|
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
Вясковая дарога. Дрэва. Вечар. Эстрагон, седзячы на нізкім 1 камяні, спрабуе зьняць чаравік. Стогнучы, сьцягвае яго абедзьвюма рукамі. Стомлены, спыняецца, аддыхваецца, адпачывае хвіліну, спрабуе наноў. Той самы вынік. Уваходзіць Уладзімер.
ЭСТРАГОН (ужо зьмірыўшыся). Нічога 2 ня зробіш.
УЛАДЗIМЕР (набліжаецца дробнымі, цьвёрдымі крочкамі, шырока расставіўшы ногі). Пачынаю схіляцца да таго 3. (Спыняецца.) Усё жыцьцё я змагаўся з гэтай думкай, пераконваючы сябе: спакойна, Уладзімер, спакойна, ты не паспрабаваў яшчэ ўсяго. I змагаўся далей. (Задумваецца, успамінае сваё змаганьне. Да Эстрагона.) Ну вось, ты зноўку тут.
ЭСТРАГОН. Ты так лічыш?
УЛАДЗIМЕР. Прыемна зноўку цябе ўбачыць. Я думаў, што ты сышоў назаўсёды.
ЭСТРАГОН. Я таксама.
УЛАДЗIМЕР. Вось жа, мы зноўку разам! 4 Трэба было б адзначыць гэта неяк. Толькі як? (Разважае.) Уставай, дай я цябе абдыму.
Працягвае руку да Эстрагонa.
ЭСТРАГОН (раззлаваны). Адну хвіліначку, адну хвіліначку.
УЛАДЗIМЕР (абражаны, холадна). Дазвольце пацікавіцца, дзе вашая мосьць мела гонар начаваць?
ЭСТРАГОН. У канаве.
УЛАДЗIМЕР (у захапленьні). У канаве! I дзе ж гэта?
ЭСТРАГОН (ня робячы ніякіх жэстаў). Вунь там.
УЛАДЗIМЕР. I цябе не пабілі?
ЭСТРАГОН. Пабілі? Вядома ж, пабілі 5.
УЛАДЗIМЕР. Тыя самыя, што й заўсёды?
ЭСТРАГОН. Ці тыя? Ня ведаю.
Цішыня.
УЛАДЗIМЕР. Калі я так думаю пра гэта… усе гэтыя гады… што сталася б з табою… каб ня я… (Рашуча.) Ды ты быў бы ўжо вартай жалю купкаю касьцей, дакладна.
ЭСТРАГОН (цалкам зьняважаны). Ну і што з таго?
УЛАДЗIМЕР (журботна). Зашмат, як на аднаго чалавека 6. (Паўза. З ажыўленьнем.) Зь іншага боку, кажу я сабе, які сэнс менавіта цяпер траціць надзею 7. Трэба было падумаць пра гэта зь мільён год таму, перад тысяча дзевяцісотым 8.
ЭСТРАГОН. Ах, годзе ўжо плявузгаць, дапамажы лепей зьняць гэтае паскудзтва.
УЛАДЗIМЕР. Трымаючыся за рукі, аднымі зь першых, мы скочылі зь вежы Эйфэля. Тады мы былі ў пашане. Цяпер ужо запозна. Нам не дазволілі б нават падняцца на яе. (Эстрагон важдаецца са сваім чаравікам.) Што ты там робіш?
ЭСТРАГОН. Здымаю чаравік. Ты што, ніколі не разуваўся?
УЛАДЗIМЕР. Чаравікі трэба мусова здымаць кожны дзень. Сколькі разоў я табе паўтараў! Чаму ты ніколі мяне ня слухаеш? 9
ЭСТРАГОН (слабенька). Дапамажы мне!
УЛАДЗIМЕР. Табе балюча?
ЭСТРАГОН (злосна). Ці мне балюча?! Ён пытаецца, ці мне балюча!
УЛАДЗIМЕР (злосна). Нібыта толькі ты ў нас пакутуеш! Мае пакуты неістотныя. Хацеў бы я пачуць, што б ты сказаў на маім месцы.
ЭСТРАГОН. Табе балюча?
УЛАДЗIМЕР (злосна). Ці мне балюча?! Ён пытаецца, ці мне балюча!
ЭСТРАГОН (паказваючы пальцам). Але зашпіліць прарэх усё ж варта, нягледзячы ні на што.
УЛАДЗIМЕР (нахіліўшыся). Рацыя. (Зашпільвае прарэх.) На дробязі трэба зьвяртаць увагу ў кожнай сытуацыі.
ЭСТРАГОН. А чаго ж ты іншага чакаў, ты ж заўсёды адкладаеш да апошняй хвіліны.
УЛАДЗIМЕР (у задуменьні). Апошняй хвіліны… (Успамінае нешта.) Надзея, якая доўга ня праўдзіцца, стамляе нешта 10. Хто гэта сказаў?
ЭСТРАГОН. Ты мне дапаможаш?
УЛАДЗIМЕР. Часам мне здаецца, што ўсё-ткі надыдзе 11. Тады я адчуваю сябе так… (Здымае капялюш, зазірае ў яго, мацае рукою, патрасае ім, ізноў надзявае.) Як бы гэта патлумачыць? Мне лягчэй, а ў той жа момант… (Падбірае слова.) … мяне працінае вусьцішнасьць. (Падкрэсьліваючы.) ВУСЬ-ЦIШ-НАСЬЦЬ. (Iзноў здымае капялюш і зазірае ў яго.) Дзіўна 12. (Стукае па капелюшы, як бы хацеў зь яго нешта вытрасьці, зноў зазірае ў яго, надзявае.) Нічога ня зробіш 13. (Эстрагон зь цяжкасьцю здымае чаравік. Зазірае ў яго, мацае рукою, пераварочвае дагары нагамі, патрасае ім, пазірае долу, ці ня выпала штосьці, нічога не знаходзіць, ізноў суе руку ў сярэдзіну, тупа глядзіць перад сабою.) Ну як?
ЭСТРАГОН. Нічога.
УЛАДЗIМЕР. Пакажы.
ЭСТРАГОН. Няма чаго паказваць.
УЛАДЗIМЕР. Паспрабуй абуць яго шчэ раз.
ЭСТРАГОН (пазіраючы на свой ступак). Я хачу яго крыху праветрыць.
УЛАДЗIМЕР. Вось яна, адвечная рыса чалавека: у цябе заўжды чаравік вінаваты, а не твае ўласныя ногі. (Iзноў здымае капялюш, зазірае ў яго, мацае рукою, патрасае ім, стукае па ім, дзьме ў сярэдзіну, надзявае.) Гэта пачынае раздражняць 14. (Цішыня. Уладзімер паглыбляецца ў думкі 15. Эстрагон варушыць пальцамі на нагах, каб схаладзіць іх гэткім чынам.) Адзін са злачынцаў атрымаў збаўленьне. (Паўза.) Даволі прыстойны адсотак. (Паўза.) Гога.
ЭСТРАГОН. Што?
УЛАДЗIМЕР. Можа, пачаць каяцца?
ЭСТРАГОН. Каяцца 16? У чым?
УЛАДЗIМЕР. Ну… (Задумваецца.) Варта ж капацца ў дробязях?
ЭСТРАГОН. Хіба ў тым, што мы нарадзіліся? 17
Уладзімер выбухае рогатам, які, аднак, адразу ж здушвае, схапіўшыся за падбрушша й скрывіўшы твар.
УЛАДЗIМЕР. Нават сьмеху ўжо нельга сабе дазволіць.
ЭСТРАГОН. Жудасна гэтага бракуе 18.
УЛАДЗIМЕР. Застаецца адно ўсьміхацца. (Нечакана ўсьміхаецца ад вуха да вуха, працягвае гэтак усьміхацца, пасьля чаго раптам перапыняецца.) Гэта ня тое самае. Нічога ня зробіш 19. (Паўза.) Гога.
ЭСТРАГОН (злосна). Ну, што зноў?
УЛАДЗIМЕР. Ці чытаў ты калі Біблію?
ЭСТРАГОН. Біблію?.. (Задумваецца.) Мусіць, праглядаў.
УЛАДЗIМЕР (зьдзіўлены). У бязбожнай школе?
ЭСТРАГОН. Ня ведаю, ці была яна бязбожная, ці не?
УЛАДЗIМЕР. Ты нешта блытаеш 20. Памятаеш Эвангельле? 21
ЭСТРАГОН. Памятаю мапы Сьвятой Зямлі. Былі каляровыя. Вельмі прыгожыя. Мёрвае Мора было бледна-блакітнае. Ад аднаго глядзеньня хацелася піць. Паедзем туды, казаў я сабе, паедзем туды на мядовы месяц. Будзем плаваць. Будзем шчасьлівыя.
УЛАДЗIМЕР. Табе трэба было зрабіцца паэтам.
ЭСТРАГОН. Я ім быў. (Паказвае на свае лахманы.) А што, хіба не відаць?
Цішыня.
УЛАДЗIМЕР. Пра што гэта я казаў… Як твая нага?
ЭСТРАГОН. Пухне на вачох.
УЛАДЗIМЕР. Ага, пра двух злачынцаў. Памятаеш гэтую гісторыю?
ЭСТРАГОН. Не.
УЛАДЗIМЕР. Апавесьці?
ЭСТРАГОН. Не.
УЛАДЗIМЕР. Так час хутчэй праміне. (Паўза.) Два злачынцы, укрыжаваныя разам са Збаўцам. Адзін зь іх…
ЭСТРАГОН. З чым?
УЛАДЗIМЕР. Са Збаўцам. Два злачынцы. Адзін зь іх атрымаў збаўленьне, а другі… (Шукае антонім.) …праклён.
ЭСТРАГОН. Збаўленьне ад чаго?
УЛАДЗIМЕР. Ад пекла.
ЭСТРАГОН. Пайду я адсюль.
Не кранаецца зь месца.
УЛАДЗIМЕР. Чаму, аднак… (Паўза.) …сярод чатырох Эвангелістаў… я, спадзяюся, ня нуджу цябе?
ЭСТРАГОН. Не, я ня слухаю.
УЛАДЗIМЕР. Чаму, аднак, сярод чатырох Эвангелістаў толькі адзін пра гэта піша? Там жа былі ўсе – там альбо дзесьці побач. А пра збаўленага злачынцу піша толькі адзін. (Паўза.) Гога, ну, калі ласка, адрэагуй хоць нейкім чынам!
ЭСТРАГОН (зь перабольшаным энтузіязмам). Гэта сапраўды неймаверна! 22
УЛАДЗIМЕР. Адзін з чатырох. З трох астатніх двое наагул ня згадваюць пра злачынцаў, а трэці кажа, што абодва зьневажалі Яго 23.
ЭСТРАГОН. Каго?
УЛАДЗIМЕР. Што?
ЭСТРАГОН. Нічога не разумею… (Паўза). Каго зьневажалі?
УЛАДЗIМЕР. Збаўцу.
ЭСТРАГОН. Чаму?
УЛАДЗIМЕР. Бо не хацеў іх збавіць.
ЭСТРАГОН. Ад пекла?
УЛАДЗIМЕР. Дурань! 24 Ад сьмерці.
ЭСТРАГОН. Мне здавалася, што ты казаў пра пекла 25.
УЛАДЗIМЕР. Ад сьмерці, ад сьмерці 26.
ЭСТРАГОН. Ну і што?
УЛАДЗIМЕР. А тое, што двое мусілі быць асуджаныя.
ЭСТРАГОН. Ну і што?
УЛАДЗIМЕР. Але адзін з чатырох кажа, што адзін з двух атрымаў збаўленьне 27.
ЭСТРАГОН. Ну і ў чым справа? Проста яны не згаджаюцца паміж сабою, і ўсё.
УЛАДЗIМЕР. Але там былі ўсе чацьвёра. А пра збаўленага злачынцу піша толькі адзін. Дык чаму ж якраз яму трэба верыць?
ЭСТРАГОН. А хто яму верыць?
УЛАДЗIМЕР. Як гэта хто? Усе! Людзі ведаюць толькі гэтую вэрсію.
ЭСТРАГОН. Людзі – гэта малпы.
Зь цяжкасьцю падымаецца, ідзе да левай кулісы, спыняецца, выглядае нешта ўводдалі, прыкрываючы рукою вочы, адварочваецца, ідзе да правай, выглядае нешта ўводдалі. Уладзімер назірае за ім, затым падыходзіць да чаравіка, падымае яго, зазірае ў сярэдзіну й адразу ж адкідае.
УЛАДЗIМЕР. Цьху!
Сплёўвае. Эстрагон вяртаецца ў цэнтар, становіцца сьпінаю да публікі 28, глядзіць углыб сцэны.
ЭСТРАГОН. Вельмі чароўнае месца. (Адварочваецца, ідзе наўперад сцэны, спыняецца тварам да публікі.) А далягляды – аж займае дых. (Зьвяртаецца да Ўладзіміра.) Хадзем.
УЛАДЗIМЕР. Нельга.
ЭСТРАГОН. Чаму?
УЛАДЗIМЕР. Мы чакаем Гадо.
ЭСТРАГОН (безнадзейна) 29. A, так. (Паўза.) Ты ўпэўнены, што гэта тут?
УЛАДЗIМЕР. Што?
ЭСТРАГОН. Мы павінны чакаць.
УЛАДЗIМЕР. Ён сказаў, што ля дрэва. (Пазіраюць на дрэва.) Ты бачыш нейкія іншыя?
ЭСТРАГОН. Што гэта можа быць?
УЛАДЗIМЕР. Ня ведаю. Вярба 30.
ЭСТРАГОН. А дзе лісьце?
УЛАДЗIМЕР. Мусіць, ссохла.
ЭСТРАГОН. Ужо больш ня плача.
УЛАДЗIМЕР. А можа, проста не сэзон.
ЭСТРАГОН. Выглядае хутчэй як хмыз.
УЛАДЗIМЕР. Куст.
ЭСТРАГОН. Хмыз.
УЛАДЗIМЕР. Куст… (Зарыентаваўшыся.) Ты падазраеш… што мы памыліліся месцам?
ЭСТРАГОН. Ён павінен быць тут.
УЛАДЗIМЕР. Ён не казаў, што прыйдзе напэўна.
ЭСТРАГОН. A калі ня прыйдзе?
УЛАДЗIМЕР. Тады прыйдзем заўтра зноў.
ЭСТРАГОН. A потым пасьлязаўтра.
УЛАДЗIМЕР. Магчыма.
ЭСТРАГОН. I гэтак далей.
УЛАДЗIМЕР. Значыць…
ЭСТРАГОН. Аж пакуль ня прыйдзе.
УЛАДЗIМЕР. Ты бязьлітасны.
ЭСТРАГОН. Мы прыходзілі сюды ўчора.
УЛАДЗIМЕР. Нічога падобнага! Ды не, ты штосьці паблытаў.
ЭСТРАГОН. А што мы рабілі ўчора?
УЛАДЗIМЕР. Што мы рабілі ўчора?
ЭСТРАГОН. Ну.
УЛАДЗIМЕР. Я ўпэўнены, што... (Злосна.) Сеяць зерне сумневу ты ўмееш.
ЭСТРАГОН. На мой погляд, мы былі тут.
УЛАДЗIМЕР (гледзячы навокал). Ці знаёмае табе гэтае месца?
ЭСТРАГОН. Я гэтага не казаў.
УЛАДЗIМЕР. Ну дык?
ЭСТРАГОН. Гэта ня мае ніякага значэньня.
УЛАДЗIМЕР. Усё-такі… тое дрэва… (Зьвяртаючыся ў бок публікі.) Тое багнішча…
ЭСТРАГОН. Ты ўпэўнены, што сёньня ўвечары?
УЛАДЗIМЕР. Што?
ЭСТРАГОН. Мы павінны чакаць.
УЛАДЗIМЕР. Ён сказаў, што ў суботу. (Паўза.) Так мне здаецца.
ЭСТРАГОН. Здаецца! 31
УЛАДЗIМЕР. Я, мусіць, гэта недзе запісаў.
Корпаецца ў кішэнях, поўных усялякага сьмецьця.
ЭСТРАГОН (хітра) 32. Але ў якую суботу? I ці сёньня субота? Ці, можа, нядзеля? (Паўза.) Альбо панядзелак? (Паўза.) Альбо пятніца?
УЛАДЗIМЕР (нэрвова азіраецца па баках, нібыта дата напісаная недзе ў прасторы). Не, гэта немагчыма.
ЭСТРАГОН. Альбо чацьвер.
УЛАДЗIМЕР. Што рабіць?
ЭСТРАГОН. Калі ён прыходзіў учора і нас не знайшоў, то можаш быць упэўнены, што сёньня ня прыйдзе
УЛАДЗIМЕР. Але ж ты казаў, што мы былі тут учора.
ЭСТРАГОН. Я магу памыляцца. (Паўза.) Памаўчым хвілінку, добра?
УЛАДЗIМЕР (зьнясілена). Добра. (Эстрагон садзіцца на камень 33. Уладзімер нэрвова ходзіць узад-уперад, спыняючыся час ад часу, каб выглядаць нешта ўводдалі. Эстрагон засынае. Уладзімер урэшце спыняецца перад Эстрагонaм.) Гога!.. (Цішыня.) Гога!.. (Цішыня.) ГОГА!
Эстрагон падхопліваецца, як апараны кіпнем.
ЭСТРАГОН (усьведамляючы жахлівасьць сытуацыі). Я спаў! (З дакорам.) Чаму ты ніколі не дазваляеш мне паспаць?
УЛАДЗIМЕР. Мне зрабілася самотна.
ЭСТРАГОН. Я сьніў сон.
УЛАДЗIМЕР. Не апавядай мне яго!
ЭСТРАГОН. Я мроіў…
УЛАДЗIМЕР. НЕ АПАВЯДАЙ МНЕ ЯГО!
ЭСТРАГОН (паказваючы на навакольны сьвет). Гэтага табе дастаткова? (Цішыня.) Ты нядобры, Дзідзі. З кім жа дзяліць мне свае кашмары, калі не з табою?
УЛАДЗIМЕР. Захавай іх для сябе. Ты ведаеш, што я гэтага не стрываю.
ЭСТРАГОН (холадна). Бывае час, калі я разважаю, ці не было б лепш, каб мы рассталіся.
УЛАДЗIМЕР. Далёка б ты не зайшоў.
ЭСТРАГОН. Сапраўды, гэта было б вельмі прыкра. (Паўза.) Гэта было б вельмі прыкра, Дзідзі, га? (Паўза.) Калі ўзяць пад увагу прыгажосьць дарогі. (Паўза.) I прыемных спадарожнікаў. (Паўза. Лісьліва.) Ці ня так, Дзідзі?
УЛАДЗIМЕР. Супакойся.
ЭСТРАГОН (смакуючы). Супакойся… супакойся… (Летуценна.) Ангельцы кажуць “супакооойся”. Гэта людзі спакойныя. (Паўза.) Ведаеш гэты жарт пра ангельца ў бардэлі?
УЛАДЗIМЕР. Так.
ЭСТРАГОН. Раскажы мне.
УЛАДЗIМЕР. Годзе!
ЭСТРАГОН. Адзін ангелец, напіўшыся больш, чым звычайна, пайшоў у бардэль. Мадам пытаецца ў яго, ці ён жадае бялявую, чарнявую ці трэцю-рыжу-кучаравую 34. Ну, расказвай далей.
УЛАДЗIМЕР. ГОДЗЕ!
Уладзімер пасьпешна адыходзіць. Эстрагон падымаецца і йдзе за ім ажно на край сцэны. Робіць рухі, падобныя да тых, што робіць заўзятар, заахвочваючы баксэра да бойкі. Уладзімер вяртаецца, абмінае Эстрагона, схіліўшы галаву, праходзіць праз сцэну. Эстрагон ідзе некалькі крокаў за ім, пасьля чаго спыняецца.
ЭСТРАГОН (лагодна). Ты хацеў паразмаўляць са мною? (Цішыня. Эстрагон ступае крок наперад.) Ты хацеў сказаць мне штосьці? (Цішыня. Яшчэ адзін крок наперад.) Дзідзі…
УЛАДЗIМЕР (не паварочваючыся). Не хачу размаўляць з табою.
ЭСТРАГОН (крок наперад). Ты злуесься? (Цішыня. Крок наперад.) Прабач. (Цішыня. Крок наперад. Эстрагон кладзе руку на плячо Ўладзіміра.) Ну, Дзідзі. (Цішыня.) Дай мне сваю руку. (Уладзімер паварочваецца напалову 35.) Абдымі мяне! (Уладзімер нібы скамянелы.) Ня ўпарціся! (Уладзімер мякчэе. Абдымаюцца. Эстрагон адступае.) Ты сьмярдзіш часныком!
УЛАДЗIМЕР. Гэта дзеля нырак. (Цішыня. Эстрагон уважліва ўзіраецца ў дрэва.) Што рабіцьмем?
ЭСТРАГОН. Чакацьмем.
УЛАДЗIМЕР. Так, але чакаючы?
ЭСТРАГОН. Можа, павесіцца?
УЛАДЗIМЕР. Гм 36. Мы мелі б эрэкцыю.
ЭСТРАГОН (узбуджаны). Эрэкцыю!
УЛАДЗIМЕР. З усім, што з гэтага выцякае. I там, куды яно выцякае, вырастаюць мандрагоры. Таму яны крычаць немым голасам, калі іх выдзіраюць зь зямлі. Ты ня ведаў пра гэта?
ЭСТРАГОН. Вешаймася неадкладна!
УЛАДЗIМЕР. На галіне? (Падыходзяць да дрэва й прыглядаюцца да яго.) Я б лепш яму не давяраў.
ЭСТРАГОН. Заўсёды можна паспрабаваць.
УЛАДЗIМЕР. Паспрабуй.
ЭСТРАГОН. Ты першы.
УЛАДЗIМЕР. Не, не, ты першы.
ЭСТРАГОН. Чаму я?
УЛАДЗIМЕР. Ты лягчэйшы за мяне.
ЭСТРАГОН. Ну вось.
УЛАДЗIМЕР. Не разумею.
ЭСТРАГОН. Дык паварушы крыху мазгамі?
Уладзімер варушыць мазгамі.
УЛАДЗIМЕР (нарэшце). Ведаць ня ведаю.
ЭСТРАГОН. Дык вось. (Зьбірае думкі.) Галіна… галіна… (Са злосьцю.) Ну, не разумееш гэтага?
УЛАДЗIМЕР. На цябе адна надзея.
ЭСТРАГОН (з напружаньнем). Гога лёгкі – галіна не зламаецца – Гога труп. Дзідзі цяжкі – галіна зламаецца – Дзідзі самотны. (Паўза.) У той час як…
Шукае адпаведную фармулёўку.
УЛАДЗIМЕР. Сапраўды, я не падумаў пра гэта.
ЭСТРАГОН. А калі вытрымае больш, вытрымае й меньш.
УЛАДЗIМЕР. Але ці я сапраўды цяжэйшы за цябе?
ЭСТРАГОН. Гэта ты сказаў. Я ня ведаю. Шанцы роўныя, пяцьдзясят на пяцьдзясят. Альбо каля таго.
УЛАДЗIМЕР. Дык што рабіцьмем?
ЭСТРАГОН. Нічога. Так будзе найбясьпечней.
УЛАДЗIМЕР. Чакайма, пабачым, што ён нам скажа.
ЭСТРАГОН. Хто?
УЛАДЗIМЕР. Гадо.
ЭСТРАГОН. Слушная думка.
УЛАДЗIМЕР. Мы мусім сьпярша ведаць, што і як.
ЭСТРАГОН. А з другога боку, можа лепш каваць жалеза, пакуль гарачае.
УЛАДЗIМЕР. Цікава, што ён нам прапануе. Тады ўжо будзе нашая воля – пагадзіцца альбо адмовіць.
ЭСТРАГОН. А аб чым мы ў яго прасілі, уласна кажучы?
УЛАДЗIМЕР. Цябе што – там не было?
ЭСТРАГОН. Я мог ня слухаць.
УЛАДЗIМЕР. Ну… Нічога канкрэтнага.
ЭСТРАГОН. Як у малітве.
УЛАДЗIМЕР. Дакладна.
ЭСТРАГОН. Неакрэсьленая просьба.
УЛАДЗIМЕР. Дакладна так.
ЭСТРАГОН. I што ён адказаў?
УЛАДЗIМЕР. Што падумае.
ЭСТРАГОН. Што нічога ня можа абяцаць.
УЛАДЗIМЕР. Што мусіць гэта ўзважыць.
ЭСТРАГОН. На сьвежую галаву.
УЛАДЗIМЕР. Параіцца зь сям’ёй.
ЭСТРАГОН. Зь сябрамі.
УЛАДЗIМЕР. З агентамі.
ЭСТРАГОН. З карэнспандэнтамі.
УЛАДЗIМЕР. Прагледзець паперы.
ЭСТРАГОН. Спраўдзіць банкаўскі рахунак.
УЛАДЗIМЕР. Перад тым як вырашыць.
ЭСТРАГОН. Гэта натуральна.
УЛАДЗIМЕР. Ці ж не?
ЭСТРАГОН. Я мяркую, што так.
УЛАДЗIМЕР. Я мяркую таксама.
Цішыня.
ЭСТРАГОН (занепакоены). Ну добра, а мы?
УЛАДЗIМЕР. Што-што?
ЭСТРАГОН. А мы, пытаюся?
УЛАДЗIМЕР. Не разумею.
ЭСТРАГОН. Што з намі?
УЛАДЗIМЕР. Што з намі?
ЭСТРАГОН. Асьцярожна, не сьпяшайся.
УЛАДЗIМЕР. Што з намі? Мусім пакорна прасіць.
ЭСТРАГОН. Aх так!
УЛАДЗIМЕР. А Яго Вялікасьць хацеў бы ставіць умовы?
ЭСТРАГОН. А што, мы ўжо ня маем правоў?
Сьмех Уладзімера, абарваны, як і раней. Тое ж самае, што й на пачатку, толькі без усьмешкі.
УЛАДЗIМЕР. Я б пасьмяяўся, каб мог.
ЭСТРАГОН. Хіба мы страцілі свае правы?
УЛАДЗIМЕР (переканаўча). Мы адмовіліся ад іх 37.
Цішыня. Стаяць нерухома з пахіленымі галовамі, апушчанымі рукамі й сагнутымі ў каленях нагамі.
ЭСТРАГОН (зьнясілена). Ці мы зьняволеныя? (Паўза.) Ці ж мы…
УЛАДЗIМЕР (уздымаючы руку). Чуеш!
Прыслухоўваюцца, стоячы ў гратэскавых позах.
ЭСТРАГОН. Нічога ня чую.
УЛАДЗIМЕР. Ша! (Прыслухоўваюцца. Эстрагон губляе раўнавагу, ледзь ня падае. Хапае Ўладзіміра, які хістаецца, за плячо. Яны прыслухоўваюцца, прытуленыя адно да аднаго.) Я таксама не.
Відавочная палёгка. Аслабленьне напружаньня. Разьдзяляюцца.
ЭСТРАГОН. Нагнаў ты на мяне жаху.
УЛАДЗIМЕР. Я думаў, гэта ён.
ЭСТРАГОН. Хто?
УЛАДЗIМЕР. Гадо.
ЭСТРАГОН. Э! Вецер у трысьнягу.
УЛАДЗIМЕР. Галаву на адсячэньне даю, што чуў нейкі крык.
ЭСТРАГОН. Нашто яму крычаць?
УЛАДЗIМЕР. На каня.
Цішыня.
ЭСТРАГОН. Хадзем!
УЛАДЗIМЕР. Куды? (Паўза.) Можа, ужо сёньня ўвечары будзем спаць у яго, у цяпле, на сухім, з поўным пузам, на саломе. Лепш чакаць. Ці ня так?
ЭСТРАГОН. Але не ўначы?
УЛАДЗIМЕР. Пакуль што дзень.
Цішыня.
ЭСТРАГОН (раптоўна) 38. Я згаладаў!
УЛАДЗIМЕР. Хочаш моркаўку?
ЭСТРАГОН. Толькі гэта засталося?
УЛАДЗIМЕР. Я, здаецца, маю яшчэ нейкую рэпу.
ЭСТРАГОН. Дай мне тады моркаўку. (Уладзімер корпаецца ў кішэнях, выймае рэпу й падае Эстрагону. Эстрагон адгрызае кавалак. Са злосьцю 39.) Гэта рэпа!
УЛАДЗIМЕР. Ой, прашу прабачэньня! Галаву даў бы на адсячэньне, што гэта моркаўка. (Iзноў поркаецца ў кішэнях, знаходзячы, аднак, адны рэпы.) Рэпы, адны рэпы. (Поркаецца далей.) Ты, мабыць, зьеў ужо апошнюю. (Поркаецца далей.) Чакай, ёсьць. (Урэшце выцягвае моркаўку й падае Эстрагону.) Калі ласка. (Эстрагон рукавом выцірае моркаўку й пачынае есьці.) Рэпа. (Эстрагон аддае Ўладзіміру рэпу.) Пакінь сабе кавалак на потым, болей ужо няма.
ЭСТРАГОН (пражоўваючы). Я задаў табе пытаньне.
УЛАДЗIМЕР. А?
ЭСТРАГОН. Ці ты мне адказаў?
УЛАДЗIМЕР. Як моркаўка?
ЭСТРАГОН. Саладзенькая.
УЛАДЗIМЕР. Тады выдатна. (Паўза.) Дык што ты там хацеў спытаць?
ЭСТРАГОН. Забыўся. (Перажоўвае.) I гэта мяне раздражняе. (Пяшчотна прыглядаецца да моркаўкі, круціць яе ў руках.) Цудоўная! (Смокча ейны кончык у задуменьні.) Так, успомніў.
Адгрызае кавалак.
УЛАДЗIМЕР. Ну?
ЭСТРАГОН (з поўным ротам, тупа). Ці мы зьняволеныя?
УЛАДЗIМЕР. Не разумею, пра што ты гаворыш 40.
ЭСТРАГОН (перажоўваючы, праглынаючы). Пытаюся, ці мы ёсьць зьняволенымі.
УЛАДЗIМЕР. Зьняволенымі?
ЭСТРАГОН. Зьня-воленымі.
УЛАДЗIМЕР. Што ты маеш на ўвазе?
ЭСТРАГОН. Ня ведаеш, што такое зьняволеныя.
УЛАДЗIМЕР. Зьняволеныя кім? Чые зьняволеныя?
ЭСТРАГОН. Ну гэтага, твайго там.
УЛАДЗIМЕР. Гадо? Зьняволеныя Гадо! З чаго ты гэта ўзяў! Нічога падобнага. (Паўза.) Пакуль яшчэ не.
ЭСТРАГОН. Ягонае імя Гадо?
УЛАДЗIМЕР. Так мне здаецца.
ЭСТРАГОН. Гм. (Уздымае рэштку моркаўкі й круціць ёю перад вачыма.) Цікава, чым болей я ем, тым меней смачнай яна здаецца.
УЛАДЗIМЕР. У мяне наадварот.
ЭСТРАГОН. У якім сэнсе?
УЛАДЗIМЕР. Чым болей ем, тым болей прызвычайваюся да лайна 41.
ЭСТРАГОН (Надоўга задумваецца.). I гэта, па-твойму, наадварот?
УЛАДЗIМЕР. Справа густу.
ЭСТРАГОН. Смаку.
УЛАДЗIМЕР. Нікуды ня дзенесься.
ЭСТРАГОН. Нічога не папішаш.
УЛАДЗIМЕР. Які ты ёсьць, такі й застанесься.
ЭСТРАГОН. Гэтага ўжо не асіліш.
УЛАДЗIМЕР. Сутнасьць усё адно ніколі не зьмяняецца.
ЭСТРАГОН. Нічога ня зробіш. (Падае рэштку моркаўкі Ўладзіміру.) Хочаш скончыць?
Паблізу чуецца жахлівы крык. Эстрагон упускае моркаўку. Абодва стаяць нерухомыя, пасьля кідаюцца ў кірунку кулісаў. Эстрагон спыняецца, бяжыць назад, падымае моркаўку, упіхвае ў кішэнь, бяжыць да Ўладзіміра, які чакае яго, ізноў спыняецца, ізноў бяжыць назад, падымае чаравік, ізноў бяжыць да Ўладзіміра, які чакае яго, пасьля чаго з галовамі, утуленымі ў плечы, адварочваюцца ад небясьпекі, чакаюць. Уваходзяць Пахно й Лёсік. Пахно кіруе Лёсікам з дапамогай шворкі, якой абвязаная шыя Лёсіка. Шворка настолькі даўгая, што Пахно паказваецца з-за кулісы адно тады, калі Лёсік ужо ў цэнтры сцэны. Лёсік нясе цяжкую валізу, раскладаны зэдлік, кошык зь ежаю й плашч (павешаны праз плячо); Пахно трымае пугу.
ПАХНО (з-за кулісы). Но! 42 (Ляскае пугай. Зьяўляецца Пахно. Перасякаюць сцэну. Лёсік мінае Ўладзіміра й Эстрагона і выходзіць. Пахно, убачыўшы Ўладзіміра й Эстрагона, нечакана спыняецца. Шворка нацягваецца. Пахно раптоўна торгае за шворку.) Назад!
Чуваць, як Лёсік падае з усім багажом. Уладзімер і Эстрагон пазіраюць у ягоны бок, нібыта хочучы яму дапамагчы, а ўвадначас баючыся ўблытвацца не ў свае справы. Уладзімер робіць крок у кірунку Лёсіка. Эстрагон прытрымлівае яго за рукаво.
УЛАДЗIМЕР. Пусьці мяне!
ЭСТРАГОН. Ня тузайся!
ПАХНО. Асьцярожна! Ён злы. (Уладзімер і Эстрагон пазіраюць на Пахно.) Да незнаёмых.
ЭСТРАГОН (ціха). Гэта ён?
УЛАДЗIМЕР. Хто?
ЭСТРАГОН (спрабуючы ўспомніць імя) 43. Ну… Гэты…
УЛАДЗIМЕР. Гадо?
ЭСТРАГОН. Так.
ПАХНО. Дазвольце прадставіцца: мяне зваць Пахно.
УЛАДЗIМЕР (да Эстрагона) 44. Скуль жа!
ЭСТРАГОН. Сказаў: Гадо.
УЛАДЗIМЕР. Нічога падобнага!
ЭСТРАГОН (да Пахно, нясьмела 45). Прабачце, вы не спадар Гадо?
ПАХНО (пагрозьліва). Мяне зваць Пахно! (Цішыня.) Пахно! (Цішыня.) 46 Вы ня ведаеце майго прозьвішча? (Цішыня.) Пытаюся, ці вы ня ведаеце майго прозьвішча?
Уладзімер і Эстрагон пазіраюць адно на аднаго запытальна.
ЭСТРАГОН (нібыта ўспамінае). Пухно… Пахно …
УЛАДЗIМЕР (падобна). Пахно… Пухно …47
ПАХНО. ПППАХ-ННО!
ЭСТРАГОН. А! Пахно… Зараз, зараз… Пахно…
УЛАДЗIМЕР. Пахно ці Пухно?
ЭСТРАГОН. Пахно… не… на жаль… не прыпамінаю…
Пахно падыходзіць пагрозьліва 48.
УЛАДЗIМЕР (прымірэнча). Я ведаў некалі сям’ю Гарно. Маці хварэла на ганарэю 49.
ЭСТРАГОН (пасьпешліва). Мы нетутэйшыя, спадару.
ПАХНО (спыняючыся). Але ж вы – людзкія істоты. (Надзявае акуляры.) Як бачу. (Здымае акуляры.) Таго самага віду, што і я. (Заходзіцца страшэнным рогатам.) Таго самага віду, што й Пахно! Створаныя па вобразе й падабенстве Божым 50.
УЛАДЗIМЕР. Ну, разумееце…
ПАХНО (перапыняючы). Хто ён, гэты Гадо?
ЭСТРАГОН. Гадо?
ПАХНО. Вы прынялі мяне за нейкага Гадо.
УЛАДЗIМЕР. Не, не, спадару, ані на хвіліну.
ПАХНО. Хто гэта такі?
УЛАДЗIМЕР. Ну… гэта як бы… знаёмы.
ЭСТРАГОН. Але ж дзе там, ледзь яго ведаем.
УЛАДЗIМЕР. Праўда… мы не знаёмыя зь ім вельмі добра… але, нягледзячы на тое…
ЭСТРАГОН. Што да мяне, я б яго нават не пазнаў.
ПАХНО. Вы прынялі мяне за яго.
ЭСТРАГОН (адступаючы ад Пахно) 51. Ну… разумееце… цёмна… стомленасьць… напружанасьць… чаканьне… так што, прызнаюся… што на хвіліну мне здалося…
УЛАДЗIМЕР. Ня слухайце яго, ня слухайце!
ПАХНО. Чаканьне? Дык вы чакалі яго?
УЛАДЗIМЕР. Ну, разумееце…
ПАХНО. Тут? На маёй зямлі?
УЛАДЗIМЕР. Нават у думках ня мелі нічога зламыснага.
ЭСТРАГОН. З добрымі намерамі.
ПАХНО. Дарога для ўсіх.
УЛАДЗIМЕР. Так мы й меркавалі.
ПАХНО. Ганьба, але гэта так.
ЭСТРАГОН. Нікуды ня дзенесься.
ПАХНО (з панскім жэстам). Добра, хопіць пра гэта. (Торгае за шворку.) Падымайся! (Паўза.) Як заваліцца, то адразу ж засынае. (Торгае за шворку.) Уставай, скаціна! (Чуваць, як Лёсік устае ды падымае багаж. Пахно торгае за шворку.) Назад! (Лёсік уваходзіць задам.) Стой! (Лёсік спыняецца.) Кругом! (Лёсік паварочваецца. Да Ўладзіміра і Эстрагона, ветліва.) Спадарове, я рады пазнаёміцца з вамі. (Бачачы недавер на іхных тварах.) Сапраўды, вельмі рады. (Торгае за шворку.) Бліжэй! (Лёсік падыходзіць.) Стой! (Лёсік спыняецца. Да Ўладзіміра і Эстрагона.) Шлях доўжыцца, спадарове, калі вандруеш у самоце ўжо… (Пазірае на гадзіньнік.) …ужо… (Лічыць.) …шэсьць гадзінаў, так-так, шэсьць гадзінаў запар, і не сустракаеш ані жывой душы. (Да Лёсіка.) Плашч! (Лёсік ставіць валізу, падыходзіць, падае плашч, вяртаецца, падымае валізу.) Трымай гэта! (Пахно падае яму пугу. Лёсік падыходзіць, маючы абедзьве рукі занятыя, нахіліўшыся, бярэ пугу ў рот, пасьля чаго вяртаецца на сваё месца. Пахно пачынае апранаць плашч, перастае апранацца.) Плашч! (Лёсік ставіць усё, падыходзіць да Пахно, дапамагае яму апрануць плашч, вяртаецца, ізноў усё падымае.) Адчуваецца ўжо надыход восені 52. (Пахно зашпільвае да канца плашч, нахіляецца, аглядае сябе і выпростваецца.) Пуга! (Лёсік падыходзіць, нахіляецца, Пахно вырывае яму пугу з зубоў, Лёсік вяртаецца на сваё месца.) Так, так, спадарове, не магу доўга абысьціся без прысутнасьці блізкіх. (Надзявае акуляры й прыглядаецца да двух блізкіх.) Нават калі падабенства ня вельмі дакладнае. (Здымае акуляры 53. Да Лёсіка.) Зэдлік! (Лёсік ставіць валізу й кошык, падыходзіць, раскладае зэдлік, ставіць яго на зямлю, вяртаецца на сваё месца, падымае валізу й кошык. Пахно пазірае на зэдлік.) Бліжэй! (Лёсік ставіць валізу й кошык, падыходзіць, падсоўвае зэдлік, вяртаецца на сваё месца, падымае валізу й кошык. Пахно садзіцца, наканечнікам пугі дакранаецца да грудзей Лёсіка й адпіхвае яго.) Назад! (Лёсік адступае на адзін крок 54.) Далей! (Лёсік адступае яшчэ на адзін крок.) Стой! (Лёсік спыняецца. Да Ўладзіміра й Эстрагона.) Таму я, калі дазволіце, пабуду з вамі хвіліну, перад тым як вырушу далей у няведамае. (Да Лёсіка.) Кошык! (Лёсік падыходзіць, падае кошык, вяртаецца на сваё месца.) Сьвежае паветра ўзмацняе апэтыт. (Адчыняе кошык, выймае зь яго кавалак курыцы й бутэльку віна. Да Лёсіка.) Кошык! (Лёсік падыходзіць, бярэ кошык, вяртаецца на сваё месца, стаіць нерухома.) Далей! (Лёсік адступае на адзін крок.) Тут! (Лёсік спыняецца.) Ад яго сьмярдзіць… Вашае здароўе!
П’е проста з бутэлькі 55, ставіць яе на зямлю й пачынае есьці. Цішыня. Уладзімер і Эстрагон, сьпярша нясьмела, пасьля ўжо больш упэўнена, пачынаюць кружляць вакол Лёсіка, аглядаючы яго з ног да галавы. Пахно пражэрліва есьць курыцу, высмоктвае косткі й выкідае іх. Лёсік паступова прагінаецца, пакуль валіза й кошык не дакрануцца да зямлі, тады выпростваецца раптоўна ды зноў пачынае прагінацца. У рытме таго, хто сьпіць стоячы.
ЭСТРАГОН. Што зь ім?
УЛАДЗIМЕР. Робіць уражаньне стомленага.
ЭСТРАГОН. Чаму ён не паставіць багажу?
УЛАДЗIМЕР. Адкуль мне ведаць? (Набліжаюцца да яго.) Зважай!
ЭСТРАГОН. Зачапі яго нейкім словам.
УЛАДЗIМЕР. Паглядзі!
ЭСТРАГОН. Куды?
УЛАДЗIМЕР (паказваючы). На шыю!
ЭСТРАГОН (гледзячы на шыю). Нічога ня бачу.
УЛАДЗIМЕР. Сюды.
Эстрагон становіцца на месца Ўладзіміра.
ЭСТРАГОН. Папраўдзе!
УЛАДЗIМЕР. Адкрытая рана!
ЭСТРАГОН. Ад шворкі.
УЛАДЗIМЕР. Ад трэньня.
ЭСТРАГОН. Гэта непазьбежна.
УЛАДЗIМЕР. Ад пятлі.
ЭСТРАГОН. Ад муляньня 56.
Далей уважліва прыглядаюцца да яго, засяроджваюць увагу на твары.
УЛАДЗIМЕР (зайздросна) 57. Няблага выглядае.
ЭСТРАГОН (паціскаючы плячыма, скрывіўшыся.) Ты так мяркуеш?
УЛАДЗIМЕР. Крышку жанчынападобны.
ЭСТРАГОН. Бачыш, сьліна цячэ.
УЛАДЗIМЕР. Гэта непазьбежна.
ЭСТРАГОН. I пена.
УЛАДЗIМЕР. Можа, ён дуркаваты.
ЭСТРАГОН. Крэтын.
УЛАДЗIМЕР (набліжаючы галаву). У яго вальляк.
ЭСТРАГОН (таксама набліжаючыся). Неабавязкова.
УЛАДЗIМЕР. Цяжка дыхае.
ЭСТРАГОН. Гэта непазьбежна.
УЛАДЗIМЕР. A ягоныя вочы!
ЭСТРАГОН. Што зь імі?
УЛАДЗIМЕР. Вылазяць з вачніцаў.
ЭСТРАГОН. Выглядае, нібы зараз падохне.
УЛАДЗIМЕР. Цяжка сказаць. (Паўза.) Запытай у яго штосьці.
ЭСТРАГОН. Ці будзе гэта дарэчы?
УЛАДЗIМЕР. А чым мы рызыкуем?
ЭСТРАГОН (нясьмела). Прабачце, калі ласка…
УЛАДЗIМЕР. Гучней.
ЭСТРАГОН (гучней). Прабачце, калі ласка…
ПАХНО. Пакіньце яго ў спакоі! (Паварочваюцца да Пахно, які, скончыўшы есьці, выцірае рукавом рот.) Ня бачыце, што ён хоча адпачыць? Кошык! 58 (Выймае люльку й пачынае яе набіваць. Эстрагон заўважае на зямлі косткі курыцы й глядзіць на іх прагна. Пахно чыркае запалкай і спрабуе запаліць люльку.) Кошык! (Лёсік стаіць нерухома, Пахно са злосьцю адкідае запалку й торгае за шворку.) Кошык! (Лёсік ледзь ня падае, ачуньвае, падыходзіць, кладзе бутэльку ў кошык, вяртаецца на месца, стаіць, як і раней. Эстрагон глядзіць на косткі, Пахно чыркае іншай запалкай і запальвае люльку.) А што ж вы хочаце, гэтая праца не для яго. (Уцягвае клуб дыму, выпроствае ногі.) Вось так, нашмат лепей.
ЭСТРАГОН (нясьмела). Прабачце, калі ласка, спадару…
ПАХНО. У чым справа, добры чалавеча?
ЭСТРАГОН. Гм… ці вы ўжо скончылі… ці будуць вам яшчэ патрэбныя… гэтыя косткі?
УЛАДЗIМЕР (абураны). Ня мог пачакаць!
ПАХНО. Не, не, няма нічога дрэннага ў тым, што ён пытаецца. Ці будуць мне патрэбныя косткі? (Штурхае іх наканечнікам пугі.) Не, што да мяне, я ўжо іх не патрабую. (Эстрагон робіць крок у кірунку касьцей.) Але… (Эстрагон спыняецца.) …але ў прынцыпе косткі належаць нашэньніку. Так што трэба спытаць дазволу ў яго. (Эстрагон паварочваецца да Лёсіка, вагаецца.) Ну, сьмялей, пытайцеся, ён вам адкажа.
Эстрагон крочыць у бок Лёсіка, становіцца насупраць.
ЭСТРАГОН. Прабачце, калі ласка… прабачце, спадару…
Лёсік не рэагуе. Пахно ляскае пугай. Лёсік падымае галаву.
ПАХНО. Да цябе зьвяртаюцца, скаціна! Адказвай! (Да Эстрагона.) Ну, яшчэ раз.
ЭСТРАГОН. Прабачце, калі ласка, ці вы маеце ахвоту на гэтыя косткі?
Лёсік доўгі час глядзіць на Эстрагона.
ПАХНО (у захапленьні). «Спадару!» (Лёсік схіляе галаву.) Адказвай! Хочаш косьці альбо не? (Лёсік маўчыць. Да Эстрагона.) Вашыя, забірайце. (Эстрагон кідаецца на косткі, зьбірае іх і пачынае абгрызаць.) Дзіўна. Ніколі не адмаўляўся. (Пазірае на Лёсіка занепакоена.) Што ж гэта будзе, калі ён раптам тут у мяне расхварэецца!
Пыхкае люлькай.
УЛАДЗIМЕР (выбухаючы). Ганьба!
Цішыня. Эстрагон, аслупянелы, перастае грызьці косьці, пазірае па чарзе то на Ўладзіміра, то на Пахно. Пахно ўдавана 59 спакойны. Уладзімер усё больш прысаромлены.
ПАХНО (да Ўладзіміра). Ці гэта намёк на штосьці канкрэтнае?
УЛАДЗIМЕР (рашуча, зайкаючыся). Ставіцца да чалавека… (Паказваючы на Лёсіка.) …гэткім чынам… да людзкой істоты… на маю думку... не… гэта ганьба!
ЭСТРАГОН (не жадаючы адстаць). Сорам!
Далей грызе косьці.
ПАХНО. Вы надта строгія, спадарове. (Да Ўладзіміра.) Колькі вам год, даруйце за нетактоўнасьць? (Цішыня.) Шэсьцьдзесят? Семдзесят? (Да Эстрагона.) Колькі б вы яму далі?
ЭСТРАГОН. Адзінаццаць 60.
ПАХНО. Я нетактоўны. (Выбівае люльку аб пугу, падымаецца.) Я мушу вас пакінуць. Дзякуй за кампанію. (Думае.) Хіба што выкуру яшчэ адну люльку. Як вы мяркуеце? (Маўчаць.) Не, я не закаранелы курэц, я куру вельмі мала, рэдка здараецца, каб я курыў адну люльку за другой, (Кладзе руку на сэрца.) гэта шкодзіць майму сэрцу. (Паўза.) Усё гэты халерны нікатын, яго ўсё адно паглынаеш, нягледзячы на любую перасьцярогу. (Уздыхае.) Ведаеце, пра што я кажу. (Цішыня.) А можа, вы ня курыце, га? Так? Не? Зрэшты, гэта драбяза. (Цішыня.) Але як тут цяпер сесьці, калі я ўжо ўстаў? Каб гэта было натуральна, каб не выглядала – так бы мовіць – на нейкую бязвольнасьць. (Да Ўладзіміра.) Вы казалі што-небудзь? (Цішыня.) Можа, вы нічога не казалі? (Цішыня.) Зрэшты, гэта драбяза. Дайце-тка падумаць…
Думае.
ЭСТРАГОН. Вось так, нашмат лепей.
Кладзе косткі ў кішэнь.
УЛАДЗIМЕР. Хадзем.
ЭСТРАГОН. Ужо?
ПАХНО. Адну хвіліначку! (Торгае за шворку.) Зэдлік! (Указвае пугай на зэдлік. Лёсік падсоўвае зэдлік.) Бліжэй! Tут! (Сядае. Лёсік вяртаецца, падымае валізу й кошык.) Удалося!
Пачынае набіваць люльку.
УЛАДЗIМЕР (раптоўна) 61. Хадзем!
ПАХНО. Спадзяюся, вы не празь мяне сыходзіце? Застаньцеся яшчэ на хвілінку, не пашкадуеце!
ЭСТРАГОН (чакаючы падачкі). Мы не сьпяшаемся.
ПАХНО (закурыўшы люльку). Другая ўжо меней прыемная… (Выймае з роту люльку, прыглядаецца да яе.) …за першую, то бок. (Кладзе люльку назад у рот.) Хоць, уласна кажучы, смакуе таксама.
УЛАДЗIМЕР. Пайду я адсюль.
ПАХНО. Ня можа стрываць маёй прысутнасьці. Можа, я і ня надта людзкі, але ці варта гэтым пераймацца? (Да Ўладзіміра.) Раю падумаць, перш чым учыніць нейкае глупства. Дапусьцім, што спадар цяпер адыходзіць, сярод белага дня, бо, нягледзячы ні на што, яшчэ дзень. (Усе трое пазіраюць на неба.) Добра. (Перастаюць глядзець на неба.) 62 Ну, і што затым… (Выймае з роту люльку, правярае яе.) Згасла… (Запальвае яе нанова.) Што тады… (Пыхкае.) 63 Што тады… (Пыхкае.) Што будзе з вашай сустрэчай з гэтым, як яго… Гадэ… Гадо… (Цішыня.) Ну, вы ведаеце, пра каго я кажу… гэты, ад каго залежыць вашая будучыня… (Паўза.) Прынамсі, найбліжэйшая.
ЭСТРАГОН. Ён мае рацыю.
УЛАДЗIМЕР. Адкуль вы ведаеце гэта?
ПАХНО. Hу вось, калі ласка, ён ізноў размаўляе са мною! Мы яшчэ станем сябрамі.
ЭСТРАГОН. Чаму ён не паставіць багажу?
ПАХНО. Я сам з прыемнасьцю спаткаў бы яго. Чым больш людзей сустракаю, тым больш шчасьлівым пачуваюся. Самая мізэрная істота вучыць нас нечаму, узбагачае, дазваляе лепш адчуць сваё шчасьце. Нават спадар… (Знарок пазірае на іх па чарзе, каб зразумелі, што ён мае на ўвазе абодвух.) …нават спадар, хто ведае, магчыма, даў мне штосьці.
ЭСТРАГОН. Чаму ён не паставіць багажу?
ПАХНО. Хоць гэта было б для мяне нечаканым.
УЛАДЗIМЕР. Вам задалі пытаньне.
ПАХНО (захоплены). Пытаньне? Хто? Што? (Цішыня.) Вы толькі што дрыжэлі ад страху, зьвяртаючыся да мяне, як да вяльможнага пана. А цяпер задаяце мне пытаньні. Гэта ўсё кепска скончыцца!
УЛАДЗIМЕР (да Эстрагона). Спадзяюся, што цяпер ён цябе пачуе.
ЭСТРАГОН (круцячыся вакол Лёсіка). Што?
УЛАДЗIМЕР. Паспрабуй спытаць цяпер. Зараз ужо да яго дойдзе.
ЭСТРАГОН. Пра што спытаць?
УЛАДЗIМЕР. Чаму не паставіць багажу.
ЭСТРАГОН. Так, цікава было б ведаць.
УЛАДЗIМЕР. Ну дык спытай яго, ня можаш, ці што?
ПАХНО (які пільна назіраў за перамовамі з боязьзю, каб не зьмянілі тэмы). Дык вы пытаецеся, чаму ён не паставіць багажу, ці так?
УЛАДЗIМЕР. Дакладна.
ПАХНО (да Эстрагона). Вы таксама?
ЭСТРАГОН (працягваючы круціцца вакол Лёсіка). Дыхае, як цюлень.
ПАХНО. Ужо адказваю. (Да Эстрагона). Калі ласка, не варушыцеся якую хвілінку, мяне гэта нэрвуе!
УЛАДЗIМЕР. Зважай.
ЭСТРАГОН. Што такое?
УЛАДЗIМЕР. Ён будзе прамаўляць.
Эстрагон падыходзіць да Ўладзіміра 64. Яны нерухома, плячо ў плячо, чакаюць.
ПАХНО. Цудоўна. Ці ўсе падрыхтаваныя? Ці ўсе глядзяць на мяне? (Пазірае на Лёсіка, торгае за шворку. Лёсік уздымае галаву.) Глядзі на мяне, скаціна! (Лёсік глядзіць на яго.) Цудоўна. (Кладзе ў кішэнь люльку, выймае малы распыляльнік 65 і спырсквае горла, кладзе распыляльнік назад у кішэнь, адкашліваецца, сплёўвае, ізноў выймае распыляльнік, яшчэ раз спырсквае горла, кладзе распыляльнік назад у кішэнь.) Я падрыхтаваны. Ці ўсе мяне слухаюць? (Пазірае на Лёсіка, торгае за шворку.) Бліжэй! (Лёсік падыходзіць.) Тут! (Лёсік спыняецца.) Ці ўсе падрыхтаваныя? (Глядзіць на ўсіх па чарзе, напрыканцы на Лёсіка, торгае за шворку.) Ну, што такое? (Лёсік падымае галаву.) Не люблю казаць у паражнечу. Парадак. Дазвольце сабрацца з думкамі.
Разважае.
ЭСТРАГОН. Пайду я адсюль.
ПАХНО. А пра што вы мяне, уласна кажучы, пыталі?
УЛАДЗIМЕР. Чаму ён…
ПАХНО (злосна). Не перапыняйце мяне! (Паўза. Спакойна.) Калі мы будзем прамаўляць усе адначасна, то ня дойдзем ні да якіх высноваў. (Паўза.) Пра што гэта я казаў? (Паўза. Гучней.) Пра што гэта я казаў?
Уладзімер паказвае перагружанага нашэньніка. Пахно глядзіць на яго без разуменьня.
ЭСТРАГОН (зь сілаю). Багаж! (Паказвае на Лёсіка.) Чаму? Увесь час трымае. (Сьхіляецца, цяжка дыхае.) Чаму не паставіць. (Раскладае рукі, выпростваецца з палёгкай.) Чаму?
ПАХНО. А! Адразу трэба было гэтак казаць. Чаму ён не аблегчыць сабе жыцьцё? Паспрабуйма гэта патлумачыць. Ці ён ня мае на гэта права? Мае. Значыць, ня хоча. Вось і ўсё тлумачэньне. Чаму аднак ня хоча? (Паўза.) Дык вось, спадары, таму…
УЛАДЗIМЕР (да Эстрагона) 66. Зважай цяпер.
ПАХНО. …Што ён хоча падлашчыцца да мяне, каб я не пазбавіўся яго.
ЭСТРАГОН. Як гэта?
ПАХНО. Магчыма, я ня вельмі ясна сказаў. Ён хоча мяне зьмякчыць, каб я й ня думаў нават зь ім расставацца. Не, не, гэта таксама крыху ня тое.
УЛАДЗIМЕР. Вы б хацелі пазбавіцца ад яго?
ПАХНО. Ён хоча абдурыць мяне, але яму ня ўдасца.
УЛАДЗIМЕР. Вы б хацелі пазбавіцца ад яго?
ПАХНО. Ён уяўляе сабе, што калі я пабачу, як добра ён выконвае сваю працу нашэньніка, гэта сьхіліць мяне да таго, каб і надалей трымаць яго ў гэтай ролі.
ЭСТРАГОН. Ці ён вам болей не патрэбны?
ПАХНО. Праўду кажучы, нашэньнік зь яго ніякі.
УЛАДЗIМЕР. Вы б хацелі пазбавіцца ад яго?
ПАХНО. Ён уяўляе, што калі створыць уражаньне нястомнага, то я раскаюся ў сваім рашэньні. Вось такі яго нікчэмны план. Нібыта бракуе рук для працы! (Усе трое пазіраюць на Лёсіка.) Атлант, сын Юпітэра! 67 (Цішыня.) Ну, бадай што, усё. Мяркую, што адказ вычарпальны. Нешта яшчэ?
Спрысквае горла.
УЛАДЗIМЕР. Вы б хацелі пазбавіцца ад яго?
ПАХНО. Зьвярніце ўвагу на тое, што я таксама мог бы быць на ягоным месцы, а ён на маім. Каб не здарылася наадварот. Кожнаму сваё, як кажуць.
УЛАДЗIМЕР. Вы б хацелі пазбавіцца ад яго?
ПАХНО. Паўтарыце, калі ласка?
УЛАДЗIМЕР. Вы б хацелі пазбавіцца ад яго?
ПАХНО. Канечне ж! Але замест таго, каб прагнаць яго, што, вядома, у маёй моцы, то бок проста выставіць за дзьверы, я вяду яго, маючы добрае сэрца, на кірмаш Збаўцы, дзе спадзяюся яшчэ атрымаць за яго штосьці. Папраўдзе кажучы, рэч ня ў тым, каб праганяць такіх істотаў. Лепей было б іх забіваць.
Лёсік плача.
ЭСТРАГОН. Ён плача!
ПАХНО. Нават старыя сабакі маюць больш годнасьці. (Падае Эстрагону хусьцінку.) Ну, суцяшайце яго, калі так шкадуеце. (Эстрагон вагаецца.) Ну, што ж вы! (Эстрагон бярэ хусьцінку.) Давайце, вытрыце ягоныя сьлёзы, каб ён ня думаў, што ўсе яго пакінулі.
Эстрагон далей вагаецца.
УЛАДЗIМЕР. Дай, я гэта зраблю.
Эстрагон ня хоча аддаць хусьцінку. Б’юцца за яе, як дзеці.
ПАХНО. Пасьпяшайцеся. Зараз перастане. (Эстрагон падыходзіць да Лёсіка й бярэцца выціраць яму вочы. Лёсік гвалтоўна б’е яго ў лытку. Эстрагон упускае хусьцінку, адскоквае назад, кульгае па сцэне, крычыць ад болю.) Хустка!
Лёсік ставіць валізу й кошык, падымае хусьцінку, падыходзіць да Пахно, падае яму хусьцінку, падымае валізу й кошык.
ЭСТРАГОН. Сьвіньня! Скаціна! (Падцягвае калашыну.) Ён параніў мяне!
ПАХНО. Я казаў, што ён ня любіць незнаёмых.
УЛАДЗIМЕР (да Эстрагона). Пакажы. (Эстрагон паказвае яму нагу. Да Пахно, са злосьцю.) Крывавіць!
ПАХНО. Гэта добры знак.
ЭСТРАГОН (на адной назе). Ніколі ўжо не змагу хадзіць!
УЛАДЗIМЕР (клапатліва). Я буду цябе насіць. (Паўза.) Калі будзе трэба.
ПАХНО. Ужо ня плача. (Да Эстрагона.) У пэўным сэнсе, вы замянілі яго. (Лірычна.) Сьлёз на сьвеце заўсёды аднолькавая колькасьць. Калі нехта перастае плакаць, недзе пачынае плакаць іншы. Гэтак і са сьмехам. (Сьмяецца.) Дык не наракайма ж на нашую эпоху, яна ня больш трагічная за ўсе папярэднія. (Цішыня.) Але й хваліць ня трэба. (Цішыня.) Проста не размаўляйма пра яе. (Цішыня. Разважліва 68.) Факт, насельніцтва паболела.
УЛАДЗIМЕР. Паспрабуй зрабіць колькі крокаў.
Эстрагон праходзіць некалькі крокаў кульгаючы, спыняецца насупраць Лёсіка, плюе на яго, пасьля чаго садзіцца на камяні, на якім сядзеў раней.
ПАХНО. Ведаеце, хто навучыў мяне ўсім гэтым прыгожым рэчам. (Паўза. Паказваючы пальцам на Лёсіка.) Ён! Мой Лёсік!
УЛАДЗIМЕР (гледзячы на неба.) Ці гэтая ноч ніколі не надыйдзе?
ПАХНО. Каб ня ён, мае пачуцьці й думкі былі б зьвязаныя выключна з маім… мала важным заняткам. (Паўза. Раптоўна.) 69 Яны былі б прыземленыя й нізкія! (Спакайней.) Прыгажосьць, міласэрнасьць, найвышэйшая праўда былі для мяне недасягальнымі – я ўсьведамляў гэта. Таму я ўзяў сабе блазьнюка.
УЛАДЗIМЕР (міжвольна адрываецца ад сузіраньня неба). Блазьнюка?
ПАХНО. Гэта было каля шасьцідзесяці год таму… (Лічыць у пямяці.) …так, амаль шэсьцьдзесят. (Выпростваючыся з гонарам.) Вы б сказалі, што мне столькі? (Уладзімер пазірае на Лёсіка.) Пры ім я выглядаю як маладзён, хіба ж не? (Паўза. Да Лёсіка.) Капялюш! (Лёсік ставіць кошык і здымае капялюш. Вакол твару ападаюць доўгія сівыя валасы. Бярэ капялюш пад паху й падымае кошык.) А цяпер глядзіце. (Пахно здымае капялюш 70. Ён цалкам лысы . Iзноў надзявае.) Бачылі?
УЛАДЗIМЕР. Што такое блазьнюк?
ПАХНО. Спадар нетутэйшы? Ці спадар увогуле з нашай эпохі? Раней былі скамарохі. Цяпер можна прыдбаць блазьнюка, калі маеш грошы.
УЛАДЗIМЕР. I цяпер вы яго выганяеце? Такога старога, вернага слугу!
ЭСТРАГОН. Сьвіньня!
Пахно ўсё больш узбуджаны.
УЛАДЗIМЕР. Вы высмакталі зь яго ўсё найлепшае й цяпер выкідаеце яго як… (Шукае акрэсьленьня.) …як лушпіньне ад банана. Вы прызнаеце, што гэта…
ПАХНО (стогнучы, трымаючыся за галаву). Я ўжо не вытрымліваю… гэтага, што ён вырабляе… вы нават не ўяўляеце… гэта страшна… ён мусіць адыйсьці… (Махае рукамі.) Ён даводзіць мяне да вар’яцтва… (Не вытрымлівае празьмернага напружаньня, хавае галаву ў далонях.) Я больш не магу… не магу…
Цішыня. Усе глядзяць на Пахно. Лёсік дрыжыць.
УЛАДЗIМЕР. Ён больш ня можа.
ЭСТРАГОН. Гэта страшна.
УЛАДЗIМЕР. Даводзіць яго да вар’яцтва.
ЭСТРАГОН. Гэта нягодна.
УЛАДЗIМЕР (да Лёсіка). Як сьмееш? Гэта ганебна! Такі добры пан! Так яго мучыць! Пасьля ўсіх гэтых год! Гэта ж трэба!
ПАХНО (рыдаючы). А калісьці ён быў такі мілы… такі паслужлівы… дасьціпны… наглядаў за мною, як анёл… а цяпер… цяпер ён забівае мяне…
ЭСТРАГОН (да Ўладзіміра). Дык ён хоча замяніць яго?
УЛАДЗIМЕР. Што?
ЭСТРАГОН. Ён хацеў бы замяніць яго? Альбо яму ўжо ніхто не патрэбны на гэтае месца?
УЛАДЗIМЕР. Ня думаю.
ЭСТРАГОН. Што?
УЛАДЗIМЕР. Ня ведаю.
ЭСТРАГОН. Спытай яго.
ПАХНО (супакоіўшыся). Ня ведаю, што са мной здарылася, спадарове. Выбачайце. Забудзьце пра гэта. (Патроху авалодвае сабою.) Я ня памятаю ўжо дакладна, што казаў, але можаце быць упэўненыя, што ў гэтым не было ні слова праўды. (Выпростваецца, б’е ў грудзі.) Ці я выглядаю на такога чалавека, які дазволіў бы сябе мучыць? Ну, скажыце самі! (Корпаецца ў кішэнях.) Куды падзелася люлька?
УЛАДЗIМЕР. Чароўны вечар.
ЭСТРАГОН. Незабыўны.
УЛАДЗIМЕР. I яшчэ ня скончыўся.
ЭСТРАГОН. Так, нібыта.
УЛАДЗIМЕР. Толькі пачынаецца.
ЭСТРАГОН. Жудасна.
УЛАДЗIМЕР. Проста відовішча.
ЭСТРАГОН. Як у цырку.
УЛАДЗIМЕР. У канцэртнай залі.
ЭСТРАГОН. У цырку.
ПАХНО. Куды падзеўся мой цыбук?
ЭСТРАГОН. Ну й сьмехата! Ён згубіў сваю люльчыну.
Гучна сьмяецца.
УЛАДЗIМЕР. Зараз вярнуся.
Hакіроўваецца за кулісы.
ЭСТРАГОН. Пры канцы калідору налева.
УЛАДЗIМЕР. Пільнуй маё месца.
Выходзіць.
ПАХНО (амаль плачачы) 71. Згубіў недзе «Абдулаха»! 72
ЭСТРАГОН (паміраючы ад сьмеху). Вой, зараз лопну ад сьмеху!
ПАХНО (падымаючы галаву). Вы ня бачылі выпадкова… (Заўважае адсутнасьць Уладзімера. Засмучаны.) Ах! Пайшоў!.. Нават не разьвітаўся! Гэтак ня робіцца! Ён мог пачакаць!
ЭСТРАГОН. Ён і так стрымліваўся.
ПАХНО. Ах! (Паўза.) Ну, такім выпадку ўсё добра…
ЭСТРАГОН (падымаючыся). Падыдзіце сюды.
ПАХНО. Навошта?
ЭСТРАГОН. Паглядзіце.
ПАХНО. Мне падняцца?
ЭСТРАГОН. Хутчэй! (Пахно падымаецца й падыходзіць да Эстрагона.) Паглядзіце!
ПАХНО (надзеўшы акуляры). Бачыш ты!
ЭСТРАГОН. Ужо скончылася.
Уваходзіць Уладзімер, азмрочаны, штурхае Лёсіка, выспяткам перакульвае зэдлік, усхвалявана ходзіць узад і ўперад.
ПАХНО. Ён незадаволены.
ЭСТРАГОН (да Ўладзіміра). Вы прапусьцілі цудоўнае шоў. Шкада.
Уладзімер спыняецца, ставіць зэдлік, ізноў пачынае хадзіць узад і ўперад, толькі што спакайней.
ПАХНО. Супакойваецца. (Азіраецца навокал.) Зрэшты, усё супакойваецца, я адчуваю гэта. Надыходзіць вялікі спакой. Ці вы чуеце? (Падымае руку.) Пан 73 ужо сьпіць.
УЛАДЗIМЕР (спыняючыся). Ці гэтая ноч ніколі не надыйдзе?
Усе трое пазіраюць на неба.
ПАХНО. Вы ня хочаце пайсьці раней?
ЭСТРАГОН. Бачыце… Ведаеце…
ПАХНО. Дасканала разумею, дасканала разумею. Будучы ў вашай сытуацыі, каб я мусіў сустрэцца з гэтым, як яго… Габо… Гадэ… Гадо… ну, вы ведаеце, каго я маю на ўвазе, то чакаў бы да позьняй ночы, перш чым капітуляваць. (Пазірае на зэдлік.) Я б з прыемнасьцю сеў, толькі ня ведаю, як да гэтага падступіцца.
ЭСТРАГОН. Ці я мог бы вам у гэтым неяк дапамагчы?
ПАХНО. Можа, каб вы мяне папрасілі.
ЭСТРАГОН. Пра што?
ПАХНО. Папрасілі, каб я сеў.
ЭСТРАГОН. Гэта вам дапаможа?
ПАХНО. Думаю, што так.
ЭСТРАГОН. Згода. Будзьце ласкавыя сесьці, калі ласка.
ПАХНО. Не, не, няма патрэбы. (Паўза. Сьцішаным голасам.) Настойвайце.
ЭСТРАГОН. Сядзьце, прашу вас, схопіце яшчэ запаленьне лёгкіх 74.
ПАХНО. Вы мяркуеце?
ЭСТРАГОН. Абавязкова.
ПАХНО. Хіба маеце рацыю. (Сядае.) Iзноў атрымалася! (Паўза.) Вялікі вам дзякуй 75. (Эстрагон таксама сядае. Пахно глядзіць на гадзіньнік.) Але, зрэшты, мне пара, калі не хачу спазьніцца.
УЛАДЗIМЕР. Час спыніўся.
ПАХНО (прыклаўшы гадзіньнік да вуха). Ня верце гэтаму, спадару, ня верце. (Кладзе гадзіньнік назад у кішэнь.) Верце ў што заўгодна, толькі ня ў гэта.
ЭСТРАГОН (да Пахно). Ён сёньня ўсё бачыць у чорным сьвятле.
ПАХНО. Акрамя небасхілу. (Сьмяецца, задаволены сваім жартам.) Цярплівасьці, неўзабаве прыйдзе. Але я ўжо ведаю, у чым справа, вы нетутэйшыя, спадарове, таму ня ведаеце яшчэ, як у нас выглядае зьмярканьне. Апавесьці вам? (Цішыня. Эстрагон ізноў пачынае зазіраць у чаравік, а Ўладзімір у капялюш. Звальваецца Лёсікаў капялюш, чаго ён, аднак, не заўважае.) Не магу вам у гэтым адмовіць. (Спырсквае горла.) Прашу хвіліну ўвагі. (Уладзімер і Эстрагон надалей занятыя корпаньнем у чаравіку й капелюшы, Лёсік напаўсьпіць. Пахно ляскае пугай, але выходзіць слаба.) Што з гэтай пугай? (Падымаецца й ляскае больш энэргічна, гэтым разам пасьпяхова. Лёсік падскоквае. Уладзімер i Эстрагон выпускаюць з рук капялюш і чаравік. Пахно кідае пугу.) Трасца на гэтую пугу. (Пазірае на Ўладзіміра й Эстрагона.) Пра што гэта я казаў?
УЛАДЗIМЕР. Хадзем.
ЭСТРАГОН. Але сядзьце ж, малю вас, так і памерці нядоўга.
ПАХНО. Рацыя. (Сядае. Да Эстрагона.) Як вас зваць?
ЭСТРАГОН. Адам 76.
ПАХНО (не чакаючы адказу). Aга, пра ноч. (Падымае галаву.) Толькі сачыце за думкай, спадарове, бо іначай ні да чога ня прыйдзем. (Глядзіць на неба.) Зірніце. (Усе трое пазіраюць на неба, акрамя Лёсіка, які задрамаў. Пахно, прыкмеціўшы гэта, торгае за шворку.) Ці паглядзіш ты на неба, скаціна?! (Лёсік уздымае галаву.) Добра, годзе. (Апускаюць галовы.) Ну, і што такога надзвычайнага мы бачым? Неба як неба. Шэрае й сьветлае, як кожнае неба гэткай парой. (Паўза.) У гэткім краі. (Паўза.) Калі добрае надвор’е. (Лірычна.) Нейкую гадзіну таму. (Пазірае на гадзіньнік, празаічна.) Блізу таго. (Лірычна.) Праліўшы на нас ад… (Вагаецца, потым празаічна.) Скажам, ад дзесятай раніцы. (Лірычна.) …неаслабныя ручаі чырвонага й белага сьвятла, пачало страчваць свой бляск, пачало блякнуць. (Жэст, які палягае на паступовым апусканьні рук.) Блякнуць, усё больш, усё больш, аж раптам… (Драматычная паўза, жэст, які палягае на шырокім, гарызантальным расстаўленьні абедзьвюх рук.) Хрусь! Скончылася! Спакой! (Цішыня.) Але… (Уздымае руку ў жэсце перасьцярогі.) Але пад сховам спакою й лагоднасьці… (Уздымае вочы да неба, астатнія паўтараюць гэты жэст за ім, акрамя Лёсіка.) …на мяккіх лапах крадзецца ноч. (Ягоны голас пачынае дрыжэць.) I зваліцца на нас (Страляе пальцамі.) Плясь! Вось так! (Яго пакідае натхненьне.) Калі мы найменш гэтага чакаем. (Цішыня. Панура.) Вось так яно на гэтай засранай зямлі.
Працяглая цішыня.
ЭСТРАГОН. Ну, калі наперад ведаеш.
УЛАДЗIМЕР. Можаш цярпліва чакаць.
ЭСТРАГОН. Вядома, чаго стрымлівацца.
УЛАДЗIМЕР. Няма чаго баяцца.
ЭСТРАГОН. Трэба проста чакаць.
УЛАДЗIМЕР. Мы ўжо звыкліся з гэтым.
Падымае капялюш, зазірае ў яго, патросвае ім, ізноў надзявае.
ПАХНО. Hу, і што скажаце? (Уладзімер і Эстрагон пазіраюць на яго, не разумеючы, у чым справа.) Выдатна? Добра? Здавальняюча? Дрэнна? Наагул жахліва?
УЛАДЗIМЕР (першы разумеючы). Ах, вельмі добра, вельмі добра.
ПАХНО (да Эстрагона). A вы?
ЭСТРАГОН. O, вэры гут, вэры-вэры гут!
ПАХНО (палка). Дзякуй вам, спадарове, вялікі дзякуй! (Паўза.) Так патрэбныя мне словы прызнаньня. (Задумваецца.) Але пад канец я такі нібыта саслаб. Вам так не здалося?
УЛАДЗIМЕР. Ну, хіба што мінімальна.
ЭСТРАГОН. Мне здавалася, што гэта наўмысна.
ПАХНО. Ня тая ўжо памяць.
Цішыня.
ЭСТРАГОН. Між тым, нічога не адбываецца.
ПАХНО (сумна). Вам нудна?
ЭСТРАГОН. Нешта накшталт.
ПАХНО (да Ўладзіміра). A вам?
УЛАДЗIМЕР. Бывала й весялей 77.
Цішыня. Пахно змагаецца з думкамі.
ПАХНО. Спадарове, вы былі са мною… (Шукае слова.) …ветлівыя.
ЭСТРАГОН. Ды чаго там!
УЛАДЗIМЕР. Нічога падобнага!
ПАХНО. Так, так, вы былі вельмі карэктныя. Такім чынам, думаю… што я, у сваю чаргу, мог бы зрабіць для такіх прыстойных людзей, якія якраз цяпер нудзяцца.
ЭСТРАГОН. Нават дзясятку рад бы бачыць.
УЛАДЗIМЕР (абураны). Мы не жабракі!
ПАХНО. Што мог бы зрабіць… думаю… каб іх крыху пацешыць? Я даў ім косткі, распавёў ім сёе-тое, патлумачыў ім зьмярканьне, ну, нельга гэтаму пярэчыць. Але ці гэтага дастаткова, гэта якраз мяне мучыць, ці гэтага дастаткова?
ЭСТРАГОН. Нават пятак.
УЛАДЗIМЕР. Годзе!
ЭСТРАГОН. Меней браць ужо нязручна 78.
ПАХНО. Ці гэта дастаткова? Безумоўна. Але я шчодры. Такая ўжо мая натура. Сёньня ўвечары 79. Тым горш для мяне. (Торгае за шворку. Лёсік пазірае на яго.) Бо буду мучыцца, безумоўна. (Не падымаючыся з зэдліка, уздымае пугу.) Што б вы жадалі? Каб ён затанчыў, засьпяваў, задэклямаваў, падумаў, ці каб…
ЭСТРАГОН. Хто?
ПАХНО. Хто! А што, вы ўмееце думаць?
УЛАДЗIМЕР. Дык ён думае?
ПАХНО. Яшчэ як! Уголас. Калісьці ён разважаў нават вельмі ладна, я мог слухаць яго гадзінамі. А цяпер… (Па яго целе прабеглі дрыжыкі.) Што ж, тым горш для мяне. Ну, добра, хочаце, каб ён падумаў для нас нешта?
ЭСТРАГОН. Я б лепей зхацеў, каб ён затанчыў, гэта было б больш забаўляльна.
ПАХНО. Неабавязкова.
ЭСТРАГОН. Дзідзі, праўда, што было б больш забаўляльна?
УЛАДЗIМЕР. Я б ахвотна паслухаў, як ён мысьліць.
ЭСТРАГОН. А ня мог бы ён сьпярша патанчыць, а пасьля памысьліць? Калі гэта не зашмат для яго.
УЛАДЗIМЕР (да Пахно). Ці гэта было б магчыма?
ПАХНО. Ну, канечне, прасьцей за простае, дарэчы, гэта натуральная пасьлядоўнасьць.
Коратка сьмяецца.
УЛАДЗIМЕР. У такім выпадку хай танчыць.
Цішыня.
ПАХНО (да Лёсіка). Ты чуў?
ЭСТРАГОН. Ён ніколі не адмаўляецца?
ПАХНО. Раз адмовіўся. (Паўза.) Танчы, падлюга!
Лёсік ставіць валізу й кошык, ступае некалькі крокаў наперад, адварочваецца ў бок Пахно. Эстрагон устае, каб лепш бачыць. Лёсік танчыць. Перастае танчыць.
ЭСТРАГОН. I гэта ўсё?
ПАХНО. Яшчэ!
Лёсік паўтарае тыя самыя рухі, пасьля чаго перастае танчыць.
ЭСТРАГОН. Цьху!! Так і я ўмею. (Iмітуе Лёсікавы рухі, ледзь ня падае, садзіцца назад.) 80 Толькі крышку практыкі.
УЛАДЗIМЕР. Стаміўся.
ПАХНО. Калісьці ён танчыў фарандолу, альмэ, бранль, джыгу, фанданга й нават хабанэру. Ён літаральна скакаў, даваў гапака ад шчасьця. Цяпер ужо толькі вось так. Ведаеце, як ён гэта называе?
ЭСТРАГОН. Сьмерць паралюшніка.
УЛАДЗIМЕР. Старэчы запор 81.
ПАХНО. Танец зь нератам. Ён уяўляе, што заблытаўся ў нерат.
УЛАДЗIМЕР (з эстэцкім крыўляньнем). Нешта ў гэтым ёсьць…
Лёсік хоча вярнуцца да свайго багажу.
ПАХНО (як на каня). Пррр!
Лёсік застывае.
ЭСТРАГОН. А распавядзіце пра той адзіны раз, калі ён адмовіўся.
ПАХНО. Ужо расказваю. (Корпаецца ў кішэнях.) Чакайце. (Корпаецца.) Што я зрабіў з прыскалкай? (Корпаецца.) А каб яе! (Падымае галаву, тупа азіраецца. Потым слабым голасам.) Я згубіў прыскалку!
ЭСТРАГОН (слаба). Маё левае лёгкае вельмі слабое! (Слабенька кашляе. Моцна.) Але правае – як звон!
ПАХНО (нармальным голасам). Нічога, неяк абыйдуся! Пра што гэта я казаў? (Думае.) Хвілінку. (Думае.) А каб яе! (Падымае галаву.) Памажыце мне!
ЭСТРАГОН. Ужо, ужо.
УЛАДЗIМЕР. Зараз, зараз.
ПАХНО. Хвілінку!
Усе трое адначасна здымаюць капелюшы, прыкладаюць руку да лба, засяроджваюцца, крывячы твары. Працяглая цішыня.
ЭСТРАГОН (трыюмфальна) A!
УЛАДЗIМЕР. Успомніў.
ПАХНО (нецярпліва). Ну?
ЭСТРАГОН. Чаму ён не паставіць багажу?
УЛАДЗIМЕР. Скуль жа!
ПАХНО. Ці вы упэўненыя?
УЛАДЗIМЕР. Але вы ўжо казалі пра гэта.
ПАХНО. Я казаў вам ужо пра гэта?
ЭСТРАГОН. Вы казалі ўжо нам пра гэта?
УЛАДЗIМЕР. Зрэшты, ён ужо яго паставіў.
ЭСТРАГОН (пазірае ў бок Лёсіка). Фактычна. Ну і што?
УЛАДЗIМЕР. Паколькі ён паставіў багаж, то ўжо, бадай, немагчыма, каб мы пыталіся, чаму ён яго ня ставіць.
ПАХНО. Рацыя!
ЭСТРАГОН. Але чаму ён яго паставіў?
ПАХНО. Менавіта, чаму?
УЛАДЗIМЕР. Каб танчыць.
ЭСТРАГОН. Бясспрэчна.
ПАХНО. Бясспрэчна.
Працяглая цішыня. Надзяваюць капелюшы 82.
ЭСТРАГОН (падымаючыся). Нічога не адбываецца, ніхто не прыходзіць, ніхто не адыходзіць, проста жах.
УЛАДЗIМЕР (да Пахно). Скажыце яму, каб памысьліў.
ПАХНО. Падайце яму капялюш.
УЛАДЗIМЕР. Капялюш?
ПАХНО. Ён ня здолее мысьліць без капелюша.
УЛАДЗIМЕР (да Эстрагона). Падай яму капялюш.
ЭСТРАГОН. Я? Пасьля таго, што ён мне зрабіў? Ніколі!
УЛАДЗIМЕР. Добра, я яму падам.
Ня рухаецца.
ЭСТРАГОН (да Пахно). Скажыце яму, каб ён сам сабе прынёс 83.
ПАХНО. Лепш яму падаць.
УЛАДЗIМЕР. Я падам яму.
Падымае капялюш і на працягнутай руцэ падае яго Лёсіку, які не варушыцца.
ПАХНО. Вы мусіце надзець яму на галаву.
ЭСТРАГОН (да Пахно). Скажыце яму, каб узяў.
ПАХНО. Лепш надзець яму.
УЛАДЗIМЕР. Добра, я надзену.
Асьцярожна падыходзіць да Лёсіка ззаду, надзявае яму на галаву капялюш і зараз жа адступае. Лёсік ня рухаецца. Цішыня.
ЭСТРАГОН. Ну, чаго ён чакае?
ПАХНО. Адступіцеся. (Уладзімер і Эстрагон адступаюць ад Лёсіка. Пахно торгае за шворку. Лёсік пазірае на Пахно.) Мысьлі, скаціна! (Паўза. Лёсік пачынае танчыць.) Стоп! (Лёсік спыняецца.) Наперад! (Лёсік ідзе ў бок Пахно.) Тут! (Лёсік спыняецца.) Мысьлі!
Паўза.
ЛЁСIК. Зь іншага боку, калі гаворка пра…
ПАХНО. Стоп! (Лёсік спыняецца.) Назад! (Лёсік адступае.) Тут! (Лёсік ізноў спыняецца.) Паварот! (Лёсік паварочваецца да публікі.) Мысьлі!
Падчас маналёгу Лёсіка астатнія рэагуюць наступным чынам 84:
1. Уладзімер і Эстрагон уважліва слухаюць, Пахно поўны антыпатыі й грэблівасьці.
2. Уладзімер і Эстрагон пачынаюць шаптацца, пакуты Пахно ўзмацняюцца.
3. Уладзімер і Эстрагон ізноў уважліва слухаюць, Пахно, усё больш і больш узбуджаны, пачынае гучна енчыць.
4. Уладзімер і Эстрагон раптам пачынаюць пратэставаць, Пахно ускоквае й торгае за шворку. Агульны гоман і зьбянтэжанасьць. Лёсік торгае за шворку, хістаючыся, выкрыквае тэкст. Усе трое кідаюцца на Лёсіка, які, тузаючыся, выкрыквае тэкст.
ЛЁСIК (манатонна). Прадстаўляючы існаваньне 85, як гэта зроблена ў выдадзеных апошнім часам працах Штэмпеля й Штаўмана, Бог асаблівы ўсю-ўсю-ўсю-ўсю 86 зь сівою барадою ўсю-ўсю існуе па-за прасторай і часам які з вышыні сваёй боскай апатыі сваёй боскай атамбіі 87 сваёй боскай афазіі 88 любіць нас вельмі з пару выняткамі няведама чаму але пра гэта пасьля і пакутуе на падабенства боскай Міранды 89 разам з тымі каторыя выдадзеныя няведама чаму але пра гэта пасьля на мукі кінутыя ў агонь якога агонь пломні калі гэта яшчэ крыху прадоўжыцца абдымуць хутка аблокі ў чым ён 90 здаецца сумняваецца значыць пекла дасягне неба такога сіняга ўсё яшчэ і такога спакойнага да гэтага дня такога спакойнага спакоем які хоць і няўстойлівы заўсёды лепшы чым нічога але не забягайма наперад з другога ж боку беручы пад увагу што вынікі дасьледаваньняў Тэста й Конарда дасьледаваньняў ня скончаных папраўдзе тым ня менш узнагароджаных ужо Акакакакадэміяй Антрапапапамэтрыі што ў Чэлсі-ў-Пізьзе 91 выяўлена і гэта без усялякага сумневу ня ўлічваючы толькі таго які ўзьнікае празь людзкую дзейнасьць што ў выніку дасьледаваньняў Тэста й Конарда дасьледаваньняў незавершаных выяўлена яўлена яўлена наступнае ступнае ступнае менавіта што але не забягайма наперад няведама чаму ў выніку работ Штэмпеля й Штаўмана устаноўлена таксама бясспрэчна што беручы пад увагу штудыі Бзьдзюкіна й Iкаўца штудыі незавершаныя незавершаныя няведама чаму і Тэста й Конарда таксама незавершаныя устаноўлена што чалавек у адрозьненьні ад апініі супрацьлеглай што чалавек Тэста й Конарда ў Пізьзе што чалавек адным словам што чалавек словам нягледзячы на прагрэс у забесьпячэньні і ў ліквідацыі адходаў мізарнее і ссыхае а адначасова паралельна няведама чаму нягледзячы на ўздым фізычнае культуры на заняткі спортам такім як такім як такім як тэніс футбол бег вэлягонкі плаваньне конны спорт плянэрызм ёга тэніс кеглі канькабежны спорт па лёдзе ды па асфальце язда на роліках тэніс плянэрызм усялякія віды спорту зімовыя й восеньскія тэніс на траве на паркеце й на ўтрамбаванай зямлі плянэрызм тэніс хакей на зямлі на моры і ў паветры летнія пэніцылін ды ягоныя замяняльнікі карацей кажучы паўтараю адначасова паралельна зьмяншаецца няведама чаму нягледзячы на тэніс паўтараю плянэрызму гольфу аднолькава ж зь дзевяцьцю што і з васямнацацьцю дзіркамі тэніса на лёдзе словам няведама чаму ў Сонна-Сонна-ды-Млява ў Сонна-Сонна-ды-Марна ў Марна-ды-Млява 92 дык няведама менавіта чаму адначасова паралельна ссыхае й курчыцца паўтараю Млява Марна словам чыстая страта на галаву ад сьмерці Вальтэра 93 даўжынёй больш-менш два сантымэтры сто грамаў на душу ў сярэднім абагульняючы лёгка закругляючы чыстай вагі нета ў Нармандыі 94 словам няведама чаму пра што ўрэшце няважна такія факты зь іншага аднак боку ўзважыўшы што нашмат больш істотнае што ў сьвятле дасьледаваньняў што нашмат больш істотнае ў сьвятле праведзеных дасьледаваньняў Брукаўца й Камянюкіна што нашмат больш істотнае што ў сьвятле сьвятле сьвятле спыненых дасьледаваньняў Брукаўца й Камянюкіна што нашмат больш істотнае бачна выразна што ў вёсках і ў гарах на ўзьбярэжжах і ўздоўж водных дарог і агнявых паветра тое самае а зямля гэта значыць паветра і зямля з прычыны вялікіх халадоў паветра і зямля зьяўляюцца для камянёў з прычыны вялікіх халадоў на жаль у сёмым стагодзьдзі іхнай эры этэр зямля мора зьяўляюцца для камянёў з прычыны вялікіх глыбіняў вялікіх халадоў на моры на зямлі і ў паветры паўтараю няведама чаму нягледзячы на тэніс такія факты няведама чаму паўтараю надалей карацей кажучы нарэшце на жаль надалей зьяўляюцца для камянёў без усякага ўсяго але не забягайма наперад паўтараю галава 95 адначасова паралельна няведама чаму нягледзячы на тэніс надалей барада пломні сьлёзы каменьні такія сінія такія спакойныя на жаль галава галава галава галава ў Нармандыі нягледзячы на тэніс спыненыя дасьледаваньні незавершаныя што больш важна каменьні карацей кажучы паўтараю на жаль на жаль незавершаныя галава галава ў Нармандыі нягледзячы на тэніс галава на жаль каменьні Конарда Конарда… (Замяшаньне, Лёсік выкрыквае некалькі воклічаў.) Тэніс!.. Каменьні!.. Так спакойна!.. Конарда!.. Незавершаныя!..
ПАХНО. Капялюш!
Уладзімер сьцягвае Лёсікаў капялюш. Лёсік змаўкае й падае. Глыбокая цішыня. Усе цяжка дыхаюць, як пераможцы.
ЭСТРАГОН. Я адпомшчаны!
Уладзімер уважліва аглядае Лёсікаў капялюш, зазірае ў яго.
ПАХНО. Дайце мне яго! (Вырывае капялюш з рук Уладзімера, кідае яго на зямлю й топча.) Ня будзе ўжо мысьліць!
УЛАДЗIМЕР. Але ці здолее ісьці?
ПАХНО. Ня пойдзе, дык папаўзе. (Дае Лёсіку высьпятка.) Падымайся, скаціна!
ЭСТРАГОН. Можа, памёр.
УЛАДЗIМЕР. Вы так заб’яцё яго.
ПАХНО. Уставай, сьцерва! (Торгае за шворку, Лёсік прапаўзае трохі. Да Ўладзімірa i Эстрагонa) Дапамажыце мне.
УЛАДЗIМЕР. Але як?
ПАХНО. Падыміце яго!
Уладзімер і Эстрагон ставяць Лёсіка на ногі, прытрымліваюць яго хвілю, пасьля чаго адпускаюць. Лёсік ізноў падае.
ЭСТРАГОН. Ён гэта робіць наўмысна.
ПАХНО. Трэба падтрымаць яго. (Паўза.) Давайце, давайце, падыміце яго!
ЭСТРАГОН. Каб ён праваліўся! 96
УЛАДЗIМЕР. Паспрабуйма яшчэ раз.
ЭСТРАГОН. За каго ён нас прымае?
УЛАДЗIМЕР. Ну!
Ставяць Лёсіка на ногі, падтрымліваюць яго.
ПАХНО. Не пушчайце яго! (Уладзімер і Эстрагон хістаюцца.) Не варушыцеся! (Пахно бярэ валізу й кошык і нясе іх да Лёсіка.) Трымайце яго моцна! (Кладзе валізу Лёсіку ў руку. Лёсік адразу ж яе выпускае.) Не пушчайце яго! (Кладзе яшчэ раз валізу Лёсіку ў руку. Лёсік, дакранаючыся да валізы, паступова вяртаецца да прытомнасьці і ўрэшце ягоныя пальцы сьціскаюцца вакол яе ручкі.) Трымайце яго ўвесь час! (Тое ж самае з кошыкам.) Ну, цяпер можаце яго адпусьціць. (Уладзімер і Эстрагон адсоўваюцца ад Лёсіка, які патыкаецца, хістаецца й прагінаецца, але стаіць, трымаючы валізу й кошык. Пахно адступае, ляскае пугай.) Но! (Лёсік ступае наперад.) Назад! (Лёсік адступае.) Паварот! (Лёсік адварочваецца.) Парадак, можам ісьці. (Зьвяртаючыся да Ўладзіміра й Эстрагона.) Дзякуй вам, спадарове, і жадаю вам… (Поркаецца ў кішэнях.) Жадаю вам… (Поркаецца.) Жадаю вам… (Поркаецца.) Што я зрабіў з гадзіньнікам? (Поркаецца.) А каб яго! (Падымае галаву, у вачах жах.) Аўтэнтычны кішэнны гадзіньнік, спадарове, з сэкундамэрам. (Амаль рыдаючы.) 97 Мне яго даў дзядусь. (Поркаецца.) Можа, ляжыць дзесьці тут? (Шукае на зямлі, Уладзімер і Эстрагон таксама. Пахно перакульвае нагою зьнішчаны капялюш Лёсіка.) Ну, ці ж гэта ня штосьці падобнае?
УЛАДЗIМЕР. Можа, ён у вашай камізэльцы?
ПАХНО. Чакайце. (Нагінаецца, схіляючы галаву да жывата, прыслухоўваецца.) Нічога ня чую! (Кліча іх жэстам, каб падышлі.) Хадзіце паслухаць. (Уладзімер і Эстрагон падыходзяць, нахіляюцца над ягоным жыватом. Цішыня.) Павінна, здаецца, гучаць «цік-так».
УЛАДЗIМЕР. Ціха!
Усе слухаюць, сагнуўшыся.
ЭСТРАГОН. Чую нешта.
ПАХНО. Дзе?
УЛАДЗIМЕР. Гэта сэрца.
ПАХНО (расчаравана). Халера!
УЛАДЗIМЕР. Ціха!
Слухаюць.
ЭСТРАГОН. Можа, спыніўся.
Выпростваюцца.
ПАХНО. Каторы з вас так брыдка пахне?
ЭСТРАГОН. У яго сьмярдзіць з рота, а ў мяне сьмярдзяць ногі.
ПАХНО. Я мушу ўжо ісьці.
ЭСТРАГОН. А ваш кішэнны гадзіньнік?
ПАХНО. Я, мусіць, пакінуў яго ў рэзыдэнцыі.
ЭСТРАГОН. Тады адзьё 98.
ПАХНО. Адзьё.
УЛАДЗIМЕР. Адзьё.
ПАХНО. Адзьё.
Цішыня. Ніхто ня рухаецца.
УЛАДЗIМЕР. Адзьё.
ПАХНО. Адзьё.
ЭСТРАГОН. Адзьё.
Цішыня.
ПАХНО. I дзякуй.
УЛАДЗIМЕР. Дзякуй вам.
ПАХНО. Няма за што.
ЭСТРАГОН. Ёсьць, ёсьць.
ПАХНО. Не, не.
УЛАДЗIМЕР. Ёсьць, ёсьць.
ЭСТРАГОН. Не, не.
Цішыня.
ПАХНО. Неяк не магу… (Вагаецца.) адысьці.
ЭСТРАГОН. Такое вось жыцьцё.
Пахно адварочваецца, адыходзіць ад Лёсіка ў бок кулісаў, паступова цягнучы за сабою шворку.
УЛАДЗIМЕР. Вы ідзяцё ня ў той бок.
ПАХНО. Я мушу мець разьбег. (Нацягнуўшы шворку, будучы за кулісай, спыняецца, адварочваецца і крычыць.) Адсуньцеся! (Уладзімер і Эстрагон адступаюць углыб, глядзяць у бок Пахно. Ляскат пугі.) Но!
Лёсік ня рухаецца.
ЭСТРАГОН. Но!
УЛАДЗIМЕР. Но!
Ляскат пугі. Лёсік пачынае рухацца.
ПАХНО. Хутчэй! (Зьяўляецца з-за кулісы, ідзе па сцэне ўсьлед за Лёсікам. Уладзімер і Эстрагон здымаюць капелюшы й махаюць імі на разьвітаньне. Лёсік выходзіць. Пахно ляскае пугай.) Хутчэй! Хутчэй! (Перад самым выхадам Пахно спыняецца й паварочваецца. Шворка нацягваецца. Чуваць, як Лёсік падае.) Зэдлік! (Уладзімер ідзе па зэдлік, пасьля чаго падыходзіць да Пахно й падае яго яму, а той затым кідае яго ў бок Лёсіка.) Адзьё!
УЛАДЗIМЕР і ЭСТРАГОН (махаючы). Адзьё! Адзьё!
ПАХНО. Уставай, скаціна! (Чуваць, як Лёсік устае.) Но! (Пахно выходзіць. Ляскат пугі.) Но! Адзьё! Хутчэй, скаціна! Нооо! Адзьё!
Цішыня.
УЛАДЗIМЕР. Неяк час праляцеў.
ЭСТРАГОН. I так бы праляцеў.
УЛАДЗIМЕР. Але ня так хутка.
Паўза.
ЭСТРАГОН. Што рабіцьмем?
УЛАДЗIМЕР. Ня ведаю.
ЭСТРАГОН. Хадзем.
УЛАДЗIМЕР. Нельга.
ЭСТРАГОН. Чаму?
УЛАДЗIМЕР. Мы чакаем Гадо.
ЭСТРАГОН. I праўда.
Паўза.
УЛАДЗIМЕР. Надта зьмяніліся.
ЭСТРАГОН. Хто?
УЛАДЗIМЕР. Гэтыя двое.
ЭСТРАГОН. Вось, паразмаўляйма крыху.
УЛАДЗIМЕР. Ці ж не?
ЭСТРАГОН. Што? 99
УЛАДЗIМЕР. Што зьмяніліся.
ЭСТРАГОН. Цалкам магчыма. Усе зьмяняюцца 100. Толькі мы неяк ня можам.
УЛАДЗIМЕР. Магчыма! Напэўна. Ты ня бачыў іх?
ЭСТРАГОН. Бачыў. Але я іх ня ведаю.
УЛАДЗIМЕР. Наадварот, ты ведаеш іх.
ЭСТРАГОН. Адкуль жа!
УЛАДЗIМЕР. Я табе кажу, мы іх ведаем. У цябе слабая памяць. (Паўза. Сам сябе 101.) Хіба што гэта ня тыя самыя.
ЭСТРАГОН. Чаму тады яны нас не пазналі?
УЛАДЗIМЕР. Гэта ня мае аніякага значэньня. Я таксама прыкінуўся, што іх не пазнаю. А апроч таго, нас ніколі ніхто не пазнае.
ЭСТРАГОН. Няважна. Трэба было б… Вой! (Уладзімер не рэагуе.) Вой!
УЛАДЗIМЕР (сам сабе) 102. Хіба што гэта ня тыя самыя.
ЭСТРАГОН. Дзідзі! Другая нага!
Кульгае ў бок камяня, дзе сядзеў напачатку.
УЛАДЗIМЕР. Хіба што гэта ня тыя самыя… 103
ГОЛАС З-ЗА КУЛIСЫ. Спадару!
Эстрагон спыняецца. Абодва глядзяць у бок, адкуль данёсься голас.
ЭСТРАГОН. Зноўку пачынаецца.
УЛАДЗIМЕР. Падыдзі, маё дзіця.
Уваходзіць Хлапец, недаверліва. Спыняецца.
ХЛАПЕЦ. Спадару Альбэрце?
УЛАДЗIМЕР. Так, гэта я.
ЭСТРАГОН. Што табе трэба?
УЛАДЗIМЕР. Падыдзі.
Хлапец ня рухаецца.
ЭСТРАГОН (строга). Падыдзі, калі я табе кажу.
Хлапец недаверліва набліжаецца, спыняецца.
УЛАДЗIМЕР. У чым справа?
ХЛАПЕЦ. Спадар Гадо…
Змаўкае 104.
УЛАДЗIМЕР. Канечне. (Паўза.) Падыдзі.
Хлапец ня рухаецца.
ЭСТРАГОН (строга). Падыйдзі, калі я табе кажу! (Хлапец недаверліва набліжаецца, спыняецца.) Чаму ты прыходзіш так позна?
УЛАДЗIМЕР. Ты маеш нейкую вестку ад спадара Гадо?
ХЛАПЕЦ. Так, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Тады кажы.
ЭСТРАГОН. Чаму ты прыходзіш так позна?
Хлапец пазірае то на аднаго, то на другога, ня ведаючы, каму адказаць.
УЛАДЗIМЕР (да Эстрагона). Адчапіся ад яго.
ЭСТРАГОН (да Ўладзімірa). Гэта ты ад мяне адчапіся. (Падыходзячы да Хлапца.) Ведаеш, колькі часу?
ХЛАПЕЦ (адступаючы). Гэта не мая віна, спадару.
ЭСТРАГОН. А чыя? Можа, мая?
ХЛАПЕЦ. Я баяўся, спадару.
ЭСТРАГОН. Чаго баяўся? Нас? (Паўза.) Адкажы!
УЛАДЗIМЕР. Я ўжо ведаю, у чым справа, ён баяўся тых.
ЭСТРАГОН. Колькі ты ўжо тут?
ХЛАПЕЦ. Ужо добрую хвілю, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Пугі баяўся?
ХЛАПЕЦ. Так, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Віскату?
ХЛАПЕЦ. Так, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Тых двух спадароў?
ХЛАПЕЦ. Так, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Ты ведаеш іх?
ХЛАПЕЦ. Не, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Ці ты тутэйшы?
ХЛАПЕЦ. Так, спадару.
ЭСТРАГОН. Гэта ўсё хлусьня! (Хапае Хлапца й тармосіць яго.) Кажы нам праўду!
ХЛАПЕЦ (трасучыся). Я кажу праўду, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Пакінь яго ў спакоі! Што з табою? (Эстрагон пускае Хлапца, адступае, прыкрывае твар рукамі. Уладзімер і Хлапец назіраюць за ім. Эстрагон апускае рукі, ягоны твар зьмяніўся.) Што з табою?
ЭСТРАГОН. Я нешчасьлівы.
УЛАДЗIМЕР. Ня можа быць! Калі ты стаў нешчасьлівы?
ЭСТРАГОН. Ужо ня памятаю.
УЛАДЗIМЕР. Памяць вытварае з намі такія штукі! (Эстрагон спрабуе нешта казаць, аднак спыняецца, кульгае да свайго месца, сядае й пачынае здымаць чаравік. Да Хлапца.) Ну, то што?
ХЛАПЕЦ. Спадар Гадо…
УЛАДЗIМЕР (перабіваючы). Я цябе ўжо калісьці бачыў, ці ня так?
ХЛАПЕЦ. Ня ведаю, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Ня знаеш мяне?
ХЛАПЕЦ. Не, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Ці ня ты быў тут учора?
ХЛАПЕЦ. Не, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Ты прыходзіш упершыню?
ХЛАПЕЦ. Так, спадару.
Цішыня.
УЛАДЗIМЕР. Можа, і так. (Паўза.) Кажы.
ХЛАПЕЦ (пасьпешліва). Спадар Гадо сказаў мне, каб я перадаў спадару, што сёньня ўвечары ён ня прыйдзе, але напэўна прыйдзе заўтра.
Цішыня 105.
УЛАДЗIМЕР. Гэта ўсё?
ХЛАПЕЦ. Так, спадару.
Цішыня 106.
УЛАДЗIМЕР. Ты працуеш у спадара Гадо?
ХЛАПЕЦ. Так, спадару.
УЛАДЗIМЕР. I што ты робіш?
ХЛАПЕЦ. Даглядаю козы, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Ён да цябе зычлівы?
ХЛАПЕЦ. Так, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Ня б’е цябе?
ХЛАПЕЦ. Не, спадару, мяне – не.
УЛАДЗIМЕР. А каго б’е?
ХЛАПЕЦ. Б’е майго брата, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Значыць, ты маеш брата?
ХЛАПЕЦ. Так, спадару.
УЛАДЗIМЕР. А што ён робіць?
ХЛАПЕЦ. Даглядае авечкі, спадару.
УЛАДЗIМЕР. A чаму цябе ня б’е?
ХЛАПЕЦ. Ня ведаю, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Мусіць, ён да цябе ласкавы.
ХЛАПЕЦ. Ня ведаю, спадару.
Цішыня 107.
УЛАДЗIМЕР. Ці ён дае табе дастаткова ежы? (Хлапец вагаецца.) Ці добра цябе корміць?
ХЛАПЕЦ. Не найгорш, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Ты нешчасьлівы? (Хлапец вагаецца.) Чуеш, што я кажу?
ХЛАПЕЦ. Так, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Ну дык?
ХЛАПЕЦ. Ня ведаю, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Ня ведаеш, ці ты нешчасьлівы, ці не?
ХЛАПЕЦ. Не, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Таксама, як я. (Паўза.) А дзе ты сьпіш?
ХЛАПЕЦ. На паддашку, спадару.
УЛАДЗIМЕР. Разам з братам?
ХЛАПЕЦ. Так, спадару.
УЛАДЗIМЕР. На сене?
ХЛАПЕЦ. Так, спадару.
Паўза.
УЛАДЗIМЕР. Добра, можаш ісьці.
ХЛАПЕЦ. Спадару, а што мне сказаць спадару Гадо?
УЛАДЗIМЕР. Скажы яму… (Вагаецца.) Скажы яму, што ты нас бачыў. (Паўза.) Ты ж нас бачыў, ну хіба не?
ХЛАПЕЦ. Так, спадару.
Адступае, вагаецца, паварочваецца й выбягае.
Сьвятло нечакана прыгаысае. У момант настае ноч. У глыбі ўздымаецца месяц, падымаецца на неба, становіцца нерухомым, заліваючы сцэну срэбным сьвятлом.
УЛАДЗIМЕР. Нарэшце! (Эстрагон падымаецца, і, трымаючы па адным чаравіку ў кожнай руцэ, ідзе ў бок Уладзімера. Ставіць іх на краі сцэны, выпростваецца й глядзіць на месяц.) Што ты там робіш?
ЭСТРАГОН. Тое ж самае, што і ты, гляджу на гэтага бледнага…
УЛАДЗIМЕР. Што? 108
ЭСТРАГОН. …змучанага ўжо гэтым уздыманьнем і глядзеньнем на такіх, як мы.
УЛАДЗIМЕР. Я пытаюся, што ты робіш з чаравікамі.
ЭСТРАГОН (адварочваецца й глядзіць на чаравікі) 109. Я пакідаю іх тут. (Паўза.) Прыйдзе хтосьці іншы, таксама… таксама… як я, толькі што будзе мець меншыя ступакі, і яны ашчасьлівяць яго.
УЛАДЗIМЕР. Ты ж ня можаш хадзіць басанож.
ЭСТРАГОН. Езус хадзіў.
УЛАДЗIМЕР. Езус! А якое Езус мае дачыненьне да ўсяго гэтага. Ты ж хіба не наважысься параўноўвацца зь ім?
ЭСТРАГОН. Усё жыцьцё я параўноўваюся зь ім.
УЛАДЗIМЕР. Але там, дзе ён жыў, было цёпла, суха!
ЭСТРАГОН. Так. I ўкрыжоўвалі там значна хутчэй.
Цішыня.
УЛАДЗIМЕР. Тут нам ужо няма справаў.
ЭСТРАГОН. Ані дзе-колечы яшчэ.
УЛАДЗIМЕР. Эй, Гога, не кажы так. Заўтра ўсё будзе лепш.
ЭСТРАГОН. Чаму гэта?
УЛАДЗIМЕР. Ты ж чуў, што сказаў гэты хлапец?
ЭСТРАГОН. Не.
УЛАДЗIМЕР. Ён сказаў, што Гадо прыйдзе заўтра напэўна. (Паўза.) Ну, і што ты на гэта?
ЭСТРАГОН. Тады нам не застаецца нічога іншага, як чакаць тут і надалей.
УЛАДЗIМЕР. Што ты? Мы мусім дзесьці ўкрыцца. (Бярэ Эстрагона пад руку.) Хадзі.
Цягне яго. Эстрагон спачатку паддаецца, пасьля ўпіраецца. Спыняюцца.
ЭСТРАГОН (пазіраючы на дрэва). Шкада, што ня маем кавалка матуза.
УЛАДЗIМЕР. Хадзі. Пачынае халаднець.
Цягне яго. Тое самае, што й раней.
ЭСТРАГОН. Нагадай мне, каб я заўтра прынёс матуз.
УЛАДЗIМЕР. Добра. Хадзі.
Цягне яго. Тое самае, што й раней.
ЭСТРАГОН. Колькі часу мы ўжо з табою разам?
УЛАДЗIМЕР. Ня ведаю. Можа, пяцьдзясят год.
ЭСТРАГОН. Памятаеш дзень, калі я кінуўся ў Рону 110?
УЛАДЗIМЕР. Пад час збору вінаграду.
ЭСТРАГОН. Ты мяне тады выцягнуў.
УЛАДЗIМЕР. Гэх, што было, тое быльлём парасло.
ЭСТРАГОН. Маё адзеньне высахла на сонцы.
УЛАДЗIМЕР. Не ўспамінайма ўжо таго. Хадзі.
Цягне яго. Тое самае, што й раней.
ЭСТРАГОН. Пачакай.
УЛАДЗIМЕР. Я ўжо зьмерз.
ЭСТРАГОН. Пачакай! (Адыходзіць ад Уладзімера.) 111 Я часам думаю, ці не было б лепш, каб кожны з нас застаўся сам, сам з сабою. (Праходзіць праз сцэну і сядае на сваім камяні.) 112 Мы ня створаныя для адной дарогі.
УЛАДЗIМЕР (бяз крыўды). Гэта зусім ня пэўна.
ЭСТРАГОН. Так, няма нічога пэўнага.
Уладзімер павольна праходзіць праз сцэну й сядае поруч з Эстрагонам 113.
УЛАДЗIМЕР. Калі ты мяркуеш, што так было б лепш, мы можам яшчэ расстацца.
ЭСТРАГОН. Цяпер ужо няварта.
Цішыня.
УЛАДЗIМЕР. Напраўду, цяпер ужо няварта.
Цішыня.
ЭСТРАГОН. Дык што, хадзем?
УЛАДЗIМЕР. Хадзем.
Ня рухаюцца.
ЗАСЛОНА
1 «нізкім» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
2 анг.: «Nothing to be done»; фран.: «Rien а faire». Аўтар, ставячы п’есу, зьвяртаў увагу, што пачынаецца яна словам «нічога», якое ёсьць тэмай, ці то прадвесьцем дзеі.
3 «да таго» – гэта значыць да таго каб зрабіць самагубства.
4 толькі ў ангельскай вэрсіі.
5 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Ага… Ня вельмі».
6 гэта значыць, маючы ўласныя праблемы, сачыць яшчэ за кімсьці іншым.
7 «Зь іншага боку, кажу сабе [...]» – працяг думкі зь першай рэплікі: «Пачынаю схіляцца да гэтага».
8 у францускай вэрсіі: «каля тысяча дзевяцісотага». У ангельскай: «у дзевяностых [гадох] XIX стагодзьдзя».
9 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Было б лепш, калі б ты слухаў мяне».
10 «Надзея, якая доўга ня праўдзіцца, стамляе нешта» – з ангельскай вэрсіі. Скажоная цытата з Кнігі выслоўяў Саламонавых (13:12); дакладна гучыць: «Надзея, якая доўга ня праўдзіцца, стамляе сэрца». Уладзімер забыў слова «сэрца». У францускай вэрсіі: «[Працягнецца] доўга, але будзе добра». Безь літаратурных алюзіяў.
11 апошняя хвіля.
12 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «А бадай яго!»
13 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Ну, што ж… спыненае здыманьнем Эстрагонавага чаравіка».
14 ціск капелюша.
15 толькі ў ангельскай вэрсіі.
16 толькі ў ангельскай вэрсіі.
17 у ангельскай вэрсіі гульня словам: «repent» азначае “каяцца” альбо “шкадаваць”.
18 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Кажаш, што нас гэтага пазбавілі».
19 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Ну што ж…»
20 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Ты блытаеш з Ракэт». Ракэт – старая парыская турма (1830-1900).
21 толькі ў ангельскай вэрсіі.
22 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Слухаю».
23 «З трох астатніх [...]» – неадпаведнасьць Новаму Запавету. Паводле Сьвятога Пісьма, з трох астатніх адзін (св. Ян 19: 17) не ўзгадвае пра «злачынцаў», кажучы толькі пра нейкіх «двох іншых», а двое (св. Мацей 27: 38 і 44, св. Марк 15: 27 і 32) пішуць, што абодва зьняважалі яго.
24 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Скуль жа!»
25 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Ну і што з таго?»
26 толькі ў ангельскай вэрсіі.
27 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Але адзін кажа, што атрымаў збаўленьне».
28 «становіцца сьпінаю да публікі» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
29 толькі ў ангельскай вэрсіі.
30 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Быццам вярба».
31 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Перакур».
32 толькі ў ангельскай вэрсіі.
33 «на камень» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
34 «бялявую, чарнявую ці трэцю-рыжу-кучаравую». У арыгінале: «бляндынку, брунэтку ці рудую».
35 «напалову» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
36 толькі ў ангельскай вэрсіі.
37 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Распрадалі».
38 толькі ў ангельскай вэрсіі.
39 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Плачліва».
40 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Нічога ня чую».
41 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Чым больш ем, тым больш смакуе».
42 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Хутчэй!»
43 толькі ў ангельскай вэрсіі.
44 толькі ў ангельскай вэрсіі.
45 «нясьмела» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
46 «Пахно! (Цішыня)» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
47 два разы паўторанае імя толькі ў ангельскай вэрсіі. У францускай названае толькі раз.
48 у гэтым месцы ў ангельскай вэрсіі. У францускай толькі пасьля наступнай рэплікі Ўладзіміра.
49 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Маці гафтавала на пяльцах».
50 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Боскага паходжаньня».
51 толькі ў ангельскай вэрсіі.
52 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Сьцюдзёна ўжо папраўдзе».
53 толькі ў ангельскай вэрсіі.
54 «адзін крок» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
55 у гэтым месцы ў ангельскай вэрсіі. У францускай раней, пасьля слова «Сьмярдзіць».
56 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Страшэнна».
57 толькі ў ангельскай вэрсіі.
58 «кошык» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
59 «удавана» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
60 у гэтым месцы ў ангельскай вэрсіі. У францускай: «Спытайцеся ў яго».
61 толькі ў ангельскай вэрсіі.
62 «(Перастаюць глядзець на неба.)» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
63 «(Пыхкае.)» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
64 толькі ў ангельскай вэрсіі.
65 аэразоль.
66 толькі ў ангельскай вэрсіі.
67 «Атлант, сын Юпітэра!» – Пахнова памылка. Атлант быў сынам Япэта.
68 «Разважліва» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
69 «(Паўза. Раптоўна) Былі б зямныя [...]» - толькі ў ангельскай вэрсіі.
70 «Усе постаці маюць на галовах кацялкі». [Зацемка аўтара]
71 толькі ў ангельскай вэрсіі.
72 «Абдулах» – марка люлькі. У ангельскай вэрсіі: «Каппа і Пэтэрсана».
73 У грэцкай міталёгіі бог лясоў і палёў, апякун пастухоў, рыбакоў і паляўнічых. Уяўляўся з казлінымі рагамі, з барадою, з капытамі на нагах і з хвастом. У старажытным Рыме Пана атаясамлівалі з Фаўнам. У беларускай міталёгіі адпаведнікам можа быць Палявік, альбо Лясун.
74 «схопіце яшчэ запаленьне лёгкіх» – з ангельскай вэрсіі. У францускай: «яшчэ прастудзіцеся».
75 ангельскай вэрсіі. У францускай: «Вялікі вам дзякуй. Ну, ізноў атрымалася».
76 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Катул» – адзін з найвыдатнейшых рымскіх паэтаў (84-54 гг. да н.э.)
77 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Ну, гэта не бавіць дык напэўна».
78 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Падсоўваю найпрасьцейшы спосаб».
79 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Сёньня».
80 «Пф! Так і я ўмею. (Iмітуе Лёсікавы рухі [...]» – з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Вось дык што, баран!
(Iмітуе Лёсікавы рухі) Я ўмею гэтаксама. (Далей імітуе, ледзь ня падае, садзіцца назад)».
81 літаральна ў францускай вэрсіі: «Старэчы рак»; у ангельскай: «Цьвёрды кал».
82 «Надзяваюць капелюшы» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
83 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Няхай сабе прынясе».
84 З ангельскай вэрсіі. У францускай рэмаркі выпісаныя на палёх тэксту: пункт 1 – на пачатку; пункт 2 – пачынаючы ад словаў «ня ўлічваючы толькі таго які ўзьнікае ад людзкой дзейнасьці»; пункт 3 – пачынаючы ад словаў «нягледзячы на прагрэс у забесьпячэньні і ў ліквідацыі адходаў»; пункт 4 – пачынаючы ад словаў «такія факты».
85 Лёсікаў маналёг – гэта пародыя на сучасную навуковую мову. Адначасна ў ім прадстаўленая вельмі простая й выразная думка, якая ўжо ня ёсьць прадметам сатыры. Аўтар, пад час пастаноўкі п’есы ў Заходнім Бэрліне, прысьвяціў маналёгу шмат увагі – падрабязна паясьніў як яго структуру й сэнс, так і паасобныя словы й фразы.
86 эфэкт зайканьня. Лёсік спрабуе вымавіць слова ўсюдыісны; па лаціне: quaversalis .
87 атамбія – адвага.
88 афазія – немата.
89 Міранда – дачка Праспэра з «Буры» Ў. Шэксьпіра, вядомая сваім спагадлівым сэрцам.
90 ён – Бог
91 У ангельскай вэрсіі літаральна: Эсі-ін-Позьзі. У францускай: Бэрн-эн-Брэс.
92 У францускай вэрсіі літаральна: Сэна Сэна-эт-Ўаза ў Сэна Сэна-эт-Марна ў Марна-эт-Ўаза. У ангельскай: Фэкхэм, Пэкхэм, Фулхэм, Клэпхэм
(назвы з вульгарнаю афарбоўкаю).
93 Вальтэр (Voltaire, 1694–1778) – францускі пісьменьнік, філёзаф і гісторык. У ангельскай вэрсіі: Біскуп Джордж Бэрклі
(George Berkeley, 1685–1753) – ангельскі філёзаф, клясік суб’ектыўнага ідэалізму.
94 Нармандыя – з францускай вэрсіі. У ангельскай: Каннэмара
(горад у Iрляндыі).
95 галава – Лёсік кліча на дапамогу.
96 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Досыць ужо гэтага».
97 «(Амаль рыдаючы)» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
98 «адзьё» – (adieu) “пакуль, бывай” па-француску.
99 «Што?» і наступная пасьля гэтага рэпліка Ўладзіміра – толькі ў ангельскай вэрсіі. У францускай папярэдняя рэпліка Ўладзіміра гучыць: «Ты ня думаеш, што яны зьмяніліся?»
100 «Усе мяняюцца» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
101 «Сам сябе» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
102 «(сам сабе)» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
103 толькі ў ангельскай вэрсіі.
104 толькі ў францускай вэрсіі. У ангельскай Уладзімер словам «Канечне» перапыняе Хлапца.
105 толькі ў ангельскай вэрсіі.
106 толькі ў ангельскай вэрсіі.
107 толькі ў ангельскай вэрсіі.
108 «Што?» і наступная рэпліка Эстрагона «…змучанага ўжо гэтым уздыманьнем і глядзеньнем на такіх, як мы» – толькі ў ангельскай вэрсіі.
109 толькі ў ангельскай вэрсіі.
110 «Рону» – з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Дзюранс»
(прыток Роны).
111 толькі ў ангельскай вэрсіі.
112 «Праходзіць […]» – з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Паўза».
113 «Уладзімер павольна праходзіць праз сцэну і садзіцца абок Эстрагона» – толькі ў ангельскай вэрсіі.<
Кніга публікуецца на сайце
з ласкавай згоды Аўтара перакладу
|