БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2001 годзе

Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2001 годзе6. ФАКТЫ ЖОРСТКАГА АЛЬБО НЕГУМАННАГА АБЫХОДЖАНЬНЯ З УДЗЕЛЬНІКАМІ АКЦЫЯЎ АПАЗІЦЫІ, ЗАТРЫМАНЫМІ І ЗЬНЯВОЛЕНЫМІ

У ноч з 5 на 6 студзеня ў Віцебскай працоўнай калоніі №1 для непаўнагадовых злачынцаў адбыўся бунт зьняволеных, які быў жорстка перапынены з дапамогай штурму казармы амапаўцамі. Прычынай масавых беспарадкаў, па адной з версіяў, стала зьмяшчэньне ў ізалятар некалькіх зьняволеных за курэньне. Непаўнагадовыя вязьні, заблакаваўшыся ў адной з казармаў, сталі патрабаваць вызваленьня сваіх таварышаў. Потым дадаліся яшчэ патрабаваньні адмены хаджэньня строем з песьнямі, дазволу забіраць з сабою са сталоўкі недаедзеныя прадукты і нарэшце — зьмены адміністрацыі турмы... Падчас штурму амапаўцы ўжывалі гумавыя дубінкі і сьлезацечны газ. Ёсьць пацярпелыя з абодвух бакоў. 

6 лютага ў Гомелі ў судзе Чыгуначнага раёну пачаўся судовы працэс у дачыненьні да супрацоўнікаў Цэнтральнага РАУС гораду, што 31 сакавіка мінулага году зьбілі трох хлопцаў. Маладых людзей затрымалі каля іх дому і пагражаючы фізічнай расправай, прымушалі прызнацца ва ўчыненьні разбойнага нападу, які адбыўся ў суседнім доме. У РАУС прызнаньне ў хлопцаў выбівалі сілай. Адзін з пацярпелых у скарзе на імя пракурора напісаў, што пяцёра супрацоўнікаў міліцыі зьбівалі яго папераменна гумавай дубінкай, наносячы ўдары, у тым ліку і па голых пятках, потым білі па галаве і пазваночніку, патрабуючы прызнаньня. Прычым білі так моцна, што ў выніку гумавая дубінка зламалася... Потым на хлопцаў былі складзеныя пратаколы аб дробным хуліганстве: нібыта яны чапляліся да мінакоў, лаяліся і спрабавалі ўчыніць бойку, за што і былі затрыманыя. Усе пацярпелыя зьвярнуліся ў судмедэксьпертызу, дзе зьнялі пабоі, а потым – у праваахоўныя органы. Крымінальная справа ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі была ўзбуджаная Гомельскай абласной пракуратурай. 
У ноч на 25 лютага каля будынку Заводзкага райвыканкаму ў Мінску былі затрыманыя сябры Маладога Фронту Антон Бойка і Віталь Падаляк. Іх абвінавацілі ў нанясеньні на будынак выканкаму надпісаў і спробе вывесіць сьцяг. На месцы затрыманьня А.Бойка і В.Падаляк былі зьбітыя супрацоўнікамі міліцыі і дастаўленыя ў Заводзкі РУУС. Хлопцаў зьмясьцілі ў розныя камеры і пачалі па чарзе вадзіць на допыты. Па словах В.Падаляка, міліцыянты прымянялі адносна яго катаваньне: наматалі на рукі ягоныя доўгія валасы і пачалі цягнуць у розныя бакі. Пасьля гэтага В.Падаляк вымушаны быў падпі-саць пратакол, дзе сьцьвярджалася, што ён зьбіраўся напісаць на сьцяне выканкаму слова “Зорро”. Катаваньні прымяняліся і да непаўнагадовага А.Бойкі: яго трымалі ў душнай і цеснай камеры пакуль ён ня страціў прытомнасьць... А.Бойка і В.Падаляк цяпер катэгарычна адмаўляюць сваю віну і заяўляюць, што пратаколы затрыманьня іх прымусілі падпісаць пад пагрозамі і катаваньнямі. Маладыя людзі намераныя зафіксаваць нанесеныя ім міліцыянтамі цялесныя пашкоджаньні і зьвярнуцца ў пракуратуру дзеля ўзбуджэньня крымінальнай справы. 

21 сакавіка сябры асуджанага на 15 сутак за ўдзел у акцыі дэмакратычнага моладзевага руху “Зубр” Антося Цялежнікава прыйшлі сустракаць яго да выхаду з прыёмніку-разьмеркавальніку. Аднак міліцыянты вывезьлі А.Цялежнікава за межы прыёмніку-разьмеркавальніку нібыта на працу і далёка ў гора-дзе адпусьцілі. 

11 красавіка ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвярнуўся непаўнагадовы Мікіта Сасім, які паведаміў наступнае: “5 красавіка ў 23.00 я быў затрыманы двума міліцыянтамі, якія завезьлі мяне ў ГАМ-2 Маскоўскага раёну г.Мінску. У ГАМе аператыўны дзяжурны (лейтэнант, які не назваў свайго прозьвішча) зьбіў мяне, паліваў мае валасы фарбай з балончыка. Пасьля на мяне былі складзеныя пратаколы аб адміністратыўным затрыманьні і адміністратыўным правапарушэньні, а таксама ўзятыя тлумачэньні. А 5-ай гадзіне раніцы мне надзелі кайданкі і павезьлі на кватэру, дзе я жыву. Пабудзілі суседа (ён мае дачыненьне да Маладога Фронту). Забралі яго таксама ў ГАМ, узялі тлумачэньні і адпусьцілі. А я застаўся ў міліцыі. Аператыўны дзяжурны неаднаразова пагражаў зноў зьбіць мяне, хацеў пастрыгчы мне валасы, казаў, што завядзе ў іншае аддзяленьне, дзе “адзін вельмі злы міліцыянер будзе біць мяне і засоўваць мне ў горла дубінку па самую рукаятку”. Доўгі час я сядзеў у халодным памяшканьні ў адной майцы, бо куртку ў мяне забралі, каб я не павесіўся на папружцы. Так прайшла ноч. У 11 гадзінаў раніцы мяне павялі да сьледчага, які пачаў прымушаць мяне падпісаць пратакол, дзе было сказана, што я распісаў словам “Зубр” прыпынкі, мост і дом. Падпісваць пратакол мяне прымушалі наступным чынам: надзелі кайданкі, паклалі на падлогу і стралялі з пнеўматычнага пісталету над маёй галавой. Пасьля сьледчы прынёс электрашокер, які забралі ў мяне пры затрыманьні, і сказаў, што яго “трэба выпрабаваць на мне” У 14.00 6 красавіка адбылася размова з інсьпектарам па справах непаўнагадовых, які патэлефанаваў маёй маці ў Баранавічы. Пасьля адвезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну, дзе я даў падпіску аб тым, што буду зьяўляцца да сьледчага па першым запатрабаваньні. Мне вярнулі ўсе мае рэчы і ў 18.30 6 красавіка адпусьцілі. За ўвесь гэты час мяне ні разу не кармілі”. 

4 траўня ў РУУС Партызанскага раёну г. Мінску пачалося ўнутранае службовае расьсьледваньне па факце зьбіцьця Кацярыны Шабан лейтэнантам міліцыі Уладзімірам Новікавым 21 красавіка пасьля заканчэньня акцыі “Канчатковы дыягназ”. Кацярына Шабан прыехала ў РУУС Партызанскага раёну разам са сваім адвакатам, напісала тлумачальную аб тым, як і пры якіх абставінах яе зьбівалі, а таксама пакінула заяву на імя начальніка РУУС. У сваёй зыскавай заяве ў суд Кацярына напісала: “Чалавек у цывільным размахнуўся і з усяе моцы ўдарыў мяне па галаве. Я адляцела да сьцяны і выцялася галавой аб гэтую сьцяну. Я пачала крычаць, што мяне б’юць. Потым убачыла, што ён ухмыляючыся ідзе да мяне. У мяне ў вачах пацямнела, у галаве зашумела. Пачало ванітаваць, і я страціла прытомнасьць. Апрытомнела пазьней ад страшнага ўдару галавой аб падлогу…”. У РУУС Кацярыне Шабан выдалі накіраваньне на судова-медыцынскую эксьпертызу дзеля зьняцьця пабояў. Дарэчы, міліцыянта, які зьбіваў Кацярыну Шабан, завуць не Аляксандр, як мы пісалі раней, а Уладзімір Новікаў. Яму 25 гадоў. Нарадзіўся ў вёсцы Гайна Лагойскага раёну Мінскай вобласьці. Бацька яго — старшыня сельсавету. Пасьля заканчэньня школы Уладзімір паступіў у Мінскі педінстытут на фізічны факультэт. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю (настаўнік), па разьмеркаваньні ваенкамату трапіў служыць ва ўнутраныя войскі, адтуль пайшоў працаваць у міліцыю, у прыватнасьці, у Партызанскі РУУС Мінску. Жыве ў Мінску ў адным з інтэрнатаў па вуліцы Сямашкі. 

18 траўня ў 13.00 у падземным пераходзе на станцыі метро “Кастрычніцкая” ў Мінску асобы ў цывільным прэвентыўна затрымалі 7 чалавек. Паводле сьведчаньня Ц.Атрошчанкава, усе затрыманыя нічога супрацьпраўнага не рабілі – “толькі мелі на сваім адзеньні значкі з бел-чырвона-белымі нацыянальнымі сьцяжкамі”. Сярод затрыманых: Цімох Атрошчанкаў, Яна Санько, Наталя Васілевіч, Наталя Каргіна, Алег Сагадзін, Яўген Пармякоў, Уладзімір Горса. Цімоха Атрошчанкава білі і выкручвалі рукі. Акрамя таго, паводле сьведчаньня Ц.Атрошчанкава, асобы, якія ажыцьцяўлялі затрыманьне, “брудна лаяліся матам і абражалі”. Калі прадстаўнік ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч падышоў да аўтобусу, дзе сядзелі затрыманыя, маёр міліцыі запытаў: “Вы таксама з гэтай кампаніі?” Затрыманыя, калі іх выводзілі з пераходу, у знак пратэсту заклалі рукі за галовы і сьпявалі беларускія патрыятычныя песьні. Адзін з іх крычаў, што ён “закладнік”, бо захоплены невядомымі людзьмі ў цывільным. Затрыманыя былі дастаўленыя ў РУУС Цэнтральнага раёну, там ужо знаходзіліся 4 сябры Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі, затрыманыя на Кастрычніцкай плошчы. 

7 чэрвеня ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце за распаўсюджаньне першага нумару “Студэнцкай газеты” (афіцыйна зарэгістраванае выданьне) затрыманыя сябры “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў” (ЗБС) Хрысьціна Сідун (старшыня ЗБС), Сяржук Паўлянковіч, Зьміцер Гаўрусік, Андрэй Вітушка (зьбіты да крыві). Першы нумар “Студэнцкай газеты“ выйшаў у сьвет 6 чэр-веня. На 7 чэрвеня была запланаваная прэзентацыя гэтага выданьня ў ВНУ Беларусі. Сябры ЗБС разьехаліся прэзентаваць студэнцкае выданьне па розных гарадах. У Гомелі гэтая акцыя набыла трагічнае адценьне... Студэнты раздавалі газеты ў розных месцах Гомельскага дзяржаўнага універсітэту ім. Ф. Скарыны, калі да Андрэя Вітушкі падышоў невядомы чалавек і прапанаваў прайсьці з ім. На словы Вітушкі: “Пакажыце пасьведчаньне – хто вы такі?” невядомы адказаў: “Нічога я паказваць ня буду”, кінуўся на Вітушку і пачаў зьбіваць яго. Невядомы моцна штурхнуў Андрэя, у выніку чаго той разьбіў сваім целам шкло ў дзьвярах і пры гэтым моцна парэзаўся. У гэты час да іх падбегла Хрысьціна Сідун, якая ўбачыла, як невядомы заламаў руку Андрэю Вітушку і біў яго галавой аб падлогу. Як выявілася потым, “невядомым” быў старэйшы юрысконсульт Гомельскага універсітэту, былы супрацоўнік міліцыі Мяжэвіч М.М. Затрыманых актывістаў ЗБС даставілі ў Цэнтральнае ўпраўленьне міліцыі г.Гомелю. У зьбітага Андрэя Вітушкі не спыняўся крывацёк, але супрацоўнікі міліцыі катэгарычна адмаўляліся выклікаць “хуткую дапамогу”, затое выклікалі супрацоўнікаў КДБ. Толькі пад вечар Андрэю Вітушку выклікалі “хуткую дапамогу”, урачы якой канстатавалі вывіх рукі і наклалі швы. 

5 ліпеня ў Мінску на вул. Геалагічнай за распаўсюджаньне налепак “Час выбіраць!” былі затрыманыя непаўнагадовыя Андрэй Кавалевіч і Ільля Жыхараў. Пры затрыманьні супрацоўнікі міліцыі аднаму з хлопцаў парвалі майку, а ў другога адбілі пальцы (паклаўшы рукі на капот машыны). Затрыманыя былі дастаўленыя ў РУУС Партызанскага раёну г.Мінску, адкуль іх забралі бацькі. 

5 лiпеня стала вядома, што з вядомым журналістам і праваабаронцам Валерыем Шчукіным жорстка абыходзяцца ў СІЗА г.Жодзіна. Валерыю Шчукіну тупым лязом гвалтоўна пагалілі бараду, параніўшы пры гэтым твар. У Жодзіна В.Шчукін быў пераведзены з мінскага СІЗА дзеля адбываньня трохмесячнага арышту. У жодзінскім СІЗА у В.Шчукіна адразу забралі Крымінальны кодэкс, мастацкую літаратуру, незалежную прэсу, зубную пасту (бо цюбік металёвы), забаранілі сустрэчу са сьвятаром Іванам Спасюком (прадстаўніком Беларускай аўтакефальнай царквы), духоўнікам В.Шчукіна. 

6 ліпеня ў дзьве гадзіны ночы ў Віцебску падчас правядзеньня мабілізацыйнай акцыі «Горад наш!» былі затрыманыя сябры Віцебскай арганізацыі Маладога Фронту і актывісты Грамадзкага аб’яднаньня «Цэнтр моладзевых ініцыятываў «Контур» Віктар Шляхцін, Яніс Чучман, Тацяна Чабатарова, Андрэй Капорыкаў і Ігар Землякоў. Маладыя людзі ішлі па вуліцы Леніна і расклейвалі ўлёткі з надпісам «Горад наш!». Да іх падляцеў міліцэйскі «уазік», з якога выскачылі тры супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС, акружылі маладзёнаў, абшукалі і закінулі ў машыну. Хапун суправаджаўся зьбіцьцём, бруднай лаянкай і абразамі, нават у адносінах да дзяўчыны. Затрыманых даставілі ў пастарунак. Там іх пратрымалі каля гадзіны. Быў складзены пратакол на Віктара Шляхціна, затрыманага з торбай, у якой знаходзіліся ўлёткі і клей. Да пратаколу прыклалі 176 канфіскаваных улётак. У астатніх запыталі адрас, прозьвішча, імя, месца нараджэньня і адпусьцілі. 

18 ліпеня група журналістаў і праваабаронцаў сустрэлася ў сьледчым ізалятары УУС Мінаблвыканкаму ў Жодзіне з дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, журналістам і праваабаронцам Валерыем Шчукіным. Групу суправаджаў намесьнік начальніка Камітэту выкананьня пры МУС Вячаслаў Шабанаў. Валеры Шчукін, якому нядаўна прымусова згалілі бараду, пачаў адрошчваць новую. Арыштаваны праваабаронца і грамадзкі дзеяч падрабязна распавёў пра ўмовы ўтрыманьня ў сьледчым ізалятары. Галоўныя нязручнасьці – гэта недахоп сьвежага паветра, духата ў камеры і адсутнасьць натуральнага сьвятла. Прагулкі на гадзіну, адзначыў ён, наўрад ці дастаткова для кампенсацыі такога становішча. Скардзіўся Валеры Шчукін і на адсутнасьць сьвежай прэсы. Прывезеныя газеты адміністрацыя сьледчага ізалятару ўзяць адмовілася, аднак калегі падпісалі Шчукіна на некалькі незалежных выданьняў. У камеры Шчукіна ёсьць партатыўны тэлевізар, які паказвае адзін канал – ОРТ, працуе радыёкропка. У камеры памерам 15-16 метраў акрамя Шчукіна ўтрымліваюцца яшчэ трое вязьняў, пры гэтым кожны з іх мае свой ложак. Валеры Шчукін ужо напісаў 17 лістоў-артыкулаў у газету “Народная Воля”. Па словах Шчукіна, на вязьняў накладаецца занадта шмат неабгрунтаваных абмежаваньняў. “Сёньняшнія турмы зьяўляюцца ня сродкам перавыхаваньня, як дэкларуюць улады, а сродкам пакараньня арыштаваных. Карная сістэма, як была, так і засталася карнай”, – лічыць праваабаронца. У наведвальнікаў выклікаў трывогу стан здароўя Валерыя Шчукіна, у якога некалькі дзён таму распухла правая нага. А ўрач за гэты час ні разу не агле-дзеў яго. 

20 ліпеня ў Віцебску адбылося ўрачыстае адкрыцьцё фестывалю «Славянскі базар», які, па задуме арганізатараў, мае на мэце духоўнае яднаньне тэрыторыяў былога савецкага хаўрусу, а па сутнасьці ператвараецца ва ўдалы гастрольны тур расійскіх поп-зорак з татальным спойваньнем віцяблянаў. Гэтым разам, насуперак шматгадовай традыцыі, вітальная прамова Аляксандра Лукашэнкі не была перапыненая ні раптоўным дажджом, ні ўдарамі перуна. Аднак знайшоўся чалавек, які ўнёс карэктывы ў запланаваны сцэнар. Андрэй Капорыкаў пранёс пад вопраткаю бел-чырвона-белы сьцяг. Напрыканцы цырымоніі, калі ўсе ўдзельнікі канцэрту выйшлі вітаць гледачоў, ён з кветкамі ў руках наблізіўся да сцэны, дзе і разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг з крыкам «Жыве Беларусь! Няхай нам дапаможа Бог!». Адразу ж да юнака кінуліся ахоўнікі прэзідэнта, але ён пасьпеў яшчэ рассыпаць жмут маладафронтаўскіх налепак ды ўлётак. Калі сямёра бамбізаў пачалі жорстка зьбіваць Андрэя проста на вачах гледачоў і артыстаў, ён працягваў крычаць «Жыве Беларусь», аж пакуль ня страціў прытомнасьць. Ачомаўся ён ужо на асфальце за амфітэатрам у шчыльным атачэньні міліцыянтаў. Заўважыўшы, што да затрыманага вярнулася сьвядомасьць, яго паклалі тварам на машыну і яшчэ нейкі час метадычна наносілі ўдары па розных частках цела. Ня толькі білі, але і душылі, а калі цягнулі па лесьвіцы, парвалі адзеньне. Пасьля Андрэя Капорыкава завезьлі ў Кастрычніцкі РАУС, дзе яго пратрымалі чатыры гадзіны і тройчы дапытвалі, у тым ліку з удзелам намесьніка начальніка райаддзелу. На Андрэя склалі два пратаколы: за хуліганства і за распаўсюджаньне ўлётак. У чатыры гадзіны раніцы яму дазволілі вярнуцца дадому. 

3 жніўня кіраўнік прэс-службы моладзевага руху «Зубр» Аляксандр Атрошчанкаў зьвярнуўся ў пракуратуру Цэнтральнага раёну г.Мінску і ў судова-медыцынскую эксьпертызу ў сувязі з ягоным зьбіцьцём у аддзеле міліцыі Цэнтральнага раёну. Актывісты «Зубра» прынесьлі ў будынак МУС вялікую торбу паношанага адзеньня, на якім вісела таблічка «Second hand». Міністру ўнутраных справаў Уладзіміру Навумаву праз дзяжурнага перадалі зварот, у якім гаварылася: «Спадар міністр, 27 ліпеня падчас урачыстых мерапрыемстваў з нагоды Дня Незалежнасьці вашыя падначаленыя былі заўважаныя ў зьдзяйсьненьні цэлага шэрагу супрацьпраўных дзеяньняў. Работнікі міліцыі ня толькі зьбівалі нагамі маладых людзей, якія трымалі ў руках партрэты зьніклых, але і займаліся рабаўніцтвам. У дзясяткаў чалавек яны забралі майкі. Некаторыя пазбавіліся фотаапаратаў. Мы мяркуем, што гэтыя дзеяньні — вынік бяздарнай эканамічнай палітыкі кіраўніка дзяржавы. Работнікі міліцыі, даведзеныя да стану галечы, вымушаныя здабываць сабе адзеньне такім чынам. Моладзевы рух супраціву «Зубр» гатовы аказаць пасільную дапамогу роднай міліцыі». Аляксандр Драпачка і Пётр Садоўскі перадалі ахоўніку торбу, уручылі яму зварот і выйшлі з будынку. Праз некалькі хвілінаў іх затрымалі. Пасьля паўгадзіннага затрыманьня ў будынку МУС актывісты руху, да якіх далучыўся і прэс-сакратар «Зубра» Аляксандр Атрошчанкаў (ён быў арыштаваны толькі за тое, што спрабаваў высьветліць, за што затрымалі ягоных таварышаў), былі адвезеныя ў Цэнтральны РУУС Мінску. Атрошчанкаў сьцьвярджае, што ён быў зьбіты ў міліцыі. 

У ноч з 6 на 7 жніўня ў Лідзе былі затрыманыя Яўген Лабко і Яўген Роба за расклейваньне ўлётак Маладога Фронту. Яўген Лабко пры затрыманьні быў зьбіты супрацоўнікамі міліцыі. Затрыманыя былі дастаўленыя ў аддзяленьне міліцыі, дзе быў складзены пратакол па арт.156 КаАП РБ (дробнае хуліганства). Праз гадзіну маладафронтаўцаў адпусьцілі. 

10 жніўня ў Кастрычніцкім судзе г.Віцебску адбыўся разгляд справы мастака-кераміста Андрэя Капорыкава, які 20 ліпеня на канцэрце “Славянскага базару” з ружамі і бел-чырвона-белым сьцягам вітаў беларускіх выканаўцаў. Адміністратыўная справа маладафронтаўца разглядалася па арт. 156 КаАП (дробнае хуліганства). Абарона настойвала, што ўчынак Капорыкава трэба расцэньваць як эмацыйнае вітаньне беларускіх выканаўцаў, якое не выходзіць за межы звычайных паводзінаў маладых людзей на канцэртах. Але судзьдзя Казлоў вынес рашэньне аб пакараньні А.Капорыкава штрафам у памеры 1 мінімальнага заробку (7 тыс. 500 руб.). На гэтым этап адміністратыўнага разьбіральніцтва скончаны. А. Капорыкаў мае намер падаць зыск аб кампенсацыі маральных і матэрыяльных стратаў міліцыянтамі, якія пры затрыманьні пашкодзілі адзеньне і моцна зьбілі яго. Адначасова адасланая скарга на перавышэньне мераў фізічнага ўзьдзеяньня з боку “групы захопу” на адрас Упраўленьня ўнутраных справаў аблвыканкаму. 

16 жніўня ўвечары на скрыжаваньні вуліцаў Чарвякова і Старавіленскай затрыманыя 14 чалавек. Сярод затрыманых: Шыдлоўскі Аляксей, Вайноўскі Павел, Жакаў Васіль, Тоўсьцік Ірына, Марцаў Сяржук, Атрошчанкаў Аляксандр, Пятроў Андрэй, Аляксандра Анджыеўская. Усе затрыманыя належаць да незарэгістраванага маладзёжнага руху “Зубр”. Пры затрыманьні моладзі найбольшую актыўнасьць выяўлялі старшына Мельнікаў і лейтэнант Ігнаценя. Хлопцаў закінулі ў машыны, а дзяўчат павялі ў РУУС пешшу. У РУУСе маёр міліцыі ўдарыў Аляксандру Анджыеўскую. Адзін з затрыманых — Аляксандр Атрошчанкаў, зрабіў спробу абараніць дзяўчыну. За гэта А.Атрошчанкаву надзелі кайданкі і не здымалі іх на працягу гадзіны – рукі ўмомант пасінелі. У адносінах да А.Атрошчанкава быў складзены пратакол па арт. 156 КаАП РБ (дробнае хуліганства) 

4 верасьня ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвярнуўся Віталь Радкевіч, які паведаміў, што 3 верасьня каля 23.00 на скрыжаваньні вул.Багдановіча і Харужай ён быў затрыманы супрацоўнікамі РУУС Савецкага раёну г.Мінску за наклейваньне на слуп з аб’явамі налепкі “Новы прэзідэнт – 09.09”. Затрыманьне адбылося ў вельмі грубай форме: яго кінулі на зямлю, заламалі рукі, а ў машыне яшчэ і зьбілі. На В.Радкевіча быў складзены стандартны пратакол па арт. 156 КаАП РБ (дробнае хуліганства). Усю ноч ён правёў у камеры. Толькі ў 12.30 наступнага дня В.Радкевіча завезьлі ў суд Савецкага раёну. Але судовы працэс быў адкладзены, бо сьведка-міліцыянт не зьявіўся ў суд.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна

 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster