|
ТРАВЕНЬ
1 траўня Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) разам са сваімі саюзнікамі па Еўрапейскай кааліцыі "Свабодная Беларусь" адсьвяткавалі Дзень Працы. У гэтым годзе сацыял-дэмакратычнае сьвята набыло яшчэ адно важнае значэньне – 1 траўня нашыя суседзі -- Польшча, Літва, Латвія -- сталі часткай Еўрапейскага Саюзу. Актывісты менскай гарадзкой арганізацыі БСДП (НГ) і маладыя сацыял-дэмакраты ўдзельнічалі ў санкцыянаванай Менгарвыканкамам маёўцы ў парку Янкі Купалы. Каля помніка вялікаму паэту яны разгарнулі бела-чырвона-белыя сьцягі, а таксама сьцягі Еўрасаюзу. Людзям раздавалі літаратуру пра Еўрапейскі Саюз. Сацыял-дэмакратаў падтрымалі моладзевыя рухі "Малады Фронт" і "Зубр", Партыя жанчын “Надзея”, Еўрапейскі Рух і Еўрапейскі Дом. Дзеяньні сацыял-дэмакратаў выклікалі неадэкватную рэакцыю ўладаў. Невядомыя ў цывільным напалі на ўдзельнікаў акцыі. Людзей зьбівалі, адбіралі ў іх сьцягі і лозунгі. Некаторых маладых людзей, якія трымалі сьцягі Еўрасаюзу і нацыянальныя сьцягі, схапіўшы за рукі і ногі, цягнулі ў міліцэйскія машыны. Рабіліся спробы адабраць сьцягі БСДП (НГ), але сацыял-дэмакратам удалося абараніць сваю сімволіку. Былі затрыманыя пяць удзельнікаў маёўкі, у тым ліку -- намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня "Маладыя сацыял-дэмакраты", сябра Управы Еўрапейскага Руху Павел Гормаш. Пазьней яму было прад’яўленае абвінавачаньне ў “распаўсюдзе ўлётак, якія заклікаюць да ўступленьня ў Еўрасаюз”. Акцыі сацыял-дэмакратаў прайшлі таксама ў буйных гарадах Беларусі.
1 траўня ў Гародні лідэр агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валерый Леванеўскі быў затрыманы каля пад’езду ўласнага дому. Яго спыніў незнаёмы мужчына, які прадставіўся супрацоўнікам міліцыі і папрасіў прайсьці з ім у аддзяленьне міліцыі. У аддзяленьні міліцыі “Дзевятоўка” ў Валерыя Леванеўскага былі забраныя грошы і пашпарт, затым яго накіравалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня Ленінскага РУУС г. Гародні. Затрыманы павінен знаходзіцца пад вартай да 3 траўня, калі будзе разглядацца справа па факце распаўсюду ім ўлётак. Нагадаем, што В. Леванеўскі запрашаў жыхароў гораду прыняць удзел у санкцыянаваным мітынгу 1 траўня.
1 траўня ў Гародні за ўдзел у акцыі пратэсту, арганізаванай агульнанацыянальным страйкамам прадпрымальнікаў, быў затрыманы і асуджаны на на пяць сутак прадпрымальнік з Узьбекістану. Прадпрымальнік прасіў не называць яго імя, каб пазьбегнуць рэпрэсіяў. Гэты чалавек быў затрыманы асобамі ў цывільным пасьля таго, як заступіўся за дзяўчыну, якую міліцыянеры спрабавалі зацягнуць у машыну. У выніку грамадзяніна Узьбекістану абвінавацілі ў парушэньні двух артыкулаў Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях – 166, 167 (непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах) і арыштавалі на пяць сутак.
1 траўня пачалася падпісная кампанія на другое паўгодзьдзе. Аднак калі дагэтуль можна было падпісацца ня толькі на пошце, а і ў незалежных кампаніях, то цяпер дзяржава манапалізуе і гэты рынак. Ад 1 траўня кожны, хто зьбіраецца зарабляць на падпісцы, мусіць мець адмысловую ліцэнзію. Аднак час ідзе, а Міністэрства сувязі так нікому і не дазволіла стварыць канкурэнцыю дзяржаўнаму манапалісту ў гэтай галіне — “Белпошце”. У апошнія дні мінулага году быў прыняты закон “Аб паштовай сувязі”, у якім упершыню зрабілі неабходным ліцэнзаваньне паслугаў паштовай сувязі, а менавіта — правядзеньне падпіскі на перыядычныя выданьні і дастаўку іх чытачам. Але толькі ў канцы красавіка недзяржаўныя арганізацыі, якія дагэтуль займаліся падпіскай, атрымалі лісты з патрабаваньнямі “ўдакладніць намеры”. Найперш Міністэрства сувязі запатрабавала ўзгадніць зьмест падпіснога каталогу, асобна пералічыць замежныя выданьні, якія плануецца распаўсюджваць на тэрыторыі Беларусі, а таксама распавесьці, якім чынам будзе ажыцьцяўляцца дастаўка газетаў ды часопісаў у сельскую мясцовасьць. Усіх папярэдзілі, што ў другім паўгодзьдзі падпісваць чытачоў на друкаваныя выданьні можна толькі ў тым выпадку, калі маецца адпаведная ліцэнзія. Дагэтуль кожная рэдакцыя самастойна вырашала праблему распаўсюду. “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з гэтай нагоды ўжо накіравала ліст у Міністэрства сувязі. Журналісцкая арганізацыя спасылалася на Закон “Аб друку”, дзе наўпрост напісана: кожная рэдакцыя мае права распаўсюджваць сваё выданьне самастойна альбо паводле дамоваў з іншымі арганізацыямі — як дзяржаўнай формы ўласнасьці, так і прыватнай. Адказ быў катэгарычны — ад гэтага часу на ўсю дзейнасьць мусіць быць дазвол. Як стала вядома, паседжаньне адмысловай камісіі, якая будзе вырашаць лёс недзяржаўных фірмаў, што займаюцца падпіскай, прызначанае на сярэдзіну траўня. Варта нагадаць яшчэ некаторыя асьпекты эканамічнага ціску на недзяржаўную прэсу. Выдаткі “Белпошты” на дастаўку дзяржаўных выданьняў пакрываюцца з бюджэту, а незалежныя выданьні плацяць за гэтую паслугу напоўніцу. Кошты дзяржаўных друкарняў для незалежных выданьняў вышэйшыя, чым для дзяржаўных. Акрамя таго, нягледзячы на наяўнасьць недзяржаўных кампаніяў-распаўсюднікаў, магчымасьць данесьці тое ці іншае выданьне да самых аддаленых і маленькіх населеных пунктаў краіны ёсьць толькі ў "Белпошты". Апрача таго, неабходна ўзгадаць і неаднаразовыя выпадкі ўжываньня гэтак званага "адміністратыўнага рэсурсу" пры правядзеньні падпісной кампаніі, калі ўлады прымушаюць розныя ўстановы падпісвацца на дзяржаўную прэсу.
1-2 траўня ў Менску адбыўся V Кангрэс Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі. У ім узялі ўдзел 260 чалавек, з іх — 220 дэлегатаў. На Кангрэсе актыўна абмяркоўваўся ўдзел няўрадавых арганізацыяў у парламенцкіх выбарах 2004 году. Большасьць удзельнікаў форуму пагадзілася з тым, што супрацоўніцтва з палітычнымі структурамі падчас будучай выбарчай кампаніі неабходнае.
2 траўня дзяржаўнае тэлебачаньне ў сюжэце пра Міхаіла Марыніча паведаміла некаторыя падрабязнасьці ягонай справы. На БТ сьцьвярджаюць, што частка знойдзеных у Міхаіла Марыніча 90 тысячаў даляраў нібыта фальшывыя. Было паведамлена і пра 4 кампутары, знойдзеныя ў гаражы Марыніча. Паводле тэлежурналістаў, знойдзеныя ў гаражы кампутары Міхаілу Марынічу перадала амерыканская амбасада для стварэньня рэгіянальнай сеткі арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”.
У пачатку траўня Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы заслухала даклад Хрыстаса Пургурыдэса і ўхваліла рэкамендацыі Камітэту Міністраў наконт санкцыяў супраць Беларусі. Як паведаміла супрацоўніца сакратарыяту гэтага Камітэту, вырашана, што беларускае пытаньне будзе разгледжанае на адным з бліжэйшых паседжаньняў Камітэту Міністраў. Ухваленыя ПАРЕ рэзалюцыі і рэкамендацыі з патрабаваньнем адстаўкі Генпракурора Беларусі Віктара Шэймана, правядзеньня незалежнага расьсьледваньня справаў зьніклых і судовых працэсаў над датычнымі да гэтых зьнікненьняў беларускімі чыноўнікамі, накіраваныя ў выканаўчы орган Рады Еўропы.
3 траўня лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька быў выкліканы ў РУУС Савецкага раёну г. Менску для допыту ў якасьці правапарушальніка. Выклік зьвязаны з падзеямі 26 красавіка, калі ў сталіцы Беларусі праходзіў “Чарнобыльскі шлях”. А. Лябедзька не зьяўляўся заяўляльнікам акцыі, ня ўдзельнічаў у шэсьці, хаця прысутнічаў на плошчы Якуба Коласа. У РУУС А. Лябедзька зьявіўся, але падчас складаньня пратаколу аб правапарушэньні (арт. 167.1 КаАП РБ) высьветлілася, што зьмест рапартоў, складзеных супрацоўнікамі міліцыі, не супадае з відэаздымкамі акцыі. Такім чынам, пратакол аб правапарушэньні А. Лябедзькі ня быў складзены, а сам ён быў адпушчаны.
3 траўня суд Ленінскага раёну г. Гародні вынес рашэньне пра адміністратыўны арышт (15 сутак) старшыні страйкаму прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага. Яго васемнаццацігадовы сын Уладзімір Леванеўскі арыштаваны на 13 сутак. Трое сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі прадпрымальнікаў прысудзілі васемнаццацігадоваму Аляксандру Траяну. Ён вучыцца ў школе разам з Уладзімірам Леванеўскім.
3 траўня суд Савецкага раёну г. Менску ў адносінах маладафронтаўца Зьміцера Дашкевіча вынес рашэньне — 15 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі “Чарнобыльскі шлях”. Рашэньне прымала судзьдзя Натальля Скугарава. Зьміцера Дашкевіча затрымалі 1 траўня ў скверы Янкі Купалы, калі маладафронтаўцы разгарнулі расьцяжку з надпісам “Малады Фронт”. Яго даставілі ў РУУС Савецкага раёну і склалі пратакол за ўдзел у “Чарнобыльскім шляху”, пасьля адвезьлі ў сьпецпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна і трымалі пад вартай да суда
3 траўня ў Асіповічах супрацоўнікамі КДБ быў затрыманы актывіст руху "Зубр" Міхаіл Н. Хлопец расклейваў улёткі з лагатыпам руху і нумарам кантактнага тэлефону ў цэнтры гораду. Супрацоўнікі міліцыі даставілі Міхаіла ў вайсковую частку, на тэрыторыі якой знаходзіцца мясцовае ўпраўленьне Камітэту дзяржбясьпекі. Там з ім размаўляў чалавек, які прадставіўся Ігарам Анатольевічам. Ён цікавіўся колькасьцю ўдзельнікаў "Зубра" ў Асіповічах, дзейнасьцю руху па краіне, крыніцамі фінансаваньня. Пасьля таго, як малады чалавек сказаў, што ён не валодае гэтай інфармацыяй, супрацоўнік КДБ прапанаваў яму заводзіць як мага больш знаёмстваў з актывістамі руху і перадаваць інфармацыю яму. На разьвітаньне “кадэбэшнік” пакінуў хлопцу нумар свайго працоўнага і мабільнага тэлефонаў і прапанаваў званіць "пры неабходнасьці". Пасьля гэтага ў Міхаіла ўзялі пісьмовыя тлумачэньні і адпусьцілі, пратрымаўшы паўтары гадзіны.
4 траўня моладзевае грамадзкае аб’яднаньне “Верас” падало скаргу ў Вiцебскі абласны суд на дзеяньні ўпраўленьня юстыцыi Вiцебскага аблвыканкаму. Прадстаўнікі грамадзкага аб’яданьня лічаць, што вынесенае ўпраўленьнем пiсьмовае папярэджаньне ад 25 сакавіка, дзе “Верасу” інкрымінуецца парушэньне Закону “Аб грамадзкiх арганiзацыях” i Статута, неабгрунтаванае. У прыватнасьцi, у зыскавой заяве МГА “Верас” цалкам абвяргае абвінавачаньне ўпраўленьня юстыцыi, што арганізацыя ня мела права ладзіць у межах праекту “Роўнасьць. Талерантнасьць. Павага.” “круглы стол” па міжнацыянальных адносінах. Прадстаўнікі “Верасу” лічаць надуманай i “незразумелай” гэтую прэтэнзію аблвыканкамаўскіх юрыстаў. На думку актывістаў аб’яднаньня, “з тэксту папярэджаньня немагчыма ўсьвядоміць, якая менавіта норма заканадаўства (пункт, артыкул, назва нарматыўна-прававога акта)” ці палажэньне Статута моладзевага аб’яднаньня былі парушаныя. “Верасоўцы” не пагаджаюцца са сьцьверджаньнем рэгіструючага органу, быццам распрацоўка праектаў зьменаў заканадаўства не адпавядае статутным мэтам і задачам арганізацыі. На думку заяўляльнікаў, упраўленьне юстыцыі ня мае рацыі і ў тым, што расцэньвае як парушэньне закону стварэньне на базе грамадзкага аб’яднаньня мясцовага валанцёрскага цэнтру, якi зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем “Вераса”. МВЦ узьнікл на падставе пункту 2.2 Статуту арганізацыі. МГА “Верас” просiць суд прызнаць папярэджаньне незаконным i адмянiць яго.
5 траўня Наваполацкі гарадзкі выканаўчы камітэт афіцыйна адмовіўся перарэгістраваць першасныя суполкі Свабоднага прафсаюзу работнікаў цеплаэлектрацэнтралі і ААТ “Нафтан”. Адмоўлена таксама ў перарэгістрацыі рэгіянальнай арганізацыі згаданага прафсаюзу. Нагодаю дзеля такога рашэньня сталіся недакладнасьці ў афармленьні адпаведных дакументаў. Тым часам старшыня рэгіянальнай Полацка-Наваполацкай арганізацыі СПБ Уладзімір Антановіч лічыць, што адмова юрыдычна нічым не матываваная, і з гэтай нагоды зьбіраецца зьвярнуцца ў суд. Полацка-Наваполацкая “рэгіяналка” была зарэгістраваная ў Наваполацкім гарвыканкаме 3 траўня 2000 году. У зьвязку з унесенымі ў Статут СПБ зьменамі і дадаткамі, узьнікла патрэба перарэгістрацыі першасных суполак. Пры гэтым працэс перарэгістрацыі доўжыцца ўжо дзевяць месяцаў, і кожны раз работнікі гарвыканкаму знаходзяць хібы ў афармленьні пададзеных дакументаў. У гэты ж дзень спадар Антановіч падаў у гарвыканкам заяўку на правядзеньне 20 траўня мітынгу пратэсту супраць перасьледу ўладамі актывістаў Свабоднага прафсаюзу. Нагадаем, што апошнім часам у рэгіёне звольненыя з працы тры кіраўнікі першасных арганізацыяў СПБ.
5 траўня ў Баранавіцкім дзяржаўным каледжы лёгкай прамысловасьці запланавана правядзеньне педсавету. Адзіным пытаньнем педсавету зьяўляецца выключэньне Мікіты Сасіма з навучальнай установы. Фармальнай прычынай выключэньня зьяўляюцца пропускі заняткаў: па словах кіраўніцтва, 10 сутак арышту не зьяўляюцца ўважлівай прычынай. Нагадаем, што ў сярэдзіне сакавіка Мікіта Сасім быў пакараны Баранавіцкім гарадзкім судом 10-сутачным арыштам за распаўсюд газет на тэрыторыі каледжу. Рашэньне суда было выкананае цалкам, з-за чаго моладзевы актывіст ня змог наведваць заняткі. Між тым, Мікіта Сасім – адзін з лепшых студэнтаў каледжу, за апошні семестр у яго адна сямёрка і дзве васьмеркі, астатнія адзнакі – дзевяткі і дзесяткі. “У кіраўніцтва каледжу ня можа быць прэтэнзіяў да маіх адзнакаў. Я і мае сябры ўпэўненыя, што магчымае выключэньне – гэта помста ўладаў і адміністрацыі каледжу за тое, што мы адкрыта выступілі супраць БРСМ”, — гаворыць Мікіта Сасім.
5 траўня ў Менску і шэрагу іншых гарадоў Беларусі інваліды-калясачнікі правялі пікеты ў знак пратэсту супраць парушэньня сваіх правоў. Акцыя была прымеркаваная да Міжнароднага дня салідарнасьці інвалідаў розных краінаў за роўныя правы, супраць дыскрымінацыі. Лідэры асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў, якія ладзілі пікеты, заявілі, што становішча інвалідаў у Беларусі штогод пагаршаецца. Больш за дваццаць чалавек у інвалідных вазках выстраіліся ўздоўж менскай плошчы Бангалор, каб нагадаць уладам аб праблемах інвалідаў — адсутнасьці належнага сацыяльнага, медыцынскага забесьпячэньня, магчымасьці працаўладкаваньня. У руках удзельнікі акцыі трымалі плакаты, на якіх было напісана: “Мы хочам працаваць”, “Улады і ЖЭСы глухія да нашых праблемаў, “Дзяржаўная сістэма супраць інвалідаў”.
6 траўня ў судзе Першамайскага раёну Менску распачаліся слуханьні па зыску Тацяны Процькі і яе мужа Дзьмітрыя Козыра да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і тэлежурналіста Юрыя Пракопава аб кампенсацыі маральных стратаў. Зыскоўцы патрабуюць з адказьнікаў выплаціць ім па 35 млн. рублёў за тое, што тыя парушылі таямніцу іх прыватнага жыцьця. Падставай дзеля зыску стаў сюжэт у тэлепраграме "В центре внимания", прадэманстраваны па Першым нацыянальным тэлеканале ўвечары 29 лютага і паўтораны раніцай 1 сакавіка. У матэрыяле, аўтарам якога выступаў Юры Пракопаў, вялася гаворка пра прыбыткі і маёмасьць некаторых прадстаўнікоў беларускіх палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў — у тым ліку кіраўніцы Беларускага Хельсінкскага камітэту Тацяны Процькі і яе мужа, кіраўніка фермерскай гаспадаркі "Забалацьце" Смалявіцкага раёну Дзьмітрыя Козыра. У прыватнасьці, у сюжэце быў прадэманстраваны дом і аўтамабілі, якія нібыта належаць гэтай сям’і, а ў аўтарскім тэксьце названая буйная сума грошай, нібыта эквівалентная месячнаму заробку старшыні БХК. Зыскоўцы лічаць, што тым самым НДТРК і Юры Пракопаў парушылі Канстытуцыю РБ і Інструкцыю аб рэжыме доступу да дакументаў, якія ўтрымліваюць таямніцу прыватнага жыцьця грамадзянаў (дакумент зацьверджаны Камітэтам па архівах і справаводзтве 3 ліпеня 1996 г.). "Да тых зьвестак, якія маюць грыф "таямніца асабістага жыцьця", допуск абмежаваны, — патлумачыў прадстаўнік Тацяны Процькі Гары Паганяйла. — Іх можна атрымаць, толькі падаўшы запыт у адпаведныя органы: суд, пракуратуру, органы расьсьледваньня. Іншым грамадзянам гэткая інфармацыя не выдаецца, бо артыкулы 28, 29 Канстытуцыі гарантуюць таямніцу асабістага жыцьця. Зьвесткі, прадэманстраваныя па БТ, якраз належаць да гэтай катэгорыі". 6 траўня ў судзе зыскоўцы абверглі большасьць агучаных у сюжэце фактаў. Адказьнік ня змог прадаставіць доказаў праўдзівасьці распаўсюджанай ім інфармацыі і адмовіўся паведаміць крыніцу, якая дала яму зьвесткі аб прыбытках спн. Процькі. Акрамя гэтага, высьветлілася, што здымачная група знаходзілася на прыватнай тэрыторыі бяз ведама і без дазволу гаспадара; у якасьці "ілюстрацыі" да сваіх словаў пра маёмасьць Т. Процькі і Дз. Козыра Ю. Пракопаў зьняў чужую машыну. Тым ня менш, тэлежурналіст упэўнены, што ў ягоным сюжэце "датычна зыскоўцаў інфармацыя была нейтральнай". Прадстаўнік НДТРК Андрэй Іваноў лічыць, што заявы зыскоўцаў пра маральныя пакуты "беспадстаўныя". "Цяжка вызначыць, дзе пачынаецца і дзе сканчаецца асабістае жыцьцё", — сказаў сп. Іваноў. Разам з тым ён прызнаўся, што "не чытаў" Інструкцыі Камітэту па архівах і справаводзтве. Пераглядзеўшы сюжэт і выслухаўшы абодва бакі, судзьдзя Ананіч вырашыла перанесьці слуханьні на 5 чэрвеня. Судзьдзя таксама прапанавала зыскоўцам добраахвотна прадаставіць зьвесткі аб сваіх прыбытках і маёмасьці.
6 траўня Хiлары Клiнтан, Эдвард Кэнэдзi i яшчэ дзесяць амерыканскiх сенатараў зьвярнулiся да Аляксандра Лукашенкi з просьбай спынiць працы па рэканструкцыi гарадзенскага стадыёну “Нёман”. На iх думку, толькi асабiстае ўмяшальнiцтва прэзiдэнта можа спынiць той здзек з людскiх парэшткаў, якi адбываецца ў Гародні. Самога факту iх звароту аказалася дастаткова, каб экскаватары зьнiклi са стадыёну, а на вулiцы Новай, куды вывозiлася зямля, перамешаная з людскiмi косткамi, iзноў пачалiся працы па вывазу глебы на габрэйскiя могiлкi.
6 траўня Бараўлянскі сельскі выканаўчы камітэт даў дазвол на стварэньне дружыны для патруляваньня ўрочышча Курапаты. З такой прапановай да бараўлянскіх уладаў яшчэ ў сакавіку зьвярнулася Менская абласная арганізацыя Партыі БНФ. Па інфармацыі Партыі БНФ, у дружыну ўвайшло больш за 100 чалавек, кіраўніком прызначаны сябра Сойму Ўладзімір Кішкурна. “Зараз абаронцы Курапатаў будуць мець афіцыйны статус. Мы плануем наладзіць дзяжурства. Дружыньнікі будуць мець права прыцягнуць да адказнасьці і скласьці пратакол на парушальнікаў заканадаўства”, – сказаў Юрась Зянковіч, в. а. старшыні Менскай абласной арганізацыі Партыі БНФ.
7 траўня каля 14 гадзінаў дня ў трохпакаёвую кватэру Леванеўскіх хацелі трапіць людзі, якія сказалі, што яны з КДБ. Іх не пусьцілі. У хаце знаходзіліся 12-гадовы Антон, 17-гадовая Кацярына — дзеці Леванеўскага -- і ягоная цешча Галіна. Праз некаторы час прыбылі амапаўцы — людзі ў чорных і белых шапках-масках. Яны ўзламалі падвойныя дзьверы і ўвайшлі ў кватэру. Адразу пачаўся ператрус. Дома засталіся цешча і дачка Валерыя Леванеўскага — сына Антона адаслалі на вуліцу разам з сабакам-ратвейлерам, якога трымае сям’я. Ператрус цягнуўся шэсьць гадзінаў і скончыўся каля 21 гадзіны. КДБ прымушала даваць паказаньні супраць свайго бацькі 17-гадовую Кацярыну Леванеўскую. Пасьля заканчэньня ператрусу яе забралі ў абласную ўправу КДБ. У кватэры была канфіскаваная ўся кампутарная тэхніка. Старэйшы сын, Зьміцер Леванеўскі, якому 20 гадоў, таксама быў дастаўленьны ў КДБ. Каля 15 гадзінаў міліцыянты затрымалі Аляксандра Васільева — паплечніка Валерыя Леванеўскага, і на ягонай кватэры таксама пачалі ператрус. А 17-й гадзіне ў яго канфіскавалі кампутары сына і дачкі, некаторыя дакументы. А.Васільеў паведаміў, што ператрус робіцца на падставе распачатай крымінальнай справы аб распаўсюдзе друкаванай прадукцыі, у якой абражаюцца гонар і годнасьць прэзідэнта Лукашэнкі.
7 траўня Міхаілу Марынічу прад’яўленае абвінавачаньне ў незаконным захоўваньні зброі. Гэта адзінае, у чым вырашылі абвінаваціць сьледчыя КДБ былога міністра і амбасадара Міхаіла Марыніча пасьля дзесяці дзён утрыманьня яго ў сьледчым ізалятары КДБ. Раней заяўлялі, што Міхаіл Марыніч падазраецца ў захоўваньні сакрэтных дакументаў і збыце фальшывых даляраў. Сьледзтва супраць Міхаіла Марыніча працягваюць сьледчыя КДБ, ён па-ранейшаму ўтрымліваецца ў ізалятары КДБ “амерыканка”. Паводле словаў адваката Веры Страмкоўскай, якая абараняе Міхаіла Марыніча, ён не прызнае сябе вінаватым і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. Міхаіл Марыніч падаў скаргу ў пракуратуру Беларусі на дзеяньні сьледчых КДБ.
7 траўня ў Іўеўскім райаддзеле міліцыі склалі адміністратыўны пратакол на галоўнага рэдактара газеты “День” Міколу Маркевіча, паколькі ў газеце згаданы незарэгістраваны страйкам прадпрымальнікаў Беларусі. Усяго складзеныя два пратаколы. Адзін на выдаўца таварыства “День-пресс” будзе накіраваны ў абласны Дзяржкантроль. Нібыта няслушна была аформленая таварна-транспартная накладная на дастаўку газеты з смаленскай друкарні ў Гародню. Галоўны рэдактар гаворыць, што згодна з Законам аб друку, арыштаваць наклад можна толькі паводле рашэньня суда, якое набыло правамоцнасьць. Што датычыць другога пратаколу — на самога М.Маркевіча, дык яшчэ напярэдадні ў іўеўскай міліцыі зьбіраліся складаць пратакол зусім на іншую асобу — на таго, хто вёз газету ў Гародню. Арыштаваны на пачатку красавіка нумар газеты “День” атрымалі толькі падпісчыкі. У ім сапраўды зьмешчанае меркаваньне Валерыя Леванеўскага — кіраўніка незарэгістраванага страйкаму прадпрымальнікаў. Спадар Леванеўскі паведаміў, што рыхтуецца акцыя пратэсту прадпрымальнікаў 1 траўня. Самога яго ў гэты дзень затрымалі, а потым далі 15 сутак арышту.
7 траўня Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт спыніў сваю фінансавую дзейнасьць, а з 10 траўня павінен спыніцца адукацыйны працэс. Гэтыя дзеяньні кіраўніцтва ЕГУ выкліканыя тым, што Міністэрства адукацыі не падоўжыла навучальнай установе ліцэнзіі на права далейшай працы. Выкладчыцкі калектыў універсітэту заяўляе, што гэткім чынам міжнароднаму іміджу Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту будзе прычыненая істотная шкода, а студэнты намерваюцца абараняць Alma Mаter і адстойваць сваё права на навучаньне. Згодна з прэзідэнцкім Дэкрэтам, да 1 траўня Міністэрства адукацыі мусіла завершыць пераліцэнзаваньне ўсіх навучальных установаў краіны. Аднак па завяршэньні гэтага тэрміну Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт не атрымаў афіцыйнага паведамленьня ні пра падаўжэньне, ні пра закрыцьцё ліцэнзіі. А бяз гэтага дакументу ўсялякая дзейнасьць незаконная. Паводле словаў прарэктара ўніверсітэту Уладзіміра Дунаева, супраць навучальнай установы ўлады выкарыстоўваюць таксама іншыя сродкі ціску. Да прыкладу, адміністрацыя прэзідэнта заблакавала грошы на навучаньне, дасланыя еўрапейскімі грантадаўцамі. У абарону ЭГУ выступіла Рада Міністраў Еўрасаюзу, якая накіравала найвышэйшым уладам Беларусі ліст пратэсту. Аднак у Міністэрстве замежных справаў выказваць сваю пазіцыю адносна гэтых падзеяў адмаўляюцца. Ва ўніверсітэце ж перакананыя, што падзеі зьвязаныя са спробай вышэйшых уладаў зьняць з пасады рэктара ЕГУ, прафесара Анатоля Міхайлава. Нагадаем, што пакінуць кіраўнічую пасаду ВНУ спадару Міхайлаву яшчэ ў пачатку году прапанаваў міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. Тады ў абарону універсітэту выступілі амбасадары шэрагу еўрапейскіх краінаў.
7 траўня Наваполацкага праваабаронцу Зьміцера Салаўёва аштрафавалі на 10 базавых велічыняў у інсьпекцыі Міністэрства па падатках і зборах па г.Наваполацку. 5 траўня па месцы прапіскі Зьміцера Салаўёва прыйшла тэлеграма, у якой паведамлялася, што ён 7 траўня абавязаны зьявіцца ў інсьпекцыю Міністэрства па падатках і зборах па г.Наваполацку. За атрыманьне тэлеграмы прымусілі распісацца маці Зьміцера. Рашэньне пра штраф было вынесенае на падставе таго, што Зьміцер Салаўёў не пусьціў прадстаўнікоў падатковай інсьпекцыі ў свой офіс. У пратаколе было сказана наступнае: “09.04.04 Салаўёў не дазволіў правесьці кантрольныя мерапрыемствы і выявіць, ці ажыцьцяўляецца камерцыйная, прадпрымальніцкая дзейнасьць у памяшканьні, якое сам уладальнік называе “Офіс Зьміцера Салаўёва”. Адказнасьць за дадзенае правапарушэньне прадугледжаная ў памеры ад 10 да 50 базавых велічыняў”. Падаткавікі намерваліся правесьці праверку “дзейнасьці, зьвязанай з прыёмам наяўных грашовых сродкаў ад пакупнікоў (кліентаў), з вытворчасьцю прадукцыі, выкананьня работ, аказаньнем паслугаў” і г.д. Зьміцер Салаўёў адмовіўся ўпусьціць у памяшканьне супрацоўнікаў падатковай інсьпекцыі, матывуючы тым, што гаспадарчай дзейнасьцю ён не займаецца і ніякіх аперацыяў з наяўнымі і безнаяўнымі грашыма ў дадзеным памяшканьні ня робіць.
7 траўня падчас акцыі “Мы памятаем”, прысьвечанай 5-ай гадавіне зьнікненьня экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры беларускай сталіцы зьявілася група маладых людзей з фашысцкай арганізацыі РНЕ (Русское Национальное Единство) са свастыкамі. Юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч аднаго з іх падвёў да супрацоўніка міліцыіі. Супрацоўнік міліцыі ня стаў затрымліваць маладога фашыста, а толькі параіў апрануць куртку, каб ствастыка не была бачная. Такія чынам, у Беларусі за незарэгістраваную сімволіку затрымліваюць толькі апанентаў рэжыму. А напярэдадні сьвята Перамогі 9 траўня міліцыя дазваляе неанацыстам хадзіць па цэнтры Менску з фашысцкай сімволікай.
7 траўня споўнілася пяць гадоў з моманту зьнікненьня былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі. Лёс ягоны па-ранейшаму застаецца невядомым. Увечары на Кастрычніцкай плошчы ў Менску сабраліся неабыякавыя людзі, якія жадаюць ведаць праўду аб тым, што здарылася з вядомымі ў Беларусі дзеячамі апазіцыі. Роўна пяць гадоў таму зьнік генерал Юры Захаранка, былы міністр унутраных справаў Беларусі, вядомы грамадзкі дзеяч, сябра Палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Літаральна некалькі сотняў метраў не дайшоў ён да свайго дому. З таго часу пра лёс Юрыя Захаранкі нічога невядома. Зьнікненьне Ю.Захаранкі стала першым у серыі загадкавых здарэньняў, што адбыліся ў Беларусі. У тым жа 1999 годзе ў верасьні зьніклі выконваючы абавязкі старшыні Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Віктар Ганчар і ягоны сябра прадпрымальнік Анатоль Красоўскі, а ў ліпені 2000 – аператар расійскай тэлекампаніі ОРТ Дзьмітрый Завадзкі. 7 траўня на Кастрычніцкую плошчу ў Менску прыйшлі грамадзяне з плакатамі-партрэтамі Ю.Захаранкі і іншых зьніклых. Акцыі пад назовам “Мы памятаем” прайшлі і ў іншых гарадах Беларусі.
У Наваполацку падчас акцыі, прысьвечанай пятай гадавіне зьнікненьня экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі было затрымана 9 чалавек. У адносінах 8 з іх былі складзеныя пратаколы па арт. 167-1. ч.1 КаАП РБ – удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Пікетаваньне адбывалася ў цэнтры гораду на плошчы Будаўнікоў. Удзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты зьніклых бяз вестак.
Сярод затрыманых:
1. Зьміцер Салаўёў;
2. Ігар Сухарукаў;
3. Сяргей Забродзкі;
4. Валеры Шэўчэнка;
5. Вінцэсь Мудроў;
6. Аляксандр Цярэнцьеў;
7. Аляксей Трубкін;
8. Ігар Макану;
9. Ігар Валяеў.
8 траўня Аксана Новікава была выкліканая ў Менскую траспартную пракуратуру дзеля знаёмства з матэрыяламі справы ў якасьці абвінавачваемай. 11 траўня з матэрыяламі справы азнаёміцца адвакат Аксаны Новікавай. Нагадаем, 6 красавіка Менская транпартная пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу ў сувязі з тым, што 5 красавіка, знаходзячыся ў тунэлі №2 станцыі Менск-Пасажырскі, Аксана Новікава раздавала ўлёткі, у якіх сьцьвярджалася, што А. Лукашэнка і кіраўнікі беларускіх сілавых ведамстваў маюць адносіны да выкраданьня людзей і іншых парушэньняў закону.
10 траўня Наваполацкі гарадзкі суд перанёс на 11 траўня судовы разгляд справаў удзельнікаў акцыі “Мы памятаем”. З Менску дзеля абароны затрыманых прыехаў адвакат, але старшыня Наваполацкага гарадзкога суда перанёс разгляд адміністратыўных справаў быццам бы за-за таго, што не зьявіліся сьведкі-міцыянеры, якія зьдзяйсьнялі затрыманьне.
10 траўня гаспадарчы суд Гомельскай вобласьці не задаволіў зыск грамадзкага жаночага аб’яднаньня “Ініцыятыва” да Гомельскага райвыканкаму. Жаночае аб’яднаньне “Ініцыятыва” дамагалася ў судзе адмены рашэньня Гомельскага райвыканкаму. Апошні дазволіў, а потым адмовіўся ўзгадніць новы юрыдычны адрас жаночай арганізацыі ў прыватным доме ў вёсцы Яроміна. Падчас папярэдніх судовых разьбіральніцтваў высьветлілася, што райвыканкам і Яроменскі сельсавет адмову прымалі на падставе сфальшаваных сьведчаньняў і дакументаў. Гаспадарчы суд доўгі час не прымаў рашэньня. Судзьдзя Валянціна Пугачова тлумачыла зыскоўцам, што ня можа гэтага зрабіць. У Жыльлёвым кодэксе не сказана дакладна пра разьмяшчэньне юрыдычных адрасоў у жылых памяшканьнях. Судзьдзя накіравала запыт у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, але адтуль адказалі, што гэта ня іхняя кампетэнцыя. Атрымаўшы такі адказ, судзьдзя Валянціна Пугачова 7 траўня адхіліла зыск жаночай арганізацыі “Ініцыятыва” да райвыканкаму. Адсутнасьць юрыдычнага адрасу пагражае арганізацыі закрыцьцём.
10 траўня кіраўніку грамадзкай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”, былому амбасадару, экс-міністру зьнешнеэканамічных сувязяў Міхаілу Марынічу адмоўлена ў хадайніцтве аб зьмяненьні меры стрыманьня.
11 траўня ў Наваполацкім гарадзкім судзе пачаліся суды над удзельнікамі акцыі “Мы памятаем”. Першай суд разгледзеў справу Аляксандра Цярэнцьева. Судзьдзя апраўдаў А. Цярэнцьева ў сувязі з адсутнасьцю ў яго дзеяньнях складу правапарушэньня. Адміністратыўная справа Вінцэся Мудрова спыненая таксама ў сувязі з тым, што ў яго дзеяньнях суд ня ўбачыў складу правапарушэньня. Апраўданыя таксама Сухарукаў Ігар, Шэўчэнка Валеры, Салаўёў Дзьмітры, Трубкін Аляксей, Забродзкі Сяргей. Прадстаўнікамі ўдзельнікаў акцыі ў працэсах былі юрыст Праваабрончага цэнтру “Вясна” Уладзімір Лабковіч і адвакат Аляксандр Галіеў.
11 траўня ў Віцебску на помніку пісьменьніку Уладзіміру Караткевічу, што стаіць у скверы каля плошчы Леніна, зьявілася выява свастыкі і нецэнзурныя словы. Чыноўнікі з гарвыканкаму лічаць, што гэта звычайнае хуліганства падлеткаў. Прадстаўнікі літаратурнага і мастацкага асяродкаў не выключаюць, што гэты ўчынак мае палітычны характар і зьвязаны з дзейнасьцю ў Віцебску фашыстоўскай арганізацыі РНЕ.
11 траўня ў Гомельскім абласным судзе разглядаўся зыск кіраўнікоў аб’яднаньня “Грамадзянская альтэрнатыва” да ўпраўленьня юстыцыі, якое адмовілася зарэгістраваць грамадзкае аб’яднаньне. Заснавальнікамі яго выступілі звыш 200 грамадзянаў рэгіёну, пераважна сябры ліквідаванага ўладамі ўплывовага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”. На судзе прадстаўнікі ўпраўленьня юстыцыі Тамара Стрыжнева і Андрэй Міцкевіч у якасьці аргументаў адмовы больш зьвярталіся да тлумачальных слоўнікаў, нейкай асаблівай логікі, высноваў рэспубліканскай камісіі, чым да заканадаўчых актаў. Яны не змаглі нават патлумачыць, чаму ў грамадзкага аб’яднаньня не адпавядаюць законам і дэкрэтам аднолькавыя палажэньні са статутам афіцыйнай арганізацыі – Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. Зыскоўца і старшыня незарэгістраванага аб’яднаньня “Грамадзянская альтэрнатыва” Уладзімір Кацора лічыць адмову ў рэгістрацыі палітычна матываванай: “Доказы супрацоўнікаў упраўленьня юстыцыі заснаваныя на эмоцыях, а не на законах. Гэта палітычныя матывы. Хутка выбары, грамадзкія аб’яднаньні выставяць назіральнікаў. Гэта пагроза для ўладаў. І яны ўжо цяпер гэтую пагрозу імкнуцца ліквідаваць альбо не дапусьціць”. Падчас судовага разьбіральніцтва судзьдзя Леанора Буянкова вынесла папярэджаньне заснавальніку аб`яднаньня і зыскоўцу Леаніду Судаленку. Нечаканай на судзе была прапанова ўпраўленьня юстыцыі прыкласьці да справы супольны ліст паўдзесятка настаўнікаў з Добрушскага раёну, у якім настаўнікі нібыта адмаўляліся ад свайго заснавальніцтва новай арганізацыі. Цікава, што ліст гэты ня згадваўся ў афіцыйнай адмове ўпраўленьня юстыцыі пра рэгістрацыю. Зыскоўцы прасілі выклікаць у суд аўтараў ліста, паколькі маюць у дакументах асабістыя подпісы гэтых настаўнікаў як заснавальнікаў “Грамадзянскай альтэрнатывы”. Судзьдзя Буянкова не задаволіла хадайніцтва. Яна вырашыла наогул адхіліць зыск да ўпраўленьня юстыцыі.
11 траўня сьледчыя КДБ правялі ў Гародні ператрусы ў трох дэмакратычных арганізацыях. Сьледчыя КДБ шукалі, дзе магла быць надрукаваная першатравеньская ўлётка з вершам, у якім КДБ ўбачыў абразу на адрас прэзідэнта Лукашэнкі. А 15-й гадзіне каманда супрацоўнікаў КДБ завітала на вуліцу Карла Маркса, 11, дзе месьцяцца грамадзкія арганізацыі. У пакоі ТБМ робіцца газета “День”, а яе галоўны рэдактар Мікола Маркевіч адначасова ўзначальвае і філію “Таварыства беларускай мовы”. Ператрус доўжыўся чатыры гадзіны. У 19.15 выйшлі спачатку міліцыянты, потым супрацоўнікі КДБ у цывільным вынесьлі ўсе чатыры сістэмныя блокі рэдакцыі газеты. Паназіраць сабралася публіка, усё гэта фатаграфавалі нямецкія журналісты, якія апынуліся ў Гародні. А аператар КДБ запісваў на відэастужку ўсіх прысутных. Калі ператрусы зьвязаныя з крымінальнай справай па факце абразы прэзідэнта Лукашэнкі паводле ўлёткі, то якое да гэтага маглі мець дачыненьне “Таварыства беларускай мовы” і газета “День”? Сьледчы КДБ Фядулаў патлумачыў Міколу Маркевічу, што нібыта сябры ТБМ кантактавалі з Валерыем Леванеўскім — кіраўніком страйкаму прадпрымальнікаў, якога затрымалі і пасадзілі на 15 сутак якраз за распаўсюд гэтых улётак. З аднаго боку на гэтых улётках надрукавана фота самога Леванеўскага і заклік прыйсьці 1 траўня на мітынг пратэсту, з другога — вершык, які ў КДБ прачыталі і знайшлі нібыта абразу прэзідэнта Лукашэнкі. У вершы адзін раз згадваецца слова “прэзідэнт”. Сьледчы лічыць, што сябры ТБМ маглі дапамагчы Леванеўскаму памножыць улётку. Ператрусы адбыліся таксама ў “Таварыстве беларускай школы” (ТБШ) і “Фондзе імя Льва Сапегі”, якія знаходзяцца ў іншых месцах. У ТБШ нічога не забралі, а вось “Фонд імя Льва Сапегі” мае страты. Кіраўнік філіі Фонду Уладзімір Хільмановіч сказаў, што КДБ канфіскавала ў іх кампутарную тэхніку і адну кніжку — пад назвай “Зямля сьвятога Лукі” гарадзенскага паэта Алеся Чобата, якая выдадзеная ў перакладзе на польскую мову.
11 траўня стала вядома, што сарваны запланаваны на 14 траўня рок-канцэрт салідарнасьці з Беларускім ліцэем. Дырэктар клубу “Рэактар” Аляксей Кучко за тры дні да акцыі паведаміў, што канцэрт з праграмы здымае, не падаўшы ніякіх тлумачэньняў. На канцэрце мусілі выступіць вядомыя беларускія рок-каманды, музыкі, журналісты і ліцэісты з прэзэнтацыяй уласнага музычнага дыску пад назовам “Я люблю ліцэй: Веру ў Цябе”. Ліцэісты даслалі запрашэньні амбасадарам, вядомым пісьменьнікам, навукоўцам – усім, хто дапамагаў і дапамагае ім.
12 траўня суд Савецкага раёну аштрафаваў старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоля Лябедзьку на 100 базавых велічыняў (1 млн. 900 тыс. рублёў) за ўдзел 26 красавіка ў акцыі “Чарнобыльскі шлях”, прысьвечанай чарговай гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
12 траўня сына лідэра агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага – Уладзіміра Леванеўскага — аштрафавалі на 95 тысячаў рублёў. Такое рашэньне было прынятае адміністратыўнай камісіяй Ленінскага раёну г.Гародні. Уладзіміру Леванеўскаму далі максімальна магчымы штраф за парушэньне арт. 172 ч.3 КаАП РБ (распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных).
12 траўня офіс АБСЕ ў Менску назваў "паклёпніцкім" дакументальны фільм "Дарога ў нікуды", які быў прадэманстраваны па Першым нацыянальным тэлеканале 11 траўня. Пра гэта сказана ў адмысловым паведамленьні, распаўсюджаным прэс-службай прадстаўніцтва. Офіс АБСЕ заклікаў Нацыянальную дзяржаўную тэлерадыёкампанію прытрымлівацца стандартаў прафесійнай журналісцкай працы і прадаставіць героям праграмы магчымасьць выказацца ў адказ. Кіраўнік офісу АБСЕ амбасадар Эберхард Хайкен назваў фільм "адкрытым паклёпам на адрас вядучых апазіцыйных палітыкаў". "Я лічу, што гэты фільм не адпавядае стандартам непрадузятай прэзентацыі матэрыялу і прынцыпам палітычнага плюралізму", – заявіў ён. "Офіс АБСЕ расцэньвае зьмест праграмы як відавочную спробу падарваць аўтарытэт палітычнай апазіцыі напярэдадні парламенцкіх выбараў", — гаворыцца ў паведамленьні. У 40-хвілінным фільме расповяд пра цяперашніх лідэраў беларускай апазіцыі перамяжоўваўся фрагментамі кінахронікі пра дзейнасьць фашыстаў падчас другой сусьветнай вайны.
13 траўня Салігорскі суд апраўдаў актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якія ў пятую гадавіну зьнікненьня Юрыя Захаранкі бралі ўдзел у акцыі “Хочам ведаць праўду”. Судзьдзя Салігорскага гарадзкога суда Аксана Каляда апраўдала пяцёх сяброў салігорскай філіі АГП: Ларысу Алешку, Марыю Волчак, Аляксея Прыходзьку, Яўгена Валодзьку і Зьміцера Ларыёнава. Як вынікае з судовага рашэньня, акцыя “Хочам ведаць праўду”, падчас якой 7 траўня актывісты АГП трымалі партрэты Юрыя Захаранкі ды іншых зьніклых, прайшла ў Салігорску без парушэньня дзеючага заканадаўства.
14 траўня лідэру агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валерыю Леванеўскаму працягнулі тэрмін адміністратыўнага арышту на трое сутак. Рашэньне было прынятае адміністратыўнай камісіяй Ленінскага раёну г. Гародні. Пасьля вынясеньня рашэньня Валеры Леванеўскі быў дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Прычынай працягу тэрміну затрыманьня зьяўляецца высьвятленьне дадатковых абставінаў. Нагадаем, што Валеры Леванеўскі быў арыштаваны на 13 сутак за арганізацыю мітынгу ў Гародні 1 траўня.
14 траўня ў Магілёве падчас распаўсюду газеты “Время” быў затрыманы старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў. У. Шанцава даставілі ў РУУС Ленінскага раёну, дзе канфіскавалі 100 асобнікаў газеты.
14 траўня пярвічная прафсаюзная арганізацыя работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці, аўтамабілебудаваньня, металаапрацоўкі, іншых галінаў народнай гаспадаркі на Менскім навукова-вытворчым прадпрыемстве “КБТМ-ОМО” гвалтоўна пераведзеная ў Беларускі прафсаюз работнікаў прамысловасьці. 4 траўня тут адбыўся прафсаюзны сход, на якім сябры прафсаюзу не пагадзіліся з прапановай прадстаўнікоў адміністрацыі перавесьці іх арганізацыю ў лаяльны ўладзе прафсаюз прамысловасьці. Праз некалькі дзён па ініцыятыве дырэктара “КБТМ-ОМО” Мацюшкова В.Я., кіраўнікоў падразьдзяленьняў і службаў прадпрыемства была падрыхтаваная прафсаюзная канферэнцыя, на якую абралі “патрэбных” дэлегатаў. Яны прагаласавалі за пераход арганізацыі ў прафсаюз прамысловасьці.
15 траўня актывісты галандзкага аддзяленьня праваабарончай арганізацыі “Міжнародная Амністыя” правялі ў цэнтры горада Наатдорп збор подпісаў пад петыцыяй да беларускіх уладаў з заклікам распачаць сапраўднае расьсьледваньне справаў зьніклых людзей у Беларусі. Людзі актыўна ставілі свае подпісы і выказвалі спачуваньне народу Беларусі, а таксама надзею, што сітуацыя ў найбліжэйшы час зьменіцца. Усяго пад петыцыяй было сабрана 518 подпісаў.
16 траўня ў Барысаве былі затрыманыя шэсьць актывістаў моладзевага руху “Зубр”, якія раздавалі зарэгістраваную газету “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” “Наша слова”. У Барысаўскім ГУУС на двух з затрыманых быў складзены пратакол за парушэньне арт. 172 КаАП РБ (распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных), нягледзячы на тое, што выходныя дадзеныя на газеце былі. Затрыманых адпусьцілі праз тры гадзіны.
16 траўня падчас сустрэчы з грамадзянамі раёну “Рэчыца” нарадам міліцыі Ленінскага РАУС г. Берасьця быў затрыманы сакратар Берасьцейскага абкаму Партыі камуністаў Беларускай Мікалай Шыкеля. У яго былі канфіскаваныя 10 партыйных улётак. Мікалай Шыкеля быў дастаўлены ў Ленінскі РАУС г. Берасьця, дзе на яго склалі пратакол аб парушэньні ч.3 арт. 172 КаАП РБ (распаўсюд друкаваных выданьняў, вырабленых з парушэньнем вызначанага парадку, якія ня маюць выходных дадзеных, сутнасьць якіх накіраваная на нанясеньне шкоды дзяржаўнаму і грамадзкаму ладу). Мікалай Шыкеля, у мінулым намесьнік начальніка крымінальнай міліцыі УУС Берасьцейскага аблвыканкаму, падпалкоўнік міліцыі ў запасе абураны дзеяньнямі “калегаў”, якія тлумачылі, што выконваюць загад. Ён упэўнены, што “шкоды дзяржаўнаму і грамадзкаму ладу, правам і законным інтарэсам грамадзянаў” не наносіць і лічыць, што “выкананьне загадаў” ягонымі былымі калегамі ў парушэньне дзеючага заканадаўства — гэта злачынства. 27 траўня адміністратыўная камісія Ленінскага раёну г. Берасьця разгледзела справу аб парушэньні Мікалаем Шыкелем ч.3 арт. 172 КаАП РБ за распаўсюд улётак Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс” – “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”. Інтарэсы М.Шыкелі прадстаўляў юрыст Уладзімір Малей. Мікалай Шыкеля са сваім прадстаўніком заявілі, што зьмест улётак не наносіць шкоды дзяржаўнаму ладу, а таму справу трэба спыніць згодна з арт. 227 КаАП РБ -- за адсутнасьцю складу правапарушэньня. Старшыня адміністратыўнай камісіі Вячаслаў Хафізаў прыняў рашэньне вынесьці пакараньне Мікалаю Шыкелю ў выглядзе папярэджаньня. М. Шыкеля ня згодны з пакараньнем і зьбіраецца абскардзіць рашэньне ў судзе.
18 траўня Валеры Леванеўскі быў разьмешчаны ў СІЗА г. Гародні на два месяцы. Яму прад’яўленае абвінавачаньне па арт. 368 ч.2 КК РБ – публічная зьнявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
18 траўня менская друкарня “Сьветач” адмовілася друкаваць “Новую газету Сморгони”, выпуск якой быў адноўлены пасьля працяглага перапынку. Заснавальнік выданьня Рамуальд Улан вымушаны шукаць іншую друкарню. Часова замест “Новой газеты Сморгони” выходзіў смаргонскі выпуск ваўкавыскай “Местной газеты”. У “Сьветачы” адбілі апошні смаргонскі нумар, і Рамуальду Улану сказалі, што друкаваць “Новую газету Сморгони” ня будуць. Выпуск “Новой газеты Сморгони” прыпыніла сем з паловай месяцаў таму Міністэрства інфармацыі. Цяпер Рамуальд Улан зноўку зарэгістраваўся як індывідуальны прадпрымальнік і шукае месца, дзе можна было б друкаваць сваю газету. Што датычыць сталічнай друкарні “Сьветач”, дык яе кіраўніцтва раней адмовілася друкаваць таксама незалежную газету “День”, хаця з рэдакцыяй была нават падпісаная афіцыйная дамова. “День” друкуюць у Смаленску. Ня выключана, што і смаргонскую газету давядзецца вазіць туды, калі ня ўдасца знайсьці агульнай мовы з беларускімі друкарнямі.
18 траўня ў Наваполацкім гарадзкім судзе адбыўся разгляд скаргі Зьміцера Салаўёва на рашэньне Наваполацкага гарвыканкаму аб забароне мітынгу, у якім планавалі браць удзел лідэры Народнай кааліцыі "Пяцёрка-плюс". Правядзеньне мітынгу было заяўленае на 22 траўня. На яго зьбіраліся прыехаць лідэры Народнай кааліцыі. Наваполацкі гарвыканкам забараніў мітынг на той падставе, што нібыта заява ня ўтрымлівала неабходных вычарпальных зьвестак. Падчас судовага разьбіральніцтва сьпецыяліст ідэалагічнага аддзелу гарвыканкаму Клопава (менавіта яна рыхтавала адмову), сказала, што да заявы не былі прыкладзеныя дамовы з мясцовым аддзелам дэпартаменту аховы МУС дзеля забесьпячэньня правапарадку і з мясцовым тэрытарыяльна-медыцынскім аб’яднаньнем на арэнду машыны "хуткай дапамогі". Але нідзе ў Законе "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" канкрэтна ня вызначана, што арганізатар мусіць складаць дамовы з вышэйзгаданымі арганізацыямі на ахову парадку і медыцынскае абслугоўваньне. Клопава таксама палічыла, што арганізатары мусілі даць абяцаньне прыбраць пасьля мітынгу плошчу. Пры гэтым яна не патлумачыла, чаму арганізатары павінны выконваць працу гарадзкіх прыбіральшчыкаў. Яшчэ ў адказе гарвыканкаму была фраза: "К заявлению не приложено обязательство в письменной форме организатора (организаторов) или лица (лиц), ответственного (ответственных) за организацию и проведение массового мероприятия, по организации и проведению массового мероприятия". Насамрэч, у Законе маецца такая фармулёўка, але калі ўважліва прачытаць артыкул 4, будзе зразумела, што не заўжды гэта патрэбна, бо акцыя заяўлялася не ад імя партыі ці аб’яднаньня, а арганізатар З.Салаўёў паставіў свой подпіс пад заявай. Трэба дадаць, што адказ аб забароне мітынгу быў адпраўлены толькі 19.04.2004 г. (зыходзячы з паштовага штэмпелю на канверце, далучанага да матэрыялаў справы) -- за 3 дні да мяркуемай даты мітынгу, хаця Закон патрабуе пісьмова папярэдзіць арганізатараў як мінімум за 5 дзён. Клопава патлумачыла, што ліст быў укінуты ў паштовую скрыню яшчэ 16.04.2004. У судовых спрэчках юрыст гарвыканкаму Лабанок заявіў, што надалей яны павінны больш адказна ставіцца да адсылкі карэспандэнцыі. У выніку судзьдзя Пётр Ляўчонак прыняў рашэньне аб адхіленьні скаргі Салаўёва, матывуючы тым, што ў заяве не былі пазначаныя ўсе неабходныя дадзеныя, у прыватнасьці, пра медыцынскае абслугоўваньне і прыборку тэрыторыі.
18 траўня ў гаспадарчы суд г. Менску была пададзеная зыскавая заява аб абароне дзелавой рэпутацыя Партыі БНФ. Прычынай сталі паклёпніцкія выказваньні вядучага праграмы “В центре внимания” Юрыя Пракопава ў эфіры Беларускага тэлебачаньня, якія прагучалі напярэдадні Чарнобыльскага шляху. Сутнасьць выказваньняў у тым, што старшыня партыі Вінцук Вячорка ў выпадку дасягненьня ўлады спыніць фінансаваньне ўсіх чарнобыльскіх праграмаў. Партыя БНФ праз суд патрабуе абвегнуць гэтыя словы ў эфіры БТ і прызнаць іх не адпавядаючымі рэчаіснасьці. Вінцук Вячорка мае намер запатрабаваць ад БТ суму маральнай кампенсацыі. З падобнымі патрабаваньнямі ў гэты ж дзень была пададзеная яшчэ адна зыскавая заява ў суд Маларыцкага раёну Берасьцейскай вобласьці супраць начальніка аддзелу інфармацыі Маларыцкага райвыканкаму С.Строка, які заявіў, што ў гады вайны Партыя БНФ супрацоўнічала з фашыстамі. Інтарэсы Партыі БНФ у гэтых судовых працэсах Сойм Партыі БНФ даручыў прадстаўляць юрыстам Уладзіміру Лабковічу і Валянціну Стэфановічу.
18 траўня Мікола Маркевіч падаў у пракуратуру Гарадзенскай вобласьці скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў абласнога УКДБ, якія тыдзень таму ўчынілі ператрус у офісе гарадзенскага аддзяленьня ТБМ, забраўшы дакументы і аргтэхніку. Сп. Маркевіч, які зьяўляецца старшынём аддзяленьня і галоўным рэдактарам газеты "День", лічыць, што ператрус рабіўся з грубымі парушэньнямі заканадаўства. Ён патрабуе вярнуць канфіскаваныя рэчы і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. У скарзе на імя пракурора Гарадзенскай вобласьці Васіля Літвінава пералічаны шэраг парушэньняў, якія, на думку М. Маркевіча, дапусьцілі супрацоўнікі УКДБ. Ён зьвяртае ўвагу на неадпаведнасьць паміж заяўленай мэтай ператрусу і рэальнымі дзеяньнямі групы. Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы, заведзенай па факце распаўсюду ў Гародні ў канцы красавіка "антыпрэзідэнцкіх" улётак, аднак супрацоўнікі УКДБ найперш цікавіліся файламі, якія зьявіліся пасьля 7 траўня. "Гэта дае падставы для высновы, што ператрус быў толькі нагодай дзеля вырашэньня іншых задачаў, не зьвязаных з расьсьледваньнем крымінальнай справы. Магчыма, супрацоўнікі УКДБ мелі на мэце стварэньне перашкодаў маёй прафесійнай дзейнасьці", – сказаў М. Маркевіч, маючы на ўвазе сваю рэдактарскую працу ў газеце "День".
18 траўня Менская транспартная пракуратура адмовіла Аксане Новікавай у хадайніцтве аб спыненьні ўзбуджанай у адносінах да яе крымінальнай справы. Такую пастанову вынес старэйшы сьледчы Менскай транспартнай пракуратуры, юрыст другога класу Юрый Надольскі, разгледзеўшы матэрыялы крымінальнай справы абвінавачваемай. Адначасова Ю. Надольскі вынес пастанову аб перадачы крымінальнай справы Новікавай менскаму транспартнаму пракурору дзеля накіраваньня ў суд.
19 траўня ў Менску адбыўся "круглы стол" на тэму “Рэзалюцыі Камісіі па правах чалавека ААН і ПАРЕ пра правы чалавека ў Беларусі – новыя задачы і магчымасьці”. "Круглы стол" быў арганізаваны Беларускім Хельсінкскім камітэтам, да ўдзелу ў ім былі запрошаныя прадстаўнікі рэгіянальных аддзяленьняў БХК ды іншых праваабарончых арганізацыяў, у тым ліку Праваабарончы цэнтр “Вясна”, “Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў”, “Прававая дапамога насельніцтву”. Усе гэтыя арганізацыі, за выключэньнем БХК, зьяўляюцца юрыдычна ліквідаванымі. Быў запрошаны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, але ён праігнараваў гэтае мерапрыемства. Былі запрошаныя і выступілі дарадца Прадстаўніка ААН у Беларусі Уладзімір Шчэрбаў, амбасадар Францыі ў Беларусі Стэфан Шмялеўскі, кіраўнік Офісу АБСЕ ў Менску Эберхард Хайкен. Выступы С.Шмялеўскага і Э. Хайкена мелі дастаткова жорсткі характар і цалкам адпавядалі Рэзалюцыям, якія былі прынятыя ў апошнія часы і Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў, і Парламенцкай Асамблеяй Рады Еўропы. Адбылася дыскусія, асноўнай мэтай якой было абмеркаваньне пазіцыяў праваабарончых арганізацыяў і тых дзеяньняў, якія яны павінны падтрымаць у сувязі са зьяўленьнем Рэзалюцыяў, прынятых ААН і ПАРЕ. Беларускія праваабаронцы абмяркоўвалі, на што павінны зьвярнуць увагу ў першую чаргу праваабарончыя арганізацыі краіны. Па выніках працы "круглага стала" прынятая Рэзалюцыя.
20 траўня інсьпектар па аператыўнай рабоце Слонімскай фінансавай міліцыі Уладзімір Юрчак прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасьці за неправамоцныя дзеяньні па справе кіраўніка грамадзкага аб’яднаньня “Воля да разьвіцьця” Міхася Варанца. У канцы сакавіка ён двойчы выклікаў Міхася Варанца дзеля высьвятленьня сітуацыі адносна “нявыплаты” грамадзкім аб’яднаньнем “Воля да разьвіцьця” падаткаў па Праграме ТАСІS. Пры гэтым У.Юрчак дапусьціў шэраг парушэньняў: не растлумачыў сп.Варанцу ягоных правоў, аказваў псіхалагічны ціск, пагражаў і інш. Інфармацыя, атрыманая Юрчаком падчас папярэдняга расьсьледваньня, стала падставай дзеля ўзбуджэньня 23 красавіка супраць М.Варанца крымінальнай справы за “ўхіленьне ад уплаты падаткаў шляхам утойваньня”. Міхась Варанец падаў скаргу на дзеяньні Юрчака ва Упраўленьне дэпартаменту фінансавых расьсьледваньняў Камітэту дзяржкантролю па Гарадзенскай вобласьці. 20 траўня старшыня Дэпартаменту паведаміў, што У.Юрчак “прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасьці”. “Хочацца верыць, што рашэньне абласнога ўпраўленьня Дэпартаменту фінансавых расьсьледваньняў у дачыненьні да Юрчака ня вымушанае рэагаваньне на маю скаргу, а прынцыповая пазіцыя”, – пракаментаваў пакараньне чыноўніка Міхась Варанец.
20 траўня супрацоўнік КДБ у Глыбокім правёў допыт двух актывістаў моладзевага руху “Зубр”. Актывісты руху “Зубр” былі затрыманыя ў гора-дзе Глыбокае супрацоўнікамі міліцыі падчас расклейкі ўлётак з лагатыпам руху “Зубр” і дастаўленыя ў аддзяленьне міліцыі, дзе чалавек, які назваўся Іванам Генадзьевічам, задаваў пытаньні аб паходжаньні друкаванай прадукцыі і аб планах руху. Не атрымаўшы адказаў, ён стаў пагражаць, што маладыя людзі будуць арыштаваныя на 15 сутак.
20 траўня актывістка “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў” (ЗБС) з Наваполацку была выкліканая ў дэканат інжынерна-будаўнічага факультэту Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту, дзе ў яе адбылася размова з дэканам факультэту Бакатовічам. Дэкан пытаўся пра дзейнасьць ЗБС: што за арганізацыя, чым займаецца, хто старшыня, колькасьць сяброў, з якіх факультэтаў, адкуль грошы на дзейнасьць... Распытваў таксама пра маючую адбыцца выставу “Голая студэнцкая праўда”, якую плануюць правесьці сябры Наваполацкага ЗБС (у якасьці адрасоў дзеля кантактаў былі пададзеныя і зьвесткі пра гэтую дзяўчыну): дзе выстава будзе праводзіцца і адкуль грошы на яе правядзеньне. Дэкан Бакатовіч папрасіў прынесьці Статут ЗБС, каб больш даведацца пра дзейнасьць арганізацыі, а потым папярэдзіў дзяўчыну, каб не займалася больш такой дзейнасьцю, бо могуць быць непажаданыя для яе наступствы. Варта адзначыць, што Бакатовіч толькі два тыдні таму заняў пасаду дэкана інжынерна-будаўнічага факультэту.
20 траўня ў Менску былі затрыманыя актывісты руху “Зубр” Юля Гарачка і Артур Гайдукевіч. Іх затрымалі падчас распаўсюду газеты “Супраціў” на прасьпекце Францыска Скарыны ў Менску і даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну, дзе канфіскавалі газеты і прымусілі пісаць тлумачальныя.
20 траўня Міністэрства адукацыі выказала намер узмацніць кантроль за працаўладкаваньнем выпускнікоў дзяржаўных ВНУ, якія навучаліся за кошт бюджэту. Прынятае рашэньне, што калі такі выпускнік адмаўляецца ехаць працаваць па месцы дзяржаўнага разьмеркаваньня, то будзе пазбаўлены дыплому ці мусіць вярнуць дзяржаве грошы, якія дзяржава выдаткавала на яго адукацыю. Пра гэта паведаміў першы намесьнік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Жук. Ён сказаў, што гэтае рашэньне было прынятае паводле загаду кіраўніка дзяржавы. Цяпер сярэднія выдаткі на навучаньне студэнта ў беларускім дзяржаўным ВНУ складаюць прыкладна 1200 даляраў на год.
24 траўня лідэры Народнай каалiцыi "Пяцёрка-плюс" заклікалі спыніць рэпрэсіі ў Гародні. У адмысловай заяве асуджаюцца дзеяньні супрацоўнікаў КДБ у адносінах да актывістаў гарадзенскай філіі “Фонду імя Льва Сапегі”, Культурна-асьветніцкага фонду “Бацькаўшчына", журналістаў газеты "День" і Інтэрнэт-газеты "Пагоня". У заяве, у прыватнасьці, прыводзяцца факты незаконных ператрусаў на прыватных кватэрах, канфіскацыі нумароў газеты, кампутарных дыскаў і дакументаў. "Заяўляем рашучы пратэст супраць цкаваньня сяброў дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, а таксама журналістаў Гародні. Патрабуем спыніць незаконныя дзеяньні і вярнуць канфіскаваную маёмасьць уладальнікам", – гаворыцца ў заяве.
24 траўня Павел Марыніч, сын арыштаванага КДБ экс-міністра і надзвычайнага паўнамоцнага амбасадара Міхаіла Марыніча, запатрабаваў вяртаньня кампутараў, канфіскаваных пасьля арышту ягонага бацькі. Сваё патрабаваньне ён матываваў тым, што кампутары ня маюць адносінаў да абвінавачаньня, якое прад’яўленае Міхаілу Марынічу.
24 траўня ў гарадзкой пракуратуры г. Менску быў дапытаны лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька па крымінальнай справе аб паклёпе на прэзідэнта. Справа ўзбуджаная ў сакавіку па арт. 367 Крымінальнага кодэксу на падставе інтэрвью А.Лябедзькі праграме “Зеркало” на расійскім телеканале РТР з крытыкай прэзідэнта Беларусі. Па словах А. Лябедзькі, сьледчы задаў шэраг пытаньняў, на частку з якіх адказы былі дадзеныя, на іншыя партыйны лідэр абавязаўся адказаць пасьля атрыманьня дадатковай інфармацыі з Мінфіну і ўраду. Пытаньні датычацца грошай, якія, па меркаваньні эксьпертаў, знаходзяцца ў “ценявым” бюджэце і не падвяргаюцца грамадзкаму і парламенцкаму кантролю.
25 траўня ў раёне плошчы Якуба Коласа ў Менску позна ўвечары былі затрыманыя за распаўсюд улётак непаўнагадовыя Максім Громаў і Кацярына Клімко. Пры затрыманьні Максім Громаў быў зьбіты. У адносінах маладых людзей былі складзеныя пратаколы за парушэньне арт. 143 КаАП РБ (антысанітарыя). Назаўтра зранку М.Громава і К.Клімко па дарозе на вучобу забралі ў міліцыю, дзе яны правялі ноч. РУУС Савецкага раёну г.Менску пачало падрыхтоўку да ўзбуджэньня супраць іх крымінальных справаў.
25 траўня кіраўніцтва Бараўлянскага сельвыканкаму адмяніла сваё рашэньне аб стварэньні добраахвотнай народнай дружыны, якая павінна была ахоўваць мемарыял Курапаты. Чыноўнікі сьцьвярджаюць, што рашэньне не адпавядала ўрадаваму палажэньню аб дружынах. Кіраўніцтва Бараўлянскага сельскага выканкаму спачатку пагадзілася з прапановай Менскай абласной арганізацыі Партыі БНФ стварыць добраахвотную дружыну, якая б ахоўвала Курапаты. Але калі дружыньнікі з БНФ, Партыі Свабоды і руху “Зубр” прыйшлі патруляваць урочышча, міліцыянты паказалі ім іншы дакумент. Старшыня Бараўлянскага сельвыканкаму Пётр Лапшын адмяніў сваё ж рашэньне на той падставе, што нібыта ніхто з курапацкіх дружыньнікаў не жыве і не працуе на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавету. Кіраўнік дружыны Уладзімір Кішкурна сказаў, што, нягледзячы на рашэньне ўладаў, дружыньнікі будуць патруляваць Курапаты.
25 траўня адбыўся суд, які пакінуў меру стрыманьня для старшыні страйкаму прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага ранейшай. Валеры Леванеўскі і ягоны адвакат Аляксандр Бірылаў падалі скаргу на меру стрыманьня для абвінавачанага. Леванеўскага пасадзілі ў сьледчы ізалятар на два месяцы — на час, пакуль сьледзтва па ягонай справе будзе праводзіць Ленінская раённая пракуратура гораду. Такім чынам, ён надалей застанецца ў сьледчым ізалятары гарадзенскай турмы.
25 траўня сьледчыя, якія вядуць справу Міхаіла Марыніча, адхілілі шэраг паручыцельстваў, якія падалі вядомыя ў Беларусі асобы з просьбай да суда вызваліць Марыніча з-пад варты. Аб вызваленьні Міхаіла Марыніча праз асабістыя паручыцельствы хадайнічалі Ўладзімір Ганчарык, былыя судзьдзі Канстытуцыйнага суда Валер Фадзееў і Міхаіл Пастухоў, кіраўнік аб’яднаньня “Альтэрнатыва 21” Сяргей Балыкін, рэдактар “Белорусской деловой газеты” Сьвятлана Калінкіна, прафесар Гяоргі Лепін. Тым часам чарговыя паручыцельствы за экс-міністра падалі дэпутаты парламенцкай групы “Рэспубліка” Валер Фралоў, Уладзімір Парфяновіч, Сяргей Скрабец і дэпутат Уладзімір Навасяд. Людміла Гразнова сабрала подпісы 32 еўрапейскіх палітыкаў з аб’яднаньня Еўрапейскі Рух. Паводле Людмілы Гразновай, у гэтым звароце да беларускіх уладаў зьмешчанае патрабаваньне вызваліць Міхаіла Марыніча, а таксама спыніць перасьлед апазіцыйных палітыкаў, грамадзкіх аб’яднаньняў і незалежных медыяў.
26 траўня завяршыўся суд па скарзе моладзевага грамадзкага аб’яднаньня “Верас” на дзеяньні ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту. Актывістам аб’яднаньня не ўдалося аспрэчыць абгрунтаванасьць папярэджаньня, вынесенага правазнаўцамі аблвыканкаму. Яшчэ адным фактам, што разглядаўся ўпраўленьнем юстыцыі як парушэньне заканадаўства, стала стварэньне структурнага падразьдзяленьня недзяржаўнай арганiзацыi – дабрачыннага мясцовага валанцёрскага цэнтру. Падчас працэсу старшыня моладзевага аб’яднаньня Яраслаў Манцэвiч абвергнуў усе абвінавачаньні ўпраўленьня юстыцыi, спасылаючыся на строгае выкананьне “верасоўцамі” палажэньняў уласнага Статуту і беларускага заканадаўства. У сваю чаргу адказчык, галоўны сьпецыяліст рэгістрацыйна-прававога сектару ўпраўленьня юстыцыі аблвыканкаму Валеры Шутаў не пагадзіўся з пазіцыяй НДА і абгрунтаваў прэтэнзіі, выказаныя ў папярэджаньні. Нагадаем, напрыканцы сакавіка ўпраўленьне юстыцыі прыслала першае пісьмовае папярэджаньне моладзеваму грамадзкаму аб’яднаньню “Верас”, зробленае па выніках трохмесячнай праверкі. “Верасоўцы” перакананыя, што юрыдычны кантроль за іх дзейнасьцю праводзіўся па рэкамендацыі супрацоўнікаў аддзелу інфармацыі гарвыканкаму, якія былі незадаволеныя вынікамі “круглага стала” па міжнацыянальных адносінах, што прайшоў у межах праекту “Роўнасьць. Талерантнасьць. Павага”. Назіральнікі адзначаюць, што “ў цэлым разгляд справы быў хутчэй падобны на працэс над “Верасам”. Таму, відаць, і ня дзіва, што судзьдзя Тацяна Парфёнава вынесла рашэньне, якое пакінула ў сіле папярэджаньне ўпраўленьня юстыцыі”. Аднак “верасоўцы” лічаць, што справа не была разгледжаная належным чынам. Яны зьбіраюцца дабівацца адмены папярэджаньня ў Вярхоўным судзе Беларусі.
26 траўня стала вядома, што кватэру экс-старшыні рэспубліканскага моладзевага грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскі форум” (г.Гомель) Івана Няверава абшукалі невядомыя, якія прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі. Вобыск адбыўся яшчэ 18 траўня, але спадар даведаўся пра гэта толькі праз тыдзень, калі вярнуўся з Вільні, дзе браў удзел у семінары. Як распавёў сп.Нявераў, дзьверы двум невядомым у міліцэйскай форме і двум у цывільным адчыніла ягоная маці Наталя Іванаўна. Невядомыя сказалі ёй, што шукаюць прыстасаваньне для ўгону аўтамабіляў, чым нібыта займаецца яе сын, і паказалі ордэр на вобыск, дзе былі ўказаныя дадзены адрас, але абсалютна чужое прозьвішча. “Маці не змагла ім супрацьстаяць – адзін з невядомых увесь час трымаў дзьверы нагой, а астатнія паўтаралі, што вобыск праводзіцца “ў інтарэсах сьледзтва”, - кажа Іван Нявераў. Вобыск цягнуўся каля гадзіны. Маці Івана Няверава адзначыла, што невядомых цікавілі кнігі сына і кампутар, які яны самі ўключылі. Таксама невядомыя цікавіліся ўстаноўчымі дакументамі палітычнай партыі Свабода і прагрэс, стварэньнем якое займаецца сп.Нявераў. Па словах Івана Няверава, ён зьвярнуўся ва ўпраўленьне ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкаму, каб удакладніць, ці насамрэч у іх працуе чалавек, прозьвішча якога ўказанае ў пратаколе вобыску. Але ў аддзяленьні яму адказалі, што такі ў іх не працуе. “Тады я зьвярнуўся ў пракуратуру Чыгуначнага раёну. Але пракурор Леанід Лашкін адмовіўся прыняць заяву”, - распавёў І.Нявераў. Ён лічыць, што падобным чынам дзейнічалі супрацоўнікі сьпецслужбаў. “Я думаю, гэта апрабоўваўся новы від “зачыстак”, які ўлады пачынаюць ужываць напярэдадні парламенцкіх выбараў”, - пракаментаваў сітуацыю І. Нявераў.
26 траўня адміністратыўная камісія Ленінскага раёну Гародні пакарала галоўнага рэдактара газеты "День" Міколу Маркевіча штрафам у памеры адной базавай велічыні (19 тысячаў рублёў) і канфіскацыяй накладу газеты. Камісія палічыла, што рэдактар вінаваты ў незаконным распаўсюдзе друкаванага выданьня (ч. 3 арт. 172 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях). Паводле гэтага артыкулу, незаконным лічыцца распаўсюд выданьняў, вырабленых з парушэньнем усталяванага парадку, якія ня маюць выдавецкіх зьвестак і зьмест якіх можа нанесьці шкоду дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзянаў. (Прэтэнзіі работнікаў міліцыі выклікала публікацыя меркаваньня кіраўніка прадпрымальніцкага страйкаму Валерыя Леванеўскага, які разважаў пра тое, ці могуць беларусы бараніць свае правы шляхам актыўнага пратэсту. Гэты матэрыял быў расцэнены як патэнцыйна небясьпечны). Мікола Маркевіч сьцьвярджае, што прыцягнуты да адказнасьці незаконна, бо не займаецца распаўсюдам газеты "День". Распаўсюду выданьня ўвогуле не было, бо міліцыянты затрымалі наклад раней, чым газета трапіла да распаўсюднікаў. Дарэчы, нягледзячы на тое, што наклад газеты "День" быў затрыманы на Іўеўскім пасту ДАІ 7 красавіка, пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні міліцыя склала толькі 29 красавіка. Паводле М.Маркевіча, наклад газеты быў выраблены ў адпаведнасьці з усімі патрабаваньнямі заканадаўства і меў усе выдавецкія зьвесткі, як і патрабуе Закон аб друку. Зьмест газеты ні грамадзкаму парадку, ні правам грамадзянаў не пагражаў, а меркаваньне В.Леванеўскага было выказанае ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і не было заклікам да незаконных дзеяньняў. На думку намесьніка старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" юрыста Андрэя Бастунца, артыкул 172 КоАП, паводле якога быў пакараны М.Маркевіч, наогул не датычыць дзейнасьці сродкаў масавай інфармацыі. Ён вызначае адказнасьць за парушэньне правілаў распаўсюду ўлётак і г. д., а адказнасьць за парушэньне заканадаўства аб СМІ вызначаецца артыкулум 172-1. "Паводле арт. 25 Закону "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі", канфіскацыя накладу ці часткі накладу прадукцыі СМІ можа адбыцца толькі на падставе рашэньня суда, — кажа А. Бастунец. — У выпадку з газетай "День" атрымалася, што рашэньне адміністратыўнай камісіі аб канфіскацыі накладу выданьня фактычна адмяніла дзеяньне Закону аб друку". М.Маркевіч плануе абскардзіць рашэньне камісіі ў судзе.
26 траўня вядомы журналіст расійскага тэлеканалу ОРТ Павел Шарамет заявіў пра стварэньне Камітэту грамадзкай абароны Міхаіла Марыніча. Заснавальнікі Камітэту лічаць, што рэпрэсіі да Міхаіла Марыніча працягваюць шэраг дзеяньняў, якія прадпрымаліся супраць Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Генадзя Карпенкі і іншых апазіцыянераў. Паводле Паўла Шарамета, Камітэт грамадзкай абароны Міхаіла Марыніча створаны, каб узмацніць голас пратэсту супраць палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.
27 траўня пракуратура Маларыцкага раёну адмовіла дэпутату мясцовага раённага Савету Уладзіміру Малею ва ўзбуджэньні крымінальнай справы ў адносінах да начальніка аддзелу інфармацыі Маларыцкага райвыканкаму Сяргея Строка, які публічна заявіў, што Партыя БНФ у гады Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічала з фашыстамі. Між тым, Беларускі Народны Фронт (БНФ) быў створаны ў 1988 годзе — праз 43 гады пасьля заканчэньня вайны. У пастанове аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы сказана, што Строк С.І. патлумачыў, што сэнс ягонага выступу быў у тым, каб “людзі ведалі, хто такі Малей У.У. і якую партыю ён прадстаўляе, правёў аналогію паміж нацыяналістамі, якія дзейнічалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і Партыяй БНФ, якая адносіцца да беларускай апазіцыі і зьяўляецца спадкаемцай беларускіх нацыяналістаў. (...) Свае словы пра тое, што Партыя БНФ падтрымлівала фашысцкую Германію ў часы Вялікай Айчыннай вайны, Строк С.І. патлумачыў так: выказаўся памылкова, бо яго ўвесь час перабівалі і гаварыць было складана. І ўвогуле, сваім выступам ён не прыніжаў гонару і годнасьці Малея У.У. і "не перасьледаваў такую мэту".
27 траўня пацьвердзілася, што РУУС Савецкага раёну г. Менску вядзе падрыхтоўку да ўзбуджэньня крымінальных справаў супраць двух непаўнагадовых -- Максіма Громава і Кацярыны Клімко, затрыманых позна ўвечары 25 траўня ў раёне плошчы Якуба Коласа.
З 28 траўня менская друкарня "Сьветач" скасавала дамову з рэдакцыяй недзяржаўнай ваўкавыскай "Местной газеты". Рэдакцыя атрымала ліст з паведамленьнем аб скасаваньні дамовы. У якасьці прычыны "Сьветач" называе фінансавую запазычанасьць рэдакцыі. 26 траўня друкарня павінна была выпусьціць апошні нумар выданьня. Аднак у гэты дзень галоўнаму рэдактару выданьня Андрэю Шантаровічу патэлефанаваў начальнік вытворчасьці Сяргей Чаргінец і заявіў, што "ня можа прапусьціць" адну з публікацыяў, прапанаваўшы замяніць яе на іншую. Гаворка ішла пра артыкул аб карупцыі ў ваўкавыскай падатковай інсьпекцыі. Сп. Шантаровіч адмовіўся мяняць матэрыял і прапанаваў друкарні пакінуць на яго месцы "белую пляму". Праз гадзіну начальнік вытворчасьці паведаміў, што нумар цалкам зьняты з друку. Друкарні ў Менску, Баранавічах і Слоніме, у якія ўжо зьвярнуўся галоўны рэдактар "Местной газеты", таксама адмовіліся супрацоўнічаць з рэдакцыяй. "Сьветач" выпускаў "Местную газету" на працягу амаль усяго апошняга году. Па словах галоўнага рэдактара, увесь гэты час разьлікі з друкарняй вяліся з невялікім спазьненьнем, і ў апошні час нічога ў гэтым плане не зьмянілася. Адной з прычынаў адмовы ад супрацоўніцтва А. Шантаровіч лічыць серыю вострых публікацыяў аб працы падатковай інсьпекцыі, першая з якіх зьявілася тыдзень таму. Сп. Шантаровіч кажа, што са зьяўленьнем яго газеты ў 2001 г. у мясцовай "раёнкі" істотна зьнізіўся наклад. "Відавочна, улады не выконваюць "ідэалагічную праграму", і таму вырашылі змагацца з канкурэнтамі іншым спосабам", – рэзюмуе А. Шантаровіч.
31 траўня маці Кацярыны Клімко была выкліканая ў педагагічны каледж, дзе вучыцца дзяўчына. Дырэктар навучальнай установы Меншчыкава Надзея Іванаўна прапанавала ёй забраць дакументы дачкі з каледжу адразу пасьля летняй сесіі. У іншым разе яна паабяцала выгнаць Кацярыну з каледжу. На наступны дзень з дзяўчынай на гэтую тэму таксама размаўляў намесьнік дырэктара па выхаваўчай працы Сташулёнак Іван Іванавіч, які пацьвердзіў рашэньне Меншчыкавай.
31 траўня калегія грамадзянскіх справаў Вярхоўнага суда разгледзела скаргу на рашэньне па справе Ягор Рыбакоў супраць “Народнай волі” і зьмяніла некаторыя сумы спагнаньняў. Для былой тэлевядучай Элеаноры Язерскай і журналісткі газеты Марыны Коктыш судовая калегія зрабіла саступку — замест 3 мільёнаў рублёў з кожнай будзе спагнаны 1 мільён. Для “Народнай волі” штраф пакінуты ранейшы — 50 мільёнаў рублёў. Нагадаем, што Ягор Рыбакоў падаў у суд на газету і журналістаў яшчэ ў 2003 годзе. Тагачасны старшыня Белтэлерадыёкампаніі палічыў, што яго абразілі ў публікацыі ў “Народнай волі” двухгадовай даўніны. Размова ішла пра інтэрв’ю з Элеанорай Язерскай, у якім тэлевядучая казала, што тэлебачаньне пры новым кіраўніцтве ператварылася ў руіны і называла прозьвішчы людзей, у сьмерці якіх, на яе думку, вінаватыя кіраўнікі тэлебачаньня. Ленінскі раённы суд Менску часткова задаволіў зыск Ягора Рыбакова, а праз два месяцы Менскі гарадзкі суд падчас касацыйнага разгляду справы яшчэ і павялічыў спагнаньні. Пры гэтым на пачатку 2004 году Ягор Рыбакоў быў арыштаваны паводле падозраньняў у злоўжываньнях і хабарніцтве і знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ. Рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч застаўся рашэньнем судзьдзяў не задаволены і заявіў, што зьбіраецца яго абскарджваць, у тым ліку звяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|