БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе

Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзеСАКАВІК

1 сакавіка Зьміцер Салаўёў, які зьяўляўся прадстаўніком Праваабарончага цэнтру “Вясна” у г. Наваполацку, быў выкліканы позвай у пракуратуру гораду, дзе яму паведамілі, што ў выпадку “ажыцьцяўленьня дзейнасьці ад імя незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна” і ў выпадку ўчыненьня якіх-небудзь дзеяньняў ад імя названай арганізацыі ён можа быць прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасьці па арт. 167.10 КаАП РБ”. Дзьмітрыю Салаўёву паведамілі, што пракуратура атрымала інфармацыю з Наваполацкага гарвыканкаму і ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму, што ў сьнежні 2003 году-студзені 2004 распаўсюджвалася друкаванае выданьне, у якім утрымлівалася інфармацыя аб працягу дзейнасьці ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна” і друкаваліся матэрыялы ад імя гэтай структуры. У паведамленьні, падпісаным старшынёй Наваполацкага гарывыканкаму Уладзімірам Камаровым, сказана, што “выкладзеныя вышэй абставіны ўказаваюць пра намер ажыцьцяўляць дзейнасьць ад Праваабрончага цэнтру “Вясна”, які не зарэгістраваны ў адпаведным парадку”. Дзьмітрый Салаўёў лічыць дадзенае рашэньне пракуратуры цалкам незаконным, паколькі ён выступаў у згаданым “друкаваным выданьні” (бюлетэні) ў якасьці асобы, а не прадстаўніка арганізацыі. Дз. Салаўёў успрымае ціск на яго з боку пракуратуры і гарывканкаму як спробу запалохаць і жаданьне спыніць ягоную праваабарончую дзейнасьць. “Усе гэтыя падзеі знаходзяцца ў адным шэрагу з іншымі выпадкамі ціску на праваабаронцаў у нашай краіне”, — пракаментаваў ён гэтую падзею. 

1 сакавіка cуд Першамайскага раёну г. Менску пачаў разгляд зыску Беларускага Хельсінкскага камітэту і Тацяны Процькі да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. На першым нацыянальным тэлеканале (БТ) 2 лістапада 2003 году ў праграме “В центре внимания” быў паказаны негатыўны сюжэт пра БХК, Тацяну Процьку і іншых праваабаронцаў. Рада БХК зьвярнулася да кіраўніцтва НДТРК з прапановай прынесьці прабачэньні і абвергнуць несапраўдныя зьвесткі, якія ганьбяць дзелавую рэпутацыю БХК, гонар і годнасьць ягонага кіраўніка – Тацяны Процькі. Аднак кіраўніцтва БТ адмовілася, і БХК быў вымушаны зьвярнуцца ў суд. Адказчыкам па справе прызнаная Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія, вядучы тэлепраграмы Сяргей Хамянтоўскі і аўтар тэксту Юры Пракопаў. БХК заяўляе таксама пра працяг кампаніі па дыскрэдытацыі праваабаронцаў, пра што сьведчыць выхад у эфір 29 лютага 2004 году чарговай праграмы “В центре внимания”, у якой БХК абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў, указалі непраўдзівыя зьвесткі пра даходы супрацоўнікаў БХК і маёмасьці Тацяны Процькі. 

2 сакавіка Магілёўскі гарвыканкам адмовіў у правядзеньні сацыяльнага мітынгу “з-за адсутнасьці поўных зьвестак аб арганізатарах, прадугледжаных арт.5 Закону РБ “Аб сходах, вулічных шэсьцях, дэманстрацыях і пікетаваньнях”. Заяўлены на 6 сакавіка мітынг меўся адбыцца ў знак пратэсту супраць росту цэнаў на камунальныя паслугі, зьніжэньня жыцьцёвага ўзроўню насельніцтва, беспрацоўя, скарачэньня працоўных месцаў, пагаршэньня прававога стану прадпрымальнікаў. Арганізатары мітынгу – Сяргей Фамін (Свабодны прафсаюз Беларускі), Уладзімір Шанцаў (Аб’яднаная грамадзянская партыя), Рыгор Костусеў (Партыя БНФ) – кажуць пра нахабнае парушэньне канстытуцыйнага права і запэўніваюць, што мітынг усё адно адбудзецца. 

2 сакавіка ў Баранавічах адбылася падзея, што стала сенсацыяй, якая абляцела ўсю Беларусь: сябры суполкі БРСМ (прапрэзідэнцкага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі) з мясцовага каледжу лёгкай прамысловасьці ў поўным складзе, на чале са сваім кіраўніком Мікітам Сасімам, уступілі (перайшлі) ў апазіцыйны моладзевы рух супраціву "Зубр". Рэакцыя ўладаў на гэта была хуткаю. Адразу пачаліся спробы зьмяніць сітуацыю, запалохаць новых "зуброўцаў" і рэпрэсіі супраць іх. 

2 сакавіка папярэджаньне ад упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму атрымала менскае гарадзкое грамадзкае аб’яднаньне “Дыярыюш”, якое займаецца культурна-адукацыйнай дзейнасьцю ў беларускай сталіцы. Прычынай папярэджаньня стала сяброўства іншагародняга прадстаўніка ў арганізацыі. Як паведаміла старшыня арганізацыі Ларыса Андросік, у склад “Дыярыюша” сапраўды ўваходзіў жыхар Астрашыцкага гарадка. Аднак сябрам арганізацыі ён быў даўно, і падчас перерагістрацыі ў юрыстаў з гэтай нагоды прэтэнзіяў не было. Нядаўна гэты чалавек зьехаў з Менску, і на перавыбарчым сходзе быў выключаны з сяброў арганізацыі. А літаральна праз пару дзён з упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму паступіла папярэджаньне. Па словах Л. Андросік, яна проста не пасьпела прынесьці выпіску з пратаколу сходу ў адпаведную інстанцыю. Старшыня арганізацыі выказала надзею, што пасьля яе звароту ва ўпраўленьне юстыцыі папярэджаньне будзе скасаванае. 

2 сакавіка з нагоды 62-ой гадавіны зьнішчэньня ў менскім гета 5 тысячаў габрэяў ля мемарыялу “Яма” адбыўся жалобны мітынг, у якім узялі ўдзел каля пяцідзесяці чалавек. Сярод іх — вязьні менскага гета, габрэі, якія перажылі Халакост, і тыя, хто нарадзіліся пасьля другой сусьветнай вайны. Аўтар мемарыялу “Яма” архітэктар Леанід Левін кажа, што 2 сакавіка — гэта сьвяты дзень: “Гэты дзень стаў сьвятым днём, я мяркую, ня толькі для габрэяў, але і для ўсіх жыхароў Менску, таму што мы жылі ўсе ў адным горадзе. Гэта ня значыць, што толькі 5 тысячаў чалавек было зьнішчана. У менскім гета забілі каля 100 тысячаў габрэяў. А калі сюды дадаць яшчэ 50 тысячаў габрэяў, якіх прывезьлі з Еўропы… А калі сказаць пра ўсіх габрэяў, якія былі зьнішчаныя на Беларусі ў гады вайны, то гэта 800 тысячаў чалавек”. Ушанаваць памяць забітых у менскім гета габрэяў прыйшлі кіраўнікі дыпламатычных місіяў ЗША, краінаў Эўрасаюзу, Літвы і Латвіі. Сярод выступоўцаў на жалобным мітынгу ў мемарыяле “Яма” не было ніводнага прадстаўніка афіцыйных уладаў Беларусі. 

2 сакавіка суд Першамайскага раёну г.Менску вынес рашэньне аб спыненьні адміністратыўнай справы адносна Анатоля Шумчанкі – старшыні Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Персьпектыва”, у сувязі з адсутнасьцю складу правапарушэньня. Нагадаем, што справа Анатоля Шумчанкі разглядалася па арт 167-1 ч.2 КаАП РБ (парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў) за арганізацыю несанкцыянаванага сходу, які быццам бы адбыўся 24 лютага на рынку “Уручча-3”. У якасьці адваката ў працэсе ўдзельнічаў Аляксандр Галіеў. 

2 сакавіка стала вядома, што мясцовыя ўлады ў Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях пачалі зьбіраць зьвесткі пра распаўсюднікаў рэгіянальных газетаў. Некалькі недзяржаўных выданьняў атрымалі з райвыканкамаў запыты "аб прадастаўленьні зьвестак" пра юрыдычных асобаў і прыватных прадпрымальнікаў, якія займаюцца распаўсюдам друкаваных выданьняў, іхнія адрасы і рэквізіты дакументаў, якія дазваляюць ажыцьцяўляць гандаль друкаванай прадукцыяй. У канцы лютага гэткія запыты атрымалі галоўны рэдактар газетаў "Ляхавіцкі час" і "Intex-press" з Баранавічаў Уладзімір Янукевіч і галоўны рэдактар "Местной газеты" (Ваўкавыск) Андрэй Шантаровіч. Ляхавіцкі і Ваўкавыскі райвыканкамы кіраваліся загадамі з аблвыканкамаў, якія прадпісвалі сабраць гэтыя зьвесткі да 1 сакавіка. У лістах таксама ўтрымлівалася спасылка на прэзідэнцкі Указ №516 ад 24 верасьня 2001 г., паводле якога "на Міністэрства інфармацыі РБ ускладзенае дзяржаўнае рэгуляваньне ў галіне перадачы і распаўсюду інфармацыі". Намесьнік старшыні Ляхавіцкага райвыканкаму Мікалай Куліцкі запэўніў, што запыт тычыцца ня толькі недзяржаўных, але і дзяржаўных выданьняў (у прыватнасьці, газеты "Ляхавіцкі весьнік"). Сітуацыю каментуе юрыст ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Ірына Карамышава: "Па-першае, у адпаведнасьці з артыкулум 13 Канстытуцыі РБ, дзяржава гарантуе свабоднае ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці, якая не супярэчыць закону. Па-другое, паводле арт. 58 Канстытуцыі, ніхто ня можа быць змушаны да выкананьня абавязкаў, не прадугледжаных Законам. Паводле прэзідэнцкага Указу №516 і Палажэння аб Мінінфармацыі, на яго сапраўды ўскладзеная функцыя рэгуляваньня ў галіне перадачы і распаўсюду інфармацыі. Аднак гэтая функцыя не абазначае татальнага кантролю за суб’ектамі гаспадараньня, якія распаўсюджваюць перыёдыку. Гэтаксама не ўскладзена такая функцыя і на мясцовыя органы ўлады. Да таго ж, у лістах, якія прыйшлі ў рэдакцыі газетаў, ніяк не тлумачыцца неабходнасьць атрыманьня такой інфармацыі". 

3 сакавіка ў Баранавічах у каледжы лёгкай прамысловасьці падчас паседжаньня суполкі праўрадавага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі быў зьмешчаны са сваёй пасады старшыня Мікіта Сасім, па ініцыятыве якога суполка далучылася да апазіцыйнага руху "Зубр". На паседжаньні не было кворуму для прыняцьця рашэньня, але прысутнічалі першы сакратар суполкі БРСМ Берасьцейскай вобласьці, а таксама сакратар гарадзкой суполкі БРСМ г. Баранавічы. Па словах Мікіты Сасіма, на паседжаньне прыйшло менш за 40 чалавек пры неабходнай колькасьці 60. Мікіта Сасім палічыў сход неправамоцным і пакінуў яго. 

3 сакавіка гарадзенскі прадпрымальнік Дзьмітрый Іваноўскі абвясьціў галадоўку. Дзьмітрыю Іваноўскаму прысудзілі 10 сутак арышту за арганізацыю “мітынгу маўчаньня” прадпрымальнікаў, які адбыўся 1 сакавіка побач з аблвыканкамам. Каля 500 прадпрымальнікаў моўчкі пратэставалі супраць пагаршэньня ўмоваў працы. Дзьмітрыя Іваноўскага сярод іх не было. Напярэдадні акцыі яго затрымалі з улёткамі, у якіх прадпрымальнікаў запрашалі прыйсьці на “мітынг маўчаньня”. За ўлёткі спадара Іваноўскага пакаралі штрафам у адну базавую велічыню ў Кастрычніцкім раённым судзе гораду. А пасьля мітынгу запрасілі ў Ленінскі раённы аддзел міліцыі, каб абвінаваціць у арганізацыі акцыі, на якой сам ён наогул не прысутнічаў. 3 сакавіка судзьдзя Ленінскага суда Наталя Козел палічыла, што ён быў арганізатарам “мітынгу маўчаньня” і пакарала яго дзесяцьцю суткамі арышту. У судовай зале спадар Іваноўскі заявіў, што абвяшчае галадоўку. 

3 сакавіка абнародаваны дакумент, які рэкамендуе мясцовым уладам узмацніць кантроль за дзейнасьцю рэлігійных арганізацыяў. Дакумент падпісаны намесьнікам старшыні Камітэту па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў РБ Уладзімірам Ламекам. У кожным рэгіёне Беларусі дзейнасьць рэлігійных арганізацыяў у дадзены момант курыруецца ня толькі самастойнымі сьпецыялістамі, але і шэрагам камісіяў, якія прызваныя сачыць за выкананьнем закону пра рэлігіі. Уладзімір Ламека падкрэсьліў, што дадзеныя камісіі абавязаныя актывізаваць працу, якая садзейнічае ўрэгуляваньню рэлігійнай сітуацыі ў краіне.Камісіі павінны больш уважліва кантраляваць дзейнасьць абшчынаў розных канфесіяў, асабліва пратэстанцкіх і каталіцкіх прыходаў, што прадугледжвае рэгулярнае наведваньне службаў і сустрэчаў з кіраўніцтвам рэлігійных арганізацыяў. У абавязкі мясцовай адміністрацыі ўваходзіць таксама праверка дзейнасьці незарэгістраваных рэлігійных арганізацыяў: у дадзеных выпадках камісіі маюць права забараніць правядзеньне набажэнстваў, адукацыйную працу і г.д. Па меркаваньні Камітэту па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, камісіі абавязаныя ўдзяляць асаблівую ўвагу выкарыстаньню замежных моваў падчас набажэнстваў: перавага павінна аддавацца беларускай і рускай мовам. 

4 сакавіка суд Ленінскага раёну г. Менску прыняў рашэньне спагнаць з газеты "Народная воля" 15 мільёнаў рублёў на карысьць прадпрымальніка Сяргея Атрошчанкі ў якасьці кампенсацыі маральных стратаў. Судзьдзя Вера Тупік абавязала рэдакцыю на працягу двух тыдняў пасьля ўступленьня рашэньня ў законную сілу апублікаваць абвяржэньне зьвестак, распаўсюджаных у артыкуле "Какому бизнесу в Беларуси хорошо?", спагнаць з адказьнікаў 165 тысячаў рублёў на пакрыцьцё судовых выдаткаў і 700 тысячаў рублёў на аплату паслугаў адваката зыскоўцы. "Народная воля" зьбіраецца абскарджваць судовае рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе. 

4 сакавіка стала вядома, што дэпутатку Белаазёрскага гарсавету Наталю Акаронка спрабуюць зрабіць вінаватай у гісторыі, калі быў моцна зьбіты яе муж – кіраўнік гарадзкой арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Нагадаем, што два месяцы таму ў Белаазёрску быў зьдзейсьнены напад на кіраўніка мясцовай філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Яўгена Акаронка і ягоную жонку Наталю, якая зьяўляецца дэпутатам гарадзкога Савету. Асабліва цяжкія пашкоджаньні тады атрымаў спадар Акаронка, які патрапіў шпіталь. Паводле гэтага здарэньня мясцовай пракуратурай распачатая крымінальная справа. Адначасова белаазёрская міліцыя высьвятляе іншыя падрабязнасьці бойкі. З папярэдніх высноваў вынікае, што сярод тых, каго могуць прыцягнуць да адказнасьці, і Наталя Акаронка, якая таксама пацярпела ад нападу і была ініцыятарам міліцэйскага разьбіральніцтва. Сёлета гэта ўжо ня першая непрыемнасьць для Наталі. У студзені дэпутатку Белаазёрскага гарадзкога Савету пазбавілі працы ў мясцовай школе. Падставай для звальненьня названы ўдзел у сесіі гарсавету, якую ініцыявалі апазіцыйныя дэпутаты. Прадстаўнікі ўлады тую сесію ў лістападзе 2003 году байкатавалі і дачакаліся паўторных выбараў, пасьля якіх апазіцыя пазбавілася большасьці ў мясцовым Савеце. 

4 сакавіка стала вядома, што лідэр “Сусьветнага згуртаваньня беларускіх габрэяў” Якаў Гутман зьязджае на сталае жыхарства ў ЗША ў знак пратэсту супраць палітыкі дзяржаўнага антысемітызму, якую праводзяць цяперашнія ўлады Беларусі. Якаў Гутман заявіў, што застаецца грамадзянінам Беларусі, але будзе мець сталае жыхарства ў Нью-Ёрку да тае пары, пакуль ня зьменіцца цяперашняе палітычнае кіраўніцтва краіны. Паводле словаў спадара Гутмана, у Нью-Ёрку стала дзейнічае беларуская габрэйская суполка, праз якую ён намерваецца зьвяртацца да ўраду ЗША з просьбай абараніць спадчыну свайго народу ў Беларусі. Нагадаем, што Якаў Гутман – адзін з нямногіх, хто актыўна выступаў супраць разбурэньня будынку былой менскай сінагогі, габрэйскіх могілак у шмат якіх гарадах Беларусі, пратэставаў супраць выданьня антысеміцкай літаратуры. Спадар Гутман кажа, што звыклай зьявай апошніх гадоў становіцца неабходнасьць для людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй пакідаць Беларусь. 

4 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну г. Менску адбыўся новы разгляд адміністратыўнай справы юрыста Праваабарончага цэнтру “Вясна” Уладзіміра Лабковіча. Судзьдзя Алена Церашкова вынесла рашэньне — штраф у памеры 10 базавых адзінак. 

5 сакавіка Гарадзенскі гарвыканкам адмовіў у рэгістрацыі Фонда рэгіянальнага разьвіцьця "Ратуша". Яго мелі намер стварыць актывісты ліквідаванага аднайменнага грамадзкага аб’яднаньня. Прычына адмовы — памылкі ў пададзеных рэгістрацыйных дакументах. 

5 сакавіка каля прахадной Менскага аўтазаводу 20 актывістаў АГП на працягу паўгадзіны раздалі рабочым пасьля зьмены тысячы ўлётак “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”. 

5 сакавіка адміністрацыя Баранавіцкага каледжу распачала моцны ціск на навучэнцаў, якія далучыліся да моладзевага руху “Зубр”. Навучэнцы, не зважаючы на гэта, працягваюць акцыі пратэсту. Адміністрацыя разгарнула супраць руху “Зубр” моцную контрпрапаганду. Ноччу ў цэнтры Баранавічаў зноў зьявіліся графіці ды ўлёткі руху “Зубр”. А ў першай палове дня зуброўцы ў некалькіх месцах гораду раздавалі сваю газету “Супраціў”. Паводле словаў удзельнікаў акцыі, да гэтай справы далучаюцца ўсё новыя і новыя людзі. Такім чынам, нягледзячы на ціск з боку ўладаў, зуброўскі рух у Баранавічах шырыцца. Паводле зьвестак менскага каардынатара руху “Зубр” Яўгена Афнагеля, акцыі ў падтрымку баранавіцкіх сяброў будуць ладзіцца ў многіх гарадах Беларусі. Некалькі сотняў улётак пра баранавіцкія падзеі былі распаўсюджаныя зуброўцамі ў Барысаве. Між тым, улады таксама не сядзяць склаўшы рукі. Вось што распавёў адзін навучэнец каледжу: “У каледжы гавораць пра “Зубр”, што гэта неафашысцкая арганізацыя, што сябры гэтай арганізацыі псуюць помнікі, разрываюць магілы ды прыстасоўваюць іх пад прыбіральні. А дзеці бацькам заганяюць пад пазногці гарачыя іголкі, абліваюць іх вадой у моцны мароз ды спускаюць з ледзяных горак”. 

5 сакавіка ў Менск для здымкаў на Беларускім тэлебачаньні павезьлі пятнаццаць навучэнцаў Баранавіцкага каледжу лёгкай прамысловасьці. Папярэдне з імі праведзены інструктаж, скіраваны на тое, каб публічна асудзіць дзейнасьць сяброў БРСМ, што далучыліся да руху “Зубр”, выдаць падзеі апошніх дзён за правакацыю. 

5 і 6 сакавіка былі затрыманыя 10 актывістаў руху “Зубр”. Яшчэ трое былі затрыманыя 7 сакавіка. А 8 сакавіка – двое, у тым ліку старшыня мясцовай арганізацыі БРСМ Мікіта Сасім. Прычыны затрыманьняў міліцыянты называлі розныя: ад праверкі дакументаў да падазрэньня ў крымінальных злачынствах. 7 сакавіка пры затрыманьні трох актывістаў моладзевага руху ў іх узялі адбіткі пальцаў і зьнялі на відэакамеру. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі сказаў, што калі “зубры” не супакояцца, на іх будуць “вешаць” крымінальныя справы. Пасьля гэтага на актывістаў былі складзеныя пратаколы за парушэньне арт. 167.10 КаАП (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Усяго за 5-8 сакавіка ў Баранавічах былі затрыманыя 15 актывістаў руху “Зубр”. 

6 сакавіка на чарговым Кангрэсе FIDH (Міжнародная Федэрацыя Правоў Чалавека са штаб-кватэрай у Парыжы) было прынятае рашэньне аб тым, што Праваабарончы цэнтр “Вясна” становіцца асацыяваным сябрам FIDH. FIDH – адна з самых уплывовых міжнародных федэрацыяў – была створаная ў 1922 годзе і аб’ядноўвае 116 праваабарончых арганізацыяў з больш чым 100 краінаў сьвету. Кангрэс адбываўся 2-6 сакавіка ў сталіцы Рэспублікі Эквадор — Кіта. Адкрывалі Кангрэс старшыня FIDH Сідзікі Каба і лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне правоў чалавека праваабаронца з Ірану Шырын Эдабі. У працы Кангрэсу прымаў удзел юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які пасьля вяртаньня ў Беларусь адзначыў: “Для “Вясны” ўступленьне ў FIDH мае вялікае значэньне. Перадусім гэта ацэнка нашай актыўнай працы. Нас прынялі, нягледзячы на тое, што арганізацыя нашая ліквідаваная судом, а па Статуце FIDH сябрам Федэрацыі можа быць толькі зарэгістраваная арганізацыя. Для “Вясны” зрабілі выключэньне, улічваючы сітуацыю, якая склалася з закрыцьцём недзяржаўных арганізацыяў у Беларусі”. 

6 сакавіка пасьля месячнага перапынку пабачыў сьвет чарговы нумар недзяржаўнага штотыднёвіка "Згода". Рэдакцыя газеты адрэагавала на заўвагі, якія далі Міністэрству інфармацыі нагоду прыпыніць выданьне. Чарговы нумар "Згоды" выйшаў у ранейшым аб’ёме ў менскай друкарні "Плутос-маркет" і паступіў да чытачоў праз сетку "Белсаюздруку", "Белпошты" і ўласных распаўсюднікаў газеты. 5 лютага Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне і прыпыніла тэрмінам на 1 месяц выхад газеты. Выданьне абвінавацілі ў тым, што яно зьмяніла юрыдычны адрас, не паведаміўшы пра гэта ў Міністэрства інфармацыі ў належны тэрмін, а таксама ў тым, што яно выдаецца толькі на дзьвюх мовах замест некалькіх, пералічаных у рэгістрацыйным пасьведчаньні (арт. 11 Закона аб друку). Акрамя гэтага, міністэрства заявіла, што рэдакцыя парушыла артыкулы 19, 20 Закону аб друку: у той час як ІП Аляксей Кароль выконвае функцыі рэдакцыі, у выходных дадзеных газеты рэдактарам указаны Алесь Сдвіжкоў. Цягам месяца рэдакцыя "Згоды" падала ў Міністэрства інфармацыі заявы на ўнясеньне ў рэгістрацыйнае пасьведчаньне газеты зьменаў датычна юрыдычнага адрасу і моваў выданьня. Гэтаксама былі прыведзеныя ў адпаведнасьць з патрабаваньнямі дзяржаўнага стандарту выходныя зьвесткі газеты. Цяпер галоўным рэдактарам "Згоды" зьяўляецца А. Кароль. Газета "Згода" выдаецца з 1992 г. і зарэгістраваная як незалежны інфармацыйна-аналітычны штотыднёвік. Са сьнежня 2003 г. выданьне павялічыла аб’ём і наклад: замест 8 палосаў пачала выходзіць на 16 накладам 3 050 асобнікаў замест 2 500. 

8 сакавіка ў Гародні Іван Раман вяртаўся каля 20.00 дамоў, каля пад’езду яго спынілі невядомыя і зацягнулі ў аўтамабіль. Івана Рамана моцна ўдарылі па галаве, пасьля чаго ён страціў прытомнасьць. Іван Раман прыйшоў у сябе праз паўгадзіны на пустцы ў супрацьлеглым канцы гораду, зьбіты – сіняк пад вокам, выбітае плячо і разьбітае калена. У лістападзе 2003 году адміністрацыяй Гарадзенскага заводу агрэгатаў Іван Раман быў звольнены за прафсаюзную дзейнасьць. 

9 сакавіка лідэр ячэйкі БРСМ і актывіст “Зубра” Мікіта Сасім і актывісты моладзевага руху Андрэй Чыж і Кацярына Кю былі затрыманыя каля гадзіны дня падчас распаўсюду газетаў у баранавіцкім каледжы лёгкай прамысловасьці. Маладыя людзі былі дастаўленыя ў аддзяленьне міліцыі, дзе на іх былі складзеныя пратаколы аб парушэньні арт. 156 КаАП РБ (дробнае хуліганства). Каля пяці гадзінаў “зуброўцаў” адвезьлі ў суд, аднак суды над імі не адбыліся, таму маладыя людзі правялі ноч у камеры. 

9 сакавіка ў памяшканьне, дзе працуе Зьміцер Салаўёў, які зьяўляўся прадстаўніком Праваабарончага цэнтру “Вясна” ў Наваполацку, прыйшлі супрацоўнікі падатковай інсьпекцыі гораду А.Яловік і Л. Кадушка. Яны мелі на руках “предписание” на правядзеньне пазапланавай рэйдавай праверкі. Падаткавікі намерваліся правесьці праверку “дзейнасьці, зьвязанай з прыёмам наяўных грашовых сродкаў ад пакупнікоў (кліентаў), з вытворчасьцю прадукцыі, выкананьнем работ, аказаньнем паслугаў” і г.д. Зьміцер Салаўёў адмовіўся ўпусьціць у сваё памяшканьне супрацоўнікаў падатковай інсьпекцыі, матывуючы тым, што гаспадарчай дзейнасьцю ён не займаецца і ніякіх аперацыяў з наяўнымі і безнаяўнымі грашыма ў дадзеным памяшканьні не зьдзяйсьняе. Салаўёў прадставіў падаткавікам неабходныя дакументы дзеля доказу сваіх словаў. У выніку быў складзены “Акт наведваньня “гр-на Салаўёва Д.С.” Нагадаем, што гэта ўжо ня першая спроба ціску на праваабаронцу. Перад гэтым ён ужо выклікаўся ў міліцыю і пракуратуру, дзе яго папярэдзілі аб магчымасьці адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай (ліквідаванай) структуры. 

9 сакавіка ў Менску затрыманыя трое актывістаў моладзевага руху супраціву “Зубр”. Любоў Кучынская, Раман Казакевіч і Наста М. раздавалі газеты “Супраціў” і ўлёткі з інфармацыяй аб падзеях у Баранавічах у галоўным корпусе БДУ. Праз некалькі хвілінаў яны былі затрыманыя міліцыяй, якую выклікалі супрацоўнікі ўнутранай аховы навучальнай установы. Дзяўчат адпусьцілі на месцы, а Раман Казакевіч быў дастаўлены ў апорны пункт на вуліцы Бабруйскай. 

10 сакавіка стала вядома, што віцебскіх школьнікаў прымушаюць падпісвацца на дзяржаўныя выданьні. У пералік рэкамендаваных аддзеламі адукацыі газетаў і часопісоў, на якія павінны падпісацца школьнікі, увайшлі “Советская Белоруссия” і дзяржаўная гарадзкая газета “Віцьбічы”. Школьнікі мусяць зьбіраць грошы на калектыўную падпіску. У сярэднім кожны вучань мусіць ахвяраваць на гэта ад 500 да 1 тысячы рублёў. У сьпісе “рэкамендаваных” выданьняў няма ніводнага выданьня на беларускай мове, нават рэспубліканскай газеты для дзяцей ды падлеткаў “Раніца”. Затое ў адной са школаў таго ж Першамайскага раёну вучням пачатковых класаў загадана зьбіраць грошы на падпіску часопіса “Беларуская думка” — колішняга “Коммуниста Белоруссии”. Зразумела, што 6–9 гадовыя дзеці чытаць такі часопіс ня будуць. 

10 сакавіка баранавіцкія актывісты моладзевага руху супраціву “Зубр” Мікіта Сасім і Андрэй Чыж пакараныя Баранавіцкім гарадзкім судом арыштамі на 10 і 7 сутак адпаведна. Такое пакараньне маладыя апазіцыянеры панесьлі за распаўсюд газетаў у Баранавіцкім каледжы лёгкай прамысловасьці. Судзьдзя Баранавіцкага гарадзкога суда адмовіла ў прадастаўленьні адваката Мікіту Сасіму і Андрэю Чыжу. 

10 сакавіка кіраўніцтва Саюзу цэркваў Евангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў накіравала ліст пратэсту супраць парушэньня правоў вернікаў на адрас прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ды іншых кіраўнікоў Беларусі. Ад уладаў вернікі патрабуюць унесьці зьмены ў “Закон аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”. Прычына — шматлікія факты ўмяшальніцтва ўладаў у дзейнасьць пратэстанцкіх цэркваў. “Закон аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях” сябры Саюзу евангельскіх цэркваў называюць варожым у адносінах да сваёй канфесіі, а свой калектыўны зварот-пратэст — апошняй спробай давесьці гэта найвышэйшым уладам краіны. Гэткія заявы вернікі падмацоўваюць шматлікімі прыкладамі. Старшыня Саюзу Мікалай Сінкавец кажа: “У Наваградку ёсьць група людзей, якіх аштрафавалі за тое, што яны маліліся ў прыватным доме. Мы паскардзіліся ў суд, але суд толькі пацьвердзіў, што дзеяньні ўладаў адпавядаюць закону. У Шчучыне гэтаксама ёсьць група людзей, на Каляды да іх прыйшлі ўчастковы, прадстаўнікі ўладаў і зрабілі папярэджаньне. У Кобрынскім раёне ва ўсіх агульнаадукацыйных школах правялі апытаньне, ці ходзяць дзеці ў нядзельныя школы, прасілі называць імя і прозьвішча выкладчыка. Гэта — відавочнае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы царквы”. Каб гэткіх праблемаў не ўзьнікала, вернікі-пратэстанты патрабуюць зьмяніць закон у частцы, якой рэгламентаваная тэрыторыя дзейнасьці евангельскіх цэркваў, умовы рэгістрацыі першасных суполак, месцы багаслужбаў, а таксама абмежаваць правы кантрольных органаў. Акрамя таго, кіраўніцтва зьвязу просіць Аляксандра Лукашэнку аб сустрэчы, каб абмеркаваць іншыя праблемы. Вернікі-пратэстанты кажуць, што звароты ў розныя дзяржаўныя структуры вынікаў ня мелі. 

10 сакавіка каля 50 чалавек прынялі ўдзел у акцыі "СТОП лукамол!", якая адбылася ў Барысаве на цэнтральнай плошчы. Аляксандр Моніч зачытаў зварот да ўладаў з патрабаваньнем спыніць прымусовы прыём моладзі ў праўрадавы Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. На сьнезе перад вокнамі барысаўскага камітэту БРСМ актывісты "Зубра" напісалі метровымі літарамі "СТОП лукамол!", пасьля адбылося сімвалічнае спальваньне ўлётак з эмблемай БРСМ. Пасьля заканчэньня акцыі супрацоўнікі міліцыі затрымалі лідэра барысаўскіх "Зуброў" Аляксандра Моніча, удзельніка Еўрапейскай кааліцыі "Свабодная Беларусь" Зьміцера Бародку і грамадзкага актывіста Ігара Ледніка. У ГУУС з затрыманых былі ўзятыя тлумачальныя і складзеныя пратаколы па арт.167-1 КаАП (парушэньне ўсталяванага парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў). 

11 сакавіка ў Менску затрыманы супрацоўнікамі АМАП актывіст руху “Зубр” Іван Васікаў. Хлопца затрымалі падчас распаўсюду чарговага нумару газеты “Супраціў”. Актывісты руху "Зубр" раздавалі газету ў цэнтры Менску, у раёне станцыі метро “Кастрычніцкая”. Івана Васікава даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну, дзе на яго быў складзены пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных. 

11 сакавіка калегія Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь пад старшынствам судзьдзі Яхнавец разгледзела касацыйную скаргу ГА “Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў” на рашэньне Менскага гарадзкога суда, які 29 студзеня прыняў рашэньне аб ліквідацыі гэтай арганізацыі. Бок упраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму, па ініцыятыве якога і было ліквідаванае Менскім гарадзкім судом грамадзкае аб’яднаньне, быў прадстаўлены сьпецыялістам упраўленьня А. Шчарбовічам. Пазіцыю “Незалежнага таварыства прававых дасьледваньняў” пераканаўча асьвятлялі старшыня арганізацыі Алена Танкачова і юрыст Алеся Відрук. Нягледзячы на відавочную абгрунтаванасьць доказаў юрыстаў “Незалежнага таварыства прававых дасьледваньняў”, калегія Вярхоўнага суда прыняла рашэньне адмовіць у задавальненьні скаргі і пакінуць рашэньне Менскага гарадзкога суда ў сіле. Пры гэтым калегія зьмяніла прычыну ліквідацыі арганізацыі: калі Менскі гарадзкі суд палічыў, што дастатковай прычынай дзеля спыненьня дзейнасьці аб’яднаньня зьяўляецца “прадстаўленьне інтарэсаў няўрадавых арганізацыяў” падчас судовых працэсаў сябрамі “Незалежнага таварыства прававых дасьледваньняў”, то калегія Вярхоўнага суда ўбачыла “парушэньне тэрыторыі” дзейнасьці арганізацыі – менавіта гэтыя словы прагучалі з вуснаў судзьдзі Яхнавец. Падтрымаць сяброў праваабарончай арганізацыі прыйшлі шматлікія прадстаўнікі беларускіх грамадзкіх арганізацыяў, офісу АБСЕ у Менску, прысутнічалі СМІ. Нагадаем, што судовае рашэньне аб ліквідацыі было прынятае на падставе артыкулу 29 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, а менавіта “паўторнае на працягу году ўчыненьне дзеяньняў, за якія было вынесенае пісьмовае папярэджаньне”. Матывуючы абгрунтаванасьць рашэньня, суд у рэзалюцыйнай частцы рашэньня ўказаў, што прадстаўнікі Грамадзкага аб’яднаньня “Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў” у 2003 годзе прымалі ўдзел у судовых справах у Гарадзенскім абласным судзе (ліквідацыя Гарадзенскага абласнога ГА “Ратуша”, адмова ў рэгістрацыі Смаргонскага ГА “Дом правоў чалавека”) і Віцебскім абласным судзе (ліквідацыя ГА “Цэнтр моладзевых ініцыятываў “Контур”). Менавіта гэтыя падставы палічаныя законнымі і дастатковымі для ліквідацыі. 

11 сакавіка старшыня Канстытуцыйнага суда Рыгор Васілевіч абвясьціў заключэньне, паводле якога суд лічыць магчымым увядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне альбо поўнае скасаваньне сьмяротнай кары. Ён дадаў, што адпаведнае рашэньне могуць прыняць кіраўнік дзяржавы і парламент. Адразу пасьля вынясеньня вердыкту ініцыятар запыту ў Канстытуцыйны суд дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Нарэйка сказаў: “Я, вядома ж, задаволены. Я лічу, што гэта максімальна добрае рашэньне. Я думаю, што трэба зьвярнуцца ў Палату прадстаўнікоў у рамках рашэньня Канстытуцыйнага суда аб унясеньні зьменаў у Крымінальны кодэкс. Цяпер стаіць пытаньне аб парламенце — ці падтрымаюць мяне мае калегі?” Такім чынам, 11 сакавіка зьявіліся юрыдычныя падставы для таго, каб працягваць барацьбу за ўвядзеньне мараторыю на пакараньне сьмерцю альбо нават скасаваньне сьмяротнай кары. Пры гэтым варта нагадаць: паводле вынікаў так званага рэферэндуму 1996 году 80 адсоткаў насельніцтва выказалася супраць адмены пакараньня сьмерцю. Але ў заключэньні Канстытуцыйнага суда згадваецца, што, па-першае, галасаваньне мела толькі рэкамендацыйны характар, а па-другое, у той час у беларускім заканадаўстве не было такой сур’ёзнай альтэрнатывы, як пажыцьцёвае зьняволеньне. Рашэньні Канстытуцыйнага суда, згодна з законам, зьяўляюцца канчатковымі, абскарджаньню і апратэставаньню не падлягаюць. А што будзе, калі, напрыклад, большасьць Палаты прадстаўнікоў не падтрымае заключэньня суда? Сябра Канстытуцыйнага суда першага складу прафесар, доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў сказаў: “Адбудзецца тое, што адбудзецца: пытаньне ня будзе вырашанае. Яно можа станоўча вырашыцца толькі пры ўмове, што бу-дзе папярэдне ўзгодненае з кіраўніком дзяржавы. Больш за тое, калі Лукашэнка асабіста ініцыюе гэтую праблему перад дэпутатамі, тады яна, безумоўна, вырашыцца”. 


12 сакавіка былы начальнік менскага СІЗА Алег Алкаеў, які пяць гадоў узначальваў каманду, што выконвала сьмяротныя прысуды, распавёў, як у Беларусі выконваюцца сьмяротныя прысуды.Толькі пасьля ад’езду ў Германію былога начальніка менскага сьледчага ізалятару Алега Алкаева грамадзкасьць Беларусі даведалася, што паводле сваёй пасады ён узначальваў адмысловую каманду, якая выконвала сьмяротныя прысуды ў Беларусі. Усе абставіны і выканаўцы гэтай працы засакрэчаныя. Аднак Алег Алкаеў не ганарыцца, што пяць гадоў выконваў ролю кіраўніка “расстрэльнай” каманды. Ён лічыць сьмяротнае пакараньне негуманным і шкодным ва ўсіх сэнсах. Алег Алкаеў распавёў, як у Беларусі выконваюцца сьмяротныя прысуды. “У адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам, асуджанага на сьмерць заводзяць у адмысловае памяшканьне, яму зачытваюць указ прэзідэнта аб адмове ў памілаваньні альбо, калі ён не зьвяртаўся з такім хадайніцтвам, палажэньне аб невыкарыстаньні памілаваньня — і потым цягам трыццаці секундаў-хвіліны гэтага чалавека ўжо няма. Мы робім усё гэтак, каб вязень дадаткова не пакутаваў. Ён спадзяецца, што ў яго яшчэ ёсьць нейкі час, быццам яго кудысьці павязуць. На справе ў суседнім памяшканьні нечакана робіцца стрэл у галаву, пасьля чаго доктар канстатуе сьмерць, і адбываецца пахаваньне”. Сваякам целаў пакараных не выдаюць, як не паведамляюць і месца пахаваньня. Алег Алкаеў перакананы, што гэта негуманна, у тым ліку і адносна выканаўцаў прысудаў, якія ў сувязі з гэтай сакрэтнасьцю маральна яшчэ больш пакутуюць: “Для нас гэта дадатковыя турботы, абсалютна. Трэба кансьпіратыўна выязджаць, хаваць так, каб ніхто не зразумеў, не здагадаўся, ня бачыў. Гэта даволі складана, больш падыходзіць да нейкага дэтэктыву. Быццам гэта не выкананьне дзяржаўнага прысуду, а нейкая мафіёзная разборка. Атрымліваецца, што ўсё робіцца як сярод злодзеяў”. Былы начальнік менскага сьледчага ізалятару Алег Алкаеў паведаміў пра сумныя лёсы значнай часткі міліцыянтаў, якія выконвалі сьмяротныя прысуды. Многія з іх становяцца хранічнымі алкаголікамі, і амаль ніхто не дажывае да старасьці. Прычына ў моцным псіхалагічным стрэсе, які перажываюць гэтыя людзі, і адсутнасьці для іх сістэмы медыцынскай рэабілітацыі: “Вялікія страты для псіхікі церпяць тыя, хто выконвае сьмяротныя прысуды. Пытаньні рэабілітацыі ў нас увогуле не стаяць, акрамя сумнавядомых ста грамаў. Тым больш, што выгляд гэтых злачынцаў варты жалю ў момант выкананьня прысуду. Акрамя спачуваньня, ён нічога не выклікае”. Алег Алкаеў перакананы, што сьмяротную кару ў Беларусі даўно трэба адмяніць, і выказваецца за тэрміновы мараторый на сьмяротную кару да прыняцьця адпаведнага закону: “Беларусь — гэта ня тая краіна, дзе самыя апантаныя злачынцы, і маё меркаваньне, што чым хутчэй сьмяротную кару адменяць, тым лепей. Тым больш, што яна не выконвае ніякай выхаваўчай ролі, бо ўсё робіцца ў сакрэце. Шмат хто дагэтуль лічыць, што ніякага расстрэлу няма, людзей быццам некуды вывозяць, робяць аперацыі, трансплантацыю органаў ды іншае”. 

12 сакавіка лідэра барысаўскіх "зуброў" Аляксандра Моніча звольнілі з Барысаўскага заводу агрэгатаў, дзе ён працаваў кандытарам. Прычынай звальненьня стаў ягоны ўдзел у акцыі “Стоп лукамол”. 

12 сакавіка Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, урад і аб’яднаньне наймальнікаў падпісалі генеральную дамову пра супрацоўніцтва на 2004–2005 гады. Падпісаньне дакументаў прайшло без уліку прапановаў незалежных прафсаюзных аб’яднаньняў. 

15 сакавіка ў Баранавічах мусілі адбыцца суды над актывістамі "Зубра" Аляксем Ляўковічам, Настай Васіленка, а таксама Мікітам Сасімам. Маладыя людзі абвінавачваюцца ў парушэньні артыкулу 167-10 КаАП (дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Сасім, Ляўковіч і Васіленка былі затрыманыя 8 сакавіка, калі міліцыянты заўважылі на іх значкі з лагатыпам "Зубра". Судзьдзя Мікалай Кміта, які разглядаў справы, адправіў пратаколы ў міліцыю на дапрацоўку. Дарэчы, гэты ж судзьзя прысудзіў Сасіму 10 сутак арышту 10 сакавіка. Мікіта быў дастаўлены ў суд з ізалятару часовага ўтрыманьня, дзе ён адбывае прысуд. 

15 сакавіка Чыгуначны суд г.Віцебску вынес папярэджаньні актывістам Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі Уладзіміру Плешчанку і Аляксандру Салаўяну. Суд прайшоў адразу пасьля затрыманьня апазіцыянераў каля будынку аблвыканкаму, куды яны выйшлі на акцыю. А.Салаўян трымаў плакат: “Схадзіў на выбары – падтрымаў рэжым”, а Уладзімір Плешчанка – аб’яву: “Збор подпісаў супраць саюзнай дамовы, незаконна падпісанай Аляксандрам Лукашэнкам”. 

16 сакавіка актывіст руху "Зубр" Сяргей Палішчук быў выкліканы ў камісію па справах непаўнагадовых Баранавіцкага ГУУС. Вучань каледжу лёгкай прамысловасьці быў затрыманы ў ноч на 15 сакавіка па падозраньні ў нанясеньні графіці. 

16 сакавіка ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі (прыватныя і дзяржаўныя) увялі ў навучальныя планы абавязковы курс "Основы идеологии белорусского государства", разьлічаны на 24 навучальныя гадзіны (16 лекцыяў і 8 семінараў). Вынікам курсу стане залік па ідэалогіі. 

16 сакавіка Пракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу супраць старшыні АГП Анатоля Лябедзькі за “распаўсюд заведама ілжывых зьвестак пра прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку”. Кіраўнік прэс-цэнтру пракуратуры Юры Азаронак паседаміў, што крымінальная справа ўзбуджаная пасьля аналізу інтэрв’ю Лябедзькі, якое трансьлявалася 21 лютага ў праграме “Зеркало” тэлеканалу "Россия" і "Намедни" тэлеканалу НТВ. Справа ўзбуджаная па арт. 367 ч. 2 КК Беларусі. А. Лябедзьку пагражае пакараньне да пяці гадоў турмы. 

16 сакавіка выйшаў на волю актывіст руху "Зубр" Андрэй Чыж, які быў асуджаны да адміністратыўнага арышту тэрмінам 7 дзён за тое, што раздаваў улёткі ў Баранавіцкім каледжы лёгкай прамысловасьці. Разам з Чыжом быў арыштаваны сакратар суполкі БРСМ, якая перайшла ў "Зубр". 

16 сакавіка ў Баранавіцкім дзяржаўным каледжы лёгкай прамысловасьці былі затрыманыя два актывісты руху “Зубр” Зьміцер Шчэпаў і Наста Васіленка за тое, што раздавалі навучэнцам другі нумар інфармацыйнага бюлетэня “Зубр-Баранавічы”. У ГУУСе на маладых людзей былі складзеныя пратаколы за парушэньне арт. 167-10 КаАП (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Адразу пасьля гэтага іх павезлі ў суд. На судовым паседжанні, якое цягнулася прыкладна паўгадзіны, судзьдзя Баранавіцкага гарадзкога суда Кучыева палічыла віну маладых людзей даказанай і прызначыла пакараньне -- 10 базавых велічыняў кожнаму. 

17 сакавіка намесьніка кіраўніка офісу АБСЕ ў Менску выклікалі ў Міністэрства замежных справаў Беларусі, каб выказаць незадаволенасьць фактам удзелу кіраўніка офісу, амбасадара Хайкена ў працы канферэнцыі, зладжанай латвійскім урадам. Пра гэты факт на сесіі для журналістаў паведаміла прэс-сакратар офісу АБСЕ Хайдзі Сьміт. Яна зазначыла, тым ня менш, што Эберхард Хайкен будзе працягваць браць удзел у падобных мерапрыемствах і надалей. 

17 сакавіка Гаспадарчы суд Гомельскай вобласьці прыпыніў разгляд зыску жаночага аб’яднаньня “Ініцыятыва” да Гомельскага райвыканкаму, які адмовіў жаночай арганізацыі ў рэгістрацыі юрыдычнага адрасу ў прыватным доме ў вёсцы Яроміна. 

17 сакавіка ўвечары судовы выканаўца суда Чыгуначнага раёну г.Гомелю Сяргей Цяцера апісаў маёмасьць карэспандэнткі "Белорусской деловой газеты" па Гомельскай вобласьці Ірыны Макавецкай. Гэткім чынам ён выканаў рашэньне суда Кастрычніцкага раёну Менску ад 1 кастрычніка 2003 году, які пастанавіў спагнаць з журналісткі на карысьць сьледчага Пракуратуры РБ Вячаслава Цераховіча 300 тысячаў рублёў. Судовы выканаўца апісаў мэблю і некаторыя прадметы побыту ў кватэры журналісткі, ацаніўшы іх у 410 тысячаў рублёў. Агульная сума, якую судовы выканаўца павінен спагнаць з журналісткі, складае каля 500 тысячаў рублёў. Акрамя кампенсацыі зыскоўцу, журналістка павінна заплаціць 82 тысячы рублёў дзяржпошліны; яшчэ 5% ад спагнанай сумы каштуе "прымусовае выкананьне прысуду"; 20% складзе камісійны збор пры продажы маёмасьці; акрамя гэтага, журналістцы належыць аплаціць працу грузчыкаў і транспартаваньне рэчаў у сьпецыялізаваную краму. Пакуль што апісаныя рэчы застаюцца "на адказным захаванні" ў І. Макавецкай. Нагадаем: старэйшы сьледчы па асабліва важных справах Пракуратуры РБ В. Цераховіч зьвярнуўся ў суд з зыскам аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі яшчэ ў 2002 г. Ён аспрэчваў некалькі публікацыяў І. Макавецкай у "БДГ" за 2001-2002 гг., што тычыліся расьсьледваньня крымінальнай справы былога рэктара Гомельскага медінстытуту Юрыя Бандажэўскага і прарэктара гэтай установы Уладзіміра Раўкова. Зыскоўца патрабаваў абвергнуць распаўсюджаныя зьвесткі і кампенсаваць ягоныя маральныя страты сумаю ў 10 мільёнаў рублёў. Судовы разбор справы доўжыўся больш за год. 

17 сакавіка Дэпартамент фінансавых расьсьледваньняў узбудзіў крымінальную справу супраць старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту Тацяны Процькі і бухгалтара арганізацыі Тацяны Рудкевіч. Тацяну Процьку і Тацяну Рудкевіч абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў на суму 78 мільёнаў рублёў. Раней падатковая інсьпекцыя правярала фінансавую дзейнасьць БХК — тады палічылі, што арганізацыя павінна выплаціць падаткі разам з пеняй памерам 375 мільёнаў рублёў. 

18 сакавіка каля 22 гадзiнаў адбылася спроба пранiкненьня ў гарадзенскi офiс газеты “День”. Зламысьнiкамi, якiх затрымаў выклiканы выпадковым сьведкам нарад мiлiцыi, паводле папярэдняй iнфармацыi, аказалiся супрацоўнiкi ўпраўленьня Камiтэту дзяржаўнай бясьпекi па Гарадзенскай вобласьцi. 

18 сакавіка ў пракуратуры г. Менску старшыня АГП Анатоль Лябедзька атрымаў на рукі пастанову аб узбуджэньні крымінальнай справы “па факце распаўсюду ў СМІ заведама ілжывых, ганьбячых прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зьвестак, зьвязаных з абвінавачаньнем ва ўчыненьні цяжкіх і асбліва цяжкіх злачынстваў”. Анатоль Лябедзька заявіў, што калі справа будзе даведзеная да суда, ён дасьць доказы, што пацьвярджаюць інфармацыю, якая прагучала 21 лютага ў тэлепраграме “Зеркало” расійскага каналу РТР. 

18 сакавіка за нявыплату падаткаў з тэхнічнай дапамогі, атрыманай па праграме ТАСІС, арыштаваная маёмасьць слонімскага грамадзкага аб’яднаньня "Воля да разьвіцьця". Як паведаміў старшыня аб’яднаньня Міхась Варанец, прэтэнзіі, прад’яўленыя да яго арганізацыі, цалкам супадаюць з тымі, што падаткавыя органы выставілі ў адносінах да Беларускага Хельсінкскага камітэту. 

19 сакавіка высьветлілася, што супрацоўнікаў КДБ, якія назвалі сябе Аляксандрам Вашкевічам і Віктарам Макаравым, што былі затрыманыя ўвечары 18 сакавіка пры спробе ўзламаць офіс газеты "День", у Ленінскім РУУС Гародні няма. Па інфармацыі дзяжурнага Ленінскага РУУС, іх няма таксама ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Ніхто са службовых асобаў РУУС не пракаментаваў журналістам той факт, што затрыманыя на месцы злачынства людзі былі выпушчаныя на волю. 

19 сакавіка Гарадзенская міліцыя адмовілася распачаць крымінальную справу адносна спробы пранікненьня ў памяшканьне, дзе знаходзіцца рэдакцыя газеты “День”. 

22 сакавіка ўлады Белаазёрску не дазволілі правесьці ў мясцовым Палацы культуры семінар, прысьвечаны рэфармаваньню жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Прычынай забароны стала тое, што ініцыятыва па правядзеньні семінару зыходзіла ад апазіцыйных дэпутатаў мясцовага Савету. 

22 сакавіка ў Наваполацку зьявіліся першыя ахвяры ўсеагульнай кантрактызацыі. Адміністрацыя мясцовай цеплаэлектрацэнтралі папярэдзіла кіраўнікоў ячэйкі Свабоднага прафсаюзу, што кантракт з імі працягнуты ня будзе. Пісьмовыя папярэджаньні аб гэтым атрымалі старшыня прафарганізацыі Вадзім Духоменка, а тасама два сябры прафсаюзу Юры Абухаў і Юры Гайчанка. Усе яны адпрацавалі на ТЭЦ не адзін дзесятак гадоў і маюць высокую кваліфікацыю. 

22 сакавіка ў царкве мястэчка Бобр, што ў Крупскім раёне Меншчыны, быў пашкоджаны насьценны росьпіс, які зрабіў мастак Алесь Пушкін. У сцэне, якая распавядае пра біблейскі сюжэт страшных пакутаў на тым сьвеце грэшных душаў, замаляваныя вобразы двух персанажаў, падобных на Аляксандра Лукашэнку і мітрапаліта Філарэта. 

22 сакавіка адбыўся педсавет у баранавіцкім каледжы лёгкай прамысловасьці, на якімом абмяркоўвалі актывістку руху "Зубр" Кацярыну Банкевіч, затрыманую разам з Мікітам Сасімам за раздачу інфармацыйнага бюлетэню "Зубр-Баранавічы". Непаўнагадовую Кацярыну Банкевіч, якую заканадаўства не дазваляе пасадзіць у турму, педсавет каледжу вырашыў умоўна выключыць з каледжу. 

23 сакавіка ў Слоніме былі затрыманыя міліцыяй прадстаўнікі Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс” – намесьніца Першага сакратара Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган, старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Паўлаў. Яны прыехалі ў Слонім па запрашэньні дэпутата мясцовага Савету Івана Шэгі на сустрэчу з выбаршчыкамі. Планавалася правесьці сустрэчу ў школе, але яна аказалася зачыненай. Было вырашана праводзіць сустрэчу ў школьным двары, на лаўках. Як толькі менскія госьці пакінулі сустрэчу, іх затрымала міліцыя і канваявала да раённага аддзелу ўнутраных справаў. Каля РАУСу пратрымалі дзьве з паловай гадзіны, забралі пашпарты і спрабавалі зацягнуць у памяшканьне, каб скласьці пратаколы – прысутныя адмовіліся. У рэшце рэшт, вярнулі пашпарты, але папярэдзілі, што будуць складзеныя пратаколы паводле артыкулу Адміністратыўнага кодэксу 167-1 (парушэньне парадку арганізацыі мітынгаў і сходаў). 

23 сакавіка Вышэйшы гаспадарчы суд адхіліў чарговы зыск рэдакцыі "Белорусской деловой газеты" да Міністэрства інфармацыі. Журналісты спрабавалі аспрэчыць папярэджаньне, якое міністэрства вынесла газеце 30 студзеня. 

24 сакавіка каля 60 ліцэістаў сталі ўздоўж прасьпекту Францішка Скарыны насупраць універсаму “Цэнтральны”, сьпяваючы “Гаўдэамус” і трымаючы ў руках плакаты. Завершылася акцыя мастацкім перфомансам у парку імя Горкага. Падчас акцыі да ліцэістаў падышлі міліцыянты і пачалі забіраць плакаты. Потым затрымалі бацьку ліцэіста Яўгена Грыневіча Юрыя, які стаяў побач з дзецьмі і рабіў фотаздымкі. Міліцыянты адвялі Юрыя Грыневіча ў гарадзкі аддзел міліцыі, што на вуліцы Леніна. Падчас акцыі ліцэістаў здымалі на відэакамеру людзі ў цывільным. Калі па завяршэньні перфомансу большасьць ліцэістаў пакінулі парк імя Горкага, міліцыянты затрымалі пяцёх навучэнак ліцэю — Адэлю Дубавец, Юлю Бандарэнку, Вольгу Кавалёву, Марылю Васючэнку, Тацяну Абрамчук, а таксама трох дзяўчынак, якія назіралі за перфомансам у парку. Пазьней усіх затрыманых выпусьцілі, пратрымаўшы пэўны час у апорным пункце міліцыі Партызанскага раёну. 

25 сакавіка сябры Беларуска-Еўрапейскага Задзіночаньня зладзілі ў Бруселі пікет у гонар сьвяткаваньня 86-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Пікет адбыўся насупраць галоўнага ўваходу ў будынак Еўрапарламенту. У сувязі з тым, што ў гэты дзень адбылося паседжаньне Савету Еўрапарламенту, пікет вызваў вялікую зацікаўленасьць прысутных. У час размовы, якая адбылася паміж пікетоўцамі і ўдзельнікамі паседжаньня, стала вядома аб тым, што актывізаваліся абмеркаваньні аб больш хуткай інтэграцыі Беларусі ў Еўрасаюз. З боку праваахоўнікаў Бруселю была выказаная добразычлівасьць і разуменьне ў справах палітычнай сітуацыі ў Беларусі. 

25 сакавіка судовым выканаўцам Бярозаўскага раённага суда Аленай Курыловіч была апісаная маймасьць журналісткі рэгіянальнай “Газеты для вас” Тамары Шчапёткінай. 

У ноч на 25 сакавіка актывісты барысаўскага аддзяленьня руху “Зубр” вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі на цэнтральных вуліцах гораду. Акцыя была прысьвечаная 86-й гадавіне Беларускай Народнай Рэспублікі. 

25 сакавіка судовая калегія па грамадзянскіх справах Берасьцейскага абласнога суда ў складзе Дзьмітрука Г.Р., Усьцімчук Н.С. і Чэбушавай Н.С. не задаволіла скаргу старшыні Берасьцейскай арганізацыі Партыі БНФ Ніны Давыдоўскай, аштрафаванай за распаўсюд 10 сьнежня 2003 году ўлётак-віншаваньняў з Міжнародным днём правоў чалавека. 19 сьнежня 2003 году адміністратыўная камісія Маскоўскага раёну Берасьця прыцягнула да адказнасьці Ніну Давыдоўскую ў выглядзе штрафу ў памеры 49.000 рублёў за парушэньне ч. 3 арт. 172 КаАП РБ. Ніне Давыдоўскай ставілася ў віну тое, што яна “каля прахадной заводу “Цьветатрон” распаўсюджвала ўлёткі, вырабленыя з парушэньнем вызначанага парадку і ня маючых выходных дадзеных, зьмест якіх накіраваны на нанясеньне шкоды дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку і законным інтарэсам грамадзянаў”. 

25 сакавіка сьвяткаваньне Дня Волі ў Менску праходзіла нібы ва ўмовах акупацыі. У другой палове дня цэнтр Менску быў запоўнены міліцыянтамі і амапаўцамі, якія адсочвалі людзей з бел-чырвона-белымі кветкамі ў руках. Першыя затрыманьні адбыліся на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Валянцін Баранаў, Дзяніс Буйніцкі і Вячаслаў Сіўчык трымалі плакаты “Жыве БНР”, “Жыве незалежная Беларусь” і “Беларусы маюць права абіраць уладу”. Каб застацца на Кастрычніцкай плошчы, яны прыкавалі сябе ланцугамі да слупоў асьвятленьня ўздоўж прасьпекту Скарыны. Аднак міліцыянты іх вызвалілі з ланцугоў і адвезьлі ў Цэнтральны РУУС. "Людзі ў цывільным" пачалі зьбірацца да 17-й гадзіны на пляцы Волі. Адзін з іх пачаў выказваць прэтэнзіі маладому хлопцу, які прыйшоў туды ў камуфляжы з нашыўкай, на якой былі выява бел-чырвона-белага сьцягу ды надпіс “Узброеныя сілы Беларусі”. Калі на пляцы Волі сабралася больш за 100 чалавек, чацьвёра ў цывільным схапілі мужчыну ды пацягнулі ў міліцэйскую машыну, што выклікала пратэсты прысутных і крыкі. Калі на пляц Волі прыйшлі прадстаўнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка і праваабаронца Алесь Бяляцкі, трое людзей у цывільным накінуліся на А.Бяляцкага, павалілі і пачалі цягнуць у машыну. Затым арыштавалі і В. Вячорку. Далей зачыстку на пляцы Волі распачалі амапаўцы. Большую частку людзей выціснулі ў бок станцыі метро “Няміга”. Іншыя пайшлі па вуліцы Інтэрнацыянальнай да помніка Янку Купалу, але па дарозе некаторых таксама затрымалі. Усяго ў Цэнтральны РУУС г. Менску было дастаўлена больш за дзесяць чалавек. Пасьля свайго вызваленьня Вінцук Вячорка заявіў, што ў пастарунку выявілася — арыштамі займаліся амапаўцы з Расіі, якія прыехалі ў Беларусь на "стажыроўку". Пакуль затрыманых адвозілі ў міліцыю, астатнія прайшлі з пляцу Волі ў парк імя Янкі Купалы. Людзі ўскладалі кветкі да помніка Купалу і сьпявалі. Завяршыліся сьвяткаваньні ў Менску ў Доме літаратара вечарынай з удзелам паэтаў і пісьменьнікаў. Пікеты і мітынгі адбыліся ў гэты дзень ва ўсіх абласных гарадах Беларусі і большасьці раённых. Дзень Волі адзначалі беларусы таксама ў многіх еўрапейскіх сталіцах. 

25 сакавіка на пляцы Волі ў Менску былі затрыманыя: 
1. Алесь Бяляцкі — старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” (пры затрыманьні зьбілі з ног і працягнулі па зямлі); 
2. Валянцін Стэфановіч — юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” (быў затрыманы, калі кінуўся на дапамогу А.Бяляцкаму); 
3. Вінцук Вячорка – страшыня Партыі БНФ; 
4. Валянцін Мацкевіч; 
5. Уладзімір Кішкурна – старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ; 
6. Андрэй Козел – намесьнік старшыні Менскай гарадзкой арганізацыі АГП; 
7. Рыгор Кійко; 
8. Яўген Скочка; 
9. Вячаслаў Сіўчык; 
10. Дзяніс Буйніцкі; 
11. Вячаслаў Баранаў; 
12. Алег Гнедчык. 

Сьведчаньні Андрэя КОЗЕЛА, затрыманага і зьбітага 25 сакавіка на плошчы Свабоды ў Менску: “На плошчу Свабоды я прыехаў прыкладна ў 16.50. На той момант там прысутнічала каля 40 чалавек, якія прыйшлі сьвяткаваць Дзень Волі, і каля 40 "людзей у цывільным". Праз некалькі хвілінаў палкоўнік Гірэль з двума брытагаловымі людзьмі ў цывільным падышлі да маладых людзей (14-16 гадоў) і ў агрэсіўнай форме пачалі загадваць ім пакінуць тэрыторыю плошчы. Я падышоў да палкоўніка і запытаўся, чаго менавіта ён жадае і чаму чапляецца да моладзі. Гірэль пачаў мяне прымушаць пакінуць плошчу, на што я адказаў, што як грамадзянін РБ магу знаходзіцца дзе заўгодна і калі заўгодна. Афіцэр стаў лаяцца матам і загадаў двум брытагаловым, якія былі каля яго, схапіць мяне. Брытагаловыя імгненна заламалі мне рукі і павялі да "варанка", але ў гэты момант на нас зьвярнулі ўвагу іншыя прысутныя на плошчы, яны абступілі цесным колам брытагаловых. Падышлі журналісты, якія пачалі цікавіцца прычынай майго затрыманьня, на што Гірэль нічога дакладнага ня змог сказаць — і ў выніку ім давялося адпусьціць мяне. Праз пяць хвілінаў зьявіліся калоны АМАПу, якія прайшлі па вуліцы Інтэрнацыянальнай да скрыжаваньня з плошчай Свабоды і там, расьцягнуўшыся ў ланцуг, пайшлі на людзей. Пачалі падымаць людзей, якія сядзелі на лаўках і, мажліва, ніякага дачыненьня да сьвяткаваньня ня мелі. У той момант я, у знак супраціву, сеў на плошчы і працягваў сядзець, пакуль мяне сілай не паднялі і не заламалі рукі. Адразу мной занялося трое амапаўцаў, якія, правёўшы метраў дзесяць, перадалі мяне брытагаловым у цывільным, тым самым, што затрымлівалі мяне раней. Яны павялі мяне ў накірунку да метро "Няміга", дзе стаяў амапаўскі ЗІЛ (па дарозе да аўтобуса адзін з іх некалькі разоў ударыў мяне ў жывот). Кінуўшы ў грузавік, пачалі зьбіваць мяне: білі па твары, па нырках, жываце і руках. Прычым адбывалася ўсё вельмі жорстка і адзін з іх — чалавек невысокага росту — доўгі час паўтараў: "Ды мы такіх, як ты, у Чачні...". Праз пэўны час яны пачалі з яшчэ большай злосьцю зрываць з маіх плячэй нашыўкі з бел-чырвона-белым сьцягам і "Пагоняй". Праз некалькі хвілінаў у грузавік прывялі жанчыну сярэдняга ўзросту — Веру, якая жадала разрадзіць абстаноўку і разьвешвала кветачкі па амапаўскім аўтобусе. На тэлефон некалькі разоў тэлефанавалі розныя людзі, і пасьля таго, як я сказаў аднаму журналісту, што мяне зьбівалі, амапавец выхапіў у мяне тэлефон. Прыкладна праз пяць хвілінаў прыйшла рота АМАПу, і мяне перавялі ва УАЗ, у якім сядзеў нейкі афіцэр АМАПу, які доўгі час расказваў, што ў нас "харошая" ўлада і ўвесь народ яна задавальняе. Потым мяне адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну, дзе павялі ў актавую залу, у якой знаходзілася ўжо чалавек пятнаццаць затрыманых, сярод якіх былі вядомыя мне Вінцук Вячорка, Валянцін Стэфановіч і інш. Мяне адразу пацягнулі на допыт... Дзесьці ў 19.50 мяне адпусьцілі, і я выйшаў з будынку. Мне было досыць цяжка рухацца і цяжка дыхаць. Была толькі адна думка: "Заўтра трэба ісьці на медэксьпертызу". 

У ноч з 27 на 28 сакавіка ў в. Хаціслаў Маларыцкага раёну невядомымі быў зьдзейсьнены напад і абрабаваньне малітоўнага дому Хрысьціянаў веры Евангельскай. У будынку былі павыбіваныя шыбы, скрадзены гадзіньнік, літаратура і канцтавары для нядзельнай школы, кінапраектар. Пра напад на царкву было паведамлена ў праваахоўныя органы. На падставе заявы праводзіцца сьледзтва. Ад 2000 году, калі быў набыты будынак, і ў ім рэгулярна два разы на тыдзень пачалі праводзіцца набажэнствы, гэта ўжо шосты выпадак нападу, прычым некалькі разоў гэта былі відавочныя акты вандалізму, калі злачынцы аблівалі фарбай царкоўныя лавы, катэдру, падлогу. “Пазалетась, – распавядае пастар царквы Вячаслаў Рагацэвіч, – меў месца падобны выпадак, але злодзеяў так і не адшукалі. Цяпер сьледчы вылучае версію, што той, хто зьдзейсьніў ці зьдзесьнілі напад, – людзі рэлігійныя, таму што адзіная каштоўнасьць, якая была некранутая і пакінутая ў царкве – келіх і чаша для прычасьця з выявай ўкрыжаваньня. Але рабаваньне зьдзейсьненае, і гэты факт кажа сам за сябе, што камусьці не падабаецца, што ў Хаціславе ёсьць Дом малітвы, ёсьць вернікі пратэстанты, і такія напады зьдзяйсьняюцца наўмысна.” 

26 сакавіка сямёра затрыманых удзельнікаў мітынгу, які адбыўся ў Салігорску 25 сакавіка, выкліканыя ў Салігорскі суд. Пяцёх пакаралі штрафамі, аднаму далі папярэджаньне, яшчэ аднаго чалавека чакае суд. Сярод затрыманых чацьвёра — сябры Салігорскай філіі КХП-БНФ, двое — сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі і адна дзяўчына — выпадковая сьведка падзеі. Два чалавекі атрымалі штрафы ў памеры 100 базавых велічыняў кожны, трох аштрафавалі на сумы ад 20 да 25 базавых велічыняў. Аднаму затрыманаму вынесьлі папярэджаньне. Затрыманьні адбыліся 25 сакавіка ў часе несанкцыяванага мітынгу ў цэнтры Салігорску. Мітынг прайшоў пад сацыяльнымі лозунгамі. Удзельнікі пратэставалі супраць кантрактнае сістэмы і вялікіх камунальных плацяжоў, якія не адпавядаюць пенсіям. 

26 сакавіка звольнены з працы старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу Полацкай цеплаэлектрацэнтралі Алег Шайтар. Звольнены працаваў старэйшым машыністам катлатурбіннага цэху. 

28 сакавіка на памежным пераходзе “Каменны лог” быў затрыманы актывіст «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч. Беларускія мытнікі пратрымалі яго тры гадзіны і канфіскавалі некаторыя дакументы і агітацыйныя матэрыялы. 

29 сакавіка кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў выкліканы ў рэспубліканскую пракуратуру на “гутарку” да пракурора Новікава, які займаецца пытаньнямі дзейнасьці грамадзкіх арганізацыяў, палітычных партыяў, рэлігійных арганізацыяў, СМІ. Размова была нядоўгай, ніякія запісы не вяліся. Пракурор задаў некалькі пытаньняў, датычных дзейнасьці Бяляцкага ў няўрадавых арганізацыях – у якіх арганізацыях ён бярэ ўдзел, ці мае дачыненьне да Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў і яе часопісу. Асабліва цікавіла пракурора Новікава, ці шмат Алесь Бяляцкі бывае за мяжой, бо ўбачыў у ягоным пашпарце шмат візаў і пячатак, а таксама – за якія сродкі ён жыве. Алесь Бяляцкі адказаў, што, згодна з артыкулам 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ён мае права не даваць інфармацыі, якая можа быць скарыстаная супраць яго. Пракурор на гэта адзначыў, што яшчэ, магчыма, знойдзецца нітачка, за якую ён пацягне, і іх размова з праваабаронцам працягнецца. Напярэдадні гэты ж пракурор выклікаў некалькі чалавек, пазначаных у рэдакцыі часопісу “Асамблея”, якія былі дапытаныя на прадмет сваёй датычнасьці да гэтага часопісу. У выпадку ж з Бяляцкім пытаньні закраналі значна шырэйшае кола праблемаў, у тым ліку нават асабістага жыцьця, што, бясспрэчна, зьяўляецца перавышэньнем паўнамоцтваў спадара Новікава. Бяляцкі лічыць, што пракуратура атрымала пэўны сацыяльны заказ, і асноўная прычына ягонага выкліку ў пракуратуру зьвязаная з агульным ціскам на няўрадавыя арганізацыі, які ўзмацніўся апошнім часам. 

29 сакавіка Amnesty International распаўсюдзіла адмысловую справаздачу, у якой адзначаецца, што абаронцы правоў чалавека ў Беларусі ўвесь час мусяць змагацца з перашкодамі, якія паўстаюць з боку дзяржавы – іх перасьледуюць і запалохваюць. "Беларускія праваабаронцы ўсё часьцей робяцца ахвярамі ціску і запалохваньня з боку ўладаў", – такая выснова зробленая ў адмысловай справаздачы праваабарончай арганізацыі. У дакуменце адзначаецца, што шмат праваабарончых арганізацыяў у Беларусі былі ліквідаваныя “на падставе сумнеўных законаў і палажэньняў”, а прысуды аб ліквідацыі выносіліся судамі, “незалежнасьць якіх неаднаразова ставілася пад сумнеў міжнароднай супольнасьцю”. У справаздачы адзначаюцца істотныя абмежаваньні на свабоду слова ў Беларусі, выказваецца меркаваньне, што наступнай ахвярай стануць Інтэрнэт-выданьні. 

30 сакавіка Інтэрнэт-сайт Міжнароднай Лігі Правоў Чалавека belarusup-date.org зьмясьціў эксклюзіўнае інтэрв’ю з Хрыстасам Пургурыдэсам – парламентаром Рады Еўропы, аўтарам справаздачы аб зьніклых лідэрах беларускай апазіцыі. Паводле словаў сп. Пургурыдэса, найбольшай перашкодай пры падрыхтоўцы яго дасьледваньня была немагчымасьць сустрэцца з некаторымі асобамі, што мелі дачыненьне да справы. Характарызуючы агульную сітуацыю, у якой апынуліся беларускія СМІ, сп. Пургурыдэс адзначыў: "Сёньня праца ў беларускіх незалежных медыях патрабуе вялікай мужнасьці... Мяркую, пакуль міжнародная супольнасьць уважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі, рэжым ня зможа паўтарыць тое, што ён зрабіў з Завадзкім. Але ня могуць быць выключаныя аўтакатастрофы... альбо сардэчныя прыступы..." У канцы інтэрв’ю Хрыстас Пургурыдэс выказаў упэўненасьць у неабходнасьці ўвядзеньня санкцыяў супраць беларускага рэжыму. 

Напрыканцы сакавіка ўсе ўпраўленьні і аддзелы інфармацыі абласных, гарадзкіх, раённых выканкамаў, а таксама мясцовых раённых адміністрацыяў ператвораныя ва ўпраўленьні і аддзелы ідэалагічнай працы. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі адразу ў некалькіх аблвыканкамах. Зьмены праведзеныя ў адпаведнасьці з прэзідэнцкім Указам №111 "Аб удасканаленьні кадравага забесьпячэньня ідэалагічнай працы ў Рэспубліцы Беларусь", прынятым у лютым. Калі інфармацыйныя аддзелы ўваходзілі ў сістэму Мінінфармацыі, то новыя ідэалагічыя структуры падпарадкоўваюцца Адміністрацыі прэзідэнта. Структуру і штаты супрацоўнікаў упраўленьняў (аддзелаў) ідэалагічнай працы выканкамы павінны былі зацьвердзіць да 1 красавіка "з улікам колькасьці насельніцтва", але "ў межах агульнай колькасьці супрацоўнікаў". У новых упраўленьнях пакуль працуюць тыя ж людзі, што дагэтуль працавалі ва ўпраўленьнях інфармацыі. Тым часам, афіцыйныя дакументы (Палажэньні), якія павінныя вызначыць функцыі новых структураў, пакуль знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі. Раней дзейнасьць упраўленьняў інфармацыі аблвыканкамаў рэгламентавалася адпаведным палажэньнем, зацьверджаным пастановай Міністэрства інфармацыі 10 студзеня 2002 г. Пасьля зьяўленьня Указу №111 гэты дакумент фактычна перастае дзейнічаць. Акрамя гэтага, страчваюць актуальнасьць некаторыя палажэньні загаду Міністэрства інфармацыі ад 27 траўня 2003 г. №94, паводле якіх прызначэньні кіраўнікоў упраўленьняў інфармацыі аблвыканкамаў узгадняліся з міністрам інфармацыі. Цяпер кандыдатуры кіраўнікоў упраўленьняў ідэалагічнай працы аблвыканкамаў і Менгарвыканкаму зацьвярджае Адміністрацыя прэзідэнта. У сваю чаргу, кандыдатуры кіраўнікоў ідэалагічных аддзелаў органаў выканаўчай улады ніжэйшага ўзроўню ўзгадняюцца з аблвыканкамамі. Узгадненьне кандыдатураў павінна адбыцца да 1 траўня. Гэткім жа чынам зьмяніўся і парадак зацьвярджэньня кандыдатураў на пасады галоўных рэдактараў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Патэнцыйныя кіраўнікі агульнанацыянальных і абласных СМІ, за выключэньнем тых, каго прызначае асабіста прэзідэнт, цяпер павінны праходзіць працэдуру ўзгадненьня ў Адміністрацыі прэзідэнта. Узгадняць кандыдатуры галоўных рэдактараў мясцовых СМІ, заснаваных гарвыканкамамі, райвыканкамамі і мясцовымі адміністрацыямі ў гарадах, будуць аблвыканкамы.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна

 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster