БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
Польская анархія, Павал Ясеніца

Шляхам цемрашальства



На пераломе XVІ і XVІІ стагоддзяў у Польшчы адбыліся дзве фатальныя метамарфозы, наступствы стварылі нам рэпутацыю шалапутаў і рэлігійных фанатыкаў. Да апошняга часу мы цешыліся гэтаю асабліваю славай, і толькі 1956 год пераканаў Еўропу, што палякі здольныя паводзіцца цвяроза, мужна і салідарна. Другая палова "праўды" захоўвае сваю сілу надалей. Паглядзіце ўважліва рэпартажы з Польшчы, што друкуюць час ад часу салідныя выданні, напрыклад, парыскі "Le Monde". Аўтары відавочна перакананыя, што гэткія рэчы як свабодная думка і культура ня цікавяць палякаў. Пытанні веравызнання - вось што, на іхнюю думку, дарэшты паглынае духоўныя сілы ляхаў, заспакойваючы іхнія патрэбы ў каштоўнасцях вышэйшага парадку.

У значнай ступені палякі самі ва ўсім вінаватыя. Нашыя цнатлівыя ўльтрамантанцы далёка пераходзілі межы смешнага, аб'яўляючы, прыкладам, нейкую вайсковую перамогу цудам чыстае вады. За такую прапаганду дорага плацяць, за вузкі кругагляд - таксама. Мяне ўразіла заява аднаго пана, які, дарэчы сказаць, мае вышэйшую адукацыю. Пасля маёй лекцыі пра Польшчу Ягелонаў гэты пан выказаўся ў дыскусіі, што ўвогуле няварта разглядаць праблемы вуніі з пазіцый карысці для Польшчы. Істотна, на ягоную думку, толькі тое, што вунія "занесла збаўленне" далёка на ўсход кантыненту. Нібыта ня лічыцца хрысціянства васьмідзесяці працэнтаў жыхароў Вялікага Княства Літоўскага! Праваслаўнае хрысціянства.

Перада мною кніжка, выдадзеная ў 1947 годзе ў Лондане. Не называю аўтара, бо шкадую чалавека. Як можна сёння, пасля Другога Ватыканскага Сабору і пантыфікату Яна XXІІІ, быць каталіком і не задумацца пра маральнае адзінства ўсіх хрысціянаў (і нават пра маральнае адзінства ў больш шырокім кантэксце)? Працытую толькі фрагмент, што лучыцца з высновамі папярэдняга раздзелу.

"Польшча непасрэдна постягелонскага перыяду здабылася на шэраг дзеянняў і высілкаў, чый масштаб не можа не імпанаваць. Ачысціўшыся і адрадзіўшыся - і ў Кароне і ў Літве, з краіны, ужо напалову апанаванай рэфармацыяй, яна зноў сталася каталіцкаю, адчула адказнасць за суседнія краіны, паставіла перад сабою амбіцыйную задачу ўратавання для каталіцызму галоўнае скандынаўскае краіны, якою была Швецыя, ды стварэння перашкодаў, каб тая не сталася апірышчам нямецкіх духоўных уплываў і асяродкам дзеянняў, што дапамогуць немцам адолець Польшчу. На працягу доўгіх гадоў Польшча ня толькі падтрымлівала шведскіх каталікоў, што імкнуліся ратаваць свой край ад рэфармацкае навалы, але й сама прыкладала вялікія намаганні, каб выціснуць адтуль нямецкія духоўныя ўплывы… Калі гэтыя высілкі былі спыненыя, Польшча сталася прытулкам для шведскай каталіцкай эміграцыі і ўзяла на сябе місію захавання шведскае каталіцкае царквы. Дасёння дзень 6 верасня, што святкуецца ў Польшчы як дзень святых шведскага каралеўства, ёсць напамінам пра тыя сувязі, якія ў час рэфармацыі лучылі Польшчу са шведскім каталіцызмам."

Кароль Жыгімонт ІІІ, упарты змагар за шведскі каталіцызм, ахвотней гаварыў па-нямецку, а не па-польску і ўвесь час змоўнічаў з немцамі. Ягоны выхаваны немкаю сын Уладыслаў ІV палякаў не любіў, аддаючы перавагу немцам. Густаў Адальф, кароль шведскі і лідэр еўрапейскага пратэстантызму, на грошы, здзёртыя з каталіцкае Польшчы, спусташаў Германію. Забудзьма пра гэтыя непрыемныя дэталі, задавольмася днём 6 верасня! Забудзьма таксама пра зруйнаваную шведамі Польшчу. Хопіць нам таго, што польскія каралі спрабавалі перашкодзіць трыюмфу д'ябла ў краіне, што дасёння патанае ў лютарскай ерасі ды вядомы ўсяму свету высокай мараллю сваіх жыхароў.

Баюся, мала хто ў Еўропе можа пахваліцца настолькі непрытомным аналізам, як пададзены вышэй. Тым ня менш ягоны аўтар здабыў перад вайною славу палітычнага мысляра.

Каб глытнуць лепшай інтэлектуальнай атмасферы разгарнем тэкст пад назваю: "Іезуітам ды іншым духоўным рэспонс", пісаны больш чым на тры с паловаю стагоддзі таму. Аўтар невядомы.

"Вы паслухайце, што я вам скажу: продкі нашыя, хаця й каталікі былі і сапраўды набожныя людзі,… хаця fіdem Catholіcam sancte coluerunt… ведаючы, што не паходзяць de trіbu Levі, ведаючы, што каралеўства польскае ня ёсць regnum sacerdotale, але regnum polіtіcum, ведаючы, што каралеўствы гэтага свету ёсць hospіtіa, а не heredіtas Божае Царквы, ведаючы, што яны павінны Богу, а што айчыне, справядліва, як на шалях, абодвум бакам вымяралі, святое веры з палітыкаю не мяшалі і ня блыталі нікол… Быў сенат дастойны, мудры, з тых і з гэтых (каталікоў і пратэстантаў) нароўні, быў двор вялікага караля… з людзей рознае рэлігіі сабраны, аздобны ды значны. Дэпутаты сойму… з тых і з гэтых абіраныя, а на сойме ў справах Рэчы Паспалітае згодныя і дбайныя, і соймы з ласкі Божае заўсёды доводзіліся да завяршэння, і так, як зараз, не зрываліся… Але тое ня столькі здзіўлення колькі ўхвалы варта, што раней высокія духоўныя асобы ды ўсе antіstіtes у поглядах сваіх былі стрыманымі, як і свецкія, і ня толькі нічога супраць людзям рознае веры вострага не рабілі, але й не ўмыслялі, нават сувязі прыяцельскія з імі мелі і падтрымлівалі".

Можна лічыць гэтыя словы лебядзіным спевам польскага вальнадумства. Яны напісаныя ў канцы 1606 ці ў пачатку 1607 году. Зрэшты, чуваць адразу - аўтар хваліць мінуўшчыну. Ягоны "вялікі кароль" гэта Жыгімонт Аўгуст, які ў гэтай справе сапраўды варты пашаны. Сам ён прытрымліваўся верацярпімасці, але забяспечыць яе на будучыню не паклапаціўся.

Вось яшчэ адна вытрымка з працы таго ж аўтара і пад ягоную адказнасць, бо здарэнне падаецца проста неверагодным.

"Уханьскі, архібіскуп гнезненскі, veteranus ecclesiae Romanae pugil і праўдзівы каталік, але non sіne sale sapіentіae, так моцна на зухвалага ды няслушна гнеўнага папы зверхнасць аглядаўся, што калі папа ў Рыме праклінаў яго і нават малюнак ягоны паліць загадаў, то наш прымас, наш Sarmata transmontanus, тое самае над Святым Айцом у Ловічах альбо Гнезне рабіў publice".

Прыгожы нагробак Якуба Ўханьскага, выкананы разьбяром Янам Міхаловічам з Ужэндава, можна агледзець у ловіцкай калегіяце. Калі невядомы аўтар сказаў праўду, то нават найвялікшы сучасны лібертын мусіць пагадзіцца, што князь-прымас, першы польскі іnterrex, зашмат сабе дазволіў.

Якуб Уханьскі перажыў Жыгімонта Аўгуста на дзевяць гадоў. Калі прымасам быў ягоны папярэднік, Дзяжгоўскі, у Польшчы здарыўся натсупны выпадак. Распаўсюдзілася вестка, што яўрэі з Сахачава намовілі нейкую Дароту Ланжэцкую скрасці і перадаць ім госцію, якую пасля калолі шпількамі а кроў, што выцекла, скарысталі для мацы. Пад націскам нунцыя Алойзы Ліпамана, Дзяжгоўскі загадаў затрымаць і судзіць абвінавачаных. Жанчыну і аднаго яўрэя прысудзілі да смерці. Другога зачынілі ў вязніцы. Сахачаўскі стараста, якому выдалі асуджаных, дзейнічаючы ў сціслай адпаведнасці з законам, адразу ж спаліў іх на вогнішчы. Справа атрымала розгалас, але выклікала не пагром, а вялікае абурэнне нунцыем, якога і раней у Польшчы ледзь цярпелі. Ліпамана сцвярджаў, што ягонаму жыццю пагражала сур'ёзная небяспека. Жыгімонт Аўгуст даслаў з Мейшаголы катэгарычны загад: увязненых яўрэяў выпусціць, справу перагледзець, вінаватых пакараць. Ён ня мог сказаць, што вінаватых няма (і невядома, каго ён у гэтым выпадку лічыў вінаватымі), але ў размове з нунцыем ён нібыта сказаў, што ён ня гэтакі дурны, каб паверыць, што з праколатае госціі пацячэ кроў.

У верасні 1556 году ў час сіноду ў Ловічы адбылася вострая спрэчка паміж нунцыем і польскімі біскупамі, што прадстаўлялі капітул. Мясцовыя гіерархі выказалі адзінадушнае жаданне, каб капітул выступаў самастойнай адзінкай і ўзгадняў з прадстаўніком папы толькі свае канчатковыя рашэнні. Нунцый адкінуў спрэчнае з прававерным каталіцтвам патрабаванне.

Паўтару яшчэ раз сваю асноўную думку: было б няслушна абвінаваціць палякаў тае эпохі ў празмерным захапленні палітычнаю анархіяй. У гэтых справах яны грашылі ня болей, чым у іншых манархіях Еўропы, а магчыма й меней. Але калі зірнуць на Польшчу з гледзішча папскага Рыму, трэ' тады прызнаць яе краінаю, дзе квітнее самавольства.

Шмат на якіх помніках мастацтва Залатога Веку відаць постаці св. Станіслава ды ўваскрэшанага ім Пятравіна. Можна бачыць іх на трыптыху Чартарыскіх побач з выяваю Яна Ольбрахта, на шатах Пятра Кміты. Цікава, што яны фігуруюць і на знакамітай "бронзавай дамавіне" Фрыдэрыка Ягелоньчыка, каралеўскага сына і брата, біскупа, кардынала, прымаса, які вызначыўся тым, што перадаў у каронны скарб грошы, сабраныя ў Польшчы на вялікі юбілей у 1500 годзе, прызначаныя для Рыму. Меры маральнага ўздзеяння не прынеслі тады ніякага выніку, упартае прыпамінанне гэтай падзеі, накінутае польскаму сярэднявеччу ў якасці сімвалічнага, было бескарысным. І святы, і ўзняты ім з магілы сведка выступаюць на помніках як матывы мясцовага калярыту. Ніхто, відаць, тады ня верыў усур'ёз, што, як запісалі храністы, страта Баляславам Смелым кароны была справядліваю караю Нябёсаў. Толькі ў XIX стагоддзі - у часы Чарльза Дарвіна - паўстала ў нас гіпотэза, што канчатковая катастрофа Польшчы адбылася таму, што ейныя каралі Аўгуст ІІ Моцны ды Станіслаў Аўгуст, дапусціліся граху, не наведаўшы пасля каранацыі Скалкі.

Не паглыбляймася ў разважанні пра пачаткі нашае гісторыі, бо яны не адрозніваюцца ад агульных для сярэднявечча ўзораў. Нашы найзнакаміцейшыя валадары былі абвешаныя праклёнамі. XV стагоддзе, перадпачатак новае эры, рашуча пярэчыць ўяўленню пра "заўсёды прававерную" Польшчу. Трактат Астрарога абыходзіць дагматычныя тонкасці, але выступае ў абарону польскае незалежнасці ад Рыму - амаль ерэтычна, і напэўна бязцырымонна і пыхліва. Прафесар Лешак Калакоўскі, які сказаў неяк ў "Клубе Крывога Кола", што па смерці Пія XІІ наступіла "дэпацэлізацыя Ватыкану" выказаўся ў параўнанні з панам ваяводам амаль куртуазна.

Нагадаю некаторыя факты, што характарызуюць наш Залаты Век.

У сакавіку 1540 году спецыяльная каралеўская камісія зрабіла пратакол з паведамлення Бернарда Прэтвіча. Вядомы рыцар Крэсаў, што паходзіў з Сілезіі, быў на той час сур'ёзна паранены. Верагодна, боязь смерці развязала яму язык. Ён паведаміў пра змову Марціна Збароўскага, які некалькі гадоў знаходзіўся ў няласцы. Змоўшчыкаў было каля сямісот, усе з Вялікапольшчы. Сігналам для дзеянняў мелася быць вестка пра смерць Жыгімонта Старога, якой спадзяваліся ў хуткім часе. План быў просты: узброенае выступленне ("а калі хто з німі не хацеў бы ісці, таго мелі жыцця пазбавіць"). Ад каранаванага раней Жыгімонта Аўгуста збіраліся патрабаваць дзве рэчы - па-першае, паўторнае гарантыі саслоўных прывілеяў, па-другое, абяцання, канфіскаваць ў клера трэцюю частку маёнтку ды скіраваць гэтыя сродкі на вайсковыя патрэбы дзяржавы. "І калі б Яго Вялікасць малады кароль на ўсё гэта пагадзіўся і так зрабіў, то зноў мусілі яго панам сваім прызнаць, і мусілі б зрабіць тое, што ён бы ад іх жадаў. Калі б Яго Вялікасць кароль рабіць гэтага не схацеў, тады б яго за пана мець не жадалі."

Скажу шчыра, я шкадую толькі, што такое змовы ў нас не было. Моцны двор, які мае ўладу над войскам, мог бы з часам паклапціцца пра змяншэнне прывілеяў шляхты, яго штурхала б логіка жыцця. Заўсёды важна мець матэр'яльную кропку апоры. Я не магу асуджаць за анархію народ, у якім паўстаюць такія змовы. У тагачаснай Германіі асобныя князі і рыцары прыўлашчалі царкоўны маёнтак бяз цырымоній – для сябе, а не для імператара. У нас шляхта патрабавала для сябе нізкіх падаткаў, прапануючы ўраду іншую крыніцу фінансавання. Не найгоршы варыянт, далёка не найгоршы.

Рэч Паспалітая не кранула царкоўнае дабро. Пазней захопнікі бралі яго бяз сораму.

З папскага гледзішча задума змоўшчыкаў заслугоўвала анафемы. Згодна з тагачасным законам пробашч мог праклясці гаспадара, які затрымаў выплату дзесяціны. Свецкія ўлады забавязаныя былі выконваць прысуды духоўных трыбуналаў. У царкоўных пытаннях Марцін Збароўскі пайшоў супраць права, падтрыманага да таго ж аўтарытэтам веры.

Праз чвэрць стагоддзя дваранін нунцыя, нейкі Павал Эміль Джыявані запісаў свае ўспаміны пра Польшчу. Вось урывак у пераказе Вінцэнта Закшэўскага: "Калі гаворка пра дагматы веры, пра святыя сакраманты, пра захаванне старажытных абрадаў і цырымоніяў, пра пазбяганне новўвядзенняўі зменаў у саслоўях, пра захаванне спакою і грамадскага парадку, то шмат каталікоў ахвотна слухае ды ўхваляе такія размовы. У сенаце і на сойміках, калі гаворка пра захаванне прывілеяў і юрысдыкцыі духоўнага саслоўя, каб маглі выносіць прысуды і праклёны, і прысуды выконваліся як раней, тады каталікі ў значнай меншасці з прычыны усеагульнае зайздрасці да ксяндзоў і з тае прычыны, што ўсе бачаць, што іхнія трыбуналы, як і іншыя, сквапныя, карумпаваныя і поўныя зласлівасці. Але калі ў тых жа інстытуцыях духоўныя працівяцца накладанню падаткаў, жадаючы захаваць сваю ранейшую ад іх свабоду, намагаючыся перакласці на свецкіх цяжар усіх патрэбаў Рэчы Паспалітае, і уздымаюць голас за свае дзесяціны, тады амаль ніхто ўжо ня ёсць каталіком, гэткую пагарду выклікае сквапнасць святарства і гэтак добра вядома, якім непрывабным чынам выкарыстоўваецца часам царкоўны маёнтак."

Нагадаем, справаздача паходзіць з колаў ня проста каталіцкіх, але з рымскіх, ад італьянца, які наведаў Польшчу разам з такім піянерам контррэфармацыі як Францішак Камендоне. Трапныя назіранні Джыяваніні выдатна кладуцца на вышэйпададзенае апісанне палітычных мэтаў змовы Марціна Збароўскага, ня вычэрпваючы, што праўда, справы. Палякі тады ня толькі глядзелі непрыхільна на багацці, сквапнасць ды сумніўную мараль клеру. Яны смела выказваліся па найбольш фундаментальных пытаннях. Джыяваніні, які пісаў у 1565 годзе, мусіў чуць пра тое, што сем гадоў раней дэпутацкая палата адзінагалосна пагадзілася з праектам будучае элекцыі (пагадзілася, бо для ўхвалы патрабавалася згода караля й сенату, якая не была атрыманая). Праект выключаў з удзелу ў элекцыі каталіцкіх біскупаў, бо яны – як аргументавалася пры адзінадушнай згодзе дэпутатаў - прысягаюць на вернасць папе, які знаходзіцца ў Рыме і мусяць дбаць болей пра ягоныя справы, а не пра Рэч Паспалітую. Узгадвалі таксама нейкага легата з XV стагоддзя, які казаў быў, што лепш няхай згіне ўсё польскае каралеўства, чымся ўлада папы зменшыцца хаця б на каліва.

Гэткім чынам палата дэпутатаў выказалася супраць асноўнага для каталікоў прынцыпу паслушэнства. Палата жадала стварэння нацыянальнае царквы.

Я пішу гэтыя словы за некалькі дзён да выбараў у італьянскі парламент. Сусветная прэса жыва імі цікавіцца, бо яны выявяць, як пачатак ІІ Ватыканскага Сабора паўплываў на палітычную атмасферу краіны. Ніхто ня сумняецца, што найважнейшыя царкоўныя прынцыпы ўздзейнічаюць на сумленні каталікоў падчас галасавання, а ў кожным выпадку бяруцца імі пад увагу. Гэта дзееца ў канцы XX стагоддзя на захадзе Еўропы. У Польшчы Жыгімонта Аўгуста пераважная большасць шляхты захавала вернасць каталіцкай царкве, але абірала дэпутатамі амаль адных пратэстантаў, выбары за выбарамі, на працягу дзесяцігоддзяў.

Быў, як вядома, Мікалай Рэй з Наглавіцаў, кальвініст, які адноечы зрабіў учынак, варты ўвагі, але ня ўхвалы. Падчас працэсіі Божага Цела ў Любліне арыянін Эразм Атвіноўскі вырваў у ксяндза манстранцыю, шпурнуў на зямлю і патаптаў яе. Кароль адрэагаваў як мусіў бы адрэагаваць кожны сучасны суд у цывілізаванай краіне: паабяцаў пакараць вінаватага. Судзіў аднак сойм, абараняў абвінавачанага Мікалай Рэй. Ён даводзіў, што калі адбылася абраза Створцы, то няхай той сам учыніць справядлівае пакаранне. Атвіноўскага звольнілі ад адказнасці, абразу ж рэлігійных пачуццяў большасці жыхарства не ўзялі пад увагу. Калі прымас Уханьскі не ўсхваляваўся ды ня ўгневаўся…

І злачынства, і дзіўнае судовае разбіральніцтва адбыліся ў 1564 годзе.

Праз сорак сем год малады італьянскі пратэстант Франкус дэ Франка гэтак жа спрабаваў выступіць супраць працэсіі Божага Цела, якую лічыў ідалапаклонствам. Гэта было ў Вільні ў прысутнасці каралевы Канстанцыі з Габсбургаў і каралевіча Ўладыслава. Дэ Франка ня збіраўся дзейнічаць як Атвіноўскі. Ён культурна стаў на ганку касцёла і звярнуўся да людзей з прамоваю, пераконваючы, што ня трэба ўшаноўваць госцію як бога. Праз некалькі тыдняў, напрыканцы чэрвеня 1611 году, кат на віленскім рынку вырваў яму язык, цела чацвяртаваў і падвесіў на крук. Адбылося гэта раніцаю - насуперак просьбе асуджанага, які прасіў, каб пакаранне адбылося апоўдні, на вачах людзей. Нягледзячы на катаванні дэ Франка не зламаўся і да самага канца захоўваўся надзвычай мужна. Смяротнага пакарання цвёрда патрабавала каралева, дамагаўся Пётр Скарга. Захады літоўскіх кальвіністаў не прынеслі плёну.

Раней у Італіі Франка ўжо сядзеў у вязніцы як ерэтык. Да нас ён трапіў праз Ляйпцыг, дзе пазнаёміўся з нейкім палякам Пёнткевічам. Ён мусіў чуць пра свабоду, што пануе ў Рэчы Паспалітай, якая праславіла краіну ды высока ўзняла яе ў вачах Еўропы.

На пераломе XVІ і XVІІ стагоддзяў у Рэчы Паспалітай Абедзьвюх Нацый шмат што змянілася. Першым вынікам зменаў стала тое, што Рэч Паспалітая больш не была выняткам. Яна далучылася да еўрапейскае нормы, г. зн. часцей стала трапляць у крывавую багну. Тады ў усіх краінах кантыненту каралі за блюзнерства гэтак жа, як у Вільні - аднолькава ў каталіцкіх, пратэстанцкіх, праваслаўных, магаметанскіх.

Колькі тыдняў таму на лекцыі, прысвечанай тэме гэтай кніжкі, мяне прыемна здзівіў адзін вучань. Ён спытаўся, як можна растлумачыць хуткасць пераменаў у Польшчы. Сапраўды, у XVІ стагоддзі мы былі слынныя сваёй талерантнасцю, а ў XVІІ выгналі сваіх арыянаў. Адкуль што ўзялося? Якая сіла змяніла палякаў?

Малады чалавек заўважыў тое, што звычайна застаецца па-за ўвагаю: ашаламляльны тэмп гэтае гістарычнае эпохі.

У час, калі ў Вільні каралі няшчаснага дэ Франка, жыло шмат людзей, якія выдатна памяталі справу чалавека, які выпадковым чынам меў падобнае прозвішча: Хрысціян Франкен. Ён быў немец з бурлівым мінулым, экс-езуіт і прафесар універсітэту. Калі ж ён трапіў у Польшчу, чыю верацярпімасць шырока праслаўляў у друку, то дайшоў да такое ступені радыкалізму, што нашыя арыяне не падзялялі ягоных поглядаў. Франкен быў нонадарантыстам, г. зн. працівіўся аддаванню боскае пашаны Хрысту. У 1584 годзе ён выдаў на гэтую тэму твор і выклікаў вострую палеміку. Асабліва ярыўся Якуб Гурскі, прафесар акадэміі. У ягоным выступе не абышлося бяз закліку да "свецкага мяча". Франкен схаваўся і ўцёк з Польшчы, а ў вязніцу трапіў друкар Алексы Радэцкі. Ненадоўга, бо хаця кароль Стэфан быў каталіком з пераканання, а ня толькі з метрыкі, але загадаў яго вызваліць.

На думку Станіслава Шчоткі "страчаны твор Франкена ўяўляў адзін з самых смелых сярод рэлігійных публікацый XVІ стагоддзя, ягоны аўтар меў найрадыкальнейшыя для часу рэфармацыі рэлігійныя погляды". Публікацыя з'явілася ў Польшчы, у Кракаве, і ніхто не загінуў з гэтае прычыны. Пазней Франкен жыў у Чэхіі ці ў Сяміграддзі і не спрабаваў там дэманстраваць свой радыкалізм. Рэч Паспалітая і кароль Стэфан набылі добрую славу. Абавязкова трэба дадаць, што памілаванне друкара адбылося заступніцтвам Станіслава Ташыцкага.

Толькі дваццаць сем год дзеліць справы Франкена і дэ Франка. Залаты Век хутка адышоў у нябыт.

Мы слаба ўсведамляем масштаб і характар атакі, якую адны называюць контррэфармацыяй, іншыя - каталіцкай рэакцыяй. Мы не разумеем, што менавіта яна афарбавала нашую гісторыю ў новы, неспатыканы раней колер. Традыцыі перавагі абскурантызму ў нас сягаюць вельмі неглыбока - не далей за XVІІ стагоддзе.

Адзін французкі каментатар паведаміў не так даўно, што ІІ Ватыканскі Сабор зачыніў перыяд контррэфармацыі, які цягнуўся трыста год. Звярніце ўвагу на гэтую акалічнасць, бо мы імкнемся да спакойнага абмеркавання няпростых пытанняў. Іначай, чымся раней, пішуць сёння сур'ёзныя каталіцкія аўтары пра віну, пра адказнасць за схізму і рэфармацыю, не аспрэчваючы ўжо, што праявы добрае волі маглі быць і з боку адшчапенцаў, а грахі - з боку прававерных. Калі ж так, калі перыяд контррэфармацыі цяпер безпаваротна зачынены, мая выразна адмоўная ацэнка гэтага перыяду ня можа абразіць чыесьці пачуцці. Я разлічваю, вядома, на палеміку, але гэта зусім іншая справа.

Здараецца, што вялікія гэтага свету прызнаюцца: "Мы памыліліся", але кошты, што заплацілі простыя людзі, астаюцца іхнімі ўласнымі коштамі.

Станіслаў Мацкевіч піша ў "Станіславе Аўгусце", што мы,палякі, "недаацэньваем наш удзел у… каталіцкай рэакцыі XVІІ стагоддзя, у контррэфармацыі XVІІ стагоддзя. Увогуле, гэтае стагоддзе ў нас яшчэ ня зразумета." У іншым месцы ён піша: "я ганаруся тым, што Польшча ў контррэфармацыі адыграла такую вялікую ролю, якая дагэтуль належным чынам не асэнсаваная і неацэненая, але якая з прычыны дурных нашых прапагандысцкіх догмаў, што панавалі ў XІX стагоддзі, усяляк прымяншалася і хавалася."

Пра першыя гады панавання Станіслава Аўгуста мы чытаем у Мацкевіча наступнае:" выразна адчуваецца, што польскае грамадства з лёгкасцю ахвяруе нялюбым каралём, дазволіць разбіццё сойму ды любой іншай дзяржаўнае арганізацыі, але не саступіць у адной справе - рэлігійнай. Прававы прыгнёт некаталікоў бароніцца з большым перакакнаннем і пачуццём маральнага абавязку, чым усе дзяржаўныя інтарэсы разам узятыя."

Я не разумею, як можна захапляцца бацькамі і пагарджаць іхнім родным дзіцём. Контррэфармацыя свядома імкнулася да падпарадкавання патрыятызму і дзяржаўных інтарэсаў рэлігійным меркаванням. Рух, што так падабаецца Мацкевічу, дасягнуў сваёй мэты.

Наш удзел у контррэфармацыі і наша ўёй роля… Першым кіраўніком польскіх езуітаў быў гішпанец, потым - італьянцы, і так сорак тры гады. У 1607 годзе адбылася рэарганізацыя ордэну, падзел на польскую і літоўскую правінцыі. Да апошняе залічылі былі… Мазовію і Варшаву. Генерал іезуітаў не палічыўся з польскімі пратэстамі. Нутраная структура Рэчы Паспалітай, ейнае ўладкаванне, гісторыя, сутнасць дзяржавы Абедзьвюх Нацый - ён быў па-над гэтым. Для штабу контррэфармацыі мы былі аб'ектам і нічым болей - вось наш "удзел" і наша "роля". Контррэфармацкі наступ быў скіраваны на ўсход, таму трэ' было польскую сталіцу аддаць ўсходняй правінцыі ордэну езуітаў, і кропка.

Я лічу контррэфармацыю адным з чыннікаў, што паклалі Польшчу ў дамавіну. Яна пазбавіла нас таго зусім нядрэннага мейсца на культурным кірмашы Еўропы, якое мы здабылі былі ў XV і XVІ стагоддзях. Упартае імкненне "абярнуць" праваслаўных спрычынілася да падзеяў, якія згубілі Рэч Паспалітую - да катастрофы на Ўкраіне.

Высокую назву "Рэч Паспалітая Абедзьвюх Нацый" гісторыя палічыла недастатковай. Такая назва не заспакойвала ейных катэгарычных жаданняў. Мы павінныя былі ператварыцца ў Рэч Паспалітую Трох Нацый, і гэта магло адбыцца, але пры адной умове: трэці раўнапраўны складнік - Украіна - мусіў застацца праваслаўным. Або, калі хто мае ахвоту, схізмацкім. Контррэфармацыя выказалася супраць. Яна жадала Рэчы Паспалітае ТОЛЬКІ ДЛЯ КАТАЛІКОЎ - і дапяла свайго.

Спадзяюся, я выразна акрэсліў свой погляд на конррэфармацыю, бо далей маю намер пісаць пра пэўныя рэчы з прызнаннем. Адмоўна ацэньваючы і мэты, і вынікі, я тым ня менш шаную першакласную якасць выканання.

Паспрабуем адшыфраваць, як "каталіцкая рэакцыя" здабыла столькі душ і розумаў. Публіцысты, што пісалі ў пачатку XVІІ стагоддзя, спажылі бочкі атраманту на пратэсты супраць захопу езуітамі матэр'яльных рэсурсаў. Яны пісалі пра фантастычныя сумы, пра вежы, поўныя золата. Я, аднак, ня веру, што ў гэтым сутнасць справы. Пры Жыгімонце Аўгусце біскупы былі нябедныя, але за імі ніхто ня йшоў. Ня меў бы рацыі той, хто спрабаваў бы звесці ўсё да прымітыву, сказаўшы, што каталіцызм спрыяў матэр'яльным інтарэсам шляхты і дзеля таго заваяваў яе прыхільнасць. А кальвінізм, лютэранства і праваслаўе гэтым інтарэсам не спрыялі? Калі не, то відавочна Мікалай Радзівіл Чорны з нянавісці да земдеўладальнікаў прыхіліўся да кальвінізму. Пра што гаворка - толькі арыяне выказваліся супраць няроўнасці, толькі яны, да таго ж ня ўсе.

Напачатку XVІІ стагоддзя невядомы аўтар твору "Votum аднаго каталіка пра езуітаў" выклаў свае меркаванні даволі бесцырымонна. Аўтар быў, хутчэй за ўсё, польскім кансерватарам і з сумам уздыхаў па маральнай атмасферы часоў варшаўскае канфедэрацыі, якая адстойвала свабоду сумлення. "Перш-наперш", - піша ён пра езуітаў, - "яны стараюцца з усяе сілы ўшчаміцца ў паненскія пакоі, атрымаць права ўваходу туды. Там бо сапраўднае гняздо іх, з якога потым на ловы вылятаюць. І хутчэй езуіт пагодзіцца на найгоршы сорам, чым на выгнанне з тых пакояў. Паставіўшы там нагу, адразу ж так павернуць справу, што ўсё жывое да іх па параду ходзіць, нават самых біскупаў яны выхоўваць… Спачатку паноў у моц сваю, нібы ў кіпцюры якія, бяруць і імі кіруюць, як хочуць, потым моладзь на шкоду Рэчы Паспалітае на свой лад перарабляюць, у іх угрызаючыся".

У 1585 годзе два польскія езуіты, Баўтарамей Тамашэвіч ды Пакаш Бярнард Галыньскі, накіраваліся ў Швецыю са спецыяльнаю місіяй – па загадзе слыннага Пасевіна - з мэтаю вяртання Швецыі да каталіцтва і дамовы паміж Швецыяй і Габсбургамі (як відаць, рэкаталізацыя Швецыі зусім не была тоесная перашкодзе нямецкім ўплывам). Манахі цікавіліся, натуральна, каралеўскім дваром, а ня плебсам. Яны разлічвалі на караля Яна ІІІ, які пасунуўся быў аж да закрыцця лютэранскага ўніверсітэту ў Упсале, але выразнага кроку у бок Рыма не зрабіў. Галыньскаму пашанцавала наблізіцца да каралевіча Жыгімонта, стацца ягоным спаведнікам ды прапаведнікам. Разам з ім, ужо як з польскім каралём Жыгімонтам ІІІ, айцец Бярнард вярнуўся дадому. Здабытую ў Стакгольме пасаду ён захаваў да канца жыцця, а ўплыў - павялічыў. Галыньскі меў дачыненне да найбольш патаемных акцыяў Жыгімонта, як план перадачы кароны Габсбургу. Улады ордэну ня толькі ўхвалілі ягоны асабісты поспех, але й скарысталі яго напоўніцу, старанна рэжысіруючы дзеянні каралеўскага навушніка. Ён быў адной са шрубак механізму, што спраўна функцыянаваў пры кракаўскім двары. Галыньскі і Скарга - два складнікі гэтага механізму. Толькі з дазволу айца Пятра мог айцец Бярнард размаўляць з каралём на важныя тэмы. Абодва павінны былі старанна запісваць свае дзеянні, а справаздачы накіроўваць правінцыялу ордэну. Калі ў 1592 годзе цяжка хворы Галыньскі хацеў падлячыцца над Адрыятыкай, каталіцкая Венецыя ня ўпусціла яго ў свае межы. Давялося задаволіцца аўстрыйскімі землямі. Польская апазіцыя, прыхільнікі Замойскага таксама, мусіць, Галыньскага не любілі, бо праз некалькі год пасля ягонай смерці ў вісліцкай казані Скаргі выразна гучалі абарончыя ноты: "Яшчэ дзіцём ды маладзёнам будучы і падрастаючы, палюбіў слуг сваіх шведскі каралевіч…"

Палітычная біяграфія Пакаша Бярнарда Галыньскага - добры прыклад дыхтоўнага выканання. Найлепей гэта відаць з вынікаў. Жыгімонт ІІІ запатрабаваў ад гетмана Канецпольскага, каб пратэстанцкіх "міністраў" не было ня толькі ў табарах, але й у гарадах, паблізу якіх кароннае войска стаяла табарам (ад літоўскай арміі немагчыма было гэта патрабаваць, бо гетманам там быў Радзівіл, кальвініст).

Пры Стэфане І у Вільні італьянцы са світы кардынала, які ў хуткім часе стаў папам, былі прыемна здзіўленыя, калі разам з імі за стол у доме нейкага каноніка сеў іншаверца, вядомы храніст Фёдар Еўлашэўскі. Крыху пазней, напачатку XVІІ стагоддзя, яму давялося напісаць: "Зараз паміж людзьмі, рознымі вераю, ня можа быць ані любові, ані шчырасці, ані добрых паводзінаў".

Трэба бесперапынна і моцна ціснуць на людскія мазгі, каб выклікаць у іх такія змены. Можна з вялікай пэўнасцю скласці спіс асобаў, якія сфармавалі псіхіку Жыгімонта ІІІ. Калі ж гаварыць пра шырокія масы, то ўжо аўтар вышэйпамянёнага "Votum" бедаваў, што "моладзь на свой лад перарабляюць, у іх угрызаючыся". Трапны выраз, шкода, што падзабыты.

Рост кіраванага ордэнам школьніцтва належыць да шырокавядомых тэмаў, амаль з падручнікаў. Пачатак быў пакладзены пры Жыгімонце Аўгусце закладаннем калегіюму ў Браневе, потым - у Пултуску, Пазнані, Кракаве, Вільні. У 1590 годзе езуіты мелі віленскі ўніверсітэт ды адзінаццаць калегіюмаў па ўсёй краіне. На працягу наступнага паўстагоддзя паўстала яшчэ каля сарака. Была зроблена стаўка на моладзь, здабытыя розумы маладых, і гэта шматкроць аплацілася езуітам. Шмат праўды ў словах публіцыста пачатку XVІІ стагоддзя: па ягоным меркаванні талерантныя каталікі, ня схільныя да пераследу іншаверцаў, гэта "старыя каталікі". Новых жа, дадае ён, адразу відаць, "бо разам з шабляю малітвы на пас вешаюць, крыжыкі ў пакоях сваіх ставяць, кампаніі розныя і лігі… патаемныя ўтвараюць". Бацькі былі лепшыя за сыноў, "хаця абразкоў ды ружанцаў на пасе не насілі."

Ужо напрыканцы XVІ стагоддзя ў Рэчы Паспалітай пачынаюць расці касцёлы новага кшталту. Контррэфармацыя - таталітарны рух. Яна не магла жыць у згодзе са свецкім па сутнасці, індывідуалісцкім мастацтвам Рэнесансу. Зыгмунтава капліца, больш падобная на пакой палацу, чым на бажніцу, ня ў ейным гусце. Гэткае мастацтва быдо бескарыснае, элітарны, арыстакратычны рэнесанс адлюстроўваў час "старых каталікоў", то бо' апаганеную, забароненую эпоху. Уласцівы ёй спакойны скептыцызм ня мог зжыцца з фанатызмам, стрыманасць роўнялася з ерассю.

Халтуршчыкі спрабавалі б вяртанне ў мінулае, выцягваючы з магілы готыку. Лянівыя думаць шукалі б простых сродкаў. Але ў гераічны перыяд каталіцкае рэакцыі ёю кіравалі людзі інтэлігентныя і адважныя. Яны ня спужаліся новага мастацтва, але сталі ягонай наймацнейшаю падтрымкаю. Іхняю мэтаю было распаўсюдзіць уладу папы на ўсю тагачасную Еўропу, і яны разумелі, што гэтае мэты не асягнуць сродкамі св. Францішка Асізкага. Яны ведалі, што не кансерватары, але наватары авалодваюць масамі.

Контррэфармацыя стварыла сваё мастацтва, барока, і скакрыстала яго як зброю. Дынамічны, эмацыйны, пагрозліва-патэтычны аж да істэрычнасці стыль паказаў сябе выдатнаю зброяй. Ён пасаваў да эпохі, калі пасвараныя ў пытаннях веры партыі аддавалі перавагу рапіры, а не пераконванню.

Барока - гэта ня толькі хвалістыя абрысы і выявы святых у маляўнічых позах. Готыка таксама паказвала людзям неба, але рэшту пакідала збольшага іхняму асабістаму ўяўленню. Хто жадаў таго, мелі самоту. У барочным касцёле гэта было забаронена. Вернікі ўтваралі згуртаваны, арганізаваны інтэр'ерам бажніцы шыхт, які знаходзіўся пад уздзеяннем адной ідэі. Алтар - галоўны акорд, бакавыя нефы знікаюць, і толькі капліцы ўтвараюць шэраг адтулінаў. Як мага болей белага святла, ніякіх вітражоў, каб не адцягвалі ўвагу! Яе трэба скіраваць выключна на рэчы, абраныя фундатарам і паказаныя мастаком лапідарна, выразна і пераканаўча. Увага падпарадкаваная прапаведніку, які выглядае ня менш тэатральна, чым рэзаныя фігура на алтары. Вернікі - слухачы і гледачы - мусяць ператварыцца ў баявую калону, жыць, думаць, дзейнічаць паводле адзінага ўзору.

Ужо ў першым дзесяцігоддзі XVІІ ст. фундаментальныя барочныя касцёлы паўстаюць у Каркаве і Вільні - св. Пятра і Паўлы ў першым, св. Казіміра ў другім. Будоўлі таго ж часу, нават крышку старэйшыя, высяцца ў радзівілаўскім Нясвіжы, Пазнані, Пшэмыслі ды іншых значных гарадах. Таму я моцна здзівіўся калі, наведаўшы Сейны, убачыў там такі барочны касцёл, што пазайздросціць і Варшава, пабудаваны, як сцвярджаў надпіс на сцяне, у самым пачатку XVІІ стагоддзя. Маю памылку выправіў знаўца гісторыі мастацтваў Андрэй Рышкевіч. Толькі напрыканцы XVІІ стагоддзя сейненскі касцёл набыў барочны выгляд, а дакладней - барочныя дадаткі, пачаткова ён быў пабудаваны ў стылі рэнесансу. Фундатары - Ежы Грудзіньскі і ягоная жонка Юстына з Дульскіх - прызначалі яго дамініканам, якім падаравалі былі ўсё мястэчка разам з выдатным кляштарам, які захаваўся да нашых дзён. Адзінымі прыхільнікамі барока на той час былі езуіты, іншыя ордэны, паважаныя і закасцянелыя, будавалі на стары лад. Зірнем хаця б на касцёл Камедулаў у Белянах пад Кракавам. Калі зняць з фасаду рэлігійныя эмблемы, атрымаецца фасад палацу. Гэткіх рэчаў езуіты не ўхвалялі.

Надзвычай сімвалічна - элітарны, найбольш свядомы мэты, ваяўнічы аддзел кантррэфармацыі выкарыстоўвае новае мастацтва як зброю. Пазней усе іншыя прызнаюць ягоную рацыю і рушаць у тым жа кірунку – па ягоных слядах.

Першаўзорам барочнае бажніцы ёсць касцёл дэль Гезу ў Рыме, пабудаваны ў 1568-1584 гадах. Ужо ў 1586 годзе ў Любліне пачынаецца будоўля дакладна па гэтым узоры. Езуіты будавалі ў новым стылі гэтак жа інтэнсіўна, як закладалі школы. Збігнеў Хорнунг піша ў другім томе "Гісторыі польскага мастацтва" пра сапраўдную будаўнічую ліхаманку. Гэтак спяшаліся будаваць, што праца часам кульгала і спынялася, нешта нават валілася… Ордэн добра разумеў, чаму трэба спяшацца. Ён ведаў моц новага мастацтва - і ўмеў ёй карыстацца, што сустракаецца нашмат радзей. Ніводзін непрыяцель ня мог гаварыць пра застой у архітэктуры, жывапісе або разьбе. Людзі бачылі, як паўстаюць творы новыя, неспакойныя, цікавыя - і цягнуліся да іх як цвікі да магніта.

Вядомы нам аўтар твора "Votum каталіка" гаварыў, што "да нас прыехала толькі езуіцкае бруха, якое мусім набіваць, галавою ж кіруе мозг гішпанскі ды італійскі". Цяжка прыдумаць большую недарэчнасць. Калі пісаліся гэтыя словы, Мацей Сарбеўскі быў, што праўда, малым хлапчуком, але імя Пятра Скаргі гучала па краіне, а Якуб Вуек толькі што быў памёр. Хіба іх можна назваць "брухам"?

Контррэфармацыя захапіла і ўзяла да сябе на службу таленты, і гэта адна з прычынаў ейнае перамогі. Пратэстанты і вальнадумцы маглі проціпаставіць ёй не абы якія інтэлекты, і перамога не далася лёгка. Яе ўвогуле магло ня быць, калі б ня ўжыванне адміністрацыйнага гвалту і не нацкоўванне на праціўніка фанатычнага натоўпу. Але што магло супроцьпаставіць Скаргу праваслаўе? Толькі на пераломе XVІ і XVІІ стагоддзяў у цэрквах пачынаюцца казані, раней жа парафіянаў павучалі, чытаючы ім адны і тыя ж тэксты. У такіх умовах звычайны снабізм, не кажучы ўжо пра сапраўдныя культурныя патрэбы, штурхаў паланізаваных у культурным плане магнатаў і шляхту да каталіцызму. Сярод простых людзей прыхільнасць да веры продкаў заставалася адзінаю апорай праваслаўя, і - як выявілася - гэтага было дастаткова.

Я згадваў тут пра адміністрацыйныя сродкі. У 1638 годзе арыянаў выгналі з Ракава, зачынілі тамтэйшую, вядомую ў Еўропе, вучэльню. Фрэска школы Фамы Далабеллі, што захавалася ў біскупскім палацы ў Кельцах, паказвае сцэну суду над польскімі Братамі, сведчанне, як свецкая ўлада вырашыла спрэчку ў справе веры: на фрэсцы відаць самога Уладыслава ІV.

Тры гады пазней біскупам у Ракаве стаў Банавентура Дзержаноўскі, рэфармат, былы правінцыял Малапольшчы. Ён браў удзел у капітуле свайго ордэну ў Таледа, чатыры разы наведаў Рым, кожны раз ідучы пешкі і збіраючы міласціну. Пешкі ён абыходзіў вёскі вакол Ракава, прамаўляючы казані, навучаючы, баронячы сялян ад прыгнёту.

З гэткімі людзьмі не заваюеш свет, бо гэта ўвогуле немагчыма, але апанаваць розум шляхты такім чынам можна. Нельга проста сказаць, што контррэфармацыя гвалтам забрала ў арыянаў Ракаў. Трэ' яшчэ дадаць, каго яна туды накіравала, якога чалавека зрабіла сваім ваяром. Гэтаксама і Пётр Скарга ня дбаў пра асабістую кар'еру і не дражніў чужыя вочы багаццем.

Выхавацелем вядомай Марыны Мнішак быў ксёнз Гансёрэк, бернардын, па паходжанні ільвоўскі месціч. Атрымаўшы адукацыю ў Кракаве, Парыжы, Перуджы і Рыме, і стаўшы правінцыялам, ён дбаў пра скіраванне моладзі па гэтай дарозе. Упадабаўшы Самбар, ксёнз ператварыў яго ў значны цэнтр рэлігійнага руху. Энергічны, адданы бяз рэшты ідэям Трыдэнцкага сабора, ён меў значны ўплыў на мясцовых землеўладальнікаў.

У 1605 годзе Самазванец, нарачоны ягонае выхаванкі, апынуўся ў Крамлі. Гансёрак не чакаў стабілізацыі, а 6 студзеня 1606 года разам з сямю манахамі рушыў на ўсход як "камісар маскоўскае місіі". Ён паспеў там абярнуць у каталікоў трыццаць чалавек. У маі, падчас вядомага паўстання ў Маскве, ён трапіў у палон, захаваўшы, у адрозненні ад Самазванца, жыццё. Ён памёр у Яраслаўлі ў жніўні 1605 года. Ягоныя ўчынкі ніякім чынам ня могуць быць аргументам на карысць аферы Дзімітрыя, але сведчаць, што контррэфармацыі служылі людзі, здольныя да вялікае рызыкі.

Каталіцкая рэакцыя аддавала перавагу інтэнсіўным сродкам. Прысуды і экзекуцыі сведчаць пра гэта аж надта пераканаўча (калі каго не пераконваюць самі фармулёўкі законаў). У першай палове XVІІ стагоддзя пробашчам у Борку Велькапольскім быў Фелікс Дурэвіч. Мястэчка дзякуючы яму прыдбала школу і кнігазбор. Ксёнз Дурэвіч актыўна навяртаў пратэстантаў, але забараняў іх пераследваць, апекаваўся ерэтыкамі, што ўцякалі з Сілезіі, дзе ўжывалі супраць іх вастрэйшыя сродкі, асабіста вышукваў для іх кватэры. Тры разы перапыняў жыдоўскія пагромы. Бараніў ведзьмы, дамогшыся, каб працэсы супраць іх адбываліся выключна ў прысутнасці валадара Борку, які звычайна выносіў апраўдальны прысуд. Захопленая рэпрэсіямі конррэфармацыя не адмаўлялася і ад такога слугі як Дурэвіч. Ягоная біяграфія адчыняе перад намі таямніцу, якую ведаў і якой кіраваўся ордэн езуітаў: патрабуючы ад чальцоў абсалютнай лаяльнасці дактрыне і кіраўніцтву, ім пакідалі свабоду ініцыятывы. Яны мусілі актыўна дзейнічаць і асягаць вызначаныя мэты, але ім ня трэба было ўзгадняць кожны свой крок. Такім чынам ствараліся ўмовы для працы людзей таленавітых, з цвёрдым характарам. Сіла характару і асобы не была заганай: контррэфармацыя была сур'ёзным рухам, і ў ейнай гераічнай фазе галоўную ролю адыгрывалі прагматычныя меркаванні, а не асабістыя прыхільнасці і кар'ерызм. "Царства Божае церпіць гвалт, і гвалтаўнікі здабываюць яго" - жорсткія людзі, а не мягкацелыя інтрыганы.

Натуральна, з часам перамог апартунізм. Пасля рокашу Зэбжыдоўскага езуіты спынілі падтрымку рэфарматарскіх намераў караля, адступіліся ад абароны простага люду. Яны палічылі мэтазгодным падыгрываць эгаізму шляхты. Пазней замежнае кіраўніцтва звяртала ўвагу сваіх польскіх падначаленых на фатальнае занядбанне школьнае справы, але заклікі ня мелі выніку, бо ў умовах татальнага панавання над розумамі прывілеяваных найлепей было пазбягаць усіх зменаў. Застой быў прыбытковым. Надзеі на ўмацаванне дзяржавы шляхам конррэфармацыі былі, як выявілася, летуценнямі адсечанае галавы.

Але ў пачатковым і рашаючым перыядзе каталіцкая рэакцыя не перамагла б гэтак татальна, калі б не мабілізавала людзей з адпаведнымі здольнасцямі. "Populus est ducendus, non sequendus" - гэта здаўна было вядома Царкве. Але абы за кім кожны ня пойдзе, і пра гэта ў гераічную пару контррэфармацыі таксама памяталі. Нічога нельга зразумець бяз ведання першага пакалення барацьбітоў. Яны адваявалі для Рыму польскую пляцоўку, якую нунцый Алойза Ліпамана лічыў страчанаю назаўсёды.

Гэта быў вынік вышэйшага гатунку - і нават плачучы над наступствамі не пагадзіцца з гэтым нельга.

Я паспрабаваў абмаляваць наступ контррэфармацыі на шматлікіх франтах. Уплывы на каралеўскім двары і школьніцтва, новае мастацтва і матэр'яльныя сродкі, ахвярнасць і рэпрэсіі, жорсткасць і адданасць, казані і асабісты прыклад.

Месца і час пачатку вялікага руху вядомыя: 4 снежня 1563 году зачыніўся Трыдэнцкі сабор. Ён не ўхваліў ніякага новага дагмату, але ў справе арганізацыі і дысцыпліны ягоныя вынікі для Царквы бясцэнныя. Былі пацверджаныя паўнамоцтвы папскае ўлады, узмоцнены інстрыментарый кіравання, вернутая дысцыпліна. Перавагу атрымалі жорсткія падыходы. Стагоддзямі гучалі заклікі да рэформы Царквы "ў галаве і ў членах". Паводле патрабаванняў што логікі, што практыкі пачалося з узмацнення галавы. Рашуча змянілася да лепшага сітуацыя ў цэнтральным штабе, і гэта стала найважнейшаю крыніцаю поспеху. Няпэўныя ў сабе біскупы, што жылі толькі сённяшнім днём, выразна ўзмацнелі духам, адчуўшы новы тон у загадах з Рыму. Увесь магутны наступ па шматлікіх напрамках быў кіраваны з адзінага цэнтру, і ягонае ажыццяўленне было б немагчымым, калі б папярэдне не ўзмацнеў сам гэты цэнтр. Перамога контррэфармацыі па сутнасці сваёй была перамогаю арганізацыі. Вера жывіла ваяроў каталіцкае рэакцыі, мы пра гэта не забываемся, але вера была й да Трыдэнцкага сабора, але высілак расцярушваўся, губляўся марна ў дробязях. Змаганне ішло з іншаверцамі, якія – ня варта забывацца - таксама верылі.

На пераломе XVІ і XVІІ стагоддзяў грамадства Рэчы Паспалітае перажыло не адну, але дзьве метамарфозы. Нашчадкі людзей палітычна цвярозых і добра здысцыплінаваных пачалі пераўтварацца ў статак з'варяцелых свавольнікаў. Грамада, якая шанавала свабоду думак і сумленняў, хутка адмовілася ад талерантнасці і паддалася фанатызму.

Абодве перамены былі фатальнымі. І ў абодвух выпадках пачатак паклалі факты, якія адбыліся ў цэнтральных асяродках улады. Дзяржаўная ўлада катастрафічна саслабла, апынулася на мяжы знікнення, страціўшы гарманізацыйныя і ўвогуле кіраўнічыя здольнасці. Палітычныя сілы апынуліся ў сітуацыі неабмежаванае свабоды.

У асяродку царкоўнае ўлады адбываўся супрацьлеглы працэс: ён узмацніўся, атрымаўшы шанс татальнага апанавання душаў - і выкарыстаў гэты шанс.

Нельга сказаць, каб інстытут улады быў малазначным гістарычным чыннікам. Сістэма ўлады мае дачыненне да паўстання або занядбання таго, што мы завем нацыянальным характарам. Пра гэта, прынамсі, гавораць факты.

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія