|
УСТУП: АБАГУЛЬНЕНЬНІ І ВЫСНОВЫ.
частка 1
У 2002 годзе ў агульным становішчы з захаваньнем правоў чалавека ў Беларусі зрухаў да лепшага не адбылося. Палітыка ўладаў па-ранейшаму суправаджалася парушэньнем міжнародных стандартаў ў галіне правоў чалавека і нацыянальнага заканадаўства. Найбольш істотнае пагаршэньне сітуацыі было зафіксаванае ў галіне свабоды слова і свабоды веравызнаньня. Сістэматычна парушаліся правы грамадзянаў на ўдзел у мірных сходах і дэманстрацыях, у саюзах і асацыяцыях, ажыцьцяўляўся крымінальны перасьлед па палітычных матывах, засталася нявырашанай праблема зьнікненьня вядомых людзей. Адсутнасьць у краіне справядлівага, аб’ектыўнага і незалежнага суда стварае перашкоды дзеля абароны парушаных правоў грамадзянаў.
Для беларускай дзяржавы правы чалавека па-ранейшаму не зьяўляюцца непарушным прынцыпам, які мусіць дамінаваць ва ўсіх праявах дзяржаўнай палітыкі. З самых высокіх трыбунаў агучваецца думка, нібыта парушэньні правоў чалавека ў краіне зьяўляюцца ўсяго толькі інфармацыйным ходам асобных палітыкаў, які робіцца дзеля аказаньня ціску на кіраўніцтва дзяржавы. Увага міжнародных арганізацыяў да парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі часьцей за ўсё ўспрымаецца як спроба ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы беларускай дзяржавы. Цікавасьць да пытаньняў захаваньня правоў чалавека, з боку Кансультатыўна-назіральнай групы Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (КНГ АБСЕ), сталася падставай дзеля пазбаўленьня магчымасьці працаваць у Беларусі прадстаўніцтва АБСЕ гэтай уплывовай арганізацыі. Улады не працягнулі візы супрацоўнікам КНГ АБСЕ, што стала парушэньнем ранейшых дыпламатычных дамоўленасьцяў. Па гэтай прычыне ў 2002 годзе дзейнасьць КНГ АБСЕ была прыпыненая.
Улады Беларусі імкуцца прыхаваць унутраныя праблемы з правамі чалавека ў краіне ад міжнародных назіральнікаў. Гэта праявілася ня толькі падчас канфлікту з КНГ АБСЕ. Не былі дапушчаныя ў Беларусь міжнародныя эксьперты, якія пажадалі ўзяць удзел уканферэнцыі «Міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў і беларускае выбарчае заканадаўства», што ладзілася ГА ПЦ «Вясна» ў сьнежні 2002 году. У парушэньне статусу знаходжаньня ў краіне замежных грамадзянаў былі дэпартаваныя з краіны расійскія парламентарыі Барыс Нямцоў і Ірына Хакамада.
З іншага боку, улады абмяжоўваюць права на выезд з Беларусі тых людзей, якія могуць сказаць праўду пра сітуацыю ў Беларусі. Палітвязень Андрэй Клімаў, вызвалены ў 2002 годзе пасьля чатырох гадоў зьняволеньня, ня змог прыняць удзел у міжнародных праваабарончых канферэнцыях – яму забаронены выезд з краіны.
ПЕРАСЬЛЕД ЗА ІНШАДУМСТВА
Напэўна, ніколі за апошнія гады беларускія ўлады не вялі такога шалёнага наступу на незалежныя сродкі масавай інфармацыі: у сферы свабоды сродкаў масавай інфармацыі адбылося тое, што можна назваць «зачысткай інфармацыйнай прасторы». Барацьба са свабодай слова была распачатая яшчэ ў 2001 годзе, падчас кампаніі па выбарах прэзідэнта, як частка інфармацыйнай палітыкі дзеючага прэзідэнта. Аднак была надзея, што хваля рэпрэсіяў супраць журналістаў мае выключна перадвыбарчы характар. Выбары адбыліся, але ўзаемаадносіны прэсы і ўладаў у 2002 годзе не палепшыліся, а нават істотна пагоршыліся. Аўтарытарны рэжым абвясьціў сапраўдную вайну адзінаму кантрольнаму механізму, які хоць неяк абмяжоўваў свавольства ўлады – незалежнай прэсе.
Кіруючая адміністрацыя мэтанакіравана вынішчала ўсе незалежныя, непадкантрольныя крыніцы інфармацыі. Дзяржаўная стратэгія ў галіне прапаганды была накіраваная на стварэньне і захаваньне манаполіі дзяржаўных медыяў, на вынішчэньне ўсіх альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі. Журналісты апынуліся пад нечуваным прэсінгам. Перасьлед іншадумства набыў сістэмны характар і суправаджаўся закрыцьцём газетаў, арыштамі і збіцьцём карэспандэнтаў, крымінальным перасьледам журналістаў і рэдактараў, звальненьнямі супрацоўнікаў СМІ ў сувязі з іх перакананьнямі, цэнзурай, неабгрунтавана вялікімі зыскамі дзяржаўных чыноўнікаў да недзяржаўных выданьняў. Відавочна, што ў дадзеным выпадку мы маем справу з дэтальна распрацаванай дзяржаўнай палітыкай, якая абапіраецца, перш за ўсё, на адсутнасьць у краіне справядлівага і аб’ектыўнага суда. Адной з праяваў гэтай палітыкі стала заканадаўчая забарона апублікаваньня ў СМІ матэрыялаў сацыялагічных апытаньняў без набыцьця адмысловай ліцэнзіі. Натуральна, што ліцэнзію на правядзеньне апытаньняў па важных для грамадзтва праблемах выдаюць толькі тым арганізацыям, што не ставяць пад сумнеў высокі рэйтынг дзяржаўнай улады. Такім чынам, СМІ былі пазбаўленыя магчымасьці публікаваць зьвесткі і вынікі сацыялагічных апытаньняў, якія ставяць пад сумнеў падтрымку народам палітыкі прэзідэнта Лукашэнкі.
Ніколі ў Беларусі за адзін год не зачынялася столькі незалежных газетаў. Яшчэ ў 2001 годзе была зачыненая гарадзенская газета «Пагоня» – адно з самых уплывовых рэгіянальных выданьняў. У 2002 годзе гэтая практыка атрымала працяг: з-за палітычнага ціску было прыпыненае выданьне газетаў «Рабочы» (галоўны рэдактар асуджаны за паклёп на адрас прэзідэнта), «Наша свабода» (у сувязі з судовым рашэньнем па зыску старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю А.Тозіка), «Местное время», «Вольны горад» (Крычаў). З іншага боку, улады сістэматычна адмаўляюць недзяржаўным выданьням у рэгістрацыі. Было адмоўлена ў рэгістрацыі газетам «Маладзёвы весьнік» (Кобрын), «Люстэрка» (Пінск), «Новы век» (Гродна), «Каложа» (Гродна) і інш.
Гучная справа аб закрыцьці газеты «Наша свабода» відавочна сталася вынікам незалежнай і актыўнай пазіцыі выданьня. Рэдакцыя «Нашай свабоды» сьвядома зьмяшчала на сваіх старонках матэрыялы, якія выкрывалі карупцыю ў вышэйшых колах адміністрацыі прэзідэнта Лукашэнкі. Аднак публічнае агучваньне некаторых ценявых бакоў жыцьця беларускага чынавенства, сувязяў дзяржаўных службоўцаў з бізнэсам, у тым ліку і паўкрымінальным, не магло застацца безпакараным. Выкрыцьцё карупцыі ў вышэйшых эшалонах улады – выключная прэрагатыва прэзідэнта. Гэта абумоўлена той сістэмай, якая ўсталявалася ў галіне дзяржаўнай кадравай палітыкі: чыноўнік мае «маральнае права» на карупцыю, пакуль ён патрэбны рэжыму. Наяўнасьць кампрамату служыць гарантыяй асабістай адданасьці чыноўніка існуючаму рэжыму. Калі чыноўнік «выходзіць за рамкі» альбо зьяўляецца сумнеў у ягонай лаяльнасьці – кампрамат перадаецца ў праваахоўныя органы з загадам «узорна пакараць». Гэта пацьвярджаецца той схемай, якая была разыграная ў «гучных» справах дырэктараў дзяржаўных прадпрыемстваў у 2001 і 2002 гадах. У такой сістэме няма месца журналісцкім расьсьледаваньням і гучным скандалам у прэсе пра карупцыю ў дзяржапараце.
Паказальна, што зыск кіраўніка Камітэту дзяржаўнага кантролю А. Тозіка да «Нашай свабоды» быў пададзены тады, калі асабіста А. Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць «разабрацца з асобнымі апазіцыйнымі СМІ». Адразу ж быў пададзены не падмацаваны факталагічна зыск, які надзіва аператыўна быў разгледжаны і задаволены судом: ад моманту падачы зыску да пачатку суда прайшло пяць дзён, а само судовае паседжаньне доўжылася ўсяго дзевяць гадзінаў. Газета «Наша свабода» спыніла сваё існаваньне. Дарэчы, гэта ўжо трэцяя газета выдаўца Паўла Жука, якая ліквідуецца пад ціскам дзяржавы.
Інсьпіраваны дзяржаўнай адміністрацыяй канфлікт сярод заснавальнікаў газеты «Свободные новости» стаўся прычынай спыненьня выданьня гэтай газеты. Як адзначаюць заснавальнікі газеты, у гэтай сітуацыі Міністэрства інфармацыі зрабіла ўсё, каб выданьне было зачыненае. Адзін з сузаснавальнікаў выданьня вырашыў, што зьмена грамадзкай пазіцыі выданьня пазбавіць яго ад тых праблемаў, з якімі сутыкаюцца незалежныя СМІ. Іншыя сузаснавальнікі не падтрымалі гэткай зьмены выдавецкай палітыкі, але Міністэрства інфармацыі РБ заўчасна абвесьціла пра сьмерць «Свободных новостей». Дзяржаўная друкарня «Беларускі дом друку» па патрабаваньні Міністэрства інфармацыі адмовілася друкаваць спадкаемцу «Свободных новостей» – газету «Свободные новости плюс», а дзяржаўная пошта адмовілася дастаўляць гэтае выданьне былым падпісчыкам «Свободных новостей».
Пасьля зьмены кіраўніцтва ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай быў звольнены з працы галоўны рэдактар прафсаюзнай газеты «Беларускі час» Аляксандр Старыкевіч. Рашэньне аб звальненьні было прынятае новым старшынём ФПБ Леанідам Козікам з грубымі парушэньнямі нормаў працоўнага заканадаўства. Гэтае звальненьне зьвязанае з тым, што А.Старыкевіч падрымліваў былога старшыню ФПБ У. Ганчарыка, калі ён балатаваўся на пасаду прэзідэнта краіны. Супрацоўнікі рэдакцыі сьцьвярджаюць, што новае кіраўніцтва газеты імкнецца пазбавіцца ад старых супрацоўнікаў рэдакцыі па палітычных падставах.
У краіне створаныя няроўныя ўмовы дзеля распаўсюджаньня дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Завышаныя тарыфы на распаўсюд незалежных выданьняў і зьвязаныя з гэтым фінансавыя праблемы сталіся падставай закрыцьця газетаў «День», «Беларуская маладзёжная». У рэгіёнах Беларусі арышты распаўсюднікаў незалежнай прэсы, якія прадаюць альбо раздаюць нядзяржаўныя газеты, зрабіліся сталай практыкай.
Адбываўся судовы перасьлед аўтараў публікацыяў у газетах «Белорусская деловая газета» і «Народная воля». Да адміністратыўнай адказнасьці быў прыцягнуты выдавец газеты «Шклоўскія навіны», а абсталяваньне рэдакцыі канфіскаванае. Газета «Куцейна» з Оршы таксама пацярпела ад штрафных санкцыяў і канфіскацыі рэдакцыйнага абсталяваньня.
Дзейсным сродкам ціску на прэсу ў Беларусі зьяўляецца таксама практыка вынясеньня сродкам масавай інфармацыі папярэджаньняў з боку Міністэрства інфармацыі РБ за парушэньні патрабаваньняў заканадаўства. У 2002 годзе такія папярэджаньні атрымалі самая буйная незалежная газета «Народная воля», а таксама газета «Наша ніва». Наяўнасьць двух папярэджаньняў на працягу году можа стацца падставай дзеля судовай ліквідацыі выданьня. Таму нават адно папярэджаньне вымушае рэдакцыю карэктаваць сваю палітыку, каб пазьбегнуць новых папярэджаньняў.
Адначасова парушэньні заканадаўства і паклёпніцкія артыкулы ў дзяржаўных газетах не заўважаюцца праваахоўнымі органамі. У 2002 годзе дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі неаднаразова зьмяшчалі хлусьлівыя і абразлівыя матэрыялы пра пратэстанцкую царкву. Нягледзячы на тое, што абсурднасьць гэтых матэрыялаў была відавочная, Міністэрства інфармацыі ніякім чынам не рэагавала на гэтыя факты. Найбуйнейшае дзяржаўнае выданьне «Советская Белоруссия» абвінаваціла моладзевага актывіста Аляксея Шыдлоўскага ва ўхіленьні ад выплаты аліментаў – крымінальным злачынстве, якога ён не зьдзяйсьняў. Суд у дадзеным выпадку відавочна неаб’ектыўна адмовіў спадару Шыдлоўскаму ў кампенсацыі маральнай шкоды. Паказальна ў гэтым сэнсе матывіроўка судовага рашэньня. «...Шыдлоўскі сапраўды двойчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці... Недакладнасьць, дапушчаная аўтарам артыкулу, а менавіта тое, што Шыдлоўскі ўхіляўся ад выплаты аліментаў, за што быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці, ніякім чынам не зьневажае гонару і годнасьці істца», – палічыў суд. Тут няцяжка заўважыць розныя падыходы судоў у справах па зысках чыноўнікаў да недзяржаўных выданьняў і ў справах па зысках звычайных грамадзянаў да дзяржаўных газетаў.
Ініцыяванае адміністрацыяй стварэньне гэтак званага «холдынгу», які аб’яднаў некалькі літаратурна-мастацкіх і публіцыстычных выданьняў, сталася прычынай масавага сыходу з гэтых часопісаў іх супрацоўнікаў і аўтараў. Гэта быў іх пратэст супраць антызаконнага ўмяшальніцтва дзяржавы ў рэдакцыйную палітыку і ўвядзеньня палітычнай і ідэалагічнай цэнзуры.
Звальненьне з радыё «Юністар» журналісткі Яны Каменскай сталася прыкладам умяшальніцтва дзяржавы ў рэдакцыйную палітыку камерцыйных недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Віна журналісткі была толькі ў тым, што яна аднойчы паведаміла пра тое, як карэспандэнта «Юністар» не пусьцілі на зьезд БПСМ – пралукашэнкаўскай моладзевай арганізацыі.
Адным з найбольш жорсткіх сродкаў ціску на журналістаў, поруч з іх крымінальным перасьледам, зьяўляецца іх фізічнае зьбіцьцё. У 2002 годзе было зафіксавана некалькі такіх выпадкаў. Былі зьбітыя Генадзь Кесьнер (Радыё Рацыя), Юры Гумянюк («Пагоня»), Стас Пачобут («Навінкі»). Улады неадэкватна жорстка рэагавалі на журналісцкія акцыі салідарнасьці са сваімі калегамі, што прыцягваюцца да крымінальнай адказнасьці за абразу прэзідэнта РБ. Удзельнікі гэтых акцыяў неаднаразова прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасьці.
На працягу 2002 году адбываліся адключэньні і паступовае скарачэньне часу эфіру расійскіх тэлеканалаў, якія зьяўляліся для беларусў адной з самых даступных крыніцаў інфармацыі, непадкантрольнай дзяржаўнай цэнзуры. У прыватнасьці, 31 жніўня быў блакаваны канал ОРТ, па якім павінна была пачацца трансляцыя фільма Паўла Шарамета «Дзікае паляваньне-2», прысьвечанага зьнікненьням вядомых людзей у Беларусі. Такім чынам, беларуская цэнзура распаўсюдзіла свой уплыў і на вяшчаньне расійскіх тэлеканалаў на Беларусь.
Неаднаразова адбываліся затрыманьні журналістаў у сувязі з ажыцьцяўленьнем імі сваёй прафесійнай дзейнасьці. Журналістам здымачнай групы расійскай тэлекампаніі НТВ было вынесенае папярэджаньне ў сувязі з «неаб’ектыўным асьвятленьнем падзеяў 19 красавіка». Затрымліваліся журналісты, якія асьвятлялі сьвяткаваньне Дня Волі ў Менску 24 сакавіка і руйнаваньне ўладамі праваслаўнай царквы ў пасёлку Пагранічны Гарадзенскай вобласьці напрыканцы жніўня.
Такім чынам, як лічыць прэзідэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Ліцьвіна, у краіне існуе шмат шляхоў дзеля быццам бы прававой расправы з непажаданай для дзяржавы прэсай. Любая крытыка ўспрымаецца ўладамі вельмі хваравіта і служыць падставай дзеля жорсткага прэсінгу на журналістаў. Адным з самых жорсткіх шляхоў ціску на журналістаў у 2002 годзе было прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці.
КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЬЛЕД ЗА КРЫТЫКУ ЎЛАДАЎ
Артыкулы Крымінальнага кодэксу 367 «Зьнявага прэзідэнта», 368 «Абраза прэзідэнта» і 369 «Зьнявага прадстаўніка ўлады» сталіся сродкамі палітычнага перасьледу як журналістаў, так і іншых грамадзянаў. Відавочна, што гэтыя артыкулы маюць выключна палітычны рэпрэсіўны зьмест, накіраваны на барацьбу са свабодай слова. Гэтыя артыкулы ўступілі ў сілу ў 2001 годзе, разам з уступленьнем у сілу новага крымінальнага кодэксу краіны. Варта адзначыць, што тым самым гонар прэзідэнта і прадстаўнікоў улады трапілі ў шэраг аб’ектаў, якія больш каштоўныя для грамадзтва, чымсьці гонар звычайнага чалавека. За зьнявагу прэзідэнта прадугледжанае пакараньне – да пяці гадоў пазбаўленьня волі. Адметна, што справы па артыкулах 367 і 368 зьяўляюцца справамі публічнага абвінавачаньня, гэта значыць — могуць быць узбуджаныя нават бяз скаргі з боку пацярпелага. Сапраўды, сам прэзідэнт ніколі не прасіў узбудзіць крымінальную справу дзеля абароны яго гонару і годнасьці. Аднак гэтыя справы пастаянна ўзбуджаліся праваахоўнымі органамі.
Неаднаразова адзначалася, што зьмест артыкулаў 367 і 368 быў адмыслова распрацаваны пад прэзідэнцкія выбары 2001 году. І сапраўды, пераважная большасьць справаў па гэтых артыкулах была ўзбуджаная ў сувязі з дзейнасьцю ў межах агітацыйнай кампаніі 2001 году. Але і па яе заканчэньні выкарыстаньне гэтых артыкулаў у якасьці падставы для палітычнага перасьледу не спынілася. Зараз любая крытыка прэзідэнта альбо высокіх дзяржаўных чыноўнікаў у сродках масавай інфармацыі ці іншых публічных выступах, узгадваньне заганных для іх фактаў робіцца небясьпечным для аўтараў. Гэта пагражае ня толькі велічэзным грамадзянскім зыскам (які, безумоўна, будзе задаволены неаб’ектыўным судом), але і турэмным зьняволеньнем як для аўтара крытычных выказваньняў, так і для рэдактара, які дазволіў апублікаваць гэтае выказваньне на старонках сваёй газеты.
Па названых артыкулах у 2001 і 2002 гадах прыцягнута да адказнасьці 19 чалавек: журналісты, палітыкі, апазіцыйная моладзь. Але ў 2001 годзе ніводная з гэтых справаў не дайшла да суда. У 2002 годзе былі асуджаныя да крымінальнага пакараньня: рэдактар газеты «Пагоня» Мікола Маркевіч і журналіст «Пагоні» Павел Мажэйка, рэдактар газеты «Рабочы» Віктар Івашкевіч, актывісты моладзевага руху «Зубр» са Шклова Міхась Кісялёў, Максім Патупчык, Алесь Паўловіч, Дзяніс Сенакосаў, Дзьмітры Шалашкаў. Паказальна, што ні па адной са справаў паводле артыкулаў 367 і 368 ня быў вынесены апраўдальны прысуд. Таксама па гэтых артыкулах былі ўзбуджаныя крымінальныя справы ў адносінах да лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, актывісткі моладзевага руху Наталі Брэль з Рэчыцы, журналісткі Алены Панкратавай, маці паўтарагадовага дзіцяці Аксаны Новікавай з Менску. Лёс асобаў, што прыцягваліся да адказнасьці па гэтых артыкулах, склаўся па-рознаму: некаторыя былі вымушаныя эміграваць за мяжу, трое атрымалі ад суда пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі, пяцёра хлопцаў са Шклова былі пакараныя штрафамі і выключаныя з навучальных установаў. Але нельга не адзначыць і тое, што шмат у якіх выпадках узбуджэньне крымінальнай справы па артыкулах 367 і 368 было толькі сродкам дзеля шантажу і спробай спыненьня непажаданай для ўлады грамадзкай альбо журналісцкай актыўнасьці. Калі чалавека выклікаюць у пракуратуру ці КДБ па такой справе, ён ніколі ня можа быць упэўнены – ці будзе ён толькі сьведкам, альбо ёсьць мэта кінуць яго за краты.
Крымінальны працэс над рэдактарам газеты «Пагоня» Міколам Маркевічам і журналістам гэтага выданьня Паўлам Мажэйкам стаў знакавай падзеяй 2002 году, справай, якая вызначыла «атмасферу» ўзаемаадносінаў дзяржавы з незалежнай прэсай. Журналісты, абвінавачаныя ў паклёпе і зьнявазе прэзідэнта, былі прызнаныя вязьнямі сумленьня. Паказальна, што ўвесну працэс над гарадзенскімі журналістамі некалькі разоў адкладаўся: суд не адважваўся распачынаць паседжаньне, калі да будынка суда сьцякаліся сотні людзей – праваабаронцаў з усёй Беларусі, айчынных і замежных журналістаў, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу. Пастаяннымі адкладаньнямі працэсу па надуманых падставах суд спрабаваў зьменшыць грамадзкую значнасьць справы. Гэта было выклікана тым, што гарадзенскі суд быў пастаўлены перад дылемай: альбо ва ўсіх на вачах выносіць неправамерны вырак на падставе сумнеўных доказаў, альбо не выканаць дзяржаўны заказ і апраўдаць невінаватых журналістаў. Як трапна адзначыў Мікола Маркевіч, гэты суд быў падобны на тэатр абсурду, дзе рабіліся ўсе магчымыя захады, каб схаваць праўду.
Доказы, на якіх будавалася абвінавачаньне, былі сабраныя з парушэньнямі патрабаваньняў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. Напрыклад, адзін з асноўных элементаў абвінавачаньня — раздрукоўка Інтэрнэт-старонкі, на якой нібыта быў зьмешчаны зьневажальны для прэзідэнта Лукашэнкі матэрыял, была зробленая без аніякага працэсуальнага афармленьня, без пратаколу агляду, без удзелу панятых. Нягледзячы на гэткія абставіны, суд паклаў сумнеўныя доказы ў падмурак абвінаваўчага прысуду і пакараў журналістаў абмежаваньнем волі, гэта значыць – прымусовымі працамі пад кантролем дзяржаўных органаў. Месца адбыцьця пакараньня не было вызначанае ў судовым прысудзе, але звычайна гэты від пакараньня выконваецца па месцы жыхарства асуджанага. У выпадку гарадзенскіх журналістаў улады вырашылі зрабіць пакараньне яшчэ больш жорсткім – Мікола Маркевіч і Павел Мажэйка былі адпраўленыя адбываць пакараньне ў іншы рэгіён краіны. Высылка Міколы Маркевіча адбылася з парушэньнямі правілаў адбыцьця гэтага віду пакараньня: згодна з палажэньнем, асобы, што маюць непаўнагадовых дзяцей, мусяць адбываць абмежаваньне волі ў населеным пункце сталага жыхарства.
Спробы абскардзіць судовы вырак у вышэйшай інстанцыі ня мелі плёну, нягледзячы на відавочныя парушэньні нормаў крымінальнага працэсу судом першай інстанцыі. Напрыклад, касацыйная інстанцыя не палічыла падставай дзеля адмены прысуду тое, што паказаньні абвінавачаных запісваліся сакратаром са значнымі скажэньнямі і не на той мове, на якой яны гучалі. Тым ня менш, касацыйная інстанцыя – Гарадзенскі абласны суд – пад ціскам грамакдзкасьці і відавочна з-за вялікай увагі да гэтага працэсу быў вымушаны выкарыстаць у адносінах да асуджаных журналістаў закон аб амністыі і зьменшыць тэрміны абмежаваньня волі. Згодна з канчатковым рашэньнем, Мікола Маркевіч быў асуджаны да паўтара гадоў абмежаваньня волі, Павел Мажэйка – да аднаго году абмежаваньня волі.
Падчас працэсу адзначалася, што ў адносінах да абвінавачаных гарадзенскіх журналістаў улады негалосна выкарысталі забарону на прафесію. Гарадзенскі гарвыканкам восем(!) разоў адмаўляў Міколу Маркевічу ў рэгістрацыі новага выданьня.
Наступным журналістам, прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці паводле артыкулаў 367 і 368 КК РБ стаў галоўны рэдактар газеты “Рабочы” Віктар Івашкевіч. Тое, што гэты працэс адбываўся ў Менску ўжо пасьля вынясеньня прысуду Маркевічу і Мажэйку абумовіла вялікую ўвагу да яго. Аднак улады ўлічылі досьвед гарадзенскай справы і вырашылі насуперак усяму зрабіць гэты працэс зачыненым для публікі. У працэсе над Віктарам Івашкевічам была таксама заўважная пагарда ўладаў да прынцыпу прэзумпцыі невінаватасьці. Спадар Івашкевіч спачатку быў выкліканы да сьледчага ў якасьці сьведкі і ня мог адмовіцца ад дачы паказаньняў. Потым суд асудзіў журналіста ў тым ліку і на падставе ягоных уласных паказаньняў.
Працэс над Віктарам Івашкевічам адметны і тым, што журналіст быў абвінавачаны ў замаху на паклёп. Гэта азначае, што «паклёпніцкія» зьвесткі, зьмешчаныя ў газеце «Рабочы» не трапілі да чытача – наклад газеты быў арыштаваны. Такім чынам, Івашкевіч быў абвінавачаны на падставе сваіх думак пра прэзідэнта, якія суд прызнаў паклёпніцкімі і зьневажальнымі для апошняга. Гэта першы выпадак у Беларусі, калі замах на паклёп быў прызнаны злачынствам – да таго лічылася, што паклёп і зьнявага адносяцца да матэрыяльных злачынстваў, то бок адказнасьць за распаўсюд ілжывых зьвестак наступае толькі тады, калі гонару і годнасьці нейкай асобы сапраўды была нанесеная шкода. У гэтым працэсе беларуская юстыцыя прадэманстравала свае горшыя якасьці, наблізіўшыся па ўзроўню казуістыкі да юрыдычнай навукі Трэцяга Рэйху, якая таксама прызнавала злачынным дзеяньнем нялюбоў да А.Гітлера.
Таксама прэцэдэнтны характар справы Івашкевіча праяўляецца ў тым, што «зьневажальныя для прэзідэнта» зьвесткі пра карупцыю ў ягоным атачэньні і пра незаконны гандаль зброяй трапілі да журналіста з агульнадаступных рэсурсаў — сеткі Інтэрнэту. Такім чынам, у Беларусі спроба перадрукоўкі кампраметуючых уладу зьвестак з сусьветнага павуціньня аб’яўленая злачынствам.
Івашкевіч быў пакараны да абмежаваньня волі тэрмінам на два гады. Як і ў справе гарадзенскіх журналістаў, гэтае пакараньне было сумешчанае з высылкай апальнага рэдактара ў правінцыю.
Такі сумны досьвед выкарыстаньня артыкулаў 367 і 368 Крымінальнага кодэксу РБ выклікаў абурэньне грамадзкасьці. Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з ініцыятывай аб адкліканьні з Крымінальнага кодэксу гэтых артыкулаў. Гэтая ініцыятыва была падтрыманая тысячамі беларускіх грамадзянаў. Нават у «кішэнным» беларускім парламенце знайшліся дэпутаты, што выступалі за адмену «палітычных» артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Аднак паслухмяны беларускі парламент не адважыўся падтрымаць гэтую ініцыятыву і пазбавіць дзяржаву магутнага сродку крымінальнага перасьледу за іншадумства. Відавочна, што згаданыя артыкулы Крымінальнага кодэксу і надалей будуць сродкам запалохваньня і барацьбы з крытыкай улады. А гэта азначае, што ў грамадзтве, дзе актыўна выкарыстоўваюцца падобныя артыкулы, немагчымае існаваньне плюралізму думак.
частка 2
ПАРУШЭНЬНЕ ПРАВА НА СВАБОДУ ВЕРАВЫЗНАНЬНЯ
2002 год быў адметны істотным пагаршэньнем становішча з правамі чалавека ў галіне свабоды веравызнаньня. У першую чаргу гэта зьвязана з распрацоўкай і прыняцьцем новай рэдакцыі Закону Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях». Менавіта ў сферы свабоды веравызнаньня адбылося найвялікшае пагаршэньне нормаў заканадаўства. Сам законапраект быў распрацаваны негалосна і недэмакратычна, без уліку думак зацікаўленых суб’ектаў. Ён выклікаў незадаволенасьць пераважнай большасьці рэлігійных аб’яднаньняў, зарэгістраваных у Беларусі. Нягледзячы на тое, што ў Камітэт па справах рэлігіяў было накіравана некалькі соцень заўвагаў адносна тэксту законапраекту, яны не былі ўлічаныя.
Занепакоенасьць законапраектам выказвалі таксама і прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў. Эксьпертыза законапраекту, праведзеная вядучымі сьпецыялістамі-рэлігіязнаўцамі, выявіла, што ён супярэчыць Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвенцыі аб правах чалавека Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў, іншым міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь. Ён скасоўвае замацаваны ў Канстытуцыі сьвецкі характар дзяржавы і абмяжоўвае правы грамадзянаў самім вызначаць сваё стаўленьне да рэлігіі, замацоўвае прынцып умяшальніцтва дзяржавы ў справы веравызнаньня.
Натхняльнікам закону, ініцыятарам ягонага прыняцьця шмат хто лічыць Беларускі экзархат Рускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата. Кіраўніцтва гэтай царквы неаднаразова заяўляла пра ўсебаковую падтрымку сучаснага курсу беларускага кіраўніцтва, а падчас выбарчай кампаніі фактычна ажыцьцяўляла агітацыю на карысьць рэжыму. Менавіта гэтая царква, згодна з прэамбулай да закону, робіцца дзяржаўнай канфэсіяй у гістарычна шмаканфэсіянальнай Беларусі. У якасьці прыймальныя таксама абвяшчаюцца каталіцкая царква, іслам, юдаізм і асобныя плыні пратэстанцкай канфесіі. Іншыя формы веравызнаньня робяцца непажаданымі, на іх супрацоўнікамі Камітэту па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў штучна навешваецца ярлык «дэструктыўныя неакульты» і «таталітарныя секты». Такім чынам, новы закон дзеліць веравызнаньні на гатункі.
Найбольш абуральнай нормай новага закону зьяўляецца палажэньне пра неабходнасьць папярэдняй эксьпертызы рэлігійнай літаратуры. Сьпецыяльны эксьпертны камітэт будзе аналізаваць кожную рэлігійную кнігу і вырашаць, ці дазваляецца яе распаўсюджаньне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Адмова ў дазволе на распаўсюджаньне рэлігійнай літаратуры ня можа быць абскарджаная ў судзе. Гэты орган цалкам выведзены з-пад грамадзкага кантролю, што стварае ўмовы дзеля поўнавартаснай папярэдняй цэнзуры. У кампетэнцыю эксьпертнага органу ўваходзіць таксама цэнзура і той літаратуры, якая мае ўнутрыцаркоўны характар. Такім чынам, ня толькі ліквідуюцца ўмовы дзеля правядзеньня евангелізацыі альбо месіянерскай дзейнасьці, але і ствараюцца перашкоды дзеля ўнутрыканфесійнага распаўсюджаньня культавай літаратуры.
Забараняецца супольнае ажыцьцяўленьне грамадзянамі рэлігійных дзеяньняў без стварэньня юрыдычнай асобы ў форме рэлігійнай суполкі альбо рэлігійнага аб’яднаньня. Гэта адразу робіць правапарушальнікамі ўсіх тых людзей, якія супольна вызнаюць сваю веру без дзяржаўнай рэгістрацыі, паколькі ў Беларусі ўстаноўленая адміністратыўная адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваных рэлігійных арганізацыяў. Гэта істотна абмяжоўвае замацаваную ў Канстытуцыі Беларусі свабоду веравызнаньня. Да таго ж працэдура дзяржаўнай рэгістрацыі прапісаная ў законе такім чынам, што дазваляе дзяржаўным органам адмовіць у рэгістрацыі практычна любому рэлігійнаму аб’яднаньню альбо суполцы. Так, падставай дзеля адмовы ў рэгістрацыі можа быць прызнанае прадастаўленьне недакладных зьвестак пра рэлігію. У той жа час пад рэлігіяй разумеецца сьветаўспрыманьне, якое грунтуецца на веры ў звышнатуральнае.
Дзяржаўным органам даецца права выносіць рэлігійным арганізацыям папярэджаньні за парушэньне заканадаўства (ня толькі дадзенага Закону, але і любых іншых падзаконых актаў, напрыклад, правілаў вядзеньня бухгалтарскага ўліку). Наяўнасьць гэткіх папярэджаньняў можа стаць падставай дзеля судовай ліквідацыі арганізацыі. Таксама суд можа ліквідаваць арганізацыю ў выпадку, калі яе дзейнасьць наносіць шкоду грамадзянам. Пры гэтым неабавязкова, каб такая шкода наносілася супрацьзаконна ці бяз згоды з боку чалавека. Магчымая сітуацыя, калі дабраахвотнае выкананьне вернікам паста і адмаўленьне ад некаторых відаў ежы будзе расцэненае як негатыўны ўплыў на здароўе і стане падставай дзеля ліквідацыі арганізацыі. Да таго ж, акрамя судовай ліквідацыі, у законе замацаваная працэдура пазасудовага прыпыненьня дзейнасьці рэлігійнай арганізацыі.
Закон падзяляе рэлігійныя арганізацыі на суполкі і аб’яднаньні. Пры гэтым аб’яднаньне можа быць зарэгістраванае толькі ў выпадку наяўнасьці 10 суполак (кожная колькасьцю ня менш за 20 вернікаў), зарэгістраваных у 1982 годзе. Гэтая норма навязвае канфесіям адзіна магчымы варыянт структуры рэлігійнай арганізацыі, іншыя варыянты зьяўляюцца недапушчальнымі. Такім чынам, калі чалавек ня можа знайсьці ў горадзе 20 чалавек сваіх адзінаверцаў і зарэгістраваць рэлігійную суполку, ён пазбаўлены магчымасьці паўнавартасна вызнаваць сваю рэлігію, займацца культавай дзейнасьцю, выконваць абрады. Гэта зьяўляецца відавочным парушэньнем артыкулу 18 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Да таго ж, правам займацца выдавецкай, адукацыйнай, дабрачыннай дзейнасьцю, згодна з новым законам, могуць толькі рэлігійныя аб’яднаньні, а не суполкі. Таксама суполкі ня маюць права запрасіць у Беларусь сьвятара з-за мяжы. Закон забараняе правядзеньне рэлігійных абрадаў па месцы жыхарства грамадзянаў нават зарэгістраваным рэлігійным арганізацыям. Пры гэтым закон дае такое вызначэньне рэлігійнага абраду, што пад яго патрапляе і вывучэньне Бібліі, і сямейныя малітвы, і чытаньне рэлігійных прамоваў. Відавочна, што ў дадзеным выпадку ствараюцца ўмовы дзеля незаконнага ўмяшальніцтва дзяржавы ў сферу прыватнага жыцьця. Таксама ў законе ўтрымліваецца шмат нормаў, якія ўсталёўваюць усебаковае ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў у справы рэлігійных арганізацыяў і ў асабістыя рэлігійныя перакананьні грамадзянаў.
Прыняцьце адыёзнага законапраекту суправаджалася пратэстамі як з боку існуючых у краіне канфесіяў, так і з боку праваабарончых арганізацыяў Беларусі і ўсяго сьвету. Некалькі акцыяў пратэсту, што адбываліся на вуліцах Менску напярэдадні разгляду законапраекту парламентам, былі надзвычай жорстка спыненыя праваахоўнымі органамі, а іх удзельнікі былі пакараныя рознымі тэрмінамі зьняволеньня і велізарнымі штрафамі.
Свой пратэст супраць дыскрымінацыйнага закону выказалі шэраг міжнародных праваабарончых арганізацыяў, цэрквы, Сусьветны кангрэс міжнароднай асацыяцыі рэлігійнай свабоды, Еўрапейскі Саюз, Злучаныя Штаты Амерыкі і іншыя суб’екты.
На Палату прадстаўнікоў падчас прыняцьця закону аказваўся ціск як з боку прыхільнікаў новага закону (Адміністрацыя прэзідэнта, БЭРПЦ, структуры выканаўчай улады, распрацоўшчыкі першапачатковага варыянту законапраекту). Парламент зпачатку адмовіўся прымаць гэты закон у другім чытаньні. Аднак потым, у парушэньне парламенцкай працэдуры, гэтае пытаньне было перагледжанае і закон быў прыняты.
Пасьля ўступленьня Закону ў сілу адразу пачалося выкарыстаньне замацаваных у ім рэпрэсіўных нормаў. Насуперак папярэднім заявам, што абмежаваньні, якія ўтрымліваюцца ў гэтым законе, будуць датычыцца «дэструктыўных неакультаў» кшталту АУМ-сінрыкё, у першую чаргу рэпрэсіі абрынуліся на пратэстанцкія суполкі, Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву, прадстаўнікоў усходніх рэлігіяў – вайшнаваў і прыхільнікаў Шывы «Сьвятло Кайсалы».
Негатыўныя наступствы новага закону будуць надалей павялічвацца, паколькі ён прадугледжвае абавязковую перарэгістрацыю рэлігійных арганізацыяў цягам бліжэйшых двух гадоў.
Сярод парушэньняў свабоды веравызнаньня ў 2002 годзе вылучаецца сітуацыя з будаўніцтвам у пасёлку Пагранічны Гарадзенскай вобласьці праваслаўнай царквы. Гэты будынак мусіў належаць да Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы, і на ягоную пабудову быў дадзены дазвол мясцовых уладаў. Але пасьля пабудовы асноўнай часткі будучай царквы гэты дазвол быў адазваны і вынесеная пастанова пра разбурэньне будынку. На працягу некалькіх дзён адбывалася супрацьстаяньне паміж прадстаўнікамі ўлады, якія мусілі руйнаваць царкву, і жыхарамі пасёлку, якія яе баранілі. Паказальна, што рабочыя адмовіліся разбураць Божы храм і чыноўнікі былі вымушаныя выклікаць вайсковыя падразьдзяленьні. Падчас разбурэньня царквы, якое адбывалася ўначы, мясцовасьць была ізаляваная сьпецпадразьдзяленьнямі міліцыі. Пасьля разбурэньня царквы на яе сьвятара абрынуліся рэпрэсіі, і ён быў вымушаны быў хавацца па хатах сваіх прыхаджанаў.
ЗЬНІКНЕНЬНІ ВЯДОМЫХ ПАЛІТЫКАЎ І ГРАМАДЗКІХ ДЗЕЯЧОЎ
Па-ранейшаму засталася нявырашанай і праблема зьнікненьня вядомых людзей у Беларусі. Напэўна, гэта адно з самых сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў нашай краіне, бо зьнікненьне грамадзкіх дзеячоў адначасова парушае цэлы комплекс правоў чалавека: тут парушаецца права на жыцьцё, права на асабістую свабоду і недатыкальнасьць, правы членаў сям’і зьніклых. Дагэтуль невядомы лёс зьніклых палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, журналіста Дзьмітрыя Завадзкага, бізнэсоўцы Анатоля Красоўскага. Падчас судовага працэсу па справе Дз. Завадзкага так і не было выяўленае месца знаходжаньня выкрадзенага журналіста альбо ягонага цела. Як адзначаюць назіральнікі, гэты працэс так і не назваў сапраўдных злачынцаў. Суд не прыняў да ўвагі тыя зьвесткі, што ўказваюць на датычнасьць да выкраданьня вядомых людзей вышэйшых службовых асобаў дзяржавы. У прыватнасьці, не былі прынятыя да ўвагі сьведчаньні пра існаваньне ў краіне сьпецпадразьдзяленьняў, гэтакзваных «эскадронаў сьмерці», якія займаюцца фізічным вынішчэньнем палітычных апанентаў рэжыму.
Працягваўся перасьлед тых, хто прыцягвае грамадзкую ўвагу да праблемы зьнікненьня вядомых людзей. Асуджаны на паўтары гады турмы з адтэрміноўкай адвакат сям’і Дз.Завадзкага Ігар Аксёнчык, які заяўляў пра датычнасьць Генеральнага пракурора РБ Віктара Шэймана да палітычных зьнікненьняў. Вымушаныя эміграваць важныя сьведкі па гэтай справе генерал-маёр М. Лапацік і палкоўнік А. Алкаеў, эмігравалі сьледчыя пракуратуры, якія займаліся расьсьледаваньнем гэтай справы і некаторыя родныя зьніклых. Улады адмаўляюцца даваць жонкам зьніклых канкрэтную інфармацыю пра вынікі сьледзтваў па гэтых справах. Падчас акцыяў “Ланцуг неабыякавых людзей” у розных гарадах краіны неаднаразова адбываліся затрыманьні іх удзельнікаў, якія потым караліся адміністратыўнымі штрафамі і арыштамі да 15 сутак. У 2002 годзе грамадзкія аб’яднаньні і праваабаронцы супольна са сваякамі зьніклых асобаў уздымалі праблему палітычных зьнікненьняў на міжнародным узроўні.
У 2002 годзе зьнік лідэр віцебскай арганізацыі «Контур», адзін з кіраўнікоў мясцовай філіі Партыі БНФ Юрась Корбан. На думку ягонай маці, гэтае зьнікненьне палягае ў адным рэчышчы з іншымі палітычнымі зьнікненьнямі ў Беларусі. Маці спадара Корбана не сумняваецца, што зьнікненьне яе сына наўпрост зьвязанае з ягонай грамадзкай актыўнасьцю. Як і ў іншых выпадках, органы сьледзтва бязьдзейнічаюць.
На жаль, дзяржава не выконвае сваіх абавязкаў па пошуках зьніклых. Праваабарончыя і іншыя грамадзкія арганізацыі прыцягваюць увагу да гэтай праблемы, спрабуюць правесьці альтэрнатыўнае расьсьледаваньне, але гэта малаэфектыўна ў варунках, калі дзяржаўныя органы зацікаўленыя ў прыхаваньні сапраўдных абставінаў зьнікненьняў. У 2002 годзе праблема зьніклых была паднятая на парламенцкі ўзровень: быў зроблены дэпутацкі запыт да Генеральнага пракурора РБ Віктара Шэймана, але ягоны адказ не ўнёс нічога новага ў гэтую справу.
ПАЛІТЫЧНЫЯ РЭПРЭСІІ
Крымінальны перасьлед палітычных дзеячоў і іх родных таксама заставаўся сур’ёзнай праблемай для беларускага грамадзтва. Так, сям’я былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, аднаго з удзельнікаў мінулагодняй кампаніі па выбарах прэзідэнта, па-ранейшаму заставалася пад прэсам з боку ўладаў. Асуджаны сын Міхаіла Чыгіра, які быў абвінавачаны ў крадзяжы аўтамабіляў. Па некаторых прыкметах, гэтая справа была інсьпіраваная ўладамі з мэтай помсты дзеячу апазіцыі за ягоную палітычную актыўнасьць. Сам Міхаіл Чыгір асуджаны на тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады і канфіскацыяй маёмасьці.
Засталіся непакаранымі і тыя супрацоўнікі КДБ, якія давялі да самагубства ўдзельніка моладзевага руху «Зубр» Андрэя Зайцава з Гомелю. Вядомае прозьвішча супрацоўніка КДБ, які аказваў ціск на маладога чалавека. Існуюць стужкі аўдыёзапісу размоваў, падчас якіях супрацоўнікі сьпецслужбаў шантажавалі Андрэя Зайцава, патрабуючы ад яго згоды на супрацоўніцтва. Нягледзячы на гэта, крымінальная справа была спыненая.
Можна палічыць пазітыўным момантам вызваленьне ў 2002 годзе з турмы палітычнага вязьня, дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэя Клімава, які адсядзеў у турме 4 гады. Яго называлі асабістым ворагам Лукашэнкі. Але гэтае вызваленьне не зьяўляецца сьведчаньнем добрай волі дзяржаўных уладаў – яно адбылося ў сувязі з чарговай амністыяй. Клімава вызвалілі, але і зараз у Беларусі за кратамі знаходзяцца зьняволеныя па палітычных матывах. Да іх ліку адносяцца асуджаныя за зьнявагу прэзідэнта журналісты Мікола Маркевіч, Павел Мажэйка, Віктар Івашкевіч, а таксама гомельскі ўрач-навукоўца Ю. Бандажэўскі, які даказваў заганнасьць дзяржаўнай палітыкі ў дачыненьні да радыяцыйна забруджаных тэрыторыяў Чарнобыльскай зоны.
Да праяваў палітычнага перасьледу некаторыя наглядальнікі адносяць і арышты шэрагу кіраўнікоў буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, што атрымалі шырокі розгалас у грамадзтве. Напрыканцы 2001 году былі затрыманыя кіраўнік буйнога заводу «Атлант», былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Леанід Калугін і кіраўнік Беларускай чыгункі Віктар Рахманько, у 2002 годзе – дырэктар Менскага трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў, дырэктар Менскага заводу ігрыстых вінаў Міхаіл Гарадзей і шэраг іншых кіраўнікоў буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. Супраць іх былі вылучаныя абвінавачаньні ў эканамічных злачынствах. Пераважная большасьць аналітыкаў схіляецца да думкі, што гэтая кампанія мае мала агульнага з антыкарупцыйнай дзейнасьцю. Яна хутчэй накіраваная на нагнятаньне ў грамадзтве атмасферы страху. З-за туманнасьці і нявызначанасьці заканадаўства ніхто з дзяржаўных службоўцаў ня можа адчуваць сябе ў бясьпецы. Некаторыя зьвязваюць арышты дырэктароў з іх дзейнасьцю падчас прэзідэнцкай кампаніі 2001 году, калі яны не падтрымлівалі кандыдатуру Лукашэнкі. А аўтарытарны рэжым грунтуецца на асабістай адданасьці дзяржаўных службоўцаў прэзідэнту. А. Лукашэнка ня можа дараваць сваім паплечнікам ваганьняў пад час прэзідэнцкай кампаніі, паколькі для яго гэта значыць істотна пахіснуць сваё галоўнае апірышча – страх перад рэпрэсіямі. Такім чынам, гэтая «антыкарупцыйная кампанія» можа быць асабістай помстай рэжыму ў дачыненьні да некаторых прадстаўнікоў эліты, якіх трэба ўзорна пакараць
Цяжка сказаць, ці сапраўды зьдзейсьнілі арыштаваныя дырэктары інкрымінаваныя ім злачынствы. Але ёсьць вялікі сумнеў у тым, што суд над імі будзе шчырым і аб’ектыўным. Можна канстатаваць, што ступень іх віны была вызначаная ўжо ў момант арышту, а надалей засталося толькі выканаць некаторыя фармальнасьці і вынесьці судовае рашэньне. Па іроніі лёсу, гучныя справы, якія знаходзяцца «на асабістым кантролі прэзідэнта» (шматзначная фармулёўка трапна адпавядае суадносінам судовай і выканаўчай улады ў Беларусі) заўжды заканчваюцца тым прысудам, які ў дадзены момант выгодны кіруючай адміністрацыі. У межах беларускай судовай сістэмы немагчымая сітуацыя, калі блізкі да ўлады кіраўнік буйнога дзяржаўнага прадпрыемства, арыштаваны і названы на дзяржаўным тэлебачаньні карупцыянерам, быў бы апраўданы судом. Гэта значыла б паставіць рэжым у залежнасьць ад судовай улады і тым самым абмежаваць свавольства аўтарытарнага лідэра.
Як і ў мінулых гадах, было шмат беспадстаўных затрыманьняў і арыштаў, выпадкаў палітычнага перасьледу, парушаліся правы грамадзянаў на мірныя сходы і дэманстрацыі. Незаконныя і велізарныя штрафы па-ранейшаму заставаліся спадарожнікамі буйных масавых акцыяў пратэсту. У гэтым асьпекце беларуская ўлада дэманструе ўстойлівую пазіцыю нецярпімасьці да масавых выступленьняў грамадзянаў – акцыі пратэсту амаль заўсёды заканчваюцца арыштамі ўдзельнікаў. У вялікай ступені гэта абумоўлена выключна жорсткімі заканадаўчымі нормамі, якія дзейнічаюць у гэтай сферы.
Традыцыйна масавымі затрыманьмі скончылася штогадовае сьвяткаваньне Дня Волі 25 сакавіка. Неабгрунтавана жорстка дзейнічалі міліцыянты пры разгоне акцыі «Так жыць нельга!» 19 красавіка. Падчас кожнай з гэтых акцыяў колькасьць арыштаваных вымяралася дзясяткамі чалавек, сярод якіх было шмат непаўнагадовых. Арыштаваным падчас акцыі «Так жыць нельга!» суды адмаўлялі ў праве на адвакацкую абарону.
Факты незаконнага жорсткага альбо негуманнага абыходжаньня з удзельнікамі масавых акцыяў апазіцыі, з палітычнымі і грамадзкімі дзеячамі, зьбіцьцё палітычных апанентаў засталіся будзёнасьцю жыцьця. Ахвярамі міліцэйскіх катаваньняў падчас масавых акцыяў пратэсту сталі дзясяткі чалавек. Міліцыянты раней не прыцягваліся да адказнасьці за гэткія дзеяньні, але прэцэдэнты ўжо ёсьць, няхай і не па палітычных справах. Хваляваньні сталічнай міліцыі 28 сакавіка былі выкліканыя тым, што іх калегаў асудзілі за перавышэньне ўлады. Адначасова трэба адзначыць, што ў краіне адсутнічае сапраўды незалежная адвакатура. Нешматлікія адвакаты, якія бяруцца за справы з палітычным адценьнем, у сваю чаргу, рызыкуюць апынуцца пад перасьледам. Ужо згадвалася справа Ігара Аксёнчыка, які быў асуджаны да пазбаўленьня волі і выключаны з калегіі адвакатаў у сувязі з ажыцьцяўленьнем сваёй адвакацкай дзейнасьці. Адвакаты Вера Страмкоўская і Дзьмітры Іванішка, якія прымалі ўдзел у працэсах над дзеячамі апазіцыі, апынуліся пад ціскам дзяржавы і кантралюемых адвакацкіх калегіяў. Неаднаразова праводзіліся беспадстаўныя праверкі справаў адваката Іванішкі, які выступаў абаронцам у шэрагу працэсаў, што мелі вялікі грамадзкі розгалас і былі зьвязаныя з парушэньнямі правоў чалавека.
Менавіта палітычныя рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека выклікаюць павелічэньне колькасьці палітычных уцекачоў з Беларусі.
НЕСПРЫЯЛЬНЫ КЛІМАТ ДЛЯ СТРУКТУРАЎ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ
Засталося кепскім становішча няўрадавых арганізацыяў – у гэтай сферы дзейнічаюць дыскрымінацыйныя нормы заканадаўства, якія ўскладняюць стварэньне некамерцыйных арганізацыяў і абмяжоўваюць іх дзейнасьць. У 2002 годзе працягваўся ціск на Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Цэнтр падтрымкі грамадзянскіх ініцыятываў «Вежа» з Берасьця быў ліквідаваны на падставе таго, што арганізацыя атрымала два папярэджаньні з боку Упраўленьня юстыцыі аблвыканкаму. Аднак зьмест гэтых папярэджаньняў сумнеўны. Напрыклад, «Вежы» ставілі ў віну тое, што яна пісала свой паштовы адрас на беларускай мове. Таксама падставай дзеля ліквідацыі арганізацыі было тое, што ў яе бюлетэні ўзгадвалася назва незарэгістраванай арганізацыі. Арганізацыя «Грамадзянскія ініцыятывы» з Гомелю таксама адчувала на сабе перасьлед з боку мясцовых уладаў. Суд прызнаў абгрунтаванай канфіскацыю аргтэхнікі і абсталяваньня арганізацыі, якая адбылася падчас прэзідэнцкай кампаніі 2001 году.
Напрыканцы 2002 году распачалося судовае слуханьне па справе аб ліквідацыі гомельскага грамадзкага аб’яднаньня «Гарт».
Умяшальніцтва беларускай адміністрацыі ў дзейнасьць Беларускай федэрацыі футболу выклікала пратэст з боку ФІФА і УЕФА. Як адзначаюць прадстаўнікі гэтых міжнародных футбольных канфедэрацыяў, тое, што адбылося на зьезьдзе БФФ, можа стаць падставай дзеля выключэньня Беларусі з міжнароднай футбольнай супольнасьці, адлучэньня Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў.
Шэрагу грамадзкіх аб’яднаньняў было адмоўлена ў рэгістрацыі, прычым падставы адмоваў часьцей за ўсё не грунтаваліся на нормах закону. Напрыклад, некалькім рэгіянальным аддзяленьням ГА ПЦ «Вясна» было адмоўлена ў рэгістрацыі па надуманых падставах. Да таго ж, у Беларусі дзейнічае дазваляльны прынцып рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў. Гэта значыць, што дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў забароненая, за такую актыўнасьць устаноўленая адміністратыўная адказнасьць у выглядзе штрафу альбо арышту на тэрмін да 15 сутак.
Рэгістрацыя любога грамадзкага аб’яднаньня магчымая толькі пасьля эксьпертызы з боку адмысловай дзяржаўнай Камісіі па рэгістрацыі (перарэгістрацыі) грамадзкіх аб’яднаньняў. У 2002 годзе гэтая камісія доўгі час не зьбіралася на свае паседжаньні – на працягу шасьці месяцаў рэгістрацыя новых аб’яднаньняў была заблакаваная. Эксьпертыза, якую праводзіць гэты дзяржаўны орган, па сутнасьці выконвае функцыю палітычнай цэнзуры: камісія ацэньвае не юрыдычны бок пададзеных арганізацыяй рэгістрацыйных дакументаў, а палітычную мэтазгоднасьць рэгістрацыі дадзенай арганізацыі. Працэдура паседжаньняў камісіі не замацаваная ні ў адным нарматыўна-прававым акце. Гэтыя паседжаньні адбываюцца закрыта і патаемна – падчас разгляду пытаньня пра рэгістрацыю асобнай арганізацыі ня маюць права прысутнічаць яе прадстаўнікі. Абскардзіць адмоўнае заключэньне камісіі ў судовых органах немагчыма. Таксама варта адзначыць, што ў 2002 годзе павялічыліся стаўкі дзяржаўнай пошліны за рэгістрацыю няўрадавых арганізацыяў.
Акрамя юрыдычных перашкодаў у дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, паўстаюць і іншыя цяжкасьці. У 2002 годзе офісы грамадзкіх аб’яднаньняў, у тым ліку і ПЦ «Вясна», неаднаразова былі аб’ектамі рабаўніцтва, а таксама няўрадавыя арганізацыі неабароненыя ад правядзеньня незаконных вобыскаў. Вельмі часта актывісты праваабарончых і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў робяцца ахвярамі перасьледу. У 2002 годзе былі затрыманыя і прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці ў сувязі з праваабарончай дзейнасьцю шэраг актывістаў ГА ПЦ «Вясна» – Алег Жлутка, Сяргей Мальчык. «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў», ліквідаванае ў 2001 годзе, сутыкнулася з тым, што на актывістаў арганізацыі аказваецца ціск па месцы вучобы, ім пагражаюць выключэньнем.
Улады робяць перашкоды інфармацыйнаму асьвятленьню дзейнасьці праваабарончых арганізацыяў. У 2002 годзе зафіксаваныя хакерскія атакі на вэб-старонкі ПЦ «Вясна» і «Хартыі-97».
Таксама актыўна ўжываецца ўмяшальніцтва ў дзейнасьць палітычных партыяў – улады ствараюць юрыдычныя перашкоды (выпадак з нерэгістрацыяй Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі), праслухоўваюць тэлефоны (быў агучаны незаконны запіс размоваў лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі), выносяць папярэджаньні (АГП). Правы палітычных партыяў парушаліся і падчас фармаваньня выбарчых камісіяў па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Нягледзячы на тое, што сярод кандыдатаў у сябры камісіяў былі вопытныя і адукаваныя людзі, органы выканаўчай улады ўключылі ў склад камісіяў мізэрную колькасьць прадстаўнікоў партыяў. Астатнім было адмоўлена без тлумачэньняў, хоць усе фармальныя нормы кандыдатамі ў сябры камісіяў былі выкананыя. Гэта зьяўляецца парушэньнем нормаў Выбарчага кодэксу, які адзначае, што камісіі фармуюцца ў тым ліку і з прадстаўнікоў палітычных партыяў. Надзея на тое, што гэтыя выбары адбудуцца дэмакратычна, будуць свабоднымі і справядлівымі – цяпер мінімальная.
У 2002 годзе ўлады выкарыстоўвалі дзьве тактыкі ў дачыненьні да прафсаюзаў. Яны імкнуліся цалкам кантраляваць найбуйнейшае прафсаюзнае аб’яднаньне краіны – Федэрацыю прафсаюзаў Беларускую. Гэта абумоўлена ў тым ліку і той роляй, якую адыграла ФПБ і яе лідэр Уладзімір Ганчарык на прэзідэнцкіх выбарах 2001 году. З іншага боку — дзейнасьць незалежных прафсаюзаў замоўчваецца і ігнаруецца, дзяржаўныя прадпрыемствы ствараюць перашкоды на шляху рэгістрацыі іх першасных адзінак. Неаднаразова адбываліся напады і пагромы офісаў свабодных прафсаюзаў, арышты і зьбіцьцё прафсаюзных актывістаў. Нешматлікія незалежныя прафсаюзы знаходзяцца ў становішчы паўзабароны на дзяржаўных прадпрыемствах.
Актывізацыя ціску на Федэрацыю прафсаюзаў Беларускую прывяла да яе фактычнага адзяржаўленьня. 16 ліпеня старшынёй ФПБ быў фактычна прызначаны Леанiд Козiк. Ягоная кандыдатура была названая асабіста А. Лукашэнкам. Міжнародная арганізацыя працы выступіла супраць умяшальніцтва дзяржавы ў справы беларускіх прафсаюзаў. Зараз стаіць пытаньне пра непрызнаньне ФПБ сапраўднай прафсаюзнай арганізацыяй.
У 2002 годзе адбыліся самыя масавыя выступленьні беларускіх працоўных за апошняе дзесяцігодзьдзе. Страйкавалі шахцёры і рабочыя, страйкавалі настаўнікі і ўрачы “хуткай дапамогі”. Але найбольш згуртаванай сілай паказалі сябе беларускія прадпрымальнікі. Аднак праву на страйкі робяцца перашкоды, у тым ліку і судовыя.
Пастаянна парушалася права грамадзянаў Беларусі на працу і сацыяльную абарону. Зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў звальненьняў з працы з-за актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Былому кандыдату ў прэзідэнты акцёру Крыжаноўскаму было забаронена прымаць удзел у некаторых перадачах на дзяржаўным радыё і тэлевізіі. Паказальны выпадак: нягледзячы на звароты ў суд, так і засталася мізэрнай (2 даляры) пенсія былога кіраўніка дзяржавы Станіслава Шушкевіча. Што тут ужо казаць пра магчымасьць судовай абароны сацыяльных правоў простых грамадзянаў.
У БЕЛАРУСІ ВЫКОНВАЮЦЦА СЬМЯРОТНЫЯ ПАКАРАНЬНІ
Як пазітыўны факт можна адзначыць зьмяншэньне ў 2002 годзе колькасьці сьмяротных пакараньняў. Таксама назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да зьніжэньня колькасьці сьмяротных прысудаў, што выносяцца беларускімі судамі. Аднак, на жаль, гэта адбываецца не з-за непрымальнасьці гэтага віду пакараньня, а выключна пад ціскам міжнародных структураў – Беларусь застаецца адзінай дзяржавай у Еўропе, якая карае людзей сьмерцю. Нельга казаць пра тое, што зараз у Беларусі фармуецца новае стаўленьне дзяржаўнай адміністрацыі да гэтай праблемы.
Парламенцкія слуханьні, прысьвечаныя праблеме сьмяротнага пакараньня, прадэманстравалі, што беларускія ўлады па-ранейшаму ўспрымаюць сьмяротнае пакараньне як выключны, але магчымы сродак перасьледу. Нягледзячы на тое, што па выніках слуханьняў не прымалася якіх-небудзь адмысловых рашэньняў, яны мелі вялікае грамадзкае значэньне: з парламенцкай трыбуны прагучалі аргументы як прыхільнікаў сьмяротнага пакараньня, так і праціўнікаў гэтай меры. Пераважная большасьць выступоўцаў не займала акрэсьленай пазіцыі: маўляў, сьмяротнае пакараньне ў прынцыпе не павінна ўжывацца ў цывілізаваным грамадзтве, але Беларусь пакуль што ня можа адмовіцца ад яго.
Тут трэба адзначыць важнасьць уплыву міжнароднага фактару на пазіцыю беларукага ўраду. Паколькі сяброўства Беларусі ў Парламенцкай Асамблеі Савету Еўропы зьяўляецца адной з прыярытэтных мэтаў беларускай палітыкі, а адмена сьмяротнага пакараньня – неабходная ўмова сяброўства ў гэтай арганізацыі, гэта можа паскорыць усьведамленьне беларускімі парламентарыямі неабходнасьці прыняцьця станоўчага рашэньня па гэтым пытаньні.
Такім чынам, у 2002 годзе не апраўдаліся спадзяваньні на некаторую лібералізацыю рэжыму – ён застаецца аўтарытарным і накіраваным на зьнішчэньне правоў чалавека. Ідэалогіяй уладаў па сутнасьці зьяўляецца таталітарызм: дзяржава па-ранейшаму імкнецца кантраляваць усе праявы грамадзкага і прыватнага жыцьця.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|