|
3. ПРАБЛЕМА ЗЬНІКНЕНЬНЯ ГРАМАДЗКІХ І ПАЛІТЫЧНЫХ ДЗЕЯЧОЎ У БЕЛАРУСІ. АДСТОЙВАНЬНЕ ПРАВА ГРАМАДЗТВА НА ПРАЎДЗІВУЮ ІНФАРМАЦЫЮ ПРА ЗЬНІКЛЫХ
4 студзеня, у дзень нараджэньня былога міністра ўнутраных справаў Беларусі генерала Юрыя Захаранкі, актывісты моладзевага руху супраціву «Зубр» і Аб’яднанай грамадзянскай партыі правялі акцыю пратэсту. Прайшло ўжо больш за два гады з часу зьнікненьня актыўнага дзеяча апазіцыі, але ўлады так і не прынялі ніякіх мераў па высьвятленьні ягонага лёсу. Пікет адбыўся на скрыжаваньні менскіх вуліцаў Магілёўскай і Прыгожай, дзе 7 траўня 1999 году і прапаў Юры Захаранка. У акцыі ўзялі ўдзел каля сарака актывістаў «Зубра» і АГП, а таксама сябры і суседзі Ю.Захаранкі, які зьнік паблізу ад месца жыхарства.
17 студзеня прэзідэнт Рэспублікі Польшча Аляксандр Квасьнеўскі падчас сваёй сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным перадаў расійскаму прэзідэнту ліст беларускіх жанчын – жонак апазіцыйных Лукашэнку палітыкаў, родныя якіх прапалі бяз вестак. На прэс-канферэнцыі А.Квасьнеўскі сказаў, што ён спадзяецца, што Пуцін, карыстаючыся сваімі магчымасьцямі, «высьветліць гэтае пытаньне». А.Квасьнеўскі пацьвердзіў, што падчас гутаркі закраналася тэма Беларусі і стаўленьня да беларускай апазіцыі. Па ягоных словах, з гэтым пытаньнем зьвязаны «вялікі неспакой» расійскага прэзідэнта. «Беларусь, вядома ж, застаецца важным партнёрам, але прэзідэнт усьведамляе, што прэзідэнт Лукашэнка – гэта вельмі цяжкі партнёр», — патлумачыў Квасьнеўскі.
28 студзеня на закрытым судовым працэсе было працягнутае дасьледаваньне эпізодаў выкраданьня аператара расійскага тэлеканалу ОРТ Дзьмітрыя Завадзкага, якое адбылося 7 ліпеня 2000 году. Па справе групы былога афіцэра сьпецпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча былі дапытаныя важныя сьведкі. У прыватнасьці, дапытаны адзін з блізкіх сваякоў абвінавачанага па гэтай справе Мак¬сіма Маліка, які быў дастаўлены ў суд нечакана – «прыводам», проста з Баранавічаў (Берасьцейская вобласьць), дзе жыве. Верагодна, разьлік быў на тое, што сваяк ня зможа скаардынаваць свае паказаньні з паказаньнямі іншых дапытаных на працэсе. Паводле словаў сьведкі, вечарам 6 ліпеня 2000 году ён размаўляў з Максімам Малікам па тэлефоне, і той сказаў яму, што сьпяшаецца, бо тэрмінова выязджае ў Менск, каб ужо 7 ліпеня выехаць за межы Беларусі. Такім чынам, пад сумнеў па¬стаўленае алібі Маліка, бо раней іншыя ягоныя сваякі сьцьвярджалі, што ён правёў ноч з 6 на 7 ліпеня дома, у Барысаве. Апрача таго, паводле словаў сваяка, Максім Малік летам 2000 году казаў яму, што рыхтуецца перайсьці з «Алмазу» ў службу бясьпекі прэзідэнта. Раней на судзе былі абвешчаныя пісьмовыя паказаньні колішняга сябра Ігнатовіча — былога супрацоўніка атраду міліцыі асаблівага прызначэньня Антона Кабзара. У іх падрабязна расказваецца пра злачынствы, нібыта ўчыненыя Ігнатовічам, а таксама пра яго планы. У прыватнасьці, пра сумесную паездку з Ігнатовічам і нейкім Аляксандрам Лявоненкам, у той час супрацоўнікам службы бясьпекі прэзідэнта, у расійскі горад Бранск. (Пазьней Лявоненка быў звольнены з СБП, і цяперашнім часам ён служыць у «Алмазе».) У Бранску яны вымагалі буйную суму ў далярах у расійскага бізнэсоўца.
11 лютага стала вядома, што вось ужо 19 дзён ні сям’я, ні сябры ня бачылі 24-гадовага жыхара г.Віцебску Юрася Корбана – старшыню Цэнтру моладзевых ініцыятываў "Контур”, намесьніка старшыні Віцебскай абласной суполкі партыі БНФ. Юрась зьнік у ноч з 19 на 20 студзеня. Зьбіраючыся дахаты, ён патэлефанаваў маці і паведаміў, што хутка бу¬дзе. Але дамоў ён не прыйшоў ні ў той вечар, ні назаўтра. Праз колькі дзён ён зноў патэлефанаваў маці і сябрам і нейкім дзіўным голасам сказаў, што з ім усё добра, і ён неўзабаве зьявіцца. Але вось ужо больш за тыдзень ад яго не было ніякіх зьвестак. Маці Юрася падала заяву аб вышуку ў міліцыю.
13 лютага старшыня «Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі на прэс-канферэнцыі, якая адбылася з нагоды зьнікненьня лідэра віцебскага Цэнтру моладзевых ініцыятываў «Контур» Юрася Корбана, заявіў наступнае: «Контур» даволі актыўна праводзіў непалітычную выбарчую кампанію. Арганізоўваў незалежнае назіраньне ў Віцебску. І, безумоўна, мы павінны патрабаваць больш актыўных дзеяньняў міліцыі. Бо ў сітуацыі, калі маці Юрася даволі даўно зьвярнулася ў праваахоўныя органы, з іхняга боку мы ня бачым ніякіх планамерных дзеяньняў па пошуку ці прапрацоўцы версіяў зьнікненьня Юрася». Ён таксама выказаў меркаваньне, што да справы пошуку Юрася мусіць далучыцца менская міліцыя і Камітэт фінансавых расьсьледваньняў. Супрацоўнікі гэтай установы нядаўна завялі крымінальную справу супраць ЦМІ, які ўзначальваў Ю. Корбан, і абвінавачвалі яго ў фінансавай падтрымцы недзяржаўных арганізацыяў Віцебшчыны.
13 лютага пракурор Хведар Шэдаў заявіў, што віна Ігнатовіча і ягонай групоўкі была ў судзе цалкам даказаная. Ён таксама назваў даказанымі эпізоды пра выкраданьне аператара ОРТ Дзьмітрыя Завадзкага і грамадзяніна Котава з Мар’інай Горкі, забойствы сем’яў Агаевых і Насібавых у Менску, забойства грамадзяніна Ясько ў Барысаве і іншыя злачынствы, у тым ліку крадзяжы і бандытызм. Спасылаючыся на 139-ы артыкул Крымінальнага кодэксу, пракурор прасіў суд прызначыць Валерыю Ігнатовічу, Максіму Маліку, Сяргею Савушкіну і Аляксею Гузу вышэйшую меру – сьмяротнае пакараньне. Адвакат Сяргей Цурко, які прадстаўляе інтарэсы жонкі зьніклага Дзьмітрыя Завадзкага Сьвятланы, у сваім выступе не падтрымаў меркаваньне пракурора наконт віны Ігнатовіча і ягонага сябра Маліка ў выкраданьні Дз.Завадзкага. Сяргей Цурко лічыць іх віну недаказанай і настойвае на падаўжэньні сьледчых дзеяньняў з абвінавачанымі ды пошукаў Завадзкага. Зрабіў заяву для журналістаў і абаронца інтарэсаў маці Завадзкага Ігар Аксёнчык. Ён выказаўся вельмі рашуча адносна кіраўніцтва пракуратуры і ўсёй краіны. Кіраўніка пракуратуры Віктара Шэймана адвакат Аксёнчык назваў «галоўным падазроным» у справе Завадзкага, а пра Аляксандра Лукашэнку сказаў, што той нібыта спыніў расьсьледаваньне гэтай справы. Аксёнчык перакананы ў віне Ігнатовіча і ягоных саў¬дзельнікаў, але лічыць, што не названыя тыя, хто замовіў злачынства, якое яны зрабілі. Адвакат ня мае сумневу, што рана ці позна гэтыя «заказчыкі» будуць названыя. Пракуратура Беларусі адрэагавала рэзкай заявай на словы І. Аксёнчыка. Прэс-сакратар рэспубліканскай пракуратуры Аляксей Таранаў назваў ягоныя выказваньні «паклёпніцкімі» і сказаў, што «рэакцыя на іх будзе жорсткай, але выключна ў адпаведнасьці з законам».
14 сакавіка Менскі абласны суд вынес прысуд па справе так званай «банды Ігнатовіча», якая абвінавачвалася ў зьдзяйсьненьні сямі злачынстваў, у тым ліку – у выкраданьні ў ліпені 2000 году аператара ОРТ Дзьмітрыя Завадзкага. Менавіта гэты эпізод абвінавачаньня выклікаў вялікую ўвагу грамадзкасьці да справы як у Беларусі, так і за яе межамі. У выкраданьні Дзьмітрыя Завадзкага абвінавачваліся і атрымалі пакараньне – пажыцьцёвыя зьняволеньні – былыя байцы сьпецпадразьдзяленьня «Алмаз» Валеры Ігнатовіч і Максім Малік. Суд прызнаў іх віну даказанай, аднак родныя Завадзкага – ягоная маці і жонка – выказалі сумнеў у тым, што менавіта гэтыя людзі вінаватыя ў зьнікненьні Дзьмітрыя, а вынікі суда разглядаюць як спробу адрапартаваць, што справядлівасьць перамагла і злачынцы пакараныя. Сумняваецца ў дачыненьні Ігнатовіча і Маліка да выкраданьня аператара ОРТ і адвакат Сяргей Цурко, які падчас судовага працэсу прадстаўляў інтарэсы жонкі Дзьмітрыя Завадзкага Сьвятланы. Гэты сумнеў ён выказаў падчас свайго выступу ў судзе, сьцьвярджаючы: «У мяне па кожным прад’яўленым доказе абвінавачаньня няма выразнай яснасьці ў вінаватасьці Ігнатовіча і Маліка. Літаральна па кожным факце сумневы, і гэтыя сумневы грунтуюцца ня столькі на парушэньнях (Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ – рэд.), але ў асноўным на даволі супярэчлівых ды блытаных паказаньнях сьведкаў як падчас сьледзтва, так і ў судзе... І як мне здаецца, засталося нявырашаным галоўнае пытаньне для маёй даверніцы Сьвятланы Завадзкай – што адбылося з яе мужам, бацькам іх сына, дзе ён зараз? Мяркую, што ўвесь ход судовага працэсу ня змог знайсьці адказу на дадзенае пытаньне. Прыняць версію абвінавачаньня не магу, лічу яе не дастаткова пераканаўчай у фактах, што маюцца». Такія высновы адвакат робіць паводле аналізу фактаў па вы¬краданьні Дз. Завадзкага, выкладзеных падчас судовага разьбіральніцт¬ва. Адразу ж сп-р Цурко адзначае, што ён ня меў магчымасьці рабіць аналіз усіх фактаў па справе, паколькі быў пазбаўлены, і на ягоную думку, незаконна, магчымасьці прымаць удзел у дасьледваньні матэрыялаў справы з закрытых тамоў з-за адсутнасьці допуску да дзяржаўнай таямніцы.
25 сакавіка Вольга Завадзкая – маці аператара ОРТ Дзьмітрыя Завадзкага, яго жонка Сьвятлана Завадзкая і прадстаўнік Сьвятланы Завадзкай Сяргей Цурко падалі скаргу ў Вярхоўны суд на прысуд Менскага абласнога суда па справе аб зьнікненьні Дзьмітрыя Завадзкага. Адвакат Сяргей Цурко гаворыць: «У прысудзе Менскага абласнога суда нас не задаволіла тое, што пры супярэчлівасьці і недастатковасьці доказаў у выкраданьні Завадзкага прызналі вінаватымі Ігнатовіча і Маліка. А тыя доказы, якія пакладзеныя ў аснову прысуду, здабытыя з вельмі вялікімі парушэньнямі. Засталося вялікае пытаньне – яны ці не яны вінаватыя ў зьнікненьні Дзьмітрыя Завадзкага. Мы патрабуем закрыцьця крымінальнай справы па эпізодзе, зьвязаным з Завадзкім, у адносінах да Ігнатовіча і Маліка з-за недаказанасьці. Калі гэта адбу¬дзецца, то будзе працягнутае расьсьледваньне, Дз. Завадзкага будуць інтэнсіўна шукаць. Бо недастаткова ведаць, што Завадзкага выкралі, трэба ведаць, што з ім адбылося далей. На дадзены момант мы ня ведаем адказу на асноўнае пытаньне – дзе Дзьмітры Завадзкі?».
7 траўня, у трэцюю гадавіну зьнікненьня былога міністра ўнутраных справаў РБ генерала Юрыя Захаранкі, у цэнтры Менску адбылася акцыя «Ланцуг неабыякавых людзей». У ёй узялі ўдзел дзясяткі мінчукоў. Удзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты зьніклых за гэтыя гады Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзьмітрыя Завадзкага, памерлага пры нявысьветленых абставінах Генадзя Карпенкі і, вядома ж, – Юрыя Захаранкі. У шэрагах людзей, якія прыйшлі выказаць свой пратэст бязьдзеяньню ўладаў у пошуках злачынцаў, былі вядомыя палітыкі, журналісты, праваабаронцы: Аляксандр Дабравольскі, Юры Хадыка, Міхаіл Чыгір, Валеры Шчукін і інш.
7 траўня акцыя «Ланцуг неабыякавых людзей» прайшла і ў іншых гарадах Беларусі:
У Гомелі ў скверы Грамыкі пры распаўсюджаньні праваабарончага бюлетэню «Права на волю» быў затрыманы старшыня Гомельскага абласнога аддзяленьня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Анатоль Паплаўны. Затрыманьне праводзіў начальнік Цэнтральнага РУУС г. Гомелю Іван Смолікаў, які выклікаў нарад міліцыі і даставіў праваабаронцу ў РУУС Цэнтральнага раёну. Там оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Сувега Ю.М. узяў тлумачэньне ў затрыманага і склаў акт аб канфіскацыі бюлетэняў (35 асобнікаў). Пры гэтым Сувега пры складаньні тлумачальнай не карыстаўся паслугамі перакладчыка з беларускай мовы і «старшыня» пераклаў як «начальнік», а «Праваабарончы цэнтр» як «Праваахоўчы цэнтр».
У Магілёве дзясятак актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі і моладзевага руху «Зубр», трымаючы партрэты Ю.Захаранкі, каля 30-ці хвілінаў стаялі на цэнтральнай вуліцы гораду. Мерапрыемства прайшло без здарэньняў.
У Берасьці на вуліцы Савецкай каля кінатэатру «Беларусь» у «Ланцугу...» прымалі ўдзел грамадзяне Берасьця і Пружанаў. Яны трымалі ў руках партрэты зьніклых: Ю. Захаранкі, В. Ганчара, А. Красоўскага і Дз. Завадзкага. Мінакі падыходзілі проста пагутарыць, цікавіліся акцыяй, выказвалі маральную падтрымку яе ўдзельнікам.
17 траўня ў Менску прайшла чарговая акцыя ў межах кампаніі «Хочам ведаць праўду». Дзясяткі мінчукоў выйшлі на вуліцы гораду з партрэтамі зьніклых у Беларусі людзей.
20 траўня ў штаб-кватэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі прайшла прэс-канферэнцыя жонак і маці зьніклых у Беларусі палітыкаў, прысьвечаная вынікам іх сустрэчы з кіраўніком рабочай групы Парламенцкай асамблеі Утай Цапф.
23 траўня Сьвятлана Завадзкая, жонка аператара ОРТ Зьмітра Завадзкага, які зьнік бяз вестак, заявіла, што некалькі невядомых лю¬дзей у цывільным на двух аўтамабілях сачылі за домам па вуліцы Данілы Сердзіча ў Менску, дзе яна жыве. Як паведаміла Сьвятлана Завадзкая, пра пільнаваньне ёй распавялі суседзі, якія заўважылі два аўтамабілі каля дому 20 траўня з 7.30 да 15 гадзінаў. Машыны знаходзіліся ў розных канцах двара, блакуючы яго. У гэты момант у двары стаяў толькі аўтамабіль С. Завадзкай. Паводле словаў суседзяў, людзі з гэтых двух аўтамабіляў перыядычна хадзілі па двары, кантактаваліся міжсобку. Адна з жыхарак дому даводзіць, што з-пад пінжака аднаго з іх была відная кабура з пісталетам.
У траўні маці зьніклага 19 студзеня г.г. намесьніка старшыні Віцебскай абласной суполкі БНФ Юрася Корбана, занепакоеная прыпыненьнем пошуку сына сьледчымі органамі, накіравала скаргу на імя Генеральнага пракурора РБ В. Шэймана. У скарзе сказана: «У Чыгуначным РУУС г. Віцебску была заведзеная вышуковая справа, а пракуратурай Чыгуначнага раёну – крымінальная справа па факце зьнікненьня майго сына Ю.Корбана. Ні вышуковая справа, ні крымінальная належным чынам не вяліся. Сьледчы па справе быў прызначаны толькі 9 красавіка, напярэдадні яе перапыненьня... Вышуковая справа была перапыненая 12 красавіка ў сувязі са сканчэньнем двухмесячнага тэрміну. За гэты час нічога не было зроблена, бязьдзейнасьць хавалася за таямніцай сьледзтва». Маці Юрася Корбана запатрабавала ад пракурора Чыгуначнага раёну г. Віцебску ўзнавіць справу (была адноўленая да 26 траўня). Жанчына патрабуе ад Генеральнага пракурора РБ узяць пад кантроль вядзеньне справы аб зьнікненьні сына і запатрабаваць дзеля праверкі крымінальную і вышуковую справы. А таксама праверыць законнасьць закрыцьця вышуковай справы.
5 ліпеня на менскай Кастрычніцкай плошчы прайшла акцыя «Ланцуг неабыякавых людзей», прымеркаваная да другой гадавіны зьнікненьня Дзьмітрыя Завадзкага. У ёй узялі ўдзел каля 150 чалавек, у тым ліку жонкі, родныя і блізкія зьніклых бяз вестак Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Акцыя доўжылася адну гадзіну. Напрыканцы яе маці Дзьмітрыя Завадзкага – Вольга Рыгораўна, абыйшла ўсіх прысутных і падзякавала кожнаму, хто прыйшоў падтрымаць іх сям’ю. Хаця крымінальная справа па зьнікненьні Дзьмітрыя Завадз¬кага закрытая, а «вінаватыя» пакараныя, лёс самога Дзьмітрыя пакуль невядомы...
8 ліпеня ў цэнтр Гародні на вуліцу Савецкую выйшлі пікетоўшчыкі, якія трымалі ў руках партрэты Дзьмітрыя Завадзкага. Пасьля заканчэньня акцыі «Хочам ведаць праўду» былі затрыманыя 10 чалавек.
Сярод іх:
1. Данілоўская Ірына;
2. Нех Сьвятлана;
3. Іваноўскі Дзьмітры;
4. Воран Мікола;
5. Істомін Юры;
6. Бабкін Віктар;
7. Салонікаў Алег;
8. Корыкаў Ігар;
9. Чырвоненка Уладзімір;
10. Какарэка Віктар.
10 ліпеня ў судзе Ленінскага раёну г. Гародня праходзілі суды над затрыманымі 8 ліпеня. Судзьдзя Л. Баўсук вынесла апраўдальныя рашэньні па справах Віктара Какарэкі і Мікалая Ворана. Справа ў адносінах да Юрыя Корыкава была прыпыненая, а пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні накіраваны ў Ленінскі РУУС «на дапрацоўку». Кіраўнік мясцовай суполкі «Моладзь АГП» Уладзімір Чырвоненка быў аштрафаваны на 20 мін. заробкаў (200 тыс. рублёў).
16 ліпеня Вярхоўны суд РБ разглядаў касацыйную скаргу сям’і Завадзкіх па прысудзе, вынесеным былым афіцэрам сьпецпадразь¬дзяленьня «Алмаз» Валерыю Ігнатовічу і Максіму Маліку. Разгляд вёў старшыня Калегіі па крымінальных справах, намесьнік старшыні Вярхоўнага суда Уладзімір Пташнік. Спачатку ў залу суда пусьцілі ўсіх – у тым ліку прыкладна паўсотні журналістаў. Але пракурор Дударава адразу ж заявіла хадайніцтва аб тым, каб гэты працэс таксама насіў закрыты характар. Аргументацыя тая самая, што і пры разглядзе крымінальнай справы банды Ігнатовіча ў судзе першай інстанцыі: абвінавачаныя – былыя супрацоўнікі сьпецслужбаў, і таму гэта робіцца дзеля захаваньня дзяржаўных таямніцаў, а таксама ў мэтах бясьпекі сьведкаў. Абвінавачаных у суд не прывозілі. На працэсе зьявіўся адвакат Ігар Аксёнчык, які пасьля сваіх рэзкіх выказваньняў аб спрычыненасьці найвышэйшых службовых асобаў да выкраданьня Завадзкага раптоўна зьнік у сакавіку 2002 году і хаваўся ў Расіі. Аксёнчыка да працэсу не дапусьцілі, бо супраць яго завялі крымінальную справу, і ён пасьля зьнікненьня быў выключаны з Калегіі адвакатаў. У працэсе перагляду справы суд не пагадзіўся з довадамі сям’і Завадзкіх, а таксама сваякоў абвінавачаных Ігнатовіча, Маліка, Гуза і Савушкіна, якім інкрымінавалася выкраданьне Дз.Завадзкага. Адвакаты сьцьвярджалі, што сабраныя сьледзтвам доказы здабытыя з парушэньнем працэсуальных нормаў, таму ня могуць быць пакладзеныя ў аснову абвінаваўчага прысуду. Аднак старшыня Калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда Уладзімір Пташнік абвясьціў, што рашэньне суда першай інстанцыі пераглядацца ня бу¬дзе. Прысуд застаецца ў сіле. Прадстаўнікі сям’і Завадзкіх могуць зьвярнуцца яшчэ ў апошнюю інстанцыю – напісаць наглядную скаргу на імя старшыні Вярхоўнага суда.
19 ліпеня, напярэдадні адкрыцьця фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі правялі акцыю «Хочам ведаць праўду!». Апроч партрэтаў зьніклых палітыкаў Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Дзьмітрыя Завадзкага яны трымалі партрэты загінулага журналіста Анатоля Майсені, нядаўна асуджаных супрацоўнікаў недзяржаўнай газеты «Пагоня» Міколы Маркевіча ды Паўла Мажэйкі, а таксама партрэт Аляксандра Чы¬гіра, нядаўна пераведзенага ў турму строгага рэжыму ў Івацэвічах. За¬трымаць удзельнікаў акцыі некалькі разоў спрабавалі супрацоўнікі Каст¬рычніцкага раённага аддзяленьня міліцыі, а потым вы¬клікалі супрацоўнікаў з кінакамерай ды фотаапаратам, якія здымалі ўдзельнікаў акцыі.
7 жніўня на дзесяць сутак адміністратыўнага арышту асуджаная актывістка гарадзенскай «Маладой Грамады» Сьвятлана Нех. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі – «Ланцуг неабыякавых людзей», які адбыўся ў Гародні 8 ліпеня, у другую гадавіну зьнікненьня журналіста Дз. Завадзкага. Уся віна С.Нех заключалася ў тым, што яна трымала ў руках партрэт зьніклага аператара ОРТ. Прысуд, які вынесла судзьдзя суда Ленінскага раёну г. Гародні Наталя Козел, зьяўляецца беспрэцэдэнтным як мінімум па двух падставах. Па-першае, таму, што толькі ў Гародні ўпершыню за працяглы час «Ланцуг неабыякавых людзей» быў расцэнены як пікет. Па-другое, з дзесяці затрыманых удзельнікаў гэтай акцыі падобны прысуд вынесены пакуль толькі С.Нех. Разгляд справы С.Нех быў адкладзены на месяц з-за таго, што яна адмаўлялася зьяўляцца ў суд Ленінскага раёну. Яна тлумачыла гэта тым, што «ня можа хадзіць туды, дзе яе зьбіваюць». Сьвятлана мела на ўвазе інцыдэнт, які адбыўся 4 чэрвеня падчас працэсу над журналістамі «Пагоні». Тады яна атрымала ўдар кулаком ад міліцыянта. Аднак пракурорская праверка не знайшла "складу злачынства” ў дзеяньнях супрацоўніка міліцыі. Суд доўжыўся два дні. Сьведкам па справе з боку абвінавачаньня выступіў начальнік аховы грамадзкага парадку Ленінскага РУУС капітан А.Хілько. Судзьдзя Н. Козел абгрунтавала жорсткасьць прысуду тым, што С.Нех «неаднаразова прыцягвалася да адказнасьці за ўдзел у падобных мерапрыемствах».
9 верасьня на працэсе аб прызнаньні памерлым Юрыя Захаранкі судзьдзя Віктар Бялянін прыняў рашэньне, якое ўдзельнікі працэсу назвалі скандальным. Судзьдзя пастанавіў спыніць судовае разьбіральніцтва, не задаволіўшы хадайніцтва сям’і Захаранкаў. Судзьдзя спаслаўся на тое, што не завершылася расьсьледваньне крымінальнай справы па зьнікненьні Захаранкі, якое вядзе пракуратура. Прадстаўнік сям’і Захаранкаў Алег Волчак быў рашуча супраць. Ён згадаў, што ў гісторыі Беларусі ніколі ў падобных выпадках працэсы не прыпынялі. Таксама за тое, каб хадайніцтва было задаволенае, выказвалася і прадстаўнік пракуратуры Сьвятлана Нікалаева. Яна давяла, што расьсьледваньне справы Юрыя Захаранкі ў пракуратуры ніяк не зьвязанае з прызнаньнем альбо непрызнаньнем яго памерлым. Судзьдзя выслухаў гэтыя аргументы і ўсё ж праз пяць хвілінаў вырашыў па-свойму. Паводле ягонага рашэньня, разьбіральніцтва можа аднавіцца пасьля 17 кастрычніка, калі закончыцца тэрмін трохгадовага расьсьледваньня справы Захаранкі. Алег Волчак заявіў, што не сумняваецца ў рашэньні сваякоў Захаранкі абскардзіць пастанову судзьдзі, але ня думае, што гарадзкія судзьдзі вырашаць інакш.
16 верасьня былі затрыманыя тры чалавекі каля будынку адміністрацыі прэзідэнта ў Менску. Гяоргі Саламянік, Міхаіл Тарасюк і Дзьмітры Філіповіч арыштаваныя за тое, што выйшлі да будынку адміністрацыі прэзідэнта з плакатам: «Прайшло тры гады. Лукашэнка, дзе Ганчар, дзе Красоўскі?».
19 верасьня выйшаў на волю гарадзенскi мастак, кiраўнiк каа¬лiцыйнага дэмакратычнага руху «Гарадзенскi выбар» Дзьмітры Iва¬ноўскi. Усе 10 сутак адмiнiстратыўнага арышту ён трымаў галадоўку. Па словах Зьмiцера, ён пакуль адчувае сябе няблага. Але ня раiць нiкому трымаць галадоўку ў турме, бо ўмовы ўтрыманьня там проста жудасныя. Зьмiцер Iваноўскi быў асуджаны за ўдзел у «Ланцугу неабыякавых людзей», якi адбыўся ў Гароднi 8 лiпеня.
26 верасьня ў Страсбургу на чарговай сесіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы па ініцыятыве Юрыдычнага камітэту Рады Еўропы была створаная сьпецыяльная Камісія па расьсьледваньні справаў зьніклых у Беларусі палітыкаў і журналістаў. Як і меркавалася, старшынёй камісіі абраны вядомы расійскі праваабаронца, дэпутат Дзярждумы Расіі Сяргей Кавалёў. У склад камісіі ўвайшлі 10 парламентароў з Нямеччыны, Італіі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Іспаніі, Кіпру, Турцыі, Украіны, Літвы, Латвіі, Расіі. Намесьнікам Сяргея Кавалёва абраны брытанец Мак-Намара. Старшыня камісіі Сяргей Кавалёў рэальна ацэньвае сітуацыю. Таму ня ўпэўнены, што камісія знойдзе арганізатараў, замоўцаў альбо выканаўцаў зьнікненьняў. Але спадар Кавалёў спадзяецца, што камісія здолее атрымаць дакладныя дакументальныя зьвесткі пра тое, як афіцыйныя ўлады рэагуюць на гэтыя справы, як яны праводзяць уласныя рась¬сьледваньні, наколькі энергічна вядуцца пошукі зьніклых.
30 верасьня Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле рашэньне суда Кастрычніцкага раёну г. Менску — прыпыніў разгляд грамадзянскай справы аб прызнаньні памерлым Юрыя Захаранкі. Нагадаем, што Юры Захаранка зьнік 7-га траўня 1999 году. Менавіта гэтую дату просіць прызнаць за дзень сьмерці Алег Волчак – прадстаўнік сям’і Ю.Захаранкі. Пракурор Сьвятлана Нікалаева даводзіць, што ніякіх доказаў зьнікненьня Захаранкі менавіта 7-га траўня няма.
У пачатку кастрычніку Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі падтрымала запыт дэпутата Валерыя Фралова на імя Генеральнага пракурора РБ Віктара Шэймана аб ходзе расьсьледваньня крымінальных справаў, якія тычацца зьнікненьняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага. Запыт Валерыя Фралова падтрымалі 56 дэпутатаў Палаты. У запыце, падрыхтаваным Фраловым, ёсьць шэраг пытаньняў, што тычацца расьсьледваньня крымінальных справаў: на падставе якога дакументу і кім падпісанага быў затрыманы кіраўнік СОБРу Дзьмітрый Паўлічэнка, а таксама на падставе чаго яго вызвалілі; чаму пасьля заканчэньня суда над «групай Ігнатовіча», якая быццам бы мае дачыненьне да выкраданьня аператара ОРТ Дзьмітрыя Завадзкага, так і не ўстаноўленае месца знаходжаньня журналіста; хто працягвае гэтае расьсьледваньне і інш.
3 кастрычніка кіраўніку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку ўручылі позву з прапановай зьявіцца ў менскую гарадзкую пракуратуру да сьледчага Чумачэнкі ў якасьці сьведкі. А.Лябедзька патлумачыў: гаворка вядзецца пра расьсьледваньне абставінаў зьнік¬неньня Віктара Ганчара і выказаў спадзяваньне, што будзе дасьледаваная палітычная версія выкраданьня.
24 кастрычніка Палата прадстаўнікоў РБ сумесна з Саветам Рэспублікі правялі слуханьні па праблеме выкананьня законнасьці ў Беларусі. Чакалася, што на гэтых слуханьнях Генеральны пракурор РБ Віктар Шэйман адкажа на пытаньні, сфармуляваныя ў дэпутацкім запыце. Аднак на слуханьні не прыйшлі ні Генеральны пракурор, ні іншыя кіраўнікі праваахоўных органаў. Адсутнасьць сілавых міністраў была патлумачаная неабходнасьцю прыняцьця тэрміновых захадаў, зьвязаных з трагічнымі падзеямі ў Маскве (захоп тэрарыстамі «Норд-Осту»). Дэпутат Кучынскі адзначыў, што падчас працы Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня немагчыма было ўявіць, каб прадстаўнікі выканаўчай улады праігнаравалі заканадаўчую ўладу. Палата ж прадстаўнікоў моўчкі праглынула гэткае стаўленьне да сябе
19 лістапада паводле хадайніцтва Зінаіды Ганчар суд пачаў разгляд справы аб прызнаньні Віктара Ганчара бяз зьвестак адсутным. Падчас судовага разьбіральніцтва Зінаіда Ганчар хоча даведацца, наколькі адпавядалі закону дзеяньні сьледчых у пошуках Віктара Ганчара.
20 лістапада судзьдзя суда Фрунзенскага раёну г. Менску Тацяна Кулакова задаволіла хадайніцтва Ірыны Красоўскай аб прызнаньні яе мужа прадпрымальніка Анатоля Красоўскага бяз зьвестак зьніклым. Нагадаем, што А.Красоўскі зьнік 16 верасьня 1999 году разам з Віктарам Ганчаром. Крымінальная справа аб іх зьнікненьні вядзецца ўжо амаль тры гады. Як станоўчы вынік працэсу Ірына Красоўская расцэньвае задавальненьне хадайніцтва аб далучэньні да матэрыялаў справы шэрагу важных дакументаў. Размова ідзе пра копіі рапарту палкоў¬ніка Алкаева і генерала Лапаціка, аб копіях пратаколаў некаторых эксьпертызаў, у тым ліку пісталета, з якога, магчыма, забілі Анатоля Красоўскага. Раней гэтыя дакументы судом не прызнаваліся, але зараз судзьдзя Кулакова вырашыла далучыць іх да справы.
25 лістапада, пасьля шматлікіх напамінаў пра тэрміны афіцыйных адказаў на дэпутацкія запыты ў незалежных СМІ, пасьля звароту ў Палату прадстаўнікоў Зінаіды Ганчар, жонкі зьніклага апазіцыйнага палі¬тыка Віктара Ганчара, Генеральны пракурор краіны Віктар Шэйман у рэшце рэшт адказаў Валерыю Фралову. Дэпутацкі запыт спадара Фралова тычыўся арышту і раптоўнага вызваленьня ў лістападзе 2000 году сумнавядомага падпалкоўніка Дз.Паўлічэнкі, а таксама расьсьледваньня гучных справаў таямнічых зьнікненьняў у Беларусі... У сваім адказе Генеральны пракурор не адмаўляе факту «прэвентыўнага затрыманьня» камандзіра асобай брыгады аператыўнага прызначэньня ваеннай часткі 3214 Паўлічэнкі 22 лістапада 2000 году, але гэта, паводле ягоных словаў, не зьвязана са зьнікненьнем вядомых апазіцыйных палітыкаў. Дазвол на затрыманьне даваў старшыня КДБ У.Мацкевіч. І быццам бы падставаю дзеля затрыманьня Паўлічэнкі паслужыла тое, што падпалкоўнік «зьдзейсьніў гвалтоўныя дзеяньні адносна грамадзяніна Грачова... У сувязі з незаконнасьцю затрыманьня 23 лістапада 2000 году Паўлічэнка быў вызвалены паводле ўказаньня кіраўніцтва КДБ», – напісана ў адказе Шэймана. Што да расьсьледваньня справаў зьнікненьня Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, Завадзкага, то ў сваім адказе амаль нічога канкрэтнага і новага Шэйман не прыводзіць. Шэйман па-ранейшаму працягвае сьцьвярджаць, што сабраныя доказы, а таксама паказаньні сьведкаў даюць падставы меркаваць, што Захаранка, Ганчар і Красоўскі былі скрадзеныя невядомымі асобамі. Ён яшчэ раз паўтарыў вядомыя зьвесткі пра тое, што, паводле вынікаў складанай эксьпертызы, кроў на месцы зьнікненьня Ганчара і Красоўскага, знойдзеная на наступны дзень, на 99,6% можа належаць Віктару Ганчару. У лісьце Фралову ўтрымліваюцца яшчэ і дзяжурныя фразы кшталту, што расьсьледваньне працягваецца і г.д. Вось толькі чамусьці, нягледзячы на ўсе намаганьні сьледчых, на «справу гонару генералаў знайсьці былога калегу Захаранку», асабісты кантроль прэзідэнта, лёс Віктара Ганчара, Зьміцера Завадзкага, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі па-ранейшаму невядомы. Больш за тры гады пракуратура падаўжае тэр¬міны расьсьледваньняў, а вынікаў ні па адной з гучных справаў няма.
5 сьнежня суд Савецкага раёну Менску прызнаў Віктара Ганчара зьніклым бяз вестак з 17 верасьня 1999 году. Два тыдні таму Фрунзенскі раённы суд сталіцы таксама прызнаў зьніклым бяз вестак Анатоля Красоўскага, які ў момант зьнікненьня быў разам з Віктарам Ганчаром. Магчыма, гэта дапаможа сваякам, блізкім, грамадзкасьці праліць хоць нейкае сьвятло на абставіны таямнічага зьнікненьня людзей, даведацца пра ход расьследваньня.
10 сьнежня, у Дзень прыняцьця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, на Кастрычніцкай плошчы Менску сабраліся некалькі сотняў людзей, каб падтрымаць родных вядомых у нашай краіне людзей, якія зьніклі бяз вестак: Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзьмітрыя Завадзкага... Удзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты зьніклых, а таксама партрэты памерлага пры нявысьветленых абставінах Генадзя Карпенкі і журналістаў Паўла Мажэйкі, Міколы Маркевіча і Віктара Івашкевіча, якіх асудзілі на абмежаваньне волі за прафесійную дзейнасьць. Удзел у акцыі ўзялі лідэры амаль усіх апазіцыйных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў, вядомыя юрысты і праваабаронцы. Удзельнікі акцыі па ініцыятыве жонак зьніклых рушылі да будынкаў КДБ і МУС, каб перадаць кіраўнікам гэтых арганізацыяў петыцыі з патрабаваньнямі высьветліць лёс тых, хто лічыцца «зьніклым бяз вестак». Ніводзін з кіраўнікоў КДБ і МУС да людзей ня выйшаў, і прысутныя пайшлі да будынку Пракуратуры Беларусі. Там праз аднаго з супрацоўнікаў удалося толькі перадаць петыцыю В.Шэйману, з надзеяй, што яна дойдзе да адрасату. Пасьля гэтага ўдзельнікі акцыі накіраваліся на Кастрычніцкі пляц. Міліцыянты не перашкаджалі ім, аднак «кінааператары ў цывільным» працавалі ўвесь час напружана, здымаючы ўдзельнікаў акцыі. На Кастрыч-ніцкай плошчы прадстаўнікі ўладаў выпісалі кіраўніку ГА «Праваабарончы цэнтр «Вясна» Алесю Бяляцкаму позву ў міліцыю за тое, што на самым пачатку акцыі ён проста патлумачыў прысутным сэнс мерапрыемства.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|