|
УСТУП
АБАГУЛЬНЕНЬНІ І ВЫСНОВЫ
У 2004 годзе палітычная сітуацыя ў Беларусі ўплывала на далейшае пагаршэньне становішча з правамі чалавека і стасункі паміж асобай і дзяржавай. Пастаянныя і сьвядомыя парушэньні правоў чалавека зьяўляліся неабходнай перадумовай дзеля ўмацаваньня неабмежаванай дыктатарскай улады – уціск на чалавечыя правы фармаваў глебу да існаваньня аўтарытарызму і зьяўляўся спрыяльным асяродзьдзем да распаўсюду таталітарнай ідэалогіі.
У 2004 годзе на грамадзка-палітычную сітуацыю ў Беларусі вызначальны ўплыў аказала кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і правядзеньне рэспубліканскага рэферэндуму аб магчымасьці падаўжэньня паўнамоцтваў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Патрэба скасаваньня канстытуцыйнага абмежаваньня колькасьці магчымых прэзідэнцкіх кадэнцыяў вызначала дзяржаўную палітыку і ўплывала на яе ва ўсіх сферах грамадзкага жыцьця. У галіне правоў чалавека гэты фактар праявіўся праз ўзмацненьне рэпрэсіяў супраць палітычных апанентаў і прававы перасьлед носьбітаў іншадумства, прыняцьце новых дыскрымінацыйных заканадаўчых актаў, далейшае абмежаваньне свабоды слова, парушэньне свабоды мірных сходаў і асацыяцыяў, стварэньне іншых перашкодаў для рэалізацыі асабістых свабодаў грамадзянаў Беларусі.
Грамадзяне Беларусі былі пазбаўленыя права ўдзельнічаць у кіраваньні дзяржавай праз сваіх свабодна абраных прадстаўнікоў. Праведзеныя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў былі недэмакратычнымі і несвабоднымі, яны прайшлі па падрыхтаваным уладамі сцэнары і ў поўнай адпаведнасьці з выказанымі А. Лукашэнкам “пажаданьнямі”: сьпіс будучых парламентароў быў папярэдне сфармаваны з прыхільнікаў прэзідэнта, а сама працэдура галасаваньня стала толькі фармальнасьцю. Вынікі выбараў не адлюстроўвалі волі выбаршчыкаў, паколькі сама прэцэдура выбарчай кампаніі і галасаваньня не была арыентаваная на выяўленьне сапраўднай волі беларускага народу і не адпавядала нормам беларускага заканадаўства і міжнародным стандартам.
Беларускі аўтарытарны рэжым фактычна вольны ад дэмакратычных абмежавальнікаў сваёй улады. Ён прыціскае ня толькі палітычныя і асабістыя грамадзянскія правы: абароненасьць сацыяльных правоў працоўных у Беларусі фактычна зруйнаваная праз адзяржаўленьне прафесійных саюзаў, разбурэньне сістэмы сацыяльнага партнёрства. У краіне адсутнічаюць акадэмічныя свабоды і ўведзеная адзіная дзяржаўная ідэалогія, несумяшчальная са свабодай меркаваньня і свабодай слова.
Улады не выконваюць сваіх абавязкаў згодна з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і не зьвяртаюць увагі на крытыку, якая гучыць на адрас беларускага ўраду з боку міжнародных праваабарончых інстытуцыяў. Крытычныя рэзалюцыі па Беларусі, прынятыя Камісіяй па правах чалавека ААН у 2003 і 2004 гадах, ня толькі ня сталі падставай дзеля выпраўленьня становішча, але былі публічна названыя праявай палітычнага ціску на Беларусь за яе самастойную палітыку на міжнароднай арэне. Нягледзячы на тое, што чарговы даклад Рэспублікі Беларусь аб выкананьні гэтага Пакту за перыяд 1997-2001 гадоў мусіў быць прадстаўлены ў офіс
Вярхоўнага камісара па правах чалавека яшчэ ўвосень 2001 году, да гэтага часу такі даклад ня зроблены. Невядома ці рыхтуецца гэты даклад альбо ці будзе рыхтавацца ў персьпектыве. Фактычна, беларускі ўрад імкнецца да мінімалізацыі кантактаў з міжнародным праваабарончым асяродзьдзем.
ПАЛІТЫЧНЫ ПЕРАСЬЛЕД І АБМЕЖАВАНЬНІ ГРАМАДЗЯНСКІХ ПРАВОЎ
У Беларусі дзеючая ўлада шырока карыстаецца сродкамі крымінальнага і адміністратыўнага перасьледу ў барацьбе са сваімі палітычнымі апанентамі. Гэта стала магчымым з-за таго, што ў краіне адсутнічае незалежны і справядлівы суд, адсутнічаюць механізмы аднаўленьня парушаных правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў.
Крымінальная справа Міхаіла Марыніча ў 2004 годзе была найбольш гучным фактам ціску на палітычных апанентаў рэжыму. Міхаіл Марыніч – вядомы ў Беларусі грамадзкі дзеяч, былы кіраўнік Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, займаў пасаду міністра зьнешнеэканамічных зносінаў, зьяўляўся амбасадарам у Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га і 13-га скліканьняў. Апошнім часам зьяўляўся кіраўніком грамадзкага аб’яднаньня “Дзелавая ініцыятыва” і адным з лідэраў грамадзкага руху “За годнае жыцьцё”. Па меркаваньнях некаторых эксьпертаў, перасьлед Міхаіла Марыніча зьвязаны з ягоным намерам балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах 2006 году. Яшчэ да пачатку крымінальнага перасьледу, 13 красавіка 2004 году, Міхаіла Марыніча пакаралі адміністратыўным штрафам за дзейнасьць ад імя незарэгістраванага аб’яднаньня “За годнае жыцьцё”. Крымінальны перасьлед распачаўся 24 красавіка пасьля дагляду аўтамабіля М. Марыніча, у выніку якога было канфіскавана 90 тысячаў амерыканскіх даляраў. Уначы з 24 на 25 красавіка М. Марыніч быў дапытаны па факце знаходжаньня ў яго буйной сумы ў замежнай валюце і запрошаны на допыт у КДБ. 26 красавіка М. Марыніч быў арыштаваны і зьмешчаны ў ізалятар КДБ. У хуткім часе з санкцыі пракуратуры былі праведзеныя вобыскі ў памяшканьнях, якія належалі М.Марынічу і ягонай сям’і. Грошы не былі вернутыя Марынічу, але і не фігуравалі ў дакументах абвінавачаньня.
Спачатку крымінальная справа была ўзбуджаная па артыкуле 377 Крымінальнага кодэксу “Выкраданьне альбо пашкоджаньне дакументаў, штампаў і пячатак”, паколькі падчас вобыску ў спадара Марыніча былі канфіскаваныя дакументы, датычныя ягонай ранейшай дзейнасьці на пасадзе міністра і амбасадара. Далей сьледчыя КДБ узбудзілі крымінальную справу па артыкуле 295 Крымінальнага кодэксу “Незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, баепрыпасаў і выбуховых рэчываў”. Менавіта па гэтым крымінальным артыкуле Міхаілу Марынічу было прад’яўленае першапачатковае абвінавачаньне, па якім ён знаходзіўся ў сьледчым ізалятары КДБ з красавіка і да канчатковага рашэньня суда, якое было агучанае 30 сьнежня, аднак суд зьняў з яго абвінавачаньне па дадзеным артыкуле.
Адзіным абвінавачаньнем Міхаілу Марынічу, якое падтрымаў суд, стала незаконнае прысвойваньне кампутараў і аргтэхнікі, знойдзеных падчас аднаго з вобыскаў у гаражы сына М. Марыніча. Кампутары і іншая аргтэхніка (разам – 17 адзінак), у крадзяжы якіх прызналі вінаватым Міхаіла Марыніча, належалі амерыканскай амбасадзе ў Беларусі, якая перадала іх у бязвыплатнае карыстаньне арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”. Амбасада Злучаных Штатаў ня мела прэтэнзіяў да спадара Марыніча – гэта было высьветлена і падчас папярэдняга сьледзтва, і было пацьверджана на судзе ў адмысловай заяве Дзярждэпартаменту Злучаных Штатаў. “Дзелавая ініцыятыва” таксама не выстаўляла маёмасных прэтэнзіяў, аднак, нягледзячы на гэта, 30 сьнежня суд Менскага раёну і гораду Заслаўля на чале з судзьдзёй Людмілай Даўжэнка прызнаў М. Марыніча вінаватым ў зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства, прадугледжанага артыкулам 210 Крымінальнага кодэксу, ч. 4 “Крадзёж шляхам выкарыстаньня службовага становішча ў асабліва буйным памеры” і прысудзіў яму пакараньне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці і забаронай займаць службовыя пасады на працягу пяці гадоў. Увесь ход сьледзтва і судовага разгляду дадзенай справы сьведчыў пра тое, што крымінальны перасьлед і асуджэньне Міхаіла Марыніча выкліканыя ягонай грамадзянскай пазіцыяй і актыўнай палітычнай дзейнасьцю. Дадзеная справа відавочна зьяўляецца прыкладам расправы над палітычным апанентам рэжыму.
Справы Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева — вядомых дзеячоў беларускага прадпрымальніцкага руху — сталі папярэджаньнем тым, хто меў намер крытыкаваць Лукашэнку і ягонае атачэньне. Гэтыя гарадзенскія бізнэсоўцы былі пакараныя пазбаўленьнем волі за абразу прэзідэнта літаральна напярэдадні абвяшчэньня рэферэндуму, а суд над імі і надзвычай жорсткія прысуды відавочна выконвалі функцыю запалохваньня. В. Леванеўскі і А. Васільеў арганізоўвалі некалькі маштабных акцыяў і страйкаў беларускіх прадпрымальнікаў, у тым ліку – дэманстрацыю ў Гародні 1 траўня 2004 году. Крымінальныя справы супраць В.Леванеўскага і А. Васільева былі ўзбуджаныя па артыкуле 368 Крымінальнага кодэксу, частка 2 — за зьдзяйсьненьне публічнай зьнявагі Лукашэнкі і абвінавачаньне яго ў злоўжываньні ўладай шляхам публікацыі ў першамайскіх улётках верша “Рахунак за камунальныя паслугі або “жыроўка”, дзе ў сатырычнай форме высьмейвалася дэмагогія некаторых палітыкаў і крытыкаваліся паездкі кіраўніка Беларусі на лыжныя курорты ў Аўстрыю. А. Васільева таксама абвінавацілі па арт. 342 Крымінальнага кодэксу ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў 1 траўня, падчас якога быццам бы адбыліся грубыя парушэньні грамадзкага парадку. Судзьдзя суда Ленінскага раёну г. Гародні Дзьмітры Дземчанка 7 верасьня прызнаў В.Леванеўскага і А.Васільева вінаватымі і вынес прысуд аб пакараньні іх на два гады пазбаўленьня волі за зьнявагу прэзідэнта, а Васільева і за арганізацыю масавых беспарадкаў. Суд таксама спагнаў у даход дзяржавы як сродак зьдзяйсьненьня злачынства кампутары і іншую аргтэхніку, якая была канфіскаваная ў асуджаных падчас папярэдняга сьледзтва.
Адсутнасьць аб’ектыўнай і незалежнай судовай сістэмы (усе судзьдзі ў краіне прызначаюцца прэзідэнтам і могуць быць звольненыя са сваіх пасадаў прэзідэнтам) робіць магчымым падобнае выкарыстаньне механізмаў крымінальнага перасьледу дзеля барацьбы з палітычнымі апанентамі дзеючага рэжыму. Таксама пагроза крымінальнага перасьледу, асабліва па артыкулах Крымінальнага кодэксу 367 “Паклёп на адрас прэзідэнта”, 368 “Зьнявага прэзідэнта” і 369 “Зьнявага прадстаўніка ўлады” выкарыстоўваецца супраць крытыкаў існуючага рэжыму – праваабаронцаў, журналістаў, апазіцыйных палітыкаў.
Так, крымінальныя справы за зьнявагу альбо за паклёп на адрас прэзідэнта ў 2004 годзе былі ўзбуджаныя ў адносінах да палітыка Андрэя Клімава, лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, журналісткі Ірыны Халіп, праваабаронцы, намесьніка старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйлы, грамадзкай актывісткі Аксаны Новікавай і г.д. Ва ўсіх гэтых справах крымінальны перасьлед выконвае функцыю запалохваньня — падчас сьледзтва падазраваныя ці абвінавачаныя вымушаныя прыходзіць у пракуратуру альбо КДБ на допыты, а таксама ім пагражаюць вобыскі альбо арышты. Асобна адзначым, што абвінавачаньні ў паклёпе на адрас прэзідэнта і дзяржаўнай улады актыўна выкастоўваліся супраць кандыдатаў на парламенцкіх выбарах як падстава дзеля зьняцьця з перадвыбарчай гонкі (кандыдаты Марына Багдановіч, Алег Волчак, Аляксандр Цынкевіч). Таксама пад перасьледам апынуліся і іншыя ўдзельнікі выбарчых кампаніяў – сябры ініцыятыўных групаў па вылучэньні апазіцыйных кандыдатаў, давераныя асобы кандыдатаў, назіральнікі і журналісты.
Асобным асьпектам перадвыбарчай барацьбы ў Беларусі стала змаганьне за зьмяненьне выбарчага заканадаўства і за вызваленьне палітычных зьняволеных, што выявілася ў галадоўцы трох дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, да якой пазьней далучыліся і іншыя грамадзкія актывісты з усёй Беларусі (агульная колькасьць галадоўшчыкаў склала каля 20 чалавек).
Палітычныя рэпрэсіі былі скіраваныя ня толькі на палітычных апанентаў існуючага палітычнага рэжыму. Моцны ціск аказваўся на праваабаронцаў і на праваабарончыя арганізацыі. У 2004 годзе былі ўзбуджаныя крымінальныя справы супраць кіраўніка Беларускага Хельсінкскага камiтэту Тацяны Процькі і бухгалтаркі БХК Тацяны Радкевіч на падставе быццам бы нявыплаты падаткаў з замежнай фінансавай дапамогі з боку Еўрапейскага саюзу, якая была атрыманая ў поўнай адпаведнасьці з нормамі беларускага заканадаўства. Пазьней гэтыя крымінальныя справы пасьля працяглага расьсьледваньня былі спыненыя. Асабліва часта падобны ціск альбо незаконныя арышты выкарыстоўвалiся ў сувязі з распаўсюдам інфармацыі (напрыклад, праваабаронцаў Тацяну Рэвяку і Гары Паганяйлу затрымалi за распаўсюд афіцыйнай рэзалюцыі Савету Еўропы пра зьніклых асобаў у Беларусі).
Працягвае адбываць пакараньне ў турме гомельскі навуковец Юры Бандажэўскі, прызнаны вязьнем сумленьня.
У Беларусі па-ранейшаму актыўна выкарыстоўваюцца арышты, фізічная сіла і сьпецыяльныя сродкі супраць удзельнікаў мірных дэманстрацыяў. Найбольшая колькасьць мірных дэманстрантаў была затрыманая падчас акцыяў 1 траўня ў Гародні і ў Менску, 25 сакавіка ў Менску, 21 ліпеня ў Менску. Былі пакараныя арганізатары Чарнобыльскага шляху 26 красавіка. Напярэдадні выбараў масава і па ўсёй краіне міліцыянты затрымлівалі ўдзельнікаў перадвыбарчых кампаніяў апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты, саміх кандыдатаў, дасьледчыкаў, якія праводзілі экзіт-пул. Падчас мірных акцыяў пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэферэндуму напрыканцы кастрычніка ў Менску праваахоўныя органы адзначыліся надзвычай жорсткiмi дзеяньнямі ў дачыненьні да дэманстрантаў і затрыманых. Катаваньні былі ўжытыя асабіста кіраўніком Менскага АМАПу Юрыем Падабедам і ягонымі падначаленымі ў дачыненьні да Анатоля Лябедзькі, якому былі нанесеныя цялесныя пашкоджаньні. Асобы, якія зьбівалі апазіцыйнага палітыка, усім вядомыя, аднак ніякага пакараньня за свае дзеяньні яны не панесьлі. Наадварот, беларускія суды рэгулярна караюць адміністратыўнымі арыштамі і штрафамі ўдзельнікаў мітынгаў і дэманстрацыяў – суды па гэтай катэгорыі справаў часта зьяўляюцца ўсяго толькі фармальнасьцю. Праведзены Праваабарончым цэнтрам “Вясна” ў сакавіку і красавіку 2004 году маніторынг выкананьня права на справядлівы суд падчас разгляду справаў аб адміністратыўных правапарушэньнях выявіў, што судзьдзі па гэтай катэгорыі справаў не выконваюць нават базавых патрабаваньняў працэсуальнага заканадаўства.
Напярэдадні перагаласаваньня другога туру выбараў прэзідэнта Украіны ў Менску беспадстаўна былі затрыманыя некалькі дзесяткаў беларускіх грамадзянаў, што накіроўваліся на Украіну ў якасьці міжнародных назіральнікаў. У складзе гэтай групы былі затрыманыя і некалькі дзесяткаў сяброў Праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Адначасова ў Беларусі прымаюцца антыправавыя законы, якія ў далейшым дазваляюць сьпецслужбам і міліцыі парушаць правы чалавека, недатыкальнасьць прыватнага жытла і таямніцу прыватнага жыцьця ўжо "ў адпаведнасьці з законам". Прынятыя ў першым чытаньні зьмены ў Закон пра органы дзяржаўнай бясьпекі, якія значна пашыраюць паўнамоцтвы сьпецслужбаў у галіне парушэньня таямніцы прыватнага жыцьця, дазваляюць праслухоўваць прыватныя тэлефонныя размовы і пранікаць у прыватныя памяшканьні нават бяз санкцыі пракурора, а таксама ўводзяць адказнасьць за разгалошваньне асобаў даносчыкаў і негалосных асьведамляльнікаў, накіраваных сьпецслужбамі ў грамадзкія арганізацыі, палітычныя партыі, дзяржаўныя ўстановы і іншыя арганізацыі. Па асабістым загадзе А.Лукашэнкі Служба бясьпекі прэзідэнта далучылася да барацьбы супраць палітычных апанентаў, пры гэтым паўнамоцтвы яе ў гэтай сферы не зафіксаваныя заканадаўча.
Такім чынам, 2004 год быў адзначаны ўзмацненьнем ціску на асобаў, што адкрыта выказваюць нязгоду з афіцыйнай ідэалагічнай дактрынай, а таксама крытыкуюць палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Відавочна, што асаблівы ціск аказваецца на тых асобаў, якія заявілі пра свой намер скласьці канкурэнцыю А. Лукашэнку на выбарах прэзідэнта ў 2006 годзе. Пры гэтым небясьпека пагражае ня толькі вядомым асобам і лідэрам грамадзкіх рухаў – усё часьцей улады пагражаюць шараговым носьбітам альтэрнатыўных ідэяў. Пашырэньне ў Беларусі таталітарнай ідэалогіі можа пакласьці канец існаваньню легальнай апазіцыі А. Лукашэнку, паколькі па сваім зьмесьце дадзеная ідэалогія цалкам грунтуецца на безальтэрнатыўным кульце асобы дзеючага прэзідэнта.
АБМЕЖАВАНЬНЕ СВАБОДЫ СЛОВА
Барацьба са свабодай слова і вынішчэньне альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі заўжды была прыярытэтным напрамкам дзяржаўнай палітыкі дзеючага рэжыму. Ужо з самага пачатку свайго знаходжаньня пры ўладзе Лукашэнка распачаў вайну з незалежнай прэсай, якую ён працягвае весьці і зараз. Наступствам гэтай дзесяцігадовай вайны стала фармаваньне ў Беларусі закрытага грамадзтва, арыентаванага на дзяржаўны кантроль за інфармацыяй і манаполіяй дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі і прапаганды.
Заканадаўчы клімат для медыяў у Беларусі зьяўляецца вельмі неспрыяльным. Працэдура рэгістрацыі медыяў дазваляе ўладам прадухіліць стварэньне непажаданых крыніцаў альтэрнатыўнай інфармацыі. Узгадненьне разьмяшчэньня газеты ў мясцовых выканаўчых органах дае магчымасьць для беспадстаўнай і нематываванай адмовы любому новастворанаму выданьню. Мясцовыя ўлады ў 2004 годзе адмовілі ў атрыманьні юрыдычнага адрасу рэдакцыям недзяржаўных газетаў "Афиша" са Смаргоні, "Новой газеты Сморгони", "Собственный комментарий", “Вольны горад” з Крычава. Нягледзячы на наяўнасьць у заканадаўстве гарантыяў журналісцкай дзейнасьці, рэальна журналісты робяцца безабароннымі перад адміністратыўным ціскам і перасьледам з боку ўладаў.
Фактар неспрыяльнага і двухсэнсоўнага заканадаўства ўзмацняецца яшчэ і тым, што гэтае заканадаўства трактуецца адвольна і часта выкарыстоўваецца дзеля ажыцьцяўленьня цэнзуры, а таксама зьнішчэньня непажаданых сродкаў масавай інфармацыі. У 2004 годзе з “белымі плямамі” выходзілі газеты “Вольнае Глыбокае” і “Витебский курьер”. З цэнзурай у друкарні сутыкнуліся выдаўцы ваўкавыскай "Местной газеты" – друкаваць гэтае выданьне адмовіліся друкарні ў Менску, Баранавічах і Слоніме. Зафіксаваныя неаднаразовыя выпадкі цэнзураваньня перадачаў расійскіх тэлевізійных каналаў, што трансьлююцца ў Беларусі. Усталяваны парадак распаўсюджваньня ў Беларусі выданьняў з замежных краінаў дазваляе цалкам кантраляваць гэты сегмент рынку: цяпер усе юрыдычныя асобы і прыватныя прадпрымальнікі, якія займаюцца распаўсюдам замежных СМІ, павінны ўзгадняць з Міністэрствам інфармацыі каталогі ці сьпісы гэтых выданьняў і прадстаўляць абавязковыя асобнікі – гэткі механізм фактычна зьяўляецца папярэдняй цэнзурай на распаўсюд замежных выданьняў.
Пастаянна цэнзураваліся выступы апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты на дзяржаўным радыё і тэлебачаньні, а таксама тэксты іх перадвыбарчых улётак. Дзяржаўныя друкарні падчас выбараў сьвядома выконвалі функцыю цэнзараў для матэрыялаў, якія замаўляліся апазіцыйнымі кандыдатамі.
У 2004 годзе на колькасьць зачыненых і прыпыненых газетаў у Беларусі наклаў свой адбітак фактар правядзеньня выбараў і рэферэндуму. Норма аб часовым прыпыненьні дзейнасьці СМІ выкарыстоўвалася ў дачыненьні да газетаў “Время”, “Навінкі”, “Предпринимательская газета”, "Згода", “Рабочая салідарнасьць”, "Вечерний Столин", "Мотор-Старз Ревю", "Криминальное обозрение", "Любой каприз", "Алло! Куплю, продам, меняю", "Версия", "Детективная газета". Часта прыпыненьне выданьня адбывалася з грубымі парушэньнямі закону (выпадкі з газетамі “Время” і “Новая газета Сморгони”). Літаральна за тыдзень да выбараў было прыпынена 12 выданьняў, што значна паўплывала на інфармацыйную прастору падчас выбараў, асабліва ў рэгіёнах Беларусі – былі зачыненыя “Молодёжный проспект”, “Неделя”, "Рэгіянальная газета", “Региональные ведомости”, “Народный предприниматель” і інш.
Чыняцца перашкоды ў распаўсюдзе незалежнай прэсы. Падчас выбарчай кампаніі былі зафіксаваныя сотні выпадкаў затрыманьня распаўсюднікаў незалежнай прэсы. У 2004 годзе ў Беларусі было ўведзенае ліцэнзаваньне распаўсюджаньня друкаваных выданьняў праз падпіску – гэткая дзейнасьць апынулася пад поўным кантролем дзяржаўнага манапаліста “Белпошты”. Увядзеньне ліцэнзаваньня на падпіску стала сур’ёзнай перашкодай для стварэньня паўнавартаснай сеткі распаўсюду недзяржанай прэсы. Зараз нават рэдакцыя газеты ня можа распаўсюджваць уласнае выданьне праз падпіску. Гэта стала балючым ударам па незалежнай прэсе, паколькі дзяржаўная служба дастаўкі вельмі часта ім нематывавана адмаўляе – у выніку падобнай адмовы незалежная “Белорусская деловая газета” страціла свае лідзіруючыя пазіцыі на газетным рынку. Дзяржаўныя прадпрыемствы адмаўляюцца прымаць у раздробны продаж папулярныя незалежныя газеты ("БДГ", "Белорусский рынок", "Белорусская газета" і інш.). Участак розьніцы "Белсаюздруку" ў Менску выдаў для кіяскёраў адмысловую "Памятку по выкладке дотируемых изданий на витрину". Паводле інструкцыі, кіяскёры павінныя "выкладывать газеты в первом ряду у торгового окна в следующем порядке: "Звязда", "Рэспубліка", "Советская Белоруссия", "Народная газета", "Культура", "ЛіМ", "Белорусская нива", "Голас Радзімы", "The Minsk Times", "Знамя юности", "Зорька", "Переходный возраст", "Раніца", "Сям’я", "Спортивная панорама". Акрамя таго, датаваныя газеты павінны вывешвацца на вітрыну сьпераду, а датаваныя "тоўстыя" часопісы – сьпераду выстаўляцца на паліцу. Такім чынам, нават тыя выданьні, якія маюць магчымасьць прадавацца праз дзяржаўныя сеткі распаўсюду, не трапляюць на вітрыны кіёскаў альбо крамаў.
Адначасова супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў прымусова абавязваюць выпісваць дзяржаўныя выданьні: прэзідэнт Лукашэнка паставіў за мэту давесьці наклад галоўнага прапагандысцкага выданьня “Советская Белоруссия” да 500 тысячаў, і гэтая мэта вымагае прымусовага распаўсюду дадзенага выданьня. Падобным чынам таксама распаўсюджваюцца і іншыя прапагандысцкія дзяржаўныя газеты, у тым ліку і выданьні абласных і раённых выканаўчых камітэтаў. Напрыклад, 15 сакавіка Глыбоцкі райвыканкам распаўсюдзіў ліст, якім да 19 сакавіка загадаў кіраўнікам мясцовых прадпрыемстваў аформіць ведамасную і індывідуальную падпіску на дзяржаўныя выданьні з вызначэньнем, якія і ў якой колькасьці газеты трэба выпісваць. Гэткая практыка распаўсюджаная па ўсёй Беларусі.
Папярэджаньні газетам за публікацыю крытычных матэрыялаў зьяўляюцца сродкам шантажу выданьняў, якія пад пагрозай магчымага закрыцьця вымушаныя зьмяняць рэдакцыйную палітыку. Пасьля выхаду нумару часопісу ARCHE, што быў прысьвечаны абмеркаваньню дзесяцігодзьдзя кіраваньня ў Беларусі А. Лукашэнкі, і шэрагу крытычных публікацыяў часопіса адносна распаўсюджаньня ў краіне ідэалогіі лукашызму, часопіс адмовіліся прадаваць дзяржаўныя крамы (гэта пераважная большасьць рынку) і газетныя кіёскі, заснавальнікам былі вынесеныя два папярэджаньні, з-за якіх часопіс можа спыніць сваё існаваньне. У студзені 2004 году па загадзе рэспубліканскай пракуратуры на менскай пошце быў затрыманы наклад часопіса “Асамблея”, які рассылаўся ў запячатаных канвертах ад імя выдаўцоў — фізічных асобаў. Зафіксаваныя выпадкі канфіскацыі накладаў газетаў “День”, “Время”, “Неделя” і іншых выданьняў, асабліва падчас перадвыбарчай кампаніі.
Усе тэлеканалы знаходзяцца пад кантролем дзяржаўнай улады, а нешматлікія прыватныя і грамадзкія радыёстанцыі падлягаюць пастаяннай цэнзуры: цэнзуруюцца навіны і плэй-лісты. Некаторыя музычныя выканаўцы, у прыватнасьці, тыя, што прымалі ўдзел у канцэртах у падрымку апазіцыі, не трапляюць у эфір.
Маніторынг парушэньняў правоў СМІ сьведчыць аб паўсюдным парушэньні ў Рэспубліцы Беларусь права на доступ да інфармацыі. Артыкул 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам краіны права на атрыманьне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасьці дзяржаўных органаў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцьці. Тым ня менш, правы журналістаў на атрыманьне інфармацыі пастаянна парушаюцца. У Смаргоні (Гарадзенская вобл.) 15 верасьня карэспандэнту “Новой газеты Сморгони” Ірыне Лугіной адмовілі ў інфармацыі пра дату адкрыцьця новага будынку ЗАГС і не дазволілі зрабіць фотаздымак яго інтэр’еру. Аднак найбольш часта права на атрыманьне журналістам інфармацыі парушаецца пры асьвятленьні падзеяў грамадзка-палітычнага жыцьця, судовых працэсаў гучнага ці палітычнага характару. 22 чэрвеня служба бясьпекі не прапусьціла ў будынак Дома ўраду акрэдытаванага пры Палаце прадстаўнікоў карэспандэнта “Радыё Свабода” Юрыя Сьвірко. Журналістцы Ірыне Макавецкай неаднаразова стваралі перашкоды ў асьвятленьні судовых працэсаў адкрытага характару і нават прыцягвалі да адказнасьці за спробу патрапіць на адкрыты судовы працэс. 28 чэрвеня супрацоўнік службы аховы суда Ленінскага раёна г. Гародні не дазволіў прайсьці ў будынак суда журналісту “Радыё Свабода” Сяргею Астраўцову і эксьперту ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Юрыю Тапарашаву.
Адным з эфектыўных сродкаў абмежаваньня доступу да інфармацыі зьяўляецца адмова ў акрэдытацыі ці пазбаўленьне акрэдытацыі. Такая практыка ўжываецца ў дачыненьні ня толькі да айчынных, але і да замежных СМІ. 30 ліпеня Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь пазбавіла акрэдытацыі чатырох супрацоўнікаў беларускага карпункту расійскага тэлеканалу “Россия”. Падставай да гэтага рашэньня стаў тэлерэпартаж аб вулічнай акцыі апазіцыі, прымеркаванай да дзесяцігодзьдзя прэзідэнцтва А. Лукашэнкі. Таксама былі дэпартаваныя з Беларусі прадстаўнікі французскага тэлеканалу, што асьвятлялі дзейнасьць моладзевай арганізацыі. Дэпартаваны вядучы аналітык газеты “Время” Міхаіл Падаляк.
У 2004 годзе неаднаразова фіксаваліся факты зьбіцьця журналістаў: былі зьбітыя супрацоўнікі расійскіх тэлекампаніяў Ren-TV і НТВ, журналіст Павел Шарамет. Падчас масавых акцыяў апазіцыі журналістаў зьбівалі і затрымлівалі як і ўдзельнікаў падзеяў – у Наваполацку падчас вулічнай акцыі ў гадавіну зьнікненьня экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі быў затрыманы карэспандэнт “Радыё Свабода” Вінцэсь Мудроў. Журналістцы “Белорусской деловой газеты” Ірыне Макавецкай з Гомелю па тэлефоне пагражалі забойствам у сувязі з яе публікацыямі.
Журналістаў часта запрашаюць на “размовы” у КДБ і ў пракуратуру. Пасьля выкрыцьця ў прэсе фактаў фальсіфікацыі вынікаў выбараў і рэферэндуму ўлады рэагавалі на такія публікацыі не праверкамі выкладзеных фактаў, а пагрозамі крымінальнага перасьледу за паклёп.
Акрамя таго, грамадзянскае заканадаўства дае шырокія магчымасьці для падачы неабрунтаваных і беспадстаўных зыскаў аб дыфамацыі, што разам з залежнасьцю суда і неаб’ектыўным разглядам судовых справаў гэтага тыпу дае дзяржаўным чыноўнікам моцную зброю ў барацьбе з крытычнымі выступамі ў прэсе. Летась судовыя справы з удзелам ці супраць сродкаў масавай інфармацыі былі рэгулярныя. Адным з яскравых прыкладаў таго, як зыск аб абароне гонару і годнасьці відавочна выкарыстоўваўся для зьнішчэньня непадкантрольнай уладам газеты, зьяўляўся выпадак з “Народнай воляй” па зыску былога кіраўніка дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова. Падставай да канфлікту стаў надрукаваны ў 2001 г. артыкул "Элеонора Езерская: пять пудов любви я гарантирую". Я. Рыбакоў палічыў, што апублікаваныя ў ім зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці, а таксама зьневажаюць ягоныя гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю. Суд першай інстанцыі прызнаў патрабаваньні Рыбакова абгрунтаванымі. Калегія Менскага гарадзкога суда ня толькі адхіліла скаргі адказьнікаў, але і павялічыла суму кампенсацыі на карысьць Рыбакова. Пікантнасьць сітуацыі ў тым, што на момант вынясеньня судовага рашэньня Я.Рыбакоў знаходзіўся за кратамі па абвінавачаньні, зьвязаным з карупцыйнай дзейнасьцю падчас працы на пасадзе кіраўніка дзяржаўнага тэлебачаньня. З гэтай жа газеты спагнана 15 мільёнаў рублёў на карысьць бізнэсоўца Сяргея Атрошчанкі. “Белорусской деловой газете” прысуджана выплаціць 3 мільёны рублёў артысту Яўгену Крыжаноўскаму. Штотыднёвік “Свободные новости” абавязаны выплаціць былому супрацоўніку міліцыі больш за тры мільёны рублёў.
У той жа час дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі беспакарана распаўсюджваюць паклёпніцкую інфармацыю. На дзяржаўным тэлебачаньні быў прадэманстраваны цэлы серыял ананімнага аўтарства “Дарога ў нікуды”. Спробы праз суд дамагчыся высьвятленьня сапраўдных аўтараў серыялу не далі посьпеху. Намаганьні старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту Тацяны Процькі дамагчыся абвяржэньня хлусьлівых выказваньняў журналістаў дзяржаўнага тэлебачаньня і прыцягненьня да адказнасьці за парушэньне таямніцы прыватнага жыцьця з боку журналіста Юрыя Пракопава не прынесьлі плёну. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ў дзень выбараў і рэферэндуму сьвядома незаконна распаўсюджвалі агітацыйныя матэрыялы, у тым ліку – сумнеўныя дадзеныя праўрадавага экзіт-пула. Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА, газета “Советская Белоруссия” і іншыя дзяржаўныя выданьні таксама беспакарана парушалі Выбарчы кодэкс РБ праз публікацыю агітацыйных матэрыялаў замежных грамадзянаў.
Беларускі рэжым неаднаразова дэманстраваў намер узяць пад кантроль распаўсюджаньне інфармацыі праз Інтэрнэт, імкнецца абмежаваць доступ да непажаданых Інтэрнэт-рэсурсаў з беларускай тэрыторыі, аказвае ціск на журналістаў, што разьмяшчаюць інфармацыю на замежных Інтэрнэт-старонках. Публікацыі на Інтэрнэт-сайтах сталі падставамі да папярэджаньня шэрагу прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партыяў.
Зафіксаваныя выпадкі прыпыненьня дзейнасьці незалежных інфармацыйных Інтэрнэт-сайтаў у дзень выбараў, у тым ліку сайту Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Тэхнічна гэткія перашкоды можа ствараць толькі нацыянальны аператар электрасувязі, дзяржаўнае прадпрыемства "Белтэлеком" — манапаліст на доступ да Інтэрнэту ў Беларусі. Некалькі разоў фіксаваліся хакерскія атакі на сайт Хартыі-97.
Новы закон аб СМІ, які ўтрымлівае значныя дадатковыя абмежаваньні свабоды слова, пакуль не прыняты. Але ягонае абмеркаваньне ў парламенце адбываецца без уліку меркаваньня прадстаўнікоў журналісцкай супольнасьці і грамадзкасьці. Існуючы праект закону прадугледжвае абавязковую рэгістрацыю сайтаў у Інтэрнэце – норма, якая дасьць уладам магчымасьць на законных падставах перасьледаваць стваральнікаў непажаданых сайтаў.
Такім чынам, можна прагназаваць, што ў бліжэйшы час адбудзецца дадатковая падрыхтоўка інфармацыйнага поля для правядзеньня агітацыйнай кампаніі прэзідэнта Лукашэнкі на выбарах 2006 году.
АБМЕЖАВАНЬНЕ СВАБОДЫ АСАЦЫЯЦЫЯЎ
У 2004 годзе сітуацыя са свабодай асацыяцыяў у Беларусі не палепшылася. Прававы клімат дзеля стварэньня і дзейнасьці незалежных аб’яднаньняў грамадзянаў заставаўся неспрыяльным, а па некаторых пытаньнях заканадаўства і практыка дэманстравалі тэндэнцыю да яшчэ большага абмежаваньня свабоды асацыяцыяў.
Беларускае заканадаўства адносна няўрадавых асацыяцыяў зьяўляецца адным з самых жорскіх у параўнаньні з краінамі Еўропы і СНД. Грамадзянскі кодэкс прадугледжвае магчымасьць існаваньня некалькіх формаў некамерцыйных арганізацыяў – грамадзкія аб’яднаньні, рэлігійныя аб’яднаньні, фонды, установы, асацыяцыі і саюзы. З іх асноўнай формай няўрадавых арганізацыяў, заснаванай на сяброўскім удзеле, зьяўляецца грамадзкае аб’яднаньне, якое рэгулюецца сьпецыяльным законам "Аб грамадзкіх аб’яднаньнях" ад 1994 году са шматлікімі пазьнейшымі зьменамі і дапаўненьнямі. Аднак у пытаньнях стварэньня грамадзкіх аб’яднаньняў вызначальнымі прававымі актамі зьяўляюцца дэкрэты Прэзідэнта і Правілы рэгістрацыі, прынятыя Міністэрствам юстыцыі, якія значна зьмяняюць нормы, усталяваныя ў законе.
Сярод асноўных абмежаваньняў пры стварэньні няўрадавых арганізацыяў патрэбна адзначыць вялікую грашовую пошліну (звыш $220 для грамадзкіх аб’яднаньняў нацыянальнага ўзроўню і каля $100 для мясцовых грамадзкіх аб’яднаньняў), а таксама патрабаваньні аб наяўнасьці юрыдычнага адрасу ў адміністрацыйным памяшканьні – гэтае патрабаваньне цяжка выканальнае ва ўмовах татальнага кантролю дзяржавы за выкарыстаньнем нерухомасьці. Прадстаўленьне юрыдычнага адрасу (а гэта значыць – стварэньне альбо легальнае існаваньне няўрадавай арганізацыі) вельмі часта залежыць ад жаданьня дзяржаўных чыноўнікаў – у рэгіёнах гэта азначае неабходнасьць атрымаць папярэднюю згоду з боку дзяржаўнай улады для стварэньня грамадзкага аб’яднаньня альбо іншай няўрадавай арганізацыі. Неабходнасьць наяўнасьці юрыдычнага адрасу таксама выкарыстоўваецца дзеля барацьбы са структурамі апазіцыйных палітычных партыяў: фактычна, дзяржава ў любы момант можа адмяніць згоду на разьмяшчэньне арганізацыі па дадзеным юрыдычным адрасе і тым самым скасаваць партыйную структуру ў рэгіёне (у 2004 годзе было скасавана звыш 30 рэгіянальных аддзяленьняў палітычных партыяў). Партыя, якая ня мае зарэгістраванай арганізацыйнай структуры ў дадзеным горадзе альбо раёне, ня мае права ўдзельнічаць у выбарах, вылучаць кандыдататў на выбарныя пасады, а пры адсутнасьці партыйных структураў у большасьці абласьцей Беларусі можа паўстаць пытаньне пра ліквідацыю партыі. У кастрычніку і лістападзе 2004 году ўладамі была распачатая шырокамаштабная перарэгістрацыя юрыдычных адрасоў (завершыцца 1 лютага 2005 году), якая можа пацягнуць за сабой зьнікненьне шэрагу грамадзкіх аб’яднаньняў, а таксама большасьці мясцовых аддзяленьняў (гарадзкіх і раённых структураў) палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў.
У цяперашні час у Беларусі ўсталяваны дзяржавай ільготны тарыф для арэнды памяшканьняў для грамадзкіх аб’яднаньняў, аднак актыўна абмяркоўваецца адмена гэтай ільготы. Вынікам такой адмены можа стаць рэзкі рост кошту арэнды памяшканьняў і фактычная немагчымасьць аплаты памяшканьняў для няўрадавых арганізацыяў.
На практыцы пададзеныя для рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў дакументы праходзяць двайную эксьпертызу: юрыдычную ў рэгіструючым органе (Міністэрства юстыцыі для нацыянальных і абласныя ўпраўленьні юстыцыі для мясцовых грамадзкіх аб’яднаньняў) і палітычную ў не прадугледжанай законам і дэкрэтам Прэзідэнта Камісіі па рэгістрацыі і перарэгістрацыі. Гэты орган у складзе кіраўнікоў асноўных сілавых міністэрстваў і ведамстваў (КДБ, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства ўнутраных справаў і інш.) працуе пад шчыльным кантролем Адміністрацыі прэзідэнта, дае эксьпертнае заключэньне, якое не заснаванае на праве, зьяўляецца тайным і нематываваным і часта служыць падставай да адмовы ў рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня. Такая сістэма рэгістрацыі вядзе да таго, што дзяржаўная рэгістрацыя грамадзкага аб’яднаньня робіцца магчымай толькі пры дэманстрацыі лаяльнасьці да існуючай улады і зацікаўленасьці дзяржаўных органаў у стварэньні такой арганізацыі. У сярэднім толькі 6% заявак аб стварэньні грамадзкіх аб’яднаньняў задавальняюцца ўладамі. Так, па афіцыйных дадзеных, у 2003 годзе з 1464 заявак на стварэньне грамадзкіх аб’яднаньняў было задаволена толькі 10 на стварэньне нацыянальных грамадзкіх аб’яднаньняў, 23 – міжнародных, 12 – абласных, 49 – раённых, гарадзкіх і іншых. У 2004 годзе гэткія прапорцыі захаваліся, а сістэма рэгістрацыі не зьмянілася: за перыяд са студзеня па верасень 2004 году было зарэгістравана толькі 60 новых грамадзкіх аб’яднаньняў. Усталяваны законам тэрмін разгляду пытаньня пра рэгістрацыю НДА на працягу 1 месяца рэальна ніколі не выконваецца, а вельмі часта гэты працэс зацягваецца на гады.
Судовае абскарджаньне незаконнай ці беспадстаўнай адмовы ў рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў у апошнія гады стала неэфектыўным – суды ніколі не становяцца на бок грамадзкіх аб’яднаньняў. Пры разглядзе спрэчак пра рэгістрацыю грамадзкіх аб’яднаньняў суды не кіруюцца патрабаваньнямі закону, якія вызначаюць дастатковыя падставы для адмовы ў рэгістрацыі арганізацыі, а ўлічваюць нормы падзаконных актаў і неправавыя эксьпертныя заключэньні ўказанай Камісіі. Ні разу суды не выклікалі для дачы тлумачэньняў сяброў Камісіі. Напрыклад, у 2004 годзе суд без законных падставаў адмовіў у рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня "Грамадзянская альтэрнатыва": арганізацыі адмовілі з-за таго, што ў яе Статуце былі палажэньні, якія "парушаюць закон" – у той час такія ж нормы былі ў статутах і іншых дзеючых арганізацыяў, што карыстаюцца падтрымкай уладаў.
У сферы міжсектаральнага ўзаемадзеяньня грамадзкія аб’яднаньні амаль пазбаўленыя магчымасьці рэальнага супрацоўніцтва з дзяржаўнымі органамі: беларуская дзяржава арыентуецца на карпаратыўную мадэль супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю, калі ў якасьці суб’ектаў для ўзаемадзеяньня выбіраюцца толькі асобныя (часьцей за ўсё кантралюемыя ці інсьпірумыя дзяржавай) грамадзкія аб’яднаньні. На ўзроўні мясцовых уладаў сітуацыя аналагічная.
У сферы законатворчай дзейнасьці грамадзкія аб’яднаньні не іграюць значнай ролі: іх ініцыятывы не прыводзяць да зьмены законаў у адпаведнасьці з іх інтарэсамі. Нават абмеркаваньне законапраекту пра новую рэдакцыю Закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях адбывалася ў 2004 годзе без уліку меркаваньняў грамадзкіх аб’яднаньняў. Любая нарматворчая актыўнасьць няўрадавых арганізацыяў успрымаецца як накіраваная на падрыў існуючага палітычнага рэжыму, калі не даказана адваротнае.
У сваёй дзейнасьці беларускія грамадзкія аб’яднаньні таксама сутыкаюцца са значнымі цяжкасьцямі, выкліканымі неспрыяльным заканадаўствам. Гэта вызначаецца дыскрымінацыйнай практыкай у дачыненьні да нелаяльных грамадзкіх аб’яднаньняў у сферы падаткаабкладаньня, магчымасьці атрыманьня дзяржаўных субсідыяў, магчымасьці арэнды памяшканьняў і набыцьця ўласнасьці.
Абмежаваньне на праваабарончую дзейнасьць няўрадавых арганізацыяў заканадаўча замацаванае ў Беларусі: напрыклад, дзейнічае палажэньне пра тое, што грамадзкія аб’яднаньні могуць выступаць у судзе і абараняць інтарэсы толькі сваіх сяброў. Неабходнасьць атрыманьня ліцэнзіі для выдавецкай, паліграфічнай дзейнасьці, аказаньня іншых паслугаў таксама не спрыяе ажыцьцяўленьню аб’яднаньнямі сваёй місіі. Пры гэтым назіраецца відавочная няроўнасьць грамадзкіх аб’яднаньняў: Беларускі Рэспубліканскі Саюз Моладзі і іншыя праўрадавыя грамадзкія арганізацыі атрымліваюць значныя грашовыя субсідыі і іншую падтрымку з боку бюджэту, у той час як іншыя няўрадавыя грамадзкія аб’яднаньні такой падтрымкі пазбаўленыя. Створаныя дзяржавай псеўда-няўрадавыя арганізацыі ня толькі атрымліваюць шырокую матэрыяльную падтрымку і фінансавыя субсідыі, але таксама карыстаюцца ўладным рэсурсам: напрыклад, вельмі распаўсюджаным зьяўляецца прымусовы запіс ў БРСМ і ў дзяржаўную грамадзкую піянерскую арганізацыю.
Важным зьяўляецца існаваньне ў Беларусі закандаўчай забароны (праз дэкрэт прэзідэнта) на дзейнасьць ад імя незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў. За такую дзейнасьць усталяваная адміністратыўная адказнасьць у выглядзе штрафу ці арышту да 15 сутак. Гэты від адказнасьці прымяняўся на практыцы ў дачыненьні да актывістаў тых НДА, якія былі ліквідаваныя (забароненыя) ці не зарэгістраваныя. У 2004 годзе да адказнасьці ў форме штрафу ці арышту за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў былі прыцягнутыя звыш 20 чалавек — прадстаўнікі Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс”, моладзевага руху “Зубр”, Хартыі-97, грамадзкага аб’яднаньня “За годнае жыцьцё” і некаторых сацыяльных арганізацыяў. У дачыненьні да няўрадавых арганізацыяў выкарыстоўваецца таксама пагроза прыцягненьня да адміністратыўнай адказнасьці – у 2004 годзе падобныя выпадкі зафіксаваныя з актывістамі Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі, Праваабарончага цэнтру “Вясна”, “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў”. Зараз у парламенце знаходзіцца на абмеркаваньні праект закона аб ўвядзеньні крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных альбо ліквідаваных грамадзкіх аб’яднаньняў – гэта можа ў хуткім часе яшчэ больш ускладніць грамадзкую дзейнасьць у Беларусі.
Пры гэтым дзяржаўныя органы актыўна ствараюць перашкоды для распаўсюду інфармацыі пра дзейнасьць няўрадавых ініцыятываў: акрамя ўказанай забароны на асьвятленьне дзейнасьці незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, большасьць дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі ўвогуле ўстрымліваюцца ад падачы інфармацыі пра дзейнасьць непадкантрольных дзяржаве грамадзянскіх ініцыятываў і арганізацыяў.
У сферы магчымасьці ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці грамадзкія аб’яднаньні ня маюць ніякіх ільготаў – іх эканамічная дзейнасьць рэгулюецца агульнаграмадзянскім і падатковым заканадаўствам. Такая сітуацыя пагаршаецца адсутнасьцю заканадаўства пра сацыяльную замову – грамадзкія аб’яднаньні не выступаюць у якасьці рэальнай крыніцы аказаньня паслугаў ці канкурэнта на рынку. Падаткаабкладаньне грамадзкіх аб’яднаньняў і прыбыткаў ад іх дзейнасьці ажыцьцяўляецца нараўне з іншымі суб’ектамі гаспадараньня. Магчымасьць атрыманьня ахвяраваньняў для грамадзкіх аб’яднаньняў прадугледжаная законам, аднак для такіх унёскаў адсутнічаюць заканадаўчыя агульныя ільготы: вызваленьне выдаткаў на ахвяраваньні ад падаткаў дзейнічае толькі ў дачыненьні да вузкага кола канкрэтных ахвяравальнікаў для спартовых арганізацыяў. Наогул, няўрадавыя арганізацыі ня плацяць падаткаў з атрыманых ахвяраваньняў, аднак для ахвяравальнікаў гэта зьвязана з неабходнасьцю выплаты падаходнага падатку. Рэальна ахвяравальнік вымушаны плаціць падатак з той сумы, якую ён выдзяляе няўрадавай арганізацыі. Праверкі грамадзкіх аб’яднаньняў з боку рэгіструючых і фінансавых органаў зьяўляюцца важным сродкам кантролю за іх дзейнасьцю: практычна любая праверка можа пацягнуць за сабой санкцыі, а любая фінансавая дзейнасьць і атрыманьне ахвяраваньняў з-за мяжы могуць быць разгледжаныя як парушэньні.
Дэкрэт прэзідэнта № 24 ад 2003 году ўзмацніў кантроль за фінансаваньнем НДА з боку замежных крыніцаў. Па-ранейшаму неабходна атрымліваць дазвол ад Упраўленьня справамі прэзідэнта для выкарыстаньня замежных грантаў з папярэднім зацьвярджэньнем праграмы выкарыстаньня гэтых сродкаў. Павялічаная адказнасьць за парушэньне парадку выкарыстаньня грантаў, у тым ліку для замежных грамадзянаў, якія прадастаўляюць фінансавую дапамогу НДА, усталяваная магчымасьць дэпартацыі: у 2003 і 2004 гадах дэпартацыя за супрацоўніцтва з НДА была прымененая ў дачыненьні да некалькіх грамадзянаў Германіі, Вялікабрытаніі. Прадстаўнікам шэрагу замежных фондаў было адмоўлена ў праве наведаць Беларусь, у тым ліку і пры наяўнасьці сапраўднай беларускай візы. За атрыманьне фінансаваньня па праграме Еўрапейскіх супольнасьцяў ТАСІС (гэтыя праекты былі зацьверджаныя беларускім урадам) арганізацыям “Беларускі Хельсінкскі камітэт”, “Воля да разьвіцьця” (Слонім) былі прад’яўленыя фінансавыя прэтэнзіі ў памеры некалькіх тысячаў даляраў. Супраць кіраўнікоў гэтых арганізацыяў Тацяны Процькі і Міхаіла Варанца былі ўзбуджаныя крымінальныя справы. Пазьней суд прызнаў дзейнасьць гэтых няўрадавых арганізацыяў правамоцнай і адмяніў падатковыя санкцыі.
Ліквідацыя і судовы перасьлед няўрадавых арганізацыяў маюць па-заправавы, карны характар – любое нязначнае парушэньне можа быць разгледжанае судом як грубае і стаць падставай дзеля ліквідацыі. Няўрадавыя арганізацыі безабаронныя перад правядзеньнем праверак органамі юстыцыі і вобыскаў з боку органаў крымінальнага перасьледу. Падчас выбарчай і рэферэндумнай кампаніі ўлетку і ўвосень 2004 году ад незаконных вобыскаў, ператрусаў і дзеяньняў міліцыі альбо сьпецслужбаў пацярпелі офісы шэрагу няўрадавых арганізацыяў і штаб-кватэры ініцыятыўных групаў па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты. Вобыскі былі зьдзейсьненыя ў офісах Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў у Менску, у офісе арганізацыі "Грамадзянскія ініцыятывы" ў Гомелі, у офісе ГА "Дзедзіч" у Берасьці, у офісах “Таварыства беларускай мовы”, “Таварыства беларускай школы”, “Фонду імя Льва Сапегі” ў Гародні, у офісе “Маладога Фронту” ў Жодзіне, Праваабарончага цэнтру “Вясна” ў Берасьці.
Пасьля выбараў быў абрабаваны будынак у Маладэчне, дзе месьцяцца філіі “Беларускага Хельсінкскага камітэту” і Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Зафіксаваныя спробы пранікненьня ў офіс Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Пры гэтым выпадкі ўзломаў офісаў няўрадавых арганізацыяў не расьсьледуюцца належным чынам.
У цэлым, існуючы прававы асяродак для дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў неспрыяльны і скіраваны на ўціск арганізацыяў, незалежных ад дзяржаўных органаў. Заканадаўства і практыка спрыяюць выключна дзяржаўным грамадзкім аб’яднаньням.
Асобным асьпектам узаемаадносінаў няўрадавых арганізацыяў і дзяржаўных органаў зьўяляецца хваля судовых рашэньняў аб ліквідацыі самых вядомых і актыўных няўрадавых арганізацыяў праваабарончага, сацыяльнага, моладзевага накірунку. Як адзначае калегія Міністэрства юстыцыі ў сваёй пастанове ад 23 кастрычніка 2003 году №31, кампанія па ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў была распачатая з вуснага даручэньня Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: усе дзеяньні па надзвычайных праверках і ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, што ажыцьцяўляліся Міністэрствам юстыцыі і ўпраўленьнямі юстыцыі аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму, рабіліся ў выкананьне гэтага даручэньня. Вынікам гэтай акцыі, якая атрымала ў грамадзкім асяродку назву “зачыстка”, стала ліквідацыя некалькіх дзесяткаў грамадзкіх аб’яднаньняў, а сотням арганізацыяў былі вынесеныя папярэджаньні. Адначасова з тым была замаруджаная і ўскладненая рэгістрацыя новых арганізацыяў.
Непасрэдным выканаўцам гэтых даручэньняў зьяўляліся органы юстыцыі – Міністэрства юстыцыі на чале з міністрам Віктарам Галаванавым, падначаленыя яму ўпраўленьні юстыцыі. Вялікая роля адводзілася абласным судам і Вярхоўнаму суду, ад якіх патрабавалася згода на ліквідацыю грамадзкіх аб’яднаньняў і пацьверджаньне рашэньняў пра адмову ў рэгістрацыі новых арганізацыяў. Гэты механізм патрабаваў таксама спрыяльнага стаўленьня з боку пракуратуры. Функцыі кантролю за працэсам “зачысткі” былі ўскладзеныя на Адміністрацыю прэзідэнта і “ідэалагічную вертыкаль”. У выніку ніводная арганізацыя ня здолела ў законным парадку адстаяць сваё права на існаваньне. Прававой падставай сталі новыя тлумачэньні ўжо існуючых актаў заканадаўства. Так, новае разуменьне органамі юстыцыі артыкулу 57 Грамадзянскага кодэксу, пацьверджанае ўсімі судамі, дазволіла ліквідаваць грамадзкія аб’яднаньні за дзейнасьць з неаднаразовымі альбо грубымі парушэньнямі заканадаўства. Сьпецыяльны парадак, прадугледжаны для ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў у Законе “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, які патрабуе папярэдняга вынясеньня папярэджаньняў, стаў фактычна неактуальным.
У 2004 годзе праз суд былі ліквідаваныя моладзевыя арганізацыі "Маладая Грамада", "Беларускае аб’яднаньне маладых палітыкаў", "Новая Група", праваабарончыя арганізацыі "Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў", "Цэнтр канстытуцыяналізму і параўнальна-прававых дасьледваньняў", навукова-дасьледчыя арганізацыі "Міжнародны інстытут палітычных дасьледваньняў" і "Беларуская інжынерная тэхналагічная акадэмія", жаночая арганізацыя "Ініцыятыва" і іншыя. У 2004 годзе спынілі сваё існаваньне 38 грамадзкіх аб’яднаньняў. Пры гэтым большасьць ліквідаваных арганізацыяў працягвалі сваю дзейнасьць, нягледзячы на страту легальнага статусу, аднак не маглі карыстацца магчымасьцю накіраваньня назіральнікаў на выбары і іншымі правамі, зьвязанымі з наяўнасьцю дзяржаўнай рэгістрацыі. Замест ліквідаваных арганізацыяў уладамі ствараюцца так званыя "дзяржаўныя грамадзкія аб’яднаньні" і іншыя НДА, якія кантралююцца дзяржавай і закліканыя ствараць ілюзію існаваньня грамадзянскай супольнасьці.
У 2004 годзе схема, апрацаваная ў дачыненьні да грамадзкіх аб’яднаньняў, была выкарыстаная Міністэрствам юстыцыі ў дачыненьні да палітычных партыяў. Так, Вярхоўным судом па зыску Міністэрства юстыцыі была ліквідаваная Беларуская партыя працы за парушэньні, зьвязаныя з правядзеньнем зьезду і выкарыстаньнем юрыдычнага адрасу. Партыям, што ўваходзілі ў Народную кааліцыю “Пяцёрка-плюс”, былі вынесеныя пісьмовы папярэджаньні за ўтварэньне незарэгістраванай асацыяцыі палітычных партыяў.
Прыняцьце ў першым чытаньні новых рэдакцыяў Закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” і Закону “Аб палітычных партыях” можа яшчэ больш пагоршыць умовы існаваньня арганізацыяў і партыяў. У новым праекце Закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” пашыраюцца кантрольныя паўнамоцтвы рэгіструючых органаў і ўводзіцца абавязковая штогадовая справаздачнасьць грамадзкіх аб’яднаньняў адносна сваёй актыўнасьці. Праект закону “Аб палітычных партыях” павышае мінімальна неабходную колькасьць сяброў для рэгістрацыі партыяў.
Адмова ў акрэдытацыі прадстаўніцтваў міжнародных арганізацыяў была выкарыстаная ў адносінах да прадстаўніцтва амерыканскага агенцтва Counterpart Alliance for Partnership.
Рэлігійныя аб’яднаньні пакутуюць ад наступстваў недэмакратычнага і дыскрымінацыйнага заканадаўства. Нетрадыцыйныя канфесіі і рэлігійныя аб’яднаньні падвяргаюцца абразам ня толькі праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, але і на старонках падручнікаў. У выніку кампаніі перарэгістрацыі рэлігійных арганізацыяў у 2004 годзе спынілі сваё існаваньне дзесяткі рэлігійных арганізацыяў і суполак.
АБМЕЖАВАНЬНЕ АДУКАЦЫЙНЫХ СВАБОДАЎ І ПРАЦОЎНЫХ ПРАВОЎ
Улады імкнуцца да выкараненьня крыніцаў іншадумства ў дзяржаўных і ў недзяржаўных установах адукацыі. Гэта робіцца праз пашырэньне абавязковых прадметаў ідэалагічнага навучаньня (напрыклад, курсу “Асновы дзяржаўнай ідэалогіі”) і зьнішчэньне нелаяльных навучальных установаў. У краіне ўсталяваныя вельмі абмежаваныя акадэмічныя свабоды ў вышэйшых навучальных установах.
У 2004 годзе быў зачынены Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, дзе выкарыстоўваліся сучасныя еўрапейскія стандарты ў галіне адукацыі. Пасьля таго, як увесну 2004 году гэтая навучальная ўстанова з цяжкасьцю атрымала ліцэнзію на вядзеньне адукацыйнай дзейнасьці, у яе нечакана паўсталі праблемы з памяшканьнем. Універсітэт страціў свой будынак і ня мог болей працягваць навучальны працэс, а неўзабаве ўвогуле спыніў сваё існаваньне пасьля скасаваньня ліцэнзіі на права адукацыйнай дзейнасьці.
Прэзідэнт Лукашэнка адзначыў, што сапраўднай прычынай закрыцьця ЕГУ стала тое, што там распаўсюджваліся еўрапейскія каштоўнасьці і рыхтавалася эліта, якая ў будучыні магла б замяніць правячую наменклатуру.
У 2004 годзе таксама быў зачынены недзяржаўны Міжнародны гуманітарны інстытут. Габрэйскія арганізацыі расцанілі ліквідацыю Міжнароднага гуманітарнага інстытуту, у якім на кафедры юдаікі рыхтавалі сьпецыялістаў у галіне габрэйскай культуры, дыскрымінацыяй па нацыянальнай прыкмеце.
Ліквідаваны ў 2003 годзе Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа працягваў сваю дзейнасьць ў падпольлі. Нягледзячы на перасьлед з боку ўладаў і ціск на бацькоў ліцэістаў, быў набраны новы курс навучэнцаў і працягваліся заняткі.
У 2004 годзе ў Беларусі была працягнутая практыка пагаршэньня працоўных умоваў. Найбольш істотным парушэньнем працоўных правоў грамадзянаў стаў прымусовы і масавы перавод супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў на кантрактную форму працы. Практыка выкарыстаньня Дэкрэту № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканаленьні працоўных адносінаў, узмацненьні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны” сьведчыць пра тое, што наймальнікі вельмі часта ігнаруюць патрабаваньні заканадаўства пры ажыцьцяўленьні такіх пераводаў. Але самае горшае ў гэтай сітуацыі, што чалавек пры заключэньні такога кантракту робіцца безабаронным, залежным ад адміністрацыі прадпрыемства – ён практычна ня можа звольніцца па ўласным жаданьні, у той час як па ўмовах кантракту наймальнік можа скасаваць кантракт. Праз кантракты ўлады ствараюць зручную сістэму кантролю над грамадзтвам, працоўнае месца чалавека становіцца сродкам палітычнага кантролю (падчас выбараў і рэферэндуму вельмі часта пагроза звальненьня ўжывалася ў дачыненьні да дэмакратычных актывістаў).
Дзяржава цалкам кантралюе працоўны рынак – большасьць прадпрыемстваў альбо зьяўляюцца дзяржаўнымі, альбо дзяржава мае ў іх вялікі капітал (ці гэтак званую “залатую акцыю”) і мае магчымасьць наўпрост уплываць на рашэньні. Па сутнасьці, кантроль за працоўнымі адносінамі стаў важным сродкам уціску на грамадзянскія свабоды і сродкам кантролю за грамадзкім жыцьцём з боку дзяржавы.
Адзяржаўленьне прафесійных саюзаў (яны фактычна пераўтварыліся ў орган дзяржаўнай улады, які дзейнічае разам з адміністрацыяй прадпрыемства) і ціск на нешматлікія незалежныя прафесійныя саюзы па-ранейшаму засталіся галоўнымі накірункамі дзяржаўнай палітыкі ў працоўнай сферы. Сістэма сацыяльнага партнёрства ў Беларусі ня дзейнічае з-за працэсу таталітарызацыі краіны. Адзіным сродкам змаганьня за выкананьне працоўных правоў сталі страйкі, якія, аднак, вельмі часта жорстка караюцца.
* * *
Пастаянныя і грубыя парушэньні грамадзянскіх і палітычных, а таксама сацыяльных, эканамічных і культурных правоў грамадзянаў Беларусі зьяўляюцца важным элементам усталяванага ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму з таталітарнай ідэалогіяй. Парушэньні правоў і адсутнасьць механізмаў іх абароны, моцны ціск на айчынныя і замежныя праваабарончыя ініцыятывы дазваляюць захоўваць і ўзмацняць у Беларусі рэжым адзінаасобнай дыктатарскай улады. Такім чынам, прычыны нездавальняючага стану правоў чалавека ў Беларусі палягаюць у палітычным вымярэньні, зьяўляюцца сьвядомым элементам дзяржаўнай палітыкі. Выпраўленьне становішча ў сферы правоў чалавека ў Беларусі непазьбежна зьвязанае з вырашэньнем пытаньня пра палітычую ўладу ў краіне. Паляпшэньне выкананьня правоў чалавека і забесьпячэньне гарантыяў іх аднаўленьня магчымае толькі пры зьнікненьні ў Беларусі аўтарытарнай дыктатуры.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|