БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе

Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзеСТУДЗЕНЬ

З пачатку году вывучэньне курсу ідэалогіі ўключанае ў праграмы перападрыхтоўкі беспрацоўных, якія доўгі час ня могуць знайсьці працу па ранейшай сьпецыяльнасьці. Уключэньне гэтага “важнейшага” прадмета павялічвае праграму навучаньня мінімум на паўмесяца. Навучэнцы і выкладчыкі абураюцца гэтым, але прадмет вывучаюць. 

1 студзеня – Новы год дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Валерый Шчукін сустракаў на чыгуначным вакзале ў Полацку. Гэта была ягоная 111 ноч на вакзале пасьля таго, як 1 жніўня 2003 году яго пазбавілі прапіскі і выселілі з полацкага інтэрнату, дзе ён быў прапісаны шмат гадоў. У знак пратэсту палітык пачаў начаваць на мясцовым вакзале. Спачатку адміністрацыя чыніла перашкоды Шчукіну, яго абвінавачвалі ў хуліганстве, але пазьней да начлегаў прызвычаіліся і не перашкаджалі спаць на лаўцы. Валерый Шчукін мае сямёра ўнукаў і, натуральна, мог бы сустракаць Новы год разам з сям’ёй. Але начлегі на вакзале ў Полацку для яго прынцыповая справа. Валерый Шчукін зьбіраецца тут балатавацца дэпутатам на парламенцкіх выбарах, але, ня маючы прапіскі, ён мае мізэрныя шанцы быць зарэгістраваным выбарчай камісіяй. 

5 студзеня ў Белаазёрску (Берасьцейская вобласьць) узбуджаная крымiнальная справа па нападзе на мясцовых сяброў Народнай Грамады – Яўгена i Наталю Акаронкаў. 2 студзеня ўвечары iх моцна зьбiлi невядомыя асобы. У вынiку лiдэр белаазёрскiх сацыял-дэмакратаў Яўген Акаронка трапiў у шпiталь: у яго зламаныя рэбры i нос. Менш пацярпела ягоная жонка Наталя – дэпутат мясцовага гарсавету, прадстаўнік дэмакратычнай групы "Iнiцыятыва". Наталя Акаронка гаворыць, што дзеяньнi мiлiцыянтаў адразу пасьля здарэньня даюць падставы лічыць, што аб’ектыўнага сьледзтва па гэтай справе можа ня быць. Па словах Н. Акаронкі, адразу пасьля здарэньня мiлiцыянты затрымалi аднаго з тых, хто ўчынiў напад, аднак яго хутка адпусьцiлi. Тым ня менш, Н. Акаронка будзе настойваць, каб усе асобы, якiя бралi ўдзел у зьбiцьцi яе мужа, былі знойдзеныя i пакараныя. Паводле неафiцыйнай iнфармацыi, распачатае сьледзтва па гэтай справе пакуль не разглядае версiі, што напад быў учынены паводле палiтычных матываў. Міліцыянты называюць гэта звычайным хулiганствам. 

5 студзеня ў Менску каля ўніверсаму “Цэнтральны” двума супрацоўнікамі АМАПу былі затрыманыя Раман Казакевіч і Даша Малдаванава. Яны былі затрыманыя за распаўсюд паштовак з віншаваньнямі з Калядамі і Новым годам ад Еўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь”. Затрыманыя былі дастаўленыя ў РУУС Цэнтральнага раёну, дзе ў адносінах да іх былі складзеныя пратаколы па арт.143 КаАП (парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня і ўтрыманьня населеных пунктаў). 

9 студзеня адноўлены выпуск газеты "Салiдарнасьць", апошні нумар якой выйшаў 12 сьнежня 2003 году. 17 сьнежня менскае УП "Сьветач", дзе друкавалася "Салiдарнасьць", паведаміла редакцыі, што ня зможа далей выконваць свае абавязкі ў сувязі з перагрузкай магутнасьцяў. Цяпер газета друкуецца на Смаленскім паліграфкамбінаце ў Расіі. 

У ноч на 11 студзеня карэспандэнтка “БДГ” па Гомельскай вобласьці Ірына Макавецкая атрымала ананімную тэлефонную пагрозу. На працягу гадзіны невядомы мужчына тэлефанаваў ёй дахаты некалькі разоў, патрабуючы, каб Ірына перастала займацца журналістыкай, у адваротным выпадку пагражаючы “пахаваць” яе. Журналістцы ўдалося зрабіць дыктафонны запіс аднаго з тэлефанаваньняў. 11 студзеня яна падала заяву ў міліцыю і зьбіраецца дамагацца высьвятленьня асобы ананіма. 

13 студзеня Грамадзкае аб’яднаньне “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны” (ТБМ) атрымала паведамленьне ад камунальных службаў аб разрыве кантракту на арэнду памяшканьня. ЖРЭА Партызанскага раёну г.Менску патрабуе, каб ТБМ за два месяцы пакінула сядзібу. Падставай да высяленьня ў дакуменце названы недахоп плошчаў дзеля разьмяшчэньня камунальнах службаў раёну. Старшыня ТБМ Алег Трусаў зьвязвае гэтыя падзеі наўпрост з дзейнасьцю арганізацыі, а недахоп памяшканьняў, на яго думку, гэта толькі нагода дзеля ціску. “Спробы нас зачыніць былі і год назад, калі мы атрымалі два папярэджаньні ад Мінюсту. Зараз на ТБМ ціснуць па схеме ліцэю – пазбавіць памяшканьня, а потым ліквідаваць”, — кажа Алег Трусаў. Дарэчы, на адрасе ТБМ зарэгістраваныя 2 газеты і 4 арганізацыі. Высяленьне азначае таксама і ліквідацыю юрыдычных адрасоў, што створыць шэраг праблемаў у дзейнасьці ня толькі ТБМ. 

14 студзеня ў Менску за правядзеньне несанкцыянаванага пікету насупраць будынку Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі затрыманы Якаў Гутман – старшыня зарэгістраванай у ЗША “Сусьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў”. Якаў Гутман спрабаваў разгарнуць плакат, на якім быў напісаны заклік да А. Лукашэнкі “Спыніць разбурэньне ў Беларусі габрэйскіх сьвятыняў, могілак, а таксама помнікаў ахвяраў Халакосту”. Я. Гутман быў дастаўлены ў Гарадзкі аддзел міліцыі. У гэты ж дзень судзьдзя суда Ленінскага раёну Алена Церашкова вынесла афіцыйнае папярэджаньне Якаву Гутману. 

14 студзеня ў Чыгуначным райаддзеле міліцыі г. Гомелю журналістцы “Белорусской деловой газеты” Ірыне Макавецкай у нефармальнай размове паведамілі, што ўзбудзіць крымінальную справу па факце пагрозаў яе жыцьцю няма магчымасьці. Прычына – адсутнасьць адмысловага артыкулу ў Крымінальным кодэксе, паводле якога было б пакараньне за пагрозы па тэлефоне. Для ўзбуджэньня справы пагроза павінна праявіцца ў нейкіх дзеяньнях. 

14 студзеня на прэс-канферэнцыі па выніках працы міністэрства ў 2003 годзе міністр унутраных справаў Беларусі Уладзімір Навумаў заявіў, што ён ня ведае, чаму прадстаўнік Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстас Пургурыдэс зрабіў выснову пра датычнасьць найвышэйшых кіраўнікоў Беларусі да палітычных зьнікненьняў. У. Навумаў сказаў: “Ён задаваў мне пытаньні, а я толькі адказваў, і мне цяжка меркаваць, чаму ён гэтак вырашыў”. Уладзімір Навумаў паведаміў, што ягоная размова са спадаром Пургурыдэсам доўжылася амаль паўтары гадзіны. Ён, аднак, адмовіўся апавядаць пра зьмест гэтай гутаркі, спаслаўшыся на ягоную дамову з Хрыстасам Пургурыдэсам. “Ён сам выказаў прозьбу: нашай гутаркі да таго, як ён з усімі сустрэнецца і зробіць свае высновы, асабліва не разгалошваць”, — сказаў Уладзімір Навумаў. Х. Пургурыдэс апублікаваў свой мемарандум пра палітычныя зьнікненьні ў Беларусі і зрабіў высновы, у прыватнасьці, паведаміў, што Уладзімір Навумаў не адразу прызнаў сапраўднасьць рапарту генерала Лапаціка, у якім у якасьці падазраваемых называецца Віктар Шэйман, а толькі пасьля прапановы правесьці графалагічную эксьпертызу. Пасьля гэтага, паводле спадара Пургурыдэса, Уладзімір Навумаў таксама заявіў, што нібыта генерал Лапацік памыліўся з версіяй, якую выказаў у сваім рапарце. Другі раз Уладзімір Навумаў згадваецца ў мемарандуме Хрыстаса Пургурыдэса ў сувязі са згадкай камандзіра САХРу Паўлічэнкі, які называўся падазраваемым у арганізацыі выкраданьня і забойстве Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Спадара Навумава спыталі і пра Паўлічэнку, чаму міністр не паўплываў на свайго падначаленага, каб той сустрэўся з Хрыстасам Пургурыдэсам. Уладзімір Навумаў узяў адказнасьць на сябе: “Што тычыцца падпалкоўніка Паўлічэнкі, то я, як міністр унутраных справаў, лічу, што я адказаў на ўсе пытаньні, якія былі да мяне і да маіх падначаленых, бо я адказваю і за іх”. 

15 студзеня Якаў Гутман абвясьціў галадоўку ў знак пратэсту супраць праяваў у Беларусі дзяржаўнага антысемітызму. Якаў Гутман гаворыць, што пайшоў на гэты крок, бо лічыць неабходным пратэставаць супраць праяваў дзяржаўнага антысемітызму і такім чынам. 

15 студзеня споўнілася 14 гадоў з дня ўтварэньня Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Я.Коласа. Навучэнцы, якія, нягледзячы на перашкоды з боку дзяржаўных структураў, працягваюць навучаньне ў ім, выйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менску, каб адсьвяткаваць гадавіну і сказаць уладам: "Мы ёсьць, мы будзем!" 

15 студзеня ў суд Ленінскага раёну г.Менску паступілі дзьве зыскавыя заявы аб абароне гонару, годнасьці, дзелавой рэпутацыі і кампенсацыі маральных стратаў, якія падалі ТАА "Альянс-медиа" (заснавальнік газеты "Обозреватель") і прадпрымальнік Сяргей Атрошчанка (шэф-рэдактар выданьня). Зыскоўцы выстаўляюць прэтэнзіі да рэдакцыі газеты "Народная воля" і патрабуюць выплаціць ім па кожным з зыскаў 50 мільёнаў рублёў. Падставай дзеля зыскаў да "Hароднай волі" сталі дзьве публікацыі, што зьявіліся на старонках газеты ў 2003 годзе. 3 верасьня 2003 году ў выданьні быў апублікаваны артыкул Антона Кузьняцова пад назвай "Как "Обозреватель" Сергея Атрощенко по-бандитски обошёлся с Леонидом Левиным". Аўтар артыкулу аналізаваў канфлікт паміж рэдакцыяй "Обозревателя" і старшынём Саюзу габрэйскіх арганізацыяў і суполак Л. Левіным, які ўзьнік на падставе публікацыі ў гэтай газеце артыкулу "Депутаты Костян, Новосяд и Фролов – личностные антисемиты?". Сп. Левін палічыў, што аўтарка артыкулу сказіла сэнс ягонага інтэрв’ю і падзяліўся сваім меркаваньнем з "Народнай воляй". Са свайго боку, заснавальнікі ТАА "Альянс-медиа" палічылі, што газета "скарыстала ўзьніклае паміж імі і сп-м Левіным непаразуменьне і выкарыстала яго як сродак несумленнай барацьбы за чытацкую аўдыторыю". "Апублікаваньнем гэтага артыкулу нам былі нанесеныя маральныя страты, адказнасьць за якія павінна была несьці рэдакцыя газеты "Народная воля", – гаворыцца ў зыскавай заяве. Зыскоўца просіць суд "прызнаць ушчамляльнымі для гонару, годнасьці, зьневажальнымі для дзелавой рэпутацыі газеты "Обозреватель" назву артыкулу і некалькі фразаў з яго, абавязаць "Народную волю" абвергнуць гэтыя выказваньні і апублікаваць свае прабачэньні, а таксама спагнаць з адказьніка грашовую кампенсацыю на карысьць рэдакцыі "Обозревателя" ў памеры 50 млн. рублёў. Другі артыкул, які стаў падставай да зыску, зьявіўся ў "Народнай волі" 26 лістапада і называўся "Какому бизнесу в Беларуси жить хорошо?". Яго аўтарка – журналістка Марына Коктыш – прасіла беларускіх эканамістаў пракаментаваць інтэрв’ю Сяргея Атрошчанкі агенцтву "Інтэрфакс", у якім ён заявіў, што "ў Беларусі выдатныя ўмовы для бізнэсу". Шэраг выказваньняў С. Атрошчанка палічыў наўпроставымі зьнявагамі ў свой адрас: да прыкладу, "Атрощенко не заинтересован, чтобы Беларусь поднялась выше шкловского уровня развития бизнеса"; "высказывание Атрощенко за пределами здравого смысла... Я не понимаю таких патриотических повизгиваний..." і г.д. У зыскавай заяве С. Атрошчанка нагадвае, што ён, як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, "мае права свабодна выказваць сваё асабістае меркаваньне па любым пытаньні". У той жа час ён лічыць, што, апублікаваўшы выказваньні ягоных апанентаў, "Народная воля" "ўшчаміла яго гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю і нанесла маральныя страты". Зыскоўца просіць суд абавязаць "Народную волю" апублікаваць "рэдакцыйнае прызнаньне" і спагнаць з адказьніка на яго карысьць 50 мільёнаў рублёў. 

15 студзеня сваю трэцюю гадавіну адзначыў рух супраціву “Зубр”. Некалькі нацыянальных бел-чырвона-белых сьцягоў зьявіліся ў Баранавічах над галоўнымі вуліцамі гораду. Бел-чырвона-белыя палотнішчы былі вывешаныя на правадах паміж дзевяціпавярховымі будынкамі над вуліцамі Прытыцкага і Чарнышэўскага. Расклейка ўлётак з лагатыпам руху “Зубр” і лозунгам "Жыве Беларусь!" адбылася ў розных рэгіёнах Беларусі. 15 і 16 студзеня яны зьявіліся ў Стоўбцах (Менская вобласьць). Актывісты руху расклейвалі іх на аўтобусных прыпынках, слупах і дошках аб`яваў у цэнтры іншых населеных пунктаў. Асаблівая ўвага адводзілася чыгуначным вакзалам і рынкам. 

16 студзеня адміністрацыя Беларускага дзяржаўнага моладзевага тэатру (БДМТ) звольніла старшыню прафкаму Марыну Дудараву ў сувязі з заканчэньнем тэрміну кантракту. Аднак старшыня Менскай абласной арганізацыі Уладзімір Мамонька перакананы, што Дудараву звольнілі за прафсаюзную дзейнасьць. 

16 студзеня стала вядома, што ў бліжэйшы час тэлекампанія НТВ зможа зноў адчыніць карпункт у Менску. Перамовы аб гэтым праходзяць у Маскве. Нагадаем, што карпункт НТВ у Менску быў зачынены ў ліпені 2003 году рашэньнем Савету міністраў Беларусі, а да таго 28 чэрвеня МУС Беларусі прыняў рашэньне аб дэпартацыі з краіны ўласнага карэспандэнта НТВ Паўла Селіна. 

16 студзеня асуджаную ў красавіку 2003 году на ўмоўны тэрмін пакараньня па крымінальнай справе за абразу прэзідэнта А.Лукашэнкі Аксану Новікаву выклікалі ў суд Савецкага раёну г.Менску дзеля разгляду адміністратыўнай справы, датычнай затрыманьня яе 24 лістапада падчас акцыі супраць магчымага рэферэндуму аб падаўжэньні прэзідэнцкіх паўнамоцтваў А. Лукашэнкі. У той дзень было затрымана 17 чалавек. А.Новікаву адпусьцілі з РУУС, выпісаўшы позву ў суд на 25 лістапада. А.Новікава вырашыла не зьяўляцца ў суд. Сваю пазіцыю яна патлумачыла наступным чынам: “Я не пайду туды добраахвотна. Калі рэжым незаконны, то і патрабаваньні яго незаконныя, і выконваць іх добраахвотна няма неабходнасьці”... 16 студзеня суд вынес рашэньне – аштрафаваць А. Новікаву на 250 базавых адзінак. 

16 студзеня ў Менску былі затрыманыя Аляксей Контар і Павел Юхневіч — актывісты руху "Зубр", якія распаўсюджвалі газету "Супраціў" каля пераходу станцыі метро "Пушкінская". Маладых людзей даставілі ў пакой міліцыі на станцыі метро. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі пагражаў ужыць сілу супраць затрыманых, калі яны ня скажуць, дзе друкавалася газета. Пасьля іх адвезьлі ва УУС Менскага метрапалітэну (пр. Ф. Скарыны, дом 6). Праз некаторы час затрыманых адпусьцілі, бо газета мела выходзячыя дадзеныя. 

16 студзеня ў Сьветлагорску выйшаў апошні нумар недзяржаўнай газеты "Регион-вести". Гэта быў чацьвёрты запар нумар выданьня, які прапаноўваў сваім чытачам толькі расклад тэлевізійных праграмаў. Але нават у такім выглядзе выданьне ня трапіла да падпісчыкаў: сьветлагорскае аддзяленьне "Гомельаблпошты" паведаміла рэдакцыі пра скасаваньне дамовы на распаўсюд газеты. З новага году адзінае ў Сьветлагорску недзяржаўнае інфармацыйнае выданьне "Регион-вести" распаўсюджвалася толькі сярод падпісчыкаў. Іх колькасьць на пачатак году скарацілася амаль утрая. У штаце газеты працуюць толькі аператар кампутарнага набору і вёрсткі. Галоўны рэдактар "Регион-вестей" Мікола Паседзька сьцьвярджае, што рэдакцыя была вымушаная друкаваць выключна тэлепраграмы, бо сьветлагорскі райвыканкам забараніў кіраўніцтву друкарні прымаць у вытворчасьць усе іншыя інфармацыйныя матэрыялы пад назвай "Регион-вести". Першы намесьнік старшыні Сьветлагорскага райвыканкаму Яўген Ждановіч катэгарычна абвергнуў гэтую інфармацыю, заявіўшы, што райвыканкам "такімі справамі не займаецца". Сьветлагорская друкарня зьяўляецца камунальнай уласнасьцю гораду і наўпрост падпарадкоўваецца раённаму выканаўчаму камітэту. У ёй друкуецца толькі адно выданьне – газета мясцовага заводу "Хімвалакно", якая выходзіць адзін раз на 2 тыдні, а прадпрыемству даводзіцца жыць з дробных разавых замоваў. "Відавочна, што самой друкарні няма сэнсу адмаўляцца ад кліентаў", — упэўненыя ў рэдакцыі "Регион-вестей". Нагадаем таксама, што ў кастрычніку 2003 г. быў спынены продаж газеты "Регион-вести" у крамах Сьветлагорскага раённага спажывецкага таварыства. Па сьведчаньнях супрацоўнікаў таварыства, загад прыбраць газету з крамаў яны атрымалі "зьверху" пасьля таго, як старшыня райвыканкаму Баляслаў Пірштук убачыў газету ў адной з вясковых крамаў. Супрацоўнікі рэдакцыі прыгадваюць, што яшчэ ўлетку 2003 г. "Регион-вести" перажывалі сапраўдны ўздым. Выданьне павялічыла аб’ём, зьмяніла дызайн, пачало выходзіць у двух колерах, пераехаўшы са Сьветлагорскай друкарні ў больш сучасную Рэчыцкую. У газеты зьявіліся пазаштатныя аўтары, больш разнастайныя матэрыялы і, у выніку, вырасла колькасьць чытачоў. Аднак у верасьні, спаслаўшыся на вялікую загружанасьць у сувязі з "сезоннай працай па выпуску календароў", рэчыцкае паліграфічнае прадпрыемства "Тытул" скасавала дамову з выданьнем. Усе спробы дамовіцца з іншымі рэгіянальнымі друкарнямі скончыліся безвынікова. З верасьня па сьнежань "Регион-вести" друкаваліся ў Менску. Гэта, аднак, паўплывала на рэзкае павелічэньне выдаткаў на друк і перавозкі, а таксама на сам графік выхаду газеты: яна стала трапляць да чытачоў значна пазьней за іншыя мясцовыя выданьні і страціла шмат чытачоў. "Гэта прамы палітычны ўціск, – лічыць галоўны рэдактар газеты Мікола Паседзька. – Да нашай газеты даўно "прыглядаліся", але асабліва ўлады актывізаваліся пасьля таго, як мы пачалі цікавіцца дзейнасьцю мясцовага кіраўніцтва. Усе карныя загады яны аддаюць у вуснай форме, каб вонкава выглядала, што наша газета закрылася сама". 

У сярэдзіне студзеня ў Смаргоні супрацоўнікі падатковай інсьпекцыі двойчы канфіскоўвалі ў грамадзкіх распаўсюднікаў недзяржаўную "Местную газету" і ўсе грошы ад яе продажу. Гаворка ідзе пра версію выданьня, у якой зьмяшчаліся матэрыялы журналістаў прыпыненай "Новой газеты Сморгони". 15 студзеня ўвечары інсьпектары затрымалі траіх распаўсюднікаў "Местной газеты", а 16 -- яшчэ аднаго. На ўсіх іх былі складзеныя пратаколы за гандаль без ліцэнзіі. Падатковыя інсьпектары спасылаюцца на рашэньне Смаргонскага райвыканкаму ад 18 сьнежня, які ўвёў новыя правілы разноснага гандлю і выключыў з пераліку дазволеных для продажу тавараў друкаваныя выданьні. Між тым, 15 студзеня рэдакцыя "Местной газеты" атрымала ад райвыканкаму асартыментны пералік тавараў для разноснага гандлю, у якім згадваліся бланкавая прадукцыя, папера, канцтавары, кнігі і газеты. Заснавальнік "Новой газеты Сморгони" Рамуальд Улан сьцьвярджае, што распаўсюднікі маюць адпаведныя ліцэнзіі. Ён мяркуе, што затрыманым гандлярам цяпер пагражаюць адміністратыўныя штрафы. "Гэткую пільную ўвагу падаткавых органаў прыцягваюць чамусьці толькі распаўсюднікі "Местной газеты", якая друкуе матэрыялы журналістаў "Новой газеты Сморгони", — заўважае Р. Улан. Недзяржаўная "Местная газета", якая дагэтуль выдавалася толькі ў Ваўкавыску, пачала штотыдзень друкаваць дадатковы нумар для Смаргоні з сярэдзіны лістапада 2003 г., пасьля таго, як на пачатку кастрычніка Міністэрства інфармацыі прыпыніла выхад "Новой газеты Сморгони" на тры месяцы. 

19 студзеня стала вядома, што Iнсьпекцыя падаткаў i збораў Маскоўскага раёну г.Менску налiчыла Беларускаму Хельсiнкскаму камiтэту штраф на суму 380 мiльёнаў рублёў (176 тысячаў даляраў). Калі суд, куды зьбіраецца зьвярнуцца БХК са скаргаю, пакіне рашэньне падаткавікоў у сіле, праваабарончая арганізацыя можа спыніць сваё існаваньне. Кіраўніцтва Беларускага Хельсінкскага камітэту лічыць выстаўленыя падатковымі органамі санкцыі супраць арганізацыі парушэньнем міжнародных пагадненьняў, падпісаных урадам Беларусі. Сума, якую патрабуюць выплаціць падаткавікі, перавышае ўсе фінансавыя паступленьні, атрыманыя БХК за ўвесь час існаваньня. Беларускі Хельсінкскі камітэт абскардзіў выстаўленыя санкцыі ў тых жа падатковых органах. Калі яны будуць працягваць настойваць на сваім, БХК зьвернецца ў суд. 

19 студзеня прайшла прэзентацыя Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс”. Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, Партыя камуністаў Беларуская і Беларуская партыя працы абвясьцілі аб супольнай стратэгіі на сёлетніх парламенцкіх выбарах. Лідэры партыяў Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Станіслаў Шушкевіч, Сяргей Калякін і Аляксандр Бухвостаў падпісалі Мемарандум, у якім абвешчаныя агульныя падыходы да выбарчай кампаніі. На прэзентацыю ў зале Міжнароднага адукацыйнага цэнтру сабраліся вядомыя і паважаныя ў краіне людзі. Вітаць кааліцыю ў Беларусь прыехалі дэпутаты польскага Парламенту, а таксама дэпутат Сейму Літвы Вацлаў Станкевіч. Пачатае фармаваньне адзінага сьпісу кандыдатаў. У аснову пакладзеная формула “110+110”. Гэта значыць, што на кожнай з акругаў будзе не адзін, а два дэмакратычныя кандыдаты, і ў выпадку, калі асноўнага “здымуць”, яго будзе каму замяніць. Лідэры “Пяцёркі-плюс” спадзяюцца, што да іх далучацца кааліцыя “Свабодная Беларусь”, новаствораны моладзевы блок і жаночая кааліцыя. 

20 студзеня судзьдзя Менскага гарадзкога суда Аксана Будоўская перанесла разгляд справы аб ліквідацыі ГА “Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў” на 28 студзеня. Падставай стала скарга аб’яднаньня на ўпраўленьне юстыцыі. Працэс ліквідацыі будзе працягнуты пасьля разгляду скаргі. Супраць такога разьвіцьця працэсу пратэставаў прадстаўнік зыскоўцы, сьпецыяліст упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму сп. Шчарбовіч. На ягоную думку, “Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў” наўмысна зацягвае час. Старшыня праўленьня ГА “Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў” Алена Танкачова думае інакш: “Нягледзячы ні на што, мы будзем прымаць усе магчымыя прававыя метады, каб супрацьстаяць гэтай несур’ёзнай і непрыемнай сітуацыі. І мы зробім усё, каб паказаць абсурднасьць таго, якім чынам збудаваная ўся гэта сістэма”. 

20 студзеня начальнік 2 аддзяленьня міліцыі Чыгуначнага раёну г.Гомелю В.Стрыгалёў паведаміў журналістцы "Белорусской деловой газеты" Ірыне Макавецкай, што міліцыянты высьветлілі, хто пагражаў ёй. Гэта 25-гадовы супрацоўнік Гомельскага тэлерадыёаб’яднаньня Вячаслаў Булкін. І ўсё ж журналістцы "БДГ" І.Макавецкай адмовілі ва ўзбуджэньні крымінальнай справы па факце тэлефонных пагрозаў. Праваахоўныя органы ня ўбачылі складу злачынства ў дзеяньнях "ананіма" В.Булкіна. У тлумачальнай запісцы, якую давялося напісаць сп-ру Булкіну ў аддзяленьні міліцыі, ён заявіў, што тэлефанаваў Ірыне "з мэтай выказаць сваё меркаваньне", без злога намеру і тым болей без намеру расправіцца з журналісткай. Матывы сваіх дзеяньняў ён патлумачыў тым, што Ірына зьяўляецца супрацоўніцай апазіцыйнай газеты і распаўсюджвае інфармацыю, якая "не адпавядае рэальнаму жыцьцю". Ён таксама прызнаўся, што асабіста з Ірынай не знаёмы, і ўзяў на сябе абавязак больш не турбаваць яе. Гэтыя тлумачэньні, відавочна, апраўдалі яго ў вачах супрацоўнікаў праваахоўных органаў, аднак журналістка абураная тым, што яны не жадаюць прыцягваць да адказнасьці пагражальніка. Акрамя таго, яна сумняваецца ў самастойнасьці яго дзеяньняў: сп. Булкін нумар тэлефону Ірыны, па ўласным прызнаньні, знайшоў у базе дадзеных на працы. Гэта, на думку журналісткі, сьведчыць пра наяўнасьць "злога намеру". 

21 студзеня сайт "Хартыі-97" атакаваны хакерамі. Атака абылася пасьля таго, як на Інтэрнэт-старонцы "Хартыі-97" было апублікаванае журналісцкае дасьледаваньне Антона Мельнічука "Беларускія карані гандляроў дзіцячай парнаграфіяй", што мела вялікі розгалас. Атака была ўчыненая шляхам імітацыі вялізнай колькасьці наведваньняў на сайт, які ў выніку блакуецца. У прэс-цэнтры "Хартыі-97" паведамілі, што Антон Мельнічук – гэта псеўданім журналіста, які прадставіў ім сваё расьсьледваньне, але раскрываць, хто хаваецца за гэтым псеўданімам, тут не зьбіраюцца. Гэта робіцца з мэтай бясьпекі, паколькі ў артыкуле выкрываюцца злачынныя метады беларускіх гандляроў дзіцячай парнаграфіяй, частка з якіх ужо арыштаваная сьпесцлужбамі ЗША, Францыі і Іспаніі. Пра гэтыя арышты, пра менскую фірму "Рэгпэй", якая ўдзельнічала ў распаўсюджаньні платных дзіцячых парнаграфічных матэрыялаў, пра адмываньне грошай ад гэтага бізнэсу паведамлялі многія беларускія і замежныя СМІ. У артыкуле Антона Мельнічука на сайце "Хартыі-97" былі апублікаваныя новыя прозьвішчы і новыя зьвесткі пра арганізатараў гэтага злачыннага бізнэсу ў Беларусі, пра іх сувязі з супрацоўнікамі праваахоўных органаў, пра схемы адмываньня злачынна заробленых грошай у адпаведных структурах у Латвіі і Расіі ды іншыя падрабязнасьці гэтага чорнага бізнэсу. 

21 студзеня стала вядома, што на менскай пошце затрыманы наклад часопісу “Асамблея”. Гэтае выданьне традыцыйна рассылаецца грамадзкім аб’яднаньням у запячатаных канвертах ад імя выдаўцоў – фізічных асобаў. Такім чынам, фактычна адбылася перлюстрацыя прыватнай карэспандэнцыі і яе цэнзура па палітычных матывах. Часопіс грамадзкіх актывістаў “Асамблея” выдаецца з 1997 году. Ён прысьвечаны жыцьцю і дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў Беларусі і зьяўляецца адзіным агульнанацыянальным выданьнем падобнага накірунку. 10 студзеня выдаўцы “Асамблеі” падрыхтавалі да рассылкі чарговы тэматычны нумар свайго часопісу — “НДА і выбары”. Чытачам былі прапанаваныя аналітычныя матэрыялы, прысьвечаныя магчымаму ўдзелу грамадзкіх аб’яднаньняў у будучай выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. Таксама быў зьмешчаны адкрыты ліст няўрадавых арганізацыяў да міністра юстыцыі Галаванава з прапановай добраахвотна сысьці ў адстаўку. “Цьвіком” нумару можна назваць гэтак званы “шэры сьпіс” — прозьвішчы судзьдзяў, пракурорскіх работнікаў і сьпецыялістаў органаў юстыцыі, якія нясуць персанальную адказнасьць за палітычныя рэпрэсіі супраць няўрадавых арганізацыяў. Сітуацыю каментуе юрыст Юры Чавусаў, які займаецца абаронай няўрадавых арганізацыяў: “На маю думку, у дадзеным выпадку мы маем справу з класічным парушэньнем таямніцы прыватнай перапіскі. На пошце былі затрыманыя і, магчыма, прагледжаныя лісты прыватных асобаў, якія былі накіраваныя ў сотні няўрадавых арганізацыяў па ўсёй краіне. Зараз супрацоўнікі пошты адмаўляюцца даваць тлумачэньні і прапануюць зьвяртацца па ўсіх пытаньнях у пракуратуру”. Гэта, напэўна, першы выпадак такога масавага затрыманьня прыватнай карэспандэнцыі ў найноўшай гісторыі Беларусі. Некалькі сотняў лістоў з “недазволенай” інфармацыяй не дайшлі да адрасатаў. 

21 студзеня прэзідэнт Сусьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў Якаў Гутман быў затрыманы міліцыяй непадалёку ад рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі, дзе пратэставаў супраць праяваў у Беларусі дзяржаўнага антысемітызму. Якаў Гутман апрануў куртку з надпісам “Аляксандр Рыгоравіч, на вас ляжыць асабістая адказнасьць за разбурэньне габрэйскіх сьвятыняў” і выйшаў да будынку адміністрацыі прэзідэнта. Спадар Гутман так патлумачыў мэту сваёй акцыі: “Я хачу папярэдзіць Аляксандра Рыгоравіча аб ягонай адказнасьці за разбурэньне габрэйскіх сьвятыняў. І дамагчыся нейкіх перамоваў у тых пытаньнях, якія я ўздымаю. Разбурэньне сінагогаў, могілак, помнікаў ахвярам Халакосту...”. Прэзідэнт “Сусьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў” паведаміў, што два гады таму ў Менску была зьнішчаная сінагога па вуліцы Дзімітрава, цяпер разбураецца Халодная сінагога на Нямізе. У Мазыры вядзецца будаўніцтва на двух могілках, там жа ўлады ліквідавалі памятны знак ахвярам Халакосту. Нядаўна былі часткова разбураныя габрэйскія могілкі ў Рагачове, а ў Гародні падчас рэканструкцыі стадыёну, што стаіць на былых кладах, парэшткі памерлых былі проста выкінутыя на сьметнік. Супраць усяго гэтага і пратэстуе Якаў Гутман. Ён таксама актыўна падтрымлівае зварот шасьці амерыканскіх кангрэсмэнаў да кампаніяў “Mc-Donalds” і “Coca-Cola” з заклікам не спансараваць Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі, пакуль ня спыніцца зьнішчэньне габрэйскіх магілаў у Гародні. 

22 студзеня Гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Гароднааблсаюздрук”, нягледзячы на заключаную дамову, адмовілася ўзяць на рэалізацыю першы нумар газеты “День”. Супрацоўнікі рэдакцыі даставілі газету ў аддзел эксьпедыцыі “Гароднааблсаюздруку”, аднак кіраўнік аддзелу Яніна Дзікевіч адмовілася прыняць наклад газеты. У сваёй адмове яна спаслалася на загад намесьніцы начальніка ГРУП “Гароднааблсаюздрук” Галіны Макарэвіч. Усе спробы галоўнага рэдактара “Дня” Міколы Маркевіча знайсьці Г.Макарэвіч скончыліся безвынікова. 

22 студзеня cваякі зьніклых зьвярнуліся ў КДБ Беларусі з заявай аб узбуджэньні крымінальнай справы супраць шэрагу службовых асобаў. Cваякі зьніклых прасілі ўзбудзіць крымінальную справу паводле прыкметаў злачынства, у якім падазраюць Генеральнага пракурора Віктара Шэймана, былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова і дзеючага міністра Уладзіміра Навумава, былога камандзіра САХРу Дзьмітрыя Паўлічэнку ды некаторых іншых асобаў. Сваякі лічаць, што яны могуць быць вінаватыя ў зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага. 3 лютага тэрмін разгляду заявы скончыўся, але ў КДБ на яе не адрэагавалі. Паводле кіраўніка цэнтру сувязяў з грамадзкасьцю КДБ Аляксандра Базанава, адказ на заяву рыхтаваўся, але яму невядома, гатовы ён ці нават ужо накіраваны адрасатам. Аляксандр Базанаў запэўніў, што ў КДБ не зьбіраюцца парушаць тэрмінаў рэагаваньня на падобныя дакументы. 

22 студзеня кіраўнікі евангельскіх дэнамінацыяў Беларусі зьвярнуліся да міністраў адукацыі і юстыцыі краіны са скаргай на неправамоцныя дзеяньні прадстаўнікоў Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Прычынай звароту сталі шматлікія выпадкі, калі насуперак волі і жаданьням навучэнцаў школ і ВНУ прымушалі ўступаць у гэтую арганізацыю. Ліст падпісалі епіскап Саюзу хрысьціянаў веры Евангельскай С. Хоміч, епіскап Саюзу Евангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў М. Сінкавец, епіскап Канферэнцыі цэркваў Хрысьціянаў адвентыстаў Сёмага дня М. Астроўскі, ад аб’яднаньня Грамадаў хрысьціянаў Поўнага Евангельля А. Саковіч. Кіраўнікі дэнамінацыяў адзначаюць, што апошнім часам да іх пачалі прыходзіць скаргі бацькоў на дзейнасьць БРСМ. Пры агітацыі выкарыстоўваецца “добраахвотна-прымусовы” прынцып, а таксама тлумачыцца, што сябрам БРСМ лягчэй паступіць у дзяржаўныя ВНУ і атрымаць жыльлё. Веруючыя лічаць, што трывога бацькоў небеспадстаўная. "У адной са школаў Менску казалася, што прымаць будуць толькі “лепшых” вучняў. Такія матывы закладаюць аснову да падзелу вучняў на “лепшых” і “горшых” паводле сяброўства ў грамадзкай арганізацыі. Гэта зьяўляецца дыскрымінацыяй, а значыць, парушае правы дзяцей, гарантаваныя заканадаўствам,” – гаворыцца ў звароце. Таксама зазначана, што сітуацыя адмоўна ўплывае на разьвіцьцё псіхікі дзяцей і фармаваньне асобы, пазбаўляе права самастойнага выбару поглядаў, перакананьняў і жыцьцёвага шляху. "Усялякая дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў павінна грунтавацца на заканадаўстве і пры гэтым не парушаць законныя правы і інтарэсы грамадзянаў. Зьвяртаем увагу на зьмест часткі другой арт. 4 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе запісана, што “Ідэалогія палітычных партыяў, рэлігійных або іншых грамадзкіх аб’яднаньняў, сацыяльных групаў ня можа ўсталёўвацца ў якасьці абавязковай для грамадзянаў,” – пішуць кіраўнікі евангельскіх цэркваў. Веруючыя просяць міністэрствы адукацыі і юстыцыі РБ прыняць неабходныя захады да прадухіленьня неправамоцнай дзейнасьці, якая парушае правы грамадзянаў. 
23 студзеня актывістка руху супраціву “Зубр” непаўнагадовая Юлія Бандарэнка была зьбітая падчас разгону акцыі "Час адказваць", якая прайшла ў Менску ля будынку пракуратуры. “Падчас акцыі да мяне падыйшоў падпалкоўнік міліцыі, сказаў “Пройдёмте”, а потым схапіў мяне і пацягнуў у “варанок”. Каля машыны я адчула моцны ўдар у твар. У прытомнасьць прыйшла толькі ў машыне. З вуснаў цякла кроў”, — расказала Юлія Бандарэнка журналістам. 

23 студзеня суд Маскоўскага раёну Менску не задаволіў скаргу лідэра жодзінскай філіі Партыі БНФ Аляксея Лапіцкага і каардынатаркі Праваабарончага цэнтру “Вясна” Сьвятланы Лапіцкай на дзеяньні старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай падчас выбараў у мясцовыя Саветы 2003 году. 

24 студзеня мiлiцыя i АМАП разагналi рок-канцэрт, якi меў адбыцца ў менскiм клубе “NEW CLUB”. Было затрымана 50 чалавек. Удзел у канцэрце павiнны былi прыняць гарадзенскiя гурты “КальЯН” i “PET NIHIL”, якiя вядомыя сваiмi антыфашысцкiмi перакананьнямi. 

23-24 студзеня ў Менску адбыўся Форум праваабаронцаў, адным з арганізатараў якога выступіла Міжнародная Федэрацыя Правоў Чалавека. У Форуме прынялі ўдзел больш за 150 беларускіх праваабаронцаў, прадстаўнікі міжнародных і замежных праваабарончых арганізацыяў, а таксама міжнародных органаў, якія займаюцца праблемамі правоў чалавека. Пра сітуацыю з правамі чалавека гаварылі, акрамя беларускіх выступоўцаў, прадстаўнікі буйнейшых праваабарончых арганізацыяў: Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека, Міжнароднай Лігі Правоў Чалавека, Міжнароднай Амністыі, Human Rights Watch. У працы Форуму прынялі ўдзел актывісты праваабарончых арганізацыяў з Чэхіі, Расіі, Швецыі, Польшчы, Літвы, Украіны, Малдовы. Міжнародныя еўрапейскія органы былі прадстаўленыя выступамі супрацоўнікаў Генеральнага дырэктарату па правах чалавека Рады Еўропы, Генеральнага дырэктарату па зьнешніх сувязях Еўрапейскай камісіі Еўрапейскага Саюзу, Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ. З кароткім дакладам выступіў таксама кіраўнік офісу АБСЕ ў Менску амбасадар Эберхард Хайкен. У працы Форуму прыняў удзел вядомы расійскі праваабаронца Сяргей Кавалёў. Асноўная практычная праца Форуму праводзілася ў шасьці групах, дзе абмяркоўваліся пытаньні нацыянальных механізмаў абароны правоў і свабодаў чалавека; канстытуцыйных гарантыяў і механізмаў рэалізацыі выбарчых правоў; гвалтоўных зьнікненьняў; рэальных магчымасьцяў дзейнасьці СМІ; свабоды мірных сходаў і асацыяцыяў, а таксама лінгвістычныя правы. Форумам была прынятая Рэзалюцыя, а па выніках працы выпрацаваныя рэкамендацыі беларускім праваабаронцам, прадстаўнікам міжнароднай супольнасьці і афіцыйным уладам Беларусі. 

25 студзеня актывіст руху “Зубр” Аляксандр Сіліцкі быў затрыманы ў Смалявічах за распраўсюд газеты "Супраціў". Неягледзячы на тое, што выданьне мае выходныя дадзеныя, супрацоўнік міліцыі ў цывільным канфіскаваў 30 асобнікаў газеты, якія Аляксандр Сіліцкі не пасьпеў раздаць. 

26 студзеня суд Цэнтральнага раёну г.Менску вынес рашэньне па адміністратыўнай справе актывіста руху “Зубр” Рамана Казакевіча. Ён аштрафаваны на 20 базавых велічыняў за ўдзел у пікеце, які адбыўся 23 студзеня каля будынку пракуратуры. Удзельнікі пікету трымалі партрэты зьніклых палітыкаў і журналіста Дзьмітрыя Завадзкага, а таксама плакат “Лукашэнка, Шэйман, Сівакоў! Час адказваць!” Амаль усе ўдзельнікі акцыі былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі, але на разгляд у суд накіравалі толькі справу Р. Казакевіча, а ў камісію па справах непаўнагадовых — Юліі Бандарэнкі, бо менавіта яны трымалі плакат. 

26 студзеня Грамадзкая ініцыятыва “За свабоднае веравызнаньне” прадставіла вынікі маніторынгу рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі за жнівень 2002 – сьнежань 2003. Матэрыялы, аб’яднаныя пад вокладкай “Белай кнігі”, уключаюць у сябе 10 разьдзелаў. Гэта перапіска рэлігійных арганізацыяў з дзяржаўнымі структурамі, артыкулы і інтэрв’ю ў прэсе, рэакцыя на падпісаньне пагадненьня паміж беларускай дзяржавай і праваслаўнай царквой, міжнародныя дакументы і заявы па рэлігійнай сітуацыі ў Беларусі. Другая частка “Белай кнігі” (першая была выдадзеная ў жніўні 2002 г.) складаецца з 370 старонак і зьяўляецца “фундаментальным і адзіным дакументам, які паказвае розныя вымярэньні рэлігійнага жыцьця Беларусі за апошні час”. На прэзентайцыі кнігі выступілі трэці сакратар амбасады ЗША ў Беларусі Ян Тэрнэр, дэпутат Палаты прадстаўнікоў РБ Сьвірыд, грамадзкі дзеяч Іван Саверчанка, юрыст Сяргей Шаўцоў. Іван Cаверчанка прапанаваў стварыць грамадзкую камісію пры дзяржаўным Камітэце па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, якая б займалася праблемамі дачыненьняў рэлігійных арганізацыяў і дзяржавы. 

26 студзеня кіраўніцтва евангельскіх цэркваў заявіла, што занепакоенае ўсё больш частымі фактамі абмежаваньня магчымасьці дзецям прысутнічаць на набажэнствах і навучацца рэлігіі. Так, у лістападзе 2003 году ў Наваградку мясцовыя органы ўлады чынілі перашкоды мясцовай грамадзе евангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў праводзіць заняткі з дзецьмі, а кіраўніцтва школаў выклікала дзяцей на “выхаваўчыя” гутаркі, катэгарычна забараняючы ім прыходзіць у царкву, і пагражала бацькам штрафамі. Між іншым, нават дзеючы закон аб свабодзе сумленьня патрабуе згоды бацькоў толькі ў выпадку выкананьня рэлігійных абрадаў для дзяцей, якія не дасягнулі 15 гадоў, пры гэтым не ўдакладняючы форму згоды (пісьмовая ці вусная). Ёсьць важкія падставы казаць, што дадзеныя выпадкі не зьяўляюцца асабістай ініцыятывай чыноўнікаў на месцах. Так, напрыклад, Камітэт па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў РБ накіраваў у кастрычніку 2003 г. у Нясьвіжскі райвыканкам ліст, у якім зьвяртае ўвагу, што ў раёне “маюць месца выпадкі ажыцьцяўленьня рэлігійнай дзейнасьці шэрагу пратэстанцкіх грамадаў па-за межамі ўсталяванай іх статутамі тэрыторыі, правядзеньне несанкцыянаваных рэлігійных мерапрыемстваў у грамадзкіх месцах, навучаньне непаўнагадовых рэлігіі бяз згоды бацькоў”. У сувязі з гэтым “Камітэт лічыць неабходным актывізаваць працу Камісіі спрыяньня кантролю за выкананьнем заканадаўства аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях” і рэкамендуе “ўзмацніць кантроль за дзейнасьцю рэлігійных арганізацыяў (рэгулярныя наведваньні набажэнстваў і сходаў, сустрэчы і гутаркі з кіраўніцтвам і актывам, прафілактычныя гутаркі з растлумачэньнем палажэньняў заканадаўства, праверкі разьмеркаваньня гуманітарнай і дабрачыннай дапамогі, справаводзтва і выкананьня статутаў, а таксама набажэнстваў, абрадаў і цырымоніяў на прадмет выяўленьня непаўнагадовых, якія прысутнічаюць (навучаюцца) без пісьмовай згоды бацькоў". 

26 студзеня ўнітарнае камунальнае прадпрыемства "Мазырскі камунальнік" запатрабавала ад лідэра зарэгістраванай у ЗША "Сусьветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў" Якава Гутмана кампенсаваць расходы на знос мемарыяльнага знаку, узьведзенага на месцы самаспаленьня габрэяў восеньню 1941 году. У канцы лістапада 2003 году Я.Гутман без узгадненьня з уладамі Мазыра на свае сродкі ўстанавіў у горадзе памятны знак. Сярод загінулых быў і ягоны дзед Нісель Гутман. Аднак у сьнежні па рашэньні гарадзкіх уладаў мемарыяльны знак быў зьнесены, пасьля чаго Я.Гутман правёў два несанкцыянаваныя пікетаваньні каля будынку Адміністрацыі прэзідэнта РБ і тыднёвую галадоўку. У дадатак Я.Гутман атрымаў ад кіраўніцтва УП “Мазырскі камунальнік” рахунак на 212 238 рублёў. У выпадку адмовы ад выплаты, кіраўніцтва прадпрыемства абяцае зьвярнуцца ў суд. 

28 студзеня Крычаўскі райвыканкам адмовіў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у пастаноўцы на ўлік мясцовай суполкі. Падставай дзеля гэтага, як сьцьвярджаюць службоўцы, зьяўляецца адсутнасьць сярод пададзеных дакументаў пратаколу паседжаньня Рады арганізацыі. Аднак самі крычаўскія БАЖаўцы з гэтым ня згодныя. “Усе дакументы былі складзеныя згодна з дзеючым заканадаўствам. Рэгістрацыйны пакет быў падрыхтаваны ў адпаведнасьці з усімі патрабаваньнямі”, – кажуць сябры арганізацыі. Супрацьстаяньне мясцовай “вертыкалі” і журналістаў цягнецца з моманту спробы БАЖаўцамі зарэгістраваць у Крычаве незалежнае выданьне “Уласны каментар”. Па словах журналістаў, чыноўнікі ўсяляк марудзілі справу, шукаючы фармальныя прычыны. 

28 студзеня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" накіравала афіцыйныя лісты пракурору Гомельскай вобласьці А. Палавінку і начальніку УУС па Гомельскай вобласьці В. Яромкіну. Сябры БАЖ просяць забясьпечыць належны кантроль за правядзеньнем усебаковага, поўнага і аб’ектыўнага дасьледваньня ўсіх абставінаў інцыдэнту з журналісткай "БДГ" Ірынай Макавецкай. Аўтары звароту выказваюць неразуменьне з нагоды адмовы гомельскай міліцыі ўзбудзіць крымінальную справу па факце тэлефонных пагрозаў, якія атрымала І. Макавецкая ў ноч на 11 студзеня. Разам з тым, БАЖ вітае рашэньне пракуратуры Чыгуначнага раёну г. Гомелю аб адмене гэтай пастановы і накіраваньні матэрыялаў для далейшай праверкі. "Правы журналіста і гарантыі яго абароны прадугледжваюцца шэрагам заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь", — падкрэсьліваюць аўтары звароту. Яны ўзгадваюць артыкул 48 Закону "Аб друку і іншых СМІ", паводле якога "стварэньне перашкодаў у той ці іншай форме з боку грамадзянаў, службовых асобаў дзяржаўных органаў і арганізацыяў законнай дзейнасьці журналістаў цягне дысцыплінарную, адміністратыўную, крымінальную і іншую адказнасьць". Сябры БАЖ прыгадваюць артыкул 198 Крымінальнага кодэксу "Стварэньне перашкодаў законнай прафесійнай дзейнасьці журналіста", які прадугледжвае пакараньне аж да абмежаваньня альбо пазбаўленьня волі тэрмінам да 3 гадоў. Аўтары звароту мяркуюць, што ў інцыдэнце з І. Макавецкай прысутнічаюць прыкметы гэтага злачынства. БАЖ зьвяртае ўвагу пракуратуры і міліцыі на тое, што гэты інцыдэнт "выйшаў далёка за рамкі міжасабовых стасункаў двух супрацоўнікаў СМІ" і выклікаў вялікі розгалас. "Мы зьвяртаемся да Вас з прозьбай забясьпечыць належны кантроль за правядзеньнем усебаковага, поўнага і аб’ектыўнага дасьледваньня ўсіх абставінаў дадзенага інцыдэнту", — гаворыцца ў дакуменце. 

29 студзеня ліквідаваная яшчэ адна беларуская праваабарончая арганізацыя – “Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў”. Судзьдзя Аксана Будоўская задаволіла зыск упраўленьня юстыцыі, у якім сьцьвярджаецца, што таварыства неаднаразова парушыла Закон “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” і ўласны Статут. Разгляд справы аб ліквідацыі “Незалежнага таварыства прававых дасьледваньняў” працягваўся ў Менскім гарадзкім судзе ўсяго некалькі гадзінаў. Старшыня арганізацыі Алена Танкачова так пракаментавала рашэньне Менгарсуда: “Я перакананая ў тым, што нас вырашылі ліквідаваць выключна таму, што мы занялі актыўную пазіцыю ў справе абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзкіх арганізацыяў, якія трапілі ў сітуацыю ліквідацыі. Калі гэта адзіная падстава дзеля ліквідацыі, то я магу сказаць, што нашая дзейнасьць — законная. Гэта нармальны элемент дзейнасьці ў рамках мэтаў і задачаў нашай арганізацыі. Гэта тое, дзеля чаго мы ў 1996 годзе ствараліся. І калі нас за гэта ліквідуюць, значыць, такі час і такая краіна”. “Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў” зьбіраецца абскарджваць гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе, але Алена Танкачова гаворыць, што яна і яе калегі гатовыя дзейнічаць і без дзяржаўнай рэгістрацыі. 

29 студзеня Аксана Новікава атрымала штраф 3 500 000 (гэта каля 1 600 даляраў) за правядзеньне несанкцыянаванага пікету. Нагадаем, што Аксана напярэдадні Новага году перад будынкам Фрунзенскага суда Менску стала з плакатам: “Нам патрэбны суд прысяжных”. Яе затрымалі і склалі пратакол за правядзеньне недазволенага ўладамі пікету. 

29 студзеня каля пяці гадзінаў вечара на цэнтральнай плошчы г. Барысаву тры актывісты моладзевага руху “Зубр” раздавалі жыхарам інфармацыйны бюлетэнь Праваабарончага цэнтру “Вясна” “Права на волю”. Калі ў маладых людзей заставалася некалькі дзесяткаў газетаў, яны былі затрыманыя групай людзей у цывільным на чале з намесьнікам начальніка мясцовага ўпраўленьня міліцыі Уладзімірам Падабедам. Затрыманыя Аляксандр Казакоў, Аляксандр Пералыгін і Павел Паддубны былі дастаўленыя ў ГУУС г. Барысаву. Там на іх былі складзеныя пратаколы за парушэньне арт. 172 КаАП РБ, а праз дзьве гадзіны маладыя людзі былі адпушчаныя. 


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна

 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster