|
11. ПЕРАСЬЛЕД ПРАВААБАРОНЦАЎ І ПРАВААБАРОНЧЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ
11 студзеня ў пракуратуру г.Баранавічы да памочніка пракурора А.Плескацэвіча выклікалі лідэра мясцовага руху "Зубр” Юлію Плотнікаву на размову наконт пададзенай раней у пракуратуру заявы па праблеме зьнікненьня людзей у Беларусі. Юлія Плотнікава папрасіла сябра Баранавіцкага гарадзкога аддзяленьня ГА «Праваабарончы цэнтр «Вясна» Уладзіміра Гоўшу схадзіць з ёй у пракуратуру ў якасьці прадстаўніка (гэтае права гарантаванае арт.62 Канстытуцыі РБ). Аднак памочнік пракурора А.Плескацэвіч катэгарычна адмовіўся дапусьціць прадстаўніка праваабарончай арганізацыі да размовы.
11 лютага пад ціскам Камітэту па правах чалавека ААН Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь падчас паўторнага разгляду мусіў адмяніць штраф, вынесены актывісту ГА ПЦ «Вясна» Алесю Капуцкаму. Алесь Капуцкі, жыхар г.Маладэчна, актывіст ГА ПЦ «Вясна» распавядае пра тое, што з ім адбылося: «Гэта было ўвосень 2000 году, падчас кампаніі байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў. Я ішоў увечары дахаты і ўбачыў, што каля ўваходу на мясцовы калгасны рынак вісяць агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў у дэпутаты. Я дастаў налепку «Байкот-2000» і прымацаваў побач. Тут як з-пад зямлі вырасьлі міліцыянты, затрымалі мяне, закінулі ў «варанок» і завезьлі ў РУУС. Склалі пратакол, які я адмовіўся падпісаць. Мне сказалі, каб раніцай а восьмай гадзіне зья¬віўся ў суд. Але ўначы ў мяне паднялася тэмпература, я захварэў». Ня¬гледзячы на хваробу актывіста ПЦ «Вясна», 16 лістапада 2000 году адбыўся разгляд адміністратыўнай справы. Суд адбыўся з парушэньнем заканадаўства – у адсутнасьць А.Капуцкага. Гарадзкі суд г.Маладэчна прызнаў А.Капуцкага вінаватым у парушэньні арт.167 ч.3 Адміністратыўнага кодэксу і пастанавіў аштрафаваць на два мінімальныя заробкі. А.Капуцкі абскардзіў рашэньне суда, але Менскі абласны суд і Вярхоўны суд РБ пакінулі пастанову ў сіле. Капуцкі выплаціў штраф, але вясной 2001 году накіраваў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ў ААН. Адтуль прыйшоў адказ – у адпаведнасьці з міжнародным заканадаўствам Капуцкі прызнаны невінаватым. З ААН адказ паступіў у Вярхоўны суд РБ, які быў вымушаны пры паўторным разглядзе адмяніць пастанову гарадзкога суда г.Маладэчна. А.Капуцкаму вярнулі грошы, выплачаныя ў якасьці штрафу.
18 лютага ў Берасьцейскае абласное аддзяленьне ГА «Праваабарончы цэнтр «Вясна» прыйшоў грамадзянін, які перадаў 93 запоўненыя, непагашаныя бюлетэні па выбарах дэпутата Берасьцейскага гарадзкога Савету дэпутатаў па выбарчай акрузе № 8, якія праводзіліся 18 сакавіка 2001 году. Ён паведаміў, што атрымаў ад членаў выбарчай камісіі гэтыя бюлетэні, каб зьнішчыць, чаго ў свой час не зрабіў. Старшыня Берасьцейскага абласнога аддзяленьня Грамадзкага аб’яднаньня «Праваабарончы цэнтр «Вясна» зьвярнуўся да пракурора Ленінскага раёну г.Берасьця з заявай аб узбуджэньні крымінальнай справы па арт. 192 КК РБ. Пракуратура адрэагавала на заяву і даручыла началь¬ніку Ленінскага РУУС г.Берасьця падпалкоўніку міліцыі А. С. Касьцючыку разгледзець яе ў парадку арт. 174 КПК РБ па факце парушэньня заканадаўства аб выбарах. Аднак 1 сакавіка 2002 году ў офісе Берасьцейскага абласнога аддзяленьня ГА «Праваабарончы цэнтр «Вясна» зьявіліся два ўчастковыя інсьпектары міліцыі, якія ўзялі пісьмовыя тлумачэньні ў сяброў аддзяленьня.
28 сакавіка — трое сутак быў заблакаваны Інтэрнэт-сайт ГА «Праваабарончы цэнтр «Вясна». Перад парушэньнем працы на сайце быў зьмешчаны поўны тэкст выступленьня адваката Сяргея Цурко на судзе па справе былога афіцэра сьпецпадразьдзяленьня МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і іншых асобаў, абвінавачаных у выкраданьні аператара ОРТ Дзьмітрыя Завадзкага. 24 сакавіка, у дзень сьвяткаваньня ў Менску 84-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР, сайт ужо не працаваў. Супрацоўнікі «Вясны» не выключаюць, што сайт заблакаваны сьпецслужбамі, як гэта было падчас прэзідэнцкіх выбараў, альбо праз атаку хакераў. Гэтымі днямі пад неаднаразовыя атакі хакераў патрапляў таксама сайт Грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».
28 сакавіка стала вядома, што ўзбудзіць крымінальную справу супраць старшыні ГА «Цэнтр па правах чалавека» адваката Веры Страмкоўскай патрабуюць прадстаўнікі вайсковае пракуратуры. Спадарыню Страмкоўскую абвінавачваюць па артыкуле 403 Крымінальнага кодэксу за нібыта «перашкоду паказаньням сьведкі». Сама адвакатка і праваабаронца заяўляе пра спланаваную акцыю цкаваньня. Справа пачалася, калі Вера Страмкоўская выступіла адвакаткай грамадзяніна Чацьвярухіна, чыя жонка Ніна загінула пад коламі аўтамабіля вайсковага пракурора спадара Кеніка 27 кастрычніка 2001 году. Кіроўцам машыны быў сын старшыні Менскага гарадзкога суда спадара Ардзякі. Справу разглядала вайсковая пракуратура, якая ў другой палове сьнежня вынесла пастанову пра тое, што ў дзеяньнях Ардзякі-малодшага няма складу злачынства, і крымінальная справа была прыпыненая. У студзені 2002 году Страмкоўская і Чацьвярухін падалі скаргу вышэйшаму пракурору. Вынікам сталася пастанова пра перагляд і дарасьсьледваньне справы. І вось 28 сакавіка ўчастковы паведаміў Веры Страмкоўскай, што ў Партызанскі РУУС сталіцы паступілі дакументы на завядзеньне крымінальнае справы супраць яе самой.
13 красавіка па дарозе ў г.Касьцюковічы (Магілёўская вобласьць) былі затрыманыя старшыня ГА Праваабарончы цэнтр «Вясна» Алесь Бяляцкі і сябра арганізацыі Сяргей Залеўскі, якія накіроўваліся ў Касьцюковічы, каб наведаць там мясцовых актывістаў «Вясны». Машыну спынілі міліцыянты, якія правяраюць, каб з чарнобыльскай зоны не вывозіліся рэчы. У машыне супрацоўнікі міліцыі знайшлі праваабарончыя бюлетэні «Права на волю». Распавядае Алесь Бяляцкі: «Нас спынілі на пад’езь¬дзе да Касьцюковіцкага раёну. Намесьнік начальніка Касьцюковіцкага РУУС падсадзіў да нас у машыну аднаго міліцыянта, і мы паехалі ў РУУС. З дому выклікалі начальніка РУУС (гэта была субота і дастаткова позна). Начальнік праверыў нашыя дакументы, пагартаў кнігу «Выборы президента Республики Беларусь – 2001 год», і праз паўга¬дзіны нас адпусьцілі. Чаму ж спынілі? Аказваецца, у Касьцюковіцкі раён 26 красавіка прыяз¬джае Лукашэнка. І, адпаведна, мясцовае міліцэйскае начальства баялася, што мы рыхтуем да гэтага нейкі непрыемны сюрпрыз. Але бюлетэні не канфіскавалі, бо колькасьць іх не перавышала 300 асобнікаў».
У ліпені стала вядома, што няма ніякіх зрухаў у справе рэгістрацыі Мазырскага гарадзкога аддзяленьня ГА ПЦ «Вясна», хаця дакументы ў агульны аддзел мясцовага гарвыканкаму на гэта былі пададзеныя яшчэ 27 траўня старшынём аддзяленьня Уладзімірам Целепуном. Заўвагаў у юрыста сп. Марціновіча адносна дакументаў не было. Аднак да гэтага часу вертыкальны орган ня даў ні станоўчага, ні адмоўнага адказу: зарэгістраванае аддзяленьне "Вясны” ці не? Нічога не зьмянілася і пасьля асабістага звароту спадара Целепуна да старшыні гарвыканкаму Валянціна Бандарэнкі. Заява ў пракуратуру, што гарвыканкам парушае законы пра грамадзкія аб’яднаньні і звароты грамадзянаў, таксама ня мела выніку. Міжрайпракурор спадар Беневаленскі адаслаў заяву на рэагаваньне ў той жа гарвыканкам.
19 жніўня старшыня ГА «Цэнтр па правах чалавека» адвакат Вера Страмкоўская падала скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН, адказьнікам па якой зьяўляецца беларуская дзяржава. Падставай дзеля скаргі стала парушэньне адвакацкага імунітэту, прадугледжанага «Асноўнымі прынцыпамі, якія тычацца ролі юрыстаў», прынятымі 8-м Кангрэсам ААН у 1990 годзе. Беларусь, нагадаем, зьяўляецца чальцом ААН. Паводле артыкулу 8 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, нашая краіна прызнае прынцыпы міжнароднага права і забясьпечвае ў адпаведнасьці з імі сваё заканадаўства. Гэтыя прынцыпы адлюстраваныя ў артыкуле 17 Закону «Аб адвакатуры». Згодна з імі, адваката нельга пакараць за ўздыманьне ім пэўных пытаньняў у судовым працэсе на карысьць кліента. У свой час суд Маскоўскага раёну Менску прыняў пастанову аб прыцягненьні да грамадзянска-прававой адказнасьці адваката Страмкоўскую за ўзьняцьцё пытаньня ў інтарэсах кліента падчас працэсу над экс-старшынём акцыянернага таварыства «Расьсьвет» Васілём Старавойтавым.
9 сьнежня, напярэдадні Дня абароны правоў чалавека, прадстаўнікі незарэгістраваных праваабарончых арга¬нізацыяў зьвярнуліся да міністра юстыцыі РБ сп. Галаванава з просьбай растлумачыць прычыны нерэгістрацыі, а таксама з заклікам распусьціць Камісію па рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і пачаць распрацоўку новага закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях, каб распрацаваць дэмакратычны і празрысты парадак заяўляльнай рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і асацыяцыяў. Пад заявай, накіраванай міністру юстыцыі Беларусі Галаванаву, паставілі свае подпісы кіраўнікі незарэгістраваных арганізацыяў – «Прававой абароны грамадзянаў», Асацыцыі грамадзкіх аб’яднаньняў «Асамблея», «Хельсінкі-XXI», віцебскай ініцыятывы «Верас».
12.
ПЕРАСЬЛЕД АПАЗІЦЫЙНА НАСТРОЕНАЕ МОЛАДЗІ І МОЛАДЗЕВЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ
10 студзеня ў памяшканьні малой залы Баранавіцкага гарвыканкаму прайшло паседжаньне камісіі па справах непаўнагадовых, на якое былі запрошаныя разам з бацькамі сябры моладзевай арганізацыі «Зубр»: А. Болбат, А. Езавіт, Р. Грыневіч, В. Полулех і Н. Мерафянская за ўдзел у акцыі «Хочам ведаць праўду», праведзенай 9 сьнежня 2001 году і прымеркаванай да ўгодкаў прыняцьця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Заслухаўшы класных кіраўнікоў і некаторых бацькоў, якія пажадалі выступіць, старшыня камісіі прызналася, што справа такога кшталту тут разглядаецца ўпершыню і таму нязвыклая для камісіі. Пасьля гэтага быў абвешчаны вердыкт: «Улічваючы выключна станоўчыя характарыстыкі з месцаў вучобы і зьдзяйсьненьне правапарушэньня ўпершыню, усім непаўнагадовым аб’яўляюцца папярэджаньні».
14 лютага Малады Фронт па традыцыі, якая налічвае пяць гадоў, наладзіў у Менску сьвяткаваньне Дня сьвятога Валянціна. Лозунгам дня стаў заклік «Беларусь у Еўропу!». «Акцыя любові» пачалася з абходу беларускай моладзьдзю амбасадаў краінаў Захаду з віншаваньнямі. Мінгарвыканкам зноў ня даў дазволу на правядзеньне акцыі, аднак сябры Маладога Фронту, а таксама іншых апазіцыйных моладзевых аргані¬зацыяў каля 17 гадзінаў пачалі зьбірацца на менскай плошчы Якуба Коласа. Напярэдадні стала вядома, што кіраўніцтва сталічнай міліцыі дало сваім падначаленым з Савецкага РУУС загад «адэкватна рэагаваць на дзеяньні ўдзельнікаў акцыі», што азначае дазвол на гэтак званы «хапун». Спробы разгарнуць бел-чырвона-белыя сьцягі адразу пачалі перапыняцца «людзьмі ў цывільным». На плошчы сабралася каля трохсот маладых людзей, якія наладзілі шэсьце па прасьпекце Скарыны. У руках некаторых удзельнікаў шэсьця былі бел-чырвона-белыя сьцягі, а таксама сьцягі Еўрасаюзу. Калона прайшла ад плошчы Якуба Коласа да Акадэміі навук, затым збочыла на вуліцу Б.Хмяльніцкага. Але на плошчу Бангалор, як гэтага жадалі міліцыянты, моладзь не пайшла, вярнулася дварамі назад на прасьпект Скарыны. Каля Політэхнічнай акадэміі ўдзельнікаў шэсьця чакалі амапаўцы. Пачаліся масавыя за¬трыманьні, якія праходзілі імгненна і жорстка: людзей зьбівалі і зацягвалі ў аўтобусы. Адразу быў затрыманы Павел Севярынец і яшчэ каля трох дзясяткаў удзельнікаў акцыі, якія ішлі ў галаве калоны. Сярод тых, каго міліцыянты схапілі, былі два хлопчыкі гадоў 8-10. Усіх адвезьлі ў Савецкі РУУС. Некаторых хлопцаў і дзяўчат даганялі ў дварах і метро ды зьбівалі дубінкамі. Дарэчы, першыя затрыманьні ўдзельнікаў акцыі адбыліся яшчэ на падыходзе да месца збору – плошчы Якуба Коласа. Там былі затрыманыя Наталя Кійко і Сяргей Лісічонак. Яны былі адвезеныя ў РУУС Савецкага раёну, дзе іх пратрымалі 3 гадзіны і, не складаючы пратаколаў, адпусьцілі. Падчас свайго затрыманьня Н.Кійко і С.Лісічонак склалі сьпіс (няпоўны) іншых арыштаваных:
1. Севярынец Павел;
2. Чайкоў;
3. Касьцюкевіч Сяржук;
4. Фінкевіч Артур (непаўнагадовы);
5. Вяткіна Ірына (непаўнагадовая);
6. Балашэвіч В.;
7. Сяргейчык А.;
8. Казлоў Андрусь;
9. Парфянкоў Васіль;
10. Герасімовіч Сяржук;
11. Пісарэнка Сяржук;
12. Салаўёва Ганна;
13. Аўчыньнікаў Зьміцер;
14. Трапкін Сяржук;
15. Шчарбовіч Кірыла;
16. Гапановіч Іван;
17. Гапановіч Зьміцер;
18. Сьнедчык Алег;
19. Вайтко Зьміцер;
20. Чарных Вольга (непаўнагадовая, жыхарка г.Оршы).
Усяго ў РУУС Савецкага раёну было дастаўлена больш за 30 затрыманых удзельнікаў акцыі.
14 лютага ў Дзень сьвятога Валянціна моладзевыя акцыі прайшлі ў 44 гарадах Беларусі. У Гомелі пад час маладзёжнай акцыі, прысьвечанай Дню сьвятога Валянціна, людзьмі ў цывільным былі затрыманыя непаўнагадовыя Юрась Васілюк, Аляксандр Жумаў і Ігар Поўжык. Зьміцер Карпенка быў затрыманы ў апорным пункце міліцыі №1 Цэнтральнага раёну г.Гомелю, куды прыйшоў пацікавіцца лёсам сваіх сяброў. Непаўнагадовых прымусілі пісаць тлумачальныя і адпусьцілі бяз выкліку бацькоў (апошняе зьяўляецца парушэньнем закону). А Зьміцер Карпенка атрымаў позву ў суд. Яго абвінавацілі ў супраціўленьні супрацоўнікам міліцыі.
15 лютага ў судзе Савецкага раёну г.Менску пачаліся судовыя разгляды адміністратыўных матэрыялаў, складзеных на ўдзельнікаў «Акцыі любові». Вынесены прысуд толькі аднаму з шасьцёх абвінавачаных у парушэньні адміністратыўнага заканадаўства: Стась Івашкевіч атрымаў штраф памерам у 20 мінімальных заробкаў (судзьдзя Руслан Казадаеў) за «ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці» па арт. 167-1 КаАП РБ.
15 лютага ў другой палове дня на менскі офіс РГА «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» быў учынены напад. Два чалавекі, адзін з якіх быў у масцы і пальчатках, з нажом і развадным ключом у руках уварваліся на сядзібу ЗБС. Невядомыя моцна зьбілі некалькі чалавек, усіх прысутных паклалі на падлогу, забралі кампутар, мадэм, пэйджар, тэлефон аднаго з сяброў арганізацыі, таксама куртку, дакументы і ўсе ключы ад сядзібы. Нападаючыя адчувалі сябе дастаткова ўпэўнена, знаходзі¬ліся на сядзібе каля 20 хвілінаў, а потым зьбеглі па вуліцы і дастаткова шмат людзей бачыла, куды яны беглі. Пасьля здарэньня сябры ЗБС выклікалі міліцыю. Са словаў студэнтаў, стражы парадку дзейнічалі ня вельмі аператыўна і больш цікавіліся, чым займаецца ЗБС, што гэта за арганізацыя.
18 лютага ў судзе Савецкага раёну г.Менску адбыліся суды над удзельнікамі акцыі, прысьвечанай Дню сьвятога Валянціна
1. Герасімовіч Сяржук – атрымаў штраф у памеры 40 мінімальных заробкаў;
2. Парфянкоў Васіль — пратакол правапарушэньня накіраваны на дапрацоўку;
3. Казлоў Андрусь – суд перанесены на 20 лютага ў сувязі з няяўкай сьведкаў – супрацоўнікаў міліцыі.
19 лютага ў судзе Савецкага раёну Менску адбыліся разгляды адміністратыўных справаў Зьміцера Дашкевіча і Паўла Севярынца. У адносінах да Дзьмітрыя Дашкевіча судзьдзя Аксана Рэлява вынесла пастанову – штраф у памеры 35 мінімальных заробкаў. Лідэр Маладога Фронту Павел Севярынец аштрафаваны на 300 мінімальных заробкаў. Гэта максімальны памер штрафу па арт. 167-1 ч.2 КаАП РБ.
20 лютага ў судзе Савецкага раёну Менску былі працягнутыя суды над удзельнікамі акцыі, прысьвечанай Дню сьвятога Валянціна.
Парфянкоў Васіль – асуджаны на 10 сутак адміністратыўнага арышту па арт .167-1 ч.2 КаАП РБ.
Была разгледжаная таксама адміністратыўная справа Казлова Андруся. Судзьдзя Аксана Рэлява вынесла пастанову – штраф у памеры 25 мінімальных заробкаў.
6 сакавіка ў Віцебску судовыя выканаўцы апісалі маёмасьць у кватэры бацькоў лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца. Гэта зьвязана з апошнім адміністратыўным спагнаньнем Паўла Севярынца — прысуджэньнем вялізнага штрафу ў 300 мінімальных заробкаў. Нагадаем, што гэтак Павел Севярынец быў пакараны за ўдзел у акцыі, прысьвечанай Дню сьвятога Валянціна.
15 сакавіка ў Маладэчне былі затрыманыя двое сяброў Маладога Фронту – Максім Гурскі і Алесь Рыдзеўскі. Маладафронтаўцы раздавалі праваабарончыя выданьні на вуліцах гораду, калі да іх пад’ехалі супрацоўнікі міліцыі. Затрыманыя дастаўленыя ў гарадзкі аддзел міліцыі. Прадстаўнікам Праваабарончага цэнтру «Вясна» і Беларускага Хель¬сінкскага камітэту, якія прыехалі ў аддзел, дзяжурны маёр міліцыі паведаміў, што ў пастарунку маладых людзей пратрымаюць тры гадзіны і затым адпусьцяць, не ўдакладніўшы – ці будуць хлопцы ў нечым абвінавачаныя.
У ноч на 26 сакавіка ў Магілёве затрыманыя актывісты руху «Зубр» Максім Дварэцкі і Андрэй Зайцаў. Яны ўдзельнічалі ў кампаніі графіці «Так жыць нельга!». Да іх падышлі двое маладых людзей нападпітку і завязалі бойку. Міліцыянты затрымалі ўсіх, але завадатараў бойкі адпусьцілі, а «зуброў» пратрымалі да раніцы.
2 красавіка, позна ўвечары ў Барысаве пры расклейцы налепак з інфармацыяй пра Марш пратэсту «Так жыць нельга!», правядзеньне якога прызначанае на 19 красавіка, быў затрыманы актывіст моладзевага руху «Зубр» Алесь Моніч. Ён быў дастаўлены ў пастарунак, дзе на яго складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні.
7 траўня дзевяць сяброў Столінскай суполкі РГА «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў» (Берасьцейская вобласьць) былі выкліканыя на размову з дырэктарам Столінскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага коледжу Васілём Комікам. Ён паведаміў, што іх, студэнтаў апошняга і перадапошняга курсаў, сярод якіх ёсьць прэтэндэнты на чырвоныя дыпломы, зьбіраюцца выключыць з коледжу за ўдзел у дзейнасьці ЗБС, а фармальная прычына – пропуск шасьці гадзінаў заняткаў. Рэч у тым, што 27-28 красавіка сябры Столінскай суполкі ЗБС удзельнічалі ў 7-м зьезьдзе ЗБС і адначасова ва ўстаноўчым сходзе арганізацыі «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў – Назаўсёды». У зьвязку з гэтым яны вымушаныя былі прапусьціць заняткі ў суботу 27-га красавіка. На гэтай падставе іх зьбіраюцца выключаць з коледжу. Гэта ўжо ня першая спроба ўладаў зашкодзіць дзейнасьці ЗБС шляхам уціску на сяброў арганізацыі праз адміністрацыі навучальных установаў, размовы з бацькамі. Да прыкладу, летась усе сябры суполкі ЗБС г.Оршы былі паасобку выкліканыя на размову з адміністрацыяй.
29 траўня суд Савецкага раёну г.Менску прыняў у Аляксея Шыдлоўскага зыскавую заяву «Аб абароне гонару і годнасьці і матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды». Адказчык – рэдакцыя газеты «Советская Белоруссия» і галоўны рэдактар гэтага выданьня Павел Якубовіч. Сума зыску: 12 000 000 (дванаццаць мільёнаў) рублёў. Справа ў тым, што 8 траўня 2002 году ў газеце «Советская Белоруссия» ў артыкуле «Умом тронутое лицо», які падпісаны галоўным рэдактарам выданьня П. І. Якубовічам, называліся факты, што не адпавядаюць рэчаіснасьці і абражаюць гонар і годнасьць А.Шыдлоўскага. П. Якубовіч у зьняважлівай форме заяўляе, што нібыта Аляксей Шыдлоўскі ў 20 гадоў пакінуў жонку з дзіцём і хаваўся ад выплаты аліментаў, за што і быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці. Між тым, Шыдлоўскі ніколі ня быў жанаты і ня мае дзяцей, а асуджаны ён быў за палітычныя «графіці» па арт. 201, ч.2, арт. 186, арт. 225, ч.2 КК РБ. Артыкул «Умом тронутое лицо» меў тэндэнцыйны характар і быў напісаны з нагоды зьяўленьня чарговага дакладу Дзярждэпартаменту ЗША аб стане правоў чалавека ў Беларусі. Артыкул відавочна меў на мэце зьняважыць у вачах шырокай беларускай грамадзкасьці ня толькі Аляксея Шыдлоўскага, але і іншых вязьняў сумленьня.
29 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёну г.Менску адбыўся разгляд адміністратыўнай справы лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца. П.Севярынец быў затрыманы 27 ліпеня падчас правядзеньня пікету з нагоды чарговай гадавіны прыняцьця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэ¬нітэце Рэспублікі Беларусь. Пасьля затрыманьня П.Севярынец быў дастаўлены ў прыёмнік-разьмеркавальнік па вул. Акрэсьціна, дзе і ўтрымліваўся двое сутак да разгляду справы судом. П.Севярынец быў прызнаны вінаватым у парушэньні ч.2 арт.167.1 КаАП РБ і асуджаны да арышту на 10 сутак.
З 1 на 2 жніўня ўночы на мурох сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна ў Менску зьявіліся графіці «Свабоду Малахаву, Севярынцу і Шчукіну!». Нагадаем, што Леаніда Малахава артыштавалі на 10 сутак за арганізацыю пікету пад лозунгам «Так жыць нельга!», які адбыўся 29 ліпеня ля «Паркінгу» побач з Камароўскім рынкам. П.Севярынец асуджаны на 10 сутак за арганізацыю сьвяткаваньня Дня незалежнасьці 27 ліпеня і акцыі ў падтрымку незалежных СМІ. В.Шчукін арыштаваны на 15 сутак у пасёлку Бераставіца за спробу асьвятляць падзеі, зьвязаныя з разбурэньнем будынку Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
7 жніўня на рынках Барысава і Менску актывісты моладзевага руху «Зубр» распаўсюдзілі ўлёткі такога зьместу: «Ён сеў у турму за тое, што абараняў вашыя правы». Ва ўлётцы зьмешчаная інфармацыя пра акцыю прадпрымальнікаў у сталіцы 29 ліпеня. Гаворыцца ў ёй і пра Леаніда Малахава, сустаршыню грамадзкага аб’яднаньня «Прыватная ўласнасьць», затрыманага і асуджанага. Акцыя прайшла на рынку «Дынама», на выставах-продажах «Купалаўскі», «Кніжны кірмаш» і ў Палацы спорту, а таксама на ўсіх чатырох рынках Барысава. У часе акцыі «зуброўцы» распаўсюдзілі больш за 2 тысячы ўлётак.
17 жніўня пасьля 10 сутак адмiнiстратыўнага арышту са сьпец¬прыёмнiку Кастрычнiцкага РУУС г. Гародні выйшла на волю актывістка Маладой Грамады Сьвятлана Нех. Увесь час зьняволеньня дзяўчына трымала галадоўку ў знак пратэсту супраць рашэньня судзьдзi. «Я галадала, – заявiла Сьвятлана, – каб нашыя судзьдзi не парушалi Канстытуцыі. Я i надалей буду заўсёды пратэставаць, калi сутыкнуся з беззаконьнем».
19 жніўня падчас правядзеньня несанкцыянаванага пікетаваньня расійскай амбасады ў Менску арыштаваныя трое сяброў руху «Зубр». Ігар Закрэўскі, Сяргей Пезкін і Аляксандр Голуб спрабавалі перадаць у амбасаду заяву пратэсту супраць паглынаньня Беларусі Расіяй. Пасьля таго, як заяву прымаць адмовіліся, трое «зуброў» разгарнулі плакат «Россия, ты губишь братский народ, поддерживая режим Лукашенко!» — і неўзабаве былі затрыманыя міліцыяй.
20 жніўня галадоўку ў знак пратэсту супраць вынесеных прысудаў аб’явілі тры сябры незарэгістраванага руху «Зубр» у прыёмніку-разьмеркавальніку. Ігар Закрэўскі, Сяргей Пезкін і Аляксандр Голуб былі пакараныя судзьдзёй Цэнтральнага суду сталіцы Тацянай Паўлючук. Ігар Закрэўскі і Сяргей Пезкін атрымалі 10 сутак адміністратыўнага арышту, Аляксандар Голуб, нягледзячы на хранічны гастрыт, — 5 сутак.
21 жніўня апоўдні моладзевы рух «Зубр» правёў антырасійскую акцыю пад лозунгам «Жыве незалежная Беларусь!». Быў павязаны бел-чырвона-белы гальштук на помнік Марату Казею ў парку Я.Купалы, а потым «зубры» парвалі партрэты расійскага прэзідэнта, скандуючы: «Пуцін, Пуцін!». Пасьля гэтага прадстаўнікі мэдыяў атрымалі дэкларацыю, у якой азначана: «Мы не адмаўляем узаемавыгоднага добрасуседз¬кага супрацоўніцтва з Расіяй… Аднак мы не намераныя спакойна назіраць за тым, як групка палітыкаў ператварае Беларусь у бязмоўны прыдатак агрэсіўнай імперыі».
23 жніўня раніцай дома арыштаваны міліцыяй адзін з лідэраў моладзевага руху «Зубр» Яўген Афнагель. Арышт зьвязаны з ягоным удзелам у праведзенай у Менску 21 жніўня акцыі пратэсту супраць паглынаньня Беларусі Расіяй. Афнагель дастаўлены ў Цэнтральным РУУС г.Менску. Я.Афнагель запатрабаваў удзелу ў працэсе адваката, і ў сувязі з яго патрабаваньнем суд быў перанесены. Увесь папярэдні вечар міліцыянты дзяжурылі таксама каля пад’езду дому, дзе жыве прэс-сакратар руху «Зубру» Алесь Атрошчанкаў. Міліцыя робіць арышты на падставе відэаматэрыялаў з акцыі, канфіскаваных у карэспандэнцкіх пунктах расійскіх тэлекампаніяў у Менску.
27 жніўня адзін з лідэраў руху «Зубр» Яўген Афнагель асуджаны судзьдзёй Цэнтральнага раённага суда г. Менску Тацянай Паўлючук да 10 сутак адміністратыўнага арышту. У знак пратэсту супраць судовага рашэньня «зубровец» аб’явіў галадоўку.
8 верасьня ў Менску быў затрыманы актывіст Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч. Ён разам з дзясяткам сябраў моладзевай арганізацыі браў удзел у пікетаваньні расійскай амбасады. Пікетоўцы выступалі супраць Саюзу Беларусі і Расіі ды палілі расійскія рублі.
11 верасьня ў судзе Цэнтральнага раёну г. Менску адбыўся судовы разгляд адміністратыўнай справы сябра Маладога Фронту Зьміцера Дашкевіча – удзельніка несанкцыянаванага пікету каля расійскай амбасады 8 верасьня. Судзьдзя Т. Паўлючук вынесла судовае рашэньне – 15 сутак адміністратыўнага арышту.
26 верасьня маладафронтавец Зьміцер Дашкевіч пакінуў менскі сьпецпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна, дзе яго пратрымалі 15 сутак за пікет супраць інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі, які адбыўся 7 верасьня. Падчас пікету Зьміцер кінуў праз агароджу ра¬сійскай амбасады пудзіла з выяваю Уладзіміра Пуціна. За апошнія чатыры месяцы ўпершыню ў камерах сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку не засталося ніводнага з гэтак званых «палітычных».
11 кастрычніка падчас расклейкі ўлётак, былі затрыманыя два актывісты руху «Зубр» — Дзяніс Чыкалёў і Іван Дзегцяроў. Затрыманых даставілі ў РУУС Цэнтральнага рёну г. Гомелю, пасьля павезьлі ў РУУС Чыгуначнага раёну, дзе пратрымалі да гадзіны ночы. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі некалькі разоў тэлефанавалі ва Упраўленьне КДБ, зачытвалі дзяжурнаму тэкст улётак, прапаноўвалі забраць «зуброў», а потым склалі пратаколы па арт.143 ч. 3 КаАП і канфіскавалі ўлёткі.
17 кастрычніка суд Савецкага раёну г. Менску не задаволіў зыск Аляксея Шыдлоўскага да рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» і яе рэдактара Паўла Якубовіча. Справу разглядала судзьдзя М. Фёдарава. На судзе была апытаная маці Шыдлоўскага – Раіса Іванаўна і сяброўка Аляксея Ірына Тоўсьцік. Ірына Тоўсьцік сказала, што яны з Аляксеем знаёмыя з 1999 году, што ў іх былі планы на агульнае жыцьцё, але пасьля публікацыі ўзьніклі праблемы. Прадстаўніком А.Шыдлоўскага быў юрыст ГА ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч. Суд прыйшоў да высновы, што распаўсюджаная інфармацыя, нягледзячы на тое, што яна не адпавядае рэчаіснасьці, не зьяўляецца зьняважлівай і не наносіць маральнай шкоды. І такая інфармацыя, у адпаведнасьці з п.14 Пастановы пленуму Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь ад 23.12.99 нумар 15, не патрабуе абвяржэньня... Прадстаўнік А. Шыдлоўскага Валянцін Стэфановіч сказаў: "Мы ня згодныя з вынесеным рашэньнем і будзем абскарджваць яго ў касацыйным парадку ў Менскім гарадзкім судзе”. Варта нагадаць, што судовы разгляд зыску А.Шыдлоўскага некалькі разоў адкладаўся ў сувязі з няяўкай адказчыкаў.
23 кастрычніка Беларуская партыя свабоды і Малады Фронт пікетавалі будынак, дзе праходзіла канферэнцыя «Беларусь-Расія: новая інтэграцыя». Менавіта на гэтую канферэнцыю беларускія ўлады не пусьцілі віцэ-сьпікера расійскай Дзярждумы Ірыну Хакамаду, лідэра Саюзу правых сілаў Барыса Нямцова і палітолага Сяргея Маркава – іх дэпартавалі з краіны як непажаданых і небясьпечных для нацыянальная бясьпекі асобаў. Пікет быў несанкцыянаваны і меў назву «За Незалежнасьць». Акцыя была скіраваная супраць мясцовых палітычных сілаў, якія спрыяюць ганебнаму аншлюсу Беларусі. У пікеце бралі ўдзел каля 30 чалавек. Падзеі адбываліся каля будынку на прасьпекце Газеты «Праўда», дзе праходзіла канферэнцыя. Удзельнікі пікету планавалі выказаць сваё стаўленьне да «інтэграцыйнай» канферэнцыі. Расійскія палітыкі не даехалі да канферэнцыі, а пікетоўшчыкаў пасьля шэрагу папярэджаньняў пачалі затрымліваць. Былі арыштаваныя Павел Севярынец, Ільля Ядранцаў, Сяргей Мацкойць і ягоная жонка – маці дваіх непаўнагадовых дзяцей Алена Лазарчык. Ільлю Ядранцава ў гэты ж дзень асудзілі на трое сутак адміністратыўнага арышту. Суд над П.Севярынцам і С.Мацкойцем перанесены на 28 кастрычніка. Алену Лазарчык адпусьцілі дамоў да дзяцей. Ільля Ядранцаў адразу быў накіраваны ў сьпецпрыёмнік-разьмеркавальнік на вул. Акрэсьціна.
28 кастрычніка ў судзе Маскоўскага раёну г. Менску адбыліся разгляды адміністратыўных матэрыялаў затрыманых 23 кастрычніка падчас несанкцыянаванага пікету «За Незалежнасьць». Судзьдзя суда Маскоўскага раёну Антаневіч прыняў рашэньне асудзіць Паўла Севярынца да штрафу памерам 150 базавых адзінак (1 665 тысячаў рублёў). Сяргей Мацкойць і ягоная жонка Алена Лазарчык асуджаныя да штрафаў у 20 базавых адзінак кожны (222 тысячы рублёў).
30 кастрычніка а 17-й гадзіне ў Менску распачалася несанкцыянаваная акцыя, зарганізаваная «Моладзьдзю АГП», прымеркаваная да Дня палітвязьняў, што адзначаецца 30 кастрычніка ва ўсім сьвеце. У акцыі ўзялі ўдзел каля 30 чалавек, якія трымалі ў руках партрэты зьніклых і рэпрэсаваных палітыкаў, а таксама журналістаў, у тым ліку нядаўна асуджаных за «паклёп» на Лукашэнку Віктара Івашкевіча, Міколы Маркевіча, Паўла Мажэйкі. Міліцыянты паводзілі сябе даволі спакойна і не перашкаджалі правядзеньню акцыі.
11 сьнежня стала вядома, што цягам апошніх дзён у Менскай вобласьці распаўсюджваўся сьпецвыпуск газеты «Барысаўскія навіны». За гэты час адбылося некалькі затрыманьняў. 7 сьнежня быў затрыманы ўдзельнік руху супраціву «Зубр» у Жодзіне, 8 сьнежня два «зубры» за¬трыманыя ў Барысаве і яшчэ два — у Крупках. Нягледзячы на гэта, за тры дні распаўсюджана некалькі дзясяткаў тысячаў асобнікаў газеты, прысьвечанай сацыяльным праблемам Менскай вобласьці.
14 сьнежня ў час распаўсюджваньня сьпецвыпуску газеты «Бары¬саў¬скiя навiны» ў электра¬цягнiку Менск-Ворша бы¬ла зьбiтая актывiстка ру¬ху «Зубр» Алеся Ясюк. Да яе прычапiлiся падлеткі на падпітку са свастыкай на куртках. Спачатку яны папрасiлi некалькi асоб¬нiкаў газеты, а пасьля пачалi абражаць яе. Калi ж Алеся паспрабавала сысьцi, хлопцы дагналi яе і нанесьлi некалькi ўдараў па твары і нагах, пасьля чаго забралi газеты і выкiнулi іх у вакно цягнiка.
13.
ПРАБЛЕМА ЗАХАВАНЬНЯ МЕСЦА МАСАВЫХ РАССТРЭЛАЎ АХВЯРАЎ СТАЛІНСКІХ РЭПРЭСІЯЎ ВА ЎРОЧЫШЧЫ КУРАПАТАТЫ
15 студзеня ва ўрочышчы Курапаты адбылася цырымонія адкрыцьця адбудаванага мемарыяльнага знаку «Ад народу ЗША народу Беларусі». Мемарыяльны знак на месцы масавых захаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў быў усталяваны 15 студзеня 1994 году. У ягоным адкрыцьці тады прымаў удзел прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, аднак летам 2001 году знак быў разбураны невядомымі асобамі. У цырымоніі адкрыцьця адноўленага за кошт амбасады ЗША мемарыяльнага знаку прыняў удзел Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак, а таксама кіраўнікі замежных дыпламатычных прадстаў¬ніцтваў, вядомыя беларускія палітыкі, творчая інтэлігенцыя, журналіс¬ты. Ва ўрачыстым мерапрыемстве ўзялі ўдзел абаронцы Курапатаў – больш за 70 актывістаў руху «Зубр», каля 10 прадстаўнікоў Маладога Фронту і каля 20 сяброў Беларускай партыі свабоды. У сувязі з гэтым адкрыцьцё мемарыяльнага знаку не абышлі ўвагаю праваахоўныя органы. Некалькі мікрааўтобусаў з амапаўцамі стаялі на кальцавой аўтадарозе, аднак цырымонія прайшла спакойна і «без удзелу» амапаўцаў.
11 красавіка споўнілася 200 дзён беспрэцэдэнтнай кругласутачнай варты моладзі ў Курапатах. Абаронцы працягваюць акцыю, а ўлады зноў спрабуюць засыпаць крыжы пры дарозе. Акцыя ў абарону нацыянальнага некропалю, нагадаем, пачалася ўвечары 24 верасьня 2001 году, калі група маладафронтаўцаў з крыжамі стала ва ўрочышчы Курапаты на шляху бульдозераў, якія руйнавалі месцы масавых пахаваньняў. У тую ж ноч яны паставілі ў Курапатах намёт і вырашылі адстойваць урочышча столькі часу, колькі спатрэбіцца. Праз некалькі дзён да маладафронтаўцаў далучыліся прадстаўнікі Беларускай партыі свабоды, а затым іншых моладзевых арганізацыяў. 30 кастрычніка маладафронтаўцы ўсталявалі ў Курапатах цёплы вайсковы намёт дзеля зімоўкі. 8-9 лістапада мінулага году ўлады спрабавалі зламаць моладзевую абарону Курапатаў – з бульдозерамі, сьпецназам… Але моладзь выстаяла і перамагла ў змаганьні за нацыянальную памяць. У выніку – Пракуратура РБ упершыню за 15 гадоў прызнала, што ў Курапатах пахаваныя ахвяры палітычных рэпрэсіяў 1937-1940-х гг. Затым пры ўдзеле МЗС РБ і амерыканскай амбасады быў узноўлены разбураны вандаламі мемарыяльны знак, усталяваны прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам, потым будаўнікі, лесьнікі і міліцыянты пачалі раіцца з моладзьдзю па ўсіх сваіх дзеяньнях у Курапатах, а Маю Кляшторную прызначылі навуковым кіраўніком будаўніцтва кальцавой дарогі ў раёне ўрочышча. Нарэшце адна¬віла будаўніцтва храму ў раёне Курапатаў Праваслаўная царква, а дзяржаўныя структуры пачалі абмяркоўваць праект мемарыялу.
16 красавіка затрыманыя чацьвёра маладых людзей, якія несьлі дзяжурства ва ўрочышчы Курапаты. Са зьвестак відавочцаў, інцыдэнт адбыўся каля 18 гадзінаў. Нечакана ў Курапатах зьявіліся 8 супрацоў¬нікаў міліцыі ў цывільным. Яны вялі сябе агрэсіўна, выгналі маладых людзей з намёту, абражалі іх, патрабавалі дакументы, сарвалі бел-чырвона-белы сьцяг, умацаваны побач. Невядомыя зьвезьлі з сабой усіх, хто знаходзіўся ў намёце, — трох хлопцаў і дзяўчыну.
18 красавіка ў Савецкім раённым судзе сталіцы распачалося слуханьне адміністратыўных справаў двух валанцёраў-абаронцаў Курапатаў, сяброў Беларускай партыі Свабоды. Алесь Поклад і Васіль Парфянкоў былі затрыманыя супрацоўнікамі Савецкага РУУС Менску ўвечары 16 красавіка. Іх і яшчэ двух чалавек міліцыянты затрымлівалі з прычыны адсутнасьці ў іх дакументаў «да высьвятленьня асобаў». Так званае «высьвятленьне» працягнулася амаль суткі, пры тым ні праваабаронцы, ні сябры арыштаваных ні ў адной з праваахоўных структураў не маглі даведацца, дзе тыя знаходзяцца.
У ноч з 18 на 19 красавіка быў спалены намёт з абаронцамі месца пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ад варварскага зьнішчэньня. Абаронцаў Курапатаў, якія вось ужо больш за паўгода трымаюць сваю вахту, апошнім часам спрабуюць ня толькі зламаць фізічна, але і ў значнай ступені дыскрэдытаваць іх барацьбу. У гэтую ноч дзяжурылі тры чалавекі – Алесь Поклад, Васіль Парфянкоў і Ірына Вяткiна. Намёт загарэўся каля 3 гадзінаў ночы, Васіль Парфянкоў першым пачуў пах дыму. Вось што ён распавёў супрацоўнікам ПЦ «Вясна»: «Я выскачыў, схапіў вогнетушыцель. Верх намёту палаў ва ўсю, уваход таксама гарэў. Я колькі разоў пырснуў вогнетушыцелем, але пена ў ім хутка скончылася. Я заскочыў у намёт, пабудзіў Ірыну – яна таксама выскачыла. Там заставаўся яшчэ Алесь Поклад. Ён ня змог адразу выскачыць. І ўжо калі ўсё пачало гарэць, абвальвацца, ён стаў крычаць, і мы яго праз вакно выцягнулі, выклікалі «хуткую дапамогу» і міліцыю... Алеся Поклада забралі ў шпіталь...».
19 чэрвеня судзьдзя Менскага раённага суда Дз.Грыцуль вынес рашэньне па адміністратыўнай справе Васіля Парфянкова. Абаронца Курапатаў прызнаны вінаватым і пакараны штрафам памерам у 2 базавыя адзінкі – 20 тысячаў рублёў. Разгляд справы В.Парфянкова цягнуўся больш за два месяцы.
24 ліпеня ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937-1941 гадах органы НКУС расстрэльвалі мірных грамадзянаў, зноў учынены акт вандалізму. У гэтую ноч па-варварску зьнішчаныя два крыжы на крыжовай прысадзе народнага мемарыялу ў Курапатах.
2 лістапада ў Менску адбылося шэсьце, прысьвечанае Дню ўшанаваньня продкаў «Дзяды». У ім узялі ўдзел больш за 500 чалавек. Акцыя была арганізаваная Партыяй БНФ і Кансерватыўна-хрысьціянскай партыяй БНФ. Актывісты першай сабралі сваіх прыхільнікаў каля станцыі метро «Усход», а другой – на бульвары Талбухіна, каля станцыі метро «Парк Чалюскінцаў». злучыліся дзьве калоны непадалёку ад станцыі метро «Усход» і далей рушылі разам у бок Курапатаў. Удзельнікі акцыі несьлі плакаты з лозунгамі «Ушануем ахвяраў Курапатаў», «Курапаты – беларускі народны мемарыял», «Не дапусьцім паўтору расійскага тэрору!» і інш. У Курапатах абедзьве партыі правялі мітынгі.
У ноч з 6 на 7 лістапада ля ўрочышча Курапаты ў раёне Менскай кальцавой дарогі быў затрыманы Зьміцер Каўко. Ён і яшчэ некалькі актывістаў Беларускай партыі свабоды спрабавалі нанесьці на шумаабарончую заслону дарогі графіці: «Лукашэнка, ушануй Курапаты!» і іншыя. Рэканструяваны ўчастак дарогі ля ўрочышча Курапаты быў адкрыты 7 лістапада з удзелам А.Лукашэнкі, і надпісы, натуральна, прызначаліся для яго. Чацьвёра сутак З.Каўко знаходзіўся ў сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку ГУУС Менгарвыканкаму. Суд прызнаў З.Каўко вінаватым у дробным хуліганстве і дадаў яму ў віну (акрамя нанясеньня надпісаў) яшчэ і пашкоджаньне дарожных знакаў і асудзіў на 7 сутак зьняволеньня.
26 сьнежня ў Курапатах невядомыя вандалы разбурылі некалькі дзясяткаў крыжоў і пашкодзілі мемарыяльны знак «Ад народу Злучаных Штатаў Амерыкі народу Беларусі дзеля памяці».
14.
ПАРУШЭНЬНІ ПРАВОЎ ГРАМАДЗЯНАЎ, РОДНЫЯ ЯКІХ ЗАГІНУЛІ ПАДЧАС ТРАГЕДЫІ НА СТАНЦЫІ МЕТРО "НЯМІГА”
25 сакавіка суд Цэнтральнага раёну г.Менску спыніў крымінальную справу адносна выконваючага абавязкі начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму Віктара Русака і начальніка аддзелу па масавых мерапрыемствах міліцыі грамадзкай бясьпекі Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму Міхаіла Кандраціна. Афіцэраў міліцыі абвінавачвалі ў службовай нядбайнасьці, у выніку якой на станцыі метро "Няміга” 30 траўня 1999 году загінула 53 чалавекі, а больш за 200 было паранена. Судзьдзя Пятро Кіркоўскі спыніў справу з прычыны сканчэньня тэрміну даўніны.
17 красавіка пракуратура Цэнтральнага раёну г.Менску адмовіла сваякам ахвяраў трагедыі на станцыі метро «Няміга» ў апратэставаньні пастановы суда гэтага раёну, які спыніў справу па факце трагедыі.
30 траўня на станцыі метро «Няміга» ў Менску, дзе тры гады таму загінулі 53 чалавекі, адкрыты мемарыяльны знак. Гарадзкія і дзяржаўныя чыноўнікі праігнаравалі жалобную імпрэзу, таму яна была кароткаю. Ці не таму, што большасьць бацькоў загінулых дагэтуль прычынай трагедыі лічаць абыякавасьць і непрафесіяналізм уладаў. Крымінальная справа паводле трагедыі на Нямізе спыненая, аднак бацькі маюць намер і надалей зьвяртацца ў суд з грамадзянскімі зыскамі. Першае судовае паседжаньне паводле грамадзянскага зыску сем’яў Іньковых, Навакоўскіх і Янцовых аб кампенсацыі маральных стратаў адбудзецца ўжо 11 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну г.Менску. З падобным зыскам у суд мяркуюць зьвярнуцца яшчэ дзесяць сем’яў.
11 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну г. Менску ўзнавіўся судовы працэс па грамадзянскіх зысках бацькоў дзяцей, якія загінулі 30 траўня 1999 году ў пераходзе на станцыі метро «Няміга». Нагадаем, што першае слуханьне па гэтай справе адбылося яшчэ 5 жніўня 1999 году. У той дзень судзьдзя Вольга Гусакова прыняла рашэньне пра прыпыненьне разгляду грамадзянскага зыску да зьяўленьня вынікаў крымінальнай справы. У сакавіку 2002 году крымінальная справа была спыненая «ў сувязі з заканчэньнем тэрміну даўніны». Бацькі не задаволі¬ліся гэткім рашэньнем і 11 чэрвеня грамадзянскі працэс узнавіўся. У якасьці адказчыкаў у судзе выступаюць ГУУС Менгарвыканкаму, Менгарвыканкам, а таксама ТАА «Клас-клуб ДК», піўзавод «Аліварыя» і радыёстанцыя «Мір». 11 чэрвеня па хадайніцтве Ніны Іньковай, маці загінуўшай 30 траўня 1999 году 15-гадовай Марыі Іньковай, судовыя слуханьні былі перанесеныя на 19 чэрвеня. Хадайніцтва Ніна Інькова заявіла ў сувязі з тым, што яе прадстаўнік Алег Волчак прысутнічаць на судзе ня змог, бо знаходзіцца за межамі Беларусі.
16 жніўня суд Маскоўскага раёну г. Менску адмовіўся задаволіць патрабаваньні групы бацькоў, чые дзеці загінулі на станцыі метро «Няміга» 30-га траўня 1999 году. Трое сваякоў ахвяраў патрабавалі матэрыяльнае кампенсацыі за маральныя страты ад гібелі блізкіх — 100 млн. рублёў кожнаму. Нагадаем: аналагічны вердыкт Маскоўскі суд сталіцы вынес у сярэдзіне ліпеня, калі грамадзянскія зыскі падавала іншая група бацькоў. Сваякі загінулых і іх адвакаты зьбіраюцца абскардзіць гэтыя рашэньні ў вышэйшых інстанцыях.
15.
ПЕРАСЬЛЕД ПРАФСАЮЗАЎ, РАБОЧАГА РУХУ І ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ
11 студзеня каля 2 тысячаў беларускіх шахцёраў удзельнічалі ў антыўрадавай акцыі ў Салігорску. Гэта самая буйная акцыя пратэсту ад часу леташніх прэзідэнцкіх выбараў. Гарнякі пратэставалі супраць пастановы ўраду, якая забараняе безнаяўнае пералічэньне прафсаюзных складак. Аднак найбольшае абурэньне пратэстоўцаў выклікала тое, што ўрад распарадзіўся іхнімі грашыма без іхняй згоды. Падчас дзьвюхга¬дзіннага мітынгу выказвалася засьцярога, што рашэньне ўраду - гэта чарговы крок уладаў да ліквідацыі прафсаюзаў, якія могуць выказаць значны пратэст супраць запланаванага продажу буйных беларускіх прадпрыемстваў расійскаму капіталу.
30 студзеня Менскі абласны суд прызнаў незаконнай рэзалюцыю агульнагарадзкога мітынгу 11 студзеня ў Салігорску аб аб’яўленьні папераджальнага страйку 1 лютага і рашэньне пра яго правядзеньне ў ВА "Беларуськалій”. Суд палічыў за неабходнае неадкладнае выкананьне свайго рашэньня. Забастовачны камітэт аб’яднаньня "Беларуськалій” мае намер спыніць на пяць хвілінаў працу вытворчасьці, паведаміў старшыня прафкаму аб’яднаньня Леанід Зайцаў. Падтрымаць акцыю пратэсту вырашыў прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплесу.
31 студзеня на плошчы Бангалор партыі левай скіраванасьці правялі пікет супраць зьбядненьня беларусаў. Пікет прайшоў пад лозунгамі «Не — жабрацтву!», «Не — высокім коштам і нізкім пенсіям!».
У студзені Магілёўскі суд разгледзеў зыск старшыні свабоднага прафсаюзу заводу «Зеніт»Аляксандра Каралёва да супрацоўнікаў Цэнтральнага раённага аддзелу міліцыі г.Магілёву. А.Каралёў патрабаваў, каб міліцыянты вярнулі яму канфіскаваныя летась у жніўні некалькі сотняў маек з надпісам «Скажы дурню – не!». Міліцыянты забралі іх непасрэдна з камеры захоўваньня заводу «Зеніт». Як міліцыянты патлумачылі судзьдзі Галіне Кужалёвай, яны мяркуюць, што майкі выкарыстоўваліся ў агітацыйных мэтах падчас прэзідэнцкай кампаніі, і таму ня могуць быць асабістымі рэчамі прафсаюзнага лідэра. Аляксандр Каралёў сьцьвяр¬джае, што гэтыя майкі яму падараваў журналіст Уладзімір Лапцэвіч, які зараз знаходзіцца ў палітычнай эміграцыі. Факт падарунку пацьвердзілі чатыры сьведкі. А.Каралёў запатрабаваў, каб суд прызнаў ягонае права ўласнасьці на гэтую маёмасьць ці каб міліцыянты вярнулі кошт маек – 700 тысячаў беларускіх рублёў. Пасьля шматгадзінавага разгляду справы судзьдзя пастанавіла: сумку, дзе ляжалі майкі, вярнуць, а ў просьбе вярнуць майкі адмовіць. Такім чынам, суд прызнаў права на маёмасьць у выглядзе сумкі, але не прызнаў права на тое, што ў ёй ляжала...
11 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну гораду Магілёву завяршыўся чарговы этап судовага працэсу, які доўжыцца два з паловай гады. З аднаго боку — Магілёўская рэгіянальная арганізацыя Свабоднага прафсаюзу, з іншага — адміністрацыя раёну, якая не жадае рэгістраваць першасныя суполкі Свабоднага прафсаюзу на прадпрыемствах. Тры дні доўжыўся чарговы судовы працэс аб рэгістрацыі першасных арганізацыяў Свабоднага прафсаюзу на прадпрыемствах Каст¬рычніцкага раёну гораду Магілёву — аўтамабільным заводзе і ад¬кры¬тым акцыянерным таварыстве «Экран», а таксама Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў, які базуецца на Задняпроўскім рынку абласнога цэнтру. Вынік для Свабоднага прафсаюзу несуцяшальны — першасныя суполкі не зарэгіструюць. Кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Юры Новікаў бачыць у такім рашэньні суда адміністратыўны ціск.
17 лютага кіраўнік суполкі Свабоднага прафсаюзу Магілёўскага будаўнічага трэсту №12 Аляксей Паўлоўскі зьвярнуўся ў суд з прычыны свайго звальненьня з працы. Ён лічыць, што кіраўніцтва трэсту перасьледуе яго з-за грамадзкай актыўнасьці і звольніла яго незаконна. Старшыню суполкі Свабоднага прафсаюзу Магілёўскага будаўнічага трэсту №12 Аляксея Паўлоўскага, муляра будаўнічага ўпраўлення №56, звольнілі за прагул без уважлівай прычыны. Гэты крок адміністрацыі будтрэсту супаў па часе з серыяй акцыяў прастэту будаўнікоў, якія арганізаваў Аляксей Паўлоўскі: людзі ў сьпяцоўках ля Дому саветаў з каскамі ў руках прасілі міласьціну, што моцна нервавала чыноўнікаў.
28 сакавіка беларускія свабодныя прафсаюзы правялі пікетаваньне супраць пастаяннага пагаршэньня ўмоваў жыцьця, затрымак у выплаце заробкаў і пенсіяў, што сталі ў нашай краіне звычайнай справай...
11 чэрвеня за непавагу да суда на 15 сутак арыштаваны лідэр гара¬дзенскіх прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі. Падрабязнасьці суда невядомыя, бо працэс праходзіў бяз сьведкаў. Арышт адбыўся перад запланаваным на 20 чэрвеня папераджальным страйкам прадпрымальнікаў Гародні і Гарадзенскай вобласьці, зарганізаваным В.Леванеўскім. Асноўныя патрабаваньні прадпрымальнікаў — адмена штогадовага падатку на права гандлю ды абавязковай сертыфікацыі тавараў, якія прадаюць на рынках.
17 ліпеня трох актывістаў прафсаюзу работнікаў аўтасельгасмашу затрымала міліцыя каля прахадной МАЗу за распаўсюджаньне сьпец-выпуску газеты «Беларускі час». Супрацоўнікі праваахоўных органаў засумняваліся, ці распаўсюджваецца выданьне ФПБ на законных падставах.
29 ліпеня болей за 150 000 чалавек прынялі ўдзел у агульнанацыянальным страйку індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэтыя дадзеныя паведамляе прэсавая служба Беларускага прафсаюзу прадпрымаль¬нікаў. Асаблівай актыўнасьцю вылучаліся прадпрымальнікі Менску і Гародні. Масавы ўдзел у акцыі прынялі прадпрымальнікі Магілёву, Віцебс¬¬ку, Гомелю, Брэсту, Баранавічаў, Бабруйску, Оршы, Ваўкавыску і іншых гарадоў. Толькі ў сталіцы не працавалі 25 аб’ектаў гандлю з агульнай колькасьцю супрацоўнікаў каля 80 тысячаў чалавек. Акцыя пратэсту адметная тым, што да яе далучыліся ўладальнікі і супрацоўнікі кіёскаў і прыватных крамаў, дробныя гандляры і арандатары месцаў у буйных гандлёвых цэнтрах. Патрабаваньні ўдзельнікаў агульнанацыянальнага страйку прыватных прадпрымальнікаў: спыніць перасьлед прафсаюзных актывістаў, зьменшыць падатковы прэс, спыніць свавольства чыноўнікаў, паставіць усе гандлёвыя кропкі (прыватныя і дзяржаўныя) у роўныя ўмовы.
1 верасьня распачаўся бестэрміновы агульнанацыянальны страйк індывідуальных прадпрымальнікаў. У першы дзень восені ў многіх гарадах Беларусі прадстаўнікі малога бізнэсу выйшлі на працоўныя месцы, але не пачалі продаж, а адкрыта сталі выказваць пратэст супраць таго зьняважліва-эксплуатацыйнага стану, у якім апынуліся ў апошнія месяцы. 1 верасьня не працавалі прыватныя гандляры на абсалютнай большасьці рэчавых рынкаў ня толькі сталіцы, але і іншых гарадоў краіны. Самая буйная акцыя пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў супраць гвалтоўных дзеяньняў улады адбылася ў «Паркінгу», што каля Камароўскага рынку ў Менску.
4 верасьня каля тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў ўзялі ўдзел у гадзінным «сядзячым страйку» на Кастрычніцкім пляцы Менску. Такім чынам прадпрымальнікі дэманстравалі ўладам сур’ёзнасьць сваіх намераў — калі «круглы стол» з прадстаўнікамі ўраду 6 верасьня ня дасьць плёну, то бестэрміновы страйк буйнейшых рынкаў краіны будзе працягнуты. А з 1 кастрычніка прадпрымальнікі перастануць плаціць падаткі: яны пратэстуюць супраць чарговых пабораў дзяржавы. Акцыя завяршылася без затрыманьняў.
11 верасьня ў Беларусі прайшоў чарговы страйк прадпрымальнікаў, у часе якога Стачкам прадпрымальнікаў запатрабаваў датэрміновай адстаўкі Лукашэнкі. Страйк насіў папераджальны характар: калі ўлады не пачуюць эканамічных патрабаваньняў прадпрымальнікаў, то з 1 кастрычніка яны перастануць плаціць падаткі.
15 верасьня супраць прымусовай працы выступіў Свабодны прафсаюз беларускі. Ён мае намер зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд краіны і Міжнародную арганізацыю працы з просьбай даць ацэнку г. зв. субот¬нікам. Справа ў тым, што Менаблвыканкам выступіў з ініцыятывай правесьці ў вобласьці суботнікі 17 верасьня і 5 кастрычніка, грошы ад якіх плануецца накіраваць на завяршэньне даўгабудаў.
З 1 кастрычніка па ўсёй краіне не працуюць рынкі: у Беларусі распачаўся агульнанацыянальны бестэрміновы страйк дробных камерсантаў. Упершыню акцыя пратэсту прадпрымальнікаў праходзіць як з эканамічнымі, так і з палітычнымі патрабаваньнямі. Гандляры патрабуюць ня толькі эканамічнай палёгкі свайму бізнэсу, але і адстаўкі прэзідэнта А.Лукашэнкі. Прадпрымальнікі так сфармулявалі свае эканамічныя патрабаваньні да ўладаў: адмена рашэньняў аб касавых апаратах і абавязковым адкрыцьці разьліковых рахункаў для асобаў, што сплачваюць падатак, зьмяншэньне арэнднай платы за гандлёвыя месцы і стаўкі адзі¬нага падатку, скарачэньне асартыменту тавараў, што падлягаюць сертыфікацыі і гігіенічнай рэгістрацыі, а таксама скарачэньне тэрмінаў сертыфікацыі і зьмяншэньне яе кошту ў тры разы. Прадпрымальнікі зьвяртануліся да Нацыянальнага сходу распачаць імпічмент А.Лукашэнкі. Апошні пункт стаў прычынай расколу ў прадпрымальніцкіх шэрагах. Была ўтвораная Аб’яднаная рада прадпрымальнікаў, якая адмежавалася ад патрабаваньняў аб адстаўцы прэзідэнта. Камерсанты падзяліліся прыкладна напалову. Першыя, згуртаваныя вакол Аб’яднанай рады прадпрымальнікаў, выступілі за правядзеньне страйку з 1 верасьня, другія, зьяднаныя Страйкавым камітэтам, – з 1 кастрычніка. «Верасьнёўцы» вылучаюць толькі эканамічныя патрабаваньні. Яны заклікаюць улады правесьці «круглы стол» па праблемах прадпрымальніцтва з удзелам кампетэнтных чыноўнікаў і А.Лукашэнкі. «Кастрычнікаўцы» вылучаюць разам з эканамічнымі яшчэ і палітычныя патрабаваньні. Паколькі страйк праходзіць бяз выплаты адзінага падатку, бю¬джэт краіны можа недаатрымаць толькі за кастрычнік болей за 15 мільёнаў даляраў.
23 кастрычніка судзьдзя Ленінскага раёну г. Гародні Наталя Козел пакарала старшыню страйкаму прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь Валерыя Леванеўскага 15 суткамі адміністратыўнага арышту. Суд палічыў яго арганізатарам несанкцыянаванага мітынгу. Старшыня страйкаму прадпрымальнікаў Беларусі з першага дня абвясьціў галадоўку. Гэта будзе трэцяя галадоўка Валерыя Леванеўскага за кратамі. Апошні раз ён галадаў 15 сутак у чэрвені. Валерыя Леванеўскага арыштавалі нібыта за непавагу да суда. Дарэчы, тры гады таму яго ўжо судзілі за гэта ж. Міліцыя вырашыла тады, што Леванеўскі арганізаваў мітынг прад¬прымальнікаў на ганку гарвыканкаму, прысуд — 13 сутак арышту. Судзіў яго Сяргей Ярашэвіч, які цяпер перайшоў у калегію адвакатаў і на судзе 23 кастрычніка абараняў Валерыя Леванеўскага. Адвакат давёў у судзе, што 11 кастрычніка несанкцыянаванага мітынгу не было. Непадалёк ад аблвыканкаму сабраліся прадпрымальнікі і размаўлялі паміж сабой, чакаючы прадстаўнікоў уладаў. Сам Леванеўскі знаходзіўся там ня ўвесь час. Людзі проста стаялі, размаўлялі. Ніякія праблемы не абмяркоўваліся. Не было выступоўцаў, транспарантаў з патрабаваньнямі... Судзь¬дзя Наталя Козел падкрэсьліла, што Валеры Леванеўскі падаваў заяву, каб правесьці менавіта 11 кастрычніка мітынг прадпрымальнікаў. Да¬зволу яму не далі, але прадпрымальнікі ўсё адно сабраліся, хаця і ў іншым месцы — выходзіць, мітынг адбыўся. А сам Леванеўскі, паводле словаў судзьдзі, "фактычна выканаў функцыі арганізатара”. Валерыя Леванеўскага забралі міліцыянты, каб даставіць у сьпецпрыёмнік. Судзьдзя Козел палічыла ўдзельнікам мітынгу нават Аляксандра Антанюка — кіраўніка рэгіянальнага прадстаўніцтва Беларускага Хельсінкскага камітэту. Ён прыйшоў, каб паназіраць за падзеяй і выступіў у судзе ў якасьці сьведкі.
26 сьнежня ў Магілёве разглядаўся зыск старшыні Свабоднага прафсаюзу магілёўскага будаўнічага трэсту №12 Аляксея Паўлоўскага да адміністрацыі трэсту. А.Паўлоўскі патрабуе, каб адміністрацыя скасавала тры вымовы яму і аднавіла на працы. Сёлета Аляксея Паўлоўскага ўжо другі раз зва¬льняюць з працы. У ліпені праз суд ён змог вярнуцца ў трэст. Аднак у кастрычніку кіраўніцтва трэсту за тры дні вынесла яму некалькі вымоваў нібыта за парушэньне працоўнай дысцыпліны, і ён зноў папоўніў шэрагі беспрацоўных. А.Паў¬лоўскі зьвязвае сваё звальненьне з прафсаюзнай і палітычнай дзейнасьцю. Ён ня толькі ачольвае прафсаюзную арганізацыю, але і ўступіў у Партыю БНФ.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|