БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе

Агляд-Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзеСЬНЕЖАНЬ

1 сьнежня Міжнародная журналісцкая арганізацыя "Рэпарцёры бяз межаў" накіравала міністру інфармацыі Уладзіміру Русакевічу ліст пратэсту з нагоды трохмесячнага прыпыненьня недзяржаўнай газеты "Биржа информации". "Рэпарцёры" выказалі заклапочанасьць з нагоды ўціску недзяржаўнай прэсы ў Беларусі ў цэлым і названага выданьня -- у прыватнасьці, і запатрабавала адмяніць загад аб яго прыпыненьні. Арганізацыя зьвяртае ўвагу на тое, што за артыкул, які стаў нагодай для прыпыненьня газеты, галоўны рэдактар выданьня Алена Раўбецкая раней ужо была аштрафаваная на суму каля 500 еўра. "Рэпарцёры бяз межаў" разглядаюць прыпыненьне "Биржи информации" у шэрагу іншых падобных выпадкаў і нагадваюць, што некалькі незалежных газетаў былі прыпыненыя па фармальных бюракратычных прычынах напярэдадні кастрычніцкага рэферэндуму і парламенцкіх выбараў, якія ператварыліся ў шырокамаштабную кампанію перасьледу мас-медыя. 

1 сьнежня судзьдзя Ленiнскага суда г.Гародні Вiкторыя Кулакоўская пакарала 15 суткамi адмiнiстратыўнага арышту лiдэра дэмакратычнага руху “Гарадзенскi выбар” Дзьмiтрыя Iваноўскага. Яго прызналi вiнаватым у распаўсюдзе ўлётак, зьмест якiх накiраваны на тое, каб прынесьцi шкоду канстытуцыйнаму ладу i грамадзкаму парадку. Дз. Iваноўскi распаўсюджваў улёткi, дзе заклiкаў прадпрымальнiкаў прыйсьцi 29 лiстапада на плошчу Ленiна, каб зьбiраць подпiсы за недавер мясцовай адмiнiстрацыi. Замест збору подпiсаў у парку Жылiбера адбыўся несанкцыянаваны мiтынг гарадзенскiх прадпрымальнiкаў. Удзел у iм прынялі каля 70 чалавек. Прадпрымальнiкi патрабавалi адмены рашэньня Гарадзенскага аблвыканкаму, згодна з якiм iх прымусiлi ўсталяваць касавыя апараты i забаранiлi гандаль кандытарскiмi вырабамi. У той час, як адбываўся мiтынг, Дзьмiтрый Iваноўскi знаходзiўся ў судзе Ленiнскага раёну, куды яго даставілі мiлiцыянты, каб ня даць яму магчымасьці прыняць удзелу ў акцыi пратэсту. 

1 сьнежня суд Полацку разгледзеў зыск Свабоднага прафсаюзу Беларускага да Наваполацкага гарадзкога выканкаму. Прафсаюзу адмоўлена ў задавальненьні скаргі. СПБ спрабаваў абскардзіць рашэньне ўладаў, што адмовіліся рэгістраваць тры прафсаюзныя структуры – Наваполацка-Полацкую рэгіянальную арганізацыю, а таксама пярвічкі на ААТ “Нафтан” і Наваполацкай цеплаэлектрацэнтралі. Да траўня 2003 году “пярвічкі” СПБ мелі легальны статус. Але пасьля зьезду СПБ, дзе былі прынятыя зьмены ў Статут арганізацыі, у рэгіянальных і пярвічных падразьдзяленьняў прафсаюзу пачаліся праблемы ў перарэгістрацыі. Першы раз навапалачане безвынікова спрабавалі зарэгістравацца ў жніўні 2003 году. Тады Наваполацкі гарвыканкам знайшоў хібы ў прадстаўленай дакументацыі. Пасьля другога і трэцяга разоў Статут прафсаюзу ня быў прыняты да рэгістрацыі. СПБ доўгі час спрабаваў аспрэчыць рашэньне выканкаму, але з красавіка 2004 году судовыя ўлады не маглі вызначыцца, якая з судовых інстанцыяў мусіць разглядаць справу. У выніку доўгіх пературбацыяў судзьдзя Полацкага гарадзкога суда Зоя Плакса вынесла рашэньне, паводле якога прафсаюзу адмоўлена ў задавальненьні скаргі. Падставай для такога вердыкту сталі заявы (пазьней адкліканыя складальнікамі) двух работнікаў Наваполацкай ЦЭЦ, нібыта яны ніколі не былі сябрамі СПБ, а іх тайна ўключылі ў прафаб’яднаньне і нават абралі ў кіруючыя органы. Суд параіў прадстаўнікам прафсаюзу “яшчэ раз падаць усе неабходныя дакументы для рэгістрацыі”. 

2 сьнежня на працягу больш як 12 гадзінаў запар была паралізаваная праца інтэрнэт-сайту Аб’яднанай грамадзянскай партыі. "Невядомыя ... скарысталі недапрацоўкі ў сістэме абароны сайту", — паведаміла прэс-служба АГП. Прадстаўнікі партыі разглядаюць гэты інцыдэнт у адным шэрагу з нядаўняй спробай узламаць дзьверы ў офіс АГП. АГП падкрэсьлівае, што сайт зьяўляецца папулярнай крыніцай інфармацыі сярод карыстальнікаў Інтэрнэту: штодня на яго "заходзіць" 800-1000 чалавек. "Мы разумеем, каму выгадна, каб альтэрнатыўны пункт гледжаньня на палітычныя і эканамічныя працэсы, што адбываюцца ў Беларусі, замоўчваўся. Раней ужо былі спробы зьнішчыць наш сайт, але мы працягваем працаваць, і так будзе надалей", -- гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы. 

2 сьнежня старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыi Анатоль Лябедзька быў выклiканы ў пракуратуру Цэнтральнага раёну г.Менску. Анатоля Лябедзьку выклікалі для дачы тлумачэньняў з нагоды публiкацыi ў польскім выданьні Gazeta Wyborcza. Пракуратуру зацiкавiў артыкул, дзе ёсьць спасылка на Анатоля Лябедзьку. У артыкуле распавядаецца пра нараду ў Адмiнiстрацыi прэзiдэнта, якая адбылася напярэдаднi выбараў. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адмовіўся даваць паказаньні работнікам пракуратуры, бо лічыць яе "інструментам палітычнага перасьледу апанентаў улады". Пра гэта лідэр АГП заявіў намесьніку пракурора Цэнтральнага раёну г. Менску А. Рамашэўскаму, які хацеў узяць у А. Лябедзькі тлумачэньні па факце публікацыі ў польскай газеце. Палітык заявіў, што лічыць амаральным узаемадзейнічаць з пракуратурай пасьля таго, як яна адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу па факце яго збіцьця міліцыянтамі падчас вулічнай акцыі 19 кастрычніка. 

2 сьнежня пракуратура Савецкага раёну Менску вынесла папярэджаньне Першаму сакратару ЦК Партыi камунiстаў Беларускай Сяргею Калякiну. Пракурор Мiкалай Платнiцкi ўручыў лiдэру апазіцыйных камунiстаў папярэджаньне “пра недапушчальнасьць распаўсюду паклёпнiцкiх домыслаў”. Сяргей Калякiн мяркуе, што папярэджаньне стала вынiкам публiкацыяў у польскiм друку за чатыры днi да рэферэндуму i парламенцкiх выбараў некаторых зьвестак пра іх вынiкi. “Я не правiдца i ня мог за чатыры днi да галасаваньня прадказаць вынiкi рэферэндуму i выбараў па большасьцi выбарчых участкаў 106 Коласаўскай выбарчай акругi. Але факт застаецца фактам: прыведзеныя мною лiчбы практычна супалi з афiцыйнымi вынiковымi зьвесткамi. Таму я перакананы: вынiкi рэферэндуму i выбараў былi прадвызначаныя”, – заявiў Сяргей Калякін. 

2 сьнежня стала вядома, што Ірына Макавецкая, уласны карэспандэнт "Народнай волі" па Гомельскай вобласьці, можа быць прыцягнутая да адміністратыўнай адказнасьці за тое, што хацела прысутнічаць на адкрытым судовым паседжаньні. Ёй можа быць выстаўлена абвінавачаньне ў непавазе да суда. Слуханьні адміністратыўнай справы, пра якую зьбіралася рыхтаваць матэрыял журналістка, распачаліся ў судзе Чыгуначнага раёну Гомелю. У самым пачатку паседжаньня старшыня суда Тацяна Адрыбец заявіла, што не дазваляе І. Макавецкай прысутнічаць у зале суда. Журналістка адмовілася выйсьці, зазначыўшы, што будзе падпарадкоўвацца толькі законным патрабаваньням. Тады судзьдзя выклікала нарад міліцыі, які даставіў І. Макавецкую ў Чыгуначны РАУС. 

3 сьнежня Мінюст вынес другое папярэджаньне Радзе Грамадзкага аб’яднаньня “Саюз беларускіх пісьменьнікаў”. Нагода для вынясеньня папярэджаньня –фармальная. “У Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь паступіла інфармацыя з Інсьпекцыі па падатках і зборах па Ленінскім раёне г. Берасьця аб тым, што Берасьцейскае абласное аддзяленьне Грамадзкага аб’яднаньня “Саюз беларускіх пісьменьнікаў” доўгі час, з чэрвеня па цяперашні час не прадастаўляе ў падатковую Інсьпекцыю штомесячную справаздачнасьць, чым груба парушае пункт 1б артыкулу 8 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасьці”. Пры такіх абставінах і кіруючыся арт.28 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” Радзе Грамадзкага аб’яднаньня “Саюз беларускіх пісьменьнікаў” выносіцца пісьмовае папярэджаньне”. Першае папярэджаньне Саюзу пісьменьнікаў было вынесенае ў чэрвені 2004 году. У дзеяньнях Мінюсту праглядаецца палітычная замова, мэта якой -- расправа з незалежнай творчай арганізацыяй, жаданьне дзяржавы стварыць паслухмяную пісьменьніцкую арганізацыю на базе Менскай гарадзкой арганізацыі, якая дзейнічае пры холдынгу – “Рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве “Літаратура і мастацтва”. Атрыманае папярэджаньне супала па часе з фактычнаю забаронаю пісьменьнікам выкарыстоўваць вялікую залу Дому літаратара для сваіх імпрэзаў і пагрозаю высяленьня з гэтага будынку сакратарыяту Саюзу пісьменьнікаў. 

6 сьнежня Полацкі гарадзкі суд вынес пакараньне назіральніку ад Беларускага Хельсінкскага камітэту Уладзіміру Амосаву — штраф у памеры 2 базавых велічыняў (48 тысячаў рублёў). Суд інкрымінаваў спадару Амосаву паклёп на службовую асобу. Уладзімер Амосаў зьяўляўся назіральнікам на 89-й Фарынаўскай акрузе (Полацкі раён). 13 кастрычніка, падчас папярэдняга галасаваньня, ён патэлефанаваў у раённы аддзел міліцыі і паведаміў, што старшыня камісіі, зачыніўшыся ў асобным пакоі, ужывае разам з сябрамі сьпіртныя напоі. Праз тры гадзіны міліцыя прыехала на ўчастак, і старшыню камісіі, з ягонай згоды, адвезьлі на медыцынскую эксьпертызу, якая, паводле афіцыйнай версіі, алкаголю ў крыві не знайшла. З гэтай нагоды назіральнік ад БХК быў абвінавачаны ў паклёпе, і супраць яго была распачатая судовая справа. Паводле сьведчаньня спадара Амосава, справа гэтая інсьпіраваная ўладамі, пры гэтым сьведкі, якія знаходзіліся 13 кастрычніка на ўчастку і мусілі выступіць у судзе ў ягоную падтрымку, пад псіхалагічным ціскам на судовае паседжаньне не зьявіліся. 

6 сьнежня амбасада ЗША выступіла з заявай наконт рэпрэсіўных мераў супраць грамадзянскай супольнасьці. Злучаныя Штаты Амерыкі адзначылі, што яны з узрастаючай занепакоенасьцю назіраюць за ўзмацненьнем нападаў на незалежную грамадзянскую супольнасьць у Беларусі. У апошнія два гады ЗША неаднаразова выказваліся супраць сістэматычных дзеяньняў ураду Лукашэнкі па ўдушэньні незалежных галасоў у краіне. Сітуацыя пасьля кастрычніцкіх выбараў, якія самі былі відавочна недэмакратычнымі, паказала, што гэты ўціск расьце. Пакуль беларускі ўрад імкнецца ўпісаць свае рэпрэсіўныя дзеяньні ў прававое поле, добра бачна, што гэтыя дзеяньні накіраваныя супраць нямногіх незалежных галасоў, што яшчэ засталіся ў Беларусі. 

7 сьнежня ноччу ў Ваўкавыску (Гарадзенская вобласьць) арыштаваны на 5 сутак старшыня рэгіянальнай праваабарончай арганізацыі "Аслона" Мікола Аксаміт. Праваабаронца і мастак Мікола Аксаміт быў затрыманы каля пад’езду свайго дому з намаляванай уласнаручна карцінай. Супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі яго ў крадзяжы карціны. Пасьля складаньня пратаколу М. Аксаміт быў асуджаны на 5 сутак. 

7 сьнежня журналістку Ірыну Халіп выклікалі ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь за публікацыю пра сьмяротныя пакараньні. Пракуратуру зацікавіла публікацыя ў расійскай “Новой газете” пад назваю “П’яныя каты”. У гэтым артыкуле нагадвалася, што Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе яшчэ існуе сьмяротнае пакараньне. У сваім артыкуле Ірына Халіп апісала падрабязнасьці расстрэлаў у Беларусі. Між іншым журналістка напісала пра падрабязнасьці візіту ў 1999 годзе камандзіра брыгады сьпецназу Міністэрства ўнутраных справаў Дзьмітрыя Паўлічэнкі ў сьледчы ізалятар Менску, калі там выконваліся сьмяротныя пакараньні. Пракуроры Станіслаў Новікаў і Сьвятаслаў Голік спрабавалі высьветліць, адкуль Ірына Халіп брала факталагічны матэрыял для свайго расьсьледваньня, а таксама ўзялі з яе афіцыйныя тлумачэньні па гэтай справе. Гэта ўжо ня першы выпадак выкліку Ірыны Халіп, іншых журналістаў, а таксама апазіцыйных палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў у пракуратуру — асабліва пасьля выбараў і рэферэндуму. Спадарыня Халіп лічыць, што вышэйшыя беларускія чыноўнікі, хутчэй за ўсё, загадалі сваім падначаленым нейкім чынам разабрацца з тымі, хто дапускаў рэзкія выказваньні ў адрас улады, і тыя загад выконваюць. 

7 сьнежня стала вядома, што кіраўнікі Мінінфармацыі не жадаюць сустракацца з прадстаўнікамі недзяржаўных СМІ. "У бліжэйшы час сустрэчы кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі з сябрамі Праўленьня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" і рэдактарамі недзяржаўных выданьняў... не плануюцца". Гэткім чынам міністэрства адказала на афіцыйную прапанову БАЖ спаткацца і абмеркаваць сітуацыю ў сферы сродкаў масавай інфармацыі. У звароце, які БАЖ даслаў на імя міністра інфармацыі Уладзіміра Русакевіча 1 лістапада, арганізацыя прасіла таксама адмяніць загад аб прыпыненьні дзейнасьці ваўкавыскай "Местной газеты". Міністэрства ў адказ заявіла, што "ня бачыць" юрыдычных падставаў для адмены свайго рашэньня. 

8 сьнежня Еўрасаюз забараніў уезд на сваю тэрыторыю старшыні Цэнтрвыбаркаму Рэспублікі Беларусь Лідзіі Ярмошынай і начальніку менскага АМАПу Юрыю Падабеду. Гэтае рашэньне прынятае ў межах санкцыяў у адносінах да беларускіх уладаў пасьля правядзеньня 17 кастрычніка рэферэндуму адносна працягу тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі. 

8 сьнежня Пракуратура Беларусі вынесла папярэджаньне журналісту Радыё Свабода Альгерду Невяроўскаму. Падставай для гэтага стаў артыкул на сайце радыё, у якім пададзеныя фотаздымкі з выбарчага ўчастку падчас папярэдняга галасаваньня на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і рэферэндуму, зробленыя 16 лістапада. У артыкуле гаворка ішла пра тое, што выбаршчыкам выдавалі бюлетэні з ужо пазначаным адказам "так" на пытаньне рэферэндуму. У пракуратуры журналісту паведамілі, што распаўсюджаныя ім зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці: нібыта гэта былі бюлетэні з адзнакаю пра адмену рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты В.Палевіковай. А.Невяроўскага азнаёмілі з артыкулам 40 Закону “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі" і папярэдзілі пра неабходнасьць праверкі распаўсюджваемых зьвестак. Журналісту патлумачана, што пры паўтарэньні падобнага выпадку можа быць пастаўленае пытаньне пра пазбаўленьне яго акрэдытацыі. 

8 сьнежня лідэр "Маладога Фронту" Павел Севярынец дапытаны ва ўпраўленьні сьледчага камітэту МУС па горадзе Менску ў якасьці сьведкі па справе аб масавых беспарадках у сталіцы 18-19 кастрычніка. Справа была ўзбуджаная па арт. 342 Крымінальнага кодэксу -- "арганізацыя групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх". 

10 сьнежня, у дзень чарговай гадавіны прыняцьця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, увечары сотні менчукоў выйшлі на Кастрычніцкую плошчу сталіцы, каб выказаць свой пратэст супраць парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Пасьля пікетаваньня яны прайшлі да будынку КДБ і прымацавалі на калоны і дзьверы будынку партрэты зьніклых. 

10 сьнежня, у Дзень правоў чалавека, беларускія праваабаронцы накіравалі зварот Генеральнаму пракурору, у якім выказалі занепакоенасьць станам правоў чалавека ў краіне і меркаваньне, што ў дадзенай сітуацыі пракуратура павінная адыгрываць асаблівую ролю ў абароне правоў і законных інтарэсаў грамадзянаў. Зварот прыняў дзяжурны пракурор Барыс Жыльдзецкі. Да звароту быў прыкладзены даклад Хрыстаса Пургурыдэса “Зьніклыя асобы ў Беларусі”. 

10 сьнежня суд Фрунзенскага раёну спагнаў з актывіста руху “Зубр” Андрэя Баранава штраф у памеры 150 базавых велічыняў. Актывістаў руху "Зубр" Андрэя Баранава і Максіма Вянярскага затрымалі 7 сьнежня за распаўсюд газеты з заклікам прыходзіць 10 сьнежня на Кастрычніцкую плошчу на акцыю, прысьвечаную ўгодкам абвяшчэньня Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Ноч пасьля затрыманьня маладыя людзі правялі ў сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку на вул. Акрэсьціна ў Менску. 

12 сьнежня стала вядома, што мясцовыя ўлады ў Дзяржынску адмовілі ў перарэгістрацыі Саюзу цэркваў хрысьціянаў Поўнага Евангельля “Слова праўды”. Афіцыйная прычына адмовы – быццам бы дакументы на перарэгістрацыю пададзеныя пазьней тэрміну. На думку пастара Мікалая Козела, сапраўдная прычына адмовы зьвязаная з яго палітычнай дзейнасьцю — ён вылучаўся кандыдатам ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. 

13 сьнежня ўначы на кватэры, якую наймае намесьнік дырэктара НІСЭПД Аляксандр Сасноў, быў праведзены ператрус. 13 сьнежня былі апублікаваныя вынікі лістападаўскага агульнанацыянальнага сацыялагічнага апытаньня, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў (НІСЭПД). Паводле зьвестак сацыёлагаў, за зьмену Канстытуцыі на кастрычніцкім рэферэндуме галасавала меншасьць апытаных – 49%. У той жа дзень на менскай кватэры, якую наймае намесьнік дырэктара гэтага інстытуту Аляксандр Сасноў, супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Тры супрацоўнікі КДБ на чале з маёрам на працягу паўгадзіны вельмі бегла агледзелі пакоі, сталы, тумбы, паперы. Бачна было, што яны не цікавіліся справамі інстытуту, а шукалі нейкія “прылады злачынства” (так было запісана ў пратаколе) паводле крымінальнай справы бізнэсоўца, жонка якога тры гады таму тут нібыта наймала офіс. Па крымінальнай справе гэтага нікому невядомага бізнэсоўца, уласна, і быў прызначаны ператрус. У іх нават не было адпаведнай санкцыі пракурора, толькі рэзалюцыя намесьніка старшыні КДБ. Чамусьці яны вельмі сьпяшаліся, нават ня мелі з сабою чыстых бланкаў пратаколаў ператрусу, так што адзін з іх пісаў на чыстым аркушы ад рукі. Відавочна, што нешта зьвязанае з гэтым бізнэсоўцам, якога абвінавацілі ў наўмысным банкруцтве фірмы, знайсьці тут, у кватэры, якую ўжо тры гады наймае супрацоўнік НІСЭПД, не маглі, ды не асабліва і хацелі. Так што працэдура скончылася фармальна безвынікова, нічога не знайшлі. На думку Алега Манаева, дырэктара інстытуту, сувязь ператрусу з вынікамі апошняга сацапытаньня, згодна з якім большасьць рэспандэнтаў не пацьвердзіла, што яны галасавалі за зьмену ў Канстытуцыі – навідавоку, бо матэрыялы апошняга сацапытаньня былі шырока распаўсюджаныя сярод СМІ, амбасадаў, арганізацыяў. Алег Манаеў дапускае, што ўлады вырашылі правесьці застрашальную акцыю. 

13 сьнежня ў Жодзіне супрацоўнікі міліцыі апячаталі офіс “Маладога Фронту”. Сябры “Маладога Фронту” арандавалі прыватную кватэру пад офіс сваёй арганізацыі. 13 сьнежня на кватэру прыйшлі намесьнік кіраўніка аддзелу па справах непаўнагадовых Гарошка і выканаўца абавязкаў начальніка жодзінскай міліцыі Ільіч. Паводле іх словаў, у міліцыю паступіла заява аб тым, што кватэра выкарыстоўваецца пад офіс. Маладафронтаўцаў папярэдзілі, што за спробу зноў заняць офіс іх прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. 

14 сьнежня стала вядома, што будынак менскай пратэстанцкай Царквы “Новае жыцьцё” (Саюз цэркваў хрысьціянаў Поўнага Евангельля) апынуўся пад пагрозай зруйнаваньня. Адміністрацыя Маскоўскага раёну г.Менску запатрабавала, каб да 1 студзеня было ліквідаванае “самавольнае будаўніцтва, якое вядзе рэлігійная абшчына” на сваім зямельным участку па адрасе Кавалёва,72 у Менску (раён былой вёскі Сухарава). Інакш ліквідацыя забудовы будзе зьдзейсьненая “сіламі камунальных службаў”. Аб гэтым рашэньні адміністрацыя Маскоўскага раёну паведаміла ў лісьце. “Мы не вядзем ніякіх будаўнічых работ,” – кажа адміністратар царквы Васіль Юрэвіч. Паводле сп. Юрэвіча, ужо некалькі гадоў царква намагаецца атрымаць ад уладаў дазвол на рэканструкцыю і перабудову кароўніка ў адпаведнасьці са сваімі патрэбамі. “Мы лічым, што ў Менгарвыканкаме распрацаваны план з мэтай забраць у царквы зямлю і будынак. Нам адмаўляюць ў перарэгістрацыі, пастара пастаянна выклікаюць у міліцыю. Пагроза зьнішчыць пабудову – чарговы крок ціску з боку ўлады”, – кажа Васіль Юрэвіч. 

14 сьнежня ў Барысаве супрацоўнікі КДБ папярэдзілі Зьміцера Бародку пра магчымасьць пакараньня за апазіцыйную дзейнасьць. Зьміцер Бародка вымушаны быў наведаць барысаўскі аддзел КДБ паводле пісьмовай позвы: “Оперупаўнаважаны капітан КДБ Дзяніс Якубоўскі растлумачыў мне, што ўсе мае дзеяньні, пачынаючы з 2002 году, могуць патрапляць пад дзейнасьць крымінальнага артыкулу 342 – нешта накшталт арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках. Згадаў усе затрыманьні мяне супрацоўнікамі міліцыі аж да апошняга – 20 кастрычніка пасьля так званага рэферэндуму”, — сказаў З. Бародка. 

16 сьнежня міжнародная праваабарончая арганізацыя “Amnesty International” выдала адмысловае паведамленьне, у якім канстатуе істотнае пагаршэньне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пасьля кастрычніцкіх выбараў і рэферэндуму. “Amnesty International” таксама нагадвае, што Расія ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў заблакавала абмеркаваньне сітуацыі ў Беларусі. На думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі, свабода выказваньняў, крытыка ўладаў робяцца ў Беларусі ўсё больш небясьпечнай справай. У паведамленьні “Amnesty International” прыгадваюцца выпадкі перасьледу за крытыку: пагроза прыцягненьня Гары Паганяйлы да крымінальнай адказнасьці за інтэрв’ю шведзкай тэлевізіі, абвінавачаньне Анатоля Лябедзькі ў паклёпе на прэзідэнта, прыпыненьне выхаду гарадзенскай газеты “Биржа информации” і накладаньне штрафу на яе рэдактара Алену Раўбецкую, адміністратыўны арышт журналіста Паўла Мажэйкі, выклік у пракуратуру журналісткі Ірыны Халіп. У паведамленьні “Amnesty International” адзначаюцца жорсткія дзеяньні міліцыі супраць удзельнікаў мірных маніфестацыяў пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і рэферэндуму, зьбіцьцё Анатоля Лябедзькі, адміністратыўныя арышты і штрафы 40 удзельнікаў гэтых акцыяў пратэсту. Міжнародная праваабарончая арганізацыя заклікае міжнародную супольнасьць аказаць ціск на беларускія ўлады, каб прымусіць іх спыніць парушэньне правоў чалавека. 

17 сьнежня карэспандэнту Інтэрнэт-сайту "Прафсаюзны рух Беларусi" Ірыне Бут-Гусаім не дазволілі прысутнічаць на прэс-канферэнцыі старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Леаніда Козіка, якая праходзіла ў зале паседжаньняў Дому прафсаюзаў. Супрацоўнік прэс-службы, параіўшыся з кіраўніцтвам, спаслаўся на адсутнасьць у карэспандэнта папярэдняй акрэдытацыі. Тэма прэс-канферэнцыі была "Вынікі рэалізацыі праграмы дзейнасьці ФПБ у 2004 годзе. Прыярытэтныя напрамкі дзейнасьці ФПБ, прынятыя на 2005 год". 

17 сьнежня суд Фрунзенскага раёну вынес рашэньне па адміністратыўнай справе актывіста руху "Зубр" Максіма Вінярскага – 15 сутак арышту за распаўсюд газеты. Нагадаем, што Максіма Вінярскага і Андрэя Баранава затрымалі 7 сьнежня за распаўсюд газеты “Выбар”. У газеце была інфармацыя пра акцыю 10 сьнежня, прысьвечаную Міжнароднаму дню правоў чалавека. М. Вінярскі і А. Баранаў былі абвінавачаныя ў парушэньні арт. 167-1 КаАП (парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў) і правялі ноч у сьпецпрыёмніку-разьмеркавальніку. 

17 сьнежня намесьнік галоўнага рэдактара "Народнай волі" Аляксандр Сіліч папрасіў палітычнага прытулку ў Бельгіі. Гэтую інфармацыю пацьвердзіла Галіна Мацюшына, каардынатар Федэрацыі "Салідарнасьць", якая аб’ядноўвае суполкі ўцекачоў з краінаў Усходняй Еўропы, у тым ліку і Беларусі. Паводле яе словаў, Аляксандр Сіліч знаходзіцца ў лагеры для ўцекачоў. Яго зварот разглядае міжнародная Камісія па справах уцекачоў, а таксама Міністэрствы замежных і ўнутраных справаў Бельгіі. Паводле Г. Мацюшынай, з 2001 году працэдура разгляду такіх зваротаў была паскораная, аднак пакуль што немагчыма сказаць, калі атрымае адказ беларускі журналіст. Г. Мацюшына выказала надзею, што просьба такой вядомай асобы, як А. Сіліч, будзе задаволеная. Кіраўнікі Беларускага цэнтру ў Бельгіі спадзяюцца, што ягоны досьвед і здольнасьці дапамогуць істотна актывізаваць працу суполкі. Журналіст заявіў пра сістэматычны ціск на яго з боку беларускіх уладаў. Ала Сіліч, жонка журналіста, заявіла, што яе мужу пагражала небясьпека: па іх назіраньнях, за домам сачылі, праслухоўвалі тэлефоны. Па словах сп-ні Сіліч, гэтыя падзеі пачаліся пасьля таго, як два гады таму ён задаў А. Лукашэнку пытаньне пра існаваньне пазабюджэтнага прэзідэнцкага фонду. 17 верасьня 2002 г. А. Сіліч спытаў у кіраўніка дзяржавы, чаму прэзідэнцкі фонд закрыты ад грамадзкасьці, колькі ў ім грошай і ці трапляюць у гэты фонд грошы ад гандлю зброяй. На гэта Аляксандр Лукашэнка адказаў: "Калі такі фонд існуе, я заўтра не прэзідэнт. Але калі яго няма, то "Народнай волі" таксама ня будзе. Вы згодны з гэтым? Дык вось, фонду няма". 

19 сьнежня ў Міжнародным адукацыйным цэнтры ў Менску павінна была адбыцца навукова-практычная канферэнцыя “Беларусь пасьля выбараў і рэферэндуму: персьпектывы разьвіцьця”. У канферэнцыі планавалі ўзяць удзел 250 былых кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад дэмакратычных сілаў, якія прыехалі ў Менск з розных рэгіёнаў Беларусі. Але дзьверы ў памяшканьне былі зачыненыя. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў, што ў пятніцу ўвечары арганізатарам канферэнцыі патэлефанавалі чыноўнікі з Менскага гарвыканкаму і паведамілі, што “мерапрыемства ня будзе, яно забароненае”. Удзельнікі канферэнцыі выказалі свой пратэст з нагоды забароны мерапрыемства. Адзін з арганізатараў мерапрыемства, Анатоль Лябедзька, сказаў: “Раней я думаў, што беларуская ўлада хлусьлівая, а цяпер я бачу, што яна яшчэ і баязьлівая. Сёньня – гэта нішто іншае, як дэманстрацыя страху. Нам проста не даюць мажлівасьці сустрэцца. Гэта значыць, што было прынятае палітычнае рашэньне, і я разумею чаму. Бо гэтыя 250 кандыдатаў, якія тут сабраліся – гэта рэальная сіла”. Анатоль Лябедзька гаворыць, што за гэтых 250 чалавек паставілі свае подпісы паўмільёна беларускіх грамадзянаў, і, паводле сацыялагічных дасьледваньняў, ня менш як 40 чалавек з іх павінны былі атрымаць дэпутацкі мандат. Яны маюць свае каманды і гатовыя працаваць. А ў Менск яны прыехалі, каб падтрымаць адзіную стратэгію дзеяньняў дэмакратычных сілаў у падрыхтоўцы да прэзідэнцкіх выбараў. Першую сесію ўдзельнікі канферэнцыі правялі проста на прыступках Міжнароднага адукацыйнага цэнтру. Выступалі Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Станіслаў Шушкевіч і іншыя апазіцыйныя палітыкі, якія заклікалі былых кандыдатаў тлумачыць людзям у сваіх рэгіёнах, што прыхільнікаў пераменаў у Беларусі большасьць. Адзіным рэальным вынікам гэтай сустрэчы было прыняцьце рэзалюцыі. Арганізатары заявілі, што другая сесія канферэнцыі пройдзе ў 2005 годзе за межамі Беларусі. На ёй плануецца правесьці дыскусію аб уроках выбарчай кампаніі 2004 году і бліжэйшых мэтах і задачах дэмакратычных сілаў. 

22 сьнежня падчас правядзеньня брыфінгу ў гатэлі “Беларусь”, які быў прысьвечаны арганізацыі назіраньня за выбарамі прэзідэнта Украіны, супрацоўнікамі АМАПу былі затрыманыя каля 70 яго ўдзельнікаў – прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў Беларусі, якія ўвечары павінныя былі адбыць ва Украіну для ўдзелу ў назіраньні за выбарамі ў межах міжнароднай місіі ENEMO. Адзначым, што ўсе беларускія назіральнікі ўжо акрэдытаваныя ў Цэнтральнай выбарчай камісіі Украіны ў якасьці міжнародных назіральнікаў, і ўжо прымалі ўдзел у назіраньні 21 лістапада, калі адбыўся другі тур выбараў, адменены потым рашэньнем Цэнтрвыбаркаму. Сярод затрыманых — старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, юрыст Уладзімір Лабковіч і яшчэ каля 40 сяброў “Вясны”. Усё затрыманьне фіксавалася асобамі ў цывільным на відэа. Усе затрыманыя былі дастаўленыя ў РУУС Цэнтральнага раёну г. Менску, дзе з усіх прысутных былі ўзятыя тлумачальныя, адбіткі пальцаў, праведзеныя відэаздымкі, дагляд рэчаў і асабісты дагляд. Па тлумачэньнях супрацоўнікаў міліцыі, усе затрыманыя былі дастаўленыя ў РУУС у сувязі з неабходнасьцю “высьвятленьня асобаў”. Нягледзячы на пратэсты затрыманых, іх пратрымалі больш за тры гадзіны і адпусьцілі з РУУС каля 21.30 без складаньня пратаколаў аб адміністратыўным затрыманьні і правапарушэньні. Між тым, цягнік у Кіеў, на якім мусілі дабірацца да Украіны беларускія назіральнікі, адышоў у 21.07. Нягледзячы на гэта, усе сябры Праваабарончага цэнтру “Вясна” здолелі ўначы выехаць ва Украіну на аўтобусе і своечасова дабрацца ў сталіцу Украіны. Сябры Праваабарончага цэнтру “Вясна” ажыцьцяўлялі назіраньне ў Палтаўскай, Луганскай і Харкаўскай абласьцях Украіны. 

У сьнежні курсанта Алеся Смольскага выключылі з Менскай сувораўскай вайсковай вучэльні за сяброўства ў “Маладым Фронце” і за збор подпісаў пад патрабаваньнем надаць вучэльні імя Тадэвуша Касьцюшкі. Нагадаем, што ў 1993–1994 гадах часткай дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня ўздымалася пытаньне аб перайменаваньні сувораўскай вучэльні. Алесь Смольскі вучыцца на трэцім курсе. Ён ініцыяваў збор подпісаў курсантаў за тое, каб вучэльня насіла імя Тадэвуша Касьцюшкі. Алесь так патлумачыў сваю пазіцыю: “Чаму імя Суворава павінна насіць вучэльня, у якой вучацца тыя людзі, якія будуць абаронцамі сваёй Айчыны? Касьцюшка выступаў за тое, каб Беларусь была незалежнай. Сувораў патапіў паўстаньне ў крыві. Тое, што вучэльня мае імя Суворава, зьяўляецца абразай беларусаў і тых, хто тут вучыцца. Лепей было б, каб насіла імя Касьцюшкі. Дзеля гістарычнай справядлівасьці”. Як паведаміў Алесь Смольскі, "контрвыведка" вучэльні даведалася аб тым, што ў жніўні ён уступіў у “Малады Фронт”. Яго пачалі выклікаць да кіраўнікоў і праводзіць сапраўдныя допыты. А потым папярэдзілі, што выключаць з вучэльні. “Мяне папярэдзілі, што выключаць з вучэльні. Сёньня я ўжо хадзіў да начальніка. Ён сказаў, што такога ня будуць трымаць. Ён сказаў, што я паступіў як сабака, які кусае за руку таго, хто яго корміць. Я не хачу быць сабакам! Я хачу быць чалавекам, які сам будуе сваё жыцьцё, а ня тым, каго кормяць, пояць, апранаюць, і за гэта ён павінен аддаваць сваё жыцьцё! Я сам маю сваю думку. Я думаю, што нашая вучэльня папросту павінна насіць імя Тадэвуша Касьцюшкі — сапраўднага героя Беларусі”. Да начальніка вучэльні выклікалі бацьку Алеся Сяргея Смольскага, каб ён паўплываў на свайго сына альбо напісаў заяву, каб яго адлічылі па ўласным жаданьні. Сяргей Смольскі лічыць, што выключэньне сына будзе незаконным і несправядлівым. Ён заявіў, што ў выпадку адлічэньня сына гатовы аспрэчваць гэты загад у судзе. 

22 сьнежня каля 20.20 у Менску быў затрыманы аператар расійскай тэлекампаніі REN-TV Уладзімір Косьцін. Журналіста пратрымалі ў РУУС Савецкага раёну каля 2,5 гадзінаў і пашкодзілі тэлекамеру. Затрыманьне У. Косьціна адбылося падчас ператрусу, які праводзілі міліцыянты ў менскім офісе Грамадзянскай ініцыятывы "Партнёрства". Міліцыянты затрымалі журналіста амаль адразу ж пасьля прыезду здымачнай групы на месьца падзеяў. Аператара прымусілі сесьці ў машыну і адвезьлі ў Савецкае РУУС, дзе ўзялі з яго тлумачэньні. Паводле словаў карэспандэнта тэлеканалу Алены Слаў, супрацоўнікі РУУС пашкодзілі тэлекамеру, з якой працаваў У. Косьцін. Эксьперты зафіксавалі шэраг пашкоджаньняў, але адзьнятыя відэматэрыялы захаваліся, і пасьля рамонту тэлекамера знаходзіцца ў працоўным стане. 22 сьнежня журналісты падалі начальніку РУУС скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. За некалькі гадзінаў да інцыдэнту журналісты тэлеканалу вялі здымкі на акцыі апазіцыі ў раёне пл. Якуба Коласа, дзе з дахаў прылеглых дамоў раскідвалі ўлёткі з заклікам "Свабоду Марынічу!". Акцыя была прымеркаваная да пачатку судовага працэсу над палітыкам. Па словах А. Слаў, падчас гэтай акцыі міліцыя таксама рабіла спробу затрымаць журналістаў, аднак здымачнай групе ўдалося пазьбегнуць затрыманьня і перагнаць ў Расію адзьняты відэматэрыял. У. Косьцін і А. Слаў працягваюць працаваць у судзе над М. Марынічам. Нагадаем, што У. Косьцін быў у ліку тых, хто пацярпеў ад дзеяньняў АМАПу падчас разгону акцыі апазіцыі 19 кастрычніка. 

24 сьнежня галоўны рэдактар "БДГ" Пётр Марцаў быў выкліканы ў Пракуратуру РБ, дзе яму ўручылі афіцыйнае папярэджаньне, падпісанае намесьнікам Генеральнага пракурора РБ Мікалаем Купрыянавым. Нагодай для вынясеньня папярэджаньня стала публікацыя ў "БДГ" № 88 ад 12 лістапада, якая называлася "Под ударом. Прокуратура республики инициировала разработку ближайшего окружения Тозика". Аўтар артыкулу, які выступаў пад псеўданімам Гяоргі Дань, распавядаў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўніка Камітэту дзяржкантролю Чараднічэнкі. Пракуратура палічыла, што аўтар публікацыі "без спасылкі на канкрэтныя крыніцы інфармацыі зрабіў... заявы ў катэгарычнай форме". (Пракуратура мае на ўвазе сьцьверджаньне журналіста, што ўзбуджэнне крымінальнай справы ўхваліў асабіста Генеральны пракурор, а таксама што "пачатую распрацоўку называюць неабгрунтаванай і зьвязваюць з супрацьстаяньнем двух уплывовых дзяржаўных мужоў". У папярэджаньні таксама гаворыцца, што сьледчы па справе Чараднічэнкі не даваў інтэрв’ю журналістам. Пракуратура палічыла, што аўтар публікацыі ня выканаў патрабаваньняў артыкулаў 32 і 40 Закону аб друку (не забясьпечыў права грамадзянаў на атрыманьне праўдзівых зьвестак пра дзейнасьць дзяржаўных органаў і не праверыў сапраўднасьці атрыманых ім зьвестак). У папярэджаньні пракуратуры сьцьвярджаецца, што П. Марцаў "адмовіўся назваць аўтараў згаданай публікацыі і не прадставіў дадзеных, якія пацьвярджалі праўдзівасьць выкладзеных у артыкуле зьвестак". На падставе гэтага, а таксама кіруючыся ч. 2 арт. 22 і арт. 39 Закону "Аб пракуратуры РБ", намесьнік пракурора вынес галоўнаму рэдактару "БДГ" папярэджаньне. 

24 сьнежня пяцёра актывістаў “Маладога Фронту” пікетавалі будынак Менскай сувораўскай вайсковай вучэльні. Яны пратэставалі супраць адлічэньня Алеся Смольскага. Хлопцы і дзяўчаты стаялі насупраць кантрольна-прапускнога пункту сувораўскай вучэльні з транспарантам: “Рукі прэч ад Смольскага”. 

25 сьнежня ў Беларусь не пусьцілі сьпецдакладчыка Камісіі ААН па правах чалавека Адрыяна Севярына, у мінулым — старшыні Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Ягоны візіт у Беларусь быў запланаваны на сьнежань. 

28 сьнежня ў Менску ў парку Янкі Купалы супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя каля 20 чалавек, якія раздавалі мінакам аранжавыя стужкі і віншавалі іх з Новым годам. Усе затрыманыя дастаўленыя ў РУУС Цэнтральнага раёну г. Менску. Сярод затрыманых -- актывістка АГП Марына Багдановіч, журналістка “Народнай волі” Вольга Класкоўская, актывістка руху “Зубр” Ірына Тоўсьцік. Сярод затрыманых быў і адзін чалавек, апрануты Дзедам марозам. Нагадаем, што ў гэты дзень планавалася наладзіць віншаваньне менчукоў з Новым годам, абмен аранжавых стужак на апельсіны, устаноўка намёту, які быў падараваны менчукам кіеўскімі студэнтамі. Нягледзячы на тое, што ў дзеяньнях прысутных не было прыкметаў парушэньня заканадаўства, яны “на ўсялякі” выпадак былі затрыманыя міліцыяй. 

28 сьнежня Менгарвыканкам не дазволіў крычаўскай недзяржаўнай газеце "Вольны горад" зарэгістраваць у сталіцы юрыдычны адрас. Шэраг газетаў на працягу гэтага году сутыкнуліся з гэткай жа праблемай. Гарадзкія ўлады лічаць, што, паколькі газета крычаўская, то яна павінна рэгістравацца ў сваім рэгіёне - Магілёўскай вобласьці. Сталічныя чыноўнікі ў сваім адказе спасылаюцца на артыкулы 10 Закону аб друку. Юрысты ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ), аднак, лічаць, што дзеяньні сталічных уладаў не адпавядаюць нормам дзеючага заканадаўства і ствараюць штучныя перашкоды ў разьвіцьці недзяржаўных СМІ. Намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец падкрэсьліў, што "дзейнасьць суб’ектаў гаспадараньня распаўсюджваецца на ўсю тэрыторыю Беларусі, і таму газета магла б выходзіць па ўсёй краіне", незалежна ад месцазнаходжаньня выдаўца. Рэдакцыя "Вольнага гораду" неаднаразова спрабавала зарэгістраваць выданьне ў Магілёўскай вобласьці, аднак увесь час атрымлівала адмовы. "Вольны горад" выходзіць накладам у 299 асобнікаў, і яго выдаўцы хацелі пашырыць тэрыторыю распаўсюду і павялічыць наклад. Мясцовыя ўлады адмовілі ў атрыманьні юрыдычнага адрасу таксама рэдакцыям недзяржаўных газетаў "Афиша" са Смаргоні, "Новой газеты Сморгони", "Собственный комментарий" з Крычаву. Зарэгістраваныя выданьні таксама сутыкаюцца з падобнымі праблемамі. "Местную газету", якая хацела перамясьціць рэдакцыю са Смаргоні ў Ваўкавыск, Мінінфармацыі прымусіла атрымаць узгадненьне ў мясцовых уладаў. На працягу году рэдакцыя выданьня спрабавала гэта зрабіць. У канцы лістапада, атрымаўшы чарговую нематываваную адмову з Ваўкавыскага райвыканкаму, заснавальнік і галоўны рэдактар газеты Андрэй Шантаровіч даслаў кіраўнікам мясцовай “вертыкалі” заяву пратэсту, у якой запатрабаваў тэрмінова вырашыць пытаньне з юрадрасам газеты, абяцаючы ў адваротным выпадку зьвярнуцца ў суд. Паколькі на працягу месяца рэдакцыя не атрымала адказу, А. Шантаровіч зьбіраецца ажыцьцявіць свой намер. 

28 сьнежня Ганцавіцкі раённы вузел электрасувязі адмовіў рэдакцыі недзяржаўнай газеты "Ганцавіцкі час" у разьмяшчэньні ў эфіры раённага радыёвяшчаньня аб’явы, датычнай правядзеньня падпіскі на газету. Вузел сувязі спаслаўся на адсутнасьць тэхнічнай магчымасьці. Між тым, трансьляцыю радыёперадачаў па мясцовым радыёвяшчаньні Ганцавіцкае раённае ўпраўленьне электрасувязі (РУЭС) вядзе ня менш за 2 разы на тыдзень. Гэта ўжо ня першы выпадак адмовы ганцавіцкай РУЭС разьмясьціць у эфіры інфармацыю, датычную падпіскі на "Ганцавіцкі час". Паўгады таму рэдакцыя выданьня зьвярталася з падобнай просьбай да РУЭС і, атрымаўшы згоду, пералічыла за гэтую паслугу грошы. Аднак аб’ява прагучала толькі адзін раз і больш не паўтаралася. 

29 сьнежня ў Віцебску затрымалі двух сяброў Партыі БНФ. Кастусь Горны і Уладзіслаў Токараў былі затрыманыя міліцэйскім патрулём на пляцы Волі за тое, што распаўсюджвалі ўлёткі "Праўда пра рэферэндум і выбары на Беларусі", а таксама раздавалі каляндарыкі з раскладам праграмаў “Радые Свабода". Да актывістаў падышлі двое міліцыянтаў і, не назваўшы сябе, запатрабавалі, каб абодва хлопцы ехалі з імі ў пастарунак. Прадставіліся міліцыянты толькі пасьля патрабаваньняў Уладзіслава Токарава, а свой загад паехаць з імі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі яны матывавалі тым, што спадары Токараў і Горны, на іх думку, распаўсюджваюць незаконна выдадзеную друкаваную прадукцыю. Такое самае абвінавачаньне ў пастарунку было запісанае і ў пратаколы, хаця хлопцы спрабавалі давесьці, што ўлёткі маюць выходныя дадзеныя і надрукаваныя ў Менску законным чынам. Міліцыянты забралі каля трох соцень улётак, а таксама каляндарыкі ад “Радыё Свабода”. Адміністратыўнае парушэньне, якое, на думку віцебскіх міліцыянтаў, зьдзейсьнілі Кастусь Горны і Уладзіслаў Токараў, будзе цяпер разглядаць камісія Кастрычніцкага раёну. Позвы выпісаныя на 12 студзеня 2005 году. 

30 сьнежня суд Менскага раёну вынес прысуд палітзьняволенаму Міхаілу Марынічу – 5 гадоў пазбаўленьня волі. Такім чынам, можна канстатаваць: задача, пастаўленая ўладамі, выкананая "самым справядлівым у сьвеце" беларускім судом пасьпяхова. Пры гэтым асноўныя пункты абвінавачаньня: незаконнае захоўваньне зброі і эпізод, зьвязаны з канфіскацыяй у яго 90 тысячаў даляраў ЗША, зьнятыя (канфіскаваныя грошы пакінутыя ў даход дзяржавы), а асуджаны М.Марыніч за нібыта крадзёж кампутараў у амбасады ЗША, якая, дарэчы, ня мае да яго ніякіх прэтэнзіяў. Варта нагадаць, што М.Марыніч быў арыштаваны 26 красавіка 2004 году і абвінавачаны па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь: ч.2 арт.295 (незаконныя дзеяньні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боезапасаў і ўзрыўных рэчываў) і ч.4 арт. 210 (крадзёж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, учынены арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры). Пры арышце ў М.Марыніча былі канфіскаваныя 90 тысячаў даляраў ЗША і пісталет. Адвакатам Марыніча ўдалося падчас сьледзтва даказаць, што да знойдзенага ў яго на лецішчы пісталету Марыніч ня мае ніякіх адносінаў, і што зброя была падкінутая (было ўстаноўлена, што за некалькі дзён да арышту на лецішчы пабывалі "невядомыя", апроч таго, на пісталеце ня знойдзена адбіткаў пальцаў Марыніча). Падсудны ўрэшце быў абвінавачаны толькі па адным пункце — па незаконным авалоданьні аргтэхнікай, якая была бязвыплатна перададзеная амбасадай ЗША ў часовае карыстаньне грамадзкай арганізацыі "Беларуская асацыяцыя "Дзелавая ініцыятыва", якую ўзначальваў М.Марыніч. Нягледзячы на тое, што ў суд быў перададзены ліст амбасадара ЗША ў Беларусі Джорджа Крола і сьпецыяльная заява Дзярждэпартаменту ЗША пра тое, што яны ня маюць да М.Марыніча ніякіх прэтэнзіяў наконт узятага ў арэнду абсталяваньня, судзьдзя гэтую інфармацыю праігнараваў. Да суда М. Марыніч сем месяцаў утрымліваўся ў сьледчым ізалятары. І хаця ўрачы выдалі заключэньне пра значнае пагаршэньне стану здароўя М.Марыніча, а родныя неаднаразова зьвярталіся з просьбай зьмяніць меру стрыманьня падсьледнага з-за хваробаў сэрца, сьледчыя органы на гэта адказалі адмовай. Сам М.Марыніч назваў і суд, і прысуд палітычнай замовай і перасьледам за дэмакратычныя погляды, за ягоную актыўную працу па стварэньні ў Беларусі грамадзянскай супольнасьці, за вылучэньне яго кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах, за бачаньне еўрапейскага шляху разьвіцьця для Беларусі. Ён заявіў, што крымінальная справа была сфабрыкаваная толькі па гэтых прычынах. За гадзіну да пачатку працэсу будынак суда запоўнілі невядомыя людзі ў цывільным, якія не пускалі ў залу нікога, у тым ліку і журналістаў. Удалося прайсьці толькі родным Марыніча, дыпламатам і некалькім журналістам. Тыя ж "людзі ў цывільным" груба вывелі на вуліцу журналіста Мікалая Халезіна. Увесь час, пакуль адбываўся судовы працэс, каля будынку суда дзяжурылі дзесяткі сяброў моладзевага руху "Зубр" у майках з надпісам "Свабоду Марынічу!", а таксама палітыкі і прадстаўнікі грамадзкасьці. Вестку пра прысуд яны сустрэлі крыкамі "Ганьба!". Абсалютная большасьць апытаных Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў людзей і эксьпертаў выказаліся на карысьць палітычнай версіі крымінальнага перасьледу М.Марыніча і назвалі яго адным з самых персьпектыўных кандыдатаў на пост прэзідэнта Беларусі. 

30 сьнежня актывіст магілёўскага аддзяленьня руху “Зубр” Павел Угрыновіч быў звольнены з працы за подтрымку Міхаіла Марыніча. П.Угрыновіча выкдлікаў да сябе начальнік РУП “Магілёўскі домабудаўнічы камбінат”, дзе ён працаваў зваршчыкам, і паведаміў пра звальненьне. Начальнік не хаваў, што прычынай звальненьня зьяўляецца палітычная дзейнасьць маладога чалавека. Дырэктар сказаў, што яму неаднаразова тэлефанавалі з міліцыі з нагоды ўдзелу П. Угрыновіча ў палітычных акцыях. 


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна

 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster