БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе

Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзеКАСТРЫЧНІК

1 кастрычніка стала вядома, што сябра Рады “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў” Сержука Семянюка выключаюць з Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэту (БДАТУ). 29 верасьня прадстаўнік сьпецслужбаў патэлефанаваў Сержуку на мабільны тэлефон, нумар якога ўзяў у дэканаце. Ён прадставіўся Вадзімам і сказаў наступнае: “Я ведаю, што ў цябе праблемы з навучаньнем, я магу іх вырашыць. Давай сустрэнемся”. Сяржук катэгарычна адмовіўся. На тэлефоне Сержука застаўся нумар, з якога тэлефанаваў так званы Вадзім. Паводле базы дадзеных МГТС, гэты нумар належыць будынку па адрасе пр-т Скарыны 17, дзе месьціцца КДБ. Увесну супрацоўнікі КДБ наведалі дэканат факультэту Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэту, на якім вучыцца Сяржук Семянюк і спрабавалі прымусіць яго распавесьці пра міжнародную і праваабарончую дзейнасьць “Задзіночаньня беларускіх студэнтаў” (ЗБС). Пасьля катэгарычнай адмовы супрацоўнічаць са сьпецслужбамі Сяржук атрымаў нездавальняючую адзнаку па адным прадмеце. Цяпер выкладчык адмаўляецца прымаць іспыт у студэнта. А дэканат не дазволіў Сержуку здаваць іспыт на камісіі. Выкладчык БДАТУ Мікалай Зайко ў пачатку верасьня заявіў, што Сержуку Семянюку здавальняючую адзнаку на іспыце ён не паставіць ні ў якім разе. Сяржук пяць разоў падыходзіў да выкладчыка, але той увогуле адмаўляўся прымаць іспыт. Тады Сяржук напісаў заяву ў дэканат з просьбаю здаваць іспыт камісіі, паколькі лічыць адзнаку неаб’ектыўнай і ўпэўнены ў сваіх ведах. Менавіта для вырашэньня непаразуменьняў між студэнтам і выкладчыкам і існуе ў адукацыйным працэсе такое паняцьце як “здача іспыту камісіі”. 22 верасьня адбылося паседжаньне кафедры і дэканату, па выніках якога дэканат адмовіў у просьбе Сержука Семянюка. Відавочна, дэканат кіраваўся не прынцыпамі справядлівасьці і законнага права студэнтаў на аб’ектыўную ацэнку ведаў, а звычайным баязьлівым паслухмянствам перад загадамі ўладаў. 22 верасьня дэканат вывесіў сьпісы адлічаных – Сержука Семянюка сярод іх не было. С. Семянюк зьяўляецца актыўным сябрам ЗБС, займае пасаду сябра Рады ЗБС і рэгіянальнага каардынатара. Падчас апошняй акцыі Задзіночаньня “Шэсьце бяздомных студэнтаў” ён быў затрыманы яшчэ з двума сябрамі ЗБС. 28 верасьня ў судзе яго прызналі вінаватым у парушэньні артыкулу 166 КаАП РБ – супраціўленьне пры затрыманьні, хоць сьведкі пацьвярджаюць, што супраціву з боку Сержука не было. Сяржук атрымаў штраф у памеры 7 базавых велічыняў. Спроба сьпецслужбаў націснуць на Сержука праз відавочна незаконнае выключэньне з ВНУ расцэньваецца кіраўніцтвам ЗБС як імкненьне ўладаў нанесьці шкоду арганізацыі ў цэлым. Але Рада ЗБС заяўляе, што будзе змагацца за правы як сяброў ЗБС, так і ўсіх беларускіх студэнтаў на годнае навучаньне ў ВНУ. З гэтага навучальнага году Сяржук Семянюк пачне навучаньне ў Віленскім педагагічным універсітэце на факультэце беларускай філалогіі і будзе працягваць актыўную дзейнасьць у межах Задзіночаньня. 

1 кастрычніка ў Менску затрыманы актывіст руху “Зубр” Аляксей Шыдлоўскі. Яго затрымалі на станцыі метро “Пушкінская” за распаўсюд улётак, якія запрашаюць прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску 18 кастрычніка – у дзень пасьля правядзеньня выбараў і рэферэндуму. А. Шыдлоўскі быў дастаўлены ў РУУС Фрунзенскага раёну г.Менску, дзе быў складзены пратакол за парушэньне арт 167.1 КаАП РБ (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Згодна з пратаколам аб адміністратыўным правапарушэньні, А.Шыдлоўскі абвінавачаны ў парушэньні арт. 8 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах” (распаўсюджваў друкаваную прадукцыю з заклікам прыняць удзел у масавым мерапрыемстве да афіцынага дазволу на яго правядзеньне). 

1 кастрычніка журналіст і праваабаронца Валеры Шчукін быў незаконна абшуканы на Віцебскімі чыганачным вакзале. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Валерыя Шчукіна, адвялі ў пакой міліцыі, абшукалі і запатрабавалі паказаць, што знаходзіцца ў партфелі. Яны ўважліва агледзелі ўсе дакументы. У асноўным гэта была перапіска Валерыя Шчукіна з пракуратурай, куды ён скардзіўся на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, і яго скаргі ў Цэнтральную выбарчую камісію і офіс АБСЕ на парушэньні выбарчага заканадаўства. 

2 кастрычніка ў офісе Свабоднага прафсаюзу каля 30 чалавек сабраліся на сход, каб абмеркаваць пытаньні па запланаваным устаноўчым зьезьдзе новай грамадзкай арганізацыі. Праз паўгадзіны ў офіс увайшлі людзі ў цывільным і перакрылі ўсе выхады. Пасьля іх прыйшлі міліцыянты і пачалі ўсіх прысутных здымаць на відэакамеру. Нягледзячы на тое, што спадар Антончык — сябра СПБ, і ніякага дазволу ўладаў на правядзеньне сходаў у офісе сваёй арганізацыі яму ня трэба, міліцыянты склалі на яго пратакол за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі. У судзе супрацоўнікі міліцыі свае дзеяньні аргументавалі толькі тым, што на правядзеньне сходу не было дазволу Менгарвыканкаму. Ніякія аргументы адваката Тацяны Станкевіч аб тым, што дазвол на правядзеньне сходу ініцыятыўнай групы законам не прадугледжаны, на міліцыянтаў не паўплывалі. Згодна з законам, перад устаноўчым зьездам грамадзкай арганізацыі мусіць сабрацца ініцыятыўная група, каб вызначыць заснавальнікаў і мэты аб’яднаньня. Усе чакалі, што судзьдзя спыніць гэтую справу. Таму прысуд — 15 сутак арышту — стаў поўнай нечаканасьцю для прысутных. “Гэта, канечне, беспрэцэдэнтна, бо яшчэ ніколі ў Беларусі не прысуджалі арышт за правядзеньне сходу аргкамітэту па стварэньні грамадзкай арганізацыі. І гэта ў памяшканьні з дазволу кіраўніка і ўласьніка памяшканьня”, — заявіў Сяргей Антончык пасьля вынясеньня прысуду. 

2 кастрычніка машыну Хрыстафора Жэляпава пад Бешанковічамі спынілі супрацоўнікі ДАІ па надуманай падставе, маўляў, яна лічыцца ва ўгоне, начальнік Бешанковіцкага РУУС загадаў разабрацца і г.д. і не дазволілі рухацца далей. Міліцыянты адчынілі багажнік машыны і знайшлі там улёткі з заклікам сказаць “Не!” на рэферэндуме. Улёткі канфіскаваныя. 

3 кастрычніка ў Берасьці супрацоўнікамі батальёна патрульна-паставой службы быў затрыманы настаўнік адной са школаў города за распаўсюд улётак антыпрэзідэнцкага зьместу. 

4 кастрычніка ў вёсцы Крупіца ўчастковы інсьпектар затрымаў Генадзя Таляронка, Аляксея Сычыка і Аляксея Радамана за распаўсюд улётак супраць рэферэндуму. 

4 кастрычніка ў Віцебску актывіста Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі Барыса Хамайду аштрафавалі на 380 тысячаў рублёў. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Барыса Хамайду 1 кастрычніка каля Віцебскага райвыканкаму, дзе ён распаўсюджваў “Белорусскую деловую газету”, маючы невялікі плакат “Ня пойдзем на падманны рэферэндум ды псеўдавыбары”. Адразу з пастарунку, дзе на спадара Хамайду склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаваньне, яго даставілі ў Чыгуначны раённы суд. Але судзьдзя Алена Грабянчук адмовілася разглядаць справу паводле затрыманьня, але вырашыла завяршыць судовы працэс, адкладзены 27 верасьня па прычыне таго, што міліцыянты няправільна аформілі дакументы. Алена Грабянчук прасудзіла Барысу Хамайду штраф 20 базавых велічыняў. 

4 кастрычніка Гарадзенскі гарадзкі выканаўчы камітэт адмовіў старшыні мясцовай філіі БАЖ Паўлу Мажэйку ў правядзеньні 4 кастрычніка пікету пратэсту ў гарадзкім парку імя Жылібера. У адмове, падпісанай намесьнікам старшыні гарвыканкаму Валянцінам Лявонавым, адзначаецца: “Гарадзенскі гарадзкі выканаўчы камітэт ня можа даць згоды на правядзенне 4 кастрычніка 2004 году... ў сувязі з парушэньнем артыкулу 5 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Што канкрэтна парушыў журналіст, складаючы заяўку на пікетаванне, у лісьце не гаворыцца. Падставай пікетаваньня стала судовая справа распачатая пракуратурай супраць галоўнага рэдактара газеты “Биржа информации” Алены Раўбецкай па абвінавачаньні ў зьнявазе гонару і годнасьці прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 30 верасьня Ленінскі раённы суд пакараў журналістку штрафам у памеры 1 мільён 300 тысячаў рублёў. Пікетам пратэсту гарадзенскія журналісты мелі намер інфармаваць жыхароў горада аб чарговым узмацненні ціску на незалежную прэсу ў Беларусі. 

4 кастрычніка ў 12.00 пяць гарадзенскіх журналістаў сталі ў пікет на вуліцы Савецкай, пратэстуючы супраць узмацненьня ціску на незалежную прэсу. Нагодай дзеля правядзеньня акцыі стаў прысуд рэдактару газеты "Биржа информации" Алене Раўбецкай па абвінавачаньні ў распаўсюдзе абразьлівай для прэзідэнта Беларусі інфармацыі. Журналісты трымалі ў руках аркушы паперы са словамі "У Гародні судзяць журналістаў!!!". Ірына Чарняўка, Анатоль Макушын, Наталя Макушына, Павел Мажэйка і Юлія Коцкая прастаялі каля 15 хвілінаў, пасьля чаго да іх падышлі супрацоўнікі Ленінскага РАУС і запатрабавалі разысьціся. Пасьля 10-хвілінных дыскусіяў журналісты пайшлі па Савецкай вуліцы такім самым шэрагам, трымаючы лозунг. Увесь час за імі ішлі міліцыянты, адзін з якіх здымаў пікетоўцаў на відэакамеру. Пратэст журналістаў выклікаў цікавасьць мінакоў, яны спыняліся, чыталі лозунг і падыходзілі з пытаньнямі. 

5 кастрычніка на тры месяцы прыпыненая дзейнасьць ліцэнзіі на выданьне штотыднёвіка “Рэгіянальныя ведамасьці”. Гэтая незалежная газета выдаецца ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласьці і мае наклад 4 тысячы асобнікаў. Міністэрства інфармацыі і друку прад’явіла газеце шэраг прэтэнзіяў. У міністэрстве лічаць, што цяперашняя тэматыка, тэрыторыя распаўсюду, перыядычнасьць і мова “Рэгіянальных ведамасьцяў” не адпавядаюць інфармацыі, якая была заяўленая пры рэгістрацыі. У дэмакратычным асяродзьдзі Горак прычыны прыпыненьня ліцэнзіі лічаць фармальнымі і гавораць пра палітычныя матывы, бо “Рэгіянальныя ведамасьці” выказвалі адрозны ад афіцыйнага пункт гледжаньня на палітычную сітуацыю ў краіне — у прыватнасьці, на рэферэндум. 

5 кастрычніка зьніклага аператара ОРТ Дзьмітрыя Завадзкага запрасілі прыняць ўдзел у выбарах і рэферэндуме 17 кастрычніка 2004 году. Пра гэта ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміла маці Дзьмітрыя Завадзкага – Вольга Завадзкая, якая атрымала па пошце запрашэньне на выбары для сына, які ў 2003 годзе ў судовым парадку быў прызнаны памерлым і на гэтай падставе выпісаны з кватэры. Гэты факт сьведчыць пра тое, што ўчастковыя камісіі не прынялі мераў для ўдакладненьня сьпісаў выбарашчыкаў, у тым ліку і шляхам звароту ў ЗАГСы альбо іншым чынам. Участковыя камісіі абавязаны займацца ўдакладненьнем сьпісаў выбаршчыкаў, згодна з патрабаваньнямі Выбарчага кодэксу. 

5 кастрычніка суд Ленінскага раёну Менску скончыў разгляд чарговага зыску ТАА "Альянс-Медиа" да рэдакцыі газеты "Народная воля" і Леаніда Левіна. Суд задаволіў зыскавыя патрабаваньні ў поўным аб`ёме і пастанавіў спагнаць з рэдакцыі 840 тысячаў рублёў на кампенсацыю дадатковых судовых выдаткаў зыскоўцы. Большую частку гэтай сумы складае аплата паслугаў адваката ТАА "Альянс-Медиа" за ўдзел у разглядзе касацыйнай скаргі рэдакцыі. (Скарга тычылася рашэньня Ленінскага раённага суда ад 18 лютага па справе аб публікацыі "Как "Обозреватель" Сергея Атрощенко по-бандитски обошёлся с Леонидом Левиным"). Нагадаем, што аналагічнае рашэньне было вынесенае судом Ленінскага раёну 29 верасьня, калі разглядаўся зыск да "Народнай волі" прадпрымальніка Сяргея Атрошчанкі. Тады судзьдзя пастанавіла спагнаць з рэдакцыі 776 тысячаў рублёў на кампенсацыю дадатковых судовых выдаткаў зыскоўцы. (Справа тычылася публікацыі "Какому бизнесу в Беларуси хорошо?"). 

5 кастрычніка рэдакцыя недзяржаўнай газеты "Молодежный проспект" даведалася, што 20 верасьня выхад выданьня быў прыпынены на 3 месяцы загадам міністра інфармацыі Уладзіміра Русакевіча. Міністэрства лічыць, што газета дапусьціла грубыя парушэньні артыкулу 10 Закону "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі". У сваю чаргу, галоўны рэдактар газеты Сяргей Казлоўскі ўпэўнены, што "Молодежный проспект" "стаў чарговай ахвярай зачысткі незалежных СМІ напярэдадні рэферэндуму. Як паведаміў С. Казлоўскі, "грубымі парушэньнямі" Мінінфармацыі палічыла зьмену мовы выданьня, перыядычнасьці выхаду і бясплатны распаўсюд двух сьпецнумароў газеты ў ліпені ў мікрараёне "Серабранка". Паводле С. Казлоўскага, у сьпецнумарах закраналася тэма будучых выбараў у парламент: у прыватнасьці, зьмяшчаўся выступ дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Навасяда (сузаснавальніка выданьня) і юрыста, які даваў парады грамадзянам адносна таго, як яны могуць зьменшыць верагоднасьць фальсіфікацыяў падчас выбараў. У жніўні галоўнаму рэдактару патэлефанавалі з Мінінфармацыі і зьвярнулі ўвагу на тое, што выключна руская мова і бясплатны распаўсюд не былі прадугледжаныя пры рэгістрацыі выданьня. Адразу пасьля гэтага рэдакцыя накіравала ў Мінінфармацыі ўсе дакументы, неабходныя для ўнясеньня зьменаў у рэгістрацыйнае пасьведчаньне. Газета "Молодежный проспект" заснаваная Рэспубліканскай грамадзкай моладзевай арганізацыяй "Грамадзянскі форум" і Уладзімірам Навасядам. Ён лічыць, што прыпыненьне газеты прадыктаванае апасеньнямі тых, хто парушае выбарчае заканадаўства падчас падрыхтоўкі да выбараў і рэферэндуму, убачыць свае прозьвішчы на старонках "Молодежного проспекта". 

6 кастрычніка Міністэрства інфармацыі прыпыніла тэрмінам на 3 месяцы выпуск недзяржаўнай газеты “Неделя”. Рэдакцыя змагла выпусьціць толькі адзін нумар выданьня. Загад падпісаў міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч 4 кастрычніка. Аднак намесьнік дырэктара прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Выдавецкі дом “Время”, якое выдае “Неделю”, Аляксандр Цынкевіч зазначыў, што ніякай інфармацыі аб прэтэнзіях да газеты яму не паступіла. 5 кастрычніка газету правярала падатковая інсьпекцыя, але размова інсьпектароў з кіраўніцтвам газеты была перанесеная. Юрыдычных падставаў дзеля перасьледу выданьня няма, заявіў спадар Цынкевіч, толькі палітычныя: “Рэжым гэта робіць не ад сваёй сілы, а ад сваёй слабасьці. Улада не адчувае сваёй упэўненасьці, і для таго, каб перакрыць крыніцы інфармацыі для народу, яны закрываюць прэсу”. Як паведаміў спадар Цынкевіч, газета "Неделя" вымушаная была друкавацца ў Смаленску, бо ва ўсіх беларускіх друкарнях, у якія зьвярталася кіраўніцтва рэдакцыі, з імі адмовіліся супрацоўнічаць, “Белсаюздрук” і “Белпошта” адмаўляліся заключаць дамовы на распаўсюд газеты. 

6 кастрычніка праваабаронцу Тацяну Рэвяку аштрафавалі на 5 базавых велічыняў (95 тысячаў рублёў) за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных. Штраф вынесены адміністратыўнай камісіяй пры адміністрацыі Першамайскага раёну г. Менску. 

6 кастрычніка зьніклага пяць гадоў таму палітыка Віктара Ганчара запрасілі прыняць удзел у рэферэндуме. На хатні адрас, дзе жыў Віктар Ганчар, прыйшло адрасаванае яму запрашэньне прыйсьці на выбары і рэферэндум. Жонка зьніклага палітыка лічыць гэта паказчыкам “чысьціні” будучага апытаньня насельніцтва адносна трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі. Зінаіда Ганчар атрымала запрашэньне прыйсьці 17 кастрычніка на выбарчы ўчастак разам з мужам Віктарам Ганчаром і сынам Андрэем. Жонка зьніклага пяць гадоў таму віцэ-спікера заяўляе, што для яе гэта ёсьць паказчыкам сумленнасьці тых, хто арганізуе выбары і рэферэндум. Менавіта жыльлёва-камунальныя службы пастаўляюць у выбарчыя камісіі зьвесткі, на падставе якіх складаюцца сьпісы выбаршчыкаў. Зінаіда Ганчар згадала 1990-я гады, калі супрацоўнікі ЖЭСаў удакладнялі гэтыя зьвесткі, адмыслова наведваючыся ў кватэры. Цяпер, паводле Зінаіды Ганчар, ніхто такой карэктыроўкі не рабіў. 

6 кастрычніка ў Гомелі супрацоўнікі міліцыі затрымалі старшыню рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага Хельсінкскага камітэту Алеся Яўсеенку. Ён перавозіў з кіроўцам на мікрааўтобусе 30 тысячаў асобнікаў інфармацыйнага бюлетэню Грамадзянскай ініцыятывы “Партнёрства”. Бюлетэнь цалкам прысьвечаны выбарам і рэферэндуму наконт працягу паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. Адзін з цэнтральных артыкулаў бюлетэню называецца “Референдум вне закона”. У міліцэйскім пастарунку Чыгуначнага раёну Гомелю Алеся Яўсеенку трымалі амаль тры гадзіны. На яго складзены пратакол аб парушэньні артыкулу 172 Адміністратыўнага кодэксу – распаўсюд друкаваных выданьняў, зьмест якіх накіраваны на нанясеньне шкоды дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку. 

6 кастрычніка Гомельскі гарвыканкам не дазволіў 11 гараджанам ладзіць пікеты супраць пажыцьцёвага прэзідэнцтва Лукашэнкі. 

7 і 8 кастрычніка супрацоўнікі праваахоўных органаў Гомелю і рэгіёну правялі некалькі сьпецыяльных аперацыяў супраць сяброў ліквідаванага Гомельскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” і незарэгістраванай уладамі “Грамадзянскай альтэрнатывы”. Міліцыя падазравала грамадзкіх актывістаў у крадзяжы рэчаў і ўгоне аўтамабіля, а пасьля шукала ў офісе арганізацыі бомбу. 7 кастрычінка ў офіс “Грамадзянскіх ініцыятываў” прыйшоў участковы, які паведаміў, што ў мікробусе юрысконсульта арганізацыі Леаніда Судаленкі знаходзяцца скрадзеныя рэчы. Абвесьціўшы, што аўтобус мусіць быць абшуканы, участковы выклікаў падмацаваньне. Але калі каля офісу зьявіліся дадатковыя сілы міліцыі, высьветлілася, што мікробус бясьсьледна зьнік. Праз дзьве гадзіны ён такім жа таямнічым чынам зьявіўся перад ганкам офісу. Па словах старшыні аб’яднаньня “Грамадзянская альтэрнатыва” Уладзіміра Кацоры, з салону мікробусу нічога ня зьнікла і не зьявілася нічога лішняга. На наступны дзень, 8 кастрычніка, Леанід Судаленка, якога не зарэгістравалі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты, на тым жа аўтобусе выехаў у Хойнікі. Там ён меў намер падзякаваць выбарцам за аказаную падтрымку і агітаваць іх галасаваць “супраць” на рэферэндуме. На пад’езьдзе да Хойнікаў мікробус сп.Судаленкі быў заблакаваны міліцыяй і ДАІ. Супрацоўнікі праваахоўных органаў заявілі, што аўтобус угнаны. У выніку сп.Судаленку затрымалі, а машына была абшуканая. Тым часам у Гомелі ў офісе “Грамадзянскіх ініцыятываў” зьявіўся маёр міліцыі, які паведаміў, што ў будынку знаходзіцца выбуховае прыстасаваньне. Праз некалькі хвілінаў будынак быў ачэплены міліцыяй, актывісты арганізацыі пакінулі памяшканьне. Па ацэнках Уладзіміра Кацоры, які ў гэты час пад’язджаў да офісу арганізацыі, у аперацыі па абяшкоджаньні прыстасаваньня было задзейнічана ня менш за 80 чалавек, сярод якіх былі начальнік РУУС і пракурор Савецкага раёну Гомелю. “Дзьверы ў памяшканьне аказаліся зачыненымі, і міліцыя ўжо хацела іх узломваць, калі пад’ехаў я”, — расказаў сп.Кацора. Ён пагадзіўся адчыніць дзьверы пры ўмове, што ўнутр увойдуць толькі сьпецыяліст-выбухатэхнік і два міліцыянты. Але калі дзьверы адчынілі, то ў офіс рванулася больш за дзесятак супрацоўнікаў міліцыі. Выбуховага прыстасаваньня ў офісе не было знойдзена, што супрацоўнікі міліцыі адлюстравалі ў пратаколе агляду. У заўвагах да пратаколу сп.Кацора запісаў, што ў будынку пры аглядзе было шмат пабочных людзей. Як мяркуюць актывісты “Грамадзянскіх ініцыятываў”, падзеі 7 і 8 кастрычніка мелі “прафілактычны” характар і былі скіраваныя ў першую чаргу на канфіскацыю інфармацыйных матэрыялаў, падрыхтаваных да мітынгу 10 кастрычніка. Дадзенае мерапрыемства, арганізаванае дэмакратычнымі сіламі рэгіёну, скіраванае супраць рэферэндуму. 

7 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывістаў выбарчых штабоў кандыдатаў у дэпутаты Зінаіды Бандарэнкі ў Смаргоні і Юрыя Хадыкі ў Менску. Затрыманых абвінавацілі ў парушэньні грамадзкага парадку і склалі пратаколы паводле розных артыкулаў Адміністратыўнага кодэксу. Да 10-й гадзіны вечара Зінаіда Бандарэнка заставалася ў Смаргонскім аддзеле міліцыі разам з чатырма сваімі памочнікамі. Хлопцаў затрымалі, калі яны раскідвалі выбарчыя ўлёткі ў паштовыя скрыні. Міліцыянты патлумачылі, што ўлёткі вырабленыя нібыта не ў друкарні, што супярэчыць выбарчаму заканадаўству. Увесь наклад пакінулі ў міліцыі, а на затрыманых склалі пратаколы. Зінаіда Бандарэнка прад’явіла кіраўніку міліцыі ліцэнзію, але ён яе праігнараваў. Дзьве гадзіны правялі ў дзяжурнай частцы міліцыі трое ўдзельнікаў дазволенага агітацыйнага пікету Юрыя Хадыкі. Ларысу Ляпарскую абвінавацілі ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак за налепку на рукаве “Скажы – не”. Яшчэ двух удзельнікаў пікету абвінавацілі ў тым, што яны трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі. 

7 кастрычніка актывістаў выбарчай кампаніі і кіраўніка берасьцейскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) некалькі гадзінаў пратрымалі ў міліцэйскім пастарунку, дзе спрабавалі давесьці, што яны ня маюць права займацца агітацыяй. У Камянец актывісты ініцыятыўнай групы Анатоля Ляўковіча, які вылучаўся кандыдатам у дэпутаты ў Белавежскай выбарчай акрузе №7, прыехалі, каб распаўсюдзіць афіцыйныя агітацыйныя матэрыялы пра свайго кандыдата. Аднак мясцовыя міліцыянты спынілі гэтыя дзеяньні, спаслаўшыся на загад свайго начальніка Васіля Якімука. Затрыманых адвезьлі ў пастарунак, дзе прымусілі пісаць тлумачальныя запіскі. 

8 кастрычніка Венецыянская камісія Рады Еўропы вынесла заключэньне аб тым, што прапанаванае Аляксандрам Лукашэнкам пытаньне рэферэндуму не адпавядае еўрапейскім стандартам. На падставе каментароў двух эксьпертаў, італьянца Серджыа Бартоле і ірландца Мэцью Расела, Венецыянская камісія ўхваліла выснову, якая зазначае, што “вынесенае на рэферэндум пытаньне выклікае шэраг пярэчаньняў, у прыватнасьці: 
– яно часткова знаходзіцца ў наўпроставай супярэчнасьці з выбарчым заканадаўствам; 
– яно зьмешвае незаконны прывілей для адной асобы з пытаньнем большай, агульнай значнасьці; 
– яго прыняцьце далей пагоршыць дэфіцыт дэмакратыі ў краіне, які ўжо характэрызуецца празьмернымі паўнамоцтвамі прэзідэнта без адэкватных стрымліваньняў і супрацьвагаў; 
– існуе заклапочанасьць адносна таго, ці будзе магчымае свабоднае і справядлівае галасаваньне”. 
Венецыянская камісія таксама адзначае, што “некаторых, аднак ні ў якім разе ня ўсіх з гэтых заклапочанасьцяў і пярэчаньняў можна было б лёгка пазьбегнуць, калі б прэзідэнт абмежаваў рэферэндум канстытуцыйным пытаньнем, заявіўшы сваю кандыдатуру на трэці тэрмін пасьля таго”. Паводле камісіі, “тое, што ён зрабіў гэта ня так, уводзячы дадаткова відавочна незаконны асабісты элемент у пытаньне рэферэндуму, паказвае падыход да функцыянаваньня дзяржавы, які наўпрост супярэчыць еўрапейскім дэмакратычным стандартам”. 

8 кастрычніка ў Першамайскім раённым судзе Віцебску Валерыя Шчукіна прызналі вінаватым у аказаньні супраціву міліцыянтам, якія выконвалі службовыя абавязкі. Паводле сьведчаньня Валерыя Шчукіна, ніякага супраціву міліцыянтам, якія затрымлівалі яго 7 кастрычніка, ён не аказваў, а міліцыянты самі справакавалі той інцыдэнт, які адбыўся на прасьпекце Будаўнікоў. На судзе міліцыянты-сьведкі самі не адмаўлялі таго, што вакол іх быў утварыўся вялікі натоўп, што людзі абураліся такім гвалтам над немаладым ужо чалавекам, і што яны, каб не прыцягваць залішне ўвагу грамадзкасьці, мусілі як хутчэй запхнуць спадара Шчукіна ў машыну ды адвезьці ў пастарунак. У Першамайскім райаддзеле на яго склалі пратакол аб тым, што ён адмаўляўся падпарадкоўвацца загадам супрацоўнікаў міліцыі. Судзьдзя Першамайскага суду Валянціна Кісьмярошкіна цалкам падзяліла пазіцыю міліцыянтаў і прызнала Валерыя Шчукіна вінаватым. З улікам таго, што за распаўсюд улётак яго затрымлівалі ўжо неаднаразова, спадарыня Кісьмярошкіна прысудзіла апазіцыянеру 10 сутак арышту. 

8 кастрычніка ў Барысаве за распаўсюд кнігі “Случайный президент” на 10 сутак арыштаваны актывіст руху “Зубр” Аляксандр Казакоў. Ноч з 8 на 9 кастрычніка ён правёў ў КПЗ Барысаўскага ГУУС, а 11 кастрычніка асуджаны па арт.156 КаАП (дробнае хуліганства) на 10 сутак. 

8 кастрычніка стала вядома пра факт выкарыстаньня цэнзуры ў менскім Палацы мастацтваў. З традыцыйнай выстава Саюзу мастакоў “Восень-2004” зьнятая карціна кіраўніка суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкіна пад назвай “Якія самі, такі і наш Саня, або Падман-2004”. Сам Марачкін схільны называць інцыдэнт нават не забаронай твору, а яго арыштам, прынамсі – часовым затрыманьнем: “Гэтую карціну я напісаў якраз да выбараў і рэферэндуму. Я там супаставіў як бы дзьве эпохі. Гэта – 50-я гады, такі дакументальны фотаздымак 50-х гадоў, калі журналіст расставіў на выбарчым участку людзей. І гэты здымак прайшоўся па ўсіх газетах. Я паказаў там як бы ў двух вымярэньнях, што ў нас фактычна ёсьць дзьве Беларусі: адна Беларусь застрашаная, каторая падаўляецца сродкамі масавай інфармацыі, замбіруецца. Другая Беларусь, якая ня хоча жыць пад такім ціскам, хоча быць вольнай і свабоднай”. 

У ноч з 8 на 9 кастрычніка ў Менску за расклейку ўлётак супраць рэферэндуму быў затрыманы Юрый Чавусаў. Затрыманага даставілі ў РУУС Савецкага раёну, дзе быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні па артыкуле 143 КаАП “парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня населеных пунктаў”. Таксама міліцыянты канфіскавалі больш за 250 супрацьрэферэндумных улётак. Праз дзьве гадзіны затрыманага адпусьцілі. 

10 кастрычніка ў Менску прайшоў перадвыбарчы і антырэферэндумны мітынг дэмакратычнай апазіцыі. Гэтая акцыя праходзіла пад лозунгам: “Беларусі – так, Лукашэнку – не!”. Міліцыя канфіскавала некалькі транспарантаў і затрымала трох удзельнікаў гэтай акцыі. У мітынгу на плошчы Бангалор, дазвол на правядзеньне якога ад гарадзкіх уладаў атрымаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, удзельнічала каля паўтысячы чалавек. Міліцыянты адразу пачалі паводзіць сябе даволі жорстка. У многіх людзей правяралі асабістыя рэчы, шукаючы антырэферэндумныя транспаранты. Такім чынам затрымалі маладафронтаўцаў Зьміцера Дашкевіча і Барыса Гарэцкага. У хлопцаў забралі транспарант з надпісам “Не трэцяму тэрміну!” і адвезьлі ў пастарунак. Затрымалі і сябра ПКБ Уладзіміра Карпухіна. Гурту “Палац” забаранілі выступаць на мітынгу. Амапаўцы таксама забралі вялікі транспарант з надпісам “Беларусі – так, Лукашэнку – не!”. 

10 кастрычніка ў Гомелі каля паўтысячы гараджанаў узялі ўдзел у мітынгу супраць трэцяга тэрміну прэзідэнта. Гарвыканкам дазволіў акцыю ля Палацу глухіх на вуліцы Юбілейнай. На мітынгу, які праходзіў пад лозунгам: “Беларусі –так! Лукашэнку – не!”, выступілі кандыдаты ў дэпутаты ад кааліцыі “Пяцёрка-плюс” Алесь Карніенка, Юрый Варонежцаў, Віктар Хоміч ды іншыя. Падчас мітынгу распаўсюджвалася кніга П.Шарамета і С.Калінкінай “Случайный президент”. Пасьля мітынгу міліцыя затрымала легкавік сябра АГП Уладзіміра Кацоры. Яго прымусілі ехаць у Чыгуначны РАУС, дзе ўчынілі ператрус: шукалі кнігу. Аднак у легкавіку міліцыянты знайшлі толькі падшыўкі старых газетаў. 

11 кастрычніка Міністэрства юстыцыі адхіліла скаргу АГП па пытаньні ануляваньня Васняцоўскай пярвічнай арганізацыі Заводзкага раёну г. Менску. Кіраўніцтва партыі лічыць, што дадзеная структура была ліквідаваная 10 верасьня 2004 году незаконна, паколькі “па інфармацыі, якая маецца ў прэс-службы АГП, 10 верасьня ўдзень упраўленьне юстыцыі прыняло рашэньне аб ліквідацыі, а праверку правяло толькі ўвечары таго ж дня”. У выніку гэтых дзеяньняў прэтэндэнт у кандыдаты па Васьняцоўскай акрузе, першы міністр абароны незалежнай Беларусі Павел Казлоўскі ня быў зарэгістраваны. Скарга на дзеяньні ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму была накіраваная ў Міністэрства юстыцыі, але яно адмовіла ў разглядзе па той прычыне, што нібыта ў сябра партыі, на кватэры якога зарэгістраваная “пярвічка”, няма асобнага ўваходу. 

11 кастрычніка ў Віцебску за распаўсюд улётак затрымалі непаўнагадовага Вячаслава Андрэева. Вучань віцебскай сярэдняй школы №6 і актывіст моладзевай суполкі “Сёмая грань” распаўсюджваў улёткі з заклікам сказаць “не” на рэферэндуме. Вячаслаў Андрэеў раскладаў улёткі па паштовых скрынях. Міліцыянты з Кастрычніцкага райаддзелу падпільнавалі хлопца на вуліцы, затрымалі яго і завезьлі ў пастарунак. Там усе ўлёткі, якія былі пры ім – а гэта некалькі сотняў асобнікаў – канфіскавалі, а на самога Вячаслава Андрэева склалі пратакол за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных. Праз некалькі гадзінаў хлопца адпусьцілі, сказаўшы, што паведамяць пра ягонае правапарушэньне ў камісію па справах непаўнагадовых. 

11 кастрычніка ў віцебскага бізнэсмена канфіскавалі 8 тысячаў асобнікаў кнігі Сьвятланы Калінкінай і Паўла Шарамета “Случайный президент”. На думку кіроўцы, які перавозіў кнігі, за ягонай машынай сачылі. Бо як толькі ён спыніўся, каб зрабіць дробны транспартны рамонт каля вёскі Бабінічы недалёка ад Віцебску, да яго тут жа пад’ехалі супрацоўнікі раённай міліцыі і аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. У пастарунку ён правёў амаль 12 гадзінаў, спадзеючыся, што яму або вернуць кнігі, або хаця б складуць пратакол пра тое, што іх насамрэч забралі міліцыянты. Супрацоўнікі міліцыі адмовіліся складаць такі пратакол, затое кожны з іх ужо прачытаў твор Сьвятланы Калінкінай і Паўла Шарамета падчас свайго дзяжурства. 

11 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі затрымалі двух сяброў моладзевай арганізацыі “Задзіночаньне беларускіх студэнтаў” за распаўсюд улётак з заклікам да студэнтаў ня ўдзельнічаць у датэрміновым галасаваньні. Сержука Семянюка і Васіля Лепеша затрымалі ў двары дома, дзе месьціцца офіс арганізацыі. Затрымаў іх міліцыянт, які нёс службу каля Латвійскай амбасады. Ён выклікаў патрульную машыну. У хлопцаў у заплечніках знайшлі каля дзьвюх сотняў улётак, на якіх вялізнымі літарамі напісана “Не заганяйся!”, а таксама заклік ня ўдзельнічаць у датэрміновым галасаваньні. Міліцыянты патлумачылі юнакам, што не дапусьцяць, каб гэтыя ўлёткі трапілі па прызначэньні. Хлопцаў даставілі ў РУУС Савецкага раёну. Іх абвінавацілі ў адміністратыўным правапарушэньні (арт. 172.3 КаАП РБ – распаўсюд друкаваных выданьняў без выходных дадзеных). 

12 кастрычніка суд адмовіўся разглядаць скаргу Вольгі Завадзкай на дзеяньні службовых асобаў рэспубліканскай пракуратуры, а заяву маці выкрадзенага журналіста аб узбуджэньні справы “па наноў адкрыўшыхся абставінах” забраў асабіста Генеральны пракурор РБ В.Шэйман. Маці выкрадзенага ў ліпені 2000 году тэлеаператара ОРТ Дзьмітрыя Завадзкага Вольга Рыгораўна атрымала адказ з суда Цэнтральнага раёну г. Менску на яе скаргу на дзеяньні службовых асобаў Пракуратуры Рэспублікі Беларусь. У сваёй скарзе Вольга Завадзкая прасіла суд абавязаць супрацоўнікаў пракуратуры даць ёй матываваны адказ на заяву аб узбуджэньні крымінальнай справы па справе яе сына “па наноў адкрыўшыхся абставінах” у сувязі з выступам А. Лукашэнкі. Пракуратура Рэспублікі Беларусь ніяк не адрэагавала на заяву маці Дзьмітрыя Завадзкага, і яна падала скаргу на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў пракуратуры. З суда прыйшоў адказ – рашэньне судзьдзі Цэнтаральнага раёну г. Менску Ганчар С.В., у якім сказана: “....паколькі заяўнікам абскарджваюцца дзеяньні службовых асобаў Пракуратуры Рэспублікі Беларусь (...), скарга не падлягае разгляду ў судзе у сувязі з яе непадведамаснасьцю”. У Рэспубліканскай Пракуратуры Вользе Рыгораўне сказалі, што адказу на яе заяву ня будзе, паколькі заяву забраў асабіста Генпракурор Віктар Шэйман, і ніякага распараджэньня па гэтай справе супрацоўнікам пракуратуры не даваў. Вольга Рыгораўна будзе абскарджваць адмову на імя старшыні суда Цэнтральнага раёну, а пры неабходнасьці – у судзе вышэйшай інстанцыі. 

12 кастрычніка Міністэрства інфармацыі адмяніла свой загад аб прыпыненні на 3 месяцы недзяржаўнай маладзечанскай "Рэгіянальнай газеты". Сузаснавальнік і галоўны рэдактар выданьня Аляксандр Манцэвіч не выключае, што гэта зьвязана з вялікай колькасьцю чытацкіх скаргаў, якія паступілі на адрас Міністэрства інфармацыі пасьля прыпыненьня газеты. У загадзе міністра У. Русакевіча аб адмене папярэдняга загаду апошняе рашэньне ніяк не аргументуецца. У той жа час, як паведаміў А. Манцэвіч, нядаўна ў рэдакцыю патэлефанаваў супрацоўнік мінінфармацыі, які паведаміў, што ў іх ужо назьбіраўся цэлы стос лістоў пратэсту ад чытачоў "Рэгіянальнай газеты" ў сувязі з яе прыпыненьнем. Акрамя гэтага, сам галоўны рэдактар пасьля прыпыненьня газеты пачаў збор подпісаў за адмену загаду. (Толькі за адзін дзень ён назьбіраў 235 подпісаў). Яшчэ адной з магчымых прычынаў перагляду міністэрствам свайго рашэньня Аляксандр Манцэвіч лічыць тое, што выданьне аператыўна адрэагавала на выстаўленыя прэтэнзіі. Яшчэ ў канцы верасьня рэдакцыя падала ў Мінінфармацыі ўсе неабходныя дакументы для ўнясеньня зьменаў у рэгістрацыйнае пасьведчаньне і адразу ж аплаціла рэгістрацыйны збор. 

12 кастрычніка Міжнародная асацыяцыя газетаў і Міжнародны форум рэдактароў у лісьце да Аляксандра Лукашэнкі выказалі занепакоенасьць кампаніяй уладаў Беларусі па закрыцьці незалежных выданьняў. 5 кастрычніка міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Русакевіч прыпыніў выхад газеты “Неделя” на тры месяцы. Ніякіх прычынаў часовага закрыцьця выданьня не было названа. Міжнародная асацыяцыя газетаў і Міжнародны форум рэдактароў выказалі заклапочанасьць закрыцьцём газеты “Неделя” як часткай кампаніі ўладаў па ўціску крытыкі падчас парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. “За апошнія месяцы прынамсі пяць выданьняў былі часова альбо назаўжды зачыненыя”, – сказана ў звароце. Апрача “Недели”, гэта “Рэгіянальная газета”, “Навінкі”, “Новая газета Сморгони” і “Рабочая салідарнасьць”. Міжнародная асацыяцыя газетаў і Міжнародны форум рэдактароў рэкамендуюць дасылаць свае пратэсты прэзідэнту Беларусі і нагадаць яму, што закрыцьцё “Недели” і іншых выданьняў зьяўляецца відавочным парушэньнем свабоды выказваньня, якая гарантуецца шэрагам міжнародных пагадненьняў, у тым ліку Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека. Міжнародныя журналісцкія арганізацыі заклікалі кіраўніка Беларусі адмяніць закрыцьцё шэрагу выданьняў і зрабіць усе неабходныя крокі, каб у будучыні Беларусь цалкам паважала міжнародныя стандарты свабоды выказваньняў, 

12 кастрычніка на сем сутак за правядзеньне пікету арыштаваны жыхар Гародні Генадзь Скрабоўскі, які правёў у цэнтры гораду пiкет супраць пажыцьцёвага праўленьня Аляксандра Лукашэнкi. Выйсьці на пікет, па словах Генадзя, яго вымусіла “нахабная агiтацыйная кампанiя, якая праводзiцца ў дзяржаўных СМI”. 

12 кастрыніка старшыня Віцебскай-Горкаўскай акруговай выбарчай камісіі Сьвятлана Мянжынская адмовілася прадаставіць інфармацыю журналісту недзяржаўнай газеты "Витебский курьер" Уладзіміру Жыгулову. Спачатку Мянжынская пагадзілася на размову, але пасьля заявіла, што ня будзе адказваць на пытаньні журналіста і наогул "не жадае мець справаў з прэсай". "Пакуль ня прыме рашэньня Цэнтрвыбаркам, я нічога ня буду гаварыць", -- заявіла старшыня камісіі. Тэмай размовы мелася стаць пазбаўленьне камісіяй рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты ПП НС Паўла Севярынца пасьля ягонага выступу на абласным радыё. Мянжынская нагадала, што пазбаўлены рэгістрацыі кандыдат паскардзіўся на дзеяньні камісіі ў пракуратуру, і дала суразмоўцу зразумець, што вельмі незадаволеная гэтым учынкам. 
13 кастрычніка міністра спорту і турызму Юрыя Сівакова не дапусьцілі да ўдзелу ў канферэнцыі міністраў спорту еўрапейскіх краінаў у Будапешце 14–15 кастрычніка. 

13 кастрычніка адміністратыўная камісія Чыгуначнага раёну г.Гомелю вынесла папярэджаньне старшыні Гомельскага аддзяленьня БХК Алесю Яўсеенку, машыну якога 6 кастрычніка спынілі на адным з пастоў ДАІ і канфіскавалі наклад бюлетэню, накіраванага супраць рэферэндуму. 

13 кастрычніка ў Віцебску пры распаўсюдзе улётак, зьмест якіх датычыць пытаньняў, што вынесеныя на рэферэндум, быў затрыманы супрацоўнікам Першамайскага РУУС актывіст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Міхаіл Паўлаў. Затрыманы дастаўлены ў Першамайскі РАУС, дзе складзены пратакол па парушэньні арт. 172-3 (распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных). Пры асабістым даглядзе ў М. Паўлава знайшлі 12 таблетак "Метыянін", якія свабодна прадаюцца праз аптэкі і не зьяўляюцца наркатычным альбо моцнадзейсным сродкам. Нягледзячы на даведкі, атрыманыя з аптэкаўпраўленьня супрацоўнікамі міліцыі па тэлефоне, пратакол выняцьця лекавага сродку ўсё ж склалі, а лекі адправілі на эксьпертызу. Пратакол адміністратыўнага правапарушэньня накіравалі на разгляд адміністратыўнай камісіі. Падчас знаходжаньня ў памяшканьні Першамайскага РАУС Міхаіл Паўлаў пачуў, як дзяжурны афіцэр капітан Абрамовіч аддаваў па тэлефоне загад міліцыянтам на выбарчых участках наступнага зьместу: неадкладна паведамляць яму, афіцэру дзяжурнай часткі Першамайскага РАУС, дадзеныя аб усіх назіральніках, якія прыбываюць на выбарчыя ўчасткі. 

13 кастрычніка на станцыі метро “Няміга” быў затрыманы актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Козел. Суд Цэнтральнага раёну г.Менску вынес рашэньне пра 4 сутак адміністратыўнага арышту за “хуліганства”. А. Козел накіраваны адбываць пакараньне ў сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку, але, паведамляючы ў офіс АГП пра сваё затрыманьне, Андрэй адзначыў, што ён не рабіў ніякіх дзеяньняў, якія можна кваліфікаваць як адміністратыўнае правапарушэньне. 

13 кастрычніка міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч вынес папярэджаньне рэдакцыі недзяржаўнай газеты "Бобруйский курьер". У рэдакцыі пра гэта даведаліся, атрымаўшы ліст з міністэрства. Выданьне абвінавачваюць у тым, што яно публікуе рэкламныя абвесткі пра дзейнасьць, якая патрабуе ліцэнзіі, "без пацьверджаньня рэкламадаўцам права на ажыцьцяўленьне такой дзейнасьці" (парушэньне арт. 30 Закону аб друку). На думку галоўнага рэдактара “Бобруйского курьера” Анатоля Санаценкі, санкцыі міністэрства сталі следзтвам нядаўняй публікацыі вынікаў вулічнага апытаньня бабруйчанаў наконт іх стаўленьня да рэферэндуму. Акрамя гэтага, у газеце некалькі разоў зьяўляліся артыкулы з крытыкай у адрас мясцовага кіраўніцтва. А. Санаценка паведаміў, што будзе спрабаваць абскардзіць вынесенае папярэджаньне. 

14 кастрычніка Міністэрства юстыцыі Беларусі часова адмовілася ад прэтэнзіяў да Беларускага Хельсінкскага камітэту. У Міністэрстве юстыцыі Беларусі фактычна прызналі, што паўторны зыск у Вярхоўны суд аб ліквідацыі Беларускага Хельсінкскага камітэту ня будзе накіраваны. У сярэдзіне верасьня ў Вярхоўны суд быў накіраваны зыск аб ліквідацыі БХК, аднак Вярхоўны суд зыск Мінюсту накіраваў на дапрацоўку, адвёўшы на гэта 2 тыдні. Мінула нават больш часу, але новы зыск у Вярхоўным судзе не зьявіўся. У прыватных размовах чыноўнікі Мінюсту прызнаюць, што “перабольшылі” з прэтэнзіямі да БХК, аднак публічна пра гэта не выказваюцца. 

14 кастрычніка Беларускі дом друку адмовіўся друкаваць газету "Товарищ" – выданьне Цэнтральнага камітэту Партыі камуністаў Беларускай. Напачатку рэдакцыі паведамілі, што ў друкарні "няма тэхнічных магчымасьцяў" надрукаваць нумар, а потым заявілі, што рэдакцыйнае кіраўніцтва павінна было загадзя падаць заяўку на выпуск выданьня большым накладам. 13 кастрычніка рэдакцыя замовіла замест звычайных сямі тысячаў выпуск 30 тысячаў асобнікаў газеты. 23 з іх планавалася распаўсюдзіць бясплатна. Друкарня без усялякіх пытаньняў прыняла гэтую замову. Аднак ужо раніцай 14 кастрычніка рэдактару выданьня Сяргею Вазьняку заявілі, што пры замове "павышанага" накладу трэба загадзя падаваць адмысловую заяўку. У гэтым нумары "Товарища" быў зьмешчаны тэкст "прамой лініі" лідэра ПКБ, кандыдата ў дэпутаты ПП НС Сяргея Калякіна з чытачамі па пытаньнях выбараў і рэферэндуму. Асноўным "слоганам" нумару меўся стаць заклік "Беларуси – да, Лукашенко – нет!". Сп. Вазьняк упэўнены, што рэдакцыі адмовілі пасьля таго, як кіраўніцтва друкарні азнаёмілася са зьместам нумару. 

14 кастрычніка ў Баранавічах былі затрыманыя тэлежурналісты з Польскай інфармацыйнай групы Першага тэлеканалу. Польскія тэлежурналісты прыехалі ў Беларусь, каб асьвятляць падзеі, зьвязаныя з выбарамі і рэферэндумам. Уначы на польска-беларускай мяжы ў Берасьці іх сустракаў консул. Яны кіраваліся ў Менск, каб атрымаць акрэдытацыю, дакументы на якую папярэдне былі дасланыя ў беларускі МЗС, але па дарозе заехалі ў Баранавічы. У Баранавічах яны сустрэліся з кандыдатам у дэпутаты ад АГП Сяргеем Андрушчанкам, а таксама з сябрамі Праваабарончага цэнтру “Вясна” і некаторымі іншымі мясцовымі дэмакратычнымі актывістамі. Пасьля сустрэчы журналісты разам з кіраўніком Баранавіцкага аддзяленьня “Вясны” Сяргеем Гоўшам выйшлі на вуліцу з офісу, каб там зрабіць здымкі. На вуліцы іх ужо чакалі трое супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку адзін палкоўнік. Яны запатрабавалі прадставіць акрэдытацыю. Журналісты пачалі тлумачыць, што яны накіроўваюцца ў Менск дзеля яе атрыманьня, але іх слухаць ня сталі, а пасадзілі ў міліцэйскую машыну і павезьлі ў аддзяленьне міліцыі. Пасьля праверкі дакументаў у аддзяленьні міліцыі польскіх тэлежурналістаў адпусьцілі. Правяралі іх ня толькі міліцыянты, але і супрацоўнік КДБ. 

14 кастрычніка пракуратура г. Менску адмовілася ўзбудзіць крымінальную справу супраць антысеміцкіх выдаўцоў. З позвай у пракуратуру кіраўніцтва Саюзу беларускіх габрэйскіх аб’яднаньняў і грамадаў зьвярнулася ў пачатку сакавіка. Арганізацыя прасіла распачаць крымінальную справу супраць фірмы “Праваслаўная ініцыятыва" за распаўсюд зьвестак, што распальваюць рэлігійную і нацыянальную варожасьць, а таксама скіраваных на прыніжэньне нацыянальных гонару і годнасьці габрэйскага народу. Саюз зьвяртаў увагу на кнігу “Война по законаа подлости”, выдадзеную “Праваслаўнай ініцыятывай”. Старшыня Саюзу габрэйскіх арганізацыяў Беларусі Я.Басін назваў адмову пракуратуры "дастаткова тэндэнцыйнай, якая не адлюстроўвае сапраўднага становішча з праявамі антысемітызму ў краіне". Кіраўніцтва Саюзу мае намер абскарджваць рашэньне сталічнай пракуратуры ў вышэйшых інстанцыях. 

15 кастрычніка Міністэрства інфармацыі Беларусі прыпыніла на адзін месяц выхад ваўкавыскай недзяржаўнай “Местной газеты”. Улады абвінавачваюць рэдакцыю ў парушэньні шэрагу артыкулаў Закону “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”. Галоўны рэдактар “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч зьвязвае прыпыненьне выданьня з выбарчай і рэферэндумнай кампаніяй і абяцае, што газета неўзабаве выйдзе пад другой назвай. У загадзе міністра інфармацыі Уладзіміра Русакевіча гаворыцца, што рэдакцыя “Местной газеты” вінаватая ў распаўсюдзе несапраўдных зьвестак аб прыпыненьні выхаду “Новой газеты Сморгони”. Рашэньне Міністэрства інфармацыі па справе смаргонскага тыднёвіка “Местная газета” назвала незаконным. Ваўкавыскае выданьне таксама абвінавачваюць у публікацыі рэкламных абвестак пра дзейнасьць, якая патрабуе ліцэнзаваньня. Міністр таксама лічыць, што “Местная газета” дагэтуль не зьмяніла статусу з гарадзенскага рэгіянальнага на раённы. Таму на месяц выхад газеты спынены. 

15 кастрычніка ў Менску за расклейку антыпрэзідэнцкіх плакатаў затрыманы Юрый Чавусаў. У 3 гадзіны ночы міліцыянты схапілі Юрыя Чавусава ля стэнду з агітацыйнымі афішамі, дзе ён наклейваў плакат “Лукашенко зажрался”. Затрыманага даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну, дзе быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні па артыкуле 143 КаАП і акт выманьня 6 плакатаў. 

15 кастрычніка гарадзенская мiлiцыя распачала паляваньне на валанцёраў Незалежнага iнстытуту сацыяльна-эканамічных і палiтычных дасьледваньняў, якiя праводзяць апытаньне ля выбарчых участкаў – гэтак званы “экзіт-пул”. Аляксей Салей быў затрыманы i дастаўлены ў Ленiнскi РАУС. У кватэры астатнiх наведалася мiлiцыя з патрабаваньнем выдаць мабiльныя тэлефоны. Фармальнай падставай для перасьледу валанцёраў стала ананiмная iнфармацыя, што мабiльныя тэлефоны, якiмi яны карыстаюцца, быццам бы крадзеныя. Толькі позна ўвечары быў вызвалены Аляксей Салей, адзiн з каардынатараў правядзеньня ў Гародні “экзіт-пулу”, сацыялагiчнага апытаньня ля выбарчых участкаў людзей, якiя ўжо прагаласавалi. Супрацоўнiкi сьпецслужбаў, якiя прадставiлiся афiцэрамi мiлiцыi з менскага аддзелу па барацьбе з арганiзаванай злачыннасьцю, спрабавалi завербаваць Аляксея Салея, але ён адмовіўся ад супрацоўніцтва са сьпецслужбамі. 

15 кастрыніка амбасада Злучаных Штатаў Амерыкі зрабіла каментар наконт шэрагу праграмаў, паказаных па беларускім дзяржаўным тэлебачаньні, мэтай якіх было ў негатыўным сьвятле прадставіць паводзіны супрацоўнікаў амерыканскай амбасады, што працуюць у Беларусі. У прыватнасьці, амбасада адвяргае абвінавачаньні, выказаныя ў праграме “В центре внимания”, дзе сьцьвярджалася, што амерыканскія супрацоўнікі займаліся ў Беларусі незаконнай ці падрыўной дзейнасьцю. Відавочна, што гэтыя тэндэнцыйныя праграмы рабіліся дзеля таго, каб стварыць скажоны і адмоўны імідж Злучаных Штатаў, настроіць народ Беларусі супраць ЗША, іх народу і палітыкі. Злучаныя Штаты вітаюць крытыку і адкрыты дыялог, аднак інсінуацыі ды напад на годнасьць амерыканскіх дыпламатаў абсалютна непрымальныя. Амбасада Злучаных Штатаў выступае за разьвіцьцё моцных сяброўскіх сувязяў паміж нашымі краінамі. Супрацоўнікі амбасады заўсёды паводзілі і будуць паводзіць сябе з пачуццём прафесійнай і ўласнай годнасьці і ў адпаведнасьці з законамі Злучаных Штатаў і Беларусі. 

16 кастрычніка пракуратура Менску распачала крымінальную справу па факце прэсавай канферэнцыі аб мажлівых фальсіфікацыях падчас галасаваньня. Прадстаўнікі ініцыятывы “За справядлівыя выбары” і лідэры апазіцыйных партыяў прадэманстравалі журналістам узоры пратаколаў участковых выбарчых камісіяў з гатовымі лічбамі, а таксама зводныя табліцы па акрузе з разьмеркаваньнем галасоў на ўчастках. Копіі падрыхтаваных пратаколаў і табліц паралельна патрапілі да актывіста ініцыятывы “За справядлівыя выбары” Анатоля Фёдарава і да лідэра ПКБ Сяргея Калякіна. У пратаколах ужо запісаныя вынікі на карысьць А. Лукашэнкі і кандыдатаў ад улады. 15 кастрычніка на гэта адрэагаваў пракурор Менску Мікалай Кулік, які ў інтэрв’ю Беларускаму тэлебачаньню заявіў пра гэту прэс-канферэнцыю наступнае: “Яе ўдзельнікамі распаўсюджаныя ад пачатку ілжывыя і ганебныя для прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншых службовых асобаў прыдумкі, якія датычацца маючых адбыцца рэспубліканскага рэферэндуму і выбараў”. Пракурор Кулік дадаў, што “матэрыялы ўтрымліваюць дастатковыя зьвесткі, якія паказваюць на прыкметы злачынстваў” паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу – аб паклёпе і аб паклёпе на прэзідэнта. Таму пракуратура Менску распачала па гэтых артыкулах адпаведную крымінальную справу. 

16 кастрычніка віцебскія актывісты Кансерватыўна-Хрысьціянскай партыі Уладзімір Плешчанка і Барыс Хамайда арыштаваныя на 10 сутак за пікет каля Віцебскага райвыканкаму. Барыс Хамайда трымаў у руках толькі белы аркуш з намаляваным на ім чорным квадратам. Тлумачэньні былі прыблізна такія: “Гэткім чорным будзе нашае жыцьцё, калі прагаласуем “за” на рэферэндуме”, або “Такога колеру будзе нашая доля пра новых абраньніках”. Міліцыянты палічылі гэта дастатковай падставаю дзеля таго, каб завезьці апазіцыянераў спачатку ў Чыгуначны РУУС, а потым адразу ў раённы суд. Адзінымі сьведкамі на абодвух судовых працэсах былі міліцыянты. Абодвум апазіцыянерам прысудзілі 10 сутак арышту і завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. 

16 кастрычніка невядомыя ў цывільным запатрабавалі ад чэшскага журналіста Міраслава Карася сьцерці стужку з відэаматэрыяламі. Міраслаў Карась — журналіст Чэшскай тэлевізіі, акрэдытаваны Міністэрствам замежных справаў для асьвятленьня рэферэндуму і выбараў у Беларусі. Інцыдэнт здарыўся каля будынку Цэнтрвыбаркаму пасьля таго, як Міраслаў Карась запісаў інтэрв’ю з сябрам Парыті БНФ Алесем Міхалевічам, якога выбарчая камісія за некалькі дзён да выбараў пазбавіла рэгістрацыі. Паводле Міраслава Карася, невядомыя людзі, якія не называлі сваіх імёнаў, забаранілі яму здымаць Цэнтарвыбаркам, завялі ў будынак і запатрабавалі зьнішчыць адзьняты матэрыял. Міраслаў Карась адмовіўся выканаць патрабаваньні невядомых і быў адпушчаны толькі пасьля таго, як заявіў, што будзе зьвяртацца па дапамогу ў амбасаду Чэхіі. 

16 кастрычніка Быхаўскія міліцыянты затрымалі польскую журналістку Ганну Гарасімовіч. Спадарыня Ганна, якая прадстаўляе "Інфарматар культуральны", езьдзіла на выбарчыя ўчасткі Быхаўскай акругі разам з групай падтрымкі кандыдата ў дэпутаты парламенту ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Кірыла Шарапкіна. Ганна Гарасімовіч на ўчастках цікавілася, колькі людзей прагаласавала датэрмінова, што моцна нервавала сяброў выбарчых камісіяў. На ўчастак у Быхаўскім раённым шпіталі пад’ехалі міліцыянты і прапанавалі спадарыні Ганьне праехаць з імі ў аддзяленьне. Яны выпытвалі ў журналісткі, хто яна, адкуль, якую мае візу і чаму цікавіцца галасаваньнем. Быхаўскія міліцыянты пратрымалі польскую журналістку болей за гадзіну. 

16 кастрычніка ў Смаргоні ў акрузе, дзе кандыдатам у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі зарэгістраваная Зінаіда Бандарэнка, Народная артыстка Беларусі, былі затрыманыя 6 назіральнікаў ад АБСЕ. Іх на працягу гадзіны дапытвалі ў мясцовым аддзяленьні міліцыі. 

16 кастрычніка на Кастрычніцкую плошчу выйшлі маладыя людзі з чорнымі павязкамі на рукавах. Стаўшы ў шэраг яны разгарнулі нумар “Советской Белоруссии” з надпісам на першай паласе – “Прагаласуйце!”, і сталі рабіць выгляд, што ўважліва чытаюць. Удзельнікі акцыі таксама трымалі чырвона-зялёныя сьцяжкі з надпісамі “НЕ” і “Жыве Беларусь”. Такім чынам удзельнікі флэш-мобу хацелі нагадаць людзям пра небясьпеку рэферэндуму наконт зьмены Канстытуцыі. Амапаўцы спынілі Макара Ваўчка (непаўнагадовы) і Алега Ларычава (студэнт), бо ў іх былі чорныя стужкі на рукавах (стужкі сьведчылі пра ўдзел у флэш-мобе). Пасьля вобыску ў торбах у затрыманых амапаўцы знайшлі антыпрэзідэнцкія ўлёткі. Ваўчок і Ларычаў былі дастаўленыя ў РУУС Цэнтральнага раёну. 

16 кастрычніка ў Віцебску быў зьбіты фотакарэспандэнт газеты "Витебский курьер" Аляксей Вронскі. Інцыдэнт адбыўся каля 20.00 у двары дому на вуліцы Гагарына, дзе жыве журналіст. Першы ўдар быў нанесены ззаду (як мяркуецца, кастэтам). Сам А. Вронскі, які мае добрую спартыўную падрыхтоўку, лічыць, што нападнік дзейнічаў прафесійна. Зьбіцьцём той не абмежаваўся, а забраў у фотакарэспандэнта фотакамеру і ўсе прыналежнасьці разам з сумкай. У той жа вечар пацярпелы зьвярнуўся ў міліцыю, але знайсьці злачынцу праваахоўным органам адразу не ўдалося. 

17 кастрычніка карыстальнікі Інтэрнэту ў Беларусі сутыкнуліся з праблемай: шэраг сайтаў, якія размяшчаюць у рэжыме on-line найбольш вострую грамадзка-палітычную інфармацыю, аказаліся недаступныя. Сярод "заблакаваных" апынуліся web-старонкі "Хартыі-97", Радыё Свабода, Праваабарончага цэнтру "Вясна", Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Раніцай названыя Інтэрнэт-рэсурсы працавалі ў звычайным рэжыме, аднак пасьля 12-й гадзіны старонкі перасталі "грузіцца". Web-майстры ня маюць сумневаў, што праблемы маюць штучнае паходжанне. Тэхнічна гэткія перашкоды можа ствараць толькі нацыянальны аператар электрасувязі РБ "Белтэлеком" -- манапаліст на доступ да Інтэрнэту ў Беларусі. Калектыў заблакаванага сайту www.charter97.org выступіў з адмысловай заявай з гэтай нагоды. "Мы заяўляем, што ўсім спробам уладаў перашкодзіць свабоднаму распаўсюду інфармацыі ў Інтэрнэце наканаваны правал. Можна заблакаваць працу некалькіх вэб-сайтаў унутры краіны, аднак паралізаваць вядучыя сусьветныя і расійскія Інтэрнэт-СМІ беларускі рэжым яўна ня ў стане", -- гаворыцца ў заяве. Калектыў інтэрнэт-рэсурсу таксама звяртаецца да прадстаўнікоў сусьветных мас-медыя з заклікам працягваць усебаковае асьвятленьне падзеяў у Беларусі. 

17 кастрычніка ў Менску на ўчастку №579 у мікрараёне Уручча супрацоўнікі міліцы ў цывільным спрабавалі затрымаць здымачную групу расійскага тэлеканалу Rеn-TV. 

17 кастрычніка ў Менску супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы і дастаўлены ў РУУС Савецкага раёну кіраўнік аддзелу сьпецпраектаў расійскай тэлекампаніі ОРТ Павел Шарамет. Затрыманьне адбылося адразу пасьля бойкі, якую распачалі з П. Шараметам невядомыя маладыя людзі ў цывільным. П. Шарамета абвінавацілі ў дробным хуліганстве. На думку журналіста, інцыдэнт напрамую зьвязаны з арганізаванай у Менску тэрміновай прэс-канферэнцыяй па папярэдніх выніках выбараў і рэферэндуму. Павел Шарамет быў дастаўлены ў аддзяленьне нейрахірургіі 9-й клінікі з падозраньнем на чэрапна-мазгавую траўму. Кіраўнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Генадзь Глебчык лічыць інцыдэнт з журналістам расійскага каналу Паўлам Шараметам "пабытовай" сітуацыяй. У міністэрстве ўпэўненыя, што журналіст сам зьдзейсьніў напад на маладых людзей, а пра паходжаньне яго ўласнай траўмы нічога ня ведаюць. Па версіі МУС, увечары 17 кастрычніка ў двары дома № 53 па прасьпекце Скарыны да Шарамета падыйшлі двое маладых людзей ("рабочыя" 1981 і 1982 гг. нараджэньня) і папрасілі закурыць. Па словах сп-ра Глебчыка, П. Шарамет, настроены вельмі "агрэсіўна", адказаў на просьбу нецэнзурнай лаянкай і ўдарыў аднаго з маладых людзей. Маладыя людзі нібыта самі пачалі клікаць міліцыю, і ў хуткім часе пад’ехала машына і забрала ўсіх траіх у Савецкі РАУС. На пытаньне, адкуль тады ўзялася траўма ў журналіста, Г. Глебчык сказаў, што "яму самому было б цікава даведацца пра яе паходжаньне". Кіраўнік упраўленьня інфармацыі паведаміў, што з РАУС дваіх маладых людзей адпусьцілі, таму што тыя "па пратаколе не рабілі супрацьпраўных дзеяньняў", а П. Шарамета да рашэньня суда вырашылі трымаць у сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку, "паколькі ён не зьяўляецца грамадзянінам РБ". Г. Глебчык сказаў, што суд над Шараметам павінен быў адбыцца адразу, але той паскардзіўся на галаўны боль і з Акрэсьціна быў дастаўлены ў бальніцу. Сакратар амбасады Расіі ў Беларусі А. Фралоў паведаміў, што амбасада трымае гэты інцыдэнт на кантролі. Па словах сакратара, прадстаўнікі амбасады зьвязваліся з міністрам унутраных справаў Беларусі Уладзімірам Навумавым, які заявіў ім, што Шарамет затрыманы за ўдзел у бойцы, і што суд над ім адбудзецца 20 кастрычніка. Па словах сп-ра Фралова, сам П. Шарамет па дапамогу расійскага прадстаўніцтва не зьвяртаўся. У суд прадстаўнік амбасады пойдзе толькі тады, калі П. Шарамет зьвернецца з адпаведнай просьбай. Артыкул 156 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях, па якім журналіста спрабуюць прыцягнуць да адказнасьці, прадугледжвае ў якасьці пакарання арышт да 15 сутак, штраф памерам да двух базавых велічыняў альбо папраўчыя работы на тэрмін ад 1 да 2 месяцаў. 

17 кастрычніка ў Менску затрыманы актывіст руху “Зубр” Аляксей Ляўковіч, які распаўсюджваў улёткі з заклікам прыйсьці 18 кастрычніка на Кастрычніцкую плошчу і выказаць пратэст супраць сфальсіфікаваных вынікаў выбараў і рэферэндуму. У адносінах яго складзены пратакол па арт. 167-1 КаАП РБ (парушэньне парадку правядзеньня масавых акцыяў). 

17 кастрычніка ў Магілёве затрыманы назіральнік Мікалай Лабанаў, які быў вылучаны ад ГА "БНФ "Адраджэньне" ва ўчастковую выбарчую камісію №109 Магілёўскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі №73. М.Лабанаў знаходзіўся на выбарчым участку №109, дзе назіраў за ходам галасаваньня. Паколькі месцы для назіральнікаў былі ўсталяваныя такім чынам, што з іх немагчыма было бачыць скрыняў для галасаваньня, сп. Лабанаў зрабіў заўвагу аб гэтым старшыні камісіі Галіне Каліновіч. Тая, аднак, ніякіх захадаў не прадпрыняла. Неўзабаве ўчастак наведалі назіральнікі АБСЕ, якім М.Лабанаў выклаў сітуацыю. Пасьля сыходу назіральнікаў АБСЕ на участку зьявіўся нарад міліцыі (л-т Хонін Сяргей Уладзіміравіч, л-т Мішэрнік Арцём Аляксандравіч, Антошкін Віктар Фёдаравіч), які затрымаў сп. Лабанава і даставіў у Кастрычніцкі РАУС г. Магілёву. У РАУСе М.Лабанаў быў пратрыманы тры гадзіны, пасьля чаго вызвалены. 

17 кастрычніка кіраўніца Рабочай групы па Беларусі ПА АБСЕ Ута Цапф, якая прыбыла ў Менск у якасьці афіцыйнай назіральніцы за выбарамі ў Беларусі, падчас спробы наведаць адзін з мясцовых выбарчых участкаў была літаральна выкінутая за дзьверы старшынёй выбаркаму. Пра гэты інцыдэнт спадарыня Цапф паведаміла прадстаўнікам нямецкіх СМІ. Паводле словаў нямецкай парламентаркі, яна і яе калегі, назіральнікі АБСЕ, сутыкнуліся таксама з нежаданьнем сяброў выбаркамаў адказваць на пытаньні. “Мы адчулі надзвычайныя перашкоды ў часе сваёй працы”, -- паведаміла Ута Цапф. Паводле яе словаў, падчас рэферэндуму і парламенцкіх выбараў дзейнасьці афіцыйных заходніх назіральнікаў быў нанесены адчувальны ўрон. Прэзідэнт Лукашэнка фактычна зрабіў немагчымым назіраньне паводле стандартаў АБСЕ. 

18 кастрычніка афіцыйны Менск зноў зьдзівіў увесь сьвет – спачатку нечуванымі вынікамі рэферэндуму і выбараў у парламент (нават сам прэзідэнт Лукашэнка назваў іх "ашаламляльнымі"), а потым жорсткаю расправаю над сотнямі людзей, што выйшлі на Кастрычніцкую плошчу сталіцы Беларусі, каб выказаць свой пратэст супраць масавых фальсіфікацыяў, што адбываліся на выбарчых участках. На Кастрычніцкай плошчы сабралася каля пяці тысячаў чалавек. У 18.00 яны паглядзелі на вялікім тэлеэкране трансьляцыю абвяшчэньня афіцыйных вынікаў рэферэндуму. "Ганьба!" – гучала над плошчай, як рэзюме. Да 18.30 з удзельнікаў акцыі сфармавалася калона, над якой зьявіліся сьцягі Еўрасаюзу і нацыянальныя бел-чырвона-белыя. Скандуючы "Жыве Беларусь!" і "Лукашэнка, ты прайграў!" людзі рушылі ў бок плошчы Незалежнасьці і Дому ўраду. Шлях дэманстрантам перакрылі амапаўцы. Пачаліся масавыя затрыманьні і зьбіцьцё людзей, зацягваньне іх у аўтобусы. Калона рушыла да будынку Адміністрацыі прэзідэнта. Зьявілася расьцяжка "Не – трэцяму тэрміну!". "Далоў Луку!", "У адстаўку!" – скандуюць удзельнікі акцыі. На плошчы перад Палацам рэспублікі адбыўся мітынг. Быў зачытаны ліст былога прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела і чэшскага "Камітэту за свабодную Беларусь" з падтрымкай дэмакратычных сілаў Беларусі і яе народу ў змаганьні за свабоду. У 19.30 калона дэманстрантаў рушыла да будынку КДБ, бо стала вядома, што там утрымліваюцца затрыманыя, у тым ліку і адзін з лідэраў моладзевага руху "Зубр" Яўген Афнагель. "КДБ, вярні людзей!" – гучала над калонай. Мелася на ўвазе і тое, што на Беларусі цягам апошніх гадоў зьнікалі вядомыя палітыкі, прадпрымальнік, журналіст. Да ўдзельнікаў стыхійнага мітынгу выйшаў старшыня КДБ Леанід Ерын. Размаўляць з людзьмі ён адмовіўся, сказаў, што можа адказаць на пытаньні журналістаў у сябе ў кабінеце. Разам з некалькімі журналістамі ў будынак прайшоў і кіраўнік «Маладога Фронту» Павел Севярынец. Гутарка ішла пра лёс зьніклых. Л. Ерын не сказаў нічога канкрэтнага, але ягоныя словы: "Прыйдзе час, і мы даведаемся праўду", – прагучалі афарыстычна. Тым часам дэманстранты вярнуліся на Кастрычніцкую плошчу. Па іх патрабаваньні быў выпушчаны Яўген Афнагель. Астатнія арыштаваныя правялі ноч у сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку. 

19 кастрычніка ўвечары на Кастрычніцкай плошчы Менску зноў адбылася акцыя пратэсту супраць сфальсіфікаваных вынікаў рэферэндуму і выбараў. Амапаўцы яшчэ больш жорстка расправіліся з яе ўдзельнікамі. Было арыштавана больш за 50 чалавек, сярод якіх непаўнагадовыя. Былі зьбітыя некалькі сотняў, уключаючы журналістаў і лідэраў партыяў. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў цяжкія чэрапна-мазгавыя траўмы і патрапіў у бальніцу. "Амапаўцы зьбілі мяне да страты прытомнасьці", – распавёў ён пасьля. Пацярпеў ад супрацоўніка прэзідэнцкай аховы карэспандэнт беларускай службы Радыё Свабода Юры Сьвірко; быў затрыманы, але потым адпушчаны фотакарэспандэнт агенцтва Associated Press Сяргей Грыц. Пасьля таго, як міліцыя схапіла і зацягнула ў памяшканьне рэстарану "Патыё піцца" лідэра АГП Анатоля Лябедзьку, туды здолелі прарвацца аператары НТВ і REN-TV Канстанцін Марозаў і Уладзімір Косьцін. У памяшканьні было шмат супрацоўнікаў АМАПу, якія, відавочна, увайшлі ў рэстаран праз чорны ўваход. АМАПаўцы паклалі журналістаў на падлогу і "не давалі падняць галавы": яны білі па камерах, але журналісты таксама атрымалі цялесныя пашкоджаньні. У. Косьцін паведаміў, што яму ўдалося прыкрыць сваю тэлекамеру і такім чынам захаваць яе ад пашкоджаньняў, у той час як большую па памеры камеру НТВ міліцыя разьбіла. Пасьля гэтага журналістаў выкінулі на вуліцу. Паводле відавочцаў, твар К. Марозава быў акрываўлены. Карэспандэнт Радыё Свабода Юры Сьвірко запісваў інтэрв’ю са спадаром Марозавым, калі ўбачыў, што за ім стаіць супрацоўнік Службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі. Карэспандэнт Свабоды папрасіў яго таксама пракаментаваць сітуацыю, але той замест адказу ўдарыў сп-ра Сьвірко ў жывот. Людзі, што стаялі побач, паспрабавалі стрымаць ахоўніка, але той, ударыўшы адну з дзяўчын, зьбег у бок прэзідэнцкай рэзідэнцыі. Ю. Сьвірко падрыхтаваў скаргу на імя Генеральнага пракурора Віктара Шэймана, патрабуючы ўзбудзіць крымінальную справу па артыкуле "незаконнае супрацьдзеяньне працы журналіста". Карэспандэнт Свабоды паведаміў, што менавіта гэты супрацоўнік прэзідэнцкай аховы (Сяргей) кантраляваў працу прэсы каля дому дэпутата Валерыя Фралова падчас галадоўкі, а таксама не пускаў журналістаў на паседжаньне Палаты прадстаўнікоў, дзе абмяркоўваліся прапанаваныя дэпутатамі-галадоўнікамі папраўкі да Выбарчага кодэксу. Тады, у чэрвені 2004 г., гэты самы ахоўнік на вачах у кіраўніка Рабочай групы па Беларусі ПА АБСЕ Уты Цапф зьнішчыў запісы ў дыктафоне Юрыя Сьвірко і ўдзельнічаў у выдаленьні журналіста з будынку парламенту. Стала вядома, што беларускае тэлебачаньне не дазваляе ўсім расійскім журналістам перадаваць свае рэпартажы ў Маскву. А па ўсіх беларускіх тэлеканалах тым часам ідзе ганьбаваньне беларускай апазіцыі і "нячэсных" расійскіх журналістаў. 

19 кастрычніка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” зьвярнулася да Міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь Навумава У.У. і Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Шэймана В.У. са “Зваротам у сувязі са зьбіцьцём і затрыманьнем журналіста Паўла Шарамета”. У звароце сказана: “20 кастрычніка чакаецца разгляд справы кіраўніка сьпецпраектаў грамадзкага расійскага "Першага каналу" Паўла Шарамета судом Савецкага раёну г. Менску. Разгляду справы можа перашкодзіць стан здароўя журналіста. Вядомага тэлежурналіста абвінавачваюць ва ўчыненьні адміністратыўнага правапарушэньня, прадугледжанага арт. 156 КаАП (дробнае хуліганства). Па версіі работнікаў міліцыі, якія склалі пратакол, 17 кастрычніка Павел Шарамет без усялякіх прычынаў накінуўся на двух маладых людзей (1981 і 1982 г.н.), якія папрасілі ў яго закурыць, ударыў іх, пасьля чаго яны выклікалі міліцыю. Супрацоўнікі Савецкага РУУС даставілі П. Шарамета спачатку ў аддзяленьне, а затым у сьпецпрыёмнік МУС, дзе журналіст павінен быў утрымлівацца да разгляду справы. Версія міліцыі разыходзіцца са сьведчаннямі відавочцаў (у Савецкім РУУС ня толькі адмовіліся іх заслухаць, але нават не запісалі іх пашпартных дадзеных), і ніяк не тлумачыць факту нанясеньня журналісту чэрапна-мазгавой траўмы, якая стала прычынай перамяшчэньня яго са сьпецпрыёмніка ў лякарню. Грамадзкае аб’яднаньне "Беларуская асацыяцыя журналістаў" лічыць, што П. Шарамет стаў ахвярай правакацыі, якая мела на мэце перашкодзіць яму ажыцьцявіць журналісцкае назіраньне за выбарамі, запалохаць яго і, у выніку, ізаляваць (напачатку -- да разгляду справы аб адміністратыўным правапарушэньні, а потым -- на тэрмін адміністратыўнага арышту). Такога ж меркаваньня прытрымліваецца вядомая журналісцкая арганізацыя "Рэпарцёры бяз межаў". Мы зьвяртаемся ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь і Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь з патрабаваньнем: 
— правесьці дадатковую праверку матэрыялаў гэтай справы; 
— праверыць асобы двух затрыманых за напад на П. Шарамета, але адпушчаных з Савецкага РУУС; 
— ацаніць законнасьць дзеяньняў супрацоўнікаў Савецкага РУУС г. Менску, якія замест аказаньня дапамогі зьбітаму журналісту (грамадзяніну Расійскай Федэрацыі) затрымалі яго і накіравалі ў сьпецпрыёмнік”. 

19 кастрычніка Калегія па крымінальных справах Гарадзенскага абласнога суда пакінула ў сіле прысуд старшыні агульнарэспубліканскага страйкаму прадпрымальнікаў Валерыю Леванеўскаму і ягонаму намесьніку Аляксандру Васільеву. Гэта азначае, што ў бліжэйшыя дні лідэры прадпрымальнікаў будуць пераведзеныя з Гарадзенскага СІЗА ў калонію. 

19 кастрычніка журналіст Павел Шарамет выпісаны з 9 менскай больніцы. Кансіліюм беларускіх медыкаў пацьвердзіў наяўнасьць у Шарамета чэрапна-мазгавой траўмы, аднак адмовіў яму ў далейшым знаходжаньні ў стацыянары. Яны заявілі, што грамадзяне Расіі могуць разьлічваць толькі на аказаньне экстранай дапамогі, а такую дапамогу П. Шарамет ужо атрымаў. 

20 кастрычніка суд над журналістам расійскага "Первого канала" Паўлам Шараметам, прызначаны на гэты дзень, не адбыўся. Судзьдзя, які павінен быў разглядаць справу Шарамета, нечакана адмовіўся ад удзелу ў працэсе, пасьля чаго старшыня суда Савецкага р-на г. Менску паведаміў П.Шарамету, што дакументаў па яго справе ў судзе няма. Раніцай 20 кастрычніка каля суда Савецкага р-на Менску сабраліся некалькі дзесяткаў журналістаў беларускіх і замежных СМІ (у тым ліку расійскіх тэлеканалаў), прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі, а таксама некаторыя замежныя наіральнікі. Усім ім дазволілі ўвайсьці ў будынак суда, дзе ў 9.00 павінен быў пачацца разгляд справы аб адміністратыўным правапарушэньні П. Шарамета. У чаканьні судзьдзі П. Шарамет падзяліўся з прысутнымі сваім стаўленьнем да апошніх падзеяў у Беларусі. У прыватнасьці, журналіст выказаў удзячнасьць медыкам, якія, рыхтуючы яго да выпіскі, пацьвердзілі яго дыягназ (хаця ад іх, па інфармацыі Паўла Шарамета, патрабавалі адваротнага). Ён таксама падзякаваў усім сваім калегам, знаёмым і незнаёмым людзям, якія падтрымлівалі яго пасьля інцыдэнту 17 кастрычніка. Адвакат П. Шарамета Вера Страмкоўская нагадала прысутным, што днямі накіравала ў пракуратуру Савецкага раёну скаргу на дзеяньні міліцыянтаў, якія пакінулі заяву П. Шарамета аб нападзе без увагі, не ўзялі паказаньняў у сьведкаў інцыдэнту і затрымалі журналіста. Адвакат патрабуе прыняць да міліцыянтаў адпаведныя захады, а таксама распачаць адміністратыўную вытворчасьць па заяве самога П. Шарамета. З невялікім спазьненьнем у калідоры зьявіўся судзьдзя Руслан Казадаеў і запрасіў журналіста з адвакатам у свой кабінет. Праз 10 хвілінаў П. Шарамет выйшаў і паведаміў, што Казадаеў, які нечакана аказаўся яго старым знаёмым, адмовіўся ад разгляду справы. Пасьля перамоваў са старшынём Савецкага раённага суда журналіст паведаміў сабраным, што матэрыялаў па ягонай справе ў судзе няма. П. Шарамету заявілі, што ён "можа быць свабодны". 

20 кастрычніка РУП "Выдавецтва "Беларускі дом друку" ў аднабаковым парадку скасавала дамову з рэдакцыяй газеты "Товарищ". Генеральны дырэктар прадпрыемства Раман Алейнік у сваім афіцыйным лісьце тлумачыць гэта тым, што выдавецтва "па тэхнічных прычынах… ня ў стане друкаваць малатыражныя газеты". Галоўны рэдактар выданьня Сяргей Вазьняк, між тым, падкрэсьлівае, што калі раней газета выходзіла накладам 3-7 тысячаў, то ў некалькіх апошніх заяўках рэдакцыя замаўляла выпуск 30 000 асобнікаў выданьня. С. Вазьняк распавёў, што яшчэ раніцай друкарня без усялякіх пытаньняў аформіла замову на выпуск "Товарища". Праз паўтары гадзіны з Беларускага дому друку даслалі лаканічны факс з інфармацыяй пра скасаваньне дамовы з газетай. Галоўны рэдактар упэўнены, што прычынай гэткіх дзеяньняў стаў зьмест нумару: у ім планавалася разьмясьціць тэкст "прамой лініі" лідэра ПКБ, былога кандыдата ў дэпутата ПП НС Сяргея Калякіна з чытачамі па пытаньнях выбараў і рэферэндуму. Гэты матэрыял рэдакцыя планавала апублікаваць яшчэ ў мінулым, перадвыбарным выпуску газеты. Аднак 13 кастрычніка рэдакцыі паведамілі, што ў друкарні "няма тэхнічных магчымасьцяў" надрукаваць нумар і заявілі, што рэдакцыйнае кіраўніцтва павінна было загадзя падаць заяўку на выпуск выданьня "павышаным" накладам. Рэдакцыя аператыўна аформіла адпаведную заяўку на наступны нумар, аднак гэта не перашкодзіла кіраўніцтву друкарні скасаваць з ёй дамову. 

20 кастрычніка заснавальнік і галоўны рэдактар прыпыненай Міністэрствам інфармацыі ваўкавыскай і смаргонскай "Местной газеты" Андрэй Шантаровіч абвесьціў бестэрміновую галадоўку. Ён заяўляе, што будзе галадаць, пакуль не адменяць загад аб прыпыненьні яго выданьня і пакуль Ваўкавыскі райвыканкам ня дасьць узгадненьня на разьмяшчэньне рэдакцыі газеты. Акрамя гэтага, А. Шантаровіч патрабуе, каб кампетэнтныя органы прынялі да разгляду матэрыялы з фактамі парушэньняў выбарчага заканадаўства падчас выбараў і рэферэндуму, што аказаліся ў яго распараджэньні. У заяве А. Шантаровіча, распаўсюджанай з нагоды абвяшчэньня галадоўкі, гаворыцца, што прыпыненьне "Местной газеты" — "гэта ня першы факт праявы ціску на выданьне". Паводле галоўнага рэдактара, газету абмяжоўваюць у свабодным продажы, забараняючы гандлёвым арганізацыям заключаць дамовы на яе рэалізацыю. За час свайго існаваньня (са жніўня 2001 г.) газета вымушаная была зьмяніць 4 друкарні, таму што з ёй спынялі супрацоўніцтва "па прамых званках з Ваўкавыскага райвыканкаму". Газета дагэтуль ня можа атрымаць узгадненьня на разьмяшчэньне рэдакцыі ў Ваўкавыску, — падкрэсьлівае галоўны рэдактар. Ён лічыць невыпадковым тое, што выданьне прыпынілі напярэдадні абвяшчэньня вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. А. Шантаровіч лічыць гэта зьдзекам над чытачамі і супрацоўнікамі рэдакцыі. Зварот галоўнага рэдактара ў Міністэрства інфармацыі скончыўся тым, што яму прапанавалі пісьмова "пакаяцца". "А ў чым каяцца? — пытаецца А. Шантаровіч. — У тым, што нас чытаюць без "указак" звьерху? У тым, што нашую газету не прымушаюць выпісваць? У тым, што мы пішам праўду? У тым, што наклад і папулярнасьць нашай газеты перавышаюць наклад і папулярнасьць газеты раённай? У гэтым мы вінаватыя?" 

20 кастрычніка ўвечары беларуская моладзь зноў выйшла на акцыю пратэсту. На Кастрычніцкай плошчы зьявіліся лозунгі: "Ты можаш усё жыцьцё пражыць пры дыктатуры, калі будзеш пакорлівым і слабым" і "Што будзе далей – вырашаць будзем мы". Некаторыя ўдзельнікі акцыі трымалі партрэты жорстка зьбітага амапаўцамі лідэра АГП Анатоля Лябедзькі. Зноў пад’ехалі аўтобусы і амапаўцы пачалі арышты. Затрымана каля 20 чалавек. Увесь дзень працягваліся суды над затрыманымі 18-19 кастрычніка. 

20 кастрычніка прэс-сакратар прадстаўніка Еўрасаюзу па справах агульнай замежнай палітыкі і бясьпекі Хаўера Саланы Крысьціна Гэляк ад імя Еўрапейскага Саюзу асудзіла зьбіцьцё і затрыманьні дэманстрантаў у Менску, а таксама гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да журналістаў, якія асьвятлялі гэтую акцыю. Крысьціна Гэляк таксама паведаміла, што 19 кастрычніка ўвечары ў Бруселі амбасадары ўсіх краін Еўрасаюзу абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі. 

21 і 22 кастрычніка акцыі пратэсту працягваліся. Дэманстранты трымалі ў руках партрэты арыштаваных у папярэднія дні: каардынатара "Зубра" Яўгена Афнагеля, удзельніка Еўрапейскай кааліцыі "Свабодная Беларусь" Зьміцера Бародкі, лідэраў АГП Анатоля Лябедзькі і БСДП (Народная Грамада) Міколы Статкевіча, а таксама лозунгі "Вызвалі свой розум", "Свабоду палітзьняволеным!" і бел-чырвона-белыя сьцягі... 

Вынікі судоў 
над затрыманымі ўдзельнікамі акцыяў 18-22 кастрычніка ў Менску: 
1. Алесь Каліта — 10 сутак адміністратыўнага арышту; 
2. Павел Севярынец – 15 сутак адміністратыўнага арышту; 
3. Зьміцер Пазьняк – штраф 50 базавых велічыняў; 
4. Зьміцер Захарка — штраф 50 базавых велічыняў; 
5. Дар’я Малдаванава – 10 сутак адміністратыўнага арышту; 
6. Міхаіл Кандрашоў – 10 сутак адміністратыўнага арышту; 
7. Руслан Харкевіч — 10 сутак адміністратыўнага арышту; 
8. Павел Хівук – 10 сутак адміністратыўнага арышту; 
9. Дзяніс Арцюшкевіч — 5 сутак адміністратыўнага арышту; 
10. Павел Юхневіч – 10 сутак адміністратыўнага арышту; 
11. Марыя Гамсецкая – 5 сутак адміністратыўнага арышту; 
11. Зьміцер Захарка — штраф 50 базавых велічыняў; 
12. Канстанцін Екель — штраф 50 базавых велічыняў; 
13. Сяргей Красоўскі – штраф 20 базавых велічыняў; 
14. Андрэй Баранаў – штраф 50 базавых велічыняў; 
15. Артур Фінькевіч – 15 сутак адміністратыўнага арышту; 
16. Мікола Статкевіч (старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада)) – 10 сутак адміністратыўнага арышту; рашэньне вынесенае судзьдзёй Церашковай; 
17. Сяргей Рылькоў — 3 сутак адміністратыўнага арышту; 
18. Мікалай Ганчароў – 3 сутак адміністратыўнага арышту; 
19. Мікалай Арцюхоў – штраф 40 базавых велічыняў; 
20. Ігар Хаткоўскі — штраф 40 базавых велічыняў; 
21. Сяргей Манкевіч – 5 сутак адміністратыўнага арышту; 
22. Сяргей Міхаленка – 5 сутак адміністратыўнага арышту; 
23. Яўген Ваўкавец – 10 сутак адміністратыўнага арышту; 
24. Юры Фабішэўскі – 5 сутак адміністратыўнага арышту; 
25. Уладзімір Шыдлоў – 3 сутак адміністратыўнага арышту; 
26. Ірына Пярвойкіна – 5 сутак адміністратыўнага арышту; 
27. Яраслаў Навуменка – 3 сутак адміністратыўнага арышту; зьбіты пры затрыманьні; 
28. Васіль Парфянкоў – 7 сутак адміністратыўнага арышту; 
29. Аляксандра Гаеўская – 5 сутак адміністратыўнага арышту; 
30. Максім Вінярскі – 5 сутак адміністратыўнага арышту; 
31. Міхаіл Кузьняцоў – 3 сутак адміністратыўнага арышту; 
32. Тацяна Елавая – 5 сутак адміністратыўнага арышту; 
33. Павел Красоўскі – 10 сутак адміністратыўнага арышту; 
34. Уладзімір Навельскі -– 3 сутак адміністратыўнага арышту; 
35. Зьміцер Чарткоў – 3 сутак адміністратыўнага арышту; зьбіты пры затрыманьні, у выніку чаго дастаўлены ў Менскую абласную клінічную бальніцу, у аддзяленьне нейрахірургіі, дзе яму пастаўлены дыягназ "пашкоджаньне мяккіх тканкаў галавы і канечнасьцяў". 

21 кастрычніка "Міжнародная Амністыя" і Міжнарождная Федэрацыя Правоў Чалавека (FIDH) прызналі ўсіх затрыманых удзельнікаў акцыяў пратэсту ў Менску "вязьнямі сумленьня". 

22 кастрычніка юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які з 1998 году прымае ўдзел у абароне затрыманых падчас акцыяў пратэсту і выступае ў судах у якасьці прадстаўніка затрыманых удзельнікаў, адзначыў, што рашэньні суда Ленінскага раёну гэтым разам былі адметныя — вызначаліся асаблівай жорсткасьцю да ўдзельнікаў акцыяў 18-21 кастрычніка: “На працягу апошніх двух гадоў судзьдзі не прымаюць апраўдальных рашэньняў, не спыняюць вытворчасьці па справах. Яны прызнаюць усіх вінаватымі і не рэагуюць ні на якія аргументы, – гаворыць Валянцін Стэфановіч. — 20 кастрычніка ў Ленінскім судзе людзей прызнавалі вінаватымі нават тады, калі яны адмаўлялі свой удзел у акцыі і казалі, што апынуліся на месцы правядзеньня акцыі выпадкова і былі памылкова затрыманыя. Адметнасьцю апошніх судоў стала тое, што судзьдзі не выклікалі сьведкаў, выносілі рашэньні на падставе пісьмовых сьведчаньняў, якія былі ў справе – пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні, рапарт супрацоўнікаў міліцыі — і ўсё на гэтым. Хаця судзьдзя павінен прымаць меры для ўсебаковага разгляду справы і для ўстанаўленьня ісьціны па справах. Таму судзьдзі павінныя былі выклікаць сьведкаў. У тым ліку і асобаў, якія складалі пратакол. Мяне ўразіла і тая жорсткасьць, з якой судзьдзі выносілі рашэньне пра арышты, асабліва людзям, якія прыцягваліся па першай частцы арт.167 КаАП – гэта значыць, што да гэтага яны ніколі не прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасьці. Тое самае тычыцца людзей, якія сваю віну не прызналі і сьцьвярджалі, што былі затрыманыя выпадкова. Я прасіў судзьдзяў улічыць гэты факт і абмежавацца папярэджаньнямі, але яны ўсё адно выносілі арышты ад 3 да 10 сутак. Прычым самае цікавае, што 10 сутак выносілі тым, хто не прызнаваў сваю віну. Адзін чалавек заявіў хадайніцтва аб адвакаце. Прыйшла дзяжурны адвакат, у выніку чалавек атрымаў арышт 10 сутак. Атрымліваецца, што права на абарону насамрэч можа прывесьці да большага пакараньня. Пасадзілі пяць дзяўчат. Мяне зьдзіўляюць судзьдзі, якія самі жанчыны, яны павінны разумець, як складана дзяўчатам знаходзіцца ў антысанітарных умовах. У іх была магчымасьць прыняць іншае рашэньне, але відаць па ўсім, што ў іх была ўстаноўка на жорсткае пакараньне ўдзельнікаў акцыі. Судзьдзя Драбышэўская мяне наогул уразіла. Спачатку яна не дапусьціла мяне ў працэс па абсалютна незразумелых для мяне прычынах. А судзіла яна хлопца, які стаіць на ўліку ў псіхіятрычным дыспансеры. Яго вельмі доўга шукалі бацькі. У сьпецпрыёмніку адказвалі, што яго там няма, у міліцыі таксама. Давялося тэлефанаваць у бюро няшчасных выпадкаў. Бацькі вельмі хваляваліся. Урэшце яго прывезьлі ў суд. Аказалася, што ён быў у сьпецпрыёмніку разам з усімі астатнімі. Гэта таксама вельмі цікавы момант, што ў сьпецпрыёмніку і ў міліцыі не даюць інфармацыі, калі ім тэлефануюць. Інфармацыі не даюць нават родным. Хлопец адназначна хворы. На судзе было бачна, што ён перажыў вельмі моцны стрэс, зьвязаны з затрыманьнем і ноччу, праведзенай у сьпецпрыёмніку. Судзьдзя ўсё гэта бачыла, але не дапусьціла мяне да працэсу, каб я мог бараніць гэтага чалавека. Не дапусьціла да працэсу і ягоную маці. Потым яна стала тлумачыць яму, што гэты артыкул Адміністратыўнага кодэксу прадугледжвае толькі штраф да 50 базавых велічыняў (прыблізна 450 $) і арышт. Я проста ня вытрымаў і сказаў: “Не падманвайце людзей. Па гэтым артыкуле ёсьць такая санкцыя, як папярэджаньне”. Нягледзячы на тое, што хлопец хворы, і бацькі казалі, што яму ўвесь час трэба прымаць нейкія таблеткі, судзьдзя Драбышэўская вынесла рашэньне – 3 сутак арышту. Я лічу, што такім чынам судзьдзя Драбышэўская ўзяла на сябе адказнасьць за яго далейшы стан здароўя. Калі нешта з ім здарыцца, яна будзе несьці адказнасьць. Але ня толькі жорсткасьць судзьдзяў уразіла мяне. Мяне ўразілі судзьдзі ўвогуле, якія лічаць сябе юрыстамі і дэманструюць паказное “правасудзьдзе”, у той час, калі Канстытуцыя двойчы перапісаная, растаптаная і выкінутая. Вось гэта мяне сапраўды ўразіла, бо нашы суды як былі “ленінскія”, так па сваёй сутнасьці “ленінскімі і засталіся”. 

22 кастрычніка Праваабарончы цэнтр “Вясна” прыняў заяву: “У Беларусі распачаты новы віток масавых палітычных рэпрэсіяў”. У заяве гаворыцца: “Парламенцкія выбары і рэспубліканскі рэферэндум у Беларусі прайшлі са шматлікімі грубымі парушэньнямі нацыянальнага выбарчага заканадаўства і міжнародных стандартаў. Фальсіфікацыі і маніпуляцыі, дапушчаныя ў ходзе выбарчай кампаніі, выклікалі хвалю справядлівага пратэсту грамадзянаў краіны, і як следзтва – беларускі аўтарытарны рэжым распачаў шалёны наступ на правы і свабоды чалавека. За ўдзел у мірных акцыях пратэсту 18, 19 і 20 кастрычніка было затрымана больш за 60 чалавек, 29 з іх арыштаваныя, сямёра падвергнутыя вялікім штрафам. Некаторыя з удзельнікаў былі жорстка зьбітыя супрацоўнікамі міліцыі, у тым ліку непаўнагадовыя і дзяўчаты. У выніку зьбіцьця шпіталізаваны з сур’ёзнымі траўмамі лідэр АГП Анатоль Лябедзька, у непрытомным стане дастаўленая ў бальніцу актывістка моладзевага дэмакратычнага руху. ГУУС Менгарвыканкаму ўзбудзіў крымінальную справу па факце правядзеньня акцыяў пратэсту ў г. Менску, распачаты крымінальны перасьлед актывістаў апазіцыйных партыяў Марыны Багдановіч, Аляксандра Цынкевіча, праваабаронцы Алега Волчака, якія прымалі ўдзел у выбарах у якасьці кандыдатаў у дэпутаты. У краіне з нарастаючай сілай працягваюць парушацца асноўныя правы і свабоды грамадзянаў: права на свабоднае выражэньне сваіх меркаванняў, свабоду слова, свабоду сходаў і асацыяцыяў, усталявана жорсткая сістэма цэнзуры, іншадумцы падвяргаюцца перасьледу. Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае сітуцыю, якая склалася ў краіне, як новы віток палітычных рэпрэсіяў, скіраваны на поўнае падаўленьне грамадзянскіх правоў і свабодаў беларускіх грамадзянаў і ўсталяваньне дыктатарскага рэжыму.” 

22 кастрычніка стала вядома паводле сьведчаньняў затрыманага 19 кастрычніка ўдзельніка акцыі Яраслава Навуменкі, што амапаўцы ўжывалі катаваньні ў адносінах да дэманстрантаў. У аўтобусах затрыманых “кідалі на падолгу і білі”. Пра гэта Я. Навуменка заявіў на судзе, але судзьдзя Ленінскага суда Церашкова не зьвярнула на факт катаваньня ніякай увагі і вынесла рашэньне пра 3 сутак арышту. Другі затрыманы, студэнт аднаго з менскіх ВНУ, заявіў на судзе, што іх кінулі ў аўтобусе на падлогу і “добра пахадзілі нагамі”. Але і гэты факт не зацікавіў судзьдзяў. Юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які выступаў у судзе ў якасьці прадстаўніка затрыманых, адзначыў, што суды вызначаліся тым, што судзьдзі адмаўляліся выклікаць сьведкаў. “Мы будзем устанаўліваць факты катаваньняў, – гаворыць Валянцін Стэфановіч. -- Мы будзем дапамагаць людзям пісаць скаргі ў пракуратуру. Будзем патрабаваць праверкі фактаў катаваньня, устанаўленьня асобаў, якія займаліся катаваньнямі. А пасьля патрабаваць узбуджньня крымінальных справаў супраць іх. Акрамя таго, імёны гэтых асобаў будуць абнародаваныя, а факты будуць перададзеныя ў Камітэт ААН “Супраць катаваньняў”. 

22 кастрычніка капітан міліцыі, старэйшы інсьпектар аддзелу прафілактыкі і аховы правапарадку Ленінскага РАУС Гародні Пётр Ленец у тэлефоннай размове з кіраўніком Гарадзенскай філіі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) Паўлам Мажэйкам запрасіў яго прыйсьці ў аддзел міліцыі і даць тлумачэньні адносна правядзеньня акцыі 4 кастрычніка. Журналіст заявіў, што будзе рэагаваць толькі на афіцыйныя патрабаваньні супрацоўнікаў міліцыі. Журналістка Юлія Коцкая, якая таксама брала ўдзел у акцыі пратэсту, паведаміла, што ўвечары 21 кастрычніка па адрасе яе прапіскі прыходзілі тры супрацоўнікі міліцыі. Таксама міліцыянты шукаюць іншых удзельнікаў пікету: Ірыну Чарняўку, Наталю і Анатоля Макушыных. Пяць гарадзенскіх журналістаў 4 кастрычніка зладзілі пікет на самай люднай вуліцы Гародні -- Савецкай, пратэстуючы супраць узмацненьня ціску на незалежную прэсу. Нагодай для правядзеньня акцыі стаў абвінаваўчы прысуд рэдактарцы "Биржи информации" Алене Раўбецкай, якой інкрымінавалі распаўсюд абразьлівай для прэзідэнта інфармацыі. Журналісты трымалі ў руках аркушы паперы са словамі "У Гародні судзяць журналістаў!!!". 

У ноч на 22 кастрычніка невядомыя скралі ноўтбук, мабільны тэлефон і грошы ў аднаго з лідэраў Партыі БНФ Алеся Міхалевіча. У партатыўным кампутары Алеся Міхалевіча захоўвалася партыйная інфармацыя. Па факце крадзяжу міліцыя завяла крымінальную справу. 

22 кастрычніка абрабаваная кватэра старшыні Віцебскай гарадзкой арганізацыі АГП Алены Залескай, якая не выключае палітычнае матывацыі гэтага злачынства, бо з кватэры зьніклі кампутар і факс, якія на перадвыбарчы перыяд было вырашана перанесьці сюды з партыйнага офісу. Цяпер гарадзкая арганізацыя АГП засталася без тэхнічных сродкаў і ня можа дзейнічаць так актыўна, як раней. 

23 кастрычніка лекары трох менскіх клінік аглядалі былога міністра зьнешнеэканамічных сувязяў, амбасадара і дэпутата Вярхоўнага Савету Міхаіла Марыніча, які знаходзіцца пад вартай у КДБ з 26 красавіка. Паводле адваката Веры Страмкоўскай, яны зафіксавалі шэраг прыкметаў пагаршэньня здароўя былога міністра. Вера Страмкоўская падала скаргу ў пракуратуру з патрабаваньнем спыніць крымінальны перасьлед. 

24 кастрычніка не адбыўся запланаваны ў Менску ўстаноўчы сход па стварэньні новай масавай грамадзкай арганізацыі “Айчына”. Кіраўніцтва Лядовага палацу, што на вуліцы Прытыцкага, па ініцыятыве міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава скасавала папярэднія дамоўленасьці на арэнду будынка для сходу, у якім чакаўся ўдзел каля трох тысячаў прадстаўнікоў з усіх рэгіёнаў Беларусі. 

25 кастрычніка на рэдактара газеты "Навінкі" Паўлюка Канавальчыка напалі невядомыя. Пацярпелы патрапіў у рэанімацыю менскага шпіталю №2. Невядомыя падышлі ды пырснулі ў вочы Паўлюку Канавальчыку з газавага балончыка ў цэнтры Менску, непадалёк станцыі метро "Няміга". Адразу пасьля нападу Паўлюк Канавальчык цалкам страціў зрок. Праз пэўны час выпадковыя мінакі дапамаглі пацярпеламу дабрацца да шпіталю. У 1997 годзе на галоўнага рэдактара сатырычнай газеты "Навінкі" адбыўся напад, яго жорстка зьбілі. Пра цяперашні напад Паўлюк Канавальчык мае некалькі версіяў: альбо хуліганства, альбо перасьлед паводле палітычных матываў. Варта заўважыць, што нядаўна "Навінкі" прэзентавалі сатырычна агучаны фільм "Анастасія Слуцкая". Сваю версію "навінкаўцы" назвалі "Александрыя Шклоўская". Паўлюк Канавальчык адмовіўся ад узбуджэньня крымінальнай справы, бо ня ўстане апазнаць злачынцаў. 

26 кастрычніка старшыня агульнанацыянальнага страйкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі накіраваны ў калонію агульнага рэжыму № 22 у пасёлку Даманава Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці, а ягоны намесьнік Аляксандр Васільеў -- у калонію № 8 г. Ворша Віцебскай вобласьці. 

26 кастрычніка Генеральны дырэктар ЮНЕСКО Каіціра Мацуура выказаў занепакоенасьць фактами "уціску свабоды СМІ на працягу апошніх месяцаў" у Беларусі і асудзіў "нядаўнія нападкі на беларускіх і замежных журналістаў". 

27 кастрычніка каля 12.30 ў Гародні міліцыя затрымала кіраўніка гарадзенскай філіі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" журналіста зачыненай газеты "Пагоня" Паўла Мажэйку. Пра гэта паведаміла гарадзенская журналістка Ірына Чарняўка, якой Павел пасьпеў патэлефанаваць пасьля затрыманьня. Як пасьпеў паведаміць па тэлефоне П. Мажэйка, затрыманьне праводзіў капітан міліцыі старшы інсьпектар Пётр Лянец. Журналіст знаходзіцца ў аддзеле прафілактыкі і аховы правапарадку Ленінскага РАУС Гародні. Між тым, дзяжурны Ленінскага РАУС заявіў, што ні пра якое затрыманьне ня ведае; тэлефон ў аддзеле аховы правапарадку ўвогуле не адказвае. Затрыманьне П. Мажэйкі зьвязанае з пікетам, які гарадзенскія журналісты правялі 4 кастрычніка. 

27 кастрычніка ў Ваўкавыску да галадоўкі галоўнага рэдактара "Местной газеты" Андрэя Шантаровіча далучыўся Мікалай Аксаміт — давераная асоба на мінулых выбарах мясцовага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Спадар Аксаміт пратэстуе супраць вынікаў выбараў. Мікалай Аксаміт напісаў заяву ў райвыканкам, ён прыводзіць прыклады парушэньняў падчас выбарчай кампаніі. Адпаведныя заявы ў Цэнтрвыбаркам вынікаў не далі, таму ён рашыўся на галадоўку. Ён патрабуе расьсьледаваць усе факты парушэньняў і пакараць вінаватых. Спадар Аксаміт меў магчымасьць назіраць за выбарамі і рэферэндумам у Ваўкавыскай 50-й акрузе, дзе балатаваўся прадпрымальнік Аўтуховіч (паводле афіцыйных дадзеных, ён набраў 28% галасоў). Галоўны рэдактар "Местной газеты" Андрэй Шантаровіч галадуе ўжо сёмы дзень. Ён пратэстуе супраць таго, што 14 кастрычніка Міністэрства інфармацыі прыпыніла выхад газеты на месяц. 

27 кастрычніка на філфаку БДУ перастала існаваць кафедра беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя. Гэтая кафедра аб’яднаная з кафедрай гісторыі культуры. Кіраўніцтва факультэту сьцьвярджае, што зроблена гэта ў межах адмысловай праграмы рэструктурызацыі БДУ. Пісьменьнік і літаратуразнаўца Міхась Тычына, які шмат гадоў выкладаў на ўжо фактычна скасаванай кафедры, згадвае, што зусім нядаўна праходзілі яе ўнутраныя праверкі, і іх вынікі былі вельмі станоўчыя. Відавочных падставаў да кардынальнай рэвізіі не было, а таму спадар Тычына называе аб’яднаньне штучным: “Кафедра беларускай літаратуры ХХ стагодзьдзя — гэта каранёвая кафедра, з якой увогуле філфак узьнік. Прынамсі, вядома, што ўсе астатнія кафедры так ці інакш вырасьлі з яе, ня кажучы ўжо пра імёны загадчыкаў, якія там працавалі. Так што я лічу, гэта штучнае аб’яднаньне, бо ўсё ж розныя рэчы — міфалогія і літаратура”. Міхась Тычына выказаў меркаваньне, што такія захады кіраўніцтва БДУ, падтрыманыя кіраўніцтвам філалагічнага факультэту, можна паставіць у адзін шэраг з ліквідацыяй Беларускага гуманітарнага ліцэю і Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. 

28 кастрычніка стала вядома, што менскія кніжныя крамы адмаўляюцца прадаваць часопіс "Arche" пасьля выхаду нумара, прысьвечанага 10-годдзю кіраваньня А. Лукашэнкі (№4 за 2004 г.). Гэтую інфармацыю пацьвердзіў галоўны рэдактар выданьня Валерка Булгакаў. Адміністрацыя некаторых крамаў запатрабавала, каб рэдакцыя забрала ў іх таксама ўсе папярэднія нумары часопісу. Нумар, прысьвечаны юбілею прэзідэнцтва А. Лукашэнкі, паступіў у продаж у канцы верасьня. З пачатку кастрычніка яго адмовіліся прадаваць РУП "Белкніга", "Кнігарня пісьменьніка", "Веды", "Падпісныя выданьні". В. Булгакаў, тым ня менш, лічыць, што дагэтуль дзеяньні адміністрацыі гандлёвых прадпрыемстваў не наносяць вялікай шкоды часопісу: адмовы паступалі пакуль толькі з Менску; да таго ж кіёскі "Белсаюздруку" па-ранейшаму супрацоўнічаюць з выданьнем. Улетку 2003 году выданьне ўжо сутыкалася з падобнай праблемай: Менская кніжная крама "Акадэмкніга" адмаўлялася прымаць часопіс на рэалізацыю. Тады дырэктар кнігарні Соф’я Жыбулеўская заявіла, што ў крамы "мала плошчаў". У сярэдзіне жніўня 2003 г. у Віцебску на складзе прадпрыемства "Аблкнігагандль" таксама адмовіліся прымаць на рэалізацыю 25 асобнікаў выданьня. Як патлумачылі таваразнаўцы прадпрыемства, распараджэньне зыходзіла ад намесьніцы міністра Ліліі Ананіч. Падчас візіту на фестываль "Славянскі базар" спн. Ананіч пабачыла "Arche" у гандлёвым шапіку, які працаваў на "Сьвяце славянскай паэзіі". Вярнуўшыся ў Менск, чыноўніца патэлефанавала намесьніку дырэктара "Аблкнігагандлю" і зрабіла яму вымову за "службовую халатнасьць". Намесьніца міністра падкрэсьліла, што часопіс "Arche" мае правамоцную ліцэнзію на рэалізацыю, але службовыя асобы "мусяць разумець, чым і дзе варта гандляваць". 

28 кастрычніка Міхаіла Марыніча пакінулі ў ізалятары КДБ яшчэ на месяц “у інтарэсах сьледзтва”. Дазвол на працяг утрыманьня пад вартай дадзены ў Пракуратуры Беларусі. 

28 кастрычніка лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, жорстка зьбіты амапаўцамі падчас акцыі пратэсту наведаў пракуратуру. Праверку па справе зьбіцьця Анатоля Лябедзькі амапаўцамі праводзіць старшы сьледчы пракуратуры Ленінскага раёну Менску Юры Варонка. Ён дапытаў калегаў Лебедзькі з АГП Аляксандра Дабравольскага, Кацярыну Ткачэнку і Антаніну Кавалёву. Лідэр АГП патрабуе, каб амапаўцаў прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці. 

29 кастрычніка скончыўся тэрмін адміністратыўных арыштаў тых удзельнікаў акцыі пратэсту супраць сфальсіфікаваных вынікаў рэферэндуму, хто 20 кастрычніка быў арыштаваны на 10 сутак. Але сябры і родныя, якія прыехалі да сьпецпрыёмніку на вул. Акрэсьціна ў Менску, каб сустрэць сваіх блізкіх, чакалі дарэмна. Яны даведаліся, што каля 10 арыштаваных былі адвезеныя ў сьледчае ўпраўленьне ГУУС Менгарвыканкаму для допытаў. Сярод іх знаходзіцца і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч. 

29 кастрычніка ў Гародні затрыманыя яшчэ двое журналістаў — Анатоль і Наталя Макушыны. 

29 кастрычніка ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) даведалася, што стала лаурэатам прэміі імя А. Сахарава за свабоду думкі (Sakharov Prize for Freedom of Thought), якую штогод уручае Еўрапарламент. Імя пераможцы, якое лідэры палітычных групаў Еўрапарламенту выбралі сярод трох прэтэндэнтаў, было агучанае 28 кастрычніка ў Бруселі. БАЖ быў прапанаваны ў якасьці кандыдата на атрыманьне прэміі групай парламентароў ад Еўрапейскай народнай партыі. Цырымонія ўзнагароджаньня павінна адбыцца ў сьнежні. "Беларуская асацыяцыя журналістаў” праяўляе сябе як змагар за незалежныя медыі", — гаворыцца ў афіцыйным прэс-рэлізе, распаўсюджаным з гэтай нагоды. Прэзідэнт Еўрапарламенту Джозэп Борэл заявіў, што "прысуджэньне прэміі Сахарава-2004 “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, якая змагаецца за свабоду інфармацыі насуперак спробам прэзідэнта Лукашэнкі задушыць яе, зьяўляецца вельмі станоўчай падзеяй. Вынікі апошніх выбараў у гэтай краіне паказалі, што тыя, хто змагаецца за свабоду інфармацыі ў Беларусі і ва ўсім сьвеце, заслугоўваюць нашай падтрымкі", — заявіў Дж. Борэл. Сахараўская прэмія ўручаецца штогод, пачынаючы з 1988 г., "за дасягненьні ў справе змаганьня за правы і асноўныя свабоды чалавека, за абарону правоў меншасьцяў, павагу да міжнароднага права, унёсак у разьвіцьцё дэмакратыі і адстойваньне вяршэнства закону". Першым лаўрэатам прэміі Сахарава (у 1988 г.) быў Нэльсан Мандэла; у 2003 г. узнагароду прысудзілі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. 

29 кастрычніка ў Беларусі спыніла дзейнасьць прадстаўніцтва карпарацыі "Каунтэрпарт Интэрнэшнл" і яго праграма "Альянс Партнерства Каунтэрпарт". 

29 кастрычніка паводле рашэньня суда Цэнтральнага раёну г. Менску асуджаны на 15 сутак арышту Сяргей Мацкойць — удзельнік акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Акцыя адбылася ўвечары 28 кастрычніка на Кастрыніцкай плошчы. 

30 кастрычніка месца масавых пахаваньняў ахвяраў сталінскага генацыду Курапаты наведаў амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол, які дзесяць гадоў таму, у 1994 годзе, разам з Білам Клінтанам прысутнічаў пры адкрыцьці мемарыяльнай лаўкі – гэтага "вечнага сімвалу спачуваньня паміж нашымі народамі", як сказаў Дж. Крол. Шмат разоў вандалы спрабавалі разбурыць крыжы памяці, пастаўленыя ў крывавым урочышчы, зьбівалі шыльды і надпісы з памятных камянёў і мемарыяльнай лаўкі. Але кожны раз сюды прыходзяць простыя грамадзяне, каб аднавіць разбуранае варварамі, каб захаваць памяць пра бязьвінных ахвяраў. 

У ноч з 30 на 31 кастрычніка ў Маладэчне невядомымі абрабаваны офіс Партыі БНФ. Паводле словаў актывіста маладэчанскай суполкі Партыі БНФ Алеся Капуцкага, злодзеі залезьлі ў хату праз выбітае акно. Выявілася, што частка аргтэхнікі зьнікла: сістэмны блок кампутара, факс, ксеракс, магнітола, мадэм, сканер, радыётэлефон. 

31 кастрычніка беларусы адзначылі “Дзяды”. Да месца масавых пахаваньняў ахвяраў сталінскага генацыду ў Курапатах прыйшлі калоны людзей пад гістарычнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі. У Курапатах сабралася каля тысячы чалавек, каб ушанаваць памяць прадстаўнікоў усіх канфесіяў, што пахаваныя тут. У Курапаты прыйшло шмат моладзі. 

31 кастрычніка ў мястэчку Сьвіслач затрыманыя ўдзельнікі традыцыйнага ўшанаваньня памяці братоў Каліноўскіх. Былі затрыманыя старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Мальчык, сябра Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, старшыня абласной арганізацыі БСДГ Віктар Сазонаў. З іх узятыя тлумачэньні ў сувязі з "выкарыстаньнем незарэгістраванай сімволікі" — дзяржаўнага сьцягу краіны ў перыяд з 1991 па 1995 гады.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна

 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster