|
2. ПАЛІТЫЧНА МАТЫВАВАНЫЯ КРЫМІНАЛЬНЫЯ СПРАВЫ
На пачатку году пачалася новая хваля арыштаў кіраўнікоў буйнейшых прадпрыемстваў краіны, самымі гучнымі з якіх былі – затрыманьне 8 студзеня ў Оршы «пры спробе пакінуць краіну» дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава, а таксама арышты дырэктара Гомельскага радыёзаводу Анатоля Кірыкава і дырэктара Задняпроўскага рынку ў Магілёве Анатоля Пратасені. Супраць дырэктараў буйнейшых прадпрыемстваў узбуджаюцца крымінальныя справы па артыкулах за нядбайнасьць і за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, якія нанесьлі шкоду ў буйных памерах. Дырэктары рынкаў абвінавачваюцца ў тым, што бралі хабар на працоўных месцах... Паказальным зьяўляецца абвінавачаньне ў дачыненьні да Міхаіла Лявонава. Яму інкрымі¬нуецца ўдзел у злачынствах, прадугледжаных артыкуламі 166 (ч. 2) і 168 КК РБ – злоўжываньне службовым становішчам, якое мела цяжкія наступствы, а таксама нядбайнасьць, якая нанесла шкоду ў асабліва буйных памерах. Дарэчы, імя М. Лявонава гучала сярод патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі, але ён не адважыўся вылучыць сваю кандыдатуру. Новыя арышты кіраўнікоў прадпрыемстваў – працяг кампаніі, распачатай А.Лукашэнкам адразу пасьля прэзідэнцкіх выбараў затрыманьнем кандыдата ў прэзідэнты, дырэктара Менскага заводу халадзільнікаў Леаніда Калугіна. Нагадаем, што тады А.Лукашэнка заявіў, што за кратамі апынецца пятнаццаць «дырэктараў». Як бачым, «план» пасьпяхова выконваецца.
2 студзеня завочна асуджаныя чатыры ўдзельнікі Маршу Свабоды 17 кастрычніка 1999 году. Герман Сушкевіч, Глеб Догіль, Андрэй Валабуеў, Антон Лазараў пакараныя штрафамі ў 50 мінімальных заробкаў за хуліганства. Менскі гарадзкі суд правёў слуханьне без удзелу аб¬вінавачаных, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, дзе атрымалі статус палітычных уцекачоў.
25 студзеня на выніковай калегіі МУС міністр унутраных справаў Беларусі Уладзімір Навумаў паведаміў, што ў 2001 годзе ў Беларусі да крымінальнай адказнасьці былі прыцягнутыя каля 400 кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацыяў. Вынікі працы МУС у гэтым кірунку, паводле словаў міністра, «абнадзейваючыя».
25 студзеня былому дырэктару Менскага заводу халадзільнікаў «Атлант» Леаніду Калугіну працягнутае да 4 месяцаў утрыманьне пад вартай. Л.Калугін па-ранейшаму ўтрымліваецца ў Рэспубліканскай псіхіятрычнай клінічнай бальніцы «Навінкі». Абвінавачаньне Л.Калугіну было прад’яўленае па трох артыкулах: злоўжываньне службовым становішчам, нядбайнасьць і атрыманьне хабару.
11 лютага каля паўсотні чалавек сталі ў жывы ланцуг пад сьценамі Менскай калоніі УЖ 15/1 на вуліцы Кальварыйскай. У гэты дзень споў¬нілася роўна чатыры гады з таго часу, як па сфабрыкаваным абвінавачаньні быў кінуты за краты дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, бізьнесовец Андрэй Клімаў. Каля сьценаў турмы сабраліся сваякі, сябры і калегі Андрэя Клімава па працы ў Вярхоўным Савеце і проста беларускія грамадзяне, якім неабыякавы лёс рэпрэсаваных суайчыньнікаў. Шматлікія супрацоўнікі міліцыі ў форме і ў цывільным фіксавалі ўсё на відэастужку.
У лютым адвакат Сяргей Цурко ад імя прафесара Юрыя Бандажэўскага, былога рэктара Гомельскага медінстытуту, які ў 2001 годзе быў асу¬джаны Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь да 8 гадоў пазбаўленьня волі, за быццам бы атрыманьне хабару і цяпер працягвае адбываць тэрмін зьняволеньня ў калоніі ўзмоцненага рэжыму УЖ 15/1 у Менску, падрыхтаваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН у Жэневе. С.Цурко атрымаў з Жэневы пацьверджаньне, што скарга прызнаная прымальнай і прынятая для разгляду.
12 сакавіка судзьдзя Ленінскага раёну г.Менску Сяргей Хрыпач вынес прысуд сыну экс-прэм’ер-міністра беларускага ўраду Аляксандру Чыгіру – 7 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і ўтрыманьнем у калоніі строгага рэжыму. Яшчэ два чалавекі – Антон Яшын, хворы на сухоты, набытыя ў часе знаходжаньня ў сьледчым ізалятары, і Зьміцер Юцкевіч атрымалі адпаведна 7 з паловай і 11 з паловай гадоў зьняволеньня: Яшын – у калоніі строгага рэжыму, Юцкевіч – узмоцненага... Аляксандру Чыгіру, малодшаму сыну былога кіраўніка беларускага ўраду Міхаіла Чыгіра, сьледзтва інкрымінавала продаж запчастак скрадзеных аўтамабіляў. Разам з Аляксандрам па справе праходзілі Антон Яшын і Зьміцер Юцкевіч. Апошнія абодва раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці. Яны на папярэдніх судах прызнавалі сваю віну. Гэтым разам і Юцкевіч, і Яшын апошнім словам заявілі пра сваю невінаватасьць. Ранейшыя гэтак званыя прызнаньні, як адзначылі падсудныя, у іх выбівалі сьледчыя. Прысуд выклікаў шок ва ўсіх прысутных на апошнім паседжаньні. У часе разгляду справы ў судзе абаронцамі падсудных усе довады так званых «пацярпелых» літаральна разваліліся. З трох эпізодаў, інкрымінаваных сьледзтвам, пацьверджаньне знаходзіў толькі адзін: калі Антон Яшын здагадваўся, што набыў і потым перапрадаваў магчыма скрадзены «Форд». Пры тым ён не па¬дзяліўся сваімі падазрэньнямі ні з Чыгіром, ні з Юцкевічам. Тым ня менш, судзьдзя папросту выканаў просьбу дзяржаўнага абвінаваўцы – Слукі... Бацька асуджанага, былы кіраўнік ураду Міхаіл Чыгір на сто адсоткаў упэўнены, што прысуд ягонаму сыну зьяўляецца «адкрытай палі¬тычнай замовай, фарсам і помстаю ўладаў за актыўную жыцьцёвую і палітычную пазіцыю». Маці Аляксандра Чыгіра Юлія Станіславаўна на судовым працэсе выступала ў якасьці абаронцы сына. Але, паводле ейных словаў, аніякія довады абароны пры вынясеньні прысуду ў разьлік прынятыя не былі. Юлія Чыгір сама, як і муж, падпала пад крымінальны перасьлед у часе судовага працэсу над Міхаілам Чыгіром.
13 сакавіка Юлія Чыгір – маці асуджанага на 7 гадоў зьняволеньня Аляксандра Чыгіра – і адвакат Аляксандр Пыльчанка падалі скаргу ў Гарадзкі суд Менску, у якой патрабуюць адмяніць жорсткі прысуд. Яны лічаць крымінальны перасьлед А.Чыгіра помстай за палітычную дзейнасьць бацькі – былога прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.
25 сакавіка а палове на дзевятую раніцы з папраўча-працоўнай установы УЖ15/1, у народзе больш вядомай як турма па вуліцы Кальварыйскай, быў вызвалены дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэй Клімаў. Рашэньне пра ягонае вызваленьне прыняла выязная калегія Цэнтральнага суда Менску. Асуджаны тры гады таму да шасьці гадоў пазбаўленьня волі, Андрэй Клімаў адседзеў дзьве траціны адмеранага тэрміну — і па беларускім заканадаўстве здабыў права на датэрміновае вызваленьне. Сімвалічна, што на волю Андрэй Клімаў выйшаў менавіта ў Дзень Волі.
21 траўня адбылося чарговае паседжаньне суда па крымінальнай справе супраць былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра . Экс-прэм’еру інкрымінуюць службовую нядбайнасьць, няпоўную выплату падаходнага падатку з заробку, наўмыснае ўтойваньне прыбыткаў і ўхіленьне ад выплаты падаткаў падчас ягонай працы кіраўніком прадстаўніцтва нямецкай фірмы «Гея» ў Маскве. Слуханьні распачаліся ў Фрунзенскім раённым судзе Менску каля двух тыдняў таму. М. Чыгіру інкрымінуецца быццам бы наўмыснае ўтойваньне ад падатковых органаў Беларусі прыбытку памерам 66 тысячаў даляраў. Міхаіл Чыгір заяўляе суду, што ў часе працы ў нямецкай кампаніі «Гея» ён ня жыў у Беларусі, а таму ня мусіў плаціць тут ніякіх падаткаў, і спасылаецца на нормы дзейнага тады закону «Аб падаходным падатку з грамадзянаў». Паводле гэтага закону, грамадзянін не павінен плаціць падаткаў, калі ён не знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі больш за 183 дні ў годзе. Адвакат М.Чыгіра Аляксандр Пыльчанка лічыць, што абвінавачаньне не грунтуецца на патрабаваньнях закону, а таму прысуд павінен быць апраўдаўчы.
30 траўня экс-дырэктар аб’яднаньня «Атлант» Леанід Калугін вызвалены з-пад варты ў сувязі са зьменаю меры стрыманьня. Сьледзтва па справе Л.Калугіна завершанае, абвінавачаны і ягоная абарона азнаёміліся з матэрыяламі справы, якую перадалі з Камітэту фінансавых расьсьледваньняў у пракуратуру для рашэньня пытаньня пра перадачу справы ў суд.
10 чэрвеня дакладчык Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) па Беларусі нямецкі дэпутат Вольфганг Бэрэндт і кіраўнік фракцыі сацыялістаў ПАРЕ Тэры Дэйвіс наведалі ў менскай турме палітзьняволенага — былога рэктара Гомельскага медінстытуту Юрыя Бандажэўскага. Вольфганг Бэрэндт адзначыў, што, на ягоную думку, умовы ўтрыманьня Ю.Бандажэўскага ў сувязі з падрыхтоўкай адміністрацыі турмы да гэтага візіту палепшыліся...
19 чэрвеня Міжнародная ліга правоў чалавека зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з тым, што Андрэю Клімаву ня выдалі выязной візы. З гэтай прычыны ён ня зможа прыняць удзел у Парламенцкай сесіі АБСЕ, якая пройдзе ў Берліне. Андрэй Клімаў адседзеў у турме чатыры гады.
23 ліпеня да трох гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады і канфіскацыяй маёмасьці асуджаны былы прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір. Каля чатырох гадзінаў судзьдзя Фрунзенскага раённага суда г.Менску Н. Варэнчык зачытвала прысуд у перапоўненай зале. Міхаіла Чыгіра абвінавачвалі ў тым, што ў час кіраваньня ім «Белаграпрамбанкам» ён, выдаўшы крэдыт памерам у 1 мільён даляраў на закуп ліфтоў, праявіў «нядбайнасьць» (арт. 427 КК РБ). Суд спыніў гэтую справу «за тэрмінам даўніны», бо падзеі адбываліся ў 1994 годзе. У зыску па крымінальнай справе «Белаграпрамбанку» адмовілі, і цяпер кіраўніцтва банку можа ініцыяваць грамадзянскі зыск. Яшчэ адно абвінавачаньне – утойваньне Міхаілам Чыгіром падаткаў на суму 8.357.000 рублёў (арт. 160 КК РБ) у 1998-99 гадах. У гэты час Чыгір працаваў у расійскім прадстаўніцтве нямецкай фірмы «Gea AGD». Судзьдзя прыняла рашэньне, што ў гэтай справе Міхаіл Чыгір вінаваты, і асудзіла яго да 3 гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады і канфіскацыяй маёмасьці. М. Чыгір таксама пазбаўлены магчымасьці займаць кіраўнічыя пасады на працягу 5 гадоў. Пастановай суда ён абавязаны ўнесьці ў бюджэт 8.357.000 рублёў, а таксама заплаціць дзяржпадатак памерам 403 тысячы рублёў. Адвакат Міхаіла Чыгіра Аляксандр Пыльчанка заявіў, што на рашэньне суда ён разам са сваім кліентам пададуць касацыйную скаргу ў суд найвышэйшай інстанцыі. Адвакат таксама нагадаў, што ў 1999 годзе Міхаіл Чыгір адседзеў 8 месяцаў у сьледчым ізалятары і таму хаваць падаткі фізічна ня мог. Адвакат зьвярнуў увагу на тое, што суд цалкам задаволіў патрабаваньне пракурора. Сам Міхаіл Чыгір назваў прысуд «асабістай помстай Аляксандра Лукашэнкі». «Судзьдзя толькі зачытала прысуд. Пісаўся ж ён у Адміністрацыі прэзідэнта», – лічыць Чыгір. Ён мяркуе, што яго пазбавілі магчымасьці пяць гадоў займаць кіраўнічыя пасады з тым разьлікам, каб ён ня здолеў узяць удзел у наступных прэзідэнцкіх выбарах. На працэсе прысутнічалі прадстаўнікі амбасады Францыі, Кансультацыйна-назіральнай місіі АБСЕ, а таксама амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак... Міхаіл Чыгір, які кіраваў кабінетам міністраў РБ з 1994 па 1996 год, быў затрыманы ў сакавіку 1999 году пасьля таго, як ён пачаў адкрыта падтрымліваць дэмакратычныя сілы. Ён адседзеў у сьледчым ізалятары 8 месяцаў, і ў 2000 годзе гарадзкі суд Менску асудзіў яго на 3 гады пазбаўленьня волі ўмоўна. Аднак Вярхоўны суд адмяніў гэтае рашэньне і цалкам апраўдаў сп. Чыгіра. Пасьля гэтага зьявілася справа, па якой Міхаіл Чыгір зноў быў асуджаны да трох гадоў пазбаўленьня волі.
24 ліпеня Ігар Аксёнчык, адвакат, які быў у судзе прадстаўніком маці Дз. Завадзкага, быў выкліканы ў пракуратуру Ленінскага раёну г. Менску. Там яму было прад’яўленае абвінавачаньне па артыкуле 188 Крымінальнага кодэксу, ч.2 – «паклёп у дачыненьні да службовай асобы, спалучаны з абвінавачаньнем у зьдзяйсьненьні цяжкага злачынства». Сьледчыя вядуць гаворку пра паклёп на Генеральнага пракурора Віктара Шэймана. Верагодна, што прад’яўленьне абвінавачаньня адвакату ў сувязі з ягонымі заявамі ў прэсе выкліканае патрабаваньнем Лукашэнкі прыцягнуць да адказнасьці «на поўную катушку» тых, хто «дыскрэдытуе дзяржаўную ўладу». Сам адвакат Аксёнчык лічыць, што ягоны перасьлед быў санкцыянаваны найвышэйшымі службовымі асобамі краіны. Сваю віну ён цалкам адмаўляе. І. Аксёнчыку пагражае да двух гадоў пазбаўленьня волі.
8 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёну г.Менску пачаўся судовы працэс па крымінальнай справе ў адносінах да адваката Ігара Аксёнчыка. У судзе Ігар Аксёнчык заявіў хадайніцтва пра выклік у якасьці сьведкі Вольгі Завадзкай. Судзьдзя Валянціна Крывая не задаволіла хадайніцтва ў сувязі з тым, што В.Завадзкая давала падпіску пра неразгалошваньне матэрыялаў сьледзтва.
12 кастрычніка судзьдзя Валянціна Крывая вынесла прысуд па справе Ігара Аксёнчыка: адвакат асуджаны на паўтары гады пазбаўленьня волі з двухгадовай адтэрміноўкай. Працэс быў закрытым, і ўпершыню ў сучаснай гісторыі Беларусі паводле крымінальнага артыкулу быў асуджаны адвакат за словы, сказаныя падчас судовага працэсу. Галоўная інтрыга працэсу заключалася ў асобе, якую суд прызнаў пацярпелай – Генеральнага пракурора РБ Віктара Шэймана, пра якога Аксёнчык сказаў, што ён нібыта асноўны падозраны ў справах зьніклых. З прысуду вынікае, што гэтыя падазрэньні адваката зьяўляюцца паклёпам на Генеральнага пракурора, за што адвакату і давядзецца несьці крымінальную адказнасьць. Ігар Аксёнчык, аднак, лічыць сябе невінаватым і заяўляе, што дзейнічаў у адпаведнасьці з законам і службовымі абавязкамі.
1 лістапада Менскі гарадзкі суд у касацыйнай вытворчасьці разгле¬дзеў скаргу былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхала Чыгіра, які 23 ліпеня быў прызнаны вінаватым ва ўтойваньні падаткаў і нядбайнасьці. Як і чакала абарона падсуднага, яго скарга незадаволеныя, а вырак суда Фрунзенскага раёну сталіцы Беларусі пакінуты бяз зьменаў. У выніку з 1 лістапада афіцыйна ўступіў у сілу прысуд, згодна з якім былы кіраўнік беларускага ўраду на працягу 5 гадоў ня здолее балатавацца нават у дэпутаты мясцовага Савету, ня кажучы ўжо пра ўдзел у парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах. Рашэньне суда ня стала нечаканасьцю для Міхаіла Чыгіра. Ён і раней казаў, што свае надзеі на апраўданьне ўскладае выключна на Вярхоўны суд, на які ня так і проста націснуць, і які адзіны ў Беларусі яшчэ можа праявіць хоць нейкую незалежнасьць ад уладаў.
У сьнежні жонка сусьветна вядомага ра¬дыё¬лага Юрыя Бандажэўскага Галіна Бандажэўская перад паездкай у Парыж на Сустрэчу, арганізаваную Міжнароднай амністыяй дзеля прыцягненьня сусьветнай увагі да асобы зьняволенага прафесара, расказала ў ГА «Праваабарончы цэнтр «Вясна» пра сітуацыю, у якой знаходзіцца зараз яе муж: «Бытавыя ўмовы ўтрыманьня палепшыліся, але ягонае самаадчуваньне пагоршылася. Асабліва гэта тычыцца псіхалагічнага стану. У калоніі яму займацца навукай нельга. Ён у абсалютнай ізаляцыі. Яго гняце ня так сама няволя, як адсутнасьць сувязі з навуковым сьветам. Ён гаворыць: «Я ня ведаю, ці здолею я тут пра¬трымацца, бо адчуваю ў галаве вакуум самы сапраўдны». Нам дазваляюць перадаваць яму раз на чатыры месяцы адну прадуктовую перадачу на 30 кілаграмаў. А ў мужа язва. І ад той ежы, якую даюць у калоніі, пачынаюцца болі, слабасьць... Я хацела, каб людзі даведаліся, як на сёньняшні дзень складаецца сітуацыя з вывучэньнем наступстваў чарнобыльскай катастрофы. У 1998 годзе прафесар Бандажэўскі напісаў Аляксандру Лукашэнку ліст, каб паведаміць, што ў Гомельскай вобласьці склалася сітуацыя, якая пагражае здароўю лю¬дзей. Асаб¬лівая небясьпека – для дзяцей і цяжарных жанчын. У сваім лісьце да прэ¬зідэнта РБ прафесар Бандажэўскі падкрэсьліваў актуальнасьць навуковых распрацовак, якія тычацца ўзьдзеяньня малых дозаў радыяцыі на арганізм чалавека. Юры Бандажэўскі імкнуўся падрыхтаваць маладых сьпецыялістаў-радыёпатолагаў, якія маглі б займацца навуковымі дасьледаваньнямі... Аднак у 1999 го¬дзе ён быў арыштаваны...
Дзеля таго, каб прыйсьці да высновы, што цэзій усё ж пашкоджвае сэрца, Бандажэўскі карыстаўся трыма асноўнымі крыніцамі – клініч¬ным матэрыялам, дадзенымі, атрыманымі падчас ускрыцьця памерлых і дадзенымі эксьперыментаў (лабараторных пацукоў кармілі забруджаным радыёнуклідамі зернем). І толькі калі ўсё ў комлексе пацьвердзілася, ён зрабіў высновы пра ўплыў малых дозаў радыяцыі на арганізм чалавека. Прафесар Бандажэўскі 9 гадоў жыцьця прысьвяціў вывучэньню гэтай праблемы...
Самае дзіўнае, усе разумеюць, што Бандажэўскі сядзіць не за хабар. Гэта разумеюць нават у кіраўніцтве, у парламенце, у адміністрацыі калоніі, але ўсе кажуць адно: «Што мы можам зрабіць? Такі прысуд Вярхоўнага суда». Атрымліваецца, што мы ўсё разумеем і губім чалавека і навукоўцу... Я ўжо ня ведаю, да каго зьвяртацца, каго прасіць. Самае першае пытаньне, якое муж задае пры кожным спатканьні: «За што я пакутую? За што?» Ён пачынае ўпадаць у дэпрэсію, гаворыць, што больш ня будзе займацца чарнобыльскай праблемай. Але жыць без навукі ён ня можа... Праходзіць нейкі час, і ён пачынае мне казаць: «Пакажы, якія дадзеныя ты атрымала?» Але я адчуваю, што яму вельмі цяжка. Ведаю, што зараз на яго аказваюць псіхалагічны ціск, патрабуюць, каб ён прызнаў віну – сваёй рукой напісаў, што прызнае – браў хабар, і просіць памілаваць... Але ён на гэта не пагаджаецца».
Грамадзкія арганізацыі, якія аб’ядноўваюць навукоўцаў Еўропы і Амерыкі, неаднаразова зьвярталіся да прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнямі амніставаць прафесара Юрыя Бандажэўскага. Але адказу на іх звароты няма.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|