БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе

Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзеЛІПЕНЬ

1 ліпеня стала вядома, што беларускія габрэйскія арганізацыі дзеля змаганьня з пагрозай пашырэньня антысемітызму ствараюць антыфашысцкі камітэт. Пра гэта паведаміў віцэ-прэзідэнт Саюзу беларускіх габрэйскіх аб’яднаньняў і грамадаў Якаў Басін. Габрэйскія арганізацыі Беларусі неаднаразова скардзіліся на апаганьваньне габрэйскіх могілак, адкрыты продаж юдафобскай літаратуры. Іх занепакоіла закрыцьцё адзінага ў краіне ВНУ, дзе вывучалася юдаіка. Якаў Басін заявіў, што беларуская пракуратура і КДБ недастаткова рашуча змагаюцца з праявамі неафашызму, са скінхедамі, якія дзейнічаюць у Беларусі абсалютна адкрыта. Спадар Басін лічыць, што скінхеды маюць у краіне калі не адкрытую падтрымку, то прынамсі цярпімасьць з боку дзяржавы. “Гісторыя ХХ стагодзьдзя сьведчыць пра тое, што цярпімае стаўленьне да неанацысцкіх тэндэнцыяў у дзяржаве раней ці пазьней вядзе да незваротных наступстваў, разбуральных зьяваў у грамадзтве і ў рэшце да шматлікіх чалавечых ахвяраў”, – гаворыцца ў звароце Саюзу габрэйскіх арганізацыяў. У гэты ж час выдавецтва ЗАТ “Праваслаўная ініцыятыва”, вядомае сваёй кнігай “Война по законам подлости”, што абразіла пачуцьці беларускіх габрэяў і стала прадметам шматлікіх судовых разьбіральніцваў, выпусьціла яшчэ дзьве навінкі аналагічнага зьместу. Новыя кніжкі “Праваслаўнай ініцыятывы” можна вольна купіць у кнігарні “Праваслаўная кніга” ў цэнтры Менску. Першая — аўтарства Андрэя Кураева пад назвай “Как делают антисемитизм”. Яна аздобленая выразна антыгабрэйскімі карыкатурамі — сярод якіх, напрыклад, стылістычнае абазначэньне фашызму і сіянізму як дзьвюх галінак аднаго дрэва. Другая кніга завецца “Нет плохих народов”. У ёй, напрыклад, сьцьвярджаецца, што сістэма першых гадоў савецкай улады была пабудаваная паводле ўзору габрэйскага кагалу. 

1 ліпеня Палата прадстаўнікоў Беларусі ў апошні дзень сеіі прыняла ў першым чытаньні закон “Аб органах дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь”. Гэта – ня першая версія закону аб КДБ: такі закон у 1993 годзе прыняў Вярхоўны Савет 12 скліканьня. Тады дэпутатам апазіцыі БНФ удалося заблакаваць шэраг палажэньняў, якія надавалі КДБ надзвычайныя функцыі. Супраць цяперашняга законапраекту прагаласавалі толькі тры дэпутаты. Адзначым, што закон пакуль ня дзейнічае – ён прыняты ў першым чытаньні. У другім чытаньні яго, верагодна, будзе прымаць наступны склад Палаты прадстаўнікоў. Паводле новага законапраекту, супрацоўнікі КДБ маюць права ўзломваць дзьверы бяз санкцыі пракурора – гэтую санкцыю “чэкісты” могуць атрымаць пазьней, на працягу дваццаці чатырох гадзінаў. Прычым тычыцца гэта ня толькі памяшканьняў, якія належаць грамадзянам Беларусі альбо беларускім установам і арганізацыям. Паводле артыкулу 14 Закону, супрацоўнікі КДБ могуць пранікаць у службовыя памяшканьні замежных дзяржаваў, якія вядуць выведку і могуць нанесьці шкоду інтарэсам бясьпекі Беларусі. Крытэрыі гэтай шкоды, натуральна, будзе вызначаць сам КДБ. Новы беларускі закон дазваляе агентам КДБ “укараняцца” ў арганізацыі і фірмы, у тым ліку і прыватныя, пад прыкрыцьцём звычайнага працаўладкаваньня. Прычым калі нехта публічна раскрые агента – дык за гэта ён рызыкуе панесьці крымінальную адказнасьць паводле артыкулу 18 гэтага Закону. 

1 ліпеня ў 23.20 Валерыя Фралова і кіроўцу ягонага аўтамабіля зьбілі ў пад’езьдзе дому па Казарменным завулку ў Менску, дзе знаходзіцца службовая кватэра дэпутата. Як толькі Фралоў і ягоны кіроўца ўвайшлі ў пад’езд, на іх накінуліся невядомыя ў аднолькавых чорных масках. Білі па галаве, твары, нырках, рэбрах. Падчас зьбіцьця скінулі на падлогу паштовую скрынку. Кіроўцу выбілі зуб, у Фралова адабралі партфель, у якім знаходзіліся дакументы і кнігі, партманэ і пашпарт. Хто мог арганізаваць напад і зьбіцьцё? Вось як адказвае на гэтае пытаньне сам дэпутат: “Калі сёньня раніцай, да пятай гадзіны, мы былі ў міліцыі, нас спыталі: а ці былі ў ваш адрас пагрозы? Я адказаў: “Так, былі. Летась Аляксандр Рыгоравіч сказаў мне, што месца мне ў Беларусі ня будзе, што парубім як капусту”. Я думаю, што гэтыя пагрозы пачалі ператварацца ў жыцьцё. Мабыць, гэта рэалізацыя ягоных словаў. Але мы зусім не зьдзіўляемся, таму што за намі ўвесь час сочаць, праслухоўваюць”. Паводле словаў спадара Фралова і кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргея Скрабца, з якім генерал 1 ліпеня лётаў у Маскву, і ў сталіцы Расіі іх адсочвалі чатыры чалавекі ў цывільным з тэлекамерай. За два дні да гэтага Валерыя Фралова папярэдзілі, што супраць яго рыхтуецца правакацыя, раілі ўзяць ахову. Аднак займець ахову дэпутат не пасьпеў. Пракуратура Ленінскага раёну г.Менску ўзбудзіла крымінальную справу па факце нападу на дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валерыя Фралова і ягонага кіроўцу. Справа заведзеная па артыкуле 206 ч. 2 (рабаваньне). 

1 ліпеня апеляцыйная рада пры Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасьці пакінула ў сіле сваё рашэньне, прынятае ў сьнежні 2003 году, аб тым, што таварны знак "Народная воля" належыць прадпрымальніку Сяргею Атрошчанку. Такім чынам, С. Атрошчанка цяпер можа запатрабаваць ад газеты "Народная воля" зьмяніць назву. Аднак галоўны рэдактар газеты Іосіф Сярэдзіч рашуча заяўляе, што не дазволіць насіць гэтае імя "ніводнаму нягодніку". Прадстаўнікі УП "Народная воля" зьбіраюцца аспрэчваць гэтае рашэньне ў вышэйшых інстанцыях. Разгляд скаргі распачаўся 30 чэрвеня. Прадстаўнікі УП "Народная воля" — патэнтны павераны Эдуард Сьвідэрскі і камерцыйны дырэктар УП Яўгенія Церахава — заявілі, што лічаць рэгістрацыю таварнага знаку памылкай. "Гэта — фірмовае найменьне, якое абараняецца ў адпаведнасьці з артыкулум 50 Грамадзянскага кодэксу, -— падкрэсьлівае Э. Сьвідэрскі. — Паводле гэтага артыкулу, І. Сярэдіч мае выключнае права на фірмовае найменьне. У іерархіі заканадаўчых актаў Грамадзянскі кодэкс стаіць вышэй за Закон аб таварных знаках". "Народная воля" была зарэгістраваная Іосіфам Сярэдзічам як сродак масавай інфармацыі амаль 9 гадоў таму, і за гэты час ніхто не аспрэчыў яго аўтарства. Тое, што С. Атрошчанка ведаў пра існаваньне гэтага "брэнду" на момант рэгістрацыі таварнага знаку, у прадстаўнікоў "Народнай волі" не выклікае сумневаў: прадпрымальнік ужо тады падаў некалькі судовых зыскаў супраць газеты. Паводле новага Закону "Аб таварных знаках", які пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2004 г., С. Атрошчанка ня змог бы зарэгістраваць "брэнд" "Народная воля" на сябе: Закон забараняе рэгістраваць таварны знак, які супадае з назвай СМІ, бяз згоды яго заснавальніка. У папярэднім дакуменце такой нормы не было. Прадстаўнікоў "Народнай волі" насьцярожвае тое, наколькі аператыўна Атрошчанка пасьпеў скарыстаць стары Закон: рэгістрацыя заняла ў яго тры дні, тады як у іншых выпадках заключэньня эксьпертнай камісіі даводзіцца чакаць каля году. "Іміджу газеты нанесеныя істотныя страты, таму што ўладальнік таварнага знаку цяпер можа зьвярнуцца ў адпаведныя органы, каб спыніць выхад газеты з назвай "Народная воля", — кажа кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры ГА БАЖ Міхаіл Пастухоў. Ён лічыць рашэньне апеляцыйнай рады палітычна матываваным. "Цяпер, па аналогіі з гэтай працэдурай, вы можаце зарэгістраваць, напрыклад, таварны знак СNN альбо Forbes — і не пусьціць у Беларусь гэтыя CМІ, — папярэджвае Э. Сьвідэрскі. — Калі ў вас на руках пасьведчаньне на таварны знак, то вы можаце каго заўгодна не пусьціць на гэты рынак. 

1 ліпеня ў Менску быў гвалтоўна затрыманы старшыня грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Персьпектыва” Анатоль Шумчанка. Інцыдэнт адбыўся на рынку “Ракаўскі кірмаш”. Кіраўнік “Персьпектывы” Анатоль Шумчанка прыехаў сюды дзеля абароны правоў прадпрымальніцы Ліліі Шымановіч. Адміністрацыя рынку пачала перасьлед удзельніцы прадпрымальніцкага страйку 17 чэрвеня, што адбыўся ў падтрымку дэпутатаў-галадоўнікаў. Прадпрымальніцы было абвешчана пра спыненьне дамовы на арэнду гандлёвай плошчы. Ініцыятыва Шумчанкі вярнуць актывістцы “Персьпектывы” працоўнае месца была прыпыненая гвалтам. Потым высьветлілася, што гвалтоўныя дзеяньні супраць Шумчанкі былі ўчыненыя аховай адміністрацыі рынку. Дырэктар “Ракаўскага кірмашу” Аляксандр Сінькоў лічыць, што вінаваты ў канфлікце сам лідэр “Персьпектывы”: “Шумчанка груба сфальсіфікаваў факты, — кажа ён, — бо абвінаваціў адміністрацыю прадпрыемства, якое я ўзначальваю, у многіх фактах. І замест прадпрымальнікаў зьбіралі подпісы ў гандляроў. Як высьветлілася, зьбіралі проста так, на паперу гэтыя подпісы”. Каля гадзіны ахова рынку трымала спадара Шумчанку ў падвале. Заклікі мясцовых гандляроў вызваліць яго адміністрацыя рынку праігнаравала. На волю прадпрымальніцкі лідэр быў выпушчаны толькі пасьля зьяўленьня міліцыянта. Вось як пракаментаваў інцыдэнт сам спадар Шумчанка: “Калі ахова звычайнага рынку заломвае рукі чалавеку па палітычных матывах, то гэта характарызуе нашу краіну. Лічу, што гэта — надзвычайны выпадак”. 

2 ліпеня жыхара Міёраў Віктара Шульгу затрымалі за распаўсюд улётак з партрэтамі зьніклых беларускіх палітыкаў. У пастарунку яго абшукалі, не паказаўшы дазволу на асабісты ператрус, і запатрабавалі прадставіць рэгістрацыйныя дакументы раённай партыйнай суполкі. Міліцыянты пакінулі сабе копіі сьпісаў усіх сяброў АГП на Міёршчыне, а рэшту ўлётак з партрэтамі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага канфіскавалі. Цяпер, на думку спадара Шульгі, прозьвішчы партыйцаў супрацоўнікі міліцыі перададуць у райвыканкам, і ня выключана, што неўзабаве сябры АГП будуць мець праблемы на працы, асабліва з улікам цяперашняе кантрактнае сістэмы. Што да самога Віктара Шульгі, то пратакол пра ягонае затрыманьне ўжо перададзены на разгляд раённае адміністратыўнае камісіі. Прычым міліцыянты папярэдзілі, што будуць настойваць, каб яго пакаралі грашовым штрафам. 

2 ліпеня ў Быхаве (Магілёўская вобласьць) міліцыянты затрымалі старшыню абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Шанцава і сакратара Магілёўскага абкаму ПКБ Анатоля Заўялава. Прадстаўнікі палітычных партыяў, якія ўваходзяць у Народную кааліцыю “Пяцёрка-плюс”, прыехалі ў райцэнтр для сустрэчы з быхаўскім актывам. Аднак перад гэтым магілёўцы раздавалі кааліцыйныя ўлёткі мінакам на вуліцы, і ў гэты момант міліцыянты затрымалі іх. На Анатоля Заўялава, які меў пры сабе амаль паўтары тысячы асобнікаў улётак, складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні. 

2 ліпеня за распаўсюд друкаванай прадукцыі былі затрыманыя чатыры актывісты руху "Зубр" — Дар’я Малдаванава і Кацярына С. у Менску, а Алена Шпіронак і Юлія Аўгусьціновіч у Баранавічах. 

3 ліпеня за распаўсюд друкаванай прадукцыі была затрыманая актывістка "Зубра" Любоў Кучынская. Яна была дастаўленая ў Цэнтральны РУУС г. Менску. Там яе пратрымалі больш за дзьве гадзіны. 

3 ліпеня ў Наваполацку актывістамі кааліцыі “Пяцёрка-плюс” было зладжанае грамадзкае галасаваньне па пытаньні трэцяга прэзідэнцкага тэрміну. Падчас галасаваньня два актывісты былі затрыманыя міліцыяй. У пастарунак патрапілі актывіст кааліцыі “Пяцёрка-плюс” Алесь Карніенка, які напярэдадні прыехаў у Наваполацак з Гомелю, і навапалачанін Аляксей Лукашэвіч. На абодвух былі складзеныя пратаколы адносна парушэньня артыкулу 167 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях. 

5 ліпеня Міністэрства юстыцыі вынесла папярэджаньні тром апазіцыйным партыям – Партыі БНФ, АГП і БСДГ. Партыя БНФ атрымала папярэджаньне за заклікі прыняць удзел у акцыі “Ланцуг неабыякавых чытачоў” у абарону газеты “Народная воля”. У папярэджаньні за подпісам першага намесьніка міністра юстыцыі РБ А.С. Петраша, атрыманым Соймам Партыі БНФ, сказана (правапіс дакументу і дапушчаныя памылкі захоўваюцца): “На падставе прадстаўленай у Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь інфармацы устаноўлена, што Народная кааліцыя “5+”, куды уваходзіць і Партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, праз два нумары газеты “Народная воля” незаконна прызывала грамадзян Беларусі да ўдзелу у правядзеньні 10 чэрвеня 2004 г. у 18 гадзінаў на плошчы Кастрычніцкай рэвалюцыі несанкцыяніраванага пікета “Ланцуг неабыякавых чытачоў” у абарону газеты апублікаванага праз газеты “Народная воля”. У вызначаны час несанкцыяніраваны пікет адбыўся, у якім удзельнічала і партыя. Заявы ад арганізатараў на правядзеньне азначанага мерапрыемства ў Менскі гарвыканкам не паступала і адпаведнага рашэньня па дазволу не выносілася. Гэтымі дзеяньнямі парушаны патрабаванні арт. 8 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, паколькі да атрыманьня дазвола на правядзеньне масавага мерапрыемства яго арганізатар (арганізатары), а таксама іншыя асобы не маюць права аб’яўляць у сродках масавай інфармацыі аб даце, месцы і часу яго правядзеньня, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай лістоўкі, плакаты і іншыя матэрыялы. Пры такіх абставінах і кіруючыся артыкулумі 32, 33 і 34 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях” Сойму Партыі БНФ выносіцца пісьмовае папярэджаньне”. 

5 ліпеня Мінюст ад Партыі БНФ запатрабаваў падаць дакументы на рэгістрацыю свайго сяброўства ў кааліцыі. Партыя БНФ атрымала ліст з Мінюсту за подпісам першага намесьніка міністра А.С. Петраша (на рускай мове), у якім сказана: “Зыходзячы з паведамленьняў СМІ і сеткі Інтэрнэт, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь створаная і дзейнічае Народная кааліцыя “5+”, куды ўваходзіць і Партыя БНФ. Згодна з тлумачальным слоўнікам рускай мовы С.І. Ожэгава і Н.Ю.Шведавай, кааліцыя – гэта аб’яднаньне, саюз (дзяржаваў, партыяў) дзеля дасягненьня агульнай мэты. Аналагічнае тлумачэньне даецца і ў іншых слоўніках. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь дазваляе ствараць саюзы (асацыяцыі) партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў і іншых юрыдычных асобаў. Дзейнасьць незарэгістраваных саюзаў (асацыяцыяў) забароненая. Пры такіх абставінах Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь прапануе Сойму партыі прыняць адпаведнае рашэньне і юрыдычна аформіць (інстытуцыяналізаваць) дзейнасьць “Народнай кааліцыі “5+” – прадставіўшы дакументы пра яе рэгістрацыю ў рэгіструючы орган да 15.08.2004. Адначасова прапануем прыпыніць свой удзел у дзейнасьці незарэгістраванага фармаваньня да вырашэньня пытаньня аб ягонай рэгістрацыі ва ўсталяваным парадку. У адваротным выпадку Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь будзе разглядаць удзел партыі ў дзейнасьці вышэйзгаданага аб’яднаньня як грубае парушэньне заканадаўства аб палітычных партыях”. Аналагічны ліст атрыманы і Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. 

5 ліпеня галадаўшых дэпутатаў пазбавілі прэміі. Па распараджэньні старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Папова былыя галадоўнікі, дэпутаты Валеры Фралоў, Сяргей Скрабец і Уладзімір Парфяновіч, у адрозьненьні ад іншых дэпутатаў, не атрымалі прэміяў. У адпаведным распараджэньні Папова гаворыцца, што “за неналежнае выкананьне дэпутацкіх абавязкаў, якое выявілася ў адсутнасьці без уважлівай прычыны на паседжаньнях пастаянных камісіяў Палаты, пазбавіць прэміі за чэрвень (35% ад службовага акладу, гэта прыкладна 200 тысячаў рублёў) Фралова, Скрабца і Парфяновіча”. Падставай для гэтага рашэньня сталі службовыя запіскі старшыняў трох пастаянных камісіяў Лектарава, Кісялёва і Бікініна. Паводле Скрабца, гэтае рашэньне мае палітычныя падставы, бо некаторыя з дэпутатаў паўгоду ня ходзяць на сходы, нарады, а некаторых нават яны ня ведаюць у твар. Тым ня менш, іх прэміі не пазбавілі. 

5 ліпеня з офісу, які месьціцца ў нямецкім горадзе Эсьлінгене і які ўзначальвае ўдава вядомага беларускага палітыка Генадзя Карпенкі Людміла Карпенка, у Беларусь накіравана 70 пісьмовых папярэджаньняў аб крымінальнай адказнасьці за парушэньне заканадаўства аб выбарах. Атрымальнікі лістоў розныя — ад старшыні Цэнтрвыбаркаму да службовых асобаў выканкамаў рознага ўзроўню, якія адказныя за арганізацыю і правядзеньне выбарчых кампаніяў. Папярэджаньне за №1 пайшло на адрас старшыні Цэнтрвыбаркаму. 

6 ліпеня Партыя БНФ выказала сваю нязгоду з вынесеным Мінюстам папярэджаньнем. У Вярхоўны суд ужо падрыхтаваная скарга. Партыя БНФ аспрэчвае папярэджаньне па наступных падставах: 1. Партыя БНФ не арганізоўвала і не прымала ўдзелу ў несанкцыянаваным пікеце 10.06.2004 г. Адпаведнымі органамі партыі не прымаліся рашэньні аб падтрымцы мерапрыемства, якое адбылося 10.06.2004 г. у г. Менску. 2. З тэксту пісьмовага папярэджаньня ня бачна, якія дзеяньні Партыі БНФ сталі падставай дзеля вынясеньня дадзенага папярэджаньня. На падставе вышэйзгаданага і кіруючыся ч.3 артыкулу 34 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб палітычных партыях”, Партыя БНФ просіць адмяніць папярэджаньне, а таксама ў працэсе падрыхтоўкі да судовага разгляду прадставіць інфармацыю, якая стала падставай дзеля вынясеньня папярэджаньня партыі. 

7 ліпеня Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвярнуўся да Прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека (FIDH) сп. Сідзікі Каба з просьбай аказаць дапамогу і даць юрыдычную кансультацыю па пытаньні магчымасьці ўзбуджэньня працэдуры крымінальнага перасьледу службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, якія падазраюцца ў выкраданьнях і магчымых па-засудовых пакараньнях палітычных апанентаў рэжыму А.Лукашэнкі. 

7 ліпеня Камітэт па правах чалавека ААН, згодна з палажэньнямі Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, зарэгістраваў скаргу сяброў Грамадзкага аб’яднаньня “Праваабарончы цэнтр “Вясна” на рашэньне Вярхоўнага суда РБ аб ліквідацыі аб’яднаньня. Скарга зарэгістраваная за №1296/2004. У межах працэдуры Камітэт па правах чалавека ААН накіраваў запыт да прадстаўнікоў афіцыйных уладаў Рэспублікі Беларусь, у якім запатрабаваў прадставіць каментары і інфармацыю, датычную дадзенай справы. Беларускія ўлады павінны даць адказ Камітэту на працягу 6 месяцаў. Нагадаем, што Грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы цэнтр “Вясна” было ліквідаванае па зыску Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь рашэньнем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь 28 кастрычніка 2003 г. 

7 ліпеня а 8-й гадзіне раніцы трое невядомых напалі на дэпутата Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, актывіста рабочага руху Сяргея Антончыка. Напад адбыўся на аўтамабільнай стаянцы, дзе звычайна спадар Антончык пакідае на ноч свой аўтамабіль. У Менскім гарадзкім аддзеле міліцыі капітан Аляксандр Дрозд выдаў Сяргею Антончыку квіток уведамленьня №1318, што сьведчыць пра тое, што міліцыя зафіксавала гэты выпадак. Сяргей Антончык зьвязвае напад на сябе з той працай, якую ён цяпер робіць і якая накіраваная на падрыхтоўку да выбараў — парламенцкіх і прэзідэнцкіх. 

7 ліпеня супрацоўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна” прэзентавалі вынікі Праграмы маніторынгу выкананьня права на справядлівае судовае разьбіральніцтва падчас разгляду справаў аб адміністратыўных правапарушэньнях. Падчас прэзентацыі каардынатар праграмы Юры Чавусаў паведаміў, што маніторынг ладзіўся ў 12 судах Менску, Берасьця, Віцебску, Наваполацку і Полацку. За гэты час было адсочана 533 адміністратыўныя справы. Значная частка іх разглядалася з істотнымі парушэньнямі заканадаўства, пра якія казалася на прэзентацыі. Каардынатар праграмы маніторынгу па г.Менску Уладзімір Лабковіч сказаў, што ў парушэньне ўсіх нормаў адміністратыўнага заканадаўства Беларусі адміністратыўныя судзьдзі ўжо нават пачалі выязджаць па месцы пражываньня правапарушальніка і там разглядаць справы. Гэта, па ягоных словах, пазбаўляе правапарушальніка магчымасьці ня тое што прыцягваць да ўдзелу ў працэсе адваката, але і проста зьвяртацца да сьведак. Вельмі часта адміністратыўныя справы разглядаюцца ў адсутнасьці правапарушальніка, і суды завочна прызнаюць чалавека парушальнікам і прыцягваюць да адказнасьці. “Цяпер адміністратыўная адказнасьць замест таго, каб быць сродкам захаваньня правапарадку ў грамадзтве, зьяўляецца сродкам запалохваньня палітычных апанентаў існуючай улады і сродкам задавальненьня эканамічных інтарэсаў дзяржавы праз папаўненьне бюджэту за кошт адміністратыўных штрафаў”, — кажа каардынатар праграмы маніторынгу Юры Чавусаў. Па выніках маніторынгу выдадзеная брашура, якая зьмяшчае рэкамендацыі па паляпшэньні становішча з разглядам адміністратыўных справаў. Яна будзе адасланая ва ўсе суды Беларусі. Выдаўцы спадзяюцца, што вынікі маніторынгу дапамогуць судам больш пісьменна разглядаць адміністратыўныя справы, паспрыяюць выкананьню правоў чалавека падчас разгляду справаў гэтай катэгорыі. Таксама вынікі маніторынгу будуць прэзентаваныя і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 3 скліканьня. Праваабаронцы разьлічваюць, што іх прапановы будуць падтрыманыя падчас разгляду парламентам новага Адміністратыўнага кодэксу. У сувязі з гэтым прысутны на прэзентацыі намесьнік старшыні Партыі БНФ і мяркуемы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс” Алесь Міхалевіч заявіў, што ён і “дэпутаты, якія будуць абраныя ад кааліцыі, зробяць усё дзеля выкананьня рэкамендацыяў праваабаронцаў, датычных разгляду адміністратыўных справаў у нашай краіне”. 

9 ліпеня ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвярнулася жыхарка Гомелю Іна Рудзяк, якая паскардзілася на тое, што на працягу доўгага часу ніяк ня можа патрапіць на асабісты прыём да старшыні Гомельскага аблвыканкаму для вырашэньня пытаньняў, якія закранаюць яе законныя інтарэсы. Чыноўнікі выканкаму дасылалі ёй адпіскі, але ж да старшыні выканкаму так і не дапусьцілі. Як высьветлілася пры больш дакладным азнаямленьні з матерыяламі перапіскі Іны Рудзяк з Гомельскім аблвыканкамам, праблема была значна сур’ёзней. Інструкцыя, зацьверджаная Гомельскім аблвыканкамам, утрымлівала нормы, якія абмяжоўваюць законныя правы грамадзянаў. Па дадзеным факце грамадзянцы Іне Рудзяк была аказаная дапамога па афармленьні звароту ў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь. Сітуацыю каментуе юрыст Валянцін Стэфановіч: “Пытаньне арганізацыі прыёму грамадзянаў у Гомельскім аблвыканкаме рэгулюецца Інструкцыяй, якая была зацьверджаная гэтым жа выканкамам 17 красавіка 2003 г. за № 267. У пункце 9 дадзенай Інструкцыі ўтрымліваецца патрабаваньне, каб грамадзяне запісваліся на асабісты прыём да старшыні аблвыканкаму толькі на падставе пісьмовага звароту, прычым патрабаваньні, зьмешчаныя ў гэтым звароце, павінны быць законныя і ня вырашыныя адпаведнымі службовымі асобамі. Гэта значыць, што грамадзяне ня могуць проста так запісацца на прыём да старшыні аблвыканкаму, яны павінныя напісаць заяву, у якой даказаць, што іх патрабаваньні маюць законны характар. Вельмі зручная сістэма каб адкідаць людзей, не займацца рэальным вырашэньнем іх пытаньняў, а спускаць ўсё па бюракратычнай лесьвіцы. Акрамя таго, па такім самым пытаньні ёсьць рашэньне Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь ад 15 красавіка 2004 г. Дадзенае рашэньне прызнала аналагічны пункт Палажэньня аб парадку прыёму грамадзянаў у Менскім гарвыканкаме не адпавядаючым Закону Рэспублікі Беларусь “Аб звароце грамадзянаў”. З моманту прыняцьця гэтага рашэньня дадзены пункт Палажэньня Менгарвыканкаму перастаў дзейнічаць, а 7 траўня 2004 г. Менгарвыканкам сваім рашэньнем адмяніў яго і ўнёс адпаведныя зьмены ў сваё Палажэньне. Цяпер менчукам ня трэба пісьмова даказваць законнасьць сваіх патрабаваньняў, каб сустрэцца са старшынём Менгарвыканкаму. А вось жыхарам Гомельскай вобласьці і Гомелю трэба. Хаця, згодна з ч.2 арт.9 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб Канстытуцыйным судзе ў Рэспубліцы Беларусь”, нормы, аналагічныя прызнаным неканстытуцыйнымі, таксама павінны спыняць сваю дзейнасьць. Гэта значыць, што Гомельскі аблвыканкам павінен вынесьці рашэньне і ўнесьці адпаведныя зьмены ў сваю Інструкцыю. Я цалкам дапускаю, што і ў іншых аблвыканкамах дзейнічаюць падобныя Інструкцыі, якія абмяжоўваюць законныя правы грамадзянаў.” 

9 ліпеня Міністэрства юстыцыі Беларусі накіравала афіцыйны запыт у адрас аб’яднанага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці і аўтасельгасмашу з патрабаваньнем пацьвердзіць юрыдычную правамоцнасьць выхаду прафаб’яднаньня са складу Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У міністэрскім запыце таксама гаворыцца пра неабходнасьць афіцыйнага пацьверджаньня колькасьці сяброў аб’яднанага прафсаюзу, хоць ад часу ягонай рэгістрацыі мінула каля двух месяцаў. Сустаршыня прафсаюзу Генадзь Фядыніч мяркуе, што гэтае патрабаваньне мае на мэце ліквідацыю прафсаюзу. 

9 ліпеня галоўны рэдактар газеты “День” Мікола Маркевіч накіраваў скаргу ў Гарадзенскі абласны суд з просьбай скасаваць рашэньне Ленінскага раённага суда Гародні, які прызнаў законнымі дзеяньні адміністратыўнай камісіі. Нагадаем, што камісія пакарала Маркевіча нібыта за распаўсюд друкаваных выданьняў без выходных зьвестак, а таксама ўзаконіла канфіскацыю газетнага накладу міліцыянтамі. 4800 асобнікаў газеты канфіскавалі ў красавіку на трасе Менск-Гародня супрацоўнікі Іўеўскага паста дарожнай міліцыі. Адміністратыўная камісія падтрымала складзены міліцыянтамі пратакол, нягледзячы на тое, што артыкул Адміністратыўнага кодэксу ў ім быў выкарыстаны неабгрунтавана. Маркевіча пакаралі за распаўсюд друкаваных выданьняў, а газета зьяўляецца сродкам масавай інфармацыі. Да таго ж, на момант затрыманьня накладу гэты нумар яшчэ не пасьпелі распаўсюдзіць. Мікола Маркевіч падаў таксама скаргі на рашэньні гаспадарчага суда Гарадзенскай вобласьці, паводле якіх грамадзкае аб’яднаньне “Бацькаўшчына” і гарадзкую арганізацыю “Таварыства беларускай мовы” зьбіраюцца выселіць з памяшканьняў. Іх абвінавацілі ў парушэньні дамовы аб арэндзе, бо ў памяшканьнях нібыта працавала рэдакцыя газеты “День”. Кіраўніком гэтых арганізацыяў зьяўляецца Мікола Маркевіч. Скаргі накіраваныя ў касацыйную інстанцыю гаспадарчага суда Гарадзенскай вобласьці. 

12 ліпеня ў Менску была затрыманая актывістка руху "Зубр" Наста Васіленка, якая распаўсюджвала ў метро газету "Освобождение". У адносінах да яе складзены пратакол па арт. 166 КаАП (непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі). 

12 ліпеня ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь пачаўся разгляд зыску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Партыі працы. У судовым зыску Міністэрства юстыцыі гаворыцца, што Беларуская партыя працы несвоечасова зьмяніла свой юрыдычны адрас, неналежным чынам аформіла рэгістрацыю рэгіянальных структураў і дапусьціла іншыя “грубыя парушэньні заканадаўства”. Але 12 ліпеня ў Вярхоўным судзе да разгляду зыску справа не дайшла. Лідэр Партыі працы Аляксандр Бухвостаў заявіў два хадайніцтвы. Першае – аб недаверы судзьдзі Ганьне Сакалоўскай. (У 1999 годзе яна падтрымала рашэньне Мінюсту адмовіць у рэгістрацыі Асацыяцыі прафсаюзаў прамысловасьці, многія сябры якой зьяўляюцца актывістамі Партыі працы). Спадар Бухвостаў прапанаваў таксама перанесьці разгляд справы на больш позьні тэрмін, каб мець магчымасьць падрыхтавацца да працэсу. Першае хадайніцтва судзьдзя адхіліла, другое задаволіла і прызначыла наступнае паседжаньне на 30 ліпеня. Аляксандр Бухвостаў называе гэтую справу палітычнай і ініцыяванай напярэдадні выбараў кіраўніцтвам Федэрацыі прафсаюзаў ды Адміністрацыяй прэзідэнта. Занепакоенасьць спробай ліквідацыі Партыі працы выказала амбасада ЗША ў Беларусі. 

12 ліпеня да 15 жніўня працягнуты тэрмін утрыманьня пад вартай лідэра агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага, які знаходзіцца пад вартай з 18 траўня, калі прадпрымальніку было прад’яўленае абвінавачаньне ў парушэньні арт. 368 ч.2 Крымінальнага кодэксу – "публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". Тэрмін ўтрыманья пад вартай працягнуты "у інтарэсах сьледзтва". 

12 ліпеня судом Першамайскага раёну г. Менску адмоўлена Партыі БНФ ва ўзбуджэньні грамадзянскай справы па зыску да Белтэлерадыёкампаніі і журналіста Юрыя Пракопава за паклёпніцкія выказваньні ў адрас Партыі БНФ, якія прагучалі ў эфіры 25 красавіка 2004 году. Журналіст Ю. Пракопаў сьцьвярджаў, што як толькі Партыя БНФ прыйдзе да ўлады, адразу спыняцца праграмы дапамогі людзям, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У сваёй адмове суд спасылаецца на пастанову Пленуму Вярхоўнага суда, якая прадугледжвае дзелавую рэпутацыю як якасьць, якая замацаваная толькі за суб’ектамі гаспадаркі і толькі ў сувязі з ажыцьцяўлеўньнем гаспадарчай дзейнасьці з боку іншых суб’ектаў гаспадарчай дзейнасьці альбо грамадзянаў. Такім чынам, з пункту гледжаньня суда, Партыя БНФ як некамерцыйная юрыдычная асоба (як і любая партыя) наогул ня мае дзелавой рэпутацыі, што, безумоўна зьяўляецца незаконным, дыскрымінацыйным у адносінах да Грамадзянскага кодэксу, які прадугледжвае роўную праваздольнасьць усіх юрыдычных асобаў. Рашэньне суда Першамайскага раёну будзе аспрэчвацца ў Калегіі па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суда. 

12 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёну г. Менску адбыўся разгляд скаргі на ўтрыманьне пад вартай Міхаіла Марыніча. Судзьдзя Леанід Ясюкевіч скаргу не задаволіў, нягледзячы на довады адвакатаў, якія перакананыя, што Міхаіла Марыніча ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары КДБ незаконна. 

12 ліпеня гаспадарчы суд Гарадзенскай вобласьці задаволіў зыск грамадзкага аб’яднаньня “Воля да разьвіцьця”. Рашэньне падатковай інсьпекцыі па г.Слоніме аб спагнаньні з арганізацыі падаткаў у памеры 15 млн. рублёў за сродкі, атрыманыя ад Еўрапейскай камісіі ў межах праграмы тэхнічнай дапамогі ТАСІS, адмененае. Судзьдзя Алег Кадач абавязаў падатковую інсьпекцыю кампенсаваць судовыя выдаткі. Судзьдзя Алег Кадач далучыў рашэньне па аналагічнай справе грамадзкага абъяднаньня “Беларускі Хельсінкскі камітэт”. Тым ня менш, падатковыя органы выяўляюць намер падаць касацыйную скаргу на рашэньне гаспадарчага суда Гарадзенскай вобласьці – пра гэта паведамілі прадстаўнікі слонімскай падатковай інсьпекцыі. Таксама стала вядома, што пададзеная ўжо касацыйная скарга на рашэньне па справе БХК. У сувязі з адменай рашэньня падатковай інсьпекцыі крымінальная справа, узбуджаная супраць кіраўніка арганізацыі “Воля да разьвіцьця” Міхася Варанца, мусіць быць спыненая за адсутнасьцю складу злачынства. 

12 ліпеня ў Берасьці былі затрыманыя 4 юнакі: Павел Хівук, Павел Дземідзюк, непаўнагадовы Міхась Ільін і Алесь Вашчулка. Каля кінатэатру "Беларусь" яны распаўсюджвалі газеты "Зубр", "Освобождение" і кнігу "Беларусь: нераскрытыя злачынствы найноўшай гісторыі". Акцыя працягвалася нядоўга: ужо праз 15 хвілінаў невядомы ў цывільным выклікаў міліцыю. Пакуль чакалі патрульную машыну хлопцы здолелі патэлефанаваць на "Вясну" і паведаміць аб сваім затрыманьні. У сваім рапарце адзін з міліцыянтаў, які праводзіў затрыманьне, напісаў: “Распространяли литературу политического характера”. Пасьля гэтага затрыманых адвезьлі ў Ленінскі РАУС г. Берасьця, дзе былі канфіскаваныя 150 газетаў "Зубр" і 10 брашураў, затым затрыманых адпусьцілі. 

13 ліпеня Ларысе Бухаленка, якая мае намер балатавацца на выбарах у Палату прадстаўнікоў, пазваніў начальнік аддзелу грамадзкай бясьпекі ГУУС г. Наваградку Кярлецкі А., які прапанаваў ёй прыйсьці ў ГУУС каб “паразмаўляць” наконт яе палітычнай актыўнасьці. Сп-ня Бухаленка адмовілася ісьці ў ГУУС па вусным тэлефанаваньні і сказала, што прыйдзе калі ёй дашлюць позву, у якой будзе ўказана, у якасьці каго і для чаго яе хочуць бачыць. 14 ліпеня на яе імя была дасланая позва, ў якой яе запрашалі ў ГУУС у якасьці сьведкі. Калі Лырыса Бухаленка зьявілася ў міліцыю, каб высьветліць, сьведкай чаго яна зьяўляецца, усё той жа Кярлецкі А. паказаў ёй улёткі з інфарамацыяй пра яе і праграмай Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс” -- “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”. Міліцыянт пачаў задаваць Л.Бухаленцы пытаньні пра яе палітычную дзейнасьць, пра тое, дзе друкуюцца ўлёткі, як дастаўляюцца ў Наваградак. Сп. Кярлецкі запытаў у Л. Бухаленкі, хто да яе прыходзіць у госьці і “каго ён можа сустрэць, калі прыйдзе ў яе кватэру ўначы”, затым паведаміў, што сёньня ўвечары 6 супрацоўнікаў міліцыі прыдуць да яе, каб правесьці вобыск. Л. Бухаленка адмовілася адказваць на пытаньні міліцыянта і падпісваць якія-небудзь паперы. Затым з Л.Бухаленка пажадаў паразмаўляць начальнік ГУУС г.Наваградку Зьмітрэвіч. Падчас размовы ён выказаў пажаданьне, каб у парламент патрапілі законапаслухмяныя грамадзяне, а не такія, як Ларыса Бухаленка. Увыніку, Ларысе Бухаленцы зачыталі “папярэджаньне”, у якім было сказана, што ёй “забараняецца распаўсюджваць друкаваную прадукцыю ня ў час агітацыйнага перыяду”. Ларыса Бухаленка напісала скаргу на дзеяньні супрацоўнкаў міліцыі ў наваградзкую пракуратуру і схадзіла на прыём да наваградзкага пракурора. 

13 ліпеня Людміла Гразнова атрымала з пашпартнага стала Партызанскага раёну дакумент наступнага зьместу: “На падставе арт. 5 Закону Рэспублікі Беларусь ад 02.06.1992 году “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзянаў Рэспублікі Беларусь” выезд за мяжу Вам часова абмежаваны. Дадзеныя абмежаваньні дзейнічаюць да прыпыненьня абставінаў, якія перашкаджаюць выезду”. “Абставіны”, якія не даюць магчымасьці Людміле Гразновай выязджаць за мяжу, зьвязаныя з яе палітычнай дзейнасьцю – у красавіку Людміла Гразнова зьяўлялася адным з арганізатараў “Чарнобыльскага шляху”, яе абвінавацілі ў парушэньні артыкулу 167-1 ч.2 КаАП РБ (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў), і судзьдзя суда Савецкага раёну Руслан Казадаеў аштрафаваў яе на 225 базавых велічыняў (больш за 2000 даляраў). Людміла Гразнова абскарджвала гэтае рашэньне, але Менскі гарадзкі суд не задаволіў яе скаргу. 

13 ліпеня старшыня гарадзкой арганізацыі Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Тацяна Марчанка атрымала ў Цэнтральным судзе Гомелю пастанову судзьдзі Яраслава Парэмскага пра адміністратыўнае пакараньне – штраф памерам 1 мільён 900 тысячаў рублёў. Штраф вынесены за несанкцыянаваны сход падчас чэрвеньскага страйку ў падтрымку дэпутатаў-галадоўнікаў. У той жа дзень судзьдзя Парэмскі абвясьціў рашэньне ў дачыненьні прадпрымальніка Уладзіміра Няпомняшчых. Як і Тацяна Марчанка, спадар Няпомняшчых аштрафаваны на 1 мільён 900 тысячаў рублёў. Ён таксама прызнаны вінаватым у правядзеньні несанкцыянаванага сходу на Цэнтральным рынку падчас чэрвеньскага страйку ў падтрымку дэпутатаў-галадоўнікаў. Тацяну Марчанку і Уладзіміра Няпомняшчых міліцыя абвінаваціла не ў арганізацыі страйку, а ў правядзеньні на рынку 17 чэрвеня несанкцыянаванага сходу. 

14 ліпеня міністр юстыцыі Віктар Галаванаў паведаміў, што калі кааліцыя “Пяцёрка-плюс” тэрмінова не зарэгіструецца як грамадзкае аб’яднаньне, будуць зробленыя захады пакараньня як да парушальнікаў заканадаўства. В. Галаванаў выказаў упэўненасьць, што ніякіх перашкодаў для рэгістрацыі няма, і сказаў, што да сярэдзіны жніўня пытаньне з рэгістрацыяй мусіць быць вырашана. Калі партыі гэтага ня выканаюць, то іх паводзіны, па словах міністра юстыцыі, будуць расцэньвацца як парушэньне дзеючага заканадаўства. 

14 ліпеня да дэпутата Мастоўскага раённага Савету дэпутатаў, сябра партыі ПКБ, прыйшоў участковы міліцыі, які паведаміў, што яму дадзенае ўказаньне скласьці на Аляксандра Будаўкіна пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні па ч.3 арт. 172 КаАП Рэспублікі Беларусь (распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных). Згодна са складзеным пратаколам, А. Будаўкіна абвінавачваюць у тым, што ён распаўсюджваў друкаваныя матэрыялы без выходных дадзеных з праграмай Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс”. Акрамя таго, на імя Аляксандра Будаўкіна прыйшла позва з Мастоўскай пракуратуры, у якой паведамляецца пра тое, што ён выклікаецца да пракурора раёну. Аляксандр Будаўкін лічыць, што ціск з боку праваахоўных органаў і органаў пракуратуры зьвязаны з ягонымі намерамі балатавацца ў якасьці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. 

14 ліпеня ў Жыровічах (Слонімскі раён) участковы затрымаў кіраўніка грамадзкага аб’яднаньня “Ветразь” Алеся Масюка з сябрам, якія раздавалі ўлёткі кааліцыі “Пяцёрка-плюс”. Хлопцаў дапытаў супрацоўнік КДБ, які адмовіўся прадставіцца. 

14 ліпеня індуісцкая суполка крышнаітаў накіравала ліст на імя старшыні КДБ Леаніда Ерына: вернікі просяць спыніць кампанію, распачатую супраць іх у дзяржаўным друку і ў Міністэрстве адукацыі. На думку сяброў суполкі, апошнім часам абразьлівыя эпітэты на адрас індуісцкіх рэлігійных меншасьцяў зьявіліся невыпадкова. Гэтым разам крышнаіты занепакоеныя зьместам публікацыяў у дзяржаўным друку і ў падручніках для сярэдняй школы, дзе іх называюць небясьпечнай таталітарнай сектай. 

16 ліпеня кіраўнік Жодзінскай арганізацыі Партыі БНФ Аляксей Лапіцкі па тэлефоне быў выкліканы ў міліцыю для дачы тлумачэньняў па факту зьяўленьня ўлётак Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс” у г.Жодзіне. Супрацоўнікі міліцыі распытваліся, адкуль зьявіліся ўлёткі, ці мае ён да іх якое-небудзь дачыненьне. 

19 ліпеня міжнароднага каардынатара Грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя’97" Андрэя Саньнікава выклікалі ў пракуратуру Беларусі. Прычынаю стала публікацыя артыкулу "Тэрарыстычныя стасункі Беларусі" ў чэрвеньскім нумары амерыканскай газеты "Washington Post". Старэйшы памочнік пракурора Сяргей Новікаў прапанаваў Андрэю Саньнікаву даць тлумачэньні наконт высноваў, зробленых у газетнай публікацыі. Андрэй Саньнікаў і Марк Лэнзі ў аналітычным артыкуле "Тэрарыстычныя стасункі Беларусі" – ён выйшаў яшчэ 12 чэрвеня – абвінавацілі Аляксандра Лукашэнку ў падтрымцы сувязяў з тэрарыстычнымі дзяржавамі. Андрэй Саньнікаў патлумачыў, што скарыстаўся матэрыяламі, раней надрукаванымі ў розных беларускіх і замежных выданьнях. 

19 ліпеня ў Наваполацку сябры арганізацыі Свабоднага прафсаюзу зладзілі пікет супраць гвалтоўнай кантрактызацыі, а таксама супраць звальненьня з працы прафсаюзнах актывістаў. Пікет быў дазволены ўладамі і ладзіўся каля гарадзкога Палацу культуры ў звычайным фармаце: са сьцягамі Свабоднага прафсаюзу, з плакатамі, раздавалі мінакам ліпеньскі нумар прафсаюзнага бюлетэню “Рэгіён” ды іншую дэмакратычную прэсу. 

19 ліпеня Менскі гарадзкі суд адхіліў касацыйную скаргу старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту Тацяны Процькі на ранейшае рашэньне Першамайскага раённага суда. Гаворка ідзе пра рашэньне не задаволіць зыск Тацяны Процькі да Белдзяржтэлерадыёкампаніі і журналіста Юрыя Пракопава. Нагадаем, у лістападзе 2003 году ў праграме спадара Пракопава “Взгляд в мир” сьцвярджалася, нібыта зьніклі 900 тысячаў даляраў, якія Беларускі Хельсінкскі камітэт атрымаў у якасьці замежнай дапамогі. Пацьвердзіць тыя зьвесткі на тэлебачаньні ня здолелі, між тым, суд не прызнаў, што гэтак была нанесеная зьнявага Тацяне Процьцы. Аналагічнае рашэньне прыняў і Менскі гарадзкі суд. 

20 ліпеня стала вядома, што з мемарыяльнага каменя ў Курапатах зьнікла шыльда з нагадваньнем пра будучы помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Міліцыя Менскага раёну завяла крымінальную справу па факце зьнікненьня шыльды. Надпіс на той сьціплай таблічцы паведамляў, што, паводле Пастановы ўраду ад 1989 году, у Курапатах мусіць зьявіцца помнік ахвярам рэпрэсіяў 30-40 гадоў мінулага стагодзьдзя. Нават міліцыянты выказваюць сумнеў у матэрыяльных матывах злодзеяў, паколькі каштоўнасьці мемарыяльная дошка не ўяўляла. 

20 ліпеня ў Берасьцейскае абласное аддзяленьне Праваабарончага цэнтру “Вясна” зьвярнулася вядомая на Берасьцейшчыне апазіцыйная дзяячка Паліна Панасюк – органы ўнутраніх справаў адмовілі ёй у выдачы дазволу на выезд за мяжу (пячаткі ў пашпарт “ва ўсе краіны сьвету”). Падставай да адмовы паслужыў аргумент, што гр. Панасюк не сплаціла грашовае пакараньне ў памеры 1.500.000 рублёў за ўдзел у “Ланцугу неабыякавых людзей” яшчэ ў 2002 годзе. Аднак прысуд, вынесены завочна судзьдзёй суда Ленінскага раёну г. Берасьця Міранюком А.С., адменены Берасьцейкім абласным судом “за адсутнасьцю складу правапарушэньня”. 

21 ліпеня да справы пра публічную абразу прэзідэнта Лукашэнкі, якую вядзе Ленінская раённая пракуратура Гародні, дадалася новая крымінальная справа, распачатая адразу адносна чатырох асобаў – Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева, якіх спачатку абвінавачвалі толькі ў публічнай абразе прэзідэнта, жонкі сп. Васільева Наталі Васільевай і 18-гадовага сына сп. Леванеўскага – Уладзіміра Леванеўскага. Усіх чатырох абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу 1 траўня і грубых парушэньнях грамадзкага парадку. Крымінальная справа распачатая паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу. Прадугледжанае пакараньне – да трох гадоў зьняволеньня. У пастанове старэйшага сьледчага пракуратуры Альфрэда Танкевіча гаворыцца, што сп-ры Леванеўскі і Васільеў вырабілі і распаўсюдзілі мноства ўлётак з заклікам прыйсьці 1 траўня на мітынг. Далей азначана, што на пляцы Леніна адбыўся несанкцыянаваны мітынг, у якім актыўна ўдзельнічалі жонка Васільева Наталя і сын Леванеўскага Уладзімір. Сп. Васільеў лічыць: новая крымінальная справа распачатая таму, што вылучанае да іх з Леванеўскім абвінавачаньне ў абразе прэзідэнта – беспадстаўнае. Дагэтуль абвінавачаным не паведамлена, як дакладна, якімі словамі быў абражаны прэзідэнт Лукашэнка. Трэба нагадаць, што Гародня стала адзіным горадам Беларусі, дзе 1 траўня адбыўся мітынг з палітычнымі патрабаваньнямі: удзельнікі настойліва запатрабавалі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. 21 ліпеня Ленінскі раённы суд Гародні разгледзеў скаргу Валерыя Леванеўскага і ягонага адваката адносна меры стрыманьня. Сп. Леванеўскаму падоўжылі знаходжаньне пад вартай у сьледчым ізалятары да 15 жніўня. Суд пакінуў меру стрыманьня бяз зьменаў. 

21 ліпеня Сойм Партыі БНФ абскардзіў адмову ва ўзбуджэньні справы аб абароне дзелавой рэпутацыі да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь і журналіста Юрыя Пракопава. Нагадаем, што 8 ліпеня 2004 году судзьдзя Першамайскага р-ну г. Менску Н.Петух разгледзела зыскавую заяву Сойму Партыі БНФ да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь і Юрыя Пракопава аб абароне дзелавой рэпутацыі і адмовіла ва ўзбуджэньні грамадзянскай справы па зыску ў сувязі з яго непадведамаснасьцю суду. У скарзе, накіраванай у судовую калегію па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суда, патрабуецца адмяніць вызначэньне суда Першамайскага раёну г. Менску ад 8 ліпеня 2004 г. аб адмове ва ўзбуджэньні справы і перадаць пытаньне на новы разгляд у суд першай інстанцыі. 

21 ліпеня споўнілася 10 гадоў з дня прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Канстытуцыі 1994 году, па якой абіраўся першы прэзідэнт Беларусі, ён мог кіраваць краінай два тэрміны па 5 гадоў. Аднак пасьля ганебнага рэферэндуму 1996 году А.Лукашэнка перапісаў Канстытуцыю і падоўжыў свой "легітымны" тэрмін на два гады. Той рэферэндум не прызналі законным нідзе ў сьвеце (апроч Расіі, тагачаснае кіраўніцтва якой і дапамагло Лукашэнку захаваць уладу). І таму 21 ліпеня 2004 году беларускія дэмакратычныя сілы вырашылі нагадаць Лукашэнку, што час ягонага панаваньня скончыўся. Менскія гарадзкія ўлады дазволілі правядзеньне мітынгу на плошчы Бангалор. Аднак каля 18 гадзінаў вечару людзі пачалі зьбірацца на плошчы Якуба Коласа, каб потым прайсьці па горадзе шэсьцем да плошчы Бангалор, дзе павінны былі адбыцца асноўныя мерапрыемствы і канцэрт вядомых беларускіх рок-гуртоў, а ўвогуле – каб падвесьці вынікі дзесяцігадовага кіраваньня краінай А.Лукашэнкі і выказаць сваю нязгоду з ягонай палітыкай і намерам зьмяніць Канстытуцыю і застацца прэзідэнтам на трэці тэрмін. Акцыя мела назоў "Твой адказ сістэме". Пасьля 18 гадзінаў шматлікія амапаўцы і супрацоўнікі міліцыі пачалі выцясьняць удзельнікаў акцыі з плошчы Якуба Коласа. Праход на плошчу быў зачынены. Непадалёку ад плошчы была зробленая спроба арыштаваць дэпутата, лідэра групы "Рэспубліка" ў парламенце, аднаго з арганізатараў акцыі Сяргея Скрабца. Аднак па камандзе "зьверху" дэпутата адпусьцілі. У 18.15 вялікая колькасьць амапаўцаў блакавала групу моладзі прыблізна з 50 чалавек. Пасьля кароткай сутычкі ўдзельнікі акцыі былі арыштаваныя і пасаджаныя ў аўтобус. Пры гэтым падлеткаў зьбівалі, кідалі на асфальт і білі нагамі. Актыўны ўдзел у арыштах бралі "людзі ў цывільным". Усё гэта рабілася на вачах у журналістаў. Арышты працягваліся і пасьля гэтага, а потым аўтобус адышоў у бок Савецкага РУУС. Нягледзячы на масавыя арышты, група моладзі здолела разгарнуць некалькі транспарантаў з надпісамі: "Беларусь – апошняя дыктатарская матрыца Еўропы", "Час вызваліць розум" і інш. На іх накінуліся амапаўцы, зноў было арыштавана некалькі чалавек. У 18.40 дзьве групы моладзі па некалькі сотняў чалавек кожная пачалі рух да плошчы Бангалор. Калоны ішлі бяз лозунгаў і сьцягоў, але моладзь увесь час скандавала лозунгі. Шмат маладых людзей былі апранутыя ў майкі: у белыя з партрэтам палітзьняволенага Міхаіла Марыніча з надпісам "Беларусь будзе вольнай!" і чорныя, на якіх на фоне знакамітага дажджу з лічбаў з фільму "Матрыца" быў лагатып "Зубра" і надпіс "Запрашаем у рэальны сьвет". Міліцыянты і "людзі ў цывільным" працягвалі выхопліваць дэманстрантаў з шэрагаў і арыштоўваць. Каля ўнівермагу "Рыга" на вуліцы Сурганава калоны аб’ядналіся, стала відавочна, што ў шэсьці ўдзельнічае каля двух тысячаў чалавек. Сярод дэманстрантаў ішлі дэпутаты з групы "Рэспубліка". У 19.15 калона дайшла да плошчы Бангалор, дзе сабралася ў гэты вечар ня менш за пяць тысячаў чалавек. Удзельнікі мітынгу трымалі лозунгі: "Улады большасьці краінаў лічаць яго небясьпечным злачынцам", "Час вызваліць розум!", "Ты можаш усё жыцьцё пражыць пры дыктатуры, калі будзеш слабым і пасіўным", "Свабоду Марынічу", "Вызваліць Леванеўскага", сьцягі дэмпартыяў, рухаў і Еўрасаюзу. Мітынг-канцэрт вёў вядомы музыкант Аляксандр Памідораў. Перад удзельнікамі акцыі выступіў дэпутат з групы “Рэспубліка” Уладзімір Парфяновіч, які сказаў, што за 10 гадоў Аляксандр Лукашэнка завёў краіну ў дрыгву. "Але мы будзем змагацца за сваю краіну", — сказаў Парфяновіч. Усяго ў гэты вечар было арыштавана ад 50 да 60 чалавек. Многія з іх зьбітыя, і ім патрэбная медыцынская дапамога. 
Сярод затрыманых: 
1. Павел Хівук – сябра Праваабарончага цэнтру "Вясна" з Берасьці (зацягнуты ў машыну 0739 МА); 
2. Зьміцер Бандарэнка – каардынатар Грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя-97"; 
3. Дзяніс Быстрык; 
4. Павел Дземідзюк (Берасьце, зьбіты ў аўтобусе); 
5.Фёдар Паўлючэнка; 
6. Аляксей Ляўковіч; 
7. Яўген Афнагель; 
8. Павел Юхневіч; 
9. Люба Кучынская; 
10. Сяргей Сарагавец; 
11. Настася Азарка; 
12. Алесь Васілеўскі; 
13. Андрэй Асмалоўскі (Маладэчна); 
14. Ігар Кліўко; 
15. Дзьмітры Вайтко; 
16. Сяргей Летка; 
17. Павел Мікуловіч; 
18. Руслан Харкевіч; 
19. Артур Фінькевіч 
20. Максім Вінарскі; 
21. Анатоль Бельскі (Барысаў); 
22. Ігар Жэзаўцаў; 
23. Павел Беланоўскі; 
24. Алег Корбан; 
25. Алесь Моніч; 
26. Аляксандр Беланоўскі; 
27. Аляксандр Козік; 
28. Зьміцер Моніч; 
29. Мікалай Шаплыга; 
30. Яўген Палішчук; 
31. Іван Шутко; 
32. Аляксей Малчанаў; 
33. Каця Сьмірнова; 
34. Кірыл Рабыкін; 
35. Марк Шубараў; 
36. Глеб Маліноўскі; 
37. Арцём Скарабагаты; 
38. Максім Козел (Наваградак); 
39. Яраслаў Еўдачкоў; 
40. Міхаіл Кандрашоў; 
41. Максім Громаў; 
42. Аляксей Васьковіч; 
43. Юля Гарачка; 
44. Зьміцер Дашкевіч; 
45. Барыс Гарэцкі; 
46. Віктар Янцурэвіч; 
47. Валеры Мазынскі; 
48. Уладзімір Кішкурна; 
49. Антон Кішкурна. 

21 ліпеня ў 20.20 на санкцыянаваным мітынгу на плошчы Бангалор затрыманая машына Уладзіміра Кішкурны. Супрацоўнікі міліцыі адканваявалі машыну са сьцягамі, плакатамі і кіроўцам Уладзімірам Кішкурнам да РУУС Савецкага раёну. У 21.15 у Менску супрацоўнікі міліцыі затрымалі машыну дэпутата Менскага райсавету Юрася Зянковіча, які вяртаўся з акцыі пратэсту. Пасьля заканчэньня акцыі каля 40 чалавек накіраваліся да РУУС Савецкага раёну. Па дарозе яны былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі і вывезеныя ў лес за 20 кіламетраў ад Менску ў накірунку г. Барысаву. Затрыманых пакінулі ў лесе. Па дарозе супрацоўнікі міліцыі зьдзекваліся з затрыманых і білі іх. Позна ўвечары стала вядома, што суды над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі 21 ліпеня ў Менску адбудуцца 22 ліпеня ў судзе Савецкага раёну. Шматлікія затрыманыя правялі ноч ў сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. 

21 ліпеня пратэсты супраць аўтарытарнага кіраваньня краінай А.Лукашэнкам прайшлі па ўсёй Беларусі. 
У Гомелі акцыя пратэсту прайшла без затрыманьняў. Акцыя мела жартоўны характар. У 18.00 да Цэнтральнага ўнівермагу г.Гомелю выйшла моладзь, трымаючы ў руках партрэты А. Лукашэнкі і быццам бы “выказваючы вялікую любоў да прэзідэнта”. Але пры гэтым выявы прэзідэнта былі апушчаныя ніжэй поясу. Начальнік міліцыі Цэнтральнага раёну Стрыжнёў пагражаў пачаць затрыманьні, але пасьля перадумаў, бо стаяць з партрэтамі А.Лукашэнкі ў публічным месцы не забаронена. 
У Віцебску прайшоў пікет, прымеркаваны да 10-х угодкаў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Людзі выйшлі на цэнтральную вуліцу гораду з партрэтамі зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага ды Дзьмітрыя Завадзкага. Мэта акцыі – нагадаць землякам, што зьнікненьне іх суграмадзянаў таксама зьяўляецца паказьнікам тае палітыкі, якую праводзіць у Беларусі А.Лукашэнка. Падчас акцыі разам з удзельнікамі пікету міліцыянты затрымалі карэспандэнтку Радыё Свабода Браніславу Станкевіч. Журналістка паказала службовае пасьведчаньне, а таксама пасьведчаньне “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, але яе разам з пікетоўцамі пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль і адвезьлі ў Чыгуначны райаддзел міліцыі. Пры затрыманьні міліцыянты сябе не называлі. З Чыгуначнага райаддзелу міліцыі Браніславу Станкевіч адпусьцілі пасьля праверкі дакументаў. На трох удзельнікаў пікету — Улада Токарава, Людмілу Церашонак, Розу Пушкарову складзеныя пратаколы аб адміністратыўных правапарушэньнях. 

21 ліпеня актывісту руху “Зубр” Міхаілу Аўдзееву, які трапіў у бальніцу пасьля зьбіцьця на акцыі, зробленая аперацыя. 17-гадовы актывіст “Зубра” быў шпіталізаваны ў першае траўматалагічнае аддзяленьне бальніцы хуткай дапамогі з падазрэньнем на разрыў селязёнкі. У той жа дзень яму была зробленая аперацыя. Падазрэньні на разрыў не пацьвердзіліся, але была выяўленая і выдаленая буйная гематома ў раёне селязёнкі, якая зьявілася ў выніку ўдару. 

21 ліпеня беларускі ўрад паведаміў кіраўніцтву Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, што ён скасоўвае дамовы на арэнду памяшканьняў ЕГУ, дзе рэалізуецца большасьць ягоных акадэмічных праграмаў. Гэты крок накіраваны на тое, каб дамагчыся адстаўкі рэктара Анатоля Міхайлава, прымусіць ЕГУ спыніць сваю дзейнасьць і ўвогуле паставіць пад пагрозу будучыню ўнівэрсітэту, яго студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама іх унёсак у інтэлектуальнае жыцьцё і акадэмічныя свабоды ў Беларусі. 

22 ліпеня судзьдзі Савецкага раёну г. Менску, якія разглядалі адміністратыўныя правапарушэньні, працавалі ў рэжыме канвееру. Да судоў над ўдзельнікамі акцыі 21 ліпеня падключыліся судзьдзі, якія сьпецыялізаваліся па крымінальных і грамадзянскіх справах. Так, аднаго з моладзевых актывістаў “Зубра” Паўла Юхневіча судзіў судзьдзя Аляксандр Абдулін, які займаўся перад гэтым крымінальнымі і грамадзянскімі справамі. 
Вынікі судоў: 
Зьміцер Бандарэнка, адзін з лідэраў “Хартыі-97”, асуджаны судзьдзём Казадаевым Русланам на 15 сутак зьняволеньня; 
Корбан Алег асуджаны судзьдзёй Скугаравай Наталяй на 10 сутак зьняволеньня; 
Вайтко Дзьмітры асуджаны судзьдзём Сякліцкім Сяргеем на штраф у дзесяць базавых адзінак (каля 90 даляраў); 
Бельскі Анатоль асуджаны судзьдзёй Скугаравай Наталяй на 3 сутак зьняволеньня; 
Беланоўскі Аляксандр асуджаны судзьдзёй Лазавіковай Інэсай на штраф у 20 базавых велічыняў (каля 180 даляраў); 
Беланоўскі Павел асуджаны судьдзёй Лазавіковай Інэсай на штраф у 40 базавых велічыняў (каля 360 даляраў); 
Юхневіч Павел асуджаны на 10 сутак зьняволеньня; 
Моніч Алесь асуджаны судзьдзьём Р. Казадаевым на 3 сутак зьняволеньня; 
Ляўковіч Аляксей асуджаны судзьдзёс С. Сякліцкім на штраф у 50 базавых велічыняў (каля 450 даляраў); 
Азарка Настася асуджаная на 5 сутак зьняволеньня; 
Кучынская Любоў асуджаная на штраф 20 базавых велічыняў, судзьдзя Н. Скугарава; 
Сянкевіч Артур асуджаны на 10 сутак арышту, судзьдзя Р.Казадаеў; 
Лятко Сяргей асуджаны на штраф у 20 базавых велічыняў, судзьдзя Абдулін; 
Кліўко Ігар асуджаны на 3 сутак зьняволеньня, судзьдзя Р.Казадаеў; 
Афнагель Яўген асуджаны на 10 сутак зьняволеньня, судзьдзя Н.Скугарава; 
Мікуловіч Павел асуджаны на штраф у 20 базавых велічыняў, судзьдзя Р. Казадаеў; 
Незаўцаў Ігар асуджаны на 5 сутак зьняволеньня, судзьдзя Н. Скугарава; 
Паўлючэнка Фёдар папярэджаны судзьдзём Р. Казадаевым; 
Козік Аляксандр асуджаны на 3 сутак зьняволеньня; 
Сарагавец Сяргей асуджаны на штраф у 30 базавых велічыняў; 
Дзем’янюк Павел атрымаў папярэджаньне ад судзьдзі Н.Скугаравай; 
Васілеўскі Алесь асуджаны на 5 сутак зьняволеньня, судзьдзя Р.Казадаеў; 
Быстрык Дзяніс асуджаны на 3 сутак арышту, судзьдзя Крайчык; 
Асмалоўскі Андрэй асуджаны на штраф у 30 базавых велічыняў, судзьдзя Н.Скугарава; 
Хівук Павел асуджаны на 3 сутак арышту, судзьдзя С.Баразна; 
Максім Вінарскі асуджаны на 10 сутак, судзьдзя Н.Скугарава. 

22 ліпеня Праваабарончы цэнтр "Вясна" выказаў меркаваньне, што судовыя пакараньні ў адносінах да ўдзельнікаў акцыі пратэсту 21 ліпеня неапраўдана жорсткія. Старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі назваў фактам неапраўданага дзікунства пакараньне адной з удзельнікаў акцыі Настасі Азаркі. Тым больш, што рашэньне пра арышт на 5 сутак у адносінах да дзяўчыны вынесла судзьдзя-жанчына – Алена Крайчык. "У прыёмніку-разьмеркавальніку няма ніякіх умоваў дзеля ўтрыманьня жанчын, – кажа Алесь Бяляцкі. — Апроч судовага пакараньня дадаюцца яшчэ пакуты бытавога зьместу, якія прыніжаюць асобу. Я думаю, што судзьдзя ніколі б не прымала такога рашэньня, калі б хоць на нейкі час сама апынулася на месцы пакараных. Урэшце, увесь судзейскі склад сёньняшняга "судзілішча" бярэ на сябе занадта вялікую адказнасьць, бо гісторыя нашай краіны не канчаецца толькі панаваньнем Лукашэнкі. І калі-небудзь учарашнія падзеі і сёньняшнія суды атрымаюць зусім іншую прававую ацэнку", -- лічыць праваабаронца. 

22 ліпеня расійскі МЗС выступіў з заявай з нагоды намеру беларускіх уладаў зачыніць карпункт тэлеканалу “Россия” ў Менску. Па словах афіцыйнага прадстаўніка міністэрства Аляксандра Якавенкі, гэта магло б негатыўна адбіцца на магчымасьці расіянаў атрымліваць інфармацыю з нашай краіны. У МЗС лічаць, што асьвятленьне тых ці іншых падзеяў у Беларусі карэспандэнтамі тэлеканалу РТР ня могуць быць падставай дзеля падобных крокаў. Аб закрыцьці менскага карпункту тэлеканалу “Россия” напярэданьні ўвечары паведаміла БТ са спасылкай на Міністэрства замежных справаў Беларусі. Рашэньне прынятае ў сувязі з тым, што расійскія журналісты нібыта даюць скажоную інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Размова ішла пра рэпартаж, які прайшоў у прамым эфіры праграмы "Вести" 21 ліпеня. Карэспандэнт Дзьмітрый Пятроў, распавядаючы пра акцыю пратэсту беларускай апазіцыі, паведаміў, што ў мерапрыемстве ўдзельнічаюць некалькі тысячаў чалавек. Беларускія ж улады налічылі меней – толькі 193 чалавекі. 

22 ліпеня кіраўніка беларускіх праграмаў “Фундацыі імя Стэфана Баторыя” (Польшча) Агнешку Камароўску, якая прыбыла ў рабочую камандзіроўку ў Менск, не пусьцілі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Супрацоўнікі пашпартна-візавай службы аэрапорту “Менск-2” паведамілі А.Камароўскай, што ў Беларусі яна непажаданая асоба, і папрасілі пакінуць краіну. Яны настойвалі на тым, каб спн. Камароўска за свой кошт набыла квіток да Вены і адтуль дабіралася да Варшавы. Агнешка Камароўска правяла ноч з 22 на 23 ліпеня ў аэрапорце “Менск-2”. 

22 ліпеня калегія Менскага гарадзкога гаспадарчага суда пачала разгляд касацыйнай скаргі падаткавікоў на прысуд па справе Беларускага Хельсінкскага камітэту. Нагадаем: два тыдні таму гарадзкі гаспадарчы суд прызнаў беспадстаўнымі прэтэнзіі да БХК, паводле якіх праваабаронцы мусілі заплаціць амаль 80 тысячаў даляраў падаткаў з грашовай дапамогі ў межах праграм ТАСІS. Аднак падоткавая інсьпекцыя Маскоўскага раёну Менску з гэтым рашэньнем не пагадзілася. Судзьдзі зноў запатрабавалі ад ураду дакументы аб парадку выдаткаваньня грантаў ТАСІS. 

23 ліпеня праваабарончая арганізацыя "Міжнародная Амністыя" усім арыштаваным за ўдзел у акцыі, прысьвечанай дзесяцігодзьдзю прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, надала статус вязьняў сумленьня. 

23 ліпеня Міністэрства адукацыі запатрабавала ад кіраўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту неадкладнай адстаўкі рэктара, прафесара Анатоля Міхайлава. Напачатку міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў прапанаваў кіраўніцтву ўніверсітэту правесьці перамовы пра гарантыі існаваньня ВНУ ў выпадку адстаўкі Анатоля Міхайлава. Аднак раптоўна ён спыніў перамовы і запатрабаваў адстаўкі рэктара ва ўльтыматыўнай форме, пагражаючы вялікімі непрыемнасьцямі. Паводле кіраўніцтва ЕГУ, Анатоль Міхайлаў, які знаходзіцца на стажыроўцы за межамі краіны, папрасіў выкладчыцкі калектыў выказаць сваё стаўленьне да гэтай сітуацыі, і па-ранейшаму атрымаў падтрымку. Нагадаем: упершыню міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў запатрабаваў ад акадэміка Анатоля Міхайлава – заснавальніка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту – вызваліць пасаду рэктара на пачатку студзеня. Калектыў універсітэту тады заявіў, што гвалтоўная адстаўка спадара Міхайлава паставіць пад пытаньне само існаваньне ВНУ і негатыўна паўплывае на імідж Беларусі ў сьвеце. На падтрымку Анатоля Міхайлава таксама выступілі амбасадары шэрагу Еўрапейскіх краінаў у Беларусі. 

23 ліпеня адвакатка М. Марыніча Вера Страмкоўская зьвярнулася да Генеральнага пракурора В. Шэймана з просьбай тэрмінова зьмяніць меру стрыманьня зьняволенаму. Абаронца спасылаецца на зьвесткі пра пагаршэньне стану здароўя арыштаванага ва ўмовах летняй сьпякоты. Вера Страмкоўская перакананая, што далейшае ўтрыманьне Міхаіла Марыніча ў ізалятары КДБ небясьпечнае для ягонага здароўя. Абаронца спасылаецца на дадзеныя нядаўняга медыцынскага агляду Міхаіла Марыніча і на свае асабістыя ўражаньні ад апошняй сустрэчы з ім у ізалятары. 

26 ліпеня МЗС афіцыйна абвясьціў, што дзейнасьць журналістаў РТР у Беларусі спыненая. Прычына – неаднаразовае непраўдзівае асьвятленьне беларускіх падзеяў і тэндэнцыйны рэпартаж з акцыі апазіцыі 21 ліпеня, і, у паасобку, названая карэспандэнтам РТР колькасьць яе ўдзельнікаў, якая нібыта была перабольшаная. Але з Менску ў Маскву дагэтуль не паступіла ніякіх дакументаў пра закрыцьцё карпункту. У кіраўніцтве РТР ведаюць на гэты конт толькі тое, што паведаміла БТ. 

26 ліпеня кіраўніца Офісу грамадзкага абвінаваўцы ў нямецкім горадзе Эсьлінгэне Людміла Карпенка – удава вядомага беларускага палітыка Генадзя Карпенкі – зьвярнулася з лістом да амбасадара Грэцыі ў Расіі і Беларусі. Яна просіць не выдаваць візы міністру спорту і турызму Юрыю Сівакову, які, магчыма, датычны да зьнікненьняў вядомых беларускіх палітыкаў. Міністр Сівакоў узначальвае беларускую спартовую дэлегацыю, якая накіроўваецца ў Афіны, дзе з 13 да 29 жніўня пройдуць чарговыя летнія Алімпійскія гульні. 

26 ліпеня Міністэрства адукацыі Беларусі пазбавіла ліцэнзіі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Іншымі словамі, яго дзейнасьць забароненая. Яшчэ 21 ліпеня з міністэрства паступіў загад да 5 жніўня вызваліць займаны ЕГУ будынак. (Свайго будынку ўніверсітэт збудаваць так і ня змог, бо яму ня выдзелілі для гэтага ўчастку). Як толькі стала вядома пра забарону навучальнай дзейнасьці для ЕГУ, частка студэнтаў тэрмінова зьвярнуліся з просьбай аб пераводзе ў іншыя ВНУ. У першыя два дні ўсім адмовілі. Абітурыенты, якія яшчэ ўчора сталі першакурсьнікамі прэстыжнай ВНУ, не пасьпявалі падаць дакументы ў іншыя універсітэты – там ужо поўным ходам здавалі іспыты. На некалькі дзён сітуацыя завісла ў няпэўнасьці. Кожная зацікаўленая асоба, студэнт ці выкладчык, шукала для сябе выйсьце – новыя месцы вучобы і працы. З 28 ліпеня ЕГУ лічыцца афіцыйна зачыненым, і фармальна перавод адтуль у іншую ВНУ немагчымы. Такім чынам, за месяц да пачатку новага навучальнага году ўлады Беларусі стварылі праблемы прыблізна для тысячы чалавек. 

26 ліпеня студэнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту наладзілі акцыю пратэсту супраць закрыцьця ВНУ. Многія з іх адмаўляюцца пераходзіць у іншыя навучальныя ўстановы і намерваюцца адстойваць сваё права навучацца ў сьценах ЕГУ. Адначасова кіраўніцтва ўніверсітэту правяло прэс-канферэнцыю, падчас якой паведаміла, што Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт будзе працягваць існаваньне – у іншых формах. Акцыю пратэсту студэнты наладзілі ў выглядзе мастацкага перфомансу – з выкарыстаньнем кансьпектаў, плакатаў, творчых працаў. Студэнты называюць дзеяньні ўладаў палітычна матываванымі і падтрымліваюць выкладчыцкі калектыў, рэктара ЕГУ Анатоля Міхайлава. Але адначасова выказваюць і незадаволенасьць дзеяньнямі педкалектыву. Анатоль Міхайлаў і ягоны намесьнік Уладзімір Дунаеў знаходзяцца ў ЗША, дзе праводзяць перамовы з фундатарамі міжнародных адукацыйных цэнтраў пра магчымасьць захаваньня ЕГУ. 

26 ліпеня дэпутаты Еўрапарламенту выказалі сваю занепакоенасьць “захадамі беларускіх уладаў, якія імкнуцца зьліквідаваць Беларускую партыю працы і Партыю БНФ. Ініцыятары звароту – два дэпутаты Еўрапейскага парламенту з Польшчы ад партыі “Закон і справядлівасьць” Конрад Шыманьскі і Марцін Лібіцкі, дэпутат ад Літвы, вядомы палітык Вітаўтас Ландсьбергіс, а таксама два дэпутаты ад Чэхіі і Вугоршчыны. 

26 ліпеня Дзярждэпартамэнт ЗША выказаў сваю занепакоенасьць атакамі на Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт і разгонам дэманстрантаў 21 ліпеня. "Злучаныя Штаты глыбока занепакоеныя рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, у прыватнасьці – нядаўняй атакай беларускага ўраду на акадэмічныя свабоды і права на сходы", -- гаворыцца ў заяве. 

26 ліпеня стала вядома, што пасьля ўдзелу ў канцэрце падчас акцыі 21 ліпеня артыстаў гурту “Палац” звольнілі з дзяржаўнай арганізацыі “Белканцэрт”. На дзяржаўным радыё супрацоўнікам рэкамендавалі не ўключаць у эфір кампазіцыі “Палацу”. А ў рэдакцыі радыё “Сталіца” пра непажаданасьць гучаньня ў эфіры “Палацу” было нават вывешаная адпаведная папера – праўда, без подпісу і пячаткі. Як распавядаюць некаторыя супрацоўнікі, афіцыйнай забароны не было, але ж у такіх выпадках і рэкамендацыі дастаткова. 

27 ліпеня калегія Гарадзенскага абласнога суда пакінула меру стрыманьня для Валерыя Леванеўскага ранейшаю: ён будзе сядзець у сьледчым ізалятары да сярэдзіны жніўня. У абласным судзе разглядалася скарга сп. Леванеўскага і ягонага адваката на пастанову Ленінскага раённага суда, які вырашыў, што ўтрыманьне абвінавачанага пад вартай працягнутае да 15 жніўня на законных падставах. Самога Леванеўскага ў судзе не было, ён шосты дзень галадуе, пратэстуючы супраць умоваў, у якіх яго ўтрымліваюць. 

28 ліпеня з Валерыя Леванеўскага зьнятае абвінавачаньне ў арганізацыі 1 траўня ў Гародні несанкцыянаванага мітынгу. Па-ранейшаму кіраўніка страйкаму прадпрымальнікаў абвінавачваюць у нанясеньні публічнай абразы прэзідэнту Лукашэнку. Новую пастанову аб прыцягненьні ў якасьці абвінавачваемага атрымаў паплечнік Леванеўскага Аляксандр Васільеў. У ягонай пастанове цяпер два абвінавачаньні — у публічнай абразе прэзідэнта і ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу. 

29 ліпеня кіраўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, закрытага паводле загаду Міністэрства адукацыі, распачало працэс пераводу студэнтаў у іншыя навучальныя ўстановы Менску. Адмысловае распараджэньне Міністэрства адукацыі – пра абавязковы прыём студэнтаў ЕГУ – падпісалі рэктары ўсіх ВНУ. Аднак дзяржаўныя ВНУ не гатовыя іх прыняць – з адсутнасьці дадатковай матэрыяльнай базы. Студэнты-выдатнікі, якія па прычыне неплацёжаздольнасьці бацькоў вучыліся ва ўніверсітэце бясплатна, цяпер магчымасьці сацыяльнага навучаньня пазбаўленыя. Яны кажуць, што па гэтай прычыне будуць вымушаныя спыніць далейшую адукацыю. Многія студэнты ЕГУ наогул засталіся бяз выбару. Бо ў Беларусі няма ніводнага ўніверсітэту, у якіх меліся б адпаведныя факультэты і навучальныя праграмы. 

29 ліпеня ў гаспадарчым судзе Менску было абвешчанае рашэньне па касацыйнай скарзе падатковай інсьпекцыі на рашэньне суда першай інстанцыі. Касацыйная інстанцыя пацьвердзіла неабгрунтаванасьць фінансавых санкцыяў, накладзеных на Беларускі Хельсінкскі камітэт за нявыплату падаткаў з грантаў, атрыманых па праграме ТАСІS. Цяпер апраўдальнае для БХК судовае рашэньне набыло законную сілу. 

29 ліпеня апоўдні каля беларускай амбасады ў Варшаве прайшла акцыя пратэсту супраць парушэньня палітычных правоў грамадзянаў Беларусі, у якой, сярод іншых, узялі ўдзел каля 50 дэпутатаў і віцэ-сьпікер польскага Сейму ад партыі “Грамадзянская платформа”, якая арганізавала акцыю. Прысутныя трымалі плакаты “Лукашэнку пад суд!”, “Стоп Лукашэнка!”. Варта адзначыць, што ліберальная партыя “Грамадзянская платформа” цяпер найбольш папулярная палітычная сіла ў Польшчы. 

29 ліпеня ў Менску міліцыянты забралі пашпарт у грамадзяніна Вялікабрытаніі Алана Флаўэрза. Доктар Алан Флаўэрз – выкладчык ядзернай фізікі ў Кінгстанскім універсітэце ў Лондане, з 1992 году займаўся пытаньнямі, зьвязанымі з Чарнобыльскай катастрофай, радыяцыяй, аздараўленьнем беларускіх дзяцей, гуманітарнымі кантактамі. Доктар Флаўэрз знаходзіўся ў Беларусі па запрашэньні Сахараўскага інстытуту, дзе чытаў курс лекцыяў. Апрача таго, доктар Флаўэрз – адзін з заснавальнікаў і куратараў Еўрапейскага моладзевага парламенту. Доктар Флаўэрз выказаў меркаваньне, што беларускія ўлады рыхтуюць яго дэпартацыю і што, верагодна, ён будзе вымушаны пакінуць Беларусь. Прафесар Флаўэрз зьяўляецца ганаровым прафесарам Сахараўскага інстытуту, у будынку якога і адбыўся гэты інцыдэнт. Супрацоўнікі беларускага КДБ і міліцыі забралі ў яго пашпарт. Улады абвінавачваюць яго ў парушэньні правілаў знаходжаньня іншаземцаў у Беларусі. Алан Флаўэрз заяўляе, што ён знаходзіцца ў Беларусі з легальнай візай і рэгістрацыяй. Магчымыя прычыны – незадаволенасьць уладаў дзейнасьцю доктара Фаўлза, у прыватнасьці, ягоным удзелам у летніку Моладзевага еўрапейскага парламенту (European Youth Parliament) у Кобрыне, які адбыўся ў ліпені. 

29 ліпеня наваполацкімі актывістамі Свабоднага прафсаюзу быў зладжаны пікет супраць масавага пераводу работнікаў дзяржпрадпрыемстваў на кантрактную форму працы. Па ліку гэта чатырнаццатая "антыкантрактная" вулічная акцыя Свабоднага прафсаюзу ў рэгіёне. Пікет прайшоў без эксцэсаў і доўжыўся 1,5 гадзіны. 

29 ліпеня стала вядома, што большасьць выпускнікоў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа паедуць вучыцца ў Польшчу, Чэхію і Літву. Частка выпускнікоў зрабіла свой выбар на карысьць навучаньня на Бацькаўшчыне. Амаль палова выпускнікоў паступалі ў дзяржаўныя ВНУ. Некаторыя паступалі выключна дзеля таго, каб праверыць свае здольнасьці і магчымасьці, іншыя – каб паступіць і атрымаць адукацыю на Радзіме. Цяпер у ліцэі ідуць уступныя экзамены. Набіраецца група навучэнцаў на першы курс падпольнага ліцэю. 

30 ліпеня ў Вярхоўным судзе пачаўся працэс па справе ліквідацыі Беларускай партыі працы. Адпаведны зыск падало ў суд Міністэрства юстыцыі. Чыноўнікі абвінавачваюць апазіцыйную партыю ў шматлікіх парушэньнях Грамадзянскага кодэксу і ўласнага Статуту. Чыноўнік Мінюсту Аляксандр Харытон тлумачыў, што Партыя працы доўгі час ня мела юрыдычнага адрасу; са шматлікімі парушэньнямі правяла свой апошні зьезд, прызнаны Мінюстам нелегітымным; падала недакладныя зьвесткі пра сваіх сяброў, а таксама несвоечасова паставіла на ўлік рэгіянальныя структуры ў Наваградку, Гародні, Віцебску і раённыя ў Менску. Акрамя гэтага, Аляксандр Харытон абвінаваціў партыю ва ўдзеле ў кааліцыі “Пяцёрка-плюс”, у парушэньні заканадаўства ў сувязі з выданьнем газеты “Рабочая салідарнасьць” і за нібыта незаконнае супрацоўніцтва з прафсаюзамі. Чыноўнік неаднаразова падкрэсьліваў, што Мінюст доўгі час спрабаваў дапамагчы Партыі працы выправіць дапушчаныя парушэньні закону, але партыя, маўляў, упарта адмаўлялася ад гэтай дапамогі. Таму і не засталося іншага выйсьця, як прасіць Вярхоўны суд зьліквідаваць партыйную структуру. Лідэр Партыі працы Аляксандр Бухвостаў прызнаў, што невялікія парушэньні заканадаўства мелі месца, але яны былі своечасова выпраўленыя, а таму прычына памкненьня зьліквідаваць партыю – палітычная. Рашэньне па гэтай справе будзе прынятае праз некалькі дзён. 

30 ліпеня МЗС Беларусі запатрабаваў, каб супрацоўнікі расійскай тэлекампаніі РТР у Менску здалі акрэдытацыйныя пасьведчаньні. МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі увесь склад карпункту расійскай тэлекампаніі РТР у Менску. Кіраўніка карпункту Андрэя Качуру 29 ліпеня ўвечары выклікалі ў МЗС і запатрабавалі вярнуць акрэдытацыйныя пасьведчаньні. Супрацоўнікі МЗС зачыталі Андрэю Качуру выпіску з паседжаньня калегіі МЗС Беларусі. У ёй гаворыцца пра “неправамоцнасьць дзейнасьці ў Беларусі прадстаўніцтва ВГТРК у сувязі з парушэньнем ім закону аб СМІ. Такім чынам, дзейнасьць карпункту РТР у Беларусі забароненая. Раней МЗС Беларусі прыняў рашэньне адкласьці разгляд заяўкі на рэгістрацыю прадстаўніцтва тэлекампаніі ў Менску. Гэтыя рашэньні адбыліся пасьля сюжэту тэлекампаніі РТР аб акцыі апазіцыі 21 ліпеня ў дзясятую гадавіну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў А. Лукашэнкі. Беларускія ўлады заявілі, што журналіст РТР Дзьмітрый Пятроў завысіў колькасьць удзельнікаў акцыі і запатрабавалі ад РТР прабачэньняў. Прабачэньняў ад тэлекампаніі няма дагэтуль. 

30 ліпеня актывісты нямецкіх аддзяленьняў міжнароднай праваабарончай арганізацыі "Amnesty International" і “Асацыяцыі свабодных студэнтаў” правялі акцыю супраць парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. У амбасады Беларусі ў Боне і Берліне былі накіраваныя сотні факсаў з выражэньнем пратэсту супраць рэпрэсіяў у адносінах да актывістаў руху “Зубр”, закрыцьця няўрадавых арганізацыяў. Прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацыяў патрабуюць таксама вызваленьня былога рэктара Гомельскага медінстытуту, прафесара Юрыя Бандажэўскага. Таксама ў факсах утрымліваецца заклік да беларускіх уладаў правесьці незалежнае расьсьледваньне зьнікненьняў палітычных апанентаў рэжыму і адмяніць сьмяротнае пакараньне. 

30 ліпеня суд Маларыцкага раёну Берасьцейскай вобласьці задаволіў зыск Партыі БНФ аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі да начальніка аддзелу па ідэалагічнай працы Маларыцкага райвыканкаму Сяргея Строка, які публічна заявіў, што Партыя БНФ у гады Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічала з фашыстамі. Суд абвязаў С. Строка абвергнуть сваё выказваньне ў рэгіянальнай газеце, заснаванай Маларыцкім райвыкамам, і сплаціць дзяржпошліну ў памеры 95 тыс. рублёў і 4160 у даход дзяржавы. Прадстаўнкамі Партыі БНФ у працэсе выступалі юрысты Праваабарончага цэнтру “Вясна” Уладзімір Лабковіч і Валянцін Стэфановіч. Уладзімір Лабковіч пракаментаваў судовае рашэньне: “Мы вельмі задаволеныя бездакорным вядзеньнем працэсу і прафесійным кіраваньнем беларускім заканадаўствам з боку суда”. 

31 ліпеня супрацоўнікі пашпартна-візавай службы Партызанскага раёну Менску завяршылі працэдуру дэпартацыі Алана Флаўэрза. Яго азнаёмілі з пастановай, згодна з якой прафесар мусіць пакінуць межы Беларусі да 3 жніўня. У пашпарт паставілі штамп, паводле якога спадару Флаўэрзу забаронена перасякаць беларускую мяжу на працягу пяці гадоў. Навукоўцу дазволілі пакінуць Беларусь самастойна, за свой кошт, бо ён меў пры сабе квіток на самалёт на 2 жніўня з Вільні ў Лондан. Прафесар Алан Флаўэрз ня можа зразумець, чаму ён зрабіўся “персонай нон грата”. Навукоўцы, дзеячы мастацтва, студэнты, якія ведаюць прафесара, таксама зьбянтэжаныя. Алан Флаўэрз ня мае прэтэнзіяў да супрацоўнікаў міліцыі.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна

 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster