БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе

Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзеЛІСТАПАД

1 лістапада ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" накіравала адкрыты ліст міністру інфармацыі Уладзіміру Русакевічу з просьбай адмяніць загад аб прыпыненьні выхаду недзяржаўнай "Местной газеты", галоўны рэдактар якой у знак пратэсту галадае на гэты час ужо 13 дзён. Арганізацыя заклікае міністра ў бліжэйшы час сустрэцца з кіраўніцтвам БАЖ і рэдактарамі недзяржаўных друкаваных выданьняў, каб абмеркаваць сітуацыю ў сферы СМІ. Па падліках БАЖ, з пачатку 2004 г. Міністэрства інфармацыі прыпыняла выхад 19 недзяржаўных друкаваных выданьняў. "У якасьці нагодаў дзеля прымяненьня такіх жорсткіх захадаў у загадах называліся парушэньні, факт якіх у шэрагу выпадкаў ня быў нічым пацьверджаны, – падкрэсьліваецца ў звароце. – Але нават калі гэтыя парушэньні і мелі месца, яны маглі б быць лёгка ліквідаваныя". Гэтаксама і парушэньні, указаныя ў загадзе аб прыпыненьні "Местной газеты", "ня могуць быць падставай дзеля закрыцьця, няхай і часовага, газеты, якую чакаюць 8,5 тысячаў чытачоў", – лічыць арганізацыя. "Мы ўвогуле супраць пазасудовага прыпыненьня выпуску газетаў. Лічым, што падобныя рашэньні... парушаюць міжнародна-прававыя абавязацельствы РБ ў галіне свабоды слова і перашкаджаюць ажыцьцяўленьню дэклараваных Канстытуцыяй правоў на свабоднае атрыманьне і распаўсюд інфармацыі", – гаворыцца ў звароце БАЖ. "Выдаўцы і журналісты незалежных газетаў ня просяць і не чакаюць ад дзяржавы эканамічнай падтрымкі. Яны толькі хочуць, каб ім не перашкаджалі спакойна працаваць". Аўтары дакументу падкрэсьліваюць, што журналісты "Местной газеты", якіх рашэньне міністэрства пазбавіла працы, гатовыя далучыцца да галадоўкі Андрэя Шантаровіча. 

1 лістапада стала вядома, што Пракуратура РБ накіравала ў пракуратуру г. Менску зварот Праўленьня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" адносна неправамоцных дзеяньняў міліцыі ў дачыненьні да Паўла Шарамета. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісьце, дасланым у БАЖ пракурорам аддзелу П. Радзівонавым. 19 кастрычніка ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" накіравала зварот Генеральнаму пракурору РБ Віктару Шэйману і міністру ўнутраных справаў Уладзіміру Навумаву ў зьвязку са зьбіцьцём і затрыманьнем журналіста расійскага "Первого канала" Паўла Шарамета. Арганізацыя патрабуе правесьці дадатковую праверку матэрыялаў гэтай справы; праверыць асобы двух затрыманых за напад на журналіста, але адпушчаных з Савецкага РУУС маладых людзей; ацаніць законнасьць дзеяньняў супрацоўнікаў Савецкага РУУС г. Менску, якія замест аказаньня дапамогі зьбітаму журналісту затрымалі яго і накіравалі ў сьпецпрыёмнік на Акрэсьціна. 

1 лістапада на сем сутак арыштаваны паводле рашэньня суда Ленінскага раёну г. Гародні Павел Мажэйка – кіраўнік Гарадзенскага аддзяленьня “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, журналіст забароненай уладамі газеты “Пагоня”. Суд Ленінскага раёну Гародні прызнаў яго вінаватым у парушэньні ч. 1 арт. 167-1 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, пікетаваньняў). У знак пратэсту журналіст абвясьціў галадоўку. Мяркуецца, што журналіст будзе адбываць пакараньне ў ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС. Cлуханьні адміністратыўнай справы П. Мажэйкі пачаліся 27 кастрычніка. За дзьве з паловай гадзіны да гэтага ён быў затрыманы міліцыяй у цэнтры Гародні. Затрыманьне П. Мажэйкі зьвязанае з пікетам, які ён і яшчэ чатыры гарадзенскія журналісты правялі 4 кастрычніка. 

1 лістапада ў мястэчку Сьвіслач мусіў адбыцца суд над Віктарам Сазонавым (старшыня Гарадзенскага абласнога аддзяленьня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады), Сяргеем Мальчыкам (старшыня Гарадзенскага абласнога аддзяленьня Партыі БНФ) і Вадзімам Саранчуковым (актывіст Партыі БНФ), якія былі затрыманыя 31 кастрычніка падчас ўшанаваньня памяці братоў Каліноўскіх (шэсьце з нацыянальнымі сьцягамі ў мястэчку Сьвіслач). Суд быў прызначаны на 10.00, але пачаўся толькі ў 16.00. На судзе нечакана высьветлілася, што пратаколы, складзеныя 31 кастрыніка за выкарыстаньне “незарэгістраванай сімволікі” зьніклі, а замест іх зьявіліся пратаколы па ч.1 арт. 167.1 КаАП -- "парушэньне парадку правядзеньня і арганізацыі масавых мерапрыемстваў”. Але і гэтыя пратаколы былі складзеныя са шматлікімі памылкамі, сьведкі-міліцыянты блыталіся ў паказаньнях, “правапарушальнікі” заявілі хадайніцтва пра ўдзел у працэсе адваката. У сувязі з гэтым судовыя працэсы перанесеныя. 

1 лістапада Партыя БНФ атрымала ліст ад Міністэрства юстыцыі, у якім патрабуецца да 1 лютага 2005 году зьмяніць юрыдычныя адрасы шэрагу арганізацыйных структураў. Паводле патрабаваньня Мінюсту, разьмяшчэньне юрыдычных адрасоў палітычных партыяў у прыватных кватэрах грамадзянаў і ў прыватных дамах забараняецца, калі яны ня маюць асобнага ўваходу ў офіс арганізацыі. Ліст падпісаны міністрам юстыцыі Віктарам Галаванавым і датаваны 18 кастрычніка 2004 году. У выпадку невыкананьня гэтага распараджэньня Мінюст пагражае рэагаваць згодна з дзеючым заканадаўствам — гэта значыць, размова можа ісьці пра ліквідацыю партыяў. Абсалютная большасьць структураў дэмакратычных палітычных партыяў, а таксама многіх няўрадавых арганізацыяў зарэгістраваныя менавіта ў жыльлёвым фондзе. Цяпер яны вымушаныя шукаць іншыя юрыдычныя адрасы, што даволі складана. Патрабаваньне Мінюсту закранае амаль 90% партыйных структураў, і фізічна немагчыма яго выканаць у вызначаны тэрмін. Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што падставы дзеля гэтага патрабаваньня Мінюсту — палітычныя: “Гэта значыць, што ўступае ў сілу вядомая лукашэнкаўская заява — “не пакінуць каменю на камені…” Гэта, фактычна, спроба пачаць зьнішчэньне палітычных партыяў зьнізу. Але мы гэтага не баімся. БНФ дзейнічаў і ў незарэгістраваным стане і, калі гэта адбудзецца, будзем дзейнічаць так, як нам будзе падказваць сумленьне”. 

3 лістапада пайшлі пятнаццатыя суткi, як працягвае галадаць Андрэй Шантаровiч, галоўны рэдактар недзяржаўнай “Местной газеты” з Ваўкавыску. У апошнi дзень ён моцна саслабеў, у яго зьбiваецца дыханьне, балiць галава. За час галадоўкi Андрэй страцiў 15 кiлаграмаў вагi. Нiякай рэакцыi на патрабаваньне Андрэя Шантаровiча адмянiць загад Мiнiстэрства iнфармацыi аб прыпыненьнi ягонай газеты тэрмiнам на тры месяцы ад уладаў няма. 

3 лістапада ў Цэнтральным судзе г. Менску пачаўся разгляд адміністратыўнай справы супраць суполкі крышнаітаў. Вернікі апынуліся перад пагрозай страты будынку, у якім адбываюцца набажэнствы. Інсьпектар аддзелу грамадзкай бясьпекі Цэнтральнага раёну Менску капітан Несьцяровіч абвінаваціў крышнаітаў у тым, што яны ў прыватным доме на вуліцы Паўлава ладзяць свае набажэнствы, што нібыта забаронена дзеючым заканадаўствам. Міліцыянт спаслаўся на адсутнасьць дазволу з боку райвыканкаму. Сябры суполкі ў судзе патлумачылі, што чатырнаццаць гадоў зьбіраюцца ў гэтым прыватным доме, гэта юрыдычны адрас суполкі. Дагэтуль ніякіх прэтэнзіяў да іх не было. Яны лічаць, што з гэтай судовай справы можа пачацца працэдура закрыцьця крышнаіцкай суполкі. 

3 лістапада Берасьцейскі гарвыканкам забараніў антыфашысцкі пікет. З ініцыятывай правесьці пікет выступілі сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада). Меркавалася, што акцыя адбудзецца 6 лістапада на стадыёне “Будаўнік”, і яе ўдзельнікі выкажуць сваё стаўленьне да распаўсюду фашызму ў сучаснай Беларусі і сьвеце. Аднак у гарвыканкаме адмовілі ў правядзеньні пікету, спаслаўшыся на тое, што ў заяўцы не пазначаныя захады, каб забясьпечыць грамадзкі парадак і бясьпеку, медыцынскае абслугоўваньне і ўборку тэрыторыі пасьля масавага мерапрыемства. 

3 лістапада стала вядома, што дзяржаўнае выдавецтва "Мастацкая літаратура" адмовілася выдаваць васьмітомнік Васіля Быкава. Такі лёс задуманаму сябрамі выданьню Васіль Быкаў прадказваў ад самога пачатку працы над першым томам яшчэ тры гады таму. У тое, што дзяржаўнае выдавецтва ў цяперашніх умовах выдасьць збор ягоных твораў, аўтар ня верыў – і не памыліўся. Запланаваны васьмітомнік дырэктар “Мастацкай літаратуры” Уладзіслаў Мачульскі рэкламаваў у прысутнасьці Васіля Быкава на міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне яшчэ ў 2002 годзе, аднак выданьне першага тому неаднаразова пераносілася. Тым ня менш, цалкам падрыхтаваны да друку першы том ня выйшаў. 

3 лістапада суд Ленінскага раёну Гародні пастанавіў спагнаць 20 базавых велічыняў (220 даляраў) з Наталі Макушынай і столькі ж – з Анатоля Макушына. Судзьдзя Вікторыя Кулакоўская прызнала гарадзенскіх журналістаў вінаватымі ў парушэньні ч.1 арт. 167-1 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, пікетаваньняў). Наталя Макушына заявіла, што вынясеньне жорсткіх судовых рашэньняў у дачыненьні да журналістаў сьведчыць пра імкненьне ўладаў адрадзіць "бальшавіцкі рэжым" і задушыць свабоду слова ў краіне. Прадстаўнікоў прэсы, якія прыйшлі ў суд з бэйджамі "Свабоду Мажэйку!", міліцыя не пускала ў залу паседжаньняў, прымушаючы зьняць надпісы. Наталю і Анатоля Макушыных міліцыя затрымала 29 лістапада ў зале Ленінскага раённага суда, які ў той дзень разглядаў адміністратыўную справу Паўла Мажэйкі. Разам з П.Мажэйкам і яшчэ двума журналістамі яны ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным пікеце 4 кастрычніка, пратэстуючы супраць узмацненьня ціску на незалежную прэсу. Нагодай да правядзеньня акцыі стаў абвінаваўчы прысуд рэдактарцы "Биржи информации" Алене Раўбецкай, якой інкрымінавалі распаўсюд абразьлівай для прэзідэнта інфармацыі. Журналісты ішлі па ходніку вуліцы Савецкай, трымаючы ў руках аркушы паперы са словамі "У Гародні судзяць журналістаў!!!". 

3 лістапада сябры Гарадзенскай філіі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) прынялі заяву пратэсту ў сувязі асуджэньнем на 7 сутак адміністратыўнага арышту старшыні філіі Паўла Мажэйкі. "Мы, сябры Гарадзенскай філіі БАЖ, заяўляем пратэст супраць арышту нашага сябра і калегі!", -- гаворыцца ў заяве. "Мы лічым арышт Паўла Мажэйкі парушэньнем артыкулу 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і чарговай акцыяй палітычнага ўціску, што знаходзіцца ў адным шэрагу з гвалтоўным закрыцьцём незалежных выданьняў, са штрафаваньнем, зьбіцьцём і забойствамі беларускіх журналістаў". Аўтары заявы нагадваюць супрацоўнікам Ленінскага РАУС і судзьдзям Ленінскага раённага суда, што іх дзейнасьць знаходзіцца пад пільнай грамадзкай увагай, і запэўніваюць службовых асобаў, што "іх імёны захоўваюцца, а іх дзеяньні атрымаюць належную маральную і прававую ацэнку". "Мы патрабуем ад органаў унутраных справаў і судовых органаў адмовіцца ад ганебнай ролі выканаўцаў брудных загадаў палітычных зачыстак і спыніць кампанію па перасьледу незалежных журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі!", -- гаворыцца ў заяве Гарадзенскай філіі БАЖ. 

3 лістапада Міжнародны інстытут прэсы заклікаў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку спыніць перасьлед незалежных сродкаў масавай інфармацыі. У прыватнасьці, арганізацыя раскрытыкавала пакараньне, атрыманае беларускім журналістам Паўлам Мажэйкам за ўдзел у несанкцыянаванай дэманстрацыі – 7 сутак адміністратыўнага арышту. 

3 лістапада суд Цэнтральнага раёну Менску вынес папярэджаньне Аляксандру Карзову – старшыні рэлігійнай суполкі крышнаітаў. Аляксандра Карзова абвінавацілі ў тым, што набажэнствы ладзіліся ў прыватным доме без дазволу ўладаў. Судзьдзя Аляксей Бычко два дні разглядаў адміністратыўны пратакол, складзены інсьпектарам міліцыі Цэнтральнага раёну Менску Ігарам Несьцяровічам. Міліцыянт у судзе патлумачыў, што ў прыватным доме на вуліцы Паўлава ён бачыў некалькіх чалавек, якія сьпявалі песьні і гралі на, як ён выказаўся, “рэлігійных” інструментах. Сьпецыяліст Менгарвыканкаму Ала Мартынава патлумачыла, што паводле новага закону аб рэлігіі сябры індуісцкай суполкі мусяць браць дазвол, каб ладзіць сумесныя набажэнствы ў прыватным доме. Папярэджаньне — найменшае пакараньне, прадугледжанае законам аб масавых мерапрыемствах. Вернік Сяргей Малахоўскі лічыць, што гэты судовы працэс над імі не апошні: “Разумеем, што нас, як нібыта новы рэлігійны рух, хочуць прыбраць з тэрыторыі Беларусі, каб не было канкурэнтаў той асноўнай рэлігіі, якой даюць “зялёнае сьвятло”. Гэта адбываецца на карысьць праваслаўнай царквы, што мае манапольнае права прадстаўляць Бога ў Беларусі — краіне, дзе перамагло праваслаўе”. Сябры міжнароднай суполкі Сьвядомасьці Крышны заявілі, што будуць пісаць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. 

3 лістапада пасьля 15-сутачнага адміністратыўнага арышту лідэр "Маладога Фронту" Павел Севярынец быў дапытаны ў КДБ. Супрацоўнікі КДБ задавалі пытаньні пра вулічныя падзеі 18-19 кастрычніка. 

3 лістапада ўласны карэспандэнт газеты "Народная воля" Ірына Макавецкая ня здолела патрапіць на сумеснае паседжаньне Прэзідыюму Вярхоўнага суда і калегіі Міністэрства юстыцыі, якое праходзіла ў Гомелі. Пра магчымасьць узяць удзел у ім І.Макавецкая пацікавілася ў супрацоўніка ўпраўленьня ідэалагічнай працы Гомельскага аблвыканкаму Валерыя Ахлесьціна. Сп-р Ахлесьцін паведаміў, што яму патрэбна ўдакладніць гэтае пытаньне ва ўпраўленьні юстыцыі. 2 лістапада ён патэлефанаваў І.Макавецкай і паведаміў, што прэсу на паседжаньне дапускаць ня будуць. Журналістка прапанавала, каб пасьля паседжаньня міністр юстыцыі выйшаў да журналістаў і адказаў на іх пытаньні. Аднак выхаду міністра да прэсы не было. Тэма сумеснага паседжаньня была важнай для рэгіёну: "Вынікі праверкі арганізацыі працы Гомельскага абласнога суда, упраўленьня юстыцыі аблвыканкаму і раённых судоў". 

4 лістапада суд ў гарадзкім пасёлку Сьвіслач спагнаў з Віктара Сазонава і Сяргея Мальчыка штраф у памеры 70 базавых адзінак. Суд прызнаў В. Сазонава і С. Мальчыка вінаватымі ў парушэньні двух артыкулаў Адміністратыўнага кодэксу – выкарыстаньне незарэгістраванай сімволікі і парушэньне арганізацыі і парадку правядзеньня масавых акцыяў і шэсьцяў. Рэгіянальныя партыйныя лідэры былі затрыманыя падчас ушанаваньня нацыянальных герояў Беларусі – Віктара і Кастуся Каліноўскіх. 

4 лістапада ў Беларусь не дапусьцілі ўезд кіраўніка рэгіянальнага бюро Фонду імя Фрыдрыха Эберта ва Украіне, Малдове і Беларусі Гельмута Курта. Стала вядома, што Гельмут Курт уключаны ў так званы "чорны сьпіс" замежнікаў, якіх беларускія ўлады рэкамендавалі не ўпускаць у Беларусь. 

4 лістапада калектыў рэдакцыi газеты "Народная воля" накіраваў адкрыты лiст мiнiстру iнфармацыi Уладзiмiру Русакевічу, у якім сказана: «Уладзiмiр Васiльевiч! Мы ня можам маўчаць, калi жыцьцё нашага калегi ў небясьпецы. Мы ня можам маўчаць, калi ўлады робяць выгляд, што нiчога надзвычайнага не адбываецца. На жаль, адбываецца – шаснаццаты дзень трымае галадоўку рэдактар "Местной газеты" Андрэй Шантаровiч. Уяўляеце: не другi, ня трэцi, а шаснаццаты дзень. Наш калега з Ваўкавыску пайшоў на адчайны крок, страцiўшы ўсялякую надзею адстаяць свае прафесiйныя правы. Ён пайшоў на адчайны крок, абараняючы правы кожнага грамадзянiна на праўдзiвую, аб’ектыўную iнфармацыю. Няўжо мы, журналiсты, павiнны абараняць сваё права на працу, рызыкуючы ўласным здароўем і нават жыцьцём? Прыпыненьне выхаду "Местной газеты", адмаўленьне ў рэгiстрацыi па ваўкавыскiм адрасе – адно са зьвеньняў у ланцугу рэпрэсiўных захадаў супраць незалежных мас-медыя. Па надуманых прычынах непадуладныя газеты выкiдваюцца з друкарняў, для iх устаноўленыя дыскрымiнацыйныя тарыфы на паслугi сувязi, распаўсюджваньня, мацнее ўцiск на падпiсчыкаў, рэкламадаўцаў. Калi Андрэй Шантаровiч ня спынiць галадоўку, ён можа памерцi. Калi пазбавiць беларускi народ свабоднага слова – ён таксама можа памерцi. Каб не памерцi ўсiм, давайце, спадар мiнiстр, дзейнiчаць! Дзейнiчаць у абарону Канстытуцыi, якая гарантуе свабоду слова! Дзейнiчаць у абарону правоў кожнага чалавека! Скажыце сваё слова – ня дайце памерцi Андрэю Шантаровiчу. Ня дайце памерцi "Местной газете"! Ня дайце памерцi iншым незалежным выданьням! Вы – мiнiстр iнфармацыi, а не кат свабоднага слова”. 

5 лістапада да гарадзенскага журналіста Паўла Мажэйкі, які працягвае галадоўку пратэсту ў сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку Кастрычніцкага раёну Гародні выклікалі хуткую дапамогу. Але па словах супрацоўнікаў адміністрацыі прыёмніка-разьмеркавальніку, стан здароўя журналіста не пагоршыўся — за дзень журналісту Мажэйку прыносяць 6-7 перадачаў, асабліва шмат вады, газетаў, раздруковак з Інтэрнету. Павел Мажэйка адмовіўся ад ежы і абвясьціў пра галадоўку ў знак пратэсту супраць рашэньня суда. 

5 лістапада група расійскага бюро французскага тэлеканалу TF1, якая здымала ў Менску акцыю пратэсту руху супраціву "Зубр", была затрыманая і пазбаўленая акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных справаў Беларусі. Французскіх журналістаў пратрымалі дзьве гадзіны ў міліцыі, а пасьля забралі відэакасету і сьцёрлі запіс. 

5 лістапада стала вядома, што прадстаўнік Ваўкавыскай праваабарончай арганізацыі “Аслона” Мікола Аксаміт шпіталізаваны і спыняе галадоўку пратэсту супраць сфальсіфікаваных вынікаў выбараў і рэферэндуму. Мікола Аксаміт, які галадаў два тыдні, па прычыне праблемаў з ціскам і сэрцам выклікаў "хуткую дапамогу". Яго шпіталізавалі, увялі глюкозу і параілі спыніць галадоўку, бо яе працяг быў бы небясьпечным для жыцьця. Спадар Аксаміт пачаў выхад з галадоўкі. Ён лічыць сваю акцыю патрэбнай. Іншай магчымасьці дзеля выказваньня пратэсту няма, кажа спадар Аксаміт: “Дзякуючы галадоўцы пра парушэньні і фальсіфікацыі на выбарах і рэферэндуме цяпер ведае ўвесь наш горад, і ўвесь горад гэтым абураецца. Такім чынам, хоць гэтая мэта дасягнутая. Я ня меў ніякіх ілюзіяў, ідучы на галадоўку, што ўлады прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці тых людзей, якія рабілі фальсіфікацыі. Самі ж сябе яны судзіць ня будуць”. 

5 лістапада адзін з каардынатараў руху "Зубр" Мікіта Сасім быў арыштаваны ў Баранавічах на падставе пастановы суда Цэнтральнага раёну г. Менску, у адпаведнасьці з якой ён ужо адбыў арышт 15 сутак у сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку. 

5 лістапада Міхаілу Марынічу прад’явілі канчатковае абвінавачаньне і прапанавалі азнаёміцца з крымінальнай справай напярэдадні яе накіраваньня ў суд. Абвінавачаньне Міхаілу Марынічу складаецца цяпер з чатырох эпізодаў. Былы міністр і амбасадар нібыта вінаваты ў незаконным захоўваньні зброі, крадзяжы маёмасьці і сакрэтных дакументаў ды ў невяртаньні пячаткі. Гэтыя абвінавачаньні разам з матэрыяламі справы сьледчыя КДБ прад’явілі Міхаілу Марынічу дзеля азнаямленьня. Яму было заяўлена, што пасьля справа трапіць у суд. Паводле словаў адваката Веры Страмкоўскай, Міхаіл Марыніч у адказ заявіў пратэст і сказаў, што ўлады помсьцяць яму за апазіцыйную дзейнасьць. Варта нагадаць, што пасьля арышту Міхаіла Марыніча ў красавіку сьледчыя падазравалі яго і ў падробцы грошай, але потым адмовіліся ад гэтага абвінавачаньня. Між тым, адабраныя падчас затрыманьня 90 тысячаў даляраў Міхаілу Марынічу гэтак і не вярнулі. 

5 лістапада з патрабаваньнем вызваліць Паўла Мажэйку, а таксама іншых палітычных вязьняў у адмысловым лісьце да А.Лукашэнкі зьвярнуўся Нарвежскі Хельсінкскі камітэт. "Рашэньне суда Ленінскага раёну ад 1 лістапада – не навіна, але хутчэй праява Вашай прэзідэнцкай палітыкі, скіраванай на стрыманьне свабоды перакананьня, свабоды слова і права на правядзеньне мірных сходаў, у спробе падавіць апазіцыю цяперашняму рэжыму", – гаворыцца ў лісьце, падпісаным Генеральным сакратаром Нарвежскага Хельсінкскага камітэту Б’ёрнам Енгесландам. Нарвежскі Хельсінкскі камітэт заклікае ўлады пакласьці канец рэпрэсіям супраць уласнага насельніцтва і вызваліць усіх вязьняў, асуджаных па палітычна-матываваных абвінавачаньнях, уключаючы Паўла Мажэйку, і прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць міжнародным стандартам і канвенцыям, падпісаным Беларусьсю. У прыватнасьці, заканадаўства мусіць відавочным чынам гарантаваць права на вольнае выражэньне ўласных перакананьняў, “нават калі ўрад Беларусі можа не падзяляць гэтыя перакананьні", – гаворыцца ў звароце. Генеральны сакратар Нарвежскага Хельсінкскага камітэту Б’ёрн Енгесланд у звароце нагадвае пра закрыцьцё незалежных газетаў, палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі, арышты ўдзельнікаў дэманстрацыі ў Менску 19 кастрычніка, зьбіцьцё апазіцыйных лідэраў. Копіі Звароту таксама накіраваныя Міністэрству замежных справаў Беларусі, Нарвежскаму прэм’ер-міністру, Міністру замежных справаў, кіраўніку сталага Камітэту замежных справаў Паламенту Нарвегіі. 

5 лістапада ў Берасьці невядомыя апаганілі мемарыял ахвярам Халакосту – падпалілі штучныя кветкі вянкоў і пашкодзілі выяву зоркі Давіда на пліце помніка. 

8 лістапада Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне аб парушэньні Закону Рэспублікі Беларусь “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі” заснавальніку газеты “Курьер из Борисова” (ТДА “Пресс-сервис”). Папярэджаньне вынесенае на падставе парушэньня артыкулаў 11 і 2 Закону “Аб друку”. На думку міністэрства, парушэньне арт. 11 заключаецца ў тым, што рэдакцыя своечасова не паведаміла пра зьмену тэматыкі выданьня з даведачнай і рэкламнай на масава-палітычную. Парушэньнем арт. 2 міністэрства назвала тое, што кіраўніком рэдакцыі зьяўляецца А.Удавічэнка, а ў выходных дадзеных галоўным рэдактарам пазначаная іншая асоба — Л. Атчанашанка. 

8 лістапада рэдакцыя баранавіцкай недзяржаўнай газеты “Intex-press” атрымала ліст, падпісаны пракурорам горада А.Смалем. "У сувязі з узьніклай неабходнасьцю, прашу тэрмінова інфармаваць пракуратуру г.Баранавічы аб былых публічных заявах, разьмешчаных у сродках масавай інфармацыі, былых кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь аб нібыта наяўных фальсіфікацыях вынікаў галасаваньня". Пракуратура просіць накіраваць інфармацыю пра зьмест падобных публікацыяў да 10 лістапада. 

8 лістапада вядомая беларуская журналістка, намесьніца рэдактара "Белорусской деловой газеты" Ірына Халіп была выкліканая ў пракуратуру г. Менску для дачы тлумачэньняў з нагоды разьмяшчэньня ў расійскай “Новой газете” артыкулу “Проголосовали мертвые души", прысьвечанага тэме масавых фальсіфікацыяў і парушэньняў закону падчас выбараў і рэферэндуму. 

9 лістапада, на 21 дзень, спыніў галадоўку галоўны рэдактар ваўкавыскай “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч. Рэдактар прыслухаўся да звароту кіраўніцтва “Беларускай асацыяцыі журналістаў” і галоўных рэдактароў 16 незалежных газетаў, якія заклікалі яго спыніць галадаваньне і паберагчы сілы для журналісцкай працы. 

9 лістапада стала вядома, што нямецкія сацыял-дэмакраты выказваюць пратэст ў сувязі з дзеяньнямі афіцыйнага Менску ў дачыненьні да Гельмута Курта – аднаго з кіраўнікоў Фонду Фрыдрыха Эбэрта. Адпаведную заяву ад імя кіруючай сацыял-дэмакратычнай фракцыі Бундэстагу зрабіла Ута Цапф. Паводле спадарыні Цапф, адмова ва ўезьдзе ў Беларусь Гельмуту Курту, кіраўніку рэгіянальнага бюро Фонду Эбэрта, надзвычай абцяжарвае далейшае супрацоўніцтва паміж Нямеччынай і Беларусьсю. Гельмут Курт, які меў беларускую візу, але пры гэтым, аднак, ня змог трапіць у Менск для ўдзелу ў міжнародным форуме Фонду Фрыдрыха Эбэрта, так і не атрымаў ад беларускіх уладаў адпаведных тлумачэньняў. Ён быў проста названы непажаданай персонай і мусіў правесьці ўсю ноч у менскім аэрапорце, каб на наступны дзень адляцець у Кіеў, гаворыццаў заяве. Як вынікае з дакументу, такое абыходжаньне з прадстаўніком нямецкага палітычнага Фонду – абсалютна непрымальнае. Беларускае кіраўніцтва мусіць даць тэрміновае тлумачэньне, чаму спадару Курту не дазволілі ўехаць у краіну. Падкрэсьліваецца, што праз два тыдні пасьля правядзеньня ў Беларусі недэмакратычных парламенцкіх выбараў палітычны дыялог з афіцыйным Менскам яшчэ больш ускладніўся. Нямецкія сацыял-дэмакраты, аднак, выказваюць надзею, што падобны рэгрэс у нямецка-беларускіх дачыненьнях усё ж не зьяўляецца мэтай менскага кіраўніцтва. 

9 лістапада стала вядома, што зьняволены прафесар Юры Бандажэўскі накіраваны ў 1-ы клінічны шпіталь у Менску. У яго знайшлі гепатыт, лекары высьвятляюць паходжаньне вірусу. Жонка прафесара Галіна Бандажэўская не выключае, што заражэньне гепатытам магло адбыцца падчас аперацыі, якую раней перанёс зьняволены прафесар ва ўмовах калоніі. Былы рэктар Гомельскага медыцынскага інстытуту Юры Бандажэўскі адбывае пакараньне ў Гезгалах Лідзкага раёну. Яшчэ на працягу двух гадоў ён мусіць знаходзіцца на пасяленьні. Сусьветна навукоўца вучоны адбывае пакараньне ва ўстановах пенітэнцыярнай сістэмы пяты год. На пасяленьні ў Гезгалах прафесар працуе начным вартаўніком, ахоўвае склад. Калі Бандажэўскаму стала дрэнна, адміністрацыя калоніі вырашыла накіраваць яго на лячэньне па месьцы жыхарства сям’і, у Менск. Прафесара-патолагаанатама Юрыя Бандажэўскага абвінавацілі ў хабарніцтве і асудзілі да пазбаўленьня волі. Навукоўцы розных краінаў сьвету высока ацанілі працу прафесара, які даказваў сувязь сьмяротных паталогіяў з наступствамі чарнобыльскай катастрофы. З патрабаваньнем адпусьціць прафесара на свабоду выступілі праваабарончыя арганізацыі. “Міжнародная Амністыя” прызнала яго палітычным вязьнем. Юры Бандажэўскі зьяўляецца ганаровым грамадзянінам некалькіх французскіх гарадоў. Зьняволены прафесар Юры Бандажэўскі абраны ганаровым доктарам Марсельскага ўніверсітэту. Пра гэта жонцы прафесара, Галіне Бандажэўскай, паведамілі ў амбасадзе Францыі. Выкладчыкі Марсельскага ўніверсітэту азнаёміліся з працамі Ю.Бандажэўскага ў галіне радыяцыйнай медыцыны і прызналі іх надзвычай важнымі для разьвіцьця навукі. 

9 лістапада пракуратура пачала выклікаць на допыты былых кандыдатаў у дэпутаты. У палітычнай некарэктнасьці ўлады найперш абвінавачваюць сяброў АГП Марыну Багдановіч і Аляксандра Цынкевіча, праваабаронцу і сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Алега Волчака, якія былі зьнятыя з перадвыбарчай гонкі рашэньнем выбарчых камісіяў. Марыне Багдановіч патэлефанаваў сьледчы Ленінскага раёну Гарадзенскай пракуратуры Сяргей Шэстаў і запрасіў прыехаць для дачы паказаньняў. Сьледчы патлумачыў, што даваць паказаньні спадарыня Багдановіч будзе наконт свайго радыёвыступу, у якім быццам бы ёсьць абраза прэзідэнта. Пра тое, ці ўзбуджаная крымінальная справа, сьледчы нічога не сказаў. Раней Лідзкая міжраённая пракуратура прыслала спадарыні Багдановіч ліст, у якім гаворыцца, што яе справа перададзеная ў Гарадзенскую абласную пракуратуру. Марына Багдановіч сказала, што грошы ад продажу няўлічанай зброі ідуць на “Мерсэдэсы” для чыноўнікаў і на прэзідэнцкі “Боінг”. Алега Волчака абвінавачваюць у паклёпе на службовых асобаў, Аляксандра Цынкевіча – за ўлётку, у якой гаварылася, што ў краіне ідзе халодная грамадзянская вайна. 

10 лістапада прадпрыемства "Белсаюздрук" датэрмінова скасавала дамову на распаўсюд часопісу "ARCHE-Пачатак". Распараджэньне набывае моц з 2 сьнежня. Яго падпісаў дырэктар "Белсаюздруку", былы міністр інфармацыі Беларусі Міхаіл Падгайны. Прычына скасаваньня дамовы -- у нізкіх аб’ёмах продажу выданьня. Заснавальнік часопісу Андрэй Дынько аспрэчвае тэзу аб малым попыце на выданьне: за 6 гадоў сьпісвалася 10-30% асобнікаў часопісу. У кастрычніку гэтага году дамову на распаўсюд выданьня скасавала прадпрыемства "Белкніга". Такім чынам, "ARCHE" пазбавілася шляхоў распаўсюду 80% свайго накладу. Застаўся пакуль шлях – распаўсюд праз падпіску. Наклад кожнага нумару "ARCHE" складае 1100 асобнікаў. 

10 лістапада адміністратыўная камісія Перашамайскага раёну Віцебску папярэдзіла вядомага праваабаронцу і журналіста Валерыя Шчукіна. У кастрычніку ён быў тройчы затрыманы за распаўсюд улётак з заклікам сказаць “НЕ!” на рэферэндуме 17 кастрычніка. В.Шчукіна выклікалі на камісію за распаўсюд улётак, якія ён сам склаў ды надрукаваў за ўласныя сродкі. Старшыня Першамайскага райвыканкаму Жана Мацкевіч, якая ўзначальвае раённую адміністратыўную камісію, адразу ж забараніла журналістам прысутнічаць на паседжаньні. Разьбіральніцтва за зачыненымі дзьвярыма ішло амаль паўтары гадзіны. Урэшце, пасьля вывучэньня трох міліцэйскіх пратаколаў і працяглых спрэчак, сябры камісіі прызналі спадара Шчукіна вінаватым і абвясьцілі яму папярэджаньне. 

11 лістапада Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу заснавальнікаў Партыі свабоды і прагрэсу Уладзіміра Навасяда, Сяргея Казлоўскага і Аляксандра Мельнікава, якія лічылі, што Міністэрства юстыцыі нематывавана адмовіла партыі ў рэгістрацыі. Міністэрства юстыцыі ўжо двойчы адмаўляла партыі ў рэгістрацыі, спасылаючыся на тое, што быў парушаны парадак стварэньня партыі, і шэраг устаноўчых дакументаў утрымліваў несапраўдныя зьвесткі. Паводле Уладзіміра Навасяда, партыя, якую ён спрабуе стварыць, — ліберальнага накірунку. У яе хочуць увайсьці ў асноўным сябры моладзевага грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскі форум”, якое ўзначальвае Уладзімір Навасяд. 

11 лістапада адміністратыўная камісія Маскоўскага раёну Менску пакарала вядомага адваката, праваабаронцу, намесьніка старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйлу грашовым штрафам у памеры пяці мінімальных заробкаў. Адміністратыўныя камісія вырашыла, што вядомы праваабаронца распаўсюджваў незарэгістраванае выданьне — даклад Хрыстаса Пургурыдэса “Зьніклыя асобы ў Беларусі”. 

11 лістапада гаспадарчы суд Берасьцейскай вобласьці задаволіў зыск Лунінецкага прадпрыемства "Палесьсеэлектрамаш" да газеты "Брестский курьер". Кіраўніцтва прадпрыемства палічыла неадпаведнымі рэчаіснасьці факты, прыведзеныя газетай у публікацыі "Трясина долгов" за верасень 2004 г. пра заработную плату, крэдытарскую запазычанасьць, колькасьць звольненых сёлета працаўнікоў. Пярэчаньні дырэктара Р.Міценева былі надрукаваныя на старонках "Брестского курьера", але кіраўніцтва прадпрыемства падало зыск у суд аб абароне дзелавой рэпутацыі. Судзьдзя А.Гарбацкі прыняў рашэньне задаволіць зыск і абавязаў газету сплаціць судовыя выдаткі 95 тысячаў рублёў. 

11 лістапада ў Баранавічах судовыя выканаўцы апісалі маёмасьць бацькоў актывісткі руху “Зубр” Марыі Гамбецкай. Марыя Гамбецкая была аштрафаваная за ўдзел у акцыі “Свабода Марынічу”, якая адбывалася 27 верасьня ў Баранавічах. Суд вынес рашэньне па арт.167-1. ч.1 (парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Штраф – 30 базавых велічыняў. 

12 лістапада Вышэйшы гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь прызнаў несапраўдным загад аб прыпыненьні дзейнасьці газеты "Время" на 3 месяцы. 

12 лістапада ў Жлобіне судзьдзя раённага суда Алена Ярмольчык разглядала адміністратыўную справу супраць старшыні раённай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Пятра Мірашнічэнкі і вынесла рашэньне аштрафаваць яго на 120 тысячаў рублёў за нібыта незаконны выраб і распаўсюд перыядычных выданьняў. Да судовай справы супраць Пятра Мірашнічэнкі спрычыніліся жлобінскія міліцыя, пракуратура, раённы Савет дэпутатаў і рэдактар дзяржаўнай газеты “Новы дзень”. Віна спадара Мірашнічэнкі ў тым, што ў сябе дома ён набраў на ўласным кампутары і надрукаваў на прынтары артыкул, прысьвечаны рэферэндуму: “Скажам – “не” пажыцьцёвай дыктатуры!”. У актывіста ўчынілі ператрус, адабралі кампутар і завялі адміністратыўную справу. 

15 лістапада ваўкавыская галадоўніца, пенсіянерка Валянціна Салдатава зьмешчаная ў шпіталь — пагоршылася здароўе. Цягам 19 дзён 67-гадовая пенсіянерка адмаўлялася ад ежы ў знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, перасьледу незалежнай “Местной газеты” і бязьдзеяньня ўладаў у вырашэньні жыцьцёвых праблемаў. Валянціна Садатава хварэе на цукровы дыябет, і на шпіталізацыі настоялі лекары. Але жанчына пагадзілася толькі на дзённы стацыянар, бо мусіць даглядаць непаўнагадовую ўнучку-школьніцу. Спадарыня Салдатава прымае лекі і працягвае галадоўку. 

15 лістапада ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласьці дастаўлены ў суд і пакараны трыма суткамі адміністратыўнага арышту актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Дзям’ян Франкоўскі. Яго абвінавацілі ў “распаўсюдзе ўлётак, якія вырабленыя з парушэньнем устаноўленага парадку”. Справа актывіста стала шырока вядомая ў Горках таму, што на Дзям’яна Франкоўскага, які перадаваў у партыйныя арганізацыі кааліцыйныя ўлёткі “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”, паскардзіўся чыноўнікам "вертыкалі" і міліцыянтам пільны кіраўнік мясцовай ветэранскай арганізацыі. 

15 лістапада судовыя выканаўцы апісалі маёмасьць бабулі былога кандыдата ў дэпутаты Аляксея Шэіна. Коштам гэтай маёмасьці яны зьбіраюцца пагасіць штраф, накладзены на Аляксея за ўдзел у апазіцыйнай акцыі. Бабуля Аляксея Шэіна жыве ў Ракаве. Аляксей прапісаўся ў яе хаце ў ліпені, а ў жніўні зарэгістраваўся ў якасьці прэтэндэнта ў кандыдаты па Маладэчанскай акрузе. Вось тады ўлады і згадалі, што Аляксей вінен дзяржаве грошы — 1 мільён 250 тысячаў рублёў. Гэта штраф, якім пакараў маладафронтаўца Маскоўскі суд у 2001 годзе за тое, што ён разам з паплечнікамі ўсклаў кветкі каля Менскага СІЗА, каб ушанаваць памяць расстраляных фашыстамі менскіх падпольшчыкаў. Бабуля Аляксея згадала 1933 год. Тады яе ў трохгадовым узросьце разам з бацькамі выслалі ў Сібір, і перад высылкай людзі ў цывільным таксама апісвалі маёмасьць. Аляксей Шэін зьбіраецца аспрэчваць дзеяньні судовых выканаўцаў у абласным судзе. 

16 лістапада адміністрацыя Маскоўскага раёну Менску адмовіла ў перарэгістрацыі рэлігійнай суполцы Царква “Новае жыцьцё" Аб’яднаньня абшчынаў хрысьціянаў поўнага Евангельля ў Рэспубліцы Беларусь. 

16 лістапада барысаўская пракуратура распачала крымінальную справу. Як вынікае з пастановы, галоўны рэдактар “Барысаўскіх навінаў” Анатоль Букас дапусьціў абразу і паклёп на рэдактара дзяржаўнай барысаўскай газеты. “Я зьмясьціў артыкул “Зьвездануты пастрэл усюды пасьпеў, альбо Маўчаньне ягнятаў”, у якім расказаў пра тое, што Пратасевіч Вера Мікалаеўна, якая зьяўляецца рэдактарам мясцовай афіцыйнай газеты, так бы мовіць, няроўна дыхае ў мой бок. За паўгады яна надрукавала ў газеце “Адзінства” тры вялізныя артыкулы, дзе абразіла мяне. Называла пеўнем, студэнтам-недавукам і г. д.”, — гаворыць спадар Букас. Паводле спадара Букаса, ягоная публікацыя стала адказам на выказваньні рэдактара выданьня Барысаўскага гарвыканкаму. Дарэчы, публікацыя, якая справакавала крымінальную справу, зьявілася ў “Барысаўскіх навінах” яшчэ ў сакавіку. Але чаму менавіта цяпер — праз восем месяцаў — журналісцкі канфлікт зацікавіў барысаўскую пракуратуру? “Рэч у тым, што спадарыня Пратасевіч абразіла ня толькі мяне, але і яшчэ аднаго барысаўчаніна, Аляксандра Моніча. Яна сказала, што ён паводзіў сябе на выбарчым участку, як “пячорны чалавек”. Спадар Аляксандр падышоў да мяне ў рэдакцыю, і я сказаў, каб ён падрыхтаваў заяву ў пракуратуру. Магчыма, пра гэта даведалася Пратасевіч і, у сваю чаргу, напісала заяву супраць мяне”, — зазначыў на гэты конт Анатоль Букас. 

16 лістапада Праваабарончы цэнтр “Вясна” прыняў заяву, у якой канстатуе, што Рэспубліка Беларусь не выконвае абавязацельстваў па арт. 2 “Канвенцыі супраць катаваньняў ды іншых бесчалавечных альбо прыніжаючых відах абыходжаньня і пакараньняў” ад 10 сьнежня 1984 году, ратыфікаваную нашай дзяржавай 21 студзеня1987 году. У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць неабходным візіт у Рэспубліку Беларусь сьпецыяльнага прадстаўніка Камітэту ААН супраць катаваньняў. Праваабарончы цэнтр “Вясна” падрыхтаваў “Папярэдні маніторынг па фактах выкарыстаньня катаваньняў ды іншых бесчалавечных відаў абыходжаньня ў адносінах да грамадзянаў Беларусі” і прапануе разгледзець яго на паседжаньні Камітэту ААН супраць катаваньняў. 

16 лістапада гарадзенская міліцыя ізноў актывізавала пошук журналістаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту супраць узмацненьня ціску на незалежную прэсу. Як паведаміў сябра Гарадзенскай філіі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Кусяльчук, у гэты дзень офіс адной з мясцовых грамадзкіх арганізацыяў наведаў капітан міліцыі, старшы інсьпектар аддзелу прафілактыкі і аховы правапарадку Ленінскага РАУС Гародні Пётр Ленец. З ягоных словаў вынікала, што ён шукае журналістку Ірыну Чарняўку, каб узяць тлумачэньні адносна ўдзелу ў акцыі пратэсту і скласьці пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні. Міліцыя ўжо затрымлівала трох з пяці ўдзельнікаў акцыі. У выніку Павел Мажэйка быў пакараны судом Ленінскага раёну Гародні на сем сутак адміністратыўнага арышту, а Наталя і Анатоль Макушыны атрымалі па 480 тысячаў рублёў штрафу. Нагадаем, што пяцёра гарадзенскіх журналістаў 4 кастрычніка зладзілі пікет на вул. Савецкай г.Гародні, пратэстуючы супраць узмацненьня ціску на незалежную прэсу. Журналісты трымалі ў руках аркушы паперы са словамі "У Гародні судзяць журналістаў!!!". Пасьля папярэджаньняў міліцыянтаў журналісты згарнулі пікет і, трымаючы аркушы ў руках, прайшлі па цэнтральнай вуліцы гораду. Нагодай дзеля правядзеньня акцыі стала прыцягненьне да адміністратыўнай адказнасьці рэдактара газеты "Биржа информации" Алены Раўбецкай, якой інкрымінавалі распаўсюд абразьлівай для прэзідэнта інфармацыі. 

16 лістапада ў пасёлку Сьвіслач адбыўся адміністратыўны суд па справе сябра Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова. Судзьдзя вынес рашэньне – штраф памерам 70 базавых адзінак. Напярэдадні, 16 лістапада, у Гародні Вадзім Саранчукоў быў затрыманы разам са Зьміцерам Міхалюком і Максімам Губарэвічам па падазрэньні ў распаўсюдзе ўлётак з тлумачэньнямі, як адбываліся фальсіфікацыі падчас выбараў. Затрыманыя былі дастаўленыя ў Ленінскі РУУС г.Гародні. Пры высьвятленьні асобаў супрацоўнікі міліцыі даведаліся, што Вадзім Саранчукоў падлягае адміністратыўнай адказнасьці, бо быў затрыманы 31 кастрычніка ў мястэчку Сьвіслач падчас традыцыйнага ўшанаваньня памяці братоў Каліноўскіх. Пасьля гэтага Зьміцер Міхалюк і Максім Губарэвіч былі адпушчаныя без складаньня пратаколу, а Вадзім Саранчукоў правёў ноч у міліцыі. 17 лістапада яго павезьлі ў мястэчка Сьвіслач на суд. Нагадаем, што 31 кастрычніка ў мястэчку Сьвіслач былі затрыманыя старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Мальчык, сябра Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў, старшыня абласной арганізацыі БСДГ Віктар Сазонаў. Затрыманьні адбыліся падчас ушанаваньня нацыянальных герояў Беларусі – Віктара і Кастуся Каліноўскіх (на могілках у Сьвіслачы пахаваны Віктар Каліноўскі, а на плошчы стаіць помнік Кастусю Каліноўскаму). Удзельнікі ўшанаваньня памяці былі затрыманыя па шляху ад магілы да помніку. 4 лістапада суд ў гарадзкім пасёлку Сьвіслач спагнаў з Віктара Сазонава і Сяргея Мальчыка штраф у памеры 70 базавых адзінак. У той дзень Вадзім Саранчукоў на суд не зьявіўся, а цяпер атрымаў пакараньне ў такім жа памеры. 

17 лістапада рэдактар ваўкавыскай "Местной газеты" Андрэй Шантаровіч быў выкліканы ў міліцыю. У Ваўкавыскім РУАС у яго ўзялі тлумачэньні адносна правядзеньня "несанкцыянаванай акцыі" — галадоўкі, якую ён праводзіў з 20 кастрычніка па 9 лістапада ў знак пратэсту супраць рашэньня Міністэрства інфармацыі прыпыніць выданьне. Супрацоўнікаў міліцыі цікавілі падрабязнасьці галадоўкі, а таксама ўлёткі, якія зьявіліся ў Ваўкавыску і паведамлялі пра галадоўку рэдактара. 

17 лістапада ў пракуратуру Заводзкага раёну г.Менску быў выкліканы журналіст Аляксандр Коктыш. Памочніка пракурора Заводзкага раёну Сяргея Бандарэнку цікавіў удзел журналіста ў прэс-канферэнцыі, якая адбылася 21 лістапада ў Маскве ў памяшканьні рэдакцыі газеты "Московский комсомолец". Удзел у ёй узялі дэпутат групы "Рэспубліка" Валерый Фралоў, беларускі праваабронца Алег Волчак, старшыня апякунскай рады беларуска-расійскага фонду "За новую Беларусь" Васіль Лявонаў, грамадзкі дзеяч Уладзімір Колас і намесьнік старшыні АГП Аляксандр Дабравольскі. Падчас прэс-канферэнцыі былі зробленыя выказваньні, якія не супадаюць з афіцыйнай пазіцыяй беларускай дзяржавы наконт праведзеных парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. А.Коктышу былі патлумачаныя палажэньні артыкулаў 188 і 400 Крымінальнага кодэксу, якія датычаць падману і наўмасна ілжывага даносу. Ніякіх абвінавачаньняў да журналіста пракуратура не вылучае. 

18 лістапада галоўны рэдактар ваўкавыскай недзяржаўнай "Местной газеты" Андрэй Шантаровіч атрымаў пісьмовае паведамленне ад кіраўніцтва друкарні "Плутас-маркет". Гаворка ў ісьце ішла пра тое, што друкарня разрывае з рэдакцыяй выданьня дамову на друк. Прычынай прынятага рашэньня названая запазычанасьць рэдакцыі перад друкарняй, памерам некалькі большым за 1 млн. рублёў (прыкладна $500). Рэдактар "Местной газеты" вымушаная шукаць іншую друкарню. Разрыў дамовы адбыўся пасьля спробы выдаць чарговы нумар газеты з інфармацый пра вынікі парламенцкіх выбараў і рэферэндуму, які не выйшаў у сувязі з прыпыненнем выданьня на 1 месяц па рашэньні Міністэрства інфармацыі. 

18 лістапада стала вядома, што пракуратура не вяртае канфіскаваную маёмасьць сям’і Леванеўскіх. Жонка кіраўніка агульнанацыянальнага старайкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскага, які быў асуджаны да двух гадоў калоніі нібыта за абразу прэзідэнта, звярнулася да Генеральнага пракурора i шэрагу iншых дзяржаўных органаў i службовых асобаў з патрабаваньнем вырашыць лёс канфiскаванай у сям’i Леванеўскiх маёмасьцi. У Леванеўскiх канфiскавалi маёмасьць больш чым на 15 тысячаў даляраў ЗША. Акрамя таго, падчас ператрусу, якi праводзiўся гарадзенскай управай КДБ, з кватэры зьнiкла 10 тысячаў даляраў ЗША. 

18 лістапада стала вядома, што чатыром буйным цэрквам Евангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў на Берасьцейшчыне пагражае ліквідацыя. Улады прымушаюць іх унесьці зьмены ў Статут, якія б забаранялі праводзіць рэлігійную дзейнасьць па-за межамі месца, дзе зарэгістраваная царква. Пра сваю нязгоду з патрабаваньнямі мясцовых уладаў абвясьцілі кіраўнікі цэркваў Евангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў Берасьця, Камянца, вёсак Чарнаўчыцы і Астрамечава. Паводле іхняга меркаваньня, калі пагадзіцца на прапанаваныя ўмовы, пратэстанцкім цэрквам будзе забаронена весьці гаспадарчую дзейнасьць па-за межамі свайго памяшканьня, адчыняць летнікі для моладзі, браць удзел у гуманітарных акцыях. Паводле зьвестак саміх пратэстантаў, прадстаўнікі Савету па справах рэлігіяў ужо аддалі загад Берасьцейскаму гарвыканкаму зачыніць малітоўныя памяшканьні, калі цэрквы не пажадаюць уносіць зьмены ў свой Статут. 

18 лістапада Хойніцкі суд разгледзеў пратаколы на двух сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі – Мікалая Ісачэнку і Леаніда Судаленку. Яны прызнаныя вінаватымі ў парушэньні арт. 172 ч.3 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях. Пратаколы былі складзеныя 10 кастрычніка за распаўсюд улётак, у якіх утрымліваўся заклік галасаваць супраць пытаньня, вынесенага А.Лукашэнкам па рэферэндум. На падставе міліцэйскіх пратаколаў кіраўнік справамі Хойніцкагага райвыканкаму Фёдар Гвозьдзеў, як упаўнаважаная раённым Саветам службовая асоба, склаў пратаколы аб адміністратыўных правапарушэньнях. Улёткі, якія ўяўляюць сабою ксеракопіі газеты "Народная воля", брашуры "Паважаныя землякі" і "Пяць крокаў да лепшага жыцьця", названыя сродкамі масавай інфармацыі. Старшыня суда Людміла Дзямбоўская, якая разглядала пратакол у адносінах да Мікалая Ісачэнкі, і судзьдзя Міхаіл Гарашчанка, які разглядаў адміністратыўную справу Леаніда Судаленкі, таксама палічылі ўлёткі за сродкі масавай інфармацыі. А.Ісачэнка быў аштрафаваны на 5 базавых велічыняў (120 тысячаў рублёў), Л. Судаленка -- на 6 базавых велічыняў (144 тысячы рублёў). 

19 лістапада намесьніка галоўнага рэдактара "Белорусской деловой газеты" Ірыну Халіп выклікалі ў пракуратуру Партызанскага раёну г.Менску. Сьледчы Сяргей Бародзька задаваў журналістцы пытаньні адносна зьместу яе артыкулу "Рэвалюцыя апалага лісьця", нарукаванага ў расійскім часопісе "Новый очевидец" і прысьвечанага акцыям пратэсту, якія прайшлі ў беларускай сталіцы пасьля абвяшчэньня вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Паволе словаў І.Халіп, гаворка журналісткі і пракурорскага работніка ішла пра стылістычныя асаблівасьці артыкулу: ці ня лічыць аўтар абразьлівымі для некаторых персанажаў (А.Лукашэнка, У.Рушайла) прыведзеныя ў ім параўнаньні і эпітэты. Са словаў І.Халіп, узяць тлумачэньні з журналісткі і даць прававую ацэнку яе артыкулу сьледчаму пракуратуры даручыла пракуратура г.Менску. 

19 лістапада пракуратура г. Баранавічы (Берасьцейская вобласьць) вынесла папярэджаньне былому кандыдату ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аркадзю Блінкоўскаму, які балатаваўся па Усходняй выбарчай акрузе №5 г. Барананавічы. Папярэджаньне вынесенае за артыкул "Кандыдат каментуе", апублікаваны ў недзяржаўнай газете "Intex-press" (№43 ад 21.10.2004 г.). У артыкуле было заяўлена пра фальсіфікацыі вынікаў выбараў. 

19 лістапада старшыня Партыі БНФ Вiнцук Вячорка затрыманы на памежным пераходзе “Каменны лог”. Ён накiроўваўся ў Лiтву на рэйсавым аўтобусе “Менск-Вiльнюс-Рыга”. Нiхто са службовых асобаў Ашмянскай мытнi не пагадзiўcя пракаментаваць гэтае здарэньне. 

19 лістапада амбасада ЗША выступіла з заявай наконт закрыцьця прадстаўніцтва "Каўнтэрпарт". Амбасада ЗША выражае шкадаваньне з нагоды рашэньня беларускага Міністэрства замежных справаў адмовіць у рэгістрацыі прадстаўніцтву "Каўнтэрпарт Інтэрнэшнл" (CAP) у Беларусі. Амбасада ня лічыць, што праграмная дзейнасьць "Каўнтэрпарт" парушала якія-небудзь беларускія законы ці правілы. Прадстаўніцтва "Каўнтэрпарт" ішло на супрацоўніцтва ў выпадках шматлікіх падатковых і юрыдычных праверак і да паведамленьня аб адмове ў рэгістрацыі не атрымлівала паведамленьняў аб парушэньнях з ніводнага беларускага органу ўлады. У Беларусі "Каўнтэрпарт" ажыцьцяўляў сваю дзейнасьць у рамках двухбаковага пагадненьня паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і Беларусьсю. У адпаведнасьці з гэтым пагадненьнем, усе дзейныя праграмы ў Беларусі былі ўхваленыя беларускімі ўладамі рэзалюцыяй Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 чэрвеня 2001 г. Гэтыя праграмы падтрымлівалі дзейнасьць у разьвіцьці гуманітарнай сферы і супольнасьцяў. Праграмы і ініцыятывы "Каўнтэрпарт" былі карыснымі для многіх асобных беларускіх грамадзянаў і арганізацыяў з цэлага спектру беларускага грамадзтва. "Альянс Партнёрства Каўнтэрпарт" (CAP) і "Праграма гуманітарнай дапамогі Каўнтэрпарт" (CHAP) працуюць у рамках "Каўнтэрпарт Інтэрнэшнл Інкарпарэйтэд", амерыканскай грамадзкай арганізацыі, якая мае доўгую гісторыю паляпшэньня эканамічных, экалагічных і грамадзкіх умоваў чалавечага разьвіцьця ў больш як 60 краінах, уключаючы дзяржавы былога Савецкага Саюзу. Урад Злучаных Штатаў Амерыкі заўсёды шукаў і шукае магчымасьці канструктыўнага супрацоўніцтва з Беларусюсю у справе падтрымкі дасягненьня мэтаў разьвіцьця гуманітарнай сферы і супольнасьцяў. Праграмы "Каўнтэрпарт" спрыялі дасягненьню гэтых мэтаў і прадстаўлялі станоўчае супрацоўніцтва паміж Злучанымі Штатамі Амерыкі і Беларусьсю. Амбасада Злучаных Штатаў выказала беларускім уладам сваё расчараваньне з нагоды рашэньня спыніць гэтую дзейнасьць і папрасіла перагледзець гэтае рашэньне. Гэтае рашэньне відавочна ставіць у невыгоднае становішча толькі беларускае грамадзтва, якое на працягу доўгага часу атрымлівала карысьць ад праграмаў “Каўнтэрпарт” і падтрымлівала іх. 

23 лістапада крымінальная справа грамадзкага і палітычнага дзеяча Міхаіла Марыніча перададзеная ў Менскі раённы суд. 

24 лістапада ў Менску затрыманы актывіст руху "Зубр" Мікіта Сасім за раздачу прахожым аранжавых стужачак у падтрымку лідэра "Нашай Украіны" Віктара Юшчанкі. 

25 лістапада калегія Менскага гарадзкога суда пад старшынствам судзьдзі Лугіной адхіліла скаргу Вольгі Завадзкай. Маці зьніклага ў ліпені 2000 году аператара ОРТ абскарджвала адмову суда Цэнтральнага раёну разгледзець яе скаргу на дзеяньні Рэспубліканскай пракуратуры. 20 ліпеня падчас прэс-канферэнцыі А.Лукашэнка заявіў, што мае "некаторыя дакументы", якія могуць ператварыць справу Завадзкага ў "антысправу". На падставе гэтай інфармацыі маці журналіста Вольга Завадзкая 4 жніўня падала ў Рэспубліканскую пракуратуру заяву аб узбуджэньні крымінальнай справы ў сувязі з "наноў адкрытымі" абставінамі па справе аб зьнікненьні яе сына. Пракуратура ніяк не адрэагавала на зварот, і 17 верасьня В. Завадзкая падала ў суд Цэнтральнага раёну Менску скаргу на незаконныя дзеяньні пракурорскіх работнікаў. Паколькі Цэнтральны суд у лістападзе адмовіўся разглядаць зварот у сувязі з "непадведамаснасьцю" справы, В. Завадзкая падала скаргу ў суд вышэйшай інстанцыі. 

25 лістапада Ляхавіцкі райвыканкам адмовіў у акрэдытацыі журналістам газеты "Ляхавіцкі час" (заснавальнік – выдавецкі дом "Інтэкс-прэс") Алене Верабей і Вользе Асос. У лісьце, які журналісты атрымалі ад старшыні Ляхавіцкага райвыканкаму А. Сакуна, гаворыцца, што райвыканкам лічыць іх акрэдытацыю "немэтазгоднай". "Дзейнасьць раённага выканаўчага камітэту, яго аддзелаў і службаў, пытаньні эканамічнага, культурнага, спартыўнага жыцьця раёну ў поўнай меры асьвятляюцца газетамі "Зара", "Ляхавіцкі весьнік" і раённым радыё", - сьцьвярджаецца ў лісьце старшыні райвыканкаму. Гэта ўжо другая па ліку адмова ў акрэдытацыі журналістам "Ляхавіцкага часу" за паўтара гады існавання газеты (яна выдаецца з траўня 2003 г.). У мінулы раз райвыканкам матываваў сваё рашэньне тым, што карэспандэнты выданьня могуць атрымаць любую інфармацыю ў райвыканкаме і без акрэдытацыі. Журналісты, аднак, сьцьвярджаюць, што гэта не заўсёды адпавядае рэчаіснасьці. 

26 лістапада 50 базавых велічыняў (1 млн. 200 тыс. рублёў) пастанавіў спагнаць з Андрэя Шантаровіча Ваўкавыскі раённы суд, разгледзеўшы яго адміністратыўную справу. Судзьдзя Юры Якімовіч палічыў галадоўку заснавальніка і галоўнага рэдактара "Местной газеты" несанкцыянаваным пікетам. Начальнік аддзелу Ваўкавыскага РАУС Аляксандр Глебаў, які 17 лістапада склаў пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні А. Шантаровіча (арт. 167 ч.1 КаАП РБ), у судзе аргументаваў сваю пазіцыю тым, што па ўсім горадзе (у тым ліку і ў вакне рэдакцыі "Местной газеты") былі вывешаныя плакаты з інфармацыяй пра галадоўку. На яго думку, гэта надало акцыі публічнасьці і ператварыла яе ў несанкцыянаваны пікет. Адвакат журналіста А. Бірылаў сказаў, што міліцыя не прадставіла ў суд ніякіх доказаў віны А. Шантаровіча, і папрасіў спыніць судовы працэс. Сам галоўны рэдактар "Местной газеты" ў судзе заявіў, што, як грамадзянін Беларусі, ён мае права абвяшчаць галадоўку, калі захоча, і інфармаваць пра гэта грамадзкасьць. Нагадаем, што 20 кастрычніка Андрэй Шантаровіч у знак пратэсту супраць рашэньня Міністэрства інфармацыі прыпыніць на месяц выданьне ягонай газеты абвесьціў бестэрміновую галадоўку пратэсту, якую 21 дзень трымаў у памяшканьні карпункту "Местной газеты" ў Ваўкавыску. 

29 лістапада Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне і прыпыніла на 3 месяцы недзяржаўную гарадзенскую газету "Биржа информации". Санкцыі ўжытыя да выданьня за публікацыю, прысьвечаную рэферэндуму, за якую галоўны рэдактар выданьня Алена Раўбецкая ў верасьні была аштрафаваная. Міністэрства палічыла, што ў артыкуле "Предательство именем народа" (№ 36 ад 9 верасьня 2004 г.) парушаныя артыкулы 5, 32 і 40 Закону аб друку. У загадзе аб прыпыненьні і ў папярэджаньні сьцьвярджаецца, што ў публікацыі "ўтрымліваюцца несапраўдныя зьвесткі, якія не адлюстроўваюць законнай падставы прызначанага… рэферэндуму, якія зьневажаюць гонар і годнасьць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". За гэтую ж публікацыю А. Раўбецкая ўжо прыцягвалася да адміністратыўнай адказнасьці па ч. 10 арт. 172-1 КаАП. Заведама ілжывымі зьвесткамі, якія зневажаюць гонар і годнасьць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, суд прызнаў фразу: "Референдум (а без него третьего срока не получить), объявленный господином президентом -- это вызов обществу. Нужно обладать не только отсутствием совести, но и "господским" пренебрежением к плебсу, абсолютной уверенностью, что "плебс" ничего не понимает". А. Раўбецкая і яе прадстаўнікі на судовым працэсе сьцьвярджалі, што гэтая фраза ня ўтрымлівае якіх-небудзь зьвестак, апрача інфармацыі пра абвяшчэньне рэферэндуму, і ўяўляе сабой выказваньне асабістай думкі А. Раўбецкай. 30 верасьня А. Раўбецкая была аштрафаваная на 70 базавых велічыняў (больш за 500 еўра) і да канца лістапада ўжо выплаціла частку гэтых грошай. Галоўны рэдактар упэўненая, што газету наўмысна прыпынілі напярэдадні падпісной кампаніі, каб яна страціла аўдыторыю. "Я ня ведаю, як напрацягу трох месяцаў утрымаць памяшканьне, супрацоўнікаў, чытачоў", -- зазначае А. Раўбецкая. Яна абураная тым, што загад аб прыпыненьні падпісаны адначасова з папярэджаньнем, хаця газета мае законнае права абскардзіць апошняе напрацягу месяца. Кіраўнік Цэнтру юрыдычнай падтрымкі СМІ пры ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Міхаіл Пастухоў бачыць у гэтым працяг кампаніі барацьбы з недзяржаўнай прэсай, якая была распачатая напярэдадні выбараў і рэферэндуму. "Улады працягваюць распраўляцца з выданьнямі, якія мелі сьмеласьць зьмясьціць крытычныя меркаваньні адносна вынесенага на рэферэндум пытаньня", -- лічыць М. Пастухоў. 

26 лістапада Пракуратура Ленінскага раёну Менску адмовілася ўзбуджаць крымінальныя справы па фактах зьбіцьця 19 кастрычніка лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі і журналістаў расійскіх тэлеканалаў НТВ і Ren-TV. Супрацоўнікі пракуратуры не знайшлі складу злачынства ў дзеяньнях міліцыянтаў, якія разганялі акцыю пратэсту апазіцыі супраць фальшаваньня вынікаў выбараў і рэферэндуму. Прадстаўнікі АГП гавораць, што гэта не азначае, што крымінальная справа супраць амапаўцаў ня будзе заведзеная пасьля таго, як у Беларусі зьменіцца ўлада. 

28 лістапада Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне незалежнай газеце "Кур’ер з Барысава". Барысаўскае выданьне, паводле Міністэрства інфармацыі, парушыла закон аб друку. Як паведаміла рэдактар “Кур’еру з Барысава” Людміла Атчанашанка, газеце прад’яўленае падвойнае абвінавачаньне. “Па-першае, яны палічылі, што калі мы рэкламна-інфармацыйная газета, то не павінны друкаваць інфармацыі масава-палітычнага зьместу. Хаця нідзе не вызначана, што гэта за такая інфармацыя. Па-другое, заснавальнік нібыта мусіць значыцца ў выходных дадзеных, як і рэдактар газеты”, — гаворыць рэдактарка. 

29 лістапада суд Цэнтральнага раёну Менску вынес рашэньне пра арышт Ягора Баброва на 3 сутак. Міліцыянты згадалі, што ён 28 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы быў разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі пратэсту супраць вынікаў галасаваньня і трымаў бел-чырвона-белы сьцяг. Міліцыянты прыехалі па Ягора раніцай 29 лістапада. Яму патлумачылі, што павязуць у суд, каб разгледзець адміністратыўны пратакол за парушэньне падчас правядзеньня масавага вулічнага мерапрыемства. Ягора Барова затрымалі разам з лідэрам Беларускай партыі Свабоды Сяргеем Высоцкім, Вячаславам Сіўчыкам, Настай Азаркай, Алесем Васілеўскім, Уладзімірам Беглікам і двума непаўнагадовымі хлопцамі. У той раз непаўнагадовых і Ягора Баброва адпусьцілі. 

30 лістапада аператары кабельнага тэлебачаньня ў Берасьці спынілі рэтрансьляцыю трох польскіх каналаў (TVP-1, TVP-2, POLSAT). Падставай дзеля гэтага стаў ліст з Міністэрства інфармацыі Беларусі за подпісам намесьніка міністра Сяргея Булацкага. Аператараў кабельнага тэлебачаньня папярэдзілі, што яны парушаюць “Палажэньне аб прыёмных сістэмах тэлебачаньня і радыёвяшчаньня”, зацьверджанае Пастановай Савету Міністраў РБ ад 30.06.2003 №885. Парушэньне заключаецца ў тым, што аператарамі ажыцьцяўляецца "несанкцыянаваная рэтрансляцыя польскіх тэлеканалаў... пры адсутнасьці ўзгадненьня з Міністэрствам інфармацыі РБ". У лісьце таксама паведамляецца, што ў выпадку паўторнага парушэньня Мінінфарм накіруе ў Міністэрства сувязі папярэджаньне аб прыпыненьні дзейнасьці ліцэнзіі гэтых аператараў кабельнага тэлебачаньня. 

30 лістапада Гары Паганяйлу выклікалі ў пракуратуру Менску, дзе яму паведамілі, што супраць яго Рэспубліканскай пракуратурай яшчэ тыдзень таму ўзбуджаная крымінальная справа паводле 367 артыкулу Крымінальнага кодэксу. Праваабаронцу абвінавачваюць у паклёпе на прэзідэнта Беларусі. Падставай стала інтэрв’ю Гары Паганяйлы, якое ў ліпені ён даў швецкаму тэлеканалу “ТВ-4”. У прыватнасьці, у гэтым інтэрв’ю Гары Паганяйла паўтарыў падазрэньні, якія і раней выказваў у бок вышэйшых кіраўнікоў дзяржавы, уключаючы Аляксандра Лукашэнку. Праваабаронца лічыць, што А. Лукашэнка нібыта таксама можа быць датычным да зьнікненьняў і магчымых забойстваў беларускіх апазіцыянераў. Каментуючы абвінавачаньні, якія супраць яго вылучыла пракуратура, Гары Паганяйла адзначае своеасаблівасьць дзеяньняў беларускіх уладаў у гэтай справе: “Яны мусілі б зрабіць усё, каб даказаць сваю невінаватасьць. А яны, наадварот, хаваюць гэтую справу, не вядуць расьсьледваньня”. Гары Паганяйла заявіў, што гатовы прадставіць суду шэраг дакументаў, якія дакажуць справядлівасьць падазрэньняў адносна кіраўнікоў Беларусі ў датычнасьці да зьнікненьняў лідэраў апазіцыі. 

30 лістапада пінская рэгіянальная друкарня ў чарговы раз адмовілася супрацоўнічаць з недзяржаўнай газетай "Мясцовы час". Больш за год пінскае выданьне вымушана друкавацца ў Баранавічах, што вымагае ад рэдакцыі дадатковых выдаткаў і адбіваецца на аператыўнасьці. Паводле галоўнага рэдактара выданьня Віктара Ярашука, дырэктар КУП "Пінская рэгіянальная друкарня" А. Пракопаў спасылаецца на перагружанасьць друкарні. Між тым, друкарня валодае новым паліграфічным абсталяваньнем, якое дазваляе друкаваць у дзень да дзесятка розных газетаў. Штотыдзень друкарня выпускае наклады васьмі рэгіянальных выданьняў. Акрамя гэтага, "Мясцовы час" адмаўляюцца прадаваць у Пінскіх кіёсках "Белсаюздруку". Начальнік мясцовага аддзяленьня "Белсаюздруку" Ніна Навумчык заяўляе, што кіёскі настолькі перагружаныя перыёдыкай, што для "Мясцовага часу" ня знойдзецца месца. Віктар Ярашук лічыць, што ўлады гэткім чынам "разьлічваюцца" з газетай за вострыя публікацыі.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна

 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster