|
Баляслаў Лесьмян (1877 –1937)
Конь
Коню пакрыўлены, коню сівы,
Упрыгожаны лацканам грывы,
Люблю ажур тваіх рамянёў, намыленых потам
І дых парнае юхі з зялёнай вячэры налётам.
Чэрап кашчавы, але ахвочы,
З пысай акруглай, як грудзі дзявочыя,
Перавесь праз маё плячо ў беспрацоўным даверы,
Каб тварам пачуць мне спружыністай шыі намеры.
Коню мой сумны да самай смерці
З белым шрамам ад лейцаў на шэрсці,
Пасябруй са мною, як сябруеш з каровай,
Увайдзі ў маю хату, пры стале пагаворым.
Дам вады напіцца з майго графіна,
Дам табе цукру, дам табе сена,
Дам кусок чыстае солі, мякіш свежага хлеба,
І табе ў вакне адчыніцца неба.
Не насупывай броваў вачэй чаротам,
Я ўсё раскажу табе, зараз і потым!
А як ноч надыйдзе святая, зачынім дзверы
І супольна змовім малітвы нашыя вячэрнія.
Леапольд Стаф (1878 – 1957)
Я выйшаў шукаць…
Я выйшаў шукаць Цябе досвіткам і ў трывозе.
Не знаходзячы, думаў, што йшоў я дарогай ізгоя.
І ўбачыў нарэшце, калі адвярнуўся ў дарозе,
Бо Ты праз жыццё ўсё следам крочыў за мною.
А вандраваў я дзень цэлы пад неба цяжарам.
У холадзе поўдзень мінуў свой, каб вось у гадзіне апошняй,
Табою палаць, на змярканні маім, вогненым жарам,
Як рэчка на захадзе сонца крываваю пожняй.
Марыя Паўлікоўска-Яснажэўска (1891 – 1945)
Апусціце мяне ў Яго
Апусціце мяне ў Яго,
як у збанок ставяць ружу,
па вочы,
па лоб,
па сноп на галаве валасоў –
няхай плыве мяне наўкола,
няхай цячэ праз мяне,
як вада расхваляваная
Найбольшага Мора.
Няхай згіне ноч, надранне,
бляск месяца або сонца,
а Ён няхай мяне пранікае,
як скрыпкі йгранне –
калі ж да сэрца дастане,
буду тым, што бясконцае, –
Ім.
Казімір Вяжынскі (1894 – 1969)
Жанчыны, якія ткуць
Кампілі намаляваў чатырох жанчын,
Чатырох спакойных, задуманых жанчын,
Якія сядзяць і ткуць,
Ткуць і глядзяць, глядзяць і бачаць
Штось вельмі далёка
За вобразам, за рамаю,
У дванаццатым, трынаццатым стагоддзі,
У забытых старых жывапісцаў,
Якія памерлі даўно і ляжаць
На пакрышаных цвінтарах,
Ляжаць і глядзяць,
Глядзяць і бачаць
Штось вельмі далёка
У роспачным дваццатым стагоддзі,
У Парыжскай працоўні Кампілі,
Дзе чатыры размалёваныя жанчыны
Сядзяць у задуме за рамай,
Сядзяць і ткуць,
Ткуць і глядзяць,
Глядзяць і бачаць
Тое самае.
Мілаванне
Як да таго я прывыкну,
Што лёсам наканавана,
Як цябе агарну й пранікну,
Маё ты каханне.
Якое сарву табе лісце,
Якім асыплю букіннем,
Што на тваё, дарагая, прыйсце
Я адказаць павінен.
Як аддамся табе я цэлы,
Што з сябе ўсяго даверу?
У маім шчасці і страху нясмелым
Даўно да цябе я належу.
І толькі прывыкнуць не ўмею,
Баюся шчэ толькі дазвання –
Як цябе абыму й зразумею,
Маё ты каханне.
Юліян Тувім (1894 – 1953)
Вясна хамаў
Дзень доўга прыграваў і мудрагеліў,
Узмацняў і бухторыў чортавыя звадкі,
Аж ноччу выпусцілі дрэвы
Раптоўныя і надзвычайныя дадаткі.
І ўспыхнула вясна – ашаламляльна!
Нібы вайна. І ў кватэры – з грукам.
Каб з кватэр – тлумнай, крыклівай арміяй,
Радасць на брук і ў неба брукам.
Так, брукам, бунтам у светлыя высі,
Па даху свету страляе каналія.
І громам гармат вясеннятысячных
Свабода хамская ў нябёсы валіць.
Яраслаў Івашкевіч (1894 – 1980)
Да Расіі
Аб чым я сказаць павінен табе, Расія, ці тое, што
Пушкін – паэт узлётаў нябесных?
Ці аб тым, што пагардаю сцёбаў мяне Дастаеўскі?
Ці што аддаленая за сцяной ігра мне напамінае
Купалы святлістай ночы, здароўе стэпу ды Скрабіна дрыжанне?
Ці тое, што па тваім целе калышацца салодкае
і цяжкае збожжа?
Ці тое, што аддзяляе нас прорва, якой ўжо нішто не паможа,
Прорва, якая баліць мне і паліць, нібы нажом атрутным нанесеная невылечная рана?
Ці сказаць, што я ненавіжу цябе? Ці прызнацца,
што ты мною каханая?
Уладыслаў Бранеўскі (1897 – 1962)
Рабочы з Радома
Не ведаю, чым ёсць паэзія,
не ведаю, што ў ёй бачаць,
ды ведаю, што часам людзі
чытаюць вершы і плачуць,
а потым самі пішуць
з намаганнем, паволі,
каб ад гнятлівай цішы
сэрца плач супакоіць.
Калі вось сыночка страціў
адзін рабочы з Радома,
пра верш падумаў з плачам
і ліст напісаў мне дадому:
“Мой хлопчык быў порсткі,
пястунчык, ружовенькі целам…
Вершык хай будзе кароткі
і свецкі – а не касцельны…”
Не ведаю, чым ёсць паэзія:
ёсць нешта ў ёй з жазла Маісея:
скалы даткне – вада пальецца.
Можа забіць і ўваскрэсіць.
Беата Абертынска (1898 – 1980)
* * *
О, Божая цярплівасць! Пашкадуй нас! Гэту, напраўду, галоту!
Бедны статак людзей! Гэтых сэрцаў бясплодную глебу!
Калі першы голад спатолім акрайцам ячменнага хлеба,
Бяздумна ласак аскепкі топчам хутчэй у балота.
Людзі на свеце
Людзі на свеце! Ах, што за Збожжа!
Аж у аборы светла й прыгожа.
Што за ўмалот? Якія Зярняты?
Як бы хто сонца сыпаў лапатай…
Цуд ў галаве не месціцца гэты?
Бог у жолаб аўсом сыпнуўся свету,
На хлеб-жыццё, спакой і дабро,
Самога Сябе аддаў на Аброк.
Ян Лехань (1899 – 1956)
Князьнін* і жаўнер
У чорнай адзежы, аздобленай дзіўна ў кветы,
Над вадою ў запушчаным парку, ля старой хаты,
Калісьці снаваўся ў Пулавах Князьнін звар’яцелы,
Якога розум не вытрымаў пасля айчыны страты.
Ганяючы матылёў, што мігцелі ў сонечных плямах,
Загледжаны ў простыя зёлкі і слімакоў рожкі,
Ён дажываў рэшту дзён, несвядомы канца той драмы
Ні землякоў цярпення, ні лёсу Касцюшкі.
Аднойчы, калі ён між дрэў блукаў, гнаны хваробай,
Яго ўбачыў, з свае далёкае дарогі
Вяртаючыся, малады жаўнер, што страціў ногу,
Убачыў і шапнуў: “Гэты ўладкаваўся вельмі добра”.
* Князьнін Францішак Дыянізы
(1750-1807). У 1764-1770 вучыўся ў Полацку, Нясвіжы і Слуцку. З 1775 сакратар князя А.К. Чартарыйскага, з 1783 прыдворны паэт Чарта-рыйскіх у Пулавах (ад перакладчыка).
Сустрэча
Сёння ноччу самотнай, у найшоўшым бяссонні,
З месячных промняў, нейкім дзіўным натхненнем,
Сам не ведаю як, я раптоўна ачнуўся ў Равене
І з даўно нецярпліва чаканай сустрэўся персонай.
Праз вакно нехта ціха іграў, адчыніўшы, на флейце
І вецер злягчэлы водар прыносіў душліва-чароўны.
Я йшоў у яго, ублытаны, як у містычным букеце
Пад купалам неба іскрыстым ночы сузорнай.
“Над тужлівымі Бог улітуецца – тымі, хто просіць!”
Як закляты Усявышнім, я прымружыў павекі –
І толькі рэчкі пачуўся мне дзіўны водгалас нейкі,
А потым, а потым я Данта згледзеў на мосце.
“Ты, гэта ж ты, мой настаўнік! Чаму такі бледны
І чаму неспакой цябе дзіўны агнём пажырае?
Я прыходжу ўпрасіць, каб раскрыў ты сакрэт свайго твару.
Я нічога не знаю. Заблудзіў. Дай сваё настаўленне”.
Ён так мовіў ці, можа, вада, ці мовіла поўня.
Я ўпаў, галаву засланіўшы, каб шыта было і крыта:
“Няма неба й зямлі, няма пекла й прадоння,
Толькі ёсць Беатрычэ. І няма яе менавіта”.
Станіслаў Чэрнік (1899 – 1969)
Парабала
Спынілася скаціна ля касцёла.
Рыканнем просіць пастуха:
Вароты адчыні нам,
Не хочам быць за брамай,
Адгароджаныя цяжкімі дзвярыма
Ад прасвітэрыі і алтара.
Хочам быць са святасцю таксама.
Злучаныя з касцёлам гэтым,
Хрышчоныя, мірапамазаныя,
Кананізаваныя, багаслаўлёныя,
Як егіпецкія быкі святыя,
Як святыя індускія каровы.
Адчыні нам брамы.
Не адступім ад свайго намеру.
Будзем рыкаць гучна й набожна,
Покуль сам дух божы
Насцеж не адчыніць нам дзверы.
Юліян Пшыбась (1901 – 1970)
Авідзій
Над чорным морам
у замёрзлым у асенніх кветках горадзе-курорце
з дзесяці тысяч пустых пакояў
выйшаў адзін я –
сам, як шматтысячная адсутнасць чалавечая.
Чую чыйсьці позірк, аглядаюся, не вярнуся, сыйду
нізка, найніжэй, над ваду празрыстую –
у адплываючай лодцы
ад вострава, які астаўся маленькім,
не большым, як пергамент разгорнутага”Трысцюм”
зрок далёкі і даўні так блізка,
як быццам нехта, хто глядзеў праз вякі, раздвоіў
воды касой на салёнае возера
і неадлітае з вачэй гэтае адно выгнанніцкае
мора аддзяліў з жалю невыразна
ад мора таго часу, мора без хвалі,
балючае, як соль на языку,
што астаўся тут – як сляпы, замкнуты ў дотыку,
і далей накоплівае берагі, краі ды ростані
на бедны гарызонт пешай фантазіі,
якая не вядзе нікуды –
А я дубею – і ў вочы мне падае
снегам белізна твайго ліста.
Не бачу – гасіць беласць сваю ў Балтыцы
снег, які прастор стварае паміж намі.
Мар’ян Пехаль (1905 – 1989)
Айчына
Польшча не мае мінулага часу.
Мае ў надзеі час прышлы. І можа
быць зразуметай адно толькі ладам
умоўным, ніколі праз спражэнне
слова кончанага трывання. Яна яшчэ
не зроблена. А ўсяго толькі
запраектаваная. Куча цаглін,
каб скласці паводле схемы
сну. Куча лому дзеля пераплаўкі
паводле фантазіі, па вобразу
і падабенству не сённяшняй
патрэбы, але фанабэрыстасці.
Вопыт гісторыі даказвае
яе абсурднасці. Падсумаванне
дадзеных наводзіць на песімізм.
Наіўная вера ставіць пад знакам
пытання хвілінныя поспехі.
І выветрыўся ўжо цэмент рэлігіі.
Спачатку Польшча вырастала нам
з коласа, пазней з бульбіны
і гарэлкі. Цяпер з вугля, з лозунгаў
і неабходнасці. А шмат хто
падшывае міфам сваю адвагу
мыслення. Штодень малітваю
прапалосквае радыкальныя думкі
прымусовы рацыяналіст.
Наша гістарычная спадчына: час
ад часу мяняць азначэнне
айчыны, як і ейныя межы.
Унукі спазнелай мудрасці, спісвайце
падзеі ветрам! Чаплівая пякотка
няволі, тая гангрэна паэзіі
нашай, тыя сухоты адчуванняў,
флегмона думкі. Чалавек у мастацтве
скарачаецца да памераў казяўкі.
Затое ў жыцці часта падобны
да расцягнутай праз меру
спружыны. У гэтым стагоддзі,
зачыненым у незгаральнай шафе, што
адчыняецца часам ключом парыву з усходу,
няма месца для айчыны з апілак.
Яна ў паэзіі мае вечнае існаванне,
удзень штодзень з мёртвых уваскрэсне.
Прыцягае распыленых па свеце,
як магніт металічнае смецце.
Імёны найлепшых іскрамі
запісвае на снезе памяці.
Апошні яе подпіс будзе на старонцы
надзеі. Нараджаецца ў нас святлом
у калысцы. І не гасне ў труне,
дзе попел сэрца свеціць з-пад пластоў
зямлі, як дробка радыя свеціць.
Станіслаў Рышард Дабравольскі (1907 – 1985)
На Пэр Ляшэз
Ravensbrück
ICI
REPOSENT
des CENDRES
de FEMMES DEPORTEES
MARTYRES
de la BARBARIE NAZIE
1939 – 1945
інскрыпцыя на помніку
На могілках Пэр Ляшэз
бледныя рукі з мармуру цягнуцца ў неба
– чаго?
– літасцівасці просяць?.. помсты хочуць..?
справядлівасці?
жыцця?
Не ведаю.
На Пэр Ляшэз
пад глухім каменным маўчаннем
спяць
побач злучаных з Парыжам касцей камунараў,
побач зветранага плашча паўстанца
Валерыя Врублеўскага,
побач прахаў Генры Барбюса і Ваяна Куцюр’е
святыя астанкі маёй маці,
Уладзіславы з Ясінскіх,
неразвеяныя трывожным ветрам лістапада
1944 года
– кроў з крыві і косць з косці польскіх якабінцаў.
Чаго просяць у неба рукі?
Свабоды? Справядлівасці?
Жыцця?
Не ведаю.
Але ведаю, што заўтра – хутчэй смерць,
чымсьці ганьба другі раз.
Станіслаў Пентак (1909 – 1964)
Польшча
Здавен-даўна, спакон веку
ідзём мы сасмаглыя, неспакойныя.
Чаго нам не хапае?
Зноў акунуць ступні ды рукі
ў паветра зялёных кручаў і дарог.
Чаго ж нам не хапае?
Хочам выспы вісляныя мець пад сваёй галавой,
хочам з берагу на бераг сваімі сіламі
пераплываць,
ноччу ліпнёвай ляжаць на полі,
чакаючы выбуху сонца,
крыку абуджаных птахаў і звяроў
каля крыніц вясенніх..?
У сонцы стаіць таполя,
цень уграз у балоце жоўтым – ды вясёлы.
Макі растуць у пшаніцы,
каб з іх шуму нарадзілася хмара
і паплыла над краінай,
ажыўляючы ціш і чалавечыя мары.
Светла-сіня ў Польшчы, нябеснай і польнай –
ды ўсе людзі яе, змалку,
толькі мінулае бачаць у наваколлі,
мрояцца ў снах ім наёмнікаў боты і танкі.
Здавён-даўна ідзём мы неспакойна.
Далей у дарогу
У прыгожасці, што доўжылася, але была неахопнай,
я стаяў. Надоўга засланіўшы вочы далоняй.
Побач іржалі ад стомы мае верныя коні.
Я гаварыў: “Як жа, значыць, ніхто мяне дабром не ўспомніць
на свеце? А я, каб пісаць, абраў убоства
і жыў без сям’і, без дзетак, без жонак!..”
Кроплі дажджу ў пробліску зор чаравалі сваім мноствам.
Я дрыжаў. Адзін з маіх коней стаў на калені, спалоханы.
Чэслаў Мілаш (нар. 1911)
Заклінанне
Прыгожы наш, чалавечы, розум і непераможны.
Ні краты, ні дрот, ні кіданне кніг у памол,
Ні прысуд выгнання не змогуць нічога супраць яго.
Ён стварае ў мове ўсеагульныя думкі
І вядзе нашу руку, таму мы і пішам з вялікіх літар
Праўда і Справядлівасць, а з малых – хлусня і крыўда.
Ён над тым, што ёсць, узнімае, што быць павінна,
Непрыяцель адчаю, прыяцель надзеі.
Ён не знае граніцы між нявольнікам і панам,
Аддаючы ім панаванне над супольным падворкам свету.
Ён з гнюснага гоману мучаных слоў
Выратоўвае сказы сур’ёзныя, ясныя.
Ён нам гаворыць, што новае ўсё пад сонцам,
З далоні вякоў мінулых адкрывае жывое.
Гожай і маладзенькай ёсць Філа – Сафія
І здружана з ёю паэзія ў службе Дабра.
Прырода ледзьве ўчора святкавала іх дзень нараджэння,
Чутку аб гэтым гарам прынёс аднарог і рэха.
Слаўнай будзе іх дружба – часу непадуладная.
Яе ворагі выдалі сябе на знішчэнне.
Асот, крапіва
(…) le chardon et la haute
Ortie et l’ennemie d’enfance belladona
O. Milosz
Асот, крапіва, чартапалох і беладонна
Маюць будучыню. Ім належаць пустэча
І паржавелая чыгунка, неба і ціша.
Кім буду для людзей далёкіх пакаленняў,
Калі пасля гаманы языкоў узнагароду атрымае ціша?
Меў мяне збавіць талент складання слоў,
Аднак мушу быць падрыхтаваны да зямлі без-граматычнай.
З асотам, крапівой, чартапалохам і беладоннай,
Над якімі ветрык, соннае воблака і ціша.
Павінен, не павінен
Чалавек не павінен улюбёна глядзець на месяц.
Сякера ў ягоных руках не можа траціць цяжару.
Ягоныя сады павінны пахнуць гнілымі яблыкамі
І зарастаць у меру крапівой.
Чалавек, гаворачы, не павінен ужываць слоў для яго найдарагіх,
Ні расколваць зерне, каб даведацца што ў сярэдзіне.
Ні кідаць крошкі хлеба, ні пляваць на агонь
(Так ва ўсякім разе вучылі мяне ў Літве).
Калі ж узыходзіць на мармуровыя сходы
Хам, няхай стараецца ботам пакінуць драпіну
Дзеля напаміну, што сходы гэтыя доўжыцца не будуць.
Ты, хто пакрыўдзіў
Ты, хто пакрыўдзіў проста чалавека,
На смех падняўшы ягоную крыўду,
Маючы блазнаў грамадку пад бокам
Дзеля мяшання дабра і ліхога,
Хоць табе ўсе прысвяцілі б паклоны,
Цноту і мудрасць табе аддаючы,
Золатам ўсіх медалёў абсыпаючы гонар,
Рады, што йшчэ адзін дзень ім жыцця дараваны,
Чуй небяспеку. Паэт памятае!
Забіць яго можаш – народзіцца новы.
Будуць запісаны ўчынкі ўсе і размовы.
Лепшы табе быў бы золак зімовы,
Сук ды шнурок пад цяжарам напяты.
Не болей
Я павінен калісьці сказаць, як змяніў я
Думку аб паэзіі і як гэта сталася,
Што цяпер лічу сябе адным з шматлікіх
Скупшчыкаў і рамеснікаў Царства Японіі,
Якія складаюць вершы пра цвіценне вішань,
Пра поўню месяца і хрызантэмы.
Калі б я мог венецкіх куртызанак
Апісаць, як на двары яны дражняць паўліна,
І з жамчужнай павязкі, з ядвабнай тканіны
Вылавіць поўныя грудзі, чырванаватую
Паласу на жываце ад зашпільвання сукенкі,
Хоць так, як бачыў шкіпер галеонаў,
Што раніцай той прыплыў з залатым ладункам;
І каб жа адначасна мог я бедныя іх косці
На могілках, дзе браму ліжа ўскормленае мора,
Змясціць у слове больш трывалым чымсьці нейкі грэбень,
Што, парахнеючы ў труне, адзін, сам святла чакае.
Не усумніўся б я тады. А з непадатлівай матэрыі
Што нам дасца ўхапіць? Нічога, прыгажосць – не болей.
Таму і задаволіць мусяць нас вішань кветкі
І хрызантэмы і месячная поўня.
Алену Гінсбергу
Алене, добры чалавеча, вялікі паэце забойчага стагоддзя,
ты, які баронячы шаленства, дайшоў да мудрасці.
Табе прызнаюся, маё жыццё не было такое, як бы хацеў.
І цяпер, калі прамінула, ляжыць як непатрэбная шына
на ўзбочыне дарогі.
Было такое як жыццё мільёнаў, супраць якога
ты бунтаваў у імя паэзіі ды ўсюдыіснага Бога.
Падпарадкаванае звычаям, з ведай, што яны абсурдныя,
і неабходнасці, якая зрывае кожнага ранку і прымушае
ехаць на працу.
З няспоўненымі жаданнямі, нават з няспоўненай ахвотай
крычаць і прабіваць ілбом сцяну, паўтараючы сабе самому
забарону “Нельга”.
Нельга сабе паблажаць і дазваляць не-рабіць-анічога,
пра свой боль раздумоўваць, нельга шукаць дапамогі
ў бальніцы і ў псіхіятра.
Нельга таму, што абавязак і таксама таму, што страх перад
сіламі, якім толькі дазволь, і выявіцца нашае блазенства.
І я жыў у Амерыцы Молаха, кароткастрыжаны і пабрыты,
вяжучы гальштукі, п’ючы бурбон штовечар перад сваім кінавізарам.
Чортавыя карлікі пажадлівасцей куляліся ўва мне,
я ўсведамляў іх і паціскаў плячыма: разам з жыццём
прамінуць усе.
Трывога падкрадалася ўсё бліжэй і бліжэй, я мусіў
прыкідвацца, што ніколі яе няма і што з іншымі мяне
злучае блаславёная нармальнасць.
Такая вось можа быць школа, без наркотыкаў і адрэзанага
вуха Ван Гога і братэрства найсвятлейшых розумаў
за кратамі шпіталяў.
Я быў інструментам, я слухаў, вылоўліваючы галасы
з балбатлівага хору, перакладаючы на простыя сказы,
з коскаю і кропкаю.
Я зайздрошчу тваёй смеласці абсалютнага выкліку,
палаючых слоў, бязлітаснага праклёну прарока.
Збянтэжаныя посмехі тваіх іраністаў адаслалі ў музеі,
не вялікае гэта мастацтва, але ж памятка няверы.
У той час, калі твой крык блюзнерчы далей чуецца
ў неонавай пустыні, па якой блукае чалавечае племя,
асуджанае на нерэчаіснасць.
Уолт Уітмен слухае ды кажа: Так, так менавіта трэба,
каб целы мужчын і жанчын завесці туды, дзе ўсё
станецца здзейсненым і дзе жыць згэтуль будуць
у кожнай змененай хвілі.
А твае банальнасці журналіста, твае барада і пацеркі
ды адзежына бунтара тае эпохі прабачаюцца.
Таму што не шукаем таго, што дасканалае, шукаем таго,
што застаецца з безупыннага імкнення.
Памятаючы, колькі значыць шчаслівы выпадак, спалучэнне
слоў і акалічнасцей, раніцы з аблокамі, якія пазней
здадуцца непазбежнымі.
Не дамагаюся ад цябе манументальнага твора, які быў бы
нібы сярэдневяковы касцёл над французскай раўнінай.
Я сам меў такую надзею і працаваў, аднак ужо напалову
ведаючы, што незвычайнае перамяняецца ў звычайнае.
І ў планетарнай мешаніне моў і веравызнанняў памятаюць
нас не даўжэй чымсьці вынаходцаў калаўротка ці транзістара.
Прымі гэту пашану ад мяне, кагосьці, хто быў іншы,
але на той самай неназванай службе.
З недахопу лепшых азначэнняў называючы яе толькі
справаю пісання вершаў.
У Шэтэйнях*
І
Гэта быў мой пачатак і зноў я з Табою,
тут, дзе навучыўся чатыром бакам свету.
Нізка за дрэвамі бок Ракі, за мною й будынкамі
бок Лесу, направа – бок Святога Броду,
налева – Кузні і Парому.
Куды б ні вандраваў я, па ўсіх кантынентах,
заўсёды павернуты тварам я быў да Ракі,
Чуючы смак і духмянасць разгрызенай бела-чырвонай
сакавітасці аеру,
Заслуханы ў старыя паганскія песні жняцоў,
што вярталіся з поля, калі сонца пагодлівых вечароў
дагарала там, за ўзгоркамі.
У здзічэлай зелені я мог бы знайсці месца,
дзе стаяла калісьці альтанка і дзе Ты мяне
прымушала пісаць першыя крывулі літар.
А я вырываўся і ўцякаў у мае тайныя сховішчы,
Перакананы, што літар пісаць ніколі не навучуся.
Не спадзяваўся, аднак, спазнаць і такія веды:
што рассыпаюцца косці ў пыл, мінаюць дзесяткі гадоў,
але трывае ўсё тая самая прысутнасць.
Што можам, вось так, як я з Табою, быць у краіне
адвечных люстраў, вандруючы па няскошаных травах
у тым самым часе.
ІІ
Ты лейцы трымала і нас двое ехала аднаконнаю брычкай
пагасцяваць у вялікай вёсцы пад лесам.
Голле яблынь і груш угіналася ад ураджайнасці плода,
аквечаныя ганкі дамоў сцераглі гародчыкі мальваў і руты.
Гаспадары частавалі нас размоваю пра свае сельскія справы,
кабеты пры ткацкіх варштатах доўга важылі слова пра колер асновы.
На стале – вяндліны, соты мёду ў глінянай місцы,
і я піў хлебны квас з бляшанай кварты.
Я папрасіў старшыню, каб паказаў мне гэту калгасную вёску,
ён вывез мяне ў поле, адкрытае аж да лесу,
там затрымаў легкавушку перад агромністым каменем.
“Тут была вёска Пейксва”, – сказаў не без трыумфу ў голасе,
як гэта ў тых, што заўжды ідуць у нагу з пераможцамі.
Я прыкмеціў, што валун быў часткова расколаты,
камень разбіць молатам хтось спрабаваў,
каб прапаў нават гэтакі след.
ІІІ
Я выбег раннім світанкам да гаманлівых птахаў
і вярнуўся, але між хвіляй і хвіляй твор напісаў я.
Хоць так цяжка было цягнуць палачку п, каб злучылася
з палачкай у, або мост перакінуць паміж r i z.
Я трымаў тонкую ручку нібы трысцё і макаў пяро
у чарніла – пісарчык вандроўны з чарніліцай вечнай.
Цяпер думаю, што твор даецца замест шчасця
і што на ім ляжыць пячаць літасці і жаху.
Аднак таго месца дух павінен быць у ім,
як таксама ёсць у Табе, каго ён вёў ад нараджэння.
Гірлянды з лісця дуба і званочак у разгаліне пахучай ліпы,
што запрашаў на набажэнства майскае,
хацелася добрым быць і не хадзіць між грэшнікаў.
Але калі цяпер стараюся ўспомніць, што было, –
толькі студня і там адлюдна-цёмна,
аж нічога нельга зразумець.
Адно вядома: ёсць грэх і спагнанне ёсць,
што б ні гаварылі філосафы.
Ты адна, разумная і справядлівая, умела б мяне супакоіць,
сказаўшы, што я зрабіў столькі, колькі мог зрабіць,
Што зачыняюцца веснічкі Чорнага гарода, спакой, цішыня,
што скончана, тое і закончана.
* Шэтэйня (Літва) – месца нараджэння Чэслава Мілаша (ад перакладчыка).
Горад маладосці
Прыстойна было б не жыць. А жыць ніяк непрыстойна,
Гаворыць той, хто вярнуўся пасля доўгіх гадоў
У горад сваёй маладосці. І не было нікога
З тых, што калісь хадзілі па тых вуліцах,
І цяпер не мелі нічога апроч ягоных вачэй.
Спатыкаючыся, ішоў і глядзеў замест іх
На святло, якое любілі, на бэз, які зноў жыва цвіў.
Ногі ягоныя, як бы там ні было, былі дасканальшымі,
Чым ногі без існавання. І лёгкія ўдыхалі паветра,
Як то звычайна жывых, трапяталася сэрца,
Здзіўленае тым, што яшчэ б’ецца. У целе цяпер кружыла
Іх кроў, яго артэрыі жывілі іх кіслародам.
У сабе адчуваў іх вантробы, страўнікі, кішкі,
Мужчынскасць й жаноцкасць, даўнія, ў ім сустрэліся,
І кожная збянтэжанасць, каханне і смутак.
Раз нам даступнае такое разуменне,
Думаў, што ў адной спачувальнай хвіліне,
Калі што мяне ад іх аддзяляла, гіне,
І дождж кропель з гронкі бэзу сыплецца на твар
Яго, яе і мой у тым самым часе.
Хто?
За чырвоным святлом вуліцы маладое лісце каштанаў.
Кім ёсць той, хто бачыць?
Адкуль прыходзіць і куды знікне, хто
Ёсць той, які тут замест яго
Бачыць будзе тое самае, але ж не тое сама,
Бо з іншаю пульсацыяй крыві?
І галіны дрэў магутных над стромаю дарогай ўгору,
Пахіленыя к сабе, і ў той алеі,
За каланадай пнёў, адкрыўшаеся ззянне.
Для каго яно? І як змяняецца
За кожным новым паваротам бачання?
Будзьце сабою, прадметы гэтай зямлі, будзьце сабою.
Не давярайце нам і нашаму дыханню,
Ні фантазіям здрадліва-хцівага вока.
Сумуем за вамі. За вашай істотай,
Каб такімі трывалі ў сабе, якімі вы ёсць,
Чыстыя і нікім не агляданыя.
Эгей!
То праўда, што нашае племя пчолам падобнае.
Збірае мёд мудрасці, нясе і хавае ў соты.
Не адну гадзіну патраплю блудзіць лабірынтам
З паверха на паверх Цэнтральнай бібліятэкі.
Але ўчора, шукаючы слова настаўнікаў і прарокаў,
Я зайшоў у высокія рэгіёны,
Не наведваныя амаль нікім ніколі.
Я браў фаліянты і нічога з іх не мог вычытаць,
Бо літары выцвілі і зніклі са старонак.
– Эгей! – ускрыкнуў я, дык вось што стаецца з вамі!
Вам, о паважаныя, вашым бародам і парыкам!
Значыць, назаўжды замоўкла збавеннае пасланне?
Таго дня ў хаце варылі сочыва
І ваш сабака, што спаў ля каміна, пазяхаючы
Абуджаўся і глядзеў на вас, нібыта ўсё разумеючы.
Пасля пакутаў
Гіпотэза ўвасрэсення,
Якую нейкі вучоны выснаваў з квантавай механікі,
Прадбачыць вяртанне да родных месц і людзей
Праз мільярд альбо два мільярды зямных гадоў
(Што па-за часам роўнае адной хвіліне).
Я рад, што прычакаў здзяйсненне прадказання
Аб магчымым альянсе рэлігіі і навукі,
Які падрыхтавалі Энштэйн, Планк і Бор.
Сур’ёзна не ўспрымаю навуковыя фантазіі,
Хоць шаную іхнія формулы і чарцяжы.
Тое самае сфармуляваў, карацей, Пётра апостал,
Кажучы: Апокатастасіс пантон,
Аднаўленне ўсяіснага.
Аднак жа гэта памагае: магчы сабе ўявіць,
Што кожная асобіна мае код замест жыцця
У вечнай камеры хавання, суперкамп’ютары сусвету.
Ператвараемся ў гніль, прах, мікраўгнаенне.
Але застаецца той шыфр, значыць сутнасць,
І чакае, і нарэшце пакрываецца целам.
(…
…
…)
Не што іншае вернікі ў вясковай царкоўцы
Хорам паўтараюць, просячы жывата вечнага.
І я з імі. Не разумеючы.
Кім буду, калі прачнуся пасля неймаверных пакутаў.
Ян Твардоўскі (нар. 1916)
Ліст да Маці Божай
Напачатку хачу сказаць што жывем па-старому
жоўтая сітаўка цешыцца сваёй чорнаю дзюбай
ласось вяртаецца ў раку дзе нарадзіўся
мурашкі ліжуць ножкі хіба ўжо па звычцы
сарна лечыцца мальваю і ўжо кашляе меней
а лес такі зноў прыгожы што стаіць нібы прывід
пчолы не знаюць Шапэна але самі ствараюць канцэрты
смерць як заўсёды нізка кладзе на зямельцы
святым стацца тут можна ўжо на падворку
сыплючы курам зярняты па-старасвецку
найхарашэйшы над рэчкай зноў ліпень у Польшчы
і прыгажосць тады блізка калі час наш мінае
ніводная рыба не траціць бліскучае лускі
сарока з хвосцікам вузкім досціп адзін паўтарае
рэчы трымаюць у памяці цені памерлых
маці маю памятае імбрычак разбіты
для салаўя ў чэрвені кожная ноч замалая
таму што з веры ў каханне цела свайго не шкадуе
спявае што сэрца жывое непадуладнае смерці
бусел стаіць на адной назе як раней і чакае
пішу гэты ліст бо ўбачыць Цябе не маю надзеі
аднак мне здаецца што часам чую Тваю прысутнасць
бо адкуль раптам явіцца шэпт калі засынаю
Між голубам і арніталогіяй
Колькі ж яшчэ святой свабоднай прасторы
неспадзевак з настаўленым вухам
колькі яшчэ таго найпрасцейшага і непалічанага
хоць бы ружовай мальвы звычайнай быліцы белага крываўніка
арэшкаў граба і жалудоў для дзікоў
колікі яшчэ месца на малітву
колькі месца на пакуту –
колькі аказіі для святой споведзі са сціснутым у горле маўчаннем
колькі даслоўнасці сэрца
колькі каморак для найму –
між голубам у сонцы – і артанілогіяй
між колерам чырвоным і цагляным
між канём светлагнядым і яблыкападобным
між рэзедой дзіваннай на жоўтай ножцы – і батанікай
між святымі запаведзямі – і жывым сумленнем
між вялікімі навукамі пра Бога – і Богам
Тадэвуш Ружэвіч (нар. 1921)
Мае вусны
Кончыцца і гэты дзень
Кончыцца вячэра
чысткай зубоў
пацалункам
падпарадкаваннем прадметаў
Дык гэта быў адзін дзень
з тых дзён найдаражэйшых
што ніколі не паўтараюцца
Што са мною здарылася
Прайшоў мінуў
ад раніцы да змроку
як учарашні
Дзень мой
адзіны
што я натварыў
што я нарабіў
А можа так трэба
выходзіць рана
апоўдні вяртацца
паўтараць некалькі рухаў
парадкаваць многа пажыткаў
Дзень мой
брыльянт найпрыгажэйшы на свеце
дом залаты
блакітная рыбіна
сляза вачэй маіх
Не, не занадта ясныя мыслі
калі стаю з рукамі ў кішэнях
і гляджу праз шэрыя пруты дажджу
за якімі клён жаўцее
Мае вусны
што гаварылі
праўду ілгалі
паўтаралі сцвярджалі
адмаўлялі жабравалі
крычалі шапталі
плакалі смяяліся
Мае вусны
клаліся
навокал выказаных
незлічоных слоў.
Ад нейкага часу
Ад некалькіх гадоў
працэс абмірання паэзіі
стаўся паскораным
я заўважыў
што новыя вершы
публікаваныя ў тыднёвіках
пачынаюць распадацца
на працягу двух, трох гадзін
памёрлыя паэты
адыходзяць шпарчэй
жывыя
выкідаюць з сябе
у спеху
новыя кніжкі
як бы хацелі заткнуць папераю
дзірку
|