БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары...

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 
 Самюэл Бэкет, У чаканьні Гадо

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Наступны дзень. Той самы час. Тое самае месца. Чаравікі Эстрагона сьпераду на краі сцэны, абцасы ссунутыя, наскі рассунутыя. Лёсікаў капялюш у тым самым месцы. На дрэве чатыры, пяць 114 лісткоў. Уваходзіць Уладзімер, энэргічна. Спыняецца й доўга прыглядаецца да дрэва. Затым пачынае ліхаманкава хадзіць па сцэне ўва ўсе бакі. Спыняецца ля чаравікаў, нахіляецца, падымае адзін, глядзіць на яго, крывіцца з агідай, акуратна кладзе на месца. Iзноў пачынае хадзіць туды-сюды. Спыняецца на краі сцэны справа й выглядае нешта ўводдалі, захінаючы рукою вочы. Iзноў ходзіць туды-сюды. Спыняецца на краі сцэны зьлева, робіць тое самае, што й папярэдне. Iзноў ходзіць туды-сюды. Нечакана спыняецца, складае на грудзях рукі, адхіляе назад галаву й пачынае гучна сьпяваць. 

УЛАДЗIМЕР. Аднойчы галодны сабачка на кухні…

Пачаўшы завысока, спыняецца, адкашліваецца, пачынае зноў – крыху ніжэй:

Аднойчы галодны сабачка на кухні

Кавалачак мяса сьцягнуў пад шумок.

Злы кухар сабачку па лобе як бухне –

Ажно праламіўся слабы чарапок!

Прыбеглі сабакі, сяброўкі зь сябрамі,

Свайго сябрука закапалі ў зямлі…

Спыняецца, задумваецца, пачынае яшчэ раз:

Прыбеглі сабакі, сяброўкі зь сябрамі,

Свайго сябрука закапалі ў зямлі.

Наскрэблі на камені верш кіпцюрамі,

Каб вочы сабачыя бачыць маглі:

«Аднойчы галодны сабачка на кухні

Кавалачак мяса сьцягнуў пад шумок.

Злы кухар сабачку па лобе як бухне –

Ажно праламіўся слабы чарапок!

Прыбеглі сабакі, сяброўкі зь сябрамі,

Свайго сябрука закапалі ў зямлі…

Спыняецца. Тое самае, што й раней:

Прыбеглі сабакі, сяброўкі зь сябрамі,

Свайго сябрука закапалі ў зямлі…

Спыняецца. Тое самае, што й раней. Пяшчотна:

Свайго сябрука закапалі ў зямлі…»

Змаўкае, нейкі момант ня рухаецца, пасьля чаго зноў пачынае ліхаманкава хадзіць па сцэне ўва ўсе бакі. Зноўку спыняецца ля дрэва, далей ходзіць туды-сюды, ізноў спыняецца ля чаравікаў, далей ходзіць туды-сюды, бяжыць на край сцэны зьлева, выглядае нешта ўводдалі. У гэты момант зьлева ўваходзіць Эстрагон, басанож, з нахіленай галавою, і павольна праходзіць праз сцэну. Уладзімер паварочваецца й бачыць яго.

УЛАДЗIМЕР. Ты зноўку! (Эстрагон спыняецца, але не падымае галавы. Уладзімер ідзе да яго.) Хадзі, я абдыму цябе!

ЭСТРАГОН. Не дакранайся да мяне!

Уладзімер расчараваны, засмучаны. Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Хочаш, каб я сышоў? (Паўза.) Гога! (Паўза. Уладзімер уважліва глядзіць на яго.) Цябе пабілі? (Паўза.) Гога! (Эстрагон, з нахіленай галавою, працягвае маўчаць.) Дзе ты правёў ноч?

Цішыня. Уладзімер падыходзіць бліжэй.

ЭСТРАГОН. Не дакранайся да мяне! Не задавай мне пытаньняў! Нічога мне не кажы! Застанься са мною!

УЛАДЗIМЕР. Ці я калісьці пакідаў цябе?

ЭСТРАГОН. Ты дазволіў мне сысьці.

УЛАДЗIМЕР. Паглядзі на мяне! (Эстрагон ня рухаецца. Пераканаўча) Паглядзі на мяне, табе кажу!

Эстрагон падымае галаву. Доўга глядзяць адзін на аднаго, то адступаючы, то зноў набліжаючыся адзін да аднаго й нахіляючы галовы, як бы глядзелі на мастацкі твор, схіляючыся адзін да аднаго ўсё мацней, ажно ўрэшце нечакана кідаюцца ў абдымкі, стукаючы адзін аднаго па плячох. Заканчваюць абдымацца. Эстрагон, страціўшы падтрымку, ледзь ня падае.

ЭСТРАГОН. Што за дзень!

УЛАДЗIМЕР. Хто цябе пабіў? Скажы мне.

ЭСТРАГОН. Яшчэ адзін дзень страчаны.

УЛАДЗIМЕР. Яшчэ не.

ЭСТРАГОН. Для мяне ён ужо скончыўся, што б ні здарылася. (Цішыня.) Я чуў, як ты сьпяваў.

УЛАДЗIМЕР. Так, я памятаю.

ЭСТРАГОН. Мне было прыкра. «Ён адзін, – казаў я сабе, – думае, што я сышоў назаўсёды, і ўсё адно сьпявае».

УЛАДЗIМЕР. Наш настрой нам не падуладны. Цэлы дзень я ў цудоўнай форме. (Паўза.) Уначы не ўставаў ані разу!

ЭСТРАГОН (сумна). Сам бачыш, адразу лепш сікаеш, калі мяне няма.

УЛАДЗIМЕР. Я сумаваў без цябе… і адначасна мне было добра. Ці ж гэта ня дзіўна?

ЭСТРАГОН (зьдзіўлены). Добра?

УЛАДЗIМЕР (падумаўшы). Ну, можа, гэта не зусім тое слова.

ЭСТРАГОН. А цяпер?

УЛАДЗIМЕР (агледзеўшы самога сябе). Цяпер?.. (Радасна.) Tы зноў тут… (Абыякава.) Мы зноў тут… (Сумна.) Я зноў тут.

ЭСТРАГОН. Сам бачыш, табе горш, калі я з табою. Я таксама адчуваю сябе лепш на самоце.

УЛАДЗIМЕР (абражаны). Тады нашто сюды лезеш?

ЭСТРАГОН. Ня ведаю.

УЛАДЗIМЕР. А я ведаю. Бо ты ня здольны сябе абараніць. Я б не дазволіў, каб цябе білі.

ЭСТРАГОН. Ты ня даў бы рады.

УЛАДЗIМЕР. Чаму?

ЭСТРАГОН. Я нічога не зрабіў.

УЛАДЗIМЕР. Гаворка не пра гэта, я не дазволіў бы, каб ты ўвогуле зрабіў тое, што зрабіў.

ЭСТРАГОН. Я нічога не зрабіў.

УЛАДЗIМЕР. Тады чаму цябе пабілі?

ЭСТРАГОН. Ня ведаю.

УЛАДЗIМЕР. Не, не, Гога, бачыш, ёсьць рэчы, якія мінаюць па-за тваёю ўвагай, але якія заўважаю я. Ты мусіш зразумець гэта.

ЭСТРАГОН. Я кажу табе, я нічога не зрабіў.

УЛАДЗIМЕР. Можа, і не. Але калі хочаш уратавацца, варта сьцяміць: істотнае ня тое, што ты робіш, а тое, як ты гэта робіш. Але ня будзем пра гэта. Вось ты тут – і мне вельмі прыемна з гэтай прычыны.

ЭСТРАГОН. Я нічога не зрабіў 115.

УЛАДЗIМЕР. Дарэчы, а табе, дзесьці там, у сярэдзіе, таксама прыемна, га? Прызнайся.

ЭСТРАГОН. Мне? Прыемна? Чаму?

УЛАДЗIМЕР. Бо ты зноў са мною.

ЭСТРАГОН. Ты так думаеш?

УЛАДЗIМЕР. Скажы «так», нават калі гэта няпраўда.

ЭСТРАГОН. Што мне сказаць?

УЛАДЗIМЕР. Скажы: «мне прыемна».

ЭСТРАГОН. Мне прыемна.

УЛАДЗIМЕР. Мне таксама.

ЭСТРАГОН. Мне таксама.

УЛАДЗIМЕР. Нам прыемна.

ЭСТРАГОН. Нам прыемна. (Цішыня.) Што будзем рабіць, калі нам прыемна?

УЛАДЗIМЕР. Чакаць Гадо.

ЭСТРАГОН. Так, рацыя.

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Тут нешта зьмянілася з учора…

ЭСТРАГОН. A калі ён ня прыйдзе?

УЛАДЗIМЕР (у першы момант не зразумеўшы). Падумаем аб гэтым, калі прыйдзе час 116. (Паўза.) Я казаў, што тут нешта зьмянілася з учора.

ЭСТРАГОН. Размокла ўсё.

УЛАДЗIМЕР. Зірні на дрэва.

ЭСТРАГОН. Двойчы ў адно гаўно ўляпацца немагчыма.

УЛАДЗIМЕР. Дрэва, паглядзі на дрэва.

Эстрагон глядзіць на дрэва.

ЭСТРАГОН. Яго тут учора не было?

УЛАДЗIМЕР. Канечне ж, было. Ня памятаеш? Мы ледзь на ім не павесіліся. (Задумваецца.) Менавіта… (Падкрэсьліваючы кожнае слова.) Мы ледзь не павесіліся. Толькі ты не захацеў. Ня памятаеш?

ЭСТРАГОН. Табе прысьнілася.

УЛАДЗIМЕР. Ці гэтае магчыма, каб ты ўжо забыў?

ЭСТРАГОН. Так, я такі. Альбо адразу забываю, альбо не забываю ніколі.

УЛАДЗIМЕР. A Пахно й Лёсік? Iх таксама ня памятаеш?

ЭСТРАГОН. Пахно й Лёсік?

УЛАДЗIМЕР. Пра ўсё забыў!

ЭСТРАГОН. Памятаю нейкага дурнаватага, які ўдарыў мяне ў лытку. А пасьля прыкідаўся вар’ятам.

УЛАДЗIМЕР. Гэта Лёсік!

ЭСТРАГОН. Так, гэта я памятаю. Але калі тое было?

УЛАДЗIМЕР. A таго другога, які вёў яго, яго гаспадара, памятаеш?

ЭСТРАГОН. Ён даў мне косткі.

УЛАДЗIМЕР. Гэта Пахно!

ЭСТРАГОН. I ты кажаш, усё гэта было ўчора?

УЛАДЗIМЕР. Вядома ж, учора.

ЭСТРАГОН. I тут?

УЛАДЗIМЕР. Ну, а дзе ж яшчэ? Ты не пазнаеш гэтага месца?

ЭСТРАГОН (зь нечаканай разьюшанасьцю). Ці я пазнаю?! А што тут пазнаваць? Усё сваё вашывае жыцьцё я пэцкаўся ў гэтым брудзе! A ты хочаш, каб я заўважаў нюансы! (Глядзіць навокал.) Зірні вось на гэтую кучу гною! Я адсюль ніколі не сыходзіў!

УЛАДЗIМЕР. Супакойся, супакойся.

ЭСТРАГОН. Гэта ты пакінь мяне ў спакоі са сваімі краявідамі! Апавядай мне пра цямніцы! 117

УЛАДЗIМЕР. Усё адно ты ня скажаш мне, што гэта (Абводзіць рукою навакольле.) нагадвае Ваклюз 118! Есьць, аднак, вялікая розьніца.

ЭСТРАГОН. Ваклюз! Які Ваклюз?

УЛАДЗIМЕР. Дык ты ж сам там быў, у гэтым Ваклюзе.

ЭСТРАГОН. Нічога падобнага, я ніколі ня быў ні ў якім Ваклюзе! Кажу табе, я прасраў усё гэтае засранае жыцьцё тут! Тут! У Сраклюзе!

УЛАДЗIМЕР. Але ж мы былі там разам, галаву дам на адрэз. Мы працавалі на зборы вінаграду, у аднаго такога, якога звалі Банэльлі, у Русыльёне 119.

ЭСТРАГОН (спакайней). Магчыма. Мне нічога не прыгадваецца 120.

УЛАДЗIМЕР. Там жа ўнізе ўсё было чырвонае! 121

ЭСТРАГОН. (раззлаваны). Кажу табе, што нічога мне не прыгадваецца!

Цішыня. Уладзімер глыбока ўздыхае.

УЛАДЗIМЕР. Цяжка з табою жыць, Гога.

ЭСТРАГОН. Тады нам лепей расстацца.

УЛАДЗIМЕР. Ты ўвесь час гэта паўтараеш. I заўжды прыпаўзаеш ізноў.

Цішыня.

ЭСТРАГОН. Лепей было б мяне забіць, як таго.

УЛАДЗIМЕР. Якога таго? (Паўза.) Якога таго?

ЭСТРАГОН. Як мільярды тых.

УЛАДЗIМЕР (дыдактычна). Кожнаму несьці свой крыжык. (Уздыхае.) Да сьмерці. (Хвіліна роздуму.) Да суцэльнага забыцьця 122.

ЭСТРАГОН. Аднак пакуль што паспрабуйма гутарыць міжсобку не нэрвуючыся, калі ўжо ня можам памаўчаць.

УЛАДЗIМЕР. Так, мы нязмоўчныя.

ЭСТРАГОН. Гэта для таго, каб не засталося часу на роздум.

УЛАДЗIМЕР. Маем апраўданьне.

ЭСТРАГОН. Гэта для таго, каб ня чуць.

УЛАДЗIМЕР. Маем свае прычыны.

ЭСТРАГОН. Усіх гэтых галасоў памерлых.

УЛАДЗIМЕР. Якія шамацяць, нібы крылы.

ЭСТРАГОН. Нібы лісьце.

УЛАДЗIМЕР. Нібы пясок.

ЭСТРАГОН. Нібы лісьце.

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Усе прамаўляюць адначасна.

ЭСТРАГОН. Кожны сам сабе.

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Хутчэй шэпчуць.

ЭСТРАГОН. Шамацяць.

УЛАДЗIМЕР. Цурчаць.

ЭСТРАГОН. Шамацяць.

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Што яны кажуць?

ЭСТРАГОН. Апавядаюць пра сваё жыцьцё.

УЛАДЗIМЕР. Хіба ім ня досыць таго, што жылі.

ЭСТРАГОН. Яны мусяць апавядаць пра гэта.

УЛАДЗIМЕР. Хіба ім ня досыць таго, што памерлі.

ЭСТРАГОН. Ня досыць.

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Яны шамацяць, нібы пер’е.

ЭСТРАГОН. Нібы лісьце.

УЛАДЗIМЕР. Нібы попел.

ЭСТРАГОН. Нібы лісьце.

Працяглая цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Скажы што-небудзь!

ЭСТРАГОН. Я спрабую.

Працяглая цішыня.

УЛАДЗIМЕР (пакутліва). Скажы што-колечы!

ЭСТРАГОН. Што будзем рабіць?

УЛАДЗIМЕР. Чакаць Гадо.

ЭСТРАГОН. Так, рацыя!

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Жахліва!

ЭСТРАГОН. Засьпявай што-небудзь.

УЛАДЗIМЕР. Не, не! (Задумваецца.) Можа, пачаць яшчэ раз.

ЭСТРАГОН. Гэта, мабыць, нескладана.

УЛАДЗIМЕР. Вось менавіта, пачаць якраз складана.

ЭСТРАГОН. Пачаць можна з чаго заўгодна.

УЛАДЗIМЕР. Так, але трэба вырашыць, з чаго.

ЭСТРАГОН. Tак.

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Дапамажы мне!

ЭСТРАГОН. Я спрабую.

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Хто шукае, той чуе.

ЭСТРАГОН. Дакладна так.

УЛАДЗIМЕР. I гэта не дазваляе яму знайсьці.

ЭСТРАГОН. Няйначай.

УЛАДЗIМЕР. Не дазваляе яму думаць.

ЭСТРАГОН. Але ён усё-такі думае.

УЛАДЗIМЕР. Не, не, гэта немагчыма.

ЭСТРАГОН. Вось, выдатная ідэя, паспрачаймася.

УЛАДЗIМЕР. Немагчыма.

ЭСТРАГОН. Ты так думаеш?

УЛАДЗIМЕР. Мы ў бясьпецы – ніколі больш ня здолеем думаць.

ЭСТРАГОН. Дык на што тады скардзімся?

УЛАДЗIМЕР. А думаць зусім ня так кепска.

ЭСТРАГОН. Цалкам магчыма. Але так ці і інакш, што маем, тое маем.

УЛАДЗIМЕР. Што тое?

ЭСТРАГОН. Вось, выдатная ідэя – давай задаваць адзін адному пытаньні.

УЛАДЗIМЕР. Што ты маеш на ўвазе, кажучы: што маем, тое маем?

ЭСТРАГОН. Нашмат меншыя пакуты 123.

УЛАДЗIМЕР. Праўда.

ЭСТРАГОН. Дык? Можа, варта аддзячыць за такую невымерную ласку?

УЛАДЗIМЕР. Найгорш, што к а л і с ь ц і мы думалі.

ЭСТРАГОН. Але ці даводзілася нам рабіць гэта хоць некалі?

УЛАДЗIМЕР. А адкуль жа тады ўсе гэтыя трупы?

ЭСТРАГОН. Гэтыя шкілеты.

УЛАДЗIМЕР. Ну адкуль?

ЭСТРАГОН. Праўда.

УЛАДЗIМЕР. Мабыць, калісьці мы крыху думалі.

ЭСТРАГОН. На самым пачатку.

УЛАДЗIМЕР. Трупярня, трупярня.

ЭСТРАГОН. Ты не павінен туды глядзець.

УЛАДЗIМЕР. А не глядзець не выходзіць.

ЭСТРАГОН. Праўда.

УЛАДЗIМЕР. Як ты ні намагайся.

ЭСТРАГОН. Што?

УЛАДЗIМЕР. Як ты ні намагайся.

ЭСТРАГОН. Трэба зьвярнуцца да вытокаў, я ўпэўнены.

УЛАДЗIМЕР. Мы ўжо раз спрабавалі.

ЭСТРАГОН. Праўда.

УЛАДЗIМЕР. Так, так, гэта зусім ня так дрэнна.

ЭСТРАГОН. Што менавіта?

УЛАДЗIМЕР. Што мы некалі думалі.

ЭСТРАГОН. Але што зробіш?

УЛАДЗIМЕР. Што-што?

ЭСТРАГОН. Што зробіш.

УЛАДЗIМЕР. Ну так.

Цішыня.

ЭСТРАГОН. Як на дробную спрэчку, гэта было зусім няблага...

УЛАДЗIМЕР. Так, але цяпер мы мусім прыдумаць штосьці іншае.

ЭСТРАГОН. Дай мне падумаць.

Здымае капялюш, думае 124.

УЛАДЗIМЕР. Дай мне падумаць. (Здымае капялюш, думае. Доўгая цішыня.) A!

Апранаюць капелюшы, расслабляюцца 125.

ЭСТРАГОН. Ну?

УЛАДЗIМЕР. Пра што я казаў? З гэтага месца можна б было працягваць.

ЭСТРАГОН. Калі?

УЛАДЗIМЕР. На самым пачатку.

ЭСТРАГОН. На самым пачатку чаго?

УЛАДЗIМЕР. Сёньняшняга вечара. Я казаў… Я казаў…

ЭСТРАГОН. Ты патрабуеш ад мяне зашмат.

УЛАДЗIМЕР. Пачакай… мы абняліся… нам было прыемна… прыемна… дык што мы робім, калі нам прыемна… чакаем… менавіта так… зараз, зараз… чакаем… ну, калі нам прыемна… чакаем… менавіта так… ага! Пра дрэва!

ЭСТРАГОН. Пра дрэва?

УЛАДЗIМЕР. Ты ня памятаеш?

ЭСТРАГОН. Я стаміўся.

УЛАДЗIМЕР. Зірні на яго.

Эстрагон глядзіць на дрэва.

ЭСТРАГОН. Нічога ня бачу.

УЛАДЗIМЕР. Учора ўвечары яно было цалкам чорнае й аголенае. Сёньня яно пакрылася лісьцем.

ЭСТРАГОН. Лісьцем?

УЛАДЗIМЕР. За адну-адзіную ноч!

ЭСТРАГОН. Відаць, цяпер вясна.

УЛАДЗIМЕР. За адну-адзіную ноч!

ЭСТРАГОН. Нас тут учора не было, кажу табе. Гэта адзін з тваіх прывідаў.

УЛАДЗIМЕР. Тады дзе, скажы мне, мы былі ўчора?

ЭСТРАГОН. А скуль мне ведаць? У іншым месцы. У іншай клетцы. Пустэчы паўсюль хапае.

УЛАДЗIМЕР (перакананы ў сваім). Добра. Нас тут учора не было. Калі так, тады што мы рабілі ўчора ўвечары?

ЭСТРАГОН. Што рабілі?

УЛАДЗIМЕР. Паспрабуй прыгадаць.

ЭСТРАГОН. Нууу… пэўна ж гутарылі.

УЛАДЗIМЕР (авалодваючы сабой). Пра што?

ЭСТРАГОН. Нууу… пра тое-сёе, ні пра што асаблівае. (Упэўнена.) Вось, прыпамінаю, што ўчора ўвечары мы не гутарылі ні пра што асаблівае. Гэта цягнецца ўжо паўстагодзьдзя.

УЛАДЗIМЕР. Не прыгадваеш ніякіх фактаў, ніякіх абставінаў?

ЭСТРАГОН (змораны). Ня мучай мяне, Дзідзі.

УЛАДЗIМЕР. Сонца? Месяца? Нічога?

ЭСТРАГОН. Пэўна, былі там, дзе ім належыць, як і заўжды.

УЛАДЗIМЕР. Ты не заўважыў нічога нязвыклага?

ЭСТРАГОН. На жаль.

УЛАДЗIМЕР. A Пахно? A Лёсік?

ЭСТРАГОН. Пахно?

УЛАДЗIМЕР. Косткі.

ЭСТРАГОН. Хутчэй рыбныя косьці.

УЛАДЗIМЕР. Пахно даў іх табе.

ЭСТРАГОН. Мне пра гэта нічога невядома.

УЛАДЗIМЕР. A высьпятак?

ЭСТРАГОН. Высьпятак? А так, нехта мяне ўдарыў.

УЛАДЗIМЕР. Гэта Лёсік.

ЭСТРАГОН. I ўсё гэта адбывалася ўчора?

УЛАДЗIМЕР. Пакажы нагу.

ЭСТРАГОН. Каторую?

УЛАДЗIМЕР. Абедзьве. Падцягні калашыну. (Эстрагон, стоячы на адной назе, другую выцягвае ў бок Уладзімера, ледзь ня падае. Уладзімер бярэ Эстрагонaву нагу. Эстрагон хістаецца.) Падцягні калашыну.

ЭСТРАГОН (ківаючыся). Не магу.

Уладзімер падцягвае калашыну, аглядае нагу, пускае яе. Эстрагон ледзь ня падае.

УЛАДЗIМЕР. Другую. (Эстрагон падае тую самую нагу.) Другую, кажу! (Тое ж самае, што й зь першай. Трыюмфальна 126.) Вось, ёсьць рана! Пачынае гнаіцца!

ЭСТРАГОН. Ну і што?

УЛАДЗIМЕР. Дзе твае чаравікі?

ЭСТРАГОН. Я, мабыць, іх выкінуў.

УЛАДЗIМЕР. Калі?

ЭСТРАГОН. Ня ведаю.

УЛАДЗIМЕР. Чаму?

ЭСТРАГОН. Ня памятаю!

УЛАДЗIМЕР. Не, не, я пытаюся, чаму ты іх выкінуў.

ЭСТРАГОН. Таму што былі цесныя.

УЛАДЗIМЕР (паказваючы на чаравікі). Калі ласка! (Эстрагон глядзіць на чаравікі.) Дакладна ў тым самым месцы, дзе ты пакінуў іх учора.

Эстрагон падыходзіць да чаравікаў, нахіляецца, глядзіць на іх зблізку.

ЭСТРАГОН. Гэта не мае.

УЛАДЗIМЕР. Не твае!

ЭСТРАГОН. Мае былі чорныя. А гэтыя карычневыя 127.

УЛАДЗIМЕР. Ты ўпэўнены, што твае былі чорныя?

ЭСТРАГОН. Ну, скажам, шэрыя.

УЛАДЗIМЕР. A гэтыя карычневыя? Пакажы.

ЭСТРАГОН (падымаючы адзін чаравік). Ну, скажам, зеленаватыя.

УЛАДЗIМЕР (падыходзячы). Пакажы. (Эстрагон падае яму чаравік. Уладзімер аглядае яго, пасьля чаго кідае са злосьцьцю.) А каб іх!

ЭСТРАГОН. Бачыш, усё гэта…

УЛАДЗIМЕР. Бачу, бачу. Бачу, што здарылася.

ЭСТРАГОН. Усё гэта…

УЛАДЗIМЕР. Гэта прасьцей за простае. Хтосьці прыйшоў, узяў твае й пакінуў свае.

ЭСТРАГОН. Чаму?

УЛАДЗIМЕР. Ягоныя былі яму цесныя, таму ўзяў твае.

ЭСТРАГОН. Але мае былі цесныя.

УЛАДЗIМЕР. Для цябе. А для яго – не.

ЭСТРАГОН (ня здолеўшы гэтага зразумець) 128. Я стаміўся. (Паўза.) Хадзем.

УЛАДЗIМЕР. Нельга.

ЭСТРАГОН. Чаму?

УЛАДЗIМЕР. Мы чакаем Гадо.

ЭСТРАГОН. Так, рацыя. (Паўза. Роспачна 129.) Што рабіцьмем, што рабіцьмем?

УЛАДЗIМЕР. Што мы можам зрабіць.

ЭСТРАГОН. Але я ўжо больш так не магу.

УЛАДЗIМЕР. Хочаш радыску?

ЭСТРАГОН. Толькі яна засталася?

УЛАДЗIМЕР. Ёсьць радыскі й рэпы.

ЭСТРАГОН. А моркаўка ёсьць?

УЛАДЗIМЕР. Няма. Зрэшты, ты ўжо перабіраеш меру з гэтай моркаўкай.

ЭСТРАГОН. Тады дай мне радыску. (Уладзімер поркаецца ў кішэнях, знаходзячы толькі рэпы, урэшце выцягвае радыску й падае яе Эстрагону, які глядзіць на яе, пасьля чаго гідліва крывіцца.) Чорная!

УЛАДЗIМЕР. Гэта радыска.

ЭСТРАГОН. Ты ведаеш, што я люблю толькі ружовыя!

УЛАДЗIМЕР. Ня хочаш?

ЭСТРАГОН. Я люблю толькі ружовыя!

УЛАДЗIМЕР. Тады аддай мне.

Эстрагон аддае радыску.

ЭСТРАГОН. Пашукаю сабе моркаўкі.

Hя рухаецца.

УЛАДЗIМЕР. Гэта сапраўды ўжо губляе сэнс.

ЭСТРАГОН. Яшчэ не зусім.

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Можа б ты паспрабаваў?

ЭСТРАГОН. Я ўжо ўсяго спрабаваў.

УЛАДЗIМЕР. Я маю на ўвазе чаравікі.

ЭСТРАГОН. Ты так лічыш?

УЛАДЗIМЕР. Час хутчэй праміне. (Эстрагон вагаецца.) Я кажу табе, гэта будзе сякі-такі занятак, нейкая разнастайнасьць.

ЭСТРАГОН. Расслабленьне.

УЛАДЗIМЕР. Перадышка.

ЭСТРАГОН. Расслабленьне.

УЛАДЗIМЕР. Паспрабуй.

ЭСТРАГОН. Дапаможаш мне?

УЛАДЗIМЕР. Канечне.

ЭСТРАГОН. Удваіх мы зусім няблага даем сабе рады, ці ня так, Дзідзі?

УЛАДЗIМЕР. Але, пэўна ж! Паспрабуйма сьпярша левы.

ЭСТРАГОН. Мы заўсёды знойдзем штосьці, каб стварыць сабе ўражаньне, нібы існуем, хіба не, Дзідзі?

УЛАДЗIМЕР (раздражнёны). Канечне, канечне, мы ж штукары. Але давай рабіць тое, што вырашылі, пакуль яшчэ памятаем. (Падымае адзін чаравік.) Ну, давай нагу. (Эстрагон падыходзіць да яго й падымае нагу.) Другую, скаціна! (Эстрагон падымае другую нагу.) Вышэй! (Сплеценыя адно з адным, хістаюцца па сцэне. Уладзімер, нарэшце, абувае Эстрагону чаравік.) Паспрабуй зрабіць колькі крокаў. (Эстрагон ходзіць.) Ну як?

ЭСТРАГОН. Пасуе.

УЛАДЗIМЕР (выцягвае з кішэні кавалак матузка). Тады шнуруем.

ЭСТРАГОН (раптоўна). Не, не, ніякага шнураваньня, ніякага шнураваньня!

УЛАДЗIМЕР. Ты пасьля пашкадуеш. Спрабуйма другі. (Тое самае, што й раней.) Ну як?

ЭСТРАГОН. Таксама пасуе.

УЛАДЗIМЕР. Ня цісьне?

ЭСТРАГОН (робіць некалькі крокаў, прыціскаючы ступакі). Пакуль што не.

УЛАДЗIМЕР. Тады можаш насіць іх.

ЭСТРАГОН. Быццам крыху завялікія.

УЛАДЗIМЕР. Можа, калісьці разжывесься шкарпэткамі.

ЭСТРАГОН. Праўда.

УЛАДЗIМЕР. Дык будзеш іх насіць?

ЭСТРАГОН. Годзе ўжо пра гэтыя чаравікі.

УЛАДЗIМЕР. Добра, але…

ЭСТРАГОН. Годзе! (Цішыня.) Ведаеш, я прысяду.

Шукае месца, дзе б яму сесьці, пасьля чаго садзіцца на камяні, на якім сядзеў на пачатку першага акту.

УЛАДЗIМЕР. Менавіта тут ты й сядзеў учора ўвечары.

Цішыня.

ЭСТРАГОН. Каб жа я мог заснуць.

УЛАДЗIМЕР. Учора ўвечары ты заснуў.

ЭСТРАГОН. Паспрабую.

Прымае позу эмбрыёна, хаваючы галаву між каленямі.

УЛАДЗIМЕР. Пачакай. (Падыходзіць да Эстрагона й пачынае гучна сьпяваць).

Люлі-люлі-люлі

Люлі-люлі-люлі

ЭСТРАГОН (падымаючы галаву). Ня так гучна!

УЛАДЗIМЕР (цішэй).

Люлі-люлі-люлі.

Прыляцелі гулі.

Селі на варотах,

У… гумовых ботах.

Эстрагон засынае. Уладзімер здымае пінжак і кладзе яго на плечы Эстрагону, пасьля чаго пачынае хадзіць туды-сюды, махаючы рукамі, каб сагрэцца. Раптам Эстрагон абуджаецца, ускоквае і йдзе паўпрытомна. Уладзімер падбягае й абдымае яго.

УЛАДЗIМЕР. Ну, ціха… ціха… Дзідзі тут 130… ня бойся.

ЭСТРАГОН. Aх!

УЛАДЗIМЕР. Супакойся… усё прайшло.

ЭСТРАГОН. Я падаў.

УЛАДЗIМЕР. Усё скончылася. Ня думай пра гэта.

ЭСТРАГОН. Я быў на вяршыне…

УЛАДЗIМЕР. Нічога не гавары! Хадзі, пагуляем крыху.

Бярэ Эстрагона за руку й ходзіць зь ім туды-сюды, пакуль Эстрагон не пачынае ўпірацца.

ЭСТРАГОН. Годзе ўжо! Я стаміўся.

УЛАДЗIМЕР. Што для цябе лепш, тырчаць тут і нічога не рабіць?

ЭСТРАГОН. Так.

УЛАДЗIМЕР. Як хочаш.

Пускае Эстрагона, падымае пінжак і надзявае яго.

ЭСТРАГОН. Хадзем.

УЛАДЗIМЕР. Нельга.

ЭСТРАГОН. Чаму?

УЛАДЗIМЕР. Мы чакаем Гадо.

ЭСТРАГОН. Так, рацыя. (Уладзімер ізноў пачынае хадзіць туды сюды.) Ты можаш хвіліну пастаяць?

УЛАДЗIМЕР. Мне холадна.

ЭСТРАГОН. Мы заўчасна прыйшлі.

УЛАДЗIМЕР. Як заўсёды, на зьмярканьні.

ЭСТРАГОН. Але ноч неяк не надыходзіць.

УЛАДЗIМЕР. Надыдзе раптам, як учора.

ЭСТРАГОН. I будзе ноч.

УЛАДЗIМЕР. I мы зможам пайсьці.

ЭСТРАГОН. I зноўку будзе дзень. (Паўза. Роспачна 131.) Што рабіцьмем, што рабіцьмем?

УЛАДЗIМЕР (спыніўшыся, раптоўна). Ты ўрэшце кінеш галасіць? Годзе ўжо енчыць!

ЭСТРАГОН. Пайду я адсюль.

УЛАДЗIМЕР (заўважаючы Лёсікаў капялюш). О!

ЭСТРАГОН. Бывай.

УЛАДЗIМЕР. Лёсікаў капялюш! (Падыходзіць да яго.) Я ўжо тут гадзіну, а яго шчэ не заўважыў! (Узрадаваны.) Выдатна!

ЭСТРАГОН. Ты мяне ўжо ніколі ня ўбачыш.

УЛАДЗIМЕР. Я ведаў, што гэта тое месца. Можам не хвалявацца. (Падымае Лёсікаў капялюш, глядзіць на яго, падымае.) Калісьці, мабыць, быў пекны капялюш. (Надзявае яго сабе на галаву, свой падаючы Эстрагону.) Трымай.

ЭСТРАГОН. Што?

УЛАДЗIМЕР. Патрымай гэта.

Эстрагон бярэ Ўладзіміраў капялюш. Уладзімер абедзьвюма рукамі папраўляе капялюш Лёсіка. Эстрагон надзявае капялюш Уладзімера, свой падаючы Ўладзіміру. Уладзімер бярэ капялюш Эстрагона. Эстрагон aбедзьвюма рукамі папраўляе капялюш Уладзімера. Уладзімер надзявае капялюш Эстрагона, Лёсікаў капялюш падаючы Эстрагону. Эстрагон бярэ Лёсікаў капялюш. Уладзімер абедзьвюма рукамі папраўляе капялюш Эстрагонa. Эстрагон надзявае капялюш Лёсіка, Уладзімерaў капялюш падаючы Ўладзіміру. Уладзімер бярэ свой капялюш. Эстрагон абедзьвюма рукамі папраўляе Лёсікаў капялюш. Уладзімер надзявае свой капялюш, Эстрагонaў капялюш падаючы Эстрагону. Эстрагон бярэ свой капялюш. Уладзімер абедзьвюма рукамі папраўляе свой капялюш. Эстрагон надзявае свой капялюш, Лёсікаў капялюш падаючы Ўладзіміру. Уладзімер бярэ Лёсікаў капялюш. Эстрагон абедзьвюма рукамі папраўляе свой капялюш. Уладзімер надзявае Лёсікаў капялюш, свой падаючы Эстрагону. Эстрагон бярэ капялюш Уладзімерa . Уладзімер абедзьвема рукамі папраўляе Лёсікаў капялюш. Эстрагон падае Уладзімерaў капялюш Уладзімеру, Уладзімер бярэ яго й аддае назад Эстрагону, Эстрагон бярэ яго й аддае назад Уладзімеру, Уладзімер бярэ яго й кідае. Усё гэта вельмі хутка.

УЛАДЗIМЕР. Мне пасуе?

ЭСТРАГОН. Адкуль мне ведаць?

УЛАДЗIМЕР. Не, але як я ў ім выглядаю?

Ён какетліва паварочвае галаву то ўправа, то ўлева, рухаючыся, як мадэль.

ЭСТРАГОН. Брыдка.

УЛАДЗIМЕР. Але ня горш, чым заўжды?

ЭСТРАГОН. Гэтаксама.

УЛАДЗIМЕР. Тады я магу яго насіць. Мой ціснуў. (Паўза.) Так бы мовіць. (Паўза.) Быў мне цесны.

Здымае Лёсікаў капялюш, зазірае ў яго, патрасае ім, стукае па ім, ізноў надзявае 132.

ЭСТРАГОН. Пайду я адсюль.

УЛАДЗIМЕР. Можа, пагуляем?

ЭСТРАГОН. У што?

УЛАДЗIМЕР. Можна пагуляць у Пахно й Лёсіка.

ЭСТРАГОН. Ніколі ня чуў пра такую гульню.

УЛАДЗIМЕР. Я буду ўдаваць Лёсіка, а ты – Пахно. (Удае Лёсіка, прагінаючыся пад цяжарам багажу. Эстрагон, аслупянелы, глядзіць на яго.) Но!

ЭСТРАГОН. Што мне рабіць?

УЛАДЗIМЕР. Аблай мяне!

ЭСТРАГОН (пасьля хвілі роздумаў) 133. Сьвіньня!

УЛАДЗIМЕР. Мацней!

ЭСТРАГОН. Паганец! Шэльма!

Уладзімер, усё яшчэ прагінаючыся, пасоўваецца узад-уперад.

УЛАДЗIМЕР. Скажы мне, каб я думаў.

ЭСТРАГОН. Што?

УЛАДЗIМЕР. Скажы: думай, сьвіньня!

ЭСТРАГОН. Думай, сьвіньня!

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Не магу!

ЭСТРАГОН. Годзе ўжо.

УЛАДЗIМЕР. Скажы, каб я танчыў.

ЭСТРАГОН. Пайду я адсюль.

УЛАДЗIМЕР. Танчы, скаціна! (Круціцца на месцы. Эстрагон хутка выходзіць налева 134.) Я не магу! (Уздымае галаву, заўважае, што Эстрагона ўжо няма, крычыць з жахам.) Гога! (Цішыня. Амаль бяжыць праз сцэну. Эстрагон хутка вяртаецца, задыханы, бяжыць у бок Уладзімера. Кідаюцца ў абдымкі 135.) Нарэшце ты тут!

ЭСТРАГОН (цяжка дыхаючы). Я пракляты!

УЛАДЗIМЕР. Дзе ты быў? Я думаў, што ты пайшоў назаўсёды…

ЭСТРАГОН. На ўскрайку схілу. Iдуць!

УЛАДЗIМЕР. Хто?

ЭСТРАГОН. Ня ведаю.

УЛАДЗIМЕР. Колькі іх?

ЭСТРАГОН. Ня ведаю.

УЛАДЗIМЕР (трыюмфальна). Гэта Гадо! Нарэшце! (Шчыра абдымае Эстрагона.) Гога! Гэта Гадо! Мы ўратаваныя! Хадзі, выйдзі яму насустрач! (Цягне Эстрагона ў бок кулісаў. Эстрагон упіраецца, вызваляецца й бяжыць у іншы бок.) Гога! Вярніся! (Цішыня. Уладзімер бяжыць у бок кулісаў, скуль толькі што вярнуўся Эстрагон, і глядзіць уводдаль. Эстрагон хутка вяртаецца, бяжыць у бок Уладзімера, які адварочваецца.) Ну, ты зноўку тут!

ЭСТРАГОН. Я ў пекле!

УЛАДЗIМЕР. Дзе ты быў? 136

ЭСТРАГОН. На ўскрайку сьхілу.

УЛАДЗIМЕР. Выходзіць, мы ў пастцы. Няма ніякага сумневу, што мы трапілі ў пастку.

ЭСТРАГОН. Яны ідуць і з гэтага боку!

УЛАДЗIМЕР. Нас атачылі! (Эстрагон, спалоханы, кідаецца на заднік сцэны, заблытваецца ў ім і падае.) Дурань! Там няма ніякага выйсьця. (Уладзімер падыходзіць да яго, каб падняць яго, пасьля чаго вядзе яго на перад сцэны. Паказваючы на публіку ў залі.) Сюды. Тут нікога няма. Уцякай. Хутчэй. (Піхае яго ў бок публікі. Эстрагон спалохана адступае.) Ня хочаш? (Гледзячы на публіку.) 137 Разумею. Пачакай, дай мне падумаць. (Задумваецца.) Не застаецца нічога іншага, як зьнікнуць.

ЭСТРАГОН. Дзе?

УЛАДЗIМЕР. За дрэвам. (Эстрагон вагаецца.) Хутчэй! За дрэва. (Эстрагон бяжыць за дрэва, але яно слаба яго засланяе.) Не варушыся! (Эстрагон выходзіць з-за дрэва.) Гэтае дрэва зусім ні на што не прыдатнае. (Да Эстрагонa.) Ты што, звар’яцеў?

ЭСТРАГОН (спакайней). Я згубіў галаву. (З сорамам нахіляе галаву.) Выбачай! (З гонарам уздымае галаву.) Гэта больш не паўторыцца. Пабачыш. Скажы толькі, што рабіць.

УЛАДЗIМЕР. А што тут рабіць, калі ўсё зроблена.

ЭСТРАГОН. Хадзі, ты станеш там. (Цягне яго да левай кулісы й ставіць сьпінай да сцэны.) Вось так, не варушыся й зважай. (Уладзімер пазірае ў далячыць, захінаючы рукою вочы. Эстрагон бяжыць да правай кулісы. Спыняецца й таксама глядзіць удалячынь. Абодва азіраюцца праз плячо 138.) Плячо ў плячо, як калісьці ў хвіліну радасьці! (Глядзяць адзін на аднаго хвілю, пасьля чаго зноў назіраюць. Працяглая цішыня.) Ты кагосьці бачыш?

УЛАДЗIМЕР (азіраючыся). Што?

ЭСТРАГОН (грамчэй). Ты кагосьці бачыш?

УЛАДЗIМЕР. Не.

ЭСТРАГОН. I я таксама не.

Iзноў назіраюць. Працяглая цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Мабыць, табе здалося.

ЭСТРАГОН (азіраючыся). Што?

УЛАДЗIМЕР (грамчэй). Мабыць, табе здалося.

ЭСТРАГОН. Не раві!

Iзноў назіраюць. Працяглая цішыня.

УЛАДЗIМЕР і ЭСТРАГОН (адначасна азіраючыся). Ці гэта не…

УЛАДЗIМЕР. O, прашу прабачэньня!

ЭСТРАГОН. Кажы, кажы.

УЛАДЗIМЕР. Не, сьпярша ты.

ЭСТРАГОН. Не, сьпярша ты.

УЛАДЗIМЕР. Я перапыніў цябе.

ЭСТРАГОН. Наадварот.

Глядзяць адзін на аднаго са злосьцю.

УЛАДЗIМЕР. Цырымонлівая сьвіньня!

ЭСТРАГОН. А ты дыпляматычны баран!

УЛАДЗIМЕР (рэзка). Скончы, што казаў!

ЭСТРАГОН (гэтаксама). Ты скончы!

Цішыня. Набліжаюцца адзін да аднаго, спыняюцца.

УЛАДЗIМЕР. Мярзотнік!

ЭСТРАГОН. Вось выдатная ідэя, давай адзін аднаго лаяць.

Паварочваюцца, разыходзяцца, зноўку набліжаюцца 139.

УЛАДЗIМЕР. Мярзотнік!

ЭСТРАГОН. Мурло! 140

УЛАДЗIМЕР. Паскрэбак!

ЭСТРАГОН. Памыйнік!

УЛАДЗIМЕР. Выкідак!

ЭСТРАГОН. Вырадак!

УЛАДЗIМЕР. Крэтын!

ЭСТРАГОН (пераможна). Крррытык! 141

УЛАДЗIМЕР. Ах!

Пераможаны слабее й адварочваецца.

ЭСТРАГОН. А цяпер давай мірыцца.

УЛАДЗIМЕР. Гога!

ЭСТРАГОН. Дзідзі!

УЛАДЗIМЕР. Дай пяць!

ЭСТРАГОН. Дай пяць!

УЛАДЗIМЕР. Хадзі ў мае абдымкі!

ЭСТРАГОН. У абдымкі?

УЛАДЗIМЕР. Да мяне на грудзі!

ЭСТРАГОН. Iду!

Абдымаюцца. Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Як час ляціць, калі гарэзьнічаеш!

Цішыня.

ЭСТРАГОН. Што рабіцьмем?

УЛАДЗIМЕР. Пакуль чакаем.

ЭСТРАГОН. Пакуль чакаем.

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. А можа, крыху папрактыкавацца?

ЭСТРАГОН. Паразьмінацца.

УЛАДЗIМЕР. Парухацца.

ЭСТРАГОН. Парасслабляцца.

УЛАДЗIМЕР. Паразьвейвацца.

ЭСТРАГОН. Парасслабляцца.

УЛАДЗIМЕР. Каб разагрэцца.

ЭСТРАГОН. Каб супакоіцца.

УЛАДЗIМЕР. Ну дык, раз, два!

Уладзімер пачынае скакаць. Эстрагон паўтарае яго рухі.

ЭСТРАГОН (спыняецца). Годзе ўжо. Я стаміўся.

УЛАДЗIМЕР (спыняючыся). Мы ня ў форме. Але давай зробім пару ўдыхаў.

ЭСТРАГОН. Я стаміўся ўдыхаць.

УЛАДЗIМЕР. Маеш рацыю. (Паўза.) Але давай зробім «ластаўку», для раўнавагі.

ЭСТРАГОН. «Ластаўку»?

Уладзімер робіць «ластаўку», хістаючыся на адной назе.

УЛАДЗIМЕР (зрабіўшы). Цяпер ты.

Эстрагон робіць «ластаўку», хістаючыся на адной назе.

ЭСТРАГОН. Думаеш, Бог мяне бачыць?

УЛАДЗIМЕР. Трэба заплюшчыць вочы.

Эстрагон заплюшчвае вочы, хістаецца ўсё мацней.

ЭСТРАГОН (спыняючыся, сьціскаючы кулакі, ува ўвесь голас). Божа, зьлітуйся нада мною!

УЛАДЗIМЕР (расчулены). А нада мною?

ЭСТРАГОН (як і вышэй). Нада мною! Нада мною! Зьлітуйся нада мною!

Уваходзяць Пахно й Лёсік. Пахно асьлеплы. Лёсік нагружаны, як і ў першай дзеі. Шворка як і раней, адно што карацейшая, каб Пахно мог лягчэй кіраваць. Лёсік у новым капелюшы. Убачыўшы Ўладзіміра й Эстрагона, спыняецца. Пахно, ідучы далей, сутыкаецца зь ім. Уладзімер i Эстрагон адступаюць.

УЛАДЗIМЕР. Гога! 142

ПАХНО (чапляючыся за Лёсіка, які хістаецца пад гэтым новым цяжарам). Што гэта? Хто гэта?

Лёсік падае, упускаючы ўсё, цягнучы Пахно за сабою. Яны ляжаць бездапаможна сярод параскіданага багажу.

ЭСТРАГОН. Гэта Гадо?

УЛАДЗIМЕР. Нарэшце! (Iдзе ў бок ляжачых. Эстрагон за ім.) Нарэшце прыбыло падмацаваньне!

ПАХНО (бязгучна). Памажыце!

ЭСТРАГОН. Гэта Гадо?

УЛАДЗIМЕР. А мы пачыналі ўжо слабець. Цяпер вечар ужо напэўна скончыцца.

ПАХНО. Памажыце! 143

ЭСТРАГОН. Ён кліча на дапамогу?

УЛАДЗIМЕР. Мы ўжо ня мусім чакаць прыходу ночы, чакаць Гадо, чакаць… каб чакаць. Мы змагаліся цэлы вечар у адзіночку. Цяпер гэтаму канец. Цяпер ужо хутка заўтра.

ПАХНО. Памажыце!

УЛАДЗIМЕР. Цяпер час пацячэ інакш. Сонца зойдзе, месяц узыйдзе – і мы пойдзем… адсюль.

ПАХНО. Літасьці!

УЛАДЗIМЕР. Бедны Пахно!

ЭСТРАГОН. Я ведаў, што гэта ён.

УЛАДЗIМЕР. Хто?

ЭСТРАГОН. Гадо.

УЛАДЗIМЕР. Але гэта зусім не Гадо.

ЭСТРАГОН. Не Гадо?

УЛАДЗIМЕР. Не Гадо.

ЭСТРАГОН. Тады хто гэта?

УЛАДЗIМЕР. Гэта Пахно.

ПАХНО. Гэта я! Гэта я! Памажыце мне ўстаць!

УЛАДЗIМЕР. Ён ня можа ўстаць!

ЭСТРАГОН. Хадзем.

УЛАДЗIМЕР. Нельга.

ЭСТРАГОН. Чаму?

УЛАДЗIМЕР. Мы чакаем Гадо.

ЭСТРАГОН. Так, рацыя.

УЛАДЗIМЕР. Можа, ён зноўку дасьць табе косткі.

ЭСТРАГОН. Косткі?

УЛАДЗIМЕР. Курыныя. Ці ня памятаеш?

ЭСТРАГОН. Гэта ён?

УЛАДЗIМЕР. Так.

ЭСТРАГОН. Запытай яго.

УЛАДЗIМЕР. Трэба яму сьпярша дапамагчы.

ЭСТРАГОН. У чым?

УЛАДЗIМЕР. Устаць.

ЭСТРАГОН. Ён ня можа ўстаць?

УЛАДЗIМЕР. Ён хоча ўстаць.

ЭСТРАГОН. Ну дык няхай устане.

УЛАДЗIМЕР. Ён ня можа.

ЭСТРАГОН. А што зь ім?

УЛАДЗIМЕР. Ня ведаю.

Пахно зьвіваецца, стогне, б’е кулакамі аб зямлю.

ЭСТРАГОН. Перш-наперш трэба спытаць у яго пра косткі. Калі адмовіць, то пакінем яго так.

УЛАДЗIМЕР. Мяркуеш, ён здасца на нашую ласку?

ЭСТРАГОН. А як жа!

УЛАДЗIМЕР. I мы зробім паслугу ў залежнасьці ад выкананьня пэўных умоваў?

ЭСТРАГОН. А як жа!

УЛАДЗIМЕР. Сапраўды, хітра. Але я баюся.

ЭСТРАГОН. Чаго?

ПАХНО. Памажыце! 144

УЛАДЗIМЕР. Каб Лёсік раптам не разьюшыўся. Тады нам будзе халэмус 145.

ЭСТРАГОН. Лёсік?

УЛАДЗIМЕР. Той, што ўчора напаў на цябе.

ЭСТРАГОН. Я кажу табе, іх было дзесяць.

УЛАДЗIМЕР. Але раней быў той, што даў табе высьпятка.

ЭСТРАГОН. Дык ён тут?

УЛАДЗIМЕР. Уласнаю пэрсонай. (Паказвае на Лёсіка.) Пакуль што ён непрытомны. Але ў кожны момант можа ашалець.

ПАХНО. Памажыце! 146

ЭСТРАГОН. A каб нам узяць ды адлупіць яго ўдвох?

УЛАДЗIМЕР. Маеш на ўвазе, наваліцца на яго цяпер, калі ён сьпіць?

ЭСТРАГОН. А як жа!

УЛАДЗIМЕР. Нядрэнная ідэя. Але ці мы здольныя зрабіць гэта? I ці ён напэўна сьпіць? (Паўза.) Не, лепш аднак скарыстаць з таго, што Пахно кліча на дапамогу…

ПАХНО. Памажыце! 147

УЛАДЗIМЕР. I дапамагчы яму…

ЭСТРАГОН. Нам – дапамагчы яму?

УЛАДЗIМЕР. Разлічваючы на тое, што ён аддзячыць.

ЭСТРАГОН. Aле ён ужо…

УЛАДЗIМЕР. Не трацьма часу. Годзе балакаць. (Паўза. Раптоўна.) Давай зробім штосьці, калі трапляецца нагода! Мы патрэбныя ня кожнага дня. Хоць, праўду кажучы, патрэбныя зусім не абавязкова мы. Iншыя былі б прыдатныя гэтаксама, калі нават ня лепш. Тое, што мы пачулі, было скіраванае да ўсяго чалавецтва. Але ў гэтым месцы і ў дадзены момант усё чалавецтва – гэта мы, падабаецца нам гэта ці не. Карыстайма ж з гэтага, пакуль ня позна. Хоць раз будзьма годнымі прадстаўнікамі віду, да якога мы, як на грэх, належым. Што скажаш? (Эстрагон нічога не гаворыць.) Па праўдзе кажучы, ужо сам факт, што мы ўзважваем ўсе «за» й «супраць», склаўшы рукі, сьведчыць на карысьць нашага племені. Тыгр кідаецца на дапамогу сваім суродзічам без найменшага роздуму, альбо ўпотай уцякае ў найглыбейшыя хмызы. Але ня ў тым рэч. А рэч у тым, што мы тут робім, і вось мы маем шанец пра гэта даведацца. У гэтым бязьмежным хаосе пакуль вядома адно: мы чакаем, калі прыйдзе Гадо…

ЭСТРАГОН. Так, рацыя.

ПАХНО. Памажыце! 148

УЛАДЗIМЕР. Альбо пакуль прыйдзе ноч. (Паўза.) Мы знаходзімся там, дзе дамовіліся, і кропка. Мы не сьвятыя, аднак жа знаходзімся там, дзе й дамовіліся. Колькі людзей можа нечым такім пахваліцца?

ЭСТРАГОН. Мільярды 149.

УЛАДЗIМЕР. Так мяркуеш?

ЭСТРАГОН. Ня ведаю.

УЛАДЗIМЕР. Можа, ты маеш рацыю.

ПАХНО. Памажыце!

УЛАДЗIМЕР. Вядома, што ў такіх умовах час доўжыцца й прымушае нас, каб мы запаўняі яго заняткамі, якія… так бы мовіць… якія сьпярша падаюцца сэнсоўнымі, а потым становяцца звычкай. Ты скажаш, што гэта бароніць наш розум перад вар’яцтвам. Бясспрэчна. Але я задумваюся часам, ці ён і так ужо не блукае ў бяздонных глыбінях, дзе бесьперапынна трывае ноч. Разумееш, што я маю на ўвазе?

ЭСТРАГОН. Усе мы нараджаемся шалёнымі. Некаторыя ўжо такімі й застаюцца.

ПАХНО. Памажыце! Я заплачу вам!

ЭСТРАГОН. Колькі?

ПАХНО. Сотню.

ЭСТРАГОН. Мала.

УЛАДЗIМЕР. Я б так далёка не заходзіў.

ЭСТРАГОН. Лічыш, гэтага дастаткова?

УЛАДЗIМЕР. Не, я маю на ўвазе, што не рызыкаваў бы сьцьвярджаць, быццам ужо прыходзячы на сьвет я быў не зусім разумны. Але рэч ня ў тым.

ПАХНО. Дзьвесьце!

УЛАДЗIМЕР. Мы чакаем. Нудзімся. (Падымае руку.) Не, не кажы, што мы не трываем у сьмяротнай нэндзы, гэтаму немагчыма запярэчыць. Добра. Надараецца радасьць, а мы што? Марнуем яе. Да справы, хадзем! (Iдзе у бок Пахно, спыняецца на паўдарозе.) Праз хвілю ўсё зьнікне, і мы зноў застанемся адны ў гэтай пустэчы!

Задумваецца.

ПАХНО. Дзьвесьце!

УЛАДЗIМЕР. Зараз, зараз.

Спрабуе падняць Пахно, не ўдаецца, спрабуе яшчэ раз, спатыкаецца аб багаж, падае, сам спрабуе падняцца, не ўдаецца.

ЭСТРАГОН. Што з вамі робіцца?

УЛАДЗIМЕР. Памажыце!

ЭСТРАГОН. Пайду я адсюль.

УЛАДЗIМЕР. Не пакідай мяне. Яны заб’юць мяне!

ПАХНО. Дзе я?

УЛАДЗIМЕР. Гога!

ПАХНО. Памажыце!

УЛАДЗIМЕР. Памажы мне!

ЭСТРАГОН. Пайду я адсюль.

УЛАДЗIМЕР. Сьпярша памажы мне. Пасьля мы пойдзем разам.

ЭСТРАГОН. Абяцаеш?

УЛАДЗIМЕР. Прысягаю!

ЭСТРАГОН. I мы ўжо ніколі сюды ня вернемся?

УЛАДЗIМЕР. Ніколі!

ЭСТРАГОН. Пойдзем у Пірэнэі 150?

УЛАДЗIМЕР. Куды толькі захочаш.

ПАХНО. Трыста! Чатырыста!

ЭСТРАГОН. Я заўсёды хацеў пабадзяцца па Пірэнэях.

УЛАДЗIМЕР. Будзеш там бадзяцца.

ЭСТРАГОН (адступаючы) 151. Хто ўсраўся?

УЛАДЗIМЕР. Пахно.

ПАХНО. Я! Я! Літасьці!

ЭСТРАГОН. Вось агіда!

УЛАДЗIМЕР. Хутчэй! Падай мне руку!

ЭСТРАГОН. Iду. (Паўза. Гучней.) Iду.

УЛАДЗIМЕР. Мяркую, што я сам сабе дам рады й нарэшце ўстану. (Спрабуе падняцца, падае.) Раней ці пазьней.

ЭСТРАГОН. Што з табою?

УЛАДЗIМЕР. Каб цябе ліха!

ЭСТРАГОН. Ты застаесься тут?

УЛАДЗIМЕР. Пакуль што так.

ЭСТРАГОН. Падымайся, ты што? Прастудзісься!

УЛАДЗIМЕР. Адчапіся ад мяне.

ЭСТРАГОН. Ну, Дзідзі, ня ўпірайся так! (Працягвае Ўладзіміру руку, якую ён хуценька хапае.) Ну, уставай!

УЛАДЗIМЕР. Цягні!

Эстрагон цягне, спатыкаецца, падае. Працяглая цішыня.

ПАХНО. Памажыце!

УЛАДЗIМЕР. Мы тут.

ПАХНО. Хто вы такія?

УЛАДЗIМЕР. Мы – людзі.

Цішыня.

ЭСТРАГОН. Так прыемна на зямлі!

УЛАДЗIМЕР. Можаш падняцца?

ЭСТРАГОН. Ня ведаю.

УЛАДЗIМЕР. Паспрабуй.

ЭСТРАГОН. Зараз, зараз.

Цішыня.

ПАХНО. Што здарылася?

УЛАДЗIМЕР (раптоўна). Ці змоўкнеш ты ўрэшце! Халера на яго! Думае толькі пра сябе.

ЭСТРАГОН. Можа б так падрамаць?

УЛАДЗIМЕР. Ты чуў? Ён хоча ведаць, што здарылася!

ЭСТРАГОН. Пакінь яго. Сьпі.

Цішыня.

ПАХНО. Літасьці! Літасьці!

ЭСТРАГОН (прачнуўшыся). Што? Што такое?

УЛАДЗIМЕР. Ты заснуў?

ЭСТРАГОН. Хіба так.

УЛАДЗIМЕР. Гэта зноў той пракляты Пахно.

ЭСТРАГОН. Скажы, каб заткнуў гаўкала. Дай ты яму ў пысу!

УЛАДЗIМЕР (штурхаючы Пахно). Заткнеш ты сваё гаўкала ўрэшце? Гніда! (Пахно вызваляецца, галосячы ад болю, і паўзком адсоўваецца. Час ад часу прыпыняецца, робячы жэсты сьляпога, клікаючы Лёсіка. Уладзімер, абапёршыся на локаць, праводзіць яго позіркам.) Змыўся! (Пахно падае долу. Цішыня.) Ляснуўся вобзем!

Цішыня.

ЭСТРАГОН. Што рабіцьмем?

УЛАДЗIМЕР. Можа, падпаўзьці да яго.?

ЭСТРАГОН. Не пакідай мяне!

УЛАДЗIМЕР. Альбо паклікаць яго.

ЭСТРАГОН. Так, так, пакліч.

УЛАДЗIМЕР. Пахно! (Паўза.) Пахно! (Паўза.) Не адказвае.

ЭСТРАГОН. Спрабуйма разам.

УЛАДЗIМЕР i ЭСТРАГОН. Пахно! Пахно!

УЛАДЗIМЕР. Паварушыўся.

ЭСТРАГОН. Ты ўпэўнены, што яго зваць Пахно?

УЛАДЗIМЕР (стурбаваны). Спадару Пахно! Вяртайцеся, спадару! Вас ніхто не пакрыўдзіць!

Цішыня.

ЭСТРАГОН. Можа, паспрабаваць якія іншыя імёны?

УЛАДЗIМЕР. Я баюся, што ён памірае.

ЭСТРАГОН. Было б забаўна.

УЛАДЗIМЕР. Што было б забаўна?

ЭСТРАГОН. Паспрабаваць па чарзе розныя імёны. Так бы хутчэй прамінуў час. А мы б знайшлі патрэбнае.

УЛАДЗIМЕР. Я кажу табе – яго зваць Пахно.

ЭСТРАГОН. Зараз мы пераканаемся. (Задумваецца.) Aбэль! Aбэль!

ПАХНО. Памажыце!

ЭСТРАГОН. Ну вось, бачыш, зь першага разу ўгадаў!

УЛАДЗIМЕР. Мяне гэта пачынае ўжо стамляць.

ЭСТРАГОН. Можа, другі завецца Каін. (Кліча.) Каін! Каін!

ПАХНО. Памажыце!

ЭСТРАГОН. I такое – усё чалавецтва! (Цішыня.) Зірні на гэтую хмарку.

УЛАДЗIМЕР (падымаючы вочы). Дзе?

ЭСТРАГОН. Там, уверсе 152.

УЛАДЗIМЕР. Ну і што? (Паўза.) Што ў гэтым такога надзвычайнага?

Цішыня.

ЭСТРАГОН. Давай зьменім тэму!

УЛАДЗIМЕР. Я якраз зьбіраўся табе гэта прапанаваць.

ЭСТРАГОН. Але што?

УЛАДЗIМЕР. Ну…

Цішыня.

ЭСТРАГОН. Можа, для пачатку ўстаць?

УЛАДЗIМЕР. Паспрабаваць не зашкодзіць.

Падымаюцца.

ЭСТРАГОН. Лёгка, як раз плюнуць.

УЛАДЗIМЕР. Трэба толькі захацець.

ЭСТРАГОН. I што цяпер?

ПАХНО. Памажыце!

ЭСТРАГОН. Хадзем.

УЛАДЗIМЕР. Нельга.

ЭСТРАГОН. Чаму?

УЛАДЗIМЕР. Мы чакаем Гадо.

ЭСТРАГОН. Так, рацыя! (Паўза.) Што рабіцьмем? Што рабіцьмем?

ПАХНО. Памажыце!

УЛАДЗIМЕР. Можа, дапамагчы яму?

ЭСТРАГОН. А што яму трэба?

УЛАДЗIМЕР. Ён хоча ўстаць.

ЭСТРАГОН. Ну дык няхай устае 153.

УЛАДЗIМЕР. Ён хоча, каб мы яму дапамаглі.

ЭСТРАГОН. Ну дык памагайма. Чаго мы чакаем?

Яны дапамагаюць яму ўстаць, адыходзяць ад яго. Пахно зноў падае.

УЛАДЗIМЕР. Яго трэба падтрымаць. (Iзноў яго падымаюць. Пахно стаіць паміж імі, трымаючыся ім за шыі.) Ён мусіць ізноў прывыкаць да вэртыкальнай паставы. (Да Пахно.) Ну як, лепей?

ПАХНО. Хто вы такія?

УЛАДЗIМЕР. Ці вы нас не пазнаяце?

ПАХНО. Я сьляпы.

Цішыня.

ЭСТРАГОН. Можа, ён празорца.?

УЛАДЗIМЕР (да Пахно). Зь якой пары?

ПАХНО. Калісьці я меў цудоўны зрок… але ці вы сябры?

ЭСТРАГОН (гучна сьмеючыся). Ён пытаецца, ці мы сябры!

УЛАДЗIМЕР. Не, ён мае на ўвазе – ці мы ягоныя сябры?

ЭСТРАГОН. Ну?

УЛАДЗIМЕР. Найлепшы адказ, што мы дапамаглі яму.

ЭСТРАГОН. Дакладна. Ці б мы дапамаглі яму, каб не былі ягонымі сябрамі?

УЛАДЗIМЕР. Магчыма.

ЭСТРАГОН. Напэўна.

УЛАДЗIМЕР. Не спрачаймася пра глупствы.

ПАХНО. Вы не разбойнікі?

ЭСТРАГОН. Разбойнікі! Ці мы выглядаем, як разбойнікі?

УЛАДЗIМЕР. Ён жа сьляпы!

ЭСТРАГОН. А, сапраўды! (Паўза.) Прынамсі, ён так кажа.

ПАХНО. Не пакідайце мяне.

УЛАДЗIМЕР. Не хвалюйцеся, спадару.

ЭСТРАГОН. Пакуль што.

ПАХНО. Каторая гадзіна?

ЭСТРАГОН (пазіраючы на неба). Нейкая…

УЛАДЗIМЕР. Сёмая… восьмая…

ЭСТРАГОН. Гэта залежыць ад пары году.

ПАХНО. Цяпер вечар?

Цішыня. Уладзімер і Эстрагон глядзяць на захад сонца.

ЭСТРАГОН. Нібыта, сьвітаньне.

УЛАДЗIМЕР. Што ты, гэта немагчыма.

ЭСТРАГОН. Можа, аднак, гэта золак.

УЛАДЗIМЕР. Не вярзі лухты. У тым баку захад.

ЭСТРАГОН. Адкуль ты ведаеш?

ПАХНО (пакутліва). Цяпер вечар?

УЛАДЗIМЕР. Зрэшты, яно не зварухнулася.

ЭСТРАГОН. Я кажу табе, яно ўзыходзіць.

ПАХНО. Чаму вы не адказваеце?

ЭСТРАГОН. Мы ня хочам памыліцца.

УЛАДЗIМЕР (супакаяльна). Цяпер вечар, спадару, мы дацягнулі да вечару. Мой сябар спрабуе гэта аспрэчыць і, мушу прызнаць, на момант я нават страціў пэўнасьць. Але я недарэмна пражыў цэлы дзень і магу вас запэўніць, што яго хвіліны зьлічаныя. (Паўза.) Ну, як вы пачуваецеся?

ЭСТРАГОН. Колькі нам яшчэ зь ім важдацца? (Былі пусьцілі Пахно, ды, убачыўшы, што ён адразу падае, ізноў яго падхапілі.) Мы ж не карыятыды!

УЛАДЗIМЕР. Дык вы кажаце, спадару, што калісьці ў вас быў цудоўны зрок, калі я правільна пачуў.

ПАХНО. Цудоўны! Дасканалы!

Цішыня.

ЭСТРАГОН (раззлаваны). Ну, працягвайце! Працягвайце, спадару!

УЛАДЗIМЕР. Пакінь яго ў спакоі. Ці ты ня бачыш, што ён згадвае дні, калі быў шчасьлівы. (Паўза.) Memoria praeteritorum bonorum 154 – гэта мусіць быць немпрыемным.

ПАХНО. Цудоўны! Дасканалы!

УЛАДЗIМЕР. I гэта здарылася так раптоўна?

ПАХНО. Дасканалы!

УЛАДЗIМЕР. Я пытаюся, ці гэта здарылася раптоўна.

ПАХНО. Аднойчы я прачнуўся сьляпы, як лёс. (Паўза.) Я часам думаю, ці я ня сплю й далей.

УЛАДЗIМЕР. А калі гэта здарылася?

ПАХНО. Ня ведаю.

УЛАДЗIМЕР. Але не раней як учора…

ПАХНО (раптоўна) 155. Не пытайце мяне! У сьляпых няма адчуваньня часу. (Паўза.)

УЛАДЗIМЕР. Нечувана! Я б пакляўся, што якраз наадварот.

ЭСТРАГОН. Пайду я адсюль.

ПАХНО. Дзе мы?

УЛАДЗIМЕР. Мне цяжка вам адказаць 156.

ПАХНО. Можа, мы ў так званым Ля Планшэ?

УЛАДЗIМЕР. Я ня ведаю такога месца.

ПАХНО. Як яно выглядае?

УЛАДЗIМЕР (гледзячы наўкола). Гэтага немагчыма апісаць. Ніяк. Тут нічога няма. Нейкае дрэва.

ПАХНО. У такім выпадку, гэта ня Ля Планшэ.

ЭСТРАГОН (згінаючыся). Хоць нейкая разнастайнасьць.

ПАХНО. Дзе мой раб?

УЛАДЗIМЕР. Ён недзе тут.

ПАХНО. Чаму ён не адгукаецца, калі я клічу яго?

УЛАДЗIМЕР. Ня ведаю. Выглядае, быццам сьпіць. Ці, можа, памёр.

ПАХНО. Што здарылася, дарэчы?

ЭСТРАГОН. Дарэчы!

УЛАДЗIМЕР. Вы зваліліся.

ПАХНО. Паглядзіце, ці ён не паранены.

УЛАДЗIМЕР. Мы ня можам вас пакінуць.

ПАХНО. Вы ня мусіце ісьці абодва.

УЛАДЗIМЕР (да Эстрагона). Iдзі ты.

ЭСТРАГОН. Пасьля таго, што ён мне зрабіў? Ніколі 157.

ПАХНО. Так, няхай ідзе ваш сябар, ён сьмярдзіць страшэнна. (Паўза.) Чаго ён чакае?

УЛАДЗIМЕР (да Эстрагона). Чаго ты чакаеш?

ЭСТРАГОН. Чакаю Гадо.

Цішыня 158.

УЛАДЗIМЕР. Што ён, уласна кажучы, павінен зрабіць?

ПАХНО. Хай сьпярша пацягне за шворку, зважаючы, вядома ж, каб яго не задушыць. Ён звычайна на гэта рэагуе. Калі ж не зрэагуе, то хай пінае яго, колькі спатрэбіцца, у падбрушша й твар.

УЛАДЗIМЕР (да Эстрагона). Ну, бачыш, няма чаго баяцца. Гэта нават добрая нагода адпомсьціць.

ЭСТРАГОН. A калі ён будзе абараняцца?

ПАХНО. Не, ён ніколі не бароніцца.

УЛАДЗIМЕР. Я пасьпяшу табе на дапамогу.

ЭСТРАГОН. Не спускай зь мяне вачэй!

Iдзе ў бок Лёсіка.

УЛАДЗIМЕР. Сьпярша правер, ці ён жывы. Бо калі памёр, дык няма чаго напружвацца.

ЭСТРАГОН (нахіліўшыся над Лёсікам). Дыхае.

УЛАДЗIМЕР. Тады лупі яго!

Эстрагон з раптоўнай лютасьцю пачынае лупіць Лёсіка, пакрыкваючы. Але, толькі пабіўшы сабе нагу, кульгаючы й стогнучы, адыходзіць. Лёсік прыходзіць у прытомнасьць.

ЭСТРАГОН (стоячы на адной назе). Скаціна!

Эстрагон сядае на свой камень 159, спрабуе зьняць чаравікі. Але хутка спыняецца й кладзецца спаць, рукамі абхапіўшы калені, увабраўшы галаву ў плечы.

ПАХНО. Што зноўку здарылася?

УЛАДЗIМЕР. Мой сябар пакалечыўся.

ПАХНО. A што зь Лёсікам?

УЛАДЗIМЕР. Дык гэта ён?

ПАХНО. Што?

УЛАДЗIМЕР. Гэта Лёсік?

ПАХНО. Не разумею.

УЛАДЗIМЕР. A вы… вас зваць Пахно?

ПАХНО. Канечне ж, я – Пахно.

УЛАДЗIМЕР. Тыя ж самыя, што і ўчора?

ПАХНО. Учора?

УЛАДЗIМЕР. Мы бачыліся ўчора. (Цішыня.) Вы ня памятаеце?

ПАХНО. Я не прыгадваю, каб кагосьці ўчора сустракаў. Але я й заўтра ня буду памятаць, што кагосьці спаткаў сёньня. Таму вам лепей не разьлічваць, што нешта дазнаецеся ад мяне.

УЛАДЗIМЕР. Але… 160

ПАХНО. Досыць! Уставай, скаціна!

УЛАДЗIМЕР. Вы вялі яго на кірмаш Збаўцы, каб там прадаць. Вы размаўлялі з намі. Ён танчыў. Думаў. Вы не былі сьляпы.

ПАХНО. Як заўгодна. Толькі пакіньце мяне ўжо ў спакоі! (Уладзімер адыходзіць.) Уставай!

Лёсік падымаецца, зьбірае багаж.

ПАХНО. Вельмі добра.

УЛАДЗIМЕР. Куды вы цяпер накіроўваецеся?

ПАХНО. Наперад 161.

УЛАДЗIМЕР. Вы зьмяніліся!

Лёсік, нагружаны багажом, становіцца перад Пахном.

ПАХНО. Пуга! (Лёсік апускае багаж, шукае пугу, знаходзіць, падыходзіць да Пахна, падае яму пугу, падымае багаж.) Шворка!

Лёсік апускае багаж, кончык шворкі кладзе ў Пахнову руку, падымае багаж.

УЛАДЗIМЕР. Што у гэтай валізе?

ПАХНО. Пясок. (Торгае за шворку.) Но!

Лёсік хістаецца. Пахно разам зь ім.

УЛАДЗIМЕР. Не сыходзьце пакуль.

ПАХНО (спыняючыся). Я сыходжу.

УЛАДЗIМЕР. А што вы робіце, калі зваліцеся там, дзе ніхто вам не дапаможа?

ПАХНО. Мы чакаем, калі самі здолеем падняцца. Тады рушым наперад.

УЛАДЗIМЕР. Перад сыходам, калі ласка, загадайце яму засьпяваць.

ПАХНО. Каму?

УЛАДЗIМЕР. Лёсіку.

ПАХНО. Каб засьпяваў?

УЛАДЗIМЕР. Так. Альбо падумаў. Альбо нешта прачытаў на памяць.

ПАХНО. Ён жа нямы.

УЛАДЗIМЕР. Нямы?!

ПАХНО. Абсалютна. Ня можа нават енчыць.

УЛАДЗIМЕР. Нямы! Зь якога часу?

ПАХНО (раптоўна разьюшваецца). Ці вы перастанеце ўрэшце мучыць мяне гэтым праклятым часам? Гэта немагчыма! Калі! Калі! Аднойчы, ці вам гэтага не дастаткова, аднаго разу, такога ж, як іншыя, ён анямеў, аднаго разу я асьлеп, аднаго разу мы зробімся глухія, аднаго разу мы нарадзіліся, аднаго разу мы памрэм, у адзін дзень, у нейкую хвіліну, гэтага вам не дастаткова? (Cпакайней.) Яны нараджаюць, стоячы на краі магілы, сьвятло сьвеціць толькі адно імгненьне, а пасьля зноўку ноч, зноўку ноч. (Торгае за шворку.) Но!

Выходзяць. Уладзімер ідзе за імі на край сцэны, глядзіць, як яны аддаляюцца. Гукі падзеньня, падмацаваныя мімікай Уладзімера, гаворыць, што яны зноў зваліліся. Цішыня. Уладзімер ідзе ў бок сьпячага Эстрагона, глядзіць на яго хвіліну, пасьля чаго пачынае будзіць.

ЭСТРАГОН (непрытомныя рухі, незразумелае мармытаньне. Урэшце). Чаму ты ніколі не даеш мне паспаць?

УЛАДЗIМЕР. Я адчуваў сябе самотна.

ЭСТРАГОН. Мне сьнілася, быццам я шчасьлівы.

УЛАДЗIМЕР. Прынамсі, так час прамінуў.

ЭСТРАГОН. Я сьніў, што…

УЛАДЗIМЕР. Кінь ты! (Цішыня.) Я думаю, ці сапраўды ён сьляпы.

ЭСТРАГОН. Хто?

УЛАДЗIМЕР. Пахно.

ЭСТРАГОН. Дык ён сьляпы?

УЛАДЗIМЕР. Ён так сказаў.

ЭСТРАГОН. Ну і?

УЛАДЗIМЕР. Мне падалося, што ён нас бачыў.

ЭСТРАГОН. Табе прымроілася. (Паўза.) Хадзем… Так, рацыя. Нельга. (Паўза.) Ты ўпэўнены, што гэта быў ня ён?

УЛАДЗIМЕР. Хто?

ЭСТРАГОН. Гадо.

УЛАДЗIМЕР. Гэта ты пра каго?

ЭСТРАГОН. Пра Пахно.

УЛАДЗIМЕР. З чаго б гэта! (Менш упэўнена.) З чаго б! (Яшчэ менш упэўнена.) 162 З чаго!

ЭСТРАГОН. Я, спадзяюся, здолею падняцца. (Зь цяжкасьцю ўстае.) Во!

УЛАДЗIМЕР. Я ўжо ня ведаю, што думаць.

ЭСТРАГОН. Mае ногі! (Садзіцца зноў, спрабуе зьняць чаравікі.) Памажы мне!

УЛАДЗIМЕР. Ці я спаў, калі іншыя пакутавалі? Ці сплю цяпер? Заўтра, калі я абуджуся, альбо 163 мне падасца, быццам я абудзіўся, што я скажу пра дзень сёньняшні? Што я з маім сябрам, Эстрагонaм, у гэтым месцы, аж да самае ночы, чакаў Гадо? Што Пахно прыйшоў з нашэньнікам і размаўляў з намі? Магчыма. Але што будзе праўдаю ўва ўсім гэтым? (Эстрагон, ня справіўшыся з чаравікамі, ізноў засынае. Уладзімер глядзіць на яго.) Ён нічога ня будзе ведаць. Ён скажа, што яго пабілі й каб я даў яму моркаўку. (Паўза.) На самым краі магілы й цяжкія роды. I цягнуцца зь яміны абцугі далакопа. Ёcьць час, каб састарыцца. Паветра поўніцца нашымі крыкамі. (Прыслухоўваецца.) Ды звычка – уціхамірвае ўсіх. (Iзноў глядзіць на Эстрагона.) На мяне таксама нехта пазірае, кажучы: «ён сьпіць, ён нічога ня ведае, няхай жа й далей сьпіць». (Паўза.) Я ўжо так не магу! (Паўза.) Пра што гэта я казаў?

Ліхаманкава ходзіць туды-сюды, нарэшце, спыняецца ля левай кулісы й выглядае нешта ўдалечыні. З правага боку ўваходзіць Хлапец, той самы, што й раней. Спыняецца. Цішыня.

ХЛАПЕЦ. Спадару… (Уладзімер паварочваецца.) Спадару Альбэрце?..

УЛАДЗIМЕР. Iзноў пачынаецца. (Паўза. Да Хлапца.) Ты не пазнаеш мяне?

ХЛАПЕЦ. Не, спадару.

УЛАДЗIМЕР. Гэта ня ты прыходзіў сюды ўчора?

ХЛАПЕЦ. Не, спадару.

УЛАДЗIМЕР. Ты прыходзіш упершыню?

ХЛАПЕЦ. Так, спадару.

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Маеш нейкую вестку ад спадара Гадо?

ХЛАПЕЦ. Так, спадару.

УЛАДЗIМЕР. Сёньня ўвечары ён ня прыйдзе.

ХЛАПЕЦ. Не, спадару.

УЛАДЗIМЕР. Але прыйдзе заўтра.

ХЛАПЕЦ. Так, спадару.

УЛАДЗIМЕР. Напэўна?

ХЛАПЕЦ. Так, спадару.

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Ты сустрэў кагосьці?

ХЛАПЕЦ. Не, спадару.

УЛАДЗIМЕР. Tых двох… (Вагаецца.) …людзей?

ХЛАПЕЦ. Я нікога ня бачыў, спадару.

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Чым займаецца спадар Гадо? (Паўза.) Ты чуеш, што я кажу?

ХЛАПЕЦ. Так, спадару.

УЛАДЗIМЕР. Ну дык?

ХЛАПЕЦ. Нічым не займаецца, спадару.

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Як маецца твой брат?

ХЛАПЕЦ. Ён хворы, спадару.

УЛАДЗIМЕР. Гэта, мабыць, ён прыходзіў сюды ўчора.

ХЛАПЕЦ. Ня ведаю, спадару.

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР (лагодна) 164. Ці спадар Гадо мае бараду?

ХЛАПЕЦ. Так, спадару.

УЛАДЗIМЕР. Белую ці… (Вагаецца.) …чорную?

ХЛАПЕЦ (вагаючыся). Мяркую, што сівую, спадару.

Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Божа літасьцівы! 165

Цішыня.

ХЛАПЕЦ. Дык што мне сказаць спадару Гадо?

УЛАДЗIМЕР. Скажы яму… (Вагаецца.) Скажы яму, што ты мяне бачыў і што… (Вагаецца.) I што бачыў мяне. (Паўза. Уладзімер прасоўваецца наперад, Хлапец адступае, Уладзімер спыняецца, Хлапец спыняецца. З раптоўным хваляваньнем 166.) Ты ўпэўнены, што бачыў мяне? Ты ня прыйдзеш і ня скажаш мне заўтра, што ніколі мяне ня бачыў?

Цішыня. Уладзімер раптам кідаецца наперад, Хлапец уварочваецца й выбягае. Цішыня. Сонца заходзіць, узыходзіць месяц. Уладзімер стаіць нерухома. Прачынаецца Эстрагон, здымае чаравікі, устае, трымаючы па чаравіку ў кожнай руцэ, ідзе наперад сцэны й ставіць іх на краі, пасьля чаго ідзе ў бок Уладзімера й глядзіць на яго.

ЭСТРАГОН. Што з табою?

УЛАДЗIМЕР. Нічога.

ЭСТРАГОН. Пайду я адсюль.

УЛАДЗIМЕР. Я таксама пайду.

Цішыня.

ЭСТРАГОН. Доўга я спаў?

УЛАДЗIМЕР. Ня ведаю.

Цішыня.

ЭСТРАГОН. Куды пойдзем?

УЛАДЗIМЕР. Тут недалёка.

ЭСТРАГОН. Не, не, хадзем як мага далей адсюль!

УЛАДЗIМЕР. Нельга.

ЭСТРАГОН. Чаму?

УЛАДЗIМЕР. Заўтра мы павінны зноў сюды прыйсьці.

ЭСТРАГОН. Навошта?

УЛАДЗIМЕР. Каб чакаць Гадо.

ЭСТРАГОН. Так, рацыя. (Паўза.) Ён не прыйшоў?

УЛАДЗIМЕР. Не.

ЭСТРАГОН. A цяпер ужо запозна.

УЛАДЗIМЕР. Так, ужо ноч.

ЭСТРАГОН. A што калі даць душы адпачынак? (Паўза.) А што калі даць яму спакой?

УЛАДЗIМЕР. Ён пакараў бы нас. (Цішыня. Глядзіць на дрэва.) Усё тут памерла, апроч дрэва.

ЭСТРАГОН (гледзячы на дрэва). Што гэта можа быць?

УЛАДЗIМЕР. Дрэва.

ЭСТРАГОН. Так, але якога віду?

УЛАДЗIМЕР. Ня ведаю. Вярба.

ЭСТРАГОН. Хадзем, паглядзім. (Цягне Ўладзіміра пад дрэва. Стаяць перад ім нерухома. Цішыня.) Можа, павесіцца?

УЛАДЗIМЕР. На чым?

ЭСТРАГОН. Ня маеш кавалка матуза?

УЛАДЗIМЕР. Не.

ЭСТРАГОН. Тады нічога ня зробіш.

Цішыня 167.

УЛАДЗIМЕР. Хадзем.

ЭСТРАГОН. Пачакай, я маю пасак.

УЛАДЗIМЕР. Ён надта кароткі.

ЭСТРАГОН. Пацягнеш мяне за ногі.

УЛАДЗIМЕР. А хто мяне пацягне?

ЭСТРАГОН. Маеш рацыю.

УЛАДЗIМЕР. А, зрэшты, пакажы. (Эстрагон разьвязвае пасак, які падтрымлівае ягоныя порткі, яны ападаюць да лытак. Глядзяць на матузок.) У скрайнім выпадку, згадзіцца. Толькі ці вытрымае?

ЭСТРАГОН. Зараз паглядзім. Трымай.

Бяруцца за кончыкі паска й цягнуць. Пасак разрываееца. Ледзь ня падаюць.

УЛАДЗIМЕР. Мярзоцьце.

Цішыня.

ЭСТРАГОН. Кажаш, заўтра мы мусім прыйсьці сюды зноў?

УЛАДЗIМЕР. Так.

ЭСТРАГОН. Тады прынясем добры матуз.

УЛАДЗIМЕР. Так.

Цішыня.

ЭСТРАГОН. Дзідзі?

УЛАДЗIМЕР. Так.

ЭСТРАГОН. Я ўжо больш так не магу.

УЛАДЗIМЕР. Tабе здаецца.

ЭСТРАГОН. Можа, нам расстацца? Можа, так нам было б лепей?

УЛАДЗIМЕР. Заўтра павесімся. (Паўза.) Хіба што прыйдзе Гадо.

ЭСТРАГОН. Ну, а калі прыйдзе?

УЛАДЗIМЕР. Атрымаем збаўленьне.

Уладзімер здымае (Лёсікаў) капялюш, зазірае ў яго, мацае рукою, патрасае ім, стукае па ім 168, ізноў надзявае.

ЭСТРАГОН. Дык што, хадзем?

УЛАДЗIМЕР. Падцягні порткі.

ЭСТРАГОН. Што?

УЛАДЗIМЕР. Падцягні порткі.

ЭСТРАГОН. Сьцягнуць порткі?

УЛАДЗIМЕР. ПАДцягні порткі!

ЭСТРАГОН (зразумеўшы, што порткі апалі) 169. Ну, так.

Падцягвае порткі. Цішыня.

УЛАДЗIМЕР. Дык што, хадзем?

ЭСТРАГОН. Хадзем.

Ня рухаюцца.

ЗАСЛОНА

КАМЭНТАРЫ

Камэнтары зробленыя паводле Антонія Лібэры – сябры Сэмюэла Бэкета, выдатнага знаўцы, тэатральнага рэжысэра, дасьледніка й перакладніка ягоных твораў. Большасьць гэтых зацемак датычыць як тэатральных пастановак п’есы, так і сэнсу некаторых фрагмэнтаў, а таксама біяграфічных дадзеных пра аўтара. У камэнтарах ёсьць адна, пазначаная, зацемка Сэмюэла Бэкета. Усе астатнія заўвагі зробленыя перакладнікам.

Твор напісаны па-француску ў 1948 годзе пад назвай En attendant Godot і перакладзены аўтарам на ангельскую мову пад назвай Waiting for Godot. Упершыню выдадзены па-француску ў 1952 годзе ў Францыі, па-ангельску – у 1954 годзе ў Злучаных Штатах. Прэм’ера адбылася па-француску 5 студзеня 1953 году ў Thйвtre de Babylone у Парыжы. Двойчы п’еса была пастаўленая аўтарам: у 1975 годзе па-нямецку ў Schiller Theater у Бэрліне і ў 1984 па-ангельску ў San Quentin Drama Workshop у Лёндане.

Значэнныя імёны:

Гадо (Godot) – Слова складаецца з асновы “God-” (па-ангельску Бог) і канчатка “-ot” (памяншальны канчатак францускай мовы). Таму для ангельскага чытача гэтае імя гучыць, больш-менш, як «Багот», «Гаспот» (зразумелая аснова, незразумелы канчатак), а для францускага чытача як «Гадок», «Гадочак» (незразумелая аснова, зразумелы канчатак). Цалкам чытэльным адпаведнікам імені ў беларускай мове можа быць «Божачка» альбо «Божухна».

Эстрагон (Estragon) – Від палыну зь вялікай колькасьцю эфірных алеяў, які ўжываецца ў якасьці вострых прыправаў для ўзбуджэньня апэтыту

Уладзімер (Vladimir) – У абшары славянскіх моваў азначае “уладар сьвету”.

Лёсік (Lucky) – Шчасьлівец, той, каму спрыяе лёс. Lucky – адна з самых распаўсюджаных сабачых мянушак у англамоўных краінах.

Пахно (Pozzo) – Iталійскае слова, якое азначае ўнітаз, памыйніцу. Па-беларуску «пахно» – гэта спаражненьне, кал, смурод. Для ангельскага й францускага чытача імя незразумелае. У беларускім перакладзе падаецца адпаведнік, чытэльны таксама выключна для спэцыялістаў, так што задума аўтара захоўваецца.

Значэнныя таксама мянушкі двух галоўных герояў: Дзідзі (Didi) і Гога (Gogo). «Dis-dis» па-француску “кажы-кажы”; «go-go» па-ангельску “ідзі-ідзі”.


114 «чатыры, пяць» – з ангельскай вэрсіі. У францускай: «некалькі». У аўтарскай пастаноўцы ў Бэрліне – «два».

115 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Iх было дзесяць».

116 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Падумаем».

117 з францускай вэрсіі. У ангельскай: «Апавядай мне пра чарвякоў».

118 Ваклюз – назва мясцовасьці на поўдні Францыі, дзе аўтар хаваўся пад час II Сусьветнай Вайны.

119 «Банэльлі» – з францускай вэрсіі – сапраўднае прозьвішча ўласьніка вінаградніка, у якім аўтар у той час працаваў; Русіён – мясцоваць на поўдні Францыі, дзе аўтар хаваўся пад час II Сусьветнай Вайны. У ангельскай вэрсіі: «Мы працавалі на зборы вінаграду, у такога аднаго, якога звалі… (пстрыкае пальцамі) ну, не магу ўзгадаць прозьвішча… ну там, ведаеш... (пстрыкае пальцамі) не магу ўзгадаць назвы.… мо памятаеш?»

120 з францускай вэрсіі. У ангельскай: «Я нічога не заўважыў».

121 Характэрны колер зямлі й скалаў у мясцовасьці Ваклюз.

122 «Да сьмерці […]» – з ангельскай вэрсіі. У францускай: «На працягу кароткага ‘праз’ і кароткага ‘пасьля’».

123 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Прынамсі ўжо нешта».

124 толькі ў ангельскай вэрсіі.

125 «Надзяваюць капелюшы, раслабляюцца». I наступная рэпліка Эстрагона «Ну?» – толькі ў ангельскай вэрсіі.

126 «Трыюмфальна» – толькі ў ангельскай вэрсіі.

127 «карычневыя» – з ангельскай вэрсіі. У францускай: «жоўтыя».

128 толькі ў ангельскай вэрсіі.

129 «Роспачна» – толькі ў ангельскай вэрсіі.

130 «Дзідзі тут…» – з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Я тут…»

131 «Роспачна» – толькі ў ангельскай вэрсіі.

132 «Здымае Лёсікаў капялюш […]» – толькі ў ангельскай вэрсіі.

133 толькі ў ангельскай вэрсіі.

134 «налева» – толькі ў ангельскай вэрсіі.

135 «Кідаюцца ў абдымкі» – з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Спыняюцца за некалькі крокаў насупраць адзін аднаго».

136 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Ты быў далёка?»

137 «(Глядзіць на публіку)» – толькі ў ангельскай вэрсіі.

138 «Уладзімер пазірае ў далячыць […]» – з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Эстрагон бяжыць да другой кулісы. Уладзімер глядзіць на яго праз плячо. Эстрагон спыняецца, выглядае чагосьці ў воддалі, адварочваецца. Глядзяць на сябе праз плячо».

139 «Паварочваюцца […]» – з ангельскай вэрсіі. У францускай: «лаянка».

140 Эстрагон паўтарае за Ўладзімірам, лаючы яго словамі, гукава падобнымі да тых, якімі ён толькі што быў аблаяны.

141 Аўтар паказвае сваю непрыхільнасьць да літаратурнай і тэатральнай крытыкі.

142 рэпліка толькі ў ангельскай вэрсіі.

143 «Памажыце!» – з ангельскай вэрсіі. У францускай вэрсіі ў гэтым месцы і ў некалькіх іншых Пахно ўжывае па чарзе выкрыкі «Памажыце!» і «Да мяне!»

144 рэпліка толькі ў ангельскай вэрсіі.

145 «халэмус» – гібель.

146 рэпліка толькі ў ангельскай вэрсіі.

147 рэпліка толькі ў ангельскай вэрсіі.

148 рэпліка толькі ў ангельскай вэрсіі.

149 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Маса».

150 «Пірэнэі» – з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Ар’еж».

151 «(адступаючы)» – толькі ў ангельскай вэрсіі.

152 Біблійная алюзія: прыняцьце Богам ахвяры Авэля. Дым ахвяры Авэля пайшоў проста ў неба. Гэтая алюзія абгрунтоўвае ўзьняцьце герояў праз хвіліну: ахвяра была прынятая – героі, дагэтуль бязрадныя што да свайго падзеньня, цяпер зь лёгкасьцю падымаюцца.

153 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Ну і што?»

154 «Memoria praeteritorum bonorum» (лац.) – “Успаміны пра мінулае шчасьце”.

155 (раптоўна)» – толькі ў ангельскай вэрсіі.

156 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Ня ведаю».

157 цэлая рэпліка толькі ў ангельскай вэрсіі.

158 толькі ў ангельскай вэрсіі.

159 «на сваім камяні» – толькі ў ангельскай вэрсіі.

160 толькі ў ангельскай вэрсіі. У францускай вэрсіі пасьля словаў «што даведаецца нечага ад мяне» Пахно адразу кажа: «Уставай!»

161 толькі ў ангельскай вэрсіі. У францускай: «Мне гэта абыякава».

162 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Скуль. Скуль. (Паўза)».

163 «прабуджуся, альбо» – толькі ў ангельскай вэрсіі.

164 «(лагодна)» – толькі ў ангельскай вэрсіі.

165 з ангельскай вэрсіі. У францускай: «Літасьці!»

166 «З раптоўным хваляваньнем» – толькі ў ангельскай вэрсіі.

167 толькі ў ангельскай вэрсіі.

168 «ступае па ім» – толькі ў ангельскай вэрсіі.

169 толькі ў ангельскай вэрсіі.

Віталь Воранаў

Камэнтатар дзякуе Надзеі Бабіч за каштоўныя заўвагі што да францускай вэрсіі п’есы.


Кніга публікуецца на сайце з ласкавай згоды Аўтара перакладу

  

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster