|
8. ДЫСКРЫМІНАЦЫЯ ПРАВОЎ ГРАМАДЗЯНАЎ БЕЛАРУСІ ПА ПРЫКМЕТАХ МОВЫ І НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ПРЫНАЛЕЖНАСЬЦІ
З 1 сакавіка тэлефонная даведка дакладнага часу перайшла на рускую мову. Дагэтуль сталічная служба дакладнага часу 0-88 паведамляла час па-беларуску. Такім чынам, сфера ўжываньня беларускай мовы ў чарговы раз гвалтоўна звужаная.
4 сакавіка ў Менску адбыўся жалобны мітынг з нагоды 60-й гадавіны масавага забойства габрэяў менскага гета. 2 красавіка 1942 году ад рук нямецкіх нацыстаў гвалтоўную сьмерць прынялі 6 тысячаў вязьняў. Прысутныя на мітынгу на месцы масавага забойства, у так званай Яме, гаварылі, што ганебныя рэцэдывы тых часоў паўтараюцца і ў нашыя дні, у тым ліку і ў Беларусі. За гады другой сусьветнай вайны ў Беларусі за¬гінула 800 тысячаў габрэяў. Другое істотнае скарачэньне габрэйскай дыяспары сталася магчымым у нашыя дні. Паводле афіцыйнай статыстыкі, за апошнія гады краіну пакінулі 30 тысячаў габрэяў, прыкладна гэткая ж колькасьць іх цяпер жыве ў Беларусі. Істотнае скарачэньне габрэйскага насельніцтва прадэманстраваў і жалобны мітынг у так званай Яме: да месца масавага забойства сваіх суродзічаў прыйшлі некалькі сотняў чалавек, тады як яшчэ ў 80-х тут зьбіраліся тысячы габ¬рэяў. Акрамя таго, ня так даўно ўрад Ізраілю прыняў адмысловую пастанову, якая спрасьціла вяртаньне на гістарычную радзіму. Таму габрэяў у Беларусі, магчыма, стане яшчэ менш.
У красавіку сярэднія школы Беларусі атрымалі цыркуляр, падпісаны міністрам адукацыі РБ П.Брыгадзіным. У дакуменце паведамляецца, што з ліку дысцыплінаў, абавязковых пры здачы выпускных іспытаў, выключаецца беларуская літаратура. Цяпер выпускнік можа здаваць альбо не здаваць гэты іспыт па ўласным жаданьні. Такім чынам, у беларускіх школьнікаў зьнікае апошні стымул вучыцца і размаўляць па-беларуску. Бо да іспыту трэба было рыхтавацца: чытаць і пераказваць творы, вучыць на памяць вершы. А цяпер гэта можна не рабіць. «Разабраўшыся» на рэферэндуме з мовай, улады намерыліся паставіць крыж і на беларускай літаратуры. І метады выкарыстоўваюцца тыя ж: усё зроблена дзеля таго, каб ініцыятыва адмовы ад усяго нацыянальнага ішла зьнізу. Гэта ж, маўляў, ня ўлада грэбуе мовай ды мастацкай кніжкай, на ёй напісанай, а сам беларускі народ.
У пачатку траўня звольненыя з пасадаў галоўныя рэдактары літаратурна-мастацкіх часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Крыніца», «Нёман». Усе гэтыя часопісы, што былі самастойнымі, сагнаныя ў адзін «калгас» – выдавецкую ўстанову, якую ўзначаліў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Сяргей Касьцян, шырока вядомы сваімі славянафільскімі і пракамуністычнымі поглядамі. Прызначаны на гэтую пасаду ён міністрам інфармацыі па асабістай прапанове Лукашэнкі. Пры гэтым бессаромна былі парушаныя Закон аб друку, статуты выданьняў, правы іх заснавальнікаў... На месцы дэмакратычных рэдактараў названых часопісаў прызначаныя лаяльныя да ўладаў «таварышы».
2 траўня творчы калектыў часопісу «Крыніца» поўным складам пакінуў працу ў рэдакцыі выданьня ў знак пратэсту супраць гвалту, учыненага ўладамі, якія прызначылі без узгадненьня з заснавальнікам — Саюзам пісьменьнікаў — новага галоўнага рэдактара. Нагадаем: часопіс «Крыніца» — адзін з шасьці друкаваных органаў, што быў улучаны ў гэтакзваны холдынг пад кіраўніцтвам сп. Касьцяна. «Крынічанаў» падтрымалі супрацоўнікі часопісаў «Полымя» і «Нёман». 2 траўня таксама адбылося паседжаньне пашыранай Рады Саюзу пісьменьнікаў, на якой вырашана зьвярнуцца з заяваю ў сродкі масавай інфармацыі пра недапушчальнасьць уладнае расправы з нацыянальнаю культураю, асьветаю і літаратураю.
2 ліпеня, напярэдадні Дня вызваленьня Беларусі ад нацыстаў, 30 РНЕшнікаў вольна прайшлі па вуліцах Гародні. Міліцыянты і амапаўцы сачылі за чорнакашульнікамі, але паводзілі сябе надзвычай далікатна. Усім цікаўным, якіх абурыла гэта, у Ленінскім РУУС цярпліва тлумачылі, што, маўляў, "на экскурсію” ў Гародню прыехалі госьці з Расіі ды Украіны, затрымліваць іх не было прычыны, бо яны нічога не парушалі, ішлі па тратуары. Міліцыянты замоўчваюць толькі адну акалічнасьць: ішлі РНЕшнікі ў чорнай уніформе з нацысцкай сімволікай, дэманструючы неўміручасьць ідэяў "новага парадку”. Асабліва паказальным падаецца гэты факт у сьвятле пастаянных арыштаў удзельнікаў любых беларускіх нацыянальных імпрэзаў, а таксама ўдзельнікаў пікетаў у абарону свабоды слова ў Гародні.
11 ліпеня прыняць новы Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», які б адпавядаў агульнапрынятым дэмакратычным нормам, прапанаваў уладам краіны Алег Трусаў – старшыня Рады ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны». Кіраўнік ТБМ лічыць, што новы закон павінен адпавядаць стандартам, закладзеным у Сусьветнай дэкларацыі аб культурнай разнастайнасьці ЮНЭСКО. У гэты заканадаўчы акт павінна закладацца норма, якая абавязвае ўсіх чыноўнікаў валодаць дзьвюма дзяржаўнымі мовамі, свабодна на іх пісаць і размаўляць. Кіраўнік ТБМ прапаноўвае вызначыць механізм карыстаньня беларускай, рускай і ангельскай мовамі, а таксама вызначыць межы карыстаньня мовамі краінаў-суседзяў — Літвы, Польшчы, Украіны.
23 ліпеня Саюз беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і грамадаў накіраваў зварот у Адміністрацыю прэзідэнта РБ, у Пракуратуру РБ і Камітэт па справах рэлігіяў у сувязі з фактамі масавага руйнаваньня габрэйскіх магілаў. У звароце гаворыцца, што «факты антысемітызму і неанацызму ў Беларусі набылі масавы характар». Толькі ў ліпені на Усходніх могілках Менску разбурана 40 габрэйскіх магілаў, на Паўночных могілках -- каля 20. Да звароту прыкладзеныя фотаздымкі антысеміцкіх надпісаў і графіці, якія за апошні час зьявіліся ў розных беларускіх гарадах – Гародні, Пінску, Барысаве, Менску. Беларускія габрэі просяць беларускія ўлады «прыняць адпаведныя меры». Аляксандар Лукашэнка ў інтэрв’ю пасьля сумеснай калегіі МЗС, Мінэканомікі і Мінгандлю назваў факты руйнаваньня габрэйскіх магілаў «хуліганскай выхадкай, якую мог зьдзейсьніць хто заўгодна». Ён патлумачыў, што кожны дзень праз Беларусь праяжджае больш за 2 млн людзей. Яны, на думку кіраўніка дзяржавы, могуць мець дачненьне да разбурэньня магілаў.
На пачатку верасьня прэзідэнт Усясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман зьвярнуўся да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з адкрытым лістом, у якім абвінаваціў урад Аляксандра Лукашэнкі ў антысемітызме. «Цяжка спадзявацца, што, маючы сябра Лукашэнку, Расія здолее заняць месца сярод цывілізаваных краінаў», – гаворыцца ў лісьце. У гэтай сітуацыі, лічыць Гутман, Пуціну будзе цяжка заставацца сябрам Тоні Блэра, Джорджа Буша, Франсуа Мітэрана, Герхарда Шродэра. Свой ліст Якаў Гутман пачаў з пералічэньня апошніх фактаў праявы антысемітызму ў Беларусі: разбурэньне габрэйскіх могілак, зьнішчэньне будынку былой сінагогі на вул. Дзімітрава ў Менску, будаў¬ніцтва паркінгу на месцы былой сінагогі на вул. Няміга, выказваньне Лукашэнкі пра Гітлера... Пералічаныя факты, на думку сп. Гутмана, «сьведчаць пра палітыку цяперашняга кіраўніцтва Беларусі». Зьвяртаючыся да Уладзіміра Пуціна, Якаў Гутман выказаў спадзяваньне, што ён «здолее спыніць беларускіх талібаў, якія працягваюць руйнаваць сьвятыні». Прэзідэнт Усясьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў нагадаў таксама, што Ізраіль «мякка апусьціў шлагбаўм на шляху супрацоўніцтва з Беларусьсю – зачыніў сваю амбасаду ў Менску». Якаў Гутман выказаў меркаваньне, што папраўка Джэксана-Вэніка, якая была ўве¬дзеная ЗША за савецкім часам у сувязі з парушэньнем правоў габрэяў у СССР і абмяжоўвае гандаль з краінамі, якія праводзяць палітыку антысемітызму, захаваная для РФ з-за шчыльных стасункаў з беларускім рэжымам.
18 лістапада ў абласным судзе г.Віцебску распачаўся першы ў Беларусі судовы працэс над групоўкай скінхэдаў, якія зьбівалі цемнаскурых студэнтаў з Азіі і Афрыкі. Тром непаўнагадовым і аднаму паўнагадоваму пагражае да 15 гадоў па¬збаўленьня волі. Затры¬ма¬ным інкрымінуецца так¬сама «разбойны напад і рабаваньне» па пяці эпізодах. Кры¬мінальная справа супраць іх была ўзбуджаная ў сакавіку 2002 году паводле фактаў неаднаразовага зьбіцьця цемнаскурых студэнтаў мясцовага медінстытуту. Дарэчы, стала вядома, што групоўка скінхэдаў у Віцебску налічвае 40-50 чалавек.
У лістападзе 75 са 109 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў зьвярнуліся да прэзідэнта Лукашэнкі з патрабаваньнем спыніць разбурэньне габрэйскіх культурных і рэлігійных каштоўнасьцяў у Менску. Аднак адказу так і не прыйшло.
13 сьнежня ў Віцебску завяршыўся крымінальны працэс над «брытагаловымі». Справу ў дачыненьні да групы «скінхэдаў», якая дзейнічала на Віцебшчыне з 2001 году, расьсьледаваў аддзел УКДБ па Віцебскай вобласьці. Да чатырох удзельнікаў групоўкі выстаўлена абвінавачаньне згодна з артыкуламі Крымінальнага кодэксу Беларусі аб распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці альбо розьні, прыніжэньні гонару і нацыянальнай годнасьці, спалучанымі з гвалтам. Перад судом паўсталі жыхары Віцебску і Аршанскага раёну, тром з якіх па 17 гадоў. Судовая калегія абласнога суду пад старшынствам Валянціны Буевай абвесьціла прысуд. Абвінавачаныя асуджаныя да розных тэрмінаў пазбаўленьня волі — ад 3,5 да 6 гадоў, якія яны будуць адбываць у калоніях агульнага рэжыму альбо выхаваўча-працоўных калоніях, калі прысуд захавае сілу пасьля абскарджаньня ў Вярхоўным судзе.
24 сьнежня прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Беларусі выказалі пратэст супраць фактаў дзяржаўнага антысемітызму ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве сузаснавальнікаў зьезду беларускай інтэлігенцыі. Аляксей Кароль, Уладзімір Колас і Аляксей Марачкін заклікаюць прадстаўнікоў інтэлігенцыі з розных краінаў сьвету пратэставаць супраць антысемітызму ў нашай краіне. Апошнія факты праяваў антысемітызму на дзяржаўным узроўні змусілі арганізатараў зьезду беларускай інтэлігенцыі выказацца з гэтай нагоды. «Гады, якія прайшлі з моманту абраньня Аляксандра Лукашэнкі, на вялікі жаль, поўняцца шматлікімі прыкладамі распальваньня міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасьці», – гаворыцца ў дакуменце.
У сьнежні стала вядома, што 11-гадовая дзяўчынка Маша Каралькова з гораду Горкі, што на Магілёўшчыне, з пачатку навучальнага году ня ходзіць у школу. У 1999 годзе Маша пайшла ў першы клас з беларускай мовай навучаньня. Два гады яна вучылася па-беларуску. На пачатку трэцяга класу ў Горках не знайшлося настаўніка, які б мог вучыць дзяўчынку, а новая настаўніца параіла бацькам, калі яны хочуць, каб іх дачка працягвала вучыцца па-беларуску, пераехаць жыць у вёску, дзе ёсьць беларуская школа. Ірына і Віктар Каральковы, каб не адрываць дачку ад вучобы, пагадзіліся на кампраміс: няхай Маша год павучыцца ў “звычайным” рускім класе, толькі ўжо ў іншай школе. А праз год, магчыма, нешта зьменіцца... Іх спадзяваньні не былі беспадстаўнымі: у жніўні 2001 году пастановай Міністэрства адукацыі была зацьверджаная “Праграма дадатковых мераў па пашырэньні сферы выкарыстаньня беларускай мовы ў сістэме адукацыі”. У прыватнасьці, у Праграме сьцьвярджалася: “У кожным раённым цэнтры, раёне гарадоў адкрыць ня менш за адну школу з беларускай мовай навучаньня”. Тэрмін выкананьня – пачынаючы з 2002/2003 навучальнага году. Бацькі пагадзіліся пачакаць. У 2002 годзе, у адпаведнасьці з новай 12-гадовай сістэмай адукацыі, Маша павінна была пайсьці ў 5 клас. Але праблема была ў тым, што ні ў адной з пяці школаў у Горках няма беларускамоўнага пятага класу. Не дабіўшыся таго, каб Маша вучылася па-беларуску, бацькі 1 верасьня пакінулі дзяўчынку дома.
Форму і мову навучаньня выбіраюць ня самі дзеці, а іх законныя прадстаўнікі – бацькі. Ірына і Віктар Каральковы свой выбар зрабілі больш за тры гады таму. І маюць намер, жаданьне і законныя падставы адстойваць яго да канца. Тым больш, што ў артыкуле 5 Закону “Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь” гаворыцца “... дзяржава гарантуе грама¬дзянам права выбару мовы навучаньня і выхаваньня і стварае адпаведныя ўмовы дзеля рэалізацыі гэтага права”. Як жа гэтым правам скарыстацца Машы Каральковай? Бацькам прапанавалі вазіць дзяўчынку ў Шышаўскую сельскую школу, якая знаходзіцца ў 4 км ад Горак. Там школа беларускамоўная, у пятым класе ўсяго тры вучні. Каральковы не пагадзіліся, і іх можна зразумець – яны ж жывуць у горадзе, дзе ёсьць пяць школаў, і хочуць, каб іх дзіця вучылася на дзяржаўнай мове ў іх горадзе. Ірына і Віктар Каральковы здавацца не зьбіраюцца. Яны не патрабуюць нічога супрацьпраўнага. Яны толькі хочуць, каб усе прадметы ў дачкі-пяцікласніцы выкладаліся па-беларуску. І маюць права на гэта, бо і Канстытуцыя, і заканадаўства на іх баку.
Маша вучыцца дома самастойна па школьных падручніках. Па заяве бацькоў яна здала залікі за першую чвэрць па ўсіх прадметах на 9 і 10 (акрамя рускай мовы) балаў... Бацькам больш не пагражаюць адміністратыўным пакараньнем за тое, што Маша ня ходзіць у школу. Аднак пытаньне, дзе ж вучыцца Машы Каральковай, не вырашаецца.
9. ПАРУШЭНЬНІ ПРАВОЎ ГРАМАДЗЯНАЎ НА МІРНЫЯ СХОДЫ І АСАЦЫЯЦЫІ
У сакавіку Гарадзенскi выканаўчы камiтэт адмовiў жыхарам Гародні Сьвятлане Нех i Дзьмiтрыю Iваноўскаму ў правядзеньнi пiкетаў супраць крымiнальнага перасьледу журналiстаў Мiколы Маркевiча i Паўла Мажэйкi. Пiкеты планавалася правесьцi ў адным з самых шматлюдных месцаў гораду – каля Дому сувязi. Меркавалася, што акцыя пройдзе i пад агульным дэвiзам «Маю права!». Аднак гарвыканкам у асобе яго старшынi Аляксандра Антоненкi i кiраўнiка справамi Аляксандра Калачова ня толькi адмовiў у правядзеньнi пiкетаў, але i зьвярнуў увагу заяўнiкаў «на асабiстую адказнасьць у выпадку правядзеньня пiкетаў без атрыманьня згоды гарадзкога выканаўчага камiтэту». Гэтым жа рашэньнем Сьвятлана Нех i Дзьмiтрый Iваноўскi папярэджаныя аб тым, што i ў далейшым гарвыканкам ня будзе даваць iм згоды на правя¬дзеньне ў Гародні грамадзкiх акцыяў. Рашэньне гарвыканкаму матываванае тым, што «вышэйназваныя грамадзяне шматразова парушалi патрабаваньнi дзеючага заканадаўства пры арганiзацыi розных грамадзкiх акцыяў». Сьвятлана Нех i Дзьмiтры Iваноўскi плануюць абскардзiць гэтае рашэньне ў судзе.
23 траўня Менскі гарадзкі суд разглядаў касацыйную скаргу Аб’яднанай грамадзянскай партыі. АГП абскарджвае рашэньне Маскоўскага райсуда сталіцы па гэтак званым «пікеце памяці Ганчара і Красоўскага». У верасьні 2000 году Менгарвыканкам забараніў правядзеньне пікету памяці на месцы выкраданьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. АГП дабіваецца права праводзіць акцыі ў любых кропках гораду, а ня толькі ў парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор. Гарадзкія ўлады цягам апошніх гадоў даюць санкцыі на правядзеньне ўсіх масавых акцыяў толькі ў гэтым месцы, не зважаючы на заяўкі, што падаюць арга¬нізатары мерапрыемстваў. АГП мяркуе, што ў беларускім заканадаўстве няма нормы, якая дазваляла б мэрыі зьмяняць месца правя¬дзеньня акцыяў.
11 лістапада менскія ўлады забаранілі вулічную акцыю «За незалежнасьць», якая планавалася на 17 лістапада. Фармальная прычына забароны – заяўка на правядзеньне масавай акцыі не была аформленая належным чынам. Арганізатары ж кажуць, што незалежна ад рашэньня ўладаў шэсьце і мітынг у цэнтры Менску адбудуцца. Менскі гарвыканкам матывуе сваё рашэньне тым, што, паводле дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі, арганізоўваць масавыя вулічныя акцыі могуць толькі палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі і прафсаюзы. А заяўку на шэсьце і мітынг 17 лістапада падпісала група прыватных асобаў, што нібыта супярэчыць беларускаму заканадаўству. З гэтай нагоды арганізатары акцыі Павел Севярынец, Вячаслаў Сіўчык і Сяржук Высоцкі правялі прэс-канферэнцыю. Лідэры Маладога Фронту і Партыі свабоды заяўляюць, што, нягледзячы на забарону акцыі ўладамі і выхад з аргкамітэту прадстаўнікоў шэрагу партыяў, шэсьце і мітынг у цэнтры Менску ўсё роўна адбудуцца. Арганізатараў не бянтэжыць тое, што на забароненае мерапрыемства можа прыйсьці няшмат людзей. «Ня мела асаблівага значэньня, колькі людзей прыйшло на абарону Курапатаў год таму. Таму што тыя людзі, якія здольныя былі прыйсьці, яны прыйшлі», – заявіў Вячаслаў Сіўчык.
10.
ПЕРАСЬЛЕД АЛЬБО ЗАБАРОНА ДЗЕЙНАСЬЦІ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЫЯЎ, РУХАЎ, ГРАМАДЗКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ
15 студзеня падалі апеляцыю ў абласны суд абаронцы кіраўніка абласнога аддзяленьня «Фонду імя Л.Сапегі» і адначасова кіраўніка Магілёўскай філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Шанцава. 6 верасьня фінансавая паліцыя канфіскавала ўсю аргтэхніку ў офісе Фонду, а праз два з паловай месяцы нібыта знайшла ў кампутарах інфармацыю пра выбары. У выніку на Уладзіміра Шанцава быў скла¬дзены пратакол за парушэньне Дэкрэту №8, і ў першы працоўны дзень новага году раённы суд прызнаў яго вінаватым у выкарыстаньні замежнай гуманітарнай дапамогі падчас выбараў. А спагнаньнем прызначыў канфіскацыю тэхнікі і 100 мінімальных заробкаў асабіста з кіраўніка Фонду. Уладзімір Шанцаў лічыць рашэньне суда незаконным і спасылаецца на вялікую колькасьць парушэньняў. Ён сьцьвярджае, што праваахоўныя органы ў гэтай справе не зрабілі ніводнага кроку, які быў бы цалкам законным. Усе парушэньні падрабязна выкладзеныя ў паперах, накіраваных у абласны суд, які павінен разгледзець скаргу.
25 студзеня суд Чыгуначнага раёну г.Гомелю прызнаў старшыню абласнога грамадзкага аб’яднаньня «Грамадзянскія ініцыятывы» Віктара Карніенку вінаватым у парушэньні часткі 3 пункту 4 дэкрэту №8 і ў выкарыстаньні аргтэхнікі дзеля «падрыхтоўкі правядзеньня прэзідэнцкіх выбараў». Судзьдзя Ганна Новік прыняла пастанову аб кан¬фіскацыі пяці кампутараў, двух прынтараў, ксераксу, якія належалі грамадзкаму аб’яднаньню і не зьяўляліся гуманітарнай дапамогай. Судзьдзя парушыла ўсе працэсуальныя нормы і аштрафавала старшыню аб’яднаньня Карніенку на 1 мільён рублёў. Нагадаем, што аргтэхніка была канфіскаваная супрацоўнікамі Гомельскага абласнога ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі 13 жніўня 2001-га году ў прыватным доме Віктара Карніенкі.
28 лютага Вярхоўны суд Беларусі пацьвердзіў законнасьць папярэджаньня, дадзенага Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ) Міністэрствам юстыцыі яшчэ ў лістападзе 2001 году. Лідэр ПКБ Сяргей Калякін так патлумачыў сэнс папярэджаньня: «Мінюст сьцьвярджае, што нашая пячатка, якою мы карыстаемся з 1996 году, не адпавядае патрабаваньням. Нібы там серп крыху шырэйшы, чым трэба, і молат вузейшы, як мае быць. Тут відавочны палітычны матыў. Трэба вынесьці папярэджаньні партыі, каб цягам году ў выпадку патрэбы можна было паспрабаваць яе ліквідаваць».
4 сакавіка пракуратура краіны адмовілася расьсьледаваць акалічнасьці абрабаваньня офісу Беларускага саюзу прадпрымальнікаў. Колькі тыдняў таму невядомыя трапілі ў сядзібу Саюзу і вынесьлі адтуль аргтэхніку — у тым ліку два кампутары з важнымі архівамі. Прэзідэнт Саюзу прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа лічыць, што праваахоўныя органы проста ня хочуць займацца сваёй справай.
4-5 сакавіка ў Берасьцейскім абласным судзе разглядалася справа па зыску Берасьцейскага аблвыканкаму аб ліквідацыі абласнога Цэнтру падтрымкі грамадзянскіх ініцыятываў «Вежа». Падставай для ліквідацыі паслужылі 2 пісьмовыя папярэджаньні Упраўленьня юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму, якія былі вынесеныя грамадзкаму аб’яднаньню. Першае 30 верасьня і другое 5 кастрычніка 2001 го¬ду. У чым заключаліся «парушэньні заканадаўства», зьдзейсьненыя «Вежай»? Напрыклад, на бланку ліста, які паступіў ва Упраўленьне юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму 19 верасьня 2000 году, была пададзеная назва, якая не праходзіла дзяржаўнай рэгістрацыі, замест слова «Брэсцкі» было слова «Берасьцейскі»; юрыдычны адрас: замест «горад Брэст, вул. Савецкіх пагранічнікаў, 52» быў пазначаны адрас «горад Берасьце, вул. Савецкіх памежнікаў, 52», што не адпавядае назовам, пададзеным у Статуце. Таксама «Вежа» абвінавачвалася ў «сістэматычным парушэньні статуту і заканадаўства ў сваёй дзейнасьці»: напярэдадні выбараў прэзідэнта РБ было праведзенае апытаньне, у якім між іншым высьвятляліся адносіны жыхароў Берасьця да кандыдатаў у прэзідэнты, што, на думку істца, супярэчыла дзейнасьці аддзяленьня. Апроч таго, Цэнтр выдае бюлетэнь «Каліва», у якім «распаўсюджваецца інфармацыя пра аб’яднаньні, дзейнасьць якіх у краіне забароненая п.3 Дэкрэту прэзідэнта РБ «Аб рэгуляваньні дзейнасьці палітычных партыяў, прафесійных саюзаў і грамадзкіх аб’яднаньняў» ад 26 студзеня 1999 году. Гэта тычыцца Маладога Фронту, а таксама дасьледча-аналітычнага клубу «Дзедзіч», якія згадваліся ў бюлетэні. Разгляд справы замарудзіўся ў сувязі з высьвятленьнем сутнасьці дзейнасьці і аказваемых паслуг «Прававой Клінікай», створанай пры Цэнтры «Вежа», і быў адкладзены ў сувязі з неабходнасьцю азнаёміцца з архівам Берасьцейскага абласнога Цэнтру падтрымкі грамадзянскіх ініцыятываў «Вежа» і выклікаць у суд чарговых сьведкаў.
12 сакавіка рашэньнем Берасьцейскага абласнога суда быў ліквідаваны Цэнтр падтрымкі грамадзянскіх ініцыятываў «Вежа».
26 сакавіка прэс-цэнтр «Хартыі’97» паведаміў пра рэгулярныя хакерскія атакі на сваю вэб-старонку. Некалькі мінулых сутак зламысьнікі зьнішчалі са старонкі навіны на рускай, беларускай і ангельскай мовах. «Такога роду задачу можна выканаць толькі з выкарыстаньнем тэхнічных магчымасьцяў «Белтэлекаму», – гаворыцца ў паведамленьні прэсавага цэнтру «Хартыі’97». Прэс-цэнтр заяўляе, што сайт «Хартыі» бу¬дзе інфармацыйна падтрымліваць будучыя апазіцыйныя акцыі – Марш пратэсту «Так жыць нельга!» і «Чарнобыльскі шлях-2002».
2 траўня пасьлядоўным перасьледам Аб’яднанай грамадзянскай партыі назваў лідэр АГП Анатоль Лябедзька папярэджаньне, вынесенае партыі Міністэрствам юстыцыі. АГП папярэдзілі за артыкул сп. Лябедзькі, які меў назву «Вярніце скрадзенае» і быў апублікаваны ў газеце «Народная воля» напрыканцы красавіка. Папярэджаньне сапраўды сталася прэцэдэнтам: юрысты кажуць, што ўпершыню сутыкаюцца з сітуацыяй, калі за публічнае выказваньне прыватнага меркаваньня адной асобы папярэджваюць цэлую структуру, а не газету ці аўтара.
13 траўня пісьмовае папярэджаньне Міністэрства юстыцыі РБ атрымаў Беларускі дабрачынны фонд «Дзецям Чарнобылю». Падставай дзеля гэтага сталі чыста фармальныя прычыны: па-першае, на шыльдзе пры ўваходзе ў офіс Фонду не хапае дзьвюх літараў – ГА (грамадзкая арганізацыя); па-другое, у статуце эмблема Фонду зробленая ў колеры, а копіі дакументаў чорна-белыя; па-трэцяе, на думку супрацоўніка Мінюсту М.Сухініна, працэдура зацьвярджэньня кіраўнікоў рэгіянальных структураў Фонду супярэчыць статуту арганізацыі. Фонд «Дзецям Чарнобылю» – адна з буйнейшых дабрачынных арганізацыяў Беларусі, якая займаецца аздараўленьнем за межамі краіны тысячаў беларускіх дзяцей з зоны, забруджанай радыяцыяй. Кіраўнік Фонду прафесар Генадзь Грушавы называе факт вынясеньня папярэджаньня пачаткам новай хвалі вайны ўладаў супраць дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў.
15 траўня адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі ўнесла на разгляд сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ зьмяненьні і дапаўненьні ў заканадаўства «Аб палітычных партыях і грамадзкіх аб’яднаньнях» і «Аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Гэтыя зьмяненьні робяць значна больш жорсткімі ўмовы правядзеньня масавых акцыяў і прадугледжваюць закрыцьцё палітычнай партыі ў выпадку аднаго парушэньня закону. Беларускія праваабаронцы назвалі ініцыятывы «беспрэцэдэнтна жорсткімі», а сябры палітычных партыяў заяўляюць, што ўлада імкнецца пазбавіць іх апошняй зброі — масавых дэманстрацыяў.
15 траўня маладыя сацыял-дэмакраты заявілі, што праз суд будуць дамагацца рэгістрацыі сваёй арганізацыі. Напярэдадні Міністэрства юстыцыі адмовілася зарэгістраваць Моладзевае грамадзкае аб’яднаньне «Маладыя сацыял-дэмакраты». Адмову арганізацыя атрымала амаль праз 4 месяцы пасьля накіраваньня ў Мінюст патрэбных для рэгістрацыі дакументаў, хоць заканадаўства вызначае тэрмінам для адказу 3 месяцы.
У траўні другое паседжаньне Гомельскага гаспадарчага суда скончылася без вынясеньня пастановы па справе зыску Гомельскага грамадзкага аб’яднаньня «Грамадзянскія ініцыятывы» да падатковай інсьпекцыі Чыгуначнага раёну гораду. «Грамадзянскія ініцыятывы» аспрэчваюць эканамічныя санкцыі падаткоўцаў у памеры больш за 2 мільёны рублёў за нібыта нямэтавае выкарыстаньне бязвыплатнай замежнай гуманітарнай дапамогі. Судзьдзя Валянціна Новікава заявіла, што ня можа вынесьці пастанову, пакуль не азнаёміцца з матэрыяламі Упраўленьня КДБ і адміністрацыйнай справы Чыгуначнага райсуда ў дачыненьні «Грамадзянскіх ініцыятываў».
Ноччу з 2 на 3 чэрвеня ў Мар’інай Горцы (Менская вобласьць) адбылася спроба абрабаваць офіс мясцовага Асьветніцкага таварыства «Беларуская хатка». Як паведаміў старшыня таварыства Алесь Васьковіч, рабаўнікі спрабавалі выламаць замкі ў дзьвярах. Адзін замок яны выламалі, а другі не пасьпелі. На шчасьце, у гэтую ноч дзяжурыў у офісе сам А.Васьковіч. Рабаўнікам удалося ўцячы з месца злачынства на белым аўтамабілі «Волга». За тры гады існаваньня Таварыства гэта ўжо трэцяя спроба абрабаваць офіс. Акрамя таго, было чатыры спробы ўчыніць пагром на офісе прадстаўнікамі неанацысцкіх груповак – РНЕ і скінаў.
12 ліпеня на адрас Моладзевага цэнтру грамадзянскай супольнасьці «Верас» прыйшоў ліст ад Упраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму, падпісаны намесьнікам начальніка сп. Пранікам, у якім паведамлялася аб адмове ў рэгістрацыі. Сп.Пранік піша, што «прадстаўленыя на рэгістрацыю дакументы маюць шэраг недакладнасьцяў і ня ў поўнай меры адпавядаюць патрабаваньням дзеючага заканадаўства». Асноўным момантам, які паўплываў на прыняцьце адмоўнага рашэньня рэгіструючым органам, як вынікае з паведамленьня, зьяўляецца наяўнасьць ў назве арганізацыі слова «цэнтар». Як вядома, паўтары гады таму Міністэрства юстыцыі прыняло рашэньне, якое забараняе выкарыстоўваць слова «цэнтар» у назвах НДА, чым, між іншым, яно не адпавядае Закону «Аб грамадзкіх аб’яднаньнях». Упраўленьне юстыцыі знайшло яшчэ шэраг пунктаў, якія, на думку чыноўнікаў, не адпавядаюць заканадаўству. Прыкладам, «у назве арганізацыі ня ўтрымліваецца ўказаньне на арганізацыйна-прававую форму». На думку ж юрыстаў МЦГС «Верас», вычарпальная ў інфармацыйным сэнсе фармулёўка «Моладзевы цэнтар грамадзянскай супольнасьці» цалкам адпавядае ўсім патрабаваньням. Яшчэ адной цікавай заўвагай, што прысутнічае ў адказе, ёсьць тое, што нібыта ў статуце не прадугледжаны дакладны парадак прыняцьця рашэньняў кіраўнічым і кантрольна-рэвізійным органамі, а таксама парадак іх абскарджаньня. Акрамя гэтага, сп. Пранік чамусьці палічыў, што патрабаваньням закону не адпавядаюць умовы сяброўства ў МЦГС «Верас», што таксама выклікала зьдзіўленьне юрыстаў: умовы сяброўства стандартнай формы, прапісаныя ў Статуце «Верасу», ідэнтычныя тым, што ёсьць у статутах сотняў іншых зарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі. Але самай глыбокай па сваім сэнсе была заўвага Упраўленьня юстыцыі адносна таго, што «задачы і метады арганізацыі прадугледжваюць адукацыйную дзейнасьць, не ўласьцівую грамадзкім аб’яднаньням». Дарэчы, МЦГС «Верас» знахо¬дзіўся ў стане дзяржаўнай рэгістрацыі з сярэдзіны красавіка 2002 году. Нягледзячы на ўсталяваны законам тэрмін у адзін месяц, улады прымусілі верасоўцаў чакаць «вертыкальнага» рашэньня амаль чатыры месяцы.
У пачатку ліпеня ў Вярхоўным судзе РБ Грамадзкае аб’яднаньне «Маладыя сацыял-дэмакраты» абскардзіла адмову Міністэрства юстыцыі зарэгістраваць гэтую арганізацыю. Вярхоўны суд не падтрымаў скаргу, аднак вынес Мінюсту папярэджаньне за парушэньне Закону « Аб грамадзкіх арганізацыях» у частцы тэрмінаў разгляду дакументаў і матываванасьці рашэньня. Такім чынам, судовая ўлада не прызнала права моладзі сацыял-дэмакратычных поглядаў на аб’яднаньне ва ўсіх формах, у тым ліку – грамадзкага аб’яднаньня. На сёлетнім зьезьдзе арганізацыі будзе сярод іншага прынятае рашэньне падаць на рэгістрацыю ў Мінюст новыя ўстаноўчыя дакументы.
22 ліпеня пратэст з прычыны вынясеньня пракуратураю папярэ¬джаньня кіраўніку Гарадзенскай абласной арганізацыі БСДП (НГ) Ігару Квачэнку выказала Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада). Як зазначаецца ў распаўсюджанай партыяй заяве, у другой палове чэрвеня — пачатку ліпеня Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) правяла агульнанацыянальную кампанію супраць затрымкі заробку і нявыплаты адпачынкавых грошай настаўнікам. У шэрагу рэгіёнаў акцыі пратэсту не былі санкцыянаваныя ўладамі.
23 ліпеня Чыгуначны суд г.Гомелю паўторна аштрафаваў на адзін мільён рублёў старшыню абласнога Грамадзкага аб’яднаньня «Грама¬дзянскія ініцыятывы» Віктара Карніенку. Было пацьверджанае і канфіскаваньне пяці кампутараў аб’яднаньня. Рашэньне судзьдзі Аляксандра Хоміча ў адміністратыўнай справе супраць спадара Карніенкі па сутнасьці дублявала ранейшую пастанову судзьдзі Ганны Новік, адмененую касацыйнай інстанцыяй паводле скаргі грамадзкага аб’яднаньня. І раней, і цяпер старшыню «Грамадзянскіх ініцыятываў» абвінавачваюць у парушэньні сумнавядомага дэкрэту №8 прэзідэнта РБ. Дакладней, у выкарыстаньні кампутараў, атрыманых ад замежных фундатараў, дзеля правядзеньня выбараў і незалежнага назіраньня. Кампутары «Грамадзянскіх ініцыятываў» незадоўга да выбараў прэзідэнта канфіскавала абласное Упраўленьне КДБ. На падставе ліста Упраўленьня падаткоўцы склалі адміністратыўны пратакол. Гэта адбылося пасьля таго, як грамадзкае аб’яднаньне зьвярнулася ў Гаспадарчы суд з зыскам супрацьУпраўленьня КДБ аб тым, што яно гвалтоўна завалодала маёмасьцю «Грамадзянскіх ініцыятываў». Старшыня Грамадзкага аб’яднаньня «Грамадзянскія ініцыятывы» В.Карніенка, а таксама шматлікія сьведкі ва ўсіх судовых інстанцыях даказваюць: тэхніка канфіскаваная з грубымі парушэньнямі заканадаўчых нормаў. Яна не была нават апячатаная, не ідэнтыфікаваная ў шэрагу іншых канфіскаваных кампутараў. За гэта, як сам прызнаўся ў судзе дазнаўца УКДБ Сьцепаненка, ён атрымаў службовае спагнаньне. Сьпецслужбы нейкім чынам знаходзілі інфармацыю пра выбары нават на няспраўных кампутарах. Апроч таго, сышлі і тэрміны адміністратыўнага пакараньня. Аднак усё гэта ніколькі не зьбянтэжыла судзьдзю Хоміча пры вынясеньні пастановы аб паўторным штрафе.
У ліпені Вярхоўны суд Беларусі адхіліў скаргу Аб’яднанай грама¬дзянскай партыі адносна вынясеньня Міністэрствам юстыцыі РБ у красавіку пісьмовага папярэджаньня АГП. Кіраўніцтва партыі лічыць рашэньне суда, як і дзеяньні Мінюсту, незаконным і мае намер дабівацца справядлівасьці нават у міжнародных судовых структурах. Пісьмовае папярэджаньне АГП было вынесенае за публікацыю ў газеце «Народная воля» артыкулу лідэра партыі Анатоля Лябедзькі «Дзе грошы?», у якім аўтар задаваў пытаньне, куды ідуць сродкі ад гандлю зброяй, што ажыцьцяўляецца афіцыйнымі ўладамі. У зьмесьце артыкулу Міністэрства юстыцыі ўбачыла закрананьне гонару і годнасьці кіраўніка дзяржавы – і вынесла АГП пісьмовае папярэджаньне. Паводле дзеючага заканадаўства, яшчэ адно папярэджаньне на працягу году можа прывесьці да закрыцьця палітычнай партыі. Прадстаўнікі АГП на судзе – Яўген Лабановіч, Сяргей Альфер і Уладзімір Раманоўскі – даводзілі, што апублікаваны артыкул – персанальнае меркаваньне Анатоля Лябедзькі, а не афіцыйная пазіцыя партыі, бо, паводле Статуту арганізацыі, старшыня можа рабіць ад імя АГП заяву толькі пасьля ўзгадненьня яе са зьездам, палітрадай альбо Нацкамітэтам партыі. Да таго ж, суду спрабавалі давесьці: рашэньне, ці мела месца ў артыкуле зьнявага гонару і годнасьці, можа прымаць суд, а не Мінюст, які павінен ажыцьцяўляць толькі кантрольную функцыю за дзейнасьцю грамадзкіх аб’яднаньняў і партыяў. Судзьдзя Шаройка, якая вяла працэс, да доказаў прадстаўнікоў АГП не прыслухалася. Скарга АГП па адмене папярэ¬джаньня, вынесенага Мінюстам, адхіленая.
30 верасьня Беларускае тэлеграфнае агенцтва са спасылкай на прэс-службу Міністэрства юстыцыі распаўсюдзіла інфармацыю пра адмову Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі ў рэгістрацыі. Падставы дзеля адмовы выглядаюць блытанымі, супярэчлівымі і неабгрунтаванымі: адсутнасьць быццам бы некаторых дакументаў, наяўнасьць у сьпісе сяброў партыі асобаў, якія не дасягнулі 18 гадоў і інш. Між тым, усе дакументы ў поўнай адпаведнасьці з патрабаваньнямі заканадаўства былі прадстаўленыя ў міністэрства 20 верасьня. Эксьпертыза дакументаў Міністэрствам юстыцыі разам з прадстаўнікамі партыі не праводзілася. Кіраўніцтва партыі, якое не атрымлівала ніякіх афіцыйных рашэньняў, зьвярнулася ў Мінюст па тлумачэньні. Са словаў загадчыка адпаведнага Упраўленьня сп. Сухініна М.М. і юрыста гэтага ж Упраўленьня сп. Мацьвеева высьветлілася, што інфармацыя БелТА не адпавядае рэчаіснасьці, і сп. Мацьвееву вядзеньне справы аб рэгістрацыі АСДП даручанае толькі 1 кастрычніка, а на эксьпертызу дакументаў яму спатрэбіцца ня менш за тыдзень. У міністэрстве нічога ня ведалі і пра заключэньне міжведамаснай камісіі, якая разглядае справы аб рэгістрацыі на падставе эксьпертызы Упраўленьня на чале з М. Сухініным. Але з не зусім дакладных тлумачэньняў міністэрскіх служачых можна было зразумець, што камісія ўсё ж прыняла, прычым менавіта 2 кастрычніка, рашэньне аб адмове АСДП у рэгістрацыі.
21 лістапада адбылося чарговае паседжаньне Камісіі па рэгістрацыі (перарэгістрацыі) грамадзкіх аб’яднаньняў. Без заключэньня гэтай камісіі Міністэрства юстыцыі не рэгіструе грамадзкія аб’яднаньні, нягледзячы на тое, што статус яе заканадаўча не замацаваны. На паседжаньні павінна было разглядацца і пытаньне аб рэгістрацыі Асамблеі НДА, дакументы ад якой былі пададзеныя яшчэ 11 красавіка г.г. (і выпраўленыя па патрабаваньні Мінюсту ў чэрвені). Аднак разгляд пытаньня быў адкладзены. Падставай дзеля гэтага стала ІV Асамблея НДА, што прайшла 5-6 кастрычніка. Камісія палічыла, што гэтае мерапрыемства патрабуе праверкі на прадмет адпаведнасьці заканадаўству. «Нам не зразумела, чаму пытаньне аб рэгістрацыі Асамблеі адкладзенае. Кааліцыя грамадзкіх аб’яднаньняў хоча дзейнічаць легальна, а дзяржава перашкаджае гэтаму», – пракаментаваў сітуацыю сябра Рабочай групы Асамблеі С.Мацкевіч.
26 лістапада Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджаньне Радзе Грамадзкага аб’яднаньня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны». У папярэджаньні сказана: «Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь устаноўлена, што Лідзкая гарадзкая арганізацыя Грамадзкага аб’яднаньня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» правяла ўстаноўку вырабленага па яе ініцыятыве мемарыяльнага крыжа ля вёскі Беліца, што ў Лідзкім раёне, у выніку чаго названая аргструктура выйшла за памеры тэрыторыі сваёй дзейнасьці...». Таварыства беларускай мовы зьбіраецца абскарджваць вынесенае папярэджа¬ньне ў судовым парадку.
5 cьнежня Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь вынес рашэньне па зыску заснавальнікаў Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі да Міністэрства юстыцыі, якое адмовілася зарэгістраваць новую партыю. Рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове рэгістраваць новую партыю прызнанае вышэйшай судовай інстанцыяй краіны цалкам законным.
26 сьнежня ў Гомельскім абласным судзе адбылося першае пасе¬джаньне па справе ліквідацыі «Моладзевага цэнтру «Гарт». Зыск на лік¬відацыю «Гарту» ў абласны суд падаў начальнік Упраўленьня юстыцыі аб묬¬выканкаму Валянцін Макарэвіч. Падставай паслужылі папярэджаньні Упраў¬леньня аб неадпаведна¬сь¬ці юрыдычнага адрасу «Гарту» фактычнаму разь¬мяшчэньню, а таксама па¬рушэньне дэкрэту №8 прэ¬зідэнта РБ, паводле якога забаранялася падчас выбарчай кампаніі выкарыстаньне аргтэхнікі замежных фундатараў. З падачы мясцовага Упраўленьня КДБ яшчэ летась «Гарт» абвінавацілі ў выкарыстаньні кампутараў, атрыманых ад замежных фундатараў, дзеля назіраньня за прэ¬зідэнцкімі выбарамі. Тэхніку канфіскавалі. Аднак моладзевая арганізацыя не спыніла сваю працу. І вось цяпер Упраўленьне юстыцыі падсумавала ўсе парушэньні і стала дамагацца ліквідацыі «Гарту» праз суд.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|