.
26 сакавіка, суд Цэнтральнага раёну г.Мінску:
1. Куксо Максім (20 гадоў) – затрыманы каля стэлы, прысьвечанай гораду-герою Мінску, правёў ноч у сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку. Судзьдзя Наталя Вайцяховіч перанесла суд на 27 сакавіка.
2. Чубарэнка Дзьмітры (20 гадоў) – затрыманы каля стэлы, правёў ноч у сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна. Судзьдзя Наталя Вайцяховіч разглядала справу па арт. 167.1 ч.2 КаАП РБ (паўторны ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці) і вынесла пастанову – адміністратыўны арышт 10 сутак.
3. Новік Эліна (1975 г.н.) – была затрыманая каля стэлы, правяла ноч у сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна. Справу па арт. 167.1 ч.1 КаАП РБ разглядала судзьдзя Наталя Вайцяховіч – суд перанесены на 27 сакавіка.
4. Бекеш Віктар (1929 г.н.) – затрыманы каля стэлы, на ноч быў адпушчаны дахаты. Судзьдзя Паўлючук па арт.167.1 ч.1 КаАП РБ вынесла папярэ-джаньне
5. Кузьміцкі Дзьмітры (жыхар г. Ліда) – затрыманы каля стэлы. Разглядала справу па арт.167.1 ч.1 КаАП РБ судзьдзя Паўлючук – суд перанесены на 28 сакавіка.
6. Ярмалінская Ніна (пенсіянерка) – затрыманая каля стэлы, на ноч адпусьцілі дахаты, суд перанесены.
7. Бурко Іосіф – затрыманы на вул. Арлоўскай разам з Вінцуком Вячоркам. Судзьдзя Паўлючук адклала суд на 29 сакавіка.
8. Бяляцкі Алесь (старшыня ГА ПЦ “Вясна”) – затрыманы каля царквы Марыі-Магдалены, правёў ноч у сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна. Справу па арт. 167.1 ч.2 КаАП РБ (арганізацыя несанкцыянаванага шэсьця) разглядала судзьдзя Паўлючук – суд перанесены на 2 красавіка.
9. Гразнова Людміла (дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня) – затрыманая каля стэлы, правяла ноч у сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна. Справу па арт.167. 1 ч.1 КаАП РБ разглядала судзьдзя Наталя Вайцяховіч – накладзены штраф у памеры 20 мінімальных заробкаў (114 тысячаў руб. – каля 100 даляраў ЗША).
10. Вячорка Вінцук (старшыня БНФ “Адраджэньне) – затрыманы на вул. Арлоўскай. Быў адпушчаны дахаты з Цэнтральнага РУУС пасьля 21:00. Справу па арт. 167.1 ч.2 КаАП РБ разглядала судзьдзя Наталя Вайцяховіч – суд перанесены на 28 сакавіка.
11. Валочка Міхаіл (1934 г.н.) – затрыманы каля стэлы. Пратрымалі ў РУУС да 20:00 і адпусьцілі. Разглядала справу па арт. 167.1 ч.1 судзьдзя Наталя Вайцяховіч – суд перанесены на 28 сакавіка.
26 сакавіка ў Горадні пачалося паляваньне на арганізатараў сьвяткаваньня Дня Волі – супрацоўнікі міліцыі езьдзілі па кватэрах і выдавалі позвы ў суд. Сьвятлана Нех атрымала позву ў суд на 30 сакавіка. Заязджалі супрацоўнікі міліцыі і на кватэру да кіраўніка гарадзенскага аддзяленьня ГА ПЦ “Вясна” Сяргея Мальчыка, але яго не было дома.
27 сакавіка, суд Цэнтральнага раёну г.Мінску:
1. Новік Эліна (стаматолаг са Слуцкага раёну). Справу разглядала судзьдзя Наталя Вайцяховіч па арт. 167.1 ч.1 КаАП РБ. Вынесеная пастанова – штраф 20 мінімальных заробкаў (114 тысячаў руб. – каля 100 даляраў ЗША). Эліна Новік размаўляла ў судзе прынцыпова па-беларуску. Яна патлумачыла свой удзел у акцыі наступным чынам: “Гэты дзень я лічу сьвятым для ўсёй Беларусі. У гэты дзень была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. І я хацела адзначыць яго хоць бы прагулкай па горадзе з невялікім бел-чырвона-белым сьцяжком. Амапаўцы выхапілі ў мяне сьцяжок, паламалі дрэўка, але я не хацела аддаваць сьцяг. Мяне пацягнулі ў аўтобус”. Сьведкамі па адміністратыўнай справе Э.Новік выступалі супрацоўнікі АМАПу, якія праводзілі затрыманьне – Сяргей Кавалеўскі і Аляксандр Коўтун. Супрацоўнікі АМАПу сказалі, што “быў дадзены загад адсочваць самых актыўных, а потым затрымліваць”. Яны сьведчылі, што Э.Новік была затрыманая, каб “не ствараць канфлікту”, бо яна “хапала за форму супрацоўніка міліцыі”. Варта адзначыць, што здымкі гвалтоўнага і вельмі жорсткага затрыманьня Эліны Новік надрукаваныя ў шматлікіх сродках масавай інфармацыі.
2. Куксо Максім (студэнт медвучылішча). Судзьдзя Наталя Вайцяховіч вынесла пастанову – штраф 20 мінімальных заробкаў (114 тысячаў руб. – каля 100 даляраў ЗША).
27 сакавіка старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, ягоны намесьнік старшыні Аляксей Кавалец, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, намесьнік старшыні БСДП(НГ) Аляксей Кароль, сябра ГА ПЦ «Вясна» Барыс Гюнтэр правялі прэс-канферэнцыю, прысьвечаную падзеям 25 сакавіка ў Мінску. Мірная дэманстрацыя ў Дзень Волі была гвалтоўна разагнаная, былі зьбітыя і затрыманыя ўдзельнікі акцыі. Анатоль Лябедзька заявіў: «Міністр унутраных справаў Навумаў гуляў у маленькую Чачню». Той факт, што за акцыю былі персанальна адказныя Ул.Навумаў і М.Мясьніковіч, гаворыць пра тое, што прадстаўнікі рэжыму «адзін аднаго кантралююць», сказаў Вінцук Вячорка. Удзельнікі прэс-канферэнцыі лічаць: падзеі 25 сакавіка сьведчаць, што супрацьстаяньне да самых прэзідэнцкіх выбараў будзе ўзрастаць, але дэмакратычныя сілы будуць рыхтавацца да перамогі.
27 сакавіка ў Мінску на вул. Макаёнка каля студыі Нацыянальнага тэлебачаньня быў затрыманы лідэр Маладога Фронту Павел Севярынец. Яго даставілі спачатку ў РУУС Першамайскага раёну, пасьля перавезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну. У 16.20 даставілі ў суд Цэнтральнага раёну. Судзьдзя Паўлючук разглядала справу Севярынца па арт.167.1 ч 2 КаАП РБ (арганізацыя альбо паўторны ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці). У дадзеным выпадку маецца на ўвазе ўдзел у шэсьці 25 сакавіка ў Мінску. Павел Севярынец заявіў хадайніцтва аб адвакаце. У сувязі з гэтым судовы разгляд справы быў перанесены на 5 красавіка.
28 сакавіка, суд Цэнтральнага раёну г. Мінску:
1. Вячорка Вінцук (старшыня БНФ “Адраджэньне) – заявіў хадайніцтва аб вядзеньні працэсу на беларускай мове, якая зьяўляецца ў РБ адной з дзяржаўных моваў. Судзьдзя Наталя Вайцяховіч адмовілася задаволіць патрабаваньне, гарантаванае Канстытуцыяй, але лідэр БНФ настойваў на сваім. Тады судзьдзя абвясьціла перапынак на 1 гадзіну, пасьля чаго перанесла разгляд справы на 29 сакавіка.
2. Валочка Міхаіл – судзьдзя Наталя Вайцяховіч па арт. 167.1 ч.1 вынесла пастанову – штраф 20 мінімальных заробкаў (114 тысячаў руб. – каля 100 даляраў ЗША).
3. Кузьміцкі Дзьмітры – судзьдзя Паўлючук па арт.167.1 ч.1 КаАП РБ вынесла папярэджаньне.
29 сакавіка, суд Цэнтральнага раёну г.Мінску:
1. Бурко Іосіф – судзьдзя Паўлючук па арт. 167.1 ч.1 вынесла папярэ-джаньне.
Вячорка Вінцук – судзьдзя Наталя Вайцяховіч парушыла ўсе працэсуальныя нормы: не дала выступіць адвакату Сяргею Цурко ў абарону В.Вячоркі, пазбавіла заключнага слова самога Вячорку, не задаволіла ніводнага з заяўленых хадайніцтваў. Разгляд справы пачаўся ў 10.00 і працягваўся да 12.30, пасьля быў абвешчаны перапынак да 16.00, а ў 17.30 судзьдзя адхіліла ўсе хадайніцтвы “як ня маючыя адносінаў да справы” і адразу зачытала пастанову аб прыцягненьні В.Вячоркі да адміністратыўнай адказнасьці ў выглядзе адмі-ністратыўнага арышту тэрмінам на 15 сутак. В.Вячорку ўзялі пад варту і пад наглядам намесьніка старшыні РУУС Цэнтральнага раёну сп. Барсукова адвезьлі ў сьпецпрыёмнік-разьмеркавальнік на вул. Акрэсьціна. Прадстаўнік юрыдычнай камісіі БНФ “Адраджэньне” Уладзімір Лабковіч, які прысутнічаў на судзе, заявіў: “Судзьдзя груба парушыла заканадаўства тым, што не дала слова адвакату: парушыла правы Вінцука Вячоркі на юрыдычную дапамогу, на карыстаньне паслугамі адваката. Роля адваката зьвялася да ролі статыста. Судзьдзя паказала сваю некампетэнтнасьць і сваю сьвядомую пагарду законамі”. “Гэта бязьмежжа, – сказаў перад “адпраўкай” на Акрэсьціна В.Вячорка, – нахабнае парушэньне працэдуры, нахабнае парушэньне маіх правоў і права адваката выказвацца. Усе паўзы і затрымкі, якія адбываліся падчас суда, – сьведчаньне таго, што судзьдзя атрымлівала беспасярэднія ўказаньні ад сёньняшняга палітычнага кіраўніцтва Беларусі”.
БНФ “Адраджэньне” і Партыя БНФ расцэньваюць гэты крок рэжыму як паніку, поўную няўпэўненасьць у сваёй будучыні, якая ўсё больш выразна выяўляецца з набліжэньнем прэзідэнцкіх выбараў.
3. Кузьміцкі Дзьмітры – судзьдзя Паўлючук па арт.167.1 ч.1 КаАП РБ вынесла папярэджаньне.
2 красавіка ў Кастрычніцкім судзе г.Віцебску былі разгледжаныя матэрыялы па абвінавачаньні ўдзельнікаў экалагічнага пікету, праведзенага 18 лютага супраць будаўніцтва расійскага бензінавага прадпрыемства ў свабоднай эканамічнай зоне. Судзьдзя Аксана Афанасьева вынесла ў адносінах да пікетоўцаў пастанову: Ірыне Байдак – папярэджаньне, Эдуарду Байдаку – папярэджаньне, Сяргею Аксімовічу – штраф 150 мінімальных заробкаў (каля 650 даляраў ЗША).
3 красавіка ў суд Цэнтральнага раёну г.Мінску позвай быў выкліканы адзін з лідэраў КХП БНФ Юрась Беленькі. Яму інкрымінаваўся ўдзел у адной з акцыяў з нагоды Дня Волі. Справа разглядалася па арт. 167.1 ч.2 КаАП РБ (арганізацыя несанкцыянаванага шэсьця). Інтарэсы Ю.Беленькага ў судзе бараніла вядомы адвакат Вера Страмкоўская. У якасьці сьведкаў выступалі супрацоўнікі міліцыі, якія давалі непраўдзівыя сьведчаньні. Так, маёр В. Барсукоў (Цэнтральны РУУС) казаў, што “можа паклясьціся на Бібліі”, што бачыў Ю.Беленькага ў раёне Юбілейнай плошчы і каля стэлы “Горад-герой Мінск”. Між тым, маёр Барсукоў бачыць там Ю.Беленькага ня мог, бо ён у гэты час знаходзіўся ў іншым раёне Мінску (на прасьпекце Францыска Скарыны). Прадстаўнікі КХП БНФ планавалі правесьці акцыю 25 сакавіка на плошчы Незалежнасьці, куды іх не пусьцілі супрацоўнікі міліцыі.
4 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну г.Мінску працягнулася судовае паседжаньне па адміністратыўнай справе Юрася Беленькага. Судзьдзя Наталя Вайцяховіч вынесла пастанову – 15 сутак адміністратыўнага арышту ў сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку на вул.Акрэсьціна.
4 красавіка ў г.Барысаў адбыўся пікет у падтрымку расійскай тэлекампаніі НТВ. Сябры Сацыял-дэмакратычнай партыі Алесь Абрамовіч, Алеся Ясюк, Марына Статкевіч, Зьміцер Фядорчанка, Алесь Барадуля выйшлі на цэнтральную плошчу Барысаву з плакатам “Рукі прэч ад НТВ”. Ім удалося прастаяць з гэтым плакатам 15 хвілінаў, пасьля чаго ўсе ўдзельнікі пікету былі затрыманыя. Барысаўскі гарадзкі суд 5 красавіка вынес пастанову: Аляксандру Абрамовічу (арт.167.1.ч.2 КаАП РБ – арганізацыя несанкцыянаванага пікету) – 10 сутак адміністратыўнага арышту; М. Статкевічу, Зм. Фядорчанку і А. Барадулю – папярэджаньне; А. Ясюк на суд не прыйшла, бо ў позве не было ўказана, у якасьці каго яна павінна зьявіцца ў суд, а таксама не названы нумар кабінету.
4 красавіка ў Горадні на няпэўны тэрмін былі перанесеныя слуханьні справы актывістаў БНФ, якіх міліцыя абвінавачвае ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця ў Дзень Волі 25 сакавіка: Вадзіма Саранчукова – кіраўніка філіі Маладога Фронту і Сяргея Мальчыка – старшыні мясцовай філіі БНФ. Разгляду ў судзе чакаюць справы яшчэ двух гарадзенцаў – Андрэя Мялешкі і Аляксандра Мiхальчыка.
5 красавіка ў Віцебску моладзевыя арганізацыі правялі пікет у падтрымку зьняволеных лідэраў апазіцыі. Кіраўнік Віцебскай арганізацыі Маладога Фронту Віктар Шляхцін, адказны сакратар Грамадзкага аб’яднаньня ЦМІ “Контур” Юры Корбан і кіраўнік моладзевай ініцыятывы “Адукатар” Кастусь Смолікаў трымалі плакаты з наступным зьместам: “Патрабуем вызваленьня лідэраў беларускай апазіцыі Вінцука Вячоркі і Алеся Бяляцкага”, “Судовая сістэма павінна быць адкрытай і незалежнай”, “Злачынную ўладу — у адстаўку!”. Паралельна распаўсюджваліся ўлёткі з патрабаваньнем вызваленьня затрыманых. Нягледзячы на тое, што акцыя была несанкцыянаваная, ахоўнікі правапарадку зьявіліся толькі праз 50 хвілінаў. Міліцыянты патрульна-паставой службы Кастрычніцкага раёну “ветліва запрасілі” ўдзельнікаў пікету прасьледаваць у пастарунак. Там на затрыманых былі складзеныя пратаколы, у іх канфіскавалі сьцяг і плакаты. Пасьля гэтага пікетоўцаў адпусьцілі.
17 красавіка ў Цэнтральным судзе г.Мінску разглядалі адміністратыўную справу пенсіянеркі Ніны Адамаўны Ярмалінскай, затрыманай 25 сакавіка ў Дзень Волі. У якасьці сьведкаў выступалі супрацоўнікі міліцыі, якія затрымлівалі жанчыну. Сьведкі казалі пра тое, што быў загад “затрымліваць актыўных удзельнікаў мітынгу”, а Н.А.Ярмалінская трымала бел-чырвона-белы сьцяг, таму была “актыўнай”. Н.А.Ярмалінская не адмаўляла свайго ўдзелу ў мітынгу, сьцьвярджала, што дзень 25 сакавіка для яе зьяўляецца вялікім сьвятам, таму яна сьпецыяльна прыехала з Салігорску, каб узяць удзел у сьвяткаваньні. Судзьдзя Тацяна Паўлючук вынесла Н.А.Ярмалінскай папярэджаньне.
26 красавіка, у чарговую гадавіну Чарнобыльскай трагедыі, мінчукі ў 17 гадзінаў сабраліся на пляцы Волі. Акцыя пачалася з “Гадзіны смутку”. Прысутныя трымалі запаленыя сьвечкі. Адмыслова да “Чарнобыльскага шляху” мастак Генадзь Драздоў стварыў сьпецыяльную падстаўку для запаленых сьвечак, названую “Рэхафорум”. Пасьля заканчэньня жалобнае імшы “Рэхафорум” са сьвечкамі быў апушчаны на хвалі Сьвіслачы. Падчас “Гадзіны смутку” прысутныя сьпявалі патрыятычныя песьні, скрыпачка Аня Паўлава грала творы Шуберта, сьпяваў бард Пятро Русаў... У 18.10 ад пляцу Волі пачалося шэсьце. Калона рушыла па вулiцах Iнтэрнацыянальнай, Янкi Купалы i выйшла на прасьпект Скарыны. Удзельнiкi шэсьця скiравалiся да Акадэмii навук. Удзел у шэсьці прыняло больш за пяць тысячаў чалавек. Мiлiцыя не перашкаджала руху дэманстрантаў. Улады, якiя спачатку забаранiлi правядзеньне шляху ад пл. Волі да пл. Незалежнасьцi, вымушаныя былi пайсьцi на кампрамiсны варыянт. Напярэдаднi “Чарнобыльскага шляху” была дасягнутая неафiцыйная дамова з мiлiцэйскiм кiраўнiцтвам наконт маршруту пляц Волі – Акадэмiя навук. І таму падчас акцыi на шляху ўдзельнiкаў не было нiводнага мiлiцыянта. Каля Акадэмii навук адбыўся кароткi мiтынг, на якім выступiлi лiдэры апазіцыi.
У межах “Чарнобыльскага шляху” прайшлі акцыі ва ўсіх буйнейшых гарадах Беларусі:
У Магілёве прадстаўнiкi Партыi БНФ арганiзавалі шэраг мерапрыемстваў. 26 красавіка ў горадзе прайшла прэс-канферэнцыя, прысьвечаная праблемам Чарнобыля, на якую сабралiся мясцовыя журналiсты. У ёй браў удзел прэзідэнт дабрачыннага Фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы. Раздавалася гуманiтарная дапамога дзецям з радыяцыйнага цэнтру, былым лiквiдатарам (мiлiцыянтам), дзецям аднаго з дзiцячых дамоў гораду. Гуманiтарная акцыя, як сьцьвярджае старшыня абласной арганiзацыi БНФ Анатоль Фёдараў, будзе працягвацца. Нягледзячы на вялiкi дождж, у Магiлёве сабралася каля 500 чалавек, каб ушанаваць гадзiнай смутку памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы. Міліцыянты спрабавалi затрымаць Анатоля Фёдарава як арганiзатара акцыi, хаця заяўнiкам ён ня быў.
У Мазыры акцыя, прысьвечаная ўгодкам Чарнобыльскай катастрофы, гарвыканкамам не была дазволеная. Аднак заяўнiкi не зьмянілi свайго намеру сустрэцца, як было запланавана, а 18 гадзiне на вызначаным месцы. Каля 40 чалавек сабралiся ля чарнобыльскай каплiчкi. Удзельнiкаў акцыi ўжо чакалi мiлiцыянты — прыблiзна такая ж колькасьць. Удзельнiкi акцыi трымалi сьвечкi, моладзь скандавала: «Мы хочам жыць!». Аднак гэтым разам нiхто ня быў затрыманы, толькі напрыканцы заяўнiкаў акцыi мiлiцыянты запрасiлi «на размову».
У Баранавічах на цэнтральнай плошчы гораду а 17 гадзiне сабраліся некалькi дзясяткаў чалавек, каб ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы. Людзi трымалi плакаты з радыяцыйным знакам, сьвечкi, бел-чырвона-белы крыж. Удзельнiкi акцыі раздавалi лiтаратуру, прысьвечаную ўгодкам трагедыi. Некаторы час мiлiцыянты не чапалi ўдзельнiкаў акцыi, але праз 40 хвiлiнаў з боку мiлiцыi пачалi гучаць пагрозы аб затрыманьнi пiкетоўцаў. Людзi вымушаныя былi спынiць жалобную акцыю і разысьцiся.
У Слоніме з 17 гадзiнаў праходзiў пiкет, прысьвечаны 15-годзьдзю Чарнобыльскай аварыi. Сабралася каля 10 чалавек, якiя трымалi атрыбутыку на чарнобыльскую тэматыку і раздавалi сьпецвыпускi газетаў «Навiны БНФ» i «Рабочы».
У Берасьці пасьля замоўленых на 18 гадзiнаў малебнаў у каталiцкiм касьцёле і унiяцкай царкве ўдзельнікі акцыi выйшлi на галоўную вулiцу гораду –прасьпект Машэрава. Каля 200 чалавек у накiдках, на якiх быў намаляваны чарнобыльскi знак, стаялi з запаленымi сьвечкамi ўздоўж прасьпекту. Пазьней удзельнiкi акцыі рушылi па вулiцы і прайшлiся да кiнатэатру «Беларусь». Мiлiцыянтаў было шмат, але яны не перашкаджалі.
У Барысаве ў цэнтры гораду сабралася каля 150 чалавек, каб ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы. Удзельнiкi акцыi стаялi ланцужком, трымаючы ў руках сьвечкi. Мiлiцыянты затрымалi кiраўнiка мясцовай фiлii Праваабарончага цэнтру «Вясна» Зьмiцера Бародку, абшукалi ягоныя рэчы, але праз некаторы час адпусьцiлі яго. Перад пачаткам акцыi ў вучэльнi будаўнiкоў № 62 мiлiцыянты затрымалі 16-гадовага хлопца. Яго завезьлi спачатку ў мясцовы РАУС, а потым дахаты. У гэты час дома ягоных бацькоў не было. У кватэры мiлiцыянты правялі несанкцыянаваны вобыск i знайшлі 8 налепак і некалькi “апазіцыйных” значкоў. Пасьля гэтага мiлiцыянты пачалі запалохваць хлопца і «раiць» больш не хадзiць на акцыі апазіцыі.
У Гомелі, нягледзячы на моцны дождж, на акцыю сабралася больш за 200 чалавек. У памяць ахвяраў Чарнобыля прысутныя запалiлi сьвечкi і сьпявалi жалобныя песьнi.
У Салігорску падчас пікету, прысьвечанага наступствам Чарнобыльскай катастрофы, затрыманыя Анатоль Лобан і Сяргей Сулім (перасяленец з Чарнобыльскай зоны). Пікет на Цэнтральнай плошчы быў несанкцыянаваны. Затрыманым выпісалі позвы ў міліцыю.
28 красавіка грамадзкае аб’яднаньне “Прававая дапамога насельніцтву” правяло чарговы пікет з мэтай прыцягнуць увагу грамадзкасьці да праблемы зьніклых у Беларусі вядомых людзей і палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі. У пікеце ўзяло ўдзел да трыццаці чалавек.
частка 2
1 траўня раней называлі днём салідарнасьці працоўных усяго сьвету. Цяпер у Беларусі ён мае іншы назоў — Дзень працы, міру і вясны. “Сваім” яго лічаць ня толькі камуністы, але і сацыял-дэмакраты. У мінулыя гады яны і выходзілі на альтэрнатыўныя дэманстрацыі. Сёлета мінскія ўлады дазволілі толькі “масавыя гуляньні” ў парках сталіцы. Цэнтрам стаў парк імя Горкага, дзе сабраліся прадстаўнікі свабодных прафсаюзаў, камуністы-калякінцы і сацыял-дэмакраты Статкевіча. У цэлым “сьвяткаваньне” прайшло без эксцэсаў. Праўда, міліцыянты і “людзі ў цывільным” бяз працы ў дзень працы сябе не пакінулі. Ім не спадабаўся стары чалавек, інвалід Ігнат Марціновіч, які прыйшоў у парк з самаробнымі плакатамі пра бядотнае становішча інвалідаў у краіне. “Людзі ў цывільным” на вачах у “адпачываючых” скруцілі немаладога чалавека і адабралі плакаты.
Сьвяткаваньні з удзелам апазіцыі і, адпаведна, дробнымі інцыдэнтамі, адбыліся і ў іншых гарадах Беларусі:
У Гомелі ў шэсьці па вуліцах гораду ў прымусова-добраахвотным парадку прынялі ўдзел каля 10 тысячаў чалавек, аднак пакуль людзі дайшлі ад плошчы Паўстаньня, дзе абвяшчаўся збор, да плошчы Леніна — месца мітынгу — шэрагі дэманстрантаў прыкметна парадзелі. У выніку на плошчы засталося каля 1,5 тысячы чалавек. Падчас мерапрыемства супрацоўнікі РАУС Цэнтральнага раёну, якімі камандаваў капітан Сяргей Яфіменка, паспрабавалі затрымаць двух рабочых, што трымалі ў руках плакаты: “Мировым ценам — мировую зарплату” і “Дадим Саше 100$, чтобы не мешал нам зарабатывать больше”. Рабочыя Анатоль Паплаўны і Іван Адаменка не падпарадкаваліся патрабаваньням міліцыянтаў аддаць ім плакаты і ў знак пратэсту селі на ходнік. Капітан Яфіменка стаў выклікаць падмацаваньне, каб затрымаць рабочых. Дзеяньні міліцыі прывялі да таго, што натоўп, забыўшыся на трыбунных выступоўцаў, пераключыў увагу на валтузьню рабочых з міліцыяй. Людзі ўшчыльную сталі акружаць месца падзеяў. Тым часам насупраць трыбуны з мясцовым вертыкальным начальствам і ветэранамі Анатоль Паплаўны падняў транспарант з каляровым фотаздымкам Аляксандра Лукашэнкі. Вакол партрэту вянком былі налепленыя тысячныя купюры старога ўзору, а ніжэй — надпіс: «Уладу — мне, зямлю — дырэктарам саўгасаў, галечу — рабочым, прыгоннае права — сялянам, падачкі — бюджэтнікам, права на працу — бясплатна, права на бізнес — за грошы, хто ня згодны — у турму. Галасуйце за мяне, атрымаеце да канца стагодзьдзя па 100 даляраў». Якраз у той час, калі з трыбуны прамаўлялі аб правах працоўных, рабочых з нефармальнымі транспарантамі спрабаваў вывесьці капітан міліцыі Яфіменка. Некалькі мужчынаў у міліцэйскай форме і ў цывільным, якія прыбылі на падмогу капітану, адабралі плакат у Анатоля Паплаўнага, а яго самога ўзялі на рукі і панесьлі з плошчы. Да месца здарэньня прыбыў начальнік Цэнтральнага РАУС Іван Смолікаў. На пытаньне, у чым заключаецца правапарушэньне рабочых, палкоўнік Смолікаў адказаў, што ня бачыць складу правапарушэньня і паабяцаў адпусьціць затрыманага. Аднак праз некалькі хвілінаў супрацоўнікі міліцыі паспрабавалі затрымаць яшчэ і Івана Адаменку. Той не падпарадкаваўся, і ў яго сілай адабралі плакат. Праўда, праз 10 хвілінаў Анатоль Паплаўны вярнуўся, і абодва рабочыя змаглі бесперашкодна пакінуць месца інцыдэнту, але ўжо без плакатаў і без пашпартоў, якія засталіся ў міліцыянтаў. Нягледзячы на запэўніваньні міліцэйскага начальства, інцыдэнт на гэтым ня скончыўся. 4 траўня, калі Анатоль і Іван прыйшлі ў Цэнтральны РАУС, каб забраць пашпарты, ім давялося сустрэцца з палкоўнікам Смолікавым, які выпісаў рабочым штраф у памеры аднаго мінімальнага заробку.
У Горадні на агульнагарадзкім мітынгу ў гонар Першамаю было затрымана каля 20 чалавек. Ініцыятарам акцыі выступіла гарадзенская моладзевая кааліцыя дэмакратычных арганізацыяў. Сябры дэмакратычнай кааліцыі планавалі выйсьці на цэнтральную плошчу гораду пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Але ўжо на падыходзе да плошчы Леніна, дзе мелася адбыцца акцыя, былі затрыманыя старшыня мясцовай філіі Маладога Фронту Вадзім Саранчукоў і сябра БНФ “Адраджэньне” Дзьмітры Іваноўскі. Міліцыянты канфіскавалі сьцяг, а іх саміх адвезьлі ў Ленінскі РАУС.
Падчас акцыі былі таксама затрыманыя сябры Партыі БНФ Валеры Кісель, Вераніка Быстрыцкая, Андрэй Мялешка, карэспандэнт газеты “Пагоня” Павал Мажэйка, намесьнік старшыні Маладой Грамады Сьвятлана Нех, сябра Маладога Фронту Андрэй Сьцяпура, прадстаўнік Незалежных прафсаюзаў Мішык Айрапецян, кіраўнік Маладой Грамады Валянцін Аскірка, кіраўнік мясцовай арганізацыі БСДП (Народная Грамада) Міхал Патрэба. Былі затрыманыя журналісты незалежных рэгіянальных выданьняў “Пагоня” і “Біржа інфармацыі”. Людзей хапалі міліцыянты ў форме і “людзі ў цывільным”. На ўсіх затрыманых былі складзеныя “тлумачальныя”. Позву ў суд атрымаў старшыня Маладой Грамады Валянцін Аскірка. На яго быў складзены пратакол па арт.арт. 166, 156 КаАП РБ – дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі. Сам Аскірка так пракаментаваў падзеі: “Я думаю, што сёньня гарадзенская міліцыя дзейнічала па загадзе мэра гораду Пашкевіча. Іх мэтай было, каб мы “не псавалі ім сьвята”. Міліцыянты хапалі ўсіх, хто трымаў у руках сьцягі ці ўлёткі”.
У Берасьцi падчас першатравеньскага шэсьця, арганiзаванага ўладамi, былi затрыманыя Уладзiмір Вялiчкiн i Кiрыла Данько. Яны распаўсюджвалi сьпецвыпуск газеты «Рабочы», прысьвечаны праблемам i наступствам аварыi на Чарнобыльскай АЭС. Iнфармацыйная кампанiя «Чарнобыльскi шлях», як i абяцалi яе арганiзатары ў Берасьцi, цягнулася два тыднi i павiнна была скончыцца першага траўня. Менавiта ў гэты дзень сярод удзельнiкаў шэсьця планавалася распаўсюдзiць апошнiя сто асобнiкаў сьпецвыпуску газеты «Рабочы», надрукаванага да 15-х угодкаў Чарнобыльскай катастрофы. Гэтыя нумары выклiкалi вялiкую цiкавасьць у дэманстрантаў, якiя, дарэчы, прымалі ўдзел у “сьвяткаваньні” прымусова, па загадзе мясцовых уладаў. Прыкладна а 10 гадзiне ранiцы мiлiцыянты затрымалi Уладзiміра Вялiчкiна i Кiрылу Данько. Спачатку iх даставiлi ў абласное Упраўленьне ўнутраных справаў, дзе адбылося “абмеркаваньне” некаторых артыкулаў газеты. Потым Вялiчкiна i Данько адвезьлi ў Ленiнскi РАУС Берасьця. Там iх пратрымалi да 11-й гадзiны i адпусьцiлi, ня склаўшы пратаколы. Адначасова былi вернутыя i асобнiкi газеты «Рабочы», якiя яны яшчэ не пасьпелi распаўсюдзiць. Прыкладна ў гэты ж час супрацоўнiкi мiлiцыi спрабавалi перашкодзiць мясцовым актывiстам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыi (Народная Грамада) i сябрам Свабоднага прафсаюзу Беларускага прайсьцi асобнай калонай пад сваiмi сьцягамi. Напярэдаднi гэтым арганiзацыям, як i берасьцейскай фiлii Партыi камунiстаў Беларускай, улады адмовiлi ў правядзеньні самастойнага шэсьця i мiтынгу, спаслаўшыся на тое, што адзiным арганiзатарам першамайскай акцыi зьяўляецца Берасьцейскi гарвыканкам. Акрамя таго, апазіцыйныя партыi i прафсаюзы былi папярэджаныя, што падчас гэтай акцыi можна выкарыстоўваць толькi дзяржаўную сімволiку.
2 траўня ў Горадні пачаўся суд над Валянцінам Аскіркам, затрыманым 1 траўня падчас агульнагарадзкой дэманстрацыі. В.Аскірку інкрымінавалі арт.156 КаАП РБ (дробнае хуліганства). Але сьведкі — супрацоўнікі міліцыі — блыталіся ў паказаньнях. Чацьвёра сьведкаў з боку В.Аскіркі засьведчылі, што ягоныя дзеяньні зусім не нагадвалі хуліганскія – ён толькі прыладжваў бел-чырвона-белы сьцяг да дрэўка. У выніку судзьдзя Дземчанка перанёс судовае паседжаньне на 8 траўня. Неабходна шукаць новых сьведкаў.
У траўні ў Беларусі распачалася акцыя пад назовам “Хочам ведаць праўду!”. Арганізатар яе — Аб’яднаная грамадзянская партыя — прысьвячае акцыю лёсу палітычных ахвяраў беларускага рэжыму, якія памерлі альбо зьніклі за часы кіраваньня краінай Лукашэнкам. Мэта акцыі — зьвярнуць увагу грамадзкасьці на гэтую праблему.
7 траўня ў 11.30 чатыры чалавекі з г. Барысаву выйшлі на Кастрычніцкую плошчу ў г.Мінску, трымаючы ў руках плакаты з надпісамі. Як вядома, два гады таму 7 траўня зьнік Юры Захаранка, і таму нагадаць пра гэтую сумную дату грамадзяне вырашылі, стаўшы ў пікет насупраць Мінскага аблвыканкаму і трымаючы плакаты з надпісамі: “Дзе Захаранка?” “Хто наступны?”, “Дзе зьніклыя людзі?”, “Захаранка? Ганчар? Завадзкі? Красоўскі?” , “Рукі прэч ад апазіцыі”. Пікетоўшчыкі пасьпелі толькі разгарнуць свае плакаты, як адразу ж былі затрыманыя намесьнікам начальніка Цэнтральнага РУУС В.Барсуковым і дастаўленыя ў пастарунак. Затрыманымі аказаліся Зьміцер Фядорчанка, Алесь Барадуля, Сяржук Падзолка і непаўнагадовая Тацяна Ясюк. 8 траўня ў судзе Цэнтральнага раёну г. Мінску адбыўся суд над Зьміцерам Фядорчанкам. Яго судзілі па арт. 167.1. КаАП РБ (несанкцыянаваны пікет). Судзьдзя Вайцяховіч вынесла пастанову – штраф у памеры 20 мінімальных заробкаў. Суд над Алесем Барадулем перанесены на 14 траўня. Сяржук Падзолка і Тацяна Ясюк былі адпушчаныя без складаньня пратаколаў.
14 траўня ў судзе Цэнтральнага раёну г. Мінску адбыўся суд над Алесем Барадулем, які прымаў удзел у акцыі, прымеркаванай да двухгодзьдзя зьнікненьня Юрыя Захаранкі, арганізаванай актывістамі з г.Барысаву 7 траўня каля Мінскага аблвыканкаму. Нягледзячы на тое, што пікет прастаяў 3 хвіліны, судзьдзя Наталя Вайцяховіч вынесла пастанову па арт. 167.1 ч.1 КаАП РБ (парушэньне парадку правядзеньня мітынгаў, пікетаў). Алесь Барадуля пакараны штрафам у памеры 20 мінімальных заробкаў.
16 траўня ў Мінску падчас пікету, прысьвечанага праблеме зьнікненьня грамадзкіх дзеячоў у Беларусі, каля будынку Міністэрства ўнутраных справаў былі затрыманыя Людміла Бажок, Лявон Малахаў, Лявон Садоўскі. Удзе-льнікі пікету трымалі ў руках партрэты Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, якія зьніклі 16 верасьня 1999 году. Затрыманыя былі дастаўленыя маёрам В.Барсуковым у РУУС Цэнтральнага раёну.
16 траўня з 15 да 16 гадзінаў адбыўся пікет на месцы зьнікненьня (16 верасьня 1999 году) Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Пікет быў арганізаваны Аб’яднанай Грамадзянскай партыяй, сябрам якой быў Віктар Ганчар (як, дарэчы, і Юры Захаранка). Удзельнікі пікету стаялі з партрэтамі В.Ганчара і А.Красоўскага. Міліцыя назірала за пікетам. Афіцэр міліцыі перапісаў усіх удзе-льнікаў пікету. У гэты самы час побач былі заўважаныя супрацоўнікі АМАПу, вядомыя як “группа изъятия”, якія ажыцьцяўляюць затрыманьні людзей падчас акцыяў апазіцыі. Яны ж выступаюць як сьведкі на адміністратыўных працэсах. Амапаўцы накіроўваліся ў краму, якая знаходзілася непадалёку ад месца правядзеньня пікету. З крамы амапаўцы выйшлі з батонам каўбасы і 2 пляшкамі гарэлкі “КрыштальЛюкс”. Пры гэтым яны лаяліся нецэнзурна на адрас журналістаў і пікетоўшчыкаў, а таксама крыкнулі ў бок пікету: “Стрелять их надо!”. Пасьля гэтага накіраваліся ў бок будынку ДАІ.
18 траўня ў Мінску адбыліся акцыі пратэсту апазіцыі супраць правядзеньня Лукашэнкам “Другога Усебеларускага народнага cходу”. З іншадумцамі жорстка распраўляліся “людзі ў цывільным”... Зраніцы каля 30 актывістаў Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі правялі мірную акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску насупраць Палацу Рэспублікі, дзе пачаўся Сход. Праз некалькі хвілінаў удзельнікі акцыі былі атакаваныя асобамі ў цывільным, якія не паказвалі пасьведчаньняў супрацоўнікаў міліцыі, хапалі людзей, зьбівалі, тапталі і закідвалі ў машыны. Аднаму з лідэраў Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі Уладзіміру Юхо былі нанесеныя цялесныя пашкоджаньні. З пераломам рукі ён быў дастаўлены ў 6-ю клінічную бальніцу. Зраніцы было затрымана некалькі дзясяткаў чалавек. У затрыманай Захарэвіч здарыўся сардэчны прыступ. У 15.40 сябры Маладога Фронту правялі акцыю “Дзень музеяў” – маршыравалі ў піянерскіх гальштуках па прасьпекце Скарыны і вуліцы Леніна, за што і былі затрыманыя асобамі ў цывільным. Мэта гэтай акцыі: правесьці аналогію паміж дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу і персанажамі музею васковых фігураў. Сярод затрыманых “піянераў”: Алесь Нішчыц, Алесь Панцялей, Алесь Тарасаў, Ягор Куніца, Максім Азаронак. Па словах Алеся Панцялея, у машыне адзін з людзей у цывільным увесь час круціў у руках газавы балончык. У міліцыі ў хлопцаў перапісалі прозьвішчы, завялі ў актавую залу і трымалі пад наглядам міліцыянта да 19.00. У гэты самы час быў затрыманы лідэр Маладога Фронту Павел Севярынец, яго адвезьлі ў РУУС Савецкага раёну і паабяцалі “аформіць як бамжа без прапіскі”. Але потым, на думку Севярынца, “напэўна, далі загад зьверху”, і лідэра Маладога Фронту адпусьцілі, пратрымаўшы чатыры з паловай гадзіны. Увечары, пасьля заканчэньня сходу, уздоўж прасьпекту Скарыны актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі і іншых апазіцыйных партыяў і рухаў сталі ў ланцуг з партрэтамі зьніклых бяз зьвестак – Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Дзьмітрыя Завадзкага. Асобы ў цывільным (у майках з кароткімі рукавамі, паголеныя налыса, з накачанымі цягліцамі) перагарадзілі падыходуы да Кастрычніцкай плошчы. Прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў Вера Страмкоўская і Валянцін Стэфановіч неаднаразова зьвярталіся з патрабаваньнямі да асобаў у цывільным паказаць службовыя пасьведчаньні. На гэта ім адказвалі цынічнымі рэплікамі: “Мы вольнанаёмныя!”, “Мы хакеісты!”, “Мы з Ералашу!”. Але хутчэй за ўсё гэтыя людзі былі са службы аховы Лукашэнкі. Асобы ў цывільным выціснулі ўдзельнікаў акцыі ў метро, пры гэтым затрымалі журналіста і праваабаронцу Валерыя Шчукіна. Яму закруцілі рукі і закінулі ў машыну. Каля ўваходу ў метро былі затрыманыя 4 чалавекі, якія трымалі расьцяжку “Не здамо Беларусь!”. Пасьля таго, як большасьць удзельнікаў акцыі і журналістаў разышліся, яшчэ да 5 пікетоўцаў пад’ехалі дзьве машыны “Жыгулі”. Былі затрыманыя: Віталь Новікаў, Алесь Стральцоў, Сяргей Рабкевіч... Алесь Стральцоў пры арышце быў моцна зьбіты. Паводле сьведчаньняў назіральнікаў, у зьбіваньні прымалі ўдзел 8 “цывільных”. Білі рукамі і нагамі па нырках. Затрыманых даставілі ў ГАМ Ленінскага раёну, дзе на іх былі складзеныя пратаколы аб адміністратыўным правапарушэньні і ўзятыя расьпіскі, згодна з якімі затрыманыя абавязуюцца прыйсьці ў ГАМ у панядзелак у 9.00 раніцы.
18 траўня з 18.00 памяшканьне БНФ «Адраджэньне» на вул. Варвашэні, 8 знаходзілася пад узмоцненай «аховай» АМАПу і асобаў у цывільным. Аблогу трымалі каля гадзіны. Да ўваходу быў падагнаны аўтобус з амапаўцамі; акрамя таго, за сядзібай назіралі з шасьці машынаў насупраць. Міліцыянты правяралі асабістыя рэчы ўсіх, хто заходзіў у памяшканьне, альбо выходзіў з яго. Не выклікае сумневу, што аблога была зьвязаная з правядзеньнем Лукашэнкам «Другога Усебеларускага сходу» — міліцыянты зьявіліся адразу ж пасьля затрыманьня на Кастрычніцкім пляцы пяці маладафронтаўцаў. Відавочна, што такія дэманстратыўна беззаконныя дзеяньні ўжываліся ўладамі дзеля запалохваньня актывістаў дэмакратычных сілаў у дзень лукашэнкаўскага «хуралу».
24 траўня ў судзе Цэнтральнага раёну г.Мінску адбылося судовае пасе-джаньне па адміністратыўнай справе Сяргея Папкова – намесьніка старшыні Хрысьціянска-Кансерватыўнай партыі. Перадгісторыя судовага працэсу такая: напярэдадні акцыі 18 траўня (калі рыхтавалася мірная акцыя пратэсту супраць скліканага Лукашэнкам Усебеларускага сходу) Сяргею Папкову патэлефанаваў падпалкоўнік міліцыі Гірэль. Сэнс сказанага падпалкоўнікам зводзіўся да наступнага: калі Папкоў (які зьяўляўся адным з заяўляльнікаў акцыі 18 траўня) адмовіцца ад сваіх намераў і не павядзе людзей на плошчу, дык усё будзе добра. А калі не – дык давядзецца Папкову адказваць за ўдзел у акцыі 26 красавіка, арганізаванай да ўгодкаў Чарнобыльскай катастрофы. Па словах адваката С.Цурко, які абараняў Папкова, у дадзеным выпадку меў месца “шантаж з боку супрацоўнікаў міліцыі”. “Упершыню, — па словах адваката, — з матэрыялаў адміністратыўнай справы адкрыта вынікае, што міліцыя ажыцьцяўляе палітычны перасьлед, ужываючы пагрозы, прымушае грамадзянаў адмаўляцца ад свайго канстытуцыйнага права на мірныя сходы”. На судзе сьведкі-міліцыянты пацьвердзілі, што складалі рапарты на Папкова не 26 красавіка, а 15 траўня – такі быў загад. Гэты факт пацьвердзілі эксьперт-крыміналіст Маскоўскага РУУС Аляксей Анціпаў і эксьперт-крыміналіст Генадзь Гормаш (у апошняга ў рапарце наогул было напісана не “Папкоў”, а “Папоў”). Судзьдзя Наталя Вайцяховіч вынесла ў адносінах да Сяргея Папкова судовае рашэньне – папярэджаньне.
24 траўня ў Горадні судзьдзя Дзьмітры Дземчанка вынес рашэньне па адміністратыўнай справе Вадзіма Саранчукова (па арт.167. 1 ч.2 КаАП РБ), затрыманага 1 траўня на дэманстрацыі. Судовае рашэньне – штраф памерам 150 мінімальных заробкаў. Спачатку Вадзіма Саранчукова спрабавалі абвінаваціць у арганізацыі першамайскай акцыі, а пасьля судзьдзя вынес рашэньне па арт. 167.1 ч.2 КаАП РБ (паўторны ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці).
4 чэрвеня каля чыгуначнага вакзалу ў Горадні а 14 гадзіне актывісты АГП, Маладой Грамады і Маладога Фронту правялі акцыю «Хочам ведаць праўду». У руках маладыя людзі трымалі партрэты людзей, якія зьніклі бяз вестак: Захаранкі, Ганчара, Завадзкага, Красоўскага. Праз 15 хвілінаў да ўдзельнікаў пікету падышоў начальнік Ленінскага РУУС палкоўнік Васілеўскі ў цывільным і пачаў патрабаваць спыненьня несанкцыянаванай акцыі. У выніку быў затрыманы Тадэвуш Гавін – былы старшыня Саюзу палякаў Беларусі, які запытаўся ў міліцыянтаў, чаму яны дагэтуль не знайшлі свайго міністра – Юрыя Захаранку.
5 чэрвеня ў судзе Кастрычніцкага раёну г. Віцебску адбыліся суды над Юрасём Корбанам, Віктарам Шляхціным і Кастусём Смолікавым – удзельнікамі несанкцыянаванага пікету ў падтрымку палітзьняволеных – лідэраў беларускай апазіцыі. Нагадаем, што гэтая акцыя пратэсту прайшла 5 красавіка каля Амфітэатру. У гэты дзень Юрась Корбан – выдавец, прыватны прадпрымальнік і кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня «Цэнтр моладзевых ініцыятываў «Контур», Віктар Шляхцін – лідэр Маладога Фронту г. Віцебску і Кастусь Смолікаў – выканаўчы дырэктар «Контуру» выступілі супраць зьняволеньня вядомых лідэраў апазіцыі Вінцука Вячоркі і Алеся Бяляцкага, арыштаваных 25 сакавіка ў Мінску за ўдзел у мітынгу, прысьвечаным Дню Волі… І вось роўна праз два месяцы пасьля акцыі яе ўдзельнікаў выклікалі ў суд. У выніку Ю. Корбану, В. Шляхціну і К. Смолікаву вынесьлі пакараньне ў выглядзе папярэджаньня. Як адзначыў Юрась Корбан, судзьдзя па адміністратыўных справах суда Кастрычніцкага раёну Віцебску Аксана Афанасьева паставілася да абвінавачваемых досыць прыхільна. Ю. Корбан лічыць, што гэта цяпер агульная тэндэнцыя ў краіне: напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў органы ўлады зьніжаюць прэсінг. І яшчэ адна цікавая акалічнасьць: на ўсіх падыходах да будынку суда былі расклееныя налепкі Маладога Фронту з надпісам “Горад – наш!” Такім чынам моладзь вырашыла падтрымаць падсудных.
5 чэрвеня ў Горадні адбыўся суд над былым старшынёй Саюзу палякаў Беларусі Тадэвушам Гавіным, затрыманым падчас акцыі “Хочам ведаць праўду”. Суд вынес рашэньне – 3 сутак адміністратыўнага арышту. Т.Гавін быў узяты пад варту ў зале суда.
15 чэрвеня ў г. Дзяржынску былі затрыманыя сябры Аб’яднанай грама-дзянскай партыі Анатоль Лябедзька, Андрэй Максімаў, Лявон Малахаў, Алесь Карняенка, Уладзімір Радзівончык. Сябры АГП праводзілі ў Дзяржынску акцыю “Хочам ведаць праўду”. Як толькі яны разгарнулі пікет, зьявіліся міліцыянты з сабакамі і ўсіх затрымалі. Анатоль Лябедзька пасьпеў патэлефанаваць у штаб-кватэру АГП, і сувязь абарвалася. Сяброў АГП завезьлі ў Гарадзкі аддзел унутраных справаў г. Дзяржынску. Двух з затрыманых: Ула-дзіміра Радзівончыка і Алеся Карняенку падазраюць у дачыненьні да тэрарыстычнага акту, які адбыўся тыдзень назад на гарадзкім рынку (была кінутая граната).
23 чэрвеня адбылося ўшанаваньне памяці расстраляных 60 гадоў таму (у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны) каля дзесяці тысячаў палітзьняволеных – беларусаў, літоўцаў, палякаў... Энкавэдысты пры пасьпешлівым адступленьні Чырвонай арміі не змаглі своечасова “эвакуіраваць” у сібірскія лагеры гэтакзваных “ворагаў народу” і расстралялі невінаватых людзей непадалёку ад беларускага гораду Чэрвень. На месцы трагедыі адбыліся ўскладаньне кветак і жалобны мітынг. Беларускія ўлады не пакінулі без увагі і цяперашніх “іншадумцаў”. Іх шлях адсочваўся міліцыянтамі і “людзьмі ў цывільным”, кожны крок і кожны твар здымаліся на відэа.
3 ліпеня ў 16.30 падчас спартовай эстафеты, што праводзілася ў Мінску ў гэтакзваны Дзень Рэспублікі былы дэпутат Мінгарсавету 45-гадовы Сяргей Лапцеў кінуў у А.Лукашэнку, які ў гэты час бег па прасьпекце Скарыны на ролікавых лыжах, памідорам, і адразу быў затрыманы.
4 ліпеня суд Ленінскага раёну Мінску вынес рашэньне па адміністратыўнай справе Сяргея Лапцева, які 3 ліпеня кінуў у А.Лукашэнку памідорам. С.Лапцева асудзілі па арт.156 КаАП РБ (дробнае хуліганства). Слова “памідор” на працэсе не ўжывалася, яго замянілі на слова “прадмет”. Сьведкам на судзе выступаў эксьперт Крыміналістычнага цэнтру ГУУС Мінгарвыканкаму, начальнік аддзелу Вадзім Лагуноўскі, які затрымліваў С.Лапцева. На судзе С.Лагуноўскі засьведчыў, што падчас сьвята стаяў у трэцім шэрагу, назіраў за ўдзельнікамі спартовай эстафеты, і за сьпінай адчуў рух – кідок. Гэта і сталася падставай для затрыманьня. Абарона даводзіла суду, што Лапцеў не парушаў грамадзкі парадак, а “адрадзіў старажытную традыцыю закідваць памідорамі кепскіх актораў”. С.Лапцеў пацьвердзіў палітычныя матывы свайго ўчынку. Судзьдзя Дзьмітры Жданок вынес рашэньне – 7 сутак адміністратыўнага арышту, пачынаючы з моманту затрыманьня. На судзе прысутнічалі непаўнагадовыя дзеці Сяргея Лапцева, журналісты і прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Пасьля вынясеньня судовага рашэньня Сяргей Лапцеў пад канвоем быў дастаўлены ў сьпецразьмеркавальнік на вул. Акрэсьціна.
7 ліпеня, на першыя ўгодкі зьнікненьня журналіста Дзьмітрыя Завадзкага, на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску адбыўся пікет. У пікеце прымалі ўдзел тры чалавекі, якія прыехалі з Барысаву: Сяргей Падзолка і Зьміцер Фядорчанка трымалі партрэты Завадзкага, Аляксандр Барадуля – плакат. Праз 40 хвілінаў удзельнікі пікету былі затрыманыя і дастаўленыя ў суд Цэнтральнага раёну г.Мінску.
9 лiпеня адбыўся суд над удзельнікамі пікету 7 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Па справе Аляксандра Барадулі судзьдзя Наталя Вайцяховіч вынесла рашэньне – 10 сутак адміністратыўнага арышту. На астатніх удзельнікаў пікету ў судзьдзі не хапіла часу, таму Сяргей Падзолка атрымаў позву ў суд на 16 ліпеня, а Зьміцер Фядорчанка на 11 ліпеня.
11 ліпеня суд Цэнтральнага раёну г.Мінску разгледзеў адміністратыўную справу Зьміцера Фядорчанкі — удзельніка пікету, які адбыўся 7 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Судзьдзя Наталя Вайцяховіч вынесла рашэньне – штраф у 150 мінімальных заробкаў (больш за 750 даляраў ЗША).
18 ліпеня ў Маскоўскі ізалятар часовага ўтрыманьня г.Берасьця быў накіраваны адбываць пакараньне старшыня Берасьцейскай філіі Маладога Фронту Сяржук Бахун, які атрымаў 10 сутак арышту за тое, што адмовіўся аплочваць штраф у памеры 200 мінімальных заробкаў за удзел у несанкцыянаваным пікеце 10 сьнежня 2000 году з нагоды 52-й гадавіны прыняцьця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Як і першы раз, прысуд вынес судзьдзя суда Ленінскага раёну А.Міранюк, які загадаў узяць юнака пад варту ў зале суда.
20 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёну г.Мінску адбыўся разгляд адміністратыўнай справы Анатоля Падокшына – удзельніка акцыі пратэсту, арганізаванай падчас візіту кітайскага лідэра Цьзян Цзэміня ў Мінск. Судзьдзя Наталя Вайцяховіч вынесла судовае рашэньне – штраф у памеры 20 мінімальных заробкаў (больш за 100 даляраў ЗША). Наступныя суды над удзельнікамі акцыі адбудуцца: 23 ліпеня над Васілём Жакавым (судзьдзя Наталя Вайцяховіч); 25 ліпеня над Яраславам Шастаковым (судзьдзя Наталя Вайцяховіч).
23 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёну г.Мінску адбыўся разгляд адміністратыўнай справы Васіля Жакава – удзельніка акцыі пратэсту, арганізаванай падчас візіту кітайскага лідэра Цьзян Цзэміня ў Мінск. Справу разгледзела судзьдзя Наталя Вайцяховіч, якая вынесла папярэджаньне.
24 ліпеня супрацоўнікамі Жабінкаўскага РАУС былі затрыманыя Васіль Сьверэдчук і Анатоль Сасукевіч. На іх складзеныя пратаколы ў парушэньні арт.172 ч.3 КоАП РБ: “Распаўсюджаньне друкаванай прадукцыі, вырабленай з парушэньнем вызначанага парадку, і ня маючай выходных дадзеных...”. Дзеля працы з імі прыцягваўся нейкі старэйшы лейтэнант з КДБ, пасьля чаго матэрыялы былі перададзеныя старшыні раённага суда В.Новіку, а потым у выніку перамоваў з прадстаўнікамі РАУС і пракуратуры матэрыялы былі перададзеныя на разгляд пракурору раёну. У сувязі з тым, што з шыльды натарыяльнай канторы зьнік дзяржаўны герб, які быў знойдзены ў торбе Васіля Сьверэдчука, пракурор мусіць прыняць рашэньне: ці ўзбуджаць крымінальную справу супраць Сьверэдчука па арт. 370 КК РБ: “Зьнявага дзяржаўнага гербу...”.
Увечары 26 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасьці, у цэнтры Мінску адбылася несанкцыянаваная акцыя «Ланцуг неабыякавых людзей». Некалькі сотняў чалавек з партрэтамі зьніклых і зьняволеных палітыкаў расьцягнуліся самкнёным ланцугом ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці. Гэта была найбольш масавая акцыя, якая мела на мэце нагадаць пра зьнікненьні і загадкавыя сьмерці вядомых грамадзкіх дзеячоў, што адбываюцца апошнімі гадамі ў нашай краіне. Арганізатары акцыі «Ланцуг неабыякавых людзей» паведамілі, што раздалі каля 2000 партрэтаў зьніклых. У акцыі ўзялі ўдзел каля тысячы чалавек: жонкі зьніклых, вядомыя палітыкі, журналісты, простыя грамадзяне. Гэтым разам міліцыянты не заміналі ўдзельнікам акцыі і нават затрымалі (праўда, адразу ж адпусьцілі) чалавека, які парваў плакат з фотаздымкам Юрыя Захаранкі.
27 ліпеня пры сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці былі затрыманыя каля 18 актывістаў моладзевай арганізацыі “Зубр”. Сьвяткаваньне адбывалася ў раёне плошчы Перамогі, дзе да помніку былі ўскладзеныя кветкі. Арышты маладых людзей праходзілі дастаткова жорстка. Затрыманыя былі дастаўленыя ў Цэнтральны і Партызанскі РУУС Мінску, а таксама ў апорны пункт аховы правапарадку на плошчы Перамогі. У Цэнтральным РУУС знаходзіліся 10 чалавек, трох дарослых людзей выпусьцілі без складаньня пратаколаў, а на сямёх непаўнагадовых склалі пратакол па арт.167.1 КаАП РБ, пасьля чаго адпусьцілі. З Партызанскага РУУС таксама большасьць людзей былі адпушчаныя, некаторыя без складаньня пратаколаў. Частка людзей атрымала позвы ў суд на 30 ліпеня.
27 ліпеня ў Дзень Незалежнасьці ў Мінску на плошчы Бангалор з17 да 21 гадзіны праходзіў канцэрт пад назвай “Дом наш Беларусь”. У ім узялі ўдзел беларускія рок-гурты. На канцэрце прысутнічала больш за 1000 чалавек. Пасьля канцэрту былі затрыманыя некалькі гледачоў.
30 лiпеня ў судзе Цэнтральнага раёну г. Мінску адбыліся два суды. Паўла Вайноўскага і Зьміцера Галавіна судзілі па арт. 167.1 КаАП РБ (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня пікетаваньня). Судзьдзя Н.Вайцяховіч вынесла прысуды – папярэджаньні. П.Вайноўскі і З.Галавін былі затрыманыя 27 ліпеня пры сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці ў г. Мінску.
1 жніўня ў Салігорску за правядзеньне акцыі пад лозунгам “Хочам ведаць праўду” былі затрыманыя 8 чалавек. У акцыі прымалі ўдзел каля 30 чалавек. Усе ў майках з партрэтамі Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Дзьмітрыя Завадзкага. Праз 20 хвілінаў пасьля пачатку акцыі зьявілася міліцыя начале з намесьнікам ГРУУС падпалкоўнікам С.Купчэням. Былі затрыманыя: Максім Такмакоў (непаўнагадовы), Ілона Пласьцініна (непаўнагадовая), а таксама Міхаіл Малочка, Іван Жукавец, Наталя Струшко, Васіль Ціжык, Васіль Насановіч, Барыс Кароткіх. Праз дзьве гадзіны ўсіх адпусьцілі. Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі паабяцалі выдаць позвы іншым актыўным удзельнікам акцыі — Ларысе Насановіч, Леаніду Мархотку, Анатолю Лобану. Што і было зроблена 2 жніўня.
14 жніўня ў Магілёве адбылася акцыя “Ланцуг неабыякавых людзей”. А 18-й гадзіне больш за 50 актывістаў АГП, Маладога Фронту, “Зубра” сталі ў ланцуг на цэнтральнай плошчы гораду – Першамайскай. Праз 15 хвілінаў акцыя была разагнаная атрадам АМАПу. Было затрымана 16 чалавек. Усе затрыманыя вызваленыя праз дзьве з паловай гадзіны без складаньня пратаколаў. Дзеяньнямі міліцыі кіравалі падпалкоўнік Ермакоў і падпалкоўнік Алёнушкін. Сярод затрыманых: Зьміцер Букатаў, Валеры Сівуха, Аляксей Губко, Мікола Ільін, Яўген Драбязка, Алег Мяцеліца, Віктар Нізаўцаў.
4 верасьня ў Палацы Рэспублікі, што на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, кандыдат у Прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка ладзіў паказальную сустрэчу са сваімі выбаршчыкамі. У той самы час сюды прыйшлі больш за паўсотню чалавек, каб ланцугом неабыякавых людзей з партрэтамі бясьсьледна зьніклых у Беларусі асобаў стаць перад прывезенымі сюды на аўтобусах з усёй краіны прыхільнікамі А.Лукашэнкі. Сярод апранутых у майкі з надпісамі “Хочам ведаць праўду” людзей стаялі лідэр АГП Анатоль Лябедзька, намесьнік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык, жонка Генадзя Карпенкі Людміла. Вакол “жывога ланцуга” адразу ж паўсталі брытагаловыя асобы ў цывільным. Усе спробы ўдзельнікаў акцыі наблізіцца да Палацу Рэспублікі імі гвалтоўна спыняліся. У той жа час людзі, якія выходзілі з “Ікарусаў”, ішлі на сустрэчу з А.Лукашэнкам без усялякіх перашкодаў.
6 верасьня каля Дому афіцэраў у Мінску было затрымана больш за 10 чалавек – удзельнікаў акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей”, арганізаванай Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. Маладыя людзі раздавалі сьвежы сьпецвыпуск газеты “Беларуская маладзёжная”. Затрыманыя дастаўленыя ў ГАМ Ленінскага раёну на вул.Леніна.
14 верасьня ў касьцёле сьвятых Сымона і Алены, што на плошчы Незалежнасьці ў Мінску, адбылася жалобная імша ў памяць ахвяраў тэрарыстычных актаў у ЗША. Гадзіна смутку прайшла таксама на плошчы Свабоды каля Сьвята-Духава кафедральнага сабору. Між тым, беларускія ўлады занялі не зусім зразумелую пазіцыю. А.Лукашэнка меў намер 13 верасьня наведаць дыпламатычную місію ЗША дзеля выказваньня спачуваньня. Ён павінен быў зрабіць запіс у Кнізе спачуваньняў. Аднак ягоны картэж разьвярнуўся ў непасрэднай блізкасьці ад комплексу амбасады і паехаў назад. Амбасадар ЗША Майкл Козак, які наведаў мемарыяльную акцыю грамадзкасьці Мінску каля Сьвята-Духава кафедральнага сабору, на пытаньні журналістаў адмовіўся каментаваць тое, што адбылося.
17 верасьня ў Мінску больш за дзьвесьце чалавек сталі жывым ланцугом насупраць рэзідэнцыі Лукашэнкі. Акцыя была прымеркаваная да другой гада-віны з дня зьнікненьня былога віцэ-прэм’ера беларускага ўраду Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Людзі прыйшлі з партрэтамі ня толькі Ганчара і Красоўскага, але і іншых зьніклых ці памерлых пры нявысьветленых абставінах беларускіх палітыкаў: Юрыя Захаранкі, Генадзя Карпенкі, Анатоля Майсені, журналіста Зьміцера Завадзкага. У акцыі ўзялі ўдзел Зінаіда Ганчар, Ірына Красоўская, Людміла Карпенка, а таксама калегі Віктара Ганчара па Вярхоўным Савеце – Людміла Гразнова, Валеры Шчукін, Анатоль Лябедзька, Павал Знавец.
18 верасьня
4 кастрычніка ў судзе г.Баранавічы судзьдзёй па адміністратыўных справах Ж.Капачэўскай былі разгледжаныя справы двух удзельнікаў акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей”, праведзенай у горадзе 17 верасьня. Аднаго з удзельнікаў акцыі, Л.Трухановіча, выкладчыка гісторыі, “здаў” яго былы вучань – міліцыянт. А старшыня Баранавіцкай арганізацыі БНФ “Адраджэньне” А.Пікула быў апазананы па відэаздымках. Л.Трухановічу вынесенае папярэджаньне. А разгляд адміністратыўнай справы А.Пікулы перанесены на 9 кастрычніка ў сувязі з хадайніцтвам аб удзеле адваката.
8 кастрычніка ў Барысаўскім гарадзкім судзе былі разгледжаныя адміністратыўныя справы Зьміцера Вішнеўскага і Кацярыны Дзядко – удзельнікаў акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей”, якая адбылася яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў (у жніўні). Акцыя праходзіла пад лозунгам “Хочам ведаць праўду!” і была прысьвечаная лёсу зьніклых бяз зьвестак вядомых у Беларусі палітыкаў і журналістаў. Судзьдзя Аляксей Болатаў вынес Зьміцеру Вішнеўскаму і Кацярыне Дзядко папярэджаньні. Нагадаем, што за ўдзел у той самай акцыі Анатоль Аскерка быў пакараны штрафам у памеры 150 мінімальных заробкаў (каля 750 даляраў ЗША).
16 кастрычніка ў Гарадзкім судзе г.Баранавічы адбыўся суд над Алесем Пікулам – старшынёй Рады мясцовай філіі БНФ “Адраджэньне”. Алесь Пікула прымаў удзел у акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей” 17 верасьня. 16 кастрычніка адбылося ўжо трэцяе судовае паседжаньне, якое правяла судзьдзя Жана Капачэўская. Цікава, што сьведкамі на працэсе выступалі тры маёры міліцыі. Раней жа часьцей за ўсё сьведчылі ў судзе сяржанты і простыя паставыя міліцыянты. З гэтай нагоды адзін з прысутных пажартаваў – “запаважалі”. Судзьдзя вынесла рашэньне – пісьмовае папярэджаньне А.Пікулу.
6 сьнежня ў судзе Ленінскага раёну г.Горадня адбыўся судовы разгляд адміністратыўнай справы Дзьмітрыя Іваноўскага, затрыманага 29 лістапада падчас акцыі, прысьвечанай чарговым угодкам зьнішчэньня Фарнага касьцёлу Вітаўта. Дзьмітры Іваноўскі быў падвергнуты адміністратыўнаму спаганьню ў выглядзе штрафу ў памеры 150 мінімальных заробкаў (прыкладна 1000 даляраў ЗША). Нагадаем, што 29 лістапада ў акцыі прымалі ўдзел каля 200 чалавек. Удзельнікі сабраліся на месцы, дзе стаяла Фара Вітаўта, зрабілі крыж з яловых лапак. Дзьмітры Іваноўскі распавёў гісторыю Фары Вітаўта. Пасьля гэтага сьпявалі пеьсні і маліліся. Акцыя доўжылася прыкладна 35 хвілінаў.
14 сьнежня ў гарадзкім судзе г. Вілейка (Мінская вобласьць) судзьдзя Уладзімір Емельяновіч вынес рашэньне па адміністратыўнай справе ўдзель-нікаў акцыі “Ланцуг неабыякавых людзей” Уладзіміра Малярчука і Аляксея Сюдака. Абодвум прысуджаны штраф у памеры 20 мінімальных заробкаў (прыкладна 200 даляраў США).
18 і 19 сьнежня ў гарсудзе г.Баранавічы ішлі суды над удзельнікамі акцыі 9 сьнежня. Нагадаем, што ў той дзень адбылася акцыя “Ланцуг неабыякавых людзей”, прымеркаваная да чарговых угодкаў абвяшчэньня Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Падчас акцыі былі затрыманыя сябры незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр” Ю. Плотнікава, В.Дрозд і В.Кролікаў, якія былі абвінавачаныя ў правядзеньні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (арт. 167.1 КаАП РБ). 18 сьнежня В.Дрозд і В.Кролікаў заявілі, што нязгодныя з абвінавачаньнем у несанкцыянаваным шэсьці, што пратаколы былі вымушаныя падпісаць пад ціскам міліцыянтаў, якія ў адваротным выпадку пагражалі пакінуць іх у камеры да суда, а Юля Плотнікава заявіла хадайніцтва аб удзеле ў яе абароне адваката. Улічыўшы гэтыя акалічнасьці, судзьдзя Капачэўская прыняла рашэньне аб пераносе слуханьняў на наступны дзень. Цікавай была рэакцыя судзьдзі на хадайніцтва В.Кролікава аб допуску ў працэс свайго прадстаўніка ад ПЦ “Вясна”. Яна сказала, што па заканадаўстве ягоныя правы можа абараняць толькі адвакат. На гэта сябры ПЦ “Вясна” С.Гоўша і Ул. Гоўша запярэчылі і спаслаліся на п. 5 Пастановы №1 ад 25.03.99 г. Пленуму Вярхоўнага суда РБ. Пасьля азнаямленьня з Пастановай судзьдзя пагадзілася з праваабаронцамі. 19 сьнежня разгляд справы быў працягнуты. Суд выклікаў вялікую цікаваць з боку мясцовых СМІ і грамадзкіх арганізацыяў, што, верагодна, паўплывала на рашэньні: усе трое абвінавачваемых атрымалі папярэджаньні.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|