|
ЧЭРВЕНЬ
1 чэрвеня бацькоў Максіма Громава выклікала на размову дырэктар Менскага прафесійна-тэхнічнага каледжу лёгкай прамысловасьці Жураўская, дзе навучаецца хлопец. Яна паведаміла, што ў хуткім часе будзе разглядацца магчымасьць яго выключэньня, і прапанавала забраць дакументы. Нагадаем, што за апошні час гэта ня першы выпадак спробы выключэньня з навучальнай установы за палітычную дзейнасьць. Месяц таму з баранавіцкага каледжу лёгкай прамысловасьці хацелі выключыць Мікіту Сасіма, але пасьля некалькіх акцыяў у падтрымку актывіста “Зубра” гэта рашэньне было адмененае.
1 чэрвеня намесьніка старшыні “Маладога Фронту” Яўгена Скочку затрымалі на беларуска-літоўскай мяжы. Мытнікі канфіскавалі ў Яўгена Скочкі 14 асобнікаў праграмы выбарчага блоку “Маладая Беларусь” і столькі ж асобнікаў праекту палітычнай рэформы, які прапануе гэты блок. Паводле Яўгена Скочкі, мытнікам не спадабалася, што ў праграме быў пункт аб зьмене ўлады ў Беларусі. Маладафронтавец ехаў у Вільню на семінар разам са сваімі сябрамі. Пакуль правяралі Яўгена Скочку, рэйсавы аўтобус зьехаў, і Яўгену давялося дабірацца самастойна.
1 чэрвеня калектыў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа правёў сход ля брамы зачыненага будынку ліцэю. З гэтага часу бацькі ліцэістаў штодня зьбіраюцца стаяць у пікеце ля брамы, а з 15 чэрвеня да іх далучацца навучэнцы. Дырэктар ліцэю Уладзімір Колас выказаў усім падзяку. Навучэнец трэцяга курсу Франак Вячорка — старшыня вучнёўскай рады -- распавёў, што пяць-сем чалавек будзе дзяжурыць каля ліцэю штодзень, каб папярэдзіць нейкія дзеяньні ўладаў па разбурэньні будынку. Ён таксама сказаў, што ліцэісты не губляюць надзеі і спадзяюцца калі-небудзь вярнуцца сюды і праводзіць заняткі. У двары ліцэю і на вуліцы Кірава было некалькі дзесяткаў міліцыянтаў у форме і ў цывільным. Яны не разганялі ліцэйскага сходу, а толькі назіралі за прысутнымі. Выкладчыкі падсумавалі вынікі здачы навучэнцамі экстэрнату. Яны прыйшлі да высновы, што ў школах дзеці атрымалі адзнакі вышэйшыя за тыя, якія ім паставілі падчас унутраных ліцэйскіх экзаменаў. У ліцэі ідуць уступныя экзамены. Нягледзячы на экстрэмальную сітуацыю, многія бацькі выказалі жаданьне аддаць сваіх дзяцей вучыцца на першы курс.
1 чэрвеня ў Менскім гаспадарчым судзе пачаўся разгляд зыску Беларускага Хельсінкскага камітэту да падатковай інсьпекцыі Маскоўскага раёну Менску, якая дамагаецца выплаты падаткаў і штрафных санкцыяў больш як на 75 тысячаў даляраў. Праваабаронцы лічаць прэтэнзіі неабгрунтаванымі. Калі гэта ня ўдасца даказаць у судзе, кіраўніцтва БХК сядзе на лаву падсудных. Нагадваем, пракуратура ўжо завяла крымінальную справу супраць старшыні БХК Тацяны Процькі і галоўнага бухгалтара арганізацыі Тацяны Руткевіч. Ім за нявыплату падаткаў пагражае некалькі гадоў турмы і канфіскацыя маёмасьці. Вядзе працэс у Менскім гаспадарчым судзе судзьдзя Аксана Міхнюк. Яна пачала з высьвятленьня пазіцыяў па праблеме нявыплаты падаткаў. Адказчык — падатковая інсьпекцыя Маскоўскага раёну — не аспрэчвае права БХК на ільготы, але заяўляе, што кіраўніцтва арганізацыі ня выканала належнай працэдуры іх атрыманьня. “Яны маглі атрымаць вызваленьне ад падаткаў, але не атрымалі. Прычынай ёсьць іх бязьдзеяньне”, — заявіла суду прадстаўніца падатковай інсьпекцыі. Яна прывяла прыклад, калі адно прадпрыемства з Гародні нават "заднім чыслом" аформіла ільготу, і забраныя ўжо падаткі яму былі вернутыя. У Беларускім Хельсінкскім камітэце лічаць такі шлях непрымальным і незаконным. У БХК спасылаюцца на дамову паміж Беларусьсю і ўрадам Еўрапейскага Саюзу, якая прадугледжвае аказаньне грашовай дапамогі Беларусі на розныя мэты па праграмах ТАСІS пры абавязковай умове вызваленьня ад падаткаў. Сярод праграмаў — як пабудова мытных тэрміналаў на мяжы з краінамі Еўрасаюзу, так і разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. Менавіта рэалізацыяй такіх грамадзянскіх праграмаў займаліся праваабаронцы з БХК. Яны заўважаюць, што калі цяпер суд вырашыць браць з іх падаткі, гэта будзе фактычным скасаваньнем ранейшых міжнародных дамоваў і паставіць крыж на будучых праграмах дапамогі Беларусі. На судовым паседжаньні таксама высьветліліся цікавыя тэхнічныя акалічнасьці канфлікту. У прыватнасьці, стала відавочна, што расійскі пераклад дамовы аб аказаньні дапамогі па праграмах ТАСІS, якім карысталіся ў падатковай інсьпекцыі, істотна розьніцца ад ангельскага арыгіналу. Судзьдзя абвесьціла перапынак, каб было падрыхтаванае заключэньне адмысловага перакладчыка, а таксама быў зроблены пераклад іншых істотных дакументаў.
2 чэрвеня ў Менску быў затрыманы актывіст моладзевагу руху “Зубр” Аляксей Ляўковіч. У 10 гадзінаў раніцы супрацоўнікі Заводзкага РУУС прыйшлі на завод МАЗ, дзе Аляксей працуе наладчыкам і даставілі маладога чалавека ў РУУС Савецкага раёну, адмаўляючыся назваць прычыну затрыманьня. Да чатырох гадзінаў дня малады чалавек сядзеў у дзяжурнай частцы. Супрацоўнікі міліцыі нічога яму не тлумачылі, толькі казалі, каб пачакаў, "пакуль ім зоймуцца". Затым Ляўковіча адвялі да сьледчага Яцына, які паведаміў яму, што той дастаўлены ў РУУС дзеля допыту па крымінальнай справе, узбуджанай у адносінах да Кацярыны Клімко і Максіма Громава за надпісы "Свабоду Марынічу!". Допыт цягнуўся больш за дзьве гадзіны, і выйшаў Аляксей з пастарунку толькі пасьля шасьці гадзінаў вечару.
2 чэрвеня палітзьняволенага прафесара Юрыя Бандажэўскага перавялі на вольнае пасяленьне. Яго перавезьлі з менскай турмы ў адну з былых вайсковых казармаў, што на Гарадзеншчыне. Пра гэта паведаміла жонка прафесара Галіна. Везьлі яго ў цягніку “па этапу” ажно тры дні, цягам падарожжа тры разы правяралі рэчы. Рэжым утрыманьня Юрыя Бандажэўскага аблегчаны ў адпаведнасьці з заканадаўствам, бо ён адбыў у турме палову свайго васьмігадовага тэрміну зьняволеньня. Камітэт выкананьня пакараньняў мог перавесьці яго на пасяленьне яшчэ ў пачатку году, але дацягнуў да лета. Пасьля апошняй сустрэчы з мужам Галіна Бандажэўская адбыла ў Францыю з вялікай групай чарнобыльскіх дзяцей, якія накіраваліся на аздараўленьне. Тым часам у Францыі праходзіць грамадзкая акцыя ў падтрымку прафесара Бандажэўскага. Болей за 14 тысячаў чалавек падпісалася пад маніфестам з патрабаваньнем да беларускіх уладаў вызваліць прафесара, як мага хутчэй даць яму магчымасьць вярнуцца ў навуковую супольнасьць і працягваць дасьледваньні ў галіне ўплыву радыяцыі на здароўе чалавека. Французскія праваабаронцы зазначаюць, што спадар Бандажэўскі мае права на агульную амністыю, якая нядаўна была абвешчаная ў Беларусі. Цяпер яны распачалі новую акцыю — рассылкі электронных лістоў пад назвай “Прафесар Бандажэўскі ў турме” з мэтай дадатковага ціску на беларускія ўлады. Пакуль спадар Бандажэўскі быў у турме, яго абралі ганаровым грамадзянінам французскага гораду Клермон-Феран, пабраціму Гомелю.
2 чэрвеня вязень сьледчага ізалятару КДБ Міхаіл Марыніч атрымаў адказ на сваю просьбу аб вяртаньні яму 90 тысячаў даляраў, якія былі адабраныя ў яго 24 красавіка, за два дні да затрыманьня. Сьледчы напісаў Міхаілу Марынічу, што ягоная просьба ня можа быць задаволеная. Прычынаў ён не паведаміў. Адметна, што Міхаіл Марыніч названы ў гэтым лісьце “сьведкам”. У справе аб фальшывых далярах ён сапраўды лічыцца сьведкам, але ніякіх сьледчых дзеяньняў з ім у гэтай справе не вядзецца. Міхаіл Марыніч і ягоныя абаронцы склалі чарговую скаргу на незаконнае затрыманьне. Раней падобная скарга накіроўвалася ў пракуратуру, але не была задаволеная. Гэтая разам скарга накіраваная ў Цэнтральны суд Менску. Былы міністр просіць суд адмяніць пастанову аб ягоным утрыманьні пад вартай на той падставе, што прад’яўленае яму абвінавачаньне прадугледжвае, што на час сьледзтва з яго могуць узяць падпіску аб нявыезьдзе.
3 чэрвеня трое дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі абвясьцілі бестэрміновую галадоўку з мэтай дабіцца ўнясеньня зьменаў у Выбарчы кодэкс. Валерый Фралоў, Уладзімір Парфяновіч і Сяргей Скрабец лічаць, што зьмены павінны датычыць фармаваньня выбарчых камісіяў, якое, па іх меркаваньні, павінна быць “адкрытым і зразумелым для кожнага грамадзяніна, а таксама гарантаваць удзел розных палітычных партыяў і рухаў”, пашырэньня паўнамоцтваў назіральнікаў. Акрамя таго, галадаючыя дэпутаты патрабуюць адмяніць працэдуру датэрміновага галасаваньня. Галадоўку дэпутаты намераныя правесьці ў сваіх кабінетах. 4 чэрвеня да галадоўшчыкаў-парламентароў далучыліся Марына Багдановіч, Генадзь Ананіч, з 5 чэрвеня – Уладзімір Чырвоненка, з 6 чэрвеня – Юры Істомін, з 7 чэрвеня – Уладзімір Радзівончык, з 8 чэрвеня – Віктар Івашкевіч, з 10 чэрвеня – Уладзімір Цыбульскі.
3 чэрвеня стала вядома, што на Берасьцейшчыне ўлады адмаўляюцца рэгістраваць мясцовыя суполкі палітычных партыяў. Гэта можа прывесьці да таго, што падчас выбарчай кампаніі апазіцыйным партыям ня будзе дазволена вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Паводле новых патрабаваньняў, рэгістраваць партыйную суполку ў жылым памяшканьні дазволена толькі ў будынках, дзе ёсьць ня больш за адну кватэру. Але і ў гэтым выпадку пытаньне пра юрыдычны адрас мусіць быць узгодненае з мясцовымі ўладамі. Начальнік упраўленьня юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму Сяргей Кулак сьцьверджае, што правілы рэгістрацыі суполак палітычных партыяў уведзеныя яшчэ ў 2000 годзе і апошнім часам не зьмяніліся. Спадар Кулак ня бачыць ніякай сувязі паміж цяжкасьцямі з рэгістрацыяй партыйных суполак і маючымі адбыцца выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, а таксама заяўляе пра адсутнасьць праблемаў у дачыненьнях абласнога ўпраўленьня юстыцыі з прадстаўнікамі палітычных партыяў. Між тым, пра цяжкасьці з рэгістрацыяй мясцовых суполак паведамляюць ня толькі берасьцейскія сацыял-дэмакраты, але і прадстаўнікі Партыі БНФ і некаторых грамадзкіх аб’яднаньняў.
3 чэрвеня Грамадзкае аб’яднаньне гарадзенскіх літоўцаў “Тэвінэ” абвясьціла, што ня будзе ўдзельнічаць у пятым Усебеларускім фэсьце нацыянальных культураў, які адбудзецца ў Гародні. Тым самым літоўцы выказалі свой пратэст супраць дзеяньняў мясцовых уладаў. Год таму мясцовыя ўлады не дазволілі адзначыць каля гарадзенскага помніка вялікаму князю Вітаўту ўгодкаў Грунвальдзкай бітвы. Заяву падавалі супольна літоўцы, палякі і гарадзкая арганізацыя БНФ. Улады спаслаліся на тое, што побач з помнікам знаходзіцца аварыйны мост, які вядзе ў Стары замак, гаспадаром якога калісьці быў сам Вітаўт. Скарга ў суд на гарвыканкам выніку не дала. Старшыня аб’яднаньня літоўцаў “Тэвінэ” Альгіс Дзіргінчус сказаў, што сябры аб’яднаньня падтрымалі яго і разам вырашылі, што “Тэвінэ” у афіцыйным фэсьце ўдзельнічаць ня будзе. Яны лічаць, што ўлады ня могуць вызначаць за літоўцаў — што ім сьвяткаваць, а што не. Грунвальдзкую гадавіну тым болей адзначаюць літоўцы ва ўсім сьвеце.
3 чэрвеня міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч падпісаў загад аб прыпыненьні выхаду газеты “Рабочая салідарнасьць” на тры месяцы. Падставай стала папярэджаньне за тое, што рэдакцыя быццам бы парушыла закон аб друку. Папярэджаньне і загад міністра падпісаныя ў адзін дзень. Пра іх існаваньне галоўны рэдактар газеты Мікалай Галко даведаўся 4 чэрвеня ў друкарні “Чырвоная зорка”, калі прыйшоў забіраць наклад чарговага нумару. Дырэктар друкарні сказаў, што ён шкадуе, што ня можа друкаваць газету, для яго таксама гэта матэрыяльная страта. Выданьне мела двух заснавальнікаў — Беларускі прафсаюз работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня і Беларускую партыю працы. Як гаворыцца ў папярэджаньні, яшчэ 12 сакавіка 2004 году ў Міністэрства інфармацыі паступіла адмова прафсаюзу ад правоў заснавальніка. У такім выпадку Беларуская партыя працы павінна была ўнесьці зьмены ў пасьведчаньне аб рэгістрацыі газеты. Як сьцьвярджаюць чыноўнікі, газета гэтага не зрабіла, чым і правінілася. Выдаўцы газеты лічаць беспадстаўнымі прэтэнзіі міністэрства, бо пытаньне аб зьмене юрыдычнага адрасу якраз разглядаецца ў Менскім гарвыканкаме, куды адпаведныя дакументы пададзеныя яшчэ ў сакавіку. Справа зацягвалася наўмысна, чыноўнікі патрабавалі нават падаць ім канцэпцыю газеты, а нядаўна даслалі паперу, што ў сувязі з новымі абставінамі працягваюць разгляд просьбы.
4 чэрвеня ў Крычаўскім раённым судзе разглядаўся зыск прадпрымальніка і грамадзкага актывіста Уладзіміра Кудраўцава да мясцовай вертыкалі. Крычаўскі прадпрымальнік больш за год спрабуе зарэгістраваць газету “Уласны каментар”. Аднак Крычаўскі райвыканкам сваім рашэньнем адмовіўся ўзгадніць юрыдычны адрас рэдакцыі. У студзені Вышэйшы гаспадачы суд адмяніў рашэньне раённай улады, аднак чыноўнікі дагэтуль на гэта не адрэагавалі і нават не вярнулі зыскоўцу судовай пошліны. Гэта стала падставай для новага звароту ў суд. На судовым слуханьні сутнасьць зыска Уладзіміра Кудраўцава не была разгледжананая. Прадстаўнік Крычаўскага райвыканкаму зьвярнуўся з хадайніцтвам: паводле яго, такая справа ня можа разглядацца ў раённым судзе. Судзьдзя пагадзіўся, што прадпрымальніку трэба зьвярнуцца з зыскам у гаспадарчы суд. Прадстаўнік Уладзіміра Кудраўцава праваабаронца Мікалай Маторанка ня згодны з такім вызначэньнем і будзе яго абскарджваць, а таксама выказаў гатоўнасьць перадаць зыск крычаўца ў Магілёўскі абласны гаспадарчы суд.
4 чэрвеня, пасьля амаль месячнага перапынку, Першамайскі раённы суд Менску аднавіў разгляд зыску старшыні БХК Тацяны Процькі і яе мужа Дзьмітрыя Козыра да Беларускага тэлебачаньня і аглядальніка Юрыя Пракопава. Спадарыня Процька і спадар Козыр абвінавачваюць БТ і Юрыя Пракопава ва ўмяшальніцтве ў іх прыватнае жыцьцё. Аўтары зыску і іх прадстаўнік Гары Паганяйла працягвалі даводзіць, што Юры Пракопаў 29 лютага ў праграме “В центре внимания” распаўсюдзіў зьвесткі, што тычацца прыватнага жыцьця. У сюжэце быў паказаны дом старшыні Хельсінкскага камітэту, паведамлялася пра яе высокую зарплату, а таксама было сказана, што сям’я Процькі і Козыра нібыта маюць 15 дарагіх коней, лазьню і шыкоўную машыну. Паводле зыскоўцаў, у сваім сюжэце Юры Пракопаў распаўсюдзіў непраўдзівыя зьвесткі. У іх няма 15 дарагіх коней, шыкоўнага джыпу і лазьні. Але найбольш Тацяну Процьку і Дзьмітрыя Козыра абурыла тое, што Юры Пракопаў здымаў іх маёмасьць без адпаведнай згоды і намякаў, што ўсё гэта куплена на заходнія грошы, якія выдаткоўваліся Хельсінкскаму камітэту. Зыскоўцы прадаставілі суду дакументы, паводле якіх іх маёмасьць набытая законна і на ўласныя грошы. Юры Пракопаў вінаватым сябе не прызнае і гаворыць, што зьняты ім сюжэт адпавядае інфармацыйнай палітыцы БТ. Рашэньне па гэтай справе павінна быць вынесенае 7 чэрвеня.
4 чэрвеня ўвечары ў Магілёве прайшоў мітынг, арганізатарамі якога выступілі лідэры магілёўскіх суполак Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады і Партыі працы. Магілёўскія ўлады дазволілі правесьці мітынг на адкрытай пляцоўцы каля дому культуры заводу. У мітынгу брала ўдзел, паводле прыблізных падлікаў, больш за сотню чалавек. Ён доўжыўся паўтары гадзіны. Магілёўцы выказалі свой пратэст супраць масавага прымушальнага пераводу наёмных работнікаў на кантрактную сістэму працы. Людзі, якія бралі слова, зьвязвалі перавод на кантракты з палітычнай сітуацыяй у краіне і магчымым рэферэндумам аб працягу прэзідэнцкага тэрміну. Прамовы на мітынгу ілюстравалі плакаты і карыкатуры, якія зрабілі магілёўскія маладафронтаўцы. Хаця ў гэтую моладзевую арганізацыю ўваходзяць у большасьці студэнты, яны ўсё ж прысьвяцілі наглядную агітацыю асноўнай тэме мітынгу — кантрактнай сістэме, дэвіз — “Сем разоў падумай і адзін раз падпішы”.
5 чэрвеня старшыню гарадзенскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Чырвоненку суд аштрафаваў за непадпарадкаваньне міліцыі. Амаль два месяцы таму міліцыянты затрымалі аўтамабіль Чырвоненкі з улёткамі Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс”. Улёткі міліцыянты зьнішчылі, а на Чырвоненку склалі пратакол аб непадпарадкаваньні. Маўляў, ён не дазваляў адчыніць салон машыны без прысутнасьці панятых і без складаньня пратаколу. Судзьдзя па адміністратыўных справах Вікторыя Прысада палічыла гэта правапарушэньнем і аштрафавала кіраўніка партарганізацыі АГП на 7 базавых велічыняў, гэта — 133 тысячы рублёў.
5 чэрвеня ў Гародні судзьдзя Вікторыя Прысада аштрафавала 18-гадовага Алеся Курсевіча на 5 базавых велічыняў. 4 чэрвеня а 1-й гадзіне ночы міліцыянты затрымалі яго з 17-гадовым сябрам, якога адпусьцілі. На суседняй вуліцы на сьцяне будынка адміністрацыі Ленінскага раёну міліцыянты знайшлі напісанае чорнай фарбай слова “Зубр”. Аднак судзьдзя нават не пацікавілася ў маладога чалавека — ці мае ён дачыненьне да надпісу, і адразу прысудзіла штраф.
6 чэрвеня ў цэнтры Менску былі затрыманыя журналісты здымачнай групы расійскай тэлекампаніі Ren-TV. Журналістка REN-TV Алена Слаў і аператар Аляксей Пакроўскі запісвалі інтэрв’ю на Кастрычніцкай плошчы каля рэкламнага экрану ОНТ. У якасьці выступоўцаў былі запрошаныя Кацярына Клімко і Максім Громаў, супраць якіх былі заведзеныя крымінальныя справы за палітычнае графіці "Свабоду Марынічу!". Непадалёку ад месца здымкаў стаялі двое маладых людзей, якія спачатку выдавалі сябе за цікаўных гледачоў. Праз некаторы час яны падышлі да тэлежурналістаў і, прадэманстраваўшы пасьведчаньні супрацоўнікаў АМАПу, заявілі, што праводзіць тэлездымкі ў цэнтры Менску забаронена, бо тут "шмат рэжымных аб’ектаў": маўляў, дзеля гэтага трэба мець адмысловы дазвол Службы бясьпекі прэзідэнта. Прад’яўленыя дакументы аб акрэдытацыі здымачнай групы пры беларускім МЗС амапаўцы назвалі фальшывымі і настойліва прапанавалі журналістам, а таксама і ўдзельнікам інтэрв’ю паехаць разам з імі ў РУУС Цэнтральнага раёну. Потым быў затрыманы яшчэ адзін актывіст "Зубра" Яўген Афнагель. У РУУС журналісты пачалі тэлефанаваць у консульства Расіі, у прэс-службу МУС і іншыя ўстановы, пасьля чаго іх адразу ж адпусьцілі. Сяброў "Зубра" пратрымалі ў аддзяленьні каля дзьвюх гадзінаў, пасьля чаго адпусьцілі без складаньня пратаколаў. Па словах маладых людзей, у якасьці галоўнай прычыны затрыманьня ім назвалі інтэрв’ю, якое тыя давалі расійскаму тэлеканалу. Алена Слаў упэўненая, што амапаўцы мелі сьпецыяльную апаратуру для праслухоўваньня размоваў на адлегласьці. Яна ўражаная фамільярнасьцю супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія адмовіліся назваць журналістам свае прозьвішчы, пажадаўшы застацца "Валеркам" і "Стасікам".
Аналагічны выпадак з умяшальніцтвам АМАПу ў працу тэлежурналістаў адбыўся днямі і са здымачнай групай расійскага тэлеканалу ТВЦ. Журналістка Вера Дашкевіч і аператар Уладзімір Андронаў праводзілі ў цэнтры Менску (у раёне рэстарану "МакДональдз") апытаньне на тэму сімволікі на беларускіх грашовых купюрах. Патрульныя АМАПу падышлі да аператара і пачалі высьвятляць, пра што пытаюцца ў мінакоў. Адзін з іх прыгразіў забраць у журналістаў стужку, "калі пытаньні ня будуць адпавядаць тэме праграмы".
7 чэрвеня суд Першамайскага раёну (судзьдзя Ананіч) адхіліў у поўным аб’ёме зыск старшыні БХК Тацяны Процькі і яе мужа Дзьмітрыя Козыра да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і тэлежурналіста Юрыя Пракопава. Зыскоўцы патрабавалі кампенсацыі маральных стратаў за тое, што тэлевізійшчыкі парушылі таямніцу іх прыватнага жыцьця. Яны прадставілі шэраг дакументаў, якія даказвалі, што здымачная група БТ знаходзілася на тэрыторыі прыватнай гаспадаркі без дазволу яе ўладальнікаў. Акрамя гэтага, зыскоўцы падалі дакументальныя доказы пагаршэньня стану ўласнага здароўя і здароўя сваіх блізкіх пасьля выхаду ў эфір згаданай праграмы. Усе гэтыя дакументы былі далучаныя судом да справы, але ніяк не паўплывалі на яго рашэньне. "Вынесшы гэткае рашэньне, суд фактычна прызнаў, што агучаныя ў праграме зьвесткі не зьяўляліся таямніцай прыватнага жыцьця. Такім чынам, і памеры заробку, і наяўнасьць маёмасьці — гэта больш не таямніца, а інфармацыя агульнага карыстаньня! — рэзюмуе намесьнік кіраўніка БХК Гары Паганяйла, які рэпрэзентаваў інтарэсы Т. Процькі ў судзе. — Для нас зразумела, што сёньня, калі грамадзянін Беларусі ўступае ў канфлікт з прадстаўніком улады, разьлічваць на рэальную абарону сваіх правоў яму не даводзіцца, нягледзячы на тое, што гэтае права гарантавана яму Канстытуцыяй". Тым ня менш, зыскоўцы зьбіраюцца абскарджваць рашэньне Першамайскага райсуда ў судовую калегію.
7 чэрвеня дэпутатаў-галадоўшчыкаў і актывістаў АГП, якія трымаюць палітычную галадоўку, наведалі амбасадары краінаў Еўрасаюзу: Польшчы, Літвы, Чэхіі, Славаччыны, Швецыі, Нямеччыны, Францыі, Вялікабрытаніі, а таксама кіраўнік офісу АБСЕ ў Менску, прадстаўнікі Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс”, група прадпрымальнікаў. Усе яны выказалі галадоўнікам падтрымку і разуменьне іх патрабаваньняў. Амбасадары краінаў Еўрасаюзу правялі гадзінную гутарку з галадоўнікамі. Прадстаўнік Францыі Стэфан Шмялеўскі, зьвяртаючыся да дэпутатаў Валерыя Фралова, Сяргея Скрабца і Уладзіміра Парфяновіча, заявіў, што вылучаныя імі патрабаваньні “цалкам супадаюць з еўрапейскімі чаканьнямі” наконт пабудовы дэмакратычнай Беларусі. У гэты ж дзень галадоўнікаў наведалі прадстаўнікі прадпрымальніцкай ініцыятывы “Персьпектыва” з многіх гарадоў Беларусі. Яны заявілі пра поўную падтрымку “мужных дзеяньняў дэпутатаў”. У вячэрняй прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў двары дома па Казарменным завулку ў Менску, не змаглі ўзяць удзелу два галадоўнікі – актывісты АГП Марына Багдановіч і Генадзь Ананьеў. Яны не пакідаюць межаў кватэры Валерыя Фралова, дзе праходзіць агульная галадоўка, бо на вуліцы іх можа затрымаць міліцыя, каб даставіць у суд за суботняе ўсталяваньне ў гэтым двары намётаў.
7 чэрвеня галоўны рэдактар прафсаюзнай газеты "Рабочая салідарнасьць" Мікалай Галко зьвярнуўся да міністра інфармацыі Уладзіміра Русакевіча з просьбай перагледзець рашэньне аб прыпыненьні выданьня на 3 месяцы. Ён лічыць, што дапушчанае рэдакцыяй парушэньне не заслугоўвае такога жорсткага пакараньня. Журналісты газеты заяўляюць, што не зьбіраюцца спыняць працу: яны плануюць публікаваць свае матэрыялы ў весьніку, які будзе выходзіць накладам 299 асобнікаў.
8 чэрвеня галадоўнікаў наведаў амбасадар ЗША Джордж Крол. У афіцыйным паведамленьні амбасады ён назваў справядлівымі патрабаваньні галадоўнікаў і зноў заклікаў беларускія ўлады прывесьці выбарчае заканадаўства і працэдуры ў адпаведнасьць з нормамі АБСЕ, выконваць грамадзянскія і чалавечыя правы арыштаванага Міхаіла Марыніча.
8 чэрвеня ў кватэру старшыні Віцебскай абласной арганізацыі АГП Генадзя Ананьева, які знаходзіцца ў Менску, пачалі тэлефанаваць невядомыя асобы з мэтаю высьветліць падрабязнасьці асабістага жыцьця ягоных сваякоў. Паводле словаў Людмілы Ананьевай, цікаўнасьць да іх сям’і праявілася адразу пасьля таго, як яе муж, Генадзь Ананьеў далучыўся да менскіх галадоўнікаў. Аднак напачатку гэта ня выклікала ў яе асаблівых падазрэньняў, бо супрацоўнікі міліцыі, якія прыходзілі да яе ў кватэру, патлумачылі свой візіт праверкай нейкага “сігналу грамадзкасьці” – нібыта ім стала вядома, што тут незаконна гандлююць сьпіртовымі напоямі. Спадарыні Людміле стала вядома, што невядомыя асобы зьвярталіся і да суседзяў, але ўжо з іншымі пытаньнямі: іх цікавіла, хто прапісаны ў кватэры, дзе працуюць сваякі спадара Ананьева, ці добранадзейная гэтая сям’я, і ў якой школе навучаецца іх дзіця. Невядомыя асобы задавалі падобныя пытаньні і па тэлефоне, таму Людміла Ананьева, баючыся за сваіх блізкіх, мусіла зьвярнуцца па дапамогу да юрыста Алега Граблеўскага. Ён параіў не адчыняць дзьверы невядомым асобам, а ў выпадку вострае небясьпекі паабяцаў неадкладна прыехаць. Спадарыня Ананьева перакананая, што раптоўная цікаўнасьць праваахоўных органаў да іх сям’і зьвязаная менавіта з удзелам мужа ў галадоўцы пратэсту, а таму яна не выключае магчымасьці любога кшталту правакацыяў з боку аршанскіх міліцыянтаў.
8 чэрвеня міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры бяз межаў" звярнулася з адкрытым лістом да беларускага міністра інфармацыі ў сувязі з прыпыненнем прафсаюзнай газеты "Рабочая салідарнасьць". Арганізацыя лічыць, што прыпыненьне выданьня зьяўляецца "часткай сістэматычных рэпрэсіяў супраць незалежнай і апазіцыйнай прэсы"."Рэпарцёры" нагадваюць, што ў штогадовым дакладзе за 2004 год яны выступілі з асуджэньнем захадаў адміністратыўнага ціску з боку беларускіх ўладаў на незалежную прэсу. Яны акцэнтуюць увагу на тым, што імя А. Лукашэнкі фігуруе сярод 37 дзяржаўных кіраўнікоў, якіх "Рэпарцёры" лічаць ворагамі прэсы. Паводле падлікаў арганізацыі, у 2003 годзе ў Беларусі больш як 10 газетаў падвергліся перасьледу, больш за 15 незалежных выданьняў былі прыпыненыя, а некалькі арганізацыяў, што абаранялі правы СМІ, былі зачыненыя.
9 чэрвеня ў Бялынічах затрыманыя магілёўскія прадстаўнікі кааліцыі “Пяцёрка-плюс”. У раённым цэнтры Магілёўскай вобласьці міліцыянты затрымалі кіраўнікоў абласных арганізацыяў: Партыі БНФ – Рыгора Костусева, АГП – Уладзіміра Шанцава, Партыі працы – Галіну Лісіцыну і сябра ПКБ Анатоля Заўялава. Паводле словаў Рыгора Кастусёва, іх затрымалі ў двары шматпавярховага дому, дзе прадстаўнікі палітычных партыяў пачалі размову з жыхарамі Бялынічаў і толькі пасьпелі раздаць людзям некалькі асобнікаў газеты “Время” і ўлётак кааліцыі “Пяцёрка-плюс”. Бялыніцкія міліцыянты даставілі палітыкаў з Магілёва ў пастарунак і сказалі ім, што гэта зроблена дзеля высьвятленьня асобаў.
9 чэрвеня прэс-служба Адміністрацыі прэзідэнта распаўсюдзіла інфармацыю пра сутрэчу прэзідэнта Лукашэнкі з распрацоўшчыкамі Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях. У ходзе гэтай сустрэчы прэзідэнт выказаў меркаваньне, што пераход да разгляду большасьці адміністратыўных правапарушэньняў судовымі органамі зьяўляецца неапраўданай мерай. “Распрацоўшчыкі кодэксу не ўлічылі, што судовая працэдура больш складаная, чым, напрыклад, разгляд адміністратыўнай справы ў міністэрстве, яна патрабуе большых выдаткаў і большых ведаў ад удзельнікаў працэсу, — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы прэзідэнта. – Гэткае кардынальнае зьмяненьне працэсу разгляду справаў аб адміністратыўных правапарушэньнях, па сутнасьці, разбурае сістэму, да якой прызвычаіліся грамадзяне краіны.” Акрамя таго, прэзідэнт выказаў занепакоенасьць магчымай перазагружанасьцю судоў адміністратыўнымі справамі. У сувязі з выкладзеным Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць неабходным адзначыць, што толькі разгляд адміністратыўных справаў справядлівым судом можа быць сапраўднай гарантыяй выкананьня правоў грамадзянаў. Сябры Праваабарончага цэнтру “Вясна” прымалі непасрэдны ўдзел у тысячах адміністратыўных працэсаў як у судах, так і ў несудовых органах, і падчас большасьці гэтых працэсаў былі зафіксаваныя грубыя і сістэмныя парушэньні працэсуальных правоў грамадзянаў. Такая сітуацыя абумоўленая ў тым ліку і састарэлым заканадаўствам – зараз у краіне дзейнічае Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях, прыняты ў 1984 годзе — гэта самы стары з дзеючых кодэксаў. Таму прыняцьце сучаснага і прагрэсіўнага Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях, са справядлівай працэдурай судовага разгляду адміністратыўных справаў, заснаванай на павазе да правоў грамадзянаў магло б стаць важным крокам па набліжэньні Беларусі да прававой дзяржавы. Ва ўмовах, калі ў Беларусі штогод фіксуецца да пяці мільёнаў адміністратыўных правапарушэньняў, па якіх у якасьці правапарушальнікаў фігуруюць тысячы грамадзянаў – дэлегаваньне паўнамоцтваў па разглядзе адміністратыўных справаў органам выканаўчай улады можа стварыць умовы для працягваньня прававога свавольства. Гэта можа павялічыць памеры парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Таму Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае імкненьне да абмежаваньня паўнамоцтваў суда ў разглядзе адміністратыўных справаў як неабгрунтаваны і шкодны для грамадзтва крок.
9 чэрвеня пакараньне ў выглядзе двух з паловай гадоў абмежаваньня волі вынес Кастрычніцкі суд Менску Аксане Новікавай. Яе прызналі вінаватай у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Нагадаем, Аксану затрымалі 5 красавіка на чыгуначным вакзале падчас распаўсюду ўлётак, зробленых на ўзор міліцэйскіх абвестак пра вышук небясьпечнага злачынцы. Пад фотаздымкам Аляксандра Лукашэнкі быў надрукаваны сьпіс артыкулаў крымінальнага кодэксу, якія, на думку аўтара, ён парушыў. У судзе Аксана папрасіла спыніць справу, бо згодна з Дэклярацыяй правоў чалавека яна мае права на распаўсюд інфармацыі. У выпадку адмовы яна папрасіла дапытаць у якасьці сьведкаў Генеральнага пракурора Віктара Шэймана, былога Генпракурора Алега Бажэлку, міністра МУС Уладзіміра Навумава, экс-міністра Юрыя Сівакова, Зьміцера Паўлічэнку, Івана Ціцянкова, а таксама Хрыстаса Пургурыдэса, Анатоля Лябедзьку, Аляксандра Дабравольскага і прадстаўнікоў “Газпраму”, каб тыя патлумачылі датычнасьць Аляксандра Лукашэнкі да тых злачынстваў, якія Аксана пералічыла ва ўлётцы. Апроч таго, яна папрасіла выклікаць у суд самога пацярпелага – Аляксандра Лукашэнку. Судзьдзя адхіліла ўсе хадайнцтвы. Яна патлумачыла, што судзяць не Аляксандра Лукашэнку, а Аксану Новікаву. Замест гэтых сьведкаў спадарыня Басько апытала жанчыну-міліцыянтку, якая абшукала Аксану пасьля затрыманьня, і міліцыянта, які дзяжурыў на вакзале ў той дзень. Прадстаўнік пракуратуры Дыяна Глушкова на зьмест улёткі не зьвярнула ўвагі і спаслалася на прэзумпцыю невінаватасьці: маўляў, нельга называць чалавека злачынцам, пакуль няма прысуду. Гэта быў адзіны аргумент. Аксана Новікава мае дачку Рыяну, якой нядаўна споўнілася тры гады, і чакае дзіця. Адвакат Аксаны Новікавай Павел Сапелка найбліжэйшым часам падасьць скаргу ў гарадзкі суд.
10 чэрвеня каля 400 чалавек узялі ўдзел у вулічнай акцыі "Ланцуг неабыякавых чытачоў" у падтрымку газеты "Народная воля" на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. А 18-й гадзіне людзі з асобнікамі "Народнай волі" ў руках сталі ў ланцуг уздоўж прасьпекту Ф. Скарыны, расьцягнуўшыся ад вуліцы Энгельса да Палацу прафсаюзаў. За акцыяй назіралі дзесяткі супрацоўнікаў міліцыі і АМАПу, аднак ніхто з яе ўдзельнікаў ня быў затрыманы. Людзі, што сабраліся на плошчы, не трымалі ніякіх лозунгаў, сьцягоў і не выступалі з публічнымі прамовамі, а толькі стаялі з газетамі ў руках. Сярод удзельнікаў акцыі былі такія вядомыя асобы, як былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Ганчарык, літаратары Уладзімір Някляеў, Ніл Гілевіч, сьпявачка Кася Камоцкая, старшыня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Жана Літвіна, праваабаронцы Валеры Шчукін, Людміла Гразнова, палітыкі Мікола Статкевіч, Юры Хадыка, Андрэй Саньнікаў ды іншыя. З-за затрымак на літоўска-беларускай мяжы не змаглі ўзяць удзелу ў акцыі кіраўнікі перадвыбарчай кааліцыі "Пяцёрка-плюс". Сярод тых, хто прыйшоў падтрымаць газету, было таксама шмат шараговых чытачоў "Народнай волі", у тым ліку і з рэгіёнаў. Галоўны рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч прайшоў уздоўж усяго ланцуга, каб паціснуць кожнаму з удзельнікаў акцыі руку і падзякаваць за падтрымку. Журналістам ён у чарговы раз заявіў, што не дапусьціць спыненьня выхаду газеты, але і не зьбіраецца выплочваць кампенсацыю Ягору Рыбакову. Пра ход акцыі і паводзіны яе ўдзельнікаў падрабязна дакладалі за іх сьпінамі па рацыі людзі ў цывільным. На супрацьлеглым баку прасьпекту, з боку прэзідэнцкай рэзідэнцыі, на працягу ўсёй акцыі стаяў міліцэйскі ланцуг, а па баках "неабыякавых чытачоў" "ахоўвалі" па некалькі амапаўцаў. Акцыя на Кастрычніцкай плошчы доўжылася амаль гадзіну. Каля 19.00 частка ўдзельнікаў пачала разыходзіцца, а некаторыя з газетамі ў руках рушылі на завулак Казарменны, каб асабіста выказаць падтрымку галадоўнікам з дэпутацкай групы "Рэспубліка" і тым, хто да іх далучыўся. Ідэя правядзеньня акцыі ў падтрымку "Народнай волі" зьявілася пасьля таго, як 31 траўня калегія Вярхоўнага суда пакінула бяз зьменаў суму кампенсацыі (50 мільёнаў рублёў, альбо каля 23 тысячаў даляраў), якую "Народная воля" мусіць выплаціць былому кіраўніку БТ Ягору Рыбакову, які знаходзіцца ў сьледчым ізалятары па абвінавачаньні ў атрыманьні хабару. Апошняй судовай інстанцыяй, якая можа зьмяніць рашэньне калегіі Вярхоўнага суда, зьяўляецца прэзідыюм ВС.
10 і 11 чэрвеня міліцыянты ў Віцебску затрымлівалі Барыса Хамайду на той час, пакуль Аляксандр Лукашэнка браў удзел у семінары для мясцовых кіраўнікоў. Паводле словаў Хамайды, у адказ на пытаньне: “За што вы мяне столькі часу трымалі ў пастарунку?” ён пачуў ад міліцыянтаў адказ: “За тое, што вы ня радыя прыезду Лукашэнкі”. Нічым іншым затрыманьні не былі абгрунтаваныя – нават не складаліся пратаколы пра парушэньне грамадзкага парадку. Б. Хамайда правёў у міліцэйскім пастарунку амаль восем гадзінаў.
11 чэрвеня ў Менску затрыманы Анатоль Шумчанка – лідэр грамадзкага аб’яднаньня “Персьпектыва". А.Шумчанка быў затрыманы з улёткамі, якія заклікалі прадпрымальнікаў да страйку ў падтрымку галадуючых дэпутатаў і актывістаў палітычных партыяў. У адносінах да А.Шумчанкі складзены пратакол па арт. 172 КаАП Рэспублікі Беларусь (распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных).
11 чэрвеня Горацкая раённая адміністратыўная камісія прысудзіла актывісту мясцовага “Клубу выбарцаў” Дзям’яну Франкоўскаму штраф за распаўсюд улётак Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс”. Падставай дзеля адміністратыўнага разьбіральніцтва паслужыла скарга старшыні Горацкага саюзу ветэранаў сп.Маркоўскага. Ён папрасіў міліцыянтаў разабрацца з дзейнасьцю мясцовай моладзі, якая раздае матэрыялы “Пяцёркі-плюс”, і прыклаў некалькі сабраных ім улётак, на якіх не былі пазначаныя выходныя зьвесткі. Акрамя таго, сп.Маркоўскі праявіў зайздросную інфармаванасьць, дакладна ўказаўшы каардынатара кампаніі распаўсюду па Горках Дзям’яна Франкоўскага. У выніку камісія пастанавіла спагнаць з абвінавачанага штраф у памеры адной базавай велічыні (19 000 руб.) паводле часткі 3 артыкулу 172 КаАП РБ (парушэньне парадку выпуску друкаванай прадукцыі).
11 чэрвеня судзьдзя Жлобінскага раённага суда Зоя Ласоўская адхіліла зыск актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былога дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Марата Афанасьева да адміністрацыі Беларускага металургічнага заводу. Спадар Афанасьеў прад’явіў зыск дырэкцыі за дыскрымінацыю яго як працаўніка. У сакавіку дырэкцыя заводу ў адзін дзень вынесла Афанасьеву, як начальніку бюро, адразу тры пакараньні. У іх ліку і скарачэньне ягонай пасады. Марат Афанасьеў лічыць дзеяньні адміністрацыі заводу палітычна матываваным перасьледам.
11 чэрвеня адзін з галадоўнікаў Валеры Фралоў, у якога раней быў інфаркт, а цяпер пачалося павышэньне ціску, быў абсьледаваны ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры “Кардыялогія”. Лекары зафіксавалі адхіленьні ў працы сэрца, якія сьведчаць пра ішэмію, і парэкамендавалі спыніць галадоўку. Аднак спадар Фралоў вырашыў працягваць сваю акцыю пратэсту разам з астатнімі галадоўнікамі.
11 чэрвеня Цэнтральны суд Менску не задаволіў скаргу аб зьмене меры стрыманьня для Міхаіла Марыніча. Скарга аб зьмене меры стрыманьня для Міхаіла Марыніча разглядалася за зачыненымі дзьвярыма. Ужо праз гадзіну судзьдзя Вера Грабоўская-Дайнека таксама за зачыненымі дзьвярыма абвесьціла сваё рашэньне — скарга адваката Веры Страмкоўскай не задаволеная. Такім чынам, Міхаіла Марыніч і надалей застаецца ў сьледчым ізалятары КДБ “амерыканка”, дзе яго трымаюць з 26 красавіка.
12 чэрвеня, на дзясяты дзень галадоўкі ў Менску дэпутатаў Валерыя Фралова, Уладзіміра Парфяновіча і Сяргея Скрабца разам з актывістамі партый АГП і БНФ, да галадоўнікаў у Менску далучыліся грамадзяне ў Жодзіне, Наваполацку і Віцебску. У Віцебску пяцёра партыйных актывістаў далучыліся да галадоўкі пратэсту. У Наваполацку трое грамадзянаў Аляксандр Цярэнцьеў, Ігар Сухарукаў і Уладзімір Цыбульскі працягваюць галадоўку на кватэры старшыні Наваполацкай арганізацыі АГП. У Жодзіне галадоўку працягвае Зьміцер Чарткоў, сябра Маладой Грамады. У сувязі з пагаршэньнем стану здароўя праз два дні тут спыніла галадоўку сябра АГП Ірына Валчаніна.
14 чэрвеня гаспадарчы суд пачаў высьвятляць, чаму падатковая інсьпекцыя не палічыла абгрунтаванай аплату камандзіровачных стратаў для назіральнікаў на парламенцкіх выбарах 2000 году. Тады дзесяткі прадстаўнікоў ад БХК выправіліся назіраць за выбарамі ў сельскай мясцовасьці. Аплата камандзіровачных для гэтых людзей была запланаваная ў гранце, які выдаткавалі еўрапейскія структуры ў рамках праграмы ТАСІS. Пазьней падатковая інсьпекцыя Маскоўскага раёну Менску палічыла, што гэтыя грошы атрыманыя як прыбытак, і таму з іх трэба сплачваць падаткі. А за нявыплату падаткаў супраць старшыні БХК Тацяны Процькі і галоўнага бухгалтара грамадзкага аб’яднаньня была ўзбуджаная крымінальная справа. Працэс паводле зыску БХК супраць падатковай інсьпекцыі адкладзены на няпэўны час.
14 чэрвеня ў гарадзкой пракуратуры Менску адбыўся новы допыт кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі паводле крымінальнай справы аб паклёпе на прэзідэнта. Крымінальны перасьлед лідэра АГП распачаты пасьля ягонага інтэрв’ю праграме “Зеркало” расійскага тэлеканалу РТР. У сваім выступе спадар Лябедзька крытыкаваў кіраўніка Беларусі за фармаваньне ценявога бюджэту, за замоўчваньне праўды пра зьніклых беларускіх палітыкаў, а таксама за ўтойваньне грошай ад продажу зброі. Гэтым разам допыт лідэра АГП доўжыўся больш за дзьве гадзіны. Анатоль Лябедзька сказаў, што прапанаваў сьледзтву шэраг дадатковых матэрыялаў, якія пацьвярджаюць праўдзівасьць ягоных выказваньняў. Анатоль Лябедзька па-ранейшаму кажа пра палітычную матываванасьць крымінальнай справы і сьцьвярджае, што, акрамя прапанаваных сьледзтву дакументаў, ён мае шэраг іншых фактаў, якія намерваецца скарыстаць у выпадку, калі справа дойдзе да суда. Адвакат палітыка Павел Сапелка таксама не выключае магчымасьці перадачы крымінальнай справы ў суд. Але як адвакат ён лічыць, што юрыдычна абгрунтаваным рашэньнем было б спыненьне сьледзтва. Калі крымінальная справа ўсё ж будзе даведзеная да суда, то паводле артыкулу 367 Крымінальнага кодэксу, на падставе якога яна распачатая, палітыку пагражае пазбаўленьне волі тэрмінам да пяці гадоў. У падтрымку лідэра АГП выступаюць прадстаўнікі сацыял-дэмакратычных партыяў шэрагу краінаў, якія сабралі некалькі тысячаў подпісаў пад зваротам з патрабаваньнем спыніць перасьлед Анатоля Лябедзькі.
14 чэрвеня ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце скончылася атэстацыйная праверка, арганізаваная Міністэрствам адукацыі. Нягледзячы на станоўчыя водгукі аб працы ЕГУ сяброў камісіі, яе старшыня заявіў, што ўніверсітэт атэстацыю не прайшоў. Супрацоўнікі ЕГУ лічаць гэта чарговым захадам улады ў барацьбе з універсітэтам. У працы атэстацыйнай камісіі Мінадукацыі, якая 17 дзён правярала працу Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, бралі ўдзел 56 эксьпертаў. Падчас выніковага паседжаньня большасьць сяброў камісіі ў цэлым далі станоўчую ацэнку працы калектыву ЕГУ і ўзроўню ведаў студэнтаў. Зусім іншую пазіцыю заняў старшыня атэстацыйнай камісіі Уладзімір Самусевіч. Гэты чыноўнік ня лічыць магчымым атэставаць ЕГУ. Прычынай такога рашэньня стала тое, што атэстацыю не прайшоў факультэт эканомікі. Падчас атэстацыйнага іспыту адзін з пяці студэнтаў гэтага факультэту атрымаў нездавальняючую адзнаку і панізіў ніжэй за норму адсотак пасьпяховасьці студэнтаў усяго універсітэту.
15 чэрвеня Менскі гарадзкі суд адхіліў скаргу на незаконнае ўтрыманьне Міхаіла Марыніча ў сьледчым ізалятары КДБ. Адвакат Вера Страмкоўская зьвярнула ўвагу на юрыдычныя акалічнасьці, якія мусілі ўлічыць судзьдзі падчас разгляду яе скаргі на незаконнае ўтрыманьне Міхаіла Марыніча. Адвакат спасылалася на Крымінальны кодэкс, паводле якога ўтрыманьне Марыніча за кратамі не адпавядае цяжкасьці выстаўленага яму абвінавачаньня. Вера Страмкоўская ўказвала таксама на працэсуальныя парушэньні з боку сьледчых і пракурора Анатоля Ліскі. Адвакатка зьбіраецца абскардзіць гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе.
15 чэрвеня 32-гадовы актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алесь Карніенка быў выкліканы ў суд Заводзкага раёну Менску. Судовы выканаўца Сяргей Веташкін нагадаў, што спадар Карніенка павінен заплаціць штраф 1 мільён 650 тысячаў рублёў (гэта прыкладна 800 даляраў), які быў накладзены на яго за арганізацыю 7 лістапада 2003 году ў Гомелі акцыі грамадзкага галасаваньня адносна трэцяга прэзідэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. Алесь патлумачыў чыноўніку, што ён беспрацоўны і ня мае грошай, каб аплаціць такі вялікі штраф. Судовы выканаўца патлумачыў, што апісаньне маёмасьці спадара Карніенкі па гэтай справе абавязковае.
15 чэрвеня за распаўсюд друкаванай прадукцыі ў розных месцах Менску былі затрыманыя трое актывістаў руху "Зубр”. Аляксей Ляўковіч і Зьміцер Шчэпаў раздавалі яе ля выхаду з метро "Кастрычніцкая". Да іх падышлі два супрацоўнікі АМАП, якія не прадставіліся і адвялі ў арку бліжэйшага дому. Там амапаўцы і затрыманыя знаходзіліся амаль гадзіну, пакуль за імі не прыехала машына. “Зуброўцаў” даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну. Там іх пратрымалі яшчэ амаль гадзіну і пасьля таго, як яны адмовіліся даваць тлумачэньні, адпусьцілі. Яшчэ адзін удзельнік руху, Павел Юхневіч, быў затрыманы падчас распаўсюду газетаў на станцыі метро "Пушкінская". Яго даставілі ў апорны пункт міліцыі №108, дзе выпісалі позву ў РУУС Фрунзенскага раёну на 16 чэрвеня.
15 чэрвеня ў раёне Камароўскага рынку былі затрыманыя актывісты руху “Зубр” Аляксей Шыдлоўскі і Аляксандр Атрошчанкаў. У апорным пункце міліцыі ў іх канфіскавалі друкаваныя выданьні.
16 чэрвеня ў Наваполацкім гарадзкім судзе разглядаўся зыск былога начальніка зьмены Наваполацкай цеплаэлектрацэнтралі Вадзіма Духаменкі да адміністрацыі ЦЭЦ адносна ягонага звальненьня з прадпрыемства. Вадзім Духаменка ўзначальваў заводзкую суполку Свабоднага прафсаюзу, 1 траўня быў звольнены з працы. Такі ж лёс напаткаў і сяброў Рады прафсаюзнай арганізацыі Юрыя Гайчанку і Юрыя Обухава. Вёў судовае паседжаньне непасрэдна старшыня гарадзкога суда Пятро Ляўчонак. Спадар Духаменка быў звольнены з працы пасьля таго, як адміністрацыя ЦЭЦ адмовілася працягнуць з ім працоўны кантракт, аднак, паводле калектыўнай дамовы, яго ня мелі права звальняць як кіраўніка прафсаюзнай арганізацыі і сябра іншых выбарных органаў, у тым ліку -- камісіі па працоўных спрэчках. Разгледзеўшы ўсе абставіны справы, суд канстатаваў, што звальненьне адбылося не па ініцыятыве прадпрымальніка, а з прычыны сканчэньня кантракту і на гэтай падставе прызнаў звальненьне адпаведным заканадаўству.
17 чэрвеня генеральны сакратар Інтэрполу Роналд Ноўбл падчас сваіх сустрэчаў у Менску з высокімі службовымі асобамі краіны заявіў, што Інтэрпол таксама шукае зьніклых беларускіх палітыкаў. Роналд Ноўбл прапанаваў кіраўніцтву беларускай міліцыі накіраваць свайго супрацоўніка ў цэнтральнае бюро Інтэрполу для працы ў тым ліку паводле гэтых справаў. Беларускі міліцыянт можа працаваць у аддзеле барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю, пошуку тых, хто схаваўся ад суда, альбо ў аддзеле пошуку зьніклых.
17 чэрвеня суд у Бярозе не задаволіў зыску дэпутаткі Белаазёрскага гарсавету Наталі Акаронка аб скасаваньні вынесенай ёй вымовы, на падставе якой яна была звольненая з працы. Наталя Акаронка, якая працавала ў Белаазёрскай школе №3 настаўніцай, вымову ад дырэктара школы атрымала летась у лістападзе. Дэпутатку гарсавету пакаралі за тое, што яна брала ўдзел у сесіі гарадзкога Савету.
17 чэрвеня ў Беларусі адбыўся палітычны страйк прадпрымальнікаў, праведзены грамадзкім аб’яднаньнем “Персьпектыва” ў знак салідарнасьці з галадоўнікамі парламенцкай групы “Рэспубліка” і іх паплечнікаў. Паводле арганізатараў, акцыя суправаджалася ціскам уладаў на актывістаў прадпрымальніцкага руху, асабліва моцным у Менску. Тым ня менш, у страйку ўзялі ўдзел большасьць гандляроў шэрагу буйных сталічных рынкаў, а таксама прадпрымальнікі ўсіх абласных цэнтраў і такіх буйных гарадоў як Бабруйск, Пінск, Салігорск, Полацк. Усяго ў Беларусі, паводле зьвестак арганізатараў, страйкавалі каля 80 тысячаў чалавек у дваццаці гарадах краіны. У Гомелі за ўдзел у акцыі міліцыя затрымала Тацяну Марчанку і яе калегу Уладзіміра Няпомняшчых. У пастарунку на іх складзеныя пратаколы паводле часткі 1 артыкулу 167 — парушэньне парадку правядзеньня сходаў і мітынгаў.
17-18 чэрвеня ў Кіеве прайшлі Міжнародныя грамадзкія слуханьні “Палітычныя зьнікненьні і па-засудовыя сьмяротныя пакараньні ў Рэспубліцы Беларусь, Расійскай Федэрацыі і Украіне. Абарона ахвяраў: міжнародныя і нацыянальныя механізмы”. Афіцыйнымі арганізатарамі Міжнародных грамадзкіх слуханьняў зьяўляюцца: Камітэт Вярхоўнай Рады Украіны па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй і Віньніцкая праваабарончая група. Месца правядзеньня Міжнародных слуханьняў – канферэнц-зала Вярхоўнай Рады Украіны. У слуханьнях узялі ўдзел Сьпецыяльны дакладчык Камітэту па юрыдычных пытаньнях і правах чалавека ПАСЕ Хрыстас Пургурыдэс, Тацяна Цэрмачыч (Савет Еўропы), Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Н.І. Карпачова, Старшыня Камітэту Вярхоўнай Рады Украіны па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй В.Н. Стратовіч, дэпутат Вярхоўнай Рады Рыгор Амельчанка, Сяргей Кавалёў і Валянцін Гефтэр (Расійская Федэрацыя), прадстаўнікі Міжнароднай Амністыі і Хьюман Райтс Вотч. З беларускага боку ў слуханьнях узялі ўдзел Зінаіда Ганчар, Вольга Захаранка, Вольга Завадзкая, прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў і СМІ.
18 чэрвеня намесьніку старшыні страйкаму прадпрымальнікаў краіны Аляксандру Васільеву прад’явілі абвінавачаньне ва ўчыненьні крымінальнага злачынства — “публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, спалучаная з абвінавачаньнем ва ўчыненьні цяжкага злачынства”. Месяц таму такое ж абвінавачаньне выставілі Валерыю Леванеўскаму — старшыні страйкаму прадпрымальнікаў, якога трымаюць у сьледчым ізалятары. Аляксандра Васільева прызналі падазраваемым па гэтай справе, а праз два дні — абвінавачваемым. У пастанове сьледчага пракуратуры Альфрэда Танкевіча сказана, што спадар Васільеў разам са сваім знаёмым Леванеўскім “вырабіў кампутарна-капіравальным спосабам мноства ўлётак з тэкстам на расійскай мове ў выглядзе звароту да грамадзянаў”. Далей гаворыцца, што яны распаўсюдзілі гэтыя ўлёткі ў Гародні. Што да сутнасьці абвінавачаньня: маўляў, тэкст мае яўна абразьлівы характар. Абразьлівасьць гэтая “ў прыніжэньні гонару і годнасьці прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", ва ўчыненьні цяжкага злачынства — "злоўжываньні ўладай службовай асобай, якая займае адказнае становішча”. Гэта частка другая артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу. Ніякай канкрэтыкі адносна тэксту няма. Варта нагадаць, што ва ўлётцы быў надрукаваны сатырычны вершык, у якім ёсьць безназоўны персанаж. Сьледчыя лічаць, што персанаж гэты — сам Аляксандр Лукашэнка. Падставай дзеля гэтага стала адзінае беларускае слова “кіраваць” у расійскамоўным вершы. Пра гэта сказалі Валерыю Леванеўскаму, які сядзіць у сьледчым ізалятары. Яго затрымалі перад першамайскім мітынгам, на якім прадпрымальнікі запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта Лукашэнкі. Аляксандр Васільеў называе прад’яўленае яму абвінавачаньне абсурдным. Адносна намесьніка кіраўніка страйкаму прынятая мера стрыманьня — падпіска аб нявыезьдзе.
18 чэрвеня сябры “Маладога Фронту” арганізавалі ў Берасьці пікет у падтрымку патрабаваньняў, якія вылучылі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, што трымаюць галадоўку. Пікет ладзіўся ў цэнтры Берасьця на вуліцы Савецкай каля кінатэатру “Беларусь”. Удзельнікі акцыі трымалі ў руках плакат, на якім было напісана: “Дэпутаты Фралоў, Парфяновіч і Скрабец. Яны могуць памерці. 16-ты дзень галадоўкі”. Сябры “Маладога Фронту” распаўсюджвалі сярод мінакоў улёткі, у якіх падрабязна паведамлялася пра патрабаваньні дэпутатаў, што абвесьцілі галадоўку. Асаблівая ўвага ва ўлётцы зьвярталася на тое, што галадоўнікі зьвяртаюцца да беларускага народу з просьбай не дапусьціць канстытуцыйнага перавароту і выступіць супраць рэферэндуму аб падаўжэньні паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Пікет працягваўся паўтары гадзіны, міліцыянтаў на месцы акцыі не было.
21 чэрвеня, пасьля 18 дзён галадоўкі пратэсту, дэпутаты Валеры Фралоў, Уладзімір Парфяновіч, Сяргей Скрабец, а таксама актывісты АГП і БНФ заявілі пра спыненьне акцыі і пераход да іншых метадаў барацьбы за свабодныя выбары, супраць беззаконьня. На думку Валерыя Фралова, пэўных вынікаў галадоўнікам удалося дамагчыся, паколькі ў гэты дзень ім патэлефанавалі кіраўнікі камісіяў Палаты прадстаўнікоў і паведамілі, што на наступны дзень на сесіі будзе разглядацца іх законапраект. Дэпутаты Валеры Фралоў, Уладзімір Парфяновіч і Сяргей Скрабец зьбіраюцца пайсьці ў Палату прадстаўнікоў, каб адстаяць свае прапановы па зьмене Выбарчага кодэксу. Уладзімір Парфяновіч зазначыў, што група “Рэспубліка” не хацела б, каб калегі-дэпутаты ацанілі іх галадоўку як ціск. Да пазітыўных вынікаў галадоўкі пратэсту Валеры Фралоў аднёс міжнародную падтрымку ўдзельнікаў акцыі, кансалідацыю актыўных і канструктыўных сілаў Беларусі, актывізацыю беларускага грамадзтва. Негатыўным вынікам акцыі дэпутат Сяргей Скрабец лічыць поўнае ігнараваньне патрабаваньняў дэпутатаў з боку кіраўніцтва парламенту і краіны. Ніхто нават не пацікавіўся станам здароўя дэпутатаў-галадоўнікаў. Да іншых негатыўных вынікаў акцыі Сяргей Скрабец аднёс поўнае замоўчваньне ў дзяржаўных СМІ.
21 чэрвеня ў Наваполацкім гарадзкім судзе завяршыўся судовы разгляд скаргі праваабаронцы Зьміцера Салаўёва да Інсьпекцыі па падатках і зборах па гораду Наваполацку. Суд вынес рашэньне на карысць праваабаронцы. Нагадаем, што Дзмітрый Салаўёў быў аштрафаваны на 190 000 рублёў за тое, што не пусьціў супрацоўнікаў Інсьпекцыі ў свой офіс. За гэта на Зьміцера Салаўёва быў складзены адміністратыўны пратакол, у якім пазначалася, што Салаўёў перашкодзіў правядзеньню праверкі. У ходзе судовага разьбіральніцтва высьветлілася, што прадпісаньне на правядзеньне праверкі было аформлена некарэктна, а таксама высьветлілася тое, што для правядзеньня праверкі не было законных падставаў. Судзьдзя Баднарчук Альбіна Леанідаўна вынесла рашэньне: дзеяньні супрацоўнікаў Інсьпенкцыі прызнаць неправамоцнымі, адміністратыўную справу ў адносінах да Зьміцера Салаўёва спыніць, а выплачаныя штраф і судовую пошліну спагнаць з Іньспекцыі па падатках і зборах па гораду Наваполацку.
21 чэрвеня з Беларусі дэпартаваны журналіст недзяржаўнай газеты "Время" грамадзянін Украіны Міхаіл Падаляк. Журналістам, палітыкам і грамадзкім дзеячам, якія сабраліся на вакзале перад адпраўленьнем цягніка "Менск-Адэса", не дазволілі разьвітацца з калегам. Вокны былі шчыльна зацягнутыя ралетамі, а ў купэ, дзе ўтрымліваўся М. Падаляк, упусьцілі толькі журналістаў БТ. Падставай дзеля дэпартацыі Падаляка стала тое, што ён "зьяўляецца арганізатарам выпуску газеты "Время", артыкулы, апублікаваныя ў якой, утрымліваюць заклікі да кансалідацыі радыкальнай апазіцыі з мэтай супрацьдзеяньня дзяржаўным органам Беларусі, што можа прывесьці да дэстабілізацыі грамадзянскай згоды і палітычнай сітуацыі ў рэспубліцы". Рашэньне прынятае ў адпаведнасьці з пунктам 2 артыкулу 25 Закону "Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі" і Палажэньнем аб парадку дэпартацыі замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства. Журналісту нельга ўязджаць на тэрыторыю Беларусі на працягу 5 гадоў. Як распавяла сабраным на платформе жонка М. Падаляка Ірына (грамадзянка Беларусі), каля 7 раніцы 21 чэрвеня да іх у кватэру пачалі настойліва званіць. Калі гаспадары адчынілі дзьверы, у памяшканьне ўвайшлі прыкладна 8 чалавек – міліцыянты і людзі ў цывільным, сярод якіх быў таксама чалавек з відэакамерай. Яны далі журналісту 15 хвілінаў на тое, каб сабраць рэчы, загадалі ўзяць з сабой грошы і павезьлі ў невядомым накірунку. Наконт далейшых планаў сям’і Падаляк Ірына пакуль ня можа сказаць нічога канкрэтнага: яны з мужам не пасьпелі нават перамовіцца. Яна паведаміла, што ў Міхаіла на Украіне жывуць бацькі, але не пажадала ўдакладніць, у якім раёне. Нагадаем, што М. Падаляк – трэці замежны журналіст, дэпартаваны з Беларусі за апошнія гады.
21 чэрвеня ў Менску абрабаваная кватэра папулярнай журналісткі газеты “Народная воля” Марыны Коктыш. У карэспандэнткі скрадзеныя грошы і ўпрыгожаньні. Рабаўнікі таксама прагледзелі ўсе працоўныя нататнікі журналісткі, адзін з іх парвалі.
21 чэрвеня паўсотні навучэнцаў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа зладзілі пікет на прасьпекце Францыска Скарыны. Апоўдні ліцэісты падышлі да брамы зачыненага ліцэю, пастаялі некалькі хвілінаў і пайшлі на прасьпект Францішка Скарыны. Там яны сталі жывым ланцугом ад рэстарацыі “Patio-Pizza” да Кастрычніцкага пляцу. Усе трымалі плакаты. Сярод іх былі такія: “Нам патрэбны ўласны дах над галавой”, “Дзеці – не біямаса”, “Вярніце наш ліцэй!”. Да акцыі далучыліся некалькі бацькоў ліцэістаў. Міліцыянты папярэдзілі дзяцей, што наступны раз, калі тыя будуць ладзіць пікет, абавязкова іх затрымаюць.
Раніцай 22 чэрвеня каля будынку Дому ўраду быў затрыманы карэспандэнт Радыё Свабода Юры Сьвірко. Журналіст спрабаваў трапіць на паседжаньне сесіі Палаты прадстаўнікоў на падставе афіцыйнай акрэдытацыі, аднак на ўваходзе быў спынены міліцыяй. Ю. Сьвірко паказаў пропуск на ўваход у Палату з пячаткай службы бясьпекі і пазнакай "сапраўдны да 31 сьнежня 2004 г.", а таксама пасьведчаньне аб рэгістрацыі Радыё Свабода ў МЗС, сапраўднае да 9 красавіка 2005 году. Убачыўшы назву радыё, ахоўнік у форме службы бясьпекі прэзідэнта заявіў, што яго не прапусьціць. Карэспандэнт уключыў дыктафон і спытаўся, на якой падставе яму забаронены ўваход у Палату прадстаўнікоў, але ахоўнік забраў у журналіста дыктафон і выбег з будынку. Пасьля гэтага Сьвірко адразу схапілі людзі ў цывільным, заламалі рукі і выпіхнулі з будынку. Супрацоўнік службы бясьпекі зьнішчыў запісы на дыктафоне журналіста і толькі пасьля гэтага аддаў яму. Сьведкамі гэтых падзеяў сталі кіраўнік офісу АБСЕ ў Менску Эберхард Хайкен і кіраўніца дэлегацыі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Ута Цапф. Спн. Цапф заявіла, што "такога яна яшчэ ніколі ня бачыла". Ю. Сьвірко зноў паспрабаваў прайсьці ў будынак, аднак на ўваходзе невядомы чалавек у цывільным забраў у яго абодва акрэдытацыйныя пасьведчаньні, заявіўшы, што яны цяпер несапраўдныя, і загадаў "ачысьціць памяшканьне". Калі Юры Сьвірко папрасіў яго паказаць пасьведчаньне, да ўваходу ў Дом ураду падбеглі 6 чалавек у цывільным, схапілі журналіста і пацягнулі ў машыну УАЗ з чырвоным міліцэйскім нумарам МН 0773. У машыне Ю. Сьвірко забаранілі тэлефанаваць і адказваць на тэлефанаваньні. Начальнік групы запытаўся ў журналіста, дзе ён жыве. "Мы вас туды зараз адвязем, – паабяцаў ён. – І за гэта грошы ня возьмем – лічыце, што гэта таксі". Юры Сьвірко назваў вуліцу Энгельса, і аўтамабіль давёз яго да рэдакцыі газеты "Народная воля", дзе карэспандэнта Свабоды выпусьцілі на волю.
22 чэрвеня Палата прадстаўнікоў адхіліла папраўкі ў Выбарчы кодэкс, прапанаваныя дэпутатам Валерыем Фраловым. Патрабаваньне зьмены выбарчага заканадаўства было адным з пунктаў патрабаваньняў галадоўнікаў. Законапраект падтрымалі толькі 8 членаў Палаты, супраць прагаласаваў 71 дэпутат. Абмеркаваньне доўжылася тры гадзіны, у дыскусіі ўзялі ўдзел 32 дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
22 чэрвеня ў гаспадарчым судзе Гарадзенскай вобласьці распачаўся разгляд скаргі Грамадзкага аб’яднаньня “Воля да разьвіцьця” да інсьпекцыі Міністэрства па падаткахі зборах Слоніма. Грамадзкае аб’яднаньне патрабуе адмяніць рашэньне інсьпекцыі аб спагнаньні з арганізацыі падаткаў за сродкі, атрыманыя ад Еўрапейскай камісіі ў межах праграмы тэхнічнай дапамогі ТАСІS. Падчас разгляду было высьветлена, што да “справы ТАСІS” мае непасрэднае дачыненьне Камітэт дзяржбясьпекі. Падчас судовага паседжаньня судзьдзя Алег Кадач адхіліў хадайніцтва аб далучэньні да матэрыялаў справы дакументаў, якія сьведчаць на карысьць грамадзкага аб’яднаньня і знаходзяцца ў гаспадарчым судзе Менску ў межах аналагічнай справы па зыску Беларускага Хельсінкскага камітэту. Таксама судзьдзя адмовіўся далучаць да матэрыялаў справы вынікі заключэньня сьпецыяліста Беларускай гандлёва-прамысловай палаты па тэксьце міжнароднай дамовы, што рэгулюе выдзяленьне сродкаў у межах праграмы ТАСІS. У сваю чаргу, Слонімская падатковая інсьпекцыя прадставіла ў суд тлумачэньне абставінаў, што сталі падставай для праверкі арганізацыі і накладаньні на яе фінансавых санкцыяў. У прыватнасьці, адзначаецца, што “пажаданьне” зьвярнуць увагу падатковай інсьпецыі да ГА“Воля да развіцьця” было выказанае непасрэдна органамі КДБ.
23 чэрвеня Беларускі Хельсінкскі камітэт выйграў судовы працэс супраць падатковай інсьпекцыі Маскоўскага раёну Менску. Суд пастанавіў адмяніць рашэньне аб спагнаньні з БХК падаткаў і штрафаў на больш чым 70 тысячаў даляраў. Між тым крымінальная справа супраць кіраўнікоў БХК ня спыненая. Судзьдзя Аксана Міхнюк з Менскага гаспадарчага суда пастанавіла цалкам задаволіць зыск Беларускага Хельсінкскага камітэту да падатковай інсьпекцыі Маскоўскага раёну Менску. Судзьдзя адмяніла рашэньне падатковай інсьпекцыі супраць БХК, а таксама абавязала спагнаць з падаткавікоў 190 тысячаў рублёў дзяржаўнай пошліны, якія праваабаронцы мусілі заплаціць пры звароце ў суд. Прадстаўніца падатковай інсьпекцыі Маскоўскага раёну, якая прайграла справу ў судзе, ня здолела адказаць на пытаньне, ці будзе яе арганізацыя абскарджваць рашэньне судзьдзі Аксаны Міхнюк у Вышэйшым гаспадарчым судзе.
24 чэрвеня ў Наваполацку падчас распаўсюду ўлётак з тэкстам супраць трэцяга прэзідэнцкага тэрміну былі затрыманыя тры актывісты мясцовай кааліцыі "Пяцёрка-плюс". Сярод затрыманых:
1. Зьміцер Салаўёў, праваабаронца”
2. Іна Барысевіч, сябра Наваполацкага ЗБС;
3. Аляксей Трубкін, сябра Партыі БНФ.
Арыштаваныя былі дастаўленыя ў Наваполацкі ГАУС, дзе іх пратрымалі дзьве гадзіны. У затрыманых канфіскавалі ўлёткі, але адміністратыўных пратаколаў ня склалі. Быў складзены толькі пратакол выманьня ў Зьміцера Салаўёва ўлётак, але копіі дадзенага пратаколу Салаўёву ня выдалі.
24 чэрвеня ў Ленінскую пракуратуру Гародні выклікалі дзяцей і жонку Валерыя Леванеўскага для дачы паказаньняў у якасьці сьведкаў па крымінальнай справе аб публічнай абразе прэзідэнта Лукашэнкі. Абвінавачанымі па гэтай справе зьяўляюцца сам кіраўнік незарэгістраванага страйкаму прадпрымальнікаў краіны Валеры Леванеўскі, які сядзіць у гарадзенскім сьледчым ізалятары, і ягоны намесьнік Аляксандр Васільеў. Сьледчы пракуратуры паведаміў Леванеўскім, што яны могуць адмовіцца даваць паказаньні супраць сваіх сваякоў. І ўсе яны: сыны Валерыя — Дзьмітрый, Уладзімір, дачка Кацярына і жонка Марына выкарысталі гэтую магчымасьць і даваць паказаньні адмовіліся.
24 чэрвеня ў Менску былі затрыманыя два актывісты руху "Зубр". Яны расклейвалі плакаты з лагатыпам руху і нумарам кантактнага пэйджэру на тумбах для аб`яваў. На вуліцы Багдановіча іх затрымалі патрульныя міліцыянты і адвезлі ў РУУС Савецкага раёну. Там яны знаходзіліся амаль гадзіну. Пасьля аднаго з “зуброў” даставілі ў бліжэйшы апорны пункт міліцыі, дзе на яго быў складзены пратакол па артыкуле 143 КаАП (антысанітарыя). “Зубра” адпусцілі толькі ў 12 гадзінаў ночы. Увесь час, які ён знаходзіўся ў апорным пункце, супрацоўнікі міліцыі адмаўляліся даваць інфармацыю пра затрыманага іншым актывістам руху, якія чакалі яго ля ўваходу.
25 чэрвеня за раздачу дзевятага нумару інфармацыйнага бюлетэню "Супраціў" было затрымана трое актывістаў руху "Зубр" каля Беларускага ўніверсітэту культуры. У падземным пераходзе яны былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі. “Зуброў” даставілі ў апорны пункт міліцыі на вуліцы Сьвярдлова, дзе пратрымалі тры гадзіны.
25 чэрвеня Віцебскі абласны выканаўчы камітэт палічыў правамоцнай адмову Наваполацкага гарвыканкаму ў рэгістрацыі структураў Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Наваполацка-Полацкая рэгіянальная арганізацыя Свабоднага прафсаюзу Беларускага, а таксама яе падразьдзяленьні — “пярвічкі” на ААТ “Нафтан” і Наваполацкай ЦЭЦ амаль год ня могуць зарэгістравацца ў мясцовых органах улады. Пафаб’яднаньне страціла юрыдычны статус у выніку кампаніі па перарэгістрацыі. У 2003 годзе прафсаюзьнікі некалькі разоў падавалі ў Наваполацкі гарвыканкам усе неабходныя для рэгістрацыі паперы. Аднак улады адмовіліся надаваць арганізацыі афіцыйны статус, бо, маўляў, ёсьць праблемы з дакуметамі. У лісьце, які прыслаў на імя старшыні СПБ Генадзя Быкава начальнік упраўленьня юстыцыі аблвыканкаму Віктар Пранік, адзначаецца, што “рашэньне прынятае гарвыканкамам у адпаведнасьці з патрабаваньнямі дзеючага заканадаўства”.
25 чэрвеня на два месяцы працягнутае ўтрыманьне пад вартай Міхаіла Марыніча. На такі ж тэрмін працягнутае расьсьледваньне справы былога міністра. Адвакаты М. Марыніча заявілі, што будуць абскарджваць гэтае рашэньне ў судзе.
25 чэрвеня ў Страсбургу закончылася чарговая сесія Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, на пленарных паседжаньнях якой беларускае пытаньне не закраналася. Аднак па-за межамі сесійнае залы адбыліся кансультацыі сяброў Камітэту па юрыдычных пытаньнях і правах чалавека з прадстаўнікамі Камітэту правоў чалавека парламентароў МПС — Міжпарламенцкага саюзу, у якім прадстаўлены Нацыянальны сход Беларусі. Нягледзячы на тое, што сьпікер Палаты прадстаўнікоў РБ Вадзім Папоў на чале беларускіх дэлегацыяў часта бывае на паседжаньнях МПС, пасьля дакладу Хрыстаса Пургурыдэса адмысловы камітэт МПС, які створаны для абароны членаў парламентаў, зоймецца справай Віктара Ганчара, дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў. Як чакаецца, праз тыдзень будзе абнародаваная супольная дэкларацыя двух камітэтаў — ПАРЕ і МПС — па справе зьнікненьня Віктара Ганчара. Мяркуецца, што ў дэкларацыі будзе выказанае патрабаваньне звальненьня Генеральнага пракурора Беларусі Віктара Шэймана, і Нацыянальны сход, які не адрэагаваў на такі ж заклік з боку ПАРЕ, будзе вымушаны даць адказ Міжпарламенцкаму саюзу. Другой галоўнай беларускай падзеяй у Страсбургу стала абмеркаваньне наступстваў дакладу спадара Пургурыдэса пра зьніклых з выканаўчым органам Рады Еўропы. Камітэт міністраў папрасіў сакратарыят Камітэту падрыхтаваць прапановы, якія будуць разгледжаныя на наступным паседжаньні.
25 чэрвеня Міністэрства юстыцыі накіравала ў Вярхоўны суд зыск з патрабаваньнем ліквідаваць Беларускую партыю працы. Лідэр партыі Аляксандр Бухвостаў і ягоныя калегі па Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс” лічаць, што ўлады напярэдадні выбараў распачалі працэс зьнішчэньня апазіцыйных партыяў. Паводле інфармацыі, перададзенай прэс-службай Мінюсту дзяржаўнаму агенцтву БелТА, Беларуская партыя працы нібыта парушыла заканадаўства падчас разьмяшчэньня сваіх кіруючых органаў, арганізацыйных структураў у Віцебску, Гародні і іншых рэгіёнах. Партыю таксама абвінавачваюць у недакладных зьвестках, перададзеных Мінюсту, ігнараваньні патрабаваньняў гэтага міністэрства ды “іншых грубых парушэньнях”. Старшыня Партыі працы Аляксандр Бухвостаў назваў наступныя прэтэнзіі Мінюсту: “Цяпер яны ставяць пытаньне, што партыя ўваходзіць у склад Народнай кааліцыі. Мы ім патлумачылі, што ў Народную кааліцыю ўваходзяць сябры партыі, якія рыхтуюцца да выбараў. А партыя, як структура, не ўваходзіць ні ў якія незарэгістраваныя кааліцыі. Потым яны інкрымінуюць тое, што мы падпісалі ліст у абарону газеты “Народная воля”. Што мы распаўсюджваем платформу Народнай кааліцыі. Я думаю, што на нашай партыі спрабуюць адпрацаваць удар па ўсіх палітычных партыях”. Лідэр Беларускай партыі працы лічыць, што ініцыятыва ўладаў непасрэдна зьвязаная з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў: “Пачынаецца ліквідацыя палітычных партыяў, гэта значыць, усталяваньне поўнай дыктатуры. Я думаю, яны абралі нашую партыя таму, што яна, можа, не такая вялікая, як Партыя камуністаў ці Аб’яднаная грамадзянская. Можа, яны лічаць, што мы “слабое зьвяно” сярод апазіцыйных партыяў. Альбо гэта падкопы Фэдерацыі прафсаюзаў — тых людзей і структураў, якія змагаюцца супраць незалежнага рабочага і прафсаюзнага руху. Тут супалі інтарэсы многіх — каб ліквідаваць нашую арганізацыю”. Апошнім часам чыноўнікі Мінюсту выяўляюць інтарэс да дзейнасьці БСДГ, БНФ ды іншых апазіцыйных партыяў. Станіслаў Шушкевіч і Вінцук Вячорка не выключаюць, што напярэдадні выбараў улады паспрабуюць ліквідаваць і іншыя апазіцыйныя партыі. Партыя працы дзейнічае ў Беларусі з 1993 году і налічвае ў сваіх шэрагах прыкладна дзьве з паловай тысячы сяброў. Гэта фактычна першая спроба ўладаў ліквідаваць зарэгістраваную партыю. Праўда, у 1999 годзе праз суд былі ліквідаваныя Сялянская, Нацыянальна-дэмакратычная партыі, Партыя здаровага сэнсу, Усебеларускага адзінства і згоды, Хрысьціянска-дэмакратычная злучнасьць ды іншыя. Але гэтыя партыі ня мелі дастатковай колькасьці сяброў і не прайшлі дзяржаўнай перарэгістрацыі.
26 чэрвеня ў Гародні падчас апытаньня адносна трэцяга тэрміну прэзідэнцтва А.Лукашэнкі затрыманыя актывісты АГП Вадзім Іодзель, Яўген Лукша і Віталь Філіповіч. Яны былі дастаўленыя ў Кастрычніцкі РАУС, дзе быў складзены пратакол аб іх затрыманьні. Ім былі ўручаныя позвы з патрабаваньнем зьявіцца 28 чэрвеня ў Кастрычніцкі РАУС г. Гародні. У выходныя дні ў Гародні, Ваўкавыску і Віцебску прайшоў альтэрнатыўны рэферэндум, арганізаваны актывістамі АГП. Галоўнае пытаньне заключалася ў наступным: “Ці згодныя вы з тым, каб адна і тая ж асоба займала прэзідэнцкую пасаду больш за 2 тэрміны запар?”. З 3922 чалавек, якія прынялі ўдзел у імправізаваным галасаваньні, супраць трэцяга тэрміну выказаліся 3613. Гэта складае больш за 92% ад агульнай колькасьці прыняўшых удзел у рэферэндуме. Дадзеная акцыя выклікала адпаведны рэзананс у праваахоўных органаў .
27 чэрвеня ў раёне парку імя Горкага г. Менску падчас распаўсюду друкаванай прадукцыі быў затрыманы непаўнагадовы Зьміцер Кучынскі. Ён быў дастаўлены ў апорны пункт аховы грамадзкага парадку №70 Партызанскага РУУС, дзе на яго быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні па арт. 172 ч.3 КаАП РБ. Пры гэтым затрыманаму не былі растлумачаныя ягоныя правы, прадугледжаныя арт. 247 КаАП, не паведамілі аб затрыманьні бацькам, спрабавалі правесьці дагляд асабістых рэчаў без складаньня пратаколу і пратаколу аб выманьні друкаванай прадукцыі. Калі Зьміцер указаў супрацоўнікам міліцыі на іх незаконныя дзеяньні, капітан міліцыі, які не назваў сваё прозьвішча, нанёс яму некалькі ўдараў у вобласьць галавы, а таксама некалькі ўдараў па целе. У сваёй заяве ў пракуратуру Партызанскага раёну Зьміцер напісаў: “Сьведкам майго зьбіцьця капітанам міліцыі стаў Аляксандр Шэлег, які знаходзіўся ў гэты момант у памяшканьні, дзе ўсё адбывалася”. Зьміцер Кучынскі запатрабаваў правесьці пракурорскую праверку ўказаных фактаў, устанавіць асобу капітана міліцыі, які яго зьбіў, і прыцягнуць яго да ўсталяванай законам адказнасьці.
28 чэрвеня чатыром палітычным партыям у Віцебску загадана вызваліць арэндаваныя офісы. Разам з гарадзкімі арганізацыямі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) загад пра вызваленьне з арэндаваных плошчаў атрымала і няўрадавая арганізацыя “Самакіраваньне і грамадзтва”. Грамадзкія і партыйныя актывісты лічаць, што пазбаўленьне офісаў непасрэдна зьвязанае з падрыхтоўкай уладаў да парламенцкіх выбараў. У адміністратыўным будынку па вуліцы Герцэна, дом 10/7, які належыць будаўнічаму трэсту №9, палітычныя партыі бесьперашкодна арандавалі памяшканьні цягам мінулых чатырох гадоў. 27 чэрвеня кіраўнікі гарадзкіх арганізацыяў АГП, ЛДПБ, БСДГ і БСДП (НГ) атрымалі лісты за подпісам генеральнага дырэктара Валянціна Козічкіна, дзе паведамляецца пра скасаваньне дамоваў арэнды і загад вызваліць памяшканьні цягам наступных дзесяці дзён — з прычыны таго, што цяпер гаспадары будуць выкарыстоўваць іх дзеля ўласных патрэбаў. Даведацца пра планы будаўнічага трэсту адносна вызваленых памяшканьняў не ўдалося. Партыйныя кіраўнікі падрыхтавалі палітычную заяву на імя кіраўніцтва гораду ды вобласьці, дзе пішуць пра тое, што іх сьвядома пазбаўляюць магчымасьці існаваньня. Тым часам па віцебскім тэлебачаньні ўжо прайшла аб’ява пра тое, што будаўнічы трэст №9 гатовы здаць шэраг памяшканьняў у арэнду новым гаспадарам.
28 чэрвеня суд Маларыцкага раёну абвесьціў папярэджаньне дэпутату мясцовага райсавету, юрысту Праваабарончага цэнтру “Вясна”, сябру Партыі БНФ Уладзіміру Малею. Пакараньне вынесенае за правядзеньне ў вёсцы Струга сустрэчы з выбаршчыкамі, якая тычылася будаўніцтва паблізу гэтага населенага пункту могільніку радыёактыўных адкідаў. Сустрэча дэпутата была ўспрынятая мясцовымі міліцыянтамі, а пазьней і судом як несанкцыянаваны сход, за што дэпутат мусіць несьці адміністратыўную адказнасьць. Насуперак нормам заканадаўства справа разглядалася ў адсутнасьць спадара Малея, які паведаміў, што ня зможа ў вызначаны час прысутнічаць у судзе. Дарэчы, падчас правядзеньня сходу ў вёсцы Струга знаходзіліся і прадстаўнікі Маларыцкага райвыканкаму, якія нічога не казалі пра парушэньне закону. Таму Уладзімір Малей лічыць, што вынесенае пакараньне мае іншую прычыну. "Гэтая адміністратыўная справа, – кажа У. Малей, – заведзеная праз паўтары месяцы пасьля таго, як усё адбылося. Я мяркую, што матывам зьяўленьня яе сталася тое, што Партыя БНФ падала ў суд на начальніка аддзелу інфармацыі Маларыцкага раёну спадара Строка за тое, што ён сказаў, што Партыя БНФ у гады Вялікай Айчыннай вайны была на баку фашысцкай Германіі”. Як помста дэпутату і зьявілася гэтая адміністратыўная справа.
28 чэрвеня за распаўсюд новага выпуску газеты "Зубр" у Менску былі затрыманыя Павел Юхневіч, Кацярына Сьмірнова, Люба Кучынская і Раман Казакевіч. Юхневіча затрымалі на станцыі метро "Усход", астатнія — у раёне станцыі "Інстытут культуры". У дачыненьні ўсіх затрыманых былі складзеныя пратаколы па артыкуле 172 КаАП (парушэньне заканадаўства аб СМІ). Праз некаторы час усе былі вызваленыя.
28 чэрвеня дэпутаты групы “Рэспубліка” Валеры Фралоў, Сяргей Скрабец, Уладзімір Парфяновіч падалі заяўку ў Менгарывканкам на правядзеньне ў Менску 21 ліпеня акцыі, прысьвечанай 10-гадоваму праўленьню краінай прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Сярод заяўнікаў таксама лідэр грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская, сябра “Зубра” Мікіта Сасім і сустаршыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас. А 18-й гадзіне 21 ліпеня дэпутаты “Рэспублікі” плануюць сабраць грамадзянаў на плошчы Якуба Коласа ў Менску. Адсюль дэманстранты павінны накіравацца на плошчу Бангалор, дзе адбудзецца мітынг і канцэрт. Паводле Сяргея Скрабца, заяўка на правядзеньне акцыі пададзеная зарань, каб ва ўладаў быў час падумаць, як дапамагчы ў правядзеньні дэманстрацыі, мітынгу і канцэрту. Заяўнікі разьлічваюць на ўдзел як мінімум тысячы чалавек.
29 чэрвеня дэпутаты групы “Рэспубліка” Валеры Фралоў і Сяргей Скрабец падчас свайго візіту ў Бабруйск вымушаныя былі сустрэцца з выбаршчыкамі і грамадзкімі актывістамі гораду на плошчы Перамогі, паколькі ім адмовілі ў памяшканьні. Як паведаміў лідэр бабруйскай арганізацыі АГП Уладзімір Куртукоў, кіраўніцтва гатэлю “Бабруйск”, дзе была зарэзерваваная для сустрэчы з выбаршчыкамі актавая зала, у апошні момант адмовіла дэпутатам. На вечаровай сустрэчы на плошчы, у якой бралі ўдзел каля трох дзесяткаў бабруйчанаў, вялася гаворка пра сітуацыю ў краіне. Таксама дэпутаты сустрэліся з прыватнымі прадпрымальнікамі на гарадзкім рынку ў Бабруйску.
29 чэрвеня Міхаіл Марыніч зьвярнуўся з адкрытым лістом да старшыні КДБ Леаніда Ерына і Генпракурора Віктара Шэймана. Былы амбасадар і міністр заклікаў гэтых кіраўнікоў служыць закону, а не злачынным загадам. Міхаіл Марыніч у сваім адкрытым лісьце да Леаніда Ерына і Віктара Шэймана абвінаваціў іх у пасобніцтве дыктатуры, якая ўсталёўваецца ў Беларусі. “Вы лепш за іншых дзяржаўных чыноўнікаў ведаеце, да чаго прывяла краіну дыктатарская палітыка. Да беззаконьня, росквіту карупцыі і хабарніцтва ва ўсіх структурах улады і бізнэсу”, — піша Міхаіл Марыніч. Паводле ягонага перакананьня, у падобных умовах прэзідэнт мусіць пайсьці ў адстаўку, але ў Беларусі замест гэтага робіцца ўсё, каб незаконна працягнуць ягоныя паўнамоцтвы. Ён мяркуе, што Леанід Ерын і Віктар Шэйман баяцца выконваць закон і спыніць перасьлед тых, хто супрацьстаіць дыктатарскім памкненьням “аднаго чалавека”. Былы міністр і амбасадар выказвае сваю версію таго, з якой прычыны ўлады перасьледуюць асабіста яго. “Уладзе не падабаецца, што я адкрыта выступаю супраць дэградацыі краіны, заклікаю адысьці ад палітычнай і эканамічнай бездані, ад галечы і самаізаляцыі, патрабую раскрыць народу праўду пра тое, чаму бяз сьледзтва і суда зьнікаюць вядомыя апаненты ўлады”, — сьцьвярджае ў сваім лісьце Міхаіл Марыніч. “Чаму ж вы гэтак мяне баіцеся, што ўтрымліваеце за кратамі ўсялякімі, нават незаконнымі сродкамі?” — пытае Міхаіл Марыніч старшыню КДБ Леаніда Ерына і Генеральнага пракурора Віктара Шэймана. Далей Міхаіл Марыніч папярэджвае гэтых кіраўнікоў, што пакідае за сабой права распачаць галадоўку, калі яго ня выпусьцяць на волю.
29 чэрвеня ўступіў у законную сілу прысуд Аксане Новікавай — цяжарную жанчыну могуць адправіць на “хімію” адбываць пакараньне за паклёп на прэзідэнта. Аксана будзе абскарджваць дзеяньні Кастрычніцкага суда г. Менску. Аксана Новікава прынесла ў суд скаргу на судовае рашэньне, але ўзяць яе адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што прысуд — два з паловай гады абмежаваньня волі за паклёп на прэзідэнта — з гэтага дня ўступіў у законную сілу. Аксана сьцьвярджае, што падала ў суд папярэднюю скаргу на судовае рашэньне, і яе зарэгістравалі. Але калі яна прынесла канчатковую скаргу, ёй паведамілі, што, паколькі ніхто ня скардзіўся, прысуд ужо набыў законную сілу. Аксана Новікава лічыць, што суд наўмысна пайшоў на такі крок: “18 чэрвеня я занесла ў суд Кастрычніцкага раёну папярэднюю скаргу. Цяпер мне нахабна кажуць у вочы, што я ніколі нічога не падавала, таму прысуд уступіў у законную сілу і я не магу яго ўжо абскардзіць. У мяне такое адчуваньне, што яны наўмысна згубілі маю скаргу, каб суд набыў законную сілу, і каб я паехала адбываць пакараньне на “хімію”. Зараз я падам яшчэ адну скаргу з заявай на працяг тэрміну абскарджаньня ў зьвязку з тым, што яны згубілі скаргу. Падам яшчэ і наглядную скаргу на дзеяньні Кастрычніцкага суда ў вышэйшыя інстанцыі”. Паводле заканадаўства, цяжарную жанчыну, якая яшчэ і выхоўвае маленькае дзіця, ня могуць караць “хіміяй”. Але ў судовых дакументах няма зьвестак аб цяжарнасьці Аксаны. Цяпер гарадзкі суд мусіць разгледзець наглядную скаргу — і адмяніць прысуд раённага суда альбо з ім пагадзіцца.
30 чэрвеня міліцыянты ўварваліся ў кватэру каардынатара “Зубра” Яўгена Афнагеля. Пяць чалавек на чале з участковым А. Скуратовічам схапілі Афнагеля на лесьвічнай пляцоўцы, гвалтам забралі ў яго ключы ад кватэры і ўвайшлі ў яе. У кватэры адбыўся вобыск. Ордэр на вобыск не прад’яўляўся, прычына гвалтоўных дзеяньняў не тлумачылася. Два чалавекі апранутыя ў цывільнае, астатнія – у міліцэйскай форме. Ніхто, акрамя ўчастковага, не прадставіўся, невядома таксама, супрацоўнікамі якога РУУС яны зьяўляюцца.
30 чэрвеня ўрад прапанаваў папраўкі да законаў “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” і “Аб палітычных партыях”, якія пагаршаюць і без таго няпростае становішча недзяржаўных арганізацыяў. Пра гэта казалі некаторыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падчас абмеркаваньня зьменаў і дапаўненьняў да згаданых законаў. Напрыклад, партыям, якія ўжо ўваходзяць у нейкія саюзы ці асацыяцыі, патрэбна будзе абавязкова зарэгістраваць у Міністэрстве юстыцыі новыя фармаваньні, хаця паасобку кожная з іх ужо прайшла гэтую складаную працэдуру. Міністр юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў, які ад імя ўраду абгрунтоўваў неабходнасьць зьмяненьня заканадаўства, казаў, што з моманту прыняцьця законаў прайшло амаль 10 гадоў. За гэты час Аляксандр Лукашэнка выдаў чатыры дэкрэты, якія тычацца грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў, і, маўляў, патрэбна перанесьці іх палажэньні ў закон. Міністр скардзіўся, што дзеючую цяпер норму, паводле якой партыю ці аб’яднаньне можна закрыць толькі калі яна атрымае два пісьмовыя папярэджаньні за год, таксама патрэбна зрабіць больш жорсткай. З прынцыпова новага спадар Галаванаў прапанаваў толькі адно: увесьці норму аб прыпыненьні дзейнасьці арганізацыі альбо партыі тэрмінам да шасьці месяцаў. Падчас дэбатаў амаль ніхто з дэпутатаў не падтрымаў прапановы ўраду. Але калі справа дайшла да галасаваньня, то неабходную норму — 56 галасоў абодва законапраекты атрымалі: 58 — аб грамадзкіх арганізацыях і 76 — аб палітычных партыях.
У чэрвені ўлады працягвалі наступ на незалежныя выданьні: чыноўнікі мясцовай “вертыкалі” ў рэгіёнах Беларусі арганізоўвалі масавую падпіску на дзяржаўныя газеты і забаранялі распаўсюд незалежных. Цягам апошняй падпісной кампаніі кожны супрацоўнік гарадзкой пошты Пінску мусіў падпісаць людзей на 27 асобнікаў газеты “Советская Белоруссия”. Каму гэтага зрабіць не ўдавалася, у таго вылічвалі адпаведную суму з заробкаў — і паштарам заставалася толькі падпісваць аплачаныя квіткі на сваякоў, знаёмых і суседзяў. Таксама падчас гэтай падпісной кампаніі слуцкім школьнікам забаранілі чытаць “Нашу Ніву”. Акрамя таго, паводле прэзідэнцкага дэкрэту аб ліцэнзаваньні, ад 1 траўня ўсе суб’екты гаспадараньня, якія займаюцца распаўсюдам перыёдыкі, мусяць мець на гэта адпаведную ліцэнзію. Аднак у такой ліцэнзіі было адмоўлена ўсім незалежным распаўсюднікам, і цяпер манапольнае права на дастаўку газетаў маюць толькі дзяржаўныя “Белпошта” і “Белсаюздрук”. Праваабаронцы перакананыя, што перасьлед незалежнага друку зьвязаны з хуткімі парламенцкімі і прэзідэнцкімі выбарамі.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|