БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2002 годзе

Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2002 годзе6. ПАРУШЭНЬНІ ПРАВОЎ ГРАМАДЗЯНАЎ НА СВАБОДУ СЛОВА І АТРЫМАНЬНЕ ПРАЎДЗІВАЙ ІНФАРМАЦЫІ, ПЕРАСЬЛЕД НЕЗАЛЕЖНАЙ ПРЭСЫ І ЖУРНАЛІСТАЎ. 
частка 1

У пачатку студзеня Шклоўскі раённы суд прыняў рашэньне прызнаць вінаватым рэдактара незалежнай газеты «Шклоўскія навіны» Аляксандра Шчарбака ў парушэньні заканадаўства аб друку і Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях. Нагадаем, што напярэдадні выбараў прэзідэнта РБ, 6 верасьня 2001 году, супрацоўнікі праваахоўных органаў знайшлі дома ў Аляксандра Шчарбака 300 асобнікаў на той момант новага, трэцяга нумару газеты «Шклоўскія навіны». Гэта ўсяго на адзін асобнік больш, чым дазваляецца па законе мець незарэгістраваным выданьням. На рэдактара «Шклоўскіх навінаў» накладзены штраф у памеры 10 мінімальных заробкаў (100 тысячаў рублёў). Акрамя гэтага, як і патрабаваў раённы пракурор, канфіскаваная кампутарная тэхніка, з дапамогай якой выпускалася незалежная газета Шклоўшчыны. Увесь наклад трэцяга нумару газеты быў зьнішчаны. 

9 студзеня ў Аршанскім гарадзкім судзе пачаўся новы разгляд справы аб канфіскацыі аргтэхнікі і рызографу ў рэдакцыі незалежнай газеты «Куцейна» і грамадзкага аб’яднаньня «Цэнтр імя Філона Кміты». На судовае паседжаньне не зьявіліся прадстаўнікі гарадзкога Камітэту па фінансавых расьсьледваньнях, таму разгляд быў перанесены на 17 сту¬дзеня. Нагадаем, што аргтэхніка і рызограф былі канфіскаваныя яшчэ напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў — 14 і 16 жніўня Аршанскім гарадзкім камітэтам па фінансавых расьсьледваньнях, бо ўлады палічылі, што газета і Фонд карыстаюцца гэтым абсталяваньнем у парушэньне Дэкрэту №8 А.Лукашэнкі. Адносна рэдактара «Куцейны» і кіраўніка Фонду Віктара Андрэева таксама было вылучанае абвінавачаньне ў парушэньні арт. 154 Адміністратыўнага кодэксу РБ – ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці без адпаведнай ліцэнзіі. Аршанскі гарадзкі суд яшчэ ў мінулым годзе прызнаў дзеяньні Камітэту па фінансавых расьсьледваньнях правамоцнымі, але В.Андрэеў не пагадзіўся з судовым рашэньнем і абскардзіў яго ў Віцебскім абласным судзе. Абласны суд адмяніў рашэньне гарадзкога і накіраваў справу аб канфіскацыі аргтэхнікі на новы разгляд. 

11 студзеня МЗС Беларусі перадало ноту пратэсту расійскаму МЗС у сувязі з асьвятленьнем на расійскім тэлеканале НТВ абставінаў арышту дырэктара Менскага трактарнага заводу Міхаіла Лявонава. Карэспандэнт Павел Селін быў выкліканы ў МЗС, дзе яму былі выказаныя прэтэнзіі. Супрацоўнік прэс-службы запатрабаваў ад карэспандэнта прабачэньня «за зьнявагу народу Беларусі і яе прэзідэнта». П.Селін у сваім рэпартажы параўнаў арышты бізнэсоўцаў у Беларусі з фабулай дэтэктыву Агаты Крысьці «Дзесяць негрыцянятаў». Маўляў, усе 15 дэклараваных прэзідэнтам арыштаў ідуць па сьпісе. 

18 студзеня ў Аршанскім гарадзкім судзе прайшло чарговае паседжаньне па пераглядзе справы аб канфіскацыі кампутараў, на якіх выпускалася адзіная ў горадзе недзяржаўная газета «Куцейна». Кампутары былі канфіскаваныя ў кастрычніку паводле пастановы гэтага ж суда, якую судзьдзя Алена Дзямешчанка вынесла пры адсутнасьці галоўнага рэдактара выданьня Віктара Андрэева. У адказ на скаргі В. Андрэева абласная пракуратура, Віцебскі абласны суд і абласное ўпраўленьне юстыцыі адмянілі гэтае рашэньне і запатрабавалі перагляду справы. 9 студзеня адбылося першае судовае паседжаньне па паўторным разглядзе гэтай справы, падчас якога судзьдзя Анжаліка Казлова дапытала В.Андрэева і сьведкаў з ягонага боку. В.Андрэеў паведаміў, што напрыканцы 2001 году аршанскія гарадзкія ўлады пазбавілі яго ліцэнзіі прыватнага прадпрымальніка пасьля таго, як у гэтай якасьці ён зарэгістраваў новую незалежную гарадзкую газету. Далейшы разгляд справы быў перапынены з-за адсутнасьці сьледчага Уладзіміра Бурскага і перанесены. На паседжаньне 18 студзеня Бурскі таксама не зьявіўся. Судзьдзя А.Казлова заявіла, што без ягоных паказаньняў разгляд справы праводзіцца ня можа, і прызначыла чарговае паседжаньне на 12 лютага, выказаўшы намер тым часам зрабіць захады па прымусовай дастаўцы У. Бурскага ў залу суда. 

22 студзеня Расійскі ПЭН-цэнтр выказаў занепакоенасьць лёсам беларускай недзяржаўнай газеты «Пагоня», яе рэдактара Міколы Маркевіча і журналіста Паўла Мажэйкі. «Пагоня» была закрытая па рашэньні Вышэйшага гаспадарчага суда Беларусі ў лістападзе 2001 году. Падставай дзеля гэтага стала публікацыя ў газеце матэрыялаў, якія, на думку прадстаўнікоў пракуратуры, зьмяшчалі паклёп у адносінах да А.Лукашэнкі. Супраць Мікалая Маркевіча і Паўла Мажэйкі была ўзбуджаная крымінальная справа. Вядомыя расійскія пісьменьнікі Андрэй Бітаў, Андрэй Вазьнясенскі, Фазіль Іскандэр, Леў Цімафееў, Фелікс Сьветаў, Юнна Морыц і Аляксандр Ткачэнка зьвярнуліся з адкрытым лістом да прэзідэнта Беларусі. «Мы лічым, — пішуць яны, — што ў гэтай сітуацыі было парушанае права журналістаў на свабоднае выказваньне сваёй думкі, гарантаванае артыкулам 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і яны перасьледуюцца за сваю прафесійную дзейнасьць». Пісьменьнікі заклікалі А.Лукашэнку выступіць у ролі гаранта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Дэкларацыі правоў чалавека, «выкарыстаць усю сваю ўладу і паўнамоцтвы дзеля адмены рашэньня аб закрыцьці газеты «Пагоня» і спыненьні перасьледу журналістаў М.Маркевіча і П.Мажэйкі». 

7 лютага рэдакцыя газеты «Пагоня» атрымала адказ на пададзеную ў Вышэйшы гаспадарчы суд РБ скаргу. ВГС адмовіўся апратэставаць уласнае рашэньне аб закрыцьці газеты «Пагоня»: «...Пры разгля¬дзе доказаў вашай скаргі ў парадку нагляду якіх-небудзь парушэньняў дзейснага заканадаўства ня знойдзена», – гаворыцца ў лісьце. 
8 лютага пракуратура Беларусі вынесла папярэджаньне журналістцы «Белорусской деловой газеты» Ірыне Макавецкай. Падставай дзеля гэтага сталі нібыта «не адпаведаючыя сапраўднасьці зьвесткі і неабгрутаваныя высновы, якія дыскрэдытуюць працу праваахоўных органаў». Рэч у тым, што І.Макавецкая ў адным з артыкулаў распавяла пра зьбіцьцё маладых людзей супрацоўнікамі міліцыі. Пацярпелага па гэтай справе абвінавацілі ў атрыманьні хабару. Журналістка і яе прадстаўнік Міхаіл Пастухоў маюць намер абскардзіць афіцыйнае папярэджаньне ў пракуратуры і судзе. 

12 лютага ў Аршанскім гарадзкім судзе адбылося апошняе, чацьвёртае судовае паседжаньне па справе рэдактара аршанскай незалежнай газеты «Куцейна» Віктара Андрэева. Судзьдзя Анжаліка Казлова на працягу апошняга месяца ўжо тройчы пераносіла судовыя паседжаньні, і толькі 13 лютага рэдактар «Куцейны» нарэшце даведаўся пра вынікі судовага разьбіральніцтва. Судзьдзя прыняла рашэньне, што фінансавая міліцыя мусіць вярнуць рэдактару «Куцейны» канфіскаваны перад прэзідэнцкімі выбарамі рызограф, але ўсе чатыры забраныя кампутары застаюцца канфіскаванымі, на самога ж Віктара Андрэева накладзены штраф у памеры 20 мінімальных заробкаў. Судзьдзя абгрунтавала свой вырак выключна тым, што ў адным з чатырох кампутараў быў захаваны макет аршанскага бюлетэню «Усход Бацькаўшчыны» з пазначаным накладам 299 асобнікаў, тады як у жніўні разам з рызографам былі канфіскаваныя 368 асобнікаў гэтага бюлетэню. Рэдактар «Усходу Бацькаўшчыны» Юры Санько, выкліканы ў суд у якасьці сьведкі, патлумачыў, што гэта былі асобнікі с дэфектамі друку, не прызначаныя дзеля распаўсюджаньня. Але судзьдзя не пагадзілася з гэтым тлумачэньнем і прызнала спадара Андрэева вінаватым у парушэньні артыкулу 154 Адміністратыўнага кодэксу РБ, дзе ў якасьці штрафной санкцыі прадугледжаная канфіскацыя прыладаў, з дапамогай якіх выпускаўся завышаны наклад. Віктар Андрэеў заявіў, што ня згодны з рашэньнем судзьдзі і плануе аспрэчыць яго ў гарадзкой пракуратуры, абласным судзе і ўпраўленьні юстыцыі. 

13 лютага ў галоўнага рэдактара газеты «Пагоня» Міколы Маркевіча была апісаная маёмасьць: пральная машына, тэлевізар і пыласос. Падставай дзеля гэтага стала нявыплата Маркевічам штрафу за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ў абарону сваёй газеты. У выпадку, калі штраф ня будзе выплачаны да 18 лютага, у рэдактара «Пагонi» канфіскуюць вышэйназваныя рэчы. 

28 лютага стала вядома, што нягледзячы на рашэньне Аршанскага гарадзкога суда Міжраённы дэпартамент фінансавых расьсьледваньняў адмаўляецца вяртаць рызограф канфіскаваны ў рэдакцыі газеты «Куцейна». Кіраўнік Дэпартаменту сп. Траяноўскі патлумачыў: з гэткім рашэньнем фінансавая міліцыя ня згодная і накіравала скаргу ў пракуратуру. Прадстаўнік інтарэсаў «Куцейны» юрыст Алег Граблеўскі сьцьвярджае, што, паводле дзейснага заканадаўства, рызограф павінен быць вернуты рэдакцыі газеты да моманту разгляду скаргі ў пракуратуры. 

4 сакавіка ў Рэспубліканскую пракуратуру выклікалі галоўнага рэдактара недзяржаўнай беларускамоўнай газеты «Наша Ніва» Андрэя Дынько, каб уручыць яму папярэджаньне. Рэдакцыю абвінавачваюць у парушэньні артыкулу 5 Закону аб друку — распаўсюджаньне інфармацыі ад імя незарэгістраваных арганізацыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў, прафсаюзаў і г.д. У папярэджаньні згадваюцца публікацыі ў 1-м і 2-м нумарах «Нашай Нівы» — за 4 і за 11 студзеня г.г. У абодвух артыкулах згадвалася Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. 

12 сакавіка буйнейшыя беларускія праваабарончыя арганізацыі ГА «Праваабарончы цэнтр «Вясна», РГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт», ГА «Цэнтр па правах чалавека» і ГА «Прававая дапамога насельніцтву» накі¬равалі зварот з нагоды закрыцьця газеты «Пагоня» і крымінальнага перасьледу журналістаў Прэзідэнту А.Лукашэнку, Генеральнаму пракурору В.Шэйману і Пракурору Гарадзенскай вобласьці В.Літвінаву. У Звароце, у прыватнасьці, сказана: «12 лістапада 2001 году Вышэйшы гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь вынес рашэньне спыніць дзейнасьць незалежнай газеты «Пагоня». Рашэньне было заснаванае на падставе двух папярэджаньняў, вынесеных газеце – Дзяржкамдрукам (зараз Міністэрства інфармацыі) і Гарадзенскай абласной пракуратурай. Вышэйшы гаспадарчы суд не прыняў да ўвагі аргументы прадстаўнікоў рэдакцыі газеты, а таксама той факт, што Міністэрства інфармацыі адмовілася ад зыску яшчэ да пачатку судовага паседжаньня. Закрыцьцё адной з уплывовых незалежных газетаў выклікала справядлівы пратэст грамадзкасьці як у Беларусі, так і за яе межамі... Мы канстатуем, што сваімі дзеяньнямі беларускія ўлады ў чарговы раз дэманструюць пагарду да прынцыпаў свабоды слова, права на свабоднае атрыманьне і распаўсюджаньне інфармацыі, права на свабоду меркаваньняў і іх свабоднае выказваньне. Крымінальны перасьлед незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі сьведчыць пра працяг канфрантацыі паміж дзяржаўнымі ўладамі і грамадзтвам. Мы лічым, што ціск, які аказваецца на прадстаўнікоў незалежных СМІ Беларусі, зьяўляецца палітычна матываваным, зьвязаны з іх нязьменнай пазіцыяй па адстойваньні дэмакратычных каштоўнасьцяў, асабліва падчас выбарчай кампаніі. Мы заклікаем органы ўлады неадкладна спыніць крымінальны перасьлед рэдактара газеты «Пагоня» Міколы Маркевіча і журналіста Паўла Мажэйкі, як і іншых прадстаўнікоў СМІ Беларусі». 

1 красавіка ў Гародні каля будынку аблвыканкаму адбыўся несанкцыянаваны пікет у абарону журналістаў «Пагоні» Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі. Удзельнікі пікету трымалі ў руках плакаты з лозунгамі : «Мажэйка, Маркевіч – хто наступны?», «Свабода = Свабода слова», «Разам за ПАГОНЮ!». На прапановы міліцыянтаў зьвярнуць плакаты і разысьціся ўдзельнікі пікету не рэагавалі. Праз дваццаць хвілінаў шасьцёра ўдзельнікаў пікету – Дзьмітры Антаневіч, Дзьмітры Дулько, Стас Пачобут, Павел Мутны, Алесь Дзянісаў, Ільля Пячынін – былі затрыманыя міліцыяй. Арганізатарам несанкцыянаванага пікету ў падтрымку журналістаў выступіла незарэгістраваная Канфедэрацыя дзеючых суполак «Разам!». 

2 красавіка каля будынку калоніі, што на вул. Кальварыйскай у Менску, міліцыя затрымала здымачную групу расійскай тэлекампаніі НТВ. Журналісты тэлекампаніі дамовіліся пра інтэрв’ю з жонкай былога рэктара Гомельскага медінстытуту прафесара Юрыя Бандажэўскага, які асуджаны да васьмі гадоў зьняволеньня нібыта за хабарніцтва і цяпер адбывае свой тэрмін у калоніі ў Менску. Галіна Бандажэўская прыехала ў Менск на спатканьне з мужам. Пасьля сустрэчы карэспандэнт НТВ Павел Селін запрасіў жанчыну да размовы перад камерай. Здымкі праводзіліся метраў за 50 ад турэмнага муру, і аб’ектыў камеры быў накіраваны ў адваротны ад яго бок. Але гэта не ўратавала расійскіх тэлежурналістаў ад канфлікту з міліцыяй. Чалавек, які прадставіўся намесьнікам начальніка калоніі па рэжыме па прозьвішчы Лось, забраў дакументы ў карэспандэнта НТВ Паўла Селіна, аператара Канстанціна Марозава і асістэнта Зьмітра Давыдзенкі. Праверка дакументаў заняла амаль гадзіну. Потым журналістаў папрасілі напісаць пісьмовыя тлумачэньні і адпусьцілі. 

5 красавіка адбылася чарговая акцыя пратэсту гарадзенцаў супраць крымінальнага перасьледу журналістаў «Пагоні». Арганізатары пікетаваньня неаднаразова зьвярталіся ў гарвыканкам, каб атрымаць адпаведны дазвол, аднак гарадзкія ўлады не далі магчымасьці грамадзянам рэалізаваць іх канстытуцыйныя правы. Пікеты прайшлі з 11 да 13.30 гадзінаў у людных месцах гораду: каля будынку аблвыканкаму і на плошчы Савецкай. Удзельнікі акцыі трымалі ў руках транспаранты: «Рукі прэч ад Маркевіча і Мажэйкі», «Быў бы журналіст – камера бу¬дзе», «Я таксама пішу праўду пра прэзідэнта. Я наступны?». Падчас пікетаў раздаваліся ўлёткі, у якіх была інфармацыя пра тое, што суд над Маркевічам і Мажэйкам пачнецца 9 красавіка ў 11 гадзінаў у судзе Ленінскага раёну гораду Гародня. Улётка заканчвалася словамі: «Не дапусьцім, каб журналістам пакалечылі жыцьцё!!!». У час, калі праводзіліся пікеты, увесь цэнтр гораду быў запоўнены супрацоўнікамі міліцыі і людзьмі ў цывільным, якія актыўна адсочвалі перамяшчэньні кожнай групы пікетоўшчыкаў. Першы пікет, што адбыўся каля аблвыканкаму, чакаў узмоцнены нарад міліцыі, якая відавочна мела інфармацыю аб маючай адбыцца акцыі. 
Падчас пікетаў міліцыянты арыштавалі 14 чалавек. Аднаго праз нейкі час адпусьцілі, а на астатніх 13 былі складзеныя пратаколы. 
Сярод затрыманых: 
1. Анджэй Пісальнік (газета «День»); 
2. Ірына Чарняўка («Беларускі час»); 
3. Вітаўт Руднік (рэдактар бюлетэню «Трэці сэктар»); 
4. Андрэй Мялешка («Наша Ніва»); 
5. Андрэй Пачобут («Glos znad Niemna»); 
6. Алена Сіневіч (Радыё Рацыя ў Беластоку); 
7. Анджэй Кусяльчук (былы рэдактар газеты «Glos znad Niemna»); 
8. Юлія Дарашкевіч («Пагоня»); 
9. Вольга Арцёменка («Биржа информации»); 
10. Алесь Дварэцкаў (сябра ГА БАЖ); 
11. Алеся Сідлярэвіч («Пагоня»); 
12. Зьміцер Ягораў (BARCnews); 
13. Стас Пачобут («Навінкі»). 

У гэты ж дзень судзьдзя па адміністратыўных справах Дзьмітры Дземчанка разгледзеў адміністратыўныя справы. Прысуды ён закончыў чытаць пасьля закрыцьця суда – у 18.35. Анджэй Пісальнік атрымаў 10 сутак арышту, Стас Пачобут – 10 сутак арышту, Андрэй Мялешка – 8 сутак арышту, Аляксандр Дварэцкаў – 4 сутак. Па 3 сутак атрымалі Вітаўт Руднік і Зьміцер Ягораў. Ірына Чарняўка аштрафаваная на 30 мінімальных заробкаў, Алена Сіневіч – на 20 «мінімалак». Вольга Арцёменка і Андрэй Пачобут былі папярэджаныя. Суды над астатнімі ўдзельнікамі пікетаў перанесеныя. Стас Пачобут распачаў галадоўку пратэсту. 

11 красавіка, на сёмы дзень галаданьня ў камеры ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ) Ленінскага РУУС г. Гародня карэспандэнта газеты «Навінкі» Стаса Пачобута, з ім дазволілі сустрэцца галоўнаму рэдактару «Пагоні» Міколу Маркевічу, калі ён сказаў, што намераны ўгаварыць Стаса спыніць галадоўку. У камеру Маркевіча не пусьцілі, Стаса вывелі да яго ў асобны пакой. 

18 красавіка Крычаўскае недзяржаўнае выданьне «Вольны горад» зноў апынулася ў полі зроку праваахоўных органаў. Міліцыянты спрабавалі сканфіскаваць наклад новага нумару дэмакратычнай газеты. Адказны сакратар «Вольнага гораду» Вадзім Сьцефаненка паведаміў, што на Крычаўскім вакзале быў затрыманы кур’ер газеты, які вёз наклад новага нумару са Смаленскай друкарні. Міліцыянтам нібыта паступіла аператыўная інфармацыя пра вялікі наклад незарэгістраванага выданьня. Пасьля пераліку ў пастарунку высьветлілася: 220 асобнікаў — усё ў межах закону. Тым ня менш, быў складзены пратакол, і газеты забралі. 

24 красавіка Міністэрства замежных справаў РБ вынесла папярэджаньне карэспандэнту тэлеканалу НТВ Паўлу Селіну. Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад дэпутатамі Нацыянальнага сходу Беларусі, заявіў, што папярэджвае карэспандэнта расійскай тэлекампаніі НТВ Паўла Селіна пра мажлівыя наступствы асьвятленьня журналістам падзеяў 19 красавіка ў Менску, калі беларускія міліцыянты і амапаўцы жорстка разагналі мірную дэманстрацыю дэмакратычных сілаў. Па словах Лукашэнкі, «апазіцыі напярэдадні сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Джорджа Буша неабходна было паказаць негатыўную «карцінку» з Беларусі пра парушэньні правоў чалавека», і Павел Селін тэндэнцыйна «выканаў заказ»... 

24 красавіка здымачная група расійскага тэлеканалу НТВ пад кіраўніцтвам Аляксандра Калпакова, якая сьпецыяльна прыехала з Масквы ў Менск, была пазбаўленая магчымасьці выконваць свае прафесійныя абавязкі. Здымачная група мелася правесьці здымкі візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Гомельскую вобласьць. Аднак Міністэрства замежных справаў адмовілася выдаць акрэдытацыю расійскім журналістам. 

3 траўня 200 тысячаў рублёў судовых выдаткаў абавязаў выплаціць рэспубліканскую пракуратуру Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі, скасаваўшы яе папярэджаньне газеце «Наша Ніва». Гэткае рашэньне суда галоўны рэдактар выданьня Андрэй Дынько назваў «добрай навукай» пракуратуры на будучыню. Папярэджаньне было вынесенае за згадкі ў публікацыях Беларускай аўтакефальнай царквы. 

8 траўня крымінальную справу па факце нападу на журналіста «Пагоні» і літаратара Юрыя Гуменюка ўзбудзіла Ленінскае РУУС Гародні. Напад адбыўся ўвечары 4 траўня (каля 22.00) паблізу кінатэатру «Космас». У літаратара аднялі японскі гадзіньнік і партманэ з невялікаю сумаю грошай. Пацярпелы не адмаўляе палітычнае матывацыі нападу – Гумянюк раней працаваў у закрытай уладамі газеце «Пагоня». 

24 траўня рэдакцыя «Нашай Нівы» атрымала ліст ад Генеральнага пракурора РБ Віктара Шэймана, у якім ён унёс пратэст з нагоды нядаўняга рашэньня Вышэйшага гаспадарчага суда аб выплаце пракуратурай 200 тысячаў рублёў судовых выдаткаў. 

13 чэрвеня стала вядома, што прэзідыум Вышэйшага гаспадарчага суда адмяніў сваё рашэньне аб адмене папярэджаньня газеце «Наша Ніва». Станоўчае для газеты рашэньне было перагледжанае з ініцыятывы Генпракурора Віктара Шэймана. 

13 чэрвеня Вышэйшы гаспадарчы суд (судзьдзя А.Федарэнскі) адмовіўся задаволіць зыск рэдакцыі газеты «Народная воля», у якім выказвалася просьба аб прызнаньні несапраўдным папярэджаньня Міністэрства інфармацыі РБ. Папярэджаньне газета атрымала 21 сакавіка пасьля зьяўленьня артыкулу «Вялікае мыцьцё». Міністэрства інфармацыі палічыла, што гэты артыкул утрымлівае зьвесткі, якія ганьбяць гонар і годнасьць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і абвінаваціла рэдакцыю ў парушэньні патрабаваньняў артыкулу 5 Закону «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь». Нагадаем, што два падобныя папярэджаньні на працягу году могуць стаць падставай дзеля спыненьня дзейнасьці сродку масавай інфармацыі. «Народная воля» абскардзіла папярэджаньне ў Вышэйшы гаспадарчы суд. У зыску паведамлялася, што, па-першае, Міністэрства інфармацыі РБ ня мае права самастойна вызначаць, зьяўляецца распаўсюджаная інфармацыя ганебнай альбо непраўдзівай ці не (гэта прэрагатыва суда, прычым не гаспадарчага, а агульнага). Па-другое, газетная публікацыя была перадрукам матэрыялу, распаўсюджанага іншым сродкам масавай інфармацыі – Радыё Свабода (што пацьвярджаецца спасылкай на крыніцу інфармацыі пад артыкулам і лістом ад Радыё Свабода). Згодна з арт. 47 Закону «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі», гэтыя акалічнасьці вызваляюць рэдакцыю ад адказнасьці. Прадстаўнік Міністэрства інфармацыі ня змог аспрэчыць довады рэдакцыі і прадставіць якія-небудзь доказы, якія пацьвярджалі б абгрунтаванасьць вынясеньня папярэджаньня (што неабходна ў адпаведнасьці з арт. 61 Гаспадарча-працэсуальнага кодэксу). Ход судовага працэсу пераконваў, што абвяшчэньне рашэньня будзе простай фармальнасьцю. Тым больш нечаканым было рашэньне суда аб адмове рэдакцыі газеты «Народная воля» задаволіць зыскавыя патрабаваньні. 

13 чэрвеня менскі карэспандэнт Радыё Рацыя ня змог прысутнічаць на прэс-канферэнцыі, якую ладзіў намесьнік міністра замежных справаў РБ Аляксандр Герасіменка з нагоды зьменаў у візавым рэжыме паміж Беларусьсю і Польшчай, Літвой і Латвіяй. Прэс-сакратар МЗС Павел Латушка, які не пусьціў карэспандэнта зарэгістраванай у Польшчы радыёстанцыі ў будынак міністэрства, патлумачыў свае дзеяньні тым, што радыёстанцыя ня мае акрэдытацыі пры МЗС, а тое, што раней карэспандэнты маглі прысутнічаць на прэс-канферэнцыях ведамства, выключэньне з правіла. Цягам апошніх двух гадоў Міністэрства замежных справаў тройчы адмаўляла карэспандэнтам Радыё Рацыя ў акрэдытацыі, не паведамляючы прычынаў. Закон аб друку РБ, які рэгламентуе акрэдытацыю замежных карэспандэнтаў, дазваляе міністэрству замежных спраў уводзіць абмежаванні на акрэдытацыю толькі для журналістаў тых краінаў, дзе абмяжоўваюцца правы беларускіх журналістаў. Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, гэтае абмежаваньне не датычыць карэспандэнтаў польскіх СМІ. 

19 чэрвеня па распараджэньні судзьдзі Ленінскага раёну г.Менску Грачовай арыштаваны разьліковы рахунак незалежнай газеты «Народная воля». Пра гэта паведаміў галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч. Нагодай дзеля арышту рахунку стаў зыск супраць «Народнай волі» двух судзьдзяў з Жодзіна, якія лічаць, што газета абразі¬ла іхнія гонар і годнасьць і патрабуюць па 2,5 млн. руб. кампенсацыі. Іосіф Сярэдзіч паведаміў, што будзе зьвяртацца ў Гарадзкі суд з просьбаю адмяніць рашэньне пра арышт рахунку. Ён ня выключыў, што «гэта спланаваная акцыя ўладаў, якія зьбіраюцца паралізаваць працу рэдакцыі». 

23 чэрвеня ў 23 гадзіны ў памяшканьне, дзе месьціцца рэдакцыя Белаазёрскай газеты «Альтанка» і грамадзкае аб’яднаньне «Цэнтр рэгіянальнага супрацоўніцтва», прыйшлі два супрацоўнікі міліцыі, якія патлумачылі сваё зьяўленьне тым, што атрымалі зьвесткі, быццам бы па гэтым адрасе захоўваюцца скрадзеныя рэчы. На патрабаваньне прад’явіць санкцыю на вобыск, альбо хаця б назвацца, міліцыянты не рэагавалі. Яны зрабілі агляд памяшканьня і заявілі, што яго трэба апячатаць. Двух супрацоўнікаў рэдакцыі, што былі ў гэты час у офісе, прымусілі ехаць ў РУУС. Там іх дапытвалі да 2 гадзінаў ночы, а потым вызвалілі. Падчас гэтых дзеяньняў не складаліся ні пратакол допыту, ні пратакол агляду памяшканьня. На наступны дзень у тым жа памяшканьні быў праведзены паўнавартасны вобыск. Зноў жа, санкцыі на яго правядзеньне не было, а пратакол не складаўся. Вобыск рабілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, якія таксама не назваліся. 

26 чэрвеня ў Менску адбыўся пікет пратэсту супраць перасьледу журналістаў. Удзельнікі пікету выйшлі з партрэтамі нядаўна асуджаных Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, а таксама Віктара Івашкевіча, суд над якім неўзабаве адбудзецца. 

3 лiпеня Малады Фронт правёў акцыю ў падтрымку незалежнай прэсы. Некалькi маладафронтаўскiх мабiльных групаў распаўсюджвалi на вулiцах сталiцы беларускiя незалежныя выданьнi, заклiкаючы менчукоў чытаць i выпiсваць незалежную прэсу. Усяго на галоўных плошчах Менску i прасьпекце Скарыны было раздадзена некалькi тысячаў асобнiкаў «Народнай волi», «Белорусскай газеты», «Беларускай маладзёжнай», «Свободных новостей», «Нашай Нiвы», «Нашай свабоды». Мiнакi вельмi прыязна паставiлiся да такой акцыi. Акрамя газетаў сябры МФ раздавалi таксама адмысловыя ўлёткi, у якiх распавядалася пра абставiны зьнiкненьня журналiста Дзьмітрыя Завадзкага. Акцыя пачалася спакойна: недалёка ад будынку КДБ (пр. Скарыны быў пешаходнай зонай) нарад мiлiцыi, якi iшоў па сьлядах маладафронтаўцаў, не рашыўся затрымаць распаўсюднiкаў свабоднай прэсы. Аднак праз некаторы час, атрымаўшы, вiдаць, загад, міліцыянты пачалі «дзейнiчаць». На вачах у мінчукоў «ахоўнiкi правапарадку» пачалi затрыманьнi распаўсюднiкаў i канфiскацыю легальных, зарэгiстраваных незалежных выданьняў. Былi затрыманыя трое сяброў Маладога Фронту, сярод iх – Руслан Харкевiч i Зьмiцер Дашкевiч. Газеты і ўлёткi, якiя мелi пры сабе хлопцы, былi канфiскаваныя. Хлопцаў пасадзiлi ў мiлiцэйскiя машыны і павезьлi ў РУУС. Не зразумелай застаецца логiка ўладаў: чаму незалежныя газеты можна прадаваць, але нельга раздаваць? 

11 ліпеня пінскаму прадпрымальніку Сяргею Касьцюковічу мясцовы гарвыканкам адмовіў ва ўзгадненьні разьмяшчэньня рэдакцыі новай недзяржаўнай газеты «Люстэрка». Унікальная прычына адмовы: пінскі чыноўнік палічыў, што ў «ХХІ стагодзьдзі відавочным анахранізмам ёсьць намер без адмысловай адукацыі займацца адказнай дзейнасьцю па рэдагаваньні газеты...» Літаратурныя здольнасьці пінскага чыноўніка павінен ацаніць суд: занавальнікі выданьня зьбіраюцца абскардзіць рашэньне ў гаспадарчым судзе. 

У ноч на 14 ліпеня ўчынены крадзёж у офісе ЗАТ «БелКП-ПРЭС». Было ўкрадзенае кампутарнае абсталяваньне, на якім выдаваліся газеты «Комсомольская правда в Белоруссии», «Ва-банк», «Антенна», «Известия». У выніку чарговы выпуск газеты «Комсомольская правда в Белоруссии» выйшаў у маскоўскай версіі без беларускага дадатку. 

26 ліпеня старшыня Камітэту дзяржкантролю РБ Анатоль Тозік зьвярнуўся ў суд Маскоўскага раёну г. Менску з зыскавай заявай аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі, якія нібыта зьняважаныя ў артыкуле М.Падаляка «Канфідэнцыйна». А.Тозік запатрабаваў спагнаць з газеты «Наша свабода» 200 мільёнаў рублёў, а з журналіста Міхаіла Падаляка — 15 мільёнаў (разам гэта каля 120 тысячаў даляраў ЗША). Рэч у тым, што 16 ліпеня ў сьпецвыпуску газеты «Наша свабода» – «Палітыка» быў надрукаваны артыкул Міхаіла Падаляка «Канфідэнцыйна», у якім паведамлялася, што расійскія эксьперты падрыхтавалі 256-старонкавы даклад пра сітуацыю ў Беларусі з рэкамендацыямі адносна персьпектываў А.Лукашэнкі як кіраўніка дзяржавы і пошукаў замены яму ў бліжэйшы час. 18 ліпеня А.Лукашэнка запрасіў да сябе на сустрэчу Генеральнага пракурора Беларусі Віктара Шэймана і старшыню Камітэту дзяржкантролю РБ А.Тозіка. Размова ішла, у прыватнасьці, пра тое, што некаторыя «жоўтыя» выданьні дазваляюць сабе публікацыю недакладнай інфармацыі дзеля дыскрэдытацыі вышэйшых дзяржаўных службовых асобаў. Як вынік, зьявіўся зыск А.Тозіка да газеты. 

30 ліпеня быў арыштаваны банкаўскі рахунак газеты і апісаная маёмасьць рэдакцыі газеты «Наша свабода». 

1 жніўня Міністэрства замежных справаў РБ запатрабавала ад беларускай службы Радыё «Свабода» ў Менску акрэдытаваць пры МЗС журналістку Алену Панкратаву. МЗС папярэдзіла, што ў адваротным выпадку дзейнасьць прадстаўніцтва Радыё «Свабода» на тэрыторыі Беларусі можа быць перапыненая. 

2 жніўня адбылося судовае паседжаньне па справе газеты «Наша свабода». Галоўны рэдактар газеты Павел Жук адразу заявіў хадайніцтва аб адводзе судзьдзі Анатоля Савіча, які ў верасьні 1999 году разглядаў зыск тады старшыні Савету бясьпекі Віктара Шэймана да газеты «Навіны», рэдактарам якой быў П.Жук. Тады А.Савіч задаволіў зыск В.Шэймана, і газета была зачыненая. Аднак гэтае хадайніцтва было названае надуманым і адхіленае. Суд працягваўся дзевяць гадзінаў. Судзьдзя А.Савіч у рэшце рэшт прыняў рашэньне: задаволіць маральны бок зыску ў поўным аб’ёме, а кампенсацыйны – часткова: памер кампенсацыі зьменшаны газеце да 100 мільёнаў рублёў, а М.Падаляку – да 5 мільёнаў рублёў. Абвяржэньне зьвестак, якія нанесьлі шкоду гонару і годнасьці А.Тозіка, павінна быць надрукаванае на першых старонках буйнейшых дзяржаўных газетаў «Советская Белоруссия» і «Рэспубліка». Праўда, так і засталося незразумелым: чаму працытаваныя ў артыкуле старонкі дакладу «наносяць маральную шкоду» А.Тозіку (М.Падаляк даказваў, што якраз наадварот, там падкрэсьліваюцца станоўчыя якасьці А.Тозіка як кіраўніка і выканаўцы) і чаму гэтак дорага каштуе «дзелавая рэпутацыя» чыноўніка?.. Прыгадаем адну паралель: 14 верасьня 1999 году ў газеце «Навіны» быў надрукаваны артыкул «Хто ў церамочках жыве», у якім В.Шэйман убачыў абразу сваіх гонару і годнасьці. 16 верасьня ён падаў зыск у суд. 17 верасьня была апісаная маёмасьць адказчыкаў. 21 верасьня адбылося папярэдняе судовае паседжаньне. А 24 верасьня судзьдзя А.Савіч вынес рашэньне: зыск задаволіць. З дня падачы зыску да пачатку суда прайшло шэсьць рабочых дзён. Незалежная газета, якая не змагла выплаціць вялізны памер кампенсацыі «маральных стратаў», была зачыненая... 

2 жніўня ўвечары ўлады спынілі друкаваньне чарговага нумару газеты «Наша свабода» ў дзяржаўнай менскай друкарні «Чырвоная зорка». 1 мільён рублёў за друкаваньне нумару на рахунак друкарні перавяла прыватная фірма. Літаральна праз гадзіну судзьдзя Анатоль Савіч склікаў паседжаньне суда і а 20-ай га¬дзіне прыняў рашэньне спагнаць пералічаны мільён на пагашэньне штрафу. Галоўны рэдактар і выдавец Павел Жук, каментуючы сітуацыю, заявіў: «Гэта ўсё выглядае на сталінскія часы — па загадзе склікаецца судовая тройка, якая прымае прадказальнае рашэньне». 

Уначы з 4 на 5 жніўня была абкрадзеная рэдакцыя незалежнай газеты «Згода». У выніку крадзяжу разукамплектаваныя ўсе рэдакцыйныя кампутары, зьніклі вінчэстэры, модулі памяці і ўся інфармацыйная база газеты. Іншыя каштоўныя рэчы – відэаапаратура і грошы – злачынцаў не зацікавілі. Злачынцы трапілі ў памяшканьне, адамкнуўшы дзьверы ключом. Рэдактар газеты Аляксей Кароль лічыць, што здарэньне мае палітычную афарбоўку і цалкам упісваецца ў агульную кампанію націску і запалохваньня незалежнай прэсы. На думку сп. Караля, «гэта неразумны, але цалкам лагічны крок з боку ўладаў». 

8 жніўня з пасады галоўнага рэдактара прафсаюзнай газеты «Беларусі час» звольнены Аляксандр Старыкевіч. Сп. Старыкевіча азнаёмілі з распараджэньнем пра звальненьне, якое падпісаў новы старшыня ФПБ Леанід Козік. Нагодай дзеля звальненьня, як сказана ў дакуменце, стала «рашэньне наймальніка». Каментуючы гэта, сп. Старыкевіч заявіў, што наўрад ці будзе зьвяртацца ў суд: «Я рэальна ацэньваю сітуацыю ў кіраўніцтве Федэрацыі і стан беларускай юстыцыі, а таму ня думаю, што звароты ў суд маюць сэнс... Новаму кіраўніцтву ФПБ патрэбная новая газета і, адпаведна, іншы рэдактар». Юрыст Цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ Андрэй Бастунец паставіў пад сумнеў правамоцнасьць рашэньня Леаніда Козіка, заявіўшы, што Аляксандра Старыкевіча прызначаў на пасаду пленум ФПБ. Аднак апошні пленум адстаўку Старыкевіча не падтрымаў. Што ня здолеў зьдзейсь¬ніць пленум, ажыцьцявіў сам Леанід Козік... Нагадаем, што Аляксандр Старыкевіч падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 году падтрымліваў кандыдата аб’яднанай апазіцыі, былога кіраўніка ФПБ Уладзіміра Ганчарыка. Штотыднёвік «Беларускі час» створаны напрыканцы 80-х гадоў і цяпер выходзіць накладам 42 тысячы асобнікаў. За час кіраваньня газетай Аляксандрам Старыкевічам выданьне павялічылася ў аб’ёме з 8 да 16 палосаў. 

12 жніўня ў Барысаве (Менская вобласьць) адбылася акцыя ў пад¬трымку асуджаных журналістаў гарадзенскай газеты «Пагоня» Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі, арганізаваная мясцовай арганізацыяй моладзевага руху «Зубр». На пляцоўцы перад гарадзкім стадыёнам удзель¬нікі акцыі трымалі плакаты з надпісамі: «Улады травяць свабодную прэсу», «Не дамо заглушыць голас праўды!», а таксама раздавалі мінакам незалежныя выданьні. Супрацоўнікі міліцыі спрабавалі затрымаць актывіста «Зубра» Ігара Закрэўскага, але пасьля ўмяшальніцтва журналістаў ды іншых «зуброўцаў» хлопца адпусьцілі. 

З 12 жніўня ў Беларусі адключанае вяшчаньне расійскіх радыёстан¬цыяў «»Маяк», «Юность», а таксама скарочаныя аб’ёмы трансляцыяў тэлеканалаў РТР, «Культура», НТВ. 

14 жніўня міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры бяз межаў» выказала занепакоенасьць у сувязі з перасьледам журналістаў Радыё «Свабода» ў Беларусі. У лісьце да міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова арганізацыя заклікае апошняга акрэдытаваць журналістаў беларускай службы Радыё «Свабода», якія падалі адпаведныя заяўкі, а таксама не перашкаджаць свабоднаму перасоўваньню журналістаў па краіне. 

21 жніўня адзін з сузаснавальнікаў газеты «Свободные новости», беларускі прадпрымальнік Сяргей Атрошчанка заявіў, што прыпыняе выхад выданьня з прычыны ягонае стратнасьці і блакуе рахунак газеты. Увечары сп. Атрошчанка забраў з рэдакцыі частку абсталяваньня (некалькі кампутараў), якія належалі яму. 

27 жніўня Беларуская асацыяцыя журналістаў прапанавала міністру інфармацыі Міхаілу Падгайнаму пайсьці ў адстаўку. У адкрытым лісьце да яго падкрэсьлена, што ягонае ведамства, надзеленае вялікімі паўнамоцтвамі, ператвараецца ў механізм падаўленьня правоў і свабодаў. Апошнім прыкладам на карысьць гэтага сьведчыць пазіцыя Міністэрства адносна закрыцьця газеты «Свободные новости». 

31 жніўня расійскі канал ОРТ паказаў стужку Паўла Шарамета «Дзікае паляваньне-2» пра зьніклых палітыкаў, журналіста, бізнэсоўца. На жаль, беларускія гледачы былі пазбаўленыя магчымасьці пабачыць фільм, бо кіраўніцтва каналу ОНТ, які вяшчае на былой частаце ОРТ, адмовілася яго паказваць, каб «не разбураць атмасферы даверу ў беларускім грамадзтве». 

У жніўні выдавецтва «Беларускі дом друку» адмовілася друкаваць газету «Свободные новости-Плюс», якую пачаў выдаваць калектыў рэдакцыі газеты «Свободные новости», а аб’яднаньне «Белпошта» не згадзілася дастаўляць новае выданьне падпісчыкам. 

частка 2

4 верасьня ў Клецкім раённым судзе разглядалася гучная крымінальная справа аб забойстве. Судовы разгляд быў адкрытым, і дзеля таго, каб падрыхтаваць публікацыю для газеты, у суд прыйшоў Алег Нікулін. Паколькі А.Нікулін зьяўляецца сябрам БНФ і таму вядомы як апазіцыянер, супрацоўнікі міліцыі не пусьцілі журналіста на судовае паседжаньне, затрымалі яго і даставілі ў аддзяленьне міліцыі. Там сп. Нікуліна імкнуліся абвінаваціць у зьяўленьні ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане. Затрыманы запатрабаваў асьведчыць яго на наяўнасьць алкаголю, дзеля чаго яго даставілі ў мясцовы наркалагічны кабінет. Абсьледваньне паказала, што А.Нікулін абсалютна цьвярозы. Тым ня менш, супрацоўнікі міліцыі пратрымалі А.Нікуліна ў пастарунку 7 гадзінаў і адпусьцілі без складаньня пратаколу. Пры правядзеньні агляду ў А.Нікуліна знайшлі некалькі асобнікаў друкаванай прадукцыі Маладога Фронту, якія былі канфіскаваныя таксама без складаньня адпаведных дакументаў. А.Нікулін лічыць дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі незаконнымі і парушаючымі ягоныя правы і зьбіраецца абскардзіць іх у раённай пракуратуры. 

6 верасьня адзін з сузаснавальнікаў «Свободных новостей» Сяргей Атрошчанка, які стаў ініцыятарам «пахаваньня» выданьня, зьвярнуўся ў пракуратуру. Ён абвінавачвае выдаўцоў «Свободных новостей- Плюс» у выкарыстаньні ягонай інтэлектуальнай уласнасьці і карыстаньні гандлёвай маркай. Галоўны рэдактар «СН-Плюс» Аляксандр Уліцёнак назваў дзеяньні Атрошчанкі «беспрэцэдэнтнымі па сваім нахабстве». У гэты ж дзень А. Уліцёнак быў выкліканы ў пракуратуру. 

12 верасьня калегія Менскага гарадзкога суда разгледзела касацыйную скаргу галоўнага рэдактара зачыненай уладамі незалежнай газеты «Наша свабода» Паўла Жука і журналіста Міхаіла Падаляка. Прысуд першай інстанцыі – суда Маскоўскага раёну – калегія Гарадзкога суда пакінула ў сіле. Нагадаем: месяц таму старшыня суда Маскоўскага раёну г.Менску Анатоль Савіч вынес рашэньне аштрафаваць рэдакцыю газеты «Наша свабода» на 100 мільёнаў рублёў і журналіста Міхаіла Падаляка – на 5 мільёнаў нібыта за ўчыненую маральную шкоду старшыні Дзяржкантролю РБ Анатолю Тозіку. Галоўны рэдактар «Нашай свабоды» Павел Жук і журналіст Міхаіл Падаляк зьвярнуліся з касацыйнай скаргай у судовую інстанцыю. Калегія Менскага гарадзкога суда ў складзе судзьдзяў Жупікавай, Дулуп і Басава вельмі аператыўна і хутка разгледзелі скаргу. З 12 верасьня судовае рашэньне набывае сілу. Але рэдакцыя яшчэ мае магчымасьць падаваць скаргі ў парадку нагляду – спачатку старшыні Менскага гарадзкога суда, а потым у Вышэйшы гаспадарчы суд РБ ці ў пракуратуру краіны. У гэты ж дзень Павел Жук і Міхаіл Падаляк падалі заяву ў пракуратуру Беларусі. 

18 верасьня сьледчы па асабліва важных справах Рэспубліканскай пракуратуры Вячаслаў Цераховіч падаў у суд Кастрыніцкага раёну г. Менску зыскавую заяву аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Адказчыкі – рэдакцыя «Белорусской деловой газеты» і карэспандэнт па Гомелі і Гомельскай вобласьці Ірына Макавецкая. Ірына Макавецкая асьвятляла на старонках незалежнай прэсы «справу ўрачоў» – судовы працэс па справе аб хабарніцтве сярод супрацоўнікаў Гомельскага медінстытуту, які праходзіў у 2001 годзе. Судовы працэс у Гомелі меў шырокі рэзананс і прыцягнуў увагу міжнароднай грамадзкасьці. У зале судовых паседжаньняў прысутнічалі прадстаўнікі шматлікіх беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацыяў, у тым ліку і Amnesty Internationale. Крымінальная справа мела неадназначны характар, грамадзкая думка схілялася да таго, што суд над кіраўніцтвам інстытуту выкліканы навуковай дзейнасьцю прафесара Юрыя Бандажэўскага па вывучэньні разбуральнага ўзьдзеяньня малых дозаў радыяцыі на арганізм чалавека. Акрамя таго, на судовым працэсе былі агучаныя шматлікія факты жорсткага, негуманнага абыходжаньня з падсьледнымі, факты псіхалагічнага ўціску і нават выкарыстаньня псіхатропных сродкаў у адносінах да прарэктара Уладзіміра Раўкова. Сьледчы Цераховіч лічыць, што «зьвесткі, распаўсюджаныя як Макавецкай, так і рэдакцыяй, не адпавядаюць сапраўднасьці, зьмяншаюць у грамадзкай думцы мае гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю». 

20 верасьня журналістку «Белорусской деловой газеты» Ірыну Халіп выклікалі ў Менскую гарадзкую пракуратуру на допыт. Сьледчы Уладзімір Шылаў паведаміў журналістцы, што Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала супраць яе крымінальную справу, а сьледзтва даручыла весьці падначаленай ёй гарадзкой пракуратуры. Ірына падазраецца ў паклёпе на Генеральнага пракурора Віктара Шэймана. Нагодаю дзеля крымінальнай справы стаў артыкул «Афганскія барзыя», надрукаваны ў газеце «Для служебного пользования». У ім Ірына Халіп распавяла пра акалічнасьці крымінальнай справы былога прэзідэнта канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Віктара Казекі і ягонага сына – былога начальніка аддзелу збыту аб’яднаньня «Крышталь» Андрэя Казекі, якіх падазраюць у хабарніцтве і раскраданьні дзяржаўнай маёмасьці. Ірына Халіп спаслалася на аператыўную відэастужку, якая знаходзіцца ў КДБ. На гэтай стужцы запісаная размова грамадзянскай жонкі Андрэя Казекі з прадстаўніком фірмы «Афганвет». Як паведамляе газета, прадстаўнік фірмы прапанаваў свае паслугі ў закрыцьці крымінальнай справы супраць Андрэя Казекі. Для гэтага родным Андрэя нібыта трэба было заплаціць 250 тысячаў даляраў, прычым частка гэтых грошай, як сьцьвярджаецца ў публікацыі, прызначалася непасрэдна Генеральнаму пракурору Віктару Шэйману і сьледчым, а частка – фірме «Афганвет». Ірына лічыць, што рэакцыя Генпракуратуры зьяўляецца сьведчаньнем таго, што яна мела рацыю. Галоўны рэдактар газеты «Для служебного пользования» Сьвятлана Калінкіна папярэджаньне, вынесенае Генпракуратурай, лічыць беспадстаўным. 

26 верасьня галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч заявіў, што ягоная газета будзе існаваць, нягледзячы на ўсе спробы ўладаў расправіцца з выданьнем. Так ён пракаментаваў заяву старшыні ФПБ Леаніда Козіка пра намер дамагацца закрыцьця «Народнай волі». Л.Козік заявіў на сустрэчы з журналістамі 25-га верасьня, што накіруе міністру інфармацыі зварот з просьбай прыпыніць выхад выданьня, якое, на ягоную думку, некалькімі публікацыямі зьняважыла ФПБ і яе сяброў. У Міністэрстве інфармацыі РБ ліст ад Л.Козіка пакуль не атрымалі. Між тым, калі міністр інфармацыі вырашыць на падставе хадайніцтва Л.Ко¬зіка вынесьці «Народнай волі» папярэджаньне, газеце і сапраўды можа пагражаць закрыцьцё. У гэтым годзе «Народная воля» ўжо мае адно папярэджаньне (ад 20.03. 2002), а два папярэджаньні цягам году могуць стаць падставай дзеля закрыцьця выданьня (згодна з арт. 5 Закону аб друку). Заява Л.Козіка – гэта ўжо трэці закід уладаў у бок «Народнай волі» пасьля таго, як на прэс-канферэнцыі А.Лукашэнкі 17-га верасьня прагучала пагрозьлівае папярэджаньне, што гэтай газеты ў Беларусі можа «ня быць». 20-га верасьня судовыя выканаўцы апісалі частку маёмасьці рэдакцыі выданьня на суму 5 млн. рублёў – паводле даўняга зыску судзь¬дзі Т.Злобіч. У той жа час зьявілася інфармацыя пра пракурорскую праверку абставінаў публікацыі ў «Народнай волі» інтэрв’ю з былым дырэктарам МТЗ М.Лявонавым, які ўтрымліваецца ў Жодзінскім СІЗА. А праз некалькі дзён Л.Козік агучыў ініцыятыву пра закрыцьцё буйнейшай у краіне незалежнай газеты...Тым часам, як сьведчаць апошнія апытаньні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў, дзеяньні ўладаў адносна недзяржаўнай прэсы не знаходзяць пад¬трымкі ў грамадзтве. Толькі каля 16-ці адсоткаў апытаных грамадзянаў Беларусі лічаць справядлівым судовы перасьлед журналістаў «Пагоні», «Рабочага» і «Нашае свабоды», а 40,6 адсоткаў рэспандэнтаў прытрымліваюцца адваротнага меркаваньня. 

28 верасьня ў Менску каля 21.00 на аўтобусным прыпынку адбыўся напад на журналіста Радыё Рацыя Генадзя Кесьнера. Пасьля таго, як Г.Кесьнер выйшаў з аўтобусу, невядомы нанёс яму некалькі ўдараў па галаве. Журналіст страціў прытомнасьць і быў дастаўлены ў бальніцу, дзе была ўстаноўленая адкрытая чэрапна-мазгавая траўма. У верасьні 2002 году ў Менску былі ўчыненыя вельмі падобныя напады на палітыка і рэдактара недзяржаўнай газеты «Згода» Аляксея Караля, а таксама вядомага беларускага навукоўцы, літаратара Адама Мальдзіса. Характэрна, што ва ўсіх гэтых выпадках асобы, якія ўчынілі напады, засталіся невядомымі. На Радыё Рацыя Генадзь Кесьнер займаецца асьвятленьнем праваабарончай тэматыкі. 

На пачатку кастрычніка супраць «Белорусской деловой газеты» быў пададзены чарговы судовы зыск, аўтар якога патрабуе спагнаць з «БДГ» 100 млн. рублёў (53 тысячы даляраў ЗША). Зыскоўцам выступае супрацоўнік АКБ «Белкаапбанк» Павел Дзік, які палічыў, што газета і аўтар адной з публікацыяў С.Сацук зьняважылі ягоныя гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю. У зыскавай заяве, пададзенай П.Дзіком у Кастрычніцкі суд г.Менску, фігуруюць два адказчыкі: уласна «БДГ» і С.Сацук – аўтар артыкулу «Следствие банкует», які зьявіўся ў газеце 14 жніўня 2002 г. Зыскоўца Павел Дзік абураецца тым, што аўтар артыкулу недакладна падаў ягоную пасаду (у публікацыі ён фігураваў як старшыня праўленьня «Беларускага біржавога банку»). Але галоўныя ягоныя прэтэнзіі зьвязаныя з тым, што, паводле артыкулу С.Сацука, менавіта з віны сп-ра Дзіка ўзьнікла «дзірка ў балансе» згаданага банку. У зыску Дзік сьцьвярджае, што «артыкул утрымлівае неадпавядаючыя рэчаіснасьці зьвесткі і прыніжае ягоныя гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю», а таксама «мае характар наўмыснага скажэньня рэчаіснасьці». Між тым, заснавальнікі газеты ўпэўненыя ў праўдзівасьці пададзеных аўтарам артыкулу зьвестак. 7 кастрычніка ў межах сьледзт¬ва ў пракуратуру выклікалі дырэктара выдавецкага дому «Марат» Любоў Вашкевіч. Любоў Вашкевіч сьцьвярджае, што за 10 гадоў яе працы ў «БДГ» столькі прэтэнзіяў да газеты адначасова ніколі не выстаўлялася. Яна спадзяецца, што гэта – супадзеньне. 

21 кастрычніка ў судзе Кастрычніцкага раёну г. Менску адбываўся чарговы разгляд грамадзянскай справы па зыску сьледчага па асабліва важных справах Рэспубліканскай пракуратуры Вячаслава Цераховіча. Адным з адказчыкаў зьяўляецца карэспандэнт «Белорусской деловой газеты» па Гомелі і Гомельскай вобласьці Ірына Макавецкая. На пачатку слуханьняў суд не задаволіў хадайніцтва сьледчага В. Цераховіча аб дадатковых зыскавых патрабаваньнях. Справа ў тым, што ў дадатковай зыскавай заяве сьледчы Цераховіч патрабаваў абвяржэньня інфармацыі, распаўсюджанай праз агенцтва БелаПАН і зьмешчанай у газеце «Наша свабода». Суд Кастрычніцкага раёну палічыў, што гэты зыск можа разглядацца іншым судом па месцы знаходжаньня газеты «Наша свабода» і БелаПАН. Журналістка Ірына Макавецкая зая¬віла хадайніцтва, каб яе другім прадстаўніком у грамадзянскім працэсе быў адвакат Гары Паганяйла. Гары Паганяйла падаў хадайніцтва аб спыненьні працэсу ў «у сувязі з адсутнасьцю прадмету спрэчкі». У разглядзе грамадзянскага зыску сьледчага Цераховіча абвешчаны перапынак. 

Напрыканцы кастрычніка кожны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ атрымаў альтэрнатыўны варыянт Закону аб СМІ, падрыхтаваны юрыстамі Цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў. Каментуючы падзею, кіраўнік Цэнтру Міхаіл Пастухоў сказаў: «Мы спадзяемся, што дэпутаты не застануцца абыякавымі да пункту гледжаньня журналістаў, якія штодзень сутыкаюцца з Законам аб друку, і юрыстаў, якія ведаюць усе асьпекты правапрымяняльнай практыкі ў галіне СМІ. Рыхтуючы свой законапраект, мы абапіраліся ня толькі на ўласны практычны досьвед, але і на еўрапейскія стандарты ў галіне СМІ. Разам з тым – мы рэалісты і не разьлічваем на тое, што дэпутаты адрынуць афіцыйны законапраект і прымуць наш. Мы лічым, што дасягнем свае мэты, калі атрымаецца стварыць камісію, у якую ўвойдуць дэпутаты парламенту і прадстаўнікі журналісцкай грамадзкасьці, каб правесьці абмеркаваньне і выключыць з афіцыйнага праекту найбольш адыёзныя пазіцыі». БАЖ таксама зьвярнуўся да дэпутатаў з просьбай накіраваць афіцыйны законапраект у Савет Еўропы. 

У кастрычніку Кобрынскі гарвыканкам адмовіў у рэгістрацыі новага незалежнага выданьня — газеты «Моладзевы весьнік», засна¬вальнiкамi якога сталi маладыя людзі розных рэгiёнаў Берасьцейшчыны, бо меркавалася, што газета будзе распаўсюджвацца на тэрыторыi ўсёй вобласьцi. У Кобрыне было знойдзенае памяшканьне, дзе планавалася разьмясьцiць рэдакцыю. Але мясцовы гарвыканкам ня даў згоды на тое, каб такая газета зьявiлася ў горадзе. Эксьперты Цэнтру прававой абароны cродкаў масавай iнфармацыi пры Беларускай асацыяцыi журналiстаў знайшлi ў адказе Кобрынскага гарвыканкаму адразу 16 парушэньняў дзеючага заканадаўства. Варта адзначыць, што ў Кобрыне, дзе жыве каля 50-цi тысячаў чалавек, няма нiводнай незалежнай газеты. Усе ранейшыя спробы зарэгiстраваць непадпарадкаванае ўладам выданьне таксама былi адхiленыя мясцовай вертыкальлю. 

У кастрычніку Гарадзенская абласная пракуратура накіравала ў Ленінскі райаддзел міліцыі г.Гародні ліст з прапановай прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасьці шэраг журналістаў – «за разьмяшчэньне ў сеціве Інтэрнэт-газеты «Пагоня». З пракуратуры даслалі таксама раздрукоўкі сайту http://pahonia.promedia.by за верасень і «склад рэдакцыі Інтэрнэт-газеты «Пагоня». У сьпісе прозьвішчы 7 журналістаў – з тэлефонамі і хатнімі адрасамі. Першай у міліцыю выклікалі Ірыну Чарняўку. У пісьмовым тлумачэньні яна зазначыла, што ня мае ніякіх адносінаў да сайту. На размову па справе Інтэрнэт-газеты «Пагоня» супрацоўнікі міліцыі выклікалі таксама Юлію Дарашкевіч і Андрэя Пачобута. 

У кастрычніку журналістцы менскай FM-радыёстанцыі «Юністар» Яне Каменскай прапанавалі звольніцца па ўласным жаданьні за агучаную ў эфіры інфармацыю, што не спадабалася адміністрацыі прэзідэнта. На думку самой журналісткі, гэта ёсьць прыклад таго, наколькі свабоднымі зьяўляюцца сёньня ў Беларусі журналісты. Падставай дзеля звальненьня стала ўласная інфармацыя радыёстанцыі наконт аб’яднаўчага зьезду двух моладзевых саюзаў Беларусі. Карэспандэнта «Юністар», а таксама іншых недзяржаўных СМІ, не пусьцілі ў канцэртную залу «Менск», дзе праходзіў зьезд. Атрыманая раней акрэдытацыя была без папярэджаньня скасаваная за дзень да зьезду на той падставе, што там чакалі прыезду прэзідэнта РБ Аляксандра Лукашэнкі. Такім чынам, радыёстанцыя, якая мусіць прапагандаваць моладзевую палітыку, засталася без інфармацыі. Праз чатыры дні пасьля зьезду міністр інфармацыі Беларусі М. Падгайны запрасіў да сябе галоўных рэдактараў усіх недзяржаўных радыёстанцыяў, каб паразмаўляць пра вяшчаньне кожнай з іх. Там і было заяўлена, што інфармацыя, якая гучала на «Юністары», не адпавядае рэчаіснасьці. Радыё «Юністар» – сумеснае беларуска-нямецкае прадпрыемства. Заснавальнікам з беларускага боку выступае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, і ўся ідэалогія станцыі найперш скіраваная на студэнтаў і вучняў. Дзяржаве належыць кантрольны пакет акцыяў радыё, і таму тэрмін «недзяржаўнае» наўрад ці можна аднесьці да «Юністару». Гэта першы выпадак звальненьня журналіста FM-эфіру па палітычных матывах пасьля закрыцьця Радыё-101,2. Усе FM-радыёстанцыі Беларусі, баючыся за ўласную будучыню, даволі сьціпла асьвятляюць дзейнасьць недзяржаўных арганізацыяў і апазіцыі. Некаторыя ўвогуле пазьбягаюць палітычнай інфармацыі, нават з дзяржаўных крыніцаў. Бо, прапагандуючы палітыку Лукашэнкі, можна застацца без рэкламадаўцаў, а распавядаючы пра апазіцыю — без ліцэнзіі на вяшчаньне. 

1 лістапада выйшаў апошні нумар Крычаўскай незарэгістраванай штотыднёвай газеты «Вольны горад». Прычынай перапыненьня выхаду выданьня сталіся фінансавыя праблемы і непаразуменьні з мясцовымі ўладамі. За час існаваньня, пачынаючы з 1998 году, сьвет пабачылі 109 нумароў «Вольнага гораду» (наклад 299 асобнікаў). Газета друкавалася ў смаленскай прыватнай друкарні і распаўсюджвалася на грамадзкіх пачатках сярод жыхароў Крычаўскага раёну. За гэты час дзясяткі разоў рэдакцыя спрабавала зарэгістраваць сваё «дзіцё» ў Міністэрстве інфармацыі РБ. Аднак усе спробы былі марнымі праз нежаданьне Крычаўскага райвыканкаму бачыць «Вольны горад» у ліку юрыдычных асобаў на падуладнай тэрыторыі. 

6 лістапада ў Менску судовымі выканаўцамі было канфіскаванае абсталяваньне рэдакцыі газеты «Наша свабода». Выданьне спыніла свой выхад пасьля таго, як 2 жніўня старшыня суда Маскоўскага раёну г.Менску Анатоль Савіч задаволіў зыск старшыні Ка¬мітэту дзяржаўнага кантролю Анатоля Тозіка да газеты і журналіста Міхаіла Падаляка. Дзеля кампенсацыі маральных стратаў судзьдзя абавязаў газету выплаціць істцу 100 млн. рублёў (той запытваў 200 млн.), а М.Падаляка – 5 млн.(15 млн.). Зыск выклікала публікацыя артыкулу пад назовам «Канфідэнцыяльна», у якім распавядалася пра канфлікт паміж чыноўнікамі розных структураў у атачэньні А.Лукашэнкі. Рашэньне раённага суда было безвынікова абскарджанае ў Гарадзкім судзе, які пакінуў рашэньне ў сіле. Яшчэ да разгляду скаргі газета аказалася практычна закрытай: апісаная яе абсталяваньне, арыштаваны разьліковы рахунак. Няўдачай завяршылася спроба дабіцца ў судзе адмены пастановы аб вопісе маёмасьці, якая належала прыватным асобам і была арэндаваная рэдакцыяй. Паводле словаў рэдактара газеты Паўла Жука, у забесьпячэньне зыску былі канфіскаваныя ўсе 16 кампутараў, факсы, тэлефоны, іншае абсталяваньне і рэчы, якія знаходзіліся ў кватэры, якую арэндавала рэдакцыя. Былі канфіскаваныя таксама некаторыя рэчы, якія належалі гаспадарам кватэры, напрыклад, лядоўня. П.Жук лічыць, што беларускія ўлады спрабуюць такім чынам перашкодзіць выхаду новай газеты, якая можа зьявіцца ўжо ў бліжэйшы час. 

18 лістапада суд Кастрычніцкага раёну г. Менску не задаволіў грамадзянскі зыск сьледчага па асабліва важных справах пракуратуры Рэспублікі Беларусь Вячаслава Цераховіча да карэспандэнткі «Белорусской деловой газеты» Ірыны Макавецкай. Адноўленыя пасьля амаль месяцовага перапынку слуханьні 18-га лістапада доўжыліся каля гадзіны. Судзьдзя І. Басько разгледзела пісьмовае хадайніцтва прадстаўніка І.Макавецкай вядомага адваката Г. Паганяйлы і вынесла рашэньне на карысьць газеты. Гары Паганяйла здолеў пераканаць суд, што ў публікацыях па «справе Бандажэўскага-Раўкова», якімі газета ні-быта зьняважыла гонар і годнасьць сьледчага В. Цераховіча, крытыка адрасаваная не яму, а беларускім уладам. 

19 лістапада да гарадзенскага журналіста Андрэя Мялешкі дахаты прыйшоў лейтэнант міліцыі Валеры Стасюкевіч, каб ўзяць тлумачэньне па справе Інтэрнэт-газеты «Пагоня». Міліцыянт патлумачыў, што інакш знайсьці журналіста ня мог. Апрача гэтага, Cтасюкевіч запрасіў па тэлефоне на другую «размову» Андрэя Пачобута. Але той адмовіўся прыйсьці. 

25 лістапада Палата прадстаўнікоў РБ адхіліла прапанову дэпутата Валерыя Фралова, што тычылася адмены шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць адказнасьць за публічную зьнявагу і паклёп на прэзідэнта. За адхіленьне прапановы прагаласавала 65 дэпутатаў, падтрымалі праект закону толькі 13 парламентарыяў. Нагадаем, што ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у сілу - 1 студзеня 2000 году, ёсьць цэлы разьдзел, які называецца «Злачынствы супраць парадку кіраваньня». За парушэньне артыкулу 367 – паклёп у дачыненьні да прэзідэнта Беларусі, прадугледжанае пакараньне ў выглядзе абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў альбо па¬збаўленьнем волі на той жа тэрмін. Артыкул 368 – зьнявага прэзідэнта, пакараньне – штраф, выпраўленчыя працы, абмежаваньне волі тэрмінам да трох гадоў альбо зьняволеньне на той жа тэрмін. Ёсьць яшчэ і артыкулы 369 – зьнявага прадстаўніка ўлады, 366 – гвалт альбо пагроза ў дачыненьні да асобы, якая выконвае службовыя абавязкі. І па гэтых артыкулах у Беларусі ўжо адбыліся гучныя судовыя працэсы. Так, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2001 году ў Гародні была ўзбуджаная крымінальная справа супраць рэдактара газеты «Пагоня» Міколы Маркевіча і журналіста Паўла Мажэйкі, у Менску – супраць рэдактара газеты «Рабочы» Віктара Івашкевіча. І хоць газеты не пабачылі сьвет, журналісты асуджаныя і прыгавораныя да розных тэрмінаў абмежаваньня волі. Тут варта адзначыць вынаходніцтва беларускай судовай сістэмы. Да журналістаў прымянілі артыкул 14 Крымінальнага кодэксу – замах на злачынства. І хоць словазлучэньні «замах на паклёп» ці «замах на зьнявагу» гучаць па меншай меры абсурдна, журналістаў пакаралі абмежаваньнем волі. Валерый Фралоў, адстойваючы сваю прапанову, падкрэсьліў, што адмена артыкулаў Крымінальнага кодэксу прадыктаваная сёньня найперш неабходнасьцю прывядзеньня заканадаўства ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй краіны. І спаслаўся на артыкул 22 Канстытуцыі: «Усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў». Дэпутат Фралоў адзначыў, што ў краіне ўжо складаецца тэндэнцыя судовага перасьледу журналістаў. На думку дэпутата, «артыкулы Крымінальнага кодэксу перашкаджаюць прэзідэнту адэкватна ўспрымаць сітуацыю ў краіне, ня маючы зваротнай сувязі, да прыкладу, у асобе журналістаў». Але большасьць дэпутацкага корпусу не падтрымала законапраект. 

26 лістапада журналістка Івацэвіцкай недзяржаўнай «Газеты для Вас» з г. Бяроза (Берасьцейская вобласьць) Тамара Шчапёткіна аштрафаваная судом на 11 тысячаў рублёў. Яна здолела сфатаграфаваць факт удзелу пракурорскіх работнікаў у нелегальным продажы цыгарэт на бярозаўскім кірмашы. Прадстаўніцы адвакатуры і пракуратуры, якіх сфатаграфавала журналістка, не знайшлі нічога лепшага, як абвінаваціць 50-гадовую былую настаўніцу рускай мовы ў тым, што яна «лаялася матам». Судьдзя Мазуль стаў на бок «сваіх калегаў». Судовы працэс доўжыўся чатыры гадзіны і праходзіў у даволі арыгінальнай манеры. Высьветлілася, што Тамара Шчапёткіна «абражала матам» толькі загадчыцу юрыдычнай кансультацыі Наталю Літвінчук, а памочніца пракурора Аксана Гардзеенка — толькі сьведка, якая ўсё гэта чула. Нягледзячы на сьведчаньні міліцыянта «які нічога ня чуў», а таксама на іншыя доказы, судзьдзя Мазуль вынес рашэньне — аштрафаваць Т. Шчапёткіну на 11 тысячаў рублёў. 

Напрыканцы лістападу рэдакцыя газеты «Местное время», якая пачала выходзіць некалькі тыдняў таму, атрымала пісьмовае паведамленьне пра ліквідацыю выданьня. Паводле афіцыйнага тлумачэньня, падставай сталі юрыдычныя недакладнасьці падчас рэгістрацыі газеты. Афіцыйнае паведамленьне пра ліквідацыю газеты як юрыдычнай асобы галоўны рэдактар Анатоль Гуляеў атрымаў ад Менскага аблвыканкаму, дзе яна была зарэгістраваная. А пра скасаваньне рэгістрацыі ў Міністэрстве інфармацыі падчас вуснай гутаркі паведаміў рэдактару міністр М.Падгайны. Анатоль Гуляеў лічыць, што нават паводле афіцыйнай версіі газета ліквідаваная незаконна, а сапраўдная прычына – загад найвышэйшых уладаў: «Мы павінныя былі зрабіць зьмены ў Статуце. У нас падрыхтаваныя дакументы, але, не чакаючы, калі скончыцца тэрмін, Мен¬скі аблвыканкам прыняў рашэньне пра ліквідацыю юрыдычнай асобы, што незаконна. Мы лічым, што на самым высокім узроўні была каманда пра ліквідацыю газеты»... Газета «Местное время» найперш была скіраваная на асьвятленьне жыцьця ў рэгіёнах краіны. Выйшла ўсяго тры нумары выданьня, але ўжо ў першых нумарах газета паказала, што займае незалежную дэмакратычную пазіцыю. Гэта і стала прычынай перашкодаў, якія ўлады чынілі ад першага дня. Кіраўнік Цэнтру абароны СМІ Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў не выключае, што ліквідацыя газеты зьвязаная з пачаткам кампаніі выбараў у мясцовыя Саветы. Заснавальнікі «Местного времени» намерваюцца абскардзіць дзеяньні ўладаў у судзе, але кажуць, што незалежна ад ягоных вынікаў газета пацерпіць вялікія страты. 

10 сьнежня з газеты «Беларускі час», што выдаецца Федэрацыяй прафсаюзаў беларускай, звольнілася Ірына Германовіч, якая выконвала абавязкі галоўнага рэдактара выданьня пасьля А.Старыкевіча. Астатніх супрацоўнікаў рэдакцыі з 11-га студзеня пераводзяць на аплату ў 0,25 стаўкі. Прызначаная нядаўна старшынёй ФПБ Л.Козікам галоўны рэдактар «БЧ» С.Балашова заяўляе, што ўсё гэта робіцца ў поўнай адпаведнасьці з законам. Між тым, многія супрацоўнікі рэдакцыі лічаць, што ФПБ проста імкнецца «выжыць» з газеты рэшткі былога, непадкантрольнага ўладам калектыву. 

10 сьнежня ў Вільні правялі прэс-канферэнцыю для літоўскіх журналістаў, прысьвечаную сітуацыі са свабодай слова ў Беларусі, кіраўнікі закрытай беларускімі ўладамі газеты «Местное время». Вільню наведалі галоўны рэдактар «Местного времени» А.Гуляеў, намесьнік галоўнага рэдактара «МВ» А.Коктыш і віцэ-прэзідэнт БАЖ Э.Мельнікаў. «Распраўляюцца з самымі пасьпяховымі рэгіянальнымі мэдыя-праектамі, – сказаў А.Коктыш. – З «глыбінкай» працавала «Местное время», непрыемнасьці з мясцовымі ўладамі напаткалі «Новую газету Сморгони», горацкія «Региональные ведомости», баранавіцкую «Интэкс-пресс» і іншыя выданьні». Беларускія журналісты нагадалі літоўскім калегам пра крымінальны перасьлед журналістаў «Пагоні» і «Рабочага», а таксама пра падрыхтаваную «новую рэдакцыю» Закону аб друку, які яшчэ больш абмяжоўвае правы недзяржаўных СМІ. 

17 сьнежня падала зыск супраць Менскага аблвыканкаму рэдакцыя газеты «Местное время». На гэты крок журналісты пайшлі пасьля таго, як вычарпалі ўсе іншыя спосабы барацьбы за існаваньне газеты: напачатку сьнежня рэдакцыя накіравала скаргу ў сам Менскі аблвыканкам з патрабаваньнем аднавіць рэгістрацыю ТАА «Местное время-пресс». Цягам 10-ці дзён з аблвыканкаму павінен быў прыйсьці хоць нейкі адказ. Не дачакаўшыся рэагаваньня, рэдакцыя падала ў суд, назваўшы маўчаньне чыноўнікаў «гульнёй бяз правілаў». 

19 сьнежня Аршанская недзяржаўная тэлекампанія «Скіф» прызнаная вінаватай ў парушэньні правоў жыхара гораду Юрася Конышкі, бо адмовілася падаць у эфіры аб’яву пра ўшанаваньне памяці ахвяраў рэпрэсіяў на Дзяды. Цяпер, згодна з рашэньнем Аршанскага суда, ТАА «Гарант», якому належыць тэлекампанія, мусіць вярнуць Юрасю Конышку грошы за непададзеную ў эфіры аб’яву. У той жа час судзьдзя Наталя Цюменцава палічыла неабгрунтаванымі патрабаваньні зыскоўцы кампенсаваць маральную страту — на той падставе, што ўшанаваньне памяці ахвяраў савецкага рэжыму не было дазволенае гарадзкімі ўладамі. 

23 сьнежня старшыні ФПБ Леаніду Козіку адмовілі ў задавальненьні зыску супраць газеты «Народная воля». Нагодай дзеля звароту ў пракуратуру стаўся шэраг публікацыяў, у якіх Леанід Козік знайшоў прыкметы абразы гонару і годнасьці. Аднак пракуратура, разгледзеўшы газетныя артыкулы, не знайшла ў іх прысутнасьці элементаў зьнявагі. Нагадаем, што артыкулы апісвалі механізм абраньня на пасаду старшыні ФПБ Леаніда Козіка. 


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна

 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster