БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Польская анархія, Павал Ясеніца

Вялікія і малыя



Я прысвяціў шмат увагі дзяржаўнаму крызісу, выкліканаму падвойным на працягу трох год безкаралеўем. Цяпер, услед за Артурам Сьлівіньскім, прапаную вымоўнае сведчанне Андрэя Любянецкага пра настроі, што панавалі ў Польшчы крыху раней: "Колькі год перад сконам караля, дзе толькі з'ехаліся некалькі асобаў духоўных або свецкіх, ці то сенатараў, ці простае шляхты, ці нават купцоў - ніколі ня было такога, каб абмінулі ў размове блізкі іnterregnum - са страхам вялікім і непакоем."

Момант змены варты пры ўладзе - заўсёды крызіс. Але катаклізм такога масштабу ня быў Польшчы наканаваны. Грамадства ведала, што дынастыя згасае і старалася сваечасова забяспечыць сваю будучыню. Каб пазбегнуць крызісу, трэ' было дамовіцца з пасольскай палатай сойму, што прадстаўляла большасць шляхты, і была нешматлікаю, бо складалася з нейкіх васьмідзесяці чалавек, пераважна дасведчаных палітыкаў, якія добра ўсведамлялі свае мэты, у пераважнай большасці - пратэстантаў, г. зн. людзей, схільных да рацыянальнага, неідэалагічнага светапогляду, уважлівых да пытанняў самастойнасці краіны.

Мушу спаслацца на высновы Вінцэнта Закшэўскага, сумленнага і безстаронняга даследчыка. Ён так піша пра час прыходу да ўлады апошняга Ягелона: "Выглядала, што Жыгімонт Аўгуст стане тым каралём, які падхопіць ідэю рэформы ды, падтрыманы ўсім народам, годна яе рэалізуе, усталюе нутраны лад і парадак, магутную збудуе дзяржаву, ды, стварыўшы для сябе й наступнікаў моцны пасад і ўладу, несмяротнаю імя сваё пакрые славай."

Знакаміты гісторык ня зусім дакладна выказаўся пра "ўвесь народ": іх было ў Рэчы Паспалітай тры - літоўскі, польскі ды рускі (па алфавіту, каб нікога не пакрыўдзіць). Магнатэрыя кожнае з нацый нат' чуць не жадала пра рэформу, ад якое магла толькі страціць. Рашучай прыхільніцай мадэрнізацыі была каронная, або польская, шляхта, якая знаходзілася пад уплывам дзьвюх вялікіх ідэяў эпохі - рэнесансу і рэфармацыі. Заходнія ўплывы выдатна паспрыялі росту таго, што здаўна праклёўвалася на надвіслянскай глебе: XV стагоддзе спарадзіла разумны і смелы трактат Яна Астрарога, XVІ - выдатны твор Андрэя Фрыча Маджэўскага. Праца ваяводы з Пазнані магла ўплываць толькі на палякаў, твор войта з Вальбажа атрымаў прызнанне Еўропы. Розніца тут толькі ў масштабе, але ня ў кірунку.

Вінцэнт Закшэўскі так падсумаваў караляванне апошняга Ягелона: "Незваротна мінулася хвіліна, калі бяз неадольных цяжкасцяў можна было ў Польшчы забяспечыць неабходныя ўмовы трывалага існавання дзяржавы; змарнаваўся амаль бясплённа магутны рух, якім жыла большасць польскага грамадства. Адрынуты былі натуральныя падставы стварэння моцнае каралеўскае ўлады, што былі ўжо ў наяўнасці, пачаліся пошукі новых падставаў - і ўся амаль віна за гэта ляжыць на Жыгімонце Аўгусце, шматкроць пераважваючы добрае, што зроблена было ў ягоны час і пры ягоным чынным удзеле… Трэба прызнаць, што Жыгімонт Аўгуст ня даў рады праблеме, што паўстала перад чалавекам, які займаў на той час польскі трон, і гэта ягоная цяжкая палітычная віна." Факт, які адбыўся, не заўсёды ёсць дзеяннем, часамі гэта ягоная адсутнасць.

Я аднак не абмежаваўся б пералічэннем грахоў самога Жыгімонта Аўгуста. Развіццю Польшчы перашкодзіла арыстакратычная дактрына ўлады, якой кіраваліся абодва апошнія Ягелоны. Рэфарматарскі рух сярод шляхты ўзнік ў пачатку XVІ стагоддзя і праіснаваў доўга: ягонае рэха выразна адчуваецца яшчэ ў XVІІ стагоддзі, у рокашы Зэбжыдоўскага. Запісаны каралям папярэднім гаспадаром Кнышын, дзе памёр Жыгімонт Аўгуст, трапіў да іх толькі таму, што падляская шляхта зброяю змусіла Радзівілаў выканаць тастамант. Падзея надзвычай сімвалічная, бо кароль да скону застаўся хаўруснікам ня шляхты, а Радзівілаў. Блізкім сябрам Жыгімонта Старога быў ня лідар сярэдняе шляхты прымас Ласкі, адзін з найвыдатнейшых палітыкаў Польшчы ўсіх часоў. Фаварытам быў Кшыштаф Шыдлавецкі, магнат і платны агент Габсбургаў, які браў ад імператара грошы і прасіў падарыць жывога індзейца. Амерыка была тады моднаю, а Шыдлавецкі цікаўным, культурным чалавекам.

Дзесяцігоддзямі цягнуўся канфлікт паміж цэнтральнаю ўладаю і прадстаўніком лепшае часткі грамадства, вальным каронным соймам, які імкнуўся надаць гэтай уладзе моц не на паперы, а ў сапраўднасці. Пры гэтым сойм ніколі не парушае закон! Усё адбываецца ў спрыяльнай знешнепалітычнай сітуацыі, калі адзіны сапраўды страшны вораг - турэцкі султан - нічога акрамя міру з Польшчаю ня шукае. Гэткую палітыку нельга праводзіць беспакарана, хтосьці абавязкова за такое заплаціць. У дадзеным выпадку расплаціліся пакаленні, якім давялося жыць пасля 1648 году, калі міжнароднае становішча карэнна змянілася, расплацілася польская дзяржава, усё грамадства.

У абодвух Жыгімонтаў быў свабодны выбар. Папярэднікі - Аляксандар, Ян Ольбрахт, Казімір Ягелоньчык - пакінулі ім выпрацаваную традыцыю супрацоўніцтва трону з шараговаю шляхтаю, якую гісторыкі здаўна лічаць польскім "трэцім саслоўем". Гэтае супрацоўніцтва прынесла дабрадзейны вынік: ужо ў канцы XV стагоддзя паслы з'яжджаліся на сойм упаўнаважанымі галасаваць паводле ўласнага меркавання, не абмежаваныя інструкцыямі соймікаў, і вырашалі большасцю галасоў. Гэтую цудоўную ягелонаўскую традыцыю два апошнія Ягелоны адкінулі, што нельга патлумачыць бяз уліку іхніх асабістых палітычных канцэпцый. Яны свядома абралі арыстакратычную мадэль кіравання, хаўрус з найвышэйшымі слаямі, пагарду да тых, хто ў палаце сядзіць бліжэй да дзвярэй. Ніякае наканаванасці – Жыгімонты мелі свабоду выбару, асабліва малодшы: рэфарматары чакалі яго з працягнутымі рукамі.

У дзяржаве Габсбургаў ды іншых краінах арыстакраты таксама пачуваліся добра. Алігархія ня ўсіх прывяла да катастрофы і нялёгка выявіць тут нейкую заканамернасць. Мы маем справу з непаўторнай з'явай, і трэ' яе асэнсаваць. Бяз гэтага пакручастыя сцежкі гісторыі, у якой такія рэчы сустракаюцца часта, не зразумець.

На той час лёс паставіў перад Рэччу Паспалітай канкрэтныя задачы ды вызначыў тэрміны іхняга развязання. Можна назваць дату, да якое павінна была адбыцца рэформа, каб перад дзяржаваю не паўсталі вялікія, амаль што непераадольныя цяжкасці: 1569 год, дзень Люблінскае уніі. Ня быў удасканалены дзяржаўны лад, не былі падрыхтаваныя лепшыя інструменты кіравання, пакуль Карона была тэрытарыяльна невялікаю і ня мела занадта вялікае разнастайнасці ў будове грамадства. Карона, з кожнага боку больш развітая правінцыя, стварала нормы для ўсяе дзяржавы, мадэль дзяржаўнага ладу. Люблінскі акт прылучыў да яе Падляшша, Валынь, карацей, усю Ўкраіну, якая была "даўжэйшая і шырэйшая за Вялікую ды Малую Польшчу", як слушна зазначыў у 1594 годзе ксёнз Юзаф Вэрэшыньскі, каталіцкі біскуп Кіева.

У Вялікапольшчы найзаможнейшымі панамі былі Гуркі, у Малапольшчы - Тарноўскія. Пасля ўсіх авансаў і ягелонскіх дараванняў яны мелі значныя маёнткі: да сотні вёсак. На галаву вышэй былі вяльможы духоўныя: біскупы, здаралася, мелі дзесятак гарадоў ды дзве сотні вёсак. Кляштары мелі значную маёмасць. У Кароне, што разам з Падляшшам займала сто пяцьдзесят тысяч квадратных кіламетраў, не хапала месца для большых латыфундый. У выніку пан Гурка і пан Тарноўскі мусілі лічыцца з думкаю паноў-браці ніжэйшых рангаў, якія сукупна перавышалі магнатаў.

Князь Ян Астрожскі жыў на пераломе XVІ і XVІІ стагоддзяў. Ён атрымаў на Валыні ў спадчыну каля сотні гарадоў і замкаў ды больш за тысячу вёсак, а ў іншых украінскіх землях - шэсць найбольшых ды найбагацейшых старостваў. Пастановы соймаў аддавалі ў уласнасць магнатаў незагаспадараныя землі Ўкраіны ў тысячы квадратных кіламетраў, часам дараванні мелі абшар у некалькі паветаў. Пустыя землі хутка пераставалі быць пустымі. 1569 год ліквідаваў мяжу паміж Украінай і шчыльна заселенай Каронай, спынілася дзеянне артыкулаў Літоўскага Статута, што перашкаджалі перасяленню туды жыхароў Кароны (Закон! Закон!), і чалавечая паводка абрынулася на Ўкраіну. Па сведчаннях сучаснікаў у Польшчы бязлюдзелі цэлыя рэгіёны. Каронны плебс - месцічы, сяляне, дробная шляхта перасяляліся на Ўкраіну, рабіліся часткаю ейнага народу, уліваліся ў ейны арганізм.

У 1590 годзе з'явілася соймавая пастанова "Парадак з боку ніжоўцаў і Ўкраіны", якая афіцыйна ўвяла гэтую назву ў палітычную тэрміналогію. Ад таго часу каланізацыя набыла нечуваны размах: можна яе ў пэўнай ступені параўнаць з вядомым у гісторыі Злучаных Штатаў апанаваннем велізарных абшараў Поўдня і Дзікага Захаду.

"Віхор эканамічнага развіцця" дзьмуў у магнацкія ветразі. Ў 1630 годзе Вішнявецкія мелі ў кіеўскім ваяводстве шэсцьдзесят з лішкам сялянскіх гаспадарак, а праз пятнадцаць год - трыдцаць сем тысячаў. Двесце трыдцаць тысячаў падданых, якія нат' не падлягалі каралеўскаму суду, бо Жыгімонт Стары адмовіўся быў у 1518 годзе ад дзяржаўнае юрысдыкцыі над сялянамі з прыватных маёнткаў. У такіх умовах абмежаванне ўлады магнатаў стала практычна немагчымым.

Міхал Бабжыньскі пасунуўся аж да сцвярджэння, што калі быў намер падпісаць такую вунію, як у Любліне, то лепш бы зусім ніякае не падпісваць. Я не падзяляю ягонага гледзішча: у ліпені 1569 года, на момант падпісання акту вуніі, дзяржаўная ўлада была яшчэ моцная. Створаная Люблінскаю вуніяй праблематыка вымагала ейнага ўзмацнення, як адзінага чынніка, здольнага падтрымаць хаця нейкую раўнавагу, і - ў кожным выпадку - здольнага захоўваць існуючы лад. Дакладна праз тры гады пасля Ўніі ўлада апынулася на ласцы лёсу і стала чыста тэарэтычнаю. Гэта не вынікла з нейкага наканавання. Людзі маглі гэтаму запабегчы: тры гады немалы кавалак часу. Удасканаліць механізм ўлады можна было шчэ за дваццаць год да Люблінскае Ўніі: Жыгімонт Аўгуст заняў пасад у 1548 годзе. Падтрымку дэпутатаў ён атрымаў бы - калі б меў такое жаданне.

У 1519 годзе з прычыны спрэчкі Альбрэхта Гаштальда з Мікалаем Радзівілам літоўскія войскі не сабраліся ў Крэве, ня было скліканае паспалітае рушэнне, і маскоўская армія апынулася ў дзвюх мілях ад Вільні. Польскія і літоўскія магнаты змоўнічалі і з маскоўскім царом, і з імператарам, злачынна-наўмысна правакавалі султана. Хапала павучальных прыкладаў. Вядома было пра небяспеку магнацкіх інтрыгаў - нат' калі яны 'шчэ ня прыдбалі неабсяжных маёнткаў на Ўкраіне.

Распаўсюджаны погляд, што прылучэнне гэтае краіны да Кароны стварыла для польскае шляхты велізарны шанц, які яна напоўніцу, бяз усякага сораму, выкарыстала. Што да бессаромнасці - гэта праўда, але дзеля таго, што без канкрэтыкі няма гісторыі прыгледзімся бліжэй да трох пакаленняў князёў Астрожскіх.

Дзед Канстанцін (1460-1530). Вялікі гетман літоўскі, што называў Вільню сваёю сталіцай, пахаваны ў Пячэрскай лаўры. Пераможца пад Оршай ды ў шматлікіх іншых бітвах. Шчыры праваслаўны.

Бацька Канстанцін Васіль (1520-1608). Стараста ўладзімірскі, валынскі земскі маршалак, кіеўскі ваевода. Вораг берасцейскае вуніі, галоўная апора праваслаўя ў Рэчы Паспалітай.

Сын Януш (1554-1620). Ваевода валынскі, стараста белацэркаўскі, чаркаскі, уладзімірскі, канеўскі, пераяслаўскі, багуслаўскі, пасля 1593 году кракаўскі кашталян. Першы ў родзе каталік.

Такім чынам, ў канцы XVІ стагоддзя найвышэйшым свецкім урадоўцам Рэчы Паспалітае стаў русін, украінец (кракаўскі кашталян займаў у сенаце першае месца пасля біскупаў). Нацыянальнага паходжання Януша не перамяніла ані ягоная маці, Сафія з роду Тарноўскіх, ані пераход у каталіцтва.

1593 год прынёс Астрожскаму ня толькі пасаду, але й ваенную перамогу: 2 лютага ён разам з Аляксандрам Вішнявецкім перамог пад Пёнткам на Валыні бунтаўнікоў-казакаў, якімі камандаваў мазавецкі шляхціц Кшыштаф Касіньскі, чыстакроўны паляк. Першае ўкраінскае паўстанне, якім кіраваў "лях", стлумілі два магнаты-ўкраінцы. Вішнявецкія на той час не паспелі нат' стацца каталікамі.

Найбагацейшым земляўладальнікам у брацлаўскім ваяводстве быў паляк, выдатны вайсковец, гетман Станіслаў Канецпольскі. Ён памёр за год да паўстання Хмяльніцкага. Пад Махноўкаю і Канстантынавам разам з Ерэміяй Вішнявецкім біўся з Хмяльніцкім кіеўскі ваявода Януш Тышкевіч: Тышкевічы - гэта не Карона, а Літва.

Каронны плебс стаўся часткаю ўкраінскага народа, садзейнічаў дэмаграфічнаму выбуху. Шчыльней заселеная, незвычайна багатая Ўкраіна сталася сферай актыўнасці магнатэрыі ўсіх трох народаў Рэчы Паспалітае - польскага, літоўскага і рускага. Гэта праўда, і яе добра ўсведамляў Багдан Хмяльніцкі, калі ў 1649 годзе гаварыў: "Ляхам і Літве няма да нас справы - да войска запароскага і да Белай Русі... Мы ў іхнім падначаленні ды няволі жыць не жадаем." Да Ляхаў адносіў, натуральна, усю паланізаваную і каталіцкую частку ўкраінскае шляхты. Супраць праваслаўнай шляхты Хмяльніцкі не выказваўся - сам быў шляхецкага роду.

У гэтым разважанні я імкнуўся разлічыцца з нацыяналістычнымі стэрэатыпамі, якіх аднолькава трымаюцца і шчырыя прыхільнікі, і тэарэтычныя праціўнікі. Першыя ўсю шляхту Рэчы Паспалітае бяз хітрыкаў завуць палякамі, другія іншымі словамі робяць тое самае. У жыцці ўсё было больш складана.

Януш Астрожскі ня меў роўных сабе па багаццю, у ягоную скарбніцу трапляла болей, чым у дзяржаўную. Запазычанасць па падатках сягала астранамічнае сумы, але ён не плаціў, бо ўрад ня меў сродкаў прымусіць яго - і ня мог мець у ўмовах ладу, акрэсленага генрыхавымі артыкуламі.

Пакінем найвышэйшы узровень, каб агледзець трохі ніжэйшыя. Вось стары сакратар Жыгімонта Аўгуста, Ян Тамаш Драгаёўскі гербу Корчак, чый жыццяпіс выдаў у "Польскім біяграфічным слоўніку" Казімеж Лепшы. (Неацэннае выданне гэты слоўнік! Тысячы дакладных зондаў у целе гісторыі, падзеі, паказаныя праз лёсы канкрэтных жывых людзей, часцей з ліку тых, каго ня ўзгадваюць у падручніках. Канкрэтныя факты - незаменны крытэрый усіх абагульненняў і тэорый – імі поўняцца старонкі "Слоўніка".)

7 ліпеня 1572 года Ян Драгаёўскі паводзіўся выдатна. Ён ня прыўлашчыў нічога са скарбаў нябошчыка, і стараўся ўратаваць спадчыну для сястры караля Анны Ягелонкі. Пазней шчыра служыў наступным манархам. Разам са Стэфанам І быў пад Гданьскам, Вяліжам, Вялікімі Лукамі. Пры Жыгімонце ІІІ вадзіў свае харугвы да Малдавіі і Валахіі, бараніў мяжу ад татараў. Быў паслом у Францыі, Турцыі ды Інфлянтах, дзе паспяхова выконваў складаныя даручэнні. Удзельнічаў у захопе Самуэля Збароўскага і ягоным пакаранні. Быў на баку Яна Замойскага. Пільнаваў паланёнага князя Максымільяна. Яму даручылі потым ветлівы нагляд за імператарскім паслом, каб чаго не нарабіў. Узорны грамадзянін - толькі зняць капялюш і схіліцца да зямлі!

Драгаёўскі збіў неблагі маёнтак. І хай быў той набытак нічым у параўнанні з багаццем Радзівілаў, але дазволяў яму, напрыклад, весці збройную барацьбу з Аляксандрам Астрожскім. У пачатку XVІІ стагоддзя спрэчка з уладаром Леска Станіславам Стадніцкім ператварылася ў невялікую грамадзянскую вайну. Не далі плёну заклікі таго ж Жыгімонта ІІІ, якому ў знешніх справах Драгаёўскі служыў аддана, не дапамог біскупскі праклён за тое, што падчас бітвы ў самым Пшэмыслі гарматным агнём быў пашкоджаны кафэдральны касцёл. Вінаваты адрабіў епітым'ю і праклён быў зняты.

Улетку 1605 года прыватнае войска Драгаёўскага зрабіла табар паміж Гліннам і Угерцамі, прыблізна ў тым месцы, дзе зараз знаходзяцца вялікія гідратэхнічныя збудаванні ў Мычкаўцах і ў Соліне. Насельніцтва моцна пацярпела ад магнацкай міжусобіцы. Падчас бою за Бахаў Драгаёўскі быў цяжка паранены і 12 лістапада 1605 году памёр у Пшэмыслі. Узорны грамадзянін скончыў жыццёвы шлях не самым прыгожым чынам: заслужыўшы, па шчырасці, на пакаранне, што спаткала Самуэля Збароўскага.

Калі законы гісторыі сапраўды існуюць, то значная іх частка мусіла змясціцца ў народных прыказках. Мудры чалавек сказаў: chleb ludzі bodzіe. Дабрабыт, выдатная гаспадарчая кан'юнктура на збожжа ў Еўропе, "поспехі плуга" на Ўкраіне памнажалі вялікія і малыя капіталы, кожны з якіх гадаваў асобаў з поўняй палітычных правоў - гербавых людзей. Часта гэткі ж вынік давала дзяржаўная служба: пачаткам багацця Драгаёўскага быў падарунак ад караля - усё золата, канфіскаванае ў грамадзян Гданьска ў Львове і Пшэмыслі.

Раслі капіталы, мусіла ўзрастаць моц улады. Але ў Рэчы Паспалітай адбылося наадварот: ня чуючы цугляў, па-лайдацку карыстаўся сваім набыткам чалавек, які годна ахоўваў адчыненыя ды пазбаўленыя гаспадара куфры Жыгімонта Аўгуста.

Пры тым ня трэба забывацца, што Яну Тамашу Драгаёўскаму і ягонай маленькай грамадзянскай вайне далёка было да сапраўдных "каралятаў".

Франтон касцела св. Пятра і Паўлы ў Вільні, пабудаваны Пацамі ў XVІІ стагоддзі, скампанаваны кемліва і сімвалічна. Гетман Міхал Пац з тыповаю для тае эпохі пыхлівай пакорай загадаў пахаваць сябе пад галоўным ганкам бажніцы, на якім з'явіўся надпіс: "hic iacet peccator". Над дзвярыма ззялі залатымі літарамі словы REGІNA PACІS FUNDA NOS ІN PACE. Няпісьменны ў лаціне тлум мусіў меркаваць, што гэта прозвішча фундатараў апынулася так высока - і ня надта здзіўляўся, што вышэй толькі статуя Маці Божае ды крыж.

Вось адлюстраванне звычаяў, што панавалі ў дзяржаве і ў грамадстве. Ян Клеменс Браніцкі гербу Грыф быў у XVІІІ стагоддзі панам у Беластоку. Ягоным жа панам быў па сутнасці, толькі Бог. Ня хапіў лішку магнат, загадаўшы пабудаваць каплічку на беразе рэчкі і зрабіць на сцяне надпіс: "У гэтым месцы Пан пана ад смерці ўратаваў. З удзячнасці пан Пану паставіў гэтую капліцу."

Прыгадаем фрагмент з "Папёлаў" Стэфана Жэромскага, дзе князь Гінтулт гаворыць пра свае маладыя гады, пачатак панавання Жыгімонта Аўгуста:

"Дагэтуль памятаю соймікі. Соймікі, - паўтарыў ён як ніколі здзекліва, - "...Мой бацька... кандыдаваў. Я на той час толькі скончыў школу і глядзеў на гэтыя справы з пашанаю, як на святыні. Я быў разам з бацькам. Памятаю, мы праязджалі паўз местачковыя ваколіцы, дзе сталі табарам паны-брацця, што роўныя ваяводзе... Ніколі ня знікнуць з маёй памяці шатры на кіях, пакрытыя бруднымі анучамі, буданы з галля і дзярніны, вогнішчы, ля якіх рэзалі скаціну нашага контркандыдата і смажылі кавалкі на пожагу. Бочкі піва і мёду, куфлі гарэлкі стаялі там і тут, а вакол іх віравала з гаршкамі, збанамі і шклянкамі ў руках сапраўдная татарская арда, званая партыяй нашага суперніка. Схуднелыя кабылы сноўдаліся там і тут, і было поўнае ўражанне, што апынуўся ў кіпчацкім табары. Паны-брацця ў капотах, абмотках, бурках, у ботах смараваных дзёгцем, або бяз ботаў, убачыўшы, што мы едзем, пачалі раз'юшана рычэць і рваць з похваў шаблі. У гэты ж дзень яны распачалі рабунак жыдоўскіх крамаў, выбівалі шыбы, зрывалі акенніцы..."

На гэта Пётра Альбромскі кажа:

"Навошта ўваскрасаеш гэта, мосці княжа?.. Той рай быў вашым, магнацкім. Сам пра гэта кажаш."

Усім вядома, што Стэфан І загадаў пакараць смерццю Самуэля Збароўскага. Раман Жэлеўскі ў "Біяграфічным слоўніку" нагадвае, што за ўзброены напад і спаленне цела забітага такая ж кара была ўжытая для іншага сенатара, кашталяна Андрэя Ілоўскага. Ад гэтага часу найвышэйшае пакаранне высокіх асобаў знікае з нашае гісторыі. Магнат ня меў права караць смерццю шляхціца, але дастаткова перагарнуць старонкі дзённікаў Матушэвіча і Завішы, каб пераканацца, што на справе было іначай. Марына Мнішак, вядома з надзейных крыніцаў, загадала пасадзіць на кол шляхціца, які яе абразіў, Завіша забіў швагра, дробнага шляхціца, маці Матушэвіча загадала даць аднаму пану-брату столькі ўдараў, што той ня выжыў. Мемуары пішуць людзі ўсё ж больш-менш культурныя - лёгка ўявіць сабе ўчынкі тых, хто ня збрудзіў рук атрамантам.

Вернемся на вуліцу св. Яна ў Вільні, дзе картэж Сапегаў рапірамі нішчыць карэту Вішнявецкіх, мяркуючы, што гэта пан Коцел, просты віцебскі кашталян… І ня варта абмяжоўвацца толькі ўсходняю часткаю дзяржавы: наш знаёмы з "Патопа", калішскі ваявода Андрэй Грудзіньскі, беспакарана забіў шляхціца, бо пажадаў ягоную жонку. Нават Рыгор Асаліньскі мог брыдка зняважыць дэпутатаў сойма.

"О вяльможы, багі зямныя!" - звяртаўся да іх Пётр Скарга. Слухаючы казань, трэба памятаць, што зямныя багі займалі дзяржаўныя пасады. Яны былі… чыноўнікамі. Іх нельга было зняць з пажыццёвай пасады, або пакараць, або прыцягнуць да адказнасці. Званне гетмана не гарантавала месца ў сенаце, таму кожны, хто яго займеў, імкнуўся атрымаць тытул кашталяна або ваяводы, які даваў права на "крэсла". Гетманская моц сягнула вышэй за каралеўскую, стаўшы палітычным кашмарам, але фармальна гетман заставаўся вайсковым начальнікам. Рэальная ўлада ў нашай краіне сканцэнтравалася ў руках нешматлікага кола асобаў, якія мелі пажыццёвы і перадаваны ў спадчыну прывілей кіраваць, і ў выніку - неадольнаю сілаю рэчаў, - цікавіліся выключна ўласным дабрабытам. Гісторыя наша сплаціла за гэта неверагодна высокія кошты - і плаціць надалей.

У царскай Расеі існавала прыказка: "Зрабіце мяне апекуном казённага вераб'я, і я пры ім усю сям'ю пракармлю". Польскі адпаведнік павінен мець гэткі змест: "Дайце мне ўлады з макавае зерне, і я ўсяму ваяводству дамся ў знакі". Адзін расейскі філосаф у мінулым стагоддзі склаў спіс недахопаў, уласцівых розным нацыям. Расейцам прыпісваў хамства, французам шэрасць, ангельцам і немцам дурноту, палякам - фанабэрыю. Слабое вызначэнне! Трэба казаць "пыха", першы грэх у спісе смяротных. Посьпех п'яніць палякаў, газіраваная вада для іх - смяротная атрута.

Мельхіёр Ваньковіч пісаў калісьці пра дзіўную ментальнасць ангельскіх чыноўнікаў, сярод якіх кожны дбае пра найхутчэйшае вырашэнне справы просьбіта, і прыйшоў да высновы, што гэты звычай запазычаны ў розных прыватных Заходне- і Ўсходнеіндыйскіх кампаніяў, што імкнуліся як найлепш абслугоўваць кліентаў. Звычаі польскіх чыноўнікаў паходзяць не ад купецкіх, не ад дзяржаўных, нат' не ад шляхецкіх, але ад магнацкіх. Кожны з нашых рэферэнтаў (пра дырэктараў баюся нат' згадваць) хоча, каб з ім размаўлялі як са старастам Мікалаем Патоцкім, якому адзін селянін кінуўся ў ногі з крыкам:"Ты ёсць Бог у Тройцы адзіны, вазьмі ж майго сына ў прытулак!". Захаванне наш чыноўнік бярэ ад князя Ябланоўскага, інтэлектуала і пісьменніка, які падчас бяседаў у ягоным палацы сядаў за стол асобна ў зачыненым кабінэце, каб не мяшацца з галотаю, і толькі падчас тостаў дазваляў дзьверы прыадчыняць.

Здаўна жыве ў нас, як складнік нашае крыві, сваеасблівая містыка ўлады, захапленне сабою ў кожнага, хто мае яе хаця б каліўца. Надзвычай цяжка паляку зразумець, што палітычная ўлада ёсць толькі кампанент грамадства і нічога болей. Калі прыгадаць учынкі Аляксандра Веляпольскага ў 1863 і 1864 гадах, то наша гісторыя зафіксавала, мабыць, сусветны рэкорд злоўжывання ўладаю: замест таго, каб прыслухацца да патрабаванняў большасці і скарыстаць пераважна міралюбныя настроі, маркграф вырашыў здаць незадаволеных у рэкруты, выпускаючы на свой народ вампіра, што раней быў у самой Расеі пакладзены ў дамавіну і прабіты асінавым калом. Веляпольскі ўвасабляе польскія магнацкія традыцыі, зусім, дарэчы, не прыродныя, але сфармаваныя ў пэўны гістарычны час.

Ня стану спрачацца, калі хтосьці скажа, што перавышэнне ўлады - таксама анархія. Я толькі супраць таго, каб абвінавачанні ішлі не па адрасе: ў канфліктах паміж уладаю і грамадствам не заўсёды вінаватым бокам з'яўляецца апошняе - такога закону няма.

Анархія ў Рэчы Паспалітай перамагла ў пэўны час, бо раней, перад гэтым, каралеўская ўлада пайшла супраць грамадства, змарнаваўшы ягоныя прагрэсіўныя памкненні й нацыянальны інтэлектуальны даробак. Сутнасцю, рухавіком анархіі было свавольства вяльможаў. Шляхецкі тлум ня быў вынаходнікам сабепанства: ён ішоў па слядах тых, хто ўжо пры Аляксандры ды Жыгімонце І лічыў, што ў Польшчы, а дакладней - у Рэчы Паспалітай, ім дазволена ўсё.

Гэткім прынцыпам кіраваліся паны па ўсёй Еўропе, але там з часам абмежаванні ўзмацняліся. У нас жа яны безнадзейна паслабіліся, - бо сама цэнтральная ўлада не паклапацілася пра іх сваечасова, ды яшчэ рабіла рэчы, якія мусілі дэмаралізоўваць падданых.

У нашай гісторыі ёсць важная, але замоўчаная тэма: як часта пасля эпохі Пястаў Польшча была аб'ектам сваёй уласнай дзяржаўнай палітыкі? Я шмат пісаў пра гэта ў "Польшчы Ягелонаў". Ёсць пра што згадаць: напрыклад, як артылерыя з Гданьску падтрымала Яна Ольбрахта ў змаганні з братам Уладыславам за венгерскі трон, што знаходзіцца, як вядома, за Карпатамі, нібы для гданьскіх гарматаў не было працы бліжэй - хаця б пад Каралеўцам.

Такое ўражанне, што пачаўшы з XV стагоддзя хімеры пачалі цягнуць кроў з нашай гісторыі. Нядрэнна загаспадараваная, густа заселеная і адносна культурная Карона сама шмат у чым мела патрэбу, і перш за ўсё - у стараннай працы, - але мусіла забяспечваць розныя агромністыя праекты, што мелі адну агульную рысу: іх немагчыма было выканаць.

Уладыслаў Канапчыньскі напісаў у першым томе "Гісторыі Польшчы Новага часу" пра панаванне Жыгімонта Старога: "Жадаць, каб польскі кароль не пушчаў Габсбургаў у Чэхію і Венгрыю, бараніў Дунай ад турак і ставіў слупы ў днястроўскіх ліманах, гнаў далёка за Дняпро царскіх ваяводаў, можна толькі забыўшы букавінскую паразу Ольбрахта і пагром Аляксандра. У 1515 годзе нам далёка было да ваеннае моцы Францішка І Валуа, які, калі выходзіў па-за межы Францыі прайграваў у змаганні з аднымі толькі Габсбургамі." Выдатна сказана! Французкая палітыка мела добрыя вынікі ва ўсім, што тычылася самое Францыі. Італьянскія войны Валуа былі першай, ад часоў крыжовых паходаў, спробай выйсця французаў па-за натуральныя межы Галіі. Французы вярнуліся з-за Альпаў моцна пабітыя.

Я хачу трохі дадаць да словаў Уладыслава Канапчыньскага. Нельга было нат' марыць пра паспяховае развязанне ўсіх вышэйпамянёных літоўска-польскіх праблем. Ужо перад Янам Ольбрахтам і Аляксандрам паўсталі задачы, немагчымыя для выкання. У часы Казіміра Ягелоньчыка дынастычныя амбіцыі безнадзейна раздзьмулі праграму дзяржавы, легкадумна далучыўшы да праблем, створаных Уніяй, новыя праблемы. Заняццё ж Ягелонамі чэскага трону прынесла катастрафічны вынік.

Я мяркую звярнуцца да гэтае трагічнае тэмы ў кнізе "Рэч Паспалітая Абедзьвюх Нацый", што будзе трэцяй у цыкле, прысвечаным польскай гісторыі. Мне давядзецца распавесці, як дынастычныя амбіцыі Ягелонаў, скіраваныя на поўдзень, саступілі месца паўночным прыярытэтам Вазаў, Ягелонаў па кудзелі. Я прыгадаю пра непаломіцкую нараду, пра якую разыходзіліся неверагодныя чуткі, яле ніхто ня ведаў нічога дакладна, бо польскі кароль Жыгімонт ІІІ запрасіў на паседжанне адных немцаў. Я буду пісаць пра гучныя патрабаванні верацярпімасці і пра езуітаў вакол караля, палітыка якога скіравалася ў рэчышча ваяўнічага каталіцызму, раз'ятрыўшы праваслаўных жыхароў Рэчы Паспалітае.

"Пана за карак узялі, а чэлядзь маўчыць. Я б такога парабка ня трымаў", - гаварыў на сойме 1605 году Ян Астрарог, пазнаньскі кашталян, праўнук пісьменніка. Мяне захапляе ягоная старапольская трапнасць, свабода вольнага чалавека ў выбары словаў. Гэтак могуць выказвацца толькі тыя, хто пазбавіўся комплексаў і страхаў, хто ўмее быць сабою і ганарыцца гэтым. Словы Астрарога - гэта стыль і Яна Хрызастома Паска, вядомага пісьменніка Яна ІІІ і… Генрыка Сянкевіча. На той самай сесіі польны каронны гетман Станіслаў Жулкеўскі ўслаўляў пашану, з якою Рэч Паспалітая ставіцца да сваіх манархаў: "Іншыя народы паноў сваіх дзідамі колюць, а ў нас з Божае ласкі нічога такога супраць пана ніхто ня змысліў… бо заўсёды народ польскі вернасць трымаў сваім валадарам і мілаваць іх звычку мае."

Ян Астрарог ня ўваходзіў ані ў апазіцыю, ані ў двор, быў незалежны. Ягоныя словы былі скіраваныя на падтрымку палітыкі Жыгімонта ІІІ да вяртання шведскага пасаду. Кашталян трапна сказаў - Жыгімонта трымалі за карак. Шведы яго дэтранізавалі, паставіўшы да ўлады Карла, ягонага дзядзьку. У 1588 годзе яны ўзялі польскага караля ў няволю. Каб вызваліцца, Жыгімонт мусіў здрадзіць сваіх скандынаўскіх прыхільнікаў, і іх публічна пакаралі смерццю ў Стакгольме. Эстонію ён падчас каранацыі ў 1587 годзе паабяцаў аддаць Рэчы Паспалітай, - і аддаў - у 1600-м, калі яе занялі шведы. А цяпер Астрарог даводзіў: "Альбо ня трэ' было пана са Швецыі браць і панам яго не рабіць, альбо, узняўшы яго высока… у цяжкіх выпрабаваннях не пакідаць." Рэч Паспалітая была ўсё ж манархіяй, і існавала пачуццё абавязку перад валадаром.

Сенатары атрымлівалі ў Інфлянтах маёнткі і разнастайныя пасады, таму можна меркаваць, што яны дбалі пра свае інтарэсы, але паспалітая шляхта не спадзявалася кашталянства і было змучана вайною. У цэлым соймікі падтрымалі праграму барацьбы за шведскую карону для Жыгімонта, жадаючы толькі, каб Ягоная Каралеўская Вялікасць зрабіў ласку краіны не пакідаць і за мора настала не выязджаць. Двор жа меў менавіта такія планы.

Тыя ж соймікі пратэставалі супраць авантуры з "Дзімітрыем". Жыгімонт падтрымаў самазванца-каталіка, спадзеючыся, што Дзімітрый, уладкаваўшыся ў Маскве, дапаможа яму ў Швецыі. З гэтых жа меркаванняў Жыгімонт рабіў шкодныя для краіны саступкі Гагенцолернам у Княскіх Прусах.

На ўсё гэта глядзела грамадства, якое якраз у гэты час адзначала юбілей: рэфарматарскі рух сярод шляхты распачаўся акурат сто гадоў таму - і амаль увесь час быў ігнаравалі, сабатавалі, прыгняталі. Жыгімонтавы праекты зменаў дзяржаўнага ладу не маглі выклікаць захаплення. Меркавалася, што кароль з'едзе ў Швецыю, а кіраваную па законах абсалютызму Польшчу пярэйме архікнязь аўстрыйскі ў якасці губернатара. Няшмат было тых, каму гэткі праект спадабаўся, што аднак гаворыць ня толькі на ягоную шкоду: польскі парламентарызм патрабаваў рэформы. Але не развязання палаты дэпутатаў, як хацеў Жыгімонт.

На сойме 1605 года апошні раз у жыцці прамовіў Ян Замойскі, дарэмна прапануючы каралю супрацоўніцтва ад імя ўсяе апазіцыі: "Кахаю, далібог, Вашу Каралеўскую Вялікасць, служу аддана, паўтаруся, аддана служу. Зрабіце толькі ласку, Ваша Вялікасць, мілаваць таксама нас, Вашых падданых. Жадаеце грошай, пашырэння дзяржавы - усё будзе, калі будзе любоў падданых. Зробіце тады, Ваша Вялікасць, з паляка - Аляксандра, з літвіна - Геркулеса, усё, што для гэтага трэба - любоў, без яе цяжка штосьці зрабіць".

Ня трэба лічыць пустою рыторыкай словы канцлера і гемана, які сваю прамову закончыў "стоячы з вялікім плачам". Да узаемнага даверу і знакаў прыхільнасці манарха да падданых заклікаў чалавек, які ў 1587 годзе ўзвёў Жыгімонта на Вавель, перамог пад Бычынай ягонага ворага архікнязя Максымільяна, а праз пяць год адыграў галоўную ролю на "інквізіцыйным сойме", калі разглядаўся мсцівы данос таго ж Максымільяна, што закідваў Жыгімонту патаемны намер перадаць польскую карону архікнязю Эрнэсту. Кароль ня здолеў тады цалкам ачысціцца ад абвінавачанняў. Таемныя перамовы былі. Яны адбываліся й пазней, па іншых пытаннях, і па ўсёй Рэчы Паспалітай хадзілі пра іх чуткі. З гэтага робіцца больш зразумелым, што значылі ў вуснах канцлера словы "Зрабіце толькі ласку, Ваша Высокасць, мілаваць таксама нас, Вашых падданых".

У красавіку 1606 году, калі Замойскаму заставалася жыць зусім мала, а ў краіне адчувалася набліжэнне грамадзянскае вайны, невядомы палітык стварыў палітычны трактат. Ён не належаў ні да адной з партыяў, а трактат свой назваў так: "Справы ў Рэчы Паспалітай што патрабуюць направы шляхам сойміка або рокашу". Сярод шматлікіх пастулатаў знайшоўся такі, што, без цырымоніяў перадаючы думкі Замойскага, цэльна трапляў у сутнасць найважнейшае справы: "Падтрымаць тое, што мы даўно канстытуцыяй гарантавалі - каб Яго Вялікасць Кароль нашым народам задаволіўся". Інакш кажучы, каб, пануючы ў Рэчы Паспалітай, дбаў пра яе і ні пра што болей.

Ананімны аўтар зрабіў трапнае прадбачанне: у Польшчы адбыўся рокаш, названы імем Мікалая Зэбжыдоўскага. Пры Жыгімонце ІІІ рэфарматарскі рух збіўся са шляху. Дзівіцца тут можна толькі, як позна гэта здарылася. Доўгі час шляхта дэманстравала болей стрыманасці, чымся можна было чакаць ад людзей у гэткай сітуацыі.

Ня ўсе ўдзельнікі таго рокашу аднолькава заслугоўваюць асуджэння, былі й здаровыя чыннікі. Гэта паказаў Ярэма Мацішэўскі ў сваёй працы "Грамадзянская вайна ў Польшчы (1606-1609)". Тым ня менш, нельга аспрэчыць, што тады пачаўся шлях гвалтоўных дзеянняў, які вёў ніжэй і ніжэй. Ажно ў Алькенікі.

Успомніўшы пра іх зноў трэ' дадаць некалькі заўвагаў. Я змушаны гэта зрабіць, бо свежасць уражанняў не дазваляе іх праігнараваць.

Шмат помнікаў архітэктуры ў нас знішчана войнамі. Тым старанней трэ' нам вучыцца на тых, якія, на шчасце, ацалелі і сведчаць пра мінулае нашай зямлі.

У красавіку 1963 году павятовая бібліятэка ў Граеве запрасіла мяне на аўтарскі вечар. У цудоўнае марознае надвор'е мы паехалі ў Шчучын, чые жыхары, па чутках, мелі калісьці намер пабудаваць помнік Генрыку Сянкевічу, бо іхні горад згадваецца як месца пастою лаўданскае харугвы. Ад праекту адмовіліся, бо сянкевічава згадка не падаецца ані шматслоўнаю, ані залішне прыхільнаю: "Гэты Шчучын лічыўся горадам, але відавочна ім не з'яўляўся, бо ня меў пакуль ані валу, ані ратушы, ані судоў, ані калегіюму піяраў, што паўстаў толькі ў часы Яна ІІІ, дамоў жа меў мала, ды болей хацінак, чымся дамоў, якія таму толькі лічыліся горадам, што былі пабудаваныя квадратам, утвараючы кірмашовы пляц, няшмат сушэйшы за сажалку, ля якое месцілася паселішча". У гэтым урыўку Сянкевіч дакладны: Шчучын стаўся горадам толькі ў 1692 годзе.

Рынак у Шчучыне надта вялікі, у форме квадрату ці прастакутніка. Адсюль пачынаецца шырокая, у выглядзе бутэлечнага горла вуліца да высокага доўгага пагорка: натуральнае мяжы мястэчка - накшталт гарадскога валу. На ўзвышшы стаіць ансамбль гмахаў, звернутых фасадамі да цэнтра. Пасярод касцёл, вельмі падобны да таго, што ў пабудаваны ў Варшаве пры вуліцы Мядовай ў падзяку за перамогу пад Венаю - але шчучынскі больш ўражвае, бо стаіць высока, пануючы над горадам, ваколіцамі і пачуццямі падарожніка. Магутны галоўны акорд падмацоўваюць два дадатковыя: па баках святыню сіметрычна, як крылы, акаляюць гмахі кляштару. Іхнія вежы-блізняты завяршалі кампазіцыю. Завяршалі, бо гісторыя пакінула стаяць толькі адну, рэшткі другой чакаюць адбудовы.

Раней жыхары Шчучына мелі на супраціўным баку гораду другі полюс панарамы - замак, які даўно не існуе.

Шчучын - памежжа Кароны і Вялікага Княства Літоўскага. Цяжка паверыць, што ў такім глухім месцы напрыканцы XVІІ стагоддзя мог паўстаць гэткі "шэдэўр урбаністыкі". Ягоным стваральнікам і дабрадзеем гораду, быў Станіслаў Антоні Шчука, адзін з найразумнейшых і найлепшых людзей сваёй эпохі, публіцыст, палітык, падскарбі літоўскі. Ён стварыў у Шчучыне першыў Польшчы прытулак для дзяўчынак.

Для мяне Шчучын стаў адкрыццём. Адна справа ведаць, зусім іншая ўбачыць. Захаванае ў Шчучыне, ёсць помнікам эпохі, зместам якой былі адбудова руінаў ды лекаванне ран.

У час другое сусветнае вайны наша краіна страціла дваццаць два працэнты насельніцтва. Мы памятаем пра гэта і падкрэсліваем, што Югаславія - на другім месцы па стратах - згубіла ў два разы менш за нас. Гэта дапаможа зразумець значэнне факту, што пара "Патопу" і "Агнём і мячом" каштавала Рэчы Паспалітай ня менш як трыццаць працэнтаў даваеннага насельніцтва. Па асцярожных падліках. Ёсць гісторыкі, якія гавораць пра сорак і нават пяцьдзесят працэнтаў. У Вялікапольшчы, напрыклад, вясковае насельніцтва зменшылася амаль удвая.

Перадапошні сказ "Агнём і мячом" утрымлівае найдакладнейшую гістарычную нфармацыю: "Ваўкі вылі на пажарышчах былых гарадоў, і квітнеючыя раней мясціны сталіся нібы вялізныя могілкі".

Не забывайма, што раней адбудове не дапамагала ніякая тэхніка. Пры Міхале Карыбуце і Яне ІІІ ужываліся такія ж рыдлёўкі, што й пры Ўладыславе ІV, але было іх меней. Тое, што захавалася да нашых дзён у Шчучыне, даводзіць, што краіна сапраўды пачынала аднаўляцца, уставаць на ногі. Каб гэтак упарадкаваць мястэчка, патрэбныя былі культура, рост попыту й вымаганняў; адныя толькі матэр'яльныя сродкі ня могуць вытлумачыць такіх дасягненняў.

Час паўстання шчучынскіх шэдэўраў - 1692 год - трагічны. Праляціць восем год, і краіну зноў ахопіць вайна, тая самая, першы акт якой штурхнуў пасвараныя літоўскія партыі ў Алькенікі і якая завецца "Вялікай паўночнай вайной". Страты, якія яна прынесла Рэчы Паспалітай, блізкія да стратаў падчас "патопу". Усе рэгіёны краіны пацярпелі. Паўсюль шырыўся мор, што ішоў па слядах вайны, разбурэнні не абышлі ніводзін горад у цэнтральнай і паўночнай частцы краіны. Шведы спалілі нават Леска на бяшчадскім узвышшы, на поўдні дайшлі былі далей за Кракаў. Людзі, якія толькі-толькі пачалі ачуньваць пасля "патопу", наноў здзічэлі.

Адказнасць за распачацце вайны і за ўдзел у ёй Рэчы Паспалітай кладзецца на Аўгуста ІІ. Краіна гэтага не жадала, ёй быў патрэбны мір, мір і 'шчэ раз мір. Людзі, што разумеліся на палітыцы, адчувалі, што Швецыя перастала быць галоўным ворагам, што цар нашмат страшнейшы. Аўгуст ІІ супольна з Пятром Вялікім пайшоў супраць Карла XІІ, спадзеючыся хутка падзяліць шведскія ўладанні ды асягнуць дынастычныя, а іншымі словамі - асабістыя мэты. Не атрымалася. Расія выйшла з Паўночнае вайны магутнаю дзяржавай, Рэч Паспалітая заплаціла развалам гаспадаркі, стратай насельніцтва ды ўласнаю незалежнасцю, бо ад накінутага тады царскага пратэктарату пазбавіцца ўжо не здолела.

У свой час абставіны прымусілі Яна ІІІ ваяваць з туркамі. Кароль зрабіў гэта на аўстрыйскай тэрыторыі, куды прыйшоў з дапамогаю ня толькі ён, але й занепакоеныя сваёю будучыняй баварцы і саксонцы. Грошы ў асноўным былі папскія і імператарскія, польскіх мала. Кароль перамог ворага, запабег пераўтварэнню паўднёвае мяжы ў адзін страшны фронт, здабыў для краіны рэпутацыю па-ранейшаму спраўнай у ваенных пытаннях, трохі прыхаваўшы свежаю славай слабасць Рэчы Паспалітай. Яна ІІІ, які дзейнічаў відавочна на карысць дзяржавы, абвінавачваюць у рамантызме. Пра Аўгуста ІІ забыліся.

Напрыканцы XVІІ стагоддзя была надзея на паляпшэнне становішча. Да канчатковае катастрофы нас давёў чалавек, які легальна кіраваў краінаю, але быў для яе зусім чужым. Ягоная неразумная ініцыятыва сталася штуршком для ашалелых нягоднікаў з-пад Алькенікаў. Меў рацыю Ўладыслаў Канапчыньскі: чужая для нацыі ўлада, якую не хвалююць народныя няшчасці, якая ня ведае сораму ў пагоні за прыбыткамі, была здольная толькі да такіх здабыткаў. Яна адвучыла людзей паважаць закон. Рыба гніе з галавы, так кажуць людзі.

Аўгуст ІІ гэта дно нашае гісторыі. Пры ягоным сыне Аўгусце ІІІ пачалося паляпшэнне - без усякае, зразумела, дапамогі з боку караля. Але ж прызнаемся, што нашмат раней шмат хто з валадароў Рэчы Паспалітае не хацеў "народам нашым задаволіцца". А ў постпястаўскую эпоху - увогуле ніхто. Польшча ў палітычных разліках была толькі чыннікам, а не аб'ектам і мэтаю, і гэткі парадак рэчаў утвараў клімат, які не спрыяў рэформам. Давер да ўлады гэта будаўнічы матэр'ял: нябачны, але незаменны.

Трэба падсумаваць вынікі гэтага раздзелу. Найболей павагі да дзяржавы было ў нас заўсёды там, дзе болей людзей: сярод простага люду, дробнае шляхты і небагатых уладальнікаў зямлі. Багацейшыя лёгка заражаліся ад магнатаў. Магнаты паводзіліся нармальна як для сваёй пазіцыі ў грамадстве, дакладна паводле ўзораў, вядомых з паводзінаў арыстакратыі ў іншых, нашмат шчаслівейшага лёсу краінах. Толькі адным, верагодна, адрозніваліся нашыя "караляты": магнаты Рэчы Паспалітае ўсведамлялі, што дзяржава развіваецца неналежным чынам. Яны ведалі пра слабасць дзяржавы. Яны спужаліся, калі падчас казацкае вайны ажывіўся адвечны фронт вайны маскоўскае, а на даляглядзе з'явілася шведская пагроза. Даследаванні Ўладыслава Чапліньскага пераканалі мяне: вяльможы ведалі хваробы дзяржавы. Магнат пісаў сатыры, асуджаў анархію, беспарадак, самаўладства, соймы, соймікі, і ў той жа час сваволіў, капаў для дзяржавы магілу, здраджваў яе.

Адсюль ідзе выснова, якую можна смела назваць гістарычным законам: чалавек безабаронны перад уласным прывілеем. Само існаванне прывілеяў - зло, але адсутнасць кантролю над прывілеяванымі, кантролю, незалежнага ад іх, можа прывесці да анархіі і катастрофы.

Дзяржаўная ўлада Рэчы Паспалітай занадта доўгі час трымалася на баку вялікіх супраць малых і зачаста дбала болей пра свае асабістыя дактрыны і амбіцыі, чым пра краіну.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія