|
8. ПАРУШЭНЬНІ ПРАВОЎ ГРАМАДЗЯНАЎ НА СВАБОДУ СЛОВА І АТРЫМАНЬНЕ ПРАЎДЗІВАЙ ІНФАРМАЦЫІ, ПЕРАСЬЛЕД НЕЗАЛЕЖНАЙ ПРЭСЫ І ЖУРНАЛІСТАЎ
частка 1
9 студзеня судовыя выканаўцы апячаталі частку абсталяваньня друкарні “Мэджык”. Рашэньнем суда абсталяваньне выдавецтва “Мэджык” павінна пайсьці на пакрыцьцё запазычанасьці Беларускага фонду Сораса, сума якой складае 78 тысячаў даляраў ЗША. “Тое, як улады абыходзяцца з прыватнай друкарняй, у якой друкуецца каля 20 незалежных газетаў, у тым ліку такія вядомыя, як “Народная Воля”, “Белорусская деловая газета”, “Наша Свабода”, “Рабочы”, — ставіць пад пагрозу існаваньне ня толькі “Мэджыка”, але і іншых нешматлікіх недзяржаўных друкарняў. Любая з іх у любы момант можа апынуцца пад пагрозай страты ліцэнзіі. Відавочна, што перад будучымі прэзідэнцкімі выбарамі ўлады разгарнулі шырокую, усеабдымную кампанію з мэтаю паставіць пад татальны кантроль усе суб’екты публічнай дзейнасьці, найперш сродкі масавай інфамацыі, а таксама тэхнічныя службы, якія забясьпечваюць дзейнасьць СМІ”, — канстатуе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
11 студзеня ў Мінску Беларуская асацыяцыя журналістаў правяла прэс-канферэнцыю з нагоды пагрозы закрыцьця прыватнай друкарні “Мэджык”. У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел дырэктар “Мэджыка” Юры Будзько, галоўныя рэдактары газетаў Іосіф Сярэдзіч (“Народная Воля”), Павал Жук (“Наша Свабода”).
12 студзеня газета “Наша Свабода” надрукавала “Урачэбнае заключэньне” аб стане псіхічнага здароўя А.Лукашэнкі. Урач-псіхатэрапеўт Дз.Шчыгельскі паставіў дыягназ: “памяркоўная мазаічная псіхапатыя з перавагаю рысаў паранаідальнага і дысацыяльнага растройства асобы”. Чалавека з такім дыягназам нельга браць на службу ў войска нават у мірны час. 15 студзеня стала вядома, што пракуратура зацікавілася гэтай публікацыяй і ўзбудзіла крымінальную справу па арт. 367 ч. 1 Крымінальнага кодэксу РБ, які ўступіў у сілу з пачатку 2001 году. Па гэтым артыкуле КК РБ прадугледжваецца пакараньне ў выглядзе штрафу ці папраўчых работ на тэрмін да 2 гадоў, альбо абмежаваньне свабоды на тэрмін да 4 гадоў ці пазбаўленьне волі на той жа тэрмін...
16 студзеня ў Міністэрстве ўнутраных справаў РБ адбылася першая прэс-канферэнцыя новага міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава. Міністр адказваў на пытаньні, зьвязаныя з праблемай зьнікненьня людзей у Беларусі. Перад пачаткам прэс-канферэнцыі ад дзеяньняў аховы МУС пацярпеў вядомы журналіст і праваабаронца Валеры Шчукін, які ішоў на прэс-канферэнцыю, але трое супрацоўнікаў аховы будынку павалілі В.Шчукіна на падлогу пры ўваходзе, пры гэтым было разьбітае шкло дзьвярэй, аб якое В.Шчукін моцна парэзаўся. Пакуль прыехала “хуткая дапамога”, выкліканая па патрабаваньні прэсы, журналіст ляжаў у крыві на падлозе... В.Шчукін быў дастаўлены ў вайсковы шпіталь у аддзяленьне мікрахірургіі.
22 студзеня Пракуратура РБ узбудзіла крымінальную справу па факце публікацыі ў незалежнай газеце “Наша Свабода” 12 студзеня “паклёпу” ў дачыненьні да прэзідэнта РБ. За “паклёп” супрацоўнікі пракуратуры палічылі зьмешчаны ў газеце дыягназ псіхічнага захворваньня А. Лукашэнкі, падрыхтаваны доктарам Дзьмітрыем Шчыгельскім, які зараз знаходзіцца ў ЗША. Справа ўзбуджаная па арт. 367 ч. 1 Крымінальнага кодэксу РБ, які толькі з новага году ўступіў у сілу, і ў якім упершыню зьявіліся два артыкулы, што тычацца асобы Прэзідэнта. Створаная сьледча-аператыўная група з супрацоўнікаў пракуратуры і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, якая цяпер праводзіць неабходныя сьледчыя дзеяньні.
31 студзеня сусьветная кампанія за свабоду слова Article 19 зрабіла заяву адносна праекту Закону РБ “Аб інфармацыйнай бясьпецы”. У заяве Article 19 гаворыцца, што арганізацыя вельмі занепакоеная планамі ўвядзеньня ў Беларусі заканадаўства, накіраванага на забесьпячэньне “інфармацыйнай бясьпекі” ці “абароны інфармацыі”, і лічыць гэта яшчэ адным прамым ударам па свабодзе сродкаў масавай інфармацыі. Асабліва, гаворыцца ў заяве, гэтыя планы выклікаюць вялікую заклапочанасьць у сьвятле будучых прэзідэнцкіх выбараў, а таксама і без таго плачэўнага стану незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі.
6 лютага пракуратура РБ вынесла афіцыйнае папярэджаньне “Белорусской деловой газете” за парушэньне артыкулу 5 Закону “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”. Дакумент падпісаў намесьнік Генеральнага пракурора Міхаіл Сьнягір. Падставай для вынясеньня папярэджаньня стаў надрукаваны ў газеце ў сьнежні мінулага году артыкул “Кроў “Алмазу”, у якім ішла размова пра расьсьледваньне справы Валерыя Ігнатовіча, які падазраецца ў дачыненьні да зьнікненьня аператара ОРТ Дзьмітрыя Завадзкага. На погляд пракуратуры, “БДГ” выдала таямніцу сьледзтва, чым парушыла артыкул 5 Закону “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”. У артыкуле 5 указваецца на недапушчальнасьць публікацыі матэрыялаў сьледзтва без пісьмовага дазволу сьледчага. Але “матэрыяламі сьледзтва” называюцца канкрэтныя дакументы – пратаколы допытаў, вынікі эксьпертызы, вопісы, акты і інш., а такіх дакументаў “БДГ” ня мела і надрукаваць “матэрыялы сьледзтва” не магла... Папярэджаньне зьяўляецца ўжо другім, вынесеным “БДГ”, а як вядома, пасьля трох папярэджаньняў газета можа быць зачыненая.
20 лютага судзьдзя Крычаўскага раённага суда Уладзімір Жандараў вынес пастанову аб накладаньні штрафу на галоўнага рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага ў памеры 50 мінімальных заробкаў. Падставай дзеля гэтага стала затрыманьне накладу газеты 2 лютага. Наклад перавышаў указаную на ім колькасьць асобнікаў, і таму міліцыянтамі быў складзены пратакол паводле арт. 172.1. КаАП РБ: “Парушэньне заканадаўства аб друку і іншых СМІ”.
26 лютага ў Магілёве была абрабаваная рэдакцыя незалежнай газеты “Дэ-факта”. Невядомыя злачынцы выкралі з рэдакцыі кампутар, дзе захоўваліся архівы газеты, матэрыялы наступнага нумару і прынтар. Іншая каштоўная тэхніка засталася некранутай. Гэта ўжо другое за апошнія дзесяць дзён абрабаваньне рэдакцыі. 16 лютага быў скрадзены факс. З-за гэтага рэдакцыя вырашыла памяняць офіс. Але і на новым месцы рэдакцыю знайшлі злачынцы.
2 сакавіка сакратар управы КХП-БНФ Алесь Чахольскі быў затрыманы супрацоўнікамі мытні ў Берасьці. Мытнікі пратрымалі яго тры гадзіны: зрабілі агляд асабістых рэчаў. У А.Чахольскага былі канфіскаваныя 745 асобнікаў часопісу “Беларускія ведамасьці”. Быў складзены пратакол, дзе часопіс кваліфікаваны як “матэрыялы, якія пагражаюць палітычнаму ладу Рэспублікі Беларусь”. Справа будзе перададзеная ў суд. Службовыя асобы, якія праводзілі затрыманьне і канфіскацыю, адмаўляліся назваць свае прозьвішчы, і толькі з пратаколу стала вядома, што рабіў гэта старэйшы інсьпектар Сьцяпан Кузьміч. А.Чахольскі зьбіраецца падаць сустрэчны зыск у пракуратуру.
3 сакавіка ў 18.15 у Мінску ля ўваходу на станцыю метро “Інстытут культуры” за распаўсюджаньне сьпецвыпуску газеты “Наша Свабода” былі затрыманыя непаўнагадовыя Павел Юхневіч, Андрэй Бажкоў, Юры Емельяновіч. Затрыманыя былі дастаўленыя ў РУУС Кастрычніцкага раёну г.Мінску. Супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі ў падлеткаў 1500 асобнікаў сьпецвыпуску газеты, які прысьвечаны праблеме зьнікненьня людзей у Беларусі.
13 сакавіка Дзяржкамдрук РБ скасаваў рэгістрацыйнае пасьведчаньне часопісу Беларускай асацыяцыі геяў і лесьбіянак «Форум-Лямбда». Кіраўнік Асацыяцыі Эдвард Тарлецкі сьцьвярджае, што гэта яшчэ адзін дыскрымінацыйны акт дзяржавы ў дачыненьні да людзей гомасексуальнай арыентацыі. “Пазбаўленьне часопісу рэгістрацыі, – кажа ён, – гэта сьведчаньне таго, што дзяржава працягвае палітыку дыскрымінацыі ў дачыненьні да геяў і лесьбіянак. Гэта незаконнае рашэньне, гэта дыскрымінацыя – я падкрэсьліваю. Часопіс «Плэйбой» абвешчаны неэратычным, а наш часопіс – эратычным. І гэта заканамерная зьява: грамадзтва робіцца больш унітарным – расьце гамафобія. Нашыя сілы ня вельмі вялікія, мы ня можам зрабіць тут сексуальную рэвалюцыю, а дзяржава не тлумачыць, што геі ды лесьбіянкі – такія ж людзі, як іншыя. Ідзе ўсё гэта ад неадукаванасьці”.
13 красавіка быў затрыманы КДБ у Мінску і высланы з Беларусі чэскі журналіст, супрацоўнік недзяржаўнай арганізацыі “Чалавек у нядолі” Міхал Плавец. Афіцыйнае абвінавачаньне — парушэньне рэжыму пражываньня, удзел у акцыях апазіцыі.
16 красавіка ў Мінску былі затрыманыя Дзяніс Столяр і Яўген Богдан, якія раздавалі сьпецвыпуск газеты “Наша Свабода” каля ЦУМу.
З 16 па 18 красавіка ў Мінску за распаўсюджаньне сьпецвыпуску газеты “Наша Свабода” было затрымана 20 чалавек. Іх дастаўлялі ў міліцыю, бралі тлумачэньні і адпускалі, бо не было парушэньня Адміністратыўнага кодэксу. Газеты міліцыянты вярталі, узяўшы па некалькі асобнікаў пачытаць. Але сэнс затрыманьняў быў у тым, каб спыніць распаўсюджаньне газетаў. Прозьвішчы затрыманых не называем, бо большасьць з іх – студэнты, таму могуць узьнікнуць праблемы па месцы вучобы. Сьпецвыпуск газеты “Наша Свабода” пад назовам “Канчатковы дыягназ” зьмяшчае шматлікія цытаты з выказваньняў А.Лукашэнкі, накшталт: “Вы мне тут на болезнь не жалуйтесь. У нас в правительстве больных много”, “Все должны раздеться и работать, как говорят в народе”, “Уникальность Беларуси состоит в том, что я ничего никому не обязан”, “Наш народ будет жить бедно, но не долго“ ...
19 красавіка ў 22.30 у Бабруйску былі затрыманыя непаўнагадовыя хлопцы за распаўсюджаньне сьпецвыпуску газеты “Рабочы” (выпуск прысьвечаны Чарнобыльскай трагедыі). Сярод затрыманых: Глыцко Яўген, Савін Яўген, Фядоцьеў Аляксандр. Усім затрыманым па 15 гадоў. Затрыманых даставілі ў РУУС Першамайскага раёну г.Бабруйску, дзе ўзялі тлумачальныя і адпусьцілі праз тры гадзіны. Газеты не вярнулі, хаця пратаколы выняцьця не былі складзеныя. Варта нагадаць, што газета “Рабочы” зьяўляецца афіцыйным выданьнем і зарэгістраваная ў Дзяржаўным камітэце па друку РБ.
20 красавіка ў Мінску затрыманыя пяцёра маладых людзей за распаўсю-джаньне сьпецвыпуску газеты “Наша Свабода” і відэакасеты з фільмам Паўла Шарамета “Дзікае паляваньне”, прысьвечаным зьніклым бяз вестак беларускім палітыкам і журналістам. Газеты і касеты раздаваліся мінакам каля крамы “Акіян” (цэнтр Мінску, раён плошчы Перамогі). Сярод затрыманых тры дзяўчыны і два хлопцы. Пасьля затрыманьня яны былі дастаўленыя ў РУУС Партызанскага раёну.
20 красавіка рэдактары ўсіх незалежных беларускіх газетаў зьвярнуліся да прадстаўніка АБСЕ па свабодзе сродкаў масавай інфармацыі Фраймута Дувэ са зваротам, у якім просяць дапамагчы спыніць ціск на незалежныя СМІ у Беларусі. «Найбольш пашыраная сёньня эканамічная дыскрымінацыя, — гаворыцца ў звароце. — Для рэдакцыяў недзяржаўных газетаў вызначаюць заведама завышаныя тарыфы на распаўсюджаньне, эксьпедыяваньне, перасылку і дастаўку перыядычных выданьняў. Гэта вынік манапольнага становішча на рынку аб’яднаньня “Белпошта”, якое ўваходзіць у структуру Міністэрства сувязі. У 2000 г. тарыфы на распаўсюджаньне недзяржаўных СМІ былі амаль у пяць разоў вышэйшыя, чым на дзяржаўную прэсу. Такая негатыўная тэндэнцыя захавалася і ў 2001 г., хоць пад ціскам журналісцкай грамадзкасьці “Белпошта” змушаная была зьменшыць апетыты: розьніца ў тарыфах складае 3,3 разы”.
1 чэрвеня ў Горадні супрацоўнікі міліцыі затрымалі фотакарэспандэнта газеты “Пагоня” Аляксея Салея за тое, што той фатаграфаваў, як салдаты рукамі вырывалі траву каля будынку аблвыканкаму – наводзілі парадак перад правядзеньнем у горадзе Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі. Фатографа завялі ў будынак аблвыканкаму, патэлефанавалі ў абласное ўпраўленьне Камітэту дзяржбясьпекі і дзьве гадзіны чакалі супрацоўніка КДБ, які так і не прыехаў. Урэшце фатографа адпусьцілі.
6 чэрвеня стала вядома, што старшыня Ляхавіцкай раённай Рады Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Ігар Лобан, прачытаўшы ў газеце “Пагоня” ад 19.04.2001г. артыкул “Ідзе вялікая чарнобыльская вайна” Ул.Старчанкі, у якім утрымліваліся зьвесткі аб наступствах Чарнобыльскай трагедыі ў Беларусі, і палічыўшы, што гэтую інфармацыю павінна ведаць “вертыкаль”, перадрукаваў яго і занёс старшыні Ляхавіцкага райвыканкаму А.Сакуну і старшыні Ляхавіцкага райсавету В.Сапуну. Аднак замест падзякі галоўны вертыкальшчык раёну зрабіў выснову, што І.Лобан распаўсюдзіў друкаванае выданьне, вырабленае з парушэньнем вызначанага парадку і ня маючае выходных дадзеных, зьмест якога накіраваны на нанясеньне шкоды дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку. Інфармацыя аб дзейнасьці Лобана была перададзеная ў Ляхавіцкі РАУС дзеля прыняцьця мераў. 7 траўня сп.Лобана выклікалі ў РАУС, дзе супрацоўнік РАУС склаў на яго пратакол аб адміністратыўным парушэньні па артыкуле 172 ч.3 КаАП. 12 траўня адміністратыўная камісія пры Ляхавіцкім райвыканкаме разгледзела пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні, прызнала сп. Лобана вінаватым у дзеяньнях, прадугледжаных гэтым артыкулам і аштрафавала яго на 5700 рублёў. Сп. Лобан з пастановаю адміністратыўнай камісіі ня згодны і з дапамогаю праваабаронцаў БрААГА “ПЦ “Вясна” падаў у суд Ляхавіцкага раёну скаргу на пастанову адміністратыўнай камісіі.
6 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёну адбыўся суд над журналістам Валерыем Шчукіным. Яго судзілі па арт.166 КаАП РБ (непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі). Суд быў па падзеях, якія мелі месца 18 траўня падчас Другога Усебеларускага сходу. У працэсе судовага паседжаньня судзьдзя заслухаў 9 сьведкаў з боку супрацоўнікаў міліцыі, прагледзеў відэаматэрыялы. Сьведкі сказалі, што Шчукін лаяўся, заклікаў прысутных перакрываць прасьпект. Відэаматэрыялы гэтага не пацьвердзілі. Прадстаўніком В. Шчукіна на судзе быў М. Пастухоў. Ён паведаміў, што В. Шчукін прысутнічаў на прасьпекце Ф. Скарыны ў якасьці журналіста і прадставіў дакумент – накіраваньне на выкананьне рэдакцыйнага заданьня. Абарона спасылалася на закон аб СМІ. Нягледзячы на тое, што В. Шчукін выконваў свае прафесійныя абавязкі, судзьдзя Аляксандр Шылько вынес пастанову – 10 сутак адміністратыўнага арышту. Па просьбе В. Шчукіна выкананьне прысуду адкладзенае на 10 сутак.
8 чэрвеня былі адпушчаныя студэнты, актывісты ЗБС, затрыманыя ў Гомелі за распаўсюджаньне «Студэнцкай газеты». Адміністратыўную справу, узбуджаную супраць іх, спынілі. Андрэй Вітушка — актывіст ЗБС, моцна зьбіты 7 чэрвеня ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны, па накіраваньні супрацоўнікаў міліцыі зьняў пабоі. У прысутнасьці адваката ён даў падрабязныя тлумачэньні і напісаў заяву ў міліцыю на дзеяньні М.М. Мяжэвіча, які зьбіў яго. Па факце зьбіцьця будзе праведзеная праверка.
12 чэрвеня журналіст і праваабаронца Валеры Шчукін добраахвотна зьявіўся ў Фрунзенскі РУУС г.Мінску. Адсюль ён быў этапаваны ў сьледчы ізалятар на вул. Валадарскага. Тры месяцы Валеры Шчукін правядзе ў сьледчым ізалятары за спробу рэалізаваць права на свабоду атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю. Валеры Шчукін быў затрыманы 16 студзеня ў Міністэрстве ўнутраных справаў РБ, дзе адбылася першая прэс-канферэнцыя новага міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Навумава. В.Шчукін спрабаваў рэалізаваць сваё права на атрыманьне інфармацыі, але трое супрацоўнікаў аховы будынку павалілі яго на падлогу, пры гэтым было разьбітае шкло, аб якое В.Шчукін моцна парэзаўся. В.Шчукін быў дастаўлены ў вайсковы шпіталь у аддзяленьне мікрахірургіі. Міністр унутраных справаў сказаў пра В.Шчукіна: “Я не лічу Шчукіна журналістам. Я хацеў бы, каб Шчукін быў такім жа законапаслухмяным грамадзянінам, як і пераважная большасьць грамадзянаў нашай рэспублікі. А ствараць сабе імідж праваабаронцы, карыстаючыся тым, што я куды хачу, туды хаджу... Міністэрства ўнутраных справаў – рэжымная ўстанова. Нават супрацоўнікі МУС праходзяць сюды па пасьведчаньні асобы. Тое, што Шчукін лічыць сябе пазаштатным карэспандэнтам ці праваабаронцам, не дае яму права... І таму чарговае дробнае хуліганства сыходзіць яму з рук толькі ў сілу таго, што ён абраў такі лад жыцьця. Я нават крышачку са шкадаваньнем стаўлюся да такіх людзей”. У адносінах да В.Шчукіна была ўзбуджаная крымінальная справа па арт.339 ч.1 КК РБ (злоснае хуліганства). Вынік – трохмесячнае зьняволеньне ў сьледчым ізалятары.
12 чэрвеня за распаўсюджаньне газеты “Наша Свабода” ў Берасьці затрымалі прадстаўнікоў руху “Зубр” Данько Кірылу, Залатара Андрэя, Хатынюка Васіля, Хоміча Андрэя і Панасюк Паліну. Затрыманьне адбылося ў 17.30 каля малочнага камбінату па вул. Янкі Купалы. Міліцыянты ехалі на запраўку, калі нейкі пільны грамадзянін падышоў да іх і паведаміў, што каля малаказаводу раздаюць падазроную газету. Усіх затрыманых даставілі ў Маскоўскі РАУС Берасьця, дзе пратрымалі да 18.50. Затрыманым у даволі грубых выказваньнях было адмоўлена ў праве патэлефанаваць, таксама міліцыянты ўсімі сваімі паводзінамі нахабна дэманстравалі поўную непавагу да закону. Так, на пытаньне лейтэнанта, які затрымаў “зуброў”, што з імі рабіць, дзяжурны капітан Ярась вельмі сур’ёзна і рашуча адказаў: “Расстраляць!”. Калі зубры зьвярнулі ўвагу супрацоўнікаў РАУС на парушэньне сваіх канстытуцыйных правоў, то ў адказ пачулі: “Забудзьце пра Канстытуцыю!”. Лейтэнант А.В.Каваленка склаў пратакол канфіскацыі 152 газетаў (пры рэальнай колькасьці больш за тысячу). На газетах, якія крычаць пра боль і сьлёзы беларусаў, вартавыя парадку паабяцалі “рэзаць кілбасу ды ставіць шклянкі з гарэлкай”. Дарэчы, многія міліцыянты падкрэсьлівалі пры гэтым, што Лукашэнку яны не падтрымліваюць. Затрыманьне “зуброў” адбылося пад заканчэньне тыднёвай акцыі распаўсюджаньня газетаў на найбольш значных прадпрыемствах Берасьця. З 6 па 12 чэрвеня сьпецвыпуск “Нашай Свабоды” атрымалі працоўныя панчошнага, дывановага, хлебнага камбінатаў, заводаў бытавой хіміі, газавай апаратуры, электралямпавага, механічнага, “Колератрону”, а таксама навучэнцы некаторых ВНУ ды аматары прысядзібных участкаў.
19 чэрвеня рэдакцыю незалежнай газеты “Наша Свабода” наведалі тры чалавекі, якія назваліся супрацоўнікамі Камітэту фінансавых расьсьледваньняў. Іхнімі дзеяньнямі кіраваў чалавек, які назваўся начальнікам аддзелу фінансавых расьсьледваньняў В.Ганчаровым. У якасьці абгрунтаваньня сваіх дзеяньняў яны прад’явілі “Распараджэньне №004132” са штампам Фрунзенскага міжраённага аддзелу дзяржаўнага Камітэту фінансавых расьсьледваньняў. Распараджэньне прадпісвала правесьці праверку фінансава-гаспадарчай дзейнасьці рэдакцыі газеты. В.Ганчароў заняўся вывучэньнем зьместу сумак і іншых асабістых рэчаў супрацоўнікаў рэдакцыі. У фотакарэспандэнта Ул.Шлапака былі знойдзеныя налепкі з выявамі Аляксандра Лукашэнкі і Юрыя Захаранкі, якія былі канфіскаваныя. Потым В.Ганчароў распачаў вывучэньне зьместу шуфлядаў супрацоўнікаў рэдакцыі. Тут ягонымі трафеямі сталі арыгіналы карыкатураў, на якіх быў адлюстраваны твар асобы, нечым падобнай да А.Лукашэнкі. Дарэчы, ордэр на правядзеньне ператрусу ня быў прад’яўлены, а пратакол аб канфіскацыі не складаўся. Аднак супрацоўнікі рэдакцыі не перашкаджалі дзеяньням “фінансавых міліцыянтаў”, бо пад пагрозай апынуўся выпуск чарговага нумару газеты. На працягу прыкладна 40 хвілінаў як журналісты, так і тэхнічны персанал ня мелі магчымасьці працягваць сваю працу. Калі газета здавалася ў друк, супрацоўнікі Камітэту фінансавых расьсьледваньняў пакінулі рэдакцыю. Ад іх засталася папера, з якой вынікала: парушэньняў вядзеньня фінансава-гаспадарчай дзейнасьці не было знойдзена.
22 чэрвеня журналіст і праваабаронца Валеры Шчукін, які знаходзіцца пад вартай, са сьледчага ізалятару падаў скаргу ў Мінскі гарадзкі суд на пастанову суда Ленінскага раёну. Пастанова аб арышце Валерыя Шчукіна тэрмінам на 3 месяцы, вынесеная 15 сакавіка судом Цэнтральнага раёну г. Мінску, уступіла ў сілу 12 чэрвеня. Валеры Шчукін павінен знаходзіцца пад вартай яшчэ два з паловай месяцы. Але ён працягвае аспрэчваць іншае судовае рашэньне суда Ленінскага раёну па арт.166 КаАП РБ (непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі). В. Шчукін падаў скаргу ў Гарадзкі суд на гэтую пастанову. Ён патрабуе адмяніць 10 сутак адміністратыўнага арышту, якія яму далі за ўдзел у акцыі 18 траўня. В. Шчукін сьцьвярджае, што 18 траўня выконваў свае прафесійныя абавязкі і ў акцыі, якая адбывалася 18 траўня падчас Другога Усебеларускага сходу, ня браў удзелу. Калі скаргу ня прымуць, Валеры Шчукін павінен будзе адсядзець гэтыя 10 сутак у прыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна пасьля сканчэньня трохмесячнага пакараньня, якое ён адбывае цяпер.
27 чэрвеня ў г. Крычаве каля 7 гадзінаў раніцы ў дзьверы кватэры галоўнага рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага пачалі моцна грукатаць і патрабаваць адчыніць. Гаспадар высьветліў, што гэта супрацоўнікі міліцыі. Але яны ня мелі ордэру на вобыск, і таму С.Няроўны ў сваю кватэру іх не пусьціў. Тады міліцыянты пусьцілі ў ход ломікі — і ўваходныя дзьверы былі выламаныя. Пры гэтым у кватэры быў абрэзаны тэлефон і адключаная электрычнасьць. Але паколькі дзьверы былі замацаваныя знутры дошкай, у памяшканьне міліцыянтам увайсьці не ўдалося. С.Няроўны падаў заяву ў пракуратуру г. Крычаву на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, бо палічыў спробу ўварваньня ў кватэру незаконнай. Гэта ўжо другая спроба міліцыянтаў патрапіць у кватэру рэдактара газеты “Вольны горад”. Першая адбылася 25 чэрвеня, калі супрацоўнікі міліцыі ачапілі дом і чакалі некалькі гадзінаў ордэру на вобыск. Але пракурор тады адмовіўся даваць санкцыю на вобыск, бо дзеля гэтага не было ніякіх падставаў — і міліцыянтам давялося сыйсьці. Усе спробы міліцыі патрапіць у кватэру галоўнага рэдактара газеты зьвязаныя з кампутарнай тэхнікай для выпуску газеты, якая знаходзіцца там.
4 ліпеня ў Ленінскі РАУС г.Берасьця ў якасьці сьведкаў выклікаліся сябры Партыі БНФ Б. Андрасюк і Р. Варвашэвіч з жонкай. Прадстаўнік БрАА ГА «ПЦ «Вясна» Ул. Вялічкін, якога Варвашэвіч запрасіў прадстаўляць ягоныя інтарэсы таксама стаў сьведкам выкліку. Справа тычылася распаўсюджаньня ў раёне «Дуброўкі» газеты «Народны прэзідэнт». У сувязі з гэтым абласная пракуратура даручыла аддзелу дазнаньняў Ленінскага РАУС правесьці расьсьледваньне ў справе незаконнага распаўсюджаньня незарэгістраванай газеты і паклёпу на Прэзідэнта РБ.
12 ліпеня ў Крычаве ў рэдакцыі газеты “Вольны горад” супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі ўсю аргтэхніку: 3 кампутары (адзін з іх належыць амбасадзе ЗША), 2 прынтары (адзін амбасады ЗША), сканер, фотакамеру, тэлевізар, відэамагнітафон. Тэхніку вынесьлі на “праверку”, нягледзячы на тое, што амбасада ЗША раней паведамляла крычаўскім уладам, што тэхніка ўзятая газетай у арэнду. Затрыманыя 3 чалавекі — М.Маторанка, С.Няроўны, С.Баравікоў. Пры гэтым міліцыянты абсалютна беспадстаўна канфіскавалі больш за 1000 подпісаў за Сямёна Домаша. Памяшканьне рэдакцыі было апячатанае. Сяргея Баравікова суд Крычаўскага раёну асудзіў у гэты ж дзень па арт. 156 КоАП РБ (дробнае хуліганства).
У ноч з 16 на 17 ліпеня была абрабаваная рэдакцыя незалежнай газеты «День». Невядомыя ўзламалі кампутары і выкралі ўсю інфармацыйную базу. Супрацоўні-кі рэдакцыі зьвязваюць напад на газету са шматлікімі публікацыямі пра зьнік-неньні вядомых у Беларусі палітыкаў і журналістаў. На месцы здарэньня ня зной-дзена ніякіх сьлядоў, што дае падставу меркаваць, што працавалі прафесіяналы.
23 ліпеня супрацоўнікі міліцыі Хоцімскага раёну Магілёўскай вобласьці канфіскавалі ўсю аргтэхніку адзінай у рэгіёне незалежнай газеты “Беларускі Усход”. Такія дзеяньні праваахоўнікі патлумачылі выкананьнем дэкрэту №8 аб дабрачыннай замежнай дапамозе.
Уначы 24 ліпеня ўжо другім разам за апошні час абрабаваная рэдакцыя незалежнай газеты “День”. Тут рыхтавалі нумар, прысьвечаны зьніклым у Беларусі асобам. Газета ня выйшла на мінулым тыдні, бо тады з памяшканьня рэдакцыі невядомыя скралі кампутары. Другі раз злачынцы зрабілі тое самае.
частка
2
15 і 16 жніўня ў г.Орша супрацоўнікі Камітэту фінансавых расьсьледваньняў і КДБ канфіскавалі аргтэхніку ў індывідуальнага прадпрымальніка Віктара Андрэева, які выдае газету “Куцейна”. Абвінаваціўшы В.Андрэева ў “незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці”, яны канфіскавалі рызограф, чатыры кампутары, некалькі асобнікаў газеты і выпускі праваабарончага бюлетэню. Пры канфіскацыі рызографу былі выламаныя дзьверы і выбітае шкло прыватнага дому, дзе ён знаходзіўся. Адзін з супрацоўнікаў КДБ паведаміў рэдактару газеты В.Андрэеву, што за супрацоўнікамі рэдакцыі вялося зьнешняе назіраньне.
16 жніўня ў г.Баранавічы канфіскаваная частка накладу расійскай газеты “Президент”, прысьвечанай палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Раней 64 тысячы асобнікаў гэтай газеты былі канфіскаваныя ў г.Горадні.
17 жніўня супрацоўнікі Першамайскага міжраённага аддзелу Упраўленьня дзяржкамітэту фінансавых расьсьледваньняў па Мінскай вобласьці і г.Мінску канфіскавалі 216 400 асобнікаў газеты “Наша Свабода”, а таксама друкарскія формы.
17 жніўня Дзяржкамітэт па друку вынес рэдакцыі газеты “Наша Свабода” афіцыйнае папярэджаньне ў сувязі з апублікаваньнем у газеце “недакладных зьвестак”. Да такіх Дзяржкамдрук аднёс фразу “Аляксандр Лукашэнка..., выступаючы перад “вертыкальлю”, абвінаваціў Ярмошына і Мясьніковіча ў падрыхтоўцы змовы”. У папярэджаньні ўказваецца, што ў выпадку паўторнага парушэньня дзейнасьць газеты будзе прыпыненая на тэрмін да 3 месяцаў.
17 жніўня ў г. Глыбокае Віцебскай вобласьці дырэктар мясцовага аддзяленьня “Белсаюздруку” Вольга Міхайлава ў парушэньне дзеючай дамовы з рэдакцыяй газеты “Вольнае Глыбокае” адмовілася прыняць на рэалізацыю чарговы нумар газеты, спаслаўшыся на тое, што ў раёне кепска купляюць “Советскую Белоруссию”.
20 жніўня Дзяржкамдрук вынес папярэджаньне рэдакцыі газеты “Свободные новости” ў сувязі з апублікаваньнем у газеце “недакладных зьвестак”. Імі Дзяржкамдрук палічыў фразу “Прэзідэнт па тэлебачаньні абяцаў наладзіць бойню ў сваёй рэзідэнцыі — пусьціць супраць нязгодных з ягоным “пераабраньнем” сьпецназ, “Альфу” і “Алмаз”. У папярэджаньні ўказваецца, што ў выпадку паўторнага парушэньня дзейнасьць газеты будзе прыпыненая на тэрмін да 3 месяцаў.
20 жніўня супрацоўнікамі падатковай інсьпекцыі Заводзкага раёну Мінску былі канфіскаваныя дзесяць кампутараў рэдакцыі самай масавай беларускай незалежнай газеты “Народная Воля”. Прадстаўнікі падатковай інсьпекцыі заявілі, што кампутары канфіскоўваюцца на той падставе, што яны знаходзяцца не на рэдакцыйным балансе, а належаць прыватным асобам і таму “павінны быць старанна правераныя”. У выніку канфіскацыі абсталяваньня ў распараджэньні рэдакцыі засталося ўсяго чатыры кампутары. Выпуск газеты знаходзіцца пад пагрозаю зрыву.
21 жніўня ў рэдакцыі газеты “Наша Свабода” Першамайскі міжраённы аддзел ДКФР па г.Мінску і Мінскай вобласьці і падатковая інсьпекцыя Маскоўскага раёну г.Мінску пачалі праверку фінансава-гаспадарчай дзейнасьці. Адзін кампутар рэдакцыі апячатаны.
21 жніўня распачатая праверка фінансава-гаспадарчай дзейнасьці рэдакцыі “Белорусской деловой газеты”. Яе праводзяць супрацоўнікі адразу трох кантралюючых органаў: Маскоўскага міжраённага аддзелу ДКФР г.Мінску, падатковых інсьпекцыяў Цэнтральнага і Першамайскага раёнаў г.Мінску.
22 жніўня супрацоўнікі Першамайскага міжраённага аддзелу Камітэту фінансавых расьсьледваньняў па г.Мінску і Мінскай вобласьці заблакавалі працу прыватнай друкарні “Мэджык”, у якой друкуецца 29 выданьняў, 6 з якіх маюць грамадзка-палітычны накірунак. Друкарня “Мэджык” прастойвала аж да 27 жніўня. Друкаваньне газетаў было ўзноўленае толькі пасьля таго, як дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Мэджык” Юры Будзько падпісаў загад аб прызначэньні першага намесьніка старшыні Дзяржкамдруку Уладзіміра Глушакова выконваючым абавязкі дырэктара прадпрыемства. Гэтае прызначэньне было праведзенае з парушэньнем патрабаваньняў арт. 8 Закону “Аб мерах барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй”, які забараняе прадстаўнікам уладаў, служачым дзяржапарату і службовым асобам умешвацца ў дзейнасьць іншых дзяржаўных і недзяржаўных органаў, прадпрыемстваў, установаў і арганізацыяў, калі гэта не ўваходзіць у кола іх абавязкаў.
22 жніўня рэдакцыя “Белорусской деловой газеты” распаўсюдзіла паведамленьне пра тое, што дзяржаўнае ўнітарнае прадпрыемства “Мінгарсаюздрук” адмовіла выдаўцу “БДГ” УП “Марат” у павелічэньні накладу газеты, які распаўсюджваецца праз сетку “Мінгарсаюздрук”, на верасень 2001 году. Паколькі, адмовіўшыся ад прапановы выдаўца, “Мінгарсаюздрук” недаатрымае каля 1 млн. рублёў выручкі, кіраўніцтва УП “Марат” лічыць, што адмова прымаць на рэалізацыю наклад, прапанаваны выдаўцом, прадыктаваная выключна палітычнымі меркаваньнямі і мае на мэце абмежаваньне доступу насельніцтва да інфармацыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Раней “Мінгарсаюздрук” адмовіў у павелічэньні накладаў, якія распаўсюджваюцца праз ягоную сетку, рэдакцыям газетаў “Свободные новости” і “День”.
22 жніўня Упраўленьне юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму абвінаваціла газету “Брестский курьер” у распаўсюджваньні інфармацыі пра дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў. Нагодай дзеля такой заявы стала публікацыя ў газеце заявы “Спыніце цкаваньне дэмакратычных кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь”, якая была падпісаная лідэрамі апазіцыйных партыяў, грамадзкіх аб”яднаньняў і прафсаюзаў.
23 жніўня адбылася прэс-канферэнцыя галоўных рэдактараў незалежных газетаў “Наша Свабода” і “Народная Воля” Паўла Жука і Іосіфа Сярэдзіча. Іосіф Сярэдзіч паведаміў журналістам, што замест 45000 асобнікаў апошняга нумару ягонай газеты ўдалося аддрукаваць толькі 10000. А ўжо наступны нумар можа ўвогуле не зьявіцца ў сьвет. Пад пагрозай апынуўся і сьпецыяльны выпуск “Народнай Волі”, прысьвечаны прэзідэнцкім выбарам. Ён мусіў быць надрукаваны 23 жніўня. Камітэт па фінансавых расьсьледваньнях ня толькі апячатаў абсталяваньне друкарні “Мэджык”, але і замарозіў усе рахункі. У якасьці падставы дзеля такіх дзеяньняў было выкарыстанае вызначэньне Вышэйшага гаспадарчага суда, якое зьявілася нечакана для ўсіх. Пры гэтым арыштаванае абсталяваньне не зьяўляецца ўласнасьцю “Мэджыка”, а канфіскаваная папера належыць выданьням, якія друкаваліся там, а не друкарні. Юрысты лічаць, што дзеяньні супрацоўнікаў КФР зьяўляюцца незаконнымі, бо для выманьня абсталяваньня патрэбнае рашэньне суда, а не вызначэньне. У якасьці яскравага доказу палітычнай афарбоўкі дзеяньняў Камітэту па фінансавых расьсьледваньнях можна прывесьці той факт, што на паліграфічнай базе “Мэджыка” дзейнічае друкарня “Знамение”. Менавіта яна выпусьціла перадвыбарчыя плакаты і ўлёткі адзінага кандыдата ў Прэзідэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Уладзіміра Ганчарыка. Галоўныя рэдактары незалежных выданьняў расцэньваюць дзеяньні фінансавай міліцыі як замову ўладаў, што мае на мэце пазбавіць беларусаў інфармацыі пра галоўнага канкурэнта А.Лукашэнкі на выбарах – Уладзіміра Ганчарыка.
28 жніўня пракуратура г.Мінску ўзбудзіла крымінальную справу па факце паклёпу ў адносінах да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які спалучаецца з абвінавачаньнем у зьдзяйсьненьні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства (ч. 2 арт. 367 КК РБ). Нагодай дзеля ўзбуджэньня крымінальнай справы і канфіскацыі накладу газеты “Рабочы” стала публікацыя ў канфіскаваным нумары газеты артыкулу “Злодзей павінен сядзець у турме!” па фактах карупцыі сярод кіраўніцтва краіны. Друкаваньне сьпецвыпуску “Рабочага” плануемым накладам у 400 тысячаў асобнікаў было прыпыненае напярэдадні намесьнікам старшыні Дзяржкамдруку Уладзімірам Глушаковым, які незадоўга да гэтага быў прызначаны выконваючым абавязкі дырэктара друкарні “Мэджык”. Да гэтага моманту было надрукавана каля 40 тысячаў асобнікаў сьпецвыпуску, аднак галоўнаму рэдактару “Рабочага” Віктару Івашкевічу вывезьці з друкарні зробленую частку накладу не дазволілі. На наступны дзень старэйшы сьледчы пракуратуры Першамайскага раёну г.Мінску С.Фалейчык канфіскаваў увесь надрукаваны наклад газеты і паведаміў В.Івашкевічу пра ўзбуджэньне крымінальнай справы. Той факт, што пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу перш чым газета выйшла з друкарні, сьведчыць пра ажыцьцяўленьне цэнзуры.
29 жніўня з “белымі плямамі” выйшлі ў сьвет 2 сьпецвыпускі “Предпринимательской газеты”. Публікацыю артыкулаў “Пасланьне суайчыньнікам” (№32) і “А ты ўжо даў сваю згоду стаць саўдзельнікам злачынства?” (№33) забараніў да друку выконваючы абавязкі дырэктара друкарні “Мэджык” Уладзімір Глушакоў.
4 верасьня ў г.Салігорску старшыня гарадзкой выбарчай камісіі не пусьціў на ўчастак пазаштатнага карэспандэнта мясцовай газеты “Салідарнасьць”. Сваю адмову ён матываваў тым, што назіраць за выбарамі могуць толькі штатныя супрацоўнікі рэдакцыі. Такая пазіцыя супярэчыць арт. 13 Выбарчага кодэксу, якая прадастаўляе права прысутнічаць пры правядзеньні выбараў прадстаўнікам рэдакцыі незалежна ад таго, знаходзяцца яны ў штаце ці не.
5 верасьня першы намесьнік старшыні Дзяржаўнага камітэту па друку Уладзімір Глушакоў, які выконвае абавязкі дырэктара прыватнай друкарні “Мэджык”, пад пагрозай забароны друкаваньня запатрабаваў зьняць матэрыялы з нумароў газетаў “Народная Воля” і “Беларуская маладзёжная”. Супрацоўнікам “Беларускай маладзёжнай“ прыйшлося здаваць нумар тройчы, перш чым газета была надрукаваная.
5 верасьня пракуратура Гарадзенскай вобласьці ўзбудзіла крымінальную справу па факце разьмяшчэньня ў газеце “Пагоня” матэрыялаў, у якіх, на думку пракуратуры, утрымліваецца паклёп у адносінах да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Наклад газеты, аддрукаваны толькі часткова, быў сканфіскаваны з друкарні.
5 верасьня супрацоўнікі пракуратуры Гарадзенскай вобласьці, пракуратуры Ленінскага раёну г.Горадня, Ленінскага аддзяленьня РАУС, Дзяржаўнага камітэту па фінансавых расьсьледваньнях і АБЭЗ правялі ў рэдакцыі газеты “Пагоня” выняцьце матэрыялаў і абсталяваньня, а таксама фінансавай дакументацыі рэдакцыі.
7 верасьня Вышэйшы Гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь прыняў да разгляду зыск Пракурора Гарадзенскай вобласьці аб спыненьні дзейнасьці сродку масавай інфармацыі – газеты “Пагоня” і аб ліквідацыі рэдакцыі газеты “Пагоня” “у інтарэсах дзяржавы ў асобе Дзяржаўнага камітэту Рэспублікі Беларусь па друку”. Па меркаваньні пракуратуры, падставай дзеля закрыцьця газеты служаць шматлікія парушэньні рэдакцыяй Закону аб друку.
7 верасьня ў Мінску супрацоўнікамі міліцыі сканфіскавана 15 000 асобнікаў газеты “Беларуская маладзёжная”, якія знаходзіліся ў багажніку спыненага аўтамабіля. Міліцыянеры катэгарычна адмовіліся складаць акт канфіскацыі газетаў.
7 верасьня Віцебская абласная друкарня адмовілася друкаваць чарговы нумар мясцовай недзяржаўнай газеты “Витебские деловые новости”, нягледзячы на тое, што рэдакцыя своечасова здала макет у друкарню і зрабіла перадаплату. У якасьці магчымай прычыны таго, што адбылося, рэдактар выданьня Ігар Несьцераў назваў той факт, што дадзены нумар газеты ўдзяляў вялікую ўвагу асьвятленьню візіту Уладзіміра Ганчарыка ў г.Віцебск і закулісным бакам прэзідэнцкай кампаніі ў Віцебску.
7 верасьня намесьнік старшыні Гомельскай абласной выбарчай камісіі Аляксандр Усаў адмовіў акрэдытаванаму ў гэтай камісіі журналісту Анатолю Гатоўчыцу ў прадастаўленьні інфармацыі пра колькасьць выбаршчыкаў у раёнах вобласьці і колькасьці прагаласаваўшых датэрмінова. А.Усаў растлумачыў, што ў абавязкі “журналіста ўваходзіць: паехаць, паглядзець, паназіраць, як ідзе галасаваньне”. А.Гатоўчыц, згодна з Выбарчым кодэксам, абскардзіў дзеяньні А.Усава ў пракуратуру, аднак пракуратура накіравала ягоную скаргу ў гэтую ж выбарчую камісію.
8 верасьня, напярэдадні выбараў, з “белымі плямамі” выйшла самая тыражная штодзённая недзяржаўная газета “Народная Воля”. Па патрабаваньні намесьніка старшыні Дзяржкамдруку Ул. Глушакова, які выконвае абавязкі дырэктара друкарні “Мэджык”, з нумару была зьнятая заява лідэра апазіцыйнай камуністычнай партыі Сяргея Калякіна пра тое, што Савет бясьпекі Рэспублікі Беларусь даставіў усім старшыням гарадзкіх і раённых выканкамаў па 20 тысячаў выбарчых бюлетэняў, якімі можна будзе маніпуляваць у ходзе выбараў. Акрамя таго, была зробленая цэнзура загалоўка “Заўтра – выбары другога прэзідэнта”, з якога прыбранае слова “другога”.
9 верасьня, у дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзяржаўны інтэрнет-правайдэр “Белтелеком” адключыў доступ да сайтаў “by”, на якіх выстаўляліся навіны пра выбары. У выніку сталі недаступнымі для прагляду он-лайнавыя версіі незалежных выданьняў “Белорусская деловая газета”, “Наша Свабода” і “Белорусская газета”. Перабоі ў працы ў дзень выбараў зьведалі таксама сайты незалежнага агенцтва навінаў БелаПАН, Радыё Рацыя і беларускай службы Радыё Свабода. Адміністраваньне доменнай зоны “.by” знаходзіцца ў веданьні Дзяржаўнага цэнтру бясьпекі інфармацыі пры Савеце бясьпекі. У гэты ж дзень былі адключаныя тэлефоны рэдакцыяў некаторых рэгіянальных СМІ і сотавыя тэлефоны ў цэнтры Мінску.
14 верасьня Праўленьне грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская асацыяцыя журналістаў” зьвярнулася ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь з заявай з нагоды ажыцьцяўленьня цэнзуры першым намесьнікам старшыні Дзяржкамдруку Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Глушаковым, які апошнім часам выконвае функцыі дырэктара прыватнай друкарні “Мэджык”. Праўленьне ГА “БАЖ” патрабуе ад пракуратуры тэрміновых захадаў пракурорскага рэагаваньня з мэтай ліквідаваць парушэньні закону і аднавіць правы і законныя інтарэсы рэдакцыяў. Паводле меркаваньня аўтараў заявы, пракуратура таксама павінна разгледзець пытаньне аб магчымасьці распачаць крымінальную справу або ініцыяваць дысцыплінарнае разьбіральніцтва ў дачыненьні да Ул. Глушакова. Праўленьне асацыяцыі зьвярнула ўвагу пракуратуры на цэлы шэраг фактаў парушэньня заканадаўства. 28 жніўня ў выніку ўмяшальніцтва кіраўніцтва друкарні быў сарваны выпуск газеты “Рабочы”. 31 жніўня з “белымі плямамі” выйшлі два сьпецвыпускі (№32 і №33) “Предпринимательской газеты”, матэрыялы з якіх былі зьнятыя па ўказаньні Ул. Глушакова. 5 верасьня, пагражаючы забараніць друк выданьняў, Ул. Глушакоў запатрабаваў зьняць матэрыялы з нумароў газет “Народная Воля” і “Беларуская маладзёжная”. Прычым супрацоўнікі рэдакцыі “БМ” мусілі здаваць нумар у друк тройчы. 6 верасьня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад Ул. Глушакова адмовіцца ад парушэньня правоў прэсы. Копія гэтага ліста была перададзеная ў Дзяржкамітэт па друку. Аднак ужо на наступны дзень в.а. дырэктара друкарні “Мэджык” Ул. Глушакоў зноў ажыцьцявіў цэнзуру: прымусіў прадстаўніка “Народнай Волі” зьняць матэрыялы з нумару, падпісанага ў друк. У выніку “Народная Воля” выйшла з “белымі плямамі” на першай паласе. На думку праўленьня БАЖ, такія дзеяньні чыноўніка парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і Закон “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”. Артыкул 33 Канстытуцыі гарантуе кожнаму свабоду меркаваньняў, перакананьняў і іх свабоднае выяўленьне: нікога нельга прымушаць выказваць свае погляды або адмаўляцца ад іх. Цэнзура, як указваецца ў гэтым артыкуле Канстытуцыі, не дапускаецца. Але патрабаваньні да рэдакцыі папярэдне ўзгадніць паведамленьні і матэрыялы або зьняць з друку які-небудзь матэрыял ці паведамленьне зьяўляюцца цэнзурай (арт. 4 Закону аб друку). Спасылкі сп-ра Глушакова на тое, што зьнятыя паводле ягонага загаду матэрыялы парушалі правы і законныя інтарэсы іншых асобаў, ганьбілі гонар і годнасьць Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ня маюць абгрунтаваньня. Выяўляць факты парушэньня заканадаўства ў галіне СМІ маюць права суд і іншыя дзяржаўныя органы ў межах іх паўнамоцтваў (аднак не дырэктар друкарні), і толькі пасьля выхаду сродку масавай інфармацыі ў сьвет. У заяве Праўленьне Беларускай асацыяцыі журналістаў таксама зьвярнула ўвагу на тое, што ўжо само прызначэньне першага намесьніка старшыні Дзяржкамдруку Ул. Глушакова выконваючым абавязкі дырэктара друкарні “Мэджык” зьяўляецца грубым парушэньнем беларускага заканадаўства.
21 верасьня судзьдзя Першамайскага раённага суда г.Мінску Алена Ананіч прыняла рашэньне: разгляд зыску аб абароне гонару і годнасьці лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі да аўтара праграмы Беларускага тэлебачаньня “Тайныя спружыны палітыкі” Юрыя Азаронка перанесьці на 1 лістапада. Перанос разгляду справы зьвязаны з адсутнасьцю ў зале суда адказчыка. Як патлумачылі юрысты Белдзяржтэлерадыёкампаніі, да канца кастрычніка Юры Азаронак будзе знаходзіцца ў адпачынку. Акрамя таго, юрысты тэлерадыёкампаніі прадставілі судзьдзі тлумачэньне, у якім гаворыцца, што БТ ня можа прадставіць суду відэакасету з запісам гэтай праграмы, паколькі мае праблемы з магнітнымі носьбітамі. У сувязі з гэтым відэазапісы праграмаў на тэлестудыі захоўваюцца ня больш за адзін месяц.
22 верасьня рэдактара газеты “Пагоня” Міколу Маркевіча тэрмінова выклікалі ў Гарадзенскую абласную пракуратуру, каб уручыць папярэджаньне выданьню. Яно датычыць дзьвюх нататак у №36 газеты, у якіх сьледчыя ўбачылі паклёп на прэзідэнта. З прычыны гэтых нататак была заведзеная крымінальная справа супраць газеты. Пракуратура канфіскавала таксама наступны №37 “Пагоні”.
24 верасьня беларускія памежнікі ў Берасьці канфіскавалі ў Мікалая Анцыповіча, актывіста Сойму Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, 50 асобнікаў часопісу “Беларускія ведамасьці” і дзьве кніжкі з вершамі і фотаздымкамі Зянона Пазьняка “Глёрыя Патрыя”. М. Анцыповіч вяртаўся ў Беларусь з Варшавы, дзе ён наведваў Зянона Пазьняка, які апошнія 5 гадоў знаходзіцца ў эміграцыі. “Беларускія ведамасьці” – часопіс, які выдае сп. Пазьняк.
25 верасьня рэдакцыя незалежнай газеты “Брестский курьер” атрымала па пошце афіцыйнае папярэджаньне ад Дзяржаўнага камітэту па друку. Дзяржкамдрук даў выданьню папярэджаньне за тое, што рэдакцыя нібыта парушыла артыкул 5 Закону аб друку, апублікаваўшы зварот пад назовам “Спыніце перасьлед дэмакратычных кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь!” Зварот падпісалі лідэры мясцовых апазіцыйных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і прафсаюзаў. Некаторыя з гэтых структураў не прайшлі рэгістрацыю ў Берасьцейскім аблвыканкаме, што і стала падставаю для вынясеньня папярэджаньня незалежнай газеце. Неабходна нагадаць, што сёлета “Брестский курьер” ужо абскардзіў іншае папярэджаньне Дзяржкамдруку і выйграў справу ў Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі.
27 верасьня судзьдзя Вышэйшага гаспадарчага суда РБ Валеры Жандараў прыняў рашэньне перанесьці на 5 кастрычніка разгляд справы аб закрыцьці гарадзенскай незалежнай газеты “Пагоня”. Прычынай пераносу стала непрадастаўленьне істцом — Гарадзенскай абласной пракуратурай — усіх неабходных для разгляду справы дакументаў. Галоўны рэдактар “Пагоні” Мікола Маркевіч так выказаўся пасьля прыняцьця рашэньня аб пераносе судовага працэсу: “Прэтэнзіі пракуратуры да “Пагоні” не грунтуюцца на законе, маюць відавочныя прыкметы палітычнага заказу. Я ўпэўнены, што пры ўмове, калі на суд ня будзе аказана ўціску, зыск пракуратуры будзе адхілены”.
5 кастрычніка ў Вышэйшым гаспадарчым судзе Рэспублікі Беларусь адбыўся працяг судовага працэсу па справе аб закрыцьці незалежнай газеты “Пагоня”. Судзьдзя Валеры Жандараў зноў прыняў рашэньне: “дзеля правільнага і ўсебаковага высьвятленьня абставінаў” перанесьці судовы разгляд, на 23 кастрычніка. Матываваў ён гэта тым, што Гарадзенская абласная пракуратура не прадаставіла суду копію пратаколу арышту яшчэ ў друкарні ўсяго накладу 36-га нумару газеты ад 4 верасьня. На самым пачатку судовага паседжаньня абаронца “Пагоні” адвакат Анжэла Ратнер заявіла хадайніцтва аб спыненьні справы ў адносінах да газеты. Паводле яе словаў, пасьля таго, як 27 верасьня Дзяржаўны камітэт па друку адмовіўся ад зыску ў адносінах да газеты, ня ўгледзеўшы прававых падставаў дзеля яе закрыцьця, справа падлягае спыненьню. Аднак судзьдзя Валеры Жандараў адхіліў гэтае хадайніцтва. Кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Міхаіл Пастухоў выказаў сваё незадавальненьне сёньняшнім судовым працэсам: “Суд зьвярнуў увагу на непатрэбныя акалічнасьці. Гэта штучнае зацягваньне працэсу. Суд ня хоча выносіць рашэньне на карысьць рэдакцыі газеты, хаця яно відавочнае. Судзьдзя адцягвае прыняцьце канчатковага рашэньня толькі дзеля таго, каб не выступаць супраць пракуратуры і даць ёй магчымасьць паспрабаваць знайсьці іншыя аргументы супраць “Пагоні”.
З 11 на 12 кастрычніка ўначы адбылося абрабаваньне незалежнай маладзечанскай «Рэгіянальнай газеты». Былі ўкрадзеныя тры сістэмныя блокі кампутараў, два маніторы, лічбавая фотакамера, два прынтэры, факс, тэлефоны і нават электрычны чайнік. «Рэгіянальная газета» распаўсюджваецца ў Мінскай і Гарадзенскай абласьцях ¬¬— на тэрыторыі Маладэчанскага, Вілейскага, Мядзельскага, Валожынскага, Смаргонскага, Астравецкага і Ашмянскага раёнаў, выдаецца з 1995 году і мае наклад больш за восем тысячаў асобнікаў.
15 кастрычніка журналістам недзяржаўных СМІ было адмоўлена ў акрэдытацыі на асьвятленьне візіту А.Лукашэнкі ў Гомельскую вобласьць, які прызначаны на 23 кастрычніка.
16 кастрычніка судзьдзя Аляксандар Шылько прыняў пастанову затрымаць праваабаронцу і публіцыста Валерыя Шчукіна і арыштаваць яго на 10 сутак за ўдзел у несанкцыяваным пікеце падчас лукашэнкаўскага Ўсебеларускага народнага сходу, які адбыўся сёлета ў траўні. В. Шчукін зусім нядаўна выйшаў з Жодзінскай турмы, дзе адбываў трохмесячнае зьняволеньне.
1 лістапада ў судзе Першамайскага раёну г.Мінску быў працягнуты разгляд зыску аб абароне гонару і годнасьці старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі да Беларускага тэлебачаньня і аўтара праграмы “Тайныя спружыны палітыкі” Юрыя Азаронка. На папярэднім паседжаньні (яно адбылося паўтары месяцы таму) суд прапанаваў абодвум бакам прадаставіць матэрыялы, у прыватнасьці, запіс праграмы Азаронка, якая выйшла ў эфір у сакавіку 2001 году, у якой Лябедзька абвінавачваўся ў тым, што спрабаваў нелегальна правезьці ў Беларусь праз польска-беларускую мяжу 10 тысячаў даляраў ЗША. Ісьцец заяўляе, што гэтыя зьвесткі зьяўляюцца паклёпам, і патрабуе іх абвяржэньня, а таксама кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 5 мільёнаў рублёў з Беларускай дзяржтэлерадыёкампаніі і 10 мільёнаў – з Юрыя Азаронка. І на гэтым паседжаньні суда юрыдычны прадстаўнік Азаронка не прадаставіў запісу тэлепраграмы. Паводле ягоных словаў, запіс сьцёрты, бо ў сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам беларускага тэлебачаньня касеты выкарыстоўваюцца шматразова. Аднак запіс перадачы прадаставіў суду Анатоль Лябедзька. Падчас суда стужка з запісам праграмы была разгледжаная. Судзьдзя Алена Ананіч задаволіла хадайніцтва юрыдычнага прадстаўніка адказчыка аб выкліку ў суд аўтара праграмы Юрыя Азаронка з тым, каб ён патлумачыў зьвесткі, што прагучалі на касеце. Суд перанесены на няпэўны час: Алена Ананіч заявіла, што паколькі яна кладзецца ў бальніцу, зыск будзе разглядаць іншы судзьдзя.
12 лістапада Вышэйшы Гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь вынес рашэньне спыніць дзейнасьць незалежнай газеты «Пагоня». Гэтае рашэньне было заснаванае на двух папярэджаньнях – Дзяржкамдруку (цяпер – Міністэрства інфармацыі) і Гарадзенскай раённай пракуратуры. Вышэйшы гаспадарчы суд не прыняў да ўвагі аргументы прадстаўнікоў рэдакцыі газеты і Міністэрства інфармацыі, якое адмовілася ад зыску яшчэ да суда. Беларуская асацыяцыя журналістаў выказала рашучы пратэст у сувязі з такім рашэньнем суда. БАЖ зьвязвае закрыцьцё газеты «Пагоня» і ліквідацыю яе рэдакцыі з абяцаньнем Аляксандра Лукашэнкі «разабрацца» з незалежнай прэсай пасьля выбараў. У гэтым жа шэрагу – працяг расьсьледваньня крымінальных справаў, распачатых па фактах публікацыі перадвыбарчых матэрыялаў у газетах «Пагоня» і «Рабочы» і адмова Вышэйшага гаспадарчага суда разглядаць зыск газеты «Брестский курьер» да Міністэрства інфармацыі аб прызнаньні несапраўдным папярэджаньня. З асуджэньнем рашэньня Вышэйшага гаспадарчага суда РБ і заклікам спыніць палітычна матываваныя крымінальныя справы, датычныя незалежных выданьняў і журналістаў, выступілі таксама Сусьветная кампанія за свабоду слова “Артыкль 19”, Камітэт па абароне правоў журналістаў, Міжнародная ліга правоў чалавека і іншыя арганізацыі.
19 лістапада на вуліцы Савецкай у Горадні адбыўся несанкцыянаваны пікет у абарону закрытай Вышэйшым гаспадарчым судом Беларусі газеты “Пагоня”. У акцыі ўзялі ўдзел больш за 100 чалавек — журналістаў і чытачоў газеты, якія разгарнулі лозунгі, у якіх асуджалася падаўленьне свабоды слова ў Беларусі. Пасьля завяршэньня акцыі пратэсту рэдактар газеты Мікола Маркевіч і журналісты Анджэй Пісальнік і Павел Мажэйка былі запрошаныя ў аддзел міліцыі Ленінскага раёну, дзе ў дачыненьні да іх былі складзеныя пратаколы аб адміністратыўным правапарушэньні (артыкул 167-1 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь). Ужо 20 лістапада справы Анджэя Пісальніка і Паўла Мажэйкі былі разгледжаныя ў судзе Ленінскага раёну горада Горадні. Суд над рэдактарам “Пагоні” Міколам Маркевічам адбудзецца пазьней, пасьля яго вяртаньня з Польшчы: адразу пасьля правядзеньня пікетаваньня Мікола Маркевіч адбыў у гэтую краіну дзеля сустрэчы з уплывовымі палітыкамі. Беларускі журналіст мае намер прапанаваць ідэю арганізацыі слуханьняў у Сейме Рэспублікі Польшча па пытаньні аб закрыцьці адной з вядучых дэмакратычных газетаў і наступу на свабоду слова ў Беларусі.
13 сьнежня суд Першамайскага раёну г.Мінску разгледзеў зыск лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі да Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі і аўтара палітычнага серыялу “Тайныя спружыны палітыкі” Юрыя Азаронка. У адным з фільмаў Ю. Азаронак заявіў, што Анатоль Лябедзька са сваімі калегамі па партыі быццам бы ўвезьлі праз польска-беларускую мяжу пэўную суму грошай, і пасьля гэтага дабрабыт Лябедзькі павялічыўся на 8 з паловаю тысячаў даляраў. “Азаронак не прадаставіў у суд ніводнага дакументу, які б мог пацьвердзіць гэта – адны агульныя меркаваньні: што ён не хацеў мяне пакрыўдзіць і ня лічыць мяне пакрыўджаным, — кажа Анатоль Лябедзька. – На пытаньне, чым выкліканая ўвага менавіта да маёй персоны, ён патлумачыў, што я адзіны з лідэраў беларускай апазіцыі наладжваю нацыянал-палітычныя мерапрыемствы. Такім чынам, ён сам пацьвердзіў, што існаваў палітычны заказ на пэўных асобаў беларускай палітыкі, каб стварыць негатыўнае поле вакол гэтых людзей”. Суд вынес рашэньне: Нацыянальная тэлерадыёкампанія абавязаная публічна папрасіць прабачэньня ў Анатоля Лябедзькі і выплаціць штраф у памеры 600 тысячаў беларускіх рублёў, а Юры Азаронак павінен выплаціць 400 тысячаў рублёў штрафу.
У сьнежні Гарадзенскi абласны гаспадарчы суд адмовiў у зыску да Смаргонскага райвыканкаму заснавальнiку «Новай газеты Смаргонi» Рамуальду Улану. Райвыканкам ня даў яму дазволу на разьмяшчэньне ў горадзе яшчэ дзьвюх газетаў. Падставай дзеля адмовы суда паслужыла тое, што рашэньне аб адмове прымалася асабiста старшынёй райвыканкаму Станiславам Юргелем, а не на пасяджэньнi райвыканкаму, як гэта павiнна быць згодна з заканадаўствам. Смаргонскiя ўлады з лiпеня 2001 году не даюць сп. Улану дазволу на разьмяшчэньне ў Смаргонi двух новых перыядычных выданьняў – «Новай газеты Астраўца» і «Новай газеты Ашмянаў». На iмя сп. Улана зарэгiстраваная «Новая газета Смаргонi», наклад якой сёньня тройчы перавышае наклад афiцыйнай раённай газеты. Меркавалася, што часова новыя выданьнi будуць рабiцца на базе «Новай газеты Смаргонi» з удзелам ашмянскiх ды астравецкiх журналiстаў. Аднак у прыватных гутарках са сп. Уланам мясцовыя чыноўнiкi зазначылi, што і з iснуючай газетай яны маюць шмат клопату. А таму мець яшчэ адзiн галаўны боль з новымi яны ня хочуць. Толькi пасьля неаднаразовых зваротаў выдаўцу была ўручаная афiцыйная папера за подпiсам старшынi Смаргонскага райвыканкаму Станiслава Юргеля, дзе разьмяшчэньне ў гора-дзе новых выданьняў квалiфiкуецца як немэтазгоднае. Сп. Улану рэкамендавана зьвярнуцца ў тыя райвыканкамы, на тэрыторыi якiх мяркуецца распаўсюдж-ваць выданьнi. Аднак кiраўнiцтва Ашмяншчыны ды Астравеччыны таксама адмовiла сп. Улану. Аргументацыя – тая самая: немэтазгодна. Маўляў, мясцовае насельнiцтва атрымлiвае дастаткова iнфармацыi з афiцыйных газетаў. Скарга сп. Улана ў аблвыканкам не дала станоўчага вынiку. Урэшце выдавец зьвярнуўся са скаргай на Смаргонскi райвыканкам у абласны гаспадарчы суд.
13 сьнежня штрафам у памеры 50 мiнiмальных заробкаў быў пакараны галоўны рэдактар “Пагоні” Мiкола Маркевiч. Такое рашэньне вынес судзьдзя па адмiнiстратыўных справах Ленiнскага раённага суда Гародні Дзьмiтры Дземчанка. Галоўнага рэдактара газеты абвiнавацiлi ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пiкеце, якi адбыўся ў знак пратэсту супраць закрыцьця “Пагоні” 19-га лiстапада. Мiкола Маркевiч сваёй вiны не прызнаў. Каментуючы пастанову судзьдзi, ён падкрэсьлiў, што Канстытуцыя краiны гарантуе чалавеку права пратэставаць супраць незаконных дзеяньняў уладаў. Паводле словаў журналiста: “Тое, што ўлада панастварала антыканстытуцыйныя законы i на гэтай падставе судзіць сваiх палiтычных апанентаў – сьведчыць пра амаральнасьць гэтай улады.”
У сьнежні Аршанскі гарвыканкам (Віцебская вобласьць) пастанавіў пазбавіць прадпрымальніцкай ліцэнзіі рэдактара незалежнай газеты “Куцейна” Віктара Андрэева “за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць”. Згодна з гэтым абвінавачаньнем аршанскі гарадзкі суд некалькі месяцаў таму прыняў рашэньне аб канфіскацыі адабранай напярэдадні верасьнёўскіх прэзідэнцкіх выбараў рэдакцыйнай маёмасьці, у тым ліку кампутараў і рызографу. Але пракуратура і Віцебскі абласны суд вымушаныя былі адмяніць гэтае рашэньне і прыняць да ўвагі заяву Віктара Андрэева наконт парушэньняў падчас правя-дзеньня судовага паседжаньня. Такім чынам, віну рэдактара “Куцейны” да гэтага часу суд не прызнаў, і аршанскі выканкам, па словах Віктара Андрэева, відавочна пасьпяшаўся са сваім рашэньнем, якое загартаваны ў судовых спрэчках рэдактар зьбіраецца абскардзіць у абласным гаспадарчым судзе.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|