БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2002 годзе

Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2002 годзе7. ПАРУШЭНЬНІ ПРАВА ГРАМАДЗЯНАЎ НА СВАБОДУ ВЕРАВЫЗНАНЬН

Напрыканцы 2001-га году на беларускім радыё перастала гучаць упадабаная сотнямі тысячаў слухачоў праграма «Голас душы», якую на працягу васьмі гадоў рыхтаваў і вёў штонядзелю ксёндз-магістр, пробашч мінскага Чырвонага касьцёлу Уладзіслаў Завальнюк. Кіраўніцтва радыё патлумачыла забарону просьбамі тых, каму не падабалася перадача. На самой справе гэтае рашэньне – яшчэ адна праява распальваньня міжканфесійнай варожасьці ў Беларусі, дзеяньне антыканстытуцыйнае, сьвядома ці несьвядома разьлічанае на ператварэньне каталіцкіх вернікаў у грамадзянаў другога гатунку. «Голас душы» ўжо закрываўся колькі гадоў таму, але быў адноўлены пасьля таго, як вернікі сабралі дзясяткі тысячаў подпісаў пад просьбаю вярнуць перадачу. А перад прэзідэнцкімі выбарамі час вяшчаньня быў нават павялічаны ўдвая... 

2 студзеня жыхары Віцебску зьвярнуліся да мясцовых уладаў з патрабаваньнем спыніць пашырэньне каталіцызму ў рэгіёне. Больш за 170 жыхароў гораду, якія паставілі подпісы пад зваротам, упэўненыя: іх дзяцей пераманьваюць з праваслаўя ў каталіцызм. Кіраўнік аддзелу аблсавету па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Мікалай Сьцепаненка перакананы: гэткія сьцьверджаньні распальваюць міжканфесійную варожасьць. Таму ён нагадвае пра адказнасьць за парушэньне канстытуцыйнага права на свабоду веравызнаньня. 

У сакавіку ў Праваабарончы цэнтр «Вясна» трапіў цікавы дакумент – «Аб дзяржаўнай фінансавай падтрымцы асобных грамадзкіх аб’яднаньняў», накіраваны кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта РБ Уралам Латыпавым – Лукашэнку, з якога вынікае, што Беларускі Экзархат і некаторыя моладзевыя арганізацыі (кшталту пралукашэнкаўскага БПСМ) фінансуюцца дзяржавай, бо «члены гэтых аб’яднаньняў, як пераконвае практыка, — пасьлядоўныя прыхільнікі палітыкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, актыўна падтрымалі Вас 9 верасьня 2001 году». Што тычыцца Беларускага Экзархату, дык яго фінансаваньне дзяржавай – прамое парушэньне беларускага заканадаўства, паколькі, у адпаведнасьці з арт.16 Канстытуцыі РБ, усе рэлігіі і веравызнаньні роўныя перад законам. Згодна з арт. 7 Закону РБ «Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях»: «дзяржава не ўскладае на рэлігійныя арганізацыі выкананьне якіх-небудзь дзяржаўных функцыяў, ня ўмешваецца ў дзейнасьць рэлігійных арганізацыяў, калі яна не супярэчыць заканадаўству. Дзяржава не фінансуе дзейнасьць рэлігійных арганізацыяў. Рэлігійныя арганізацыі не выконваюць дзяржаўных функцыяў». Фінансаваньне дзяржавай Беларускага Экзархату адбываецца на фоне дыскрымінацыйных і абразьлівых выказваньняў у электронных і друкаваных дзяржаўных СМІ на адрас іншых традыцыйных для Беларусі веравызнаньняў. Усё гэта не спрыяе талерантнасьці і можа справакаваць канфлікт на рэлігійнай глебе. 

31 траўня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прынялі ў першым чытаньні Закон «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях». Пры падрыхтоўцы гэтага закону не была ўлічаная практычна ніводная папраўка (акрамя рэдакцыйных), якія былі прапанаваныя рэлігійнымі канфесіямі. Падчас яго падрыхтоўкі былі цалкам праігнараваныя сотні лістоў і заўвагаў як асобных вернікаў, так і кіраўнікоў рэлігійных аб’яднаньняў і суполак. 

12 чэрвеня па ініцыятыве грамадзянаў была створаная Грамадзянская ініцыятыва «За свабоднае веравызнаньне». Нагодай дзеля стварэньня ініцыятывы стала прыняцьце 31 траўня гэтага году дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў першым чытаньні Закону «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях» без уліку думкі рэлігійных аб’яднаньняў і галоснага абмеркаваньня ў грамадзтве. На думку шматлікіх канфесіяў, увядзеньне ў дзеяньне гэтага Закону, нормы якога не адпавядаюць Канстытуцыі і міжнародным абавязкам, якія ўзяло на сябе кіраўніцтва краіны, парушаюць правы вернікаў, гарантаваныя 31 артыкулам Канстытуцыі РБ. Мэта Грамадзянскай ініцыятывы – не дапусьціць прыніжэньня правоў вернікаў і захаваць традыцыі талерантнасьці і духоўнай свабоды, якімі нашая зямля была славутая ўжо ў 16 стагодзьдзі. У Статуце Вялікага Княства Літоўскага, (1588 год, частка 3, артыкул 3) сказана: «А таму што ў рэспубліцы нашай ёсьць немалая розьніца ў хрысьціянскай веры, прадухіляючы тое, каб з гэтае прычыны паміж людзьмі не пачалася якая-небудзь варожасьць шкадлівая, якую ў другіх дзяржавах мы ясна бачым, абяцаем сабе за нас і за нашчадкаў нашых на вечныя часы пад абавязкам прысягі, пад вераю, годнасьцю і сумленьнем нашым, што якія ні ёсьць мы розныя ў веры, мір паміж сабой захаваць і дзеля рознай веры ў касьцёлах крыві не праліваць і нікога не караць адчужэньнем маёмасьці, зьнявагаю, арыштам альбо выгнаньнем, і ніякім уладам і ўраду ў падобных дзеяньнях не спрыяць...». 

27 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытаньні закон «Аб свабодзе веравызньняў і рэлігійных арганізацыях», супраць прыняцьця якога выступіў шэраг беларускіх канфесіяў. З 87 дэпутатаў, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні, супраць закону выступілі толькі 2. Паводле ініцыятывы сьпікера Вадзіма Папова скандальны законапраект ставіўся на галасаваньне без абмеркаваньня. Ніводная прынцыповая папраўка не была ўлічаная дэпутатамі. Дэпутат Вольга Абрамава пакінула залу ў знак пратэсту. 

У чэрвені-ліпені патрапіла пад ціск з боку ўладаў гораду Крупкі Менскай вобласьці Царква хрысьціянаў веры евангельскай «Благадаць Ісуса». Спачатку грамаду абвінавацілі ў незаконным захопе зямлі, на якой будуецца царкоўны будынак, а калі права на карыстаньне ўчасткам было пацьверджанае дакументальна, дык некалькі разоў прыязджала камісія і перамервала надзел. У чэрвені ў нядзельную школу царквы наведаўся намесьнік старшыні райвыканкаму Дзьмітры Карань і з нявытлумачанаю мэтаю перапісаў усіх дзетак, якія яе наведваюць. А перасьлед пачаўся яшчэ на пачатку траўня, калі ў кватэру царкоўнага бухгалтара Тацяны Данілаўны Машэравай літаральна ўламаўся ўчастковы мілі¬цыянт Барыс Грук (так ён назваўся) і запатрабаваў справаздачу аб атрыманьні гуманітарнай дапамогі. Тацяна Данілаўна адказала, што яна ўся разьмяркоўваецца паміж маламаёмаснымі сем’ямі. Тады міліцыянт запатрабаваў адчыніць яму падвал дзеля вобыску. Нічога не знайшоўшы там, ён паведаміў, што паступіла заява ад настаўніцы мясцовай школы пра быццам бы самавольны з боку верніцы захоп падвальнага памяшканьня. Праз два тыдні прыйшоў другі ўчастковы – Сяргей Вераб’ёў (так ён сам назваўся), які паводзіў сябе вельмі груба, перапалохаў малых унукаў Тацяны Данілаўны і задаваў тыя ж пытаньні: «Чым займаецца царква?», «Колькі атрымлівае «гуманітаркі»?, «Дзе захоўваюцца царкоўныя грошы?», «Чаму самавольна захоплены падвал?» Пасьля гэтага «візіту» Тацяну Данілаўну выклікалі ў выканкам на адміністратыўную камісію. Там яе абавязалі вярнуць згаданае памяшканьне і выплаціць штраф у памеры трох мінімальных заробкаў «за самавольны захоп камунальнай уласнасьці». Яна не пагадзілася з гэтым і адмовілася падпісваць пастанову. Тады 10 ліпеня ў яе кватэру прыйшоў трэці «ўчастковы», які назваўся Дзьмітрыем Вераб’ёвым. Ён пачаў пераконваць Тацяну Данілаўну ў тым, што яна вінаватая і павінна выплаціць штраф, а таксама папракаў яе, што яна «здрадзіла праваслаўю»... 

13 ліпеня сябры індуісцкай суполкі, апранутыя ў рытуальнае адзеньне, ішлі па вуліцы Матусевіча ў г.Менску. Іх было каля 20 чалавек. Яны накіроўваліся да парку Дружбы народаў, дзе было запланаванае рэлі¬гійнае мерапрыемства. Але рух быў гвалтоўна спынены міліцыянтамі, і некалькі індуістаў былі кінутыя за краты сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку на вул. Акрэсьціна. 

23 ліпеня Бераставіцкі райвыканкам (Гарадзенская вобласьць) прыняў рашэньне разбурыць царкву ў пасёлку Пагранічны. 25 ліпеня царквы ўжо не павінна было быць. Але бараніць яе сабраліся вернікі. Улады адклалі «дэмантаж» (тэрмін намесьніцы старшыні райвыканкаму па будаўніцтве Г.Ганчаровай) на 26-га ліпеня. Раніцай 26 ліпеня на абарону першай у Беларусі з часоў Другой сусьветнай вайны сьвятыні Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы сабраліся каля 60-ці вернікаў. Да царквы пад’ехалі два краны, бульдозер і пнеўмакампрэсар з адбойным малатком. Завяршаў гэтую ўнушальную працэсію аўтобус з рабочымі. Было вельмі шмат міліцыянтаў, амапаўцаў, у тым ліку з Гародні. Прысутнічалі таксама супрацоўнікі КДБ з відэакамерай. Асаблівым цынізмам было тое, што сьвятару Яну Спасюку паведамілі пра неабходнасьць аплаціць кошт зьнішчэньня царквы. Абаронцы царквы, у асноўным моладзь, стаялі наверсе будынку, двое з іх – сябры незарэгістраванай канфедэрацыі дзеючых суполак «Разам» – Дзьмітры Раманоўскі і Мікіта Паўроз прыкавалі сябе да калонаў царквы. Прыхажанкі з навакольных вёсак селі з абразамі па перыметры будынку і сьпявалі малітвы. Каля царквы міліцыя затрымала трох чалавек, сярод іх двух журналістаў: Валерыя Шчукіна з «Народнай волі» і Андрэя Пачобута з «Глоса з-над Немна». Іх абвінавацілі ў парушэньні парадку знаходжаньня ў прыгранічнай зоне. Падрыхтоўкай да зьнішчэньня царквы кіраваў намесьнік старшыні Бераставіцкага райвыканкаму Пётр Дудзько і намесьнік старшыні Бераставіцкага райвыканкаму па будаўніцтве Га¬ліна Ганчарова. Калі рабочыя пад’ехалі і ўбачылі, што будынак, які трэба разбураць, гэта царква, дык яны адмовіліся выконваць загады начальства. Параіўшыся між сабою, рабочыя пайшлі пешкам у бок Вялікай Бераставіцы. Пётр Дудзько паехаў у райцэнтр, адкуль прывёз яшчэ трох рабочых. Аднак і яны, убачыўшы людзей, якія абаранялі царкву, адмовіліся ад работы. Пасьля гэтага спачатку Дудзько, затым Ганчарова, а потым і міліцыя па чарзе пакінулі «поле бітвы». Усьлед ім бабулькі – прыхажанкі пасылалі чырвоныя знаменьні – маўляў, едзьце з Богам... Царква ў Пагра¬нічным павінна была стаць першым у краіне храмам БАПЦ. Улады не прызнаюць яе, каб не парушыць манаполіі, якую мае ў Беларусі Руская праваслаўная царква. Таму і была дадзеная каманда царкву, якую меркавалася адкрыць 2 жніўня, зраўняць з зямлёю... У нядзелю 28 ліпеня будынак храму Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы быў узяты ў аблогу супрацоўнікамі Бераставіцкага РАУС. Міліцыянты ўварваліся на тэрыторыю царквы, выкарыстаўшы замяшальніцтва, якое ўзьнікла ў стане абаронцаў пасьля таго, як настаяцель храма айцец Ян Спасюк страціў прытомнасьць падчас перамоваў з прадстаўнікамі мясцовай ўлады. Стан айца Яна Спасюка выклікае апасеньні. Цягам дня да яго двойчы выклікалі «хуткую дапамогу». Апошні раз, у сувязі з гіпертанічным крызам, дактары прапанавалі хвораму сьвятару шпіталізацыю. Аднак, зважаючы на падзеі, якія адбываюцца вакол царквы, айцец Ян адмовіўся легчы ў бальніцу. 

24 ліпеня суд Фрунзенскага раёну г. Менску прызнаў кіраўніка індуісц¬кай суполкі Тацяну Акаданаву вінаватай у арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця і пакараў яе штрафам у памеры 1,5 мільёна рублёў (гэта больш за 800 даляраў ЗША). Астатнія затрыманыя пакараныя штрафам у 200 тыс. рублёў. Асуджаныя лічаць прысуды неправавымі і несправядлівымі. Індуісцкая суполка падала ў гарвыканкам заяўку на правядзеньне на Кастрычніцкай плошчы мітынгу пратэсту супраць рэлі¬гійнага прыгнёту ў Беларусі. 

28 ліпеня ў мястэчку Пагранічны Бераставіцкага раёну Гарадзенскай вобласьці супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў і журналісты – сябра Праваабарончага цэнтру «Вясна» г. Гародня Сяргей Мальчык, журналісты Уладзімір Хільмановіч і Валеры Шчукін. Праваабаронцы і журналісты прыехалі ў мястэчка Сьвіслач з нагоды канфлікту вернікаў БАПЦ і ўладаў. 28 ліпеня адбыўся разгляд адміністратыўнай справы затрыманых. Старшыня Бераставіцкага раённага суда судзьдзя М. Панок груба парушыў правы затрыманых на абарону, адхіліўшы іхнія хадайніцтвы пра разгляд справы з удзелам адваката. Судзьдзя таксама дапусьціў шэраг працэсуальных парушэньняў. Падчас разгляду адміністратыўных справаў затрыманых сьведкі – супрацоўнікі міліцыі, якія давалі паказаньні ў судовым працэсе, – увесь час прысутнічалі ў зале суда. Мястэчка Пагранічны знаходзіцца ў памежнай зоне РБ, таму журналісты і праваабаронцы былі затрыманыя міліцыяй менавіта з гэтай нагоды. У выніку, згодна з вынесенай судовай пастановай па артыкуле 184 КаАП РБ (парушэньне рэжыму Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь), С.Мальчык і У.Хільмановіч атрымалі адміністратыўнае спагнаньне ў выглядзе штрафаў у памеры 50 тысячаў рублёў, а В. Шчукін, які абвінавачваўся ў парушэньні артыкулу 166 КаАП РБ (непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі), асуджаны да арышту на 15 сутак. 

30 ліпеня ў Пагранічны прыязджала начальства з Гародні, прадстаўнікі епархіі і журналісты дзяржаўных мас-медыя. Задачай «дэлегацыі» было – угаварыць людзей адмовіцца ад абароны царквы і сабраць кампрамат на Я.Спасюка. 

1 жніўня ўвечары ў пасёлку Пагранічны пачалося руйнаваньне храму. Міліцыянты ачапілі царкву, а памежнікі – сам пасёлак. Руйнаваньне працягвалася да 2-й гадзіны ночы пры сьвятле пражэктараў. 2 жніўня з раніцы да царквы пачалі зьбірацца вернікі, але міліцыянты іх не падпускалі. У абед зноў пачалося руйнаваньне царквы. Сталі разбураць і дом, што будаваўся для сям’і сьвятара... 

9 жніўня шэраг беларускіх суполак Сьвядомасьці Крышны былі вымушаныя зьвярнуцца ў суд Цэнтральнага раёну г. Менску з патрабаваньнем абавязаць Камітэт па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў РБ зарэгістраваць рэспубліканскае аб’яднаньне вернікаў гэтай канфесіі. Беларускія крышнаіты лічаць, што адмова ў рэгістрацыі іх арганізацыі зьяўляецца незаконнай і неабгрунтаванай. У прыватнасьці, да беларускіх прыхільнікаў Сьвядомасьці Крышны прад’яўляюць патрабаваньні згодна з новым законам аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыяў. Але гэты закон яшчэ ня дзейнічае, бо ён ня быў зацьверджаны Саветам Рэспублікі і не падпісаны прэзідэнтам. Службовыя асобы Камітэту па справах рэлігіяў (старшыня Буко, загадчык аддзелу рэлігіяў Калінаў) прымушаюць заснавальнікаў новага аб’яднаньня закладаць у Статут нормы, якія абмяжоўваюць правы вернікаў і не адпавядаюць дзеючаму заканадаўству. Напрыклад, іх прымушаюць зацьвердзіць у Статуце, што аб’яднаньне можа дзейнічаць толькі пры наяўнасьці ў сваім складзе ня менш за 10 зарэгістраваных мясцовых суполак, кожная з якіх павінная налічваць ня менш за 20 чалавек. Дадзенае патрабаваньне відавочна грунтуецца на новым законапраекце, паколькі ў дзеючым законе аб веравызнаньні падобнай нормы няма. Да таго ж Камітэт па справах рэлігіяў па незразумелых прычынах адмаўляецца прызнаваць сапраўднасьць юрыдычнага адрасу аб’яднаньня Сьвядомасьці Крышны, які быў афіцыйна і законна выдадзены гэтай арганізацыі адміністрацыяй Цэнтральнага раёну г. Менску. Відавочна, што рэгіструючы орган адносіцца да рэгістрацыі крышнаітаў перадузята і занадта строга. За юрыдычна неабгрунтаванымі патрабаваньнямі схаванае простае імкненьне не дапусьціць існаваньня ў краіне легальнага аб’яднаньня Сьвядомасьці Крышны. 
Як адзначана ў прэс-рэлізе менскай суполкі Сьвядомасьці Крышны, гэта ня першы выпадак, калі дзяржава выкарыстоўвае ў барацьбе супраць гэтай канфесіі відавочна незаконныя метады. Вось ужо 3 гады беларускія крышнаіты пазбаўленыя магчымасьці мець зносіны са сваімі замежнымі адзінаверцамі, паколькі правам запрашаць у Беларусь замежных сьвятароў валодае толькі зарэгістраванае рэспубліканскае аб’яднаньне.10 траўня 2001 г. беларускія крышнаіты падалі ўсе неабходныя дакументы дзеля рэгістрацыі такога аб’яднаньня, але на працягу 14 месяцаў яны былі вымушаныя выпраўляць гэтыя дакументы ў адпаведнасьці з неабгрунтаванымі прэтэнзіямі Камітэту па справах рэлігіяў. У гэтай сітуацыі беларускія крышнаіты былі вымушаныя зьвярнуцца ў суд з патрабаваньнем прымусіць Камітэт па справах рэлігіяў даць у рэшце рэшт альбо пазітыўны, альбо негатыўны адказ па гэтым пытаньні. 4 ліпеня суд падтрымаў патрабаваньні крышнаіцкіх суполак і абавязаў рэгіструючы орган даць канчатковы адказ. Натуральна, што ён быў адмоўны. Паказальна, што нават дзеля атрыманьня адмовы вернікам трэба было судзіцца. 

17 жніўня каля двух гадзінаў дня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску супрацоўнікі міліцыі затрымалі 12 чалавек індуісцкага веравызнаньня. Прыхільнікі індуізму праводзілі несанкцыянаваны пікет у цэнтры беларускай сталіцы, падчас якога яны спрабавалі выказаць сваю нязгоду з прычыны прыняцьця Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ новага закону аб рэлігіях, у якім пераважная роля ў нашай дзяржаве надаецца праваслаўнай царкве. Індуісты лічаць прыняцьце гэтага закону, а таксама судовыя перасьледы вернікаў «нетрадыцыйных» рэлі¬гіяў ганебнымі і антызаконнымі. Яны разгарнулі плакаты з лозунгамі: «Свабоду індуізму!», «Не – дзяржаўна-праваслаўнаму тэрарызму!», «Свабоду рэлігійным меншасьцям!», «Рукі прэч ад рэлігійных меншасьцяў!». Удзельнікі акцыі сьпявалі рэлігійныя песьні. Пасьля непрацяглага пікету каля рэстарацыі "Макдональдс” на прасьпекце Скарыны ўдзельнікі акцыі рушылі ў бок Кастрычніцкай плошчы. Тут іх ужо чакаў аўтобус з атрадам міліцыі сьпецыяльнага прызначэньня. Індуісты селі на зямлю, аднак гэта не перашкодзіла міліцыянтам падымаць іх па адным і закідваць у аўтобус. Удзельнікі пікету былі адвезеныя ў Цэнтральны РУУС г. Менску. Увечары ўсе арыштаваныя былі адпушчаныя да суда. 

3 верасьня ў судзе Цэнтральнага раёну г. Менску адбыўся суд над сьвятаром індуісцкай суполкі «Сьвятло Кайсалы – Шайвашакта» Сяргеем Акаданавым, які абвінавачваўся ва ўдзеле ў недазволеным пікеце 17 жніўня каля рэстарацыі "Макдональдс” і на Кастрычніцкай плошчы. Сяргея Акаданава пакаралі арыштам на 10 сутак. 
Жонка Сяргея Акаданава Тацяна таксама пакараная арыштам на 10 сутак. Тацяна Акаданава разам з мужам абвясьцілі галадоўку. 
Сяброў індуісцкай суполкі Зьміцера Алісевіча і Аляксея Раманчука таксама пакаралі арыштам на 10 сутак. Такім чынам, чацьвёра з затрыманых удзельнікаў пікету апынуліся за кратамі. Астатніх будуць судзіць на працягу тыдня. 

10 верасьня на памежным пераходзе Пясчатка (непадалёку ад Гародні) на польска-беларускай мяжы быў затрыманы каталіцкі сьвятар, грамадзянін Польшчы Эдвард Мацкевіч, які накіроўваўся ў Растоў-на-Доне. Сьвятар Эдвард Мацкевіч адпраўлены назад, у Польшчу. Айцу Мацкевічу беларускія памежнікі патлумачылі, што ягоны касьцёл у Растове зачынены, і ўсе памежныя пераходы пасьля кансультацыяў з Менскам і Масквой атрымалі загад не пускаць яго ў Беларусь. Беларускія памежнікі анулявалі ў сьвятара таксама адзнаку ў пашпарце «АВ-службовая». Варта адзначыць, што гэта ўжо стала заганнай традыцыяй — не пускаць каталіцкіх сьвятароў у Расію і Беларусь. Пачалося гэта амаль тры гады таму, з дэпартацыі польскага грамадзяніна Зьбігнева Кароляка, сьвятара з Берасьця, якога са скандалам выслалі на радзіму. У чэрвені ў Расею не пусьцілі каталіцкага сьвятара, грамадзяніна Італіі Стэфана Капрыё, які служыў ва Уладзіміры, і грамадзяніна Польшчы Ежы Мазура, які меўся працаваць у Іркуцку. 11 верасьня амаль ўсе сродкі масавай інфармацыі Польшчы адгукнуліся на інцыдэнт са сьвятаром Эдвардам Мацкевічам і назвалі гэта сапраўднай «халоднай вайной» супраць каталіцкага касьцёлу. 

23 верасьня кіраўнікі чатырох пратэстанцкіх грамадаў Беларусі падрыхтавалі адкрыты зварот да дэпутатаў Савету Рэспублікі, у якім заклікалі адхіліць дыскрымінацыйны закон аб свабодзе сумленьня і стварыць пагаджальную камісію дзеля ягонай дапрацоўкі. Акрамя таго, кіраўнікі пратэстанцкіх грамадаў распаўсюдзілі заяву, у якой просяць спыніць цкаваньне пратэстантаў у дзяржаўных СМІ краіны. 

У верасьні выйшла «Белая кніга», у якой сабраныя матэрыялы па праекце закону «Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях». «Белая кніга», якую выдала Грамадзянская ініцыятыва «За свабоднае веравызнаньне», стала своеасаблівым грамадзкім рэагаваньнем на факт прыняцьця новага закону «Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях». У склад ініцыятывы, створанай 12 чэрвеня гэтага году, уваходзяць прадстаўнікі розных нацыянальнасьцяў і канфесіяў. Яна мае на мэце не дапусьціць у грамадзтве дыскрымінацыі па рэлігійных перакананьнях. У «Белай кнізе» сабраныя афіцыйныя матэрыялы, зьвязаныя з прыняцьцем Палатай прадстаўнікоў РБ Закону «Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях», а таксама публікацыі СМІ на гэтую тэму. Выдаўцы, як падаецца ў прадмове да кнігі, імкнуліся такім чынам «запоўніць інфармацыйны вакуум, у які краіну кідаюць тыя, у чые планы не ўваходзіць якая-небудзь галоснасьць у гэтым пытаньні». Складальнік і рэдактар кнігі – прэзідэнт рэлігійнага аб’яднаньня абшчынаў прагрэсіўнага юдаізму ў Беларусі Якаў Басін. 

У верасьні суд Савецкага раёну г.Менску адмовіў ва ўзбуджэньні справы паводле зыску Саюзу Хрысьціянаў Веры Евангельскай да рэдакцыі «Народнай газеты», рэдакцыі газеты «Навіны Старадарожчыны» і журналісткі Ніны Яновіч аб абароне дзелавой рэпутацыі на падставе таго, што распаўсюджаныя гэтымі выданьнямі зьвесткі маюць «навуковы характар». У зыскавай заяве Саюзу ХВЕ гаворыцца: «На працягу 2002 году ў «Народнай газеце» былі апублікаваныя матэрыялы Н. Яновіч («Загадочная смерть Игоря Орловского, или Кому отольются материнские слезы?», 25.01. 2002; «Пятидесятники» профессионально зомбируют людей, или Как мать и сын продали квартиру, а деньги… подарили секте», 16.06. 2002; «Загадочная смерть Игоря Орловского, или Кому отольются материнские слезы?» у «Навінах Старадарожчыны» 3.08.2002), у якіх аўтар пры аналізе некаторых падзеяў і дзейнасьці абшчынаў хрысьціянаў веры Евангельскай (пяцідзясятнікаў) наўмысна скажае факты і падае інфармацыю ў перакручаным выглядзе. У прыватнасьці, Н. Яновіч абвінавачвае вернікаў-пяцідзясятнікаў, сьвятароў у выцягваньні грошай, негатыўным узьдзеяньні на псіхіку грамадзянаў, што вядзе да псіхічных разладаў, у «ахвярапрынашэньні» шляхам атручваньня, увогуле аб нанясеньні шкоды грамадзянам. Называючы абшчыны хрысьціянаў-пяцідзясятнікаў «сектамі», даючы характарыстыкі з паклёпніцкім перакручаным выкладаньнем рознай інфармацыі («Наша справка» ў артыкуле ад 25.01.2002 і ад 3.08.2002), Н.Яновіч наўмысна фармуе ў чытачоў негатыўны вобраз пяцідзясятнікаў, узбуджаючы тым самым да грамадзянаў, якія зьяўляюцца чальцамі нашых абшчынаў, стаўленьне неталерантнасьці і варожасьці на рэлігійнай глебе». Судзьдзя Г.Л.Дашук, разгледзеўшы зыск, вызначыў: «З зыскавай заявы можна зразумець. што Саюз Хрысьціянаў Веры Евангельскай просіць прызнаць не адпаведнымі рэчаіснасьці зьвесткі, выкладзеныя ў артыкуле «Пятидесятники» профессионально зомбируют людей», апублікаваным 16 ліпеня 2002 г., якія адносяцца да зьвестак навуковага характару… На падставе вышэйвыкладзенага… ва ўзбуджэньні справы адмовіць»... Гэта была ня першая зыскавая заява з боку евангельскіх цэркваў да Ніны Яновіч. У 2000 годзе некалькі менскіх евангельскіх цэркваў падалі ў суд на гэтага аўтара за паклёп у адказ на публікацыю ў «Народнай газеце» артыкулу «Беларуси угрожает перспектива превратиться в протестантскую республику, или Нас настойчиво толкают к предательству веры наших предков» (19-20 красавіка 2000 году). І тады справу разглядаў той жа судзьдзя, і быў атрыманы такі ж адказ – адмова ва ўзбуджэньні грамадзянскай справы, матываваная тым, што матэрыялы, выкладзеныя ў артыкуле, зьяўляюцца зьвесткамі навуковага характару. 

2 кастрычніка Савет Рэспублікі РБ большасьцю галасоў ухваліў Закон «Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях». Супраць закону прагаласавалі толькі 2 дэпутаты, 46 выказаліся «за» і 4 устрымаліся. У гэты дзень да сьценаў парламенту выйшаў адміністратар царквы «Новае жыцьцё» Васіль Юрэвіч. У яго быў транспарант з надпісамі супраць адыёзнага законапраекту, які разглядаўся ў Савеце Рэспублікі. Праз паўгадзіны вернік быў затрыманы міліцыяй і адвезены ў Маскоўскі раённы суд, дзе атрымаў папярэджаньне. 

18 кастрычніка суд Цэнтральнага раёну г. Менску адмовіў у рэгістрацыі Цэнтру грамадаў сьвядомасьці Крышны. Прычынай адмовы стаў нібыта няслушна аформлены юрыдычны адрас Цэнтру. Лідэры крышнаітаў называюць гэтае судовае рашэньне несправядлівым і палітычна матываваным. Паводле новага, нядаўна прынятага закону, крышнаіты ў Беларусі маюць нязначныя шанцы на рэгістрацыю свайго Цэнтру. Бо гэтая канфесія дзейнічае ў краіне менш за 20 гадоў. А таму крышнаіты рыхтуюцца да дзейнасьці ў напаўпадпольных умовах. 
31 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон «Аб свабо¬дзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях», шэраг палажэньняў якога супярэчаць нормам міжнароднага права, дзеючай Канстытуцыі Беларусі, а таксама Грамадзянскаму і Жыльлёваму кодэксам краіны, закону аб друку. Механізм рэалізацыі многіх нормаў новага Закону не прапісаны, што дае падставы для суб’ектыўных дзеяньняў чыноўнікаў у справе рэгістрацыі і ацэнкі дзейнасьці рэлігійных грамадаў. Прэамбула закону вызначае, якім канфесіям надаецца прыярытэтнае права дзеля свайго разьвіцьця. «Асаблівую трывогу, – гаворыцца ў заяве Грама¬дзянскай ініцыятывы «За свабоднае веравызнаньне», – выклікае сітуацыя, у якой аказваюцца групы грамадзянаў, што сумесна вызнаюць рэлігію, аднак не жадаюць набываць статус юрыдычнай асобы. Адпаведна нормам новага закону, гэтыя грамадзяне могуць быць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці». Фактычна закон абавязвае грама¬дзяніна дэклараваць сваю рэлігійную прыналежнасьць. Такім чынам, дзяржава «ўстанавіла жорсткі кантроль над духоўным жыцьцём кожнага чалавека». Ад новага закону, падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам, «пацерпіць самая тонкая і недатыкальная сфера жыцьця грамадзянаў, што прывядзе да рэлігійнай дэстабілізацыі ў грамадзтве». 

8 лістапада акцыю супраць дыскрымінацыйнага Закону «Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях» правялі Сяргей Пезкін і Ігар Закрэўскі. Акцыю яны пачалі ў 12.00 на плошчы Якуба Коласа і скончылі на плошчы Незалежнасьці. Сяргей Пезкін і Ігар Закрэўскі прайшлі па прасьпекце Скарыны, апранутыя ў сьпецыяльна падрыхтаваныя робы-плакаты, на якіх было напісана: «Новы закон аб рэлігіях – гэта вяртаньне да сярэднявечча і цемрашальства», «Ганьба Нацыянальнаму сходу за закон аб рэлігіях» 

10 сьнежня адміністрацыя Фрунзенскага раёну гораду Менску зьбірала кіраўнікоў рэлігійных абшчынаў, зарэгістраваных у гэтым раёне, дзеля азнаямленьня з новым заканадаўствам у сферы свабоды сумленьня. На паседжаньні прысутнічала начальнік аддзелу Менгарвыканкаму па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Ала Рабіцава. Падчас сустрэчы яна паведаміла прысутным, што ад гэтага часу правядзеньне хатніх групаў па вывучэньні Бібліі павінна праходзіць толькі пасьля атрыманьня дазволу ад мясцовых уладаў, бо хатнія групы гэта тыя ж самыя набажэнствы. Дамы і кватэры грамадзянаў не зьяўляюцца месцамі, сьпецыяльна прызначанымі дзеля такіх мерапрыемстваў, а таму праводзіць іх можна толькі з дазволу ўладаў. Паводле Дзіны Шаўцовай, юрыста «Царквы Ісуса Хрыста», хатнія групы, г.зн. штотыднёвыя сустрэчы вер¬нікаў у доме кагосьці з сяброў царквы з мэтай малітвы і вывучэньня Бібліі, зьяўляюцца, апроч агульных набажэнстваў, асноўным відам служэньня ў евангельскіх цэркавах. Сёньня, дзякуючы «намаганьням» у прыватнасьці Алы Рабіцавай, цэлы шэраг евангельскіх цэркваў, якія ня маюць сваіх будынкаў, пазбаўленыя магчымасьці арандаваць залы ў Менску. Цяпер яны вымушаныя зьбірацца толькі ў хатніх групах, аднак і гэтая магчымасьць зараз ставіцца ў залежнасьць ад жаданьня таго ці іншага чыноўніка. Больш за тое, такая практыка будзе зьяўляцца адкрыта неканстытуцыйнай і неадпаведнай міжнародным стандартам у галіне свабоды сумленьня. Таксама на гэтай сустрэчы прагучала азначэньне, якія сходы лічацца масавымі. Паводле Алы Рабіцавай, масавыя – гэта 10 і больш, у той час, як старшыня Камітэту па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў называе зусім іншыя лічбы – 100 і больш. Такім чынам, неакрэсьленасьць нормаў закону аб свабодзе сумленьня дазваляе чыноўнікам на месцах інтэрпрэтаваць закон, што ў канкрэтных сітуацыях вядзе для прамога абмежаваньня правоў грамадзянаў. 


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна

 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster