|
ВЕРАСЕНЬ
1 верасьня на Шаркоўшчыне на некалькі гадзінаў быў затрыманы жыхар Міёраў, сябра АГП Валеры Каралёў, які на кірмашы распаўсюджваў газеты "Згода", "Новы час", "Тут і цяпер", а таксама ўлёткі перадвыбарчае кааліцыі "Пяцёрка-плюс". Старшыню Віцебскай абласной арганізацыі АГП Генадзя Ананьева міліцыянты затрымалі на кірмашы Воршы, дзе ён раздаваў прадпрымальнікам і пакупнікам газету "Время". Спадару Ананьеву, які зьяўляецца рэдактарам гэтай газеты, давялося даводзіць міліцыянтам ня толькі тое, што "Время" афіцыйна зарэгістраванае выданьне, якое можна распаўсюджваць без абмежаваньняў, ён мусіў пераконваць іх яшчэ і ў тым, што распаўсюд газеты не зьвязаны з ягоным удзелам у парламенцкіх выбарах, і што гэта не зьяўляецца перадвыбарчай агітацыяй. Аршанскія міліцыянты пратрымалі Генадзя Ананьева ў пастарунку каля гадзіны. Ягонаму таварышу па партыі з Міёраў Валерыю Каралёву давялося правесьці ў Шаркоўшчынскім райаддзеле міліцыі каля дзьвюх гадзінаў. Цягам гэтага часу міліцыянты некуды тэлефанавалі ды раіліся, што рабіць з распаўсюднікам. Урэшце яго адпусьцілі, пакінуўшы сабе па адным асобніку кожнага выданьня. Нічога супрацьзаконнага ў дзейнасьці абодвух распаўсюднікаў міліцыянты выявіць ня здолелі.
1 верасьня Партыя БНФ накіравала скаргу старшыні Менскага гарадзкога суда ў парадку нагляду на вызначэньне суда Першамайскага р-ну г.Менску. Такім чынам, партыя працягвае дабівацца прыцягненьня да адказнасьці за зьнявагу дзелавой рэпутацыі партыі журналіста Юрыя Праковава і Белдзяржтэлекампаніі.
1 верасьня ў 16.00 на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пачалася моладзевая акцыя ў падтрымку беларускай мовы "Хочам вучыцца па-беларуску!". У ёй прынялі ўдзел каля 100 чалавек – у асноўным навучэнцы зачыненага Беларускага гуманітарнага ліцэю, сябры "Задзіночаньня беларускіх студэнтаў", а таксама актывісты моладзевага руху “Зубр” і іншых моладзевых арганізацыяў. Падчас спробы моладзі разгарнуць плакаты пачалося затрыманьне ўдзельнікаў акцыі. Быў зьбіты і затрыманы кіраўнік ліцэйскага самакіраваньня Франак Вячорка, на ім парванае адзеньне. Вядома толькі адно прозьвішча супрацоўніка міліцыі, які зьдзяйсьняў затрыманьне ліцэіста – Ліпінскі. Падчас спробы заступіцца за Франака Вячорку затрыманы юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч. Менавіта ён і паведаміў, знаходзячыся ў міліцэйскай машыне, што там яшчэ акрамя іх з Вячоркам знаходзіцца актывіст моладзевагу руху “Зубр” Яўген Афнагель. Супрацоўнікі міліцыі адабралі плакаты ў моладзі. Удзельнікі акцыі, трымаючы ў руках толькі кветкі, накіраваліся ў сквер Янкі Купалы да помніка беларускаму песьняру. Падчас руху ў напрамку скверу затрыманы выкладчык ліцэю Лявон Баршчэўскі.
2 верасьня Аляксей Лукашэвіч, юрыст міжрэгіянальнай незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі “Вясна Паазерья” аштрафаваны на 3 базавыя велічыні. Штраф быў накладзены адміністратыўнай камісіяй Наваполацкага гарвыканкаму за тое, што 3 ліпеня Лукашэвіч разам з іншымі актывістамі Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс” праводзіў у Наваполацку грамадзкае галасаваньне адносна трэцяга прэзідэнцкага тэрміну (вынік: 84,17% апытаных -- супраць трэцяга тэрміну). Зьміцер Салаўёў, старшыня арганізацыі “Вясна Паазерья”, падаў скаргу ў суд на рашэньне той жа адміністратыўнай камісіі Наваполацкага гарвыканкаму аб спагнаньні штрафу ў памеры 5 базавых велічыняў, які быў накладзены за тое, што ён распаўсюджваў улёткі супраць трэцяга тэрміну прэзідэнта.
2 верасьня Вінцук Вячорка падаў скаргу ў пракуратуру Цэнтральнага раёну г.Менску на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымлівалі і зьбівалі ягонага непаўнагадовага сына Франака падчас акцыі 1 верасьня “Хочам вучыцца па-беларуску!”.У скарзе гаворыцца: “01.09.2004г. мой сын Францішак Вячорка, 1988 г. нараджэньня, на выхадзе са станцыі метро “Кастрычніцкая” ў раёне Палацу прафсаюзаў каля 16.05 быў затрыманы супрацоўнікамі АМАП у цывільным і дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёну г.Менску. У працэсе затрыманьня супрацоўнікі міліцыі не прадставіліся, не растлумачылі матывы сваіх дзеяньняў. Майму сыну стала вядома, што ён затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, толькі пасьля дастаўкі яго ў РУУС Цэнтральнага раёну. У працэсе затрыманьня невядомыя асобы ў цывільным ужылі супраць непаўнагадовага грубую фізічную сілу, а менавіта – заломвалі рукі, білі па нагах, зьбівалі пры зацягваньні ў аўтобус. Аўтобус ня меў апазнавальных знакаў дачыненьня да органаў унутраных справаў. У аўтобусе майго сына, які ляжаў на падлозе, працягвалі зьбіваць. Падчас затрыманьня майму сыну былі пашкоджаныя кашуля і штаны, далейшае іх выкарыстаньне немагчымае.Таксама ў аўтобус былі зацягнутыя Стэфановіч Валянцін Канстанцінавіч і Афнагель Яўген Ігаравіч. Пасьля дастаўкі ў РУУС Цэнтральнага раёну г.Менску супрацоўнікі міліцыі, не складаючы пратаколаў затрыманьня і пратрымаўшы ня больш за дзьве гадзіны, вызвалілі затрыманых. Падчас затрыманьня майму сыну стала вядома прозьвішча аднаго з тых, хто праводзіў затрыманьне: гэта нехта Ліпінскі, супрацоўнік 8-га ўзводу АМАП ГУУС г.Менску. Яшчэ аднаго супрацоўніка АМАП у чырвонай майцы, які ўдзельнічаў у затрыманьні, ягоныя калегі называлі мянушкай “Маразільнік”. На вуліцы і ў аўтобусе асобы, якія праводзілі затрыманьне, выкарыстоўвалі ў адрас непаўнагадовага нецэнзурную лаянку і выказвалі яму пагрозы. Супрацоўнікі міліцыі абражалі майго сына, зьневажалі яго чалавечую годнасьць.Трэба адзначыць, што майму сыну так і не растлумачылі прычыну затрыманьня. Акрамя таго, ня быў складзены пратакол аб адміністратыўным затрыманьні, што парушае патрабаваньне арт. 240 КаАП Рэспублікі Беларусь. У парушэньне патрабаваньняў арт. 240 КаАП аб месцазнаходжаньні сына не было паведамлена ні мне, ні маёй жонцы. Лічу, што дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненьні да майго сына зьяўляюцца незаконнымі, перавышаюць службовыя паўнамоцтвы супрацоўнікаў міліцыі і парушаюць Закон Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі”, нормы КаАП Рэспублікі Беларусь, законныя правы дзіцяці. Ніякіх законных падставаў, прадугледжаных арт. 19 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі”, дзеля выкарыстаньня фізічнай сілы з боку супрацоўнікаў міліцыі не было.Таксама незаконна, без складаньня пратаколу выняцьця, былі забраныя асабістыя рэчы майго сына. Ён не аказваў супраціўленьня і іншага супрацьдзеяньня не аказваў. У сувязі з вышэйсказаным, кіруючыся арт. 6 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб міліцыі”, Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пракуратуры”, прашу: 1. Правесьці пракурорскую праверку названых фактаў; 2. Прыцягнуць вінаватых асобаў да вызначанай законам адказнасьці. У працэсе праверкі выкладзеных фактаў апытаць відавочцаў незаконнага затрыманьня майго сына: Стэфановіча Валянціна Канстанцінавіча і Афнагеля Яўгена Ігаравіча”.
3 верасьня судзьдзя Наталя Вайцяховіч з Цэнтральнага суду Менску адхіліла скаргу на незаконнае ўтрыманьне пад вартай Міхаіла Марыніча. Вызваленьня Марыніча дамагалася ягоная адвакатка Вера Страмкоўская. Яна спасылалася на адсутнасьць актыўных сьледчых дзеяньняў і аспрэчвала верагоднасьць ягоных уцёкаў з-пад сьледзтва ў выпадку зьмены меры стрыманьня. Судзьдзя пагадзілася з пастановай пракуратуры, паводле якой Міхаіл Марыніч павінен заставацца ў сьледчым ізалятары КДБ да 26 верасьня. Адвакат Вера Страмкоўская сьцьвярджае, што стан здароўя Міхаіла Марыніча ў турме рэзка пагоршыўся: ён пастаянна скардзіцца на боль у сэрцы. На рашэньне Цэнтральнага суда Вера Страмкоўская падала скаргу ў гарадзкі суд Менску.
3 верасьня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі другі раз адмовіла ў рэгістрацыі Партыі свабоды і прагрэсу. Старшыня партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Навасяд паведаміў, што сваё рашэньне Мінюст матываваў “парушэньнем парадку стварэньня партыі”. Спадар Навасяд падкрэсьліў, што пасьля мінулай адмовы ў міністэрства былі прадстаўленыя ўсе дадатковыя дакументы. Гэтым разам прычынай адмовы была названая несапраўднасьць подпісаў. Паводле Уладзіміра Навасяда, з заключэньня Міністэрства юстыцыі вынікае, што ўсе 1000 подпісаў былі правераныя Інстытутам крыміналогіі, крыміналістыкі і судовай эксьпертызы.
3 верасьня кіраўнік аддзелу рэгістрацыі і кантролю за выкананьнем заканадаўства аб друку Міністэрства інфармацыі Віктар Гурэцкі пацьвердзіў зьвесткі аб прыпыненьні тэрмінам на 3 месяцы выхаду выданьняў "Время", "Предпринимательская газета" і яшчэ некалькіх недзяржаўных медыяў. Гэткія масавыя санкцыі ў міністэрстве тлумачаць жаданьнем "навесьці парадак" у сферы друкаваных СМІ. Па словах сп-ра Гурэцкага, загад аб прыпыненьні газеты "Время" быў падпісаны 24 жніўня. Выданьне абвінавачваюць у парушэньні артыкулаў 10 і 26 Закону "Аб друку і іншых СМІ": прэтэнзіі міністэрства тычацца юрыдычнага адрасу рэдакцыі, які нібыта няправільна ўказаны ў выходных дадзеных газеты і ўвогуле адсутнічае ў заяве аб рэгістрацыі. Кіраўніцтва рэдакцыі сьцьвярджае, што дагэтуль не атрымала афіцыйнага паведамленьня пра прыпыненьне газеты. "Предпринимательская газета", якая пасьля доўгага перапынку аднавіла працу ўвесну, была прыпыненая 20 жніўня. Выданьне абвінавацілі ў парушэньні арт. 11 Закону аб друку: В. Гурэцкі сказаў, што газета зьмяніла тэматыку (з "вытворча-прававой" на "масава-палітычную"), а таксама перыядычнасьць выхаду, не паведаміўшы пра гэта Міністэрству інфармацыі. (Нагадаем, што "Предпринимательскую газету" ўжо прыпынялі 19 чэрвеня 2003 году, абвінаваціўшы ў распаўсюдзе несапраўдных зьвестак. Санкцыі былі ўжытыя пасьля таго, як газета прадставіла свае плошчы журналістам прыпыненай "БДГ").
4 верасьня рэдакцыя газеты "Время" атрымала па пошце паведамленьне Міністэрства інфармацыі пра тое, што выпуск газеты прыпынены з 24 жніўня. Рэдакцыя сьцьвярджае, што пералічаныя ў загадзе міністра Русакевіча парушэньні адбыліся не па віне газеты, і зьбіраецца абскарджваць дзеяньні Мінінфармацыі. У загадзе гаворыцца, што з 1 жніўня 2004 г. была скасаваная дамова арэнды памяшканьня, заключаная паміж ААТ "Белремстройсвязь" і прыватным унітарным прадпрыемствам "Издательский дом "Время", які выступае ў якасьці рэдакцыі газеты. Падставай для папярэджаньня і прыпыненьня выданьня стала тое, што рэдакцыя выпусьціла 2 нумары (12 і 19 жніўня) з указаньнем несапраўднага адрасу, што зьяўляецца парушэньнем арт. 10 і 26 Закону аб друку. Паводле намесьніка дырэктара выдавецкага дому "Время" А. Цынкевіча, у рэдакцыі нічога ня ведалі пра скасаваньне дамовы арэнды: ліст, у якім ААТ "Белремстройсвязь" паведамляў пра гэта арандатару, быў адпраўлены толькі 19 жніўня, і гэта пацьвярджаецца ўсімі паштовымі дакументамі. У той жа дзень выдавецкі дом заключыў новую дамову арэнды і ў наступным нумары газеты ўказаў ужо новы адрас. "Газета нічога не парушыла, – упэўнены А. Цынкевіч. – Для прыпыненьня выданьня ў міністэрства не было ніякіх законных падставаў". Ён мяркуе, што дзеяньні Мінінфармацыі зьвязаныя з набліжэньнем парламенцкіх выбараў, а таксама, магчыма, з правядзеньнем "яшчэ нейкіх палітычных мерапрыемстваў" у краіне.
6 верасьня пракурор Эдуард Панасюк запатрабаваў асудзіць старшыню агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага да трох гадоў пазбаўленьня волі ў калоніі агульнага рэжыму за абразу гонару і годнасьці прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Намесьніка старшыні страйкаму прадпрымальнікаў Аляксандра Васільева – да трох гадоў пазбаўленьня волі ў калоніі агульнага рэжыму і двух гадоў за арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця і мітынгу ў Гародні 1 траўня. З-за паглынаньня меншага тэрміну большым, пракурор запатрабаваў асудзіць А.Васільева да трох гадоў калоніі.
6 верасьня ў кавярні заводу “Амкадор” на менскай вуліцы Гікалы сабраліся некалькі дзесяткаў крышнаітаў, каб адзначыць сваё сьвята і раздаць традыцыйныя пачастункі мінакам. Аднак супрацоўнікі Савецкага РУУС запатрабавалі ад іх разысьціся. Разам з міліцыянтамі былі людзі ў цывільным, якія адмовіліся паказаць дакументы. Сябры крышнаіцкай суполкі падпарадкаваліся міліцыі, якая пагражала затрымаць іх з прычыны адсутнасьці дазволу Менскага гарвыканкаму на правядзеньне сходу. Цяпер крышнаіты зьбіраюцца падаць у пракуратуру скаргу на дзеяньні міліцыянтаў.
6 верасьня стала вядома, што Беларускае прадстаўніцтва амерыканскага грамадзкага "Аб’ядананьня камітэтаў у абарону яўрэяў у былым Савецкім Саюзе" (UCSJ) зьбіраецца абскардзіць у судзе адмову Міністэрства замежных справаў Беларусі працягнуць тэрмін рэгістрацыі. Па словах юрыста прадстаўніцтва Артур Ліўшыца, тэрмін папярэдняй рэгістрацыі скончыўся 14 жніўня, і МЗС адмовіўся яго працягваць. Па ягоных словах, на працягу трох гадоў прадстаўніцтва выканала значную працу: “Сумесна з беларускімі і замежнымі гісторыкамі прадстаўніцтва выдала два зборнікі "Беларусь у XX стагоддзі", удзельнічала ў арганізацыі навуковых канферэнцый, дасьледаньняў у галіне гісторыі беларускіх яўрэяў і ва ўшанаваньні ахвяраў Халакосту”.
7 верасьня старшыня агульнарэспубліканскага страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі і яго намесьнік Аляксандр Васільеў былі асуджаныя Ленінскім судом г.Гародні да двух гадоў пазбаўленьня волі за абразу Аляксандра Лукашэнкі, зьвязаную з абвінавачаньнямі ва ўчыненьні цяжкага злачынства (арт. 368, ч. 2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь -- "публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь"). Аляксандр Васільеў асуджаны яшчэ і за арганізацыю акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 1 траўня. Суд таксама пастанавіў канфіскаваць “на карысьць дзяржавы” кампутары, забраныя ў Леванеўскага і Васільева. Апрача гэтага, кожны з іх абавязны сплаціць судовыя выдаткі ў памеры 643 тыс. 278 рублёў (300 даляраў ЗША).
7 верасьня Вярхоўны суд пакінуў у сіле папярэджаньне, вынесенае Партыі камуністаў Беларускай Міністэрствам юстыцыі. Суд пагадзіўся з міністэрскімі чыноўнікамі, якія прыйшлі да высновы, што партыя ўдзельнічае ў незарэгістраванай кааліцыі “Пяцёрка-плюс” і заклікала людзей браць удзел у несанкцыянаваным пікеце салідарнасьці з газетай “Народная воля”. Кіраўніцтва партыі спрабавала даказаць, што гэтае папярэджаньне неабгрунтаванае, паколькі ПКБ не прымала рашэньняў ні аб уваходзе ў кааліцыю, ні аб удзеле ў акцыі. Вярхоўны суд не прызнаў гэтых аргументаў слушнымі. Лідэр ПКБ Сяргей Калякін лічыць, што гэта толькі пачатак наступу на апазіцыйныя палітычныя партыі: “Я разумею, навошта гэта зроблена. Наступным крокам будзе атака на партыі, забарона партыяў за тое, што яны стварылі, з пункту гледжаньня суда, незаконную кааліцыю”.
7 верасьня ў 21.00 усе чатыры беларускія тэлеканалы — БТ, “Лад”, ОНТ і СТВ — трансьлявалі зварот кіраўніка дзяржавы. У сваім тэлевізійным звароце Лукашэнка абвесьціў правядзеньне рэферэндуму, каб застацца прэзідэнтам на трэці тэрмін насуперак Канстытуцыі. Нагадаем, у 81-м артыкуле беларускай Канстытуцыі запісана: "Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў... Адна і тая ж асоба можа быць прэзідэнтам ня больш, чым два тэрміны". Як вядома, Аляксандр Лукашэнка ўжо двойчы абіраўся прэзідэнтам Беларусі – на выбарах 1994 і 2001 гадоў. Аляксандр Лукашэнка прызначыў рэферэндум на 17 кастрычніка, той самы дзень, калі адбудуцца выбары ў беларускі парламент. Фармулёўка пытаньня, якое выносіцца на рэферэндум, гучыць наступным чынам: "Ці дазваляеце Вы першаму Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку ўдзельнічаць ў якасьці кандыдата на Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзідэнта, і ці прымаеце частку першую артыкулу 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: "Прэзідэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на падставе ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і наўпроставага выбарчага права таемным галасаваньнем?".
7 верасьня на Кастрычніцкай плошчы Менску павінен быў прайсьці антытэрарыстычны мітынг у знак салідарнасьці з пацярпелымі падчас тэрактаў у Беслане. З гэтай нагоды на плошчы сабралі навучэнцаў некалькіх школаў і каледжаў гораду разам з выкладчыкамі, а таксама актывістаў БРСМ. У 21.00 перад сабранымі на ўсталяваным на плошчы тэлеэкране трансьляваўся зварот Лукашэнкі пра рэферэндум аб працягненьні прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Пасьля заканчэньня трансьляцыі два дзесяткі маладых людзей пачалі скандаваць “Ганьба!”. Да іх падбеглі супрацоўнікі АМАПу і міліцыі ў цывільным. У выніку быў затрыманы актывіст “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч, якога літаральна на руках унесьлі ў аўтобус і павезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну г. Менску.
7 верасьня стала вядома, што актывіста "Маладога Фронту" з Жодзіна Сяргей Савіча, які ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі, выключылі з акадэміі ўнутраных справаў. Кіраўніцтва акадэміі лічыць несумяшчальнымі навучаньне і палітычную дзейнасьць. Сяргей Савіч, які вучыўся на факультэце права, улетку браў удзел у акцыі пратэсту супраць разьмяшчэньня пад Ганцавічамі расійскай вайсковай радыёлакацыйнай станцыі. Цяпер займаецца выбарчымі справамі. Сяргей Савіч правучыўся ў міліцэйскай акадэміі два гады. Ён меў намер стаць дэпутатам Жодзінскага гарсавету і дапамагчы абрацца ў Палату прадстаўнікоў лідэру філіі “Маладога Фронту” Паўлу Красоўскаму.
8 верасьня Міжнародная Хельсінкская Федэрацыя асудзіла прысуд Валерыю Леванеўскаму і Аляксандру Васільеву. Выканаўчы дырэктар Федэрацыі Аарон Роўдз назваў судовы працэс у Гародні палітычна матываваным. Міжнародная Хельсінкская Федэрацыя адзначыла, што беларускія ўлады парушаюць права ствараць апазіцыйную партыю ды арганізоўваць страйкам.
8 верасьня актывіст “Маладога Фронту” Зьміцер Дашкевіч судом Цэнтральнага раёну г. Менску асуджаны на 10 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у мітынгу 7 верасьня на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Малады чалавек быў затрыманы падчас мітынгу і ўсю ноч правёў у сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку на вул. Акрэсьціна.
8 верасьня каля 20 гадзінаў у Жодзіне пры расклейцы ўлётак з надпісам “Супраць трэцяга тэрміну” быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі вучань 11 класу, сябра “Маладога Фронту” Яўген Валкавец. Пракурор г. Жодзіна В. Літвіненка палічыў, што сваімі дзеяньнямі Яўген парушыў ч.8 арт. 45 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, паколькі на ўлётках адсутнічалі выходныя дадзеныя, і ўзбудзіў у адносінах да маладафронтаўца адміністратыўную справу аб парушэньні арт. 167-3 КаАП. Матэрыялы справы накіраваныя ў суд.
8 верасьня, у Міжнародны дзень салідарнасьці журналістаў, прадстаўнікі расейскага тэлеканалу ОРТ уручылі прэміі імя Дзьмітрыя Завадзкага "За мужнасьць і прафесіяналізм" сваім беларускім калегам. Лаўрэатамі гэтай узнагароды сталі Марына Коктыш, інфармацыйнае агенцтва БелаПАН (кіраўнік Алесь Ліпай), Леанід Міндлін, Ірына Халіп.
8 верасьня ў Менску быў зьбіты праваабаронца Валеры Шчукін. Увечары на яго напалі два чалавекі і нанесьлі некалькі ўдараў па галаве. Нічога з рэчаў не было скрадзена. Сам Валеры Шчукін зьвязвае напад са сваімі выступамі супраць рэферэндуму аб працягненьні прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі.
9 верасьня восем чалавек затрыманыя за распаўсюд газеты “Зубр”: каардынатар руху “Зубр” Аляксей Шыдлоўскі, прэс-сакратар Аляксандр Атрошчанкаў, актывісты руху Надзея Халадзінская, Марына Лебедзева, Максім Громаў, Дар’я Малдаванава і Аляксандр Ушко. На ўсіх складзеныя пратаколы па арт. 172 КаАП (распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных).
9 верасьня адна з фракцыяў Еўрапейскага парламенту вылучыла беларускі моладзевы рух “Зубр” на прэмію Сахарава, якой парламент штогод узнагароджвае змагароў за правы чалавека ў сьвеце. Вось як патлумачыў гэтую намінацыю адзін з сяброў фракцыі “Саюз за Еўропу нацыяў”, польскі дэпутат Конрад Шыманскі: “Я думаю, што парушэньні правоў чалавека і палітычных правоў у Беларусі, каля межаў Еўрасаюзу, павінны быць сярод нашых прыярытэтаў. І гэта галоўная прычына намінаваць "Зубр" на гэтую ўзнагароду. Другая прычына – увогуле прыцягнуць увагу еўрапейскіх палітыкаў да падзеяў у Беларусі. На жаль, вельмі часта еўрапейскія палітыкі глядзяць удалечыню і ня бачаць, што ў адносінах да найбліжэйшых суседзяў мы маем вялікія праблемы, і адпаведна, вялікую адказнасьць".
9 верасьня ў Ісык-кулі падчас правядзеньня 2-й рэгіянальнай сустрэчы НДА Цэнтральнай Азіі і Еўропы "Грамадзянскія масты" адбылася кароткая сустрэча беларускіх праваабаронцаў з Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча з былым прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным. На пытаньне праваабаронцаў, як Б.Ельцын ставіцца да абвешчанага А.Лукашэнкам рэферэндуму аб магчымасьці для яго ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у трэці раз, былы расійскі прэзідэнт адказаў коратка: "Отрицательно. Менять Конституцию под себя — это недостойно для настоящего политика".
10 верасьня лідэр агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі абвясьціў галадоўку ў сьледчым ізалятары г. Гародні ў сувязі з тым, што яго перавялі ў другую камеру са значна горшымі ўмовамі, чым у той, дзе ён знаходзіўся раней.
10 верасьня амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі выказала вялікую занепакоенасьць у сувязі з нядаўнім судом і прысудам Аляксандру Васільеву і Валерыю Леванеўскаму. І “злачынства” – публікацыя вершу, і “пакараньне” -– два гады папраўчых работ — выглядаюць як грандыёзная маніпуляцыя беларускім правасудзьдзем, накіраваная на падаўленьне свабоды слова беларускіх грамадзянаў. Амбасаду таксама непакоіць тое, што судзьдзя не дазволіў прадстаўнікам абароны выклікаць сьведкаў. Ніводны працэс ня можа быць справядлівым, калі прадстаўнікам абароны не дазволена прадставіць свае аргументы і калі прадстаўлены толькі адзін пункт гледжання. Дзеяньні беларускіх судовых уладаў супраць гэтых двух палітычных дзеячоў выглядаюць палітычна матываванымі і выклікаюць сур’ёзныя сумненні наконт намеру беларускіх уладаў дазволіць адкрыты палітычны працэс напярэдадні парламенцкіх выбараў у Беларусі.
10 верасьня аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя "Міжнародная Амністыя" асудзіла прысуд, вынесены 7 верасьня старшыні агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валерыю Леванеўскаму і яго намесьніку Аляксандру Васільеву. "Міжнародная Амністыя" прызнала гэтых людзей вязьнямі сумленьня.
10 верасьня стала вядома, што паездка прадстаўніка АБСЕ па пытаньнях свабоды СМІ Міклаша Харашці ў Беларусь, якая была запланаваная на пачатак верасьня, можа ўвогуле не адбыцца. М.Харашці меў намер падчас візіту вывучыць сітуацыю з мас-медыя ў Беларусі і даць ёй ацэнку ў адмысловай справаздачы. Яшчэ ў пачатку ліпеня сп-р Харашці паведаміў міністру замежных справаў Беларусі, а таксама афіцыйнаму прадстаўніку Беларусі ў АБСЕ Віктару Гайсёнку пра свой намер наведаць Беларусь. У ліпені-жніўні ён неаднаразова абмяркоўваў дэталі візіту з прадстаўнікамі Беларусі ў Вене і беларускім МЗС у Менску. Па просьбе беларускіх уладаў візіт быў перанесены на больш позьні тэрмін – з тым, каб сумясьціць яго з правядзеньнем у Менску семінару па праблемах СМІ. Затым беларускі бок прапанаваў зьмяніць структуру семінару, аб’яднаўшы яго з іншай сустрэчай. Праз пэўны час семінар па праблемах СМІ быў наогул адменены. Тым ня менш, сп-р Харашці па-ранейшаму зьбіраўся наведаць Беларусь. Каб атрымаць уязную візу ў нашую краіну, прадстаўніку АБСЕ трэба дачакацца папярэдняй згоды ад афіцыйнага Менску. Аднак ніякага адказу на гэты конт ён не атрымаў. Нагадаем, што ў верасьні 2003 г. у падобнай сітуацыі апынуўся былы прадстаўнік АБСЕ па пытаньнях свабоды прэсы Ф. Дувэ, на чый візіт беларускія ўлады таксама не далі згоды."Адсутнасьць адказу на дыпламатычнай мове заўсёды абазначае адмову. Тое, што на працягу году прадстаўнікі АБСЕ па пытаньнях свабоды СМІ ня могуць трапіць у Беларусь, можна патлумачыць толькі тым, што сітуацыя са свабодай слова ў нас сапраўды крызісная", – так пракаментавала падзею старшыня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Жана Літвіна.
11 верасьня ў Гомелі супрацоўнікі мясцовага ўпраўленьня КДБ і міліцыі сарвалі семінар маладых сацыял-дэмакратаў, прысьвечаны рэферэндуму і парламенцкім выбарам. У актавай зале гатэлю “Кастрычніцкі”, дзе ладзіўся семінар, сьпецслужбы ўчынілі дагляд ягоных удзельнікаў. Асаблівую цікавасьць супрацоўнікі КДБ праявілі да госьця семінару, маладога сацыял-дэмакрата са Швецыі Альбэна Далена. Яго завялі ў асобны кабінет і здымалі на відэакамеру.
13 верасьня лідэр барысаўскага маладзёвага цэнтру "Волат" Зьміцер Бародка быў вымушаны напісаць заяву пра звальненьне з пасады гандлёвага прадстаўніка кандытарскай кампаніі "Ивкон". Заяву прымусіла пісаць кіраўніцтва кампаніі, якое паведаміла, што з таго часу, як іх супрацоўнік заявіў пра намер балатавацца ў дэпутаты, на кіраўнікоў кампаніі аказваецца моцны ціск з боку афіцыйных уладаў.
13 верасьня Польскі Сейм асудзіў парушэньні правоў чалавека ў Беларусі. “Польскі Сейм з занепакоенасьцю глядзіць на апошнія падзеі ў Беларусі, якія сьведчаць аб парушэньнях правоў чалавека і абмежаваньнях правоў беларускіх грамадзянаў”, гаворыцца ў заяве польскага Сейму. Польскія парламентары ўнесьлі ў тэкст дакументу канкрэтныя выпадкі, як забарона Беларускай партыі працы і ліквідацыя Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. У заяве гаворыцца, што ў камуністычныя часы падтрымка Захаду была вельмі важная для польскіх дэмакратычных сілаў, таму цяпер яны салідарызуюцца з тымі беларусамі, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў сваёй краіне.
13 верасьня кіраўніцтву трох беларускіх тэлеканалаў: Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі РБ, ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал, ЗАТ “Сталічнае тэлебачаньне” – Зінаіда Ганчар накіравала запыты з просьбай прадаставіць ёй магчымасьць 16 верасьня, у пятую гадавіну выкраданьня яе мужа Віктара Ганчара, выступіць на гэтых тэлеканалах. Зінаіда Ганчар чакае адказу ад службовых асобаў тэлеканалаў, на які яна мае права разьлічваць згодна з законам “Аб зваротах грамадзянаў”.
13 верасьня Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" накіравала лісты ўладам у сувязі з актам вандалізму на надмагільным помніку Народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу, пахаванаму на Вайсковых могілках у Менску. На помніку былі зробленыя надпісы чорнага колеру гатычным шрыфтам.
14 верасьня супрацоўнікі крымінальнага вышуку Цэнтральнага аддзелу міліцыі Менску спынілі каардынатараў моладзевага руху “Зубр” Аляксея Ляўковіча і Мікіту Сасіма на вуліцы і абшукалі іх. У сумках знайшлі некалькі асобнікаў газеты “Зубр”. Нягледзячы на тое, што хлопцы газетаў не распаўсюджвалі, міліцыянты склалі пратаколы за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Аляксея Ляўковіча суд аштрафаваў на 30 базавых велічыняў.
14 верасьня Салігорскі суд аштрафаваў удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі Яўгена Валадзько, Сяргея Ададурава і Вячаслава Сінгарава. Дзень таму ля будынку гарвыканкаму яны правялі пікет супраць рэферэндуму пра падаўжэньне прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Судзьдзя Салігорскага гарадзкога суда Тацяна Лапанік, якая разглядала справу, паведаміла, што акцыя на цэнтральнай плошчы гораду прызнаная незаконнай, і таму яе ўдзельнікі аштрафаваныя на 20 базавых велічыняў кожны.
14 верасьня прадстаўнікі Асамблеі дэмакратычных няўрадавых аб’яднаньняў прэзентавалі ў Менску кнігу “Сьведчаньні перасьледу беларускіх няўрадавых арганізацыяў”. У выданьні паведамляецца пра факты перасьледу няўрадавых арганізацыяў з боку ўладаў і нагадваюцца прозьвішчы чыноўнікаў, якія да гэтых фактаў спрычыніліся. За 2003-2004 гады беларускія суды розных інстанцыяў па просьбе Міністэрства юстыцыі ліквідавалі 56 няўрадавых арганізацыяў. Яшчэ 78 пад ціскам уладаў былі вымушаныя самаліквідавацца. Прадстаўнікі Асамблеі вырашылі сабраць у адной кнізе ўсе факты і прычыны ліквідацыі недзяржаўных аб’яднаньняў, а таксама апублікаваць новыя дакументы, якія сьведчаць аб сапраўдных прычынах ліквідацыі і адмове ў рэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў. Акрамя гэтага, у кнізе зьмешчаная частка службовай перапіскі міністра юстыцыі Віктара Галаванава з намесьнікам кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Алегам Праляскоўскім, які ўзначальвае адмысловую Камісію па рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў. Міністр называе Праляскоўскаму арганізацыі, якія можна зарэгістраваць (у асноўным спартовыя клубы), і якія рэгістраваць нельга (гэта пераважна арганізацыі, заснавальнікамі якіх зьяўляюцца апазіцыйна настроеныя грамадзкія дзеячы). Некаторыя арганізацыі, як, напрыклад, “Аб’яднаньне прадпрымальнікаў Магілёўскай вобласьці”, міністр Галаванаў просіць зарэгістраваць таму, што за яго хадайнічае старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Барыс Батура.
15 верасьня навучэнцаў Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа зноў намагаюцца пазбавіць памяшканьня. Міліцыянты разам з начальнікам менскага ЖЭС №5 наведалі кватэру, у якой дзеці атрымліваюць кансультацыі выкладчыкаў і робяць хатнія заданьні. Яны патрабавалі, каб дзеці пакінулі памяшканьне, але тыя не падпарадкаваліся. Кватэру ў доме на прасьпекце Францішка Скарыны арэндуе Віктар Савіцкі, бацька ліцэісткі Каці Раковіч. Дзеці прыходзілі на кватэру, каб сустрэцца там з выкладчыкамі для кансультацыяў. Жыхаркі пад’езду, калі даведаліся, што гэта навучэнцы таго самага закрытага ліцэю, напісалі заяву ў выканкам. Выкладчыкам яны патлумачылі, што дзеці ім не перашкаджаюць, але дакласьці пра гэта ўладам для іх — справа прынцыпу. Начальнік ЖЭС папярэдзіў, што абавязкова знойдзе доказы нямэтавага выкарыстаньня жыльля і на гэтай падставе выселіць арандатара.
15 верасьня Беларускі Хельсінкскі камітэт зьвярнуўся ў Вярхоўны суд з патрабаваньнем прызнаць дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі па выданьні Указу №431 "Аб прызначэньні рэспубліканскага рэферэндуму" неправамоцнымі і прызнаць дадзены Указ нядзейсным з моманту яго выданьня. БХК зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд, а таксама да Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, Вышэйшага гаспадарчага суда, Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь – да органаў, надзеленых правам звароту ў Канстытуцыйны суд, -- з просьбай узьняць пытаньне пра адпаведнасць Указу Канстытуцыі. Хельсінкскі камітэт нагадаў, што дзеяньні па зьменах канстытуцыйнага ладу і дасягненьню дзяржаўнай улады гвалтоўнымі метадамі, а таксам шляхам парушэньня законаў Рэспублікі Беларусь, могуць быць кваліфікаваныя як захоп альбо ўтрыманьне ўлады неканстытуцыйным шляхам.
16 верасьня “Задзіночаньне беларускіх студэнтаў” арганізавала акцыю "Шэсьце бяздомных студэнтаў", прысьвечаную актуальнай праблеме беларускага студэнта – праблеме інтэрнатаў. Акцыя "Шэсьце бяздомных стэдэнтаў" мела на мэце прыцягнуць увагу да праблемаў і недасканаласьці сістэмы адукацыі. Улады краіны робяць прыгожыя заявы з экранаў тэлевізараў пра штогадовае павелічэньне колькасьці студэнтаў з сельскай мясцовасьці. Пры гэтым нічога ня робіцца, каб забясьпечыць іх жыльлём на час навучаньня. Удзельнікі акцыі разам з сімваламі бяздомнага жыцьця (раскладушкамі, намётамі, спальнікамі, рондлямі, лямпамі, лыжкамі і г.д.) планавалі прайсьці па шляху Чыгуначны вакзал (прытулак бяздомных) – Фізічны корпус БДУ, БДПУ ім. М.Танка – Міністэрства адукацыі (вул. Савецкая 9). Але акцыя была перапыненая каля Фізічнага корпусу БДУ – супрацоўнікі міліцыі затрымалі некалькіх чалавек, якія несьлі раскладушку. Затрыманыя разам з раскладушкай былі дастаўленыя ў РУУС Цэнтральнага раёну г.Менску. Сярод затрыманых — Сяржук Семянюк, сябра Рады ЗБС, Юры Сідун, сістэмны адміністратар ЗБС, Алесь Васілеўскі. Ім прад’яўленае абвінавачаньне ў парушэньні артыкулу 166 Адміністратыўнага кодэксу – супраціўленьне патрабаваньням міліцыі.
16 верасьня галоўнага рэдактара гарадзенскай незалежнай газеты “Биржа информации” Алену Раўбецкую абвінавацілі ў распаўсюдзе зьвестак, зьневажаючых гонар і годнасьць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Алену Раўбецкую выклікалі ў Ленінскую раённую пракуратуру з нагоды публікацыі ў нумары за 9 верасьня, прысьвечанай абвешчанаму рэферэндуму. На журналістку заведзеная справа паводле артыкулу 172 ч.10 Адміністратыўнага кодэксу (распаўсюд зьвестак, зьневажаючых гонар і годнасьць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Па словах Алены Раўбецкой, прэтэнзіі былі прад’яўленыя да словаў яе матэрыялу: “Рэферэндум (а без яго трэцяга тэрміну не атрымаць), абвешчаны спадаром прэзідэнтам – гэта выклік грамадзтву. Трэба мець ня толькі адсутнасьць сумленьня, але і "панскую" пагарду да плебсу…". Справа адразу перададзеная ў суд. Алене Раўбецкай пагражае штраф ад 50 да 100 базавых велічыняў.
16 верасьня, у пятую гадавіну з дня гвалтоўнага выкраданьня віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Віктара Ганчара і кіраўніка фірмы "Красіка" Анатоля Красоўскага, каля Рэспубліканскай пракуратуры ў Менску затрыманыя праваабаронцы Тацяна Рэвяка (Праваабарончы цэнтр "Вясна") і Гары Паганяйла (Беларускі Хельсінкскі камітэт). Правабаронцы былі затрыманыя падчас акцыі, мэтай якой было патрабаваньне аб’ектыўнага расьсьледваньня абставінаў гвалтоўных выкраданьняў. Жонка Віктара Ганчара Зінаіда і праваабаронцы прыйшлі да Рэспубліканскай пракуратуры ў 8.30 – у той час, калі супрацоўнікі пракуратуры ідуць на працу. Тацяна Рэвяка раздавала супрацоўнікам пракуратуры кнігу "Беларусь: нераскрытыя злачынствы навейшай гісторыі", у якой надрукаваная справаздача сьпецыяльнага дакладчыка палітычнага камітэту ПАРЕ Хрыстаса Пургурыдэса "Пра зьніклых асобаў у Беларусі" з доказамі датычнасьці да злачынстваў прадстаўнікоў афіцыйных уладаў, у тым ліку і Генеральнага пракурора Віктара Шэймана. Праз дваццаць хвілінаў Тацяна Рэвяка і Гары Паганяйла былі затрыманыя супрацоўнікамі АМАПу і дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС г. Менску, дзе на іх былі складзеныя пратаколы па арт. 172.3 (распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных).
16 верасьня ўвечары на стужцы навінаў БЕЛТА зьявілася інфармацыя, што Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь накіравала ў Вярхоўны суд зыск аб ліквідацыі Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня "Беларускі Хельсінкскі камітэт". БХК абвінавачаны ў шматлікіх і сістэматычных парушэньнях Канстытуцыі, заканадаўства аб грамадзкіх арганізацыях і ўласнага Статуту. У чым абвінавачвае Міністэрства юстыцыі сяброў Хельсінкскага камітэту, яны ведаюць толькі з паведамленьня БЕЛТА, паколькі ніякіх афіцыйных папераў пакуль не атрымлівалі. Распавядае юрыст праваабарончай арганізацыі Алег Гулак: “Мінюст падкрэсьлівае, што БХК парушыў артыкулы 5, 52 і 53 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Артыкул 5 гаворыць, што ўсе партыі і грамадзкія аб’яднаньні дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і законаў, а дзейнасьць грамадзкіх аб’яднаньняў і партыяў, якія маюць за мэту прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці, забароненая. Якім чынам гэта датычыць нашай дзейнасьці – мы пакуль патлумачыць ня можам. У артыкуле 52 сказана, што кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны выконваць Канстытуцыю і законы, паважаць нацыянальныя традыцыі, у артыкуле 53 – кожны павінен паважаць годнасьць, правы і законныя інтарэсы іншых людзей. Тут, відаць, маецца на ўвазе, што мы правы прэзідэнта не паважаем. Што датычыць наступных абвінавачаньняў – у парушэньні артыкулаў 4 і 5 Закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, дзе гаворыцца, што мы павінны будаваць сваю дзейнасьць на падставе Канстытуцыі і Статуту, а таксама ня ўмешвацца ў дзейнасьць дзяржаўных органаў і службовых асобаў, то атрымліваецца, што мы гэта ўжо зрабілі – умяшаліся. Нам будзе цікава паглядзець, якім чынам у самой зыскавай заяве гэтыя абвінавачаньні будуць раскрытыя, якая будзе матывацыя”. Алег Гулак упэўнены, што Мінюст таксама разумее, што такія абвінавачаньні проста “прыцягнутыя за вушы”, таму ў яго выклікае зьдзіўленьне сьцьверджаньне пра “сістэматычнае” парушэньне грамадзкім аб’яднаньнем заканадаўства. Праваабаронца гаворыць, што чыноўнікам з Мінюсту павінна быць добра вядома, што з 1995 году, за 9 гадоў свайго існаваньня, арганізацыя мела толькі 2 папярэджаньні, апошняе з якіх — летам 2003 году, якое ўжо ня мае ніякай юрыдычнай сілы, і гэта нельга лічыць "сістэматычным". “Праблемы з падаткамі, якія БХК меў на працягу мінулага году, мы пераадолелі, дабіліся прызнаньня нашага права праз суд, таму гэта проста лухта і мана, што мы сістэматычна парушаем заканадаўства, — гаворыць Алег Гулак. — Акрамя таго, бачачы, што і гэтага недастаткова, Мінюст сьцьвярджае, што дзейнасьць БХК “ня мае нічога агульнага з умацаваньнем дэмакратыі, абаронай правоў і свабодаў грамадзянаў, што супярэчыць прынцыпам, сфармуляваным у заключным акце паседжаньня па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Еўропе і мэтам, да якіх імкнецца АБСЕ”. Па ўсім бачна, суду было відавочна, што гэтую справу разглядаць будзе цяжка, і ён вырашыў вярнуць зыск на дапрацоўку”.
16 верасьня, у пятую гадавіну выкраданьня Віктара Ганчара ягоная жонка Зінаіда Ганчар накіравала зварот да прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. У звароце гаворыцца: “Паважаны Уладзімір Уладзіміравіч! Падзеі, якія адбыліся ў Расіі за апошні час, не пакінулі абыякавымі нікога, у тым ліку і маю сям’ю. Я і мой сын нарадзіліся ў Расіі, там да гэтага часу жыве мая маці, таму ўсё, што там адбываецца, мы прапускаем праз сваё сэрца. Нам як нікому зразумелыя боль і пакуты людзей, якія перажылі тэракты і страцілі сваіх блізкіх. Вось ужо пяць гадоў, як мы, родныя і блізкія Віктара Ганчара, выкрадзенага 16 верасьня 1999 году, знаходзімся ў становішчы закладнікаў палітычнага тэрору, які ажыцьцяўляецца ў адносінах да нашай сям’і. Вось ужо пяць гадоў мы намагаемся знайсьці адказы на пытаньні: дзе наш муж, бацька і сын, які ягоны лёс і хто вінаваты ў ягоным выкраданьні. Усе гэтыя гады мы сутыкаемся з глухой сьцяной маўчаньня і бязьдзеяньня з боку беларускага кіраўніцтва і праваахоўных органаў краіны. Просім Вас як чалавека, які мае вялікі аўтарытэт у сьвеце, чалавека, які сваімі вачыма бачыў сьлёзы, боль і пакуты, чалавека, у якога ёсьць сям’я і дзеці, выкарыстаць свае магчымасьці дзеля аказаньня дапамогі ў найцяжэйшай для нас сітуацыі”.
16 верасьня ў Стакгольме каля будынку парламента Швецыі прайшоў пікет з нагоды пяці гадоў зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Пікет арганізавалі беларусы, якія жывуць у гэтай краіне. Разам з імі ў пікеце, які працягваўся гадзіну, у знак салідарнасьці знаходзіліся і дэпутаты швецкага парламенту Сесілія Вігстром ад Ліберальнай партыі, Лейф Бьёрнлуд ад Партыі зялёных і сацыял-дэмакрат Урбан Алін, старшыня парламенцкай камісіі па міжнародных справах. У руках удзельнікі акцыі трымалі партрэты зьніклых, нацыянальныя сьцягі, а мінакам раздавалі ўлёткі з інфармацыяй пра зьніклых беларускіх палітыкаў – апанентах сёньньяшняму рэжыму. Як заявіла Сесілія Вігстром, якая тройчы была ў Беларусі, швецкія палітыкі заклапочаныя сітуацыяй у краіне.
16 верасьня ў Салігорску падчас акцыі, прымеркаванай да пятай гадавіны зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, былі затрыманыя Яўген Валадзько і Уладзімір Пятровіч, якіх даставілі ў Салігорскі ГРУУС, дзе былі складзеныя пратаколы пра адміністратыўнае правапарушэньне.
У ноч з 16 на 17 верасьня ў Менску ў раёне вул. Раманаўская слабада за расклейку самаробных улётак супраць рэферэндуму затрыманыя Аляксей Чарняеў і Алена Валынец-Чарняева. Яны былі дастаўленыя ў РУУС Маскоўскага раёну, дзе быў складзены пратакол па арт.143 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях (антысанітарыя). Праз гадзіну затрыманых адпусьцілі.
17 верасьня таварыства “Альянс-медыя”, заснавальнік газеты “Обозреватель”, зьвярнулася ў суд Ленінскага раёну Менску з зыскам аб кампенсацыі каля 1 мільёну рублёў дадатковых судовых выдаткаў па справе, зьвязанай з артыкулам у недзяржаўнай газеце “Народная воля” “Как “Обозреватель” Сергея Атрощенко по-бандитски обошелся с Леонидом Левиным”. У лютым суд Ленінскага раёну Менску часткова задаволіў зыск Сяргея Атрошчанкі да “Народнай волі”. Газета зьвярнулася з касацыйнай скаргай, якую суд не задаволіў. Таварыства “Альянс-медыя”, якім валодае Сяргей Атрошчанка, сьцьвярджае, што судовыя выдаткі ў выніку разгляду касацыйнай скаргі склалі 836 тысячаў рублёў, і хоча спагнаць іх з “Народнай волі”.
17 верасьня ў Магілёве за распаўсюд друкаванай прадукцыі затрыманыя актывісты маладзёвага руху “Зубр” Мікалай Ільін, Яўген Сувораў і яшчэ адзін непаўнагадовы. Яны былі затрыманыя пасьля таго, як раздалі газеты “Зубр” ва ўніверсітэце. У Цэнтральным РУУС г.Магілёву ў адносінах “зуброўцаў” былі складзеныя пратаколы па арт.172 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях (распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных). Супрацоўнікі міліцыі сказалі затрыманым, каб чакалі позваў у суд і паведамілі, што падчас таго, як яны раздавалі газеты, вяліся аператыўная відэаздымкі.
17 верасьня восем актывістаў моладзевага руху “Зубр” былі затрыманыя падчас канцэрту Вячаслава Бутусава ў Менску. Дар’я Малдаванава, Аляксандр Ушка, Мікіта Сасім, Максім Громаў затрыманыя за тое, што падчас выступу рок-музыканта ўзьнялі тры сьцягі з лагатыпам руху “Зубр”. Алена Корбач, Зінаіда Крыванос, Арцём Салаўёў былі затрыманыя за распаўсюд газеты “Зубр”.
17 верасьня Камітэт па юрыдычных пытаньнях і правах чалавека Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы і Генеральны сакратар ПАРЕ Тэры Дэвіс падвергнулі рэзкай крытыцы дзеяньні беларускіх уладаў у сувязі з затрыманьнем 16 верасьня ў Менску Тацяны Рэвякі і Гары Паганяйлы, актывістаў-праваабаронцаў, якія распаўсюджвалі даклад ПАРЕ пра асобаў, зьніклых бяз зьвестак. Паводле меркаваньня Генеральнага сакратара ПАРЕ, арышты праваабаронцаў – парушэньне свабоды выказваньня і распаўсюду інфармацыі ў Беларусі. "Такія дзеяньні могуць прывесьці толькі да далейшай ізаляцыі краіны ад еўрапейскай і сусьветнай супольнасьці”, — заявіў Генеральны сакратар.
18 верасьня на плошчы Бангалор у Менску адбыўся мітынг пратэсту арганізаваны рэлігійным аб’яднаньнем цэркваў Хрысьціянаў поўнага Евангельля. Для ўдзелу ў акцыі ў Менск прыехалі вернікі з Гародні, Ліды, Барысаву, Вілейкі, Мазыра, Осіповічаў, Дзяржынску і іншых гарадоў Беларусі. На мітынгу пратэставалі супраць закону аб свабодзе сумленьня, які быў прыняты Палатай прадстаўнікоў у чэрвені 2002 году. Вернікі лічаць новы Закон дыскрымінацыйным, паколькі ён істотна абмяжоўвае правы грамадзянаў на вызнаньне і пропаведзь любога рэлігійнага вучэньня ў Беларусі. Сход пратэсту на плошчы Бангалор адбыўся пад лозунгамі: “Конституция -- основной закон!”, “Залы, из которых нас выгнали – пустуют!”, “Свободу распространению Евангелия!”, “Чиновник не закон, а слуга!”, “ДА Конституции! НЕТ произволу!”.
19 верасьня за распаўсюд улётак на Калгасным рынку ў Лідзе быў затрыманы адзін з сыноў старшыні агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага. Дзьмітрый Леванеўскі быў дастаўлены ў дзяжурную частку Лідзкага РУУС, дзе ўчастковы іньспектар правёў асабісты дагляд Дзьмітрыя Леванеўскага. Супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі ў Дзьмітрыя ўсю друкаваную прадукцыю (бюлетэнь “Прадпрымальнік” і ўлёткі).
20 верасьня амбасада Італіі ў Менску, якая зьяўляецца прадстаўніцтвам Еўрасаюзу ў Беларусі, выступіла з заявай, у якой выказвае занепакоенасьць асуджэньнем Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева за нібыта абразу Аляксандра Лукашэнкі. Прадстаўніцтва Еўрасаюзу ў Менску разглядае гэты выпадак як “дыспрапорцыю паміж правапарушэньнем і пакараньнем” і нагадвае, што суд не дазволіў асуджаным выклікаць на працэс сваіх сьведкаў, якія маглі б іх абараніць. Прадстаўніцтва Еўрасаюзу паставіла пад сумнеў дакладнае выкананьне прававых нормаў справядлівага судовага працэсу. Сам працэс у Гародні ацэнены як “палітычна матываваная акцыя з мэтай атакі на свабоду выказваньняў і на грамадзянскія правы насельніцтва Беларусі”.
20 верасьня Вольга Завадзкая падала ў суд на Рэспубліканскую пракуратуру, якая праігнаравала яе патрабаваньне ўзбудзіць крымінальную справу “па наноў адкрыўшыхся абставінах” па справе гвалтоўнага выкраданьня яе сына Дзьмітрыя Завадзкага. Нагадаем, што Вольга Завадзкая падала заяву ў Рэспубліканскую пракуратуру з патрабаваньнем узбудзіць крымінальную справу “па наноў адкрыўшыхся абставінах” пасьля прэс-канферэнцыі А. Лукашэнкі 20 ліпеня, падчас якой кіраўнік дзяржавы абвесьціў, што валодае матэрыяламі, якія маглі б пераўтварыць “справу Завадзкага” ў “антысправу”.
20 верасьня суд Ленінскага раёну Гародні вынес рашэньне пра спагнаньне штрафу ў памеры 10 базавых адзінак (180 тыс. руб.) у адносінах кіраўніка рэгіянальнага прадстаўніцтва прафссаюзу работнікаў РЭПАМ па Гарадзенскай вобласьці Івана Рамана. Прафсаюзны актывіст быў затрыманы 3 жніўня за распаўсюд бюлетэня прафсаюзу. Суд палічыў, што Іван Раман парушыў арт.167-10 КаАП РБ (дзеяньні ад імя арганізацыі, якая не прайшла рэгістрацыю).
20 верасьня ў Гарадзенскі гарвыканкам пададзеная заяўка на пікет, мэта якога — інфармаваць гараджанаў аб узмацненьні ціску на незалежную прэсу Беларусі. Заяву падаў ад імя сяброў “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Павел Мажэйка. Паводле яго, падставай для яе стала адміністратыўная справа супраць галоўнага рэдактара газеты “Биржа информации” Алены Раўбецкай. Яе абвінавачваюць у парушэньні патрабаваньняў артыкулу 5 Закону аб друку, якім не дапускаецца выкарыстаньне сродкаў масавай інфармацыі для распаўсюду зьвестак, якія зьневажаюць гонар і годнасьць прэзідэнта краіны.
20 верасьня віцебскія сябры КХП-БНФ Уладзімір Плешчанка, Аляксандр Салаўян і Барыс Хамайда праводзілі ў цэнтры гораду другі пікет супраць выбараў і рэферэндуму 17 кастрычніка. Міліцыянты з Чыгуначнага РУУС перапынілі акцыю праз гадзіну ад яе пачатку, забраўшы ў пастарунак усіх трох удзельнікаў. На кожнага з пікетоўцаў быў складзены пратакол затрыманьня, з якога вынікае, што яны парушылі закон аб правядзеньні вулічных акцыяў, зладзіўшы ў цэнтры гораду несанкцыянаваны пікет.
20 верасьня звольнілі з працы Ніну Буйніцкую, намесьніцу галоўнага рэдактара шклоўскай раённай газеты "Ударны фронт" (заснавальнік – Шклоўскі райвыканкам). Паводле словаў галоўнага рэдактара выданьня Аляксандра Бялясава, яна пакінула працу "па ўласным жаданьні". У той жа час, па інфармацыі службы маніторынгу БАЖ, прычынай звальнення стала публікацыя "неправеранага матэрыялу". У нумары за 18 верасьня ў газеце "Ударны фронт" быў надрукаваны ліст чытача за подпісам "Б.Касьцюк, ветэран працы". Пасланьне было зьмешчанае пад загалоўкам "Рэферэндум – правільнае рашэньне": аўтар ліста горача выказваўся ў падтрымку ідэі плебісцыту і ўхваляў імкненьне А. Лукашэнкі зьвярнуцца да народу. "Б. Касьцюк, ветэран працы" дадаў да ліста вершаваны зварот да кіраўніка дзяржавы, у якім выказваў яму сваю падтрымку. Аднак пасьля выхаду газеты высьветлілася, што апублікаваны паэтычны твор зьяўляецца "акравершам": першыя літары ўтвараюць асобны сказ, зьмест якога кардынальна адрозьніваецца ад зьместу самога пасланьня "Б. Касьцюка". Адказнасьць за зьяўленьне публікацыі ўсклалі на спн. Буйніцкую, паколькі галоўны рэдактар выданьня ў той момант адсутнічаў. Цяпер раённае кіраўніцтва шукае аўтара скандальнага пасланьня. Пошукі ўскладняюцца тым, што ў рэдакцыі згубілі канверт ад ліста, які, да таго ж, быў набраны на друкарскай машынцы.
21 верасьня ўпраўленьні юстыцыі абласных выканкамаў распачалі пазапланавыя праверкі арганізацыйных структураў Партыі БНФ. Па дадзеных Управы Партыі БНФ, у гэты дзень праверкам падвергліся больш за 10 арганізацыйных структураў партыі. Правяраючых з упраўленьняў юстыцыі найперш цікавілі пратаколы аб вылучэньні дэлегатаў на зьезд Партыі БНФ, на якім прымаліся рашэньні аб вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Адначасова з гэтым, на адрас Сойму Партыі БНФ паступіў ліст з Міністэрства юстыцыі за подпісам міністра В.Р. Галаванава, у якім гаворыцца, што “ў сувязі са службовай неабходнасьцю” партыі прапануецца ў трохдзённы тэрмін прадаставіць усе дакументы, датычныя зьезду партыі. Варта адзначыць, што Партыя БНФ па запыце Міністэрства юстыцыі ўжо прадастаўляла дакументы адносна з’езду, які адбыўся 29.08.2004 г. Акрамя таго, сам зьезд праходзіў пад пільным кантролем прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі Н. Фішкінай і А. Харытона. Вельмі паказальна, што Міністэрства юстыцыі распачало дадзеныя праверкі менавіта падчас правядзеньня выбарчай кампаніі. Сітуацыю каментуе сакратар Управы Партыі БНФ Уладзімір Лабковіч:“Учора я і старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка былі выкліканыя на размову да намесьніка начальніка ўпраўленьня па справах грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі сп. Сьліжэўскага. У асноўным размова датычылася дзейнасьці грамадзкай ініцыятывы “Пяцёрка-плюс”. Спадар Сліжэўскі некалькі разоў падкрэсьліў, што Міністэрства юстыцыі жадае канструктыўна супрацоўнічаць з палітычнымі партыямі, не выказваў ніякіх прэтэнзіяў да дзейнасьці Партыі БНФ. Таму мы са зьдзіўленьнем успрынялі патрабваньні Міністэрства юстыцыі, тым больш, што дадзеныя аб пераліку арганізацыйных структураў партыі мы прадстаўляем Міністэрству юстыцыі ўжо трэці раз за бягучы год. У мяне складаецца ўражаньне, што камусьці любымі шляхамі і метадамі хочаццца прызнаць вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты ад нашай партыі несапраўдным. Напэўна, улады не задаволеныя колькасьцю зарэгістраваных кандыдатаў ад дэмакратычных партыяў”.
21 верасьня дзьверы віцебскага офісу партыі БСДГ, у якім звычайна праводзіліся нарады віцебскай ініцыятывы “Дзеля абароны Канстытуцыі”, аказаліся апячатаныя. Пячаткі былі і на дзьвярах офісаў БСДП (Народная грамада) і АГП, якія месьцяцца ў тым самым будынку па вуліцы Герцэна. Яшчэ ў чэрвені віцебскія партыйцы атрымалі афіцыйныя лісты ад кіраўніцтва будаўнічага трэсту №9, якому належыць гэты будынак, дзе паведамлялася пра скасаваньне арэндных дамоваў. Асобныя прадстаўнікі будаўнічае арганізацыі, не называючы канкрэтных імёнаў, прызнаваліся ў тым, што “выселіць” з ведамаснага памяшканьня палітычныя партыі ім загадалі з гарвыканкаму. Але тады сітуацыю давялося выправіць юрыстам, якія давялі, што гэткае скасаваньне дамоваў ня мае законнае сілы. Цяпер, калі ў горадзе стала шырока вядома пра зьяўленьне грамадзянскай ініцыятывы, створанай дзеля супрацьстаяньня абвешчанаму Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндуму, віцебскія партыйцы ўжо ня ўпэўненыя, што стасункі з кіраўніцтвам будтрэсту №9 можна будзе ўрэгуляваць такім самым “мірным” шляхам. Прынамсі, нараду з прадстаўнікамі рэгіёнаў, якія зьехаліся ў Віцебск, давялося праводзіць проста на вуліцы.
21 верасьня галоўнаму рэдактару недзяржаўнай газеты "Ганцавіцкі час" Пятру Гузаеўскаму (ТАА “Выдавецкі дом "Інтэкс-прэс") адмовілі ў праве на атрыманьне інфармацыі. У гэты дзень ён прыйшоў на адкрытае паседжаньне 10-й сесіі раённага Савету дэпутатаў, на парадку дня якой было пытаньне добраўпарадкаваньня гораду Ганцавічы і раёну. Аднак старшыня Савету дэпутатаў Барыс Асаўцоў, прэзентуючы мясцовых дэпутатаў і гасьцей сесіі, у самым пачатку паседжаньня зьвярнуў увагу прысутных на тое, што ў зале знаходзіцца рэдактар недзяржаўнай газеты. Ён жа прапанаваў вырашыць пытаньне прысутнасьці журналіста на сесіі шляхам галасаваньня. За тое, каб дазволіць П. Гузаеўскаму прысутнічаць на паседжаньні, не прагаласаваў ніхто; супраць — пяцёра (у зале прысутнічалі каля ста чалавек). За выдаленьне журналіста з залы актыўна выступаў старшыня Ганцавіцкага райвыканкаму Уладзімір Столяр, а начальнік Ганцавіцкага РАУС пагражаў сп-ру Гузаеўскаму адміністратыўнай адказнасьцю. Аргументы журналіста наконт таго, што ён выконвае свае прафесійныя абавязкі, не былі ўлічаныя. У той жа час, карэспандэнты раённай газеты "Советское Полесье" прысутнічалі на сесіі раённага Савету дэпутатаў ад пачатку да канца. Аналагічны выпадак з адмовай П. Гузаеўскаму ў інфармацыі адбыўся 28 жніўня. Міліцыя не дазволіла журналісту прысутнічаць на раённай канферэнцыі работнікаў адукацыі, што праходзіла ў будынку сярэдняй школы №3.
22 верасьня суд Ляхавіцкага раёну Берасьцейскай вобласці задаволіў зыск карэспандэнта недзяржаўнай газеты "Ганцавіцкі час" Соф’і Ясько супраць рэдакцыі раённай газеты "Советское Полесье" і яе галоўнага рэдактара Галіны Мазінай. Суд прызнаў, што афіцыйнае раённае выданьне распаўсюдзіла несапраўдныя зьвесткі, якія зневажаюць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю журналісткі недзяржаўнай газеты. Нагодай для зыску, які журналістка спачатку падала ў суд Ганцавіцкага раёну, стаў артыкул Г. Мазінай "Оглянись на себя, или О бревне в собственном глазу и куриной слепоте", які зьявіўся 19 траўня 2004 г. у газеце "Советское Полесье". Аўтарка публікацыі абвінавачвала карэспандэнтку недзяржаўнага выданьня ў маральнай нягрэблівасьці, непрафесіяналізме, непавазе да дзяржаўных сімвалаў і г.д. Адбылося некалькі судовых паседжаньняў, пасьля чаго слуханьні былі перанесеныя ў суд Ляхавіцкага раёну і абвешчаныя закрытымі. У выніку суд Ляхавіцкага раёну пад старшынствам А.І. Гушчына абавязаў рэдакцыю газеты "Советское Полесье" і Г. Мазіну апублікаваць абвержаньне артыкулу на першай паласе выданьня і прынесці Соф’і Ясько і чытачам газеты прабачэньні. Акрамя гэтага, суд пастанавіў спагнаць на карысьць С. Ясько з "Советского Полесья" і Галіны Мазінай па 49 тысячаў рублёў на кампенсацыю судовых выдаткаў. Рашэньне можа быць абскарджанае напрацягу 10 дзён у Берасьцейкі абласны суд.
22 верасьня падчас пікету ля Віцебскага райвыканкаму міліцыянты затрымалі сяброў КХП-БНФ Уладзіміра Плешчанку, Аляксандра Салаўяна і Барыса Хамайду, якія агітавалі байкатаваць выбары і рэферэндум 17 кастрычніка. З Чыгуначнага РУУСу Віцебску іх павезьлі ў суд, адкуль спадара Хамайду неўзабаве адпусьцілі: ён не пасьпеў разгарнуць плакат, і сьведкі-міліцыянты ня мелі аргументаў, каб давесьці ягоны ўдзел у пікетаваньні. Падставаю для пакараньня стаў плакат: “Пустыя выбарчыя ўчасткі — найлепшы сродак супраць фальсіфікацыяў”. Судзьдзя Алена Грабянчук прызнала Уладзіміра Плешчанку вінаватым у несанкцыянаваным пікетаваньні і прысудзіла яму штраф 160 базавых велічыняў — каля 3 мільёнаў рублёў. Аляксандру Салаўяну загадана зьявіцца ў суд 27 верасьня.
23 верасьня каля 18 гадзінаў у Берасьці быў затрыманы пры раздачы ўлётак “Скажы Лукашэнку НЕ” непаўнагадовы Аляксандр Ражалоўскі. Малады чалавек быў дастаўлены ў РУУС Маскоўскага раёну г. Берасьця, дзе ягонай справай займаліся трое супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, а таксама прадстаўнік камісіі па справах непаўнагадовых ст. лейтэнант Наталя Кадзенская. Намесьнік начальніка РУУС Віталь Базылевіч загадаў скласьці на Аляксандра Ражалоўскага пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні па арт. 172-3 (распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных, зьмест якіх накіраваны на нанясеньне шкоды дзяржаўнаму і грамадзкаму ладу, правам і законным інтарэсам грамадзянаў). Справа перададзеная на разгляд у камісію па справах непаўнагадовых.
23 верасьня Вярхоўны суд вярнуў на дапрацоўку зыск Мінюсту супраць Беларускага Хельсінкскага камітэту. Два тыдні даў Вярхоўны суд Беларусі чыноўнікам Мінюсту на дапрацоўку іх зыску. Праваабаронцы лічаць гэта сьведчаньнем неабгрунтаванасьці прэтэнзіяў да іх з боку ўстановы, якая рэгіструе грамадзкія арганізацыі. У Вярхоўным судзе Беларусі вырашылі, што зыск Міністэрства юстыцыі да Беларускага Хельсінкскага камітэту аформлены неналежным чынам. Тыдзень таму Мінюст зьвярнуўся ў Вярхоўны суд з просьбай ліквідаваць Беларускі Хельсінкскі камітэт нібыта з прычыны “парушэньняў Канстытуцыі, Закону аб грамадзкіх арганізацыях і ўласнага Статуту”. Гэтыя парушэньні адмыслоўцы Мінюсту ўбачылі ў звароце БХК да грамадзянаў краіны з заклікам “сказаць “не” рэферэндуму”. У БХК прэтэнзіі Мінюсту адразу назвалі неабгрунтаванымі. Старшыня БКХ Тацяна Процька ня лічыць, што цяперашняе рашэньне Вярхоўнага суда сьведчыць пра тое, што ўлады вырашылі зусім адчапіцца ад БХК.
23 верасьня ў Берасьцейскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнага пратэсту пракуратуры Маларыцкага раёну на рашэньне Маларыцкага раённага суда па справе абароны дзелавой рэпутацыі Партыі БНФ. На пачатку працэсу прадстаўнік Партыі БНФ Валянцін Стэфановіч заявіў тры хадайніцтвы, у тым ліку і пра прагляд відэастужкі з выступам С. Строка, і менавіта гэтае хадайніцтва “за-за адсутнасьці тэхнічных магчымасьцяў” было адхіленае. Валянцін Стэфановіч у сваім выступе падкрэсьліў, што Партыя БНФ лічыць рашэньне суда Маларыцкага раёну абсалютна законным, абгрунтаваным, а касацыйны пратэст не павінен быць задаволены, выказаўшы па кожным з пунктаў гэтага пратэсту абсалютна юрыдычна абгрунтаваныя пярэчаньні. Прадстаўніца пракуратуры падтрымала пратэст у сваім выступе, але абгрунтаваньні яе былі не зусім зразумелыя нават юрыстам, але сэнс зразумелы – Сяргей Строк не вінаваты, ён хацеў удакладніць свае словы, але яму проста не далі. Пасьля перапынку было зачытанае рашэньне касацыйнай інстанцыі: задаволіць пратэст пракуратуры Маларыцкага раёну, адмяніць рашэньне суда, а таксама цалкам адмовіць Партыі БНФ у задавальненьні зыскавых патрабаваньняў. Каментуе Валянцін Стэфановіч: “Гэта цалкам палітычна матываванае рашэньне. А пэўная інфармацыя з Маларыты дазваляе апасацца за далейшы лёс і працу судзьдзі Барычэўскага, які прыняў справядлівае рашэньне па гэтай справе ў ліпені. З сёньняшняга рашэньня Берасьцейскага абласнога суда лагічна выцякае, што Партыя БНФ сапраўды супрацоўнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны з фашысцкай Германіяй. Мы, безумоўна, будзем абскарджваць гэтае рашэньне на імя старшыні Берасьцейскага абласнога суда, а калі ён не задаволіць нашую скаргу – на імя старшыні Вярхоўнага суда. Гэта проста абуральна і якрава падкрэсьлівае залежнасьць судовай сістэмы, якую мы маем сёньня ў нашай краіне”.
23 верасьня амбасада Беларусі ў Расіі зьвярнулася да кіраўнікоў і карэспандэнтаў расійскіх СМІ з нагоды асьвятленьня імі кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і правядзеньні рэферэндуму. Беларускі бок "з жалем канстатаваў", што "асобныя расійскія журналісты выкарыстоўваюць і прэзентуюць у сваіх рэпартажах неаб’ектыўную інфармацыю пра падзеі, што адбываюцца сёньня ў Беларусі". Аўтары звароту выказалі надзею, што ў будучым гэтыя журналісты будуць "праяўляць карэктнасьць і ўзважанасьць пры асьвятленьні падрыхтоўкі да парламенцкіх выбараў і рэферэндуму... і працэсу беларуска-расійскай інтэграцыі". "Выклікае зьдзіўленьне, што некаторыя карэспандэнты актыўна "рэтрансьлююць" пункт гледжаньня беларускіх апазіцыянераў, якія ня маюць рэальнай падтрымкі сярод насельніцтва і не адлюстроўваюць грамадзкае меркаваньне ў краіне, — гаворыцца ў звароце. -- Нам уяўляецца дзіўным бачыць на старонках газетаў і тэлеэкранах людзей, якія не хаваюць сваіх антырасійскіх настрояў, якія негатыўна ацэньваюць палітыку цяперашняга расійскага кіраўніцтва ў дачыненьні да Беларусі", — падкрэсьліваюць аўтары дакументу. "Разьлічваем, што ў далейшым у аналізе дачыненьняў паміж нашымі краінамі ўсе сродкі масавай інфармацыі (як расійскія, так і беларускія) будуць несьці канструктыўны, аб’ядняўчы пачатак", — гаворыцца ў звароце беларускай амбасады да расійскіх СМІ.
23 верасьня Міхаілу Марынічу прад’яўленыя два новых абвінавачаньні – па ч. 2 арт. 377 (раскраданьне ці пашкоджаньне дакументаў, штампаў, пячатак) і па ч.4 арт. 210 (крадзёж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьненымі арганізаванай групай ці ў асабліва вялікім памеры) Крымінальнага кодэксу. Пра гэта паведаміла адвакатка М. Марыніча Вера Страмкоўская. Яе падабароннаму, у прыватнасьці, ставіцца ў віну крадзёж дакументаў, якія быццам бы ўяўляюць дзяржаўную таямніцу, а таксама авалодваньне аргтэхнікай, якая была бязвыплатана перададзеная ў часовае карыстаньне ўзначальваемай М. Марынічам грамадзкай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя “Дзелавая ініцыятыва”. Нагадаем, што раней М. Марынічу было прад’яўленае абвінавачаньне па ч.2 арт. 295 (незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, баезапасаў і ўзрыўных рэчываў) Крымінальнага кодэксу. Па словах В. Страмкоўскай, прад’яўленьне двух новых абвінавачаньняў стала для яе падабароннага поўнай нечаканасьцю. М. Марыніч, паведаміла яна, проста на пастанове напісаў свой пратэст і адмовіўся даваць паказаньні, паколькі лічыць, што дадзеныя дзеяньні “маюць палітычны матыў” і перасьледуюць мэту не дапусьціць ягонага ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2006 году. Такое адбудзецца, калі М.Марыніч будзе асуджаны нават умоўна. Як лічыць адвакат, усе абвінавачаньні, прад’яўленыя М. Марынічу, “ня маюць пад сабой глебы і неабгрунтаваныя”. У прыватнасьці, па яе словах, тэрмін сакрэтнасьці дакументаў, знойдзеных у яго, даўно выйшаў, а што датычыць аргтэхнікі, то яна зьяўляецца маёмасьцю амбасады ЗША, якая ніякіх абвінавачаньняў супраць палітыка не вылучала. Зараз, адзначыла В. Страмкоўская, амбасада ЗША будзе праходзіць па гэтай справе як пацярпелы бок. Адвакат нагадала, што 26 верасьня сыходзіць тэрмін утрыманьня М.Марыніча пад вартай. Аднак яго, хутчэй за ўсё, працягнуць, пакольку вылучаныя супраць палітыка абвінавачаньні па ч.4 арт. 210 КК зьяўляюцца цяжкімі, і санкцыя прадугледжвае тэрмін пазбаўленьня волі ад 7 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.
23 верасьня Салігорскі гарвыканкам забараніў Незалежнаму прафсаюзу гарнякоў РУП “ПО “Беларуськалий” праводзіць пікет супраць парушэньня правоў незалежных прафсаюзаў.
24 верасьня Валерыя Шчукіна затрымалі за распаўсюд улётак супраць датэрміновага галасаваньня. Вядомы апазіцыянер распаўсюджваў улёткі ў віцебскім мікрараёне Поўдзень-3. Паводле словаў спадара Шчукіна, ён надрукаваў іх за ўласныя грошы накладам 290 асобнікаў. Але міліцыянты завезьлі яго ў Першамайскі РАУС, дзе палічылі неабходным скласьці пратакол пра парушэньне грамадзкага парадку, абвінаваціўшы апазіцыянера ў незаконным распаўсюдзе незарэгістраваных выданьняў. Разьбіральніцтва гэтага інцыдэнту будзе праводзіць раённая адміністратыўная камісія, дату паседжаньня якой міліцыянты спадару Шчукіну пакуль не назвалі. Але далучылі да пратаколу ў якасьці “рэчавых доказаў” адабраныя 137 улётак. На думку Валерыя Шчукіна, менавіта іх зьмест прыцягнуў увагу міліцыянтаў, якія вырашылі любым шляхам перапыніць пашырэньне пададзеных там зьвестак: ва ўлётках гаварылася пра магчымыя фальсіфікацыі падчас папярэдняга галасаваньня, а таксама пра тое, якіх кандыдатаў па ўсіх чатырох віцебскіх акругах актыўна прасоўваюць улады.
24 верасьня міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч падпісаў загад аб прыпыненьні на тры месяцы выхаду недзяржаўнай беларускамоўнай "Рэгіянальнай газеты". Тым жа днём датаваныя і два папярэджаньні, вынесеныя Міністэрствам інфармацыі заснавальніку і рэдакцыі выданьня. Іх абвінавачваюць у парушэньні адразу некалькіх артыкулаў Закону "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі". Галоўны рэдактар і сузаснавальнік выданьня Аляксандр Манцэвіч бачыць у дзеяннях міністэрства палітычную матывацыю і наўпрост зьвязвае іх з набліжэньнем выбараў і рэферэндуму. Паводле загаду міністра, рэдакцыя парушыла арт. 9 Закону аб друку: выпусьціла накладам 9100 асобнікаў незарэгістраваны дадатак -- газету "Тэлетыдзень" -- і распаўсюдзіла яе разам з "Рэгіянальнай газетай" (№32 ад 6-га жніўня). Рэдакцыю абвінавачваюць таксама ў парушэньні арт.10 Закону аб друку: Мінінфармацыі палічыла, што газета не выконвае ўмоваў сваёй рэгістрацыі. Зарэгістраваная як "масава-палітычнае выданьне", у выходных дадзеных яна называе сябе "інфармацыйна-рэкламным" і замест 7 разоў на тыдзень выходзіць толькі адзін раз. Акрамя гэтага, падкрэсьлівае Мінінфармацыі, газета паводле ўмоваў рэгістарцыі павінна распаўсюджвацца "ў Рэспубліцы Беларусь і краінах сьвету", а распаўсюджвалася толькі "ў рэгіёне" (Маладэчна, Вілейка, Смаргонь, Ашмяны, Валожын, Мядзель, Астравец, Менск). Тыя ж самыя прэтэнзіі міністэрства выстаўляе заснавальніку газеты: яго абвінавачваюць у тым, што ён на працягу месяца не паведаміў пра зьмену перыядычнасьці выпуску і тэрыторыі распаўсюду -- "дзеля ўнясеньня адпаведных зьменаў у пасьведчаньне аб рэгістрацыі выданьня". Гэта, на думку Мінінфармацыі, парушае арт.11 Закону аб друку і Пастанову Савету Міністраў ад 30 траўня 2003 г. №727 "Аб памерах і парадку правядзеньня рэгістрацыйнага збору за рэгістрацыю СМІ ў РБ". Адзін з заснавальнікаў выданьня (ён жа - галоўны рэдактар) Аляксандр Манцэвіч лічыць прэтэнзіі да сваёй газеты надуманымі. Па ягоных словах, укладка "Тэлетыдзень" ня можа лічыцца самастойным выданьнем, нягледзячы на адрозны фармат паперы, бо мае "скразную" нумарацыю старонак з пазнакай "Рэгіянальная газета" на кожнай. А. Манцэвіч акцэнтуе ўвагу на тым, што шэраг дзяржаўных выданьняў выпускаюць аналагічныя дадаткі, зьмяняючы ня толькі фармат паперы, але і мову (да прыкладу, "Маладзечанская газета"), і гэта не выклікае ніякіх пярэчаньняў з боку Мінінфармацыі. А. Манцэвіч дапускае, што недакладнае ўказаньне тэматыкі выдання ў выходных дадзеных можна лічыць памылкай газеты. Але ж, на яго думку, прыпыненьне газеты зьяўляецца занадта жорсткім пакараньнем. Паводле заснавальніка, прэтэнзіі адносна тэрыторыі распаўсюду зусім ня маюць пад сабою падставаў: у Мінінфармацыі нават ня ведалі, што ў газеты існуе дамова з РУП "Белпошта" на распаўсюд і дастаўку падпісных накладаў па тэрыторыі Беларусі, і што газета прысутнічае ў рэспубліканскім падпісным каталогу. У аддзеле рэгістрацыі міністэрства прызналі, што гэта "пракол". А. Манцэвіч падкрэсьлівае, што зараз "Рэгіянальная газета" зьяўляецца адзіным цалкам беларускамоўным масавым недзяржаўным рэгіянальным выданьнем у краіне.
24 верасьня Міністэрства інфармацыі прыпыніла на 3 месяцы выхад недзяржаўнай газеты "Народный предприниматель". Галоўны рэдактар выданьня Валерый Шаўчэнка даведаўся пра гэта 1 кастрычніка, атрымаўшы па пошце папярэджаньне аб парушэньні Закону аб друку і загад аб прыпыненні (№166 ад 24 верасьня). Сп. Шаўчэнка, які зьяўляецца лідэрам Беларускага незалежнага прафсаюзу (БНП), лічыць прычыны прыпыненьня сваёй газеты фармальнымі і зьвязвае дзеяньні Мінінфармацыі з набліжэньнем выбараў і рэферэндуму. Міністэрства абвінаваціла рэдакцыю газеты ў парушэньні некалькіх артыкулаў Закону "Аб друку і іншых СМІ". Паводле папярэджаньня, газета "Народный предприниматель" не рабіла абавязковай рассылкі выданьня па бібліятэках і афіцыйных установах; не паведаміла рэгіструючаму органу пра зьмену перыядычнасьці выхаду і мовы выданьня; у выходных дадзеных ня ўказвала, дзе надрукаваная газета, калі падпісаная ў друк і г.д. (арт. 11, 26, 27). Газета "Народный предприниматель" выдаецца з 2000 году і дагэтуль не атрымлівала ніводнага папярэджаньня. Галоўны рэдактар заявіў, што выданьне будзе выходзіць у выглядзе інфармацыйнага бюлетэня полацкай рэгіянальнай арганізацыі прадпрымальнікаў Беларускага незалежнага прафсюзу.
24 верасьня Аляксандр Салаўян і Уладзімір Плешчанка чарговы раз выйшлі да “Сіняга дому “ ў Віцебску з плакатамі “Пустыя выбарчыя ўчасткі – найлепшы сродак супраць фальсіфікацыяў” і “Не хадзіце на выбары ды рэферэндум – усё адно падмануць”. Праз гадзіну каля пікетоўцаў спынілася міліцэйская машына. Байцы АМАПу, якія везьлі апазіцыянераў у Чыгуначны РАУС, адкрыта прызнаваліся, што маюць адпаведны загад свайго кіраўніцтва – затрымліваць пікетоўцаў і зрываць іх акцыі. Пасьля першага затрыманьня, 20 верасьня, апазіцыянераў паабяцалі выклікаць у суд за парушэньне закону пра правядзеньне вулічных акцыяў ды адпусьцілі. Пасьля другога затрыманьня, 22 верасьня, Уладзіміра Плешчанку судзілі і аштрафавалі амаль на тры мільёны рублёў. Суд па затрыманьні 24 верасьня адбыўся без адтэрміноўкі. Судзьдзя Чыгуначнага раённага суда прызнаў абодвух сяброў КХП-БНФ вінаватымі ў арганізацыі несанкцыяванага пікету, прычым ужо не ўпершыню, і прысудзіў Уладзіміру Плешчанку і Аляксандру Салаўяну па 10 сутак арышту. Адбываць пакараньне ім давядзецца ў ізалятары часовага ўтрыманьня, куды іх завезьлі адразу з пастарунку. Уладзіміру Плешчанку нават не дазволілі ўзяць з дому неабходныя лекі, нягледзячы на тое, што ён інвалід, хворы на сэрца.
24 верасьня афіцыйная газета "Звязда" апублікавала інфармацыю, якая адносна аднаго з каардынатараў руху "Зубр" Мікіты Сасіма. У "Звяздзе" было надрукаванае інтэрв’ю з другім сакратаром ЦК БРСМ Ігарам Бузоўскім, у якім ён заявіў: "... Узяць хаця б прыклад з Баранавічамі. Маладыя людзі, навучэнцы каледжу, у якіх не было магчымасьці атрымаць рэальную, праўдзівую інфармацыю аб існуючых моладзевых арганізацыях, паддаліся на правакацыю чыстай вады — і запісаліся ў "Зубр"... А галоўны завадатар інцыдэнту, спадар Сасім, у хуткім часе аказаўся... за мяжой, дзе зараз працягвае вучобу…". Моладзь Беларусі сапраўды ня мае магчымасьці атрымаць праўдзівую інфармацыю аб існуючых моладзевых арганізацыях. У краіне даўно няма незалежных электронных СМІ, і амаль не засталося незалежнай прэсы. Гэта вынік мэтанакіраванай кампаніі супраць свабоды слова. Дзесяткі незалежных газетаў былі ліквідаваныя, некалькі журналістаў адправіліся за краты. Таму молодзь вымушаная будаваць свае меркаваньні аб сітуацыі ў краіне па хлусьні, якая публікуецца на старонках "Звязды" і іншых рупараў афіцыйнай прапаганды. Між тым, Мікіта Сасім, які быў выключаны з баранавіцкага каледжу лёгкай прамысловасьці за сваю палітычную дзейнасьць, нікуды ня зьехаў. Малады патрыёт знаходзіцца ў Беларусі і працягвае барацьбу супраць дыктатарскага рэжыму. "Мяркуючы па ўсім, афіцыйная прэса зразумела, што ніякага кампрамату на беларускіх змагароў за свабоду яна ня знойдзе, і перайшла да адкрытай хлусьні. Падчас падзеяў у Баранавічах на маладых людзей, якія выказалі свой пратэст прымусоваму загону у "лукамол", афіцыйная прэса выліла столькі бруду, што зараз я ня зьдзіўлены. Я больш зьдзіўлены ўзроўнем некампетэнтнасьці прыдворных прапагандыстаў, якія сьмеюць называць сябе журналістамі," — пракаментаваў публікацыю "Звязды" Мікіта Сасім.
25 верасьня актывіста "Зубра" Станіслава Кучынскага затрымалі за распаўсюд незарэгістраванай газеты. У пастарунку малады чалавек правёў каля шасьці гадзінаў. Увесь гэты час міліцыянты раіліся з кіраўніцтвам наконт таго, што рабіць з хлопцам. Яму казалі, што супраць яго будзе ўзбуджаная крымінальная справа па факце графіці, якія апошнімі днямі зьявіліся ў Івацэвічах. Каля дзевяці гадзінаў вечару ў дачыненьні да яго быў складзены пратакол за парушэньне часткі 3 172 артыкулу Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях (распаўсюд друкаваных выданьняў без выходных дадзеных). Прыблізна ў 22 гадзіны Кучынскага адпусьцілі. Наступнай раніцай ў нядзелю дахаты да маладога чалавека прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і зноў даставілі яго ў Івацэвіцкі ГУУС, дзе быў складзены пратакол па 143-м артыкуле КаАП (антысанітарыя).
26 верасьня ў Пінску на рынку "Сонечны" затрыманы адзін з сыноў старшыні агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага. Прапаршчык міліцыі А. Ліпскі і невядомая асоба ў цывільным даставілі Дзьмітрыя Леванеўскага спачатку ў памяшканьне адміністрацыі рынку, а затым у Пінскі ГУУС. Допыт праводзіў супрацоўнік міліцыі, які прадставіўся Віктарам Грынько. Калі Дзьмітры Леванеўскі папрасіў патлумачыць яму адно з зададзеных пытаньняў, Грынько моцна ўдарыў яго па сьпіне. Працягнуў допыт малодшы ўчастковы інсьпектар Ліпскі, які склаў пратакол асабістага дагляду і пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні па арт.172 ч.3 КаАП РБ (распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных). У ходзе асабістага дагляду было канфіскавана 112 бюлетэняў “Прадпрымальнік” №73-76 (213-216) і 245 улётак з апісаньнем судовага працэсу па крымінальнай справе старшыні агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага і яго намесьніка Аляксандра Васільева, асуджаных на два гады калоніі агульнага рэжыму за “публічную абразу прэзідэнта А.Лукашэнкі”.
26 верасьня ўтрыманьне Міхаіла Марыніча пад вартай працягнутае яшчэ на месяц. “Калі выпусьціць Міхаіла Марыніча пад падпіску аб нявыезьдзе, ён можа ўцячы ад сьледзтва і нечым перашкодзіць высьвятленьню праўды па ягонай крымінальнай справе”, – менавіта з такой фармулёўкай пракуратура Беларусі працягнула яшчэ на месяц тэрмін утрыманьня пад вартай Міхаіла Марыніча. У сьледчым ізалятары КДБ “амерыканка” Міхаіл Марыніч ўтрымліваецца з 24 красавіка. Яго абвінавачваюць у незаконных дзеяньнях са зброяй, а з 23 верасьня яшчэ і ў крадзяжы сакрэтных дакументаў ды маёмасьці. Паводле гэтых абвінавачваньняў яму пагражае да 15 гадоў турмы. Адвакат Вера Страмкоўская ня згодная з рашэньнем пракуратуры аб далейшым утрыманьні Марыніча: “Лічу, што гэтае рашэньне неабгрунтаванае і ня мае юрыдычнага сэнсу. А таксама яно вельмі шкодзіць здароўю Марыніча”. Адвакат заявіла, што будзе абскарджваць рашэньне пракуратуры ў судзе. Міхаіл Марыніч не прызнае сябе вінаватым.
27 верасьня прадстаўнікі цыганскай нацыянальнай меншасьці зьвярнуліся ў Міністэрства культуры з просьбай прадставіць магчымасьць адчыніць выставу, прысьвечаную гісторыі, культуры і побыту цыганоў у Беларусі. Адказу з міністэрства заяўляльнікі не атрымалі.
27 верасьня ў Берасьці адбыўся ператрус на кватэры, якую здымае кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ па 13-ай выбарчай акрузе Уладзімір Малей. У выніку канфіскаваныя ўлёткі Народнай кааліцыі “Пяцёрка-плюс” — “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”, “Скажы Лукашэнку “НЕ”, а таксама 150 асобнікаў маніторынгу парушэньняў правоў чалавека ў Берасьцейскай вобласьці.
27 верасьня, у дзень, калі споўнілася пяць месяцаў з моманту арышту палітыка Міхаіла Марыніча, дзьве акцыі салідарнасьці правёў рух "Зубр". Падчас акцыі ў Баранавічах чатыры актывісты руху былі затрыманыя. Акцыя прайшла ў самым цэнтры гораду каля Вечнага агню і пачалася ў 16.00. Падчас яе моладзь, апранутая ў "зуброўскія" саколкі, трымалі партрэты палітыка з надпісам "Свабоду Марынічу!". Акцыя доўжылася 20 хвілінаў, пасьля чаго міліцыянты пачалі арышты. Затрыманых Насту Васіленку, Арцёма Ластавецкага, Алену Петрашку і Марыю Гансецкую даставілі ў Баранавіцкі РАУС. Там на іх былі складзеныя пратаколы па артыкуле 167-1 (парушэньне заканадаўства аб вулічных акцыях). Акцыя ў Менску пачалася ў 17.45. Чатыры актывісты "Зубра" падышлі да будынку КДБ і замацавалі паміж дрэвамі плакат са словамі "Свабоду Марынічу!" і разышліся. Плакат правісеў каля пятнаццаці хвілінаў, пасьля чаго яго сарвалі ахоўнікі, якія выйшлі з будынку КДБ. Ніхто з удзельнікаў менскай акцыі ня быў затрыманы.
27 верасьня ўвечары кіраўніцтва Еўрасаюзу ў Бруселі прыняло Дэкларацыю па Беларусі. У дакуменце выказваецца сур’ёзная заклапочанасьць тым, што Беларусь так і не правяла поўнага, незалежнага і вартага даверу расьсьледваньня справаў аб выкраданьні і магчымым забойстве беларускіх апазіцыйных лідэраў – былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, віцэ-сьпікера Віктара Ганчара, а таксама бізнэсоўцы Анатоля Красоўскага і журналіста Дзьмітрыя Завадзкага, бясьсьледна зьніклых ў 1999-2000 гадах, а таксама мажлівага дачыненьня да гэтых злачынстваў беларускіх высокапастаўленых чыноўнікаў. Сама Дэкларацыя ня выклікала б такой бурнай рэакцыі кіраўніцтва нашай краіны – колькі ўжо прымалася рознымі міжнароднымі структурамі рэзалюцыяў адносна гэтых гучных справаў, — каб не рашэньне “абмежаваць доступ на сваю тэрыторыю тым высокапастаўленым чыноўнікам з Беларусі, якія лічацца найбольш адказнымі за няздольнасьць арганізаваць расьсьледваньне і пакараньне за ўчыненыя злачынствы, а таксама тым, хто ў дакладзе Хрыстаса Пургурыдэса лічыцца ключавымі дзеючымі асобамі па справах зьнікненьняў і далейшым іх утойваньні”. Візавая забарона Еўрасаюзу, сказана ў Дэкларацыі, тычыцца Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Віктара Шэймана, міністра спорту і турызму Юрыя Сівакова, міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава і падпалкоўніка Дзьмітрыя Паўлічэнку. Таксама Еўрасаюз выказаўся супраць прысутнасьці гэтых асобаў на публічных сустрэчах ва ўстановах Еўрапейскага Саюзу альбо ў ягоных дзяржавах-сябрах. Да гэтай заявы далучыліся Балгарыя, Румынія, Турцыя, Харватыя, Албанія, Босьнія і Герцагавіна, Македонія, Сербія і Чарнагорыя, Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія. Такім чынам, забаранілі ўезд на тэрыторыю сваіх краінаў вышэйшых службовых асобаў з Беларусі ўсяго 37 еўрапейскіх краінаў.
28 верасьня суд Заводзкага раёну Менску аштрафаваў сябру Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Генадзя Пляшко на 10 базавых адзінак (190 тысячаў рублёў). 21 верасьня яго затрымалі ля прахадной падшыпнікавага заводу. Ён распаўсюджваў улёткі з заклікам байкатаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў і не галасаваць на рэферэндуме.
28 верасьня ў друкарню “Топ Тайп” наведаліся прадстаўнікі ўпраўленьня барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю. Кіраўніцтва фірмы лічыць, што такая цікавасьць праваахоўных органаў да прадпрыемства невыпадковая. Афіцыйнай нагодай дзеля праверкі стаў той факт, што друкарня пачала выконваць замову на выпуск перадвыбарчых улётак да таго, як Цэнтрвыбаркам перавёў грошы паводле адпаведных рахункаў-фактураў. Друкарня “Топ Тайп” пачала ўжо выконваць замову, бо кандыдатам у дэпутаты патрэбныя агітацыйныя ўлёткі, але ж высьветлілася, што яна такім чынам парушае заканадаўства. У друкарні “Топ Тайп” замову на выпуск агітацыйных улётак разьмясьцілі чатыры кандыдаты: Сьвятлана Каралёва, Аляксей Кароль, Алег Волчак і Генадзь Ананьеў. Дырэктар прадпрыемства лічыць, што такім чынам улады спрабуюць перашкодзіць кандыдатам падчас выбарчай кампаніі.
28 верасьня ў Магілёве быў затрыманы Зьміцер Салаўёў, намесьнік старшыні Рады Магілёўскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ і сябра Сойму Партыі БНФ. Каля 23.00 Зьміцер Салаўёў наляпіў на слуп налепку “Народная кааліцыя “Пяцёрка-плюс”, пасьля чаго быў затрыманы нарадам міліцыі. Сп. Салаўёў быў дастаўлены ў Ленінскі РАУС г. Магілёву, дзе быў пратрыманы тры гадзіны. На яго быў складзены пратакол аб парушэньні арт. 172-3 КаАП РБ “распаўсюд друкаваных выданьняў, вырабленых з парушэньнем усталяванага парадку і ня маючых выходных дадзеных, зьмест якіх накіраваны на нанясеньне шкоды дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзянаў”, што прадугледжвае пакараньне штрафам у памеры да 5 базавых адзінак. У сп. Салаўёва былі канфіскаваныя некалькі асобнікаў налепак, улётак, брашура з вершамі, артыкулы і 2 кампутарныя дыскеты.
28 верасьня павінен быў адбыцца суд па зыску Валерыя Фралова да газеты “Обозреватель” і Ганны Мураўскай у сувязі з яе публікацыяй “Дэпутаты Касьян, Навасяд і Фралоў — асабовыя антысеміты?”. Валеры Фралоў запатрабаваў 100 мільёнаў рублёў кампенсацыі за тое, што ў публікацыі яго абвінавацілі ў антысемітызме. Але судовае паседжаньне было перанесенае на 20 кастрычніка з той прычыны, што журналістка падала сустрэчны зыск аб тым, што ў сваім звароце ў суд Валерый Фралоў абразіў яе сьцьверджаньнем аб тым, што яна наўмысна прыпісала кіраўніку Беларускага аб’яднаньня габрэйскіх арганізацыяў і суполак Леаніду Левіну словы пра антысемітызм Фралова. Сама ж журналістка лічыць, што яна добрасумленна выконвала свае прафесійныя абавязкі. Уладальнік “Обозревателя” і сама Мураўская ў суд не прыйшлі.
28 верасьня Наваполацкі гарадзкі суд адмяніў пастанову адміністратыўнай камісіі гарвыканкаму аб прыцягненьні сябра Праваабарончага цэнтру “Вясна” Зьміцера Салаўёва да адказнасьці. Зьміцер Салаўёў і яшчэ двое новапалачанаў былі затрыманыя падчас распаўсюду ўлётак супраць трэцяга прэзідэнцкага тэрміну. Праз некалькі дзён на Зьміцера Салаўёва работнікамі аддзелу ўнутраных справаў быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні згодна з часткай 3 артыкулу 172 КаАП РБ (распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных), і справа была накіраваная на разгляд адміністратыўнай камісіі гарвыканкаму. Камісія, не запрасіўшы затрыманага на паседжаньне, вынесла яму пакараньне ў выглядзе штрафу памерам пяць базавых адзінак, абвінаваціўшы ў парушэньні артыкулу 173 КаАП, дзе гаворка ідзе аб незаконным набыцьці і захоўваньні гладкаствольнай паляўнічай зброі. Спадар Салаўёў абскардзіў гэтае рашэньне ў судзе, і гарадзкі суд на сваім паседжаньні адмяніў рашэньне адміністратыўнай камісіі гарвыканкаму, накіраваўшы справу на дадатковы разгляд.
28 верасьня за правядзеньне акцыі “Шэсьце бяздомных студэнтаў” 16 верасьня ў Менску, аштрафаваныя на 7 базавых велічыняў (133 тысячы рублёў) яго ўдзельнікі Сяржук Семянюк, Юры Сідун, Алесь Васілеўскі. Такое рашэньне прыняў суд Маскоўскага раёну г.Менску. Адзін з затрыманых студэнтаў на суд не зьявіўся. Судовы разгляд справы пачаўся 17 верасьня, але студэнты запатрабавалі ўдзелу адваката, і з гэтай прычыны суд быў перанесены на 28 верасьня.
28 верасьня каардынатары моладзевага руху “Зубр” заявілі, што менавіта КДБ удзельнічае ў рэпрэсіях супраць актывістаў арганізацыі, бо апошнія затрыманьні і ператрусы ў кватэрах адбываліся з удзелам супрацоўнікаў службы бясьпекі. На працягу тыдня некалькіх сяброў моладзевага руху “Зубр” затрымалі на вуліцы з мэтай дагляду. На затрыманых складалі пратаколы ў міліцэйскіх пастарунках паводле розных адміністратыўных артыкулаў, у тым ліку за дробнае хуліганства. Але аб’ядноўвае гэтыя справы тое, што ніводнага чалавека не затрымалі падчас вулічнай акцыі. Міхася Аўдзеева, Максіма Громава, Мікіту Сасіма і Аляксея Ляўковіча спынілі людзі ў цывільным і папрасілі паказаць, што ў заплечніках. Усе асобнікі газеты “Зубр” засталіся ў міліцыі, а хлопцаў судзілі за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак і за дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Мікіту Сасіма і Глеба Вязоўскага затрымалі ўначы, калі хлопцы ішлі на кватэру Глеба. У заплечніках знайшлі балончыкі з фарбай — гэтага было дастаткова, каб абвінаваціць юнакоў у дробным хуліганстве. Каардынатары руху адзначаюць, што ва ўсіх выпадках падчас допытаў і даглядаў прысутнічалі супрацоўнікі КДБ. Прэсавы сакратар “Зубра” Аляксандр Атрошчанкаў заявіў, што сьпецслужбы атрымалі адмысловы загад на час выбарчай кампаніі. 16-гадовага Станіслава Кучынскага затрымалі на вуліцы ў Івацэвічах. У хлопца былі асобнікі газеты “Зубр”. Пакуль Станіслава Кучынскага дапытвалі ў міліцыі, на кватэры рабілі ператрус. Допыт доўжыўся больш за пяць гадзінаў. Кіраваў ім супрацоўнік КДБ. У Бялынічах на кватэры Барыса Вырвіча праводзілі ператрус, калі яго не было дома. Жонцы Барыса маёр КДБ пагражаў, што яе звольняць з працы за апазіцыйную дзейнасьць мужа.
29 верасьня Уладзімір Вялічкін, кіраўнік Берасьцейскага абласнога аддзяленьня Праваабарончага цэнтру “Вясна”, быў выкліканы ў апорны пункт міліцыі. На пачатку “размовы” намесьнік участковага параіў Уладзіміру Вялічкіну памяняць месца знаходжаньня офісу, бо ў іх ад яго “галаўны боль”. Потым на У. Вялічкіна быў складзены пратакол аб парушэньні ч.1 арт. 167-10 КаАП РБ “дзейнасьць ад імя незарэгістраваных ці неперарэгістраваных палітычных партыяў, прафесійных саюзаў ці іншых грамадзкіх аб’яднаньняў”. Падставай да прыцягненьня да адміністратыўнай адказнасьці была брашура “Маніторынг парушэньняў правоў чалавека ў Берасьцейскай вобласьці ў 2003-2004 гг.”, 137 асобнікаў якой былі канфіскаваныя падчас ператрусу ў выбарчым штабе кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Малея, які зьяўляецца юрыстам “Вясны”. Участковы таксама выказаў жаданьне “паразмаўляць” з кандыдатам. У. Вялічкін лічыць, што ператрус і складаньне пратаколу – гэта чарговая спроба ціску на кандыдата і яго каманду з мэтай адхіленьня ад удзелу ў выбарах.
29 верасьня стала вядома, што старшыня Парламенцкай Асамблеі Савету Еўропы Петэр Шыдэр накіраваў ліст Камітэту Міністраў Савету Еўропы, у якім заклікаў гэты выканаўчы орган прадухіліць удзел беларускага міністра спорту і турызму Юрыя Сівакова ў 10-й канферэнцыі еўрапейскіх міністраў спорту, якая плануецца ў Будапешце 14–15 кастрычніка. У сваім лісьце еўрапейскі палітык нагадаў, што ўжо раней на падставе рэзалюцыі ПАСЕ Еўрапейскі саюз прадухіліў наведваньне сп. Сіваковым Алімпійскіх гульняў.
29 верасьня ў Магілёве затрымалі Мікалая Ільіна і Яўгена Суворава, якія распаўсюджвалі газету “Зубр” у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова. Спачатку маладыя людзі раздавалі газеты студэнтам у аўдыторыях і калідорах універсітэту, а пасьля заканчэньня заняткаў – каля вучэбнага корпусу. На вуліцы іх затрымалі дзьве жанчыны, якія паведамілі, што зьяўляюцца сябрамі камісіі па справах выхаваньня моладзі, і выклікалі міліцыю. “Зуброўцаў” даставілі ў пастарунак, дзе склалі пратакол аб адміністратыўным парушэньні – распаўсюдзе друкаваных матэрыялаў без выходных дадзеных. Праз дзьве гадзіны маладых людзей адпусьцілі.
29 верасьня стала вядома, што адміністрацыя Маскоўскага раёну г.Менску адмаўляе евангельскім хрысьціянам у арэндзе памяшканьняў. Менскія цэрквы “Новае Жыцьцё” і “Царква Ісуса Хрыста” (Аб’яднаньне цэркваў хрысьціянаў Поўнага Евангельля), а таксама “Новы Запавет” і “Надзея Збаўленьня” (Саюз хрысьціянаў веры Евангельскай) атрымалі адмову ў арэндзе залаў для багаслужэньняў. Прычынай адмовы стала недастатковае забесьпячэньне рэлігійнымі абшчынамі “мераў па ажыцьцяўленьі кантрольна-прапускнога рэжыму ў цэрквах, забесьпячэньні грамадзкай бясьпекі і медыцынскага абслугоўваньня”. Дагэтуль веруючыя зьбіраліся ў будынках у цэнтры гораду на вул. Берсана 1а і вул. Мясьнікова 39в. Дакумент аб адмове падпісалі глава адміністрацыі Маскоўскага раёну Дукар Я. М. і кіраўнік справамі раёну Бажэнаў Н. У. Пастары евангельскіх цэркваў назвалі патрабаваньні ўладаў абсурднымі і выказалі меркаваньне, што ў стасунках мясцовых адміністрацыяў і цэркваў зараз пераважае т.зв.“тэлефоннае права”. “У такой сітуацыі дзіўна гучаць заявы Камітэту па справах рэлігіяў аб тым, што ў Беларусі захоўваецца спакойная сітуацыя ў галіне рэлігійных правоў і свабодаў,” – заявіў Барыс Чарнаглаз, пастар Менскай “Царквы Ісуса Хрыста”.
29 верасьня адзін з каардынатарыў руху "Зубр" Мікіта Сасім арыштаваны на 15 сутак. Супрацоўнікі міліцыі спынілі М. Сасіма на вуліцы 22 верасьня і знайшлі ў яго ў пляцаку балончыкі з фарбай. М.Сасіма пратрымалі ў міліцыі ўсю ноч. Суд адбыўся без удзелу Мікіты Сасіма 24 верасьня. Каардынатара "Зубра" абвінавацілі ва ўчыненьні дробнага хуліганства (арт. 156 КаАП). 29 верасьня Мікіту Сасіма затрымалі ў цэнтры Менску і адвезьлі ў сьпецпрыёмнік-разьмеркавальнік. Паводле меркаваньня актывістаў руху "Зубр", асноўная мэта арышту М. Сасіма – "нейтралізацыя лідэраў руху напярэдадні рэферэндуму".
30 верасьня штраф у памеры 70 базавых велічыняў (1 млн. 300 тыс. рублёў) пастанавіў спагнаць з галоўнага рэдактара газеты "Биржа информации" Алены Раўбецкай суд Ленінскага раёна г. Гародні. З такім вынікам скончыліся слуханьні адміністратыўнай справы, якую завяла супраць журналісткі пракуратура Ленінскага раёну Гародні. Судзьдзя Наталя Козел палічыла, што яна распаўсюдзіла праз СМІ несапраўдныя зьвесткі, якія зьневажаюць гонар і годнасьць прэзідэнта РБ (ч. 10 арт. 172 -1 КаАП). Пастанова канчатковая і абскарджаньню ў парадку вытворчасьці па справах аб адміністратыўных правапарушэньнях не падлягае. Слуханьні па справе пачаліся 28 верасьня. Сьведкамі выступалі журналістка "Биржи информации" Наталя Макушына і галоўны рэдактар газеты "День" Мікола Маркевіч. Прадстаўніком спн. Раўбецкай у судзе выступаў кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Міхаіл Пастухоў. Сьведкі даводзілі, што ў публікацыі няма іншых зьвестак, акрамя ўсім вядомага паведамленьня пра рэферэндум, а ўсё астатняе зьяўляецца меркаваньнем журналіста. Аднак гэтыя аргументы суд не палічыў аб`ектыўнымі на падставе таго, што сьведкі зьяўляюцца калегамі А. Раўбецкай і "зацікаўленыя ў выніку справы". Хадайніцтва адваката Аляксандра Бірылава аб правядзеньні лінгвістычнай эксьпертызы публікацыі судзьдзя не задаволіла.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|