|
Пазіцыя прэзідэнта А. Лукашэнкі ў адносінах да выбараў і рэферэндума
Улічваючы канцэнтрацыю ўлады, якую засяродзіў у сваіх руках А.Лукашэнка, а таксама рэальную магчымасць уплываць на грамадска-палітычныя працэсы ў краіне праз выканаўчую вертыкаль і на дзейнасць Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў праз персанальнае прызначэнне паловы ад складу яе сяброў, вельмі важнай у ацэнцы выбарчага працэсу з’яўляецца ацэнка пазіцыі А.Лукашэнкі.
20 ліпеня 2004 года на прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне, датычнае ягонага ўплыву на будучы склад дэпутатаў парламента, А.Лукашэнка адказаў: “Ніякага ціску не будзе. Але я спытаюся ў мясцовых органаў улады, як яны выконваюць маё даручэнне: 30% гэтага складу парламента павінны быць у новым парламенце, каб забяспечыць пераемнасць, стабільнасць заканадаўчай улады. Мяне гэта павінна хваляваць? Павінна. Я даручыў, каб не меньш 30, да 40% у новым парламенце было жанчын. Гэта што дрэнна, нецывілізавана?” На гэтай жа прэс-канферэнцыі А.Лукашэнка таксама акрэсліў свае адносіны да дэмакратычнай апазіцыі: “Здраднікаў, адшчапенцаў і людзей, якія зараз пераапрануліся, як ваўкі, у авечую скуру, народ разгледзіць. Калі не разгледзіць, мы яму дапаможам”.
Выступаючы 27 ліпеня 2004 года на спецыяльнай нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў, А.Лукашэнка працягваў развіваць сваё разуменне будучага выбарчага працэсу. У прысутнасці прадстаўнікоў Цэнтральнай камісіі, Адміністрацыі прэзідэнта і выканаўчай улады, якія адказныя за правядзенне выбараў, а таксама прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ ён паўтарыў свае патрабаванні да будучага складу парламента, адзначыўшы, што “не менш 30% ад народных абраннікаў, якія ўжо маюць вопыт законатворчасці”, павінны ўвайсці ў новы парламент. Ён зазначыў: “Мы абавязаны захаваць найбольш канструктыўную частку дэпутатаў цяперашняга склікання”. Акрамя таго, “дастойнае месца ў ім павінны заняць жанчыны, моладзь, ветэраны”.
А.Лукашэнка адзначыў, што “будучы склад заканадаўчага органа будзе самым актыўным і здольным вынікова вырашаць важнейшыя задачы на новым этапе развіцця краіны, у адзінай камандзе ўсіх галінаў дзяржаўнай улады”.
Прыцягвае ўвагу яшчэ адзін пасыл А.Лукашэнкі, прысвечаны пажаданаму правядзенню выбараў у адзін тур: “Ні ў якім выпадку нельга ўцягвацца ў нейкія дадатковыя туры, таму як гэта грошы, гэта адцягненне ўвагі, гэта страты ў эканоміцы”.
Зноў жа, характэрызуючы прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі і іх верагодны ўдзел у выбарах, А.Лукашэнка выразна акрэсліў пазіцыю выканаўчых уладаў у выбарчым працэсе: “Трэба дакладна расказваць людзям, хто ёсць хто... На самацёк працэсы мы не можам пусціць. Улада павінна актыўна ўздзейнічаць на ўсе гэтыя пытанні, каб не дапусціць анархіі і дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне... Агалцелая, дыструктыўная апазіцыя падтрымкі ў нашым грамадстве не мае і наўрад ці атрымае падтрымку ад народа на будучых выбарах”.
Ацэньваючы гэты выступ, прадстаўнікі пяці дэмакратычных палітычных партый і буйных няўрадавых арганізацый падпісалі заяву, у якой адзначылі: “Улада публічна вызначыла, якія катэгорыі насельніцтва, у якіх працэнтных суадносінах павінны быць прадстаўлены ў Палаце прадстаўнікоў... За людзей ужо вырашылі, хто персанальна варты быць дэпутатам, а каго без залежнасці ад падтрымкі выбаршчыкаў пастараюцца не прапусціць у Палату прадстаўнікоў. Гэта і ёсць сапраўдныя адносіны ўлады да выбаршчыкаў і грамадзянаў Беларусі. Яно непаважнае і цынічнае”.
Трэба адзначыць, што дадзеныя ўстаноўкі А.Лукашэнкі былі ўспрыняты выканаўчай прэзідэнцкай вертыкаллю як загад, па выкананні якога ацэньваецца эфектыўнасць працы кожнага чыноўніка на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях і далейшы іх кар’ерны лёс. Таму няма ніякага сумнення, што прэзідэнцкая вертыкаль зрабіла усё, каб выканаць гэтыя ўказанні, нягледзячы на тое, што яны ідуць насуперак выбарчаму заканадаўству і спрыяюць недэмакратычнасці і непразрыстасці выбарчай кампаніі.
Відавочна, што выканаўчыя ўлады не ўспрымалі і не ўспрымаюць дэмакратычную апазіцыю як палітычнага і сацыяльнага партнёра, вартага павагі, фармуючы напярэдадні выбараў яе надзвычай негатыўны вобраз у беларускім грамадстве.
Яшчэ раз падчас выступу А.Лукашэнкі было падкрэслена ягонае бачанне парламента як несамастойнай, залежнай галіны ўлады, якая павінна існаваць “у адзінай камандзе ўсіх галінаў дзяржаўнай улады”.
Такім чынам, аналізуючы выступленні А.Лукашэнкі на прэс-канферэнцыі і на спецыяльнай нарадзе, прысвечанай выбарам, мы адзначаем надзвычай высокі ўзровень умяшальніцтва выканаўчых уладаў у выбарчы працэс (указанне правесці выбары ў адзін тур), у фармаванне складу парламента (указанне на працэнтныя адносіны дэпутатаў, якія “павінны” застацца ў парламенце і на працэнтныя адносіны гендэрнага і ўзроставага складу будучых парламентарыяў).
Гэтая “параметры” магчыма было выканаць толькі праз жорсткае выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу, задзейнічанне дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, поўны кантроль над выбарчымі камісіямі, фальсіфікацыі і іншыя злоўжыванні з боку выканаўчай улады пад час выбараў.
Прызначэнне А.Лукашэнкам 7 верасня 2004 года рэферэндума з мэтай скасавання канстытуцыйнага абмежавання для прэзідэнта Рэспублікі Беларусь займаць пасаду прэзідэнта не больш за два тэрміны і мець магчымасць асабіста для яго ўдзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах, выклікала рэзка негатыўную рэакцыю з боку дэмакратычнай супольнасці Беларусі, а таксама міжнароднага грамадства. Нават верны саюзнік Беларусі -- Расія не ўхваліла гэты крок і напрацягу ўсёй рэферэндумнай кампаніі захоўвала халодную маўклівасць. Папярэднія выказванні прэзідэнта Расіі У.Пуціна таксама сведчылі пра непадтрымку расійскіх палітычных колаў такога кроку беларускага прэзідэнта. Тым больш не падтрымалі гэтую ініцыятыву заходнія палітыкі. Былі прынятыя спецыяльныя заявы, асуджаючыя правядзенне рэферэндума з боку краін Еўразвязу і ЗША.
Тым не меньш, 21 верасьня на сустрэчы з журналістамі ў адказ на пытанне карэспандэнта ІТАР-ТАСС: “На Захадзе дастаткова негатыўна ўспрынялі ваша рашэнне пра прызначэнне ў краіне кастытуцыйнага рэферэндума. Якая ваша рэакцыя на гэты факт? І як вы лічыце, якія наступствы ў сувязі з гэтым могуць чакаць Беларусь?” А.Лукашэнка адказаў: “Мы будзем паступаць так, як мы лічым патрэбным... Што тычыцца рэакцыі на Захадзе, на Усходзе, на поўдні... Хацелі і сказалі, мы ў дэмакратычным як быццам бы свеце жывём. Не хацелі б – не сказалі, былі бы культурнымі, далікатнымі людзьмі – не лезлі б з бруднымі рукамі ў наш чысты агарод”.
Падчас гэтай сустрэчы А.Лукашэнка ў сваіх “шчыраваннях” яшчэ раз падкрэсліў поўную несамастойнасць судовай улады ў Беларусі, цалкай залежнай ад ягоных меркаванняў і рашэнняў. На пытанне карэспандэнта агенцтва “Інтэрфакс”: “Як вы ацэньваеце хаду выбарчай кампаніі ў Беларусі? Ці ёсць дадзеныя пра яе фінансаванне звонку, і калі так, дык ці збіраецца дзяржава супрацьстаяць гэтаму і ў якой форме?” А.Лукашэнка адказаў: “Калі б я дзейнічаў строга па законе, дык ужо сёння можна было б некалкі партый зачыніць за парушэнне закона. Я гэтага не рабіў (!!!), каб не было візгу, гвалту, што ўлада выкарыстоўвае нейкія рычагі, пазачыняла, пазадавіла і гэтак далей”. Адначасова ім было выказана ягонае разуменне месца апазіцыі ў грамадстве: “Няхай яны тусуюцца там у сваёй скарлупіне, і гэта не выплёскваецца на вуліцу і не перашкаджае людзям жыць, мы да гэта ставімся цярпіма”.
На гэтай жа ж прэс-канферэнцыі А.Лукашэнкам быў зроблены недвусэнсоўны намёк прадстаўнікам беларускага бізнеса наконт фінансавай падтрымкі тых ці іншых кандыдатаў у дэпутаты: “Я папярэджваю – долар, цэнт, рубель, запрацаваны на нашым полі тут і адарваны ў нашых людзей, аддадзены ў палітыку, неістотна каму, перш за ўсё апазіцыі, негатыўна адаб’ецца на прадпрымальніках і бізнесменах у Беларусі. І крыўдаў на мяне няхай потым не трымаюць, я пра гэта кажу шчыра”.
Сфармаваўшы аўтакратычную структуру ўлады, разумеючы, што толькі дзякуючы гэтай структуры, пэўнаму колу асабіста адданых людзей, ён можа ўтрымаць уладу, А.Лукашэнка адкрыта абараняе афіцыйных асобаў, якія падазраюцца ў дачыненні да цяжкіх крымінальных злачынстваў, сваімі выказваннямі і дзеяннямі пярэчачы дабрасумленнаму і аб’ектыўнаму расследванню справаў, звязаных са знікненнем вядомых апазіцыйных палітыкаў. Спадзяванне на гвалт і сілу, якую заўсёды можна ўжыць супраць дэмакратычнай апазіцыі падчас выбараў і рэферэндуму, спадзяванне на людзей, здольных выканаць любы ягоны загад, прысутнічае ў ягоным выступе на паседжанні Рады Бяспекі, якая адбылася 28 верасня 2004 года. У адказ на прыняцце мер па забароне ўезду ў краіны Еўразвязу і ЗША некаторых афіцыйных асобаў, якія падазраюцца ў дачыненні да злачынстваў, ён заявіў: “У сувязі з прыняццем мер супраць Сівакова, Шэймана, Навумава і Паўлічэнкі хачу публічна заявіць: мы не будзем трываць ніякіх падвойных стандартаў і ўсялякага роду шарлатанства супраць нашых службовых асобаў. Пачалі мне прапаноўваць (?): мы заплюшчым вочы на рэферэндум, на выбары, ледзь не прызнаем іх тут, усё зробім, але вы, калі ласка, прыбярыце гэтых службовых асобаў у якасці дэманстрацыі руху добрай волі. Не дачакаюцца. Галовы генералаў знятыя не будуць, як яны хочуць. І потым – б’юць па самых сумленных, надзейных, адданых людзях нашаму народу і дзяржаве. Перадайце: ні Шэймана, ні Навумава, ні Сівакова, ні Паўлічэнка яны не атрымаюць”.
На гэтым жа паседжанні А.Лукашэнка шчыра прызнаўся, адкуль растуць карані той шалёнай прапаганды, якая вялася ўсе папярэднія месяцы ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, скіраваная супраць дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі: “Я заўважаю, што многія апазіцыянеры крыўдзяцца, маўляў, у сродках масавай інфармацыі мы шмат гаворым пра гэта і супрацьдзейнічаем апазіцыі. А мы ж папярэджвалі напярэдадні парламенцкіх выбараў, што проста пакажам твар нашых апазіцыянераў, якія сёння ірвуцца да ўлады... Мы павінны проста паказаць, што гэта за апазіцыя. І няхай людзі вызначаюцца. Няхай робяць свой выбар. Тут крыўдзіцца няма чаго. Усё, што мы паказваем у СМІ – гэта было. А тое, што не паказалі, я патрабую, каб гэта было паказана, каб людзі ведалі, каго яны абіраюць і на каго робяць стаўку”.
Гаворачы пра вынікі выбараў і рэферэнума, 18 кастрычніка А.Лукашэнка заявіў: “Захад проста маўчыць, і нават БДІПЧ не чакаў такога выніку. І ўзяў тайм-аўт, каб прыйсці ў сябе і падрыхтаваць даклад”. Ён такім чынам ахарактэрызаваў хаду галасавання: “Гэта было ўсенароднае свята, мы зрабілі ўсё, каб чалавеку на выбарчым участку было зручна – гучала музыка, быў разгорнуты гандаль”. Гаворачы пра агульную атмасферу ў краіне ён заявіў: “Тут няма ніякай дыктатуры і прыцяснення людзей. Але парадак у краіне трэба падтрымліваць. Гэта важна ў тым ліку і для Еўропы, бо праз Беларусь на Захад штогадова праходзяць каля 200 мільёнаў тон грузаў. Калі б тут было нестабільна, дзе б гэтыя грузы былі”...
Выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў 18 лістапада А.Лукашэнка заявіў, што вынікі парламенцкіх выбараў і рэферэндума вырашыў “не адміністратыўны рэсурс, а здаровы сэнс беларускага народа”. Ён заявіў, што парламенцкія выбары прайшлі пад “жорсткім ціскам”, але, у выніку, у парламент прайшлі “адказныя людзі”, “сапраўдныя дзяржаўнікі”, ягоныя аднадумцы. “І няхай злараднічаюць тыя, хто сёння ходзіць за гэтымі сценамі і каму народ адмовіў у даверы. Яны сёння злараднічаюць – прызначаны парламент... І гэты парламент будзе здзяйсняць у адпаведнасці з Канстытуцыяй заканадаўчую ўладу ў краіне, і нікому не будзе дазволена парушыць тыя дзеянні, якія будуць здзяйсняцца гэтым парламентам наступныя чатыры гады”.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|