БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2001 годзе

Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2001 годзе3. КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЬЛЕД ПАЛІТЫЧНЫХ І ГРАМАДЗКІХ ДЗЕЯЧОЎ БЕЛАРУСІ, А ТАКСАМА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ МАСАВЫХ АКЦЫЯЎ АПАЗІЦЫІ. 
частка 1

8 студзеня Наталя Раўкова зьвярнулася ў Грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” з просьбай дапамагчы ў рэалізацыі яе законнага права быць абаронцам свайго мужа падчас крымінальнага працэсу. Наталя Раўкова – жонка былога прарэктара Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага інстытуту Уладзіміра Раўкова, які знаходзіцца пад вартай 17 месяцаў па абвінавачаньні ў хабарніцтве. У заяве ў ГА ПЦ “Вясна” Н.Раўкова піша: “У траўні 2000 г. я зьвярнулася з лістом на імя сьледчага пра допуск мяне абаронцам па справе майго мужа згодна з арт. 49 ч.3 КПК РБ. Я атрымала адмову са спасылкай на адсутнасьць у мяне юрыдычнай адукацыі і права займацца адвакацкай дзейнасьцю. У адказ на наступныя звароты на імя Галоўнага пракурора мне паведамілі, што перапіска са мною скончаная ў адпаведнасьці з Законам РБ “Аб зваротах грамадзянаў”. Згодна з арт. 62 Канстытуцыі РБ я абскардзіла ў судовым парадку парушэньне маіх правоў службовай асобай — сьледчым пракуратуры РБ. 20.11. 2000 году суд Цэнтральнага раёну г.Гомель прыняў рашэньне аб адмове ва ўзбуджэньні справы”. Гэтая адмова была матываваная тым, што Наталя Раўкова ня можа быць абаронцам свайго мужа, бо ўжо выступала ў гэтай справе ў якасьці сьведкі. Наталя Раўкова ў сваю чаргу сьцьвярджае, што паказаньняў яна не давала. Больш за тое, 21 чэрвеня 2000 году яна напісала адмову ад дачы паказаньняў, бо, згодна з арт. 289 ч.4 КПК РБ, яна мае на гэта права “як бліжэйшая сваячка”. Згодна з арт.62 Канстытуцыі РБ, Н.Раўкова мае права быць прадстаўніком свайго мужа ў судзе. Юлія Чыгір (жонка былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра) і Сьвятлана Уласава (дачка Васіля Лявонава – былога міністра сельскай гаспадаркі) скарысталі сваё права і выступілі ў судзе абаронцамі сваіх блізкіх. Уладзімір Раўкоў знаходзіцца ў рэспубліканскай бальніцы Камітэту па выкананьні пакараньняў пры МУС. Яго здароўе пагоршылася, па меркаваньні жонкі, у выніку выкарыстаньня падчас допытаў псіхатропных рэчываў і галадоўкі, якую Ул.Раўкоў праводзіў у СІЗА. Знаходзячыся ў бальніцы Ул.Раўкоў ня здолеў азнаёміцца з матэрыяламі сваёй справы пасьля заканчэньня папярэдняга сьледзтва. У выніку, у парушэньне арт. 200 КПК РБ, матэрыялы справы былі перададзеныя ў суд. 

10 студзеня скончыўся 18-месячны тэрмін утрыманьня пад вартай Зьміцера Абадоўскага (сына вядомага магілёўскага праваабаронцы Сяргея Абадоўскага), які быў затрыманы 10 ліпеня 1999 г. Згодна з ч.ч.2,4,6 арт. 127 КПК РБ, прынятага з 1 студзеня 2001г., далейшы працяг тэрміну ўтрыманьня пад вартай падчас папярэдняга сьледзтва не дапускаецца, і абвінавачваемы падлягае неадкладнаму вызваленьню з-пад варты. Пры гэтым у адносінах да абвінавачваемага павінна быць прымененая іншая мера стрыманьня. Нагадаем, што справа Зм. Абадоўскага пасьля судовага разгляду была накіраваная на дадатковае расьсьледваньне. Разам з тым, новы КПК не прадугледжвае “вылічэньня” з агульных тэрмінаў утрыманьня пад вартай часу знаходжаньня справы ў судзе, бо адсутнічае само палажэньне аб “накіраваньні справы на дадатковае расьсьледваньне судом”. 9 студзеня абаронцам Зм. Абадоўскага, ягоным бацькам С.Абадоўскім было заяўленае хадайніцтва сьледчаму УСК пры МУС па Магілёўскай вобласьці Гарадкову І.І. аб вызваленьні сына не пазьней за 10 студзеня, але сьледчым было прынятае рашэньне вынесьці Пастанову па гэтым хадайніцтве ў трохдзённы тэрмін, што азначае ў дадзеным выпадку парушэньне законных тэрмінаў утрыманьня пад вартай абвінавачваемага. Абаронца Сяргей Абадоўскі накіраваў скаргу на імя пракурора Магілёўскай вобласьці, дзе выклаў законныя патрабаваньні адносна вызваленьня сына з-пад варты. 

16 студзеня на цэнтральную плошчу г. Барысаву ў 9.30 выйшлі сябры БСДП (Народная Грамада) і Маладой Грамады Алесь Абрамовіч, Алеся Ясюк, Надзея Грачуха, Зьміцер Кузьняцоў і Міхаіл Кузьняцоў з патрабаваньнямі неадкладнай медыцынскай эксьпертызы стану псіхічнага здароўя Аляксандра Лукашэнкі. У якасьці назіральніка прысутнічаў сябра Барысаўскага аддзяленьня ГА ПЦ “Вясна” Зьміцер Бародка. Несанкцыянаваны пікет доўжыўся амаль паўгадзіны, пасьля чаго ўсе ўдзельнікі акцыі былі затрыманыя і дастаўленыя ў аддзяленьне міліцыі, дзе на іх былі складзеныя пратаколы адміністратыўнага правапарушэньня па арт. 167.1 ч.2 КаАП РБ (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Туды ж быў дастаўлены і Зьм. Бародка, якому давялося тлумачыць, што ў акцыі ён ня браў удзелу, а прысутнічаў толькі як назіральнік ад праваабарончай арганізацыі. На Зьміцера Бародку пратакол ня склалі. Матэрыялы на Зьміцера і Міхаіла Кузьняцовых накіраваныя ў камісію па справах непаўнагадовых, а Алеся Абрамовіча, Алесю Ясюк і Надзею Грачуху павезьлі ў суд. Судзьдзя Аляксей Болатаў, атрымаўшы матэрыялы справы, вырашыў іх не разглядаць, а накіраваў у пракуратуру на дадатковае дасьледаваньне, бо ўгледзеў у дзеяньнях пікетоўшчыкаў парушэньне арт. 368 новага Крымінальнага кодэксу РБ: “Зьнявага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Згодна з арт. 368 КК РБ, публічная зьнявага Прэзідэнта РБ караецца штрафам ці папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, ці арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да двух гадоў, ці пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін. Пікетоўшчыкі з Барысаву былі адпушчаныя і папярэджаныя, што яны ў хуткім часе атрымаюць позвы ў суд. Выпадак з узбуджэньнем крымінальнай справы па атрыкуле за “зьнявагу Прэзідэнта РБ” – пакуль што першы, бо адказнасьць за падобныя дзеяньні ўведзеная ў Беларусі толькі два тыдні таму. 

19 студзеня са шпіталю выпісалі Валерыя Шчукіна. Патэлефанаваўшы ў ПЦ “Вясна”, праваабаронца і журналіст В.Шчукін сказаў: “Я на свабодзе. Пакуль яшчэ вольны!..” У вайсковы шпіталь В.Шчукін быў дастаўлены 16 сту-дзеня пасьля няўдалай спробы прайсьці на прэс-канферэнцыю міністра ўнутраных справаў РБ Уладзіміра Навумава. Кіраўніцва МУС узбудзіла супраць В.Шчукіна крымінальную справу па арт. 399.1 новага Крымінальнага кодэксу РБ (хуліганства), які прадугледжвае пазбаўленьне волі на два гады альбо грамадзкую працу на 240 гадзінаў (10 сутак). 

5 лютага палітвязень Уладзімір Кудзінаў выйшаў на волю з калоніі ўзмоцненага рэжыму УЖ 15/1. Ён быў вызвалены згодна з арт. 431 ч.2 новага Крымінальнага кодэксу РБ. Першымі словамі Уладзіміра Кудзінава былі: “Я вельмі ўдзячны родным, блізкім і ўсім жыхарам Беларусі, якія падтрымлівалі мяне на працягу гэтых чатырох гадоў!..” 

7 лютага ў пракуратуру г.Барысаву былі выкліканыя Алеся Ясюк і Алесь Абрамовіч у якасьці падазраваемых па крымінальнай справе па арт. 368 Крымінальнага кодэксу РБ “Зьнявага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Гэта ня першы выклік у пракуратуру А.Ясюк і А.Абрамовіча па справе. 5 лютага іх ужо выклікалі сюды, але ў “якасьці сьведкаў”. Пры гэтым А.Ясюк была дастаўленая ў пракуратуру прымусова – з месца працы яе вывозіў нарад міліцыі. А.Абрамовіч зьявіўся ў пракуратуру без прымусу. А.Ясюк і А.Абрамовіч адмовіліся даваць паказаньні і падпісваць хоць што-небудзь, праявіўшы “грамадзянскае непадпарадкаваньне”. 

8 лютага Прэзідыум Выканаўчага Бюро Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) падрыхтаваў заяву, у якой патрабуе неадкладнага спыненьня крымінальнага перасьледу барысаўскіх сацыял-дэмакратаў – Аляксандра Абрамовіча, Алесі Ясюк, Надзеі Грачухі і непаўнагадовых братоў Кузьняцовых. У сувязі з гэтым, цытуем, “Прэзідыум Выканаўчага Бюро БСДП(НГ) зьвяртае ўвагу грамадзкасьці на тое, што расьсьледваньне крымінальнай справы супраць нашых таварышаў немагчымае без правядзеньня незалежнай эксьпертызы псіхічнага здароўя А.Лукашэнкі”. 

8 лютага адбылася прэс-канферэнцыя палітвязьня Уладзіміра Кудзінава, арганізаваная ГА ПЦ “Вясна”. Ул.Кудзінаў распавёў журналістам пра сваё чатырохгадовае знаходжаньне ў турме, пра ўмовы ўтрыманьня зьняволеных і парадкі, што пануюць у беларускіх турмах. 

9 лютага стала вядома, што пагоршыўся стан здароўя Уладзіміра Раўкова – былога прарэктара Гомельскага медінстытуту. Ул.Раўкоў чакае суда ў Гомельскім СІЗА ва ўмовах, што пагражаюць ягонаму здароўю. Пра пагаршэньне стану здароўя Уладзіміра Раўкова паведаміла ў ГА ПЦ “Вясна” ягоная жонка – Наталя Раўкова: “У мужа павысіўся ціск – 190 на 140. Я патэлефанавала пракурору па наглядзе, каб паведаміць, што ўмовы, у якіх утрымліваецца муж, не адпавядаюць нормам. Пракурор адказаў: “Чаго ж вы хочаце?! Ваш муж злачынца!” Мне давялося нагадаць пракурору пра існаваньне прынцыпу прэзумпцыі невінаватасьці – віна мужа не даказаная, судовы працэс пачнецца 13 лютага”. ГА ПЦ “Вясна” зьвяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі людзі, віна якіх не даказаная судом, утрымліваюцца ў сьледчых ізалятарах у цяжкіх умовах, зьняволеныя не атрымліваюць дастатковай медыцынскай дапамогі. Так, камера, у якой утрымліваецца Уладзімір Раўкоў, перапоўненая – у ёй на чалавека прыходзіцца менш за квадратны метр плошчы. Такім чынам ажыцьцяўляецца псіхалагічны і фізічны ціск, каб чалавек забыў пра сваю годнасьць і даваў “патрэбныя паказаньні”. 

19 лютага ў Гомелі пачаўся судовы працэс над групай выкладчыкаў Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага інстытуту па справе аб хабарніцтве (працэс павінен быў пачацца 13 лютага, але быў адкладзены з-за адсутнасьці аднаго з абвінавачваемых). Судовы працэс адбываецца ў будынку абласнога суда. З усіх абвінавачваемых толькі Уладзімір Раўкоў сядзіць па лаве падсудных за кратамі. 

20 лютага было вылучанае абвінавачаньне Аляксандру Чыгіру (малодшаму сыну былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра) па арт.205 ч.4 Крымінальнага кодэксу РБ: “Таемны крадзёж маёмасьці, учынены паўторна групай асобаў у асабліва буйных памерах”. Маці Аляксандра Юлія Чыгір упэўненая, што пакуль ня пройдуць прэзідэнцкія выбары, адным з кандыдатаў на якіх мяркуе быць М.Чыгір, сына будуць трымаць пад вартай і абвінавачваць ва ўсіх дзяржаўных СМІ Беларусі, каб цень падаў найперш на бацьку. 

21 лютага быў працягнуты судовы працэс над Ю.Бандажэўскім, Ул.Раў-ковым і яшчэ 8 супрацоўнікамі Гомельскага медінстытуту. Адвакат У.Раўкова хадайнічаў, каб жонку Ул.Раўкова Наталю Раўкову дапыталі ў якасьці сьведкі ў першых шэрагах, каб яна магла зайсьці ў судовую залу і прысутнічаць на працэсе. У хадайніцтве было адмоўлена. Наталя Раўкова гаворыць: “Перад уваходам у залу стаіць вайсковец у чыне капітана, яму дадзены загад не пускаць мяне. Ніводнае нашае хадайніцтва не было задаволенае. Ёсьць толькі невялікі “падаруначак” — з Ул.Раўкова зьнятае абвінавачаньне ў нашэньні халоднай зброі (паляўнічы нож) па арт. 296 КК РБ. Прынятае рашэньне аддаць яго ўладальнікам. Толькі я ня ведаю, каму гэты нож будуць аддаваць – тым хто падкінуў?” Варта зрабіць каментар. Абвінавачаньне па арт. 296 КК РБ зьнятае ў сувязі з тым, што гэты артыкул у новым Крымінальным кодэксе прадугледжвае адміністратыўную прыюдыцыю, што азначае: чалавек можа быць прыцягнуты за незаконнае нашэньне альбо перавозку халоднай зброі толькі калі гэта зьдзейсьнена на працягу году пасьля накладаньня адміністратыўнага спагнаньня за тыя ж дзеяньні. Ранейшы Крымінальны кодэкс прадугледжваў узбуджэньне крымінальнай справы адразу па факце нашэньня зброі. Гэты артыкул традыцыйна выкарыстоўваўся, калі патрэбна было арыштаваць пэўную асобу. 

22 лютага па хадайніцтве дзяржаўнага абвінаваўцы была перапыненая на адзін месяц вытворчасьць судовай справы па абвінавачаньні В.Шчукіна і М.Статкевіча ў арганізацыі і ўдзеле ў “Маршы Свабоды-1” 17 кастрычніка 1999 г. Працэс перапынены ў сувязі з недахопам прадстаўленых сьледзтвам доказаў у зьдзяйсьненьні М.Статкевічам і В.Шчукіным злачынства (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Згодна з новым Крымінальна-працэсуальным кодэксам (арт.302), “калі ў ходзе судовага разьбіральніцтва высьветліцца, што прад’яўленых доказаў недастаткова для вынясеньня прысуду, суд па хадайніцтве бакоў прыпыняе вытворчасьць па справе да аднаго месяца і прапаноўвае дзяржаўнаму абвінаваўцы арганізаваць правядзеньне дадатковых сьледчых і іншых працэсуальных дзеяньняў”. Калі сьледзтва не прадаставіць новых доказаў, то суд будзе вымушаны вынесьці апраўдальны прысуд, бо па новым Крымінальна-працэсуальным кодэксе справы нельга накіроўваць на дадатковыя расьсьледваньні. 

23 лютага адвакат Уладзіміра Раўкова Дзьмітры Іванішка выступіў з хадайніцтвам пра прызначэньне судовай медыцынскай эксьпертызы ў адносінах да свайго падабароннага. На запыт Дз.Іванішкі галоўны ўрач Гомельскага абласнога кардыядыспансера адказаў: “Раўкоў Ул.М. мае патрэбу ў стацыянарным лячэньні ў Гомельскім абласным кардыядыспансеры ад 22.02. 2001 году”. Па словах адваката, падчас судовага паседжаньня Ула-дзіміра Раўкова не забясьпечваюць абедам – ня кормяць на працягу дня, але ж Ул.Раўкоў прымае лекі. Акрамя таго, на кожным судовым паседжаньні Ул.Раўкову вымушаныя аказваць медыцынскую дапамогу ў сувязі з цяжкім станам ягонага здароўя. 

26 лютага судовы працэс над Ул. Раўковым быў працягнуты. Наталя Раўкова з дапамогай праваабаронцы і журналіста, дэпутата Вярхоўнага Савету РБ 13-га скліканьня Валерыя Шчукіна, пераадолеўшы ўсе кардоны, змагла прайсьці ў залу суда. Гэтае здарэньне адклала пачатак судовага працэсу амаль на 40 хвілінаў, але калі судзьдзя пачаў працэс, усе працэсуальныя нормы былі выкананыя. Сьведкам было прапанавана пакінуць залу суда. Пасьля гэтага Н. Раўкова выйшла з залы. Аднак дапамога В. Шчукіна дазволіла жанчыне пабачыць свайго мужа, падтрымаць яго. Сам В. Шчукін прысутнічаў на працэсе да заканчэньня рабочага дня. 

27 лютага на судзе над Ул.Раўковым прысутнічалі таксама прадстаўнікі Лонданскага аддзяленьня “Amnesty international”, ГА ПЦ “Вясна” і ГА “Прававая дапамога насельніцтву”. 

6 сакавіка ў Гарадзкім судзе г.Мінску разглядалася скарга Юліі Чыгір аб адмене прысуду Фрунзенскага суда, па якім яна была асуджаная па арт. 363 ч.2 КК РБ за супраціўленьне, аказанае супрацоўніку міліцыі 19 траўня 2000 году перад абвяшчэньнем прысуду яе мужу – былому прэм’ер-міністру Беларусі Міхаілу Чыгіру. Мінскі гарадзкі суд пакінуў бяз зьменаў прысуд Юліі Чыгір — два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на адзін год. Суд адмовіўся перагледзець відэакасету падзеяў 19 траўня 2000 году і не пажадаў праслухоўваць аўдыёзапіс працэсу ў Фрунзенскім судзе, які прызнаў Ю.Чыгір вінаватай. Юлія Чыгір заявіла пасьля вынясеньня рашэньня, што яно дэманструе адсутнасьць справядлівасьці ў нашай краіне, і пацьвердзіла палітычную матывіроўку перасьледу яе і ўсёй сям’і Чыгіроў. 

6 сакавіка нядаўні палітвязень, дэпутат Вярхоўнага Савету РБ 13-га скліканьня Уладзімір Кудзінаў паведаміў, што пасьля выхаду з турмы ня думае займацца, як раней, прадпрымальніцтвам, а вырашыў прысьвяціць сябе праваабарончай дзейнасьці. Ужо рыхтуюцца дакументы на рэгістрацыю праваабарончай арганізацыі. Былы палітвязень Уладзімір Кудзінаў назваў найгалоўнейшы прынцып сваёй будучай дзейнасьці: «Я буду абараняць праўду і толькі праўду». 

8 сакавіка прыйшла афіцыйная адмова ад сьледчага Салькова на просьбу Юліі Чыгір стаць адвакаткай свайго сына. Юлія Чыгір зьбіраецца абскардзіць адмову праз суд. Паводле новага Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, блізкія сваякі затрыманага дапускаюцца да ягонай абароны ня толькі з дазволу сьледчых, як было ў старым кодэксе, але і наўпрост, па заяве затрыманага. Патрэбная заява ў справе ёсьць. Такім чынам, сьледчы Салькоў яўна перавысіў свае паўнамоцтвы, што і трэба пацьвердзіць у судзе. Маці Аляксандра Чыгіра распавяла журналістам пра тое, як цяпер вядзецца расьсьледваньне. Паводле ейных зьвестак, ідзе татальная апрацоўка ўсіх сяброў Аляксандра. 

19 сакавіка ў Цэнтральным судзе г.Мінску пракурор запрасіў для праваабаронцы Валерыя Шчукіна 3 месяцы арышту. Нагадаем, што Валеры Шчукін быў затрыманы 16 студзеня ў Міністэрстве ўнутраных справаў РБ, дзе адбывалася першая прэс-канферэнцыя новага міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Навумава. Міністр адказваў на пытаньні, зьвязаныя з праблемай зьнікненьня людзей у Беларусі. В.Шчукін спрабаваў рэалізаваць сваё права на атрыманьне інфармацыі, але трое супрацоўнікаў аховы будынку павалілі В.Шчукіна на падлогу, пры гэтым было разьбітае шкло, аб якое В.Шчукін моцна парэзаўся. Пакуль прыехала “хуткая дапамога”, выкліканая па патрабаваньні прэсы, журналіст ляжаў у крыві на падлозе, да якой яго прыціскалі супрацоўнікі МУС. В.Шчукін быў дастаўлены ў вайсковы шпіталь у аддзяленьне мікрахірургіі. 

20 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Мінску судзьдзя Ільіна задаволіла патрабаваньне пракурора Рамашэўскага і вынесла прысуд Валерыю Шчукіну – арышт тэрмінам на 3 месяцы. Журналіст В. Шчукін быў асуджаны па арт. 339 ч.1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь “Злоснае хуліганства”. У 10-дзённы тэрмін ён мае права на абскарджаньне прысуду. На гэты час з яго ўзятая падпіска аб нявыезьдзе і адпаведных паводзінах. Калі касацыйная інстанцыя пакіне прысуд бяз зьменаў, В. Шчукін будзе адбываць пакараньне. 

3 красавіка Гомельскі абласны суд адхіліў хадайніцтва адваката Дзьмітрыя Іванішкі аб зьмяненьні меры стрыманьня былому прарэктару медінстытуту Уладзіміру Раўкову ў сувязі са станам задроўя. Суд адхіліў гэтае хадайніцтва без тлумачэньняў. Між тым, у сп. Раўкова відавочныя праблемы са здароўем. 30 сакавіка падчас судовага паседжаньня яму зрабілася дрэнна – сарваўся сардэчны рытм. Фельчар, які дзяжурыў у зале суда, быў вымушаны выклікаць “хуткую дапамогу”. Уладзімір Раўкоў быў дастаўлены ў бальніцу, дзе дактары пацьвердзілі, што Раўкову патрэбная шпіталізацыя, але сказалі, што “ня могуць яго пакінуць у бальніцы, бо не дазваляе кіраўніцтва СІЗА”. Жонка Ул.Раўкова Наталя сьцьвярджае: “Мой муж ужо ні на што не рэагуе, зусім безуважны, настроены на нейкую сваю хвалю – у СІЗА яго лечаць аднымі сродкамі, а ў судзе колюць зусім іншыя. 26 сакавіка ён зрабіў заяву, што яму вельмі кепска, і ён не разумее ходу судовага паседжаньня, але судзьдзя пакінуў заяву без увагі. Такім чынам, мой муж зусім хворы, але застаецца ў СІЗА. Які ў гэтым сэнс? Яго маглі б адпусьціць пад падпіску аб нявыезьдзе. Я нядаўна даведалася, што ўтрыманьне аднаго зьняволенага каштуе дзяржаве ў дзень 1 тысячу 100 рублёў. А ў Гомельскім СІЗА ўтрымліваецца 1600 чалавек”... 

У ноч з 4 на 5 красавіка супрацоўнікамі Цэнтральнага РУУС г.Мінску былі затрыманыя Аляксей Шыдлоўскі, Цімафей Дранчук, Зьміцер Драпачка і Алесь Апарыч. Хлопцаў затрымалі ля плоту, на якім былі запытальныя надпісы адносна лёсу зьніклых бяз вестак: “Дзе Ганчар?”, “Дзе Захаранка?”, “Дзе Красоўскі?”, “Дзе Завадзкі?”. Супрацоўнікі міліцыі паклалі затрыманых на зямлю, надзелі кайданкі і даставілі ў Цэнтральны РУУС. Супраць затрыманых можа быць узбуджаная крымінальная справа па арт. 341 КК РБ: “Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці”. Варта нагадаць, што Аляксей Шыдлоўскі ўжо прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці (па “справе графіці”) у 1998 годзе і атрымаў 1 год і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 
5 красавіка супраць чатырох удзельнікаў моладзевага руху супраціву “Зубр” – Аляксея Шыдлоўскага, Цімафея Дранчука, Зьміцера Драпачкі і Алеся Апарыча, арыштаваных за “графіці”, узбуджаная крымінальная справа па арт. 341 КК РБ: “Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці”, паводле якога прадугледжваецца адказнасьць у выглядзе “грамадзкіх работ альбо штрафу, альбо арышту на тэрмін да трох месяцаў”. У справе “зуброў” шмат працэсульных парушэньняў. Так, пастанова аб затрыманьні была складзеная не праз тры гадзіны, як прадугледжвае Крымінальна-працэсуальны кодэкс, а праз 12 гадзінаў пасьля затрыманьня (непасрэдна перад допытамі). У пастанове аб затрыманьні Цімафея Дранчука не пазначаны час складаньня пастановы. Між тым, у арт. 114 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ сказана: “Затрыманы мусіць быць вызвалены на падставе пастановы органа, які вядзе крымінальны працэс, у выпадку, калі: орган, які вёў крымінальны працэс вызначыў, што затрыманьне адбылося з парушэньнямі патрабаваньняў, устаноўленых дадзеным Кодэксам”. У тым жа арт. 114 КПК РБ сказана: “Вызваленая асоба ня можа быць зноў затрыманая па тым жа падозраньні”. Дарэчы, паводле артыкулу, па якім супраць “зуброў” узбуджаная крымінальная справа, прадугледжанае адбываньне пакараньня ў сьпецыяльных дамах для арышту. Аднак паколькі такіх дамоў у Беларусі пакуль няма, дык дзеля гэтых мэтаў будзе выкарыстаны СІЗА па вуліцы Валадарскага ў Мінску – турма, пабудаваная ў 19 стагодзьдзі... 

7 красавіка выйшлі з ізалятару часовага ўтрыманьня чацьвёра “зуброў”. Абвінавачаньне ім не прад’яўленае, але хлопцы прызнаныя “падазраваемымі” па новай “справе графіці”. Аляксей Шыдлоўскі, Цімафей Дранчук, Зьміцер Драпачка і Алесь Апарыч прабылі ў ізалятары часовага ўтрыманьня 72 гадзіны. Само паняцьце “падазраваемыя” ўведзенае новым КК РБ, які ўступіў у сілу ў 2000 годзе. Між тым, у пракуратуры г.Мінску пачнецца разгляд скаргаў адвакатаў на шматлікія працэсуальныя парушэньні, якія мелі месца пры затрыманьні “зуброў”. 

11 красавіка вызвалілі з-пад варты Сяргея Каляду — зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе. Аляксандру Чыгіру тэрмін утрыманьня пад вартай працягнулі на два месяцы (ён абвінавачваецца ў крдзяжы ў асабліва буйных памерах па арт. 205.4 КК РБ – ад 7 да 15 гадоў з каанфіскацыяй маёмасьці). Нагадаем, што А.Чыгір і С.Каляда былі затрыманыя 10 лютага на аўтамабільным рынку ў Ждановічах. З гэтага часу яны ўтрымліваліся ў СІЗА па вул. Валадарскага ў Мінску. Сяргею Калядзе інкрымінаваўвася арт. 236.ч.3 КК РБ (“Набыцьцё альбо збыт матэрыяльных каштоўнасьцяў, загадзя здабытых злачынным шляхам”), паводле якога прадугледжваецца пазбаўленьне волі на тэрмін ад 2 да 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці альбо без канфіскацыі. 7 красавіка адвакат Сяргея Каляды – Сяргей Цурко зрабіў хадайніцтва аб тым, што яго падабароннага няма сэнсу ўтрымліваць пад вартай – злачынства, у якім ён абвінавачваецца, не ўяўляе небясьпекі для грамадзтва. Апрача таго, Сяргей Каляда станоўча характэрызуецца – мае сталае месца жыхарства, сталы род заняткаў, раней не судзімы. Хадайніцтва было разгледжанае ў сьледчым камітэце і задаволенае. 
17 красавіка ў Мінскім гарадзкім судзе быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе лідэра БСДП (Народная Грамада) Міколы Статкевіча і дэпутата ВС 13-га скліканьня Валерыя Шчукіна. Іх абвінавачвалі ў арганізацыі і ўдзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушылі грамадзкі парадак (арт.186.3 Крымінальнага кодэксу РБ). У выніку паўторнага разгляду справы ў Гарадзкім судзе судзьдзя Высоцкая прысудзіла М.Статкевічу штраф памерам 100 мінімальных заробкаў (прыкладна 430 даляраў ЗША). В.Шчукіна ж пакаралі ня толькі па гэтай справе, але і за інцыдэнт у будынку МУС, таму ён атрымаў штраф у 30 мінімальных заробкаў і 3 месяцы арышту. Абодва асуджаныя маюць намер абскардзіць прысуд. 

10 траўня стала вядома, што сьледзтва прыйшло да высновы: у дзеяньнях грамадзянаў, якія запатрабавалі медыцынскай эксьпертызы стану псіхічнага здароўя Аляксандра Лукашэнкі, няма складу злачынства. Нагадаем, што 16 студзеня на цэнтральнай плошчы г.Барысаву Алесь Абрамовіч, Алеся Ясюк, Надзея Грачуха, Зьміцер Кузьняцоў і Міхаіл Кузьняцоў патрабавалі неадкладнай медыцынскай эксьпертызы стану псіхічнага здароўя Аляксандра Лукашэнкі. Несанкцыянаваны пікет доўжыўся амаль паўгадзіны, пасьля чаго ўсе ўдзельнікі акцыі былі затрыманыя і дастаўленыя ў аддзяленьне міліцыі, дзе на іх былі складзеныя пратаколы адміністратыўнага правапарушэньня па арт. 167.1 ч.2 КаАП РБ (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Судзьдзя Аляксей Болатаў, атрымаўшы матэрыялы справы, вырашыў іх не разглядаць, а накіраваў у пракуратуру на дадатковае расьсьледаваньне, угледзеўшы ў дзеяньнях пікетоўшчыкаў парушэньне арт. 368 ч.1 Крымінальнага кодэксу РБ: “Зьнявага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Згодна з арт. 368 ч.1 КК РБ, публічная зьнявага Прэзідэнта РБ караецца штрафам ці папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, ці арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да двух гадоў, ці пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін. 10 траўня справа па арт. 368 ч.1 Крымінальнага кодэксу РБ, па якім абвінавачвалі Алеся Абрамовіча, Алесю Ясюк і Надзею Грачуху, была спыненая за адсутнасьцю складу злачынства. Але застаюцца ў сіле пратаколы адміністратыўнага правапарушэньня па арт. 167.1 ч.2 КаАП РБ (парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Па гэтых правапарушэньнях яшчэ будуць адбывацца судовыя паседжаньні. 

15 траўня былому прарэктару Гомельскага медінстытуту Уладзіміру Раўкову прад’яўленае новае абвінавачаньне, у якім зьнятыя тры эпізоды (спроба дачы хабару) і дададзеныя два новыя (атрыманьне хабару) на падставе паказаньняў выкладчыцы біялогіі Наталі Фомчанкі, якая зьяўлялася членам прадметнай камісіі. Наталя Фомчанка дала паказаньні, што брала грошы і перадавала іх Уладзіміру Раўкову. Ул.Раўкоў адмаўляе гэты факт. Між тым, здароўе Ул.Раўкова, які знаходзіцца за кратамі з ліпеня 1999 году, зусім кепскае – праблемы з сэрцам, вельмі высокі ціск. 

21 траўня ў Гомельскім абласным судзе аднавіліся судовыя спрэчкі па справе супрацоўнікаў Гомельскага медінстытуту. На адным з судовых паседжаньняў на запыт судзьдзі: “Ці будзеце вы задаваць пытаньні сьведкам?” Ул.Раўкоў адказаў, што вельмі дрэнна сябе адчувае і ня здольны паўнавартасна ўдзельнічаць у судовым працэсе. Пасьля гэтага адвакат Ул.Раўкова Дзьмітры Іванішка зрабіў заяву пра ўнясеньне адказу падабароннага ў пратакол. Апрача гэтага, адвакат заяўляў наступныя хадайніцтвы: 1.Пра выклік дадатковых сьведкаў; 2.Пра выклік судмедэксьпертаў і псіхіятраў – з нагоды магчымага выкарыстаньня ў адносінах да Ул.Раўкова псіхатропных сродкаў у ліпені 1999 году. 3. Пра допуск жонкі Раўкова Наталі ў якасьці абаронцы. 4. Пра зьмяненьне меры стрыманьня (арышт на падпіску аб нявыезьдзе) у сувязі з кепскім станам здароўя. Суд адхіліў усе хадайніцтвы абароны, палічыўшы іх “неабгрунтаванымі”. 

21 траўня дзяржаўнае абвінавачаньне зьвярнулася да суда з просьбай асудзіць былога рэктара Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага інстытуту прафесара Юрыя Бандажэўскага да 9 гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў папраўча-працоўнай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Аналагічнае пакараньне бок абвінавачаньня прапануе і для былога прарэктара ВНУ Уладзіміра Раўкова. Таксама, на думку абвінавачаньня, падпалкоўнік медыцынскай службы Раўкоў павінен быць пазбаўлены вайсковага званьня... У дачыненьні да членаў прадметных экзаменацыйных камісіяў па беларускай мове Ніны Шамочак і біялогіі Наталі Фомчанка Пракуратура Беларусі просіць Вайсковую калегію Вярхоўнага суда, якая вядзе судовы працэс, прызначыць ім па 3 гады пазбаўленьня волі, а члену экзаменацыйнай камісіі па хіміі Ліліі Ганчаровай — 2 гады з адбываньнем пакараньня ў калоніі агульнага рэжыму. Двум бацькам, якія абвінавачваюцца ў дачы хабару, дзяржаўнае абвінавачаньне просіць вызначыць тэрмін, які яны правялі ў сьледчым ізалятары, — 6 і 4 месяцы адпаведна. І восьмы ўдзельнік крымінальнага працэсу, пасярэднік пры перадачы ўзнагароджаньня, на думку абвінавачаньня, павінен быць пакараны папраўча-працоўнымі работамі тэрмінам на 1,5 гады. Абвяшчаючы свае просьбы да суда, дзяржаўнае абвінавачаньне лічыць, што судовае сьледзтва праведзенае дакладна і ўсебакова, і віна ўсіх абвінавачваемых цалкам даказаная. Каментуючы пазіцыю пракурораў, абаронцы Бандажэўскага і Раўкова выказалі абсалютна іншыя меркаваньні. Адвакаты Аляксандр Баранаў і Дзьмітры Іванішка сьцьвярджаюць, што судовае сьледзтва не высьветліла механізму “дапамогі” студэнтам, і за што менавіта бацькі абітурыентаў плацілі замежную валюту, таксама засталося няясным. Абаронцы мяркуюць, што бок абвінавачаньня, дамагаючыся такога строгага пакараньня пры адсутнасьці ў справе доказаў віны абвінавачваемых, працягвае выконваць “палітычны заказ”. 

21 траўня стала вядома, што Еўрапейскі парламент прысудзіў Юрыю Бандажэўскаму Пашпарт свабоды. Ліст з паведамленьнем пра гэта, падпісаны дэпутатамі 15 краінаў Еўрасаюзу, накіраваны прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку. У ім зазначаецца, што крымінальны перасьлед “выдатнага беларускага навукоўцы” ў сусьветных навуковых колах “сустрэў толькі недавер і незадаволенасьць”. Дэпутаты Еўрапарламенту даводзяць, што яны абавязуюцца “аказваць усялякую дапамогу і спрыяньне ўладальніку дадзенага пашпарту дзеля забесьпячэньня ягонай бясьпекі і свабоды волевыяўленьня”, прычым гэта будзе зроблена як асабіста, гэтак і ў межах прадастаўленых ім палітычных функцыяў. “Мы будзем мабілізоўваць нашыя ўласныя меркаваньні і аказваць узьдзеяньне як на нашыя ўрады і міжнародныя арганізацыі, гэтак і на зацікаўленыя ўлады вашай краіны”, — сказана ў лісьце Еўрапарламенту. 

22 траўня ў спрэчках на судзе па справе “гомельскіх урачоў” выступілі прадстаўнікі абароны. Адвакат Уладзіміра Раўкова Дзьмітры Іванішка заявіў, што “вінаватасьць падсуднага Раўкова ў судзе не даказаная і грунтуецца на меркаваньнях, што недапушчальна”. 

25 траўня Вайсковая калегія Вярхоўнага суда Беларусі выслухала апошняе слова абвінавачваемых па крымінальнай справе Гомельскага медінстытуту. Былы прарэктар Уладзімір Раўкоў у сваім выступленьні некалькі разоў зьвяртаўся да прафесара Юрыя Бандажэўскага з просьбай дараваць яму. “Прашу прабачэньня ў вас за тое, што я быў вымушаны вас абгаварыць”, — сказаў Раўкоў, зьвяртаючыся да свайго былога начальніка. Менавіта Уладзімір Раўкоў даў паказаньні ў дачыненьні да Бандажэўскага, на падставе якіх прафесара затрымалі. Аднак праз тыдзень Раўкоў адмовіўся ад сваіх словаў і пасьлядоўна трымаецца гэтай пазіцыі. Былы прарэктар, у прыватнасьці, сьцьвярджае, што ў момант дачы паказаньняў да яго выкарыстоўвалі недазволеныя метады сьледзтва. Раўкоў таксама нагадаў суду, што яго судзілі, не прадаставіўшы магчымасьці азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Сваёй віны Уладзімір Раўкоў у судзе не прызнаў. Абвінавачаныя члены прадметных экзаменацыйных камісіяў Ніна Шамочак і Наталя Фомчанка ў сваім апошнім слове прызналіся, што яны супрацоўнічалі са сьледзтвам, дапамагаючы сьледчым падтасоўваць патрэбную інфармацыю супраць Ю.Бандажэўскага і Ул.Раўкова ў абмен на вызваленьне з-пад варты і прызначэньне мяккага пакараньня. Юры Бандажэўскі заявіў, што амаральныя метады супраць яго ўжываюць яшчэ з тых часоў, калі ён быў рэктарам. Гэтаму прафесар бачыць адзіную прычыну: ягоная пазіцыя як навукоўцы ў дачыненьні да наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС была недаспадобы ўладам. “Я зразумеў механізм узьдзеяньня радыенуклідаў на арганізм чалавека. Хачу сказаць, што ў плане захаваньня здароўя людзей мы стаім над безданьню”, – сказаў Ю.Бандажэўскі. 

Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2001 годзечастка 2

6 чэрвеня ў судовым працэсе па справе “гомельскіх урачоў” быў абвешчаны перапынак да 12 чэрвеня – яшчэ адзін з падсудных не пасьпеў сказаць сваё “апошняе слова”. У перапынку між судовымі паседжаньнямі праведзены вобыск у працоўным кабінеце жонкі былога прарэктара інстытуту Уладзіміра Раўкова — Наталі Раўковай. Выходзячы са свайго працоўнага кабінету, які месьціцца ў Чыгуначнай бальніцы, Наталя Раўкова сказала калегу: “Зьвярніце ўвагу, я сыходжу адсюль з супрацоўнікамі Упраўленьня па барацьбе з карупцыяй. Калі са мной што здарыцца (напрыклад, я зьнікну), дык майце на ўвазе...” Падчас вобыску ў працоўным кабінеце, які праводзіўся з удзелам панятых, на вачах супрацоўнікаў Чыгуначнай бальніцы нічога не было знойдзена – шукалі экзаменацыйныя лісты і сьпісы студэнтаў. Супрацоўнікі Упраўленьня па барацьбе з карупцыяй забралі Наталю Раўкову з сабой і павезьлі ў інтэрнат, дзе пражывае сям’я Раўковых. У інтэрнаце таксама быў праведзены вобыск. Наталя Раўкова рапавядае: “Гэта ўжо чацьвёрты вобыск у нашай кватэры за два гады. На працы – першы. Вы ўяўляеце, які вэрхал падняўся ў бальніцы? І ў кабінеце я не адна, апроч мяне там працуе яшчэ два чалавекі... Самае абсурднае, што муж ужо два гады ўтрымліваецца пад вартай. Што можна працягваць шукаць? Сама я ніколі ня мела адносінаў да працы прыёмнай камісіі. Усе гэтыя вобыскі я расцэньваю, як псіхалагічны ціск на мяне ў сувязі з актыўнай пазіцыяй, якую я займаю ў справе абароны свайго мужа. А ў апошні час у мяне пачалі зьяўляцца думкі: ці не зьбіраюцца мне што-небудзь падкінуць падчас чарговага вобыску?” 

10 чэрвеня пры спробе перасячэньня Дзяржаўнай беларуска-ўкраінскай мяжы па чужых дакументах (пашпарце) быў затрыманы прафесар Юры Бандажэўскі. Ю.Бандажэўскі знаходзіўся пад вартай, але мера стрыманьня яму была зьмененая на падпіску аб нявыезьдзе. Пасьля затрыманьня прафесар Бандажэўскі знаходзіўся ў ІЧУ (ізалятары часовага ўтрыманьня) г.Гомелю пакуль вырашалася пытаньне аб зьмене меры стрыманьня. Магчыма, Ю.Бандажэўскі будзе ўзяты пад варту і зноў зьмешчаны ў сьледчы ізалятар. 

12 чэрвеня жонка Юрыя Бандажэўскага Галіна заявіла, што затрыманьне яе мужа – правакацыя сьпецслужбаў. Па словах Галіны Бандажэўскай, Ю. Бандажэўскі планаваў ехаць цягніком на суткі ў Мінск, каб завезьці макет кнігі – “Радыёцэзій і прыроджаныя парокі разьвіцьця”. Бандажэўскі зьбіраўся вярнуцца ў Гомель 11 чэрвеня, бо на 12 чэрвеня вайсковая калегія Вярхоўнага суда Беларусі прызначыла працяг працэсу па справе хабарніцтва ў Гомельскім медінстытуце. Праз дзьве гадзіны пасьля таго, як прафесар Бандажэўскі адправіўся з дому нібыта на мінскі цягнік, яго затрымалі памежнікі ў Новай Гуце на беларуска-ўкраінскай мяжы. Камандзір Гомельскага памежнага атраду палкоўнік Бутранец паведаміў карэспандэнту Радыё Свабода адносна прафесара Бандажэўскага наступнае: “Ён спрабаваў перасекчы дзяржаўную мяжу па чужым пашпарце”. Пашпарт, наколькі вядома, належаў грамадзяніну Украіны. Прафесара Бандажэўскага даставілі ў Гомель і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Вядзецца адміністратыўнае расьсьледваньне спробы незаконнага пераходу мяжы. Бандажэўскага могуць трымаць у ізалятары як мінімум трое сутак, а з санкцыі пракурора – цэлых 10. Прафесар з дазволу памежнікаў патэлефанаваў жонцы. У кароткай тэлефоннай размове муж пасьпеў сказаць ёй: “Мы павінны быць удзячнымі памежнікам”. Галіна Бандажэўская выключае магчымасьць уцёкаў мужа перад вынясеньнем прысуду. 

15 чэрвеня стала вядома, што да прафесара Юрыя Бандажэўскага не пускаюць адваката. Гомельскія памежнікі не дазваляюць ягонаму адвакату Аляксандру Баранаву сустрэцца з падабаронным. 

18 чэрвеня быў вынесены прысуд па справе былога рэктара Гомельскага медінстытуту прафесара Ю. Бандажэўскага і былога прарэктара Ул.Раў-кова. Выязная вайсковая калегія Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь прызнала Ул. Раўкова і Ю. Бандажэўскага вінаватымі ў інкрымінаваных ім злачынствах і, згодна з ч.2 арт. 430 КК РБ (атрыманьне хабару), вынесла прысуд, згодна з якім Ю. Бандажэўскі і Ул.Раўкоў пакараныя на 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калоніі строгага рэжыму. У якасьці дадатковага пакараньня Ул.Раўкоў і Ю.Бандажэўскі асуджаныя да канфіскацыі маёмасьці, а Ул.Раўкоў пазбаўлены вайсковага званьня падпалкоўнік. Астатнім асобам, якія праходзілі па гэтай справе, вынесеныя ўмоўныя тэрміны з адтэрміноўкай выкананьня прысуду. Родныя і адвакаты асуджаных зьбіраюцца абскарджваць прысуд. 

19 чэрвеня вядомы адвакат Гары Паганяйла ў інтэрв’ю беларускай службе Радыё Свабода наконт гомельскай “справы ўрачоў” сказаў: “Прысуд абвешчаны, цяпер неабходна яго аспрэчваць. Але складанасьць у тым, што судовае паседжаньне праводзіў сябра Вайсковай калегіі Вярхоўнага суда Беларусі. Згодна з нашым заканадаўствам, вынесены прысуд нельга касацыйна абскардзіць і апратэставаць. Гэта можа адбыцца толькі ў парадку нагляду. Вось у чым складанасьць. Але я ня маю сумневу, што Бандажэўскі і ягоная абарона абскардзяць гэты прысуд. У гэтай справе было шмат парушэньняў, было парушанае права на абарону Бандажэўскага. Далей – сітуацыя вакол ягонага нібыта затрыманьня на мяжы і пазбаўленьня волі яшчэ да вынясеньня прысуду. Усё гэта сьведчыць пра тое, што ўлады хацелі б бачыць Бандажэўскага за кратамі”. 

26 чэрвеня праваахоўныя органы Беларусі вылучылі новае абвінавачаньне Аляксандру Чыгіру – сыну патэнцыйнага кандыдата ў Прэзідэнты краіны Міхаіла Чыгіра. Са словаў маці абвінавачваемага, Юліі Чыгір, Аляксандру інкрымінуецца “арганізацыя і кіраўніцтва злачыннай групоўкай”. Паводле сьледзтва, групоўка пад кіраўніцтвам Чыгіра-малодшага ня толькі збывала крадзеныя запчасткі ад аўтамабіляў, але і выкрала чатыры мікрааўтобусы. “Гэта ўжо трэцяя версія абвінавачаньня, якая кардынальна адрозьніваецца ад першапачатковай. І ў нас ёсьць доказы абсурднасьці гэтых абвінавачаньняў, але да суда мы ня будзем іх раскрываць”, – заявіла Юлія Чыгір. 

У 3 гадзіны ночы з 12 на 13 ліпеня ў Мінску былі затрыманыя 4 сябры руху “Зубр”. Па факце надпісу “Время выбирать!” узбуджаная крымінальная справа па арт. 218. ч.1 (наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці). Сярод затрыманых: Каця Шабан і Юры Антонаў. Арыштаваных даставілі ў Першамайскі РУУС, дзе яны знаходзіліся да вечара 13-га ліпеня. У РУУС затрыманых наведаў адвакат. 

26 ліпеня суд Партызанскага раёну г.Мінску вынес прысуд па крымінальнай справе чатырох удзельнікаў руху “Зубр”. Крымінальная справа была ўзбу-джаная паводле арт. 218 ч.1 КК РБ па эпізодзе, які меў месца ў студзені, калі надпіс “Зубр” зьявіўся на сьценах жылых дамоў па вуліцы Казлова і адміністрацыі Партызанскага раёну. Судзьдзя Барысёнак прызнаў падсудных вінаватымі ў наўмысным пашкоджаньні маёмасьці. Аляксей Шыдлоўскі быў асуджаны да двух гадоў папраўчых работ (па месцы працы) з вылічэньнем 20 адсоткаў заробку, Сяргей Коктыш – да двух гадоў папраўчых работ (па месцы працы) з вылічэньнем 10 адсоткаў заробку, а Анатоль Алізар і Аляксандр Ермакоў – да штрафу ў памеры ста мінімальных заробкаў. 

14 жніўня ў 18.40 у Шклове былі затрыманыя пяць актывістаў мабілізацыйнае кампаніі “Выбірай” (два з іх непаўнагадовыя). Маладых людзей затрымалі падчас перфомансу з вусатымі маскамі. Хлопцы ў масках заходзілі ў крамы і агітавалі пакупнікоў — абяцалі зарплату ўсім павысіць да 100 даляраў, пасадзіць усіх “жулікаў і прадпрымальнікаў” ды інш. Перфоманс быў спынены супрацоўнікамі міліцыі, якія ўспрынялі вусатыя маскі як выяву кандыдата ў прэзідэнты А.Лукашэнкі. Былі складзеныя пратаколы па арт. 156. КаАП РБ – дробнае хуліганства. Было праведзенае «изъятие» маскі ды іншых матэрыялаў, а таксама адзеньня (маек з сімволікай мабілізацыйнай кампаніі) і фотаапарату. Ноччу непаўнагадовых адпусьцілі, а паўнагадовых пакінулі ў міліцыі да суда. Паўнагадовыя затрыманыя: 
1. Шалашкаў Дзьмітры; 
2. Сенакосаў Дзяніс; 
3. Кісялёў Міхаіл. 
16 жніўня ў Шклове была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 368 ч. 1 КК РБ: «Публічная абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» супраць маладых людзей, затрыманых 14 жніўня падчас перфомансу з вусатымі маскамі. 

28 жніўня стала вядома, што ў Крычаве яшчэ на месяц працягнутае сьледзтва па крымінальнай справе, узбуджанай у адносінах да супрацоўнікаў газеты “Вольны горад”. Нагадаем, што крымінальная справа ў адносінах да Сяргея Няроўнага, Вадзіма Сьцефаненкі, Мікалая Маторанкі была ўзбуджаная па арт.183 ч.1 КК РБ (абмежаваньне асабістай свабоды шляхам гвалтоўнага ўтрыманьня). Пацярпелым па гэтай справе прызнаны лейтэнант аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Рыбчынскі, які зьявіўся ў рэдакцыю “Вольнага гораду” з праверкай. Мікалай Маторанка гаворыць: “Цяперашняя перадача справы ў пракуратуру зьвязаная з тым, што органы дазнаньня ня ў стане праводзіць сьледзтва па справе, у якой пацярпелым прызнаны супрацоўнік міліцыі. Да таго ж лейтэнант Рыбчынскі ўпарта ўхіляецца ад удзелу ў сьледчых дзеяньнях”. 

5 верасьня ў Рэчыцы (Гомельская вобласьць) заведзеная крымінальная справа па арт. 367 Крымінальнага кодэксу РБ (паклёп у адносінах да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які ўтрымліваецца ў публічным выступленьні, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі). Па гэтай справе затрыманая Наталя Брэль – сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Вядзе справу сьледчы раённай пракуратуры Юры Дзям’янчык. Арт. 367 Крымінальнага кодэксу РБ прадугледжвае адказнасьць альбо ў выглядзе штрафу, альбо папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, альбо абмежаваньне волі на тэрмін да 4 гадоў, альбо пазбаўленьне волі на той жа тэрмін. 
8 верасьня актывістка АГП Наталя Брэль была вызваленая пад падпіску аб нявыезьдзе з ізалятару часовага ўтрыманьня г.Рэчыцы. 27-гадовая Наталя Брэль тры дні знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрыманьня і ўвесь час адмаўлялася ад дачы паказаньняў. Яна была прызнаная падозраваемай па крымінальнай справе па арт. 367 Крымінальнага кодэксу. 

17 верасьня дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, вязень сумленьня Андрэй Клімаў у турме сустрэў сваё 36-годзьдзе. 17 сакавіка 2000 году Клімаў быў прыгавораны судом Ленінскага раёну г.Мінску да шасьці гадоў турмы. 

19 верасьня пракуратура Крычаўскага раёну зноў пачала допыты супрацоўнікаў крычаўскай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага, Вадзіма Сьцефаненкі і Мікалая Маторанкі. На Няроўнага, Сьцефаненку і Маторанку ўзнавілі крымінальную справу, абвінаваціўшы ў незаконным затрыманьні супрацоўніка міліцыі. Гэтае абвінавачаньне было вылучанае некалькі месяцаў таму, калі міліцыянты захапілі крычаўскі офіс выбарчага штабу Сямёна Домаша і канфіскавалі ўсю аргтэхніку газеты “Вольны горад”. 

26 верасьня ў судзе Цэнтральнага раёну г. Мінску быў працягнуты працэс па справе Сяргея Віньнікава (сына экс-старшыні Нацбанку РБ Т.Віньнікавай, якая з-пад “дамашняга арышту”, які адбывала пасьля дзесяці месяцаў турэмнага зьняволеньня, эмігравала ў Англію) і яшчэ трох грамадзянаў, абвінавачваемых у незаконным абароце наркатычных сродкаў. Суд пачаўся 5 верасьня, аднак у сувязі з хваробай Віньнікава разбіральніцтва справы было прыпыненае. У гэты дзень судзьдзя Пётр Кіркоўскі задаволіў хадайніцтва падсудных аб правядзеньні слуханьняў справы ў закрытым судовым паседжаньні. Гэта было зроблена ў адпаведнасці з артыкулам 23 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь “...у мэтах прадухіленьня абвяшчэньня зьвестак аб інтымных баках жыцьця асобаў, якія бяруць удзел у справе, або зьвестак, што прыніжаюць іх годнасьць”. 26 верасьня ў судзе дзяржаўны абвінаваўца абвясьціў абвінаваўчае заключэньне па матэрыялах папярэдняга сьледзтва. Затым пачаўся допыт абвінавачваемых. Нагадаем, што Сяргей Віньнікаў, а таксама нараджэнец Літвы, зараз грамадзянін Беларусі Ёнас Арлаўскас былі затрыманыя 21 сакавіка 2001 году. Яны абвінавачваюцца па ч.3 арт. 328 КК Беларусі, які прадугледжвае паўторнасьць злачынных дзеяньняў, іх групавы характар і г.д., што караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў. 

4 кастрычніка суд Цэнтральнага раёну г.Мінску прызнаў Сяргея Віньнікава, сына былога старшыні Нацыянальнага банку Беларусі Тамары Віньнікавай, вінаватым у незаконным абароце наркотыкаў і асудзіў яго да двух гадоў папраўчых работ без пазбаўленьня волі. На працягу гэтых двух гадоў з заробкаў Віньнікава, які да арышту займаўся прыватным бізьнесам, 20 адсоткаў будзе пералічацца на карысьць дзяржавы. Вінаватымі ў незаконным абароце наркотыкаў прызнаныя яшчэ тры чалавекі, якія праходзяць па гэтай крымінальнай справе. Усе яны атрымалі розныя пакараньні – ад штрафу да пазбаўленьня волі на два гады. Нагадаем, што Сяргей Віньнікаў правёў у сьледчым ізалятары пяць месяцаў; у ліпені гэтага году яго выпусцілі на волю па стане здароўя. Суд над сынам экс-кіраўніка Нацбанку быў закрытым, прычым, як сьцьвярджае яго адвакат Аляксандр Пыльчанка, ініцыятарам гэтага стаў сам Віньнікаў. С.Віньнікаў сваёй віны не прызнаў, аднак пакуль невядома, ці мае ён намер абскардзіць прысуд. А наогул незалежныя назіральнікі прызнаюць гэткі вырак суда надзіва мяккім і лічаць, што гэта зьвязана з “маўчаньнем Т.Віньнікавай”, якая так шмат казала, што мае кампрамат супраць А.Лукашэнкі, аднак не скарыстала яго падчас выбарчай кампаніі, бо сын знаходзіўся ў турме... 

12 кастрычніка “ў сувязі з адсутнасьцю складу злачынства” была спыненая крымінальная справа, узбуджаная ў адносінах да супрацоўнікаў газеты “Вольны горад”. Крымінальная справа супраць Сяргея Няроўнага, Вадзіма Сьцефаненкі, Мікалая Маторанкі была ўзбуджаная па арт.183 ч.1 КК РБ (абмежаваньне асабістай свабоды шляхам гвалтоўнага ўтрыманьня). 

21 лістапада быў арыштаваны дырэктар мінскага ЗАТ “Атлант” Леанід Калугін. Мінскі завод халадзільнікаў – адно з самых стабільных прадпрыемстваў у краіне, але арышт яго дырэктара мала каму падаўся дзіўным. Адразу ж прыгадалася, што, нягледзячы на неаднаразовыя захады з боку адміністрацыі Лукашэнкі, Л.Калугін на нядаўніх выбарах прэзідэнта сваю кандыдатуру ня зьняў. А такое не забываецца... Л.Калугін абвінавачваецца адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: у злоўжываньні ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі (арт. 424 ч.3), невяртаньні з-за мяжы замежнай валюты (арт. 225), незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці (арт.233 ч.2)... Рабочыя заводу выступілі з заявай у падтрымку свайго дырэктара, у якой выказалі сумненьні, што Л.Калугін, які да таго ж зьяўляецца глыбока веруючым чалавекам і шмат дапамагаў праваслаўнай царкве, учыніў крымінальныя злачынствы. А сам 61-гадовы Л.Калугін адразу пасьля арышту ў сьледчым ізалятары аб’явіў галадоўку, аднак па стане здароўя пратрымаў яе толькі суткі... 

22 кастрычніка была ўзноўленая крымінальная справа адносна журналістаў крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад”. Журналісты даведаліся пра гэта толькі на пачатку лістапада, калі іх зноў пачалі выклікаць на допыты. Справа супраць Вадзіма Сьцефаненкі, Сяргея Няроўнага і Мікалая Маторанкі была ўзбуджаная яшчэ ў ліпені. Тады іх абвінавацілі ў незаконным пазбаўленьні волі (арт. 183 п.1 КК РБ) супрацоўніка міліцыі. Самі журналісты назвалі прычынай іх перасьледу жаданьне крычаўскай “вертыкалі” спыніць выпуск “Вольнага гораду” і абмежаваць грамадзкую актыўнасьць супрацоўнікаў рэдакцыі. 12 кастрычніка г.г. было прынятае рашэньне аб спыненьні крымінальнай справы “з-за адсутнасьці складу злачынства”. Журналісты “Вольнага гораду” падрыхтавалі неабходныя дакументы дзеля звароту ў суд з патрабаваньнем кампенсацыі Крычаўскім РУУС маральнай страты. Аднак пасьля гэтага в.а. Крычаўскага міжрайпракурора палічыў закрыцьцё справы незаконным і ўзнавіў па ёй сьледзтва... 
6 сьнежня ўзбуджаная крымінальная справа па факце вандалізму на месцах масавых пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах: разбурэньня ўстаноўленай падчас візіту ў Беларусь прэзідэнта ЗША Біла Клінтана мемарыяльнай лаўкі. Сьледчыя Мінскага раёну прыехалі ў штаб-кватэру БНФ і дапыталі па гэтай справе ў якасьці сьведкаў некалькі членаў БНФ і лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца. Міліцыю цікавіла думка абаронцаў Курапатаў адносна варварскай акцыі. Адзначым, што сьледчыя дзеяньні пачаліся амаль праз 3 месяцы пасьля разбурэньня памятнага знаку. Павел Севярынец расцаніў гэтыя дзеяньні як вынік палітычнай кан’юнктуры, жаданьне адначасова зрабіць рэверанс у бок Амерыкі ў новым геапалітычным становішчы і згладзіць грамадзкі шок, выкліканы разбурэньнем Курапатаў. 

3 сьнежня стала вядома, што зноў прыпыненая крымінальная справа, узбуджаная супраць журналістаў крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага, Вадзіма Сьцефаненкі і Мікалая Маторанкі. Нагадаем, што крымінальная справа супраць іх была ўзбуджаная сёлета 12 ліпеня. У першы раз яна была спыненая 15 кастрычніка з-за адсутнасьці складу злачынства, але 22 кастрычніка – адноўленая, каб цяпер зноў быць спыненай... 

12 сьнежня ў Мінскім гарадзкім судзе распачаўся судовы працэс над удзельнікамі “Маршу Свабоды” 17 кастрычніка 1999 году Глебам Догілем, Германам Сушкевічам, Антонам Лазаравым і Андрэем Валабуевым. Яны абвінавачваюцца па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ: 186.3 (аргані-зацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія парушаюць грамадзкі парадак) і 201.2 (злоснае хуліганства). Вядзе справу судзьдзя Валеры Камісараў. Глеба Догіля, Германа Сушкевіча, Антона Лазарава і Андрэя Валабуева затрымалі пасьля “Маршу Свабоды“ 17 кастрычніка 1999 году. Іх абвінавацілі ў тым, што яны падчас разгону дэманстрацыі нібыта кідалі камяні ў салдатаў унутраных войскаў. Пракуратура распачала крымінальную справу. Хлопцаў арыштавалі і некалькі дзён трымалі пад вартай. Пасьля гэтага пракуратура задаволіла хадайніцтвы абароны, каб затрыманых выпусьцілі пад падпіску пра нявыезд. Глеб Догіль, Герман Сушкевіч, Антон Лазараў і Андрэй Валабуеў ня сталі чакаць суду. Яны зьехалі ў Польшчу і там атрымалі палітычны прытулак. Усе ўладкаваліся на вучобу і цяпер вучацца ва ўніверсітэтах. Судовае разьбіральніцтва па справе ўдзельнікаў “Маршу Свабоды” — завочнае, без удзелу абвінавачваемых, што дазваляецца згодна з арт. 294 беларускага Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Пасьля апытаньня сьведкаў пракурор папрасіў суд арыштаваць хлопцаў на тры месяцы. 

19 сьнежня ў судзе Ленінскага раёну г.Мінску пачалося судовае паседжаньне па крымінальнай справе Аляксандра Чыгіра, сына М.Чыгіра – былога прэм’ер-міністра Беларусі, аднаго з кандыдатаў на пасаду прэзідэнта на выбарах 2001 году, які абвінавачваецца па арт 205 ч.3 РБ у крадзяжах аўтамабіляў у асабліва буйных памерах, зьдзейсьненых арганізаванай групай. Нагадаем, што А. Чыгір быў арыштаваны 10 лютага 2001 году на аўтамабільным рынку ў Ждановічах. Юлія Чыгір, маці Аляксандра, адразу выказала ўпэўненасьць, што арышт малодшага сына – правакацыя, зьвязаная з удзелам Міхаіла Чыгіра ў палітыцы. Па словах адваката Дзьмітрыя Іванішкі, Аляксандр Чыгір з самога пачатку вінаватым сябе не прызнаваў і не прызнае. 

У сьнежні Аляксандр Лукашэнка адмовіўся памілаваць прафесара Юрыя Бандажэўскага, які месяц таму зьвярнуўся да яго з адпаведнаю просьбай. Адмову Юры Бандажэўскі атрымаў у мінскай калоніі, дзе ён правёў больш за 5 месяцаў паводле прысуду за хабарніцтва. Сваякі Бандажэўскага сьцьвярджаюць, што ў адказе з канцылярыі адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі «лаканічна паведамляецца пра тое, што просьба аб памілаваньні не задаволеная, а тлумачэньняў ніякіх няма». 

29 сьнежня судзьдзя Валеры Камісараў прызнаў вінаватымі ў парушэньні арт. Арт. 186.3 і 201.2 Крымінальнага кодэксу РБ Г.Догіля, Г.Сушкевіча, А.Лазарава і А.Валабуева і вызначыў ім меру пакараньня: штрафы ў памеры 50 мінімальных заробкаў. 


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна

 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster