|
Частка I. Прававое рэгуляванне правядзення выбараў
Спадзяванні беларускай дэмакратычнай супольнасці на дэмакратызацыю беларускага выбарчага заканадаўства напярэдадні выбараў засталіся няспраўджанымі. Рэкамендацыі БДІПЧ/АБСЕ, зробленыя пасля правядзення выбараў 2000 і 2001 гадоў, так і не былі выкананы. Дэпутатам парламенцкай групы “Рэспубліка” удалося ўнесці на разгляд чарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў законапраект аб унясенні зменаў у Выбарчы кодэкс, аднак у выніку галсавання гэтыя прапановы былі адхілены. На рашэнні парламентарыяў не паўплывала нават бестэрміновая галадоўка дэпутатаў парламента В. Фралова, У. Парфяновіча, С. Скрабца і некалькіх актывістаў дэмакратычных партый.
У ліпені 2004 г. паміж АБСЕ і афіцыйным прадстаўніком Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутатам Міхаілам Ардой была падпісана Дэкларацыя аб правядзенні парламенцікх выбараў. Згодна з ёй, беларускія ўлады дэкларавалі імкненне да правядзення дэмакратычных, празрыстых выбараў у адпаведнасці са стандартамі, выпрацаванымі АБСЕ. Пры гэтым трэба адзначыць, што падпісаны дакумент насіў дэкларатыўны характар і не ўтрымліваў абавязкаў для беларускага боку.
Такім чынам, правядзенне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь рэгулявалася дзеючым Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь і Пастановамі Цэнтральнай камісіі.
У адпаведнасці з арт. 33 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Цэнтральная камісія мае права выдаваць Пастановы з мэтай растлумачэння прымянення асобных артыкулаў Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
15 ліпеня 2004 г. на сваім паседжанні Цэнтральная камісія зацвердзіла 11 пастановаў і метадычныя рэкамендацыі: “Арганізацыйна-прававыя пытанні працы акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”, а таксама “Арганізацыйна-прававыя пытанні працы ўчастковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь” (не былі змешчаны на сайце Цэнтральнай камісіі). Трэба адзначыць, што большасць пастановаў былі прыняты 15 ліпеня 2004 г., аднак размяшчаліся яны на сайце Цэнтральнай камісіі не адразу. Такім чынам, суб’екты выбарчага працэсу не мелі магчымасць азнаёміцца з імі адразу пасля іх прыняцця.
Што датычыцца саміх Пастановаў Цэнтральнай камісіі, то яны не ўнеслі ніякіх новых растлумачэнняў па арганізацыі і правядзенні выбарчага працэсу ў параўнанні з мінулымі выбарамі.
Участковыя і акруговыя камісіі, як і раней, не маюць індывідуальных пячатак. Згодна з Пастановай Цэнтральнай камісіі ад 15.07.2004 № 17 (дадатак 4), акруговыя камісіі карыстаюцца пячаткамі раённых, гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) у гарадах з раённым падзелам – мясцовых адміністрацый; участковыя выбарчыя камісіі -- пячаткамі, вырабленымі на папярэдніх выбарах; застаюцца тыя ж зборна-разборныя драўляныя скрыні з адкіднымі вечкамі.
Што тычыцца парадку накіравання назіральнікаў на ўчасткі, Пастанова Цэнтральнай камісіі ад 15.07.2004 г. № 13 (дадатак 3) палепшыла сітуацыю ў параўнанні з мінулымі мясцовымі выбарамі і вярнула працэдуру, якая рэгулявала дадзенае пытане падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2001 годзе. Згодна з гэтай Пастановай, рэспубліканскія кіруючыя органы палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў маюць права накіроўваць назіральнікаў на паседжані выбарчых камісій усіх узроўняў і на ўчасткі для галасавання.
Зацверджаныя Пастановай Цэнтральнай камісіі ад 20.05.2004 № 5 метадычныя рэкамендацыі “Арганізацыйна-прававыя пытанні працы акруговых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь” утрымліваюць рэкамендацыі для працы акруговых камісій па ўсіх асноўных этапах выбарчай кампаніі:
паўнамоцтвы і статус сяброў акруговых камісій;
стварэнне выбарчых акругоў;
вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў;
правядзнне агітацыі;
устанаўленне вынікаў галасавання на акрузе і інш.
Трэба адзначыць, што ў адрозненні ад выбараў 2003 г., Цэнтральная камісія зрабіла дадзеныя рэкамендацыі даступнымі для азнаямлення. У той жа час, уважлівае азнаямленне з рэкамендацыямі Цэнтральнай камісіі пераконвае нас, што некаторыя палажэнні дадзеных рэкамендацый ствараюць пэўныя цяжкасці пры правядзенні выбарчай кампаніі.
Так, у раздзеле рэкамендацый, які рэгулюе парадак рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па вылучэнні кандыдата ў дэпутаты, утрымліваецца запіс аб тым, што да рэгістрацыі камісія павінна праверыць наяўнасць беларускага грамадзянства ва ўсіх сяброў ініцыятыўнай групы. Пры гэтым не даецца тлумачэння, якім чынам камісіі павінны ажыццяўляць гэтую праверку. У некалькіх выбарчых акругах, у прыватнасці, у Віцебскай-Горкаўскай выбарчай акрузе № 17, гэта прывяло да таго, што аднаму з прэтэндэнтаў у кандыдаты адмовілі ў прыёме заявы і спіса ініцыятыўнай групы на падставе таго, што ён не прынёс пашпарты ўсіх сяброў ініцыятыўнай групы.
У разделе рэкамендацый, які рэгулюе парадак запаўнення падпісных лістоў, некарэктна сфармуляваны правілы запаўнення графы падпіснога ліста “Дата нараджэння”. У рэкамэндацыях гаворыцца: “У адносінах выбаршчыкаў, якім у бягучым годзе споўнілася 18 гадоў, указваецца чысло, месяц і год нараджэння, у адносінах астатніх выбаршчыкаў можа ўказвацца толькі год нараджэння”. Пры гэтым няма ніякіх ўказанняў, ці дапускаюцца скарачэнні пры напісанні гэтых дадзеных, не прыведзены ўзор напісання. У той жа час у часцы раздзела, які тлумачыць парадак запаўнення графы падпіснога ліста “Дата подпіса выбаршчыка”, указваецца, што чысло, месяц і год унясення подпіса ўносяцца ў поўным ці скарочаным варыянтах і прыводзіцца прыклад: 10 жніўня 2004 г., ці 10.08.2004 г., ці 10.08.04.
На практыцы гэта магло прывесці да таго, што сябры ініцыятыўных груп маглі няправільна запаўняць графу падпіснога ліста “Дата нараджэння”, напрыклад, запаўняць яе па аналогіі з графой “Дата подпіса выбаршчыка”, што прывяло б да прызнання подпіса несапраўдным.
Што датычыцца метадычных рэкамендацый “Арганізацыйна-прававыя пытанні працы ўчастковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”, то яны так і не далі растлумачэння па пытаннях захавання выбарчых бюлетэняў і скрыняў падчас правядзення датэрміновага галасавання.
Асаблівыя заўваги выклікае раздзел рэкамендацый, які рэгулюе працэдуру падліку галасоў на ўчастку. Працэдура запаўнення пратакола аб выніках падліку галасоў з трох выбарчых скрыняў (папярэдняга галасавання, галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў, скрыні для галасавання ў дзень выбараў) апісваецца наступным чынам: “Дадзеныя аб колькасці бюлетэняў, якія знаходзяцца у кожнай з вышэйуказаных скрыняў для галасавання, і вынікі падліку галасоў павінны быць адлюстраваны ў пратаколе паседжання ўчастковай выбарчай камісіі. У пратаколе аб выніках галасавання, складзеным па форме, устаноўленай Цэнтральнай камісіяй, указваецца агульны вынік галасавання”. (дадатак 2)
Такім чынам, участковыя камісіі працавалі з двумя пратаколамі: пратаколам паседжання щчастковай камісіі і пратаколам аб выніках галасавання, складзеным па форме, устаноўленай Цэнтральнай камісіяй. Гэта супярэчыць патрабаванням арт. 55 Выбарчага кодэкса, які прадугледжвае наяўнасць толькі аднаго пратакола, які пасля яго запаўнення павінен неадкладна вывешвацца для азнаямлення з вынікамі выбараў. У адпаведнасці з прынятымі Цэнтральнай камісіяй рэкамендацыямі, вывешваўся толькі адзін пратакол, складзены па зацверджанай форме. Абавязкаў вывешваць пратакол “паседжання ўчастковай камісіі” ў рэкамендацыях няма. Гэта азначае, што на практыцы назіральнікі, давераныя асобы кандыдатаў не маглі з ім азнаёміцца. Адпаведна, яны не маглі даведацца пра вынікі падліку галасоў па кожным галасаванні асобна (датэрміновым і галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыкаў), паколькі ў пратаколе, які запаўняецца па форме, устаноўленай Цэнтральнай камісіяй, указваецца толькі агульны вынік галасавання.
У рэкамендацыях таксама не сказана, куды павінен прыкладаца першы (паседжання ўчастковай камісіі) пратакол. Перадача гэтага пратакола ў акруговую камісію не рэгламентуецца ніякім чынам. Няма ўказання захоўваць яго і перадаваць у акруговую камісію разам з іншымі матэрыяламі камісіі.
Усё гэта стварыла дадатковыя магчымасці для фальсіфікацыі вынікаў галасавання на ўчастках.
У адпаведнасці з арт. 21 Выбарчага кодэксу, спісы грамадзян прадстаўляюцца для ўсеагульнага азнаямлення за 15 дзён да выбараў. Грамадзянам забяспечваецца магчымасць азнаёміцца са спісамі і праверыць правільнасць складання ў памяшканні ўчастковай камісіі.
Аднак метадычныя рэкамендацыі, зацверджаныя Цэнтральнай камісіяй, сур’ёзна абмежавалі права на азнаямленне са спісамі выбаршчыкаў, стварылі магчымасць утойвання рэальнай колькасці выбаршчыкаў, зарэгістраваных на ўчастку ад грамадскасці і ад назіральнікаў.
Метадычныя рэкамендыцыі далі тлумачэнне працэдуры азнаямлення са спісамі выбаршчыкаў, згодна з якім участковая камісія прадстаўляе выбаршчыку магчымасць азнаёміцца з фактам ўключэння яго ў спіс грамадзян, удакладніць дадзеныя пра сябе і аб пражываючых з ім паўнагадовых членах сям’і. Пры гэтым не дапускаецца перадача выбаршчыку на рукі ўсяго спіса ці яго асобных частак. Азнаямленне павінны праводзіць сябры ўчастковай выбарчай камісіі з выкананнем патрабаванняў па забеспячэнні захавання спіса выбаршчыкаў. (дадатак 2) Зыходзячы з гэтага тлумачэння, спісы выбаршчыкаў наогул не павінны вывешвацца для ўсеагульнага азнаямлення. Дадзенае тлумачэнне выходзіць за межы арт. 21 Выбарчага кодэкса і супярэчыць прынцыпу празрыстасці выбарчага працэсу, робіць інфармацыю аб колькасці зарэгістраваных выбаршчыкаў недаступнай для грамадзян, прадстаўнікоў палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў.
Спісы грамадзян, якія маюць права браць удзел у выбарах, удакладняюцца ўчастковымі выбарчымі камісіямі напярэдадні кожнага тура галасавання. У сувязі з рэкамэндацымі Цэнтральнай камісіі, калі колькасць выбаршчыкаў на ўчастку ўтойваецца, гэта дае дадатковыя магчымасці для ўчастковых камісій маніпуляваць са спісамі выбаршчыкаў і бескантрольна мяняць лічбу выбаршчыкаў, зарэгістраваных на ўчастку, што, безумоўна, стварае магчымасці для фальсіфікацый вынікаў галасавання.
Частка II. Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб сябрах Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голаса
3 верасня 2004 года быў выдадзены Дэкрэт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 7 “Аб сябрах Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў з правам дарадчага голасу пры правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання”. (дадатак 8)
Палажэннямі дадзенага Дэкрэту палітычным партыям, якія вылучылі сваіх кандыдатаў у дэпутаты, надаецца права накіраваць па адным прадстаўніку ў склад Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голаса. Мэтай дадзенага Дэкрэту было заяўлена «забеспячэнне больш шырокага ўдзелу палітычных партый у выбарчай кампаніі».
Згодна з п. 2.4 Дэкрэта, сябра Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу мае права:
уносіць прапановы ў парадак дня паседжання Цэнтральнай камісіі па пытаннях, якія ўваходзяць у яе кампетэнцыю, і патрабаваць правядзення галасавання па іх;
выступаць на паседжаннях Цэнтральнай камісіі; задаваць удзельнікам паседжання Цэнтральнай камісіі пытанні ў адпаведнасці з парадкам дня і атрымліваць на іх адказы.
Згодна з п.2.5. Дэкрэта, сябра Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу не мае права:
удзельнічаць у праверках, якія праводзіць Цэнтральная камісія, у галасаванні пры прыняцці камісіяй рашэнняў; даваць растлумачэнні і ўказанні, рабіць паведамленні ад імя Цэнтральнай камісіі.
Згодна з п. 2.6. Дэкрэта, паўнамоцтвы сябра Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голаса могуць быць датэрмінова спынены: па яго заяве; па рашэнні рэспубліканскага кіруючага органа палітычнай партыі; па рашэнні Цэнтральнай камісіі пры выбыцці з выбарчых акругоў усіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, вылучаных палітычнай партыяй; пры здзяйсненні сябрамі камісіі з правам дарадчага голаса дзеянняў, якія дэскрэдытуюць Цэнтральную камісію ці перашкаджаюць яе працы.
Такім чынам, сябры Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу мелі даволі абмежаваныя паўнамоцтвы. Асабліва варта адзначыць, што яны не мелі права ўдзельнічаць у праверках, якія праводзіла Цэнтральная камісія. Разам з тым, удзел у правядзенні такіх праверак з’яўляецца асабліва важным, калі справа датычыць выяўленых грубых парушэнняў выбарчага заканадаўства, супярэчнасцяў у пратаколах участковых і акруговых камісій, калі стаіць пытанне аб правядзенні паўторнага падліку галасоў, прызнанні выбараў неадбыўшыміся ці несапраўднымі. Таксама ў пераліку правоў сяброў Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу адсутнічае права азнаямлення з дакументамі, якія паступілі ў Цэнтральную камісію, у тым ліку па выніках праверак. Гэта пазбаўляла прадстаўнікоў палітычных партый у Цэнтральнай камісіі доступу да інфармацыі, якая мае важнае значэнне пры разглядзе скаргаў кандыдатаў, пытанняў, датычных магчымых маніпуляцый падчас выбараў і падліку галасоў і г.д. У той жа час фармулёўкі п. 2.6. Дэкрэта дазваляюць іх шырокае трактаванне і пакідаюць магчымасці для неабгрунтаванага пазбаўлення паўнамоцтваў сябра Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу.
Частка III. Фармаванне акруговых камісій
Для правядзення выбараў Палаты прадстаўнікоў на террыторыі Рэспублікі Беларусь створана 110 выбарчых акругоў.
У адпаведнасці з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання, зацверджаным Цэнтральнай камісіяй (дадатак 1), не пазней за 1 чэрвеня 2004 г. павінна была быць устаноўлена сярэдняя колькасць выбаршчыкаў на выбарчых акругах па выбарах дэпуатаў. Згодна з Пастановай Цэнтральнай камісіі ад 20 траўня 2004 г. № 4, сярэдняя колькасць выбаршчыкаў на выбарчай акрузе ўстаноўлена ў колькасці 64 585 чалавек.
Пастановай Цэнтральнай камісіі ад 15 ліпеня 2004 г. № 11 па прадстаўленні абласных выканаўчых камітэтаў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта былі створаны выбарчыя акругі. У адпаведнасці з арт. 15 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, колькасць выбаршчыкаў на акрузе не павінна перавышаць 10 % ад сярэдняй колькасці выбаршчыкаў на акрузе. Між тым, на некаторых сфармаваных выбарчых акругах адхіленне ад сярэдняй колькасці выбаршчыкаў перавышала 10% у бок змяншэння. Напрыклад, Глыбоўская выбарчая акруга № 22 (колькасць выбаршчыкаў 57300), Міёрская выбарчая акруга №24 (колькасць выбаршчыкаў 57 400), Пастаўская выбарчая акруга №30 (колькасць выбаршчыкаў 57 500), Талачынская выбарчая акруга №31 (колькасць выбаршчыкаў 56 200), Буда-Кашалёўская выбарчая акруга №40 (колькасць выбаршчыкаў 57 525).
Вылучэнне прадстаўнікоў у склад акруговых камісій пачалося з моманту апублікавання спісаў выбарчых акругоў і скончылася 30 ліпеня 2004 г.
Парадак вылучэння прадстаўнікоў у склад акруговых камісій рэгулюецца арт. 35 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Адмысловых пастановаў Цэнтральнай камісіі на гэты конт не выдавалася. Узоры дакументаў па вылучэнні прадстаўнікоў у склад акруговых камісій ад палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і шляхам збору подпісаў, прынятыя Цэнтральнай камісіяй, былі змешчаныя на афіцыйным сайце камісіі, але са спазненнем на некалькі дзён ад пачатку працэсу вылучэння.
Згодна з арт. 35 Выбарчага кодэкса, палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, працоўныя калектывы арганізацый ці калектывы іх структурных падраздзяленняў з ліку сваіх сяброў, а таксама грамадзяне шляхам падачы заявы могуць вылучыць у адпаведную акруговую камісію толькі па адным прадстаўніку. Вылучаць сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых камісій па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў маюць права рэспубліканскія кіруючыя органы палітычных партый. 100 грамадзянаў, якія пражываюць на тэрыторыі акругі, маюць права накіраваць свайго прадстаўніка ў склад гэтай акруговай камісіі шляхам падачы заявы. Палітычныя партыі вылучаюць сваіх прадстаўнікоў на паседжаннях кіруючых органаў.
Акруговыя камісіі фармаваліся Прэзідыюмамі абласных, Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і абласнымі выканаўчымі камітэтамі, а таксама Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам.
Трэба адзначыць, што ні Выбарчы кодэкс, ні пастановы Цэнтральнай камісіі не ўтрымліваюць крытэрыяў адбору прадстаўнікоў у склад камісій. Выбарчы кодэкс не абавязвае органы, якія фармуюць камісіі, выклікаць на свае паседжанні асобаў, якія падалі заявы аб ўваходжанні ў склад акруговых камісій, даваць ім пісьмовыя адказы, праводзіць сумоўе з прэтэндэнтамі і г.д..
Запыт дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу У.Навасяда да Цэнтральнай камісіі з просьбай даць афіцыйнае растлумачэнне крэтэрыяў, якімі павінны кіравацца органы пры фармаванні камісій, застаўся без адказу па прычыне “недахопу паўнамоцтваў Цэнтральнай камісіі па пашыранным тлумачэнні нормаў выбарчага заканадаўства”.
Між тым, падчас адной з прэс-канферэнцый страшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына назвала свае крытэрыі да прынцыпу фармавання акруговых камісій, зазначыўшы, у прыватнасці, што яна не прыхільніца ўключэння ў склад акруговых камісій у парадку чаргі. Па словах Л.Ярмошынай ў камісіі пажадана ўключаць асобаў з юрыдычнай адукацыяй, якія маюць досвед працы ў выбарчых камісіях. Нягледзячы на тое, што фармальна Цэнтральная камісія не мае адносінаў да працэсу фармавання камісій, гэтыя словы маглі служыць пэўным крытэрыем пры адборы кандыдатаў у камісіі.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі актыўна вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых камісій. Ніжэй прыводзіцца табліца вылучэння і ўключэння ў склад акруговых камісій сяброў дэмакратычных палітычных партый.
|
Партыя БНФ
| АГП
| БСДГ
| ПКБ
| Партыя працы
| БСДП (НГ)
| |
| вылучана 50
| вылучана 61
| вылучана 23
| вылучана 78
| вылучана 26
| вылучана 80
| | г. Мінск
| 1
| 0
| 0
| 4
| 0
| 0
| | Мінская вобл.
| 0
| 0
| 0
| 0
| 0
| 0
| | Брэсцкая вобл.
| 1
| 1
| 0
| 4
| 0
| 1
| | Віцебская вобл.
| 0
| 1
| 0
| 6
| 0
| 1
| | Гомельская вобл.
| 0
| 3
| 0
| 5
| 0
| 0
| | Гроднеская вобл.
| 0
| 0
| 0
| 0
| 0
| 0
| | Магілёўская вобл.
| 0
| 0
| 0
| 0
| 0
| 0
|
Такім чынам, колькасць кандыдатаў, вылучаных ад дэмакратычных партый у склад акруговых камісій, скалала 318 чалавек. У камісіі было ўключана толькі 20 чалавек, што складае 2% ад агульнай колькасці сяброў камісій.
Агульная колькасць прадстаўнікоў палітычных партый, разам з прадстаўнікамі праўрадавых партый, у камісіях склала 7,1 %.
Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый склалі 20% ад агульнай колькаці сяброў акруговых камісій. Пераважная большасць з іх -- гэта прадстаўнікі праўрадавых грамадскіх арганізацый (БРСМ, ФПБ, Саюз ветэранаў Афганістана і інш.). Ад БРСМ уключаны ў камісіі 94 асобы на 110 выбарчых акругах, ад ФПБ -- 80, ад Саюза ветэранаў -- 66, ад Беларускага саюза жанчын -- 28. Між тым, прадстаўнікоў такіх буйных рэспубліканскіх няўрадавых арганізацый, як ГА БНФ “Адраджэньне” (было вылучана 35 асобаў, прайшло – 2), РГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” (было вылучана 11, прайшло – 1) у склад камісій пераважна не ўключылі.
Такім чынам, улады ўжо на этапе фармавання акруговых камісій стварылі ўмовы для поўнага кантролю над выбарчым працэсам з боку выканаўчых уладаў і магчымасцяў для фальсіфікацый і маніпуляцый.
Асноўная колькасць сяброў камісій вылучаны ад працоўных калектываў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў (28,5 %), ад грамадзян (33,4%). Пры гэтым трэба адзначыць, што пры апублікаванні спісаў сяброў акруговых камісій у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі ў большасці выпадкаў не ўказана іх месца працы (з шасці абласцей і г.Мінска такія дадзеныя надрукаваны толькі па Мінскай і Гродненскай абласцях), што мае на мэце ўтойванне факта залежнасці створаных акруговых камісій ад структур выканаўчай улады.
Найбольшае прадстаўніцтва ў камісіях вылучаных шляхам падачы заяваў ад грамадзян. Пры гэтым трэба адзначыць, што, як і падчас папярэдніх выбараў, назірался тэндэнцыя, калі шляхам падачы заяваў ад грамадзян вылучаліся кіраўнікі дзяржаўных арганізацый і ўстаноў, прадстаўнікі структур мясцовай выканаўчай улады. Так, напрыклад, шляхам падачы заявы ад грамадзян вылучаліся: у акруговую камісію Барысаўскай сельскай выбарчай акругі №78 – Белагурава Л.Д. (вядучы спецыяліст аддзела па ўліку і размеркаванні жылля Барысаўскага гарвыкнкама), Гурко М.В. (намеснік начальніка па тылавым забеспячэнні папраўчай установы “Папраўчая калонія №14”); у акруговую камісію Лагойскай выбарчай акругі №82 – Баброўскі І.К. (начальнік Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Азёрны”); у акруговую камісію Салігорскай гарадской выбарчай акругі № 90 – Пальчанка Л.У. (інжынер па ахове працы і тэхніцы беспекі аддзела адукацыі Салігорскага гарвыканкама); у акруговую камісію Шчучынскай выбарчай акругі №62 – Сакалоўскі І.Ю. (намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама), Сідор Т.П. (начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне Воранаўскага райвыканкама).
Такая ж тэндэнцыя назіралася і пры вылучэнні ў склад акруговых камісій ад працоўных калектываў. Так, напрыклад, ад працоўных калектываў у склад акруговых выбарчых камісій вылучаліся: у акруговую камісію Жодзінскай выбарчай акругі № 81 – Куракоў А.Е. (начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Смалявіцкім р-не), Шапкоўская Т.Ф. (намеснік старшыні Смалявіцкага райвыканкама); у акруговую камісію Стаўбцоўскай выбарчай акругі № 92 – Каваленя А.В. (начальнік аддзела па справах моладзі Уздзенскага райвыканкама), Крамко Я.У. (старшыня аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Стаўбцоўскага райвыканкама); у акруговую камісію Навагрудскай выбарчай акругі № 59 – Корбаль І.І. (галоўны юрыстконсульт Навагрудскага райвыканкама) і г.д.
Аналіз складу акруговых камісій дазваляе сцвярджаць, што ў іх увайшлі ў асноўным прадстаўнікі райвыканкамаў, кіраўнікі дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў, прадстаўнікі праўрадавых грамадскіх аб’яднанняў.
| № | вобласць, г. Мінск | п радстаўнікі палітычных партый | п радстаўнікі грамад с кіх арганізацый, прафсаюзаў | п радстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, органаў мясцовай улады, дзяржструктур | п радстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў (у т.л. прадпрыемстваў бюджэтнай сферы) | с ябры камісій, вылучаныя ад грамадзянаў | | 1. | Брэсцкая | 19 | 47 | 33 | 70 | 55 | | 2. | Віцебская | 13 | 51 | 0 | 60 | 84 | | 3. | Гродненская | 4 | 3 | 7 | 6 | 140 | | 4. | Гомельская | 16 | 37 | 31 | 49 | 88 | | 5. | Магілёўская | 4 | 26 | 4 | 70 | 63 | | 6. | Мінская | 7 | 34 | 34 | 41 | 105 | | 7. | Г. Мінск | 38 | 71 | 32 | 53 | 40 | | | Усяго: | 101 | 269 | 141 | 350 | 574 |
Каментар: Усяго ў краіне было створана 110 акруговых выбарчых камісій, агульная колькасць сябраў акруговых камісій склала 1430 чалавек. Дадзены аналіз складу акруговых выбарчых камісій праводзіўся па спосабу вылучэння. Пры дадзеным аналізе выкарыстоўвалася інфармацыя, якая была надрукаваная ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі. Інфармацыя адносна прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў падаецца з улікам усіх палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку праўрадавых партый, афіцыйных прафсаюзаў і грамадскіх аб’яднанняў, якія фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту. Ніжэй прыводзіцца інфармацыя аб колькасці месцаў, якія атрымалі прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў у акруговых камісіях па кожнай вобласці:
Віцебская:
Партыі: ПКБ – 6, ЛДП -- 3, Патрыятычная партыя --1, БСДП (НГ) --1, АГП --1, КПБ --1.
Арганізацыі: ГА ветэранаў -- 14; ФПБ – 13; БРСМ – 15; ГА “Усебеларускае аб’яднанае казацтва” – 1; ГА БНФ “Адраджэньне”--1; Беларускі саюз жанчын – 7.
Гомельская:
Партыі: ПКБ – 5; КПБ – 5; АГП – 3, ЛДП – 3.
Арганізацыі: БРСМ – 13, ГА ветэранаў – 12; ФПБ – 10; ЛКСБ – 1, ГА БНФ “Адраджэньне” – 1.
Мінская:
Партыі: КПБ – 4; ЛДП – 3.
Арганізацыі: ФПБ --11; БРСМ --14; ГА ветэранаў – 6; Беларускі саюз жанчын – 2;
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа – 1.
Мінск
Партыі: КПБ –14; Сацыяльна-спартыўная партыя – 4; Аграрная партыя – 4; ЛДП – 11; ПКБ – 4; Партыя БНФ –1.
Арганізацыі: Беларускі саюз жанчын – 17; БРСМ – 18; ГА ветэранаў –14; ФПБ –12; Беларускае таварыства чырвонага крыжа – 5; Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў – 2; ГА “Здароўе – дзецям” – 2; ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” – 1.
Магілёўская
Партыі: КПБ -- 2, ЛДПБ – 2.
Арганізацыі: БРСМ -- 9, ФПБ --10, Беларусае грамадскае аб’яднанне ветэранаў -- 5, ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” --1, Беларускае таварыства чырвонага крыжа --1.
Брэсцкая
Партыі: ЛДПБ -- 5, КПБ -- 8, ПКБ -- 3, БСДП (НГ) -- 1, АГП -- 1, БНФ -- 1.
Грамадскія аб’яднанні: БРСМ -- 12, ФПБ -- 15, РГА “БХК” -- 1, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў -- 7, Беларускі саюз жанчын -- 12.
Гродненская
Партыі:КПБ -- 4
Арганізацыі: Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў -- 3.
У Гродненскай вобласці вылучэнне адбывалася двумя ці трыма шляхамі адначасова: ад працоўных калектываў і шляхам падачы заявы грамадзянаў; ад палітычных партый ці грамадскіх аб’яднанняў і шляхам падачы заяваў ад грамадзянаў; ад грамадскага аб’яднання і працоўнага калектыву і шляхам падачы заявы ад грамадзянаў. Інфармацыя была змешчаная ў газеце “Гродзенская праўда”. Магчыма, такі двайны варыянт вылучэння ў акруговыя камісіі скарыстоўваўся і ў іншых абласцях краіны. У вышэй прыведзеным аналізе ўлічваліся дадзеныя толькі па адным са шляхоў вылучэння.
Інфармацыя адносна сяброў камісій – прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіравання і выканаўчай улады падаецца з улікам толькі тых сяброў выбарчых камісій, якія былі ўключаны ў склад камісій Прэзідыюмамі адпаведных абласных Саветаў дэпутатаў і выканкамамі.
Першыя паседжанні створаных акруговых камісій павінны былі адбыцца не пазней 5 жніўня 2004 г. Але рэжым працы створаных акруговых камісій выклікаў нараканні з боку ўдзельнікаў кампаніі. У шматлікіх выпадках акруговыя камісіі адмаўляліся прымаць заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп і спісы сяброў ініцыятыўных груп. Сваю адмову яны тлумачылі тым, што ў адпаведнасці з прынятым камісіяй рэгламентам, працу яны пачнуць толькі з 8 жніўня. Акрамя таго, камісіі спасыліся на Каляндарны план, зацверджаны Цэнтральнай камісіяй, дзе ўтрымліваецца запіс пра тое, што вылучэнне кандыдатаў пачынаецца з 8 жніўня 2004 г. У той жа час у рэкамендацыях для працы акруговых камісій запісана, што ў акруговай камісіі ўстанаўліваецца дзяжурства сяброў камісій для прыёма выбаршчыкаў: у буднія дні – з 10 да 19 гадзін (перапынак – з 14 да 15 гадзін), у суботу – з 10 да 14 гадзін. Адмова ў прыняцці заяваў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп да 8 жніўня супярэчыць арт. 65 Выбарчага кодэкса, які не ўтрымлівае такіх абмежаванняў па тэрмінах (заява і спіс ініцыятыўнай групы павінны быць пададзены не пазней 65 дзён да выбараў, г.зн. не пазней 12 жніўня). Такім чынам, акруговыя камісіі стваралі штучныя, незаконныя перашкоды падчас рэгістрацыі ініцыятыўных груп кандыдатаў, стрымліваючы пачатак кампаніі па зборы подпісаў за кандыдатаў.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|