БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Польская анархія, Павал Ясеніца

Нацыя?.. Раса?..



У 1962 годзе ў "Przegladzie kulturalnym" ішла доўгая дыскусія, распачатая маім артыкулам пра "польскую анархію". З прычыны дзіўнага непаразумення мне былі прыпісалі сцверджанне, быццам у Польшчы такой з'явы ніколі не было. Я ж напісаў чорным на белым наступнае: "...такім чынам, у Cярэднявеччы ўсё нармальна... з пэўным адхіленнем у бок мацнейшае, чым, напрыклад, у суседняй Нямеччыне, дысцыпліны - маральнай і палітычнай. Але ў XVII і асабліва ў XVIII стагоддзях - анархія, хаос, агульная бездапаможнасць. Каб не гуляць ў дэфініцыі, кладу націск на апошнюю фармулёўку, бо яна найлепей стасуецца да сітуацыі."

Дзіўная звычаі ўгняздзіліся ў нашай палітыцы: сціслых выказванняў недастаткова, нат' калі рэч называць ейным імем. Патрэбны артыкул на шмат старонак, каб паўтараючы шматкроць тое самае, стаміць аўдыторыю.

Наяўнасць у нас анархіі ў пэўную гістарычную эпоху - гэткі ж відавочны факт, як наяўнасць пяску ў Вісле. Аднак некаторыя ўдзельнікі дыскусіі трактавалі анархію як асаблівы дар нябёсаў для польскае нацыі, залічыўшы яе ў рысы нацыянальнага характару. Гэткі падыход ня ёсць чымсьці новым. Некаторыя шляхцюкі-тэарэтыкі ў вольныя ад пільнавання сенакосаў і малатарні хвіліны бавіліся, запісваючы свае назіранні за парадкам рэчаў у свеце. Пан Бог, зазначалі яны, вызначыў розным нацыям адрозныя задачы. Ангельцам загадаў плаваць па моры, жыдам - купляць і прадаваць. Ад палякаў жа запатрабаваў, каб Яго "рэкрэявалі ды забаўлялі". Бо, высоўвалі яны свае аргументы, Створца мусіць добра цешыцца з нашых соймікаў, трыбуналаў… Гэткія погляды былі асабліва папулярныя ў XVІІІ стагоддзі. XVІ і XVІІ стагоддзі выдалі значна меней схільных да містычных тлумачэнняў, якія, відавочна, маюць цімала прыхільнікаў у стагоддзі XX.

Апошнім часам з'яўляліся розныя цікавыя меркаванні. Напрыклад: "Палякі ня ўмеюць карыстацца свабодай." Або фармулёўка вядомага пісьменніка: "Вялікая дзяржава, якая стала ахвяраю падзелаў у XVІІІ стагоддзі, і то з прычыны ня літоўскага, але польскага анархічнага інстынкту."

Трохі вышэй мы гаварылі пра Алькенікі, дзе ў жудасных праявах выявіла сябе літоўская, а не польская "калізія". Вядома, хто памкнуўся да Карла XІІ - супраць свайго манарха, - і хто біў чалом перад Пятром І. А вось інфармацыя з катэгорыі энцыклапедычных даведак: першым, хто сарваў сойм у Рэчы Паспалітай, быў Уладыслаў Сіціньскі, стольнік упіцкі і пасол троцкі. У Вялікім Княстве ён меў дваццаць восем паслядоўнікаў. Дваццаць чатыры пасла з украінных ваяводзтваў крычэлі "Veto!". З Вялікапольшчы і Мазовіі - дванаццаць. Гэта вынікі даследаванняў прафесара Ўладыслава Канапчыньскага. Ад сябе магу толькі дадаць, што Малапольшча, Вялікапольшча і Мазовія мелі вышэйшую шчыльнасць насельніцтва, і ў працэнтах параўнанне было б 'шчэ больш яскравым.

Біскуп Бжастоўскі, сталы прыхільнік караля, паходзіў ад жыхароў Кароны. Можна з гэтага рабіць высновы на карысць Польшчы - але ня варта. Казімір Станіслаў Дамброўскі, які ў пасольскай палаце збіў быў біскупа, сваволіў, як мог, ня стаў на баку караля нат' за пасаду віленскага падкаморага, душой і сэрцам служыў літоўскім "каралятам", таксама паходзіў з Кароны. Ягоная сям'я толькі ў XVІІ стагоддзі перасялілася з Мазовіі ў віленскі павет. Дамброўскі пачынаў кар'еру як сябра кароннае гусарскае харугвы, потым стаў паручнікам літоўскага знаку. Аўгуста ІІ, які - па меркаванні Канапчыньскага - краіну цалкам абясправіў, абвясціў каралём супраць волі большасці элекцыйнага поля куяўскі біскуп Станіслаў Домбскі, радавіты жыхар Кароны. Ён адважыўся зрабіць гэта, калі прымас ужо абвясціў быў абранне француза, князя Канці. Адбылося гэта ў чэрвені 1697 года, незадоўга перад Алькенікамі.

Агулам каронная шляхта на той час выяўляла хіба болей клопату пра дзяржаву, лепей разумела ейныя патрэбы. Не было ў Кароне такіх вычварэнняў, як грамадзянская вайна з асобным магнацкім родам, чыіх паводзінаў ніхто ня можа болей цярпець. Перавага арыстакратыі там ніколі не выяўлялася ў такой канцэнтраванай форме. Прычыны рознасці варта шукаць у рэальных акалічнасцях, а не ў містычных тэорыях нацыянальнага характару. Варагуючыя між сабою амаль роўныя па сіле магнацкія кланы і ў Кароне даваліся ў знакі сярэдняй і шарачковай шляхце. Але між імі існавала канкурэнцыя. Канкурэнцыя сатрапаў усё ж лепей чым адзін ачмурэлы ад усяўладдзя тыран. Зрэшты, такіх як Ляшчыньскія нельга назваць сатрапамі (нават калі пагаджацца, што Ганна Малеўская занадта для іх ласкавая). Паны на заходняй ускраіне насамрэч прасякліся культураю, і ўжо колькі пакаленняў. Сімпатыя Карла XІІ да Станіслава Ляшчыньскага падобная на прыцягненне паміж супрацьлеглымі зарадамі: прымітыў і вытанчанасць цягнуліся адно да аднаго. Дарэчы, выгнаны з Польшчы, Станіслаў пакінуў пра сябе добрую памяць у Латарыгіі.

Закранутая тэма вымушае вызначыцца па прынцыповым пытанні. Прашу чытача прабачыць мне асабістыя прызнанні, але хачу падкрэсліць, што пісаў ніжэйшыя радкі бяз радасці і насуперак сваім найглыбейшым сентыментам.

Ужо доўгі час мы звыкла ўжываем лягчэйшыя стандарты для ўсяго ў нашай гісторыі, што тычыцца Літвы. Звычай гэты пануе ад часу з'яўлення "Пана Тадэвуша" і яго трэба прызнаць найвялікшым дасягненнем паэты. Міцкевіч накінуў нам свой вобраз гісторыі, цалкам адрозны ад таго, што меў перад вачыма аўтар памяненай вышэй "Літоўскае Кронікі". Паўтару 'шчэ раз ягоныя словы, бо яны важныя: "Уся амаль Польшча гаманіла, што дзеля калізіі літоўскае гіне". Кнігі, напісаныя звычайнымі, і нават таленавітымі, асобамі, тым больш сухія дакуманты, ня могуць спаборнічаць з геніям. "Літва, мая Айчына", - вось што фармавала погляды на ўсю мінуўшчыну. Ня зразумеўшы да канца праўды і глыбіні гэтых словаў, мы падпалі пад іхні эмацыйны ўплыў. Ня зразумеўшы, што пасля Ўніі ў Вялікім Княстве Літоўскім пачалося стварэнне новае нацыі, што мелася жыць з польскаю нацыяй у сімбіёзе, мы не разумеем культурнае вагі і прыгажосці гэтае з'явы, памылкова дзелім рэчы на добрыя і нядобрыя. Зашмат паблажлівасці для Вільні, задужа асуджэння для Варшавы, і поўнае забыццё Пазнані і Лешна.

У 1697 годзе літоўская шляхта, свядома дзеючы супраць Сапегаў, запатрабавала "коэквацыі правоў" з Каронаю і дапяла свайго. Загадана было адкінуць дзяржаўны статус беларускае мовы і ўсе літоўскія дакуманты пісаць па-польску. Праз пяць год тая самая шляхта ў ролі палітычнага класу ад імя "Рэчы Паспалітае Літоўскае", заключыла дамову з Пятром, парушыўшы прынцыпы вуніі, не азіраючыся ані на Карону, ані на агульнага караля. Гэтыя факты сведчаць, як мала карысці ад спрашчэнняў. (Палітычную ацэнку дамовы 1702 года можна пакуль пакінуць у баку, гаворка толькі пра праявы пачуцця пэўнае адасобленасці ў тых жыхароў Вялікага Княства, што гавораць па-польску нават у паўсядзённым жыцці.) Унія стварыла вельмі скаладаную сітуацыю, што ўтрымлівала шмат магчымасцяў развіцця, і якія змарнаваліся ў выніку бесперапынных войнаў. Шматнацыянальны народ, які, злучаны, як сіямскі блізнец, са сваім заходнім суседам, разам з ім будуе агульную шматнацыянальную дзяржаву! Еўрапейская культура ня стала б напэўна бяднейшай, калі б гэткі арганізм выжыў і ўзмацнеў. Наадварот, прыдбала б вельмі цікавы і карысны досвед.

Гаспадары літоўскіх земляў дамагаліся польскае мовы ў справаводстве, бо культурна ўжо паланізаваліся. Але ўжыванне мовы не шчэ азначае ідэнтыфікацыі сябе з краінай, скуль бярэцца гэтая мова, не пазбаўляе ад уласнага твару. У Вялікім Княстве Літоўскім вярхі грамадства карысталіся польскай мовай, просты люд гаварыў па-беларуску і па-летувіску і абедзьве гэтыя мовы мусілі з часам узбіцца да літаратуры, палітыкі, адміністрацыі, стаць побач з "пануючай мовай", нароўні з ёю. Шматнацыянальную і шматмоўную нацыю і нават дзяржаўнасць сучасныя нацыяналістычныя ідэалогіі лічаць жудаснаю ерассю, і гэта ёсць прычынай, чаму XX стагоддзе не змагло і не пажадала працягваць традыцыі Вялікага Княства. Але ж гэта не перашкаджае мне лічыць тыя мёртвыя, нажаль, традыцыі цудоўнымі. Я ганаруся, што належу да нацыі, якая ўдзельнічала ў ранняй спробе пабудовы агульнае дзяржавы для некалькіх народаў.

Аб'ектывізм патрабуе прызнаць, што магнатэрыя наймацней развілася ў Вялікім Княстве, а не ў Кароне. Гаворачы гэта, я маю на ўвазе гістарычны чыннік, які моцна паспрыяў знішчэнню створаных уніяй перспектываў, не асуджаючы ўнію або нейкую з нацый, што лучацца назваю гістарычнае Літвы.

Адзін вядомы вучоны, прыхільнік нацыяналістычнага падыходу, пісаў быў перад вайной, што ў XVІІІ стагоддзі анархія ахапіла ўсе землі "польскае расы" (звярніце ўвагу, што я ўжываю тут двукоссе, якога сам аўтар ня ўжыў). Толькі нямецкая Курляндыя, што была леннікам Рэчы Паспалітае, не паддалася заразе. Дзіўная гэта раса. У ейным складзе Замойскія з Лэнчыцы, летувісы-Радзівілы, рускага паходжання Сапегі ды Вішнявецкія, Чартарыскія гербу Літоўскае Пагоні, Канецпольскія з па-над Піліцы, Патоцкія з Кракаўскага ваяводзтва… Здабытую Янам ІІІ пад Венаю зялёную харугву Прарока перадаў Папу польскі прадстаўнік у Рыме біскуп Ян Казімір Дэнгофф. (Імя ад караля, ягонага хроснага бацькі. Раней род Дэнгафаў складаўся выключна з Гердаў, Магнусаў і асабліва Эрнэстаў). Прызначэнне яго кардыналам шляхта сустрэла без захаплення, бо лічылася, што палякі не павінны прымаць гэтае чужаземнае званне.

Ля калыскі польскае анархіі стаяла сям'я Мнішаў, якая зусім нядаўна перасялілася з Вялікіх Куньчыцаў, што ў Маравіі. У пачатку XVІ стагоддзя ўсю Літву збаламуціў князь Міхал Глінскі, татарын з роду самога хана Мамая. Апораю парадку быў тады прымас Ян Ласкі, ня толькі паляк, але нават велькапалянін.

Анархія апанавала зусім ня нейкую там расу. Ейнаю ахвяраю стала дзяржава, шматнацыянальная манархія. Гэты важны факт сведчыць, што пошук крыніцаў анархіі ў рысах нацыянальнага характару абсурдны. Трэба шукаць момант у гісторыі дзяржавы, калі яна збілася з курсу. Мусіла нешта адбыцца. Нешта, што зглуміла маральную і палітычную адказнасць, відавочную ў Польшчы XІV, XV і XVІ стагоддзяў.

У "Патопе" Генрык Сянкевіч уклаў у вусны Багуслава Радзівіла словы, што заселі ў народнай памяці: "Рэч Паспалітая - як кавалак чырвонае тканіны, за якую цягнуць, шведы, Хмяльніцкі, гіпербарэйцы, татары, электар - хто толькі можа. А мы з князем, ваяводай віленскім, вырашылі для сябе, што й нам з таго кавалку мусіць столькі застацца, каб хаця на плашч хапіла." Тут жа князь-канюшы патлумачыў суразмоўцу, чаму гэтак адбываецца: "Паслухай, пане Кміціц! Калі б мы, Радзівілы, жылі ў Гішпаніі, у Францыі, або ў Швецыі, дзе сын займае бацькоўскі трон, дзе каралеўскія правы ад Бога йдуць, тады… служылі б мы сумленна каралю ды Айчыне, задаволеныя найвышэйшымі пасадамі, што нам паводле роду нашага і маёнтку належаць."

Геніяльны пісьменнік быў у некаторых пытаннях найзвычайнейшым з палякаў. Гісторыю ўласнае краіны ведаў нашмат лепш чым іншых, і дзеля таго хварэў на манію лічыць выключна польскаю з'вай тое, што абдывалася паўсюдна. Возьмем для прыкладу фрагменты з "Гісторыі Францыі" Андрэ Маруа, дзе гаворыцца пра часы, на якія ў нас прыпадае канец панавання Жыгімонта Аўгуста, і якія вызначаюцца - у нас - спакоем і талерантнасцю.

У Францыі каралева, Кацярына Медычы, намагалася супакоіць падданых: "І каталікі, і пратэстанты лічылі грахом кожную праяву верацярпімасці. У Парыжы каталіцкія тлумы падпальвалі дамы іншаверцаў, а на поўдні раз'ятраныя гугеноты ішлі прыступам на касцёлы. Каталіцкая шляхта ў роспачы марыла пазбавіцца ад Кацярыны, яна ж, напужаная, спыталася ў адмірала Калін'і, якія сілы могуць выставіць гугеноты дзеля абароны манархіі. Гэта быў сігнал да грамадзянскае вайны. На справе, да вайны імкнуліся абедзьве партыі: адныя бачылі ў ёй аказію для помсты, іншыя - для рабунку."

У сакавіку 1562 году князь дэ Гіз у Вассі забіў дваццаць тры чалавекі, а трыццаць параніў. "Кандэ заклікаў гугенотаў да зброі. Гіз рушыў маршам на Парыж, дзе яго віталі крыкамі "Vіve Guіse!", бо на той час ўжо не крычэлі "Vive le roi!"… Пачаўся перыяд усеагульнага бязладдзя. Вайна ішла за вайною, каралеўства захлыналася ў крыві і полымі. Пачало неставаць хлеба. Кожны ствараў сваю банду. Гугеноты былі па-за законам у Парыжы, каталікі – у Нармандыі. На поўдні пустымі стаялі кафэдры і кляштары. Падзел прайшоў нат' праз сем'і. Злачынствы апраўдвалі фанатызмам, бандытызм - вераю. Кожны хацеў кіравацца адно ўласным сумленнем, то бок' фантазіяй. Гэткім чынам народ прызвычайваўся пагарджаць ўладаю. Партыя заступіла дзяржаву, помста - закон, цывілізацыя гінула."

23 снежня 1588 году адбылася "трагедыя ў Блуа". Генрых ІІІ, раней наш Генрых Валуа, загадаў пакараць смерцю князя дэ Гіз, галаву каталіцкае партыі. У забітага знайшлі ліст да гішпанскага караля Філіпа ІІ. Падтрыманне грамадзянскае вайны ў Францыі, пісаў дэ Гіз, будзе каштаваць Мадрыду семьcот тысяч ліўраў штомесяц.

З амбонаў пасыпаліся заклікі адпомсціць за злачынства (г. зн. знішчыць здрадніка, але ня здраду). Дамініканін Якуб Клемент спачатку даведаўся ў тэолагаў, ці забойства караля дзеля абароны веры ня ставіць пад пагрозу ягоную душу. Атрымаўшы запэўніванні адносна пасмяротнага лёсу ён 1 жніўня 1589 года забіў караля нажом. Княгіня дэ Манпесьё адразу ж закідала Парыж зялёнымі шарфікамі.

Генрых ІV супакоіў Францыю. 14 траўня 1610 года ён загінуў ад штылету Равільяка. Кароль ехаў у вазку па вуліцы дэ ля Фэранэры і чытаў ліст, калі забойца ўскочыў на прыступку. Лязо прабіла аорту. Хай сабе Равільяк лічыцца вар'ятам, які дзейнічаў з уласнае ініцыятывы, піша Маруа. Ёсць доказы, што ў той самы час рыхтаваліся іншыя спробы забойства любімага народам Генрыка. Прычына: кароль упарта адмаўляўся ўзяць бок адной з варагуючых партыяў.

Людовік XІІІ, несумненна найвялікшы рамеснік манаршае справы, быў на той час малалетні. Рэгенцтва дасталося маці, Кацярыне Медычы. Але паміж літарай закона і магчымасцю яго выканаць і ў Францыі стаяў вядомы чыннік: тамтэйшыя аматары чырвонага сукна.

Матар'ял пра гэтыя падзеі я пазычаю ў Жэрара Ўолтэра, аўтара прадмовы да кнігі Жоржа Мангрэд'е "La journee des Dupes". Кніга ёсць чатырнадцатым томам серыі пад назваю "Трыццаць дзён, што стварылі Францыю". Гэта трыццаць па-мастацку выкладзеных гістарычных даследаванняў. У цэнтры кожнага - канкрэтная дата. Першая кніжка мае назву "Хрышчэнне Хлодвіга, 25 снежня 496", апошняя - "Вызваленне Парыжа, 25 жніўня 1944". Можна толькі пазайздросціць народу, чые вучоныя так папулярызуюць веды пра мінуўшчыну.

Выяўляецца, што гісторыя Францыі мае асаблівую прыхільнасць да ліпеня: ён сустракаецца аж у васьмёх назвах. А ў красавіку ня здарылася нічога важнага за апошнія паўтары тысячы год. Усе іншыя месяцы ёсць у спісе. "Калі сёння праглядаеш дні, што стварылі Францыю," - піша Жэрар Ўолтэр, - "дзівуешся, якую значную частку займаюць бунты і забойствы, - што паасобных людзей, што масавыя: бітвы, пажары ды іншыя катастрофы. Да драбніцаў пацвярджаецца думка, што лёсы народаў, гэтак жа як асобаў, ствараюцца ў цяжкіх выпрабаваннях, што выпадаюць на долю кожнага ў адпаведнай прапорцыі."

Смерці Генрыха ІV прысвечаны, натуральна ж, асобны, трынаццаты том, напісаны прафесарам Сарбоны Раланам Мёсьё. Дзеля таго, што наступная кніжка прывязана да даты, пазнейшай год на дваццаць, уступ, да якога мы ўжо звярталіся, сцісла піша пра тое, чым гэтыя гады вызначыліся.

Перш за ўсё - оргіяй хабарніцтва. Граф дэ Суасон гучна абураўся, што рэгенцтва абвесцілі падчас ягонае адсутнасці ў сталіцы, але адкінуў апазіцыйнасць, атрымаўшы штогадовы пенсіён у пяцьдзесят тысяч экю, двесце тысяч на выплату пазыкаў, пасаду губернатара Нармандыі ды іншыя прывабныя званні. Неверагодна багаты і ўшанаваны безліччу ганаровых тытулаў дваццацідвухгадовы князь Кандэ ня мог, вядомая справа, задаволіцца такімі сціплымі сумамі. Яму вызначылі двесце тысячаў штогод, столькі ж для набыцця нейкага палаца ў акрузе Сен-Жэрмэн, а ў дадатак графства Клермон. Сем магутных францускіх родаў: Кандэ, Эпернон, Майен, Гіз, Вандом, Бульён, Бэлегард - узялі тады з дзяржаўнае скарбніцы дзевяць мільёнаў ліўраў. Пасля Генрыха ІV засталіся вялізныя запасы золата. Сем мільёнаў захоўваліся былі ў Бастыліі. Праз тры гады там не засталося нічога.

Такім чынам Марыя Медычы купіла згоду верных падданых на рэгенцтва, якое было, і мусіла зрэшты быць, вельмі кароткім. У 1614 годзе Людовік XІІІ стаў паўналетнім, і каралеўская ўлада, што "ад Бога самога ідзе", тэарэтычна павінна была трапіць ў ягоныя трынаццацігадовыя рукі. Князі ды графы адразу ж пакінулі двор, сустрэліся ў Мезіер, агаласілі маніфэст, зганьбавалі хабарніцтва ды марнатраўства двара, і запатрабавалі склікання Генеральных Штатаў. Адмысловыя прадстаўнікі манарха мусілі з імі дамаўляцца. Кандэ атрымаў чатырыста пяцьдзесят тысяч ліўраў гатоўкаю, Майен - трыста, Лангевіль - сто… Прадстаўнікам Генеральных Штатаў патлумачылі, што скарбніца апусцела з прычыны серыі катаклізмаў і надзвычайных выдаткаў. Менавіта: пахавання Генрыха ІV, каранацыі Марыі, а потым Людовіка XІІІ, урачыстага ўезду рэгенткі ў Парыж, ну і вайны.

Чырвоная тканіна, або хутчэй барвовы аксаміт, бо гаворка ўсё ж пра Францыю. Трохі мацнейшая тканіна, трэ' рэзаць і краіць, ірваць голымі рукамі ня варта.

Калі ўсё гэта адбывалася ў Францыі Багуслаў Радзівіл яшчэ не нарадзіўся. У Польшчы і Літве панаваў быў Жыкгімонт ІІІ "кароль у кожным цалі" і справы ў двуадзінай дзяржаве йшлі не найгоршым чынам. У панаванне ягонага сына Ўладыслава ў далёкай Францыі збунтаваўся Людовік дэ Бурбон, граф дэ Суасон, блізкі родзіч Людовіка XІІІ. Ён з'ехаў з Парыжа ў Седан. Пра тое, што было далей, распавядаецца ў дзённіках кардынала Рэтца.

Вось некаторыя ўрыўкі: "Дзеля таго, што ўзбуджэнне ахоплівала ўсё шырэйшыя колы, граф даручыў мне патаемна прыехаць у Седан. Я гаварыў з ім ноччу ў палацы… Пан дэ Бульён, які ўсімі спосабамі імкнуўся быў да грамадзянскае вайны, карыстаючыся выпадкам, усяляк падкрэсліваў магчымыя выгады і зручнасць становішча. Сен-Ібаль горача яго падтрымліваў, Варыкарвіль жа адчайна працівіўся абодвум… Я заставаўся ў Седане яшчэ два дні, і за гэты час граф пяць разоў мяняў быў свае намеры… Пан дэ Бульён схіліў яго ўрэшце да рашэння. Тады выклікалі дона Мігеля з Саламанкі, гішпанскага амбасадара. Мне даручылі гуртаваць прыхільнікаў у Парыжы. Я вяртаўся з Седану з такой колькасць лістоў, што яе хапіла б, каб высунуць абвінавачванне ў здрадзе супраць больш як дваццацёх асобаў… Мае карэспандэнты з Седану, Варыкарвіль і Бюрэгарэль, паведамлялі час ад часу, што граф захоўвае цвёрдасць намераў і не вагаецца ад моманту, калі рашыўся на выступленне. Помню адзін ліст. Варыкарвіль пісаў, што мы дарма пакрыўдзілі графа, палічыўшы слабавольным. Цяпер усё наадварот да тае ступені, што трэба яго стрымліваць, бо ён занадта падатны на ўплывы імператара і Гішпаніі. Ласкава прашу звярнуць увагу, што абодва гэтыя двары ўжывалі ўсе сродкі, пакуль ён вагаўся, а зараз сталі больш стрыманымі, бо ўпэўніліся, што ён выступіць."

Што імператарскі, што гішпанскі трон займалі былі на той час Габсбургі, а барацьба з "аўстрыйскім домам" была сталай і слушнай лініяй знешняе палітыкі Францыі. Бунт графа дэ Суасон адбыўся ў 1641 годзе. Варта пра гэта памятаць, калі мы хочам даць належную ацэнку (не апраўдаць, але правільна ацаніць) такія з'явы, як паводзіны Гераніма Радзяёўскага і польскіх магнатаў у 1655 годзе.

Нацыянальны герой Францыі Кандэ, над чыёй магілай прамаўляў Бассю, ад часу Фронды да пірэнейскага міру змагаўся супраць Францыі на баку караля Гішпаніі. Здраджваў Францыі дакладна ў той самы час, калі Багуслаў Радзівіл здраджваў Яну Казіміру. У Кандэ канфіскавалі маёнткі, але ніхто з французкае шляхты або арыстакратыі не паквапіўся на іх. Большасць высоканароджаных узялі бок здрадніка, насуперак прысуду законнага манарха.

Супастаўленні і параўнанні, якімі я тут займаюся, нехта можа палічыць прыцягнутымі за вушы. Дзе Рым, а дзе Крым? Што агульнага ў паводзінах шляхты двух надзвычай розных, геаграфічна аддаленых народаў? Скарыстаю ў сваю абарону вынікі даследаванняў Уладыслава Канапчыньскага, тым ахвотней, што рады буду падкрэсліць іхнюю вагу - хто ня чытаў працы гэтага гісторыка, той мала ведае пра наша XVІІ стагоддзе.

Гераніма Радзеёўскага польскі сойм прысудзіў да выгнання, але ня ўсе пагаджаліся прымаць адабраныя ў яго крулеўшчызны. Так зрабіў толькі ваевода ленчыцкі Ян Ляшчыньскі, і здраднік пазней папракаў яго: "Прыгадаю Пану, што ніводзін кавалер у Францыі ня ўчыніў бы такога: калі раздавалі былі маёнткі кандэушавы, ніхто іх браць не жадаў". У снежні 1655 года той самы Ян Ляшчыньскі суцяшаў сябе, што Польшча, дзе магнаты і большасць шляхты адышлі ад караля, не з'яўляецца ў Еўропе выключэннем, прыгадваючы, што ў апошнія чатыры гады гэткія ж рэчы здараліся ў Францыі, "дзе д'юк дю Турэн супраць свайго караля ваяваў; стараліся з ім памірыцца, а не маёнткі сканфіскаваць, так што зараз ён першы гетман; тое самае і з Кандэушам".

Нашыя вяльможы выдатна ведалі еўрапейскія прыклады, умелі спаслацца не абы на якія прэцэдэнты. У польскай публіцыстыцы нават яшчэ больш ранніх часоў лёгка знайсці выказванні прызнання пра Францыю - краіну, што ва ўсім (акрамя тэрыторыі) перавышае Рэч Паспалітую. Асаблівую пашану выклікалі старажытнасць дынастыі ды ейныя правы…

Калі мы чытаем пра чырвоную тканіну, князь Багуслаў здаецца нам нейкім вырадкам. Ніякі ён ня вырадак, а звычайны магнат XVІІ стагоддзя. Радзівіл ня горшы ад сваіх сучасннікаў – арыстакратаў Францыі, Нямеччыны або іншых краёў. А калі браць пад увагу ўзровень культуры, то смела можна казаць, нават лепшы.

Людовік XІІІ мусіў хаця б фармальна выканаць абяцанне, дадзенае паўстанцам з Мезіер. 23 лютага 1615 года ў Парыжы сабраліся Генеральныя Штаты. Прадстаўнікі народа доўга чакалі ля дзвярэй, пакуль дзве тысячы прыдворных зоймуць лепшыя месцы ў вялікай зале Пале-Бурбон, бо па словах сведкі, паўстаў такі шум, што ня было чуваць прамоўцаў.

Першым да трона наблізіўся біскуп Люкон, што меў выступ ад імя духавенства. Гэта быў Арман ду Плесі дэ Рышэлье, далёкі на той час ад будучае бязмежнае ўлады. Выканаўшы зграбны рэверанс, які сімвалізаваў укленчанне, ён прамовіў на ўласцівым сабе ўзроўні. Адразу за ім выступала сапраўдная нікчэмнасць, прадстаўнік шляхты барон дэ Сэнесе. Жэст манарха загадзя звольніў яго ад патрэбы нават сімуляваць згінанне каленяў. Затое прадстаўнік трэцяга саслоўя, Рабэр Мірон, мусіў стаяць так усе тры гадзіны. Цямнела, ў зале запалілі свечкі, у тлуме прыдворных нудзіліся, размаўлялі або пазяхалі, а стары чалавек стаяў укленчыўшы ды голасна чытаў скаргі мяшчанаў і простага люду. Назаўтра дэлегаты трэцяга саслоўя сустрэліся перад зачыненымі дзвярыма кляштару, дзе раней ладзілі былі нарады. Кароль забараніў ім усялякія сходы. Непаслухмяным пагражала пакаранне як за абразу каралеўскае годнасці.

Так прайшлі апошнія Генеральныя Штаты перад Вялікай Рэвалюцыяй. Скаргі, якія чытаў Рабэр Мірон, былі на дзіва падобныя да тых, з якімі праз сто семдзесят чатыры гады трэцяе саслоўе збіралася ў Парыжы, ня прадчуваючы яшчэ, што яму наканавана захапіць Бастылію і знішчыць стары рэжым.

Грамадскі лад Францыі якасна не адрозніваўся ад польскага. Там і тут непадзельна дамінавалі духавенства ды шляхта. Французкая падатковая сістэма ўвогуле была жудасная, ня проста несправядлівая, але ў найвышэйшай ступені амаральная. Нават сярод плебеяў адны не плацілі нічога, купіўшы прывілей, іншых падаткі проста заганялі ў галечу. Адны правінцыі мелі досыць прыстойныя ўмовы, іншыя плацілі падаткі звычайныя, надзвычайныя ды супернадзвычайныя. Падаткаабкладанню падлягалі толькі землі мяшчанаў і сялянства, шляхецкія былі вольныя - нават калі іх набыў чалавек просты. І наадварот - з набытай панам сялянскай зямлі падаткі трэ' было плаціць.

Багдан Бараноўскі піша ў нарысах звычаяў XVІІ і XVІІІ стагоддзяў: "У польскім войску гэтага перыяду вельмі сваеасабліва разумелі дысцыпліну. Вайсковыя ўлады глядзелі скрозь пальцы на бяспраўе і гвалт цывільнага насельніцтва." Жэрар Ўолтэр піша пра камандзераў рэгулярнага французкага войска: "Яны не асмельваліся перашкаджаць сваім падначаленым. Дзейнічала ціхае пагадненне: жаўнеры пагаджаліся слухацца афіцэраў падчас бою, пры ўмове свабоды дзеянняў да і пасля яго… Дастаткова было пагалоскі пра набліжэнне каралеўскага палка, каб у гарадох будавалі барыкады, узбройвалася гарадская міліцыя. Найчасцей толькі аргумент зброі мог схіліць жаўнераў абысці гарадскія брамы. Гэтак было нават тады, калі краінаю жалезнай рукою кіраваў кардынал Рышэл'е: вялікага палітыка ня надта клапаціла нядоля простых грамадзянаў.

Французкія правінцыі плацілі падаткі на карысць раскватараванага ў іх войска. Грошы, аднак, ішлі ў Парыж, а той звычайна прызначаў і выдаткоўваў іх на іншыя патрэбы. У выніку каралеўскае войска мусіла утрымліваць сябе згаданым вышэй, вельмі далёкім ад законапаслухмянасці, чынам.

Складаецца ўражанне, што прычынаў польскае анархіі і катастрофы не знайсці ў адным толькі грамадскім ладзе краіны. Гэты лад, паўтару яшчэ раз, якасна не адрозніваўся ад еўрапейскае нормы. Гэтак жа нельга вытлумачыць усё слабасцю нутраных сувязяў у дзяржаве. Зараз гавораць, што Польшча насамрэч была ня дзяржаваю, але згуртаваннем суседзяў. Перад вайною гаварылі, таксама слушна і падобна на папярэдняе, што Рэч Паспалітая Абедзьвюх Нацый была на справе рэччу паспалітай суверэнных фальваркаў (а дакладней - суверэнных магнацкіх доменаў).

Паслухайце: "Каралеўства, што складаецца з краёў каронных, элекцыйных, правінцыйнага падпарадкавання, мяшанага падпарадкавання, каралеўства, дзе правінцыі чужыя адна адной, дзе шматлікія нутраныя перашкоды дзеляць між сабою падданых аднаго манарха, дзе адныя рэгіёны вольныя ад цяжару, ускладзенага на іншыя, дзе найзаможнейшы клас плоціць падаткаў менш за ўсіх, дзе прывілеі нішчаць усякую раўнавагу, дзе немагчымыя агульныя падыходы або агульная думка, - гэткае каралеўства недасканалае, перапоўненае злоўжываннямі ды ўвогуле такое, што добра кіраваць ім немагчыма."

Гэта быў урывак з мемарыялу, пададзенага Людовіку XVІ міністрам Калонам у жніўні 1786 года. У нас тады справы ішлі да Вялікага Сойма ды бяскроўнае рэформы, немагчымае ў Францыі, бо тут яна сустракалася з надта вострым супрацівам прывілеяваных.

Я браў прыклады з гісторыі Францыі, каріны, якая ў XVІІ стагоддзі перажыла сапраўдны залаты век ды была лідэрам Еўропы. Мне хацелася як найлепей абгрунатваць тэзіс, што прыхільнікі анархіі былі паўсюль. З гэтае прычыны пошук крыніцаў нейкае анархіі або самадысцыпліны ў рысах нацыянальнага характару ёсць чыстым абсурдам.

Пытанні, што нас цікавяць, можна выкласці надзвычай проста. Чаму гісторыя Польшчы разышлася з гісторыяй Еўропы? Чаму чыннікі, што існавалі ў пэўную эпоху паўсюль на кантыненце, гэтак у нас разбуялі? Дзе згубіліся тармазы?

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія