|
ЖНІВЕНЬ
2 жніўня рашэньнем Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь была ліквідаваная Партыя працы. Міністэрства юстыцыі абвінаваціла Партыю працы ў парушэньні заканадаўства, а менавіта: партыя доўгі час ня мела юрыдычнага адрасу, апошні партыйны зьезд, на думку Мінюсту, прайшоў з парушэньнямі закону і таму нелегітымны, шэраг рэгіянальных структураў партыі былі зарэгістраваныя несвоечасова ці неналежным чынам, партыя ўмешвалася ў дзейнасьць прафсаюзаў. Усе абвінавачаньні судзьдзя Ганна Сакалоўская прызнала абгрунтаванымі і вынесла рашэньне аб ліквідацыі партыі. Лідэр Партыі працы Аляксандр Бухвостаў так пракаментаваў судовае рашэньне: “Я лічу, што гэта палітычная замова – пачатак ліквідацыі апазіцыйных палітычных партыяў. Мы будзем аспрэчваць гэтае рашэньне, пададзім скаргу ў Вярхоўны суд. Але з іншага боку, гэтае рашэньне нас ня спыніць. Мы ўсё роўна будзем удзельнічаць у выбарчай кампаніі”.
2 жніўня судовыя выканаўцы Ленінскага раённага суда г.Менску апісалі маёмасьць рэдакцыі газеты "Народная воля" – усяго на суму 59 мільёнаў рублёў. Гэта было зроблена дзеля выкананьня двух судовых рашэньняў аб кампенсацыі маральных стратаў: па зыску прадпрымальніка Сяргея Атрошчанкі з газеты патрабуюць 15 млн. рублёў, а па зыску былога кіраўніка БТ Ягора Рыбакова – 50 млн. рублёў. Рэдакцыя "Народнай волі" працягвае працу ў звычайным рэжыме, хаця і на апісанай аргтэхніцы. Газеце далі 10 дзён на тое, каб выплаціць С. Атрошчанку суму кампенсацыі. У адваротным выпадку частку апісанай маёмасьці на суму 15 млн. рублёў могуць забраць і рэалізаваць. Тэрміны выплаты кампенсацыі на карысьць Ягора Рыбакова судовыя выканаўцы пакуль ня вызначылі, паколькі той знаходзіцца пад сьледзтвам.
2 жніўня ўначы невядомыя аблілі чырвонай фарбай дзьверы і вокны сядзібы Партыі БНФ. Яны таксама пакінулі на асфальце побач з будынкам малюнак сярпа і молата ды надпіс на рускай мове: “Рукі прэч ад бацькі! АКМ”. Савецкі райаддзел міліцыі Менску праводзіць праверку гэтага здарэньня. Лідэры БНФ лічаць, што гэта справа рук нейкіх падлеткаў, якія трапілі пад уплыў антыапазіцыйнай прапаганды ў дзяржаўных СМІ і праўрадавых моладзевых арганізацыях.
2 жніўня ў адной з вёсак каля расійскай радыёлакацыйнай станцыі “Волга” міліцыя затрымала дзесятак удзельнікаў экалагічна-палітычнага маршу пратэсту супраць прысутнасьці расійскіх вайсковых аб’ектаў, арганізаванага Партыяй БНФ. Маладыя людзі правялі ноч у лесе пад наглядам міліцыі, а 3 жніўня былі дастаўленыя ў клецкую міліцыю. Клецкая міліцыя прымусіла непаўнагадовых удзельнікаў акцыі – шасьцёх чалавек – вярнуцца дадому, а Павел Батуеў атрымаў позву ў суд,
2 жніўня Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт падрыхтаваў зыск у гаспадарчы суд да Міністэрства адукацыі, у якім патрабуе прызнаць незаконным пазбаўленьне ЕГУ ліцэнзіі. Але каб зварот быў прыняты да разгляду, патрэбныя дакументальныя абгрунтаваньні самога факту пазбаўленьня памяшканьня і ануляваньня ліцэнзіі, якіх уладныя структуры выдаваць не сьпяшаюцца. Тым ня менш, кіраўніцтва ЕГУ зьбіраецца судзіцца, хоць і ўпэўнена, што спробы адстаяць правы ў судзе будуць бясплённымі і называе гэты крок маральным абавязкам у справе адстойваньня прынцыпаў універсітэцкай аўтаноміі і акадэмічных свабодаў.
2 жніўня на Кастрычніцкай плошчы Менску адбылася несанкцыянаваная акцыя студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Яны пратэставалі супраць закрыцьця ЕГУ і пераводу студэнтаў у іншыя навучальныя ўстановы. Акцыя пратэсту праходзіла ў выглядзе вулічных чытаньняў: некалькі дзесяткаў студэнтаў прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу з кнігамі, разгарнулі іх, селі на зямлю і пачалі чытаць. Ахоўнікі правапарадку прысутнічалі на акцыі, але нікога не затрымалі. Яны падыходзілі да студэнтаў, пыталіся, што яны робяць і навошта, папярэджвалі пра незаконнасьць правядзеньня акцыі на Кастрычніцкай плошчы, але ніякага гвалту над пратэстуючымі не ўчынялі. Студэнты ўвесь час падкрэсьліваюць, што дыстанцуюцца ад палітыкі, што іх акцыі мастацкія, культурніцкія і ні ў якім разе не палітычныя. Менавіта з гэтай прычыны яны не прынялі прапанову навучэнцаў Беларускага ліцэю пра супольную акцыю пратэсту, запланаваную на 5 жніўня, бо лічаць, што, нібыта, змаганьне ліцэістаў за сваю Alma Mater мае палітычнае адценьне.
2 жніўня ў Гародні скончана сьледзтва па крымінальнай справе аб публічнай абразе прэзідэнта Лукашэнкі. Абвінавачаных двое – гэта кіраўнікі незарэгістраванага страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі і Аляксандр Васільеў. У гэты дзень яны ўпершыню ўбачылі матэрыялы сваёй крымінальнай справы, якія склалі шэсьць тамоў. Сьледзтва вёў старшы сьледчы Ленінскай раённай пракуратуры Альфрэд Танкевіч.
3 жніўня трое актывістаў Салігорскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі зладзілі пікет супраць трэцяга тэрміну прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ў цэнтры беларускай сталіцы. Усіх пікетоўцаў затрымалі супрацоўнікі АМАПу. А 6-й вечара на Кастрычніцкім пляцы Менску сябры АГП з Салігорску Аляксей Прыходзька, Тацяна Ларыёнава і Наталя Зубарэвіч разгарнулі расьцяжку: “10 гадоў дыктатуры. Сыдзі, Лукавы!”. Яны пасьпелі раздаць мінакам частку ўлётак пад загалоўкам: “Куды пайшлі 10 гадоў нашага жыцьця?”. У тэксьце ўлёткі згадваліся прозьвішчы зьніклых вядомых грамадзкіх дзеячоў, а таксама людзей, супраць якіх вядуцца крымінальныя справы. Супрацоўнік АМАПу па рацыі выклікаў дапамогу, і пікетоўцы былі затрыманыя. У міліцыі Цэнтральнага раёну паведамілі, што ўсіх затрыманых адвязуць у сьпецпрыёмнік-разьмеркавальнік на вуліцы Акрэсьціна, а назаўтра даставяць у суд Цэнтральнага раёну. Іх абвінавачваюць у парушэньнях падчас правядзеньня вулічнага масавага мерапрыемства.
4 жніўня суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Салігорску за правядзеньне пікету на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Актывіст АГП Аляксей Прыходзька арыштаваны на 15 сутак, а Наталя Зубарэвіч – на 10 сутак. У Тацяны Ларыёнавай сямігадовае дзіця, і, паводле беларускага заканадаўства, суд ня мае права караць яе арыштам. Судзьдзя Леанід Ясіновіч аштрафаваў Тацяну на 30 базавых велічыняў (гэта 570 000 рублёў).
4 жніўня адзін з арганізатараў акцыі “РЛС – пагроза для Беларусі” Павел Батуеў атрымаў позву ў суд Клецкага раёну на 9 чэрвеня. Увечары 4 жніўня ўдзельнікі акцыі былі ізноў затрыманыя. Гэтым разам расійскімі вайскоўцамі на чале з палкоўнікам. Паводле ўдзельніка акцыі Юрася Зянковіча, затрыманьне адбылося, калі група пакідала тэрыторыю Клецкага раёну ў накірунку Ганцавічаў. Група моладзі спынілася ў пяцістах метрах ад расійскай вайсковай радыёлакацыйнай станцыі "Волга". Праз некалькі хвілінаў іх затрымалі і перадалі клецкай міліцыі.
З 4 жніўня беларускім радыёстанцыям забаронена ставіць у эфір музыку ў выкананьні гуртоў, што гралі на мітынгу 21 ліпеня. Гэткую інфармацыю ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) неафіцыйна пацьвердзілі на некалькіх камерцыйных і дзяржаўных радыёстанцыях. Слухачы Першай праграмы Беларускага радыё, радыё "Сталіца" і нават фармальна недзяржаўных радыёстанцыяў FM-дыяпазону могуць больш не пачуць у эфіры гуртоў "Палац", "N.R.M.", "Zet", "Помидор/off", "Drum Ecstasy" і "Нейро Дюбель". Аднак супрацоўнікі Аддзелу аналізу і каардынацыі дзейнасьці электронных СМІ Міністэрства інфармацыі сьцьвярджаюць, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці. "Ніякага дакументу няма", — заявіў прэс-службе БАЖ супрацоўнік аддзелу Дзьмітрый Конанаў. Па зьвестках ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", супрацоўнікі дзяржаўнага радыё атрымалі вусную рэкамендацыю не ставіць у эфір песні ў выкананні вышэйзгаданых музыкаў. Ёсць інфармацыя, што кампазіцыі ў іх выкананьні нават выдаленыя з фанатэкі ў студыйных кампутарах. Газеце "Комсомольская правда в Белоруссии" стала вядома, што на радыё "Сталiца" тыдзень таму зьявіўся ў надрукаваным выглядзе "чорны" сьпіс гуртоў, якія забаронена даваць у эфір. Аднак, як толькі журналісты пачалі выказваць цікавасьць да гэтага дакумента, сьпіс зьнік. Вуснае распараджэньне "зьверху" прыбраць з эфіру названых музыкаў атрымалі таксама супрацоўнікі некаторых менскіх FM-радыёстанцыяў. Каментуючы гэтую інфармацыю, адзін з "адлучаных" ад эфіру музыкаў, лідэр "N.R.M." і "Zet" Лявон Вольскі зазначыў, што бачыць у гэтым жаданьне пэўных чыноўнікаў выслужыцца перад кіраўніцтвам. "Яны робяць больш, чым ад іх патрабуюць: пачуўшы з вуснаў кіраўніка дзяржавы пра "палацы" і "дзюбелі", яны пачалі татальную "зачыстку". Тое, што дзяржаўныя радыёстанцыі падпарадкоўваюцца распараджэньням "зьверху", выглядае цалкам натуральна. А вось камерцыйнае, недзяржаўнае радыё – гэта зусім іншая рэч. Выконваючы гэткія загады і распараджэньні, яны "закапаюць" саміх сябе”, – лічыць Лявон Вольскі.
4 жніўня маці зьніклага ў ліпені 2000 году тэлеаператара ОРТ Дзьмітрыя Завадзкага Вольга Завадзкая накіравала ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь заяву з патрабаваньнем узнавіць вытворчасьць па справе яе сына “ў сувязі з наноў адкрыўшыміся абставінамі” і дапытаць А. Лукашэнку ў якасьці сьведкі. На прэс-канферэнцыі 20 ліпеня А.Лукашэнка, у прыватнасьці, заявіў: "И вот что удивляет: ну если так родственники переживают, ну вы ко мне придите. Пришел один человек, женщина — понимаете, по какой причине я не могу назвать ее фамилию. Она пришла ко мне, я ее принял, спросила об одном человеке, опять не называю фамилию. Меня поразила эта женщина. Молодец. Я с ней три часа беседовал. Я ей показал некоторые документы. Но если я их сейчас обнародую, то дело Завадского превратится в "антидело". Это, кстати, моя боль единственная — Дима Завадский. Я бы многое отдал для того, чтобы узнать о судьбе этого человека". 4 жніўня заяву ў рэспубліканскай пракуратуры прыняў і зарэгістраваў дзяжурны пракурор Барыс Жыльдзецкі.
4 жніўня Чыгуначны раённы суд Віцебску прысудзіў Барысу Хамайду штраф за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць, якой нібыта той займаецца. Словы распаўсюдніка пра тое, што ён ня мае ніякіх прыбыткаў ад гэтага занятку, а таксама паказаньні сьведкаў, якія штодня бачаць Барыса Хамайду ля “Сіняга дому”, судзьдзя да ўвагі не прыняў. Спадар Хамайда лічыць гэты прысуд незаконным і сваю распаўсюдніцкую дзейнасьць прыпыняць не зьбіраецца. Ля “Сіняга дому” разам з апошнім нумарам “БДГ” ён раздаваў віцяблянам і апошні выпуск сваёй газеты “Выбар”, якая выходзіць у Віцебску з 1990 году.
4 жніўня недзяржаўная газета "Рабочая салідарнасьць" спыняе сваё існаваньне ў сувязі з тым, што 2 жніўня Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэньне аб ліквідацыі Беларускай партыі працы (БПП). У аддзеле рэгістрацыі Мінінфармацыі пацьвердзілі, што, паколькі БПП выконвала функцыю рэдакцыі "Рабочай салідарнасьці", то ліквідацыя газеты адбудзецца аўтаматычна. Найбліжэйшым часам Міністэрства падрыхтуе адпаведны загад.
4 жніўня ўвечары некалькі дзесяткаў студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту прыйшлі да будынку ўніверсітэту, каб сімвалічна з ім разьвітацца – правесьці там усю ноч. Але да іх пад’яжджалі супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным і казалі, што тут нельга заставацца, што яны будуць затрыманыя за адміністратыўныя правапарушэньні. Студэнты разышліся, і ўсё ж некалькі чалавек правялі там усю ноч.
5 жніўня выхад незалежнай газеты “Народная воля” быў сарваны судовымі выканаўцамі, якія арыштавалі банкаўскі рахунак газеты і паперу, на якой мусіў быць надрукаваны наклад. Дырэктару друкарні "Чырвоная зорка" забаронена друкаваць "Народную волю", пакуль газета цалкам ня сплоціць грашовую кампенсацыю маральнай шкоды прадпрымальніку Сяргею Атрошчанку і былому кіраўніку Нацыянальнай дзяржтэлерадыёкампаніі Ягору Рыбакову.
5 жніўня Грэцыя не дазволіла ўезд на сваю тэрыторыю міністру спорту і турызму Беларусі Юрыю Сівакову, які меўся ўзначальваць беларускую дэлегацыю на Алімпійскіх гульнях у Афінах. Падставай дзеля гэтага паслужыла справаздача дакладчыка Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдэса, дзе гаворыцца пра магчымую датычнасьць Ю.Сівакова да зьнікненьняў вядомых людзей. Як паведаміў адзін з чыноўнікаў Еўрасаюзу, рашэньне грэчаскіх уладаў было ўзгодненае з прадстаўнікамі ўсіх іншых краінаў Саюзу. Нагадаем, у 1999 годзе зьніклі былы міністр унутраных справаў Юры Захаранка, былы старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар і яго сябра – бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. У 2000 годзе зьнік журналіст Дзьмітры Завадзкі. Сярод рэкамендацыяў у справаздачы дакладчыка Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдэса была прапанова распачаць крымінальнае расьсьледваньне, каб высьветліць мажлівую датычнасьць службовых асобаў у Беларусі да зьнікненьняў. Сярод іх, акрамя Ю. Сівакова, які ў свой час быў міністрам унутраных справаў, цяперашні Генеральны пракурор Віктар Шэйман і палкоўнік унутраных войскаў Дзьмітрый Паўлічэнка. Рашэньне аб забароне на ўезд Юрыя Сівакова ў Грэцыю каментуе старшыня камісіі па справах Беларусі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Ёнас Чэкуоліс: “Гэтае рашэньне можа быць вынікам дыскусіяў, якія мы мелі ў Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы ў сёлетнім красавіку, калі абмяркоўвалі сітуацыю са зьніклымі грамадзкімі дзеячамі ў Беларусі. У справаздачы спадара Пургурыдэса ў гэтым пытаньні якраз і называліся прозьвішчы асобаў, якія могуць быць датычнымі да гэтых зьнікненьняў. Сівакоў – адно з гэтых прозьвішчаў. Мы ўдзячныя еўрапейскім арганізацыям, еўрапейскім дзяржавам за тое, што яны зьвярнулі ўвагу на нашую выснову, на выснову Рады Еўропы”. Апрача Сівакова, Грэцыя забараніла ўезд на сваю тэрыторыю міністрам спорту Бірмы і Зімбабвэ. Гэтым чыноўнікам забаронены ўезд у краіны Еўрасаюзу з прычыны іх датычнасьці да парушэньня правоў чалавека ў сваіх краінах.
5 жніўня Генеральны пракурор Беларусі Віктар Шэйман адхіліў хадайніцтва пра зьмяненьне меры стрыманьня былому міністру зьнешнеэканамічных сувязяў, Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму амбасадару Рэспублікі Беларусь Міхаілу Марынічу. Пра гэта адвакату Веры Страмкоўскай паведаміў супрацоўнік Пракуратуры Рэспублікі Беларусь Іван Сухаверка. Па ягоных словах, для вызваленьня Марыніча “няма падставаў”. Хадайніцтва пра зьмяненьне меры стрыманьня адвакат Вера Страмкоўская падала 21 ліпеня. Адвакат сьвярджае, што для ўтрыманьня М. Марыніча ў СІЗА КДБ няма падставаў: артыкул, па якім ён абвінавачваецца (незаконнае захоўваньне зброі), не патрабуе абавязковага ўтрыманьня пад вартай, а на допыты палітыка не выклікаюць.
6 жніўня ў Баранавічах у кватэры актывісткі руху “Зубр” Насты Васіленкі адбыўся вобыск. Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі з санкцыяй пракурора на вобыск і патлумачылі, што вядуць сьледчыя мерапрыемствы ў сувязі з крадзяжом мабільнага тэлефону, і ёсьць канкрэтныя падазрэньні, што скрадзены тэлефон знаходзіцца менавіта ў гэтай кватэры. Падчас вобыску тэлефону не знайшлі, але канфіскавалі незалежныя выданьні і ўлёткі, сярод якіх былі газеты “Зубр” і “Освобождение”. Асаблівую занепакоенасьць выклікае тое, што ў Насты Васіленкі была канфіскаваная яе запісная кніжка з адрасамі і тэлефонамі сяброў. Вобыск ў Насты Васіленкі – частка спланаванай кампаніі запалохваньня апазіцыі і актывістаў маладзёвага руху напярэдадні парламенцкіх выбараў.
6 жніўня дэпутат Валеры Фралоў зьвярнуўся ў суд Маскоўскага раёну Менску з пазовам аб абароне гонару, годнасьці і кампенсацыі маральнай шкоды з нагоды публікацыі ў “Обозревателе” 15 жніўня 2003 году артыкулу пад назвай “Дэпутаты Касьян, Навасяд і Фралоў – асабовыя антысеміты?”. У публікацыі са спасылкай на словы старшыні Саюзу габрэйскіх арганізацыяў і суполак Беларусі Леаніда Левіна сьцьвярджалася, што дэпутаты Фралоў і Навасяд вызнаюць асабовы антысемітызм, да таго ж “прапаведуюць нелюбоў да габрэяў паўсюль, дзе ні знаходзіліся б”. Пасьля выхаду публікацыі Леанід Левін затэлефанаваў дэпутатам Фралову і Навасяду і сказаў, што ён такога ніколі не гаварыў. Леанід Левін накіраваў ліст у рэдакцыю з патрабаваньнем абвержаньня. Але яно не было надрукавана. Дэпутат Валеры Фралоў патрабуе ад рэдакцыі “Обозревателя” надрукаваць абвержаньне і выплаціць яму 100 мільёнаў рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
9 жніўня Калегія па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суда не задаволіла прыватную скаргу Сойму Партыі БНФ. Скарга была пададзеная на рашэньне суда Першамайскага раёну, які 12 ліпеня адмовіў Партыі БНФ ва ўзбуджэньні грамадзянскай справы па зыску да Белтэлерадыёкампаніі і журналіста Юрыя Пракопава за паклёпніцкія выказваньні ў адрас партыі, якія прагучалі ў эфіры 25 красавіка 2004 году. У вызначэньні суда Першамайскага раёну было сказана: “Гэтая спрэчка адносіцца да сферы палітычнай дыскусіі, якая ўплывае на фармаваньне палітычных поглядаў у грамадзянаў і не падлягае разгляду ў судзе”. 9 жніўня Калегія па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суда пакінула гэтае вызначэньне ў сіле. Юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч сказаў: “Мы ня згодныя з гэтым рашэньнем. Нас пазбавілі права на правасудзьдзе. Што значыць палітычная дыскусія? Гэта распаўсюд інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасьці”.
9 жніўня на Чыгуначным вакзале ў Менску за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў быў затрыманы сябра Міёрскай раённай арганізацыі АГП Валеры Каралёў, які распаўсюджваў інфармацыйныя матэрыялы Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс” (“Пяць крокаў да лепшага жыцьця” і “Куды пайшлі 10 гадоў нашага жыцьця”) і недзяржаўную прэсу. В. Каралёў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і дастаўлены ў аддзяленьне, дзе быў складзены пратакол канфіскацыі друкаванай прадукцыі. Апрача таго, дзяжурны супрацоўнік міліцыі адразу патэлефанаваў у КДБ, адкуль адразу ж прыбылі два супрацоўнікі, якія прысутнічалі пры складаньні “тлумачальнай” і задавалі пытаньні. Супрацоўнікі КДБ цікавіліся колам інтарэсаў і знаёмстваў В. Каралёва, а таксама, з якой мэтай ён нядаўна езьдзіў у Польшчу.
9 жніўня Міністэрства спорту і турызму зьмясьціла на сваім вэб-сайце (www.mst.by) заяву міністра Юрыя Сівакова ў сувязі з тым, што Еўрапейскі Саюз і ўлады Грэцыі забаранілі яму ўезд на сваю тэрыторыю. Каментуючы рашэньне Еўрасаюзу, міністр Сівакоў адзначыў, што з пункту гледжаньня маральна-псіхалагічнага гэта сур’ёзная траўма, і ня толькі асабіста для яго. Ён абвінаваціў амерыканскае кіраўніцтва і Еўрасаюз, якія быццам бы “адкрыта парушаюць прынцыпы алімпійскага руху”. “Мы, славяне, на чале з Расіяй, павінны праяўляць больш актыўнасьці ў абароне ўстаноўленых міжнародных нормаў і правілаў, а не заставацца пасіўнымі пабочнымі назіральнікамі”, — піша міністр у сваёй заяве. “З пункту гледжаньня прэзумпцыі невінаватасьці і сутнасьці праблемы, вакол якой разгарэўся ўвесь гэты сыр-бор, магу сказаць толькі адно, — працягвае міністр Юры Сівакоў, — ніхто ня мае права называць чалавека злачынцам і выносіць яму прысуд без рашэньня суда. Калі б у чыноўнікаў Еўрасаюзу былі важкія доказы супраць мяне, то іх дзеяньні, адназначна, былі бы зусім іншымі”.
9 жніўня Клецкі раённы суд пачаў разгляд справы сябра Партыі БНФ Паўла Батуева, якога абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыяванага шэсьця па вёсках Клецкага раёну. Удзельнікі акцыі пратэставалі супраць расійскай радыёлакацыйнай станцыі (РЛС) “Волга”. 9 жніўня суд абавязаў міліцыянтаў удакладніць, у чым канкрэтна яны абвінавачваюць Паўла Батуева: у арганізацыі ці ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці.
10 жніўня міністр спорту і турызму Юры Сівакоў заявіў, што не паедзе ў Афіны. Кіраваць алімпійскай дэлегацыяй ён зьбіраецца з Менску. Тым часам на афіцыйным вэб-сайце Міністэрства спорту зьмешчаная новая, падкарэктаваная версія заявы міністра Сівакова. У прыватнасьці, раней Сівакоў абвінаваціў амерыканскае кіраўніцтва і Еўрасаюз у тым, што яны “адкрыта парушаюць прынцыпы алімпійскага руху”. Цяпер Сівакоў выказваецца інакш. Паводле яго, у амерыканскага кіраўніцтва і Еўрапейскага Саюзу свая мадэль дэмакратыі. У сталай штаб-кватэры Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) у Швейцарыі заявілі, што ніякіх пратэстаў ад афіцыйнага Менску або міністра спорту Юрыя Сівакова не атрымлівалі.
11 жніўня Берасьцейскі абласны суд адмяніў папярэджаньне, вынесенае судом Маларыцкага раёну дэпутату мясцовага райсавету, юрысту Праваабарончага цэнтру “Вясна”, сябру Партыі БНФ Уладзіміру Малею. Папярэджаньне было вынесенае Уладзіміру Малею за правядзеньне 25 красавіка ў вёсцы Струга сустрэчы з выбаршчыкам, якая тычылася будаўніцтва могільніку радыёактыўных адкідаў. Нязгодны з судовым рашэньнем, Уладзімір Малей напісаў скаргу на імя старшыні Берасьцейскага абласнога суда. У выніку пастанова суда Маларыцкага раёну была адмененая ў сувязі з тым, што “згодна ч.2 арт.247 КаАП РБ пры разглядзе справаў аб адміністратыўным правапарушэньні, прадугледжаным арт. 167-1 КаАП, прысутнасьць асобы, якая прыцягваецца да адміністратыўнай адказнасьці, абавязковая”. Адміністратыўная справа Уладзіміра Малея накіраваная на новы разгляд – “у той жа суд іншаму судзьдзі”. “Пры новым разглядзе трэба прыняць рашэньне ў адпаведансьці з законам”, сказана ў пастанове.
11 жніўня сенатару Джону МакКэйну забаранілі ўезд у Беларусь. “Я расчараваны, але, шчыра кажучы, ня зьдзіўлены апошнім антыдэмакратычным захадам беларускага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. У гэтым месяцы я зьбіраўся ўзначаліць дэлегацыю амерыканскіх сенатараў у Беларусь, дзе мы планавалі правесьці некалькі сустрэчаў, у тым ліку і з прэзідэнтам. Баючыся, што мы будзем крытыкаваць ягоную таталітарную ўладу, спадар Лукашэнка адмовіў нам у візах і не дазволіў нам уехаць у краіну".
11 жніўня абвешчана, што Дзьмітры Паўлічэнка, які падазраецца ў выкраданьнях і магчымым забойстве палітычных апанентаў Лукашэнкі, узнагароджаны Расійскай праваслаўнай царквой ордэнам Сьвятога раўнаапостальнага князя Уладзіміра трэцяй ступені. Такой высокай царкоўнай узнагароды падпалкоўнік Паўлічэнка ўдастоены за актыўны ўдзел у будаўніцтве храму на тэрыторыі вайсковай часткі, камандзірам якой ён зьяўляецца. Мітрапаліт Філарэт хадайнічаў перад Патрыярхам Маскоўскім і Усяе Русі Алексіем II, каб гэты ордэн далі менавіта Паўлічэнку. Настаяцель прыходу Аляксандр Яцкевіч патлумачыў, што Паўлічэнка “непасрэдна браў удзел у будаўніцтве, фізічна і маральна падтрымліваў”. На пытаньне, ці вядома царкве, што імя Паўлічэнкі фігуруе ў дакладзе Хрыстаса Пургурыдэса сярод асобаў, датычных да зьнікненьня вядомых у Беларусі апазіцыйных палітыкаў, бізнэсоўцы і аператара ОРТ, айцец Аляксандр адказаў: “Я абсалютна нічога ня ведаю, ні царква, ні наш прыход не прымаюць удзелу ні ў якіх палітычных акцыях, нічога агульнага мы з гэтым ня маем і ня ведаем нічога”. Тым часам сваякі зьніклых абураныя тым фактам, што Расійская праваслаўная царква ўзнагародзіла Паўлічэнку. Жонка зьніклага палітыка Зінаіда Ганчар сказала: “Я нічога не разумею ў гэтай сітуацыі. Паўлічэнку падазраюць у жудасных злачынствах, гэта праходзіць па ўсіх дакументах. У гэтай сітуацыі патрэбнае нейкае праясьненьне. У мяне такое ўражаньне, што мы знаходзімся ў дурдоме. Узнагароджваць людзей з заплямленай рэпутацыяй і тлумачыць гэта тым, што царква па-за палітыкай — гэта, прынамсі, глупства. Калі царква па-за палітыкай, то яна павінна быць і па-за хваробай”. Вольга Завадзкая, маці зьніклага аператара Дзьмітрыя Завадзкага адзначыла: “Гэта абуральна. Усё ж такі Філарэт асоба дзяржаўная. І каб так — не разабраўшыся ў сітуацыі, плюнуць людзям у душу, ва ўсякім разе — мне”.
12 жніўня на пасту дзяржаўтаінсьпекцыі ў Жлобіне ў 19 гадзінаў вечару быў затрыманы прыватны легкавік намесьніка старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Кацоры. У райаддзеле міліцыянты ўчынілі ператрус у аўтамабілі, здымаючы ўвесь працэс на відэакамеру. Пасьля ператрусу міліцыянты канфіскавалі некалькі тысячаў асобнікаў незалежнай газеты "Время" і ўлёткі "Пяць крокаў да лепшага жыцьця".
12 жніўня Валеры Леванеўскі — кіраўнік незарэгістраванага страйкаму прадпрымальнікаў краіны, які знаходзіцца ў сьледчым ізалятары гарадзенскай турмы №1, выказаў намер вылучацца ў Палату прадстаўнікоў шляхам збору подпісаў. Кіраўніком яго ініцыятыўнай групы мяркуецца сын Уладзімір. Вылучацца Валеры Леванеўскі зьбіраецца ў Гарадзенскай-Паўночнай выбарчай акрузе №53 — па месцы жыхарства. У акруговай выбарчай камісіі ягонаму сыну Уладзіміру сказалі, што бацька вылучацца можа, хаця знаходзіцца ў сьледчым ізалятары. Праўда, паводле Выбарчага кодэксу кандыдат павінен падаць дакументы ў камісію асабіста. Але Уладзіміру таксама сказалі, што іх можа здаць ён, калі бацька падпіша паперы.
13 жніўня стала вядома, што ініцыятыўныя групы Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева не зарэгістравалі. Фармальная падстава адмовы для Леванеўскага – дакументы ў акруговую выбарчую камісію прадставіў ягоны сын Уладзімір, а ня ён сам. Праўда, спадар Леванеўскі аформіў даверчы ліст на сына, але гэты ліст ня быў засьведчаны начальнікам турмы. Аляксандру Васільеву адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы нібыта таму, што няправільна былі аформлены здадзеныя ў камісію дакументы.
16 жніўня ў судзе Першамайскага раёну Менску працягнуты разгляд зыску старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі да тэлекампаніяў БТ, ОНТ і СТВ. Лідэр АГП абвінавачвае гэтыя тэлеканалы ў абразе ягонага гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Непасрэднай прычынай судовага зыску стала дэманстрацыя фільму “Шлях у нікуды”. Увесь сюжэт фільму “Шлях у нікуды” скіраваны на тое, каб давесьці гледачу, якая дрэнная беларуская апазіцыя. Тым ня менш, у сваім зыску Анатоль Лябедзька выдзеліў адзін фрагмент, у якім аўтары, што хаваюцца за псеўданімамі Аляксандр Уюгін, Гяоргі Козыраў, Віктар Нікольскі, Уладзімір Жаваранак, Надзея Бывалая, Агаф’я Красачка і Сяргей Усатаў, непасрэдна абразілі ягоныя гонар і годнасьць. Так, у адным з месцаў фільму на фоне кадраў з Анатолем Лябедзькам, закадравы голас паведамляе пра тое, што калі шэф “Газпраму” Аляксей Мілер загадаў “у 20 градусны мароз спыніць у Беларусь пастаўкі газу”, каб нібыта такім чынам прымусіць беларускае кіраўніцтва аддаць яму за бясцэнак канцэрн “Белтрансгаз”, то ў падтрымку гэтай акцыі выступіў “псеўдапатрыёт Лябедзька”. Паводле аўтараў “Шляху ў нікуды”, лідэр АГП таксама “паліваў брудам сваю краіну, паклёпнічаў на прэзідэнта і такім чынам дапамагаў спадарам кшталту Сванідзэ маральна апраўдаць гэтую бесчалавечную акцыю”. “Толькі ў жудасным сьне можна ўявіць, як хутка распрадаў бы гэты малойчык наш нацыянальны набытак сваім сябрам-алігархам, калі б нейкім цудам ён атрымаў уладу ў Беларусі”, робяць выснову аўтары фільму. Гэты фільм быў паказаны па БТ 11 траўня, а праз некалькі дзён яго паўтарылі каналы ОНТ і СТВ. У сваім зыску Анатоль Лябедзька патрабуе ад тэлеканалаў абвергнуць гэтую непраўдзівую інфармацыю, а таксама назваць сапраўдныя імёны і прозьвішчы аўтараў фільму. Гэта ўжо другое судовае паседжаньне па гэтай справе. Першае адбылося 26 ліпеня і скончылася празь некалькі хвілінаў пасьля пачатку. У суд не зьявіліся прадстаўнікі ОНТ і СТВ. Судзьдзя Аніскевіч тады зачытаў адказ на афіцыйны запыт першага намесьніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Мартыненкі. Ён паведаміў суду, што аўтары фільму “Шлях у нікуды” не зьўляюцца штатнымі супрацоўнікамі тэлеканалу, ніколі імі не былі, ганарараў не атрымлівалі, таму даведацца якія іхныя сапраўдныя прозьвішчы немагчыма.
16 жніўня на 95 тысячаў рублёў аштрафаваны каардынатар руху “Зубр” Аляксей Шыдлоўскі. Рашэньне пра штраф было прынятае 28 ліпеня адміністратыўнай камісіяй Савецкага выканкаму. А.Шыдлоўскі быў затрыманы 6 ліпеня ў раёне плошчы Якуба Коласа ў Менску за распаўсюд ўлётак пра акцыю 21 ліпеня, прысьвечаную заканчэньню дзесяцігадовага тэрміну прэзідэнцтва А. Лукашэнкі.
16 жніўня в.а. старшыні Менскай абласной арганізацыі Партыі БНФ, дэпутат Менскага раённага Савету Юрась Зянковіч быў запрошаны ў Савецкі РУУС г.Менску, дзе на яго быў складзены пратакол за непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі пасьля акцыі 21 ліпеня. Юрась Зянковіч мусіць 17 жніўня ў 14:30 зьявіцца ў Савецкі РУУС, каб адтуль ехаць на суд. Нагадаем, што 21 ліпеня мікрааўтобус, якім кіраваў Юрась Зянковіч, быў затрыманы пасьля канцэрту ў парку Дружбы народаў. Інсьпектар ДАІ хацеў агледзець салон мікрааўтобусу, таму што лічыў, што ў гэтым аўтамабілі перавозіліся ўлёткі, якія раздаваліся на акцыі. Юрась Зянковіч адмовіўся прадставіць аўтамабіль для агляду і прад’явіў інсьпектару сваё дэпутацкае пасьведчаньне. Супрацоўнікі міліцыі палічылі, што яно падробленае, і даставілі сп.Зянковіча і ягоную жонку ў Савецкі РУУС.
16 жніўня міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч падпісаў загад аб прыпыненьні недзяржаўнай "Новой газеты Сморгони", якую выдае індывідуальны прадпрымальнік Рамуальд Улан. Выдаўца абвінавачваюць у парушэньні артыкулаў 10 і 20 закону "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі". Прапярэджаньне выдаўцу газеты за гэтыя ж парушэньні было вынесена днём пазьней – 17 жніўня. Заснавальнік і выдавец газеты ўпэўнены, што міністэрства знайшло фармальныя падставы для прыпыненьня "Новой газеты Сморгони". Ён зьвяртае ўвагу на блытанасьць прыведзеных міністэрствам тлумачэньняў і бачыць у іх шэраг унутраных супярэчнасьцяў. У прыватнасьці, ён сьцьвярджае, што яго газета з моманту свайго заснаваньня выдавалася індывідуальным прадпрымальнікам, а не "юрыдычнай асобай". Акрамя гэтага, у распрацаванай міністэрствам "Памятцы аб парадку рэгістрацыі перыядычных выданьняў" сьцьвярджаецца, што калі ў якасці рэдакцыі выступае заснавальнік-грамадзянін, то рэдакцыя ў якасці юрыдычнай асобы і Статут не ствараюцца.
16 жніўня Валерыю Леванеўскаму працягнулі тэрмін знаходжаньня ў сьледчым ізалятары. 15 жніўня ў 21.20 сканчаўся тэрмін ягонага арышту, родныя нічога ня ведалі аб тым, што яго ня выпусьцяць, яны прыйшлі ўвечары да турмы. Аднак дзяжурны сказаў, што спадар Леванеўскі застанецца ў сьледчым ізалятары. Тэрмін знаходжаньня ў сьледчым ізалятары Валерыю Леванеўскаму працягнуў Ленінскі раённы суд, дзе будзе разглядацца справа аб публічнай абразе прэзідэнта Лукашэнкі.
17 жніўня сябра ініцыятыўнай групы прадпрымальніка Алега Тычыны, які прапануецца для вылучэньня ў якасьці кандыдата, Уладзімір Мацюшэнка быў разьмеркаваны ў Лепель пасьля заканчэньня педагагічнага ўніверсітэту. Але калі У. Мацюшэнка зьвярнуўся ў Лепельскі РАНА, каб яго накіравалі на працу ў школу, загадчык райана Нікіцін заявіў: “Пасьля таго, як ты палез у ініцыятыўную групу, цябе ня возьме на працу ні адзін дырэктар”. Такім чынам, маладому сьпецыялісту было адмоўлена ў працаўладкаваньні па сьпецыяльнасьці, нягледзячы тое, што, паводле працоўнага заканадаўства, у выніку разьмеркаваньня працоўнае месца мусіць быць прадастаўлена ў абавязковым парадку.
17 жніўня суд Першамайскага раёну Менску не задаволіў зыск аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі. Зыск быў пададзены да тэлеканалаў БТ, ОНТ і СТВ і аўтараў фільму “Шлях у нікуды”, паказанага гэтымі тэлеканаламі. Рашэньне суда Першамайскага раёну аб незадавальненьні зыску будзе абскарджанае ў Менскім гарадзкім судзе.
18 жніўня дэпутат Менскага райсавету ад Партыі БНФ Юрась Зянковіч аштрафаваны на 5 базавых велічыняў судзьдзёй Наталяй Скугаровай. Юрась Зянковіч мае намер падаць наглядную скаргу ў Менскі гарадзкі суд, а таксама заяву на ўзбуджэньне крымінальнай справы супраць судзьдзі Скугаровай за вынясеньне відавочна прадузятай пастановы.
18 жніўня пракурор Маларыцкага раёну вынес касацыйны пратэст на рашэньне суда Маларыцкага раёну, які задаволіў зыск Партыі БНФ аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. У касацыйным пратэсьце пракурор Маларыцкага раёну Ліцкевіч сьцьвярджае, што “рашэньне суда падлягае адмене па прычыне яго неабгрунтаванасьці, бо пры разглядзе справы судом ня ўлічаныя ўсе факты, якія ўваходзяць у прадмет даказваньня. Адказчык Строк С.І іскавыя патрабаваньні не прызнаў і ўказаў, што правёў аналогію паміж дзейнасьцю беларускіх нацыяналістаў ў гады Вялікай Айчыннай вайны і дзейнасьцю Партыі БНФ. У сувязі з гэтым суду неабходна было ўдакладніць, пра якую канкрэтна дзейнасьць (!) указанных палітычных партый ішла размова і ці зьневажаюць (!) узгадкі пра дадзеную дзейнасьць дзелавую рэпутацыю БНФ. У гэтай сувязі суду неабходна было пашырыць кола сьведкаў з мэтай удакладненьня зьместу выступу адказчыка”.
19 жніўня ў Бярозе пачаўся суд над адным з юрыстаў Праваабарончага цэнтру “Вясна” Аляксандрам Шавелем. 18 жніўня Аляксандр Шавель ўдзельнічаў у грамадзянскім працэсе і выказаў крытыку ў адрас пракурора, пасьля чаго быў абвінавачаны ў непавазе да суда. З залы суда А.Шавель быў дастаўлены ў РУУС, дзе на яго быў складзены пратакол за ўчыненьне правапарушэньня. Падчас разгляду адміністратыўнай справы Аляксандр Шавель запатрабаваў адваката. Яму прапанавалі трох дзяржаўных з "тых, якія былі ў наяўнасьці". Шавель адмовіўся, пасьля гэтага разгляд справу перанесьлі на 23 жніўня. Абараняць Шавеля будзе адвакат Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Аляксандр Галіеў.
20 жніўня судзьдзя Гомельскага абласнога суда Анатоль Дудзіч задаволіў зыск упраўленьня юстыцыі наконт ліквідацыі грамадзкага жаночага аб’яднаньня “Ініцыятыва”. Абласное жаночае аб’яднаньне “Ініцыятыва” стала шаснаццатай грамадзкай арганізацыяй у рэгіёне, зачыненай паводле прэтэнзіяў упраўленьня юстыцыі. Найчасьцей гэтыя прэтэнзіі датычылі разьмяшчэньня юрыдычных адрасоў арганізацыяў у кватэрах яе кіраўнікоў. З гэтай прычыны атрымлівала пісьмовыя папярэджаньні і жаночае аб’яднаньне “Ініцыятыва”. Сябра аб’яднаньня, кандыдат юрыдычных навук Ірына Кучвальская, якая прадстаўляла інтарэсы сваёй арганізацыі ў судзе, лічыць, што юрыдычныя адрасы — штучна створаная перашкода. Пераадолець яе грамадзкія арганізацыі ня могуць. Большая частка памяшканьняў зьяўляецца ўласнасьцю дзяржавы. Працэдура здачы іх у арэнду грамадзкім структурам ня вызначаная. З іншага боку, у саміх арганізацыяў няма сродкаў на арэнду памяшканьняў. Юрыдычны адрас для ўладаў стаў інструментам зьнішчэнньня актыўных грамадзкіх фармаваньняў.
20 жніўня дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Антончык сустракаўся з палітычнымі і грамадзкімі актывістамі г. Сьветлагорску па пытаньнях, зьвязаных з выбарчай кампаніяй у парламент. Падчас сустрэчы ў памяшканьне, дзе яна адбывалася, прыйшлі двое супрацоўнікаў міліцыі (Аляксандр Гарошкаў і Сяргей Ражкоў), а таксама чалавек у цывільным з відэакамерай, які не назваўся. Нагодай дзеля візіту была названая “праверка дакументаў”. Ва ўсіх прысутных, акрамя Вадзіма Болбаса, пры сабе аказаліся пашпарты, таму толькі яго павялі ў адзяленьне міліцыі “дзеля высьвятленьня асобы”. Аднак шлях у паструнак праходзіў побач з домам В. Болбаса, і ён прапанаваў зайсьці да яго дадому, каб зьняць пытаньне пра ягоную “асобу”. Падчас праверкі дакументаў усіх прысутных у памяшканьні здымалі на відэакамеру. Удзельнікі сустрэчы лічаць, што сачылі за Сяргеем Антончыкам яшчэ з Менску, паколькі ў Сьветлагорску падобных ініцыдэнтаў яшчэ не было.
21 жніўня затрыманьнем і канфіскацыяй кніжак скончылася імпрэза, якую наладзіў Андрэй Клімаў у Менску. У рэстарацыі “Журавінка” былы прадпрымальнік і дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня сабраў прыхільнікаў, каб агучыць ідэю свайго ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2006 году, а таксама прэзентаваць новую кніжку “Прогулки с вампиром”. Позна ўвечары – пасьля дзесятай -- міліцыянты спынілі аўтамабіль, у якім знаходзіліся Андрэй Клімаў з жонкай Тацянай. Міліцыянты адабралі дакументы ва ўладальніка аўтамабілю Леаніда Малахава і канфіскавалі з багажніку каля дзьвюх сотняў кніжак “Прогулки с вампиром” і “Очевидные истины”. Андрэя Клімава тры гадзіны пратрымалі ў Цэнтральным РУУС.
23 жніўня шэраг буйных менскіх крамаў адмовіліся прадаваць вядучыя недзяржаўныя выданьні, у тым ліку "Белорусский рынок", "Белорусскую деловую газету", "Белорусскую газету" і "Народную волю". Сярод крамаў, якія адмовіліся распаўсюджваць недзяржаўную прэсу, – "Preston-market" і ўніверсам "Нацыянальны". Як паведаміў выканаўчы дырэктар "Белорусской газеты" Віктар Бандарэнка, нягледзячы на тое, што з усімі крамамі ў рэдакцыі былі заключаныя дамовы, кіраўніцтва гандлёвых прадпрыемстваў скасавала іх у аднабаковым парадку без усялякага папярэджаньня. Па словах В. Бандарэнкі, яны ня ўтойваюць, што атрымалі адпаведнае ўказаньне ад Менгарвыканкаму.
23 жніўня Вярхоўны суд Беларусі адмовіў кіраўніцтву Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў задавальненьні зыску да Міністэрства адукацыі па пытаньні ануляваньня ліцэнзіі на ажыцьцяўленьне адукацыйнай дзейнасьці. Кіраўніцтва ЕГУ зьбіраецца падаць у Вярхоўны суд новы зыск да Галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзідэнта, якая незаконна скасавала дамову на арэнду будынку. Тым самым ЕГУ быў пазбаўлены матэрыяльнай базы, што і стала прычынай ануляваньня ліцэнзіі.
23 жніўня ў Барысаве невядомыя абрабавалі офіс кандыдата ў дэпутаты Зьміцера Бародкі. Нявядомыя выламалі дзьверы, вынесьлі з офісу кампутар, факс і прынтэр. Па факце злачынства ўзбуджаная крымінальная справа.
23 жніўня ў судзе Бярозаўскага раёну адбыўся разгляд адміністратыўнай справы юрыста Аляксандра Шавеля, які быццам бы абразіў раённага пракурора Курыловіча. Суд вынес рашэньне – штраф у памеры 2 базавых велічыняў.
23 жніўня ў Вярхоўным судзе пачаўся разгляд зыску Сойму Партыі БНФ да Міністэрства юстыцыі Беларусі. Аўтары зыску просяць суд адмяніць папярэджаньне Мінюсту, якое было вынесенае 1 ліпеня за тое, што прадстаўнікі кааліцыі “Пяцёрка-плюс” на старонках “Народнай волі” заклікалі людзей узяць удзел у несанкцыянаванай акцыі салідарнасьці з газетай “Ланцуг неабыякавых чытачоў”. Юрысты Партыі БНФ Уладзімір Лабковіч і Юры Чавусаў у судзе сьцьвярджалі, што аргументы Мінюсту неабгрунтаваныя. Партыя БНФ, як юрыдычная асоба, не прымала рашэньняў аб уваходжаньні ў кааліцыю “Пяцёрка-плюс” і аб удзеле ў акцыі.
24 жніўня офіс Гомельскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”, у 2003 годзе пазбаўленага афіцыйнай рэгістрацыі, быў агледжаны супрацоўнікамі абласной падатковай службы і ўпраўленьня фінансававых расьследваньняў Камітэту дзяржкантролю Гомельскай вобласьці. Візіцёры прыйшлі даведацца, што знаходзіцца ў гэтым будынку. “Грамадзянскія ініцыятывы” займаюць памяшканьне былой крамы ўжо шмат гадоў, але гаспадар памяшканьня чамусьці не здымае шыльду. Каб ня ўводзіць патэнцыйных пакупнікоў у зман, супрацоўнікі “Грамадзянскіх ініцыятываў” проста вывешваюць на ўваходных дзьвярах абвестку “Тут крамы няма”. Тым ня менш, Уладзімір Кацора ня лічыць, што дадзены візіт – звычайная цікавасьць ці выпадковасьць. На ягоную думку, ён можа быць зьвязаны з тым, што старшыня арганізацыі Віктар Карніенка зьбіраецца балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, і ягонымі патэнцыйнымі супернікамі выступаюць высокапастаўленыя чыноўнікі.
25 жніўня Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь пакінуў у сіле папярэджаньне, вынесенае Міністэрствам юстыцыі Партыі БНФ. Свае доказы міністэрства ў асобе сьпецыяліста Неанілы Фішкнай пабудавала на публікацыях у СМІ, дзе паведамлялася пра стварэньне Народнай кааліцыі, а таксама былі скарыстаныя некалькі інтэрвью старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, дзе ён вызказваўся ад імя кааліцыі “Пяцёрка-плюс”.
25 жніўня Працоўнай групе ААН адмоўлена ў сустрэчы з палітвязьнем Міхаілам Марынічам. Сустрэча прадстаўнікоў Працоўнай групы ААН па адвольных затрыманьнях з Міхаілам Марынічам была запланаваная на вечар 25 жніўня, але хадайніцтва Групы не было задаволенае.
25 жніўня ўплывовая міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры бяз межаў" выступіла з асуджэньнем новых атакаў на незалежную беларускую прэсу напярэдадні парламенцкіх выбараў. "Рэпарцёры" пратэстуюць супраць рашэньня міністра інфармацыі РБ прыпыніць на 3 месяцы недзяржаўную "Новую газету Сморгони", а таксама выказваюць заклапочанасьць з нагоды адмовы шэрагу гандлёвых кропак Менску прадаваць недзяржаўныя выданьні. Арганізацыя накіравала міністру інфармацыі Уладзіміру Русакевічу ліст, у якім, у прыватнасці, гаворыцца: "Гэта непрымальная сітуацыя для незалежных медыяў - быць вымушанымі маўчаць напярэдадні выбараў, якія маюць такое вялікае значэньне для краіны". "Усе абставіны гавораць на карысьць таго, што "Новая газета Сморгони" зьяўляецца ахвярай афіцыйнага ўціску. Мы заклікаем Вас перагледзець сваё рашэньне аб прыпыненьні гэтай газеты і ўстрымацца ад падобных крокаў ў дачыненьні да іншых медыяў", — гаворыцца ў пасланьні "Рэпарцёраў бяз межаў”.
26 жніўня старшыня Вярхоўнага суда РБ прыняў рашэньне ня ўносіць пратэст на рашэньні ніжэйстаячых судоў аб адмове ў рэгістрацыі Гомельскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянская альтэрнатыва”. У стварэньні арганізацыі ўзялі ўдзел 209 жыхароў Гомельскай вобласьці, якія былі сябрамі аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”. Разумеючы, наколькі складаным можа быць працэс рэгістрацыі, першапачаткова заснавальнікі “Грамадзянскай альтэрнатывы” распрацавалі свой Статут на аснове Статута ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Замест бесьперашкоднага праходжаньня рэгістрацыі, Статут “Грамадзянскай альтэрнатывы” быў прызнаны ўпраўленьнем юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму неадпаведным заканадаўству па 7 пунктах. Гэта стала прычынай адмовы няўрадавай арганізацыі ў рэгістрацыі. Апеляцыі “альтэрнатыўшчыкаў” да арыгіналу – Статуту БРСМ – сітуацыю не зьмянілі. Аб’яднаньне, зьвярнуўшыся ў Гомельскі абласны суд, прайграла працэс. Але сітуацыя адносна Статуту і парушэньняў у ім крыху прасьвятлілася ў касацыйнай інстанцыі Вярхоўнага суда. У прыватнасьці, пракурор рэспубліканскай пракуратуры РБ Анатоль Лыцін, які ўдзельнічаў у паседжаньні, паведаміў, што ў статутах зарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў “могуць утрымлівацца парушэньні дзеючага заканадаўства”. Па словах Уладзіміра Кацоры, сябры арганізацыі будуць рыхтаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН, бо беларускія ўлады груба парушылі права на свабоду аб’яднаньняў.
26 жніўня начальнік сьледчага аддзелу КДБ па Менску і Менскай вобласьці Нікановіч паведаміў пра працягненьне на месяц тэрміну ўтрыманьня пад вартай Міхаіла Марыніча. Па словах адваката Веры Страмкоўскай, узбуджаная і новая крымінальная справа – па факце крадзяжу абсталяваньня ва ўзначальваемай М. Марынічам арганізацыі "Дзелавая ініцыятыва" — па арт. 210 ч. 4 КК РБ. Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў.
26 жніўня Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь пакінуў у сіле папярэджаньне Міністэрства юстыцыі, вынесенае Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Судовае разьбіральніцва адбывалася па зыску Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая патрабавала адмены папярэджаньня, вынесенага на пачатку ліпеня. Папярэджаньне было вынесенае за тое, што партыя ў якасьці ўдзельніка незарэгістраванага аб’яднаньня Народная кааліцыя “Пяцёрка-плюс” на старонках газеты “Народная воля” заклікала людзей прыняць удзел у несанкцыянаванай акцыі салідарнасьці з газетай “Ланцуг неабыякавых чытачоў”. На думку юрыстаў АГП, папярэджаньне Мінюсту было неабгрунтаванае.
26 жніўня намесьнік старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла па запрашэньні Леаніда Невара, аднаго з лідэраў РГА “Персьпектыва”, патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, наведаў г. Рэчыцу дзеля азнаямленьня з праблемамі, з якімі сутыкнулася ягоная ініцыятыўная група. Сябры групы скардзіліся на перашкоды з боку райвыканкаму. У прыватнасьці, кіраўніцтва выканкаму ў працоўны час не знаходзіцца на працоўным месцы, што стварае цяжкасьці падчас завярэньня подпісаў сяброў ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдата ў дэпутаты на падпісных лістах. Леанід Невар і Гары Паганяйла наведалі старшыню акруговай выбарчай камісіі, намесьніка старшыні райвыканкаму Віталя Атаманчука і ўказалі яму на шэраг праблемаў. У прыватнасьці – незаконнасьць сумяшчэньня абавязкаў намесьніка старшыні выканкаму і старшыні акруговай камісіі. На час выкананьня абавязкаў старшыні выбарчай камісіі В. Атаманчук павінен сысьці ў адпачынак на асноўным месцы працы. Акрамя таго, у склад камісіі ўваходзяць яшчэ некалькі супрацоўнікаў выканкаму. Калі Леанід Невар і Гары Паганяйла вярнуліся дадому да Невара, дзе сабраліся сябры ініцыятыўнай групы, у двор уварваліся супрацоўнікі міліцыі ў бронежылетах, узброеныя аўтаматамі на чале з намесьнікам начальніка РУУС падпалкоўнікам міліцыі Паўлам Рыжко. Супрацоўнікі міліцыі адмовіліся прадставіцца Леаніду Невару і назваць мэту візіту. Пасьля таго, як Невар прадставіў Гары Паганяйлу як свайго прадстаўніка, юрыста, супрацоўнікі міліцыі ўступілі ў перамовы і прад’явілі службовыя пасьведчаньні і працэсуальныя дакументы аб правамоцнасьці іх дзеяньняў. Як высьветлілася, пасьля атрыманьня “сігналу аб сталяніне ў доме” падпалкоўнік П. Рыжко вынес пастанову пра агляд дому, які быў санкцыянаваны міжрайпракурорам В. Будковым, дзеяньні праводзіў капітан міліцыі А. Грыцок сумесна з оперупаўнаважаным лейтэнантам Г. Малюціным, відэаздымкі праводзіў лейтэнант В. Капусьняк. Супрацоўнікі міліціі агледзелі пабудовы ў двары, усе памяшканьні ў доме, праверылі сумкі, партфелі, кішэні прысутных на наяўнасьць зброі і іншых прадметаў, забароненых для нашэньня і захаваньня. Праз гэтую прыніжальную працэдуру прайшлі ўсе сябры ініцыятыўнай групы, а таксама намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла і старшыня РГА “Персьпектыва” Анатоль Шумчанка. У многіх прысутных у двары былі ўзятыя тлумачэньні, з якой мэтай яны там знаходзяцца, хто іх запрасіў, чым займаюцца і г.д. За дзеяеньнямі супрацоўнікаў міліцыі на працягу трох гадзінаў назіралі суседзі Невара і мінакі. Скончыўшы вобыск і апытаньне, супрацоўнікі міліцыі ўказалі, што ніякіх незаконных прадметаў ня знойдзена і нічога ня будзе вымацца. Супрацоўнікі міліцыі адмовіліся запратакаліраваць вусныя скаргі на свае дзеяньні, а таксама пакінуць копію складзенага пратаколу агляду памяшканьня. Копію пратаколу выдаў начальнік РУУС пасьля таго, як туды прыбылі Невар і Паганяйла. Па інфармацыі Гары Паганяйлы, агляд праводзіўся павярхоўна і фармальна, без мэты пошуку зброі. Леанід Невар і Гары Паганяйла падалі скаргу на незаконныя дзеяньні міліцыі міжрайпракурору. БХК лічыць, што характар дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі сьведчыць пра тое, што фактычна праводзілася “аперацыя” па запалохваньні сяброў ініцыятыўнай групы і дыскрэдытацыі патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Леаніда Невара.
26 жніўня ў Гародні пачаўся судовы працэс па крымінальнай справе паводле артыкулу 368 ч.2 КК РБ — аб публічнай абразе прэзідэнта Лукашэнкі. Абвінавачваемых двое — кіраўнік страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі і ягоны намесьнік Аляксандр Васільеў. Іх абвінавачваюць у распаўсюдзе ўлётак з вершам, які нібыта ўтрымвае абразу прэзідэнта. Васільева таксама абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу прадпрымальнікаў 1 траўня. Валерыя Леванеўскага даставілі ў суд пад вартай са сьледчага ізалятару, яго трымаюць за кратамі амаль чатыры месяцы. На суд прыйшлі толькі родныя Валерыя Леванеўскага і некалькі журналістаў. Тым ня менш, будынак Ленінскага раённага суда ўзмоцнена ахоўвалі. Міліцыянты паставілі перад уваходам металічныя бар’еры. Журналістам сказалі, што іх ня пусьцяць, што трэба загадзя пісаць заяву на імя судзьдзі, хаця працэс — адкрыты. Урэшце міліцыянты журналістаў пусьцілі, але забаранілі праносіць фотаапараты. У выніку затрымкі прадстаўнікі прэсы патрапілі ў залу са спазьненьнем на паўгадзіны. Валеры Леванеўскі сядзеў у “клетцы”. Яго ахоўвалі тры ўзброеныя міліцыянты, якія зьмяняліся кожныя паўгадзіны. Напачатку ён хадайнічаў, каб паводле гэтай крымінальнай справы суд прызнаў пацярпелым Аляксандра Лукашэнку, каб ён мог прысутнічаць на працэсе. Пракурор Панасюк на гэта адказаў, што заява пацярпелага Аляксандра Лукашэнкі і ягоная прысутнасьць непатрэбныя, паколькі ён зьяўляецца кіраўніком дзяржавы і атаясамліваецца з самой дзяржавай. Леванеўскі і Васільеў сваю віну не прызналі і папрасілі ўдакладніць — якімі канкрэтна словамі верша з улёткі яны абразілі Лукашэнку і абвінавацілі яго ў “незаконным выкарыстаньні дзяржаўных сродкаў”. Для прысутных на працэсе таксама засталося няясным: за якія словы судзяць Леванеўскага і Васільева.
27 жніўня ў цэнтры Менску адбылася акцыя ў падтрымку Міхаіла Марыніча і Валерыя Леванеўскага, якую правялі актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Зубр”. Больш за трыццаць юнакоў і дзяўчат сталі ў ланцуг уздоўж прасьпекту Скарыны насупраць КДБ, а потым прайшлі некалькі кругоў вакол пляцоўкі побач з будынкам. Закладзеныя за галаву рукі рабілі іх падобнымі да вязьняў. Кашулі ўдзельнікаў акцыі мелі надпіс “Свабоду Міхаілу Марынічу!”. Акцыя працягвалася 20 хвілінаў. Ніхто з яе ўдзельнікаў на месцы ня быў затрыманы. У гэты дзень споўнілася роўна чатыры месяцы з часу арышту і зьмяшчэньня ў ізалятар КДБ Міхаіла Марыніча. Большасьць апытаных інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў эксьпертаў выказаліся на карысьць палітычнай версіі крымінальнага перасьледу М. Марыніча.
27 жніўня міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч падпісаў загад аб прыпыненні выхаду газеты "Навінкі" тэрмінам на тры месяцы. Выданьне абвінавачваюць у парушэньні некалькіх артыкулаў Закону "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі". Паводле Мінінфармацыі, рэдакцыя запозна паведаміла пра зьмену юрыдычнага адрасу, не дасылала "кантрольных" нумароў газеты ў дзяржаўныя органы, указала няпоўныя выходныя дадзеныя, а таксама дапусьціла пэўныя фінансавыя парушэньні. Кіраўнік аддзелу рэгістрацыі міністэрства Віктар Гурэцкі лічыць, што санкцыі супраць "Навінак" за дапушчаныя парушэньні маглі б быць і больш жорсткімі. У сваю чаргу, галоўны рэдактар газеты Паўлюк Канавальчык упэўнены, што "новыя цкаваньні выданьня з боку ўладаў тлумачацца іх жаданьнем выключыць "Навінкі" з інфармацыйнага поля і грамадзкага жыцьця напярэдадні і падчас правядзеньня парламенцкіх выбараў". Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным газетай прэс-рэлізе. Выданьне ўжо прыпынялася на такі ж самы тэрмін 22 траўня 2003 году былым міністрам інфармацыі Міхаілам Падгайным. Перад гэтым газета была двойчы папярэджаная па артыкуле 5 Закону аб друку: за "распаўсюд зьвестак, якія зьневажаюць гонар і годнасьць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" і за "замах на маральнасьць, гонар і годнасьць грамадзянаў". Пасьля аднаўлення дзейнасьці "Навінак" з імі доўгі час адмаўляліся супрацоўнічаць друкарні, а таксама перашкаджалі "гаспадарчыя праблемы, у сувязі з чым рэдакцыя толькі адносна нядаўна зноў наладзіла сваю працу", — гаворыцца ў прэс-рэлізе "Навінак ".
27 жніўня Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле папярэджаньне Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамадзе. Аўтары зыску прасілі суд адмяніць папярэджаньне Мінюсту, вынесенае БСДГ і яшчэ тром партыям за тое, што прадстаўнікі кааліцыі “Пяцёрка-плюс” на старонках “Народнай волі” заклікалі людзей узяць удзел у несанкцыянаванай акцыі салідарнасьці з газетай “Ланцуг неабыякавых чытачоў”. Старшыня партыі Станіслаў Шушкевіч давёў суду, што кааліцыя “Пяцёрка-плюс” з’яўляецца грамадзкім рухам, у які ўваходзяць сябры разнастайных палітычных і грамадзкіх арганізацыяў. Яны і запрасілі чытачоў газеты прыйсьці на акцыю. Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада ніякіх заклікаў не рабіла, а таму папярэджаньне Мінюсту незаконнае. Тым ня менш, судзьдзя Філіманіхіна скаргу БСДГ не задаволіла. Вось як гэта пракаментаваў спадар Шушкевіч: “Абвінаваціць партыю немагчыма, але ж вы бачылі, што робіцца: паколькі кааліцыя не зьяўляецца юрыдычнай асобай, не існуе, то няма каму абвесьціць папярэджаньне. Дык давайце абвесьцім папярэджаньне палітычнай партыі. Я думаю, што гэта найлепшы анекдот”.
27 жніўня ў клубе “Бліндаж” павінна была адбыцца імпрэза “Рок пасьля вакацыяў”, падчас якой планавалася прэзентацыя альбому “Я люблю ліцэй: веру ў цябе”. Пра адмену канцэрту стала вядома за некалькі гадзінаў да пачатку імпрэзы. Як паведаміў мэнэджэр праекту навучэнцаў Беларускага гуманітарнага ліцэю Франак Вячорка, у клуб “Бліндаж” патэлефанавалі з упраўленьня культуры адміністрацыі Фрунзенскага раёну і загадалі адмяніць канцэрт. Па ягоных словах, было прададзена больш за 200 квіткоў на канцэрт. Ліцэісты зьбіраліся выканаць частку песень з ліцэйскага дыску, у тым ліку беларускія апрацоўкі сусьветнай класікі і рок-хіты. У канцэрце зьбіраліся ўзяць удзел і вядомыя беларускія рок-гурты “ZET”, “Garadzkija”, пераможца фэсту “Басовішча’2004” гурт “Тарпач” ды іншыя. Як распавёў лідэр гурту “ZET” Лявон Вольскі, музыканты зьбіраліся бясплатна выступіць у падтрымку ліцэю, закрытага ўладамі.
29 жніўня было пастаўленае пад пагрозу правядзеньне зьезду Аб’яднанай грамадзянскай партыі па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты адміністрацыяй гатэлю “Менск”, ахова якога не дапусьціла дэлегатаў у канферэнц-залу, арэнда якой была аплачаная партыяй. З гэтай народы АГП падрыхтаваў заяву ў пракуратуру з патрабаваньнем прыцягнуць кіраўніцтва гатэлю да крымінальнай адказнасьці. Дырэктар гатэлю называе гэты выпадак непаразуменьнем і просіць у АГП прабачэньня.
30 жніўня ў Жлобінскім раённым судзе пачаўся працэс па адміністратыўнай справе намесьніка старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Кацоры, якога абвінавачваюць у “дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. Пра абставіны справы распавядае Уладзімір Кацора: “Я ехаў з Менску у Гомель, вёз газету “Время” і ўлёткі “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”. Перад Жлобінам заўважыў, што за мной палююць супрацоўнікі міліцыі. Каля вёскі Лебядзёўка на стацыянарным пасту ДАІ мяне спынілі, сказалі, што мая машына падобная на машыну, якая лічыцца ва ўгоне. Праверылі дакументы, нумар машыны, сказалі, што ўсё роўна ня ўсё ясна, што мне трэба праехаць у райаддзел міліцыі ў г. Жлобін. Там даішнікі мяне здалі ў рукі супрацоўнікаў РУУС, якія правялі дагляд машыны, склалі пратакол выняцьця і пратакол парушэньня Адміністратыўнага кодэксу паводле арт. 167-10 (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі). Пад незарэгістраванай арганізацыяй яны мелі на ўвазе Народную кааліцыю “Пяцёрка-плюс”. Пратакол перадалі ў Жлобінскі раённы суд. 30 жніўня я прадставіў суду дакументы, што газета “Время” зарэгістраваная, але судзьдзя выказала сумнеў, што Аб’яднаная грамадзянская партыя зарэгістраваная, сказала, каб я прывёз копію пасьведчаньня пра рэгістрацыю партыі”.
30 жніўня Аляксандр Васільеў афіцыйна адмовіўся ў судзе ад сваіх былых паказаньняў, якія ён даваў ва ўпраўленьні КДБ. Ён заявіў, што толькі пад прэсінгам быў вымушаны даваць паказаньні супраць сябе і Валерыя Леванеўскага.
30 жніўня стала вядома, што Дэпартамент фінансавых расьсьледваньняў Камітэту дзяржкантролю Беларусі не спыніў крымінальную справу супраць старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту Тацяны Процькі і галоўнага бухгалтара арганізацыі Тацяны Руткевіч. 23 чэрвеня гаспадарчы суд Менску пастанавіў, што праваабаронцы ня мусілі плаціць падаткаў з грантаў ТАСІS, але, як стала вядома ў БХК, крымінальную справу на падставе гэтага рашэньня не закрылі.
31 жніўня судзьдзя Жлобінскага раённага суда Алена Ярмольчык аштрафавала на 585 тысячаў рублёў намесьніка старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Кацору. Штраф накладзены за перавоз на ўласным легкавіку з Менску ў Гомель 15 тысячаў улётак “Пяць крокаў да лепшага жыцьця” і звыш тысячы асобнікаў газеты “Время”. Судзьдзя расцаніла перавоз як дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. 15 тысячаў улётак “Пяць крокаў да лепшага жыцьця” судзьдзя Ярмольчык пастанавіла зьнішчыць. Што тычыцца газеты “Время”, то міліцыя абавязаная правесьці дадатковую праверку дзеля высьвятленьня паходжаньня друкаванага выданьня. Суд прыняў рашэньне пра вынясеньне штрафу пасьля таго, як атрымаў з Міністэрства юстыцыі інфармацыю, што арганізацыі "Пяцёрка-плюс" не існуе.
31 жніўня прадстаўнікі цыганскай нацыянальнай меншасьці зьвярнуліся ў Міністэрства адукацыі з просьбай адкрыць цыганскую школу ў г.Менску. На дадзены момант у Рэспубліцы Беларусь пражываюць каля 70 тысячаў цыганоў, але няма ніводнай школы ці класу з выкладаньнем на цыганскай мове. У цыганскіх сем’ях прынята размаўляць на цыганскай мове, і калі дзіця ідзе ў школу, яно проста не разумее, пра што з ім гавораць, што ў далейшым адбіваецца на пасьпяховасьці. 93% цыганоў у Беларусі ня маюць поўнай сярэдняй адукацыі, існуюць вялікія праблемы з атрыманьнем вышэйшай адукацыі. Міністэрства ніякім чынам не адрэагавала на зварот прадстаўнікоў нацыянальнай маншасьці, адказу заяўляльнікі так і не атрымалі.
31 жніўня сябра Аб’яднананай грамадзянскай партыі Уладзімір Зьвернік быў азнаёмлены з загадам пра скасаваньне з ім працоўнага кантракту. У. Зьвернік працаваў трэнерам у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе ў пасёлку Чысьць. Звальненьне адбылося пасьля таго, як Зьвернік заявіў пра свой намер удзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдата.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|