БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Форум... | Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Герольд
     Litherland

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Еўрапейскае радыё для Беларусі Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Беларускі Маладзевы Рух Амерыкі Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Маніторынг парламенцкіх выбараў і рэспубліканскага рэферэндума ў рэспубліцы Беларусь

Пазіцыя сяброў і старшыні Цэнтральнай камісіі Л. Ярмошынай у адносінах да кампаніі пра выбарах і рэферэндума

Гаворачы пра тую ролю, якую Цэнтральная камісія адыгрывае ў правядзенні выбараў і рэферэндума, неабходна адзначыць мінімальную самастойнасць гэтага органа ў прыняцці рашэнняў і поўную залежнасць ад выканаўчых уладаў. Дастаткова нагадаць, што палову складу Цэнтральнай камісіі і ўласна старшыню прызначае прэзідэнт, што ў ёй адсутнічаюць прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі, што большасць сяброў камісіі выконваюць свае функцыі, сумяшчаючы іх з асноўным месцам працы. Так, з 12 сяброў Цэнтральнай камісіі толькі трое працуюць на пастаяннай аснове, а ўвесь апарат разам з сябрамі камісіі, працуючымі на пастаяннай аснове складаецца з 9 асобаў. Пераважная большасць сяброў Цэнтральнай камісіі працуюць у выканаўчых органах улады (чацвёра – у аблвыканкамах, адзін – у Міністэрстве юстыцыі), двое – работнікі ідэалагічнай вертыкалі, адзін – пенсіянер. У гэтай сітуацыі пры прыняцці рашэнняў надзвычай узмацняецца роля старшыні і сакратара камісіі, якія працуюць на пастаяннай аснове. Як правіла, вызначальнай становіцца іх пазіцыя па тых ці іншых пытаннях. Характэрным паказальнікам працы Цэнтральнай камісіі з’яўляецца тое, што абсалютная большасць рашэнняў прымалася яе сябрамі адзінагалосна.

Хацелася б адзначыць тую пазіцыю, якую Цэнтральная камісія і, у прыватнасці, яе старшыня Л.Ярмошына займае па пытанні змянення беларускага выбарчага заканадаўства. На працягу ўсяго часу пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2001 годзе і выбараў у мясцовыя Саветы ў 2003 годзе Цэнтральная камісія на чале з Л.Ярмошынай настойліва адхіляла ўсялякія прапановы па такіх зменах, якія сыходзілі ад беларускіх няўрадавых арганізацый, палітычных партый, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Не былі ўзятыя пад увагу прапановы розных міжнародных арганізацый, такіх, як БДІПЧ/АБСЕ, Асацыяцыя арганізатараў выбараў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Паказальная ў гэтым плане з’яўляецца сітуацыя з ініцыятывай дэпутата У.Навясяда, датычная растлумачэння асобных палажэнняў Выбарчага кодэкса, якая ў выглядзе дэпутацкага запыта, падтрыманага 29 чэрвеня 2004 года Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, была накіравана ў Цэнтральную камісію. У прыватнасці, У.Навасяд прасіў Цэнтральную камісію больш пэўна вызначыць тыя крытэрыі, згодна з якімі фармуюцца выбарчыя камісіі, прапісаць працэдуру захоўвання выбарчых скрыняў падчас датэрміновага галасавання, больш дакладна прапісаць працэдуру ўзаемадзеняння выбарчых камісій і назіральнікаў і г.д. У Пастанове Цэнтральнай камісіі ад 15 ліпеня 2004 года усе прапановы дэпутата былі адхілены -- камісія фактычна ўхілілася ад растлумачэння палажэнняў Выбарчага кодэксу, палічыўшы, што гэтыя прапановы выходзяць за межы яе кампетэнцыі, а Выбарчы кодэкс і так дастаткова добра вырашае пастаўленыя пытанні.

Фактычна ніякім чынам не адрэагавала Цэнтральная камісія і на прыняцце сумеснай Дэкларацыі, падпісанай главой Рабочай групы па Беларусі Парламенцкай асамблеі АБСЕ У. Цапф і кіраўніком беларускай дэлегацыі Палаты прадстаўнікоў М.Ордам 8 ліпеня на сесіі ПА АБСЕ у Эдзінбурзе напярэдадані парламенцкіх выбараў. У Дэкларацыі, у прыватнасці, былі выказаны намеры “садзейнічаць таму, каб будучая выбарчая кампанія цалкам адпавядала стандартам АБСЕ свабодных і сумленных выбараў”, што прадугледжвала б роўны і свабодны доступ апазіцыі да дзяржаўных СМІ, а таксама прысутнасць прадстаўнікоў разнастайных палітычных сілаў у выбарчых камісіях усіх узроўняў. 12 ліпеня Дэкларацыя была накіравана старшыні Цэнтральнай камісіі Л.Ярмошынай. У выніку, сакратар Цэнтральнай камісіі М.Лазавік адназначна выказаўся, што гэтая Дэкларацыя мае “палітычны, а не юрыдычны характар”, гэтым самым падкрэсліўшы, што палажэнні і пажаданні Дэкларацыі не могуць мець ніякіх наступстваў для камісіі ў арганізацыі і правядзенні выбарчай кампаніі.

22 чэрвеня 2004 года, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў па пытанні аб унясенні паправак у Выбарчы кодэкс, Л.Ярмошына выказала ад імя Цэнтральнай камісіі меркаванне пра немэтазгоднасць змены выбарчага заканадаўства напярэдадні выбараў. Яна сказала, што тых дакументаў, якія Цэнтральная камісія прыме і будзе выкарыстоўваць падчас выбараў, а таксама метадычных рэкамендацый для камісій ніжэйшага ўзроўню будзе дастаткова для ўрэгулявання ўсіх пытанняў, звязаных з выбарчым працэсам. У прыватнасці, Л.Ярмошына выступіла супраць удакладнення працэдуры выдачы завераных копій пратаколаў назіральнікам, выказаўшы контраргумент, што гэта пацягне ўдаражэнне выбараў, паколькі трэба будзе вырабіць спецыяльныя пячаткі. Таксама яна заявіла, што не існуе праблемы парушэння правоў назіральнікаў.

Падобная заява прагучала старшыні Цэнтральнай камісіі і пад час выбарчай кампаніі 20 жніўня 2004 года ў інтэрв’ю “Комсомольской правде”. На пытанне аб прапановах міжнародных структур адносна ўдасканалення выбарчага заканадаўства яна адказала: “Гэтыя прапановы вельмі абстрактныя. Яны кажуць: павысіць адкрытасць! А мы кажам: а ў нас і так усё вельмі адкрыта. Іншыя змены не стасуюцца з нашай Канстытуцыяй, і, можа быць, не задавальняюць нас у плане рэальнасці. Мы не можам адмовіцца ад датэрміновага галасавання”.

Нават пасля выбараў і іх поўнага непрызнання міжнароднай супольнасцю, а таксама рэзкай крытыкі многіх норм выбарчага заканадаўства пазіцыя Цэнтральнай камісіі не змянілася. Так, у інтэрвью інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН ад 5 студзеня 2005 года сакратар Цэнтральнай камісіі М.Лазавік заявіў, што ў камісіі лічаць нямэтазгодным уносіць папраўкі ў Выбарчы кодэкс. Ён патлумачыў: “З’яўляючыся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, я быў адным з распрацоўшчыкаў Выбарчага кодэкса і лічу, што ён з’яўляецца дэмакратычным, ліберальным і дазваляе правесці свабодныя, дэмакратычныя выбары... Я магу адназначна сказаць, што наш Выбарчы кодэкс на сённяшні дзень ніколькі не горшы за выбарчае заканадаўства тых дзяржаў, якія выступаюць у ролі настаўнікаў”.

Такім чынам, многія “падводныя камяні”, закладзеныя ў Выбарчым кодэксе, дакладна ўсведамляюцца Цэнтральнай камісіяй і “ахоўваюцца” ёй дзеля “кіравальнасці” працэса.

Пры аналізе шматлікіх выказванняў старшыні і сакратара Цэнтральнай камісіі Л.Ярмошынай і М.Лазавіка па розных этапах выбарчай кампаніі адчуваеца іх непрыхаваная заангажаванасць у палітычнай выбарчай барацьбе, падтрымка пазіцыі выканаўчай улады.

19 ліпеня 2004 года, характэрызуючы будучы склад і працу акруговых выбарчых камісій, Л.Ярмошына заявіла, што ў акруговых камісіях павінны прысутнічаць “асобы, якія маюць юрыдычную адукацыю ці вопыт удзелу ў выбарах, рэферэндумах”. Са спасылкай на рэкамендацыі БДІПЧ/АБСЕ яна падкрэсліла, што “гэта з’яўляецца самай істотнай падставай для ўключэння ў склад выбарчых камісій”. Наступнае яе тлумачэнне фактычна яшчэ раз падкрэсліла суб’ектыўнасць і адвольнасць фармавання выбарчых камісій: “Я заўсёды супраць таго, калі фармуюцца акруговыя камісіі па прынцыпе падачы заявак: хто раней падаў заяўку, той і ўключаны. Гэта не чарга па хлеб, камісія з’яўляецца працоўным калектывам і павінна фармавацца па гэтым прынцыпе”. Здзіўляе і разуменне старшынёй Цэнтральнай камісіі ролі і функцыі выбарчых камісій: “Гэта часовы працоўны калектыў. Туды павінны ўключацца найболей прыдатныя для гэтага людзі. Таму, я лічу, што трэба аддаваць перавагу вопыту правядзення выбараў ці можа быць якімсці асабістым якасцям”.

8 верасня Аб’яднаная грамадзянская партыя перадала ў Цэнтральную камісію скаргу на працэс фармавання ўчастковых камісій у Мінску, дзе з 473 кандыдатаў ад партыі ва ўчастковыя камісіі не быў уключаны ніводзін прадстаўнік. Напачатку Л.Ярмошына адмовілася прымаць скаргу, спасылаючыся на тое, што яна не падлягае разгляду ў Цэнтральнай камісіі. Толькі пасля пярэчанняў сябра Цэнтральнай камісіі з дарадчым голасам М. Пліскі, які нагадаў, што камісія мае права рэгуляваць усе пытанні, звязаныя з выбарамі, у тым ліку і працэс фармавання ніжэйстаячых камісій, скарга была прынята да разгляду. Аднак у выніку ніякіх парушэнняў у працэсе фармавання ўчастковых камісій у г.Мінску Цэнтральная камісія не выявіла.

На прэс-канферэнцыі 22 чэрвеня Л.Ярмошына выказала падтрымку прыкладнай структуры сяброўства ў камісіях, сфармаваных на папярэдніх парламенцкіх выбарах 2000 года. Заўважым, што ў тых камісіях адсутнічалі прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных партый, якія байкатавалі тыя выбары. У выбарчых камісіях, па яе выказваннях, было прадстаўлена да 25 працэнтаў прадстаўнікоў партый і няўрадавых арганізацый, што адпавядае міжнародным стандартам. Адкуль такія “стандарты”, Л.Ярмошына не ўдакладняла.

20 жніўня ў інтэрв’ю “Комсмольской правде”, ужо пасля фармавання акруговых камісій, на пытанне пра магчымыя фальсіфікацыі падчас датэрміновага галасавання Л.Ярмошына заявіла, што “ў выбарчыя камісіі ўваходзяць дастойнейшыя людзі, і пакуль мне не дакажуць супрацьлеглае, я буду настойваць на сваім”.

Жаданне абмежаваць колькасць кандыдатаў, вылучаных партыйным шляхам, назіралася ў пазіцыі Цэнтральнай камісіі падчас вылучэння кандыдатаў ад БСДП (НГ). Згодна Статуту партыі, права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты мае з’езд і Цэнтральны камітэт. Аднак старшыня Цэнтральнай камісіі заявіла пра тое, што кандыдаты, вылучаныя іншым шляхам, апроч партыйнага з’езда, не будуць рэгістравацца. Нават пасля прадастаўлення Статута партыі, ніякіх дадатковых тлумачэнняў з Цэнтральнай камісіі кіраўніцтва партыі не атрымала. І толькі тлумачэнне Міністэрства юстыцыі, якое падцвердзіла правамоцнасць такога вылучэння кандыдатаў праз ЦК БСДП (НГ), дазволіла зняць гэту пагрозу.

Няпростыя адносіны ў Цэнтральнай камісіі склаліся з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. Так, на прэс-канферэнцыі 17 верасня М.Лазавік заявіў, што ў Цэнтральнай і акруговых выбарчых камісій склалася меркаванне, што кіраўніцтва АГП успрымае парламенцкія выбары не больш за “ўсяго толькі палітычнае шоў”. Ён абвінаваціў прадстаўнікоў АГП у стварэнні перашкодаў дзейнасці выбарчых камісій і заявіў, што гэта можа стаць і прадметам для разгляду “кампетэнтных органаў”.

Яшчэ адным органам, створаным ЦВК, які абмяжоўваў правы кандыдатаў у дэпутаты, стала Нацыянальная Рада па кантролі за парадкам правядзення агітацыі ў СМІ пад час выбарчай кампаніі, у склад якой увайшлі 7 асобаў, усе – прадстаўнікі выканаўчай улады ці дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Асноўнай задачай Рады было забеспячэнне роўных ўмоваў для агітацыі ўсім кандыдатам у дэпутаты. Гэтыя ўмовы, натуральна, забяспечаны не былі, але экспертнае заключэнне Рады па перадвыбарчых выступах кандыдатаў у дэпутаты па Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе №17 паслужыла падставай для адхілення Цэнтральнай камісіяй скаргаў П.Севярынца і У.Токарава на адмену іх рэгістрацыі як кандыдатаў у дэпутаты. Рада падцвердзіла, што ў выступах кандыдатаў па абласным радыё, як вызначыла агруговая камісія, “утрымліваюцца агульныя знявагі ў адрас службовых асобаў на ўсіх узроўнях у карупцыі, бюракратыі, ілжы, крадзяжы; абвінавачванні ў адрас дзеючага прэзідэнта Лукашэнкі А.Р. ва ўстанаўленні ў краіне дыктатуры”. У той жа час Рада не прыняла ніводнага рашэння па шматлікіх фактах парушэння парадку агітацыі ў СМІ з боку кандыдатаў у дэпутаты, якіх адкрыта падтрымлівалі выканаўчыя ўлады.

Заўважна змянілася пазіцыя Л.Ярмошынай адносна фармата выбараў у сувязі з выказваннямі на гэты конт А.Лукашэнкі. Калі напачатку яна казала пра тое, што Цэнтральная камісія прадугледжвае “высокую верагоднасць неабходнасці правядзення другога тура галасавання”, дык пасля выступлення А.Лукашэнкі, дзе ён папярэдзіў, што “ні ў якім выпадку нельга ўцягвацца ў дадатковыя туры”, 18 жніўня яна таксама заявіла, што падтрымлівае жаданне А.Лукашэнкі: “Я хацела, каб яны прайшлі ў адзін тур. Уявіце, наколькі ў мяне зменшыцца працы”...

9 жніўня, ужо пад час правядзення выбарчай кампаніі, Л.Ярмошына на навучальным семінары па пытаннях арганізацыі і правядзеня выбараў з кіраўнікамі акруговых камісій у Брэсце сказала, што на будучых парламенцкіх выбарах выбаршчык будзе галасаваць за стабільнасць, такім чынам выказаўшы сваю прыхільнасць да кандыдатаў у дэпутаты, якіх падтрымлівалі выканаўчыя ўлады, а таксама даючы пэўную ўстаноўку ў працы сябрам акруговых камісій.

Непрыхавана прадузятая пазіцыя Цэнтральнай камісіі назіралася падчас разгляду скаргаў на нерэгістрацыю ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў у кандыдаты, а таксама аб адмовах у рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты па тых ці іншых прычынах. Каманда, аддадзеная А.Лукашэнкам аб правядзенні выбараў у адзін тур, выконвалася як акруговымі выбарчымі камісіямі, так і Цэнтральнай праз рэзкае скарачэнне колькасці кандыдатаў у кожнай выбарчай акрузе. Этапы выбарчай кампаніі падаваліся Цэнтральнай камісіяй як “экзамен” для асобаў, якія жадаюць быць кандыдатамі ў дэпутаты, пра што не раз заяўлялася пад час абскарджвання. У выніку такога падыходу значная частка асобаў, якія б хацелі ўзяць удзел, да выбараў не дайшлі.

Здзіўляюць у пэўным сэнсе пагардлівыя ацэнкі, дадзеныя Л.Ярмошынай некаторым прэтэндэнтам у кандыдаты. Так, у інтэрвью газеце “Советская Белоруссия” за 13 жніўня 2004 года яна дае наступныя характарыстыкі: “У нас па-ранейшаму дастаткова вялікі працэнт так званых “несур’ёзных” кандыдатаў. Гэта людзі, якія, як зазвычай, нікому невядомыя, не маюць ніякага палітычнага вопыту. Але пры гэтым вельмі хочуць стаць дэпутатамі. Гэта, ведаеце, такая сумесь невуцтва і саманадзейнасці. Складаецца ўражанне, што яны ўспрымаюць Цэнтрвыбаркам як нейкую адвакацкую кантору, якая бясплатна ўладкоўвае на працу ў парламент”.

Пры разглядзе скаргаў на нерэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты ва ўсіх выпадках браліся пад увагу аргументы і доказы акруговых камісій, усемагчымых правяраючых структур. Напрыклад, пры разглядзе скаргі Т.Гавіна, якому акруговая камісія адмовіла ў рэгістрацыі па 54 акрузе на падставе таго, што ім была прадстаўлена 17,7% недаставерных подпісаў, прэтэндэнт у кандыдаты заявіў, што праверка подпісаў адбывалася пад ціскам на асобаў, якія іх паставілі, з боку сяброў акруговай касмісіі. Праверка праходзіла з удзелам ўчастковых інспектараў і старшыняў сельсавета, у некаторых выпадках падпісантам прапаноўвалася паставіць паўторныя подпісы пад чыстымі аркушамі, потым у іх упісваўся тэкст з адмовай гэтых асобаў ад сваіх подпісаў за Т.Гавіна. Прэтэндэнт у кандыдаты сабраў пісьмовыя сведчанні ад многіх людзей, якія падцьвердзілі, што яны адмовіліся ад сваіх подпісаў пад ціскам ці былі проста падманутыя. Тым не менш, ЦВК палічыла ягоныя довады непераканальнымі і пакінула рашэнне агруговай камісіі аб зняцці Т.Гавіна з выбарчай кампаніі правамоцным. Падобным чынам рашэнні прымаліся па такіх вядомых у Беларусі палітыках, як У.Ганчарык, У.Навасяд, В.Карніенка і іншых.

Аналіз перапіскі Л.Ярмошынай з кандыдытамі ў дэпутаты па тых ці іншых пытаннях, яе адказы на скаргі, датычныя розных аспектаў выбарчай кампаніі, дазваляюць сцвярджаць, што абсалютная большасць пастаўленых пытанняў Цэнтральнай камісіяй не вырашалася. Рашэнні вельмі часта былі фармальнымі ці падмацоўвалі рашэнні акруговых камісій, мясцовых органаў улады, СМІ, накіраваных на абмежаванне правоў і магчымасцяў дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты.

У выпадках, калі прэтэндэнты ў кандыдаты ці кандыдаты абвінавачвалі акруговыя выбарчыя камісіі ці мясцовыя выканаўчыя ўлады ў парушэннях выбарчага заканадаўства, Цэнтральная камісія прымала рашэнні звярнуцца ў органы пракуратуры. Такія рашэнні былі прыняты па выніках 12 скаргаў. Л.Ярмошына заявіла, што калі гэтыя факты знойдуць пацверджанне, тады вінаватыя будуць прыцягнутыя да адміністратыўнай ці крымінальнай адказнасці, а калі не – да адказнасці за паклёп будуць прыцягнуты заяўляльнікі.

Ужо падчас датэрміновага галасавання Цэнтральная камісія адхіліла ўсе скаргі кандыдадаў у дэпутаты, знятых у гэты перыяд выбарчай кампаніі. Нягледзячы на тое, што некаторыя з іх, як А.Дабравольскі, В.Палевікова, А.Міхалевіч, А.Волчак, А.Цынкевіч і іншыя прад’явілі істотныя доказы яўных правакацый, здзейсненых супраць іх з мэтай пазбаўлення рэгістрацыі, Цэнтральная камісія заплюшчыла вочы на гэтыя аргументы і фактычна падцвердзіла палітычную прычыну зняцця гэтых кандыдатаў з выбарчай кампаніі.

Цэнтральная камісія актыўна выступала ў падтрымку датэрміновага галасавання. Як патлумачыла 16 кастрычніка 2004 года Л.Ярмошына, “гэта адзіная магчымасць забяспечыць яўку выбаршчыкаў... Мы лічым, што гэта зручна выбаршчыкам. Матывы, па якіх грамадзяне галасуюць датэрмінова, не высвятляюцца”. У той жа час, калі ў Цэнтральную камісію паступалі скаргі на прымус да галасавання, у прыватнасці, ад дацэнта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага універсітэта Д.Жукава, назіралася нярвовая рэакцыя і жаданне замяць канкрэтныя выпадкі парушэння заканадаўства. Д.Жукаў прывёў канкрэтныя факты прымусу студэнтаў да галасавання ў сваім універсітэце. Замест таго, каб разабрацца па сутнасці і спыніць парушэнне, Л.Ярмошына фактычна апраўдала адпаведныя метады, якія ўжываюцца выканаўчымі ўладамі для прымусовага галасавання. У адказе Д.Жукаву сказана: “Не менш дрэнна, калі выкладчык навуковай установы, настаўнік моладзі ігнаруе свае абавязкі па выхаванні маладых грамадзянаў, паколькі ўдзел у выбарах з’яўляецца не толькі канстытуцыйным правам, але і маральным абавязкам грамадзян. Мяркую, што Вы здолелі б аказаць значна большую паслугу Айчыне, калі б паспрабавалі патлумачыць студэнтам навучальнай установы, дзе Вы працуеце, важнасць іх удзелу ў выбарах”.

У сваю чаргу, 13 кастрычніка, пасля першага дня датэрміновага галасавання, сакратар Цэнтральнай камісіі М.Лазавік заявіў, што галасаванне адбываецца “спакойна, без прымусу”, і ніякіх скаргаў у Цэнтральную камісію не паступала. Пра тое ж ён паведаміў 16 кастрычніка, адзначыўшы, што асобныя скаргі паступалі толькі з Оршы, дзе ўчастковыя камісіі па загаду акруговай адмовілі назіральнікам у праве прысутнічаць на датэрміновым галасаванні. 17 кастрычніка Л.Ярмошына заявіла, што, разглядаючы скаргі, якія паступілі напярэдадні, яна зрабіла выснову, што “назіральнікі ад так званых апазіцыйных партый прысылаюць акты па ўсялякай лухце”...

Непрыхільныя адносіны Л.Ярмошынай да ўнутраных назіральнікаў выявіліся і ў інтэрв’ю “Советской Белорусии”: “Некаторыя назіральнікі часам нават злоўжываюць сваімі правамі... Назіральнік ні за што не адказвае! І гэты чалавек потым нам даказвае, што ён глаўней за выбарчую камісію і мае права нават даваць указанні яе старшыні. Паверце, пакуль я старшыня Цэнтрвыбаркаму, такога не будзе”.

Калі 6 кастрычніка 2004 года сябра Цэнтральнай камісіі з дарадчым голасам М. Пліска прапанаваў праект пастановы, якая нязначна пашырала правы назіральнікаў, у прыватнасці, давала ім магчымасць азнаёміцца са спісамі выбаршчыкаў на выбарчым участку, Цэнтральная камісія не пагадзілася яе прыняць, патлумачыўшы, што гэтыя дадатковыя правы не прадугледжаны выбарчым заканадаўствам.

Цэнтральная камісія вітала правядзенне у дзень выбараў “экзіт-пола” дагэтуль невядомым аналітычным цэнтрам “ЭКООМ”. Дадзеныя гэтага “экзіт-пола” можна расцэньваць як рэкламную, прапагандысцкую акцыю з боку выканаўчых уладаў, накіраваную на апраўданне неверагодных лічбаў, атрыманых на рэферэндуме, якія б хоць у нейкай ступені прыхавалі высокі ўзровень фальсіфікацый, дапушчаных пад час правядзення выбараў і рэферэндума. Гэтыя “дадзеныя” на працягу ўсяго дня выбараў агучваліся афіцыйнымі СМІ. Сама ж Л.Ярмошына, якая на прэзідэнцкіх выбарах 2001 года выступала катэгарычна супраць усялякіх сацыялагічных даследванняў пад час галасавання, на гэты раз фактычна апраўдала агучванне лічбаў. Яна заявіла: “Любому чалавеку не церпіцца паглядзець, што ж адбываецца, і такім чынам спатольваецца, мабыць, інфармацыйны голад да таго часу, пакуль не будуць адчынены выбарчыя скрыні”. Пры гэтым старшыня Цэнтральнай камісіі прызнавала, што апублікаванне апытванняў грамадскай думкі ў дзень галасавання забаронена заканадаўствам.

Адначасова Л.Ярмошына вельмі рэзка адрэагавала на правядзенне “экзіт-пола” незалежнымі сацыёлагамі. Так, каментуючы вялізнае разыходжанне лічбаў, атрыманых супрацоўнікамі Інстытута Гэллапа (The Gallup Organization/Baltic Surveys), і афіцыйных вынікаў выбараў і рэферэндума, яна заявіла: “Хто гэтыя людзі? Можа гэта самазванцы? Чым падмацавана рэпутацыя інстытута Гэллапа ў Беларусі?... Я таксама магу прыехаць у ЗША, хадзіць па выбарчых участках і казаць, што вынікі маіх назіранняў не адпавядаюць афіцыйным дадзеным”.

Цяжка казаць пра непрадузятасць старшыні Цэнтрвыбаркаму да кандыдатаў у дэпутаты, якія бралі ўдзел у выбарах. Гаворачы ў інтэрвью пра верагодныя вынікі выбараў, Л.Ярмошына адзначала: “Я думаю наўрад ці апазіцыя ў яе цяперашнім стане здольная на што-небудзь рэальна прэтэндаваць”. Затое на прэс-канферэнцыі па выніках выбараў 18 кастрычніка яна заявіла, што “народ прагаласаваў з улікам пажаданняў прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі”, калі выбраў у парламент “зададзеную” А.Лукашэнкам колькасць жанчын.

Ня гледзячы на шматлікія скаргі з боку назіральнікаў, кандыдатаў у дэпутаты на працу асобных участковых і акруговых камісій, ніводная такая скарга Цэнтральнай камісіяй не была разгледжаная па сутнасці. Па выніках разгляду скаргаў, як заявіў 22 кастрычніка М.Лазавік, няма ніякіх падставаў прызнаць выбары дэпутатаў несапраўднымі.

Што датычыць рэспубліканскага рэферэндума, ведаючы пра сур’ёзныя спрэчкі ў грамадстве па пытанні неабходнасці і законнасці яго правядзення, Л.Ярмошына адзназначна і непрыхавана заняла пазіцыю А.Лукашэнкі, сказаўшы 14 верасня ў інтэрвью тэлівізійнаму каналу АНТ, што “гэта пытанне перш за ўсё пра стабільнасць нашага грамадства”.

8 верасня на прэс-канферэнцыі старшыня Цэнтральнай камісіі заявіла, што пытанне, якое А.Лукашэнка вынес на рэферэндум, цалкам адпавядае Выбарчаму кодэксу. Па яе словах, гэтае пытанне не паруше 112 артыкул Кодэкса, а мае “кадравы характар”. Яна ахарактэрызавала абвінавачанні ў адрас А.Лукашэнкі адносна выкарыстання трагедыі ў Беслане ў палітычных мэтах як “прыцягнутыя за вушы”. У гэты ж дзень, адкрываючы паседжанне Цэнтральнай камісіі, Л.Ярмошына заявіла, што рэферэндум з’яўляецца “самай важнай” выбарчай кампаніяй. Разуменне гэтай “важнасці” наклала свой адбітак на выбарчую кампанію ў Палату прадстаўнікоў.

Даючы ацэнку разгорнутай у дзяржаўных СМІ прапагандзе “за” рэферэндум, сакратар Цэнтральнай камісіі М.Лазавік назваў гэта нармальнай з’явай. У інтэрв’ю “Комсомольской правде” за 15 кастрычніка на пытанне пра роўныя правы для агітацыі як “за” так і “супраць” рэферэндума ён адказаў: “Рэферэндум ініцыяваны вышэйшым дзяржаўным інстытутам. І дзяржава ў асобе сваіх ідэалагічных органаў у нейкай ступені прапагандуе гэтае пытанне. Таму казаць, што тут грубае парушэнне заканадаўства, няправільна. Тэлебачанне – дзяржструктура, і забяспечвае прапаганду пытання ў той плоскасці, у якой яго бачыць”.

Падводзячы вынікі рэферэндума, 18 кастрычніка Л.Ярмошына патлумачыла высокую яўку выбаршчыкаў “умелай агітацыяй” арганізатараў выбараў, а таксама важнасцю пытання, вынесенага на рэферэндум. Як яна перакананая, “выбаршчыкі галасавалі за сваю будучыню”. Л.Ярмошына абвясціла “пераканаўчую перамогу прэзідэнта Лукашэнкі” і яшчэ раз заявіла пра поўную падтрымку рэферэндума: “Калі б гэтага рэферэндуму не было, дык яго трэба было б прыдумаць”. Яна падкрэсліла: “Я лічу гэта элегантнай перамогай”.

Натуральна, што 25 кастрычніка пад час сустрэчы са старшынёй Цэнтральнай камісіі А.Лукашэнка “вельмі высока” ацаніў вынікі яе работы, а таксама працу дзяржаўных органаў па правядзенні выбараў і рэферэндума. Ён папрасіў Л.Ярмошыну “яшчэ раз падзякаваць тым, хто забяспечваў выбарчую кампанію і правядзенне рэферэндума за высокі арганізацыйны ўзровень, на якім прайшлі выбары дэпутатаў і рэспубліканскі рэферэндум”.

Аналізуючы працу Цэнтральнай камісіі падчас парламенцкіх выбараў і рэефрэндума 2004 года, можна зрабіць выснову, што яе нельга лічыць аб’ектыўнай і празрыстай.

13 снежня 2004 г. Рада па справах агульных пытанняў і знешніх адносінаў Еўрапейскага Саюза прыняла рашэнне забараніць уезд на тэрыторыю ЕС старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь Лідзіі Ярмошынай “за фальсікаванне выбараў і рэферэндума”.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна

 

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster