|
5. ПАРУШЭНЬНІ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА ПАДЧАС ВЫБАРАЎ ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ.
частка 1
21 чэрвеня ў г. Столін у кватэру Дзяніса Марчанкі ўварваліся Г.Севераў са Столінскага РАУС і М.Бруцкі – супрацоўнік КДБ з г. Пінск. На кватэры самога гаспадара ў гэты час не было, але знаходзіўся Аляксандр Славінскі са сваімі сябрамі, і яны былі вымушаныя адчыніць дзьверы.Увайшоўшыя ў кватэру паводзілі сябе нахабна, пачалі абшукваць асабістыя рэчы гаспадара кватэры. На патрабаваньне прад’явіць ордэр на вобыск, Севераў адказаў: “Это не обыск, а осмотр. И у нас есть на это все основания”. Якія гэта падставы, ён не ўдакладніў. Патрабаваньне нічога не чапаць і пакінуць межы прыватнай маёмасьці было праігнараванае. Потым “госьці” запатрабавалі ва ўсіх прысутных у кватэры прад’явіць дакументы. Калі высьветлілася, што ў А.Славінскага няма пашпарту, са Столінскага РАУС быў выкліканы капітан Гарагляд, і ў суправаджэньні Г.Северава і капітана Гарагляда Славінскі быў дастаўлены ў пастарунак дзеля высьвятленьня асобы. Па дарозе яму пагражалі фізічнай расправай, усяляк зьневажалі. У Столінскім РАУС Славінскага пратрымалі больш за 6 гадзінаў з 12.00 да 18.15. На просьбу патэлефанаваць сваякам адмовілі на падставе таго, што тэлефон не працуе. У гэты ж час на кватэры Д.Марчанкі, дзе засталіся сябры А.Славінскага, супрацоўнікі міліцыі ў прысутнасьці панятых канфіскавалі кампутар, мадэм, прынтэр, кнігі і часопісы, таксама былі забраныя некаторыя асабістыя рэчы гаспадара і А.Славінскага. Вопіс маёмасьці быў недакладным і павярхоўным. У прысутных узялі тлумачэньні і забралі пашпарты, а потым усіх разам з тэхнікай даставілі ў РАУС, дзе ўзялі адбіткі пальцаў і пратрымалі каля 3 гадзінаў. Дзьвюх дзяўчын Севераў прымусіў прайсьці медыцынскі агляд у скурвендыспансеры, матывуючы тым, што інакш ён пашпарты ня верне. Брэсцкае абласное аддзяленьне Грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвярнулася да пракурора Столінскага раёну і начальніка Упраўленьня КДБ па Брэсцкай вобласьці з просьбай абараніць парушаныя правы грамадзянаў, вярнуць канфіскаваныя тэхніку, літаратуру і асабістыя рэчы ўладальнікам, прыцягнуць Г.Северава і М.Бруцкага да адказнасьці.
23 чэрвеня на гарадзкім рынку ў г. Драгічын падчас збору подпісаў быў незаконна затрыманы сябра ініцыятыўнай групы С. Домаша В.Пракопчык, які зьбіраў подпісы ў падтрымку свайго кандыдата. Затрыманьне праводзілі людзі ў цывільным, якія не пражываюць у Драгічыне. Пасьля дастаўкі В. Пракопчыка ў аддзяленьне міліцыі і выкліка начальніка гэтага аддзяленьня сябра ініцыятыўнай групы быў адпушчаны.
24 чэрвеня ў раёне гарадзкога рынку г. Кобрын быў затрыманы сябра ініцыятыўнай групы Ягор Вяршыла, які зьбіраў подпісы ў падтрымку С. Домаша. Яго абвінавацілі ў правядзеньні “несанкцыянаванага пікету”. На стале перад сп. Вяршылам ляжала абвестка: “Паважаныя выбаршчыкі, тут Вы можаце пакінуць свой подпіс за вылучэньне кандыдатам у Прэзідэнты С. Домаша”. Праз 45 хвілінаў Я. Вяршыла быў адпушчаны, пратакол не складаўся.
24 чэрвеня з сябрам ініцыятыўнай групы С. Домаша па г. Шклоў Любоўю Каверка супрацоўнікам КДБ была праведзеная размова з мэтай высьвятленьня абставінаў сустрэчы з С. Домашам, якая адбылася ў гэтым горадзе (асобы арганізатараў, хто прысутнічаў і г.д.). Л. Каверка расцэньвае гэта як ціск на сяброў ініцыятыўнай групы.
28 чэрвеня ў Магілёве ў 19-30 сябра ініцыятыўнай групы С. Домаша Юры Пчэльнікаў быў затрыманы падчас збору подпісаў на вул. Каралёва, 6а. Нарад міліцыі, нягледзячы на прад’яўленыя пашпарт і пасьведчанне сябра ініцыятыўнай групы, затрымаў Ю.Пчэльнікава і даставіў яго ў апорны пункт па вул. Народнага Апалчэньня. Затрыманьне доўжылася 30 хвілінаў, пасьля паўторнай праверкі дакументаў Ю.Пчэльнікава выпусьцілі.
28 чэрвеня ў г. Дзяржынск міліцыя затрымала сяброў ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам ў Прэзідэнты А. Ярашука і без усялякіх падставаў канфіскавала ў іх сабраныя подпісы.
9 ліпеня выкладчык спартыўнай школы Пухавіцкага р-ну Алена Абакунчык прынесла ў райвыканкам сабраныя подпісы за вылучэньне кандыдатам у Прэзідэнты М. Чыгіра. Намесьнік старшыні райвыканкаму Тамара Шчакоціна пачала на яе лаяцца, выклікала загадчыка раённага аддзелу адукацыі, а 10 ліпеня накіравала праверку ў спартыўную школу.
12 ліпеня а 18 гадзіне было арыштавана абсталяваньне Асіповіцкай інфармацыйнай кропкі, у офісе якой разьмяшчаўся раённы штаб ініцыятыўнай групы С. Домаша.
14 ліпеня ў Слоніме (Гарадзенская вобласьць) затрыманы Алесь Масюк — кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты ў Прэзідэнты Сямёна Домаша. Алеся Масюка затрымалі на вуліцы (мяркуючы па абставінах, за ім сачылі). Затрыманьне праводзілі супрацоўнікі міліцыі. Алеся Масюка даставілі ва ўпраўленьне міліцыі, дзе канфіскавалі падпісныя лісты, 4 пасьведчаньні сяброў ініцыятыўнай групы. Быў складзены пратакол аб канфіскацыі, пры гэтым пратакол затрыманьня не складалі. Алесь Масюк атрымаў позву ў міліцыю на 16 ліпеня дзеля далейшага разьбіральніцтва, якім кіраваў намесьнік начальніка Слонімскага ўпраўленьня міліцыі Генадзь Шлыковіч.
17 ліпеня ў Наваполацку ўдзельнікі кампаніі «Выбірай» праводзілі сваю чарговую акцыю. У цэнтры гораду быў выстаўлены стэнд з выявай мабілізацыйнага лагатыпу — узыходзячага сонца. Дзясятак маладых людзей, апранутых у аранжавыя майкі, заклікалі гараджанаў прысьці 9 верасьня на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць. Адначасова мінакам раздавалі налепкі на выбарчую тэматыку і мясцовую незалежную газету «Новы горад». Людзі ахвотна падыходзілі да арганізатараў мерапрыемства, цікавіліся пра маючыя адбыцца выбары, бралі раздаткавыя матэрыялы. Праходзячыя міліцыянты ніяк не рэагавалі на пікет... Акцыя атрымала працяг на адным з мінірынкаў гораду, дзе гандлюючым прадпрымальнікам таксама было распаведзена пра важнасьць і неабходнасьць удзелу ў галасаваньні на выбарах другога Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Арганізаваў мерапрыемства наваполацкі маладзёвы цэнтр «Сварог». Дапамогу ў арганізацыі аказаў ЦМІ «Контур» (г. Віцебск).
22 лiпеня ў Жабінцы быў затрыманы Генадзь Самойленка і два жыхары г. Берасьця: Зьміцер Пагарэльскі і Андрэй Залатар. Каля мясцовай школы да іх пад’ехаў міліцэйскі аўтамабіль. Міліцыянты без прад’яўленьня дакументаў і не прадстаўляючыся прагледзелі рэчы, якія знаходзіліся ў іх торбах. Жыхароў Берасьця і Генадзя Самойленку без ніякіх тлумачэньняў даставілі ў Жабінкаўскі РАУС. Са словаў дзяжурнага па РАУС сп. Дубіны, Самойленку і двух іншых ніхто не арыштоўваў — проста яны прыбылі «на гутарку». Іх затрымалі, бо перад тым нехта пераапрануты Лукашэнкам у інсцэніраванай форме прапаноўваў жыхарам Жабінкі заробкі ў памеры 500 даляраў ЗША, распаўсюджваючы пры гэтым камічныя «грошы» і сьпецвыпуск газеты «Наша Свабода». Пасьля заканчэньня акцыі яе ўдзельнікі пераапрануліся і пакінулі месца правядзеньня мерапрыемства. Прыблізна ў 13.30 у Жабінкаўскі РАУС былі дастаўленыя 3 непаўнагадовыя жыхаркі г. Берасьця Яўгенія Борсук, Сьвялана Чарняўская і Хрысьціна Чарко (па 15 гадоў).У Яўгеніі Борсук забралі маску, якая некага нагадвала, белы халат і нямецкую каску 38-га году выпуску, аб чым капітан Саўчук склаў адпаведны пратакол. Пасьля правядзеньня праверкі рэчы абяцалі вярнуць. Потым непаўнагадовых жыхарак Берасьця перадалі на рукі старшыні БрАА ГА ПЦ «Вясна» Ул. Вялічкіна, які адвёз іх да хаты.
25 ліпеня ў прыёмную Берасьцейскага абласнога аддзяленьня грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвярнуўся В.Казак, які паведаміў, што а 15 гадзіне стаў сьведкам таго, як ягонага знаёмага Паўла на вул. Савецкай у Берасьці затрымалі двое невядомых у цывільным, пасьля чаго яны зьніклі ў невядомым накірунку. Пошукі вынікаў не далі, і таму ён, занепакоены лёсам сябра, вырашыў зьвярнуцца ў ПЦ “Вясна”. Праваабаронцы патэлефанавалі ў Ленінскі РАУС. Дзяжурны міліцыянт Карпук на неаднаразовыя запыты адказваў, што да іх за апошнія дзьве гадзіны нікога не дастаўлялі за распаўсюджаньне друкаванай прадукцыі. Неўзабаве быў знойдзены затрыманы хлопец. Ім быў Павел Дзем’янюк, які распавёў, што падчас распаўсюджаньня сьпецвыпуску газеты “Наша Свабода” каля крамы на рагу вуліц Савецкай і Гогаля да яго падышлі два супрацоўнікі МУС у цывільным і пасьля прад’яўленьня пасьведчаньняў адвялі ў службу аховы, якая знаходзілася паблізу, дзеля высьвятленьня асобы, адкуль даставілі ў Ленінскі РАУС.
26 ліпеня ў Маскоўскім РАУС г. Берасьця грамадзяніну К. Данько былі вернутыя 152 асобнікі сьпецвыпуску газеты “Рабочы”, якія 12 ліпеня былі сканфіскаваныя супрацоўнікамі гэтага райаддзелу міліціі, якія прызналі, што парушэньня не было, газета зарэгістраваная, і папрасілі прабачэньня.
З 27 ліпеня звольненая з пасады дыспетчара будаўнічага ўпраўленьня № 226 г. Наваполацк спадарыня Люсія Азёма, сябра ініцыятыўнай групы Сяргея Гайдукевіча. Фармальная падстава звальненьня – прыход з адпачынку інжэнера-дыспетчара, якога яна замяняла. Але пры прыёме на працу была дамоўленасьць, што яна будзе падменьваць 12 дыспетчараў, якія па чарзе мусяць хадзіць у адпачынак.
У канцы ліпеня кіраўніцтва Гарадзенскага мясакамбінату прымусіла напісаць заяву аб звальненьні па асабістым жаданьні працоўнага гэтага камбінату Аляксандра Самойлу за «працу ў апазіцыі», а дакладней – за працу ў штабе С.Домаша. Калі А. Самойла пачаў адмаўляцца напісаць заяву пра звальненьне па ўласным жаданьні, яго ў аддзеле кадраў папярэдзілі, што звольняць па артыкулу.
1 жніўня ўвечары ў Віцебску супрацоўнікі міліцыі затрымалі старшыню віцебскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Алену Залескую, а таксама актывістаў АГП — Марыну Арцімовіч, Сьвятлану Ламанюк, Тамару Аркушаву і Андрэя Талстых. Яны былі затрыманыя за распаўсюджаньне сьпецвыпускаў газетаў «Рабочы» і «Беларуская маладзёжная», прысьвечаных прэзідэнцкім выбарам. У актывістаў АГП канфіскавалі частку газетаў і адпусьцілі.
1 жніўня ў Лоеўскім раённым судзе распачаўся разгляд адміністратыўнай справы адносна зьбіральніка подпісаў у падтрымку Сямёна Домаша Вячаслава Башмакова. Справа гэтая зьявілася з падачы лоеўскіх «вэртыкальных» органаў. Як патлумачыла ў судзе старшыня Пярэдзелкаўскага сельсавету Наталя Трухан, ёй з вёскі Казіміраўка патэлефанаваў ветэран Мікола Гаўрыленка і паведаміў, што ў іхняй і суседніх вёсках вядзецца збор подпісаў не за Лукашэнку, а за Сямёна Домаша. Гэтую навіну спадарыня Трухан і перадала па тэлефоне ў раённую выбарчую камісію, якую ўзначальвае намесьнік старшыні раённага выканкаму Сяргей Дземідзенка. Улады напалохаліся, што сярод вяскоўцаў няма адзінае падтрымкі цяперашняму кіраўніку дзяржавы. Да вясковых пенсіянераў, што паставілі подпісы за Домаша, сталі прыяжджаць разам са старшынёй сельсавету Наталяй Трухан раённыя чыноўнікі, пракурор Васіль Прымак, асобныя сябры выбарчай камісіі. У выніку гэтых паездак і зьявіліся тлумачальныя лісты вяскоўцаў пра парушэньне збору подпісаў Вячаславам Башмаковым. На падставе напісаных пад дыктоўку заяваў выбарцаў юрыст раённага выканкаму спадар Пугач склаў адмысловы пратакол пра парушэньне выбарчага заканадаўства зьбіральнікам подпісаў Башмаковым, а намесьнік старшыні раённага выканкаму Міхаіл Сацура накіраваў матэрыялы ў суд.
8 жніўня судзьдзя Сяргей Бурба прызнаў спадара Башмакова вінаватым і аштрафаваў на 45 тысячаў рублёў.
1 жніўня ўжо трэці раз наведаліся супрацоўнікі Сьветлагорскай міліцыі пад кіраўніцтвам участковага інсьпектара, капітана міліцыі Міхаіла Раманава ў штаб незалежнага назіраньня гораду. Свой візіт супрацоўнікі міліцыі патлумачылі тым, што быццам бы суседзям па дому перашкаджае “стук друкарскае машынкі”, якой, дарэчы, у цэнтры наогул не было.
3 жніўня ў Барысаве на рэчава-харчовым кірмашы нарад міліцыянтаў пад кіраўніцтвам лейтэнанта Хадыкі затрымаў двух непаўнагадовых сяброў руху “Зубр”, якія займаліся распаўсюджаньнем сьпецвыпуску газеты “Рабочы”, матэрыялы якога прысьвячаліся ходу выбарчай кампаніі ў краіне, а таксама сітуацыі вакол праблемы зьніклых дэмакратычных палітыкаў, журналістаў і бізнэсоўцаў. У пастарунку непаўнагадовых прымусілі пісаць тлумачальныя, паведамляць пра тое, дзе працуюць іхнія бацькі ды іншую падобнага кшталту інфармацыю. Пасьля гэтага хлопцаў адпусьцілі.
3 жніўня ў Жодзіне супрацоўнікі міліцыі затрымалі пяцёх барысаўскіх “зуброў”, якім інкрымінавалі распаўсюджаньне незаконна выпушчанай друкаванай прадукцыі, бо ў іх торбах знайшлі паўсотні нескарыстаных налепак са слоганам “Час прыбіраць”, а таксама некалькі балончыкаў з чырвонай, сіняй і белай фарбаю. Усю гэтую прадукцыю міліцыянты сканфіскавалі. Акрамя пісьмовых тлумачэньняў у юнакоў узялі адбіткі пальцаў і далоняў. На іхнія грудзі былі навешаныя адмысловыя нумары, пасьля чаго затрыманых зьняў у анфас і профіль відэаапэратар, апрануты ў цывільнае. “Зуброў” у пастарунку трымалі ўсю ноч і толькі зранку адпусьцілі дахаты.
3 жніўня ў дзяржаўных СМІ была надрукаваная заява Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, якая датычыцца дзейнасьці Грамадзянскай ініцыятывы “Незалежнае назіраньне”. У заяве сказана: “Некаторыя друкаваныя выданьні распаўюджваюць зьвесткі аб дзейнасьці незарэгістраваных грамадзкіх фармаваньняў. У прыватнасьці, “Белорусская деловая газета” ад 25 ліпеня 2001 г. № 12 у артыкуле “Независимое наблюдение” і ад 27 ліпеня 2001 г. №14 у інтэрв’ю М.Грыба “Наблюдение с препятствиями” інфармавала чытачоў пра стварэньне і пачатак дзейнасьці “Союза общественных объединений гражданской инициативы “Независимое наблюдение”, в который вошло несколько зарегистрированных организаций и общественное объединение «Движение за демократические и свободные выборы” (як указала газета, “находится в процессе регистрации”). Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь лічыць патрэбным паведаміць, што “Союз общественных формирований под названием “Независимое наблюдение”” не зарэгістраваны ва ўстаноўленым парадку і не мае права ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, у публікацыі дадзеная ілжывая інфармацыя датычна грамадзкага аб’яднаньня “Движение за демократические и свободные выборы”, бо ў рэгістрацыі гэтай грамадзкай арганізацыі было адмолена яшчэ ў лістападзе 2000 г., а 15 студзеня 2001 году Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь пагадзіўся з такім рашэньнем Міністэрства юстыцыі, адмовіўшыся задаволіць скаргі за подпісам М. Грыба і іншых.
3 жніўня ў Бабруйску затрыманыя Віталь Арлоў і Дзьмітры Жалязьняк, якія раздавалі каля Дому сувязі сьпецвыпускі бюлетэню “Права на волю” і газеты “Наша Свабода”. Затрыманыя былі дастаўленыя ў РУУС Ленінскага раёну г. Бабруйск, дзе быў зроблены вобыск і складзеныя пратаколы выняцьця. Апрача сьпецвыпускаў бюлетэню “Права на волю” і газеты “Наша Свабода”, былі канфіскаваныя налепкі “Час выбіраць” і Грамадзянскай ініцыятывы “Незалежнае назіраньне” – “Парадак на выбарах кантралюе назіральнік” ды інш. Затрыманыя напісалі тлумачальныя. Пасьля адбыўся допыт, падчас якога асноўныя пытаньні былі: “Дзе ўзялі газеты і налепкі? Колькі вам за гэта плацяць?” Маладыя людзі адказалі, што займаюцца распаўсюджаньнем бясплатна. Адпусьцілі В.Арлова і Дз. Жалязьняка, пратрымаўшы больш за 3 га-дзіны, што зьяўляецца парушэньнем Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях РБ.
5 жніўня ў г. Віцебск супрацоўнікамі Чыгуначнага РАУС быў затрымны старшыня віцебскага аддзяленьня Фонду імя Г. Карпенкі, сябра гарадзкога аддзяленьня Беларускага Хельсінкскага камітэту Сяргей Васенка. Старэйшаму лейтэнанту Яўгену Беразюку і прапаршчыку Уладзіміру Жалудкову чамусьці не спадапалася белая майка з надпісам “Выбірай. 09.09.2001”, у якую хлопец быў апрануты. Яго абвінавацілі ў датэрміновай агітацыі, абазвалі “нацыяналістам” і прымушалі зьняць майку. Васенка адмовіўся зрабіць гэта – і патрапіў у міліцыю. Там яго пратрымалі 25 хвілінаў, пасьля чаго, не знайшоўшы “складу злачынства”, адпусьцілі.
6 жніўня стала вядома, што дырэктар саўгасу імя 60-годзьдзя Вялікага Кастрычніка в. Навасёлкі Веткаўскага раёну Любоў Старавойтава загадала не даваць камбайну, каб сабраць збажыну з прысядзібных участкаў, старшыні Навасёлкаўскай суполкі ліберальных дэмакратаў Ігару Жураўлю і ягонаму паплечніку Сяргею Фядосенку, якія зьбіралі ў вёсцы подпісы за вылучэньне кандыдатам у Прэзідэнты лідэра сваёй партыі спадара Гайдукевіча.
7 жніўня ў Пінску а 8-й гадзіне раніцы каля будынка гараддзелу ўнутраных справаў быў затрыманы Аляксандр Васільеў, які распаўсюджваў сьпецвыпуск газеты “Рабочы”. Газета была прысьвечаная адзінаму кандыдату ад дэмакратычных сілаў Уладзіміру Ганчарыку ды справе зьніклых апазіцыйных дзеячоў. Амаль адразу яго адпусьцілі, але папрасілі стаяць далей ад будынку міліцыі. Спадар Васільеў перайшоў на другі бок вуліцы, аднак каля 11-ці гадзінаў яго затрымалі ізноў і на гэты раз ужо папрасілі напісаць афіцыйнае тлумачэньне. Некалькі месяцаў таму Аляксандра Васільева, які не зьяўляецца сябрам ніводнай палітычнай партыі, два разы запар судзілі за тое, што ён публічна зьбіраў подпісы пад калектыўным лістом да Лукашэнкі. Тады спадар Васільеў атрымаў 10 сутак адміністратыўнага арышту.
7 жніўня судзьдзя Маладэчанскага суда Яўген Казлоў скасаваў штраф, накладзены адміністратыўнай камісіяй на распаўсюдніка “зуброўскіх” выданьняў Зьміцера Лапыцьку.
8 жніўня ў Маладэчне былі затрыманыя міліцыяй два распаўсюднікі сьпецвыпуску “Нашай Свабоды” — 19-гадовы Ігар Сыракваш і непаўнагадовы Васіль Ціманаў.
9 жніўня судзьдзя Маладэчанскага суда Алег Лагачоў адмяніў накладзены на Ігара Вераб’я адміністратыўнай камісіяй гарвыканкаму штраф у памеры 11400 рублёў за распаўсюджаньне друкаванай прадукцыі – выданьня з лагатыпам «Зубр». Ён не атрымаў доказаў, што друкаванае выданьне зьяўляецца газетай, якая выйшла без выходных дадзеных, а не рэкламнай улёткай ці плакатам.
9 жніўня ў Гомелі адбыўся ператрус у кватэры сябра Аб’яднанай грама-дзянскай партыі, рабочага станка-будаўнічага заводу імя Кірава Яўгена Казлова. Калі Я.Казлоў вярнуўся пасьля працы дамоў, то жахнуўся: дзьверы ягонай кватэры былі ўзламаныя, на дзьвярах запіска: “Па пытаньні ўскрыцьця зьвяртацца ў ЖЭУ-18 і ва ўчастак міліцыі №3 на прасьпекце Кастрычніка”. Унізе подпіс — участковы інсьпектар Савецкага райаддзелу міліцыі капітан Піпчанкоў. Міліцыянты патлумачылі, што дзьверы ўзламалі з прычыны ананімнага званка пра трупны смурод. Кватэра спадара Казлова зьяўляецца юрыдычным адрасам гарадзкой і раённай суполак Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Міліцыянты, напэўна, шукалі сатырычную газэту “Бульдозер” ды іншыя друкаваныя матэрыялы да выбараў, што распаўсюджваліся ў горадзе.
10 жніўня міліцыя арыштавала кампутарную тэхніку Гарадзенскага грамадзкага аб’яднаньня «Ратуша», старшыней Рады якога зьяўляецца Сямён Домаш. Оперупаўнаважаны абласнога ўпраўленьня па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю Сяргей Буча сказаў, што іхняя мэта — спраўдзіць законнасьць набыцьця аргтэхнікі, якой карыстаюцца ў “Ратушы”. Да гэтага ўжо два тыдні ў “Ратушы” праводзілася праверка. У выніку праверкі склалі пратакол, на падставе якога дзяржаўны кантроль зьвярнуўся да абласной міліцыі, каб у “Ратушы” канфіскаваць 7 кампутараў, ксеракс і іншую тэхніку.
13 жніўня ўвечары пасьля 4-гадзіннага ператрусу супрацоўнікі Гомельскага ўпраўленьня КДБ сканфіскавалі ў прыватным доме старшыні абласнога грамадзкага аб’яднаньня «Грамадзянскія ініцыятывы» Віктара Карніенкі 6 камутараў, дыскеты да іх, 3 прынтары, калькавы апарат, сканер і іншую тэхніку. Ператрус правялі з прычыны крымінальнай справы, якую распачаў КДБ пра росьпіс гарадзкіх сьценаў антылукашэнкаўскімі лозунгамі. Сапраўднай мэтай ператрусу прадстаўнікі арганізацыі лічаць канфіскацыю кампутарнай тэхнікі напярэдадні агітацыйнай кампаніі і разгортваньня назіраньня за прэзідэнцкімі выбарамі.
13 жніўня ў Мінску і ў Бялынічах супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі ў сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі больш за 24 тысячы асобнікаў сьпецвыпуску газеты “Народная Воля”. Спачатку ў 18.30 на пасту ДАІ пры выезьдзе з Мінску была затрыманая машына, у якой старшыня магілёўскай абласной арганізацыі АГП Валеры Сівуха вёз 18 400 асобнікаў. Пасьля нядоўгага дагляду ў Заводзкім РУУС аўтамабіль адпусьцілі. А неўзабаве на тым жа пасту ДАІ затрымалі зноў — гэтым разам спаслаўшыся на атрыманы загад. І зноў даставілі ў Заводзкі райаддзел, дзе аперупаўнаважаны лейтэнант міліцыі Віталь Грыгараш склаў акт аб канфіскацыі друкаванай прадукцыі, у якім, між іншым, абсалютна нічога не гаворыцца аб падставах. Ёсьць толькі вельмі туманная фармулёўка: “Изъятые товарно-материальные ценности будут находиться в Заводском РУВД до принятия решения в соответствии с действующим законодательством Республики Беларусь»... Тым жа вечарам каля 23.00 другая машына, на якой старшыня магілёўскай філіі Фонду імя Льва Сапегі Уладзімір Шанцаў і кіраўнік магілёўскай гарадзкой арганізацыі АГП Уладзімір Гайдукоў везьлі яшчэ 6000 асобнікаў, была затрыманая ў Бялынічах. Нягледзячы на позьні час, разьбірацца з “небясьпечным” грузам прыбыло кіраўніцтва РУУС. У выніку газеты забралі “на изучение», а таксама прыхапілі пратаколы аб вылучэньні назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі ды іншую друкаваную прадукцыю. Складзены аб гэтым акт, аднак, перавозчыкам на рукі ня выдалі.
14 жніўня ў Слоніме адбыўся суд па адміністратыўнай справе Алеся Масюка, які зьбіраў подпісы за Сямёна Домаша. Суд вырашыў, што Алесь Масюк парушыў заканадаўства падчас збору подпісаў і прыняў рашэньне аштрафаваць яго на 37 000 рублёў. Нагадаем, што ў ліпені А.Масюка затрымала на вуліцы міліцыя, і ў яго знайшлі падпісны ліст з прозьвішчамі жыхароў Слоніму, але без указаньня таго, за каго яны падпісаліся. Выбарчая камісія з гэтымі людзьмі правяла гутаркі. І хаця ўсе яны пацьвердзілі, што паставілі свае подпісы менавіта за Домаша і не адмовіліся ад іх, суд вырашыў, што парушэньне з боку Масюка было.
14 жніўня кіраўніка ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша па Ашмянскім раё-не Пятра Явідовіча выклікалі ў раённую падатковую інсьпекцыю і запатрабавалі, каб ён ізноў запоўніў леташнюю, а таксама сёлетнюю дэкларацыі аб прыбытках. Да таго ж днямі ў Ашмянскім судзе аднавіўся разгляд справы, якая была распачатая супраць Пятра Явідовіча яшчэ падчас леташніх парламенцкіх выбараў (тады ён пацярпеў за распаўсюджаньне інфармацыйнага бюлетэню “Прадпрымальнік”).
14 жніўня каля 22 гадзінаў у Віцебску каля аблвыканкаму былі затрыманыя сябры мясцовай арганізацыі «Зубр» Марына Камінская, Кірыл Мінееў і непаўнагадовы Ігар Альшанка, калі яны падышлі, каб разгледзець налепку на муры дзяржаўнага будынку. Дзяўчыну і хлопцаў адвезьлі ў Кастрычніцкі раённы аддзел міліцыі. Падчас вобыску ў Ігара Альшанкі знайшлі два пустыя і адзін напалову поўны балончыкі з фарбай і больш за сто налепак кампаніі «Час прыбіраць». Склалі пратаколы з абвінавачаньнем па артыкуле 172 ч.3 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь – «распаўсюджаньне друкаваных выданьняў, якія вырабленыя з парушэньнем вызначанага парадку і ў якіх няма выходных дадзеных, і зьмест якіх накіраваны на прычыненьне шкоды дзяржаўнаму і грамадзкаму ладу, правам і законным інтарэсам грамадзянаў».
15 жніўня ў Баранавічах у прыватным доме Алены Юшкевіч – сябра мясцовай філіі БСДП (Народная Грамада) супрацоўнікі міліцыі і КДБ правялі вобыск у яе адсутнасьць, калі ў доме былі толькі непаўнагадовыя дзеці і хворая маці. Справа ў тым, што дзеці Алены Юшкевіч распаўсюджвалі ў прыватным сектары расійскую газэту “Президент”, дзе зьмяшчаліся матэрыялы, прымеркаваныя да выбараў Прэзідэнта Беларусі. У гэтым ахоўнікі правапарадку ўгледзелі парушэньне і запатрабавалі ад Алены Юшкевіч тлумачэньняў. Ні міліцыянты, ні супрацоўнік КДБ не паказалі ніякіх пасьведчаньняў і не назвалі-ся. Толькі пасьля таго, як дом ужо абшукалі, гаспадыні прапанавалі падпісаць паперу пра тое, што яна нібыта была згодная на ператрус. Міліцыянты таксама склалі акт на сп. Юшкевіч ды забралі з сабой каля 25 асобнікаў газеты.
16 жніўня Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь была распаўсюджаная чарговая заява, у якой адзначаецца, што асобнымі СМІ паведамляецца пра падрыхтоўку незарэгістраванага аб’яднаньня “Незалежнае назіраньне” да назіраньня за працай выбарчых камісіяў і правядзеньня паралельнага падліку галасоў з тым, каб 10 верасьня 2001 году абвясьціць вынікі галасаваньня. З гэтай нагоды Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь нагадвае, што дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў зьяўляецца адміністратыўным правапарушэньнем, а “мяркуемая дзейнасьць незалежных назіральнікаў супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь”. За апошні час Міністэрства юстыцыі распаўсюджвае ўжо другую заяву аб незаконнасьці дзейнасьці незалежных грамадзкіх назіральнікаў, палохае іх адміністратыўнай і крымінальнай адказнасьцю. У сувязі з гэтым “незалежныя” заявілі рашучы пратэст і яшчэ раз нагадалі, што ўся дзейнасьць у межах кампаніі незалежнага назіраньня ажыцьцяўляецца згодна з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і выконвае задачу дэмакратызацыі выбарчага працэсу, яго галоснасьці і празрыстасьці. Заява была накіраваная ў Міністэрства юстыцыі, а таксама асабіста міністру Варанцову Г.М.
16 жніўня ў Віцебску каля 11 вечара супрацоўнікі міліцыі затрымалі 6 сяброў арганізацыі «Зубр» падчас расклейваньня перадвыбарчых налепак. Затрыманыя былі дастаўленыя ў Кастрычніцкі РУУС, дзе непаўнагадовых хлопцаў дапытвалі бяз іх бацькоў або іншых асобаў, якія прадстаўлялі б іхнія інтарэсы. Усіх абвінацілі ў парушэньні адміністратыўнага заканадаўства, бо яны расклейвалі друкаваную прадукцыю ў неналежных месцах.
17 жніўня ў Барысаве былі затрыманыя 7 актывістаў руху «Зубр» на ву-ліцы 30 год ВЛКСМ. У кішэні аднаго юнака міліцыянты знайшлі некалькі налепак, што і стала падставай дзеля затрыманьня юнакоў і дзяўчат. У пастарунку затрыманых міліцыянты трымалі 7 гадзінаў, і выпусьцілі іх толькі пасьля таго, як у кожнага ўзялі пісьмовыя тлумачэньні.
17 жніўня ў Барысаве тры мясцовыя міліцыянты, узброеныя аўтаматамі, затрымалі старшыню філіі БСДП (Народная Грамада) Алесю Ясюк проста на выхадзе з дому, дзе яна жыве. У спадарыні Ясюк аўтаматчыкі знайшлі антылукашэнкаўскія налепкі «Час прыбіраць». У пастарунку ў яе спрабавалі ўзяць тлумачэньне, якое спадарыня Ясюк не падпісала.
17 жніўня ў Сьветлагорску быў аштрафаваны судзьдзёй Ірынай Алісейка на 5 мінімальных заробкаў зьбіральнік подпісаў за Сямёна Домаша Аляксей Козенцаў. Ён быў абвінавачаны ў падробцы подпісу ў адным з падпісных лістоў. Аляксей Козенцаў узначальвае Свабодны прафсаюз буйнейшага ў горадзе аб’яднаньня «Хімвалакно».
17 жніўня ў Мінску ўвечары патруль ўнутраных войскаў каля будынку Партызанскага аддзелу міліцыі затрымаў Аляксея Шыдлоўскага і прэс-сакратара моладзевага руху “Зубр” Аляксандра Атрошчанкава толькі за тое, што яны былі ў футболках з надпісам “Час прыбіраць”.
17 жніўня ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвярнуўся 23-гадовы Алесь Васьковіч з Мар’інай Горкі: “Мяне затрымліваюць трэці раз за тыдзень, не пасьпею выйсьці з дому – адразу затрымліваюць”, — паведаміў ён. Падзеі ў Мар’інай Горцы, паводле словаў Алеся Васьковіча, разьвіваюцца па аднолькавым сцэнары: ён выходзіць з дому з літаратурай, якая заклікае да ўдзелу ў выбарах 9 верасьня (пад лозунгам “Выбірай”), і яго адразу затрымліваюць супрацоўнікі міліцыі. Пасьля складаецца пратакол выняцьця – наглядная агітацыя канфіскоўваецца. Такіх выпадкаў за мінулы тыдзень было тры. А 17 жніўня разам з Алесем Васьковічам быў затрыманы непаўнагадовы Мікалай Курбака (16 гадоў).
17 жніўня ўвечары ў Глыбокім былі затрыманыя сябры арганізацыі «Зубр» Тацяна Марозава і Андрэй Палухін. Тацяну і Андрэя затрымалі ў майках «Зубра» і, быццам бы, з балончыкамі з фарбай ды налепкамі «Час прыбіраць».
19 жніўня супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС г. Мінск затрымалі пяцёх сяброў Маладога Фронту — Аляксея Талстова, Віталя Кошалева, Паўла Янкоўскага, Кастуся Зьмітрыевіча і непаўнагадовага Алеся Васілеўскага за ўдзел у акцыі “Стоп Лука ЧП”. Маладафронтаўцы лічаць, што падставай для затрыманьня менавіта гэтых хлопцаў сталі майкі з надпісам “Час прыбіраць!”.
20 жніўня ў Брэсьце былі затрыманыя 5 сяброў незарэгістраванай аргані-зацыі «Зубр» падчас распаўсюджаньня сьпецвыпуску «Нашай Свабоды». Сярод затрыманых: Палiна Панасюк i Андрэй Залатар, а таксама непаўнагадовыя Хатынюк, Гарошка і Крук, якія ў акцыі ўдзелу не прымалі. Усіх адвезьлi ў пастарунак, а пасьля – у Ленiнскi райаддзел унутраных справаў, дзе склалi пратаколы. Палiну Панасюк i Андрэя Залатара абвiнавацiлi ў правядзеньнi несанкцыянаванага пiкетаваньня. Да астатнiх затрыманых мiлiцыянты выклiкалi бацькоў. Былi складзеныя пратаколы на падставе арт. 162.1 Адмiнiстратыўнага кодэксу – “злоснае невыкананьне бацькоўскiх абавязкаў”.
20 жніўня ў Віцебску за спробу распаўсюджаньня перадвыбарчых выданьняў і налепак супрацоўнікі міліцыі РУУС Кастрычніцкага раёну затрымалі 8 чалавек: прыхільніцу БНФ Людмілу Церашонкаву і 7 «зуброў». Людмілу Церашонкаву затрымалі, калі яна распаўсюджвала недзяржаўныя газеты, у тым ліку незарэгістраваныя «Права на волю» і «Выбірай!», а таксама ўлёткі са «Зваротам да беларускага народу і сусьветнага грамадзтва». Усе 95 асобнікаў выданьняў былі сканфіскаваныя. На Церашонкаву склалі пратакол, пры гэтым міліцыянты пагражалі ёй штрафам у дзесяць мінімальных заробкаў, які больш за яе пенсію. І дадавалі: няхай скажа дзякуй, што на двары ня 37-мы год, бо яна тут бы поўзала па падлозе і вылізвала ім боты. «Зуброў» высачыў з балкону нейкі пільны стары і патэлефанаваў у міліцыю. Моладзь якраз рыхтавалася разьехацца па горадзе з налепкамі і сьпецвыданьнямі «Нашай Свабоды» і «Беларускай маладзёжнай». Большасьць пасьпела разьбегчыся, але сямёх падлеткаў міліцыянты затрымалі. У пастарунак прывезьлі Алеся Сухадолава, Дзьмітрыя Семянкова, Кірыла Волкава, Дзьмітрыя Рабаконя, Ёрана Максімава, Дзьмітрыя Калашнікава і Ігара Альшанку.
21 жніўня супрацоўнікі фінансавай міліцыі Фрунзенскага раёну г. Мінск незаконна абшукалі старшыню ГА “Беларускі рэспубліканскі клуб выбаршчыкаў” (ГГА “БРКВ”) Уладзіміра Гудзеева, забралі ключы од офісу арганізацыі (база Цэнтральнай каардынацыйнай рады па назіраньні за выбарамі), адчынілі памяшканьне і канфіскавалі ўсю аргтэхніку, якая належала асобным сябрам ГА ”БРКВ” і КНГ АБСЕ. Уся тэхніка была вернутая ўладальнікам пасьля выбараў у кастрычніку.
21 жніўня прадстаўніка ініцыятыўнай групы Уладзіміра Ганчарыка па Магілёўскай вобласьці Анатоля Фёдарава і каардынатара незалежнага назіраньня Аванэса Мурадзяна спынілі пры ўезьдзе ў Магілёў, калі яны везьлі плакаты кандыдата ў Прэзідэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ Анатоль Фёдараў упэўнены, што спыненьне іхняй машыны супрацоўнікамі аўтаінсьпекцыі зьвязанае менавіта з гэтым.
У ноч з 21 на 22 жніўня ў Магілёве міліцыянты затрымалі двух сяброў магілёўскай філіі “Маладой Грамады” Андрэя Качароўскага і Ганну Зюзіну, якія разам з іншымі расклейвалі партрэты Уладзіміра Ганчарыка. У аддзяленьні іх абвінавацілі ў псаваньні сьценаў. Сканфіскаваўшы клей, праз некаторы час вызвалілі.
23 жніўня ў вёсцы Галубіца Петрыкаўкага раёну затрымалі сяброў моладзёвага руху “Зубр” Зьміцера Карпенку і непаўнагадовага Дзяніса Чыкелева, якія расклейвалі налепкі «Час прыбіраць». Затрыманымі асабіста займаўся начальнік міліцыі Яцкавец і ўпаўнаважаны КДБ Сяргей Кірыенка. У хлопцаў адабралі налепкі, асабістыя рэчы, у тым ліку і газавыя балончыкі для самаабароны. Ноч трымалі ў пастарунку. На Зьміцера Карпенку склалі пратакол за распаўсюджаньне друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных (арт. 173 ч.2 КаАП).
23 жніўня ўлады Беларусі выслалі з краіны грамадзяніна ЗША Роберта Філдзінга. Як паведамляе агенцтва «Интерфакс» са спасылкай на цэнтр інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі, у якасьці падставы для высылкі была названая «дзейнасьць, што зьяўляецца ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы краіны». Супрацоўнік аднаго з прафсаюзных цэнтраў ЗША абвінавачваецца ў ажыцьцяўленьні адкрытай агітацыі за адзінага кандыдата ў Прэзідэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Уладзіміра Ганчарыка. Прадстаўнікі КДБ сьцьвярджаюць, што Р.Філдзінг публічна заяўляў пра непрызнаньне міжнароднымі структурамі і арганізацыямі цяперашніх беларускіх уладаў, а таксама «каардынаваў падрыхтоўку сілаў апазіцыі да атрыманьня патрэбнага выніку прэзідэнцкіх выбараў». Р. Філдзінгу забаранілі ўязджаць на тэрыторыю Беларусі на працягу пяці гадоў. Пры гэтым КДБ папярэдзіў, што «любыя спробы ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы замежных грамадзянаў незалежна ад іхняга статусу будуць спыненыя – аж да прымусовай дэпартацыі з краіны».
24 жніўня прэс-служба Міністэрства юстыцыі распаўсюдзіла трэцюю заяву адносна дзейнасьці ГІ “Незалежнае назіраньне”, у прыватнасьці, намеру правесьці паралельны падлік вынікаў галасаваньня, у якім сказана наступнае: “Паралельны падлік галосоў зьяляецца адным з варыянтаў кантролю за дзейнасьцю выбарчых камісіяў і волевыяўленьнем выбаршчыкаў, што забаронена Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам. Сістэма “паралельнага падліку галасоў” мае месца ў некаторых дзяржавах, аднак яе прававыя межы дакладна акрэсьленыя і нацыянальным заканадаўствам і значна адрозьніваюцца ад таго, што апазіцыя прапануе правесьці ў Беларусі. Больш за тое, паўнамоцтвы назіральніка канкрэтызаваныя арт. 13 Выбарчага кодэксу, які не прадгледжвае апытаньня выбаршчыкаў як да, так і пасьля правядзеньня галасаваньня”. Міністэрства юстыцыі таксама заклікала палітычныя партыі, грамадзкія арга-нізацыі і грамадзянаў да “неукоснительного соблюдения избирательного законодательства Республики Беларусь”.
24 жніўня паводле пісьмовага загаду начальніка Рэчыцкага аддзелу фінансавай міліцыі Мікалая Майсеенкі праверку мясцовага аддзяленьня “Грама-дзянскіх ініцыятываў” распачаў маёр Уладзімер Маркавец. Загад на падставе дэкрэту Лукашэнкі №8 вызначае і тэрмін праверкі: з 23 жніўня да 23 верасьня. Правяраючага асабліва цікавіць, каму належыць кампутарная тэхніка, якой карыстаецца грамадзкая арганізацыя. Справа ў тым, што “Грамадзянскія ініцыятывы” і яе філіі ў райцэнтрах зьяўляюцца каардынатарамі незалежнага назіраньня. Міліцыя і КДБ спрабуюць перашкодзіць. Гэта тым больш відавочна, што пад праверку праваахоўных органаў, апроч рэчыцкай, падпала зараз і жлобінская філія “Грамадзянскіх ініцыятываў”.
24 жніўня Савецкі суд г. Мінск пакараў сябра моладзевага руху «Зубр» Ігара Сюльда штрафам у 2 мінімальныя заробкі. Нагодай для затрыманьня хлопца стала тое, што ён быў апрануты ў футболку з надпісам “Час выбіраць!”, а затым у Ігара знайшлі налепкі з выявай зубра і некалькі асобнікаў газеты “Наша Свабода”. На Ігара Сюльда склалі пратакол за дробнае хуліганства. Амаль суткі хлопец правёў у сьпецпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна.
26 жніўня міліцыянты наладзілі ператрус у прыватнай хаце жыхаркі вёскі Койтанава Віцебскага раёну Марыі Ігнаценкі, маці сябра перадвыбарчага штабу Ул.Ганчарыка Васіля Ігнаценкі. Ніводзін з удзельнікаў ператрусу не паказаў гаспадыні свайго пасьведчаньня і не прадаставіў адпаведнай пракурорскай санкцыі. Міліцыянты вынесьлі з хаты 50 пакункаў з майкамі, на якіх меўся надпіс “Скажи дураку нет!”.
26 жніўня ў Бабруйску былі затрыманыя Віктар Качан і Кацярына Л. (18 гадоў). Іх адвезьлі ў міліцыю дзеля дачы тлумачэньняў толькі за тое, што яны былі апранутыя ў майкі з лозунгам “За новую Беларусь!”. Допыт затрыманых праводзіў асабіста намесьнік старшыні гарвыканкаму сп. В. Гарбанёў. Майкі былі адабраныя, але пратаколы аб выняцьці рэчаў і аб трохгадзінным затрыманьні не складаліся.
26 жніўня група моладзі ішла па г. Наваполацк і раздавала мінакам мабілізацыйныя плакацікі “Выбірай”, “Мода-2001” і апельсіны. Каля крамы “Івушка” да моладзі пад’ехалі тры міліцэйскія машыны, з якіх выйшлі міліцыянты у бронекамізэльках. Адзін з іх быў з аўтаматам. Міліцыянты на месцы агледзелі матэрыялы, якія раздавалі маладыя людзі, абшукалі сумку Веры Ліпскай і “запрасілі” ўсіх праехаць у гараддзел. Было затрымана 5 чалавек, адзін з якіх – грамадзянін Польшчы. У райаддзеле міліцыянты праверылі дакументы, правялі размову адносна таго, што чакае тых, хто клеіць налепкі і піша на сьценах... Пасьля гэтага ўсіх адпусьцілі. Былі затрыманыя: Вера Ліпская, Віктар Якубаў, Міхал Арлоў, Давід Монко (грамадзянін Польшчы), Алег Аббязаў.
27 жніўня амапаўцы затрымалі ў цэнтры Віцебску каля Сіняга дому сябра КХП БНФ Уладзіміра Плешчанку, які трымаў плакат “Галасуйце супраць усіх! Праз 3 месяцы будуць паўторныя выбары без Лукашэнкі!”
27 жніўня ў Сьветлагорску судзьдзя Ірына Алісейка аштрафавала сябра “Маладой Грамады” Сяргея Гардзіевіча на 150 мінімальных заробкаў за арганізацыю “несанкцыянаванага сходу” моладзі на пляцы каля гарвыканкаму. Несанкцыянаваным сходам прызналі тое, што маладыя сьветлагорцы напісалі на адным аркушы паперы “9 верасьня — прэзідэнта на пэнсію”, на другім намалявалі шкілет рыбы і падпісалі: “У яе не было голасу, а ў цябе ёсьць. Прыдзі і прагаласуй”. Каля надпісаў юнакі і дзяўчаты ігралі на гітары і сьпявалі песьні.
27 жніўня ў Берасьці позна ўвечары быў праведзены вобыск у кватэры актывісткі перадвыбарчага штабу Ул.Ганчарыка настаўніцы Алены Ляпешкі. Вялiкая група ўзброеных людзей, пяцёра з якiх былi ў масках, уварвалася ў кватэру. Гаспадынi кватэры ў гэты час не было ў хаце. Дзьверы адчынiў яе брат Мiхась Рудзько, якога ўзброеныя незнаёмцы адразу аштурхнулi ўбок да сьцяны. У хаце знаходзiўся таксама Мiкола Новiк, карэспандэнт радыё “Балтыйскiя хвалi”, на якога надзелi кайданкi. Чалавек, апрануты ў форму супрацоўнiка мiлiцыi, паведамiў, быццам бы па тэлефоне атрыманыя зьвесткi, што ў гэтую хату завезьлi зброю. Пасьля чаго незнаёмцы пачалi вобыск. Калi зьявiлася гаспадыня кватэры, ёй было загадана не выходзiць з аднаго з пакояў. Усе пытаньнi cпадарынi Ляпешкі наконт законасьцi дзеяньняў i падставаў для правядзеньня вобыску засталiся без адказу. Пошук зброi спынiўся адразу пасьля таго, як гэтыя асобы ўбачылi перадвыбарчыя плакаты i буклеты Уладзiміра Ганчарыка, а таксама адмысловы выпуск расійскай газеты “Президент”. Прагледзеўшы гэтую лiтаратуру, удзельнiкi вобыску пераканалiся, што ўся друкаваная прадукцыя вырабленая ў адпаведнасьцi з законам i мае выходныя дадзеныя. Назаўтра стала вядома, што ў пракуратуру Ленiнскага раёну Берасьція, на тэрыторыi якога знаходзiцца кватэра Алены Ляпешкi, нiхто не зьвяртаўся для атрыманьня санкцыi на вобыск.
30 жніўня кіраўнік выбарчага штабу Уладзіміра Ганчарыка ў Ашмянах Пятро Явідовіч быў дастаўлены ў аддзяленьне міліцыі за перадвыбарчую агітацыю на плошчы насупраць райвыканкаму. Яму давялося прастаяць гадзіны тры, як пад’ехала машына, і яго забралі ў міліцэйскі пастарунак за тое, што ён быццам бы наладзіў пікет. У міліцыі ў Пятра Явідовіча канфіскавалі агітацыйны стэнд. Да таго ж кіраўніку выбарчага штабу Ганчарыка ў Ашмянах давялі, што наступным разам у яго таксама канфіскуюць усе агітацыйныя матэрыялы.
30 жніўня стала вядома, што беларуская амбасада адмовіла ў выдачы візы “на працягу пэўнага часу” прадстаўніку Швецкага Хельсінкскага камітэту Эрыку Эсбьёмсану. Гэта ўжо ня першы выпадак – зусім нядаўна тое самае адбылося з актывістамі студэнцкага руху з Галандыі, якія планавалі прыехаць у Беларусь па запрашэньні Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Ёсьць усе падставы меркаваць, што “пэўны час”, на працягу якога не выдаюць візы ў Беларусь, працягнецца да прэзідэнцкіх выбараў.
30 жніўня ў Глыбокім (Віцебская вобласьць) падчас распаўсюджаньня налепак перадвыбарчай тэматыкі былі затрыманыя актывісты руху “Зубр” Зьміцер Лупач і Зьміцер Курцэвіч. На хлопцаў склалі пратаколы і сканфіскавалі частку налепак з выявай чалавека, падобнага да Лукашэнкі. Налепкі ж з надпісам «Час прыбіраць!» – вярнулі.
31 жніўня прыкладна а 13 гадзіне ў Бабруйску супрацоўнікі міліцыі затрымалі прыхільнікаў Ул.Ганчарыка, калі тыя выставілі пікет у ягоную падтрымку. Затрымалі Качан Ірыну, Машкоўскую Тацяну і Лісоўскага Вадзіма, растлумачыўшы тым, што яны ня маюць права агітаваць, з чым пікетоўцы не пагадзіліся. І тады іх затрымалі за распаўсюджаньне выданьняў. У міліцэйскім участку канфіскавалі 120 асобнікаў бюлетэню “Права на волю”. Бабруйскія міліцыянты склалі пратакол на ўдзельнікаў пікету за распаўсюджаньне выданьняў са шкодным зьместам, пасьля чаго адпусьцілі. 7 верасьня Ірыну Качан аштрафавалі на 37,5 тысячаў рублёў, а Тацяну Вераб’ёву — на 21,5 тысячы.
частка
2
1 верасьня ў Мар’інай Горцы падчас пікету ў падтрымку адзінага кандыдата ў Прэзідэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Уладзіміра Ганчарыка былі затрыманыя Кургановіч Сьвятлана, Баганік Вадзім, Усьціменка Руслан. Сям’я Васьковічаў – Васіль Васьковіч (бацька), Алесь Васьковіч (сын – 23 гады), Зьміцер Васьковіч (сын – 19 гадоў) пайшлі ў аддзяленьне міліцыі, каб даведацца пра далейшы лёс затрыманых. Туды ж накіравалася абураная беспадстаўным затрыманьнем моладзь (10 чалавек). Усе перамовы з міліцыяй скончыліся тым, што Алеся Васьковіча зацягнулі ў міліцыю гвалтам – за рукі і за ногі. Васілю Васьковічу і Зьміцеру ўзьдзелі кайданкі і таксама затрымалі. Сям’ю Васьковічаў чакае суд. Ім інкрымінуюць арт. 166 КаАП РБ (непадпарадкаваньне міліцыі) і арт.167.1 (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня мітынгаў, пікетаў, вулічных шэсьцяў).
1 верасьня ў г. Берасьце супрацоўнікі міліцыі зьбілі Сяргея Вакуленку за тое, што ён меў агітацыйныя матэрыялы, прысьвечаныя прэзідэнцкім выбарам. Інцыдэнт адбыўся ў адной з берасьцейкiх фiлiяў “Беларусбанку”, дзе атрымоўваюць свой заробак рабочыя заводу “Цьветатрон”. Каля касы стварылася вялiкая чарга, i рабочыя пачалi абурацца з-за таго, што губляюць шмат часу. Спадар Вакуленка, якi зьяўляецца актывiстам Свабоднага прафсаюзу, параiў зьвярнуцца да адмiнiстрацыi прадпрыемства з прапановай удасканалiць сістэму выплаты заробку, каб рабочыя маглi атрымліваць грошы па месцы свайго жыхарства. Мiлiцыянту, якi ахоўваў банкаўскую ўстанову, чамусьцi не спадабалася прамова Сяргея Вакуленкi, а таксама тое, што ён трымаў у руках матэрыялы, прысьвечаныя прэзідэнцкiм выбарам. Ахоўнiк паспрабаваў самастойна затрымаць спадара Вакуленку, а калi гэта не атрымалася – выклiкаў нарад мiлiцыi. Да прафсаюзнага актывiста была ўжытая сiла, пасьля чаго яго завезьлi ў пастарунак. Там спадара Вакуленку абвiнавацiлi ў непадпарадкаваньнi супрацоўнiкам мiлiцыi i правядзеньнi несанкцыянаванага сходу. У яго таксама канфiскавалi 188 улётак у падтрымку Уладзiміра Ганчарыка, 55 асобнiкаў звароту да выбаршчыкаў прысьцi i прагаласаваць 9 верасьня. Пратрымаўшы дзьве з паловай гадзiны, Сяргея Вакуленку адпусьцiлi дахаты.
2 верасьня ў Бабруйску затрыманыя 5 чалавек за распаўсюджаньне агітацыйных буклетаў адзінага кадыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ула-дзіміра Ганчарыка. Сярод затрыманых – Бухавец Глеб, Панцікаў Сяргей, Макарэвіч Аляксандр і два непаўнагадовыя – Рыбакін Кірыл, Бесьмен Валянцін. Іх пратрымалі дзьве гадзіны ў міліцыі і склалі пратаколы па арт. 172 ч.3 Адміністратыўнага кодэксу РБ, які прадугледжвае адказнасьць за распаўсюджаньне друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных. Трэба адзначыць, што буклеты былі надрукаваныя згодна з Выбарчым заканадаўствам у якасьці агітацыйнай прадукцыі кандыдата і маюць выходныя дадзеныя.
2 верасьня ў Бабруйску за расклейку ў сьпецыяльна вызначаным дзеля агітацыі месцы плакатаў адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Уладзіміра Ганчарыка быў затрыманы Сяргей Аквіцкі. Быў складзены пратакол па арт 172 ч.3 Адміністратыўнага кодэксу РБ, які прадугледжвае адказнасьць за распаўсюджаньне друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных, хаця плакаты былі надрукаваныя згодна з Выбарчым заканадаўствам у якасьці агітацыйнай прадукцыі кандыдата і маюць выходныя дадзеныя.
2 верасьня ў Кобрыне (Берасьцейская вобласьць) былі затрыманыя непаўнагадовыя Зьміцер Чарніцкі (13 гадоў), Кірыеўскі Іван (вучань 4 класа), Салей Мікалай (вучань 4 класа). Хлопцаў затрымалі ў той час, калі яны пры дапамозе скотчу расклейвалі агітацыйныя перадвыбарчыя плакаты. Школьнікаў даставілі ў міліцыю, дзе іх дапытваў асабіста начальнік Кобрынскага РУУС палкоўнік Сяргей Сьедзін. Галоўнае пытаньне: дзе ўзялі плакаты? Пры гэтым непаўнагадовым затрыманым не дазвалялі патэлефанаваць дахаты бацькам, іх запалохвалі, пагражалі “пасадзіць на суткі па розных камерах”. Праз дзьве гадзіны напалоханых дзяцей адпусьцілі з міліцыі.
3 верасьня ў Мінску каля будынку філасофска-эканамічнага факультэту БДУ на вул К.Маркса супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы Іван Саевіч, на якім была майка з выявай «Пагоні» і надпісам «Жыве Беларусь!». І. Саевіча даставілі ў апорны пункт на вуліцы Леніна і прапанавалі выбіраць: альбо ён тут жа пераапранецца, альбо пакіне памяшканьне з голым торсам. У рэшце рэшт юнака прымусілі надзець майку навыварат і суправаджалі да самага метро.
3 верасьня ў Мінску супрацоўнікі Маскоўскага РУУС затрымалі прыхільнікаў Ул.Ганчарыка, якія праводзілі на плошчы Незалежнасьці пікет. Сярод затрыманых: Алесь Стральцоў, Зьміцер Козел, Анатоль Івашчанка і Сяргей Мастоўскі. У хуткім часе затрыманых адпусьцілі, папярэдзіўшы пра недапушчальнасьць агітацыі за суперніка Аляксандра Лукашэнкі на галоўнай плошчы сталіцы.
4 верасьня ў г.Жодзіна на кватэру старшыні мясцовай філіі ТБМ Аляксея Лапіцкага з’явіліся начальнік Жодзінскай фінансавай міліцыі сп.Конанаў з супрацоўнікам і прадставілі накіраваньне ад намесьніка Генеральнага пракурора дзеля праверкі фінансавай дзейнасьці арганізацыі. Яны патрабавалі для праверкі дакуманты. Пазьней туды ж прыбылі кіраўнік Жодзінскага КДБ сп. Пятровіч і супрацоўнік АБЭЗ. Лапіцкі патлумачыў, што арганізацыі не вядуць фінансава-гаспадарчай дзейнасьці, а кампутары з’яўляюцца ўласнай маёмасьцю Сьвятланы Лапіцкай. Пасьля агляду тэхнікі і дакументаў госьці сышлі.
5 верасьня намесьнік старшыні Кіраўскага райвыканкаму Смагін Л.Д., які зьяўляецца старшынёй штабу па падрыхтоўцы выбараў Прэзідэнта РБ, у прысутнасьці начальніка РАНА Коршака А.С. запалохваў выкладчыкаў Л. Горбаля і К. Шаматранава звальненьнем з працы і зьніжэньнем заробку. Справа ў тым, што Горбаль Л. і Шаматранаў К. зьяўляюцца раённымі назіральнікамі за выбарамі.
5 верасьня ў вёсцы Саколічы Крычаўскага раёну да назіральніка на ўчастку №18, калі яна вярталася дахаты, пад’ехалі двое мужчын і параілі больш не займацца назіраньнем, бо гэта “дрэнна для яе скончыцца”.
5 верасьня назіральніка Зінаіду Нікіціну (выбарчы ўчастак №20 г.п. Сьмілавічы), яе мужа і дваіх дзяцей, якія таксама ўдзельнічаюць у назіраньні, выклікалі ў сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе яны працуюць. Дырэктар тэхнікуму Пілуй Н.Ф. сказаў Аляксандру Нікіціну: «Вы пенсіянер. Вось і адпачывайце. Я перагледзеў вашую нагрузку. З сёньняшняга дня вы больш не працуеце ў нашай установе». Ліліі і Віталю Нікіціным, якія таксама выкладаюць у гэтым тэхнікуме, вынесьлі папярэджаньне «за антыдзяржаўную дзейнасьць». Як растлумачыў дырэктар тэхнікуму, «антыдзяржаўная дзейнасьць» Нікіціных заключаецца ў тым, «што яны зьяўляюцца незалежнымі назіральнікамі і тым самым падрываюць канстытуцыйны лад у дзяржаве». Пілуй Н.Ф. сказаў Нікіціным, што «пра іх дзейнасьць ён інфармаваў адпаведныя органы, якія зоймуцца імі пасьля выбараў». Потым у кабінет дырэктара была выклікана Валянціна Кухаронак (незалежны назіральнік на ўчастку №27). Яе абвінавацілі ў распаўсюджаньні газет у інтэрнаце тэхнікуму.
5 верасьня, пасьля таго, як на Забычанскім выбарчым участку №21 Касьцюковіцкага раёну былі зарэгістраваныя тры назіральнікі, на наступны дзень двое з іх – Л.Шматкоў і С.Сьцябуноў, адмовіліся быць назіральнікамі. Сп. Шматкоў патлумачыў гэта тым, што на яго быў аказаны псіхалагічны ціск з боку старшыні дадзенай камісіі Мядведнікава А.А., якое выяўлялася ў тым, што старшыня камісіі пагражаў, што праз свае асабістыя сувязі ў райвыканкаме ён можа паспрыяць звальненьню назіральніка з працы. На сп. Сьцябунова быў аказаны ціск з боку дырэктара мясцоваа лясгасу Цярэшчанкі В.А., у якім назіральнік працуе лясьнічым. Дырэктар паведаміў яму, што калі ён ня здымецца з участку, тады будзе звольнены з працы.
5 верасьня ў 17.00 на выбарчым участку №1, які знаходзіцца ў ПТВ №80 будаўнікоў у горадзе Чэрвені затрыманы і дастаўлены ў РУУС раённы каардынатар «Незалежнага назіраньня» Генадзь Матусевіч. Там яго абшукалі і дапыталі. Некалькі асобнікаў «Звароту да супрацоўнікаў МУС», якія знайшлі ў торбе Генадзя, былі канфіскаваныя. Пасьля складаньня пратаколу ў 20.00 Генадзя Матусевіча адпусьцілі.
5 верасьня за расклейку налепак “Лукашэнка – гэта беднасьць” у Сьветлагорску былі затрыманыя Дайнека Сяржук і Пятухоў Аляксей. Затрыманыя былі дастаўленыя ў міліцыю, дзе іх пратрымалі да 3 гадзінаў ночы. Усе налепкі былі канфіскаваныя, складзеныя пратаколы па арт. 172 ч.1 КаАП РБ (парушэньне заканадаўства аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі). У гэты ж вечар былі затрыманыя Торап Алесь і Журо Сяргей, якія распаўсюджвалі сьпецвыпускі незалежных выданьняў, прысьвечаныя выбарам. Газеты былі канфіскаваныя, справы Алеся Торапа і Сяргея Журо перададзеныя ў адміністратыўную камісію пры гарвыканкаме.
6 верасьня ў Кобрыне на кватэры, якую здымае сябра ПЦ “Вясна” Станіслаў Чарніцкі, адбыўся чарговы ператрус. Супрацоўнікі міліцыі, зьявіўшыся на кватэры, патлумачылі Станіславу Чарніцкаму свой візіт “праверкай” пашпартнага рэжыму. На самой справе адбыўся чарговы ператрус, у выніку якога былі канфіскаваныя звароты Сямёна Домаша да выбаршчыкаў (6000 асобнікаў).
6 верасьня ў Віцебску вечарам нехта патэлефанаваў незалежнаму назіральніку Г.Сыс (участковая камісія №12 Чыгуначнага раёну г.Віцебск) і пачаў пагражаць ускладненьнямі ў сям’і і на працы. Незалежны назіральнік А.Ілевіч (участковая камісія №10 Чыгуначнага раёну г.Віцебску) быў выкліканы ў аддзел кадраў філіялу керамзітавага заводу і папярэджаны пра мажлівыя наступствы ў выпадку яго ўдзелу ў назіраньні.
6 верасьня ўвечары ў офіс Магілёўскай філіі Фонду імя Льва Сапегі ўварваліся каля 15-ці супрацоўнікаў міліцыі. Без тлумачэньня сваіх дзеяньняў і без прад’яўленьня дакументаў яны канфіскавалі ўсю аргтэхніку, якая знахо-дзілася ў офісе. Кіраўніку філіі Уладзіміру Шанцаву не паведамілі, куды вывозіцца абсталяваньне арганізацыі. Канфіскаваныя тры кампутары, факс. У гэты ж дзень у г.Шклоў была канфіскаваная аргтэхніка і ўвесь наклад газеты “Шклоўскія навіны” ў раённай філіі ГА “Беларускі рэспубліканскі клуб выбаршчыкаў”. Дзеяньнямі міліцыянтаў кіраваў Васіль Долаў. Па факце канфіскацыі кампутара, прынтэра, сканера, факсмадэма і газетаў быў складзены акт.
6 верасьня побач з офісам магілёўскай абласной арганізацыі ГА “БНФ “Адраджэньне” былі затрыманыя 6 сяброў Маладога Фронту. Юры Абакумаў, Аляксандар Рудніцкі, Мікіта Насцэвіч, Аладзімір Пускін і Аляксандар Лайкоў у 16:30 былі дастаўленыя ў апорны пункт міліцыі №1 па зав. К. Лібкнехта. Маладых людзей абвінавацілі ў распаўсюджаньні ўлётак і налепак. Праз тры гадзіны пасьля складаньня “тлумачальных” іх адпусьцілі.
6 верасьня ў Мінску міліцыянтамі быў затрыманы і дастаўлены ў Савецкі РУУС Антон Архіпаў. Падставай дзеля яго затрыманьня стала тое, што юнак заклікаў студэнтаў БДПА ня ўдзельнічаць у датэрміновым галасаваньні і прапаноўваў ім замест гэтага есьці вермішэль хуткага прыгатаваньня “Ролтан”, якую ён раздаваў усім бясплатна.
7 верасьня пракуратура Цэнтральнага раёну г. Магілёў распачала ціск на актывістаў моладзевых арганізацыяў “Зубр”, Малады Фронт і ўдзельнікаў мабілізацыйнай кампаніі “Выбірай”. Былі вынесеныя папярэджаньні Зьміцеру Букатаву, Мікіту Радзікаву, Д. Люнтаву за тое, што яны прымаюць удзел у агітацыі за кандыдата ў Прэзідэнты Ул.Ганчарыка. Такія ж папярэджаньні былі вынесеныя “зубрам” Калету, Пашкевічу і Паўловічу.
7 верасьня каля выбарчага ўчастку №17 у Воранаўскім раёне Гарадзенскай вобласьці быў схоплены міліцыянтамі і адвезены ў невядомым накірунку прадстаўнік ГІ “Незалежнае назіраньне” Ігар Крываручанка. 6 верасьня яго выдалілі з участку за тое, што ён пацікавіўся колькасьцю прагаласаваўшых датэрмінова.
7 верасьня ў другой палове дня да каардынатара па Савецкім раёне г. Мінск Аляксея Галіча паступіла інфармацыя, што з участку №61 спрабуюць выдаліць назіральніка ад «Таварыства беларускай мовы» Алеся Дзям’яненку. Аляксей Галіч прыехаў на ўчастак і паспрабаваў высьветліць прычыну выдаленьня назіральніка. Паказанае ім пасьведчаньне журналіста старшыня ўчастковай камісіі Андрэй Радына зьмяў і выкінуў, а потым выклікаў міліцыю. Нарад з Савецкага РУУС склаў пратакол на Аляксея Галіча па арт. 156 КаАП РБ (дробнае хуліганства) Ноч А.Галіч правёў у РУУС, а да суда ён будзе накіраваны ў сьпецпрыёмнік-разьмеркавальнік на вул. Акрэсьціна. Савецкі раён сталі-цы застаецца без каардынатара.
7 верасьня супрацоўнікі Міністэрства юстыцыі і пракуратуры РБ зьвяза-ліся з сябрам праўленьня ГА “Фонд імя Льва Сапегі” Міраславам Кобасам, які зьяўляецца каардынатарам праграмы паралельнага падліку галасоў, і паведамілі, што яны маюць намер правесьці планавую праверку дзейнасьці арганізацыі. Аднак, прыйшоўшы, яны зацікавіліся зусім іншым. А менавіта – сьпісамі назіральнікаў, вылучаных ад арганізацыі. Сп. Кобаса адмовіўся адчыніць офіс арганізацыі і прадаставіць сьпісы назіральнікаў, спаслаўшыся на тое, што ў яго няма на гэта паўнамоцтваў (паводле Статуту, гэта можа зрабіць толькі старшыня). Калі да офісу пачалі зьязджацца журналісты, супрацоўнікі Міністэрства юстыцыі і пракуратуры сышлі, нічога не патлумачыўшы пра разьвіцьцё падзеяў у будучыні. М.Кобаса лічыць, што ў хуткім часе гэтая гісторыя будзе мець працяг.
7 верасьня ў г. Слаўгарад супрацоўнікамі раённай міліцыі былі затрыманыя і ўтрымліваліся больш 8 гадзінаў старшыня Магілёўскага аддзяленьня Беларускага Хельсінкскага камітэту У.Краўчанка і сп. В.Меляшкевіч, каардынатар па незалежным назіраньні ў Слаўгарадзкім раёне, якія спрабавалі атрымаць інфармацыю аб сьпісах выбаршчыкаў на выбарчых участках. На затрыманых былі складзеныя пратаколы аб адміністратыўным правапарушэньні па арт. 167-3 КаАП. Слаўгарадзкі раённы суд 8 верасьня спыніў справу з-за адсутнасьці складу правапарушэньня ў дзеяньнях сп. Краўчанкі У.Л і Мелешкевіча В.Р.
7 верасьня ў Шклове Магілёўскай вобласьці былі затрыманыя каардынатар ГІ “Незалежнае назіраньне” Аляксандр Фёдараў і назіральнік Уладзімір Осіпаў.
7 верасьня каардынатар ГІ “Незалежнае назіраньне” па Шклову Пётр Мігурскі быў выкліканы ў пракуратуру. У гэты дзень у 20.00 шасьцёра ўзброеных людзей у міліцэйскай форме пастукалі ў дзьверы сп. Мігурскага. Яны адмовіліся прадставіцца і назваць прычыну запозьнегага візіту. Гаспадар не пусьціў іх у дом і патэлефанаваў у міліцыю і ў пракуратуру. Пракурор І.Сьніткоў сказаў, што гэта ён даў загад даставіць П.Мігурскага ў пракуратуру. П.Мігурскі сам без суправаджэньня накіраваўся ў пракуратуру. І.Сьніткоў абвінаваціў П.Мігурскага па арт. 192 КК РБ: “падлог дакументаў па выбарах ці парушэньне таямніцы галасаваньня..., якое зьдзейсьненае сябрам камісіі па выбарах Прэзідэнта РБ, выбарчай камісіяй..., ці іншай асобай, якая прымае ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ўдзел у падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў... Караецца штрафам ці пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады альбо займацца пэўнай дзейнасьцю, ці папраўчымі работамі на тэрмін да 2 гадоў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў, ці пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін”. Юрыст ГА ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч каментуе: “Гэты артыкул прадугледжвае адказнасьць толькі для суб’ектаў, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў. Назіральнік не зьяўляецца службовай асобай”. На наступны дзень аўтамабіль П.Мігурскага спынілі аўтаматчыкі і зноўку даставілі яго ў пракуратуру. На гэты раз уручылі пастанову пра вобыск і ўзялі падпіску аб нявыезьдзе. У доме П.Мігурскага быў праведзены вобыск. Нягледзячы на тое, што ў доме пастаянна гучаць тэлефанаваньні з пагрозамі, П.Мігурскі не зьбіраецца хавацца, а мае намер адстойваць свае інтарэсы ў судзе.
7 верасьня вечарам у Крычаве былі адключаныя тэлефоны штабу “Незалежнага назіраньня” і арганізацыі “Кантакт-цэнтр”, якая прымае актыўны ўдзел у кампаніі назіраньня і паралельнага падліку галасоў.
8 верасьня ў 17 гадзінаў каля Палацу спорту ў Мінску амапаўцы затрымалі ўдзельніка гурта «NRM» Піта Паўлава і Тамару Мацкевіч, якія разам з групай падлеткаў хацелі запусьціць паветраных зьмеяў з перадвыбарчай сімволікай. Адначасова затрымалі больш як 10 непаўнагадовых удзельнікаў акцыі, якія былі апранутыя ў аранжавыя футболкі. Пры затрыманьні амапаўцы жорстка зьбілі непаўнагадовага Максіма Байкова. На міліцэйскіх варанках усіх затрыманых павезьлі ў Цэнтральнае ўпраўленьне ўнутраных справаў.
8 верасьня назіральнікі ад ГА ПЦ “Вясна” былі пазбаўленыя акрэдытацыі. Старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі тэлеграмай быў выкліканы ў ЦВК. На паседжаньні ЦВК яму былі паказаныя чатыры заявы грамадзянаў з Глыбоцкага, Наваградзкага і Сьветлагорскага раёнаў, у якіх паведамлялася, што іх вылучылі ў якасьці назіральнікаў ад ГА ПЦ “Вясна” бяз іх ведама (яны, маўляў, нават не зьяўляюцца сябрамі арганізацыі). На паседжаньні ЦВК на падставе гэтых заяваў аднагалосна пастанавіла прызнаць несапраўдным вылучэньне ўсіх назіральнікаў — сяброў “Вясны”. Гэта азначае, што паўтары тысячы назіральнікаў, якія ўжо 5 дзён ажыцьцяўлялі назіраньне за галасаваньнем, пазбаўленыя свайго статусу. Нягледзячы на гэта, кампанія па назіраньні за выбарамі будзе працягвацца, бо застаюцца яшчэ каля 10 тысячаў назіральнікаў ва ўсіх рэгіёнах краіны. Напярэдадні ГА ПЦ “Вясна” атрымала з Мінюсту ліст, датаваны 31 жніўня, з патрабаваньнем прадставіць усю справаздачнасьць па дзейнасьці арганізацыі, сьпісы сяброў “Вясны”, усе пратаколы вылучэньня сваіх сяброў на назіраньне за выбарамі Прэзідэнта РБ на працягу двух тыдняў, г.зн. да 14 верасьня. Яшчэ некалькі арганізацыяў – ГА «Фонд імя Льва Сапегі» і ГА «Свабодны прафсаюз Беларускі» – атрымалі патрабаваньні ЦВК аб прадстаўленьні пратаколаў вылучэньня назіральнікаў у гэты ж дзень да 17 гадзінаў, інакш іх можа чакаць лёс “Вясны”.
8 верасьня незалежнаму назіральніку В.Мяцеліцу ў г.Бялынічы Магілёўскай вобл. аб’яўленае рашэньне суда аб прыцягненьні яго да адміністратыўнай адказнасьці – арышце на тэрмін 15 сутак за тое, што ён правёў у сябе на кватэры чатыры семінары для назіральнікаў. На дзесяты дзень яго знаходжаньня ў пастарунку міліцыянеры абшукалі яго гараж і знайшлі налепкі руху “Зубр”. Гэтыя налепкі сталі падставай для абвінавачаньня А. Мяцеліцы ва “ўдзеле ў антыдзяржаўнай дзейнасьці, прыніжэньні гонару і годнасьці Прэзідэнта РБ” і ўзбуджэньні супраць яго крымінальнай справы. А. Мяцеліцу чакае яшчэ адзін суд. На гэты раз – па крымінальнай справе.
8 верасьня ў г. Магілёў міліцыя ўварвалася ў памяшканьне, дзе праходзіў сход назіральнікаў, на якім прысутнічала каля 100 чалавек. 25 з іх затрымалі і даставілі ў аддзяленьне міліцыі. Праз некалькі гадзін усе яны былі адпушчаныя без складаньня пратаколаў.
8 верасьня ў Кобрыне супрацоўнікі міліцыі затрымалі вучня 8 класа Заляшчука Віктара за перадвыбарчую налепку “Время убирать”. Хлопчыка завялі ў міліцыю і доўга запалохвалі тым, што адправяць у калонію для непаўнагадовых. Увесь час у яго пыталіся: “Дзе ўзяў налепкі?” Заляшчук адказваў, што даў незнаёмы юнак на вуліцы. Допыт цягнуўся 5 гадзінаў, урэшце хлопчыку дазволілі патэлефанаваць старэйшаму брату. Калі зьявіўся брат, супрацоўнікі міліцыі прапанавалі яму выкупіць малодшага за 15 тысячаў беларускіх рублёў і пляшку гарэлкі. Ніякіх пратаколаў пры гэтым складзена не было.
8 верасьня супраць незалежнага назіральніка Пятра Мігурскага пракуратурай Шклоўскага раёну ўзбуджаная крымінальная справа па факце парушэньня арт. 192 КК РБ (парушэньне заканадаўства аб выбарах). Назіральніку П. Мігурскаму ставіцца ў віну, што ён нібыта прадставіў несапраўдныя выпіскі з пратаколаў. За дадзеныя дзеяньні яму магла пагражаць толькі адміністратыўная адказнасьць. Адвакат С.Цурко пракаментаваў сітуацыю так: “Гэта відавочнае ўзьдзеяньне на незалежных назіральнікаў з боку ўладаў дзеля таго, каб адхіліць ад назіраньня адных і запалохаць іншых”.
9 верасьня каля 600 назіральнікаў па Гарадзенскай вобласьці, накіраваных на выбарчыя ўчасткі ад ГА “Фонд імя Льва Сапегі”, былі пазбаўленыя акрэдытацыі па рашэньні Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі. Прадстаўнікі гэтай арганізацыі па ўсіх астатніх абласьцях мелі магчымасьць назіраць за ходам выбараў.
9 верасьня ў 20.30 на выбарчым участку №11 (СШ №8 г. Маладэчна) пачаўся падлік галасоў. Назіральнік ад ГА БНФ “Адраджэньне” Нэлі Шлойда не палічыла патрэбным сыходзіць з памяшканьня, дзе адбываўся падлік галасоў, і яе проста выгналі, сказаўшы: “Мы яшчэ з табой разьбярэмся”. Пасьля доўгіх размоваў Н.Шлойдзе ўсё ж дазволілі вярнуцца, але яе пасадзілі такім чынам, каб яна не магла бачыць, як ідзе падлік. Пасьля вяртаньня з ўчастку Н.Шлойда выявіла, што ў яе адключаны тэлефон. Тэлефон быў адключаны таксама ў кватэры каардынатара “Незалежнага назіраньня” па г.Маладэчна А.Капуцкага.
9 верасьня Галіна Васільчанка (жонка каардынатара Грамадзянскай ініцыятывы “Незалежнае назіраньне” Васіля Васільчанкі) паведаміла, што з вечара 5 верасьня зьнік яе муж і месцазнаходжаньне яго невядомае. Яе зварот у Клімавіцкі РАУС застаўся безвыніковым. Супрацоўнікі РАУС адмаўляюцца адказваць, дзе знаходзіцца яе муж, пры гэтым яны кажуць, што хочуць яшчэ папрацаваць у міліцыі. Раней В.Васільчанка быў зьбіты старшынёй Клімавіцкага райвыканкаму В.Канавалавым за тое, што хацеў перадаць скаргу ў раённую камісію па выбарах. Пазьней стала вядома, што В.Васільчанка знаходзіцца ў Клімавіцкім РАУС па невядомых падставах.
9 верасьня ў 14 гадзінаў пракурор Шклоўскага раёну І.Сьніткоў у адсутнасьці адваката зрабіў допыт каардынатара ГІ “Незалежнае назіраньне” па Шклоўскім раёне П.Мігурскага ў сувязі з узбуджанай у адносінах да яго крымінальнай справай па арт.192 КК РБ (нібыта за фальсіфікацыю дакументаў па вылучэньні назіральнікаў). Пры допыце прысутнічаў міжнародны назіральнік АБСЕ Марк Дылен.
9 верасьня карэспандэнт газеты “Тыднёвік Магілёўскі” Уладзімір Краўчанка наведаў выбарчы ўчастак Слаўгарадзкага гарадзкога шпіталю. Старшыня камісіі Кузьменка паведаміла, што ў памяшканьні ўчастку ніякіх сьпісаў для галасаваньня няма, а таксама, што ёй загадана старшынёй раённай камісіі ніякіх зьвестак ні журналістам, ні назіральнікам не прадстаўляць. Старшыня раённай выбарчай камісіі Бялова В.М. сказала, што ўсю адказнасьць за парушэньні выбарчага заканадаўства яна бярэ на сябе і што яна сапраўды дала ўказаньні праводзіць выбары ў такім парадку. Атрымаўшы гэты адказ, Ул. Краўчанка пайшоў у пракуратуру г.Слаўгарад. Падыходзячы да дзьвярэй пракурора раёну, ён пачуў гучную размову праз адчыненыя дзьверы. Пракурор Слаўгарадзкага раёну адмаўляўся прыняць заявы аб парушэньнях ад назіральнікаў і пры гэтым лаяўся нецэнзурнымі словамі. Убачыўшы ў руках Краўчанкі дыктафон, пракурор Купрэйчыкаў запатрабаваў аддаць запіс. Журналіст адмовіўся гэта зрабіць, растлумачыўшы гэта тым, што дыктафон зьяўляецца ягонай прыватнай маёмасьцю. Праз дзьве гадзіны ў раёне Слаўгарадзкага рынку супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну сп. Краўчанкі і паведамілі пра тое, што ім загадана даставіць машыну ў Слаўгарадзкі аддзел міліцыі. У Слаўгарадзкім РАУС начальнік міліцыі Балдышэўскі А.І. у прысутнасьці пракурора раёну Купрэйчыкава прапанаваў журналісту аддаць дыктафон, але, адтымаўшы адмову, даў указаньне пачаць вобыск у машыне. З аўтамабіля супрацоўнікі міліцыі забралі папку з дакументамі, якая належала сябру журналіста Меляшкевічу. Журналіста і ягонага сябра пратрымалі ў аддзяленьні каля двух гадзінаў, затым склалі пратакол па надуманых абвінавачаньнях і прапанавалі паехаць у суд. У судзе вярнулі ўсе забраныя рэчы.
9 верасьня, як указваюць у сваёй заяве ў ЦВК назіральнікі ў Глускай раённай выбарчай камісіі І.Кірын (ГА “Фонд імя Льва Сапегі”) і Я.Чапурышкін (РГА БХК), у 8.00 было адмоўлена ва ўдзеле ў назіраньні 11 назіральнікам ад ГА “Беларускі рэспубліканскі клуб выбаршчыкаў” і ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, якія прыехалі з Бабруйску і зарэгістраваліся на выбарчых участках Глускага раёну. Пасьля адмовы ў допуску на выбарчыя ўчасткі назіральнікі былі затрыманыя супрацоўнікамі Глускага РАУС і дастаўленыя ў райаддзел разам з кіроўцамі прыватных аўтамабіляў, на якіх яны дабіраліся да гораду. Сярод назіральнікаў былі жанчыны, якіх у РАУСе дапыталі і абшукалі. Вобыск быў праведзены без складаньня пратаколу і без панятых. Кіроўцам аўтамабіляў, якія падвозілі назіральнікаў у Глуск, інкрымінавалі незаконнае прыватнае возьніцтва і склалі пратаколы аб адміністратыўным правапарушэньні пасьля двух гадзінаў допытаў і вобыску аўтамабіляў. Такім чынам было сарванае назіраньне на 6 участках Глускага раёну.
9 верасьня назіральнік ад ТБМ на выбарчым участку №45 Маскоўскага раёну г.Мінску С.Міхноў
9 верасьня былі адключаныя інтэрнэт-старонкі незалежных СМІ, інфармацыйных агенцтваў, Праваабарончага цэнтру “Вясна”, “Незалежнага назіраньня”, тэлефоны і факсы ў офісах усіх арганізацыў, якія ўдзельнічалі ў незалежным назіраньні, у тым ліку і рэспубліканскіх. Акрамя таго, былі адключаныя персанальныя кватэрныя тэлефоны і апараты сотавай сувязі ў кіраўнікоў Грамадзянскай ініцыятывы. Не працавалі сотавыя тэлефоны ў журналістаў, якія знаходзіліся ў прэс-цэнтры “Незалежнага назіраньня” ў памяшканьні рэдакцыі газеты “Рабочы”.
10 верасьня каардынатар “Незалежнага назіраньня” па Кобрынскім раёне С.Чарніцкі быў выкліканы ў падатковую інсьпенцыю дзеля праверкі дзейнасьці філіі ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Адразу пасьля выбараў у г. Жабінка назіральнік ад “Незалежнага назіраньня” Г. Самойленка за удзел у кампаніі атрымаў строгую вымову па месцы працы.
На восьмы дзень пасьля адбываньня пакараньня ў міліцэйскім пастарунку трапіў у Магілёўскі абласны шпіталь каардынатар незалежнага назіраньня па Клімацкім раёне Васіль Васільчанка. Міліцэйскае кіраўніцтва было вымушанае вызваліць назіральніка пасьля таго, як у затрыманага пачало гнаіцца вуха і абвастрыліся іншыя хваробы. Зьняволены адбываў пакараньне ў вельмі цяжкіх умовах. Вось як апісаў умовы ўтрыманьня сам В.Васільчанка: “Мяне пасадзілі разам з крымінальнікамі. Шэсьць чалавек жылі на пяці квадратных метрах. Спалі па чарзе, было вельмі халодна. Усе зьняволеныя палілі, а я з цяжкасьцю пераношу пах тытуню”. В.Васільчанка трапіў у міліцыю па абвінавачаньні ў дробным хуліганстве. Яму прысудзілі 10 сутак пазбаўленьня волі адразу пасьля таго, як у магілёўскім шпіталі ён зьняў пабоі, нанесеныя яму кіраўніком мясцовай “вертыкалі” Уладзімірам Канавалавым. Менавіта падчас назіраньня ў прысутнасьці сьведкаў чыноўнік зьбіў В.Васільчанку так, што ў яго лопнула барабанная перапонка вуха. Ва ўсіх медыцынскіх установах Клімавічаў адмовіліся правесьці медыцынскую эксьпертызу. Але калі ў Магілёве В.Васільчанка атрымаў адпаведную даведку, пасьля вяртаньня ў Клімавічы знайшліся “сьведкі”, якія сказалі, што ён лаяўся і чапляўся да мінакоў. Трэба сказаць, што такое ж абвінавачаньне вылучанае і супраць ягонай жонкі, але судовага рашэньня пакуль няма: падчас судовага паседжаньня ёй стала кепска, і яе з дыягназам “гіпертанія” адвезьлі ў мясцовы шпіталь.
12 верасьня ў Віцебску камісія па справах непаўнагадовых Кастрычніцкага раёну вынесла наступныя рашэньні па справах падлеткаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў перадвыбарчай кампаніі: маці Сьцяпана Цішуціна далі штраф 1 мінімальны заробак; Зьміцер Калашнікаў, Алесь Сухадолаў, Ігар Альшанка атрымалі папярэджаньні, апошняга перавялі са сьпецшколы з гуманітарным ухілам у звычайную па месцы жыхарства; справы Кірыла Волкава і Алеся Горскага перанесьлі, таму што на паседжаньні не зьявіліся іхнія бацькі. Паседжаньні вёў намесьнік старшыні райвыканкаму, адзін з лідэраў мясцовай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Павел Лосіч, які падчас перадвыбарчай кампаніі працаваў у камандзе Лукашэнкі.
13 верасьня стала беспрацоўнай Нэлі Шлойда, каардынатарка сеткі “Незалежнае назіраньне” у Маладэчне. Мінскае кіраўніцтва фірмы “Юніфарм” ад-хіліла яе ад працы — яна была загадчыцай маладэчанскай аптэкі.
У сярэдзіне верасьня, адразу пасьля выбараў, пачаліся рэпрэсіі супраць сябра Рады прадстаўніцтва Беларускага Хельсінкскага камітэту Тамары Кот, якая працуе доктаркай у санаторыі Беразіна. З ёю правёў выхаваўчую гутарку галоўны доктар санаторыя Уладзімір Варонін. Ён абвінаваціў жанчыну ў тым, што яна нібыта не агледзела хворых, якія зьбіраліся галасаваць за Аляксандра Лукашэнку, выганяла іх з кабінету і штурхала ў плечы, а таксама нібыта ў працоўны час агітавала хворых, каб тыя галасавалі супраць Лукашэнкі.
14 верасьня ў Бабруйску адбыўся напад на Зьміцера Барышнікава і Алега Буцанца, якія на прэзідэнцкіх выбарах былі назіральнікамі ад “Беларускага рэспубліканскага клубу выбаршчыкаў” і ад Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Яны абходзілі кватэры ў Першамайскім раёне гораду і апытвалі жыхароў, якія 9 верасьня галасавалі на выбарчым участку №79. Вынікі апытаньня пра тое, хто і за каго аддаў свой голас, яны зьмясьцілі ў адмысловую тэчку. Але прыблізна а 20-й гадзіне да іх падышлі трое мужчын. Па іхным моцным целаскладзе ды па іхніх паводзінах можна меркаваць, што гэта былі супрацоўнікі структураў. Калі Зьміцер Барышнікаў быў назіральнікам, то бачыў, як старэйшы з іх заходзіў у кабінет старшыні камісіі. Ён назіральніка таксама бачыў ды ведаў у твар. Невядомы выхапіў у Зьміцера з рук тэчку.
14 верасьня з Магілёўскага політэхнікуму адлічылі прэс-сакратара магілёўскай філіі Маладога Фронту Зьміцера Букатава. Яго адлічылі з фармулёўкай «За пропускі заняткаў без паважных прычынаў». Зьміцер Букатаў лічыць, што адлічэньне выкліканае ягонай актыўнай палітычнай дзейнасьцю. Адміністрацыя політэхнікуму на вучэбнай радзе разгледзела паводзіны яшчэ двух сваіх навучэнцаў Аляксандра Каліты і Аляксандра Паўловіча — удзельнікаў тэатралізаванага прадстаўленьня «зуброўцаў» у вёсцы Рыжкавічы Шклоўскага раёну (цэнтр саўгасу “Гарадзец”, якім да свайго прэзідэнцтва кіраваў А.Лукашэнка). Супраць А.Паўловіча распачатая крымінальная справа за абразу гонару і годнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Аляксандра Каліту і Аляксандра Паўловіча ў тэхнікуме абвінавацілі ў пропуску заняткаў і падробцы медыцынскіх даведак. Самі юнакі сьцьвярджаюць, што ўрачоў прымусілі адклікаць даведкі. Пакуль самадзейныя акторы чакаюць паседжаньня камісіяў, іх аднадумцы з руху «Зубр» Іван Панюціч і Надзея Сулейманава, затрыманыя пасьля правядзеньня акцыі «Хочам ведаць праўду» ў жніўні, атрымалі на рукі рашэньне суда Цэнтральнага раёну Магілёву. Івану Панюцічу вынесенае папярэджаньне, а Надзеі Сулейманавай давядзецца выплаціць штраф у 20 мінімальных заробкаў, бо яе дадаткова абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Судзьдзя паверыла міліцыянтам, якія сьцьвярджалі, што пры затрыманьні дзяўчына аказвала ім супраціўленьне.
14 верасьня з факультэту замежных моваў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту за акадэмічную непасьпяховасьць адлічаныя студэнты 3 курсу Ларыёненка Максім і Гальцаў Алесь, якія бралі актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі і дапамагалі перакладам назіральнікам ад АБСЕ сп.сп. Б.Маршалу і М.Дылену. Абодва студэнты сапраўды мелі запазычанасьць, але дэканат факультэту працягнуў тэрмін здачы запазычанасьцяў па сесіі для ўсіх студэнтаў да 31 верасьня, акрамя М.Ларыёненкі і А.Гальцова. Такім чынам студэнты былі пазбаўленыя магчымасьці пераздаць сесію, як іншыя студэнты. Пасьля выключэньня з універсітэту хлопцы адразу атрымалі позвы ў ваенкамат дзеля прызыву на тэрміновую службу ў войску.
17 верасьня актывісту моладзевага руху “Зубр” Андрэю Жукаву вынесенае папярэджаньне за парушэньне арт. 167 ч.10 КаАП РБ (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі г.п.Краснапольле за тое, што падчас выбарчай кампаніі расклейваў партрэты кандыдата ў Прэзідэнты Уладзіміра Ганчарыка. Супрацоўнікі міліцыі правялі несанкцыянаваны вобыск у ягонай кватэры, падчас якога былі знойдзеныя налепкі з лагатыпам руху “Зубр”. Нягледзячы на парушэньні заканадаўства, суд палічыў правамерным вобыск у кватэры Жукава і вынес яму папярэджаньне.
17 верасьня ў судзе Ленінскага раёну г. Берасьце судзьдзя А. Рэуцкі асудзіў Паліну Панасюк на 5 сутак арышту за правапарушэньне, прадугледжанае арт. 167.1 КаАП РБ – “парушэньне парадку правядзеньня мітынгаў і пікетаў”. Віна дзяўчыны складалася ў тым, што 19 жніўня ў адным з раёнаў г. Берасьце яна раздавала газету “Наша Свабода” і “выказвала свае адмоўныя адносіны да абраньня прэзідэнтам А.Лукашэнкі”. П. Панасюк зьяўляецца сябрам ГА ПЦ “Вясна”, але прадстаўнік арганізацыі ня быў дапушчаны да абароны абвінавачваемай, як і адвакат. Апроч таго, судзьдзя ўзбудзіў супраць П. Панасюк другую адміністратыўную справу за непавагу да суда – яна не атрымала позву, таму і не зьявілася на паседжаньне суда, якое павінна было адбыцца яшчэ 7 верасьня. За гэта Паліне пагражае яшчэ да 15 сутак арышту.
18 верасьня ў ПЦ “Вясна” зьвярнуўся выкладчык сельскагаспадарчага тэхнікуму ў пасёлку Сьмілавічы Чэрвеньскага раёну Мінскай вобласьці Нікіцін Аляксандр, які паведаміў наступнае: “Я працаваў ў Сьмілавіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме з 1964 году. 5 верасьня мяне запрасілі да дырэктара, дзе ён абвясьціў мне, што педнагрузку з мяне зьняў без ніякага тлумачэньня прычыны. Цяпер я хачу аднавіцца на працы...” Разам з тым Нікіцін Аляксандр прадставіў у ПЦ “Вясна” шэраг дакументаў, сярод якіх загад дырэктара тэхнікума: “У сувязі з выяўленьнем фактаў правядзеньня антыдзяржаўнай палітыкі ў сельскагаспадарчым тэхнікуме (студэнцкія інтэрнаты, навучальныя карпусы і інш.), прыніжэньнем гонару і годнасьці кандыдатаў у Прэзідэнты РБ загадваю – Нікіціна Віталя Аляксандравіча, Нікіціну Лілію Леанідаўну, Кухаронак Валянціну Іванаўну папярэдзіць пра недапушчальнасьць распаўсюджаньня на тэрыторыі тэхнікуму брашураў, газетаў, лістовак і іншага друку, дзе прыніжаецца гонар і годнасьць Прэзідэнта РБ, кандыдатаў у Прэзідэнты РБ. 05.09.2001 г. Дырэктар тэхнікуму Пілуй Н.Ф”. Прадставіў А.Нікіцін таксама і адказ з прафкаму:“На Вашую заяву ў прафкам Сьмілавіцкага сельгастэхнікуму паведамляем, што, згодна арт.1, пункт 1 Працоўнага кодэксу, наймальнік мае права заключаць і скасоўваць працоўныя дамовы з супрацоўнікамі. Прафкам у дадзеным пытаньні нічым дапамагчы ня можа”.
25 верасьня стала вядома, што пазбаўлены месячнага заробку і атрымаў вымову рэдактар Магілёўскага абласнога радыё Генадзь Мартынаў за тое, што ён насіў майку «Скажам дурню – не!» і распаўсюджваў іх сярод супрацоўнікаў. Старшыня абласнога тэлерадыёаб’яднаньня Яўген Мельнікаў у загадзе адзначыў, што пазбаўляе свайго падначаленага заробку за парушэньне працоўнай дысцыпліны. Акрамя гэтага, журналіста абвінавацілі ў вывешваньні партрэта Уладзіміра Ганчарыка на рабочым месцы і неаб’ектыўным асьвятленьні сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і кемераўскага губернатара Амана Тулеева. Журналіста зьбіраліся пакараць за гэты ўчынак больш жорстка. Першапачаткова яго зьбіраліся звольніць з працы і прапанавалі яму напісаць заяву па асабістым жаданьні. Раздражненьне кіраўніцтва абласнога тэлерадыёаб’яднаньня выклікаў ня толькі гэты ўчынак. Генадзь Мартынаў стаў намесьнікам каардынатара “Незалежнага назіраньня” па Магілёўскай вобласьці і актыўна ўдзельнічаў у кантролі за прэзідэнцкімі выбарамі.
28 верасьня адміністратыўная камісія пры выканкаме Слуцкага раённага савету разгледзела адміністратыўны пратакол на Сяргея Сарагаўца, скла-дзены на яго 8 верасьня за распаўсюджаньне матэрыялаў аб адзіным кандыдаце ў Прэзідэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. С.Сарагавец быў прызнаны вінаватым у парушэньні арт. 172 ч.3 КаАП РБ – «распаўсюджаньне друкаваных выданьняў, вырабленых з парушэньнем устаноўленага парадку» і аштрафаваны на 10 мінімальных заробкаў. частка
3
1 кастрычніка звольнены з пасады галоўнага архітэктара Бялыніцкага раёну В.Дзімітрыадзі, які падчас выбарчай кампаніі зьбіраў подпісы за вылучэньне кандыдатам у прэзідэнты С.Калякіна, а таксама ўдзельнічаў у незалежным назіраньні за выбарамі. Фармальна прычына звальненьня ўказаная наступная: “невыкананьне службовых абавязкаў і правілаў працоўнага распарадку”.
2 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёну Горадні судзьдзя Дзьмітры Дземчанка разглядаў матэрыялы адміністратыўнай справы, складзеныя на давераную асобу Уладзіміра Ганчарыка Мікалая Саляніка. У матэрыялах справы сьцьвярджалася, што спадар Салянік зьяўляўся арганізатарам несанкцыянаванага мітынгу 30 жніўня, на якім выступаў Ул. Ганчарык. Мікалай Салянік патлумачыў у судзе, што ён падаў заяўку, каб правесьці сустрэчу з выбаршчыкамі на плошчы Леніна, а таксама яшчэ ў трох месцах. Гарвыканкам даў адказ: ня можам аказаць садзеяньня і даць згоду. У Ленінскай раённай выбарчай камісіі адказалі болей канкрэтна: “Адмовіць. Сустрэчы праводзіць толькі ў памяшканьнях”. Даверанай асобе выдалі пры гэтым складзены камісіяй графік сустрэчаў з кандыдатамі. Графік гэты ня быў ні з кім узгоднены і не зацьверджаны. На судзе высьветлілася, што перадвыбарчы мітынг прайшоў без заўвагаў і парушэньняў грамадзкага парадку, аднак пракуратура запатрабавала, каб міліцыя правяла праверку і каб арганізатараў прыцягнулі да адказнасьці. Так зьявіўся пратакол аб правядзеньні недазволенага мітынгу. Судзьдзя накіраваў матэрыялы справы назад у міліцыю.
5 кастрычніка ў Праваабарончы цэнтр «Вясна» зьвярнулася П.Яфімава, жыхарка пас. Гудагай Астравецкага раёну, якая зьяўлялася незалежным назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах. Яна паведаміла, што за ўдзел у кампаніі назіраньня адразу пасьля выбараў была звольненая з працы білетнага касіра на станцыі Гудагай, дзе прапрацавала 8 гадоў.
9 кастрычніка ў гарадзкім пасёлку Шаркаўшчына судзьдзя раённага суда Максімовіч вынесла рашэньне аштрафаваць на 3 мінімальныя заробкі каардынатара па назіраньні Васіля Грамовіча. Справа ў тым, што старшыня ўчастковай камісіі Мар’ян Паўловіч зьвярнуўся ў суд, палічыўшы, што каардынатар распаўсюдзіў недакладныя зьвесткі і абразіў яго ў сваёй заяве пракурору. Заява зьвяртала ўвагу прадстаўніка закону на тое, што старшыня камісіі прыехаў да назіральніка Міколы Лук’яненкі і, па словах апошняга, спытаўся: ці не баіцца грузчык хлебазаводу застацца пасьля выбараў бяз працы? Факту сваёй размовы сам-насам з Лук’яненкам Паўловіч не адмаўляў, але заявіў, што прыяжджаў прапанаваць таму працу дыспэтчара. Судзьдзя вырашыла, што факт ціску на назіральніка не даказаны, а таму скарга Васіля Грамовіча ўтрымлівае паклёп.
10 кастрычніка ў Праваабарончы цэнтр «Вясна» зьвярнуўся жыхар г. Ашмяны Сьцяпан Корзан, каардынатар незалежнага назіраньня па Ашмянскім раёне на прэзідэнцкіх выбарах. Ён працаваў да апошняга часу ў Ашмянскіх электрасетках інжынерам па падрыхтоўцы кадраў. С.Корзан паведаміў, што з 31 верасьня з ім не быў працягнуты кантракт на працоўным месцы. Ён напісаў заяву дырэктару прадпрыемства, дзе ўказаў, што мае дваіх дзяцей школьнага ўзросту і згодзен працаваць на любой пасадзе, але яму адмовілі. Пасьля звальненьня С.Корзан ня можа нідзе ўладкавацца на працу, хаця мае добрую адукацыю інжынера сувязі і ў ягонай працоўнай кніжцы 92 падзякі і граматы.
11 кастрычніка Лоеўскі раённы суд адмовіў Валерыю Канапляніку ў аднаўленьні на працоўным месцы ў раённым вузьле сувязі, дзе ён працаваў 11 гадоў паштальёнам суправаджэньня. Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кіраўнік мясцовага клубу выбаршчыкаў, актывіст грамадзкага аб’яднаньня “Карані” Валеры Канаплянік напрыканцы жніўня, калі ішла перадвыбарчая кампанія, у вёсцы Малінаўка на 5 хвілінаў зайшоў на выбарчы ўчастак, дзе пацікавіўся, якія дакументы патрэбныя для акрэдытацыі на ўчастку незалежным назіральнікам. Участковая камісія паведаміла пра візіт Канапляніка ў райвыканкам. На наступны дзень на працы вымусілі Валерыя Канапляніка напісаць заяву пра звальненьне, інакш, папярэдзілі, што звольняць за недавер. І хаця пасьля выходных Валеры Канаплянік папрасіў ануляваць заяву, адміністрацыя пошты адмовіла яму. Тады В.Канаплянік зьвярнуўся ў суд, але апошні не знайшоў падставаў аднавіць яго на працы, паколькі адсутнічаюць, на яго думку, факты псіхалагічнага ўціску.
12 кастрычніка ў гарадзкім судзе г. Салігорск судзьдзя Каляда разглядала адміністратыўную справу Аляксандра Талпекі, старшыні райкаму прафсаюзаў работнікаў адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай. Яму інкрымінавалі распаўсюджаньне ўлётак за кандыдата ў Прэзідэнты Уладзіміра Ганчарыка сярод супрацоўнікаў гарвыканкаму. У выніку разгляду справы судзьдзя вынесла рашэньне пакараць Аляксандра Талпеку штрафам у адзін мінімальны заробак.
15-16 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёну г.Берасьця адбывалася судовае паседжаньне па адміністратыўнай справе Рыгора Варвашэвіча. Яго абвінавачвалі па арт. 166 КаАП РБ – “непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі” і 167.3 КаАП РБ – “парушэньне заканадаўства аб выбарах”. Абараняў інтарэсы Р.Варвашэвіча ў судовым працэсе прадстаўнік Брэсцкага абласнога аддзяленьня ПЦ “Вясна” Уладзімір Малей. Судзьдзя А.Міранюк вынес пастанову – аштрафаваць Р.Варвашэвіча на 7 мінімальных заробкаў.
19 кастрычніка суд Крупскага раёну Мінскай вобласьці разглядаў зыск настаўніка Андрэя Аляхновіча да Крупскага РАНА адносна ўзнаўленьня на працоўным месцы. Андрэй Аляхновіч быў звольнены з пасады сацыяльнага педагога СШ №1 г.Крупкі за актыўны ўдзел у агітацыйнай кампаніі па выбарах Прэзідэнта РБ. Звольнены А.Аляхновіч быў па арт. 47.3 Працоўнага кодэксу за ўчынак, які несумяшчальны з пасадай настаўніка. Сам факт звальненьня Аляхновіча сьведчыць пра існаваньне ў Беларусі “забароны на прафесію” для тых, хто нязгодны з палітыкай Лукашэнкі. У судзе Крупскага раёну адказчыкам па зыску Аляхновіча высупаў загадчык РАНА Анатоль Зайцаў. Адказчык сьцьвярджаў, што Аляхновіч “выкарыстоўваў вучняў дзеля дасягненьня сваіх мэтаў. Уцягваў іх у антыдзяржаўную дзейнасьць, выхоўваў нігілізм у адносінах да дзяржавы”. На судзе ў якасьці адказчыка выступалі бацькі вучняў і калегі Аляхновіча, якія характарызавалі яго як высокага прафесіянала і цудоўнага педагога. Судзьдзя Васіль Панкратаў прыпыніў разгляд справы да таго часу, пакуль ня будуць атрыманыя адказы з пракуратуры і Мінскага абласнога суда, куды А.Аляхновіч накіраваў скаргі аб адмене адміністратыўнага спагнаньня.
22 кастрычніка судзьдзя суда Клічаўскага раёну Камар А.В. вынес пастанову аб узнаўленьні на працы выкладчыка нямецкай мовы Клічаўскага аграрна-тэхнічнага каледжу Людмілы Гушчы, якая падчас прэзыдэнцкіх выбараў каардынавала незалежнае назіраньне ў Клічаўскім раёне, і за актыўную грамадзкую дзейнасьць была звольненая з працы. Суд палічыў яе звальненьне незаконным і пастанавіў спагнаць з каледжу на карысьць Людмілы Гушчы аплату за час вымушанага прагулу з 5 верасьня па 22 кастрычніка, а таксама маральную шкоду ў суме 25 000 рублёў.
24 кастрычніка віцебскі прадпрымальнік Васіль Ігнаценка, у якога напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў сканфіскавалі 5 тысячаў футболак з надпісам «Скажы дурню не!», быў прымусова дастаўлены ў абласны камітэт па фінансавых расьследваньнях. Ад яго патрабавалі паказаньняў, якія б далі падставы абвінаваціць Віцебскі цэнтр моладзевых ініцыятываў «Контур» у па-застатутнай палітычнай дзейнасьці, у прыватнасьці, арганізацыі на Віцебшчыне кампаніі «Выбірай». Паводле выніку праверак фінансавых органаў нібыта за парушэньні ў прадпрымальніцкай дзейнасьці актывіст цэнтру «Контур» Васіль Ігнаценка быў аштрафаваны на 500 тысячаў беларускіх рублёў, а на цэнтр «Контур», паводле словаў сьледчых, былі накладзеныя адразу некалькі штрафаў агульнай сумай 8 мільёнаў рублёў.
26 кастрычніка судзьдзя суда Слуцкага раёну і г. Слуцк Шчупікаў А.В. скасаваў абвінавачаньне адміністратыўнай камісіі райвыканкаму на адрас актывісткі АГП, настаўніцы з мястэчка Вежы Зінаіды Цімошак. Яе абвінавачвалі ў тым, што яна 8 верасьня распаўсюджвала ў вёсцы Гацук выпуск газеты “Народны Прэзідэнт” без выходных дадзеных. Суд пастанавіў, што яе знахо-джаньне ў легкавіку, дзе міліцыянты тады знайшлі стос асобнікаў “Народнага Прэзідэнту”, не даказвае, што спадарыня Цімошак займалася недазволеным распаўсюджаньнем выданьня.
29 кастрычніка ў судзе Чэрвеньскага раёну Мінскай вобласьці адбылося паседжаньне па зыску выкладчыка Аляксандра Нікіціна да Сьмілавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікуму аб узнаўленьні на працоўным месцы. Судовае паседжаньне па зыску А.Нікіціна было перанесенае на 1 лістапада ў сувязі з хадайніцтвам пракурора выклікаць у суд дырэктара тэхнікуму Мікалая Пілуя і яшчэ раз заслухаць завуча.
30 кастрычніка ў Гарадзенскім раённым судзе Мячыслаў Гіруць і Тадэвуш Гавін атрымалі папярэджаньні за падзеі, зьвязаныя з мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі. М.Гіруць быў даверанай асобай Ул.Ганчарыка, а Т.Гавін – сябрам абласнога штабу Ул.Ганчарыка. Судзьдзя наступным чынам абгрунтаваў іхнюю віну: 7 верасьня ў мястэчку Сапоцкін Гарадзенскага раёну ў школе яны правялі з бацькамі вучняў незапланаваны сход. У школу іх ніхто не запрашаў, і школа – ня месца для палітыкі. Спачатку сустрэча з М.Гіруцем у межах прэзідэнцкай кампаніі была запланаваная ў мясцовым Доме культуры. Аднак там нікога не было, бо ўлады “папрасілі” людзей не хадзіць на сустрэчу. А ў школе якраз адбываўся бацькоўскі сход. Дырэктар школы Зарэцкая спачатку паабяцала, што госьці выступяць пасьля заканчэньня сходу. Але потым прапанавала бацькам пайсьці з настаўнікамі ў класы. У выніку міліцыянты склалі пратакол аб несанкцыянаваным сходзе.
1 лістапада ў Чэрвеньскім раённым судзе адбылося чарговае паседжань-не па зыску выкладчыка Аляксандра Нікіціна да Сьмілавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікуму пра аднаўленьне на працы. Справа была перапыненая ў сувязі з прызначэньнем крыміналістычнай эксьпертызы, бо тэкст загаду і працоўнага кантракту відавочна мелі падчысткі і выпраўленьні.
1 лістапада намесьнік старшыні Маладога Фронту Яўген Скочка быў выкліканы ў пракуратуру Гомельскай вобласьці, дзе разглядалася ягоная заява аб парушэньні выбарчага заканадаўства падчас выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Рэч у тым, што як выбаршчыку Я. Скочку не было дазволена прагаласаваць у дзень выбараў ні па месцы жыхарства ў Гомелі, ні па месцы працы ў Мінску. Яму сказалі, што ягонае прозьвішча проста не пасьпелі ўнесьці ў выбарчыя сьпісы. Акрамя гэтага, калі Я. Скочка зьявіўся на ўчастак і запатрабаваў свой бюлетэнь, дзяжурны міліцыянт, які гартаў сьпісы выбаршчыкаў, паспрабаваў унесьці туды ягонае прозьвішча, чым фактычна спрабаваў выконваць функцыі сябра камісіі. Зважаючы на відавочнае парушэньне выбарчага заканадаўства, Я. Скочка накіраваў дзьве заявы на імя старшыні ўчастку №11 Навабеліцкага раёну Гомелю, і заяву ў Генпракуратуру з выкладам усіх фактаў парушэньняў і патрабаваньнем прызнаць выбары незаконнымі і ўзбудзіць крымінальную справу супраць А. Лукашэнкі ў справе фальсіфікацыі выбараў. Пракурор Гомельскай вобласьці сп-ня Чарнабай зацікавілася фактамі, выкладзенымі ў заяве, акрамя, безумоўна, справы супраць Лукашэнкі, і паабяцала зрабіць адпаведныя захады.
12-13 лістапада ў судзе Крупскага раёну працягнуўся разгляд справы па зыску настаўніка СШ №1 Андрэя Аляхновіча да Крупскага РАНА па аднаўленьні на працы. Адказчык, загадчык Крупскага РАНА Анатоль Зайцаў, сказаў: “Гэта ня суд над палітычным змагаром, гэта чыстая крымінальшчына. Ён выкарыстоўваў дзяцей як зброю. Пад выглядам настаўніка ён выхоўваў “пятую калону” ў школе”. Падчас судовых спрэчак абаронца А.Аляхновіча Сьвятлана Гарбаток сьцьвярджала, што адміністратыўнае парушэньне, якое стала падставай дзеля звальненьня з працы настаўніка, не насіла амаральнага характару, звальненьне зьяўляецца незаконным і носіць выразна палітычны характар. Сьвятлана Гарбаток сказала: “Высокі суд, справа аб аднаўленьні на працы Андрэя Аляхновіча носіць выключна ацэначны характар, паколькі матывіроўкай у загадзе аб звальненьні было менавіта зьдзяйсьненьне Аляхновічам амаральнага ўчынку. Такім чынам, лічу неабходным вызначыць: ці насілі дзеяньні Аляхновіча амаральны характар. У загадзе аб звальненьні сказана, што амаральнасьць Аляхновіча заключаецца ў тым, што ён уцягнуў непаўнагадовых у зьдзяйсьненьне адміністратыўнага правапарушэньня. Для вызначэньня ў дзеяньнях Аляхновіча амаральнага характару патрэбна ўстанавіць адсутнасьць альбо наяўнасьць наступных фактаў. Першае: факт зьдзяйсьненьня Аляхновічам і непаўнагадовымі адміністратыўнага правапарушэньня. Другое: факт уцягненьня Аляхновічам дзяцей у зьдзяйсьньне адміністратыўнага правапарушэньня. Трэцяе: высьветліць, ці насілі гэтыя самыя адміністратыўныя правапарушэньні амаральны характар. Вельмі дзіўным уяўляецца той факт, што Аляхновіч за адны і тыя ж дзеяньні падвергнуты адміністратыўнаму спагнаньню двойчы. Я лічу, што гэта прававы нонсенс. Што тычыцца таго, ці ўцягнуў Аляхновіч непаўнагадовых у зьдзяйсьненьне адміністратыўнага правапарушэньня, я хачу зьвярнуць увагу суда на тое, што было высьветлена на судовым паседжаньні: з дзецьмі ў Аляхновіча адбылася папярэдняя размова аб тым, што зараз ідзе агітацыйная перадвыбарчая кампанія, што можна выказвацца за альбо супраць таго ці іншага кандыдата. Апрача таго, як бачна з тлумачальных дзяцей, яны разумелі, які характар маюць налепкі. Пагадзіўшыся распаўсюджваць налепкі, дзеці зрабілі свой ўсьвядомлены выбар і цалкам адказвалі за свае дзеяньні. Апрача таго, у судовым паседжаньні было высьветлена, што залежнасьці дзяцей ад Аляхновіча не было – вынікі іх вучобы ад яго не залежалі. Ці насілі дзеяньні Аляхновіча характар амаральны? Дзеяньні могуць быць амаральнымі, калі дзяцей вучаць кепскаму з пункту гледжаньня маралі, з пункту гледажаньня ўстойлівых уяўленьняў людзей пра дабро і зло: нячэснаму, несправядліваму, кепскаму. Можна гаварыць аб амаральных дзеяньнях, калі б настаўнік уцягнуў дзяцей у крадзёж, расьпіцьцё сьпіртных напояў. У дадзеным выпадку вельмі складана гаварыць пра тое, што былі парушаныя менавіта нормы маралі. Дадзенае правапарушэньне – парушэньне сьпецыфічных нормаў закону, а не маралі. Звальненьне Аляхновіча насіла палітычную афарбоўку. Сапраўдныя прычыны – не амаральнасьць, а палітычныя перакананьні Аляхновіча. Аляхновіч быў звольнены незаконна, па палітычных матывах ”. Пракурор у ходзе судовых спрэчак запатрабаваў адмовіць у задавальненьні зыску ў поўным аб’ёме і заявіў, што выказваць свае палітычныя меркаваньні і незадавальненьні сучасным станам у грамадзтве можна толькі на сваёй кухні, а не сярод вучняў. На гэтыя словы А.Аляхновіч адказаў, што “зараз нас на кухні ўжо немагчыма ўсіх загнаць”. Судзьдзя Васіль Панкратаў вынес рашэньне — не задаволіць зыск па аднаўленьні на працы настаўніка Андрэя Аляхновіча да РАНА Крупскага раёну.
5 лістапада настаўніка фізікі і матэматыкі Леаніда Сьвеціка, які быў на 1 месяц запрошаны адміністрацыяй Крычаўскай СШ №5 для выкладаньня фізікі, выгналі з класа пасярод уроку. Прычынай гэтаму паслужыла тое, што сп. Сьвецік кіруе грамадзкай арганізацыяй, якая залічаная мясцовымі ўладамі ў разрад “апазіцыйных”. Справа ў тым, што настаўніца, якая працуе ў школе на пастаяннай аснове, была накіраваная ў Магілёў на курсы павышэньня квалі-фікацыі. Такім чынам, з’явілася патрэба замяніць яе, і выбар адміністрацыі школы паў на Леаніда, які мае 12 гадоў настаўніцкага стажу, мае сьпецыяльныя навуковыя работы і лічыцца ў раёне вопытным і дасьведчаным педагогам. Да таго ж зараз ён зьяўляецца часова непрацуючым, і, адпаведна, можа прысьвяціць асабісты час вучэбнаму працэсу. Аднак новаму настаўніку ўдалося правесьці толькі 1 урок. На сярэдзіне другога ў школу прыехаў загадчык раённага аддзелу адукацыі Крычаўскага райвыканкаму М. Мазок і наклаў забарону на прафесійную дзейнасьць Леаніда Сьвеціка. Ён вымушаны быў пакінуць школу, а ўрок фізікі ў 8б класе так і застаўся няскончаным. На думку сп. Сьвеціка, такім чынам улады помсьцяць яму за арганізацыю і правядзеньне кантролю за выбарамі Прэзідэнта на Крычаўшчыне, а таксама за суд, які ён выйграў у чыноўнікаў мясцовага выканкаму.
16 лістапада стала вядома, што звольнены з пасады дырэктара раённай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Рыгор Костусеў. Ціск па месцы працы на Рыгора Костусева ўзмацніўся пасьля таго, як ён стаў старшынёй раённай ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша. Спачатку яму намякнулі, што ён павінен сысьці з гэтай пасады, і калі ён не пагадзіўся, адкрыта сказалі, што ён павінен сысьці і прапанавалі пасаду галоўнага механіка гэтай арганізацыі. З цягам часу Р.Костусеў ня вытрымаў і напісаў заяву па ўласным жаданьні і зусім сышоў з гэтай пасады, бо працаваць стала немагчыма.
29 лістапада ў Магілёве судзьдзя Дзядкова распачала разгляд адміністратыўнай справы Віктара Ясюкевіча і Тамары Леўскай, якія ўваходзілі ў склад ініцыятыўнай групы Уладзіміра Ганчарыка. Магілёўцы былі затрыманыя падчас агітацыі за Уладзімера Ганчарыка. Супраць Віктара Ясюкевіча і Тамары Леўскай тады распачалі крымінальную справу за супраціў міліцыянту, які запатрабаваў перанесьці агітацыю ў іншае сьпецыяльна вызначанае месца, а калі яны адмовіліся, схапіў за горла спадара Ясюкевіча і паваліў яго на зямлю. Потым В.Ясюкевіча і Т.Леўскую затрымалі і адвезьлі ў пастарунак, дзе іх утрымлівалі трое сутак. Падчас сьледзтва сьледчыя перакваліфікавалі справу з крымінальнай у адміністратыўную.
13 сьнежня ў судзе Чыгуначнага раёну г.Гомелю працягвалася слуханьне адміністратыўнай справы аб парушэньні актывістам руху “Зубр” і старшынёй гарадзкога моладзевага цэнтру “Гарт” Сяргеем Адзінцом Дэкрэту прэзідэнта РБ №8 “Аб некаторых мерах па ўдасканаленьні парадку атрыманьня і выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі”. Рэч у тым, што 10 жніўня ў парадку крымінальнае справы аб графіці ў арганізацыі была канфіскаваная ўпраўленьнем КДБ па Гомельскай вобласьці аргтэхніка коштам прыкладна ў 4 тысячы даляраў ЗША. Крымінальная справа з часам была спыненая, але тэхніку “Гарту” так і не вярнулі. Падатковая інсьпекцыя па Чыгуначным раёне, зыходзячы з дадзеных КДБ, сьцьвярджае, што тэхніка выкарыстоўвалася не па прызначэньні, а для правядзеньня незалежнага назіраньня за ходам прэзідэнцкіх выбараў, чым і быў парушаны згаданы дэкрэт. У такім выпадку аргтэхніка будзе падлягаць канфіскацыі. Доказы юрыста Леаніда Судаленкі, які прадстаўляў у судзе інтарэсы Сяргея Адзінца, не былі прынятыя пад увагу, і судзьдзя Ганна Новік хадайніцтва аб устанаўленьні правапарушэньня адхіліла. На наступнае судовае паседжаньне, якое прызначанае на 20 сьнежня, судзьдзя пастанавіла запытаць матэрыялы спыненай адносна “Гарту” крымінальнай справы.
18 сьнежня стала вядома, што ў Магілёве за ўдзел у кампаніі «Выбірай!» з 3 курсу хіміка-тэхналагічнага факультэту Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытуту адлічаны студэнт Максім Гараіпаў. Афіцыны загад аб адлічэньні падпісаў рэктар інстытуту Чыжык І.А., і прычынай адлічэньня названы пропуск заняткаў без уважлівых прычынаў. Аднак працэдура адлічэньня была праведзеная з парушэньнем, паколькі, згодна са Статутам МДТІ, спачатку за дадзенае парушэньне павінна было быць вынесенае папярэджаньне. Таксама прафсаюз студэнтаў, сябрам якога зьяўляецца М.Гараіпаў, ня даў згоды на адлічэньне свайго сябра. Сапраўднай жа прычынай адлічэньня Максіма Гараіпава зьяўляецца ягоная актыўная дзейнасьць у нядаўна скасаванай студэнцкай арганізацыі «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» і ўдзел у кампаніі «Выбірай!». Сябры Магілёўскага аддзяленьня БХК зьбіраюцца аспрэчваць незаконны загад рэктара МДТІ у судзе.
20 сьнежня напісаў заяву аб тым, што ня можа ўладкавацца на працу пасьля звальненьня былы рабочы Гарадзенскага аб’яднаньня “Азот” Юры Кохна. Падчас выбарчай кампаніі ён зьяўляўся назіральнікам ад Праваабарончага цэнтру “Вясна” на выбарчым участку ў вёсцы Жукевічы Гарадзенскага раёну, дакладней, у дзень выбараў ён ня быў дапушчаны назіраць за працэсам выбараў, як і ўсе назіральнікі ад гэтай арганізацыі. Але ягоная дзейнасьць не засталася незаўважанай адміністрацый “Азоту”, і ў канцы кастрычніка ён быў звольнены. Спачатку была створаная камісія нібыта дзеля атэстацыі на працоўным месцы (хаця такая атэстацыя павінна была праводзіцца толькі ў 2002 годзе), якая “зрабіла выснову”, што Юры Кохна ня можа працягваць працаваць вагоньнікам на прадпрыемстве. Пры гэтым начальнік цэху, у якім працаваў Ю.Кохна, сказаў: “Хочаш палітыкаваць, дык зараз у цябе на гэта будзе шмат часу”.
21 сьнежня ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвярнуліся Сяргей Ляшкевіч і Максім Стасюкевіч, якія таксама паведамілі пра звальненьні іх з працоўных месцаў. Ляшкевіч Сяргей з г. Шчучыну працаваў на прадпрыемстве “Руткевічы”, сярод супрацоўнікаў якога падчас выбарчай кампаніі актыўна вёў размовы, распаўсюджваў літаратуру. На гэтую дзейнасьць зьвярнула ўвагу кіраўніцтва, і ў хуткім часе С.Ляшкевіч быў выкліканы да дырэктара, які прапанаваў хлопцу звольніцца па асабістым жаданьні, бо ў адваротным выпадку будзе знойдзеная прычына, каб звольніць яго па артыкуле. С.Ляшкевіч працаваў у штабе кандыдата ў прэзідэнты С.Домаша, зьбіраў за яго подпісы, а калі С.Домаш зьняў сваю кандыдатуру, працягваў працаваць у штабе Ул.Ганчарыка. Стасюкевіч Максім з в.Парэчча Гарадзенскага раёну працаваў акампаніятарам у аддзеле культуры санаторыя “Парэчча”. Адпрацаваў на гэтай пасадзе сем месяцаў, а пасьля выбарчай кампаніі ў канцы верасьня быў звольнены. Падчас кампаніі М.Стасюкевіч быў затрыманы міліцыяй за распаўсю-джаньне ўлётак пра адзінага кандыдата. Адміністрацыі санаторыя было пра гэта вядома, і ў канцы верасьня дырэктар А.М.Калодка папрасіў М.Стасюкевіча звольніцца па сваім жаданьні.
21 сьнежня ў судзе Фрунзенскага раёну г. Мінску адбыўся разгляд адміністратыўнай справы па факце зьбіцьця ўдзельнікаў сустрэчы з выбаршчыкамі, сяброў ініцыятыўнай групы адзінага кандыдата ад апазіцыі Уладзіміра Ганчарыка падчас выбарчай кампаніі на станцыі метро Пушкінская 2 верасьня. Да сяброў ініцыятыўнай групы Ігара Крэбса і Дар’і Каткоўскай падышлі невядомыя маладыя людзі і жорстка зьбілі іх. Пры гэтым Дар’і Каткоўскай наносіліся ўдары па галаве. У аднаго з пацярпелых мінаўкоў, які заступіўся за агітатараў, было выяўленае лёгкае сатрасеньне мозгу. Хуліганы былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі і дастаўленыя ў ГАМ №3 Фрунзенскага раёну Мінску. Аднак пасьля тлумачэньняў затрыманыя Кошаль Зьміцер і Ляскоўскі Сьвятаслаў былі адпушчаныя. У выніку разгляду справы З.Кошаль быў прызнаны невінаватым, бо пацярпелыя і сьведкі ня здолелі даказаць, што менавіта ён наносіў пабоі. С.Ляскоўскі быў прызнаны вінаватым і атрымаў штраф у памеры 3 мінімальныя заробкі. Пацярпелыя не задаволеныя такім рашэньнем і зьбіраюцца зьвяртацца ў суд аб матэрыяльным спагнаньні стратаў, нанесеных іх здароўю.
У сьнежні стала вядома, што звольненная 13 верасьня з пасады загадчыцы аптэкі ў г.Маладэчна Нэлі Шлойда, якая зьяўлялася раённым каардынатарам па незалежным назіраньні, ужо чатыры разы абскарджвала сваё звальненьне, але Маскоўскі суд г.Мінску прыняў рашэньне аб адмове ва ўзнаўленьні жанчыны на працоўным месцы.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|