БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2002 годзе

Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2002 годзе1. КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЬЛЕД ПА АРТЫКУЛАХ 367 І 368 КРЫМІНАЛЬНАГА КОДЭКСУ 
РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ (ПАКЛЁП НА ПРЭЗІДЭНТА І ЗЬНЯВАГА ГОНАРУ І ГОДНАСЬЦІ 
ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ)

4 студзеня ў якасьці сьведкі да сьледчага Гарадзенскай абласной пракуратуры Алега Кулевіча быў выкліканы журналіст газеты «Пагоня» Павел Мажэйка. Допыт вёўся ў межах крымінальнай справы, якая была ўзбуджаная абласной пракуратурай яшчэ 5 верасьня 2001 году па факце публікацыі артыкулу ў №36 газеты, у якім утрымліваліся зьвесткі, што былі расцэненыя, паводле новага Крымінальнага кодэксу РБ, як паклёп на адрас А.Лукашэнкі. Напярэдадні Новага году сьледчы Алег Кулевіч меў размову па тэлефоне і з галоўным рэдактарам «Пагоні» Міколам Маркевічам. Сьледчы заявіў тады, што мае намер прад’явіць журналістам абвінавачаньне ў паклёпе на прэзідэнта краіны. М.Маркевіч таксама быў выкліканы на допыт, але на наступны пасьля П.Мажэйкі дзень. У позвах П.Мажэйкі і М.Маркевіча было пазначана, што яны «пры жаданьні» могуць зьявіцца на допыт з адвакатамі, што сьведчыць пра сур’ёзнасьць намераў А. Кулевіча, бо звычайна допыт сьведкаў адбываецца без удзелу адваката. Падчас допыту Паўла Мажэйкі сьледчага цікавіла, каму належала кампутарная тэхніка, канфіскаваная пракуратурай у рэдакцыі газеты «Пагоня». Апроч таго, А.Кулевіч запатрабаваў ад П.Мажэйкі даць характарыстыку на галоўнага рэдактара «Пагоні» М.Маркевіча, а потым выдаў П.Мажэйку позву на новы допыт. 

17 студзеня адбыліся зрухі па крымінальнай справе, узбуджанай супраць жыхаркі г.Рэчыцы (Гомельская вобласьць) Наталі Брэль па арт. 367 КК РБ (паклёп у адносінах да Прэзідэнта РБ, які ўтрымліваецца ў публічным выступленьні альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў СМІ). Адвакат Дзьмітры Іванішка паведаміў, што "пацярпелым па гэтай справе быў прызнаны прэзідэнт Беларусі А.Лукашэнка. Паколькі гэтая крымінальная справа аб паклёпе, вельмі важныя адносіны самога пацярпелага да яе. Менавіта меркаваньне пацярпелага ўлічваецца пры вынясеньні прысуду. Таму на судзе абавязкова павінен прысутнічаць ён сам. А ў дадзеным выпадку прадстаўляць пацярпелага, мажліва, будзе хто-небудзь з адміністрацыі прэзідэнта... Пакуль вядома адно – справа будзе накіраваная ў суд і прыкладна праз месяц разгледжаная там»... Чатыры з паловаю месяцы спатрэбілася пракуратуры дзеля вывучэньня «падарунка» А. Лукашэнку. Яго перадала Наталя Брэль 30 жніўня мінулага году ў гарвыканкам да дня народзі¬наў кіраўніка дзяржавы. Аднак загадчык арганізацыйна-кадравага ад¬дзелу гарвыканкаму У. Вядзьгун не накіраваў пасылку адрасату. Ён адчыніў скрыню, убачыў там вяроўку, завязаную пятлёю, і іншыя дробныя рэчы з нататкамі і перадаў гэтую «сьвяточную пасылку» ў пракуратуру. 13 верасьня старэйшы сьледчы пракуратуры Юры Дзям’ян¬чык распачаў супраць актывісткі АГП крымінальную справу за публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі. Хоць Наталя Брэль правяла амаль трое сутак за кратамі, абвінавачаньняў яна не прызнала, бо яна толькі запакавала падрыхтаваныя жыхарамі Рэчыцы падарункі ў скрыню і перадала ў гарвыканкам. З Наталі Брэль узялі падпіску аб нявыезьдзе, што замінае ёй, як асьпірантцы Інстытуту гісторыі АН РБ, займацца навуковай працай. 

25 студзеня сябра Маладога Фронту Аляксей Кубракоў быў выклі¬каны ў пракуратуру г.Менску да сьледчага па асабліва важных справах У. Шрубка. Падставай дзеля выкліку быў адміністратыўны пратакол, складзены на яго 30 жніўня 2001 году па арт 143 ч.1 КаАП за расклейку налепак. Сьледчы задаў толькі адно пытаньне: адкуль у хлопца ўзяліся налепкі. А.Кубракоў адказаў, што ня памятае. Быў складзены пратакол допыту, пасьля чаго юнака адпусьцілі... Пракуратура г. Менску яшчэ ў верасьні 2001 году ўзбудзіла крымінальную справу па арт. 367 Крымінальнага кодэксу РБ па факце масавага распаўсюджаньня друкаванай прадукцыі, якая, па меркаваньні пракуратуры, утрымлівае паклёп на прэзідэнта РБ. Вядуцца актыўныя сьледчыя дзеяньні па гэтай справе. У якасьці сьведкаў выклікаюцца ў асноўным сябры моладзевых арганізацыяў, якія падчас выбарчай кампаніі былі затрыманыя за распаўсю¬джаньне друкаваных выданьняў. Адным з іх і стаў А.Кубракоў. 

28 студзеня супраць лідэра АГП Анатоля Лябедзькі ўзбуджаная крымінальная справа. Ён выкліканы ў пракуратуру Савецкага раёну г.Менску як сьведка да сьледчага Івана Зелянкоўскага «дзеля дачы тлумачэньняў з нагоды выказаных абвінавачаньняў на адрас кіраўніка дзяржавы за гандаль зброяй з дзяржавамі-ізгоямі». Пракуратура зрабіла выснову, што публікацыя ў «Народнай волі», у якой працытаванае выказваньне спадара Лябедзькі, зьяўляецца падставаю дзеля ўзбуджэньня крымінальнай справы па артыкуле 367 Крымінальнага кодэксу: паклёп у дачыненьні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 

4 лютага журналіста газеты «Пагоня» Паўла Мажэйку ў чарговы раз выклікалі ў пракуратуру Гарадзенскай вобласьці. Сьледчага па асабліва важных справах Алега Кулевіча цікавіла, дзе знаходзіцца рэдактар «Пагоні» Мікола Маркевіч. У канцы допыту сьледчы ўручыў Паўлу Мажэйку позву на 14 лютага і папярэдзіў, што адносна яго будзе прад’яўленае абвінавачаньне ў крымінальным злачынстве. Паводле ягоных словаў, хутчэй за ўсё, журналіста абвінавацяць у парушэньні артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу РБ (паклёп у дачыненьні прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Ня выключана, што такое самае абвінавачаньне бу¬дзе прад’яўленае і рэдактару «Пагоні» Міколу Маркевічу. 

13 лютага пачаўся першы ў новай гісторыі Беларусі суд па артыкуле 368 ч.1 Крымінальнага кодэксу РБ. У абразе Аляксандра Лукашэнкі пракуратура абвінаваціла шклоўскіх актывістаў руху «Зубр» – Міхася Кісялёва, Максіма Патупчыка, Алеся Паўловіча, Дзяніса Сенакосава, Дзьмітрыя Шалашкова. Пагражае маладым людзям – да двух гадоў пазбаўленьня волі кожнаму. Нагадаем, што 14 жніўня 2001 году акты¬вісты шклоўскага аддзяленьня руху «Зубр», надзеўшы жартаўлівыя маскі, хадзілі па мясцовых крамах, дзе сустракаліся з выбаршчыкамі. Перформанс спынілі супрацоўнікі міліцыі, якія ў масках з вусамі чамусьці ўбачылі кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку. Пяцёх актывістаў «Зубра» даставілі ў Шклоўскае ГУУС. Была праведзеная канфіскацыя вусатай маскі, фотаапарату, а таксама адзеньня (маек з сімволікай руху «Зубр»). Двух непаўнагадовых хлопцаў адпусьцілі а першай гадзіне ночы. На паўнагадовых склалі пратаколы па артыкуле 156 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях («дробнае хуліганства»), і ноч яны правялі ў камеры. Суд 15 жніўня ня выявіў у дзеяньнях маладых людзей складу правапарушэньня і апраўдаў іх. Аднак ужо на наступны дзень была ўзбуджаная крымінальная справа па вышэйзгаданым артыкуле 368 ч.1 Крымінальнага кодэксу РБ: «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Ужо ў першы дзень шклоўскага працэсу судзь¬дзя Халадцова прыняла рашэньне адкласьці далейшы разгляд на 28 лютага. Прычынай дзеля гэтага стала хвароба аднаго са сьведкаў. І гэта нягледзячы на тое, што і прадстаўнікі абароны, і прадстаўніца абвінавачаньня пракурор Алдонава жадалі працягваць працэс. З істотнага на судзе адбылося толькі тое, што ўсе абвінавачаныя адмовіліся даваць паказаньні, матывуючы гэта смехатворнасьцю абвінавачаньня. А прад’яўленьне пракурорам Алдонавай маскі з вусамі, у якой асабіста яна пазнала Аляксандра Лукашэнку, выклікала толькі сьмех у зале. Адна са сьведкаў заявіла, што гэтая маска вельмі нагадвае яе роднага бацьку. 

14 лютага галоўнаму рэдактару газеты «Пагоня» Міколу Марке¬вічу і журналісту Паўлу Мажэйку прад’яўленае абвінавачаньне ў паклёпе на адрас прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Нагадаем, што крымінальная справа супраць газеты «Пагоня» па арт. 367 ч.2 КК РБ за абразу прэзідэнта РБ была заведзеная яшчэ 6 верасьня 2001 году. У рэдакцыі былі канфіскаваныя ўсе кампутары, а таксама 10 750 асобнікаў накладу сьпецвыпуску выданьня, які яшчэ друкаваўся. Канфіскаваны сьпецвыпуск быў прысьвечаны выбарам прэзідэнта Беларусі. Міколу Маркевічу і журналісту Паўлу Мажэйку пагражае пазбаўленьне або абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў. Разглядаць справу будзе суд Ленінскага раёну г. Гародні, старшынюе на працэсе судзьдзя Мікалай Сяргейка. 

28 лютага ў Шклоўскім раённым судзе працягнуліся слуханьні па крымінальнай справе аб «абразе прэзідэнта». Падчас судовага пасе¬джаньня былі заслуханыя сьведкі, якія бачылі перфоманс, які адбываўся ў калгасе "Гарадзец”. Нічога ўцямнага сьведкі не сказалі. Адвакат Павел Сапелка падчас судовага паседжаньня заявіў хадайніцтва аб правядзеньні псіхалагічнай і мастацвазнаўчай эксьпертызы. Але суд адхіліў хадайніцтва. Працоўны дзень скончыўся, і судовы працэс быў перанесены на 14 сакавіка. 

12 сакавіка крымінальная справа, узбуджаная супраць Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, была перададзеная ў суд. Такое рашэньне прыняў намесьнік пракурора Гарадзенскай вобласьці Уладзімір Аніська. Журналістаў абвінавачваюць у паклёпе на прэзідэнта. Сьледзтва праігнаравала тры літаратуразнаўчыя эксьпертызы, якія паказалі, што паклёпу ў тэкстах «Пагоні» не было. Адна эксьпертыза была незалежнай, а дзьве праводзіліся па пастанове самога сьледзтва. 

13 сакавіка кіраўніцтва Магілёўскага політэхнікуму, дзе вучыцца адзін з абвінавачваемых па «шклоўскай справе» актывіст руху «Зубр» Алесь Паўловіч, вырашыла пакараць хлопца яшчэ да сканчэньня судовага разьбіральніцтва. Падчас педагагічнай рады разглядалася пытаньне аб выключэньні з тэхнікуму актыўных удзельнікаў перадвыбарчай кампаніі – Аляксандра Паўловіча і Аляксандра Каліты. Пытаньне было іні¬цыя¬ванае дырэктарам тэхнікуму Аляксандрам Шапціцам. Амаль усе ўдзельнікі рады падтрымалі гэтую прапанову. Канчатковае рашэньне па выключэньні павінна прыняць камісія па справах непаўнагадовых Ленінскага раёну г.Магілёву. 

14 сакавіка ў Шклоўскім раённым судзе скончылася судовае разьбіральніцтва па крымінальнай справе аб «публічнай абразе прэ¬зідэнта Рэспублікі Беларусь». У судовым працэсе быў апытаны мастацтвазнаўца Юрась Барысевіч, які ахарактарызаваў падзеі 14 жніўня ў вёсцы Гарадзец з пункту гледжаньня мастацтва: «Гэта была мастацкая акцыя — перфоманс. Гэты від сучаснага мастацтва апошнім часам пачаў актыўна разьвівацца ў Беларусі. У перфомансе можа быць закранутая любая сфера жыцьця – палітычная, эратычная, філасофская. У перфомансе галоўнае ня вынік, а сам працэс. Аўтары такіх акцыяў імкнуцца зьняць мяжу паміж мастацтвам і паўсядзённым жыцьцём. Тое, што адбылося 14 жніўня ў вёсцы Гарадзец, мае ўсе прыкметы перфомансу – тэатралізаванага дзеяньня – быў рэквізіт, сцэнар, акторы, гледачы, пляцоўка для паказу». Абаронца Павел Сапелка запытаўся ў мастацтвазнаўцы: «Ці можна лічыць дзеяньні маладых людзей непрыстойнымі і абразьлівымі?» Юрась Барысевіч адказаў:»Мяркуючы па рэакцыі гледачоў – нельга. Рэакцыя гледачоў была нейтральнай. Абурыўся толькі міліцыянт»... І ўсё ж у выніку пяцёра маладых людзей былі прызнаныя вінаватымі ў «публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», г.зн. у злачынстве, адказнасьць за якое прадугледжаная часткай 1 артыкулу 368 КК Рэспублікі Беларусь. Удзельнікі перфомансу ў вёсцы Гарадзец Міхась Кісялёў, Максім Патупчык, Алесь Паўловіч, Дзяніс Сенакосаў, Дзьмітрый Шалашкоў былі аштрафаваныя на 20 мінімальных заробкаў. 

20 сакавіка з трэцяга курсу Магілёўскага політэхнічнага тэхнікуму былі адлічаныя Алесь Паўловіч і Аляксандр Каліта. Юнакі зьяўляюцца актывістамі моладзевага руху «Зубр». Аляксандр Паўловіч 14 сакавіка судом Шклоўскага раёну быў прызнаны вінаватым па крымінальнай справе аб «публічнай абразе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, г.зн. злачынстве, якое прадугледжанае ч. 1 арт. 368 КК Рэспублікі Беларусь». Аляксандр Каліта за сваю палітычную актыўнасьць (распаўсюджаньне друкаванай прадукцыі і агітацыйных матэрыялаў падчас перадвыбарчай кампаніі) неаднаразова прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасьці. Рашэньне аб выключэньні было прынятае адміністрацыяй навучальнай установы са згоды камісіі па справах непаўнагадовых Ленінскага раёну г. Магілёву. 

27 сакавіка ў судзе г. Рэчыца (Гомельская вобласьць) павінен быў адбыцца судовы разгляд крымінальнай справы Наталі Брэль (па арт. 367 ч.1 КК РБ — паклёп у адносінах да прэзідэнта і арт. 368 ч.1 КК – абраза прэзідэнта РБ). Але абвінавачаная Наталя Брэль у чарговы раз не зьявілася на судовае паседжаньне, нягледзячы на тое, што быў аформлены прымусовы прывод. У сувязі з гэтым суд быў адкладзены на няпэўны час. Між тым зьявілася інфармацыя, што Наталя Брэль пакінула тэрыторыю Рэспублікі Беларусь і знаходзіцца ў Бельгіі, дзе зьвярнулася да ўладаў з просьбай аб прадастаўленьні палітычнага прытулку. Калі гэтая інфармацыя пацьвердзіцца, ня выключаная магчымасьць разгляду крымінальнай справы завочна, г.зн у адсутнасьць абвіначанай. 

9 красавіка каля Ленінскага раённага суда г.Гародня сабралася шмат людзей – у асноўным журналісты, у тым ліку і замежныя. У судовай зале зьявіліся галоўны рэдактар газеты «Пагоня» Мікола Маркевіч і журналіст Павел Мажэйка. Яны былі ў майках з надпісамі «Я – журналіст, а не злачынца». Судовая зала разьлічаная на 80 месцаў. Прысутнічала прынамсі ўдвая больш людзей. Судовае паседжаньне доўга не пачыналася. У рэшце рэшт зьявілася сакратарка і абвясьціла, што суд адкладваецца, паколькі захварэў судзьдзя. Гэта азначае, што цяпер павінны прызначыць новага судзьдзю, якому спатрэбіцца пэўны час, каб азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, потым ён прызначыць дату пачатку працэсу. Гэта можа цягнуцца да канца месяца... З суда прысутныя накіраваліся да Ленінскага РУУС. Адтуль павінны былі выпусьціць Алеся Дварэцкава, які адбыў ужо свае 4 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ў падтрымку журналістаў «Пагоні». Каля пастарунку сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. І таму міліцыянты ва ўнутраным двары прымусам пасадзілі А.Дварэцкава ў машыну і адвезьлі дахаты. Ён толькі здолеў памахаць рукой людзям, якія прыйшлі яго сустракаць. У суседняй Польшчы журналістаў «Пагоні» афіцыйна падтрымалі канцылярыя прэзідэнта РП А.Квасьнеўскага, Нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры Чэслаў Мілаш, галоўныя рэдактары ўплывовых польскіх выданьняў: Адам Міхнік – «Gazeta Wyborcza», Мацей Лукасевіч – «Rzeczpospolita», Павел Фонфара – «Zycie». У найбуйнейшым польскім выданьні «Gazeta Wyborcza» зьявілася адмысловая рубрыка, прысьвечаная разьвіцьцю справаў вакол «Пагоні». У падтрымку М.Маркевіча і П.Мажэйкі 9 красавіка адбыўся журналісцкі пікет у польскім Беластоку. Яго ўдзельнікі прынялі заяву да генеральнага консула Беларусі ў гэтым горадзе. 

3 траўня судзьдзя Ленінскага раённага суда г.Гародня Тацяна Клімава, прызначаная весьці працэс над журналістамі «Пагоні» замест судзьдзі Мікалая Сяргейкі, які раптоўна захварэў 9 красавіка ў дзень пачатку суда, аб’явіла аб пераносе судовага паседжаньня на іншы дзень. Сваё рашэньне Тацяна Клімава патлумачыла тым, што яна не пасьпявае да раней прызначанага ёй жа тэрміну «завяршыць справу па наркотыках». Тацяна Клімава ў журналісцкім асяродзьдзі Гародні вядомая тым, што ў 2001 годзе прызнала журналіста Анджэя Пісальніка вінаватым у «абразе гонару і годнасьці». Пазьней рашэньне Тацяны Клімавай было адмененае судом Гарадзенскай вобласьці ў касацыйным парадку. 

16 траўня ў Ленінскім судзе г.Гародня павінен быў распачацца разгляд крымінальнай справы над супрацоўнікамі зачыненай уладамі газеты «Пагоня». Меркавалася, што гэты працэс распачнецца яшчэ 9 красавіка, але судзьдзя, які павінен быў разглядаць справу, раптоўна захварэў. Быў прызначаны новы судзьдзя, які на працягу месяцу знаёміўся з матэрыяламі справы. Але і 16 траўня суд не адбыўся і ў чарговы раз быў перанесены – цяпер на 4 чэрвеня. Падставай дзеля пераносу зноў стала хвароба: гэтым разам занядужаў пракурор. Між тым, 16 траўня ў адзінаццаць гадзінаў каля будынку Ленінскага суда г.Гародня зноў сабраўся вялізны натоўп. Як і месяц таму, на працэс прыехалі праваабаронцы і журналісты, актывісты няўрадавых арганізацыяў – усяго каля 100 чалавек. Прысутнічалі прадстаўнікі амбасадаў ЗША, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Польшчы. Усіх аб’ядноўвала адзінае спадзяваньне, што ў гэты дзень суд нарэшце пачнецца. Трэба адзначыць, што напярэдадні суда ў Гародні ўладамі была праведзеная своеасаблівая «падрыхтоўка». Па-першае, з будынку суда і іншых будынкаў гораду былі змытыя графіці, якія заклікалі да салідарнасьці з журналістамі (кшталту «Свабоду Маркевічу!» і «Разам з Пагоняй»). Па-другое, літаральна за дзень да прызначанай даты пачатку працэсу невядомыя жорстка зьбілі журналіста газеты «Пагоня» Юрыя Гуменюка. Па гэтым факце ўзбуджаная крымінальная справа. Сам пацярпелы зьвязвае напад выключна са сваёй журналісцкай дзейнасьцю ў «Пагоні». 16 траўня ўваход у будынак суда быў дазволены ўсім жадаючым, што адразу насьцярожыла ўсіх. І сапраўды, калі ў кабінет судзьдзі былі запрошаныя Павел Мажэйка і Мікола Маркевіч, а таксама іх абаронцы Сяргей Цурко і Гары Паганяйла, публіку і журналістаў міліцыянты рашуча адсеклі ад уваходу ў кабінет. Да судзьдзі не дапусьцілі нават Міхаіла Пастухова, які павінен быў удзельнічаць у слуханьнях у якасьці грамадзкага прадстаўніка абвінавачаных журналістаў. Прысутных не дапусьцілі ў залу суда нібыта на падставе малых памераў памяшканьня, хаця побач пуставала ўдвая большая зала. Міліцыянты зьдзекліва казалі, што на судовы працэс "трэба запісвацца загадзя”. Калі абвінавачаныя і адвакаты выйшлі з кабінету судзьдзі і распавялі пра тое, што там адбывалася, прысутныя не маглі стрымацца ад усьмешак: працэс будзе зноў перанесены. Гэтым разам падстава дзеля пераносу паседжаньня была ўвогуле дзіўная: захварэў пракурор! Так, ранейшы пракурор Уладзімір Рабаў замест таго, каб прыняць удзел у паседжаньні, перадаў, што «адчувае сябе кепска, прыйсьці ня можа». Звычайна ў такіх выпадках абвінавачаньне падтрымлівае намесьнік пракурора ці ягоны памочнік, бо пракурор – фігура ў працэсе цалкам замяняльная. Але тут судзьдзя вырашыў інакш і прызначыў новага дзяржаўнага абвінаваўцу, пракурора Яўгена Шчарбака. Дзеля азнаямленьня з матэрыяламі справы яму дадзена тры тыдні, таму суд адкладаецца да 4 чэрвеня. 

4 чэрвеня судовы працэс над галоўным рэдактарам газеты «Пагоня» Міколам Маркевічам і журналістам Паўлам Мажэйкам быў працягнуты. Праз гадзiну пасьля пачатку працэсу быў абвешчаны перапынак дзеля разгляду хадайнiцтва аб адводзе судзьдзi, пад канец якога мiлiцыянты зачынілі дзьверы ў будынак суда, i каля 50 чалавек, што прыйшлi на працэс, засталiся на вулiцы. Калi ж мiлiцыянты прыадчынiлі дзьверы, каб упусьцiць сакратара амбасады ЗША Яна Тэрнэра, абураныя прысутныя памкнуліся за iм. Мiлiцыянты, не пускаючы людзей да ўваходу, пачалi iх зьбiваць. Было разьбiтае шкло ўваходных дзьвярэй суда. Брат Мiколы Маркевiча Аляксей Маркевіч быў паранены разьбiтым шклом. Да 22-гадовай Сьвятланы Нех, якую мiлiцыянт моцна ўдарыў па галаве, выклiкалi «хуткую дапамогу» ў залу суда. На пачатку працэсу Мiкола Маркевiч хадайнiчаў аб пераносе разгляду справы ў большую залу, каб прысутнічаць на працэсе маглі ўсе жадаючыя, і тым самым забясьпечыць галоснасьць працэсу. Судзьдзя Тацяна Клiмава адмовiлася задаволiць гэтае хадайнiцтва, і тады М.Маркевiч абвясьцiў новае хадайнiцтва: аб адводзе судзьдзi. І гэтае хадайнiцтва таксама задаволенае не было... 

5 чэрвеня з раніцы будынак суда, дзе праходзіў працэс над журна¬лістамі «Пагоні», быў лiтаральна ачэплены ўзмоцненымi нарадамi міліцыянтаў, якiя нiкога не пускалi ўсярэдзіну. Уваход быў гарантаваны толькi заходнiм i расійскiм журналiстам. Каля гадзiны спатрэбiлася суду дзеля таго, каб вырашыць: дазволiць ці не ўдзельнiчаць у працэсе грамадзкiм абаронцам. У рэшце рэшт судзьдзя не дала дазволу на ўдзел у працэсе былому судзьдзi Канстытуцыйнага суда РБ Мiхаiлу Пастухову. Гэткiм жа было рашэньне адносна вядомага адваката Гары Паганяйлы. Афiцыйныя беларускiя СМI нiчога не паведамляюць пра ход гэтага працэсу. Толькi па гарадзенскім абласным радыё расказалі пра хулiганаў, якiя спрабавалi ўварвацца ў будынак суда... 

6 чэрвеня ў судзе дзьве з паловай гадзiны цягнуўся допыт Паўла Мажэйкi. Абвiнавачаньне пракуратуры супраць Мажэйкi грунтуецца на фразе: «Цi, ў рэшце рэшт, можа быць варты народнай падтрымкi чалавек, якi змагаецца са сваiмi апанентамi, забiваючы iх» з артыкулу «Iдзем на выбары». Пракуратура лiчыць, што ў гэтым выказваньнi ўтрымлiваецца паклёп на А.Лукашэнку i абвiнавачаньне кiраўнiка дзяржавы ў зьдзяйсьненьні забойства. Мажэйка адказаў, што ягоны артыкул – гэта ўласнае аўтарскае меркаваньне аб iдэальным кандыдаце ў прэзiдэнты краiны, а таму гэтае выказваньне ніякім чынам ня тычыцца Лукашэнкi i ўвогуле якога-небудзь канкрэтнага чалавека. Акрамя таго, размова iдзе не пра фiзiчнае зьнiшчэньне «апанентаў», а пра iх палiтычную дыскрэдытацыю. У ходзе допыту высьветлiлася, што на працягу паўгоду, пакуль доўжылася сьледзтва па справе «Пагоні», пракуратура дапытвала Паўла Мажэйку ў якасьцi сьведкi i толькi потым яму было прад’яўленае абвiнавачаньне ў паклёпе. Такiм чынам, журналiст быў пазбаўлены права на абарону i магчымасьцi адмовiцца даваць паказаньнi, якiя маглi б быць выкарыстаныя супраць яго. За працэсам у гэты дзень назiралi прадстаўнiкi амбасадаў ЗША, Польшчы, Германii i Францыi. 

10 чэрвеня адбыўся допыт Міколы Маркевіча, які доўжыўся больш за чатыры гадзіны. Акт абвінавачаньня галоўны рэдактар «Пагоні» назваў не юрыдычным дакументам, а «сачыненьнем на зададзеную тэму». Абвінавачаньне трымаецца на сьцьверджаньні, што дзьве нататкі і верш, у якіх нібыта маецца паклёп на прэзідэнта, былі распаўсюджаныя сярод чытачоў. Аднак нумары газеты, у якіх зьмешчаныя публікацыі, пракуратура канфіскавала ў друкарні. А згодна з Законам аб друку, газета робіцца сродкам масавай інфармацыі толькі пасьля таго, як яна трапіць да чытачоў. Адвакат Міколы Маркевіча Сяргей Цурко падаў хадайніцтва. Ён лічыць, што рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суда аб закрыцьці «Пагоні» ўжо ўплывае на пазіцыю сёньняшняга суда. Сяргей Цурко зазначае, што Вышэйшы гаспадарчы суд перавысіў свае паўнамоцтвы, закрыўшы газету летась 12 лістапада. Таму адвакат просіць прыпыніць працэс і прапанаваць абласной пракуратуры зьвярнуцца з прадстаўленьнем у Вышэйшы гаспадарчы суд, каб той скасаваў сваё рашэньне аб спыненьні дзейнасьці «Пагоні». Адвакат патлумачыў, што без прызнаньня несапраўдным рашэньня Вышэйшага гаспадарчага суда працэс над журналiстамi можна будзе лiчыць антызаконным. Сяргей Цурко заявiў хадайнiцтва аб прыпыненьнi справы да моманту, калi пракуратура прызнае несапраўдным рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суда. 

20 чэрвеня ў пракуратуры Першамайскага раёну г.Менску было прад’яўленае абвінавачаньне па крымінальнай справе, узбуджанай супраць рэдактара газеты «Рабочы» Віктара Івашкевіча. Паводле арт. 367 ч.2 Крымінальнага кодэксу РБ і 368 ч.1 КК РБ ён абвінавачваецца ў «спробе паклёпу на прэзідэнта» і «спробе абразы прэзідэнта». Адвакат Сяргей Цурко і Віктар Івашкевіч азнаёміліся з матэрыяламі справы. Цяпер справа будзе накіраваная ў суд на разгляд. Адвакат Сяргей Цурко сказаў: «Паводле арт. 368 ч.1 Крымінальнага кодэксу РБ прадугле¬джаныя штраф, папраўчыя працы і абмежаваньне волі тэрмінам да 2 гадоў і пазбаўленьне волі да 2 гадоў, а паводле арт. 367 ч. 2 – абмежаваньне волі і пазбаўленьне волі тэрмінам да 5 гадоў. У справе В.Івашкевіча сітуацыя лепшая , чым у рэдактара газеты «Пагоня» М. Маркевіча. Артыкул «Злодзей павінен сядзець у турме», за публікацыю якога прад’яўленае абвінавачаньне, быў узяты рэдакцыяй газеты з Інтэрнэту. Гэты матэрыял можна было прачытаць на розных сайтах. Таму ўсе падставы дзеля абароны ў нас ёсьць». 

24 чэрвеня вынесены прысуд па справе журналістаў незалежнай газеты «Пагоня». Галоўны рэдактар Мікола Маркевіч асуджаны да двух з паловай гадоў абмежаваньня волі, а карэспандэнт Павел Мажэйка – да двух гадоў... Ніхто не чакаў, што такім суровым і неадэкватным будзе пакараньне. Такім чынам, гарадзенскія судовыя ўлады выканалі заказ з Менску. Судзьдзя Тацяна Клімава прызнала журна¬лістаў вінаватымі ў паклёпе на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 367 ч.2 Крымінальнага кодэксу РБ). Незалежныя назіральнікі лічаць, што гарадзенскія абаронцы «гонару ды годнасьці» А.Лукашэнкі перастараліся: такі жорсткі прысуд сёньня не патрэбны нікому, і найперш самому «галоўнаму пацярпеламу», які ў сьвятле апошніх падзеяў імкнецца да таго, каб Беларусь выглядала выспаю стабільнасьці ў цэнтры Еўропы. 24 чэрвеня ў залу суда зноў былі дапушчаныя толькі журналісты і дыпламаты. Большасьць тых, хто прыйшоў, каб выслухаць прысуд, засталіся на вуліцы каля ўваходу ў будынак суда. Падчас агалошаньня выраку некалькі маладых людзей на прыступках суда разгарнулі транспарант з надпісам «Апраўдаць Маркевіча і Мажэйку» і пачалі скандаваць лозунгі з гэткім жа патрабаваньнем. Супрацоўнікі міліцыі паспрабавалі затрымаць удзельнікаў акцыі, але прысутнасьць журналістаў не дазволіла ім гэта зрабіць.Падсудным дадзеная маж¬лівасьць абскардзіць вырак суда на працягу дзесяці дзён. Адвакат Сяргей Цурко адразу ж падаў папярэднюю касацыйную скаргу на прысуд суда па справе журналістаў газеты «Пагоня». Выйшаўшы з залы суда, С.Цурко дастаў аркуш паперы і на капоце машыны напісаў папярэднюю касацыйную скаргу аб тым, што ня згодны з прысудам. Аргументацыя будзе дакладзеная суду пасьля таго, як адвакат азнаёміцца з пратаколам судовага паседжаньня. 24 чэрвеня касацыйная скарга была перададзеная дзяжурнаму судзьдзі Ленінскага раённага суда г. Гародні і зарэгістраваная ў канцылярыі. 

10 ліпеня ўзбуджаная крымінальная справа супраць журналісткі Радыё «Свабода» Алены Панкратавай па арт. 367 КК РБ па факце распаўсюджаньня ў СМІ матэрыялу аб візіце А.Лукашэнкі ў Аўстрыю вясною 2002 году. Гэты матэрыял прагучаў на Радыё «Свабода», а потым быў перадрукаваны ў газеце «Народная воля». 

12 ліпеня супраць лідэра АГП Анатоля Лябедзькі заведзеная крымінальная справа: яго падазраюць у паклёпе на прэзідэнта (артыкул 367 ч. 1 КК РБ). Крымінальная справа адкрытая ў сувязі з публікацыяй у лістападзе 2001 г. артыкулу ў «Народнай волі», у якім Анатоль Лябедзька абвінаваціў урад Лукашэнкі за пастаўкі зброі краінам-ізгоям. Крымінальная справа заведзеная на наступны дзень пасьля вяртаньня лідэра АГП з берлінскай сесіі ПА АБСЕ, на якой была прынятая рэзалюцыя аб тым, што Беларусь пастаўляе зброю краінам, што дапамагаюць тэрарызму. 

15 жніўня прысуд журналістам газеты «Пагоня» Міколу Маркевічу і Паўлу Мажэйку набыў законную сілу: гарадзенскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу журналістаў і іх абаронцаў, пакінуўшы ў сіле рашэньне раённага суда. Але пры гэтым касацыйная інстанцыя вырашыла выкарыстаць у адносінах да журналістаў закон аб амністыі і зьменшыць ім тэрміны абмежаваньня волі на адзін год. 
1 верасьня Мікола Маркевіч і Павел Мажэйка пачалі адбываць пакараньні ў сьпецустановах адпаведна Асіповічаў і Жлобіну. З 6 верасьня Павел Мажэйка працуе чарнарабочым на прыватнай пiлараме ў Жлобiне. Напачатку ён хацеў уладкавацца на працу ў мясцовую газету цi школу. Аднак начальнiк Жлобiнскай "хiмii” Юры Кузьмiч забаранiў яму гэта. Калi б Павел не знайшоў сабе працу самастойна, дык яго ўладкавалi б на працу ў прымусовым парадку цi маглi нават абвiнавацiць у адхiленьнi ад адбыцьця пакараньня. У жлобінскай сьпецкамендатуры Павел Мажэйка – 91-ы жыхар. Жлобінская "хімія” – гэта інтэрнат блокавага тыпу. На два пакоі – прыбіральня і ўмывальнік. Душ агульны. Ежу жыхары ўстановы гатуюць у пакоях на электраплітах. Інтэрнат належыць Жло¬бінскаму будаўнічаму трэсту №40, таму асуджаныя павінны аплочваць трэсту каля 7 тысячаў рублёў у месяц за пражыцьцё. Згодна з рэжымам адміністрацыя тройчы на дзень правярае наяўнасьць кантынгенту: у 6.30, 15.00 і 22.00. Як паведаміў дзяжурны, недалёка ад сьпец¬установы, дзе адбывае пакараньне Павел Мажэйка, ёсьць пошта з міжгароднім тэлефонам і Інтэрнэтам, крама, сталоўка. 

11 верасьня ў судзе Першамайскага раёну г. Менску судзьдзя Уладзімір Кобышаў распачаў разгляд крымінальнай справы ў адносінах да Віктара Івашкевіча, галоўнага рэдактара незалежнай газеты «Рабочы». Ён абвінавачаны ў зьдзяйсьненьні замаху на злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу РБ — «Паклёп у адносінах да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». В.Івашкевічу за «распаўсюджаньне заведама ілжывых і зьневажальных зьвестак аб прэзідэнце, спалучаных з абвінавачаньнем у зьдзяйсьненьні цяжкага злачынства», пагражае турэмнае зьняволеньне тэрмінам да пяці гадоў. Акрамя таго, В.Івашкевіч абвінавачаны і па частцы 2 артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу РБ у зьдзяйсьненьні публічнай абразы прэзідэнта. За гэта яму пагражае турэмнае зьняволеньне тэрмінам да трох гадоў. Пракуратура лічыць, што В. Івашкевіч спрабаваў абразіць і хлусьліва абвінаваціць прэзідэнта ў карупцыі, калі прыняў рашэньне надрукаваць у сваёй газеце матэрыял «Вор должен сидеть в тюрьме». У гэтым артыкуле распавядалася пра факты магчымай карупцыі ў адмі¬ністрацыі А. Лукашэнкі і пра дзяржаўны гандаль зброяй. Паводле беларускага заканадаўства, паклёп зьяўляецца зьдзейсьненым злачынствам толькі тады, калі пра яго даведаўся хаця б адзін чалавек. Але гэты нумар газеты ня быў распаўсюджаны, паколькі пракуратура па патрабаваньні цэнзара Уладзіміра Глушакова спыніла друк газеты і канфіскавала ўжо на¬друкаваную частку накладу (39 500 асобнікаў з запланаваных 400 тысячаў) яшчэ ў друкарні. Ніводзін асобнік газеты так і не патрапіў да чытача. Таму пракуратура і абвінаваціла В. Івашкевіча не ў паклёпе, а ў «спробе паклёпу», паколькі ягонае злачынства не зьяўляецца скончаным. Гэта першы падобны выпадак у Беларусі, калі чалавека абвінавачваюць у спробе паклёпу. Сам Віктар Івашкевіч вінаватым сябе ня лічыць. Ён кажа, што факты, пакладзеныя ў аснову матэрыялу, былі вядомыя грамадзкасьці з іншых друкаваных выданьняў, паведамленьняў радыё і Інтэрнэту. Абараняе сп. Івашкевіча вядомы адвакат Тацяна Станкевіч. На пачатку паседжаньня суд вынес пастанову аб тым, што крымінальная справа В.Івашкевіча будзе разгледжаная на закрытым судовым паседжаньні. Судзьдзя папрасіў усіх прысутных (у тым ліку і прадстаўнікоў СМІ) пакінуць залу. Людзі адмовіліся выходзіць, пасьля гэтага быў выкліканы АМАП. Неабходна адзначыць, што рашэньне пра разьбіральніцтва крымінальнай справы Віктара Івашкевіча ў закрытым судовым паседжаньні было вынесенае з парушэньнем правілаў судовай вытворчасьці. Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, разьбіральніцтва крымінальнай справы на закрытым судовым паседжаньні дапускаецца толькі ў інтарэсах забесьпячэньня аховы дзяржаўных сакрэтаў, а таксама па справах аб злачынствах, зьдзейсьненых асобамі, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту, па справах аб полавых злачынствах і іншых справах у мэтах папярэджаньня разгалошваньня зьвестак пра інтымныя бакі жыцьця ўдзельнікаў альбо зьвестак, якія прыніжаюць іх годнасьць, і ў выпадках, калі гэтага патрабуюць інтарэсы забесьпячэньня бясьпекі пацярпелага, сьведкаў альбо іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу. Справа ж В. Івашкевіча такой не зьяўляецца. Журналіст Валеры Шчукін на лесьвіцы быў спынены брытагаловымі маладзёнамі ў спартовых касьцюмах, якія пачалі заломваць журналісту рукі і парвалі кашулю. Як высьветлілася пазьней, гэта былі супрацоўнікі міліцыі. В. Шчукін напісаў скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі і перадаў яе ў канцылярыю суда і РУУС Першамайскага раёну. 

12 верасьня ў 12.30 ў судзе Першамайскага раёну г. Менску завяршыліся судовыя спрэчкі бакоў па крымінальнай справе В. Івашкевіча. Пракурор выказаў пазіцыю дзяржаўнага абвінавачаньня: у выпадку прызнаньня галоўнага рэдактара незалежнай газеты «Рабочы» В.Івашкевіча вінаватым, прызначыць яму пакараньне — 3 гады абмежаваньня волі. 

16 верасьня ў судзе Першамайскага раёну г. Менску судзьдзя Уладзімір Кобышаў абвясьціў прысуд па крымінальнай справе Віктара Івашкевіча: 2 гады абмежаваньня волі – гэтакзванай «хіміі». Віктар Івашкевіч прызнаны вінаватым па абодвух пунктах абвінавачаньня — у зьдзяйсьненьні спробы паклёпу ў адрас прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (частка 2 артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу РБ) і па частцы 2 артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу РБ — зьдзяйсьненьні публічнай абразы прэзідэнта. Пасьля абвяшчэньня прысуду Віктар Івашкевіч правёў на ганку суда прэс-канферэнцыю, на якой адзначыў, што пакараньне ў адносінах да яго носіць цалкам палітычны характар. Ён таксама сказаў, што прысуд будзе абскарджаны ў Менскім гарадзкім судзе. 

20 верасьня журналіст Мікола Маркевіч уладкаваўся на працу ў Асіповічах. Ён працуе вахторам у прыватнай шматпрофiльнай фiрме «Сiрыус». Праца — абавязковы элемэнт адбыцьця пакараньня ва ўстановах адкрытага тыпу. Спадар Маркевiч шукаў месца амаль тры тыднi. 

25 верасьня першы сакратар амбасады ЗША ў Беларусі Тэд Контэк і трэці сакратар Ян Тэрнэр наведалі Асіповіцкую і Жлобінскую папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу (ПУАТ), каб пабачыць умовы, у якіх утрымліваюцца Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка, і псіхалагічны стан зьняволеных журналістаў. Дыпламаты паведамілі, што амбасада ЗША будзе адсочваць інфармацыю па перасьледзе журналістаў «Пагоні» і прыкладаць усе намаганьні, каб падобныя справы ў далейшым былі немагчымыя.Перад візітам амерыканцаў міліцыянты Жлобінскай «хіміі» падфарбавалі ўваход ва ўстанову. На службовай машыне за¬бралі П. Мажэйку з піларамы за дзьве гадзіны да заканчэньня працы. Супрацоўнікі мясцовага Камітэту дзяржаўнай бясьпекі праверылі ўсе пакоі «хіміі»... Увесь час за машынай супрацоўнікаў амбасады сьледавала іншая машына, з якой кожны крок дыпламатаў здымаўся на відэакамеру. 

15 кастрычніка Менскі гарадзкі суд пастанавіў пакінуць у сіле прысуд Першамайскага раённага суда галоўнаму рэдактару газеты «Рабочы» Віктару Івашкевічу. Касацыйную скаргу адваката Тацяны Станкевіч суд адхіліў. Разгляд скаргі доўжыўся ня больш за паўгадзіны. На адмену выраку суда першай інстанцыі ні В.Івашкевіч, ні адвакат Т.Станкевіч не разьлічвалі. Адзінае, на што спадзяваўся галоўны рэдактар «Рабочага», – гэта скарачэньне тэрміну абмежаваньня волі паводле Закону аб амністыі. 

Напрыканцы кастрычніка пракуратура Цэнтральнага раёну г.Менску ўзбудзіла крымінальную справу супраць грамадзянкі Аксаны Новікавай па арт.367 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (паклёп у адносінах да прэзідэнта РБ). Аксана Новікава была затрыманая ў Менску 17 кастрычніка за распаўсюджаньне ўлётак у раёне Кастрычніцкай плошчы. У пастанове аб узбуджэньні крымінальнай справы сказана: «17 кастрычніка Аксана Новікава каля дому № 23 па прасьпекце Ф.Скарыны займалася распаўсюджаньнем улётак, якія ўтрымліваюць паклёп у адносінах да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, спалучаны з абвінавачаньнем у цяжкім злачынстве». Аксане Новікавай пагражае абмежаваньне альбо пазбаўленьне волі тэрмінам да 5 гадоў. У адносінах да А. Новікавай абраная мера стрыманьня – падпіска аб нявыезьдзе. Аксане Новікавай 29 гадоў, адукацыя сярэдняя сьпецыяльная – тэхнолаг вырабаў са скуры, працавала прыватным прадпрымальнікам, пэўны час жыла ў Парыжы, дзе нарадзіла дачку. Пасьля вярнулася на Радзі¬му – у Менск... 

16 сьнежня рэдактар газеты «Рабочы» Віктар Івашкевіч выправіўся ў Баранавічы адбываць пакараньне, а 18 сьнежня ўладкаваўся на працу кур’ерам у недзяржаўнай Баранавіцкай газеце «Интэкс-пресс». Начальства сьпецкамендатуры, пры якой адбывае сваё пакараньне В.Івашкевіч, ня мае нічога супраць і ставіцца да яго «афіцыйна-добразычліва». 

26 сьнежня Мікола Маркевіч а 16-й гадзіне быў зьмешчаны на лячэньне ў 2-ю гарадзенскую бальніцу. Ён знаходзіцца ў кардыялагічным аддзяленьні, у яго высокі ціск. З 23 сьнежня яго адпусьцілі з Асіповіцкай сьпецкамендатуры дахаты ў Гародню. 26 сьнежня а 22-й гадзіне галоўны рэдактар «Пагоні» павінен быў прыбыць назад у Асіповічы — да месца адбываньня пакараньня. Аднак ён адчуў сябе вельмі кепска і мусіў зьвярнуцца па медыцынскую дапамогу.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна

 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster