|
Факты, што адбыліся
І ў нас можна напісаць цыкл пра пераломныя моманты ў жыцці дзяржавы і народа, толькі назву трэ' будзе ўзяць іншую, напрыклад: "Дні, што стварылі і знішчылі Польшчу". Прапаную сваю кандыдатуру для напісання тома пад назваю "Смерць апошняга Ягелона. 7 ліпеня 1572". Кніга, натуральна, увойдзе ў жалобную частку серыі, бо гэта аповяд пра фатальны дзень.
7 ліпеня 1572 года не было бітвы, разні, пажару. Ніякага пафасу, але дзеяліся нягодныя рэчы. Ніякіх злачынстваў, хіба некалькі брыдкіх рабункаў. Ня здарылася таксама нічога нечаканага: памёр цяжка хворы чалавек, чыёй смерці спаздяваліся і сустрэлі з пачуццём палёгі. "Добра, што гэта ўрэшце скончылася", - пісаў шляхціц да шляхціца. Публічна выказваліся больш асцярожна, але сэнс быў такі самы.
Нягледзячы на сумныя абставіны смерці караля ягоная сястра Ганна Ягелонка карысталася агульнай павагай. У ёй бычылі прадстаўніцу дынастыі, што дзвесце гадоў кіравала краінаю. Пазней шляхта пакікала на трон Жыгімонта ІІІ, па жаночай лініі Ягелона, а падчас двух наступных элекцыяў абірала ягоных сыноў. Цяжкія ўражанні 1572 году не закруцілі ў галовах ды хутка былі забытыя: краіна выразна імкнулася да стабільнасці.
Смерць Жыгімонта Аўгуста ня выклікала імгненнае катастрофы. Наадварот, у хуткім часе плошча краіны зноў наблізілася была да фантастычнае лічбы ў мільён квадратых кіламетраў! Ранейшыя ваенныя трыюмфы Тарноўскага, Астрожскага, Камянецкага былі толькі прадвесцем подзьвігаў, якімі вызначыліся Стэфан І, Хадкевіч, Жалкеўскі, Канецпольскі, Ян Казімір ды Ян ІІІ, ня кажучы ўжо пра такіх, як Хмялецкі ці Чарнецкі. На пераломе XVІ і XVІІ стагоддзяў польскі дукат быў наймацнейшаю грашоваю адзінкай Еўропы, ды й з мастацкага гледзішча ўяўляў сапраўдны шэдэўр. У краіне былі тры акадэміі (чацвёртая, у Львове, паўстала ўжо ў нешчаслівы час, што само па сабе пра нешта гаворыць). Глухія правінцыялы пачалі жыць заможна. Уплыў польскае культуры сягнуў на ўсход, як ніколі дагэтуль. На Ўкраіне праваслаўныя біскупы з мэтаю абароны веры ў змаганні з царкоўнай уніяй звярталіся да польскае мовы. Карысталіся моваю ляхаў! Разсаднікам гэтай культуры была тая самая казацкая старшызна, што супраць ляхаў бунтавала. Дарэчы, яна мела папярэдніка у асобе Радзівіла Сіроткі, які збіраў подпісы ліцвінаў пад заклікамі да скасавання Люблінскае уніі, ды напісаў па-польску цікавую кніжку пра падарожжа ў Святую Зямлю.
Доўгі час пасля смерці апошняга Ягелона наша дзяржава вырашала некаторыя ваенныя задачы неверагодна энергічна. Арганізм поўніўся сілаў, але цэнтральны орган ахапіў параліч, і ён страціў здольнасць планаваць і накідваць сваю волю. Ня быў больш тормазам, ня мог захоўваць далей хаця нейкую раўнавагу ў грамадстве.
Гэтым органам была, натуральна, дзяржаўная ўлада, галоўны ейны асяродак - каралеўскі двор. 7 ліпеня 1572 году стварыліся абставіны, якія прывабілі вірус. Ёсць, між іншым у прыродазнаўчых навуках тэорыя, што ў пэўных умовах арганізм сам утварае хваробатворчыя чыннікі. Ня варта тут высвятляць, ці яна слушная. Нават калі такога не бывае ў прыродзе, гэта выдатна стасуецца да гісторыі. Дынастыя Ягелонаў згасла ў такіх абставінах, што нішто не магло ўратаваць асяродак дзяржаўнае ўлады ад крызісу. Памёр кароль, памазанец Божы, адзіны носьбіт і выканаўца неад'емных і неабходных фунцый кіравання.
Ён памёр, пакінуўшы пасля сябе палітычны вакуум: ня прызначыў ані наступніка, ані часовага выканаўцы абавязкаў, ані механізму іхняга прызначэння, пакінуўшы ўсё на волю лёсу. Незвычайна далікатныя і цяжкія справы, над гарманізацыяй якіх працуюць пакаленнямі і стагоддзямі, мусілі вырашацца адначасова і хутка. Каму ж кароль пакінуў такую спадчыну? Шляхецкай супольнасці, якая ня ведала такіх прэцэдэнтаў, бо ніхто ў цэлым свеце паспешліва такіх спраў не разблытваў. Уладальнікам гербаў, пасвараным між сабою, і ў дадатак такім чынам, што тыя, хто меў добрую палітычную праграму (хаця й згуртаваныя ды асвечаныя), апынуліся ў час безкаралеўя ў палітычна слабейшай партыі. Духоўная і свецкая магнатэрыя пераважала над імі маёнткамі, уплывамі, ваеннай сілай, а што тычыцца біскупаў, - то й арганізацыйна. Правадырамі сярэдняе ды дробнае шляхты, якая жадала рэформаў, былі дэпутаты соойму. Але ж Вінцэнт Закшэўскі ўжо быў выклаў сто год раней, што калі кароль памёр, дык і сойму няма. Сойм - гэта кароль, сенат і палата дэпутатаў разам. Манарха няма, а гэта ж ён склікае cecіі. Без ягонае згоды ніводная пастанова не магла стаць законам. Манарха няма, і з'яўляецца сумненне, ці канвакацыйны ды элекцыйны з'езды з'яўляюцца на самай справе соймамі, ці могуць яны прымаць пастановы. Пуста, ніякіх падказак.
У залатым веку Жыгімонтаў надзённымі праблемамі нутраное палітыкі былі экзекуцыя маёнткаў, то бо' адабранне ў магнатаў бяспраўна прыўлашчанай імі дзяржаўнае маёмасці ды рэалізацыя ўніі з Літвою. І пра адно, і пра другое каронны сойм гаварыў дзесяцігоддзямі. І адно, і другое было выканана ў шэсць год, калі кароль нарэшце ўзяў бок дэпутатаў. Жыгімонт Аўгуст пачаў вайну за Інфлянты не спытаўшы думкі ані сенату, ані палаты, і не парушыў гэтым закон. Паўнамоцтвы польскага манарха гэта дазвалялі, былі яшчэ шырокія і цалкам сапраўдныя. У сярэдзіне XVІ стагоддзя дзяржава даспела да змены пануючай канфесіі, то бо' да прыняцця нейкае формы рэфармацыі. Сойм ухваліў быў прынцыпы, што вялі - у выпадку іхняга ажыццяўлення - да стварэння сваеасаблівае нацыянальнае царквы. Біскупы болей дбалі пра захаванне сваіх прывілеяў, чымсьці пра лаяльнасць да Рыму. Не хапіла аднаго - рашэння караля. Жыгімонт Аўгуст ня збіраўся пакідаць каталіцтва, і ягоная воля стала вызначальнай.
Трэ' было пра гэта сказаць, каб нагадаць, кім быў у Польшчы "залатога веку" кароль ды якую ўладу апошні Ягелон пакінуў самапас наэлекцыйным полі, пра якое невядома было, дзе мусіць быць і чым ды кім кіравацца. Соймы, а дакладней дэпутацкія палаты, пачалі распрацоўваць праекты элекцыі яшчэ калі Жыгімонт Аўгуст меў трыццыць чатыры гады, за чатырнадцаць зім да ягонае смерці, але іх не пачулі. Самастойна, без сенату і караля, яны нічога вырашыць не маглі.
Мы вельмі любім спрашчаць, і гаворачы пра гісторыю іншы раз карыстаемся спрашчэннямі, якія з часам набываюць рысы абстрактнага панятку. Мы гаворым, напрыклад, што ў 1572 годзе Польшча мусіла распрацаваць спосаб выбірання ўлады. Слова "Польшча" ў гэтым выпадку будзе нават не абстракцыяй, але фікцыяй, нельга заступіць і яго назоўнікамі "шляхта" або "феадалы".
Тагачасная Рэч Паспалітая - гэта два асноўныя палітычныя суб'екты і адзін менш важкі: Карона, Вялікае Княства і Прусы каралеўскія. Кароная шляхта жадае гаварыць ад імя ўсіх "палякаў", Літва і прускія правінцыі адразу ж пратэстуюць. Першыя крытыкуюць прынятую ў Кароне пастанову, паводле якое - гаворыцца афіцыйна - "пакінуты і занядбаны народ наш ды ўсё Вялікае Княства Літоўскае". Другія рашуча нагадваюць пра аўтаномісцкія прывілеі "рады зямель прускіх". Спрэчаліся ня толькі па фармулёўках: у істотных пытаннях кожная правінцыя мела сваю адрозную думку. Толькі Карона жадала хутка вырашыць праблему іnterregnum, бо не магла абысціся без манарха. Ейнаму разгалінаванаму складанаму механізму быў вельмі неабходны злучнік. У Літве ж і ў Прусах магнаты захапілі усю ўладу. У Вялікім Княстве ўтварыўся нават урад de facto. Ён складаўся, як сведчыць сучаснік, Святаслаў Ажэльскі, з двух Радзівілаў і аднаго Хадкевіча. Шляхту літоўскія ды прускія вяльможы застрашылі. Жыхары Кароны мусілі адмовіцца ад сваіх намераў. Іхняю зброяю стала нястрымная дэмагогія.
Найпрасцейшыя арыфметычныя дзеянні вельмі дапамагаюць разумець гісторыю, асабліва складанне і адніманне. Крызіс дзяржаўнага ладу распачаўся ў ліпені 1572 году. Люблінская Унія, якая вызначыла будову Рэчы Паспалітае, мела на той час тры гады. Падпісаная ў ліпені (зноў ліпень!) 1569 года, унія ня страціла 'шчэ нат' малочных зубоў. Лёгка сёння выстаўляць адзнакі з перспектывы стагоддзяў, нашмат цяжэй зразумець становішча тых людзей, што не паспелі яшчэ прыладзіцца да аднае велізарнае перамены, калі здарылася іншая. Гісторыя ставіла пакаленню незвычайныя задачы, стварючы практычна непераадольныя перашкоды.
Вось прыклад, дакладней пачатак, цяжкасцяў у момант іхняга фармавання. У Рэчы Паспалітай існавала тады рэлігійная талеранцыя да ўсіх канфесій. 10 кастрычніка 1574 году (пасля ўцёкаў Генрыха Валуа, то бо' ў час крызісу, што распачаўся смерцю Жыгімонта Аўгуста) кракаўскія студэнты і месцічы разбурылі пратэстанцкі збор у Кракаве, забілі двух чалавек, скралі каштоўнасці. У Польшчы гэта быў першы такі выпадак. Адміністрацыя і судовыя ўлады адрэагавалі вельмі жорстка. У следстве ўжываліся катаванні, было пяць смяротных прысудаў. Краіна бараніла свае законы - сродкамі сваёй эпохі. 5 снежня гэтага ж году кардынал Станіслаў Нозій, сапраўдны правадыр польскіх біскупаў, пачаў дасылаць з Рыму лісты Генрыху, які быў на той час у Парыжы, вяльможам Кароны ды іншым. У лістах ён пратэставаў супраць любога пакарання і дамагаўся ўзнагароды: "Тое, што не асмеліліся зрабіць кароль ані біскуп, зрабілі студэнты Кракаўскае Акадэміі, вартыя векавечнае памяці, чыю славу ўся Царква будзе славіць".
Партыя рэформ імкнулася аднавіць дзяржаўны механізм, а ўжо распачыналася атака на папярэднія здабыткі. Жыгімонта Аўгуста з цяжкасцю змусілі даць згоду на частковую экзекуцыю маёнткаў. Цяпер Генрых Валуа падчас свайго кароткага знаходжання ў Польшчы паспеў раздаць магнатам шэраг дзяржаўных уладанняў. У гэтых умовах шляхта здолела рэфармаваць судовую справу. Ейнае пачуццё дзяржаўнасці вартае хутчэй павагі, а не асуджэння. Урэшце рэшт, Стэфан Баторы быў выбраннікам шляхты, і абвясціў яго каралём нават ня прымас, а Мікалай Сяніцкі, пратэстант, пазней арыянін, стары лідар вальных соймаў каронных у час Жыгімонта Аўгуста.
Баторый перамог толькі ў другім туры. У першым ён разам з Янам ІІІ шведскім быў сярод другарадных кандыдатаў. Увагу большасці тады прыцягвалі трое, нават чацвёра, не абы якіх людзей. Эрнест Габсбург, брат караля Францыі Генрых дэ Валуа і Іван ІV Жахлівы ды ягоны сын Фёдар. Немца падтрымлівала перш за ўсё магнатэрыя. Літоўскія паны ішлі за ім шчыльнымі радамі. Польская шляхта не жадала яго "аж да жыватоў нашых". Ад думкі пра ягонае абранне жахаліся гаспадары з Русі, якую ад турэцкае імперыі аддзялялі толькі Карпаты (нагадаю, што кракаўскі Барбакан з'явіўся "дзякуючы" страху перад войскам падышаха, якое пасля няўдалае выправы Яна Ольбрахта дайшло было да Санока). Габсбург на польскім троне мог распачаць вайну з султанам. Эрнесту ані ў якім выпадку нельга было пакінуць тую свабоду знешнепалітычных дзеянняў, якую меў Жыгімонт Аўгуст. Апроч таго, было вядома, што ў краінах, дзе кіруюць Габсбургі, добра жывецца арыстакратыі, але ня звыклай шляхце, што краіны тыя няўхільна дэградуюць, трацяць індывідуальнасць, што валадаранне нямецкае дынастыі шырока адчыніць дзьверы ўсяму нямецкаму.
Івана або Фёдара хацела бачыць каралём перадусім шляхта чыста польскіх земляў: менш Малапольшча, болей Вялікапольшча і Мазовія. Кандыдатура Жахлівага была папулярная, ды з часам набывала болей сілы. Дынастычнага збліжэння з Масвою ўпарта дамагаўся Ян Замойскі. Пасля ўцёкаў Генрыха Валуа ўжо й літоўскае рыцарства пачало прыхільней глядзець на ўсход. Затое магнаты Вялікага Княства чуць не жадалі пра Івана, бо занадта добра ведалі, як цар абыходзіцца са сваімі вяльможамі. Для яе не былі сенсацыяй гісторыі, прывезеныя польскімі пасламі з Масквы, калі ў 1570 годзе заключылі там мір. Падчас урачыстага сходу Іван загадаў аднаму са сваіх князёў стаць на карачкі, "агаліць зад" ды ў гэткім выглядзе і позе абскакаць вакол усіх сабраных. Князь, мусіць, рады быў, што ўсё скончылася прыніжэннем, а ня калом, або разагрэтым пожагам. Пра ўсё гэта ў Літве добра ведалі. Таму тамтэйшыя вяльможы, што яшчэ пры жыцці Жыгімонта Аўгуста патаемна дамовіліся з нунцыем, што запросяць на трон Габсбурга, не азіраючыся за Буг, (Іван не пачуў бы сябе пакрыўджаным, бо немец па зразумелых прычынах схільны быў бы да тэрытарыяльных саступак на ўсходзе.) са страхам і гневам глядзелі на стасункі Крамля з жыхарамі Кароны. Калі царскі пасланнік ехаў у Польшчу, вялікі маршалак літоўскі раіў віленскаму ваяводзе атруціць яго ды абвясціць, што пасланнік перапіўся да смерці, бо маскоўскі дыпламат пагарджаў кілішкам, але ня квартаю.
Іван Жахлівы - ад імя свайго і сынава - выклаў умовы, немагчымыя нават для абмерквання, асабіста знішчыўшы ўсе перспектывы на, як мінімум, доўгачасовы мір. Нічога іншага ён ня мог зрабіць. Цар умеў толькі дыктаваць сваю волю ды ламаць супраціў сілаю. Гэтага мала, каб дасягнуць паразумення з тым, хто сам мае маральную або фізічную моц. Польшча на той час мела і тое, і другое, у чым Іван у хуткім часе - пры Стэфане І - змог пераканацца.
Варта задумацца над даверам, які каронная шляхта мела да сваёй культуры, бо рыхтавалася паўтарэнне таго, што ўжо раз прайшло ўдала з… Ягайлам. Агітацыйны вершык, які разам з мноствам іншых агітак хадзіў тады па краіне, казаў выразна: "Быў бы Фёдар як Ягайла, добра бы нам была…" Трывала вера, што атмасфера свабоды і закону зменіць новага валадара так, як калісьці змяніла суровы род Альгердавічаў.
Цяжка аднак сабе ўявіць, што Івана запрасілі б на Вавель ня паставіўшы яму ніякіх умоваў, гаворачы: "Не саромся, калі ласка, сякі галовы, здзірай скуру". Асоба Жахлівага схіляла да тых жа высноваў, што й кандыдатура Габсбурга: трэ' было забяспечыць захаванне існуючых законаў, засцерагчы краіну перад самавольствам электа. У тагачаснай публіцыстыцы пра гэта гаварылася бяз лішніх цырымоній.
Да ідэнтычных высноваў вяла кандыдатура француза. Жыгімонт Аўгуст памёр 7 ліпеня. 28 жніўня ў Парыжы здарылася ноч св. Баўтарамея. На трон Польшчы, краіны з гарантаванай законам верацярпімасцю, клікалі чалавека, які з ног да галавы быў у крыві францускіх пратэстантаў. "Sі non іurabіs, non regnabіs!" ( "Не падпішаш, не запануеш.") Генрык чуў гэтыя словы двойчы. 10 верасня 1573 года у Нотр-Дам, калі яго рашуча прыціснулі польскія свецкія паслы, асабліва ж - Ян Збароўскі, і 21 лютага 1574 году на Вавелі, калі маршалак Ян Фірлей паклаў далонь на карону. Гэта значыла, што ён ня дасць яе крануць, пакуль кандыдат на караля не прысягне шанаваць свабоду ўсіх канфесій. Створаная год раней варшаўская канфедэрацыя пастанавіла: "з прычынаў рознае веры ды рознасці ў касцёлах крыві не праліваць", не караць нікога канфіскацыямі маёнткаў, вязніцаю, анафемай, выгнаннем "і ніякай уладзе ці ўраду ў такіх справах ніякім чынам не дапамагаць".
Генрых стаў каралём, і уся ягоная справа вучыць, што можа значыць у гісторыі пагарджанае часам слова "асоба". Генрых ведаў пра Польшчу столькі ж колькі яна пра яго. Францускі пасол, біскуп Валенсіі Ян дэ Мантлюк, нагаварыў шляхце падчас элекцыі неверагодных рэчаў. Ён абяцаў залатыя горы, выставіў гомасэксуаліста ўзорам цноты, вінаватага ў разні гугенотаў - астояй талерантнасці. І яму паверылі, што дрэнна сведчыць пра Палякаў. Той жа Мантлюк гэтак жа ашукаў Генрыха. Ён запэўніваў, што няма на свеце больш здольнага народа, чым польскі. Пражыўшы некалькі месяцаў у чужой краіне паляк выдатна авалодвае іншаземнаю мовай! Што ж тычыцца вытрымкі… няма і не было пад сонцам мужоў роўных ляхіцкаму рыцарству.
Тыповыя паводзіны дыпламата, які прагне асабістага поспеху і per fas et nefas выконвае даручаную яму справу. Калі б нехта загадзя сур'ёзна цікавіўся асобаю Генрыха, мо' ня было б нечаканасці з ягонымі ўцёкамі ў хуткім часе пасля выбараў. Мала было сэнсу ў пакліканні на польскі сталец адзінага спадкаемцы нямоглага караля Францыі Людовіка ІX, сухотніка і садыста. Хуткае вызваленне парыскага трону можна было лёгка прадбачыць - калі загадзя выведваць, правяраць, вывучаць. Найважнейшыя справы даводзілася Рэчы Паспалітае рабіць паспешліва. Да таго ж усё гэта мела характар падарожжа ў невядомае, не было ніякага досведу. Элекцыі Ягелонаў адбываліся фармальна: сын браў скіпетр пасля бацькі, малодшы братпасля старэйшага.
Тэма, зразумела, намі ня вычарпаная: я назваў толькі некаторыя з лавіны здарэнняў, што зваліліся на Рэч Паспалітую ў 1572 годзе. Я не закранаў, напрыклад, праблему парадку ў краіне. Адсутнасць караля ўплывала на яго, зразумела, адмоўным чынам. Каго слухацца? Хто павінен быць заступнікам караля, інтэррэксам: прымас Уханьскі або вялікі маршалак каронны Ян Фірлей, пратэстант? Я ня ўзгадваў пра выкананне прысудаў: тысячы спраў марнаваліся, бо два апошнія Ягелоны з дзіўнаю бесклапотнасць занядбоўвалі судовую справу. А замежная палітыка, пагроза войнаў? На думку сучаснікаў, "новая сітуацыя напужала Польшчу". Шляхта з уласнае волі сядала на коней, перакананая, што цяпер на ўсіх межах пачнуцца клапаты. Кандыдатуру Івана Жахлівага высунулі, між іншым, дзеля таго, каб схіліць яго да выканання мірнага пагаднення.
Гісторыя - цяжкая галіна ведаў: нічога не зразумець бяз ведання канкрэтыкі. Трэба памятаць пра тысячы з'яваў і падзеяў, бо толькі іх супольным дзеяннем ды ўзаемаўздзеяннем тлумачыцца канчатковы вынік. Паколькі веданне ўсіх чыннікаў немагчымае, дакладнасць гістарычных ведаў заўсёды адносная, у кожным выпадку далёкая ад паўнаты і дакладнасці.
Захапленне спрашчэннямі штурхае да пошукаў формулы, якая тлумачыла б усё. Часам гэта завецца вызначэннем законаў гісторыі або грамадскага развіцця, а на справе мае выгляд паспешлівых катэгарычных ацэнак, заляцанняў з сацыялогіяй або такога прымітыўнага смяхоцця, як тлумачэнне ўсяго спасылкамі на рысы нацыянальнага характару. Зрэдку сустракаецца тое, што вельмі нагадвае магію: вучоны гісторык сцвярджае, напрыклад, што ў канкрэтную эпоху сусветнае (або еўрапейскае) гісторыі мела месца пэўная тэндэнцыя, і яго больш не хвалюе, хто, калі і як зрабіў, што ў гэтай краіне рэалізавалася менавіта такая тэндэнцыя, а не супрацьлеглая, - што таксама магло б здарыцца. (Сказаць, што супрацоўніцтва Ягайлы, Вітаўта і Скіргайлы прывяло да сапраўднага аб'яднання Літвы - ганебны персаналізм. Замоўчваць мэтанакіраваную дзейнасць гэтых палітыкаў спасылкамі на "тэндэнцыю" - слушны спосаб дзеяння.)
У XV і XVІ стагоддзях у Польшчы несумненна існавала і нават перамагала тэндэнцыя да галасавання ў сойме большасцю. Не ўхвалілі толькі адпаведнага закону. Вынікі нам вядомыя. Тэндэнцыя сама не перамагае, людзі павінны ёй дапамагчы - або перашкодзіць.
Лёсы людскіх супольнасцяў залежаць ад фактаў, створаных людзьмі. (Мы жывем, няма сумневу, на Зямлі. Але ад часу апошняга ледавіка у прыродзе ня здарылася нічога такога, што б вызначыла хаду гісторыі.) Пра паварот кола гісторыі назад можна гаварыць, але ніхто яшчэ гэтага не зрабіў. Створаныя факты ня можа змяніць ніякая сіла - малавядомы ў свеце, хоць і трагічны, лёс Польшчы дае дзеля ілюстрацыі шмат дадзеных. Масавыя з'явы, дзеянні безіменных масаў - рэчы, вартыя павагі, але мы выдатна ведаем, што рашэнні вузкіх колаў, нават адзінак, маючых уладу, могуць зглуміць усё, што створана агульнымі намаганямі. На думку прафесіяналаў прырода паводзіць сябе так, быццам дбае толькі пра захаванне як мага большае колькасці відаў, нядоля адзінак яе не хвалюе. Калі гэта так, то гісторыя стокроць больш жорсткая за прыроду. Яна марнуе створанае ўсім грамадствам і губіць гэтае грамадства. Той, хто жадае глядзець толькі на дасягненні, што нейкім чынам замацаваліся, мае перад вачыма выгляд логікі і сэнсу. Але законы гісторыі пачынаюць выглядаць сумніўна, калі зірнуць з боку руінаў, таго, што прапала, знікла з бясспрэчнаю шкодаю для ўсіх. Мець такое гледзішча, што праўда, цяжка, бо рэшткі заносіць пяском, і мы нічога пра іх ня ведаем. Але польскаму пісьменніку, закаханаму ў Рэч Паспалітую Абедзьвюх Нацый, такі падыход да твару.
Трэба адважыцца і зрабіць рызыкоўную справу - распавесці пра дзіўныя капрызы лёсу, пра ірацыянальны чыннік шанцавання ў гісторыі.
У лютым 1517 году ў Балон'і Францішак І заключыў з папам канкардат. Абодва бакі атрымалі нешта карыснае. Кароль Францыі фактычна набыў права распараджацца царкоўнымі пасадамі і маёнткамі ў сваёй краіне, бо ён вылучаў кандыдтатаў на біскупскія ды іншыя пасады, а папа зацвярджаў іх фармальна, ex post. За кожнае прызначэнне належала манарху аддзячыць: французкая скарбніца займела невычарпальную крыніцу прыбыткаў. 31 кастычніка таго ж 1517 году Лютар агаласіў у Нюрэнбергу свае тэзісы пра індульгенцыі, пачалася рэфармацыя. Лёс загадзя даў Францыі ўказальнік: у сябе каралі трымаліся каталіцызму, ў знешняй палітыцы супрацоўнічалі з пратэстантамі. Падчас падпісання канкардату ў Балон'і ніхто ня мог прадбачыць, якую ролю ў хуткім часе будуць мець ягоныя клаўзулы.
Станіслаў Мацкевіч прыгожа параўнаў гісторыю з ракою, што мусіць цячы ў абраным накірунку. Падзеі, на ягоную думку, часам маюць выдатнае значэнне, але ня здольныя змяніць рэчышча. Параўнанне здаецца мне няўдалым, бо рака гісторыі нікуды не цячэ. Менавіта падзеі дзяўбуць ёй рэчышча - часам змяняючы кірунак плыні на супрацьлеглы.
Большасць нашых сённяшніх гісторыкаў хоча вывучаць з'явы, што паўтараюцца, каб на гэтым фундаманце будаваць навуковыя абагульненні. Гэта можа прывесці да разумення заканамернасцяў развіцця, растлумачыць сучаснасць праз мінулае.
Я не ствару перашкодаў гэткім намерам, прызнаўшыся, што мяне найбольш цікавяць непаўторныя з'явы, што мяне здзіўляе няўвага да такіх з'яў сёння, калі ўвесь свет дрыжыць перад непаразуменнем або выпадковасцю, што можа справакаваць ядзерную атаку ды знішчыць цывілізацыю. Я ня веру, што змагу калі-небудзь растлумачыць сучаснасць праз мінулае, але ведаю, што ніхто ня можа аспрэчыць маё права глядзець на гісторыю вачыма чалавека XX стагоддзя.
Сумняваюся таксама, ці змогуць нейкія заканамернасці растлумачыць прычыны ўпадку Польшчы. Абсалютна ўнікальная з'ява, ніякіх аналагаў у гісторыі. Ніколі дзяржава з такім патэнцыялам і магчымасцямі не банкрутавала падобным чынам. Не абмяжоўваючыся гісторыяй Польшчы, зірнем на мінулае ўсяго славянства. У першай палове XІІІ стагоддзя набегі татараў радыкальна змянілі ягоны кшталт. Амаль уся ранейшая структура усходняе славяншчыны і ўся ейная раўнавага перасталі існаваць. Тое, што пазней сфармавалася было нанова, было зусім адрозным ад старога, зусім нядрэннага ладу.
Толькі ня трэба спасылацца на англа-саксонскую гістарыяграфію, або нейкую іншую, што здавён займаецца болей гісторыяй эканомікі, а не дзяржавы. Усе мы дыхаем паветрам, але цікавімся ім, толькі калі яго не хапае. Наш досьвед, можна сцвярджаць смела, таксама мае сваю вагу. Дзякуючы яму мы ня дзівімся характэрнай эвалюцыі поглядаў амерыканца Ч.А.Бэрда, піянера "новае гісторыі". Пасля дзвюх сусветных войнаў у поглядах гісторыка адбыліся змены: "Эканамічныя сілы ня страцілі свае вагі, але ўзрасла роля палітычных і вайсковых чыннікаў, роля лідараў і генералаў." XX стагоддзе пераконвае нават тых, хто раней слаба адчуў гэта на ўласнай скуры.
Я сцвярджаю, што заўсёды, нават у XІX стагоддзі, тыя, хто меў уладу, адыгрывалі значную ролю, ствараючы факты, якія вызначалі лёсы пакаленняў. Ад часу, калі Бісмарк абвясціў у Вэрсалі пра стварэнне імперыі, немагчыма было вярнуцца да часоў, калі прадстаўніком змагароў за аб'яднанне Нямеччыны лічыўся ліберальны парламент у Франкфурце над Майнам. Уся Еўропа мусіла з гэтым лічыцца і дапасоўваць да такога стану спраў свае дзеянні. Я разумею, што гэтыя разважанні падобныя да пакутлівага пацвярджэння таго, што 2*2=4, але шматлікія дыскусіі пераканалі мяне ў неабходнасці гэтакіх разважанняў.
Ліпень 1572 году распачаў двухгадовы перыяд, з якога выйшаў створаны факт вялізарнае вагі для Рэчы Паспалітае - і ня толькі для яе. Краіна захавала ранейшы гаспадарчы і грамадскі лад, але выйшла з хаосу з новай, вельмі дрэннай канстытуцыяй. Генрых І і Стэфан І насілі тую самую карону, што й Жыгімонт Аўгуст, сядзелі на тым жа троне, але ня мелі нават паловы ўлады, якую меў ён. Калі б яны або іхнія наступнікі насмеліліся парушыць законы, што абмяжоўвалі каралеўскую ўладу, падданыя маглі зусім адмовіць паслушэнства - легальна, ня парушаючы прысягі.
Дыскусія ў "Пшэглёндзе культуральным", пра якую я ўжо згадваў, выявіла дзіўную рэч. Распачынаючы яе я зрабіў моцны націск на праблему канстытуцыі, генрыхавых артыкулаў. Гэта нікога не зацікавіла. Удзельнікі пісалі пра ідэалогію, сацыялогію, структуру дзяржавы, эканоміку ды іншыя справы. Прававы аспект быў адсунуты нат' ня ў цень, а ў небыццё. Пра існаванне права нібыта забыліся. Нельга ўсё ж ставіцца да канстытуцыі, што мае абавязковую моц, як да таго, што нібы ёсць, але насамрэч не існуе. Нельга лічыць, што ня мае значэння, якія законы напісаны ды зацверджаны, што важныя толькі людзі, якія іх выконваюць. Так нельга, бо закон (і беззаконне) выхоўвае людзей.
Уладны асяродак, абсалютна неабходны для нармальнага развіцця грамадства, быў у нас пашкоджаны і саслаб агэтулькі, што амаль перастаў існаваць як рэальная сіла. З гэтае прычыны наша гісторыя разышлася з гісторыяй Еўропы. Паўсюль хапала чыннікаў анархіі. У нас не знайшлося для іх перашкоды, дзеля чаго ад паловы XVІІІ стагоддзя, калі ваенны патоп спустошыў ды варварызаваў краіну, яны жахліва разбуялі. Як завецца ў нас момант выйсця з доўгага крызісу? Канстытуцыя трэцяга траўня. Асяродак улады вяртаўся да жыцця дзякуючы новаму заканадаўству. Вядома, гэтаму папярэднічаў "пераварот у розумах XVІІІ стагоддзя" ды доўгі перыяд аднаўленчае працы. Але добрыя тэндэнцыі мусілі знайсці кульмінацыю ў добрым асноўным законе. Гэта было неабходнай ўмовай разбурэння старога струхлелага парадку, адчыняла шлях далейшым рэформам. Тыя, хто раней – нашмат раней! - разумелі шкоднасць генрыхавых артыкулаў, заўсёды заклікалі да "карэктуры права". Гэты заклік чуўся ўжо ў XVІІ стагоддзі. Здаецца, палякі ў тыя часы ставіліся да законаў нашмат сур'ёзней, чым мае сучаснікі. Працытую словы Пятра Скаргі: "Дрэнны закон горшы за дрэннага тырана, моц якога са смерццю заўсёды спыняецца, а дрэнны закон вечна тыраніць людзей, бязлітасна сціскаючы кожнага."
Аляксандар Бахеньскі выдаў цікавую кніжку "Нянавісць і каханне Ларошфуко". Аўтар, добра вядомы суровымі ацэнкамі нашае гісторыі, палымяны выкрывальнік уласцівай палякам палітычнае дурноты ды іхняе прыхільнасці да анархіі, гэтак характарызуе Францыю ў пачатку XVІІ стагоддзя: "Моц феадалаў, здавалася, ахоплівала ўсю краіну. Яны сядзелі ў гарадах, дзе былі губернатарамі, або ў замках, якія вельмі цяжка здабыць. Калі кароль ішоў на вайну, шляхта тлумна і весела збягалася да яго, каб узяць разам з ім удзел у бітвах ды спаборнічаць між сабою ў гераізме. Але шляхта лічыла Францыю федэрацыяй незалежных княстваў, кожнае з якіх мае права хаўрусаваць з іншымі дзяржавамі і адмаўляць паслушэнства манарху. Пакуль магнацкае саслоўе ня зразумела (яно ніколі гэтага ня зразумела - П.Я.), што мае абавязкі перад каронаю, перад цэнтральным урадам, і перш за ўсё - абавязак дысцыпліны і вернасці, - датуль ані пра якую знешнюю або нутраную палітыку дзяржавы не магло быць мовы." Зноў выяўляецца, што Польшча ня была манапалістам: пра гэта кажа галоўны абвінаваўца!
У пэўныя перыяды манаршая ўлада ў Францыі неверагодна слабла, але там ніколі ня ўхвалілі закону, што рабіў бы незаконнымі высілкі караля выправіць справы. У Польшчы пасля адхілення генрыхавых артыкулаў законна дзейнічаў той, хто працівіўся працягу сэймавае сэсіі даўжэй за шасцітыднёвы тэрмін. Каралю заставаліся шляхі або незаконныя, або неверагодна цяжкія, бо як пераканаць прывілеяваных, каб яны з ласкі сваёй адмовіліся ад часткі сваіх прывілеяў? На гэткі цуд Польшча мусіла чакаць аж да Вялікага сойму і Канстытуцыі 3 траўня, што ўяўляе сабою фенамен глыбокае рэформы, ажыццёўленае разумнейшаю часткаю прывілеяваных бяз крыві і гвалту, але... шляхам дзяржаўнага перавароту.
І ў нашай гісторыі лёгка знайсці прыклады таго, якую вагу мае канстытуцыйны закон у прававой дзяржаве.(Толькі пра такія зараз гаворым, не кранаючы тыранію, дзе воля тырана - ўсё, а закон калі й пісаны, то для прыліку.)
У 1875 годзе прыхільнікі рэспублікі у парламенце Францыі пераважылі большасцю ў адзін голас. І нягледзячы на гэткі сціплы пачатак Le République існуе пасёння. Можна, зразумела, тлумачыць, што рэспубліка перемагла б пазней, нават калі б вынік таго галасавання быў іншы. Тлумачыць можна, але калі б яна перамагла пазней, то змянілася б гісторыя ўсёй Еўропы. Бісмарк не сядзеў бы склаўшы рукі, а цар Аляксандр ІІІ не пайшоў бы лёгка на хаўрус з краінаю, што зноў скінула караля.
Не разумею, як можна разважаць пра гісторыю Польшчы, не звяртаючы ўвагі на тое, што генрыхавы артыкулы, легітымная канстытуцыя, зрабілі з польскага манарха ляльку. Галеча нас знішчыла? Няспеласць гаспадаркі? Густаў Адальф фінансаваў удзел Швецыі ў трыццацігадовай вайне польскімі грашыма. Выціскаў мыта з нашага марскога гандлю. Урад Рэчы Паспалітае меў дзе браць грошы, але ня меў магчымасці дзейнічаць.
Генрыхавы артыкулы былі складзеныя падчас першае вольнае элекцыі, зацверджаныя падчас другое, пасля уцёкаў Валуа, калі хаос стаў асабліва небяспечны і трэ' было любымі сродкамі ўсталяваць нейкі парадак. Па думцы большасці стваральнікаў артыкулы былі ўступам да рэформы. Яны мусілі абараніць краіну перад злоўжываннямі іншаземца на троне ды схіліць яго да супрацоўніцтва з соймам. Далейшаму развіццю рэформаў перашкодзіў іхні смяротны вораг - магнатэрыя, для якой артыкулы сталіся надзейнаю зброяй.
Шляхта не дала рады квадратуры кола: дрэнна развязала праблему канстытуцыі. Але гэта не народ згубіў сваю дзяржаўную ўладу – яна сама сябе змарнавала, ўпарта дзеючы супраць большасці грамадства.
|