|
Частка VI.
Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты
Згодна з Каляндарным планам, зацверджаным Цэнтральнай камісіяй, этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты пачаўся за 70 і скончыўся за 40 дзён да дня выбараў, што значыць з 8 жніўня па 6 верасня ўключна. Не пазней за 6 верасня (уключна) палітычнымі партыямі, працоўнымі калектывамі, ініцыятыўнымі групамі ў акруговыя камісіі былі прадстаўлены дакументы, неабходныя для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. На працягу 10 дзён, з 7 па 16 верасня ўключна, акруговыя камісіі праводзілі праверку адпаведнасці вылучэння кандыдатаў у дэпутаты патрабаванням Выбарчага кодэкса і рэгістрацыю кандыдатаў.
Працэдура вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь рэгулюецца палажэннямі Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь і Пастановамі Цэнтральнай камісіі.
У адпаведнасці з Выбарчым кодэксам, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца шляхам збору подпісаў грамадзянаў, шляхам вылучэння ад палітычных партый і вылучэннем ад працоўных калектываў.
Усяго было вылучана 692 прэтэндэнты ў кандыдаты, з іх зарэгістравана – 359 (51,88%), адмоўлена ў рэгістрацыі 312 (45,09%), частка прэтэндэнтаў адмовілася ад удзелу ў выбарах.
Раздзел 1.
Вылучэнне кандыдатаў шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў
Збор подпісаў грамадзянаў ініцыятыўнымі групамі пачаўся з моманту іх рэгістрацыі. Парадак збору подпісаў выбаршчыкаў, завярэнне іх сябрамі ініцыятыўных груп, праверкі іх дакладнасці рэгулюецца ч. 5, 6, 7, 8 , 9 арт. 61, арт. 67 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
26 жніўня 2004 г. Цэнтральная камісія прыняла Пастанову № 63 “Аб растлумачэнні прымянення палажэння Выбарчага кодэкса, якое прадугледжвае ўказанне ў падпісным лісце серыі і нумару пашпарта выбаршчыка”. (дадатак 5) Згодна з выдадзенай Пастановай, у графе падпіснога ліста ўказваецца нумар і серыя пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь узору 1996 года. Згодна з дадзенай Пастановай, калі ў графе падпісного ліста ўказаны серыя і нумар пашпарта грамадзяніна СССР узору 1974 года ці пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь узору 1993 года, такі подпіс прызнаецца несапраўдным.
Трэба адзначыць, што Пастанова Савета Міністраў “Аб абмежаванні тэрміна дзеяння пашпарта грамадзяніна СССР узору 1974 і пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь узора 1993 года” № 1492 была выдазена яшчэ 29.10.2002 г. У сувязі з гэтым, Пастанова Цэнтральнай камісіі павінна была быць выдадзена яшчэ да пачатку этапа збору подпісаў, а не ў час, калі этап збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі падыходзіў да свайго завяршэння. Такое запозненае растлумачэнне па запаўненні падпісных лістоў магло прывесці да памылак пры зборы подпісаў ініцытыўнымі групамі.
Парадак праверкі даставернасці пададзеных для рэгістрацыі ў якасці кандыдата дакументаў і сабраных подпісаў рэгулюецца палажэннямі Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама на падставе распрацаваных Цэнтральнай камісіяй метадычных рэкамендацый для працы акруговых камісій.
Згодна з ч. 12, 14, 15 арт. 61 і ч.2 арт. 67 Выбарчага кодэкса, несапраўднымі подпісамі прызнаюцца:
фіктыўныя подпісы (подпісы, выкананыя ад імя неіснуючых асобаў, якія выдаюцца за існуючыя);
подпісы выбаршчыкаў, выкананыя ад імя розных асобаў адной асобай;
подпісы асобаў, не валодаючых выбарчым правам;
подпісы выбаршчыкаў, якія ўказалі ў падпісным лісце дадзеныя, не адпавядаючыя рэчаіснасці;
подпісы выбаршчыкў, якія сабраны да ўстаноўленага тэрміну вылучэння кандыдатаў;
подпісы выбаршчыкаў пры адсутнасці аднаго ці некалькіх дадзеных, якія патрабуюцца Выбарчым кодэксам;
подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць не ў адным населеным пункце, а ў гарадах з раённым падзелам – не ў адным раёне;
подпісы выбаршчыкаў, якія не пражываюць на тэрыторыі адпаведнай выбарчай акругі;
подпісы выбаршчыкаў, калі дадзеныя пра іх унесены ў падпісныя лісты нерукапісным спосабам ці алоўкам;
подпісы выбаршчыкаў, даты ўнясення якіх выкананы выбаршчыкам не ўласнаручна;
усе подпісы выбаршчыкаў у падпісным лісце, калі подпісы сабраныя асобай, якая не з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы;
усе подпісы выбаршчыкаў у падпісным лісце, калі падпісны ліст не падпісаны сябрам ініцыятыўнай групы ці падпісаны іншым сябрам ініцыятыўнай групы, які не збіраў подпісы;
усе подпісы выбаршчыкаў у падпісным лісце, калі падпісны ліст не замацаваны пячаткай мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, на тэрыторыі якога праводзіўся збор подпісаў;
подпісы выбаршчыкаў, сабраныя з парушэннем патрабаванняў ч. 8 арт. 61 Выбарчага кодэкса (удзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, як і прымус у працэсе збора подпісаў і ўзнагарода выбаршчыкаў за ўнясенне подпісаў).
У выпадку выяўлення некалькіх подпісаў аднаго і таго ж выбаршчыка ў падтрымку вылучэння аднаго кандыдата ў дэпутаты сапраўдным лічыцца толькі адзін подпіс, астатнія подпісы лічацца несапраўднымі.
Пералік падставаў, па якіх подпісы выбаршчыкаў прызнаюцца несапраўднымі, з’яўляецца вычарпальным. Прызнанне подпісаў выбаршчыкаў неспраўднымі па якіх-небудзь іншых падставах недапушчальна.
Па выніках праверкі подпісаў акруговая камісія складае акт. Прыкладная форма акта прыводзіцца ў метадычных рэкамендацых для працы акруговых камісій, зацверджаных Цэнтральнай камісіяй.
Згодна з арт. 67 Выбарчага кодэкса, дакладнасць подпісаў правяраюць акруговыя камісіі. Пры гэтым павінна быць праверана не меньш за 20% подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах ад колькасці подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата. Калі колькасць выяўленых пры праверцы несапраўдных подпісаў выбаршчыкаў складзе больш за 15% ад колькасці правераных подпісаў, праводзіцца дадатковая праверка яшчэ 15% подпісаў ад колькасці, неабходнай для рэгістрацыі кандыдата. У выпадку, калі сумарная колькасць несапраўдных подпісаў выбаршчыкаў, выяўленых пры праверках, складзе больш за 15% ад агульнай колькасці правераных подпісаў у падпісных лістах, далейшая праверка подпісаў спыняецца. Такім чынам, дастаткова 5% несапраўдных подпісаў ад агульнай колькасці сабраных для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.
Трэба адзначыць, што назіральнікі не маюць права прысутнічаць падчас працэдуры праверкі подпісаў, паколькі яны маюць права назіраць толькі за ходам паседжанняў акруговых камісій і даведваюцца толькі пра вынікі праверак. Гэтая акалічнасць, а таксама фактычная адсутнасць у складзе акруговых камісій прадстаўнікоў палітычных партый і дэмакратычных грамадскіх арганізацый стварае магчымасці да маніпуляцый. Па нашых дадзеных, пацверджаных кандыдатамі ў дэпутаты, камісіі пры праверцы сапраўднасці подпісаў за вылучэнне незалежных ад уладаў прэтэндэнтаў у кандыдаты праводзілі праверку ўсіх 100% сабраных подпісаў. Пры такой сістэме праверкі значна прасцей знайсці 5% несапраўдных подпісаў.
Згодна з ч. 5 арт. 66 Выбарчага кодэкса, выбаршчыкі, якія вылучылі кандыдата шляхам збора подпісаў, маюць права да здачы падпісных лістоў у акруговую камісію зняць свае подпісы, падаўшы пра гэта заяву ва ўказаную камісію. Подпісы такіх выбаршчыкаў не ўлічваюцца і не правяраюцца. Гэтае палажэнне Выбарчага кодэкса вельмі актыўна выкарыстоўвалася прадстаўнікамі мясцовых выканаўчых уладаў у якасці аднаго з асноўных механізмаў маніпуляцый з галасамі выбаршчыкаў. У шматлікіх выпадках на выбаршчыкаў, якія паставілі свае подпісы за незалежных кандыдатаў ці кандыдатаў ад дэмакратычных партый, з боку прадстаўнікоў мясцовых выканаўчых уладаў аказваўся ціск з мэтай прымусу напісання заяваў аб адкліканні сваіх подпісаў, што ў рэшце рэшт у большасці выпадкаў станавілася прычынай нерэгістрацыі кандыдатаў.
Так, падчас вынясення рашэння аб адмове ў рэгістрацыі акруговая камісія Бабруйска-Ленінскай выбарчай акругі №63 азнаёміла прэтэндэнтку ў кандыдаты Таццяну Швед з 48 тлумачальнымі запіскамі людзей, якія спачатку паставілі за яе свае подпісы, а затым адмовіліся ад іх.
Тадэвуш Гавін не быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты па Гродненскай сельскай выбарчай акрузе №54 з-за нібыта большай за 15% колькасці несапраўдных подпісаў, выяўленых на падставе заяваў грамадзян. У ягоным выпадку сябры акруговай камісіі ў суправаджэнні ўчастковага і старшыні сельскага Савета прыходзілі да выбаршчыкаў і прымушалі ці пісаць адмовы ад подпісаў ці ставіць свае подпісы на чыстых аркушах паперы, а затым туды ўносіўся стандартны тэкст з адмоваю.
Аналагічна спрацавалі сябры акруговай камісіі Бабруйскай сельскай выбарчай акругі №65 пры праверцы подпісаў Мікалая Тоўсціка. Пры гэтым некаторыя заявы з адмовамі былі набраны на кампьютары і раздрукаваны на лістах з папярэдне сабранымі подпісамі выбаршчыкаў.
У той жа час назіраліся факты арганізаванага адміністрацыямі прадпрыемстваў збору подпісаў у сваіх непасрэдных падначаленых у працоўны час, што з’яўляецца грубым парушэннем выбарчага заканадаўства і яскравым прыкладам выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу.
Напрыклад, сябра ініцыятыўнай групы Васіля Хрола (Глыбоцкая выбарчая акруга №22), начальнік участка мясцовага ПМК Лілія Латаноўская збірала подпісы ў працоўны час у сваіх падначаленых. Пры гэтым уся інфармацыя пра падначаленых, уключаючы нумар пашпарта, была ўнесена ў падпісныя лісты загадзя. Пасля падачы скаргі на дзеянні Л. Латаноўскай яна выйшла з ініцыятыўнай групы, а падпісныя лісты не здаваліся ў акруговую камісію
16 жніўня на Рэчыцкім аметызным заводзе рабочыя дапускаліся да працы толькі пасля таго, як ставілі свае подпісы за вылучэнне ў якасці кандыдата намесніка дырэктара па кадрах Сярдзюк Н.В. Пра неабходнасць мець пры сабе пашпарты дзеля гэтага ўсе супрацоўнікі былі папярэджаны напярэдадні.
Яшчэ адна тэндэнцыя, якая назіралася падчас праверкі подпісаў у акруговых камісіях, гэта з’яўленне заяваў выбаршчыкаў аб тым, што дата і подпіс у падпісным лісце пастаўлены імі не ўласнаручна. Паказальным прыкладам з’яўляецца сітуацыя з Уладзімірам Ганчарыкам. Ягоная ініцыятыўная група сабрала 5 800 подпісаў, у акруговую камісію Уручскай выбарчай акругі №109 здалі 1 091 подпіс, 59 з якіх былі прызнаны несапраўднымі. У той жа дзень сябры ініцыятыўнай групы абышлі 58 з 59 указаных у акце праверкі выбаршчыкаў, і ўсе яны пацвердзілі факт самастойнага прастаўлення даты і подпісу ў падпісных лістах. Пісьмовыя пацверджанні разам са скаргаю прэтэндэнта ў кандыдаты былі перададзены ў Цэнтральную камісію, але яна ўсё ж адмовіла ў рэгістрацыі прэтэндэнту.
Трэба адзначыць, што Цэнтральная камісія вельмі рэдка задавальняла скаргі на рашэнні акруговых камісій аб адмове ў рэгістрацыі, звязаныя з прызнаннем подпісаў несапраўднымі, у шэргу выпадкаў -- беспадстаўна. Так, было адмоўлена ў задавальненні скаргі сябру Партыі БНФ Станіславу Судніку, які вылучаўся па Лідскай сельскай акрузе № 57. Згодна з рашэннем акруговай камісіі, С. Судніку было адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў сувязі з тым, што больш за 15% сабраных ім подпісаў былі прызнаны несапраўднымі. Пры гэтым камісія прызнала адзін з падпісных лістоў цалкам несапраўдным на падставе таго, што адзін з выбаршчыкаў, указаных у падпісным лісце, пражываў у іншым, чым астатнія, населеным пункце. Сваім рашэннем акруговая камісія парушыла патрабаванні ч. 14 арт. 61 Выбарчага кодэкса, згодна з якім неспапраўдным прызнаецца толькі подпіс выбаршчыка, які пражывае не ў адным населеным пункце. Гэта не з’яўляецца падставай для прызнання ўсіх подпісаў выбаршчыкаў у падпісным лісце несапраўднымі. Неглядзячы на гэта, Цэнтральная камісія не задаволіла скаргу С. Судніка і пакінула рашэнне акруговай камісіі ў сіле.
Паказальна, што акруговыя камісіі Магілёўскай і Віцебскай абласцей, а таксама г. Мінска пры аналізе ідэнтычнасці почырку пастаўленых даты і подпіса па экспертызу звярталіся ў абласныя і Мінскае гарадское ўпраўленні ўнутраных спраў. Структуры МВД з’яўляюцца часткай дзяржаўнай улады, таму цяжка назваць вынікі такой экспертызы аб’ектыўнымі.
Усяго было створана 558 ініцытыўных груп, якія ўключыліся ў працу. Аднак, згодна дадзеных Цэнтральнай камісіі, толькі 71 кандыдат зарэгістраваны дадзеным спосабам вылучэння (19 кандыдатаў у Брэсцкай вобласці, 18 – у Віцебскай, 3 – у Віцебскай, 7 – у Гродненскай, 12 – у Мінскай, 7 – у Магілёўскай, 5 – у г. Мінску). Такая вялікая розніца паміж лічбамі тлумачыцца, па-першае, тым, што большасць сяброў палітычных партый, якія збіралі подпісы, выкарысталі сваё права на партыйнае вылучэнне; па-другое, вялікая колькасць адмоваў у рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў прыходзіцца менавіта на дадзены спосаб вылучэння з-за цяжкасці ці амаль немагчымасці пракантраляваць дакладнасць вынікаў праверкі сапраўднасці подпісаў.
Этап выбарчай кампаніі па вылучэнні кандыдатаў і зборы подпісаў грамадзян характарызаваўся жорсткім ціскам з боку выканаўчых уладаў і выбарчых камісій як на саміх кандыдатаў, так і на сяброў іх ініцыятыўных груп, а таксама выбаршчыкаў, якія паставілі свае подпісы за іх вылучэнне.
Раздзел 2.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ад палітычных партый
У Выбарчым кодэксе Рэспублікі Беларусь (ч.3 арт. 60) указваецца, што правам вылучэння кандыдатаў у дэпутаты валодаюць палітычныя партыі, зарэгістраваныя ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь не пазней, чым за шэсць месяцаў да прызначэння выбараў. Згодна з арт. 62 Выбарчага кодэкса, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ажыццяўляецца вышэйшымі рэспубліканскімі органамі палітычных партый пры ўмове, што на тэрыторыі адпаведнай выбарчай акругі маецца зарэгістраваная ва ўстаноўленым парадку да прызначэння выбараў арганізацыйная структура палітычнай партыі, якая вылучае кандыдата ў дэпутаты.
Палітычная партыя мае права вылучыць па кожнай выбарчай акрузе на выбарах у Палату прадстаўнікоў толькі аднаго кандыдата ў дэпутаты з ліку сяброў гэтай палітычнай партыі.
15 ліпеня 2004 г. Цэнтральная камісія прыняла Пастанову № 19 “Аб растлумачэнні прымянення палажэння ч. 1 арт. 62 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якая прадугледжвае вылучэнне палітычнымі партыямі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь трэцяга склікання”. Згодна з п. 1 гэтай Пастановы, стварэнне арганізацыйнай структуры палітычнай партыі ва ўстаноўленым парадку азначае, што арганізацыйная структура створана ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства Рэспублікі Беларусь і зарэгістравана (пастаўлена на ўлік) да прызначэння выбараў ва ўпраўленні юстыцыі абласнога, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.
У адпаведнасці з п. 2 Пастановы, вышэйшы рэспубліканскі кіруючы орган партыі мае права вылучыць кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па той выбарчай акрузе, на тэрыторыі якой маецца юрыдычны адрас арганізацыйнай структуры.
Перыяд вылучэння кандыдатаў характарызаваўся масавымі праверкамі ўпраўленняў юстыцыі рэгіянальных структур палітычных партый. Найперш правяраючых цікавілі юрыдычныя адрасы партыйных струткур, паколькі ад гэтага залежыць магчымасць вылучаць кандыдата на тэрыторыі канкрэтнай выбарчай акругі. У выніку гэтых праверак былі ліквідаваны шэраг арганізацыйных структур дэмакратычных партый: Аб’яднаная грамадзянская партыя – больш за 10, Партыя БНФ – 2, Партыя камуністаў Беларуская – 8 (у тым ліку ва Ўшацкім раёне былі ліквідаваны 5 пярвічных і 1 раённая арганізацыйная структура), у Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) – 10 арганізацыйных структур, у тым ліку Віцебская абласная арганізацыя. Асноўная прычына ліквідацый --- незнаходжанне структур па юрыдычным адрасе ці парушэнні пры прадстаўленні юрыдычных адрасоў. Пры гэтым трэба адзначыць, што ў большасці выпадкаў арганізацыйныя структуры ліквідоўваліся за некалькі дзён да заканчэння рэгістрацыі кандыдатаў альбо непасрэдна ў апошні дзень рэгістрацыі 16 верасня 2004 г.
Па гэтай прычыне не былі зарэгістраваны, напрыклад, сябра Партыі БНФ Уладзімір Вялічкін (ліквідавана суполка партыі “Рэчыцкая” ў г. Брэсце), сябра БСДП(НГ) з г. Віцебска Вольга Карач, сябра ПКБ Аляксандр Кухта (вылучаўся па Полацкай сельскай акрузе №28), сябра АГП Уладзімір Белахвостаў (Клічаўская выбарчая акруга №68).
У адпаведнасці з большасцю Статутаў палітычных партый, іх вышэйшымі рэспубліканскімі кіруючымі органамі з’яўляюцца з’езды. Аднак згодна са Статутам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, такім органам з’яўляецца таксама Нацыянальны камітэт, а згодна са Статутам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) -- Цэнтральны камітэт. Скарыстаўшыся дадзеным запісам у сваім Статуце, 21 жніўня БСДП(НГ) правяла Пленум Цэнтральнага камітэта і вылучыла на ім 56 кандыдатаў у дэпутаты. Разам з тым, перад пачаткам вылучэння палітычнымі партыямі сваіх кандыдатаў старшыня Цэнтральнай камісіі Л. Ярмошына заявіла, што правам вылучаць кандыдатаў валодаюць толькі з’езды, а вылучаныя іншым партыйным органам, акрамя з’езда, кандыдаты ў дэпутаты не будуць рэгістравацца акруговымі выбарчымі камісіямі. БСДП(НГ) у сваю чаргу працягвала адстойваць правамоцнасць вылучэння кандыдатаў Цэнтральным камітэтам. Вырашыць дазеную спрэчку магло толькі Міністэрства юстыцыі, і Цэнтрвыбаркам накіраваў туды запыт з просьбай даць тлумачэнне правамоцнасці вылучэння кандыдатаў ад БСДП(НГ). Міністэрства юстыцыі такое права за Цэнтральным камітэтам партыі прызнала і вынесла рашэнне на карысць сацыял-дэмакратаў.
Большасць партый вылучылі сваіх кандыдатаў падчас з’ездаў, якія праходзілі пад пільным кантролем супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі. Пры гэтым з’езд АГП быў фактычна сарваны -- фармальна па віне адміністрацыі гатэля, якая ў апошні момант па незразумелых прычынах адмовілася прадставіць залу для правядзення з’езда (нягледзчы на папярэднюю дамову і аплату). Разам з тым наяўнасць у заяўленым месцы правядзення з’езда вялікай колькасці супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку і асобаў у цывільным, вядзенне аператыўнай відэаздымкі, дае падставы меркаваць пра запланаванасць гэтых дзеянняў. У выніку з’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі прайшоў у вельмі неспрыяльных умовах у памяшканні офіса партыі.
Далейшым фактам ціску на АГП стала з’яўленне ў Цэнтральнай камісіі дакумента (факса) са Смаргонскай акруговай камісіі падчас разгляду скаргі аб адмове ў рэгістрацыі сябра партыі Зінаіды Бандарэнкі. На бланку Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь за подпісам намесніка міністра Краўцова ўказвалася, што Зінаіда Бандарэнка не можа быць зарэгістравана ў якасці кандыдата ў сувязі з тым, што з’езд АГП прызнаны нелегітымным. Прычыны непрызнання правамоцнасці з’езда пры гэтым не ўказваліся. Прадстаўнік Мінюсту Валерый Міцкевіч, які з’яўляецца сябрам Цэнтральнай камісіі, не змог патлумачыць акалічнасцяў прыняцця гэтага дакумента, ён нават не ведаў пра яго існаванне. Пасля сустрэчы старшыні АГП А. Лябедзькі з міністрам юстыцыі В.Р. Галаванавым, у Цэнтральную камісію паступіў яшчэ адзін ліст з Мінюсту, згодна з якім з’езд АГП прызнаваўся легітымным. Пасля гэтай сустрэчы А. Лябедзька паведаміў, што ў Мінюста былі пытанні да вылучэння дэлегатаў з’езда па чатырох партыйных структурах, аднак не да з’езду ў цэлым.
Гэтыя факты, звязаныя з правядзеннем з’езда АГП і вылучэннем кандыдатаў ад партыі, можна расцэнваць як ціск на палітычную партыю з боку Міністэрства юстыцыі, а таксама пра магчымую распрацоўку ўладамі сцэнару нерэгістрацыі і пазбаўлення рэгістрацыі ўжо зарэгістраваных кандыдатаў ад АГП шляхам непрызнання легітымнасці з’езда.
Пасля правядзення з’ездаў палітычнымі партыямі адпаведныя дакументы аб вылучэнні ў якасці кандыдатаў у дэпутаты былі прадстаўлены ў акруговыя камісіі, якія прымалі рашэнне аб рэгістрацыі ці адмове ў рэгістрацыі кандыдатаў.
1. Рэгістрацыя партыйных кандыдатаў шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў і вылучэння ад палітычных партый
|
|
Партыя БНФ
|
АГП
|
ПКБ
|
БСДП (НГ)
|
БСДГ
|
разам
| |
вылучана
|
55
|
59
|
38
|
56
|
19
|
227
| |
зарэгістравана
|
36*
|
2 7
|
24
|
31 **
|
8
|
126 (55,50%)
| |
адмоўлена
|
15
|
32
|
14
|
21
|
11
|
93 (40,96%)
|
*4 сябры партыі знялі свае кандыдатуры;
**4 сябры партыі знялі свае кандыдатуры
Такім чынам, да ўдзелу ў выбарах не былі дапушчаны больш за 40% патэнцыйных кандыдатаў, сяброў дэмакратычных апазіцыйных партый.
2. Рэгістрацыя кандыдатаў шляхам вылучэння ад палітычных партый
| |
Партыя БНФ
|
АГП
|
ПКБ
|
БСДП (НГ)
|
БСДГ
|
разам
| |
зарэгістравана
|
24
|
26
|
21
|
25
|
8
|
104
|
Асноўнай прычынай адмоваў у рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты стала ўказанне недакладных звестак аб гадавым даходзе і маёмасці у дэкларацыях аб даходах.
Так, Смаргонская акруговая камісія, адмаўляючы ў рэгістрацыі сябру АГП Зінаідзе Бандарэнка, спаслалася на тое, што, падаючы ў дэкларацыі суму атрыманай пенсіі, яна памылілася на 20 рублёў. Цэнтральная камісія пры разглядзе скаргі спадарыні Бандарэнкі высветліла, што ў агульнай суме даходаў прэтэндэнткі памылкі не было і зарэгістравала яе. Згубіўшыя шмат часу на абскарджанне дзеянняў акруговай камісіі на адмову ў рэгістрацыі, са спазненнем на два тыдні Зінаіда Бандарэнка змагла пачаць перадвыбарчую агітацыю.
Паказальна, што ў шэрагу выпадкаў назіраліся несупадзенні дадзеных аб заробку і даходах, атрыманых кандыдатамі па месцы працы і ўказанымі імі ў дэкларацыях, з дадзенымі, якія паступілі па запытах акруговых камісій з мясцовых падаткавых органаў. Адмовай у рэгістрацыі для сябра БСДП(НГ) Валерыя Фралова (Масюкоўшчынская выбарчая акруга №104) стала менавіта гэтае несупадзенне. Валерый Фралоў, які з’яўляўся дэпутатам парламента другога склікання, звярнуўся па даведку аб прыбытках за 2003 год у Палату прадстаўнікоў і па даведку аб налічанай за адпаведны перыяд пенсіі ў ваенкамат. Дадзеныя, атрыманыя з гэтых установаў, ён унёс у дэкларацыю аб прыбытках. Але падчас рэгістрацыі ў акруговай камісіі высветлілася, што туды былі накіраваны з тых жа ўстановаў зусім іншыя дадзеныя аб прыбытках прэтэндэнта ў кандыдаты, што стала прычынай ягонай нерэгістрацыі. Да таго ж В. Фралову быў прыпісаны зямельны ўчастак, які за ім даўно не лічыцца. 24 верасня Цэнтральная камісія разгледзела прадстаўленыя дакументы, якія даказвалі, што прэтэндэнт у кандыдаты дэкларацыю запоўніў правільна, і зарэгістравала яго кандыдатам у дэпутаты. Пры гэтым кандыдат страціў амаль два тыдні, адведзеныя на агітацыю.
Акруговая камісія Глыбоцкай выбарчай акругі №33 адмовіла ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты сябру Партыі БНФ Яраславу Берніковічу на падставе ўтойвання даходу. “Утойваннем” акруговая камісія палічыла тое, што ў дэкларацыі прэтэндэнт у кандыдаты ўказаў атрыманы ганарар ад рэдакцыі часопіса “Служба спасения 01” у суме 104 800 рублёў. Згодна з лістом інспекцыі па падатках і зборах па Глыбоцкаму раёну, які быў накіраваны ў акруговую камісію, была ўказана сума 120 000 рублёў з указаннем на ўтрыманы з дадзенай сумы падатак 10 800 рублёў. Такім чынам, даход Я. Берніковіча, атрыманы ад рэдакцыі часопіса складаў 109 200 рублёў. Разам з тым, згодна з грашовым пераводам, атрыманым Я. Берніковічам з рэдакцыі, сума атрыманага ганарара складала 104 800 рублёў – менавіта гэтая сума была ўказана прэтэндэнтам у дэкларацыі. Цэнтральная камісія, разглядаючы скаргу Я. Берніковіча, пагадзілася з пазіцыяй прэтэндэнта і прыняла рашэнне аб ягонай рэгістрацыі кандыдатам.
Як паказалі вынікі абскарджання рашэнняў акруговых камісій аб адмове ў рэгістрацыі ў Цэнтральнай камісіі, падаўляючая колькасць нематываваных адмоваў у рэгістрацыі прыходзілася на прадстаўнікоў дэмакратычных палітычных партый. Так, у выніку абскарджанняў у Цэнтральнай камісіі і Вярхоўным судзе былі зарэгістраваны 32 кандыдаты ад дэмакратычных палітычных партый з 164 асобаў, якія абскарджвалі рашэнні акруговых камісій аб іх нерэгістрацыі. Гэта сведчыць, па-першае, пра прадузятае стаўленне акруговых камісій да вылучэнцаў ад дэмакратычных партый і, па-другое, пра нізкі прафесійны ўзровень сяброў адпаведных камісій.
Варта адзначыць, што пасля вылучэння сяброў дэмакратычных палітычных партый у якасці кандыдатаў, на іх пачаў аказвацца ціск з боку выканаўчых уладаў -- у асноўным па месцах працы праз адміністрацыі прадпрыемстваў. У выніку гэтага некаторыя з вылучаных кандыдатаў адмовіліся ад далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі.
Так, зьезд Партыі БНФ вылучыў кандыдатам у дэпутаты па Лагойскай выбарчай акрузе № 82 Дзмітрыя Шэвеля, старшыню Лагойскай арганізацыі партыі. Пасля падачы дакументаў на рэгістрацыю ў адпаведную акруговую камісію старшыня Лагойскага раённага выканкаму Несцяркоў выклікаў да сябе дырэктара прадпрыемства “Мінаўт”, на якім Д. Шэвель працуе на пасадзе кантрольнага майстра, і ўльтыматыўна запатрабаваў, каб кандыдат адмовіўся ад удзелу ў выбарах альбо звольніўся з працы. У адваротным выпадку ён абяцаў зачыніць прадпрыемства, а калі не атрымаецца, то зрабіць умовы існавання фірмы невыноснымі. У сувязі з гэтым, Д. Шэвель быў вымушаны, каб не падводзіць калектыў супрацоўнікаў колькасцю 130 чалавек, забраць з акруговай камісіі дакументы аб рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Адначасова Д. Шэвель напісаў заяву ў раённую пракуратуру з просьбай разгледзець факт злоўжывання службовым становішчам з боку старшыні Лагойскага райвыканкама сп. Несцяркова.
Падобнае патрабаванне адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі пад пагрозай звальнення з працы было выкарыстана ў адносінах да сябра Партыі БНФ Аляксандра Меха (Кобрынская выбарчая акругае №11), які працуе інжынерам па эксплуатацыі газавых сетак нізкага ціску ў Кобрынскім упраўленні магістральных газаправодаў ААТ “Белтрансгаз”. Аднак Алесь Мех адмовіўся выканаць незаконнае патрабаванне адміністрацыі прадпрыемства і забраць свае дакументы аб вылучэнні ў якасці кандыдата з акруговай выбарчай камісіі.
Зафіксаваны выпадкі звальнення з працы грамадзян, якія вылучыліся ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Так, былі звольнены з працы два вылучэнцы ад Партыі БНФ -- настаўнік гісторыі Хадасоўскай базавай школы (Вілейскі р-н) Аляксей Сюдак і педагог-псіхолаг школы № 12 г. Маладзечна Вольга Лагвіновіч.
Такім чынам, працэс вылучэння кандыдатаў у дэпутаты ад палітычных партый характарызаваўся ціскам з боку Міністэрства юстыцыі і выканаўчых уладаў на палітычныя партыі краіны. Ціск выражаўся ў зрыве з’езда па вылучэнні кандыдатаў, шматлікіх па-запланавых праверках Міністэрства юстыцыі і яго абласных упраўленняў, а таксама ліквідацыях арганізацыйных структур палітычных партый, звальненнях і пагрозах звальненняў з працоўных месцаў кандыдатаў ад дэмакратычных палітычных партый.
Раздзел 3.
Вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ад працоўных калектываў
У адпаведнасці з арт. 69 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, працоўныя калектывы з’яўляюцца адным з суб’ектаў, якія надзелены правам вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Парадак вылучэння кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад працоўнага калектыва рэгулюецца арт. 63 Выбрачага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Згодна з гэтым артыкулам, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад працоўных калектываў арганізацый ажыццяўляецца на сходах (канферэнцыях) выбаршчыкаў у працоўных калектывах. Пры гэтым, згодна з дадзеным артыкулам, працоўныя калектывы, якія вылучаюць кандыдата ў дэпутаты, павінны знаходзіцца на тэрыторыі выбарчай акругі, налічваць не меньш за 300 чалавек працуючых і мець права юрыдычнай асобы. Сходы (канферэнцыі) склікаюцца адміністрацыяй арганізацыі як па ўласнай ініцыятыве, так і па ініцыятыве групы выбаршчыкаў не меньш за 150 чалавек, якія працуюць у арганізацыі.
На сходзе павінна прысутнічаць больш за палову складу працоўнага калектыву. Працоўны калектыў можа вылучыць толькі аднаго каныдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Рашэнне сходу (канферэнцыі) працоўнага калектыву прымаецца большасцю галасоў.
Дадзены шлях вылучэння найбольш часта выкарыстоўваўся для вылучэння кандыдатаў, якіх падтрымлівала ўлада. Сходы працоўных калектываў пры такім вылучэнні часцей за ўсё склікаліся адміністрацыямі прадпрыемстваў, пры гэтым большасць з якіх адносяцца да дзяржаўнай формы ўласнасці ці акцыянерных таварыстваў, кантрольны пакет акцый якіх належыць дзяржаве.
Улічваючы фактычна татальную кантрактызацыю працоўных дзяржаўных прадпрыемстваў, правядзенне сходаў па вылучэнні кандыдатаў ў дэпутаты ад працоўных калектываў у асноўным праходзілі з адзінаголосным галасаваннем за прапанаванага кандыдата і фактычна з’яўляліся праявай выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу. Пры такім способе вылучэння распаўсюджаным з’яўляецца парушэнне прынцыпу свабоднага ўдзелу ў выбарах.
Трэба адзначыць, што ад вылучэння кандыдатаў у дэпутаты ад працоўных калектываў ужо адмовілся фактычна ўсе краіны былога Савецкага Саюзу. Пра неабходнасць адмены дадзенай формы вылучэння неаднаразова казалі і ўносілі свае прапановы незалежныя эксперты ў галіне выбарчага заканадаўства і прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партый. У канцы жніўня 2004 г., падчас этапу вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына завіла пра магчымасць адмовы ад дадзенага спосабу вылучэння кандыдатаў. “У будучым нам, хутчэй за ўсё, прыйдзецца адыйсці ад вылучэння кандыдатаў на сходах працоўных калектываў, як гэта было распаўсюджана ў савецкія часы. Працоўныя калектывы не павінны ўдзельнічаць у палітыцы. Выбаршчыкі неахвотна прыходзяць на такія сходы”, -- сказала старшыня Цэнтральнай камісіі на сустрэчы з прадстаўнікамі Беларускай канфедэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў.
Разам з тым, усяго па краіне ад працоўных калектываў было зарэгістравана 137 кандыдатаў у дэпутаты, пасля абскарджання ў Цэнтральнай камісіі была адноўлена рэгістрацыя яшчэ 2 кандыдатаў. Такім чынам, шляхам вылучэння ад працоўных калектываў было зарэгістравана 139 кандыдатаў у дэпутаты, што склала 32,2% ад іх агульнай колькасці.
Раздзел 4.
Абскарджанне рашэнняў акруговых камісій аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты
У адпаведнасці з арт. 68 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, рашэнне акруговай камісіі аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатам ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў можа быць абскарджана ў трохдзённы тэрмін у Цэнтральнай камісіі. Рашэнне Цэнтральнай камісіі ў трохдзённы тэрмін можа быць абскарджана ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Вярхоўны суд разглядае скаргу ў трохдзённы тэрмін, яго рашэнне з’яўляецца канчатковым.
Правам абскардзіць рашэнні аб адмове ў рэгістрацыі ў Цэнтральнай камісіі скарысталіся 164 незарэгістраваныя прэтэндэнты ў кандыдаты. Першыя паседжанні па разглядзе пададзеных скаргаў Цэнтральная камісія распачала 21 і завяршыла 29 верасня 2004 года. У 44 выпадках Цэнтральная камісія задаволіла скаргі і прыняла рашэнне аб рэгістрацыі кандыдатаў, у тым ліку: 2 кандыдатаў, вылучаных працоўнымі калектывамі, 10 кандытатаў, вылучаных шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў і 33 -- вылучаных ад палітычных партый.
Правам абскарджання рашэнняў акруговых камісій пасля абскарджання ў Цэнтральнай камісіі ў Вярхоўным судзе скарысталіся больш за 60 чалавек. Вярхоўны суд задаволіў толькі дзве скаргі і прыняў рашэнні аб рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў. Пасля разгляду скаргаў у Вярхоўным судзе кандыдатамі ў дэпутаты сталі старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды Сяргей Ярмак (Гомельская-Юбілейная выбарчая акруга №33) і сябра Камуністычнай партыі Беларусі Уладзімір Шокаў (Старавіленская выбарчая акруга №105).
Вынікі рэгістрацыі кандыдатаў, вылучаных ад дэмакратычных палітычных партый пасля абскарджання ў Цэнтральнай камісіі і Вярхоўным судзе (па дадзеных Цэнтральнай камісіі)
|
|
Партыя БНФ
|
АГП
|
ПКБ
|
БСДП (НГ)
|
БСДГ
|
разам
| |
зарэгістравана
|
30
|
37
|
30
|
28
|
1 2
|
13 7
|
Выклікае заклапочанасць той факт, што пасля падвядзення вынікаў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты з 110 выбарчых акруг у 8 акругах (7,27%) выбары прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове (Івацэвіцкая выбарчая акруга №10, Віцебская сельская выбарчая акруга № 21, Гомельская-Навабеліцкая выбарчая акруга № 38, Гомельская сельская выбарчая акруга № 39, Калінкавіцкая выбарчая акруга № 43, Мозырская выбарчая акруга № 44, Хойніцкая выбарчая акруга № 49, Навагрудская выбарчая акруга № 59).
Трэба адзначыць, што прысутнасць сяброў Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу падчас паседжанняў Цэнтральнай камісіі пры разглядах скаргаў на рашэнні акруговых камісій аб адмове ў рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты адыграла сваю ролю. Дзякуючы іх прысутнасці, Цэнтральная камісія адмяняла некаторыя рашэнні акруговых камісій аб адмове ў рэгістрацыі і абавязвала акруговыя камісіі правесці рэгістрацыю кандыдатаў.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Праваабарончага Цэнтру Вясна
|