|
КРАСАВІК
2 красавіка ў суд Цэнтральнага раёну Менску накіраваная скарга на старшыню КДБ Беларусі Леаніда Ерына. Скаргу падпісалі сваякі зьніклых апазіцыянераў Сьвятлана і Вольга Завадзкія, Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская. Ад імя Вольгі Захаранкі скаргу падпісаў яе прадстаўнік, праваабаронца Алег Волчак. Аўтары скаргі просяць суд прыцягнуць Леаніда Ерына да адказнасьці паводле артыкулу пра ўкрывальніцтва злачыннай дзейнасьці. Яны лічаць, што Леанід Ерын сьвядома не выконвае сваіх абавязкаў у раскрыцьці злачынстваў супраць Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Нагадаем, яшчэ напрыканцы студзеня сваякі зьніклых апазіцыянераў зьвярнуліся ў КДБ з просьбай распачаць расьсьледаваньне справаў пра зьнікненьні Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага, якія раней вяла пракуратура. Сваякі палічылі, што ў сьледчых пракуратуры няма шанцаў на высьвятленьне праўды ў тым ліку таму, што адным з асноўных падазраваемых у справах яны лічаць дзеючага Генеральнага пракурора Віктара Шэймана. Аднак з КДБ сваякам зьніклых нават не адказалі. Прадстаўнік сем’яў Гары Паганяйла сьцьвярджае, што заява сваякоў зьніклых была пададзеная непасрэдна ў прыёмную КДБ і адпаведным чынам аформленая. Адказ на яе мусілі даць яшчэ месяц таму. Гары Паганяйла мяркуе, што справы пра зьнікненьні ў КДБ гэтак і не заводзілі. Вядома, што сваякі зьніклых апазіцыянераў плануюць падаць у міжнародны суд на вышэйшых беларускіх чыноўнікаў, якіх падазраюць ва ўтойваньні злачынцаў. Дзеля гэтага нібыта падабраны суд адной з еўрапейскіх краінаў. Але пакуль ня страчаныя магчымасьці знайсьці праўду ў сваёй краіне. Цяпер сваякі Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага будуць чакаць, як прарэагуе на іх абвінавачаньні на адрас старшыні КДБ Леаніда Ерына Цэнтральны суд Менску.
2 красавіка амбасада Рэспублікі Польшча ў Беларусі выступіла з заявай з нагоды выхаду ў эфір Першага нацыянальнага тэлеканалу праграмы "Права человека – взгляд в мир". "Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне вуснамі вядомага прапагандыста Яўгена Новікава... абразіла польскі народ і ўлады, калі назвала Рэспубліку Польшча, бліжэйшую суседку Беларусі, "марыянетачнай дзяржавай", – гаворыцца ў заяве. У заяве падкрэсьліваецца, што тэлепраграма выйшла "ў той самы дзень, калі прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі прыняў амбасадара Рэспублікі Польшча ў Беларусі, пра што ўсё тое ж дзяржаўнае тэлебачаньне паведаміла як пра галоўную палітычную падзею дня". Амбасада Рэспублікі Польшча нагадвае, што "Польшча зьяўляецца краінай, у якой улады выбіраюцца абсалютна дэмакратычным шляхам, зьяўляецца здаўна паўнапраўным сябрам Рады Еўропы, краінай, у якой жыхары нават самага невялікага пасёлку і вёскі маюць непасрэдны і выключны ўплыў на тое, хто засядае ў іх мясцовых органах улады і якія прымае рашэньні ад іх імя, нарэшце – краінай, якая ажыцьцяўляе суверэнную зьнешнюю палітыку". На думку заяўнікаў, згадваньне Польшчы як "марыянетачнай дзяржавы" "зьяўляецца сапраўдным паклёпам". "Марыянетачным зьяўляецца, безумоўна, сам журналіст, які выконвае, праўдападобна, палітычны заказ колаў, зацікаўленых у пагаршэньні польска-беларускага супрацоўніцтва", – гаворыцца ў заяве. "У сьвятле гэтых падзеяў спадара Новікава ўспрымаем ня толькі як падбухторшчыка варожых адносінаў да палякаў, але і як правакатара, чые дзеяньні скіраваныя непасрэдна супраць палітыкі беларускіх уладаў, якія імкнуцца палепшыць клімат нашых двухбаковых адносінаў". Амбасада Польшчы выказвае надзею, што "падобнага тыпу скандальныя выказваньні ў далейшым ня будуць мець месца на экранах Беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня".
5 красавіка ўпраўленьне юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму адмовілася зарэгістраваць новае абласное грамадзкае аб’яднаньне “Грамадзянская альтэрнатыва”. Ягонымі заснавальнікамі выступілі 200 грамадзянаў рэгіёну. Большасьць з іх — сябры ліквідаванага ўладамі аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”. Абласное ўпраўленьне юстыцыі не задаволіла тое, што новае аб’яднаньне мае намер уступаць у міжнародныя арганізацыі і займацца выдавецкай дзейнасьцю. Яшчэ адна прэтэнзія датычыць семантыкі словаў “гуманітарны” і “гуманістычны”. Істотным парушэньнем упраўленьне палічыла не пазначаны нумар пакою ў гарантыйным лісьце на разьмяшчэньне юрыдычнага адрасу. Упраўленьне не прымала афіцыйнага рашэньня адносна рэгістрацыі “Грамадзянскай альтэрнатывы” тры з паловай месяцы, хаця статутныя дакументы, паводле беларускага заканадаўства, павінны разглядацца на працягу 30 дзён. Старшыня навага аб’яднаньня Уладзімір Кацора вымушаны быў ня толькі дасылаць запыт ва ўпраўленьне юстыцыі, але і скардзіцца ў пракуратуру Рэспублікі Беларусь і Міністэрства юстыцыі. Стала вядома таксама, што Камітэт ААН па пытаньнях правоў чалавека прыняў да разгляду скаргу ліквідаванага ўладамі грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”. У лісьце з Вены кіраўніку “Ініцыятываў” Віктару Карніенку паведамілі, што ў адпаведнасьці з правіламі копія скаргі накіраваная для ацэнкі беларускаму ўраду. Урад павінен даць адказ Камітэту ААН пра ліквідаваньне аб’яднаньня на працягу шасьці месяцаў.
5 красавіка з адкрытым лістом да аўтара і вядучага праграмы "Права человека – взгляд в мир" Першага нацыянальнага тэлеканалу Беларусі зьвярнуўся амбасадар Францыі ў нашай краіне Стэфан Шмялеўскі. “Мае калегі, амбасадары, кіраўнікі дыпламатычных місіяў дзяржаваў-сяброў Еўрапейскага Саюзу (Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Швецыі) і ўступаючых у яго дзяржаваў (Латвіі, Літвы, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Эстоніі) і я асабіста ўважліва глядзім цыкл перадачаў "Права человека – взгляд в мир", — піша Шмялеўскі. – Я адрасую вам гэты ліст таксама і ад іх імя”. “Ведайце, – зьвяртаецца дыпламат да журналіста, — што не падман і не падача скажоных фактаў, якія ўтрымліваюцца ў вашых праграмах, выклікаюць зьдзіўленьне. Куды б ні накіравала нас нашае прафесійнае жыцьцё, мы даўно на розных геаграфічных шыротах сутыкаемся з прапагандысцкай хлусьнёй незалежна ад яе палітычнай афарбоўкі. Што нас зьдзіўляе, дык гэта тое, што сёньня і зараз зьяўляецца магчымай зьнявага беларускіх тэлегледачоў, якія ўводзяцца ў зман з дапамогай хлусьні”. У якасьці прыкладу Шмялеўскі прыводзіць перадачу ад 26 лютага, у якой Новікаў абвінаваціў ягонага суайчыньніка, генеральнага сакратара Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека Філіпа Кальфаяна “ў закліку да быццам бы ўзброенага супраціву супраць парушэньняў правоў чалавека”, што, як піша амбасадар, “вядома, не адпавядае рэчаіснасьці”. “У сваёй праграме вы папракаеце мяне і дзесяць маіх калегаў у тым, што мы прынялі ўдзел у адкрыцьці міжнароднай канферэнцыі па правах чалавека пад Менскам і заклікаеце МЗС Беларусі прачытаць нам сур’ёзную лекцыю, бо лічыце, што падобныя паводзіны быццам бы супярэчаць правілам дыпламатычнага этыкету”. ”А колькі працы вам каштавала праілюстраваць вышэйзгаданы тэзіс і ваш зварот да Міністэрства замежных справаў вашай краіны! – працягвае Шмялеўскі. – Вы зьвяртаецеся да мантажу кадраў, якія адзьнятыя на іншых мерапрыемствах. (...) Ці, напрыклад, абвінавачаньне ва ўдзеле ў вулічных дэманстрацыях суправаджаецца паказам майго службовага аўтамабілю. Аднак гэта больш ня мой аўтамабіль, гэта – былы службовы аўтамабіль майго папярэдніка, які прададзены амбасадай ужо некалькі гадоў таму”. Акрамя таго, па меркаваньні амбасадара, Новікаў зрабіў “абсурднае параўнаньне” самагубства брытанскага эксьперта ў галіне зброі масавага зьнішчэньня доктара Келі і “нявысьветленых зьнікненьняў” Віктара Ганчара ці Юрыя Захаранкі. “Я хацеў бы нагадаць вам, што з пункту гледжаньня такіх замежных назіральнікаў, як мы, беларускай публіцы ўласьцівая сталасьць меркаваньняў і здольнасьць граматна весьці дыскусіі на любыя тэмы. Любы журналіст, варты гэтага імя, у такой краіне, як вашая, якая разьмешчаная на мяжы з пашыраным Еўрапейскім Саюзам, павінен быў бы хутчэй спрыяць дадзеным дыскусіям, чым губляць час на рыторыку, якая засталася ў мінулым, прынамсі ў тых краінах Еўропы, якія суседнічаюць з Беларусьсю”, — піша ў заключэньні Шмялеўскі.
5 красавіка ўпраўленьне юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму вынесла пісьмовае папярэджаньне моладзеваму грамадзкаму аб’яднаньню “Верас”. Рашэньне прынятае па выніках праверкі недзяржаўнай арганiзацыi, якая працягвалася больш за 3 месяцы. Асноўныя прэтэнзіі чыноўнікаў такія: паводле статуту “Верас” ня меў права ладзіць “круглы стол” па міжнацыянальных адносінах у рэгіёне і ня можа займацца валанцёрскай дзейнасьцю. Згаданае мерапрыемства адбылося ў Віцебску 3 сьнежня 2003 году ў межах праекту “Роўнасьць. Талерантнасьць. Павага”. У iм удзельнiчалi прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў, актывісты мясцовых недзяржаўных арганізацыяў i журналісты. Падчас “круглага стала” аналiзавалiся міжнацыянальныя стасункi ў Віцебску, выказвалiся прапановы па паляпшэньнi становiшча ў гэтай сферы. Яшчэ адным фактам, які разглядаецца ўпраўленьнем юстыцыі як парушэньне закону, зьяўляецца стварэньне на базе грамадзкай арганiзацыi мясцовага валанцёрскага цэнтру (МВЦ), якi зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем “Верасу”. У межах МВЦ маладыя людзі займаюцца дабрачыннай сацыяльнай дзейнасьцю.
5 красавіка Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне рэдакцыі недзяржаўнай "Местной газеты". Выданьне абвінавачваюць у парушэньні артыкулаў 11 і 26 Закону аб друку, а таксама ў невыкананьні шэрагу патрабаваньняў, датычных афармленьня газеты. Асноўная прэтэнзія да рэдакцыі заключаецца ў тым, што яна не паведаміла пісьмова Міністэрству інфармацыі пра зьмяненьне перыядычнасьці выпуску газеты: замест 2 разоў яна пачала выходзіць тройчы на тыдзень. Паводле папярэджаньня, выданьне таксама пашырыла тэрыторыю распаўсюду "на Ваўкавыск, Масты, Сьвіслач, Бераставіцу, Зэльву і Смаргонь", не праінфармаваўшы пра гэта рэгіструючы орган.
5 красавіка кіраўнікі «Маладога Фронту» правялі прэс-канферэнцыю па спробах КДБ вербаваць моладзь. Паводле словаў П.Севярынца і А.Шэіна, якія прывялі шмат прыкладаў, гэтыя спробы пачасьціліся асабліва апошнім часам.
6 красавіка Менская транспартная пракуратура ўзбудзіла супраць Аксаны Новікавай крымінальную справу па арт. 367 ч.2 КК Рэспублікі Беларусь — паклёп на прэзідэнта Беларусі. Справа ўзбуджаная за тое, што 5 красавіка, знаходячыся ў тунелі №2 станцыі Менск-Пасажырскі, Аксана Новікава “публічна дэманстравала ўлёткі, вырабленыя памнажальным спосабам, раздаючы іх мінакам. Названыя ўлёткі ўтрымліваюць паклёпніцкія, заведама ілжывыя зьвесткі, якія ганьбяць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, спалучаныя з абвінавачаньнем у асабліва цяжкіх злачынствах”. Справа ўзбуджаная транспартным пракурорам саветнікам юстыцыі А.М. Лашыным.
6 красавіка супрацоўнікі КДБ спрабавалі завербаваць старшыню Мастоўскай раённай арганізацыі «Маладога Фронту» 25-гадовага Зьміцера Кухлея. Зьміцер быў затрыманы на чыгуначным вакзале ў Лідзе. Міліцыянты абшукалі рэчы і забралі частку накладу незарэгістраванага праваабарончага выданьня. Гэта адбылося 21 сакавіка. А неўзабаве яго запрасілі на гутарку два супрацоўнікі КДБ. Гутарка адбылася ў будынку раённай газеты. У хлопца пацікавіліся палітычнай арыентацыяй, сталі распытваць пра “Малады Фронт”. Па словах Зьміцера, дзесьці ў сярэдзіне размовы яны прапанавалі яму супрацоўнічаць з імі. Перад гэтым адзін з іх дастаў кніжачку з законам аб дзейнасьці Камітэту дзяржбясьпекі і зачытаў вытрымкі: што гэта ўсё законна, што ён можа з імі супрацоўнічаць — па асабістым жаданьні. А таксама — што за гэта прадугледжаныя стымулы, грашовыя ды іншыя. Маладафронтавец адказаў, што з КДБ супрацоўнічаць ня будзе.
6 красавіка Пракуратура Рэспублікі Беларусь зноў прыпыніла расьсьледваньне крымінальнай справы аб выкраданьні журналіста Дзьмітрыя Завадзкага, які бясьсьледна зьнік 7 ліпеня 2000 году. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Сьвятланы Завадзкай юрыст Гары Паганяйла. У паведамленьні аб прыпыненьні крымінальнай справы, якое падпісана намесьнікам начальніка аддзелу па расьсьледваньні справаў аб арганізаванай злачыннасьці і карупцыі Пракуратуры РБ Іванам Бранчэлем, гаворыцца, што крымінальная справа прыпыненая 31 сакавіка “ў сувязі з невыяўленьнем бяз весткак зьніклай асобы”. Расьследваньне справы аб выкраданьні журналіста прыпыненае ня першы раз. Апошні раз яна была ўзноўленая 10 сьнежня 2003 году. Родныя Дзьмітрыя Завадзкага не разумеюць, навошта ўлады ўзнаўлялі расьсьледваньне.
6 красавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы прайшла акцыя “Ланцуг неабыякавых людзей”, прысьвечаная пятай гадавіне з дня сьмерці віцэ-сьпікера парламенту Генадзя Карпенкі. Падчас раздачы ўлётак два чалавекі былі затрыманыя міліцыянтамі.
6 красавіка сын старшыні агульнанацыянальнага страйкавага камітэту Беларусі Валерыя Леванеўскага быў затрыманы ў Гародні. Уладзімір Леванеўскі распаўсюджваў на рынку “Карона” ўлёткі і бюлетэнь “Прадпрымальнік”. Да яго падыйшлі людзі ў цывільным, якія прадставіліся “службай аховы рынку”, але адмовіліся паказаць дакументы. У.Леванеўскага даставілі ў Ленінскі РУУС Гародні, дзе на яго склалі пратакол. Праз дзьве гадзіны Леванеўскага адпусьцілі, у яго канфіскавалі ўсе ўлёткі і бюлетэні.
7 красавіка ўвечары быў затрыманы наклад газеты "День" на пасту ДАІ каля Іўя падчас перавозкі газеты ў Гародню са Смаленскай друкарні. 4 800 асобнікаў газеты знаходзяцца ў Іўеўскім РАУСе. Прыватную машыну Міхася Белакоза, які перавозіў наклад адзінаццатага нумару "Дня", спынілі ў 20.30 на Іўеўскім пасту ДАІ, што на паўдарозе ад Менску да Гародні. Супрацоўнікі ДАІ адразу выклікалі аператыўную групу, якая і прыняла рашэньне аб затрыманьні накладу. Па словах Белакоза, супрацоўнікі апергрупы склалі толькі пратакол агляду месца здарэньня, у якім не пазначылі прычыну затрыманьня газеты. Супрацоўнік адзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (АБЭЗ), які ўваходзіў у склад групы, адмовіўся назваць сваё прозьвішча. Праз гадзіну Белакоза адпусьцілі. Пры гэтым яму не далі ніводнага дакументу аб затрыманьні газеты. Як паведаміў дзяжурны Іўеўскага РАУС Нехвядовіч, 4800 асобнікаў газеты былі затрыманыя па прычыне таго, што "ўсе суправаджальныя дакументы выклікаюць сумненьні ў іх сапраўднасьці". Па словах рэдактара газеты Міколы Маркевіча, дакументы былі аформленыя належным чынам. Тыдзень таму наклад дзесятага нумару газеты ўжо затрымлівалі на тым самым Іўеўскім пасту ДАІ, але пасьля гадзіннага разьбіральніцтва машына з накладам тады была адпушчаная.
7 сакавіка заснавальнік і галоўны рэдактар "Местной газеты" Андрэй Шантаровіч накіраваў міністру інфармацыі Уладзіміру Русакевічу афіцыйны запыт з просьбай патлумачыць сутнасьць выстаўленых прэтэнзіяў. З ягоных словаў, у рэгістрацыйным пасьведчаньні выданьня гаворыцца, што "Местная газета" мае права распаўсюджвацца па ўсёй Беларусі. У лісьце таксама згадваецца дзяржаўнае раённае выданьне "Наш час", якое афармляе выходныя зьвесткі гэтаксама, як і "Местная газета", аднак не прыцягвае ўвагі ўладаў.
7 красавіка Аксана Новікава была выкліканая ў транспартную пракуратуру на папярэдні допыт – для высьвятленьня дэталяў справы. Сьледчы транспартнай пракуратуры Юры Надольскі ўдакладняў, хто раздаваў улёткі антыпрэзідэнцкага зьместу, колькі ўсяго было ўлётак, дзе яны былі зробленыя. Калі будзе наступны допыт, невядома, але Аксана Новікава застаецца падазраваемай па крымінальнай справе аб паклёпе ў адносінах прэзідэнта А.Лукашэнкі (арт.367.ч.2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). Нагадаем, што ў лютым 2004 году Камітэт выкананьня пакараньняў амніставаў Аксану Новікаву, якую ў красавіку 2003 году за абразу прэзідэнта пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады.
7 красавіка ў Гародні пасьля сустрэчы грамадзкасьці з прадстаўнікамі Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс”, якія прыехалі з Менску, міліцыянты затрымалі аўтамабіль з улёткамі, які належыць кіраўніку абласной арганізацыі АГП Уладзіміру Чырвоненку. Гэта адбылося прыблізна ў 20 гадзінаў. Міліцыянты абшукалі машыну. У машыне Чырвоненкі былі знойдзеныя і канфіскаваныя каля 6 тысячаў улётак "Пять шагов к лучшей жизни" і календары з лагатыпам "Пяцёркі-плюс". У РАУС супрацоўнікі міліцыі пералічылі ўлёткі і склалі пратакол. Міліцыя яшчэ затрымала чатырох чалавек, якіх таксама даставілі ў Ленінскі РАУС.
7 красавіка ў Баранавіцкім каледжы лёгкай прамысловасьці звольненая з працы намесьнік дырэктара па выхаваўчай рабоце Н.А.Качура. Дырэктар каледжу атрымаў вымову. Кіраўніцтва пакаранае за тое, што ячэйка БРСМ перайшла ў апазіцыйны рух “Зубр”.
8 красавіка Наваполацкія ўлады сарвалі сустрэчу вядомага мовазнаўцы і грамадзкага дзеяча, старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі са студэнцтвам. Сустрэча мелася адбыцца ў памяшканьні бібліятэкі імя Якуба Коласа, падчас якой мовазнаўца зьбіраўся прачытаць студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэту мясцовага ўніверсітэту і ўсім зацікаўленым рэферат на тэму “Праблемы рэфармаваньня беларускага правапісу і пашырэньня сферы ўжытку беларускай мовы ў сучасных умовах”.
8 красавіка больш за дзесяць актывістаў Свабоднага прафсаюзу Беларускага правялі на прахадной аб’яднаньня "Полацкшкловалакно" інфармацыйную акцыю ў падтрымку Віктара Стукава, аператара 7 цэху прадпрыемства, які ён атрымаў паведамленьне пра звальненьне. Адпрацаваўшы дваццаць гадоў аператарам у цэху са шкоднымі ўмовамі працы, спадар Стукаў апынуўся за заводзкай прахадной – да таго ж прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасьці.
8 красавіка Дзяржаўны рэгістр кінавідэафільмаў Міністэрства культуры адмовіў незалежнай студыі “Тацяна” ў выдачы пракатнага пасьведчаньня на паказ дакументальнага фільму пра жыцьцё і творчасьць Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому... Рэквіем”. Міністэрскія чыноўнікі, забараняючы паказ кінафільму на тэрыторыі Беларусі, спасылаюцца на тое, што кінастужка нібыта можа адмоўна паўплываць “на маральна-этычныя асновы жыцьця беларускага народу”. Аднак аўтары і галоўныя героі фільма перакананыя, што сапраўднай прычынай ёсьць страх перад вышэйшымі ўладамі Беларусі, якія негатыўна ставяцца да Васіля Быкава.
8 красавіка пракуратура Ленінскага раёну Гародні вынесла папярэджаньне галоўнаму рэдактару недзяржаўнай газеты "Биржа информации" Алене Раўбецкай за парушэньне артыкулу 5 Закона аб друку. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў старэйшы сьледчы пракуратуры палкоўнік юстыцыі Аляксандр Абрамовіч. Галоўнага рэдактара папярэдзілі за тое, што газета нібыта распаўсюдзіла інфармацыю ад імя незарэгістраванай партыйнай структуры. Падставай дзеля папярэджаньня сталі дзьве публікацыі, якія зьявіліся ў газеце 29 студзеня і 18 сакавіка і належалі кіраўніку гарадзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Першы артыкул называўся "Мы не строим воздушных замков" і быў прысьвечаны ўтварэньню партыйнай каліцыі "Пяцёрка-плюс"; у другой публікацыі ("Нокаут в первом раунде") аўтар дзяліўся ўражаньнямі ад назіраньня за выбарамі ў Расіі. 7 красавіка галоўнага рэдактара газеты Алену Раўбецкую выклікалі ў раённую пракуратуру і паведамілі, што па факце зьяўленьня гэтых публікацыяў праводзіцца праверка. Ініцыявала гэтую праверку абласная пракуратура, якая палічыла, што "Биржа информации" распаўсюдзіла інфармацыю ад імя незарэгістраванай структуры. Сьледчы раённай пракуратуры А. Абрамовіч, які гутарыў з А. Раўбецкай, спасылаўся на рашэнье ўпраўлення юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму, якое ў жніўні 2003 году адмовіла ў рэгістрацыі Гарадзенскай суполцы АГП. Раўбецкая, са свайго боку, даводзіла, што Аб’яднаная грамадзянская партыя зарэгістраваная ў Міністэрстве юстыцыі, а мясцовыя аддзяленні структуры, паводле Закону "Аб партыях", абавязаныя толькі падаць дакументы для "пастаноўкі на ўлік" у мясцовых органах улады. Гэтыя аргументы яны выклала ў тлумачальнай нататцы, якую прынесла ў пракуратуру 8 красавіка. Аднак высьветлілася, што папярэджаньне ёй ужо вынесена. А. Раўбецкая зьбіраецца дамагацца яго адмены праз суд.
8 красавіка галоўны рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч накіраваў БелТА адказ, у якім выказаў гатоўнасьць разгледзець прапановы наконт пакету з 9 праграмаў, у публікацыі якіх зацікаўленая газета. (БелТА ж прапануе выданьню толькі пакет коштам 5 млн. 025 тыс. рублёў, у які ўваходзяць некалькі дзесяткаў праграмаў тэлеканалаў з анонсамі). "З нагоды Вашых сьцьверджаньняў, што ў газеце "Народная воля" неаднаразова беспадстаўна (г.зн., без заключэньня адпаведнай дамовы) дапускалася публікацыя праграмаў тэлеканалаў, лічу неабходным патлумачыць, што гэта не парушае патрабаваньняў дзеючага заканадаўства РБ. Паводле заканадаўства, праграма тэле- і радыёперадачаў, як інфармацыя пра час іх выхаду ў эфір, не зьяўляецца аб’ектам аўтарскага права. Такая інфармацыя... можа быць свабодна апублікаваная ў любых газетах, калі толькі яна не суправаджаецца творамі, ахоўваемымі аўтарскім правам (напрыклад, анонсамі). У сувязі з гэтым Вашыя прэтэнзіі лічу неабгрунтаванымі", — гаворыцца ў пасланьні.
9 красавіка ў цэнтры Менску супрацоўнікі міліцыі арыштавалі трох актывістаў руху "Зубр". Раман Казакевіч і Канстанцін Л. былі затрыманыя на прасьпекце Машэрава падчас расклейкі плакатаў на тумбах для аб`яваў. Яшчэ адзін актывіст руху "Зубр", непаўнагадовы Алег Радзюк, быў затрыманы на станцыі метро "Пушкінская" таксама за расклейку ўлётак. Яго даставілі ў аддзяленьне міліцыі і склалі ў дачыненьні ягоных бацькоў пратакол па артыкуле 162 КаАП (невыкананьне бацькоўскіх абавязкаў). У гэты ж дзень у Баранавічах актывіст "Зубра" Артур Гайдукевіч быў затрыманы ў цэнтры гораду за тое, што ў яго на вопратцы быў значок з лагатыпам руху. У аддзяленьні міліцыі на яго склалі пратакол па артыкуле 167-2 КаАП РБ (выкарыстаньне незарэгістраванай сімволікі). Праз некалькі гадзінаў ён быў адпушчаны.
9 красавіка ў ходзе падрыхтоўкі да чарговага паседжаньня Камісіі па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў прадстаўнікі шэрагу дзяржаваў выступілі з прапановай аб увядзеньні пасады сьпецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі. Такім чынам, Беларусь патрапляе ў адзін шэраг з такімі краінамі, дзе парушаюцца правы чалавека, як М’янма, Конга, Сьера-Леонэ, Куба і Судан. У парадку дня сесіі Камісіі стаіць пытаньне аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі. У сваёй рэзалюцыі ад 17 красавіка 2003 году "Стан правоў чалавека ў Беларусі" Камісія абвесьціла аб сваім намеры вярнуцца да беларускага пытаньня.
9 красавіка суд Першамайскага раёну г. Менску адхіліў зыск Рады Беларускага Хельсінкскага камітэту і яго старшыні Тацяны Процькі да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Суд вырашыў, што журналісты БТ не зьневажалі гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі сяброў БХК, бо "нейтральна выкладалі сутнасьць праблемы". Адказьнікі пры абвяшчэньні судовага рашэньня не прысутнічалі. Падставай дзеля зыску аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі Т. Процькі і рэпутацыі БХК стаў сюжэт, паказаны па Першым нацыянальным тэлеканале 2 лістапада 2003 году ў праграме "В центре внимания". Дзейнасьць БХК, Тацяны Процькі і іншых праваабаронцаў падавалася ў ім у негатыўным сьвятле: у прыватнасьці, аўтары праграмы намякалі на нямэтавае выкарыстаньне арганізацыяй буйной сумы грошай. Адказьнікамі па справе выступалі НДТРК, вядучы тэлепраграмы "В центре внимания" Сяргей Хамянтоўскі і аўтар сюжэту Юры Пракопаў. Судзьдзя Аніскевіч вырашыў, што распаўсюджаныя ў праграме зьвесткі ня могуць быць прызнаныя зьневажальнымі, паколькі яны ня ўтрымлівалі наўпроставых зьнявагаў у адрас зыскоўцаў, не парушалі "нормаў літаратурнай рускай мовы" і ўяўлялі сабою "нейтральнае выкладаньне пункту гледжаньня журналістаў". Каментуючы вынікі суда, прадстаўнік зыскоўцаў у судзе Гары Паганяйла заявіў, што "суд у чарговы раз выканаў замову выканаўчай улады". Напрацягу 10 дзён зыскоўцы зьбіраюцца абскардзіць гэтае рашэньне ў Менскі гарадзкі суд. "Мы павінныя выкарыстаць усе законныя спосабы і метады абароны сваіх правоў. Астатняе – на сумленьні судоў", – заявіў Г. Паганяйла. У тым жа Першамайскім раённым судзе знаходзіцца яшчэ адзін зыск – аб парушэньні немаёмасных правоў і кампенсацыі маральных стратаў Тацяны Процькі і яе мужа Дзьмітрыя Козыра. Падставай дзеля зыску стаў яшчэ адзін выпуск праграмы "В центре внимания", прадэманстраваны па БТ 29 лютага, у якім вялася гаворка пра прыбыткі супрацоўнікаў арганізацыі і асабістую маёмасьць Т. Процькі.
9 красавіка Полацкі гарадзкі суд вынес афіцыйныя папярэджаньні актывістам Свабоднага прафсаюзу Уладзіміру Антановічу і Віктару Стукаву, якія былі затрыманыя 8 красавіка. Уладзіміру Антановічу і Віктару Стукаву інкрымінаваўся ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні (арт. 167-1 КаАП РБ).
9 красавіка Міністэрства юстыцыі завяршыла праверку дзейнасьці Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Паводле яе вынікаў складзены сьпіс выяўленых парушэньняў заканадаўства. Міністэрства юстыцыі палічыла парушэньнем тое, што некаторыя літаратары стала жывуць за межамі Беларусі, а на ўваходзе вісіць “няправільны” герб. Міністэрства юстыцыі абвінавачвае Саюз пісьменьнікаў у тым, што “пры ўваходзе ў памяшканьне, дзе знаходзіцца юрыдычны адрас аб’яднаньня, маецца шыльда з указаньнем назвы, не адпавядаючай зарэгістраванай, і больш таго, з выкарыстаньнем былога дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь”. Парушэньнямі названа таксама тое, што Саюз прыняў у свае шэрагі беларускіх літаратараў, якія стала жывуць за межамі краіны, і што сябры Саюзу нерэгулярна сплачваюць штогадовыя сяброўскія складкі. За гэтыя парушэньні Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджаньне, у якім сказана, што пры наяўнасьці паўторных на працягу году парушэньняў, за якія ўжо выносілася пісьмовае папярэджаньне, арганізацыя будзе ліквідаваная.
12 красавіка ў Полацкім гарадзкім судзе была разгледжаная справа актывістаў руху “Зубр”. Анастасія Васіленка, Яўген Афнагель і Мікіта Сасім былі затрыманыя 12 красавіка ў Полацку і абвінавачаныя ў расклейцы ўлётак. Пасьля затрыманьня яны былі дастаўленыя ў Полацкі ГАУС, дзе на іх былі складзеныя пратаколы згодна з артыкулум 167-10 КаАП (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі), а адтуль -- у суд. Судовае паседжаньне вяла судзьдзя Ірына Дародка. Судзьдзя не задаволіла хадайніцтва "зуброўцаў", каб іх правы падчас судовага паседжаньня прадстаўляў праваабаронца Зьміцер Салаўёў. Сваю адмову яна матывавала тым, што ў адміністратыўным працэсе могуць удзельнічаць толькі адвакаты. Спасылкі на Канстытуцыю і Пастанову пленуму Вярхоўнага суда, дзе тлумачыцца магчымасьць прысутнасьці прадстаўнікоў, судзьдзя пакінула па-за ўвагай. У выніку судовага паседжаньня Мікіта Сасім атрымаў штраф у памеры 10 базавых адзінак (190 000 рублёў). Яўген Афнагель і Анастасія Васіленка атрымалі папярэджаньні. Канфіскаваныя бел-чырвона-белыя сьцягі і друкаваныя матэрыялы былі прызнаныя рэчавымі доказамі і асуджаным ня вернутыя.
13 красавіка суд Ленінскага раёну Менску пакараў Міхаіла Марыніча штрафам у дзесяць базавых велічыняў за публікацыю ў газеце “Народная воля”. Спагнаньне (гэта прыблізна 90 даляраў ЗША) вынесьлі за тое, што ў артыкуле “Калапс?”, які надрукаваны ў газеце “Народная воля”, Міхаіл Марыніч называе сябе сябрам грамадзкай арганізацыі “За годнае жыцьцё”. Гэтая арганізацыя пакуль не зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі, хаця адпаведныя дакументы туды пададзеныя. На пытаньне судзьдзі Дзьмітрыя Жданка, якім чынам так атрымалася, Міхаіл Марыніч спаслаўся на тэхнічную памылку: маўляў, пры перадрукоўцы тэксту выпадкова зьнікла слова “аргкамітэту”. Пра гэта спадар Марыніч яшчэ раней паведаміў Міністэрству юстыцыі.
13 красавіка Праваабарончы цэнтр “Вясна” падаў скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Скарга пададзеная ад імя старшыні Рады аб’яднаньня Алеся Бяляцкага і яшчэ 9 сяброў аб’яднаньня. Прайшло ўжо больш за паўгады з таго моманту, калі судзьдзя Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Валянціна Кулік вынесла рашэньне аб ліквідацыі Грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Рашэньне, якое было вынесенае 28 кастрычніка 2003 году, уступіла ў дзеяньне адразу з моманту яго абвяшчэньня ў судзе. Згодна з дзеючым ГПК Рэспублікі Беларусь, рашэньне Вярхоўнага суда зьяўляецца канчатковым і абскарджаньню ў парадку касацыі не падлягае. Менавіта таму цяпер, калі прадстаўнікі “Вясны” скарысталі ўсе магчымасьці абароны на нацыянальным узроўні (якіх было зусім няшмат – адна наглядная скарга на імя старшыні Вярхоўнага суда), падрыхтаваная скарга ў Камітэт па правах чалавека ААН. Гаворыць юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна”: “Мы спадзяемся на справядлівы разгляд нашай скаргі ў сапраўды незалежных міжнародных структурах. У скарзе ўказаныя асноўныя парушэньні нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства, якія былі дапушчаныя падчас разгляду справы ў Вярхоўным судзе. У тым ліку ч.1 арт.14, ч.1 і 2 арт.22, арт 26 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які быў ратыфікаваны нашай краінай. Асноўныя парушэньні, на думку “вясноўцаў”, – парушэньне права на свабоду асацыяцыі і права на справядлівае судовае разбіральніцтва незалежным судом. Мы спадзяемся на справядлівы разгляд справы. Хаця разумеем, што ў выпадку станоўчага для нас рашэньня ўлады Беларусі не адновяць рэгістрацыю “Вясны” і праігнаруюць рашэньне Камітэту па правах чалавека ААН. Усё адно – для нас гэта будзе маральная перамога, пацьверджаньне нашай праваты на самы высокім міжнародным узроўні”.
13 красавіка родныя зьніклых беларускіх палітыкаў і журналіста накіравалі ў Камісію па правах чалавека ААН, дзе праходяць слуханьні па Беларусі, просьбу выкарыстаць усе магчымыя сродкі ціску на беларускія ўлады. Маці зьніклых беларускіх палітыкаў Валянціна Ганчар, Ульляна Захаранка, жонка Віктара Ганчара Зінаіда і маці зьніклага журналіста Вольга Завадзкая перадалі ліст у Камісію па правах чалавека ААН праз запрошанага на слуханьні старшыню Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага. У сваім лісьце яны пішуць: “Мы, маці і жонкі зьніклых беларускіх палітыкаў і журналіста Зінаіда Ганчар, Валянціна Ганчар, Вольга Завадзкая, Ульляна Захаранка, цалкам падтрымліваем Рэзалюцыю ААН аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі ад 17 красавіка 2003 году. Мы ўдзячныя за вашую заклапочанасьць лёсамі нашых родных. Мы інфармуем вас пра тое, што за мінулы з часу прыняцьця Рэзалюцыі год не адбылося ніякіх зьменаў са справамі аб гвалтоўных выкраданьнях апанентаў рэжыму. Вашыя заклікі аб звальненьні ці часовым адхіленьні ад займаемых пасадаў прадстаўнікоў праваахоўных органаў, якія, магчыма, датычныя да зьнікненьняў (ці адвольных пакараньняў сьмерцю) да правядзеньня належнага расьсьледваньня, не прынятыя пад увагу. Таксама не прынятыя ўсе неабходныя захады дзеля поўнага і аб’ектыўнага расьсьледваньня гвалтоўных выкраданьняў нашых родных і пакараньня вінаватых. Мы просім вас выкарыстаць усе сродкі ціску на ўлады Беларусі, якія ёсьць у вашай кампетэнцыі, з мэтай выкананьня імі абавязацельстваў перад грамадзянамі сваёй краіны, а таксама міжнароднымі абавязацельствамі, узятымі на сябе Рэспублікай Беларусь. Мы ўдзячныя вам за разуменьне той сітуацыі, у якой апынуліся нашыя сем’і, і верым, што дзеяньні, якія вы прадпрымаеце, дапамогуць выявіць праўду пра тое, што здарылася з нашымі роднымі і блізкімі. Бо, нягледзячы на тое, што прайшло ўжо шмат часу з моманту выкраданьня, мы працягваем чакаць і спадзявацца”. Родныя зьніклых спадзяюцца, што ў Рэзалюцыі, якая будзе прынятая ў Жэневе, будзе адлюстраванае і становішча з іх правамі і правамі іх родных.
13 красавіка старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі быў запрошаны на сустрэчу з Нобелеўскай лаўрэаткай міру 2003 году, прэзідэнтам Цэнтру абароны правоў чалавека ў Іране Шырын Эбадзі. Падчас сяброўскай гутаркі Алесь Бяляцкі праінфармаваў спадарыню Эбадзі пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Дасягнутае папярэдняе пагадненьне аб прыезьдзе Шырын Эбадзі ў Беларусь у 2005 годзе.
13 красавіка ў Жэневе ў Палацы Нацыяў паралельна з працаю Камісіі па правах чалавека ААН адбыўся брыфінг “Правы чалавека ў Беларусі”. На брыфінгу прысутнічалі прадстаўнікі афіцыйных дэлегацыяў краінаў і НДА, якіх зацікавіла гэтая тэматыка. З апісаньнем сітуацыі ў галіне абароны правоў чалавека ў Беларусі выступілі старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, Генеральны сакратар FIDH (Міжнародная Федэрацыя Правоў Чалавека) Філіп Кальфаян, прадстаўнік Міжнароднай Лігі Правоў Чалавека ў Жэневе Аляксей Каратаеў. Падчас брыфінгу Ф. Кальфаян прадставіў даклад Міжнароднай юрыдычнай назіральнай місіі “Беларусь – ліквідацыя незалежнай грамадзянскай супольнасьці” па выніках візіту назіральнай місіі FIDH у Беларусь у кастрычніку 2003 году.
13 красавіка Міжнародная Федэрацыя Правоў Чалавека (FIDH) прапанавала Камісіі ААН па правах чалавека запатрабаваць ад беларускага ўраду зноў надаць легальны статус тым няўрадавым арганізацыям, якія былі забароненыя падчас “зачысткі" 2003 году. У афіцыйнай заяве, накіраванай FIDH у Камісію, выказваецца занепакоенасьць няспынным перасьледам няўрадавых арганізацыяў у Беларусі. Сярод іншага ў заяве асуджаюцца дэкрэты прэзідэнта, што істотна абмяжоўваюць правы няўрадавых арганізацыяў, і кампанія па юрыдычнай ліквідацыі няўрадавых арганізацыяў. FIDH даводзіць да ведама Камісіі сьпіс арганізацыяў, ліквідаваных у 2003 годзе, і называе дзеяньні, якія сталі падставамі дзеля ліквідацыі (праваабарончая дзейнасьць, аказаньне юрыдычнай дапамогі грамадзянам, назіраньне за выбарамі). Дзеля ўплыву на становішча ў Беларусі, апроч іншага, FIDH прапануе Камісіі запатрабаваць ад беларускага ўраду вярнуць легальны статус юрыдычна ліквідаваным у 2003 годзе арганізацыям і надалей прызнаваць ролю няўрадавых арганізацыяў і праваабаронцаў у грамадзкім разьвіцьці. Прапановы FIDH як арганізацыі, якая валодае сьпецыяльным кансультатыўным статусам пры Камісіі, маюць істотнае значэньне для сяброў Камісіі. Таму цалкам верагодна, што ў выніковай рэзалюцыі Камісіі будзе зьмешчаная прапанова аб аднаўленьні законнага статусу ліквідаваных НДА.
14 красавіка старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі правёў працоўную сустрэчу са Сьпецыяльным прадстаўніком Генеральнага сакратара ААН па праваабаронцах Хінай Джылані. Размова ішла пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, якая значна пагоршылася за апошні год. Алесь Бяляцкі прывёў новыя факты закрыцьця няўрадавых арганізацыяў у Беларусі, узбуджэньня крымінальных справаў за крытыку беларускіх уладаў з боку апазіцыйных палітыкаў і праваабаронцаў, перасьлед моладзі і прафсаюзаў. Хіна Джылані выказала шчырую зацікаўленасьць у новай інфармацыі з Беларусі і паведаміла, што яе офіс вельмі ўважліва адсочвае сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне. Спадарыня Джылані праінфармавала, што яна ўжо некалькі разоў на працягу апошняга часу зьвярталася да беларускіх уладаў з просьбай узгадніць яе паездку ў Беларусь, але не атрымала станоўчага адказу. Тым ня менш, яна будзе і надалей рабіць актыўныя захады, каб паўплываць на сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. У гэты ж дзень, 14 красавіка, адбылася сустрэча А. Бяляцкага з Оліў Мур, прадстаўніцай Ірландзкай місіі ў Камісіі па правах чалавека, адказнай за прадстаўленьне Рэзалюцыі аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Ірландыя старшынствуе ў Еўрасаюзе, і праект Рэзалюцыі падтрымліваецца ўсімі сябрамі ЕС. Была абмеркаваная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і адзначанае яе значнае пагаршэньне за апошні год.
14 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну г. Менску адбыўся суд па адміністратыўнай справе актывісткі моладзевага руху супраціву “Зубр” Дар’і Малдаванавай, якая была затрыманая 13 красавіка каля 17 гадзінаў за тое, што разам з іншымі актывістамі вывешвала ў раёне Нямігі ў Менску шасьціметровы плакат “Он должен уйти”. Судзьдзя Наталя Вайцяховіч прызнала 18-гадовую Дар’ю Малдаванаву вінаватай у парушэньні арт. 167.1 КаАП РБ (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў) і вынесла рашэньне аштрафаваць на 20 базавых велічыняў (380 тысячаў рублёў).
14 красавіка перад пачаткам заняткаў на аграрна-тэхнічным факультэце БДАТУ (аграрна-тэхнічны ўніверсітэт) да Сержука Семянюка падышоў намесьнік дэкана факультэта, які паведаміў, што хоча пагутарыць з ім наконт пропускаў заняткаў і магчымых наступстваў з гэтага. Але калі яны зайшлі ў дэканат, намесьнік дэкана паказаў Сержуку на двух асобаў у цывільным, якія жадаюць паразмаўляць з ім. Асобы не прадставіліся, а толькі паведамілі, што зьяўляюцца супрацоўнікамі КДБ. Незнаёмыя адразу ж пачалі задаваць пытаньні, датычныя дзейнасьці “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў” (ЗБС) у апошнія месяцы. Найбольш іх цікавіла праваабарончая кампанія ЗБС “Адкрыты студэнцкі форум. Думкі ўслых”, у межах якой 22 красавіка павінен адбыцца бясплатны рок-канцэрт для студэнтаў, а ў траўні – міжнародная канферэнцыя па правах студэнтаў. Запытваліся аб кіраўніцтве арганізацыі і замежных партнёрах, прасілі назваць імёны і краіны, з якімі працуе ЗБС. Сяржук адмовіўся адказваць на пытаньні незнаёмых людзей. Ён лічыць, што гэта была няўдалая спроба сьпецслужбаў паўплываць на ягоную грамадзкую актыўнасьць і дзейнасьць ЗБС у цэлым. За апошні месяц гэта не адзінкавы выпадак спробаў сьпецслужбаў і адміністацыяў ВНУ рабіць уціск на сяброў ЗБС. Так, кіраўнікоў рэгіянальных суполак ЗБС выклікаюць у дэканаты, дзе папярэджваюць аб санкцыях за грамадзкую дзейнасьць. Выданьне суполкі ЗБС у БДПУ “Танкісты” (наклад 299 асобнікаў), якое распаўсюджваецца ў педагагічным універсітэце, было разгледжанае прадстаўнікамі адміністрацыяў ВНУ на семінары па ідэалагізацыі ў Менску. Адзін з прарэктароў беларускай ВНУ (у мэтах бясьпекі ён прасіў не называць сваё імя і месца працы) распавёў, што на гэтым семінары была асобная секцыя па абмеркаваньні дзейнасьці ЗБС і шляхоў уціску на арганізацыю. У сувязі з гэтымі падзеямі Рада ЗБС заявіла, што, нягледзячы ні на якія пагрозы, уціск і бязглуздыя абвінавачаньні, ЗБС будзе працягваць змагацца за правы як сваіх сяброў, так і іншых студэнтаў, ніводзін з якіх не застанецца без дапамогі ў выпадку несправядлівага стаўленьня адміністрацыі навучальнае ўстановы і іншых структураў.
14 красавіка “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” ў сваім лісьце на імя міністра адукацыі РБ Аляксандра Радзькова заявіла, што на дзяржаўным цэнтралізаваным тэставаньні дыскрымінуюць беларускамоўных выпускнікоў. Тэставыя заданьні для выпускнікоў падрыхтаваныя толькі на рускай мове. Гэтым, заяўляюць тэбээмаўцы, Міністэрства адукацыі парушыла цэлы шэраг артыкулаў дзеючага заканадаўства, якое гарантуе школьнікам роўныя лінгвістычныя магчымасьці ў сферы адукацыі, — у прыватнасьці, артыкул 6 Закону аб мовах і артыкул 50 Канстытуцыі. Яшчэ да пачатку цэнтралізаванага дзяржаўнага тэставаньня ТБМ накіравала міністру адукацыі свой пратэст у сувязі з тым, што тэставыя заданьні складзеныя толькі па-руску. У атрыманым адказе за подпісам дырэктара Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Міхаіла Фяськова чыноўнікі заяўляюць, што тэставаньне добраахвотнае, а таму, маўляў, калі не разумееце па-руску, можаце не праходзіць тэсты. Цяпер тэбээмаўцы патрабуюць ад міністра службовага разьбіральніцтва сітуацыі. Нагадаем, што па-беларуску цяпер у краіне працуе чвэрць школаў. Гэта пераважна вясковыя школы, выпускнікам якіх Аляксандр Лукашэнка абяцаў стварыць ільготныя ўмовы пры паступленьні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
14 красавіка ў Вярхоўным судзе разглядаўся зыск Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі РГА “Беларускае аб’яднаньне маладых палітыкаў”. Падставамі для ліквідацыі Мінюст называе неадпаведнасьць юрыдычнага адрасу фактычнаму месцазнаходжаньню. Да таго ж арганізацыі інкрымінуюць несваечасовае зьмяненьне назвы кіраўніка арганізацыі: прэзідэнта на старшыню БАПМ памяняў толькі ў сьнежні 2003 году. Па словах старшыні арганізацыі Аляксандра Цынкевіча, Мінюст спасылаецца яшчэ і на тое, што колісь пячатка арганізацыі не адпавядала стандартам МУС. Але ж гэтую неадпаведнасьць сябры арганізацыі выявілі і выправілі па ўласнай ініцыятыве. Аб’яднаньне маладых палітыкаў за ўвесь час існаваньня ад 2000 году не атрымлівала пісьмовых папярэджаньняў. У студзені 2004 году пасьля правядзеньня паседжаньня кіруючага органу ў Міністэрства юстыцыі былі накіраваныя дакументы з просьбай аб унясеньні ў Статут зьменаў, датычных юрыдычнага адрасу і назвы кіраўніка. Мінюст зьмены не зарэгістраваў, а адразу накіраваў зыск аб ліквідацыі ў Вярхоўны суд.
14 красавіка падчас раздачы ўлётак “Пяць крокаў да лепшага жыцьця” каля прахадной Менскага заводу калёсных цягачоў затрыманыя два актывісты АГП Віталь Рымашэўскі і Юры Бычкоўскі. Затрыманыя былі дастаўленыя ў аддзел міліцыі Заводзкага РУУС, дзе быў складзены акт аб канфіскацыі ў іх друкаванай прадукцыі.
15 красавіка суд Савецкага раёну г.Менску выклікаў Віктара Ганчара позвай на слуханьні ў якасьці адказчыка ў сувязі з нявыплатай камунальных плацяжоў. Такія ж позвы атрымалі ягоныя жонка і сын. Зьніклы палітык і ягоныя блізкія павінны зьявіцца менавіта ў той суд, які ў сьнежні 2002 году прызнаў Віктара Ганчара бяз вестак адсутным. Справа аб нявыплаце камунальных плацяжоў мае пачатак з 7 верасьня 2003 году, калі ў дзень нараджэньня Віктара Ганчара на тэхнічным паверсе дому, дзе жыве сям’я, адбыўся пажар, у выніку якога была цалкам папсаваная праводка, шпалеры, падлога, не зачыняліся нават уваходныя дзьверы. Каб кампенсаваць нанесеную шкоду, раённая адміністрацыя прыняла рашэньне дазволіць УП ЖРЭО Савецкага раёну г. Менску правесьці рамонт кватэры за кошт сродкаў бягучага рамонту і зацьвердзіла рахунак на 1 млн.320 тыс. рублёў. Аднак час ішоў, грошы не выплочваліся, а паколькі Зінаіда Ганчар была вымушаная самастойна зрабіць рамонт, яна вусна дамовілася са ЖРЭО, што вызначаныя грошы ёй кампенсуюць за кошт нявыплаты камунальных плацяжоў. Таму Зінаіда Ганчар і не плаціла на працягу апошніх месяцаў, але калі плацяжоў накапілася на суму 414 тыс. рублёў, яе разам з мужам і сынам выклікалі ў суд, які павінен пачацца 19 красавіка (хаця гэта выходны дзень). Зінаіда Ганчар зьбіраецца пайсьці ў суд і разам са сваім адвакатам Паўлам Сапелкам падаць сустрэчны зыск.
15 красавіка стала вядома, што газета "Віцебская трыбуна", якая апошнім часам выходзіла як рэгіянальнае выданьне і была адзінай недзяржаўнай газетай у Воршы ды Аршанскім раёне, пазбаўленая ліцэнзіі. Пра гэта калектыў рэдакцыі даведаўся цалкам выпадкова, калі прыйшоў час узнаўляць дамову з друкарняй. У друкарню дакумент пра скасаваньне прыйшоў поштай яшчэ ў сярэдзіне лютага, аднак рэдактару "Віцебскай трыбуны" Сяргею Серабро пра скасаваньне ліцэнзіі не паведамілі, тым самым пазбавіўшы яго права абскардзіць адпаведную пастанову Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у судзе. У якасьці афіцыйнай падставы для пазбаўленьня ліцэнзіі ўказаная ліквідацыя заснавальніка — Цэнтру моладзевых ініцыятываў "Контур". Аднак "Контур" быў ліквідаваны яшчэ летась, а пастанова пра скасаваньне ліцэнзіі зьявілася толькі праз сем месяцаў. Таму ў рэдактара "Віцебскай трыбуны" ёсьць падставы меркаваць, што выданьне пазбавілі ліцэнзіі за падтрымку вядомай акцыі пратэсту віцебскіх прадпрымальнікаў: на сайце газеты зьмяшчалася хроніка іх галадоўкі, фотаздымкі да іншыя матэрыялы. Галадоўка доўжылася з 2 да 14 лютага, і роўна праз дзень ліцэнзія "Віцебскай трыбуны" была скасаваная.
15 красавіка ў Жэневе Камісія ААН па правах чалавека ўхваліла Рэзалюцыю, якая асуджае парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. Камісія стварыла пасаду сьпецыяльнага дакладчыка па Беларусі, які павінен вывучыць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне і даць справаздачу на наступнай сесіі. Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі так пракаментаваў гэтую падзею: “Рэзалюцыя па Беларусі прымаецца ўжо другі раз. Нагадаю, што летась Камісіяй па правах чалавека ААН таксама была прынятая Рэзалюцыя па Беларусі, што было дастаткова вялікай нечаканасьцю. Як лічаць краіны, якія вынесьлі і прынялі гэтую Рэзалюцыю, сітуацыя з правамі чалавека за апошні год у Беларусі не палепшылася. Ініцыятарамі гэтай Рэзалюцыі зьяўляюцца краіны Еўрасаюзу і ЗША. У ёй ідзе гаворка пра дастаткова агульныя і вядомыя рэчы, прынамсі ў нас у Беларусі: пра той ціск, які аказваюць улады на разьвіцьцё няўрадавых арганізацыяў, пра палітычнае жыцьцё дэмакратычных партыяў Беларусі, пра нежаданьне расьсьледаваць справы зьніклых. Згадваецца таксама і тое, якія праблемы мае цяпер Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт і закрыцьцё Гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Найбольш цікавым зьяўляецца ў гэтай Рэзалюцыі (і гэта моцна адрозьнівае яе ад папярэдняй, леташняй Рэзалюцыі) тое, што ў шостым пункце прапануецца ўвесьці пасаду сьпецыяльнага дакладчыка па правах чалавека ў Беларусі ад Камісіі па правах чалавека ААН. Хачу заўважыць, што такая пасада звычайна прызначаецца толькі ў краінах з татальным парушэньнем правоў чалавека. Я думаю, гэта ёсьць наступны крок, які паказвае ўсё большую занепакоенасьць сусьветнай супольнасьці сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі”. За Рэзалюцыю прагаласавалі 23 краіны, супраць – 13, а 17 краінаў устрымаліся.
15 красавіка гарадзенскае грамадзкае аб’яднаньне "Бацькаўшчына" атрымала ліст ад дырэктара УЖРЭП Ленінскага раёну А. Літвіна, які загадаў арганізацыі вызваліць памяшканне да 15 траўня. "Падставай для скасаваньня дамовы зьяўляецца разьмяшчэньне гарадзенскага офісу газеты "День" у нежылых памяшканьнях... без дазволу адпаведных службаў", — гаворыцца ў пасланьні. "Бацькаўшчыну" абвінавачваюць у тым, што яна здала арандаванае памяшканьне ў субарэнду без пісьмовага дазволу арандадаўцы (УЖРЭП Ленінскага раёну) і адпаведнага рашэньня гарвыканкаму. Калі цягам месяца арганізацыя ня выедзе з займаных памяшканьняў, камунальнікі пагражаюць падаць у суд. Старшыня праўлення "Бацькаўшчыны" і галоўны рэдактар "Дня" і М. Маркевіч разглядае гэты канфлікт у адным шэрагу з нядаўнім затрыманьнем накладу газеты ў Іўі і спробай узламаць дзьверы ў офіс. Ён сьцьвярджае, што субарэнды памяшканьня ні юрыдычна, ні фактычна не было. "День" арандуе памяшканьне ў Менску, а прэтэнзіі камунальнікаў, магчыма, выкліканыя тым, што сярод сяброў "Бацькаўшчыны" шмат журналістаў газеты "День".
16 красавіка рашэньнем Вярхоўнага суда Беларусі ліквідаванае Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Новая група”. Падставай дзеля ліквідацыі стала неадпаведнасьць юрыдычнага адрасу рэальнаму. “Новая група” займалася валанцёрскай дзейнасьцю і была ў Беларусі прадстаўніком сусьветнай арганізацыі “Міжнародная грамадзянская служба”, якая мае больш за 80-гадовую гісторыю.
16 красавіка журналістку бярозаўскай “Газеты для вас” Тамару Шчапёткіну прыцягнулі да адказнасьці за тое, што яна публічна агучыла інфармацыю, што старшыня ўчастковай камісіі прыцягвалася да судовай адказнасьці за парушэньні выбарчага заканадаўства. Падзея, якая пацягнула за сабой грамадзянскі зыск у адносінах да журналісткі бярозаўскай “Газеты для вас” Тамары Шчапёткінай, адбылася 23 лістапада 2003 году – падчас давыбараў у Белаазёрскі Савет дэпутатаў. На выбарчым участку Тамара Шчапёткіна ў прысутнасьці прадстаўнікоў АБСЕ, Нацыянальнага сходу, швецкага журналіста Тобіаса Люнгваля і іншых людзей сказала, што старшыня ўчастковай камісіі Ніна Пратасевіч “была судзімая судом” за парушэньні выбарчага заканадаўства, якія яна зьдзейсьніла падчас выбараў у мясцовыя Саветы ўвесну (3 сакавіка 2003 году), а зараз зноў узначальвае камісію. Журналістка пацікавілася ў Н.Пратасевіч, як так сталася, што кіраўнік участковай камісіі, якая парушае заканадаўства, зноў узначальвае камісію. Да таго ж, Тамара Шчапёткіна паведаміла прысутным, што і старшыня раённай камісіі Мядзьведзь прыцягвалася да адміністратыўнай адказнасьці за парушэньні выбарчага заканадаўства падчас мясцовых выбараў, а потым зноў была зацьверджаная старшынёй раённай камісіі. За гэтыя словы спадарыня Ніна Пратасевіч і падала зыск на журналістку. Гэта яна палічыла “распаўсюдам інфармацыі, якая абражае гонар і годнасьць” (арт. 153 ч. 1 Грамадзянскага кодэксу РБ). У рэшце рэшт судзьдзя Алена Нямкова прыняла бок зыскоўцы і задаволіла (часткова) зыск Пратасевіч, адзначыўшы: “суд прыйшоў да высновы, што Шчапётктна, не валодаючы сьпецыяльнымі юрыдычнымі ведамі, сказіўшы сапраўднае становішча, распаўсюдзіла аб Пратасевіч зьвесткі аб яе судзімасьці, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці” і абавязала журналістку прынесьці публічнае выбачэньне Пратасевіч перад працоўным калектывам Белаазёрскай гімназіі і спагнаць у кошт кампенсацыі маральнай шкоды 300 000 тысячаў рублёў і дзяржпадатак 190 000 рублёў.
17 красавіка пракурор Баранавічаў Аляксандр Смаль вынес папярэджаньні галоўнаму рэдактару грамадзка-палітычнага штотыднёвіка “Intex-рress” Уладзіміру Янукевічу і карэспандэнту гэтага выданьня Марыне Куліковай. Журналістаў абвінавачваюць у парушэньні ч.1 артыкулу 34 Канстытуцыі РБ, а таксама артыкулаў 32 і 40 Закона аб друку. Папярэджаньне было вынесенае на падставе скаргі ў пракуратуру старшыні баранавіцкага гарвыканкаму Віктара Дзічкоўскага. Незадаволенасьць кіраўніка гарадзкога выканаўчага камітэту выклікаў артыкул "Скандал в благородном семействе" (№11 ад 11.03.2004г.), які распавядаў пра далучэньне адной з баранавіцкіх ячэек БРСМ да незарэгістраванага моладезвага руху "Зубр". Пракурор А. Смаль палічыў, што журналісты "не праверылі сапраўднасьць атрыманых зьвестак". 1 красавіка пракуратура Баранавічаў ужо спрабавала выклікаць да сябе аўтарку згаданага артыкулу, аднак візіт не адбыўся з прычыны адсутнасьці пісьмовага запрашэньня. Гэта ня першы выпадак прыцягненьня да адказнасьці журналістаў недзяржаўных медыяў нібыта за распаўсюд інфармацыі ад імя незарэгістраваных структураў. Журналісты “Intex-рress” зьбіраюцца абскарджваць папярэджаньні.
17 красавіка ў Новарэчыцкiм мiкрараёне планаваўся мiтынг "За паляпшэньне ўмоваў жыцьця і дабрабыт". На мiтынгу павінны былі выступiць лiдэры партыяў Народнай каалiцыi "Пяцёрка-плюс". У горадзе Рэчыца зьявiлася некалькi тысячаў улётак з iнфармацыяй пра пададзеную заяўку і пра "Пяцёрку-плюс". Аднак гарадзкiя ўлады без важкiх юрыдычных падставаў адмовiлi заяўнiку, старшынi Рэчыцкай арганiзацыi Партыi БНФ Валерыю Пуцiцкаму ў правядзеньнi акцыi. Кiраўнiцтва ўстановы, дзе Пуцiцкi працуе iнжынерам, накiравала яго на цэлы дзень на працу на буравую, каб ня мог зьявiцца на месцы меркаванага мiтынгу.
17-18 красавіка ў Наваполацку адбыўся міжнародны семінар “Пытаньні талерантнасьці ў беларускім грамадзтве і сьвеце”. Арганізатарамі яго выступілі Праваабарончы цэнтр “Вясна” і швецкая арганізацыя “Svenska Freds”. Гэтая арганізацыя за сваю больш як 120-гадовую гісторыю двойчы была ўзнагароджаная Нобелеўскай прэміяй міру. У працы семінару ўзялі ўдзел у асноўным прадстаўнікі праваабарончых і іншых грамадзкіх арганізацыяў Віцебскай вобласьці. Галоўным пытаньнем было абмеркаваньне праблемы талерантнасьці ў Беларусі.
17 і 18 красавіка з 17.00 да 20.30 у Беларусі быў адключаны тэлеканал “Россия”. Гэтае рашэньне было прынятае Міністэрствам сувязі быццам бы ў сувязі з пазапланавымі рамонтнымі работамі. Між тым, прэс-служба тэлеканалу “Россия” абвяргае гэтае сьцьверджаньне і зьвязвае адключэньне каналу з тым, што напярэдадні ў праграме “Вести” прайшлі анонсы перадачаў “Зеркало” і “Вести недели”, асноўная тэма якіх -- палітыка беларускіх уладаў. Менавіта абвестка пра матэрыялы праграмы, дзе планавалася даволі жорсткае абмеркаваньне палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, і выклікала так званую “прафілактыку”.
18 красавіка ў аддзел заступніцтва Міжнароднай Рады цэркваў евангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў з Беларусі паступіла паведамленьне ад веруючых, у якім яны пішуць, што 17 красавіка ў 11 гадзінаў група хрысьціянаў-баптыстаў з гарадоў Мазыра, Берасьця і Маларыты, папярэдне паведаміўшы адміністрацыі гарадзкой бальніцы Мазыра, пачалі на тэрыторыі бальніцы віншаваць наведвальнікаў і хворых з Велікоднымі сьвятамі. Жадаючым раздаваліся кнігі Новага запавету. Мерапрыемства мела мірны характар, аднак прадстаўнік адміністрацыі забараніў яго і выклікаў міліцыю.
21 красавіка ў офіс да Зьміцера Салаўёва прыйшлі супрацоўнікі інсьпекцыі Міністэрства па падатках і зборах па г. Наваполацку. А.Яловік і Л. Кадушка ў прысутнасьці Салаўёва склалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні – парушэньні падаткавага заканадаўства, у якім сказана, што “09.04.04 Салаўёў не дазволіў правесьці кантрольныя мерапрыемствы і выявіць, ці ажыцьцяўляецца камерцыйная (прадпрымальніцкая) дзейнасьць у памяшканьні, якое сам уладальнік называе “Офіс Зьміцера Салаўёва”. Адказнасьць за дадзенае правапарушэньне прадугледжаная ў памеры ад 10 да 50 базавых велічыняў”. Нагадаем, што 9 сакавіка ў памяшканьне, дзе працуе Зьміцер Салаўёў, які зьяўляўся прадстаўніком Праваабарончага цэнтру “Вясна” ў Наваполацку, таксама прыходзілі супрацоўнікі падаткавай інсьпекцыі гораду А.Яловік і Л. Кадушка. Яны мелі на руках “предписание” на правядзеньне няпланавай рэйдавай праверкі. Падаткавікі намерваліся правесьці праверку “дзейнасьці, зьвязанай з прыёмам наяўных грашовых сродкаў ад пакупнікоў (кліентаў), з вытворчасьцю прадукцыі, выкананьня работ, аказаньнем паслугаў” і г.д. Зьміцер Салаўёў адмовіўся ўпусьціць у памяшканьне супрацоўнікаў падаткавай інсьпекцыі, матывуючы тым, што гаспадарчай дзейнасьцю ён не займаецца і ніякіх аперацыяў з наяўнымі і безнаяўнымі грашыма ў дадзеным памяшканьні не зьдзяйсьняе. Салаўёў прадставіў падаткавікам неабходныя дакументы дзеля доказу сваіх словаў. Гэта была ўжо ня першая спроба ціску на праваабаронцу. Перад гэтым ён ужо выклікаўся ў міліцыю і пракуратуру, дзе яго папярэдзілі аб магчымасьці адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай (ліквідаванай) структуры.
21 красавіка Чыгуначны суд Гомелю не задаволіў зыск падпісчыка “Белорусской деловой газеты” Уладзіміра Кацоры пра спагнаньне з прадпрыемства “Гомельаблпошта” маёмаснай і маральнай шкоды за спыненьне дастаўкі згаданага выданьня. Уладзімір Кацора спрабаваў праз суд вярнуць 38 тысячаў рублёў за падпіску на “БДГ” і спагнаць на карысьць газеты паўмільёны рублёў за нанесеную яму маральную шкоду. Пошта, як лічыць спадар Кацора, пазбавіла яго крыніцы інфармацыі. Судзьдзя Мальцаў вырашыў накіраваць зыск падпісчыка Уладзіміра Кацоры ў Ленінскі суд сталіцы, дзе знаходзіцца рэспубліканскае прадпрыемства “Белпошта”. Паводле судзьдзі, менавіта “Белпошта” распарадзілася не дастаўляць газету падпісчыкам. Уладзімір Кацора выставіў зыск аддзяленьню сувязі №18, якое прымала грошы на дастаўку “БДГ”. На першым паседжаньні высьветлілася, што аддзяленьне сувязі ня мае статусу юрыдычнай асобы і ня можа быць адказчыкам. Судзьдзя Мальцаў пагадзіўся, што і прадпрыемства “Гомельаблпошта” ня можа адказваць за дзеяньні “Белпошты”.
22 красавіка Вярхоўны суд прыняў рашэньне аб ліквідацыі “Беларускага аб’яднаньня маладых палітыкаў”. Суд пагадзіўся фактычна з ўсімі абвінавачаньнямі, што выставіла гэтай грамадзкай арганізацыі Міністэрства юстыцыі. Судзьдзя Філіманіхіна прызнала абгрунтаванымі абвінавачаньні Міністэрства юстыцыі ў адрас “Беларускага аб’яднаньня маладых палітыкаў” і прыняла рашэньне ліквідаваць арганізацыю. Яна прызнала парушэньнем заканадаўства тое, што аб’яднаньне два гады фактычна ня мела юрыдычнага адрасу, доўгі час карысталася пячаткай неадпаведнага ўзору і несваечасова зьмяніла назву пасады кіраўніка арганізацыі з “прэзідэнта” на “старшыню”. Прадстаўнікі БАМП спрабавалі падаць у Вярхоўны суд сустрэчны зыск супраць Міністэрства юстыцыі, але ім у гэтым адмовілі. Старшыня аб’яднаньня Аляксандр Цынкевіч сказаў, што, нягледзячы на ліквідацыю, актывісты аб’яднаньня не зьбіраюцца спыняць сваёй грамадзкай і палітычнай дзейнасьці.
22 красавіка родныя зьніклых беларускіх палітыкаў і журналіста падтрымалі Рэзалюцыю Камісіі па правах чалавека ААН і прызначэньне сьпецдакладчыка па Беларусі. У сваім лісьце яны выказваюць надзею, што “выкладзеныя ў Рэзалюцыі патрабаваньні стануць кіраўніцтвам да дзеяньня для беларускіх уладаў”. У лісьце, адрасаваным у Камісію па правах чалавека ААН, Зінаіда Ганчар ад сябе і ад імя мацярок выкрадзеных Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Дзьмітрыя Завадзкага напісала: “Мы выказваем удзячнасьць за прынятую вамі 15 красавіка 2004 году чарговую Рэзалюцыю аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі. Мы ўдзячныя вам, што праблема з гвалтоўнымі зьнікненьнямі нашых родных, палітычных апанентаў існуючага рэжыму і журналіста, працягвае гучаць на такім высокім узроўні, і да нашай бяды не застаюцца абыякавымі ўсё больш людзей у розных краінах сьвету. Мы спадзяемся, што выкладзеныя ў Рэзалюцыі патрабаваньні будуць нарэшце пачутыя і ня толькі прынятыя да ўвагі, але і стануць кіраўніцтвам да дзеяньня для беларускіх уладаў. Мы падтрымліваем ваша рашэньне аб прызначэньні сьпецдакладчыка, з якім мы радыя будзем сустрэцца ў Беларусі і больш поўна распавесьці пра тое, што адбылося з нашымі роднымі і як вядзецца сьледзтва”.
22 красавіка Вярхоўны суд Беларусі ліквідаваў адразу дзьве незалежныя арганізацыі — “Беларускі цэнтр канстытуцыяналізму і параўнальна-прававых дасьледваньняў” і “Міжнародны інстытут палітычных дасьледваньняў”. Абедзьве арганізацыі — дасьледчыя, але ў галінах, вельмі блізкіх да рэальнай палітыкі. Першая вядомая сваім супрацоўніцтвам з Радай Eўропы ў галіне правоў чалавека. За сем гадоў сваёй дзейнасьці “Беларускі цэнтр канстытуцыяналізму і параўнальна-прававых дасьледваньняў” правёў некалькі канферэнцыяў па гэтых праблемах, надрукаваў 30 кніг. Сярод іх такія вядомыя працы, як “Адмена сьмяротнага пакараньня ў Рэспубліцы Беларусь” і “Палітычныя партыі ў Рэспубліцы Беларусь”. Навукоўцы з “Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледваньняў” вывучалі праблемы бясьпекі, міжнародных адносінаў, асаблівасьці палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Абедзьве арганізацыі ліквідаваныя паводле ініцыятывы Міністэрства юстыцыі. У адным выпадку кантралёры з Мінюсту знайшлі хібы ў рэгістрацыйных дакументах, у другім – высьветлілі, што насуперак закону юрыдычны адрас знаходзіцца на прыватнай кватэры. Супрацоўнік “Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледваньняў” А. Фёдараў не выключае, што ліквідацыя арганізацыяў зьвязаная з падрыхтоўкай уладаў Беларусі да палітычных кампаніяў: да парламенцкіх выбараў і магчымага рэферэндуму аб зьменах у Канстытуцыі адносна трэцяга прэзідэнцкага тэрміну.
22 красавіка арганізатар мітынгу, які адбыўся ў Слоніме з нагоды 86-х угодкаў БНР, кіраўнік раённай арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Іван Бедка атрымаў у судзе папярэджаньне. Іван Бедка меў афіцыйны дазвол на правядзеньне мітынгу, аднак міліцыянты склалі на яго два пратаколы. Першы — наконт выкарыстаньня бел-чырвона-белага сьцягу. У другім напісалі, што Партыя БНФ у Слоніме не зарэгістраваная, таму мітынг быў несанкцыянаваны. У судзе Іван Бедка патлумачыў, што падаваў заяву на правядзеньне мерапрыемства не ад партыі, а грамадзкае аб’яднаньне БНФ “Адраджэньне” ў горадзе якраз зарэгістраванае. Судзьдзя Тамара Хамянец зазначыла, што тут на самой справе няма парушэньня па артыкуле 167-10 КаАП РБ, які мае на ўвазе дзеяньні ад імя “незарэгістраванай арганізацыі”. Аднак палітыка папярэдзілі па артыкуле 167-2 КаАП РБ — “карыстаньне незарэгістраванай сімволікай”.
23 красавіка Наваполацкі гарвыканкам забараніў мітынг з удзелам прадстаўнікоў перадвыбарчага блоку “Пяцёрка-плюс”. Заяўка на правядзеньне мітынгу была пададзеная яшчэ 6 красавіка. Ён мусіў адбыцца на пляцы ля гарадзкога палацу культуры, які вызначаны гарадзкімі ўладамі дзеля падобных акцыяў, аднак падавальнік заяўкі, праваабаронца Зьміцер Салаўёў, атрымаў афіцыйную паперу аб забароне мерапрыемства. Прычына забароны ў лісьце тлумачыцца так: “Да заявы не прыкладзенае абавязацельства ў пісьмовай форме арганізатара альбо асобы, адказнай за арганізацыю і правядзеньне масавага мерапрыемства, па арганізацыі і правядзеньні масавага мерапрыемства”. Паводле спадара Салаўёва, гэта супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе грамадзянам свабоду правядзеньня сходаў і мітынгаў.
23 красавіка ў Тацяны Процькі, старшыні грамадзкай арганізацыі “Беларускі Хельсінкскі камітэт”, узятая падпіска аб нявыезьдзе. Пра гэтае рашэньне Т.Процьцы паведаміў сьледчы А. Залеўскі. Напярэдадні БХК падаў зыск у Гаспадарчы суд Менску аб прызнаньні рашэньня інсьпекцыі Міністэрства падаткаў і збораў па Маскоўскім раёне сталіцы аб накладаньні санкцыяў на БХК цалкам несапраўдным. Міжнародная Хельсінкская Федэрацыя лічыць, што крымінальная справа супраць БХК мае яўную палітычную матывацыю і заклікае зьняць усе абвінавачаньні з праваабаронцаў.
25 красавіка на рынку ў Лідзе быў затрыманы Уладзімір Леванеўскі — сын старшыні агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага.
26 красавіка старшыня Партыi БНФ Вiнцук Вячорка выказаў намер ад імя партыі падаць заяву ў суд на Беларускае телебачаньне за хлусьлівыя зьвесткі ў адрас партыі, якія прагучалі ў адной з перадачаў адносна пазіцыі па чарнобыльскай праблеме. В. Вячорка сказаў: “Кожны, хто ведае гісторыю чарнобыльскага пытаньня, ведае таксама, што зрабіў Беларускі Народны Фронт дзеля зьмяншэньня наступстваў бяды, а што пасьля нарабіў Лукашэнка з памагатымі. Менавіта БНФ прымусіў улады прызнаць, што адбылася катастрофа і ўрэшце прыняць гэтак званую канцэпцыю беларускіх навукоўцаў – спыніць выраб харчовай прадукцыі ў забруджаных раёнах, з найбольш заражаных перасяліць людзей”.
26 красавіка стала вядома, што гарадзкую філію “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны” ў Гародні высяляюць з памяшканьня. Пакінуць месца таварыства павінна праз месяц, інакш яго прымусяць гэта зрабіць праз гаспадарчы суд. Старшыня арганізацыі ТБМ Мікола Маркевіч быў зьдзіўлены, калі даведаўся пра высяленьне, паколькі таварыства своечасова заплаціла за арэнду. У жыльлёва-эксплуатацыйным прадпрыемстве Ленінскага раёну Гародні яму выдалі афіцыйную паперу з такім зьместам: дамова аб арэндзе з ТБМ скасоўваецца, бо ў арандаваным памяшканьні без дазволу месьціцца офіс газеты “День”, якую рэдагуе Маркевіч.
26 красавіка ў дачыненьні да кіраўніка слонімскага грамадзкага аб’яднаньня “Воля да разьвіцьця” Міхася Варанца ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 243 “Ухіленьне ад выплаты падаткаў”. 27 красавіка Міхась Варанец быў выкліканы да сьледчага для допыту ў якасьці падазраваемага. Падставай дзеля ўзбуджэньня справы стала тое, што “Воля да разьвіцьця” нібыта парушыла парадак выкарыстаньня грашовых сродкаў, атрыманых у якасьці фінансавай дапамогі па праграме ТАСІS у 2003 годзе. Сродкі, выдзеленыя ГА “Воля да разьвіцьця” дзеля рэалізацыі праекту “Падлеткавы клуб “Сьвятліца”, згодна з пагадненьнем паміж урадам Беларусі і Еўракамісіяй, былі першапачаткова вызваленыя ад усіх падаткаў і плацяжоў у бюджэт. Аднак слонімская падатковая інсьпекцыя вырашыла кіравацца не міжнародным пагадненьнем (якое мае большую сілу за любыя ўнутрыбеларускія законы і падзаконныя акты), а інструкцыямі, якія прадугледжваюць выплату падаткаў з усіх праграмаў замежнай бязвыплатнай дапамогі. З-за нібыта нявыплаты падаткаў 16 сакавіка была канфіскаваная маёмасьць ГА “Воля да разьвіцьця”, і на арганізацыю накладзеныя штрафныя санкцыі на суму больш за 15 тысячаў даляраў. З улікам таго, што памер нібыта нясплочаных падаткаў падпадае пад вызначэньне буйнога, слонімская фінансавая міліцыя ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўніка арганізацыі сп. Варанца. Частка першая арт. 243 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да трох гадоў. Адначасова з гэтым М.Варанец накіраваў у суд Слонімскага раёну скаргу на незаконныя дзеяньні лейтэнанта фінансавай міліцыі Уладзіміра Юрчакі, які аказваў на яго псіхалагічны ціск і парушаў ягоныя працэсуальныя правы. Дадзеная крымінальная справа зьяўляецца аналагам той, якая ўзбуджаная ў адносінах да старшыні РГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” Тацяны Процькі і бухгалтара арганізацыі Тацяны Рудкевіч. Іх таксама абвінавачваюць ў парушэньні парадку выкарыстаньня грошай, атрыманых па праграме ТАСІS.
26 красавіка ў Менску адбыўся традыцыйны "Чарнобыльскі шлях". Каля тысячы чалавек сабралася на плошчы Якуба Коласа. Удзельнікі шэсьця і мітынгу трымалі плакаты з надпісамі: “Час скончыць эпоху палітычнага Чарнобылю”, “Спыніць выраб радыёактыўных прадуктаў” і інш., у якіх асуджаліся апошнія выступы А. Лукашэнкі, які наведаў пацярпелыя пасьля аварыі на ЧАЭС раёны і заявіў, што там "чыста і можна вырошчваць цыбулю". Міліцыянты папярэджвалі, што збор на плошчы Якуба Коласа забаронены. Але масавых затрыманьняў не было. Пасьля таго, як людзі паспрабавалі пачаць рух, зьявіліся амапаўцы, якія перакрылі шлях у бок цэнтру гораду. Яны ж паспрабавалі затрымаць лідэра АГП Анатоля Лябедзьку, але гэта ім не ўдалося. Калона па прасьпекце Ф. Скарыны накіравалася да Акадэміі навук. Пасьля павароту з прасьпекту на вуліцу Сурганава начале калоны зьявіўся жалобны звон, які заўсёды гучаў падчас гэтых акцыяў, а потым і абраз – арганізатары шэсьця напачатку пабойваліся, што яго могуць канфіскаваць. На вуліцы Сурганава калона, да якой увесь час далучаліся людзі, упершыню выйшла на праезную частку, бо на ходніку зьмясьціцца не змагла. На рагу вуліцаў Сурганава і Карастаянавай акадэмік Іван Нікітчанка прапанаваў ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобылю хвілінай маўчаньня. Ён нагадаў пра наступствы катастрофы для здароўя беларускага народу. Потым выступілі Аляксандр Дабравольскі, Вінцук Вячорка і інш. Арганізатарам шэсьця міліцыянты адразу ж уручылі позвы ў РАУС на раніцу 27 красавіка. Сярод тых, хто атрымаў позвы – Людміла Гразнова (АГП), Алесь Міхалевіч (намесьнік старшыні Партыі БНФ), Павел Знавец (БСДГ), Генадзь Быкаў (старшыня Свабоднага прафсаюзу).
26 красавіка перад пачаткам акцыі “Чарнобыльскі шлях” Управа Партыі БНФ была заблакаваная асобамі ў цывільным, якія перашкаджалі выезду транспарату і затрымлівалі людзей, што выходзілі з будынку. Спачатку каля Управы быў затрыманы польскі журналіст, які паказаў журналісцкае пасьведчаньне і быў адпушчаны. А ў 18.00 быў арыштаваны актывіст Партыі БНФ Андрэй Сухаверхі. Калі А.Сухаверхі выязджаў са двара, на ягоную машыну накінуліся людзі ў цывільным і спрабавалі спыніць яе, пры гэтым ніякіх пасьведчаньняў не паказвалі. Адзін з іх ударыўся аб капот машыны, якая рухалася на самай мінімальнай хуткасьці. А.Сухаверхі адразу спыніў машыну, калі зьявіліся супрацоўнікі ДАІ. У А.Сухаверхага забралі правы кіроўцы і пакінулі яго машыну на стаянцы Савецкага РУУС дзеля “правядзеньня экспертызы”. А.Сухаверхі быў дастаўлены ў РУУС Савецкага раёну, дзе склалі пратакол з абвінавачваньнем ва “ўчыненьні ДТП”.
26 красавіка ў Віцебску былі затрыманыя 11 удзельнікаў акцыі, прысьвечанай гадавіне Чарнобыльскай катастрофы. Сярод затрыманых: старшыня гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алена Залеская і актывісты гэтай партыі – Эла Канавалава і Уладзімір Семенчукоў. Былі затрыманыя некалькіх мінакоў, якія далучыліся да калоны ў час акцыі. Такім чынам былі затрыманыя пенсіянерка Роза Пушкарова і карэспандэнт Радыё Палонія Юрась Сьцяпанаў, у якога знайшлі недзяржаўныя друкаваныя выданьні. З тае самае прычыны затрымалі і сябра КХП-БНФ Яна Таўпыгу, які прайшоў разам з удзельнікамі акцыі усяго некалькі метраў, і студэнта медыцынскага ўніверсітэту Кастуся Кузьняцова – пра яго міліцыянты сказалі, што ён стаяў побач ды замінаў ім працаваць. Яшчэ двум сябрам АГП – Фёдару Бакунову ды Сяргею Катушову – супрацоўнікі міліцыі на вуліцы наладзілі асабісты ператрус: у іхнім адзеньні ды рэчах яны таксама шукалі ўлёткі. Бо паводле супрацоўнікаў міліцыі, гэтыя ўлёткі ўтрымліваюць непажаданую інфармацыю пра наступствы Чарнобылю. На ўсіх затрыманых склалі пратаколы за адміністратыўнае парушэньне – удзел у несанкцыянаванай акцыі.
26 красавіка Менскі гарадзкі суд адхіліў касацыйную скаргу рэдакцыі газеты "Народная воля", якая дамагалася адмены рашэньня суда Ленінскага раёну ад 18 лютага. Тады суд часткова задаволіў зыск ТАА "Альянс-медиа" (заснавальнік газеты "Обозреватель") аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі, абавязаўшы рэдакцыю выданьня надрукаваць абвяржэньне артыкулу Антона Кузняцова "Как "Обозреватель" Сергея Атрощенко по-бандитски обошёлся с Леонидом Левиным". Акрамя гэтага, суд абавязаў рэдакцыю пакрыць судовыя выдаткі і аплаціць паслугі адваката зыскоўцаў. Першапачаткова ТАА "Альянс-медиа" патрабаваў спагнаць з рэдакцыі яшчэ і 50 млн. рублёў у якасьці кампенсацыі маральных стратаў.
У ноч з 26 на 27 красавіка быў арыштаваны Міхаіл Марыніч – былы міністр зьнешнеэканамічных сувязяў Беларусі, былы пасол Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі. 26 красавіка Міхаіл Марыніч ў 15.00 быў запрошаны на допыт у Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. Увечары пачаўся вобыск на дачы, пасьля якога быў канфіскаваны архіў, а М.Марыніч затрыманы па падазрэньні ва ўчыненьні крымінальнага злачынства.
27 красавіка ў Гародні пакаралі арыштам Дзьмітрыя Іваноўскага — намесьніка старшыні грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Персьпектыва”. Суд палічыў яго актыўным удзельнікам вулічнага сходу прадпрымальнікаў 26 красавіка і прысудзіў 15 сутак арышту.
27 красавіка судзьдзя суда Савецкага раёну г. Менску Наталя Скугарава вынесла рашэньне па адміністратыўнай справе Андрэя Козела — 7 сутак арышту. Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Козел быў затрыманы ўвечары 26 красавіка, пасьля заканчэньня акцыі “Чарнобыльскі шлях”, і правёў ноч у сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку на вул. Акрэсьціна ў Менску. Яго абвінавацілі ў парушэньні арт 167.-1 ч.1 КаАП РБ (парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства). Гэты артыкул прадугледжвае наступныя пакараньні – папярэджаньне, штраф ад 20 да 150 базавых велічыняў і арышт ад 3 да 15 сутак.
27 красавіка судзьдзя суда Савецкага раёну г. Менску Руслан Казадаеў заслухаў 6 сьведкаў па справе Людмілы Гразновай. Л. Гразнова не аспрэчвала свой удзел у несанкцыянаваным шэсьці. Яна абуралася рапартамі супрацоўнікаў міліцыі, у якіх было запісана, што Гразнова нібыта крычала, заклікала станавіцца ў калону і размахвала рукамі. Людмілу Гразнову абвінавацілі ў парушэньні артыкулу 167.1 ч.2 КаАП РБ (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Руслан Казадаеў аштрафаваў Людмілу Гразнову на 225 базавых велічыняў (каля 2 000 даляраў ЗША).
27 красавіка аднаго з арганізатараў акцыі “Чарнобыльскі шлях”, намесьніка старшыні Партыі БНФ Алеся Міхалевіча абвінавацілі ў парушэньні артыкулу 167.1 ч.2 КаАП РБ (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Судзьдзя суда Савецкага раёну г. Менску Аксана Рэлява вынесла прысуд – арышт на 10 сутак. Ня ўсе арганізатары акцыі прыйшлі згодна з позвамі ў міліцыю. Павел Знавец прынцыпова вырашыў не ісьці. Генадзь Быкаў прыйшоў, але міліцыянты ўзялі ў яго тлумачэньні, прагледзелі відэастужку і адпусьцілі. Справа ў тым, што спадар Быкаў быў на плошчы ля каменю ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і ў шэсьці ня ўдзельнічаў.
27 красавіка падчас сходу ў вёсцы Струга начальнік аддзелу інфармацыі Маларыцкага райвыканкаму Сяргей Строк заявіў, што Партыя БНФ у гады вайны была на баку фашысцкай Германіі. Сходы ў вёсках Струга і Пажэжын Берасьцейскай вобласьці адбыліся па ініцыятыве дэпутата Маларыцкага раённага Савету Уладзіміра Малея, маёра запасу, які 21 год праслужыў у ракетных войсках стратэгчічнага прызначэньня, а зараз зьяўляецца сябрам Партыі БНФ. У. Малей паведаміў мясцовым жыхарам, што яны маюць магчымасьць праз мясцовы рэферэндум прадухіліць будаўніцтва на мяжы Берасьцейскага і Маларыцкага раёнаў могільніку забруджанага радыяцыяй грунту з Берасьцейскага аб’екту “802”. Пасьля выступіў начальнік аддзелу інфармацыі Маларыцкага райвыканкаму Сяргей Строк, які заявіў што ня варта слухаць апазіцыю. Сяргей Строк заявіў: “Я вам скажу болей: “Гэты таварыш (калі яго можна назваць таварышам) Уладзімір Малей — сябра Партыі БНФ. Гэтая партыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі вы былі маладыя, была на баку фашысцкай Германіі”. Між тым, БНФ быў створаны ў 1988 годзе — праз 43 гады пасьля заканчэньня вайны. Прысутныя на сходзе актывісты незарэгістраванага моладзёвагу руху “Зубр” пацікавіліся, дзе Сяргей Строк працаваў раней, на што той адказаў, што “па адукацыі ён гісторык”.
27 красавіка ў Берасьці падчас раздачы інфармацыйных матэрыялаў затрыманыя чатыры сябры гарадзкой арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада). Інфармацыйныя матэрыялы, якія сацыял-дэмакраты распаўсюджвалі сярод берасьцейцаў, тычыліся дзейнасьці БСДП (Народная грамада), адносінаў гэтай партыі да Еўрасаюзу і сьвяткаваньня 1 траўня як Дня барацьбы працоўных за свае правы. Акрамя затрыманьня сяброў БСДП(НГ), якіх абвінавацілі ў распаўсюдзе незарэгістраванай друкаванай прадукцыі, міліцыянты вырашылі канфіскаваць партыйныя ўлёткі.
27 красавіка судзьдзя Івацэвічскага раёну Юры Янчук часткова задаволіў зыск былога памочніка пракурора Бярозаўскага раёну Федчанкі да рэгіянальнай “Газеты для вас” і журналісткі Тамары Шчапёткінай. Зыск тычыўся абароны гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі былога памочніка пракурора Бярозаўскага раёну Федчанкі і кампенсацыі маральнай шкоды. За надрукаваныя ў газеце артыкулы і распаўсюджаныя зьвесткі зыскоўца патрабаваў спагнаць з рэдакцыі кампенсацыю ў памеры 10 млн. рублёў і 1 млн. рублёў з журналісткі. Суд вырашыў спагнаць з Т.Шчапёткінай 40 тыс. рублёў і дзяржпошліну 95 тыс., а з “Газеты для вас” -- адпаведна 400 тыс. рублёў і 95 тыс. рублёў.
27 красавіка сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Фёдар Бакуноў і Сяргей Катушонак трапілі ў нейрахірургічнае аддзяленьне віцебскага абласнога шпіталю пасьля нападу чатырох невядомых людзей у цывільным. Спадары Бакуноў ды Катушонак распавялі, што па сканчэньні чарнобыльскай жалобнай акцыі яны вярталіся з офісу гарадзкой арганізацыі АГП, куды заносілі сімвалічны чарнобыльскі звон. Каля васьмі вечара на мосьце імя Блахіна, недалёка ад кінатэатру “Беларусь”, каля іх спынілася цёмная іншамарка, з якой выйшлі чацьвёра невядомых. Двое з іх засталіся каля машыны, астатнія нібыта прайшлі ўздоўж іх. Апошняе, што памятаюць Фёдар Бакуноў ды Сяргей Катушонак — моцны ўдар па галаве, нанесены ў патыліцу. Апрытомнелі яны толькі праз некалькі гадзінаў на бязьлюдным пустыры недалёка ад месца нападу. Выпадковы кіроўца дапамог ім дабрацца да шпіталю, адкуль ужо ўраньні яны змаглі датэлефанавацца да сваякоў. Ф. Бакуноў і С. Катушонак заявілі пра зьдзейсьнены на іх напад у міліцыю.
28 красавіка раніцай у КДБ былі выкліканыя сыны М. Марыніча Павел і Ігар. Пасьля размоваў з імі сьледчыя правялі ператрус у гаражы П. Марыніча. Ператрус працягваўся больш за тры гадзіны і завяршыўся канфіскацыяй некаторых дакументаў арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”, якой кіраваў М. Марыніч. П. Марыніч паведаміў пра размову адваката і бацькі са сьледчымі КДБ. Падчас гэтай размовы экс-міністр патлумачыў паходжаньне нібыта знойдзеных у яго на лецішчы 90 тысячаў даляраў, двух пісталетаў і сакрэтных дакументаў.
28 красавіка стала вядома, што рэгіянальнай гомельскай газеце "Вольны час" адмовілі ў супрацоўніцтве тры друкарні: рэчыцкае прадпрыемства "Тытул", гомельская друкарня "Палесдрук" і менская "Сьветач". Усе яны спасылаюцца альбо на вялікую загружанасьць, альбо на праблемы з абсталяваньнем. Аднак заснавальнік і галоўны рэдактар газеты Уладзімір Вербавікоў лічыць, што яго выданьне не бяруць у друк з палітычных меркаваньняў. Апошні нумар недзяржаўнага штотыднёвіка "Вольны час" пабачыў сьвет у жніўні 2003 году. Пэўны час газета не выходзіла з фінансавых прычынаў.
28 красавіка ў Страсбургу Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) прыняла Рэзалюцыі па Беларусі. У Рэзалюцыях, прынятых большасьцю галасоў удзельнікаў, парламентарыі патрабавалі ад беларускіх уладаў адстаўкі Генеральнага пракурора Віктара Шэймана і правядзеньня “сапраўды незалежнага расьсьледваньня” выпадкаў зьнікненьня людзей. ПАРЕ заклікала беларускія ўлады спыніць практыку перасьледу незалежных СМІ і журналістаў, унесьці ў заканадаўства зьмены, якія адпавядаюць міжнародным дэмакратычным прынцыпам і захоўваць фундаментальныя правы і свабоды.
29 красавіка ў Гародні міліцыянты затрымалі двух сыноў і дачку Валерыя Леванеўскага — кіраўніка незарэгістраванага страйкаму прадпрымальнікаў Беларусі. Затрыманых пасадзілі ў адну машыну і даставілі ў Ленінскі райаддзел міліцыі для разьбіральніцтва. Кацярыне Леванеўскай — 17 гадоў, а яе братам Уладзіміру і Дзьмітрыю — 18 і 20 гадоў. Уладзімір Леванеўскі з братам і сястрой раздавалі на рынку “Карона” ўлётку з паведамленьнем пра страйк прадпрымальнікаў, які плануецца ў траўні, ва ўлётцы быў таксама заклік прыйсьці 1 траўня на мітынг.
29 красавіка МЗС Польшчы распаўсюдзіў заяву з нагоды затрыманьня ў Менску польскага вайсковага аташэ палкоўніка Казімера Віташчыка. У заяве, гаворыцца, што беларускія сьпецслужбы затрымалі палкоўніка Віташчыка з парушэньнем Жэнеўскай канвенцыі. “Затрыманьне польскага дыпламата ў Менску адбылося з парушэньнем міжнародных дамоўленасьцяў, якія падпісала Беларусь. Амбасадар Польшчы ў Беларусі ўжо накіраваў да менскіх уладаў пратэст па справе затрыманьня палкоўніка Казімежа Віташчыка”, – гаворыцца ў заяве МЗС Польшчы. Польскае зьнешнепалітычнае ведамства інфармуе таксама, што палкоўнік Віташчык быў тэрмінова выкліканы для высьвятленьня ўсіх акалічнасьцяў здарэньня ў Варшаву, дзе цяпер і знаходзіцца. Амбасадар Польшчы ў Беларусі Тадэвуш Паўляк таксама паведаміў, што затрыманьне польскага аташэ адбылося з парушэньнем канвенцыяў, што датычаць дыпламатаў.
29 красавіка Міністэрства інфармацыі РБ вынесла афіцыйнае папярэджаньне газеце "Прессбол" за публікацыю коміксаў “пра Сашу і Сірожу”. Маляваў іх мастак-авангардыст Аляксей Хацкевіч, а тэксты складаў сам галоўны рэдактар "Прессбола" Уладзімір Беражкоў. Як кажа Беражкоў, газеце паставілі ў віну, што персанажы коміксаў размаўляюць па-руску няправільна. Рэдактар вырашыў не “падстаўляць” пад удар газету і коміксы больш не друкаваць.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|