БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Польская анархія, Павал Ясеніца

Літоўская калізія



На заходнім ускрайку Рудніцкае Пушчы над прыгожаю Мерачанкай трохі вышэй месца, дзе ў яе ўліваецца малая лясная рэчка Сольча, ляжыць мястэчка Алькенікі. На чыгуначным шляху з Варшавы ў Вільню ёсць маленькая станцыя з гэткай назваю, але месца падзеяў, пра якія зараз будзе гаворка, з вокнаў цягніка нябачнае. Тамтэйшыя мясціны вельмі бедныя і вызначаюцца змрочным калярытам: пяскі, парослыя соснамі. У апошнюю восень XVІІ-га стагоддзя пад Алькенікамі стала табарам канфедэрацыя літоўскае шляхты. Амаль што дванаццацітысячнае войска доўга пакутавала ад холаду, пакуль ня прыйшла вестка, што па гродзенскім тракце набліжаецца вораг - Казімір Ян Сапега, вялікі гетман літоўскі і ваевода віленскі.

Было гэта ў лістападзе 1700-га году, амаль на самым пачатку панавання Аўгуста ІІ Моцнага, караля Рэчы Паспалітае Абедзьвюх Нацый і князя Саксоніі. Новы манарх некалькі гадоў раней паспеў ужо быў зменшыць літоўскае войска і арганізаваў у Гродне цырымонію публічнага ламання штандараў развязаных палкоў. Праліццё крыві падданых у грамадзянскай вайне яго ня вельмі непакоіла. Аўгуст меў намер падтрымліваць у краіне лад, абапіраючыся на ўласныя, нямецкія, апранутыя ў чырвань аддзелы.

Стварыць адпаведныя ўмовы мусіла супольная з расійскім царом Пятром І і дацкім каралём Хрысціянам кампанія супраць Швецыі. Ваенныя дзеянні ўжо распачаліся, і распачаліся няўдала. Не атрымалася знянацку захапіць Рыгу. Камандзер шведскага патруля заўважыў, што ў вазах, якія ноччу цягнуліся ў горад нібыта на кірмаш, вязуць зброю, а сяляне пры вазах - насамрэч пераапранутыя саксонскія грэнадэры. У жніўні васемнаццацігадовы Карл XІІ задаў паразу Даніі і накінуў ёй мір.

Аўгуст не патранаваў шляхце, што сабралася пад Алькенікамі. Яна пачала хвалявацца ды хапацца за зброю яшчэ ў панаванне ягонага папярэдніка. Ян ІІІ быў тым, хто вырашыў скарыстаць даўні, на стагоддзі закінуты спосаб. Досьвед навучыў яго, што штурханне аднаго вялікага пана супроць другога не дае плёну: назаўтра пасля перамогі ранейшы фаварыт мяняе фронт і пачынае рабіць акурат тое, што ягоны папярэднік. Магнат, зрынуўшы магната, адразу ж займае ягонае месца. Каралю заміналі Пацы. Ён падтрымаў Сапегаў. Калі апошнія атрымалі перамогу, Ян ІІІ падбухторыў шляхту, незадаволеную магнацкім прыгнётам.

Няхай сучаснікі ўласнымі словамі патлумачаць нам, чым быў тады ў Літве род Сапегаў. "Найперш, Казімір Ян Сапега быў віленскім ваяводам і вялікім гетманам. Брат ягоны, Бэнэдыкт, - падскарбім Вялікага Княства Літоўскага. Сыны ж Казіміра Яна Сапегі адзначаныя былі такімі годнасцямі: адзін быў вялікім маршалкам, другі стольнікам, трэці канюшым Вялікага Княства Літоўскага (а такасама, дадамо ад сябе, генералам артылерыі літоўскае, генерал-маёрам войскаў імператара Леапольда). Пры гэтым усе з вялікімі ўласнымі фартунамі, а да таго рознымі ад каралёў і Рэчы Паспалітае бэнефіцыямі, староствамі ды наданнямі падтрыманыя... І скарб Вялікага Княства Літоўскага перахоўваны быў у доме сапежанскім..."

Наіўная справаздача тлумачыць лепей за ўсе аналітычныя даследаванні "механізмаў". Багацце, пра якое і марыць не магла скарбніца ў Варшаве, ды сабраныя ў адной сям'і найважнейшыя пасады - пажыццёва і безсправаздачна! У Рэчы Паспалітае Абедзвюх Нацый толькі каралеўскае ўлады не хапала, магнацкая ж дасягала незвычайнае канцэнтрацыі. У гэтай справе Літва выразна перасцігала Польшчу. Былі ў Сапегаў і папярэднікі: Пацы, Радзівілы, Гаштольды.

Ян ІІІ штурхнуў шляхту на вяльможаў. Аднак зброя, якую дванаццаць год таму з посьпехам ужыў Ян Ольбрахт, гэтым разам здрадзіла. Папсулася, пакрылася іржой. Занадта доўга перахоўвалася ў шуфлядзе. Самае ж галоўнае: адвыкла служыць адпаведным рукам.

"Уся амаль Польшча гаманіла, што дзеля калізіі літоўскае гіне", - напісаў ананімны аўтар "Літоўскае кронікі", што належыць да таго часу. Базліянін, ксёндз Ян Альшэўскі пакінуў пасля сябе твор з назваю, якая добра перадае і літаратурныя густы таго часу, і калярыт падзеяў: " Апісанне няшчасцяў і нутранога разладу, вайны Кароны Польскае і Вялікага Княства Літоўскага pro іnformatіone патомным у будучых часах асобаю духоўнаю пераказанае і з жаласцю выкладзенае". Дзённік няпэўнага аўтарства, традыцыйна прыпісаны Эразму Атвіноўскаму, сцвярджае, што пад канец XVII стагоддзя людзі тысячамі ўцякалі з Літвы: "адны пабеглі ў Інфлянты, іншыя ў Прусы Брандэнбурскія, cum infallibili salutis iactura ў кальвіністых, у лютэранаў абярнуўшыся." Нават прыязны для Сапегаў біскуп Ян Хрызастом Жалускі мусіў прызнаць, што "зчэзлі ў Літве права, стравядлівасць, сорам; усё падлягае мячу, кіруе мацнейшы, парадак заступіла дзікая сваволя. Баяцца трэба, каб за гэткі прыгнёт шляхты, хаця й ня хутка, не наступіла б кара Божая…"

O, quam pulchurum spectaculum! - вымавіў аднае ночы "літоўскі Макіявелі", падскарбі Сапега, прыглядаючыся палаючай шляхецкае вёсцы. Звычайна, аднак, ня трэба было ўжываць нагэтулькі вострыя сродкі пацыфікацыі. Пабскарбіеў брат, гетман, меў надзейны сродак - кватарунак войска. Жаўнераў ды іхніх коней трэба было карміць, але гэта ня ўсё. У тагачасным літоўскім войску кожны таварыш гусарскі, уланскі або пяцігорскі меў права трымаць да двух дзесяткаў службы, "якім не паны плацілі, але яны панам, даючы ад кожнага па талеры бітым у тыдзень, а іншы нат' болей, а да гэтага і пана, і сябе ўтрымлівалі, і такім дазвалялася рабаваць, што хацелі, калі на чаты выходзяць." Хіба дзіва, што пры такім парадку нутранай службы вёскі пусцелі, "што і знаку, дзе будынкі былі, не заставалася"?

Ян III перацягнуў быў на свой бок віленскага біскупа Канстанты Казіміра Бжастоўскага. У 1689 годзе на сойме ў Варшаве пасол Казімір Станіслаў Дамброўскі, верны саюзнік спачатку Пацаў, а потым Сапегаў, ударыў гіерарха. У палаце заблішчэлі шаблі, а біскуп Міхал Кадзеёўскі наклаў на сталічныя касцёлы інтэрдыкт, адразу ж, што праўда, зняты нунцыем. (Спрэчка біскупа з гетманам ня мела татальнага характару і не выключала згоды ў іншых справах. Якраз тады Сапега выдаў Бжастоўскаму няшчаснага Казіміра Лышчынскага, у хуткім часе пакаранага смерцю нібыта за атэізм і, несумненна, за вальнадумства.)

Праз пяць год, ужо ў сябе ў Вільні, Бжастоўскі зноў выкарыстаў царкоўныя санкцыі. Восьмага красавіка 1694 года за спусташэнне царкоўных маёнткаў сапегавымі татарамі ён абвясціў праклён. У час, калі біскуп асабіста прамаўляў анафему з касцельнае кафедры "пан гетман на Антокалі з пагарды да біскупа загадаў страляць з гарматаў". І гэтым разам у спрэчку ўмяшаўся нунцый. Кат на віленскім пляцы публічна спаліў тэкст анафемы. Гэтак схацеў Сапега.

У 1696 годзе ў Берасці паўстала першая антысапегаўская канфедэрацыя шляхты. Яе ачоліў Рыгор Агінскі, харужы літоўскі. Яго падтрымлівалі Пацеі і род Крыспін-Кіршэнштайнаў, мяшчанаў родам з Каралеўца, якіх Ян III свядома высока авансаваў. Кароль, як добра відаць, старанна засцерагаўся, разумеючы, што на чало чыста шляхецкага руху непазбежна высунуцца іншыя магнаты, і шукаў нейкае супрацьвагі.

Гетман аблажыў Агінскага ў самым Берасці і голадам змусіў да перамоваў. Сышліся на кульгавым кампрамісе. Пад гукі званоў і ўрачыстага "Te Deum" Сапега ўехаў у горад.

Ранняю вясною 1698 года канфлікт зноў завастрыўся ( так дзіўна скадалася, што гвалтаўнейшыя сутычкі адбываліся па цотных гадах). Частка войскаў адмовіла паслушэнства гетману. Агінскі сабраў сваіх паміж Дубісаю і Нявяжай. Рыхтуючыся да энергічных дзеянняў і жадаючы ўмацаваць мужнасць шляхты, ён паабяцаў ёй рабунак Коўні. Аднак раней, чым гэты намер ўдалося ажыццявіць, Сапега зачыніў канфедэратаў паміж Нёманам і Нявяжаю. Не прыняўшы бітвы, канфедэрацкі маршалак распусціў аддзелы, аддаўшы ворагу абоз, запасы, харугвы.

22 ліпеня Аўгуст II давёў справу да замірэння. Аднак у той самы момант, калі прадстаўнікі варагуючых бакоў ставілі ў Варшаве подпісы пад мірным пагадненнем, на літоўска-прускім памежжы адбыліся падзеі, што канчаткова зрабілі замірэнне немагчымым. Пад Юрбаркам Міхал Сапега, пра якога мы зараз будзем гаварыць шырэй, ударыў франтальным прыступам на канфедэратаў, што зноў былі згуртаваліся. Напачатку шляхта білася мужна, але не вытрымала гарматнага агню. Лёгкія татарскія харугвы пераследавалі расцярушанае шляхецкае войска. На полі засталося некалькі соцень трупаў, шмат параненых патанула ў Нёмане, недабіткі ўцяклі ў Прусію.

Толькі цяпер Сапегі, асабліва маладога веку, разгуляліся бязстрымна, трацячы павагу нат' уласнага войска, якое не так ужо прагнула крыві. Шчэ перад юрбарскаю сутычкаю прадстаўнікі сіл Сапегаў у Шкудах заключылі перамір'е са шляхтаю. За самаволю і несубардынацыю гетман загадаў пакараць смерцю - адсекчы галаву або расстраляць - абодвух перамоўнікаў: Бакея і Караля Белазора.

У жніўні таго ж 1698 году ў Вільні паўстала новая канфедэрацыя. Яе правадыром стаў Міхал Казімір Коцел, віцебскі кашталян. Тут варта зрабіць адступленне, бо ягоная постаць заслугоўвае трохі ўвагі.

У наднёманскім мястэчку Беніца пан Коцел збудаваў для сябе палац, а для Творцы і для бернардынаў - касцёл і кляштар. Ён загадзя падрыхтаваў мураваную магілу ў бажніцы, і, адчуўшы блізкі канец, выклікаў мастака ды загадаў зрабіць свой партрэт. Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя можна было агледзець у бяніцкім маёнтку гэты твор. На ім быў адлюстраваны апрануты ў кунтуш шляхціц, а ля ягоных ног - пукатыя мяхі з лічбамі на баках. Перад сконам пан сказаў быў, што пазначаную на мяхах суму бярэ з сабою у магілу і не дазволіць яе нікому рушыць, хіба толькі "касцёл да астатэчнае дайшоў бы інфляграцыі". Хто толькі потым ня шукаў гэтых грошай! Ксёнз касцёла, калі на ім згарэў дах, родзічы аднаго з польскіх пісьменнікаў… Пан Коцел быў, відаць, схільны да чорнага гумару.

Ён памёр у 1722 годзе. Статэчныя гмахі паўставалі ў Беніцы якраз тады, калі "літоўская калізія" дасягнула апагею: у 1700 годзе, які ад пачатку неяк няўдала складаўся для Сапегаў.

У лютым выбары маршалка літоўскага трыбунала адбыліся не паводле іхняга жадання. Пры падтрымцы двух князёў Вішнявецкіх пасаду заняў Караль Радзівіл. Хутка пасля гэтага звычайны выпадак выклікаў фатальныя наступствы. Вуліца св.Яна ў Вільні вельмі вузкая, і менавіта там картэж гетмана нечакана сутыкнуўся з экіпажам Вішнявецкіх, чые коні зусім выпадкова былі вельмі падобныя на коней пана Коцела. Людзі Сапегаў абстралялі карэту, пашкодзілі яе рапірамі. Пакуль высветлілася, што адбылася памылка, абодва князі пацярпелі. Прабачэнні не далі плёну, мо' таму, што адзін Вішнявецкі меў дваццаць два гады, а другі - на два менш. Канфедэрацыя займела магутных хаўруснікаў іхнім прыватным войскам.

У ліпені кароль заклікаў да мабілізацыі дзеля аховы межаў. Прагнозы ня спраўдзіліся: Швецыя, якую Аўгуст II, Пётр I і Данія лічылі лёгкаю здабычай, сталася небяспечным праціўнікам, адразу ж атрымаўшы перавагу.

Абедзьве літоўскія партыі тут жа паслухаліся каралеўскага ўніверсалу. Гетман звербаваў новыя палкі, шляхта пайшла ў паспалітае рушэнне. Пан Коцел сабраў яе ў самым сэрцы Вялікага Княства, пад Ашмянамі. ("Ашмянскі павет у віленскім ваяводстве", - піша Эразм Атвіноўскі, - "нагэтулькі перавышае колькасцю шляхты іншыя, што можна яго in longitudine et latitudine лічыць за ваяводства; на павет гэты глядзіць уся Літва , як Малапольшча на ваяводства сандамерскае.") Баявы шлях прывёў канфедэратаў пад Алькенікі. Туды ж накіраваўся гетман на чале трох тысяч войска. Абодва бакі пякліся пра канчатковы парахунак паміж сабою, а не са шведамі.

Амаль у апошнюю хвіліну, у карчме ў Ляйпунах, біскуп Бжастоўскі, суфраган Згерскі і канонік Шаняўскі дарэмна дамагаліся прымірэння бакоў.

18 лістапада 1700 года яшчэ перад світаннем гетман скіраваў да Алькенікаў конны татарскі аддзел у сто восемьзесят чалавек. У той самы час дванаццацітысячная канфедэрацкая армія выйшла з табару, пакінуўшы яго пад аховаю двух харугваў. Сутыкненне адбылося ля гродзенскага тракту.

Днела, калі пачаліся сутычкі кавалерыстаў. Гарматны залп з боку Сапегаў знішчыў некалькі дзесяткаў коннікаў, але ў гэты момант на тыл войскаў гетмана абрынулася варожая кавалерыя.

Ноччу на дапамогу канфедэратам прыйшлі 'шчэ некалькі тысяч шабляў. Іх прывялі Рыгор Агінскі і стражнік літоўскі Людвік Канстанцін Пацей. Яны ня прылучыліся да асноўных сілаў, але зрабіўшы вялікі круг, лясамі зайшлі ў тыл ворагу. Гук ягоных гарматаў паслужыў ім за сігнал да атакі. З фронту рушыў свае сілы дваццацігадовы Міхал Сервацы Вішнявецкі, "найвышэйшы палкоўнік ваяводзтваў і паветаў". Шляхецкая коніца ахапіла колам трохтысячнае войска Сапегаў.

Гетман з братам Бэнедыктам адразу зразумелі, што можа здарыцца, і пакінулі поле. Паўнамоцтвы перайшлі да Міхала, канюшага, таго самага, які два гады раней вызначыўся пад Юрбаркам. Мужней за ўсіх на баку Сапегаў біліся татары. Тры іхнія харугвы на левым флангу вырваліся з акружэння. Аддзелы мясцовага фармавання і замежныя наёмныя войскі біліся ня вельмі ахвотна. Затое шляхта, ведаючы, што яе чакае ў выпадку паразы, "апошнім трымалася азартам".

Кавалерыйская бойка на шаблях цягнулася ўвесь кароткі лістападаўскі дзень. Вечарам Сапега выправіў парламенцёра. Яго застрэлілі раней, чым ён прыбыў на вызначанае месца. Сцямнела і пачаў падаць сняжок, калі канюшы з паўтарыма тысячамі ацалелых склаў зброю перад Вішнявецкім. Князі паабяцалі яму захаванне жыцця, асабіста адвезлі яго да Алькенікаў і змясцілі ў францішканскі кляштар.

Яны не жадалі смерці палоннага. Вялікую ролю тут адыгрывала саслоўная магнацкая салідарнасць, дзеля якое некаторыя вяльможы з-за Буга, афіцыйна захоўваючы нейтральнасць, паціху ўсё ж спрыялі Сапегам. Перад самай алькеніцкай баталіяй вялікі гетман каронны Станіслаў Ябланоўскі даслаў ім у дапамогу трохі жаўнераў, якія паводле загадаў ішлі пакрыёму, групкамі па дзесяць-дваццаць чалавек, пераапранутыя і з прыхаванаю зброяй.

Магнацкая салідарнасць была несумненна, але ня толькі яе трэба ўлічваць. Мусіла адыграць сваю ролю асабістая культура. Шмат тут гаварылася благога пра вяльможаў, хаця б тых жа Пацаў. Але гэта ў часы іхняе, несумненна шкоднае, перавагі ў Літве, на іхні загад ды за іхнія грошы, паўстаў у Вільні на Антокалі касцёл св. Пятра і Паўлы, адзін з найпрыгажэйшых помнікаў барока на кантыненце.

У Алькеніках трыюмфаваў шляхецкі тлум. Па мястэчку бадзяліся ватагі п'яных да азвярэння. Коцел, Агінскі і жмудзкі харужы Станіслаў Заранак не шкадавалі гарэлкі. Усю ноч яе разносілі куфлямі. Пад шаблямі паноў-браці гінулі ўзятыя ў палон прыхільнікі Сапегаў. Гэтак былі забітыя браслаўскі стараста Міхал Война і тамтэйшы харужы Мірскі. Нястомна шныпарыў і пад'юджываў шляхту "крывавы ксёнз", віленскі канонік Кшыштаф Белазор, родны брат забітага па загадзе гетмана Караля. Ён дапяў свайго толькі ўранку, калі шляхта - "супроць Богу і сумленню забавязанне пад прысягай абяцанае зламаўшы і слова ня стрымаўщы... будучы ад перапітку зграяю зухвалай і ў заядласці і гневе болей на звяроў дзікіх чым на людзей падобнай, ніякае зверхнасці князёвае ня рэспектуючы..." кінулася на кляшторны будынак, які ахоўвала варта.

Жаўнеры Вішнявецкіх у зацятай бойцы ўтрымалі дзьверы. Але на даху варты не было. Паляцела ўніз гонта, латы, кроквы. Адарвалі дошкі столі. Вязень убычыў над галавою раз'юшаныя пысы, а праз акно ў пакой улез канонік Белазор. Перад адліччам смерці Міхал Сапега стаў на калені перад святаром, просячы выслухаць апошнюю споведзь. "Вось табе адпушчэнне!" - крыкнуў ксёндз, б'ючы яго ў твар.

Вішнявецкім здалося было, што яны паспелі ў апошнюю хвіліну. Стаўшы паабапал палоннага, князі павялі яго да карэты. У гэты момант нейкі Сьвідэрскі ўдарыў яго ззаду так, што той упаў. "Князі ледзьве ўратаваліся уцечкаю, там жа furor populі здзекаваўся з ахвяры: цела, пасечанае жахліва на кавалкі тры дні у брудзе і слоце на вуліцы ляжала."

Біскуп Бжастоўскі таксама спрабаваў несці ратунак, ды сам з цяжкасцю ўратаваўся, схаваўшыся ў касцёле.

"Так завяшылася была над домам Сапегаў Рэчы Паспалітае вікторыя". Праз няпоўныя два тыдні пасля Алькенікаў, 30 лістапада,Карл XІІ разграміў пад Нарваю войска Пятра Вялікага. У пачатку 1702 года шведы захапілі Вільню, 24 мая былі ў Варшаве, 7 жніўня – ў Кракаве.

Абсалютна дакладна, што на той час дабро краіны не вымагала ўдзелу ў кааліцыі і вайны са Швецыяй. (Са свайго боку Карл XII таксама зрабіў катастрафічную памылку, адкінуўшы насуперак меркаванням дарадцаў прымірэнчыя прапановы польскага Сенату. Геніяльны тактык ня меў аніякага пачуцця палітыкі і стратэгіі.) Падсумаванне, а хутчэй супастаўленне, якое трэба зараз зрабіць, мае значэнне для агульнае ацэнкі сітуацыі, а ня толькі для кампаніі, што на той час адбывалася.

Пад Алькенікамі з абодвух бакоў білася каля 16 тысячаў чалавек. Папярэднія сутычкі таксама абышліся Літве нятанна. Сямнаццаць гадоў раней Вялікае Княства даслала на венскі паход Яна ІІІ дванаццаць тысячаў войска. Яно ня ўдзельнічала ў бітве. Спазнілася, бо так пажадаў гетман, той самы Казімір Ян Сапега. У дзень бітвы войска было яшчэ ў Польшчы, паблізу Кракава. Потым яно ганебным чынам спусташыла ні ў чым ня вінаватую Славакію, настройваючы венграў супроць палякаў і марнуючы планы караля аб супрацы з імі. 11 лістапада 1683 года Ян III пісаў жонцы: "Літва валачэцца ззаду, абмінаючы ня толькі турэцкія фартэцыі, але й межы. Войска літоўскае было ад нас ужо ў некалькіх мілях, але ня дало знаку аб сабе, і старшызна ня прыехала да нас паперад войска, як павінна – засталіся чамусьці зноў у імператарскіх кватэрах у Левэнкю, нішчачы іх дазвання ў чаканні нейкіх гарматаў, у каго ж з іх яны будуць страляць, мы згадаць ня можам. Досыць будзе, што ад Віліі дацягнуцца да Цісы, ад табара да табара, ня ўбачыўшы непрыяцеля."

Гэткі стыль паводзінаў меў традыцыю. Калі ў лістападзе 1673 году вялікі гетман каронны Ян Сабескі здабыў бліскучую перамогу пад Хацімам і хацеў яе цалкам выкарыстаць, ягоны літоўскі калега Міхал Пац забраў большую часту свайго войска і рушыў дахаты. Пры тых жыхарах Кароны, якіх не здэмаралізаваў учынак Паца, застаўся да канца Міхал Казімір Радзівіл, польны гетман, з тысячаю войска. Тое самае дакладна паўтарылася восенню 1674 года, калі экс-гетман Сабескі быў ужо Янам III. Армія Рэчы Паспалітае дасягае поспеху, ёсць магчымасць перанясення ваенных дзеянняў на варожую тэрыторыю - Пац адыходзіць у Літву, у табары застаецца Радзівіл. Мала дапамог поўны абурэння каралеўскі загад паводле якога дэзертырам забаранялася "звацца імем жаўнерскім". Пац заставаўся на пасадзе да канца жыцця. Пасля яго яе заняў Сапега і чыніў тое саме, што ягоны папярэднік. Адна складовая частка Рэчы Паспалітае адпрэчвалася, сабатавала палітыку ўласнага манарха.

У памяць тае падзеі гербы літоўскіх шляхецкіх радоў, якія ўзялі ўдзел у бітве пад Венаю, змешчаныя ў гродзенскім касцёле бернардынаў (тым самым, дзе пачынаецца дзеянне "Апошняга Сойму Рэчы Паспалітае" Рэйманта) на сценах галоўнага нефа. Гэта пераканаўчае сведчанне дзейнасці Яна III, які штурхаў шляхту супраць магнатаў. Мэтаю было здабыццё рэальнае дзяржаўнае ўлады.

У 1683 годзе Вялікае Княства не дапамагло каралю, які меў намер ня толькі перамагчы небяспечнага ворага на чужой тэрыторыі, ня нішчачы сваёй, але й здабыць за Карпатамі апору для рэформы ў краіне. Праз два дзесяцігоддзі яно ж марнавала свае сілы ў грамадзянскай вайне. Атрымаўшы перамогу, шляхта выкарыстала яе катастрафічным і ганебным чынам.

Абодва старэйшыя Сапегі, гетман і падскарбі, пераапранутымі ўцяклі да прускае мяжы, перайшлі землі электара і спыніліся толькі ў Лідзбарку ў Варміі, у біскупа Залускага. З часам яны апынуліся на баку шведаў, стаўшыся зацятымі (на пэўны час!) прыхільнікамі Карла, і шукалі помсты пры ягоным баку. Іхнія ворагі, натуральна, адразу ж пацягнуліся ў супраціўны бок. Не азіраючыся на Карла ды і на свайго караля, які лавіраваў і аддаў бы перавагу міру, Вялікае Княства ўвайшло ў хаўрус з царом, выступішы як "Рэч Паспалітая Літоўская". Пятру далі крэпасць у Друі, дазволілі ўвесці ў краіну войскі і свабодна ў ёй гаспадарыць. 19 чэрвеня 1702 года з'явіўся зварот цара да літоўскіх "бурмістраў, райцаў, лаўнікаў, мяшчанаў ды ўсяго паспольства". У ім абяцаліся розныя дабрадзействы і змяшчалася запрашэнне да перасялення ўглыб Расіі. Пётр абвясціў пратэктарат над Літвою. Пастановы Люблінскае Уніі страцілі сілу. Царскія інструкцыі дыпламатам, вядома ж таемныя, выразна выяўляюць імкненне да поўнага разрыву лучнасці Вялікага Княства з Каронаю і прыняцця яго пад руку Масквы.

Апораю прарасейскае партыі ў Літве былі пераможцы з-пад Алькенікаў. На першае месца зноў выбіўся Міхал Сервацы Вішнявецкі: яго сумленне суцішыла прапанова гетманскае булавы. "Афіцыйны рэзідэнт Вялікага Княства Літоўскага" пры асобе цара, канонік Кшыштаф Белазор ніколі ня меў гэткіх амбіцыяў. "Крывавы ксёнз" падпісваў дамову Вільні з Масквою, падарожнічаў разам з Пятром Вялікім у Архангельск. Яму было пра што ўспомніць у вязніцы, куды ён трапіў быў на некалькі год, схоплены ў 1708 годзе аддзелам сапегавых войскаў. Ад кары смерці яго выбавіла ўмяшанне віленскага капітулу, а вызваленне прынесла перамога ягонага патрона пад Палтаваю.

Грандыёзны жарт гісторыі: захаванне і ўмацаванне лучнасці Польшчы з Літвою выклікана было ў значнай ступені маскоўскаю пагрозай. Смела можна сцвярджаць, што Люблінскай Уніі дапамаглі Васіль III ды Іван Жахлівы, якія захапілі Смаленск і жадалі атрымаць Кіеў, Галіч і ўсё іншае аж па "Белую Ваду", або Віслу. Цяпер у крытычны момант Літва самахоць ішла пад патранат дзяржавы, што была ейным, а не Кароны, адвечным ворагам. Вядомы нам па Алькеніках Станіслаў Заранак ездзіў у Варшаву паслом Вялікага Княства з мэтаю супрацьстаяць міралюбным і нейтралісцкім тэндэнцыям, што пераважалі былі ў Польшчы. Прыняўшы пратэктарат Пятра, Вільня цягнула за сабою Варшаву. У 1704 годзе ўся Рэч Паспалітая ўвайшла з ім у хаўрус, які на справе быў дыктатураю цара.

Дзяржава на той час мела дрэннага кіраўніка. Ублытаўшыся ў вайну, Аўгуст ІІ зрабіў сапраўднае злачынства. Калі ж ў 1701 годзе ён ачомаўся і паспрабаваў выйсці з яе, літоўскія падданыя стварылі незваротную сітуацыю. Тыя хаўрусавалі з Карлам, іншыя - з Пятром. Шэрая маса ў Кароне марыла пра спакой, магнатаў жа можна было купіць.

Часова разарваную паслабленую польска-літоўскую ўнію ўдалося аднавіць. Толькі вось сапраўдная суверэннасць ужо не вярнулася. Калона Жыгімонта, як вядома, засталася ў Варшаве выключна таму, што Пётр І не знайшоў спосабу перавозу яе ў Санкт-Пецярбург. Аўтар памянёнай вышэй Кронікі казаў праўду: Рэч Паспалітая гінула. Дзяржава перастала існаваць пад канец XVIII стагоддзя, прыкладна праз чвэрць стагоддзя пасля венскае перамогі Яна ІІІ.

Мы прызвычаіліся лічыць, што найсумнейшым раздзелам нашае гісторыі ёсць эпоха падзелаў. На маю думку, час "літоўскай калізіі" быў горшы. Самавольная, супрацьпраўная дамова з Пятром ня менш ганебная за Таргавіцу. Яе падпісалі грамадзяне суверэннае дзяржавы, народжаныя і выхаваныя традыцыях свабоды, а не залежнасці. Людзі, якія ведалі Сабескага, дабраахвотна лезлі ў ярмо да цара, сілы якога толькі што знішчылі шведы.

Не шкадуючы падрабязнасцяў, я стараўся адлюстраваць ня толькі справы вялікай палітыкі, але й паводзіны тлумаў і нават асобаў. Малюнак вельмі выразны. П'ная згая ў Алькеніках можа лічыцца сымбалем пануючых у краі парадкаў. Магчыма, нацвяроза гэтыя людзі як прыватныя асобы паводзіліся нармальна. (Канфедэраты, што гуртаваліся два гады раней пад Гародняй, не рабавалі і не гвалтавалі.) У якасці грамадзянаў суверэннае краіны шляхта выявіла сябе зграяй забіякаў пад кіраўніцтвам нягоднікаў. Арганізм Рэчы Паспалітае паддаўся раскладу.

Пачатак XVII стагоддзя выглядаў досыць добра, мог бы звацца "Срэбным векам". Канец стагоддзя прыпячатаны Алькенікамі. Расклад адбыўся з жахліваю хуткасцю.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія