|
ЛЮТЫ
З 1 лютага індывідуальныя прадпрымальнікі больш ня могуць ажыцьцяўляць функцыі рэдакцыі сродка масавай інфармацыі. Усе, хто жадае зарэгістраваць новае выданьне альбо перарэгістраваць ранейшае, павінныя ствараць альбо заключаць дамову аб выкананьні рэдакцыйных функцыяў з нейкаю іншаю юрыдычнай асобаю.
1 лютага некалькі сотняў чалавек ўзялі ўдзел у мітынгу пратэсту ў Гомелі, які праходзіў пад лозунгамі "Сьвятло і цяпло – у кожны дом і па даступным кошце!", "Спачатку рост заробку і пенсіяў, а потым — павышэньне тарыфаў!", "НЕ платнай медыцыне!", "НЕ абнішчаньню народу!". Мітынг стаў і прэзентацыяй Народнай кааліцыі "Пяцёрка-плюс", у якой удзельнічалі Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Юры Хадыка.
2 лютага рэктар Белдзяржуніверсітэту Васіль Стражаў падпісаў загад аб ліквідацыі Міжнароднага гуманітарнага інстытуту пры БДУ. Габрэйскія арганізацыі расцэньваюць ліквідацыю адзінай навучальнай установы, у якой на кафедры юдаікі рыхтавалі сьпецыялістаў у галіне габрэйскай культуры, дыскрымінацыяй паводле нацыянальных прыкметаў. Загад рэктара БДУ Васіля Стражава аб ліквідацыі Інстытуту зьявіўся пасьля такога ж загаду Міністэрства адукацыі. Ніякіх тлумачэньняў з боку Міністэрства адукацыі ці рэктарату БДУ аб прычынах ліквідацыі інстытуту няма. Міжнародны гуманітарны інстытут быў заснаваны пяць гадоў таму і існаваў за кошт спонсараў, якія зацікаўленыя ў аднаўленьні ў Беларусі габрэйскай адукацыі. За грошы спонсараў адрамантавалі будынак Інстытуту, набылі новае абсталяваньне і кампутарную тэхніку. Апроч таго, замежнікі абяцалі 30 мільёнаў даляраў на будаўніцтва новых карпусоў Інстытуту і інтэрнатаў. Загад міністра адукацыі Аляксандра Радзькова аб ліквідацыі Інстытуту напачатку новага навучальнага году стаў нечаканасьцю для кіраўніцтва БДУ. Пры былым рэктары Аляксандры Казуліну на вучонай радзе была створаная камісія, якой даручылі весьці перамовы з міністэрствам. Дасягнулі толькі дамоўленасьці аб тым, што кафедра юдаікі застанецца, але на адным з факультэтаў БДУ. Габрэйскія арганізацыі абураюцца рашэньнем уладаў і зьвяртаюцца да беларускай грамадзкасьці і ў міжнародныя структуры. У 2003 годзе мусіў адбыцца першы выпуск Інстытуту. Рэктарат распарадзіўся, каб выпускнікам выдалі дыпломы аб заканчэньні факультэту міжнародных адносінаў БДУ. Студэнты пакуль на вакацыях і ніяк не адрэагавалі на гэтую навіну. У Беларусі з 1938 году няма ніводнай габрэйскай школы і ніводнай сярэдняй сьпецыяльнай установы, дзе б выкладаліся дысцыпліны ў галіне габрэйскай культуры. Закрыцьцё Інстытуту, дзе рыхтавалі навукоўцаў, сьпецыялістаў-перакладчыкаў і кадры для працы ў сінагогах, на думку прадстаўнікоў габрэйскіх арганізацыяў, зьяўляецца моцным ударам па ўсёй габрэйскай адукацыі ў Беларусі. Саюз Беларускіх габрэйскіх грамадзкіх арганізацыяў і абшчынаў распаўсюдзіў заяву з нагоды ліквідацыі Міжнароднага гуманітарнага інстытуту (МГІ). "Загад міністра ня толькі не абгрунтаваны, але і ня мае матывацыяў. Гэта дае падставу для высновы, што ліквідацыя МГІ зьвязаная з праявай грубага суб’ектывізму супрацоўнікаў міністэрства", — адзначана ў дакуменце. Заяву падпісаў старшыня Рады габрэйскіх абшчынаў Беларусі Леанід Левін.
2 лютага адзін з заснавальнікаў гомельскай моладзевай арганізацыі “Гарт” Арцём Бурыла аштрафаваны на 50 базавых велічыняў за ўвоз у Беларусь састарэлых улётак. А. Бурылу затрымалі на пункце пропуску “Новая Гута” беларуска-украінскай мяжы, калі той вяртаўся з Украіны. У багажніку яго машыны мытнікі знайшлі 2 566 улётках чатырох відаў. Галоўны інсьпектар атраду гомельскай мытні Аляксандр Ісачэнка аднёс улёткі да друкаваных выданьняў, якія ня могуць у такой колькасьці выкарыстоўвацца як прыватная маёмасьць. Па арт. 193-9 ч.1 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях на А.Бурылу, які не аформіў улёткі ў грузавой мытнай дэкларацыі, быў складзены пратакол. Арцём Бурыла патлумачыў, што знойдзеныя ўлёткі – макулатура: грамадзкае галасаваньне, датычнае магчымага трэцяга прэзідэнцкага тэрміну Лукашэнкі, на якое запрашалі ўлёткі, адбылося ў Гомелі яшчэ 7 лістапада 2003 году. У машыне пацярпелы вазіў улёткі таму, што “захоўваць іх дома не дазваляла сям’я, а выкінуць было шкада”. Тым ня менш, судзьдзя Яраслаў Парэмскі абвесьціў пастанову аб прыцягненьні да адказнасьці Бурылы. Пры гэтым аштрафаванага не запрасілі з калідору ў кабінет судзьдзі. Як заявіў сакратар, “Бурыла спазьніўся, таму пастанова была абвешчаная без яго”. У пастанове напісана, што Арцём Бурыла вёз улёткі на грузавым аўтамабілі “ЗИЛ-130” на 5 тыдняў пазьней за рэальную дату, што ўлёткі “имеют значительную материальную ценность”, што Бурыла, які выступаў у судзе адзін, сваю віну прызнаў. Пацярпелы выказвае недаўменьне адносна прыведзеных у пастанове фактаў і катэгарычна з імі не пагаджаецца: “Насамрэч я ехаў на легкавым аўтамабілі, віну сваю аспрэчваў, у судзе выступаў разам з прадстаўніком, а кошт улётак ня вызначыў ні мытнік, ні суд. У падобным хадайніцтве нам адмовілі”, — тлумачыць Арцём.
2 лютага ў судзе Маскоўскага раёну г. Берасьця распачаўся судовы працэс па зыску Ніны Давыдоўскай, якая не пагадзілася з рашэньнем адміністратыўнай камісіі Маскоўскага раёну г.Берасьця ад 19 сьнежня 2003 году, дзе яна была аштрафаваная на 49 000 рублёў згодна ч.3 арт.172 КаАП РБ "распаўсюд друкаваных выданьняў, вырабленых з парушэньнем вызначанага парадку і ня маючых выходных дадзеных, зьмест якіх накіраваны на прычыненьне шкоды дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзянаў". Нагадаем, 10 сьнежня Ніна Юліянаўна распаўсюджвала ўлёткі-віншаваньні з нагоды чарговай гадавіны прыняцьця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Паседжаньне пачалося толькі а дзесятай гадзіне і праходзіла пад старшынствам судзьдзі І.Клышпач. Ня ўсе жадаючыя змаглі прысустнічаць пры разглядзе справы – судзьдзя выдаліла ўсіх грамадзянаў, што прыйшлі на суд, матывуючы гэта адсутнасьцю месцаў. Некалькі грамадзянаў на той падставе, што судзьдзя парушыла канстытуцыйны прынцып адкрытасьці судоў, зьвярнуліся да старшыні суда с вуснай скаргай на дзеяньні судзьдзі Клышпач. Інтарэсы спадарыні Давыдоўскай прадстаўляў юрыст Уладзімір Малей, сябра Праваабарончага цэнтру "Вясна". Бок адказчыка прадстаўляла сакратар адміністратыўнай камісіі Маскоўскага раёну г. Берасьця Людміла Малевіч. Судзьдзя выслухала меркаваньне грамадзкага прадстаўніка, які засьведчыў, што парушэньня ўстаноўленага парадку друку няма: улётка выдадзеная накладам 200 асобнікаў, выходныя дадзеныя ёсьць, ніякім чынам зьмест улёткі ня можа быць накіраваны на шкоду дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку, а наадварот, ва ўлётцы зьвяртаецца ўвага на законныя правы грамадзянаў, гарантаваныя Канстытуцыяй РБ. 3 лютага было агучанае рашэньне — спадарыня Давыдоўская павінна выплаціць штраф 49 тысячаў рублёў. Такім чынам, суд не задаволіў скаргу Ніны Давыдоўскай, і яна заявіла пра намер абскарджваць гэтае рашэньне ў абласным судзе.
2 лютага больш за дваццаць віцебскіх прадпрымальнікаў сабраліся ў памяшканьні крытага рынку “Мішэль” і абвясьцілі пачатак бестэрміновай галадоўкі. Усе прадпрымальнікі — сябры грамадзкай арганізацыі “Персьпектыва”, прычым пераважная большасьць тых, хто наважыўся галадаць – жанчыны. Прадпрымальнікі патрабуюць адмены распараджэньняў аблвыканкаму ды гарвыканкаму пра ўвядзеньне касавых апаратаў, наяўнасьці 70% беларускіх тавараў у гандлёвым асартыменце, адмены наданьня крытым рынкам гораду статусу гандлёвых цэнтраў. А таксама яны патрабуюць пакараньня тых адказных асобаў, якія замінаюць разьвіцьцю прыватнага бізнэсу ў Віцебску
3 лютага на калегіі, прысьвечанай вынікам працы органаў юстыцыі ў 2003 годзе, міністр юстыцыі РБ Віктар Галаванаў сказаў, што толькі 10 грамадзкіх арганізацыяў нацыянальнага ўзроўню зарэгістраваныя на працягу году. Міністр адзначыў, што ўсяго было пададзена 1464 матэрыялы на рэгістрацыю грамадзкіх аб’яднаньняў, з іх зарэгістравана 94 (6%), у тым ліку 23 – са статусам міжнародных. Паводле стану на 1 студзеня 2004 году, у Беларусі зарэгістраваныя 18 палітычных партыяў, 52 рэспубліканскія прафсаюзы, 2214 іншых грамадзкіх аб’яднаньняў. Віктар Галаванаваў адзначыў, што ў 2003 годзе быў узмоцнены кантроль за дзейнасьцю няўрадавых арганізацыяў, былі праведзеныя паглыбленыя праверкі 81 грамадзкага аб’яднаньня. Па выніках праверак органы юстыцыі за розныя парушэньні вынесьлі на адрас кіруючых органаў гэтых структураў 810 пісьмовых папярэджаньняў, што ў 6 разоў больш аналагічнага паказьніку 2002 году. Па накіраваных у суды матэрыялах былі прынятыя рашэньні пра ліквідацыю 51 грамадзкага аб’яднаньня. “Нашыя органы юстыцыі зараз ужо можна называць не рэгіструючымі, а ліквідуючымі. 10 зарэгістраваных арганізацыяў нацыянальнага ўзроўню за цэлы год! Гэта параўнальна з той колькасьцю “грамадзкіх аб’яднаньняў”, што рэгістравалася за савецкім часам”, – каментуе дадзеныя Міністэрства юстыцыі Юры Чавусаў, каардынатар Сістэмы калектыўнай абароны грамадзкіх арганізацыяў. Ю. Чавусаў упэўнены, што беларускія ўлады “самі перахітрылі сябе”. “Не абцяжараныя неабходнасьцю азірацца на рэгіструючы орган, грамадзкія актывісты пойдуць да насельніцтва, пашыраць сваю дзейнасьць, – кажа спадар Чавусаў. – У 2003 годзе дзякуючы Мінюсту “трэці сектар” пазбавіўся ілюзіяў наконт магчымага супрацоўніцтва з дзяржавай, адкінуты прэч страх страціць легальны статус”.
3 лютага Наталя Каляда, якая разьмяшчае свае артыкулы на сайце “Хартыі’97”, аштрафаваная на 20 базавых велічыняў. На думку пракуратуры і суда, такая дзейнасьць Наталі зьяўляецца парушэньнем адміністратыўнага кодэксу. Судзьдзя Наталя Вайцяховіч разглядала пастанову намесьніка генеральнага пракурора Мікалая Купрыянава, згодна з якой суду прапанавалі распачаць адміністратыўную справу супраць Наталі Каляды. Пракуратура палічыла, што разьмяшчэньне артыкулаў на сайце “Хартыі’97” зьяўляецца дзеяньнем ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Наталю Каляду затрымалі 10 сьнежня 2003 году на акцыі “Мы памятаем!”. Яна прад’явіла журналісцкае пасьведчаньне і паведаміла міліцыянтам, што прысутнічала на акцыі як журналістка, каб напісаць артыкул, які потым будзе на сайце “Хартыі’97”. Міліцыянты на наступны дзень узялі пісьмовыя тлумачэньні, а праз нейкі час Наталю выклікалі ў рэспубліканскую пракуратуру. Судзьдзя Наталя Вайцяховіч высьвятляла, што такое грамадзянская ініцыятыва і ці зьяўляецца “Хартыя’97” грамадзкай арганізацыяй. Заслухаўшы ўсе аргументы, судзьдзя пакарала журналістку штрафам на 20 базавых велічыняў (каля 150 даляраў ЗША). Намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла абараняў Наталю ў судовым працэсе. На ягоную думку, у Цэнтральным судзе з падачы пракуратуры створаны судовы прэцэдэнт, які можа мець сур’ёзныя наступствы для арганізацыяў, якія не зарэгістраваныя ў Мінюсьце, але маюць свой сайт.
3 лютага распаўсюджваць газету “День” адмовіліся ўсе арганізацыі, нават тыя, з якімі існавала дамова. Таму выданьне пакуль ня можа трапіць да шырокага чытача. Наклад першага нумару газеты быў аддрукаваны ў Смаленску, паколькі беларускія друкарні не згадзіліся друкаваць “День”. Гарадзенскі абласны “Белсаюздрук” стаўся адзінай арганізацыяй, якая напачатку пагадзілася распаўсюджваць газету “День”, аднак калі наклад даставілі ў эксьпедыцыю, газету там браць адмовіліся. Рэдакцыя зьвярнулася да службовай асобы, якая адказвае за распаўсюд. Галоўны рэдактар Мікола Маркевіч гаворыць: “Мне наўпрост патлумачылі, што кіраўніцтву гарадзенскага “Аблсаюздруку” паступіў тэлефонны загад з Міністэрства інфармацыі газету на распаўсюд ня браць”. Калі Маркевіч зьвярнуўся ў Міністэрства інфармацыі, там усяляк абвяргалі такое абвінавачаньне. Начальнік галоўнага аналітычнага ўпраўленьня Міністэрства інфармацыі Уладзімір Матусевіч расцэньвае тое, што ўсе арганізацыі адмаўляюцца распаўсюджваць газету “День”, наступным чынам: “Гэта пытаньне двух суб’ектаў гаспадараньня, што яны падпісваюць і што выконваюць. Ёсьць заканадаўства, і сітуацыя павінна вырашацца толькі ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Ёсьць органы, якім нададзена права вырашаць: што законна, а што незаконна. Гэта крышку ня наша кампетэнцыя”. Атрымліваецца, што ніхто не бярэ адказнасьці за тое, што наклад афіцыйна зарэгістраванай газеты ўсе ўстановы, у тым ліку недзяржаўныя, адмаўляюцца распаўсюджваць, нават маючы падпісаную з рэдакцыяй дамову. Рэдакцыя спрабуе распаўсюджваць у Гародні першы нумар газеты “День” уласнымі сіламі.
3 лютага судовая пастанова аб прыцягненьні юрыста Праваабарончага цэнтру "Вясна" Уладзіміра Лабковіча да адміністратыўнай адказнасьці за ўдзел у акцыі пратэсту пасьля ліквідацыі арганізацыі адмененая ў сувязі з адмовай судзьдзі весьці працэс на беларускай мове. Старшыня Менскага гарадзкога суда М. Ардзяка адмяніў пастанову судзьдзі Ленінскага раёну Д. Жданка. Нагадаем, што пасьля ліквідацыі арганізацыі ў Вярхоўным судзе 28 кастрычніка 2003 году сябры "Вясны" наладзілі акцыю пратэсту і селі проста на падлогу ў зале судовых паседжаньняў. Восем сяброў Праваабарончага цэнтру былі пакараныя штрафамі за гэтую акцыю па арт. 166 КаАП РБ — "непадпарадкаваньне законным патрбаваньням супрацоўнікаў міліцыі". Сярод асуджаных быў і юрыст "Вясны" Уладзімір Лабковіч. Падчас разгляду ягонай адміністратыўнай справы судзьдзя Дзьмітры Жданок адмовіў у хадайніцтве аб прадастаўленьні перакладчыка на беларускую мову, чым парушыў канстытуцынае права "правапарушальніка" карыстацца роднай мовай. Гэтыя дзеяньні судзьдзі Уладзімір Лабковіч абскардзіў у Менскім гарадзкім судзе, і пастанова аб прыцягненьні яго да адміністратыўнай адказнасьці была адмененая, а справа накіраваная на новы разгляд. У пастанове Менскага гарадзкога суда сказана: "Пастанова падлягае адмене па наступных падставах: згодна з арт. 247 КаАП РБ, асоба, якая прыцягваецца да адміністратыўнай адказнасьці, мае права знаёміцца з матэрыяламі справы, даваць тлумачэньні, прадстаўляць доказы, заяўляць хадайніцтвы, пры разглядзе справы карыстацца юрыдычнай дапамогай адваката, выступаць на роднай мове і карыстацца паслугамі перакладчыка, калі не валодае мовай, на якой вядзецца вытворчасьць, абскарджваць пастанову па справе. У сваёй скарзе Лабковіч У. М. указвае, што судом яму было нематывавана адмоўлена ў прадстаўленьні перакладчыка. Как бачна з пратаколу судовага паседжаньня, на пытаньне судзьдзі Лабковіч У.М. патлумачыў: "Я не магу аб’ектыўна ўсё разумець, паколькі не разумею па-руску. Бытавую лексіку я разумею, а што тычыць прававых тэрмінаў, то яны мне незразумелыя". Такім чынам, судом парушанае права Лабковіча У.М. карыстацца паслугамі перакладчыка, што цягне за сабой адмену пастановы".
4 лютага старшыню беларускага стачкама прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага выклікалі ў Ленінскі РУУС г. Гародні дзеля дачы тлумачэньняў. Прычынай да выкліку стала сьпецыяльнае даручэньне пракурора Гарадзенскай вобласьці, да якога быў прыкладзены ліст В.Леванеўскага з віншаваньнямі з Новым годам прадстаўнікам дыпламатычнага корпусу Украіны, які рассылаўся ўсім дыпламатычным прадстаўніцтвам Беларусі. В.Леванеўскі напісаў скаргу ў пракуратуру Гарадзенскай вобласьці, зьвязаную з парушэньнем ягоных правоў на таямніцу перапіскі.
4 лютага нумар недзяржаўнай газеты "Вольнае Глыбокае" за студзень быў адцэнзураваны кіраўніцтвам друкарні ў Маладэчне. З бачынаў выданьня без дазволу рэдакцыі быў выдалены матэрыял, прысьвечаны зьезду Партыі БНФ. Супрацоўнікі друкарні ліквідавалі паведамленьне пра зьезд Партыі БНФ, а замест яго разьмясьцілі на другой паласе газеты рэкламны блок з тэлефонамі рэкламнага аддзелу газеты і подпісам "Тут магла быць ваша рэклама". Штотыднёвік, наклад якога складае 3,5 тысячы асобнікаў, распаўсюджваецца ў заходніх раёнах Віцебскай вобласьці.
4 лютага Смаргонскі раённы суд адмовіўся прыцягваць да адміністратыўнай адказнасьці распаўсюднікаў недзяржаўнай "Местной газеты". Судзьдзя Ала Кіндра разгледзела пратаколы супрацоўнікаў падатковай інсьпекцыі, якія ў сярэдзіне студзеня затрымалі гандляроў нібыта за парушэньні правілаў разноснага гандлю, аднак не знайшла ў дзеяньнях распаўсюднікаў ніякіх парушэньняў. Нагадаем, 15 — 16 студзеня падатковыя інсьпектары затрымалі чатырох гандляроў "Местной газеты", склаўшы на іх пратаколы за гандаль без ліцэнзіі. Аднак у судзе высьветлілася, што распаўсюднік газеты, прадпрымальніца Вольга Куняўская, мае ліцэнзію на продаж газеты ў вызначаных месцах. Акрамя гэтага, суд выявіў шэраг парушэньняў у афармленьні пратаколаў падатковымі інсьпектарамі.
4-5 лютага ў Бруселі адбыўся Кангрэс Еўрапейскай Народнай Партыі, на якім была прынятая адмысловая Рэзалюцыя па Беларусі, дзе сказана: “Прымаецца да ўвагі той факт, што нядаўна быў зьменены Закон аб палітычных партыях і грамадзкіх арганізацыях, новыя правілы якога ўціскаюць названыя вышэй інстытуцыі і не адпавядаюць асноўным нормам міжнароднага права. Шэраг няўрадавых арганізацыяў быў закрыты (адным з найбольш драматычных было закрыцьцё “Вясны” – Праваабарончага цэнтру), некаторым партыям і шматлікім няўрадавым арганізацыям было адмоўлена ў рэгістрацыі без дастаткова ўважлівых прычынаў”. ЕНП выказала таксама глыбокую заклапочанасьць тым, што “працягваецца працэс закрыцьця і ціску на палітычныя і грамадзкія арганізацыі, якія дзейнічаюць у адпаведнасьці з прынцыпамі дэмакратыі; існуюць абмежаваньні, скіраваныя супраць незалежных СМІ, арышты і закрыцьцё незалежных газетаў; адбываецца прыгнячэньне сістэмы нацыянальнай адукацыі і закрыцьцё незалежных навучальных установаў; не праводзяцца рынкавыя рэформы, прадэклараваныя ў розных пагадненьнях і ў афіцыйным курсе ўладаў; адсутнічаюць дэмакратычна абраныя органы ўлады, якія рэпрэзентуюць свабодную волю грамадзянаў, якая выражаецца праз выбары”.
5 лютага распачалі страйк наваполацкія прадпрымальнікі — гандляры рэчавых кірмашоў. Гэтая акцыя ў падтрымку патрабаваньняў віцебскіх калегаў, якія пачалі галадоўку.
5 лютага віцебскі апазіцыянер Уладзімір Плешчанка аштрафаваны на 2 мільёны 800 тысячаў рублёў. У. Плешчанку затрымалі з плакатам “Збор падпісаў у суд супраць саюзнае дамовы, незаконна падпісанай Аляксандрам Лукашэнкам”.
5 лютага Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу актывіста “Маладога Фронту” Артура Фінькевіча, які патрабаваў “адмяніць пастанову па справе аб адміністратыўным правапарушэньні суда Савецкага раёну г. Менску ад 27.11.2003 як не заснаваную на законе”. Старшыня Менскага гарадзкога суда М. Ардзяка паведаміў А.Фінькевічу, што скарга не задаволеная па наступных падставах: “Довады скаргі ў тым, што вы незаконна прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці, бо лічыце, што ўчынілі расьцягнутае ў часе правапарушэньне, і ўжо былі 13 лістапада прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці за аналагічнае правапарушэньне, учыненае Вамі правапарушэньне не зьяўляецца расьцягнутым у часе, бо па дадзенай справе яно было перапыненае 10 лістапада 2003 году, а па іншай справе – 12 лістапада 2003 году. Адміністратыўнае пакараньне на Вас накладзенае ў адпаведнасьці з ч.2 ст.167-1КаАП, з улікам дадзеных, якія харатарызуюць Вашую асобу, канкрэтных абставінаў справы”. Нагадаем, што 27 лістапада 2003 году судзьдзя суда Савецкага раёну Р. Казадаеў вынес рашэньне па справе А.Фінькевіча — 15 сутак адміністратыўнага арышту. Рашэньне было вынесенае ў той самы дзень, калі скончыўся тэрмін папярэдняга зьняволеньня. Перад гэтым 13 лістапада А.Фінькевіч быў асуджаны на 15 сутак арышту за распаўюд улётак з заклікам прыходзіць на акцыю, накіраваную супраць падаўжэньня прэзідэнцкіх паўнамоцтваў А.Лукашэнкі. Пасьля сканчэньня першых 15 сутак А.Фінькевіч так і ня выйшаў на волю – са сьпецпрыёмніку яго адразу адвезьлі ў РУУС Савецкага раёну, дзе быў складзены пратакол па арт. 167.1 КаАП. ч. 2. за распаўсюд улётак, за якія ён быў затрыманы напачатку лістапада за тыдзень да таго, як яго першы раз асудзілі. На падставе гэтага пратаколу Р.Казадаеў зноў вынес рашэньне пра 15 сутак адміністратыўнага арышту, бо А.Фінькевіч зьяўляўся заяўляльнікам акцыі “НЕ – трэцяму рэферэндуму”. А 18 сьнежня Артур Фінькевіч атрымаў рашэньне адміністратыўнай камісіі Заводзкага раёну ад 12 сьнежня, у якім паведамляецца, што ён аштрафаваны на 60 тысячаў за “распаўсюд друкаваных выданьняў, вырабленых з парушэньнем устаноўленага парадку” (арт. 172 ч.3 КаАП РБ). Гэта быў першы прэцэдэнт, калі чалавека асудзілі тройчы за адныя і тыя ж дзеяньні.
5 лютага Міністэрства інфармацыі прыпыніла тэрмінам на 1 месяц выхад недзяржаўнай газеты “Згода”. Пра гэта 6 лютага даведаўся заснавальнік выданьня Аляксей Кароль у друкарні “Плутас-маркет”, дзе ў яго адмовіліся прыняць у друк чарговы нумар выданьня. Крыху пазьней ён атрымаў па пошце два загады, падпісаныя міністрам Уладзімірам Русакевічам: аб вынясеньні папярэджаньня і аб прыпыненьні газеты тэрмінам на 1 месяц. Падставай дзеля вынясеньня папярэджаньня і прыпыненьня газеты сталі “грубыя парушэньні заканадаўства”, якія, па меркаваньні міністра, на працягу доўгага часу дапускала рэдакцыя. Па-першае, ёй інкрымінуюць зьмену юрыдычнага адрасу без адпаведнага паведамленьня ў Міністэрства інфармацыі (арт. 11 Закону аб друку). Па-другое, газету абвінавачваюць у тым, што яна выдаецца толькі на рускай і беларускай, а не на ўсіх мовах, пералічаных у яе рэгістрацыйным пасьведчаньні. Але гэта – ня ўсе парушэньні, якія, на думку міністра, дапусьціла рэдакцыя. “Заснавальнік газеты “Згода” грамадзянін Кароль А.С. выконвае функцыі рэдакцыі ў якасьці індывідуальнага прадпрымальніка, але ў выходных дадзеных газеты рэдактарам указваецца іншая асоба – Алесь Здвіжкоў, што парушае артыкулы 19, 20 Закону аб друку”, – гаворыцца ў загадзе У. Русакевіча. Акрамя гэтага, міністр знайшоў у афармленьні выходных дадзеных газеты некалькі парушэньняў міждзяржаўнага стандарту ДАСТ. Заснавальнік газеты А.Кароль упэўнены, што выстаўленыя да выданьня прэтэнзіі – толькі фармальныя падставы дзеля карных захадаў. Газета “Згода” выдаецца з 1992 году і зарэгістраваная як незалежны інфармацыйна-аналітычны штотыднёвік. Са сьнежня 2003 году выданьне павялічыла аб’ём і наклад: замест 8 палосаў пачала выходзіць на 16 накладам 3 050 асобнікаў замест 2 500. Газета рабіла ўхіл на аналітычныя матэрыялы па актуальных эканамічных і палітычных праблемах. На думку А. Караля, увагу Міністэрства інфармацыі магла прыцягнуць публікацыя ў апошнім нумары газеты, якая называлася “Газ, трубы і інтэграцыя”. Як паведаміў А. Кароль, рэдакцыя будзе на працягу месяца прыводзіць свае дакументы ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі Міністэрства. “Аднак у нас няма ўпэўненасьці, што гэта будуць апошнія “зачэпкі”, каб ня даць нам выходзіць”, – зазначыў ён.
5 лютага стала вядома, што беларускія ўлады аказваюць ціск на баптысцкіх пастараў, прымушаючы іх выплочваць штрафы за кіраўніцтва рэлігійнымі арганізацыямі. Падобныя абвінавачаньні вылучаныя супраць трох пастараў: Віктара Яўцюхова, Алега Курносава і Канстанціна Ерамеева.
6 лютага суд Маскоўскага раёну Берасьця адхіліў скаргу старшыні гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Ніны Давыдоўскай на рашэньне адміністратыўнай камісіі Маскоўскага раёну. Паводле гэтага рашэньня спадарыню Давыдоўскую забавязалі сплаціць штраф 49 тысячаў рублёў за распаўсюд друкаванай прадукцыі, якая ня мае выходых зьвестак і “шкодзіць дзяржаўным інтарэсам”. Такой прадукцыяй міліцыянты палічылі ўлёткі, што сябры Партыі БНФ раздавалі 10 сьнежня 2003 году, у Міжнародны дзень правоў чалавека, каля берасьцейскага заводу “Цьветатрон”. Улёткі ўтрымлівалі заклік да рабочых адстойваць свае правы.
6 лютага дзевяты нумар адной з найстарэйшых у Беларусі недзяржаўных газет “Витебский курьер” выйшаў з “белай плямай” замест тэлепраграмы. У гэтым жа выпуску рэдакцыя выступіла з адмысловым зваротам да чытачоў, у якім патлумачыла прычыны таго, што адбылося. Найперш у сваім звароце рэдакцыя характарызуе агульную сітуацыю, якая склалася на інфармацыйным полі Беларусі: гэта эканамічны і палітычны ціск на недзяржаўныя СМІ, ліквідацыя грамадзкіх арганізацыяў, скарачэньне вяшчаньня расійскіх тэлеканалаў і радыёстанцыяў і г.д. У адным шэрагу з гэтымі падзеямі рэдакцыя “Витебского курьера” разглядае і рашэньне калегіі Адміністрацыі прэзідэнта ад 27 кастрычніка 2003 году перадаць усе правы на распаўсюд праграмы тэлеперадачаў шэрагу каналаў дзяржаўнаму агенцтву БелТА. “Такім чынам, створаная чарговая дзяржманаполія”, – гаворыцца ў звароце. Журналісты распавядаюць, як на працягу студзеня рэдакцыя “Витебского курьера” марна дамагалася заключэньня з БелТА дамовы на атрыманьне праграмы тэлеперадачаў асноўных эфірных тэлеканалаў. 3 лютага рэдакцыя нарэшце атрымала дамову на люты 2004 году, дзе фігуравала сума – 5 мільёнаў 25 тысячаў беларускіх рублёў за месяц. (Дагэтуль рэдакцыя плаціла за тыя ж паслугі каля 100 тысячаў рублёў). “Гэта месячны заробак усіх нашых супрацоўнікаў, альбо кошт месячнай рэалізацыі газеты”, – гаворыцца ў звароце да чытачоў. “Працаваць без заробку ў супрацоўнікаў нашай рэдакцыі няма магчымасьці – ва ўсіх сем’і, а купляць “Витебский курьер” па 1000 рублёў за нумар узьнікне жаданьне не ва ўсіх... У чарговы раз улада жорстка ўказвае жабракам-беларусам, што яны павінны слухаць, што глядзець і што чытаць. Мы працягнем барацьбу за нашы з Вамі канстытуцыйныя правы і спадзяемся, што нашы паважаныя чытачы набываюць “Курьер” ня толькі з-за праграмы тэлеперадачаў, і ўлады ў гэтым выпадку пралічыліся”.
6 лютага Міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры бяз межаў" выступіла з заявай пратэсту з нагоды прыцягеньня да адміністратыўнай адказнасьці журналісткі Наталі Каляды, якая займаецца інфармацыйным напаўненьнем сайту "Хартыі-97". "Усё, што зьдзейсніла Каляда – выказалася супраць бясконцых парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, – лічаць "Рэпарцёры бяз межаў". – Караючы яе за напісаньне артыкулаў у Інтэрнэце, судзьдзя ... дае трывожны сігнал праваабаронцам і журналістам". "Рэпарцёры" адзначаюць, што ў Беларусі, дзе незалежная прэса знаходзіцца пад пастаянным уціскам з боку ўладаў, Інтэрнэт застаецца бадай адзінай крыніцай неадцэнзураванай інфармацыі. "Мы рашуча асуджаем гэтую спробу зьнішчыць свабодную прэсу ў Інтэрнэце", – гаворыцца ў заяве арганізацыі.
6 лютага на сесію Гарадзенскага абласнога Савету не пусьцілі двух журналістаў — Андрэя Пачобута з газеты “День” і Ніну Палуцкую, якая працуе ў Інтэрнэт-выданьні belarusfree.org. Ім паказалі сьпіс дапушчаных на паседжаньне карэспандэнтаў, які падпісаў начальнік упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Уладзімір Амелька. У гэтым сьпісе былі толькі прадстаўнікі дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. На сесіі галоўным пытаньнем была справаздача за мінулы год старшыні аблвыканкаму Уладзіміра Саўчанкі.
9 лютага старшыня гомельскага аддзяленьня РГА “Прававая ініцыятыва” Леанід Судаленка выказаў намер пачаць збор подпісаў за адхіленьне ад тэлеэфіру “гэтак званага праваабаронцы Яўгена Новікава”, калі гэта дабраахвотна ня зробіць сама Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія. У адкрытым лісьце, дасланым Судаленкам на адрас НДТРК, амбасады Чэшскай Рэспублікі і СМІ, нагодай да патрабаваньня стала ўбачаная ім 29 студзеня па Першым нацыянальным канале перадача Я.Новікава, прысьвечаная правам чалавека ў Чэхіі. “У глыбока зьняважлівай форме аўтар перадачы прыпісвае чэшскаму народу амаральныя і супрацьзаконныя дзеяньні. (...) Пасьля яе прагляду ў мяне склалася пачуцьцё сораму за нашае, на маю думку, звар’яцелае тэлебачаньне”, – піша Судаленка. Зьвяртаючыся да амбасады Чэхіі і ўсяго чэшскага народу, Судаленка прыносіць свае прабачэньні “за тое, што адбываецца на дзяржаўным тэлебачаньні Беларусі”.
9 лютага ў Барысаве адбыўся мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў, якія пратэставалі супраць фінансавага ўціску. Каля трохсот удзельнікаў санкцыянаванага Барысаўскім гарвыканкамам мітынгу сабралася на гарадзкім стадыёне. Паводле арганізатараў акцыі, яе правядзеньне было выкліканае паглыбленьнем канфлікту паміж прадпрымальнікамі і ўладамі. Лідэр барысаўскіх бізнэсоўцаў Віктар Гарбачоў абвясьціў удзельнікам, што ў краіне распачынаецца новая хваля эканамічнага ціску на дробны бізнэс, якую справакавалі прынятыя летась прэзідэнцкі дэкрэт пра ліцэнзаваньне і пастанова ўраду пра новыя правілы гандлю на рынках. Прамоўца зазначыў, што ўвядзеньне згаданых актаў выкліча масавае банкруцтва дробных бізнэсоўцаў. Паводле ягоных словаў, першымі гэта зразумелі гандляры Віцебску, якія выказалі свой пратэст, абвесьціўшы галадоўку. Лідэр грамадзкага аб’яднаньня “Персьпектыва” Анатоль Шумчанка распавёў барысаўчанам пра сустрэчу з галадоўнікамі, якія, паводле ягоных словаў, маюць патрэбу ў падтрымцы сваіх дзеяньняў. Ён зьвярнуў увагу на тое, што без такой падтрымкі пагроза банкруцтва можа напаткаць бізнэсоўцаў любога іншага рэгіёну, у тым ліку Барысаву. А таму, паводле спадара Шумчанкі, беларускія прадпрымальнікі мусяць аб’яднацца, каб разам супрацьдзейнічаць уладам. Лідэр “Персьпектывы” заклікаў барысаўскіх гандляроў узяць актыўны ўдзел у агульнанацыянальным аднадзённым страйку. Удзельнікі барысаўскага мітынгу прынялі рэзалюцыю, у якой заклікалі ўлады скасаваць новаўвядзеньні, скіраваныя на зьнішчэньне ў Беларусі дробнага прадпрымальніцтва.
9 лютага стала вядома, што адзін з еўрапейскіх судоў распачне справу супраць кіраўнікоў Беларусі, якія падазраюцца ў арганізацыі зьнікненьняў вядомых у краіне людзей. Пра гэта Сьвятлана Завадзкая паведаміла пасьля сваёй паездкі ў Бельгію. Сьвятлана Завадзкая кажа, што распачынаць судовую справу аб зьнікненьнях у адным з еўрапейскіх судоў было немагчыма без кансультацыяў з уплывовымі еўрапейскім палітыкамі. Сьвятлана Завадзкая цягам трох папярэдніх дзён мела сустрэчы ў Бруселі з уплывовымі дэпутатамі Еўрапарламенту. Сярод іх былі Элізабэт Шродтэр, Ян Вірсма, Барт Стайс ды іншыя палітыкі. Падчас сустрэч з імі былі абмеркаваныя магчымасьці слуханьняў у Еўрапарламенце праблемы палітычных зьнікненьняў у Беларусі, а таксама арганізацыйныя ды фінансавыя акалічнасьці будучага судовага працэсу над беларускімі кіраўнікамі, якія, магчыма, датычныя да зьнікненьняў. Калі адзін з еўрапейскіх судоў пачне слуханьні справаў зьніклых беларускіх апазіцыянераў, то падазраваемых беларускіх кіраўнікоў могуць затрымаць у любой з еўрапейскіх краінаў і пад прымусам даставіць на працэс. Сваякі зьніклых дамагаюцца, каб гэтая працэдура была зробленая адносна Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова, Уладзіміра Навумава, Дзьмітрыя Паўлічэнкі ды некаторых іншых асобаў.
10 лютага ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" атрымала з Пракуратуры РБ адказ на свой запыт з просьбай патлумачыць сітуацыю з распаўсюдам праграмы перадачаў беларускіх тэлеканалаў. Начальнік упраўленьня Пракуратуры І.К.Падамацька праінфармаваў БАЖ пра тое, што перанакіроўвае зварот арганізацыі ў Дэпартамент антыманапольнай і цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі РБ. Сп. Падамацька просіць гэтае ведамства паведаміць аб выніках дасьледваньня аўтару звароту – намесьніку старшыні БАЖ Андрэю Бастунцу.
10 лютага рэсурсны цэнтр “Усяслаў Чарадзей” у Наваполацку атрымаў пісьмовае папярэджаньне ўпраўленьня юстыцыі. Недзяржаўная арганізацыя парушыла заканадаўства, бо не знаходзіцца па месцы свайго юрыдычнага адрасу. Калі на працягу некалькіх тыдняў пытаньне з новым юрыдычным адрасам ня будзе вырашана, то рэгістрацыя “Усяслава Чарадзея” будзе скасаваная, і арганізацыя ў персьпектыве можа быць ліквідаваная.
10 і 11 лютага была паралізаваная праца Інтэрнэт-сайту "Хартыі’97". "У нас няма наўпроставых доказаў, але ёсьць усе падставы меркаваць, што правядзеньне атакі санкцыянаванае і падтрымліваецца беларускімі ўладамі", – гаворыцца ў адмысловым паведамленьні на сайце "Хартыі’97". Пра гэта паведамілі 12 лютага журналісты, здолеўшы аднавіць працу сайта. 10 лютага раніцай кампанія-хостэр, у якой базуецца сайт "Хартыі’97", зафіксавала 980 тысячаў запытаў да рэсурсу з розных ІР-адрасоў, разьмешчаных па ўсім сьвеце. У выніку кампанія вымушаная была прыпыніць абслугоўваньне сайту, і ён быў недаступны для карыстальнікаў на працягу двух дзён. "Хартыя’97" нагадвае, што першая хваля атакі на рэсурс пачалася 20 студзеня, пасьля разьмяшчэньня на ім артыкулу пра беларускіх гандляроў дзіцячай парнаграфіяй. Зараз супрацоўнікі сайту бачаць у дзеяньнях невядомых хакераў ня толькі жаданьне абмежаваць распаўсюд інфармацыі аб фігурантах гэтага бізнэсу, але і намер "разабрацца" з папулярным беларускім Інтэрнэт-рэсурсам. Журналісты нагадваюць, што каля тыдня таму менскі суд аштрафаваў іх калегу Наталю Каляду, палічыўшы, што падрыхтоўка і распаўсюд журналісткай інфармацыі на сайце "Хартыі-97" ёсьць дзейнасьць ад імя незарэгістраванай структуры. Яны таксама зьвяртаюць увагу на тое, што новая хваля атакі на сайт супала з міжнародным форумам у Рызе, у якім бралі актыўны ўдзел прадстаўнікі беларускай апазіцыі. Усё гэта, на іх думку, сьведчыць пра пачатак "шырокамаштабнай інфармацыйнай "зачысткі" у віртуальнай прасторы Белнэту".
11 лютага Камітэт выкананьня пакараньняў амніставаў Аксану Новікаву. Цэнтральны суд Менску 4 красавіка 2003 пакараў Аксану Новікаву за абразу прэзідэнта. А.Новікава 17 кастрычніка 2002 году на Кастрычніцкім пляцы раздавала ўлёткі, у якіх сьцьвярджалася, што Аляксандр Лукашэнка і кіраўнікі сілавых ведамстваў мелі дачыненьне да выкраданьня людзей. Суд не выклікаў ніводнага сьведкі, якіх прапанавала абарона, і пакараў Аксану Новікаву за абразу прэзідэнта двума гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады. Аксана Новікава, нягледзячы на пакараньне, і далей удзельнічала ў вулічных апазіцыйных акцыях. Двойчы яна самастойна правяла пікеты і за гэта панесла адміністратыўную адказнасьць. За парушэньні Адміністратыўнага кодэксу Аксану маглі накіраваць адбываць пакараньне ў жаночую калонію, але чыноўнікі ўлічылі тое, што яна мае маленькае дзіця і ўжылі для маладой маці амністыю.
11 лютага заснавальнік і рэдактар недзяржаўнай газеты "Вечерний Столин" Аляксандр Ігнацюк атрымаў па пошце папярэджаньне і загад аб прыпыненьні выданьня на тры месяцы. Абодва дакументы падпісаныя міністрам інфармацыі Уладзімірам Русакевічам. На думку міністра, выданьне груба парушала дзеючае заканадаўства: у прыватнасьці, артыкулы 30 і 11 Закону аб друку і некалькі пастановаў Савету Міністраў. Газету абвінавачваюць у тым, што ў нумарах 42 і 44 за 2003 г. "рэкламныя матэрыялы перавышаюць 30% аб’ёму нумароў", хаця "газета не зарэгістраваная ў якасьці сьпецыялізаванага сродку масавай інфармацыі для паведамленьняў і матэрыялаў рэкламнага характару". Другая прэтэнзія да газеты тычыцца зьмены яе тэматыкі і мовы без пісьмовага інфармаваньня рэгіструючага органу. (У папярэджаньні гаворыцца, што выданьне зьмяніла тэматыку "з вытворча-практычнай і для вольнага часу на масава-палітычную", а замест рускай і беларускай моваў перайшло на рускую, не паведаміўшы пра гэта ў месячны тэрмін Міністэрству інфармацыі).На падставе гэтага міністр Русакевіч 5 лютага вынес газеце папярэджаньне, а 6 лютага падпісаў загад аб яе прыпыненьні на 3 месяцы. Нагадаем: 26 лютага 2003 г. выпуск газеты "Вечерний Столин" ужо прыпыняўся на тры месяцы па загадзе міністра інфармацыі М. Падгайнага пасьля таго, як газеце былі вынесеныя 2 папярэджаньні за парушэньне арт. 5 Закону аб друку. Аднак з 28 красавіка выхад газеты быў адноўлены: міністр інфармацыі задаволіў заяву А. Ігнацюка аб зьняцьці з газеты карных санкцыяў з прычыны цяжкага фінансавага становішча выданьня. Нагадаем таксама, што 26 сьнежня 2003 году суд Столінскага раёну прызнаў заснавальніка газеты "Вечерний Столин" Аляксандра Ігнацюка вінаватым у парушэньні арт. 369 КК РБ – "зьнявага прадстаўніка ўлады" – і абавязаў яго выплаціць былому старшыні райвыканкаму Уладзіміру Пашкевічу грашовую кампенсацыю ў памеры 30 базавых велічыняў.
11 лютага менскія ўлады не далі дазволу актывістам «Маладога Фронту» на правядзеньне 14 лютага ў цэнтры гораду шэсьця з нагоды Дня сьвятога Валянціна. Чыноўнікі матывуюць сваё рашэньне тым, што закон забараняе праводзіць масавыя вулічныя мерапрыемствы паблізу будынкаў дзяржаўных установаў і дыпламатычных місіяў. Нягледзячы на забарону, маладафронтаўцы зьбіраюцца правесьці шэсьце менавіта ў цэнтры Менску.
12 лютага стала вядома, што былому рэктару Гомельскага медыцынскага інстытуту Юрыю Бандажэўскаму на год зьменшанае васьмігадовае пакараньне. Між тым, палітыкі ў Еўропе і сьвеце патрабуюць увогуле вызваліць Юрыя Бандажэўскага, якога лічаць пацярпелым за свае перакананьні. Тое, што Юрыю Бандажэўскаму зьменшылі пакараньне паводле чарговай амністыі, пацьвердзілі ў менскай калоніі на Кальварыйскай вуліцы, дзе адбывае тэрмін былы рэктар. “Звычайна такіх зьвестак мы не даем, але зробім выключэньне. Адносна Бандажэўскага рашэньне вось толькі прынятае. Яшчэ адзін год яму скасавалі. Можаце парадаваць сваякоў, яны пра гэта пакуль ня ведаюць”, — сказаў супрацоўнік калоніі. Жонка Юрыя Бандажэўскага Галіна, атрымаўшы навіну пра зьмяншэньне тэрміну пакараньня мужа, адразу пачала лічыць, колькі яму яшчэ засталося: “Дзьве амністыі ўжо прайшлі, былая амністыя і гэта, такім чынам, ад васьмі гадоў адняць два — гэта шэсьць. З іх тры гады ён адседзеў — гэта палова тэрміну, таму ён можа прэтэндаваць на зьмену меры ўтрыманьня, – сказала Галіна Бандажэўская”. У менскай калоніі сапраўды пацьвердзілі, што справу Юрыя Бандажэўскага суд можа перагледзець і зьмяніць яму рэжым пакараньня. Прыкладам, турэмнае зьняволеньне могуць замяніць на гэтак званую “хімію”. Дакладна калі гэта адбудзецца, не паведамілі, але сказалі, што звычайна мінае няшмат часу. Між тым, шматлікія праваабарончыя арганізацыі сьвету і вядомыя палітыкі працягваюць патрабаваць апраўданьня і вызваленьня Юрыя Бандажэўскага, бо лічаць, што ён пацярпеў за свае навуковыя погляды на чарнобыльскую праблему, якія разыходзіліся з афіцыйнай пазіцыяй беларускіх уладаў. На гэта беларускія ўлады адказваюць заявамі пра тое, што Бандажэўскі — звычайны хабарнік, якога напаткала справядлівае судовае пакараньне. Пра гэта, у прыватнасьці, паведамляецца ў нядаўнім адказе беларускага ўраду на запыт Камітэту правоў чалавека ААН. Вядома, што былы рэктар гэтак і не прызнаў сябе вінаватым і, не атрымаўшы абароны ў судах вышэйшых інстанцыяў, зьвярнуўся са скаргай у Камітэт правоў чалавека ААН. Камітэт зрабіў запыт беларускаму ўраду адносна скаргі Бандажэўскага, і вось нядаўна стала вядома пра афіцыйны адказ беларускага ўраду. Гары Паганяйла, абаронца Бандажэўскага ў судах, азнаёміўся з гэтым дакументам і лічыць яго вельмі фармальным. Паводле Гары Паганяйлы, беларускія чыноўнікі цалкам абышлі ўвагай скаргі Юрыя Бандажэўскага на парушэньні ягоных правоў. Гары Паганяйла пералічвае сьпіс гэтых парушэньняў: “Гэта незаконны арышт, утрыманьне ва ўмовах, якія мы лічым катаваньнем і прыніжэньнем ягонага чалавечага гонару і годнасьці. Акрамя таго, былі дапушчаныя парушэньні ягонага права на абарону, права на незалежны і аб’ектыўны суд, права на абскарджаньне прысуду”.
12 лютага аўтарытэтная міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International распачала акцыю ў падтрымку зьняволенага прафесара Юрыя Бандажэўскага. Amnesty International зьвярнула ўвагу на пагаршэньне стану здароўя Бандажэўскага і заклікала дасылаць лісты на імя Аляксандра Лукашэнкі і іншых кіраўнікоў. Зварот праваабарончай арганізацыі распаўсюджаны па электроннай пошце, а таксама зьмешчаны на вэб-сайце Amnesty International. Amnesty International цытуе ліст зьняволенага прафесара: “Я вельмі ўдзячны, што пра мяне не забываюцца. Мой стан здароўя не найлепшы, я ў дэпрэсіі... Лекі не дапамагаюць і даюць шмат пабочных эфектаў, у тым ліку і алергію. У мяне не засталося ніякіх сілаў”, – гэтак пісаў прафесар Бандажэўскі сваёй жонцы Галіне з турмы.
12 лютага ў Беларусі прайшоў аднадзённы папераджальны агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў. У страйку прынялі ўдзел больш за 20 тысячаў прадпрымальнікаў. Акцыя прайшла ў знак салідарнасьці з трыццацьцю віцебскімі прадпрымальнікамі, якія ўжо 12 дзён трымаюць галадоўку ў сувязі з тым, што віцебскія чыноўнікі вырашылі надаць усім рынкам статус гандлёвых цэнтраў, што пацягнула павышэньне коштаў арэнды, канфіскацыю тавараў, абавязковае ўвядзеньне касавых апаратаў. З прычыны такіх дзеяньняў абсалютная бальшыня прадпрымальнікаў можа стаць банкрутамі, хаця ўжо цяпер яны нясуць вялікія страты. Найбольшая актыўнасьць была праяўлена на адкрытых рынках ў Гародні, Менску і Віцебску. Рынак "Дынама" ў Менску не працаваў цалкам. Таксама ў Менску ня выйшлі на працу прадпрымальнікі на рынках “Ждановічы”, “Уручча”, “Свэлта”, “Чэрвеньскі” і інш. Калі ўлады ня выканаюць патрабаваньне прадпрымальнікаў правесьці з імі перамовы да 20 лютага, прадпрымальнікі з 1 сакавіка абвесьцяць бестэрміновы страйк з нявыплатай адзінага падатку ды іншых плацяжоў.
12 лютага гарадзенскіх журналістаў Анджэя Пісальніка (газета "День") і Ірыну Чарняўку ("Белорусская газета") выдалілі з залы, дзе праходзіла нарада Упраўленьня інфармацыі Гарадзенскага аблвыканкаму з удзелам намесьніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч. Карэспандэнтку Юлію Дарашкевіч увогуле не пусьцілі ў памяшканьне, дзе праходзіла мерапрыемства. Журналісты рыхтуюць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні чыноўнікаў. За апошні тыдзень гэта ўжо другі выпадак у Гародні, калі чыноўнікі Упраўленьня перашкаджаюць прадстаўнікам недзяржаўнай прэсы выконваць прафесійныя абавязкі. На нарадзе абмяркоўваўся план мерапрыемстваў па ідэалагічнай рабоце на бягучы год. Акрамя супрацоўнікаў Упраўленьня інфармацыі аблвыканкаму, на сустрэчы прысутнічалі галоўны рэдактар газеты "Вечерний Гродно" А. Кучынскі, дырэктар Гарадзенскай тэлерадыёкампаніі "Гродно" У. Пярцоў, карэспандэнт агенцтва БелТА Р.Салата, а таксама рэдактары дзяржаўных газетаў і кіраўнікі аддзелаў інфармацыі райвыканкамаў вобласьці – агулам каля 50 чалавек. На ўваходзе ў залу паседжаньняў Анджэя Пісальніка і Ірыну Чарняўку затрымаў намесьнік кіраўніка Упраўленьня інфармацыі Павел Скрабко, які заявіў, што гэта – "унутранае мерапрыемства" і запатрабаваў, каб яны пакінулі будынак аблвыканкаму. Аднак журналісты спаслаліся на закон аб друку, які дае ім права прысутнічаць на гэткіх сустрэчах без запрашэньня, і прайшлі ў залу. Тады П.Скрабко выклікаў міліцыянта з аховы будынку аблвыканкаму, па патрабаваньні якога А.Пісальнік пакінуў залу. І. Чарняўка заставалася ў памяшканьні да пачатку паседжаньня. Кіраўнік Упраўленьня інфармацыі Уладзімір Амелька прапанаваў прысутным прагаласаваць за выдаленьне журналістаў з залы. Прапанову падтрымалі сем чалавек, аднак сп. Амелька абвесьціў, што рашэньне прынятае "адзінагалосна". І.Чарняўка падпарадкавалася, папярэдзіўшы, што запатрабуе выпіску з пратаколу з вынікамі галасаваньня.
13 лютага ўласнага карэспандэнта “Белорусской деловой газеты” па Гомельскай вобласьці Ірыну Макавецкую выклікалі ў абласную пракуратуру. Начальнік аддзелу агульнага нагляду за законнасьцю па выкананьні прававых актаў Аляксандр Елісееў зачытаў ёй тэкст папярэджаньня, вынесенага пракурорам вобласьці Алегам Палавінкам. Выдаць дакумент журналістцы сп. Елісееў адмовіўся, аднак пагадзіўся зачытаць яго для дыктафоннага запісу. Падставай дзеля вынясеньня папярэджаньня стаў артыкул І. Макавецкай “Виконт” не вписался в белорусскую действительность”, які зьявіўся ў “БДГ” №104 ад 10.12.2003 г. Пракурор мяркуе, што ў гэтай публікацыі журналістка парушыла арт. 5 Закона “Аб друку і іншых СМІ”, а таксама арт. 9 Закону “Аб судавытворчасьці і статусе судзьдзяў у РБ”. Пракурор сьцьвярджае, што І. Макавецкая “апублікавала матэрыялы судовай справы без пісьмовага дазволу судзьдзі і паставіла пад сумнеў... яго незалежнасьць і законнасьць вынесенага рашэньня ... па справе аб банкруцтве ТАА “BST Ltd.” Пракурор папярэдзіў журналістку, што “ў выпадку далейшага парушэньня заканадаўства І. Макавецкая можа быць прыцягнутая да ўстаноўленай законам адказнасьці”. Зазначым, што за гэтую ж публікацыю Міністэрства інфармацыі РБ вынесла папярэджаньне рэдакцыі “БДГ” яшчэ 30 студзеня 2003 году. Міністр Уладзімір Русакевіч палічыў, што газета парушыла арт. 5 Закона аб друку, апублікаваўшы матэрыялы судовай справы без пісьмовага дазволу судзьдзі.
14 лютага ў Менску ў восьмы раз прайшла акцыя маладафронтаўцаў, прысьвечаная Дню сьвятога Валянціна. Акцыя прайшла пад лозунгам: “Мы любім Еўропу! Мы любім Беларусь!”. Першыя затрыманьні ўдзельнікаў адбыліся на плошчы Свабоды. Каля дванаццаці гадзінаў да лідэра «Маладога Фронту» Паўла Севярынца падышлі супрацоўнікі міліцыі і зацягнулі яго ў мікрааўтобус, які ўнутры быў зроблены як “аўтазак”. У аўтобусе ўжо знаходзіліся два арыштаваныя – Алесь Васілеўскі і Арцём Літвінаў. Яшчэ адзін хлопец крыкнуў “Ганьба!”, і яго тут жа затрымалі. Гэта быў Андрэй Шыбко. Потым падышоў Барыс Гарэцкі з кветкамі ў руках, і яго таксама арыштавалі. Крыху пазьней затрымалі дзяўчыну – Юлю Сіповіч. Усяго было затрымана 6 чалавек – П.Севярынец, Б.Гарэцкі, А. Васілеўскі, А.Літвінаў, А.Шыбко, Ю.Сіповіч. Іх адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, дзе ўзялі тлумачальныя, склалі пратаколы па арт. 167 КаАП (парушэньне парадку правядзеньня масавых акцыяў) і ў 15.00 адпусьцілі.
17 лютага ў Менску затрыманыя актывісты руху "Зубр" – Люба Кучынская і Аляксей Контар, якія расклейвалі ўлёткі на прасьпекце Скарыны. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным затрымалі іх і даставілі ў РУУС Партызанскага раёну Менску, дзе пратрымалі гадзіну і адпусьцілі без складаньня пратаколу. Распаўсюд друкаванай прадукцыі “зубраўцы” правялі таксама ў Івацэвічах, Бярозе, Баранавічах і Слоніме. Сотні ўлётак са словамі "Он должен уйти!" зьявіліся ў гэтых гарадах. Актывісты “Зубра” расклеілі іх каля крамаў, рынкаў, на чыгуначных станцыях і аўтавакзалах, у цэнтры гэтых населеных пунктаў. Таксама ўлёткі былі расклееныя ў вагонах дызельных цягнікоў, якія ходзяць з Баранавічаў на Ваўкавыск і Гародню праз Слонім.
У ноч з 17 на 18 лютага супрацоўнікі міліцыі Ленінскага РУУС г. Гародні спрабавалі патрапіць у кватэру лідэра страйкавага камітэту прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага нібыта дзеля ўручэньня яму позвы. Валерыя Леванеўскага дома ў гэты час не было.
18 лютага суд Ленінскага раёну Менску прыняў рашэньне спагнаць з рэдакцыі "Народнай волі" пакрыцьцё судовых выдаткаў і аплату паслугаў адваката ТАА "Альянс-медиа". Акрамя гэтага, газету абавязалі надрукаваць абвяржэньне артыкулу, які стаў падставай да зыску. Судзьдзя Валянціна Зянькевіч адхіліла патрабаваньне ТАА "Альянс-медиа" аб кампенсацыі маральных стратаў у памеры 50 млн. рублёў. Разгляд зыску аб абароне гонару, годнасьці, дзелавой рэпутацыі і кампенсацыі маральных стратаў ТАА "Альянс-медиа" (заснавальнік газеты "Обозреватель") да рэдакцыі газеты "Народная воля" пачаўся 16 лютага. Падставай да канфлікту стаў артыкул Антона Кузняцова "Как "Обозреватель" Сергея Атрощенко по-бандитски обошёлся с Леонидом Левиным", які зьявіўся на старонках выданьня 3 верасьня 2003 году. Аўтар артыкулу аналізаваў канфлікт паміж рэдакцыяй "Обозревателя" і старшынёй Саюзу яўрэйскіх арганізацыяў і абшчынаў Л. Левіным, які ўзьнік на падставе публікацыі артыкулу "Депутаты Костян, Новосяд и Фролов — личностные антисемиты?". Сп. Левін палічыў, што журналістка "Обозревателя" сказіла сэнс яго інтэрв’ю і падзяліўся сваім меркаваньнем з "Народнай воляй". Адзін з прадстаўнікоў "Народнай волі" ў судзе, намесьнік старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" А.Бастунец лічыць, што суд ня даў належнай ацэнкі дзеяньням рэдакцыі "Обозревателя" ў дачыненьні да Л.Левіна і неабгрунтавана палічыў ацэначныя меркаваньні журналіста "не адпаведнымі рэчаіснасьці зьвесткамі". "Рашэньне суда дае і іншыя падставы для абскарджаньня. Але канчатковую ацэнку гэтай судовай пастановы можна будзе даць пасьля атрыманьня яе матывавальнай часткі", – кажа юрыст. На думку А. Бастунца, судовае рашэньне варта абскардзіць у Менскі гарадзкі суд.
19 лютага каля будынку Адміністрацыі прэзідэнта РБ затрыманая Аксана Новікава, якая раздавала чыноўнікам зварот ад грамадзянаў, што пратэстуюць супраць дзейнасьці уладаў па зносу прыватнага сектару і парушэньня жыльлёвых правоў. Пад зваротам, які раздавала Аксана Новікава, стаялі больш за 100 подпісаў грамадзянаў. Аксана Новікава была дастаўленая ў ГАМ Ленінскага раёну №1. Адносна яе быў складзены пратакол па арт.172 КоАП (распаўсюд друкаваных выданьняў, вырабленых з парушэньнем усталяванага парадку і ня маючых выходных дадзеных, зьмест якіх накіраваны на нанясеньне шкоды дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзянаў). Пасьля складаньня пратаколу Аксану Новікаву адпусьцілі. Ёй пагражае папярэджаньне альбо штраф да 5 базавых велічыняў.
19 лютага ў пракуратуру г. Наваполацку быў выкліканы праваабаронца Зьміцер Салаўёў. Прычынай выкліку стаў ліст, што прыйшоў у пракуратуру з гарвыканкаму, у якім сьцьвярджалася, што ў горадзе дзейнічаюць структуры незарэгістраваных арганізацыяў і згадваўся Праваабарончы цэнтр “Вясна”. У якасьці доказу быў прыкладзены мясцовы праваабарончы бюлетэнь “Наша права”. Прадстаўнікі пракуратуры патрабавалі ад Зьміцера Салаўёва тлумачэньняў. “Мне паказалі гэтую заяву з гарвыканкаму і папрасілі даць тлумачэньні, – гаворыць Зьміцер Салаўёў. – Спасылаючыся на арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, я адмовіўся даваць інфармацыю, якая можа быць скарыстаная супраць мяне”.
19 лютага Вышэйшы гаспадарчы суд РБ адхіліў зыск смаргонскай прадпрымальніцы Вольгі Куняўскай да Гарадзенскага аблвыканкаму. В. Куняўская спрабавала абскардзіць рашэньне аблвыканкаму па адмове ў рэгiстрацыi яе прыватнага ўнітарнага прадпрыемства "Регион-пресс". Агучыўшы рашэньне, судзьдзя Людміла Калеснікава паведаміла толькі, што вынясе "прыватнае вызначэньне" на адрас Гарадзенскага аблвыканкаму за тое, што чыноўнікі не ўказалі прычыны адмовы ў рэгістрацыі "Регион-пресс", а таксама пратэрмінавалі адказ прадпрымальніцы. Разгляд справы пачаўся 13 студзеня, але пасьля гэтага суд двойчы адкладаўся. У выніку гэтую справу запатрабаваў Вышэйшы гаспадарчы суд. Нагадаем: у пачатку сакавiка 2003 году Вольга Куняўская, жонка выдаўца "Новой газеты Сморгони" Рамуальда Улана, зьвярнулася з заявай аб рэгiстрацыi прыватнага ўнiтарнага выдавецкага прадпрыемства "Регион-пресс" у Гарадзенскі аблвыканкам, аднак чыноўнікі адмовiлі ёй без тлумачэньня прычынаў. Раней Гаспадарчы суд Гарадзенскай вобласьцi па зыску Смаргонскага райвыканкаму ануляваў рэгiстрацыю індывідуальнага прадпрымальнiка Р.Улана. Пасьля гэтага прадпрымальнік заявіў, што плануе аднавiць выхад "Новая газета Сморгони" праз рэгiстрацыю юрыдычнай асобы, якая возьме на сябе функцыi рэдакцыi.
19 лютага Вышэйшы гаспадарчы суд РБ адмовіў рэдакцыі “Белорусской деловой газеты” ў зыску да Міністэрства інфармацыі. Журналісты дамагаліся адмены папярэджаньня, вынесенага газеце 26 сьнежня 2003 году. Падставай дзеля вынясеньня папярэджаньня сталі адразу тры артыкулы журналіста Сяргея Сацука “Ушёл через окно. Серийный маньяк разрушил миф о неприступности “американки” (“БДГ” ад 24 верасьня 2003 г. №82), “Один против всех” (“БДГ” ад 1 кастрычніка 2003 г. №84) і “Покушение, которого не было” (“БДГ” ад 12 лістапада №96). Міністэрства палічыла, што ў згаданых публікацыях былі распаўсюджаныя “не адпаведныя рэчаіснасьці зьвесткі”, што зьяўляецца парушэньнем арт. 32 Закону аб друку. Вынясеньне папярэджаньня было ініцыявана Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі, які зьвярнуўся ў Міністэрства інфармацыі і “прадаставіў яму матэрыялы”. Міністэрства інфармацыі ў гэтай сітуацыі па сутнасьці ўзяло на сябе функцыі суда, мяркуе прадстаўнік газеты ў судзе Андрэй Бастунец: паводле заканадаўства аб друку, асобы або ўстановы, чые правы закранула не адпаведная рэчаіснасьці апублікаваная інфармацыя, павінны патрабаваць яе абвяржэньня праз зварот у рэдакцыю, а ў выпадку адмовы дамагацца гэтага праз суд. А. Бастунец таксама зьвяртае ўвагу на тое, што ўсе тры артыкулы былі напісаныя ў жанры журналісцкага расьсьледваньня. “Рэакцыя КДБ зьяўляецца паказьнікам стаўленьня дзяржаўных органаў да гэтага накірунку журналістыкі,” — лічыць юрыст. Судовае рашэньне ўступіла ў законную сілу і можа быць абскарджанае толькі ў парадку нагляду. Такім чынам, на рахунку “БДГ” зараз тры папярэджаньні, два з якіх суд пакінуў у сіле, а трэцяе (вынесенае за парушэньне арт. 5 Закону аб друку) рэдакцыя яшчэ будзе аспрэчваць.
20 лютага ў судзе Ленінскага раёну г. Менску павінен быў адбыцца разгляд адміністратыўнай справы юрыста Праваабарончага цэнтру “Вясна” Уладзіміра Лабковіча. Нагадаем, што судовая пастанова аб прыцягненьні У. Лабковіча да адміністратыўнай адказнасьці была адмененая з-за адмовы судзьдзі весьці працэс на беларускай мове. Але судзьдзя Алена Церашкова са словамі “Так вы еще не освоили русского языка?” перанесла разгляд адміністратыўнай справы Уладзіміра Лабковіча на 4 сакавіка. Нагадаем пра абставіны, якія пацягнулі за сабой прыцягненньне Уладзіміра Лабковіча, прафесійнага юрыста, да адміністратыўнай адказнасьці. У кастрычніку 2003 году ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь разглядалася грамадзянская справа аб ліквідацыі адной з найбольш уплывовых праваабарончых арганізацыяў у краіне – Праваабарончага цэнтру “Вясна”. 28 кастрычніка арганізацыя рашэньнем судзьдзі Валянціны Кулік была ліквідаваная, і сябры "Вясны" ў знак пратэсту селі проста на падлогу ў зале судовых паседжаньняў. За дадзенае “правапарушэньне” восем сяброў Праваабарончага цэнтру былі пакараныя штрафамі па арт. 166 КаАП РБ — "непадпарадкаваньне законным патрбаваньням супрацоўнікаў міліцыі", сярод іх – і юрыст Уладзімір Лабковіч. Разглядалі матэрыялы адміністратыўных правапарушэньняў праваабаронцаў судзьдзі суда Ленінскага раёну г. Менску Алена Церашкова, Аляксандр Шылько і Дзьмітры Жданок. Як вельмі часта бывае ў выпадках, калі судзяць апазіцыйных ці грамадзкіх дзеячоў, судзьдзі вялі працэс па-руску, “правапарушальнікі” гаварылі па-беларуску. Трэба адзначыць, што Праваабарончы цэнтр “Вясна” заўсёды вылучаўся сваім беларускамоўным воблікам, і нават працэс па закрыцьці арганізацыі ў Вярхоўным судзе праводзіўся па-беларуску. У адміністратыўным судзе старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі і юрыст Уладзімір Лабковіч запатрабавалі забясьпечыць іх перакладчыкамі. Судзьдзя Аляксандр Шылько, які вёў справу Бяляцкага, хадайніцтва задаволіў, а вось Дзмітрый Жданок, безумоўна, кваліфікаваны юрыст — законнае патрабаваньне “правапарушальніка” праігнараваў, пры гэтым у абразьлівай форме запатрабаваў, каб Лабковіч размаўляў па-руску, чым парушыў ня толькі канстытуцыйнае права на карыстаньне роднай мовай (дзяржаўнай!), але і права на абарону. Магчыма, з-за гэтага ўпартага патрабаваньня праваабаронцы да судзьдзі выконваць закон ён і пакараньне атрымаў у два разы большае – штраф памерам 10 базавых велічыняў, у той час, як усе астатнія ўдзельнікі акцыі пратэсту – па 5 базавых велічыняў. Парушэньне судзьдзёй сваіх правоў Уладзімір Лабковіч абскардзіў у Менскім гарадзкім судзе, і пастанова аб прыцягненьні яго да адміністратыўнай адказнасьці была адмененая, а справа накіраваная на новы разгляд. У пастанове Менскага гарадзкога суда за подпісам старшыні М. Ардзякі сказана: "Пастанова падлягае адмене па наступных падставах: Згодна з арт. 247 КаАП РБ асоба, якая прыцягваецца да адміністратыўнай адказанасьці, мае права знаёміцца з матэрыяламі справы, даваць тлумачэньні, прадастаўляць доказы, заяўляць хадайніцтвы, пры разглядзе справы карыстацца юрыдычнай дапамогай адваката, выступаць на роднай мове і карыстацца паслугамі перакладчыка, калі не валодае мовай, на якой вядзецца вытворчасьць, абскарджваць пастанову па справе. У сваёй скарзе Лабковіч У. М. указвае, што судом яму было нематывавана адмоўлена ў прадастаўленьні перакладчыка. Як бачна з пратаколу судовага паседжаньня, на пытаньне судзьдзі Лабковіч У.М. патлумачыў: "Я не магу аб’ектыўна ўсё разумець, паколькі не разумею па-руску. Бытавую лексіку я разумею, а што тычыць прававых тэрмінаў, то яны мне незразумелыя". Такім чынам, судом парушанае права Лабковіча У.М. карыстацца паслугамі перакладчыка, што цягне за сабой адмену пастановы".
20 лютага Пракуратура РБ выставіла афіцыйнае абвінавачаньне былому старшыні Белтэлерадыёкампаніі Ягору Рыбакову. Абвінавачаньне прад’яўленае ў адпаведнасьці з артыкулум 430 ч.3 КК РБ – атрыманьне хабару асобай, якая займае адказную пасаду. Гэтае злачынства караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці альбо без канфіскацыі і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады альбо займацца пэўнай дзейнасьцю. Дарэчы, праз паўгоду пасьля прыходу Ягора Рыбакова сябры прафбюро Дырэкцыі персьпектыўнага вяшчаньня, якое аб’ядноўвала ўсіх творчых супрацоўнікаў БТ, накіравалі ліст у шэраг структураў з патрабаваньнем зьняць спадара Рыбакова з займаемай пасады. У выніку "службовага расьсьледваньня" з працы былі звольненыя ўсе падпісанты ліста. Ягор Рыбакоў быў земляком і стаўленікам Аляксандра Лукашэнкі і праводзіў на дзяржаўным тэлебачаньні выключна палітыку прэзідэнта.
20 лютага Галоўнае гаспадарчае ўпраўленьне справамі прэзідэнта РБ адмовіла без абгрунтаваньня прычынаў у працягу дамовы арэнды Беларускаму кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Незалежны прафцэнтр расцэньвае гэта як палітычную правакацыю напярэдадні прыезду ў Беларусь камісіяў МАТ і Еўрасаюзу па расьсьледваньні парушэньняў правоў працоўных і прафсаюзаў у нашай краіне.
22 лютага больш за сто чалавек сталі ўздоўж прасьпекту Скарыны ў Менску ад Галоўпаштамту да Кастрычніцкай плошчы з партрэтамі зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзьмітрыя Завадзкага, а таксама Генадзя Карпенкі. Маладыя людзі стаялі тварам да праезнай часткі з інтэрвалам 2-3 метры.
23 лютага актывісты «Маладога Фронту» арганізавалі пікет каля амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі ў Менску з мэтай прыцягнуць увагу афіцыйных асобаў ЗША да праблемы праяваў у Беларусі дзяржаўнага антысемітызму. Дзевяць актывістаў «Маладога Фронту», а таксама прэзідэнт “Сусьветнага згуртаваньня беларускіх габрэяў” Якаў Гутман трымалі плакат з надпісам: “Лукашэнка руйнуе помнікі ахвярам Халакосту. Прэзідэнт Буш, дапамажыце захаваць гістарычную спадчыну габрэйскага, беларускага і амерыканскага народаў!”. Маладафронтаўцы падрыхтавалі таксама зварот да прэзідэнта Злучаных Штатаў Джорджа Буша, які быў перададзены ў амбасаду ЗША. У звароце маладафронтаўцы зьвяртаюць увагу прэзідэнта ЗША на тое, што прапаганда ксенафобіі і руйнаваньне габрэйскіх помнікаў сталі ў Беларусі цягам апошніх 10 гадоў звычайнай практыкай. Яны просяць Джорджа Буша зрабіць усё магчымае, каб беларускія ўлады спынілі акты дзяржаўнага антысемітызму. Акцыя працягвалася некалькі хвілінаў, пасьля чаго да яе ўдзельнікаў падышлі міліцыянты і заявілі, што ўсе яны затрыманыя за правядзеньне несанкцыянаванага пікету.
23 лютага Тобіяс Люнгваль атрымаў у беларускай амбасадзе ў Стакгольме ўязную беларускую візу, а 24 лютага праз Вену накіраваўся ў Менск. Пра тое, што адбылося ў міжнародным аэрапорце “Менск-2“, швецкі журналіст распавёў: “Падчас праверкі майго пашпарту ўзьнікла тое, што называюць кампутарнымі праблемамі. Памежнік глядзіць на кампутар, потым у нейкія паперы, выклікае начальніка зьмены. Паказвае яму на экран і нешта шэпча. Начальнік зьмены ўзяў мой пашпарт, некуды пайшоў. Я даволі доўга чакаў, пакуль ён вернецца. Ён вярнуўся і паведаміў, што мне забаронены ўезд у Беларусь, і што я мушу гэтым жа самалётам вярнуцца ў Вену. Я спытаўся, на якой падставе мне забаранілі патрапіць у Беларусь. Яны гэтага мне не змаглі растлумачыць альбо не захацелі”. Супрацоўнік прэс-цэнтру Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Беларусі Уладзімір Несьцяровіч растлумачыў, што згодна з міжнароднай практыкай, краіна, якая забараніла ўезд камусьці на сваю тэрыторыю, можа не тлумачыць матывы такога рашэньня. Тобіяс Люнгваль – добры знаўца беларускіх справаў. У 2003 годзе ў Швецыі накладам 3000 асобнікаў выйшла ягоная кніга, прысьвечаная Беларусі. У ёй ёсьць і асабістыя назіраньні (аўтар 18 разоў прыязджаў у Беларусь), і шматлікія інтэрв’ю, і разважаньні. Калі ў Белаазёрску напрыканцы кастрычніка і пачатку лістапада 2003 году праходзілі паўторныя выбары ў мясцовы Савет, спадар Люнгваль, які да таго ж зьяўляецца сябрам міжнароднай рады ліберальнай партыі Швецыі, прыехаў сюды як назіральнік. Ён быў гатовы адказаць на любыя пытаньні беларускіх судзьдзяў у Белаазёрску, аднак зрабіць гэта яму не дазволілі. Тобіяс Люнгваль быў запрошаны ў якасьці сьведкі на судовы працэс у Белаазёрску, зьвязаны з давыбарамі ў гарадзкі Савет. Суд мусіў пачацца 25 лютага, а спадар Люнгваль ня быў дапушчаны на тэрыторыю Беларусі 24 лютага.
23 лютага бел-чырвона-белы штандар быў вывешаны актывістамі руху “Зубр” у мікрараёне Сухарава ў Менску. Сьцяг быў замацаваны на дроце над вуліцай на вышыні дванаццаціпавярховага дому. Палотнішчы, вывешаныя “зуброўцамі” такім чынам раней, улады не маглі зьняць на працягу некалькіх сутак і нават тыдняў.
23 лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 111 "Аб удасканаленьні кадравага забесьпячэньня ідэалагічнай работы ў Рэспубліцы Беларусь". Згодна Указу, персанальную адказнасьць за стан ідэалагічнай работы ў калектывах будуць несьці кіраўнікі арганізацыяў.
24 лютага ў Віцебску за несанкцыянаванае пікетаваньне затрымалі сяброў КХП БНФ Уладзіміра Плешчанку і Аляксандра Салаўяна. Яны былі затрыманыя за плакаты, з якімі выйшлі да кіраўніцтва мясцовай "вертыкалі". Спадар Плешчанка трымаў у руках абвестку “Збор подпісаў супраць саюзнае дамовы, незаконна падпісанай Аляксандрам Лукашэнкам”, а Аляксандр Салаўян – плакат “Схадзіў на выбары – падтрымаў існуючы рэжым”. Прачытаўшы гэтыя словы, патрульныя міліцыянты спачатку перапісалі іх на паперку ды на колькі хвілінаў ад’ехалі. Вярнуўшыся, як лічыць спадар Плешчанка, пасьля кансультацыі з начальствам, яны загадалі абодвум апазіцыянерам ехаць з імі ў пастарунак. Спадара Хамайду, які стаяў побач ды распаўсюджваў “БДГ”, міліцыянты хацелі забраць таксама, аднак нехта з іх запярэчыў: маўляў, колькі разоў яго ўжо затрымлівалі, а потым даводзілася выпускаць нават не складаючы пратаколу, бо распаўсюд газетаў не зьяўляецца адміністратыўным правапарушэньнем. Уладзіміра Плешчанку і Аляксандра Салаўяна завезьлі ў Чыгуначны райаддзел міліцыі ды склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне.
24 лютага Зьміцеру Салаўёву патэлефанаваў маёр Кудзінаў і выклікаў у апорны пункт міліцыі. У міліцыі З.Салаўёву паказалі заяву з гарвыканкаму, у якой патрабавалася прыцягнуць праваабаронцу да адміністратыўнай адказнасьці ў сувязі з тым, што ў горадзе дзейнічаюць незаконныя структуры ліквідаванага Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Як доказ да заявы зноў была прышпіленая копія праваабарончага бюлетэню “Наша права” з рэкламай: “У выпадку парушэньня вашых правоў зьвяртайцеся па бясплатную дапамогу да праваабаронцы З.Салаўёва”. Зьміцер Салаўёў адмовіўся ад усялякіх каментароў, спаслаўшыся на арт. 27 Канстытуцыі РБ .
24 лютага ў Менску па ініцыятыве амбасадара Германіі Хельмута Фрыка і ў супрацоўніцтве з дабрачынным фондам “Дзецям Чарнобыля” адбылася дыскусія па чарнобыльскай тэматыцы. На ёй, у прыватнасьці, абмяркоўвалася праграма CORE (”Супрацоўніцтва дзеля рэабілітацыі”), якая будзе ажыцьцяўляцца з удзелам ААН, Еўрасаюзу і беларускіх уладаў. Першы этап праграмы пачынаецца ў чатырох беларускіх раёнах – Брагінскім, Чачэрскім, Столінскім і Слаўгарадзкім. Прадстаўнікі ААН і краінаў Еўрасаюзу выказаліся ў часе дыскусіі за далучэньне да гэтай праграмы як мага большай колькасьці няўрадавых арганізацыяў. Аднак, як заявіў старшыня дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы, “дзяржава ў нас пабудаваная такім чынам, што дыялогу, узаемадзеяньня ці рэальнага ўдзелу ў абмеркаваньні рашэньняў грамадзкасьць прыняць ня можа. У гэтай сувязі праграма CORE можа аказацца цалкам падмятай пад стандарты адміністраваньня, і добрая ідэя не прывядзе да пазітыўнага выніку. Дзяржаўныя структуры пакуль яшчэ не гатовыя да рэальнага партнёрства з грамадзянскай супольнасьцю. А ў пытаньні Чарнобыля такое партнёрства зьяўляецца галоўнай умовай рэалізацыі такіх выдатных праграмаў, як CORE". Па словах Г.Грушавога, праграма больш дэкларуе ўдзел мясцовага насельніцтва і грамадзкіх арганізацыяў, чым рэальна яго гарантуе. У структурах, якія ствараюцца ў рамках праграмы CORE, нават намінальна не прысутнічае хоць бы адна беларуская грамадзкая арганізацыя. Мясцовыя і рэспубліканскія ўлады манапольна будуць вызначаць накірунак працы. Улады не імкнуцца да супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю і, больш за тое, пасьпешліва спрабуюць стварыць псеўдаграмадзкія арганізацыі, імкнуцца схаваць інфармацыю. Напрыклад, галоўны ўрач адной з менскіх паліклінікаў забараніў сваім урачам пад пагрозай звальненьня ўдзельнічаць у чарнобыльскай дыскусіі, ініцыяванай амбасадарам Германіі.
24 лютага Міністэрства інфармацыі зьвярнулася да БелТА з просьбай патлумачыць новы парадак і ўмовы публікацыі ў СМІ праграмаў тэлеперадачаў. Пра гэта паведаміў намесьнік міністра Сяргей Булацкі ў афіцыйным адказе на запыт ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) адносна сітуацыі з распаўсюдам праграмы перадачаў беларускіх тэлеканалаў. "На гэты момант адказу па згаданым пытаньні ў наш адрас не паступіла", — гаворыцца ў лісьце намесьніка міністра. Нагадаем: 23 студзеня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" накіравала ў Пракуратуру РБ, Міністэрства эканомікі і Міністэрства інфармацыі афіцыйныя запыты з просьбай праясніць сітуацыю з распаўсюдам праграмы перадач беларускіх тэлеканалаў і паведаміць, якія захады гэтыя структуры будуць рабіць, каб не дапусьціць парушэньня беларускага антыманапольнага заканадаўства і заканадаўства ў галіне коштаўтварэньня. 10 лютага БАЖ атрымаў ліст з Пракуратуры, у якім паведамлялася, што зварот арганізацыі перанакіраваны ў Дэпартамент антыманапольнай і цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі РБ. Адказу ад гэтай структуры не паступіла. Цяпер за адзін і той жа "асноўны пакет тэлепраграмаў" БелТА выстаўляе розным рэдакцыям розныя кошты, якія вагаюцца ад 100 тысячаў да больш як 5 мільёнаў рублёў.
24 лютага Міжнародная Ліга Правоў Чалавека зьвярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з адкрытым лістом, у якім выказала занепакоенасьць сітуацыяй вакол недзяржаўнай газеты "БДГ". У прыватнасьці, нядаўнім рашэньнем Вышэйшага гаспадарчага суда, які пакінуў у сіле папярэджаньне выданьню. "Гэта чарговая атака на газету, якой ужо вынесеныя некалькі папярэджаньняў", – гаворыцца ў звароце Лігі. Арганізацыя заклікае А. Лукашэнку спыніць уціск незалежных СМІ і забясьпечыць журналістам магчымасьць свабодна працаваць.
24 лютага стала вядома, што Галандзкае аддзяленьне Міжнароднай Амністыі сабрала больш за 250 тысячаў подпісаў у падтрымку праваабаронцаў. Пачынаючы з 10 сьнежня 2003 году, Дня Сусьветнай Дэкларацыі Правоў Чалавека, Галандзкае аддзяленьне Міжнароднай Амністыі зьбірала подпісы ў абарону праваабаронцаў ва ўсім сьвеце – мужчынаў і жанчын, якія паасобку альбо разам з іншымі прапагандуюць і абараняюць сусьветна прызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды. У многіх краінах яны шмат чым рызыкуюць у сваёй дзейнасьці. Адной з такіх краінаў была Беларусь. 24 лютага, у 11.30 раніцы, дэлегацыя Міжнароднай Амністыі прыехала ў Беларускую амбасаду. Скрыня стаяла на тратуары перад амбасадай. Прадстаўнік амбасады, які адчыніў дзьверы, адмовіўся прымаць якія-небудзь петыцыі. Ён патлумачыў, што факты пра Беларусь, узгаданыя Амністыяй у сваіх публікацыях, не адпавядаюць сапраўднасьці. Таму амбасада ня бачыць ніякай прычыны, чаму яны мусяць прыняць подпісы. Ён таксама заявіў, што пытаньні правоў чалавека зьяўляюцца “унутранай справай” краіны. У адказ на пытаньне, ці магчыма абмеркаваць пытаньні праваабаронцаў у Беларусі, што выклікаюць занепакоенасьць Міжнароднай Амністыі, у бліжэйшай будучыні, ён сказаў што не ўпаўнаважаны даваць каментары па гэтым пытаньні.
24 лютага ўпраўленьне Дэпартаменту фінансавых расьсьледваньняў Камітэту дзяржаўнага контролю працягнула расьсьледваньне нібыта нявыплаты падаткаў Беларускім Хельсінкскім камітэтам. Старэйшы інсьпектар упраўленьня А. Курто выклікаў да сябе позвамі старшыню БХК Тацяну Процьку і бухгалтара Тацяну Руткевіч на гутарку.
25 лютага ў Берасьцi пад пагрозай лiквiдацыi апынулася арганiзацыя Свабоднага прафсаюзу Беларускага, што дзейнiчае ў мясцовым дзяржаўным унiверсітэце. Інiцыятыва лiквiдаваць суполку Свабоднага прафсаюзу ва ўнiверсітэце належыць мясцовай падатковай iнсьпекцыi. Гэтая ўстанова некалькi месяцаў правярала прафсаюзную арганiзацыю. Нiякiх фiнансавых парушэньняў падаткоўцы не знайшлi, i фармальнай падставай дзеля лiквiдацыi была прызнаная адсутнасьць сталага юрыдычнага адрасу. Яшчэ два гады таму кiраўнiцтва ўнiверсітэту пазбавiла суполку Свабоднага прафсаюзу магчымасьцi весьцi сваю дзейнасьць на тэрыторыi навучальнай установы. Увесь гэты час прафсаюзная арганiзацыя была зарэгiстраваная ў будынку, якi належыць незалежнай газеце "Брестский курьер". Аднак зараз i ў падатковай iнсьпекцыi, i ў раённай адмiнiстрацыi лiчаць такую рэгiстрацыю несапраўднай i абавязваюць прайсьцi яе зноў. Кiраўнiк прафсаюзнай суполкi Валянцiн Лазарэнкаў лічыць, што дзеля гэтага няма нiякiх прававых падставаў. Сёлета ўнiверсітэцкая прафсаюзная суполка адзначыць дзесяцiгодзьдзе свайго iснаваньня. Нягледзячы на цiск з боку адмiнiстрацыi навучальнай установы, сябрамi Свабоднага прафсаюзу застаюцца 50 выкладчыкаў унiверсітэту.
26 лютага ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" атрымала адказ з Міністэрства эканомікі на свой запыт датычна новага парадку публікацыі ў СМІ праграмы тэлеперадачаў. "У выпадку прымяненьня УП "БелТА" да розных рэдакцыяў няроўнага падыходу Міністэрства эканомікі разгледзіць матываваны зварот любога суб’екта гаспадараньня аб парушэньні яго законных правоў", — гаворыцца ў лісьце намесьніка міністра Уладзіміра Адашкевіча. Міністэрства нагадвае, што суб’екты гаспадараньня "маюць права прадастаўляць пакупніку скідкі з адпускнога кошту", распрацоўваючы і зацьвярджаючы іх самастойна. Тым ня менш, "ужываныя скідкі павінны быць адзінымі для ўсіх пакупнікоў незалежна ад формаў уласнасьці". У. Адашкевіч таксама спасылаецца на Закон "Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці і разьвіцьці канкурэнцыі", які не дапускае дзеяньняў, накіраваных на абмежаваньне канкурэнцыі шляхам парушэньня правоў іншых суб’ектаў гаспадараньня на свабодную канкурэнцыю.
26 лютага Генеральная пракуратура РБ адмяніла пастанову аб прыпыненьні крымінальнай справы ў адносінах да намесьніцы рэдактара "Белорусской деловой газеты" Ірыны Халіп за публікацыю паўтары гады таму ў дадатку “БДГ. Для служебного пользования” артыкулу "Афганские борзые". У артыкуле І. Халіп распавядала пра абставіны крымінальнай справы былога прэзідэнта канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Віктара Казекі і ягонага сына – былога начальніка аддзелу збыту аб’яднаньня "Крышталь" Андрэя Казекі, якіх асудзілі за хабарніцтва і раскраданьне дзяржаўнай маёмасьці. І.Халіп абвінавачваюць у паклёпе на Генеральнага пракурора Віктара Шэймана. Справу І. Халіп вядзе сьледчы па важнейшых справах пракуратуры г.Менску Віктар Фешчанка. Пастанова аб прыпыненьні крымінальнай справы ў адносінах да Ірыны Халіп, якая была ўзбуджаная па арт. 188 ч.2 КК РБ (паклёп, які ўтрымліваецца ў публічным выступе альбо ў дукаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў сродках масавай інфармацыі, альбо спалучаны з абвінавачаньнем ва ўчыненьні цяжкага ці асабліва цяжкага злачынства) была адмененая ў 2003 годзе. Па версіі І. Халіп, пракуратура вырашыла дачакацца вынясеньня прысуду па справе герояў яе матэрыялу. І вось праз больш чым паўгады пасьля вынясеньня прысудаў Віктару і Андрэю Казекам Генеральная пракуратура ўзнавіла вытворчасьць па справе І.Халіп і накіравала яе на дасьледваньне ў пракуратуру г.Менску. Па інфармацыі журналісткі, гэтую справу гарадзкая пракуратура намераная давесьці да суда. Намесьніку рэдактара “БДГ” пагражаюць выпраўленчыя працы на тэрмін да двух гадоў, арышт на тэрмін да шасьці месяцаў, абмежаваньне волі на тэрмін да трох гадоў, пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў. 26 лютага журналістку дапыталі. Ірына Халіп пракаментавала аднаўленьне яе крымінальнай справы наступным чынам: ”Існуе некалькі версіяў таго, што адбылося. Гэта можа быць асабістая помста з боку пракурорскіх супрацоўнікаў. Мне ж удалося здабыць доказы таго, што Генеральны пракурор Віктар Шэйман – “дах” для крымінальнага лікёра-гарэлачнага бізнэсу. Магчыма, гэта помста за мае артыкулы ў расійскай "Новой газете". Паколькі ў беларускіх пракурораў няма рычагоў узьдзеяньня на расійскую прэсу, яны вырашылі націснуць на мяне, выкарыстоўваючы артыкул у “БДГ” паўтарагадовай даўніны”.
26 лютага адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху, старшыня РГА "Персьпектыва" Анатоль Шумчанка быў выкліканы ў РУУС Першамайскага раёну г.Менску дзеля “прыватнай гутаркі”.
28 лютага міністр адукацыі Беларусі Аляксандр Радзькоў, выступаючы на адкрыцьці Рэспубліканскага студэнцкага форуму ў Менску, заявіў, што "ідэалогія – абавязковы элемент функцыянаваньня дзяржавы, а таму ўдзяляць ёй увагу неабходна ўсім". У ВНУ за ідэалагічнай работай павінны сачыць рэктары і дэканы.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|